Ужо трэці дзень сыпле на паланіну дожджык-макасей. Закурыліся вяршыні, ухуталася неба, і ў шэрым змроку зніклі горы. Авечкі ледзьве валакліся, цяжкія, набрынялыя вадою, як губка; апратка на аўчарах стала халодная і цупкая. Толькі і спачынку было, што пад стрэшкай у струнцы[14] ў часе даення.
Іван сядзіць, упёршыся плячыма ў дошку, а нагамі сціскае даёнку. Каля яго — чорны калматы козар[15] што за кожным словам кляне, а там яшчэ аўчары. Нецярплівыя авечкі, у якіх прыбывае малако, пруцца з загарадкі ў струнку, каб іх скарэй падаілі. Аднак жа пачакайце, няўструі, бо так не пойдзе!.. Толькі па адной…
— Шкір! — злосна кідае ззаду паганяч у авечы натоўп ды пляскае мокрай пугай. — Шкір! Шкір!.. — падбадзёрваюць аўчары і адхіляюць калені ад дзіркі, кудою скача ў струнку авечка. — А! Каб цябе чорт… — кляне козар і не канчае: скажы толькі ў такую часіну!
Звыклым рухам Іван хапае авечку за хрыбціну і цягне да сябе задам на шырокую даёнку. Пакорна стаіць авечка, нязручна растапырыўшы ногі, такая дурная, і слухае, як цурчыць з яе малако ў даёнку. — Шкір! — пляскае ззаду паганяч. — Шкір! Шкір!.. — пакрыкваюць і другія аўчары. Падоеныя авечкі, як ачмурэлыя, падаюць у загарадцы на камень, кладуць галаву на лапкі і крывяць голыя старэчыя губы. — Шкір! Шкір!.. — Іванавы рукі бесперастанку ціскаюць цёплае авечае вымя, адцягваюць даёнку, а па руках цячэ малако, што пахне лоем і патыхае з даёнкі тлустай салодкай парай. — Шкір! Шкір! — Ускокваюць авечкі, як ачмурэлыя, раскірэчваюць над даёнкамі ногі, і дзесяць аўчаровых пальцаў ціскаюць цёплае вымя. Жаласна плача мокрая атара па гэты і па той бок стрункі, падаюць у загарадку знясіленыя авечкі, а густое малако звонка цурчыць у даёнку ды зацякае цёплым ручайком аж за рукаў. — Шкір! Шкір!
Козар усміхаецца вачыма сваім козам. Яны не тое што авечкі, у іх моцнае сэрца. Не падаюць трупам, як рахманыя авечкі, а цвёрда стаяць на тоненькіх нагах. Цікаўна паднялі рожкі і ўглядаюцца ў змрок, быццам скрозь яго штосьці бачаць, і так бадзёра трасуцца ў іх тонкія бародкі…