Іван прахапіўся.
— Уставай, — будзіла яго Марычка. — Уставай, і хадзем.
Ён глянуў на яе і ані не здзівіўся. Добра, што Марычка нарэшце прыйшла.
Устаў і пайшоў з ёю.
Яны моўчкі падымаліся на гару, і, хоць была ўжо ноч, Іван выразна бачыў яе аблічча. Пералезлі цераз жэрдкі, што адгароджвалі царынку ад лесу, і ўвайшлі ў густы ельнік.
— Чаго ты так змарнеў? Ці не захварэў? — загаварыла Марычка.
— Па табе, любая Марычка… па табе тужыў… — Не пытаўся, куды ідуць. Яму было так добра з ёю.
— Ці памятаеш, маё сэрцайка Іванка, як мы сыходзіліся тут, у гэтым лесе: ты мне іграў, а я ўскідала свае рукі табе на шыю дый цалавала кучарыкі любыя?
— Ой, памятаю, Марычка, і век не забуду…
Ён бачыў перад сабою Марычку, але яму дзіўна, бо ён разам з тым ведае, што гэта не Марычка, а маўка. Ішоў поруч з ёй і баяўся пусціць Марычку наперад, каб не ўбачыць крывавую дзірку ззаду ў яе, скрозь якую відаць сэрца, вантробы і ўсё, што там у маўкі ёсць. На вузкіх сцежках ён туліўся да Марычкі, каб ісці побач, каб не астацца ззаду, і чуў цяпло яе цела.
— Даўно я хацела ў цябе папытацца: за што ты ўдарыў мяне па твары? Тады памятаеш, як біліся нашы старыя, а я калацілася пад возам, бачачы кроў…
— Ты пабегла пасля, я ўкінуў твае каснікі ў ваду, а ты дала мне цукерку…
— Я цябе пакахала адразу…
Яны ўсё паглыбляліся ў лес. Чорныя елкі дабрадушна прасціралі над імі свае калматыя лапы, нібы бласлаўлялі. Скрозь панавала строгая, замкнутая ў сабе ціша, і толькі ў далінах разбівалася шумам пеністая сваволя патокаў.
— Аднойчы я хацела цябе напалохаць і схавалася. Закапалася ў мох, зашылася ў папараць і ляжала ціхенька. Ты клікаў, шукаў, ледзь не плакаў. А я ляжала і душыла ў сабе смех. А калі нарэшце знайшоў, то што ты зрабіў са мною?..
— Ха-ха!
— Ага… бессаромнік такі…
Міла надзьмула губы і хітравата паглядзела на яго.
— Ха-ха! — смяяўся Іван.
— Ха-ха! — смяяліся абое, прытуліўшыся адно да аднаго.
Яна прыгадала яму ўсе іхнія дзіцячыя забавы, халодныя купанні ў ручаях, жарты і песні, страхі і пацехі, гарачыя абдымкі і мукі ростані. Усе тыя мілыя дробязі, якія грэлі ім сэрцы.
— Чаму ты так доўга не вяртаўся з паланіны, Іванка? Што так доўга там рабіў?
Іванку карцела ёй расказаць, як голасам Марычкі клікала яго ў паланіны лясная русалка, але ён абмінуў той успамін. Свядомасць яго дваілася. Адчуваў, што каля яго Марычка, і ведаў, што Марычкі няма на свеце, што гэта нехта іншы вядзе яго ў бездань, на дзікія вяршыні, каб там загубіць. Аднак жа яму было добра, ён ішоў за яе смехам, за яе дзявочым шчабятаннем, не баючыся нічога, лёгкі і шчаслівы, як і некалі.
Усе ягоныя клопаты і турботы, страх смерці, Палагна, варожы знахар — усё кудысьці знікла, усё адляцела, нібы ніколі нічога такога і не было. Бесклапотная маладосць і радасць зноў вадзілі яго па гэтых бязлюдных вяршынях, такіх мёртвых і самотных, што нават лясны шэпт не мог утрымацца там і сплываў у даліну шумам патокаў.
— А я цябе ўсё выглядала і ўсё чакала, калі з паланіны вернешся. Не ела, не спала, каламыйкі пагубляла, свет нямілы стаў… Пакуль мы любіліся, сухія дубы цвілі ўсе, а як перасталі, сырыя павялі…
— Не кажы такога, Марычка, не кажы, любая… Цяпер мы ўжо разам і давеку не разлучымся…
— Давеку? Ха-ха…
Іван уздрыгнуў і спыніўся. Сухі злавесны смех разануў яму па сэрцы. Недаверліва зірнуў на яе.
— Смяешся, Марычка?
— Што ты, Іванка! Я не смяялася. Гэта табе прычулася. Ты ўжо прыстаў? Табе цяжка ісці? Хадзем яшчэ трошкі. Хадзем!..
Яна прасіла — і ён пайшоў далей, моцна прытуліўшыся плячом да пляча, з адным жаданнем — ісці так, каб не астацца ззаду і не пабачыць, што ў Марычкі замест адзежы, замест спіны… Э, што там… не хацеў думаць.
Лес усё гусцеў. Прэлы дух гнілых пнёў, пах ляснога могільніку патыхаў на іх з гушчыні, дзе трухлелі мёртвыя елкі і гнездзіліся воўчыя грыбы — бледныя паганкі і мухаморы. Вялікія камяні халадзелі пад слізкім мохам, голыя яловыя карані запляталі сцежкі, укрытыя слоем шыльніку.
Яны ішлі далей і далей, забіраліся ў халодную і непрыветную глыбіню лясістых вяршынь.
Прыйшлі на палянку. Тут было трохі святлей, яліны быццам замкнулі за сабою чарнату глыбокай ночы.
Раптам Марычка ўздрыганулася і стала. Выцягнула шыю і прыслухалася. Іван заўважыў, як трывога слізганула па яе твары, звяла яе бровы. Што сталася? Але Марычка нецярпліва спыніла яго пытанне, паклала палец на губы, каб маўчаў, і тут жа знікла. Усё сталася так неспадзеўна і дзіўна, што Іван не паспеў апамятацца.
Чаго яна напалохалася, куды і нашто ўцякла? Ён пастаяў крыху на месцы, спадзеючыся, што Марычка падыдзе зараз, але калі яе доўга не было, ён ціха паклікаў:
— Марычка!..
Мяккае покрыва яловага галля праглынула той покліч, і зноў стала ціха.
Іван затрывожыўся. Хацеў шукаць Марычку, але не ведаў, у які бок ісці, бо не прыкмеціў, куды яна знікла. Яшчэ гатова заблудзіцца дзе-небудзь у лесе або сарвацца ў прорву. Ці не раскласці вогнішча? Убачыць агонь і будзе ведаць, куды вярнуцца.
Іван накідаў сухога галля і падпаліў. Агонь патрашчаў крыху спадыспаду і пагнаў дым. А калі дым замітусіўся над агнём, загойсалі цені каструбаватых ялін і ажывілі палянку.
Іван сеў на пянёк і агледзеўся. Уся паляна была завалена трухлявымі пнямі, калючаю сеткаю вострых сукоў, між якіх шчаміўся дзікі маліннік. Ніжнія яловыя лапкі, тонкія і пасохлыя, звісалі долу, як рудая барада.
Туга зноў ахапіла Івана. Ён зноў быў адзін. Марычка не ішла. Закурыў люльку і ўглядаўся ў агонь, каб хоць чым-небудзь скараціць чаканне. Мусіла ж нарэшце прыйсці Марычка! Яму нават здавалася, што ён чуе яе хаду і трэск галінак пад нагамі. О! Нарэшце яна… Хацеў устаць і пайсці ёй насустрач, але не паспеў.
Сухое голле рассунулася ціха, і з лесу выйшаў нейкі чалавек.
Ён быў неадзеты. Мяккае цёмнае валоссе ўкрывала ўсё яго цела, акаймоўвала круглыя і добрыя вочы, закліньвалася на барадзе і звісала на грудзях. Ён склаў на вялікім жываце зарослыя рукі і падышоў да Івана.
Тады Іван адразу яго пазнаў. Гэта быў вясёлы чугайстыр, добры лясны дух, што бароніць людзей ад мавак. Ён быў смерцю для іх: зловіць і раздзярэ.
Чугайстыр дабрадушна ўсміхнуўся, хітравата падміргнуў і папытаў у Івана:
— Куды пабегла?
— Хто?
— Маўка.
«Гэта ён пра Марычку, — са страхам падумаў Іван, і сэрца моцна затахкала ў яго ў грудзях. — Вось чаму яна знікла!..»
— Не ведаю… Не бачыў, — абыякава адказаў Іван і запрасіў чугайстыра: — Сядайце.
Чугайстыр сеў на пянёк, атрос з сябе сухое лісце і выцягнуў ногі да агню.
Абодва маўчалі. Лясны чалавек грэўся каля вогнішча ды расціраў сабе круглы жывот, а Іван натужна думаў, якім бы чынам даўжэй затрымаць чугайстыра, каб Марычка як найдалей магла ўцячы.
Але чугайстыр сам памог.
Падміргнуў Івану хітраватым вокам і абазваўся:
— Можа б, мы трошкі разам патанцавалі?
— А чаму б і не? — радасна ўсхапіўся Іван.
Падкінуў у вогнішча ялінніку, зірнуў на пасталы, абцягнуў на сабе кашулю і стаў да танца.
Чугайстыр узяўся ў бокі і ўжо пагойдваўся:
— Ну, пачынай!..
Што ж, як пачынаць дык пачынаць.
Іван тупнуў на месцы, выкінуў нагу, страпянуўся ўсім целам і паплыў у лёгкім гуцульскім танцы. Перад ім смешна выдыгаў чугайстыр. Ён прыжмурваў вочы, пацмокваў языком, трос жыватом, а яго ногі, аброслыя, як у мядзведзя, нязграбна тупалі на адным месцы, згіналіся і разгіналіся, як тоўстыя абады. Танец, відаць, яго саграваў. Ён падскокваў ужо вышэй, прысядаў ніжэй, падбадзёрваў сябе вясёлым бурчаннем і соп, нібыта кавальскі мех. Пот кроплямі выступаў вакол вачэй, сцякаў струменьчыкам з ілба да рота, пад пахамі і на жываце ў яго блішчала, як у каня, а чугайстыр ужо разышоўся.
— Гайдук раз! Яшчэ раз! — крычаў Івану і біў пятамі ў зямлю.
— Ды крывы!.. Ды сляпы!.. — паддаваў жару Іван. — Го-го!
Як танцаваць — дык танцаваць!
— Хай будзе так! — пляскаў у ладкі чугайстыр, і прысядаў да зямлі, і круціўся кругом сябе.
— Ха-ха-ха! — пляскаў сябе па сцёгнах Іван. Хіба ён не гадзіцца ўжо да танцаў?
Вогнішча разгаралася вясёлым агнём і аддзяляла ад танцораў цені, што курчыліся і біліся на залітай святлом палянцы.
Чугайстыр стаміўся. Штохвіліны падносіў да лба руку з бруднымі пазногцямі, абціраў пот і ўжо не скакаў, а толькі дробна дрыгаў валасатым целам на месцы.
— Можа, годзе ўжо? — соп чугайстыр.
— Э, не… яшчэ трошкі.
Іван і сам ледзь не млеў ад стомы. Упарыўся, увесь быў мокры, яму балелі ногі, а грудзі ледзьве лавілі паветра.
— Я яшчэ сыграю танец, — падбадзёрваў ён чугайстыра і выхапіў флаяру з-за пояса. — Ты яшчэ такога не чуў, нябожа…
Ён зайграў песню, якую падслухаў у лесе ў зніча: «Ёсць мае козы!.. Ёсць мае козы!..» — і чугайстыр, ажыўлены гукамі песні, зноў вышэй падкідаў пяты, заплюшчваў ад задавальнення вочы і нібы забыўся на стому.
Цяпер Марычка магла быць спакойная.
«Уцякай, Марычка… не бойся, любая… твой вораг танцуе», — спявала флаяра.
Поўсць прыліпла ў чугайстыра да цела, быццам ён толькі што вылез з вады, сліна струменьчыкам сцякала з рота, адкрытага ўцехаю рухаў. Ён увесь блішчаў пры агні, а Іван паддаваў яму жару вясёлай ігрою і, нібы ў бяздум’і, у знямозе і ў забыцці, біў аб камень нагамі, з якіх абляцелі пасталы…
Нарэшце чугайстыр знямогся:
— Ну і наскакаўся я сёння… Годзе, не магу…
Упаў на траву і цяжка соп, заплюшчыўшы вочы. Іван зваліўся на траву побач з чугайстырам. Аддыхваліся разам.
Нарэшце чугайстыр ціха хіхікнуў:
— Ну і наскакаўся я сёння…
Пагладзіў задаволена круглы жывот, пакрактаў, разгладзіў на грудзях валоссе і пачаў развітвацца:
— Вялікі дзякуй за танец!..
— Пайдзі здаровы!
— Аставайся здаровы!
Рассунуў сухое яловае голле і нырнуў у лес.
Палянку зноў абступілі змрок і цішыня. Дагараючы, вогнішча лыпала ў цемры адзінокім чырвоным вокам.
Але дзе ж Марычка?
Іван меў шмат чаго ёй расказаць. Ён адчуваў патрэбу расказаць ёй пра ўсё сваё жыццё, пра сваю тугу па ёй, бязрадасныя дні, сваю самотнасць сярод ворагаў, нешчаслівую жаніцьбу… Але дзе ж яна? Куды падалася? Можа, налева? Яму здалося, што ён бачыў яе апошні раз з левага боку.
Іван пайшоў налева. Тут быў гушчар. Елкі так шчыльна збіліся ў купу, што цяжка было праціснуцца між іх шурпатых камлёў. Сухія галінкі калолі твар. Але ён ішоў. Лез у густой цемры, спатыкаўся і ўвесь час натыкаўся на ствалы. Часам яму здавалася, што хтосьці яго кліча. Спыняўся, зацяўшы дыханне, і прыслухоўваўся. Але лес напаўняла такая глыбокая цішыня, што шоргат сухіх галінак, аб якія цёрся плячом, здаваўся яму гучным трэскам падсечанага тапаром дрэва. Іван ішоў далей, выцягнуўшы наперад рукі, нібы сляпы, які ловіць рукамі паветра, баючыся напароцца на перашкоду.
Раптам да яго вуха даляцела ціхенькае, ледзь улоўнае дыханне:
— Івась!..
Голас ішоў ззаду, аднекуль з глыбіні, быццам прабіваўся скрозь мора ігліцы.
Значыць, Марычка была не тут.
Трэба было вяртацца назад. Іван спяшаўся, стукаўся каленямі аб елкі, адхіляў рукамі галінкі і жмурыў вочы, каб не напароцца на хвою. Ноч нібыта чаплялася яму за ногі і не пускала, а ён валок яе за сабою і распіхваў грудзьмі. Блукаў ужо доўга, а не знаходзіў палянкі. Цяпер зямля ў яго пад нагамі пачала спускацца ў даліну. Вялікія камяні перагароджвалі яму шлях. Ён іх абыходзіў, коўзаючыся па слізкім моху, спатыкаючыся на цупкіх каранях, прытрымліваючыся за траву, каб не сарвацца.
І зноў з цясніны, у яго з-пад ног, дайшоў да яго слабенькі покліч, заглушаны лесам:
— Іва-ась!..
Ён хацеў адгукнуцца на Марыччын голас, але баяўся, каб не пачуў чугайстыр.
Цяпер ён ужо ведаў, дзе павінен яе шукаць. Падацца ўправа і спусціцца ўніз. Але тут было яшчэ круцей, і здавалася дзіўным, як магла спусціцца Марычка. Дробнае каменне сыпалася з-пад ног у Івана, з глухім шумам падала ў чорную глыбіню. Але ён, лоўкі і звыклы да гор, умеў спыніцца на краі прорвы і зноў асцярожна шукаў апоры нагам. Усё цяжэй станавілася спускацца. Раз ледзь не сарваўся, ды ўхапіўся за выступ скалы і павіс на руках. Не ведаў, што пад ім, але адчуваў холад і злавеснае дыханне бяздоння, якое разявіла на яго сваю ненажэрную пашчу.
— Іва-ась! — стагнала Марычка дзесьці з глыбіні, і быў у тым голасе покліч кахання і мукі.
— Іду, Марычка! — біўся ў Іванавых грудзях адказ, баючыся вылецець адтуль.
Ён ужо забыўся пра асцярожнасць. Скакаў па камянях, як горны казёл, ледзьве ловячы паветра адкрытым ротам, калечыў рукі і ногі, прыпадаў грудзьмі да вострай скалы, траціў часамі грунт пад нагамі і скрозь гарачы туман жадання, у якім скочваўся ў даліну, чуў толькі, як яго прыспешвае дарагі голас:
— Іва-ась!..
— Я тут! — крыкнуў Іван і адчуў раптам, што яго цягне бяздонне. Ухапіла за шыю, перагнула назад. Хапаў рукамі паветра, лавіў нагою камень, ёю ж адарваны, і чуў, што ляціць уніз, поўны халадку і дзіўнай пустаты ў целе. Чорная цяжкая гара развінула крылы ялін і ўмомант, як птах, пырхнула над ім у неба, а вострая смяртэльная цікаўнасць апякла мозг: аб што стукнецца галава? Пачуў яшчэ трэск касцей, востры нясцерпны боль, што спаралізаваў цела, — і ўсё расплылося ў чырвоным агні, у якім згарэла яго жыццё…
На другі дзень знайшлі пастухі ледзь жывога Івана.