* * *

Занядужаў Мікола, і Іван замест яго пільнуе вогнішча. Супраць агню, на лаве, спіць старшы аўчар, а там, у кутку, дзе неспакойна мітусяцца цені ад дзежак, стогне хворы. У чорным катле кіпіць вар, дым збіраецца ўгары пад дахам і вылятае праз гонту. Часам нячысцік дыхне ў дзірку, і тады дым з сілаю бухае ды грызе вочы, але гэта добра, бо няможна заснуць. А сон налягае. Каб адагнаць яго, Іван узіраецца ў жывы агонь. Ён павінен сцерагчы агонь, гэтую паланінскую душу, бо хто ведае, што б сталася, каб не збярог! Вясёлыя вугалі ўсміхаюцца Івану з-пад цяжару дроў і раптам чэзнуць. Перад вачыма ўжо плывуць зялёныя плямы, расплываюцца ў царынкі, у яловы лес. Па царынцы ступаюць белыя Марыччыны ногі. Яна кідае ў пракос граблі і выстаўляе яму рукі. І ў той момант, калі Іван вось-вось адчуе мяккае Марыччына цела на сваіх грудзях, з лесу выходзіць з ровам мядзведзь, а белыя авечкі кідаюцца ўбок і аддзяляюць яго ад Марычкі. «Ху, ліха з табой!.. Няўжо заснуў?» Жар з вогнішча лыпае вокам, аўчар храпе, а пад чорным покрывам рухлівых ценяў стогне Мікола.

Ці не пара варыць кулешу на сняданак аўчарам?

Іван выходзіць са стаі.

Цішыня і холад абнімаюць яго. Дзесьці ў загарадцы дыхае скацінка, збіліся воўнаю авечкі, ледзь пабліскваюць каля пастухоўскіх буданоў раскладзеныя звечара агні. Аўчаркі абступілі Івана, выцягваюць зляжалае цела, грабуцца і труцца каля ног. Чорныя горы запаланілі даліны, як вялізазная атара. Яны вякуюць у такой цішыні, што чуюць нават дыханне скаціны. А над імі разаслалася неба, гэтая нябесная паланіна, дзе пасуцца зоркі, быццам белыя авечкі. Ці ёсць яшчэ што на свеце, апрача гэтых дзвюх паланін? Адна паслалася долам, другая ўгары, а між імі, як маленькая кропка, чарнее пастух.

А можа, няма нічога? Можа, ноч затапіла ўжо горы, можа, ссунуліся горы, раздушылі ўсё жывое і толькі адно Іванава сэрца глуха стукоча пад кажушком у бясконца мёртвых прасторах? Самота, як зубны боль, пачынае смактаць яго сэрца. Штосьці вялікае, варожае душыць яго — гэта акамянелая цішыня, абыякавы спакой, гэты сон небыцця. Нецярпенне грукае яму ў галаву, горла перахоплівае неспакой — і, сцепануўшыся раптам, ён з крыкам, галёканнем і стогнам кідаецца на паланіну, каб сярод гвалту аўчарак дзіка гырклівам клубком паламаць цішыню, разбіць ноч на друзачкі, нібы каменем шыбу. Гоў-оў-оў! — адгукаюцца збуджаныя горы… Га-га-га… — паўтараюць трывожна далёкія вяршыні, і зноў замкнулася разбітая цішыня.

Аўчаркі вяртаюцца назад, скаляць зубы і віляюць хвастамі.

Але зрабілася яшчэ самотней. Захацелася сонца, вясёлага шуму ракі, цёплага хатняга духу, размовы. Жаль агарнуў сэрца, салодкая туга. Згадкі пачалі яго захлістваць і хвалявацца перад вачамі. І раптам пачуў ён ціхае: «Іва-ась!» Нехта яго клікаў. О! Зноў: «Іва-ась!..»

Марычка? Адкуль яна ўзялася? Прыйшла на паланіну? Уночы? Заблудзілася і кліча? Ці, можа, яму падалося? Не, яна тут. Сэрца калоціцца ў Іванавых грудзях, але ён яшчэ вагаецца. Куды ісці? І зноўку, трэці раз, далятае да яго аднекуль: «Іва-ась!..» Марычка… яна… напэўна… Ён бяжыць напрасткі, без сцежкі, туды, адкуль пачуўся голас, але апынуўся перад прорваю, якую не пераскочыш. Стаіць і заглядае ў чорны правал. І тады яму становіцца зразумела: гэта яго кліча маўка. І, хрысцячы грудзі ды спалохана азіраючыся, ён вяртаецца да жытла.

Пара варыць кулешу. У саган з варам ён сыпле муку, старанна размешвае, і скора водар пары зліваецца з пахам дыму. Старшы аўчар пацягваецца ўжо… пачынае днець. Але хто яго клікаў? А можа, гэта была ўсё-такі Марычка?

Калі становіцца відней, яго цягне паўглядацца яшчэ раз. Ідзе на паланіну. Халодныя росы асядаюць на пасталы, неба зачырванелася, і пабляднелі зоркі. Іван паднімаецца вышэй — і раптам халадзее. Дзе ён? Што з ім? Куды дзеліся горы? Воды залілі ўсю паланіну, затапілі вяршыні, і паланіна плыве самотна ў бяскрайнім моры. Ад Чарнагоры дыхнуў вецер, поўныя воды хвалююцца ціха, чутно, як нябачнае яшчэ сонца расце ў глыбіні, а вось вытыркнулася з мора ўся сівая вяршыня, з якой сцякае вада. Мацней патыхае холадам, растуць валы на моры, і вяршыні, адна за адной, прабіваюцца з белай пены. Свет нібы занава нарадзіўся. Воды пасцякалі з вяршынь і плывуць ужо ля падэшваў, сонца паслала на небе сваю карону і вось-вось пакажа свой твар, а са стаі нясецца сумны голас трамбіты і будзіць паланіну.

Загрузка...