У тую хвіліну ён зразумеў, як лёгка і прыемна бывае гаварыць праўду, нават адносную.

— Усё адно, — ужо амаль без усхліпаў прамовіла ў адказ Алёна, вызвалілася з абдымкаў і села на ложак. — Колькі разоў я хацела табе сказаць: Лёшачка, вазьмі мяне з сабой у N. Я ж сёлета Гнус закончыла, мяне ў Маскве нічога не трымае. Хоць у будане жыць, але з каханым быць. Хіба ты не змог бы мяне хоць у стажорскую групу вашага аркестра ўладкаваць? Пэўна ж змог бы. Калі б хацеў. Але ты не хочаш. Ты ж у нас легкадумны, ага. А вось я стамілася быць легкадумнай. Я хачу, каб нехта штодня натхняў мяне ну хоць на прыбрацца ў хаце. А як ты думаў?.. Я не магу жыць ад сустрэчы да сустрэчы, ад званка да званка, ад СМС да СМС. Я не магу, каб ты для мяне быў усім, а я для цябе — нічым!

— Алёнка, я нікога ў жыцці не хацеў так, як цябе.

— А я хачу, каб мяне кахалі! Каб мяне не хавалі ад усіх! Ты ў чэрвені, калі прыязджаў сюды, хадзіў на Курэнтзіса. Запрасіў мяне? Ага, я ў цябе для іншых мэтаў, інтэлектуальную асалоду ты разам са мной атрымліваць не хацеў. Ці ты баяўся, што цябе разам са мной убачаць, а ў мяне рэпутацыя, сам ведаеш.

— Нічога такога! — абарваў яе Грынкевіч і сеў побач. — Пачакай яшчэ зусім крыху. Мяне і праўда там нічога не трымае, апроч «Дона Джавані». Пачакай да новага года, а потым я сюды буду прыязджаць часцей, і я табе абяцаю, што ўжо ніякіх хованак. А праз год я прыеду ў Маскву назусім. Хочаш — перабірайся да мяне, праўда, у мяне пакой у камуналцы з тонкімі сценкамі. Зрэшты, можа я і грашыма разжывуся, здымем кватэру, тваю Шэйлу таксама возьмем.

Дон Джавані просіць Лепарэла, каб ён распавёў Эльвіры ўсю праўду. Сам ён незаўважна ўцякае. Лепарэла вымушаны выкручвацца. Спачатку ён па-філасофску суцяшае Эльвіру: маўляў, вы ж разумееце, свет так уладкаваны, што ў ім квад­рат не ператворыцца ў кола. Потым ён раіць жанчыне забыць дона Джавані і не згадваць пра яго, бо яна ў гэтага мужчыны не першая і не апошняя.

Ён казаў усё гэта, але ж цяпер гэта была няпраўда, і Грынкевічу бракавала акторскага таленту, каб яе схаваць. Алёна сядзела з сухімі і пустымі вачыма. Яна болей не верыла.

— Лёша, ты. Ідзі лепей. Мне цяпер неяк пуста і брыдка на душы. Я ні пра што размаўляць не магу. Можа, потым як-небудзь. А цяпер — не.

Амаль а шостай раніцы ён выйшаў з гэтай хаты і рушыў да метро. Ранак быў ужо не такім гарачым, бо набліжалася восень. Грынкевіч адчуваў лёгкі калатун — ці то ад золкага паветра, ці то ад усіх сцэнаў, у якіх яму давялося ўдзельнічаць за апошнія суткі. Ён вырашыў не думаць пакуль, як быць з Алёнай. Але ж пры гэтым згадваў пра тую няоперную Анну, якую зноў гукаў у сне.

Лепарэла выцягвае з кішэні каталог дона Джавані. У імімёны ўсіх пакінутых свавольнікам жанчын.

№ 4: Арыя «Madamina, il catalogo e questo...».

Гэты каталог лёкай вядзе сам. Ён прапануе донне Эльвіры падрабязна азнаёміцца са спісам перамог дона Джавані.

Яе імя было — Анна. Так яна называла сябе з самага ранняга дзяцінства, у любым атачэнні і ў любой моўнай сітуацыі. Яна мала каму магла дараваць, калі яе называлі Аней, Анечкай, Анютай. Яна прымушала зваць сябе толькі Аннай. Нават замежнікі не рызыкавалі назваць яе Анет, Эн, Энхен ці Ані. Яна была толькі Аннай, і гэта імя пасавала ёй. Яна насіла яго з годнасцю, як старадаўні фамільны пярсцёнак.

І толькі з Грынкевічам Анна ператваралася ў Нюту. Яму было дазволена так называць яе.

У Італіі640.

Калі яны выпадкова сустрэліся, ці, што дакладней, сутыкнуліся ў канцэртнай зале Чайкоўскага, ён спачатку не пазнаў яе. Маладая жанчына з балетнай постаццю ў доўгай белай сукенцы з высокай таліяй і глыбокім дэкальтэ. Гэтае ўбранне надавала ёй падабенства з німфай з антычных міфаў. Цёмна-каштанавыя валасы, крыху завітыя, былі сабраныя ў высокую фрызуру, такса­ма ў антычным стылі, на нагах быў лёгкі абутак; яшчэ яна мела бліскучыя завушніцы, каралі, тонкія бранзалеты на руцэ. У гэтую спёку, калі ўсё жывое прыгіналася да зямлі, яна, здавалася, адзіная лёгка дыхала і не хадзіла, а лунала. Грынкевіч пазнаў яе здалёк толькі па гэтай палётнасці ў хадзе, па жэсце, якім яна разгарнула свой веер і пачала ім абмахвацца. І вочы былі такія самыя, як тады: зірнуць у іх — што са студні з гаючай вадой напіцца.

У Нямеччыне230.

І ён глядзеў на гэтую німфу і не разумеў, як яна калісьці магла насіць драныя джынсы або непрыстойна кароткія скураныя спадніцы, стрыгчыся амаль пад нуль, фарбаваць валасы ў чырвоны ко­лер, абвешваць рукі фенечкамі, набываць выключна кеды ці берцы, любіць мужчынскія кашулі. Бываюць брыдкія качаняты, а вось Нюта Рупель была злосным качанём, якое шыпела і шчыпалася. Зрэшты, яна ўмела зрабіць лішнюю дзірку на сваіх джынсах, каб ейныя точаныя сцёгны не давалі спакою мужчынскаму насельніцтву, яна забывалася надзець станік пад мужчынскую кашулю, а па-балетнаму ўцягнутыя каленкі надта добра выглядалі ў шортах ці кароткай спадніцы, нават берцы або кеды не псавалі ўражання. Дзіва, што такое злоснае качаня не курыла, не шыралася і выпівала столькі, што ад гэтага не сядзеш на шклянку, ды яшчэ прынцыпова не мацюкалася. А вось ад сэксуальных прыгодаў яна рэдка адмаўлялася. Сапсаваная дзяўчынка з прыстойнай сям'і.

У Францыі100.

Такой яна была на момант іх развітання. Так ужо склалася, што яна сама абсалютна нязмушана распавядала яму пра свае подзвігі, хоць і без падрабязнасцяў, — відаць, тут спрацоўвалі нейкія інтэлігенцкія тармазы. А калі не яна сама, то ў агульным асяродку знаходзілася нямала асведамляльнікаў. Ім чамусьці падавалася, што для Грынкевіча гэта будзе мець нейкую асаблівую важнасць, а ён толькі паціскаў плячыма. Вельмі час­та пра іх думалі, што яны сустракаюцца. А што яшчэ можна было падумаць пра хлопца і дзяўчыну, якія разам ідуць з кансерваторыі на нейкі канцэрт, а потым хлопец праводзіць гэтую дзяўчыну дадому і там начуе. Праўда, у асобным ложку, але гэтаму ніхто не даваў веры.

А цяпер у яе вельмі доўгія валасы, тонкія срэбныя бранзалеты на руцэ і сукенка, у якой жанчына выглядае як німфа. Яна перастала адпрэчваць сябе, перастала зазямляць і забрутальваць сябе цяжкімі берцамі і мужчынскімі кашулямі. Стала дарослай.

У Турцыі90.

Яна нарадзілася на два гады і трыста шэсцьдзясят тры дні пазней за Грынкевіча. І калі ў іх утварылася агульная кампанія, то народзіны яны святкавалі сумесна, недзе дваццаць пятага ці дваццаць шостага студзеня, каб нікому не было крыўдна. Проста паміж «двума Амадэямі» было выгадна складвацца на студэнцкі банкет. Яны разам гойсалі па крамах, закупаючыся пітвом і ежай, а касіркі прымалі іх за мужа і жонку. Абое потым доўга смяяліся з гэтага: хлопец — у паліто, класічных нагавіцах і класічным абутку, а дзеўка — з чырвонымі валасамі ды ў берцах. Нішто сабе сямейка!

Потым яны разам у Нюцінай кватэры на Петраградцы стрыглі салаты, рэзалі каўбасы, раскладвалі на талерках прысмакі, якія дзяўчына даставала з духоўкі, і ў гэтых сумесных побытавых дзеяннях было нешта цалкам натуральнае і нязмушанае. Банкеты яны ладзілі разам не толькі з нагоды народзінаў, але і пасля сесій ці проста ў гонар таго, што завяліся грошы — адмысловае студэнцкае свята.

Але ў Іспаніі... у Іспаніі іх 1003!

Грынкевіч вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі на дырыгента. Яму пашэнціла паступіць спачатку на харавое, а праз год перавесціся на оперна-сімфанічнае. Нюта вучылася на «моцнаепаўсалодкае» сапрана на падрыхтоўчым аддзяленні. А яшчэ яна вымушана хадзіла ва ўніверсітэт, дзе ёй павінны былі выдаць дыплом выкладчыка нямецкай мовы.

Ейны тата, вядомы ў пэўных колах кіношны і тэатральны рэжысёр Антон Рупель, увесь час казаў: трэба мець нейкую людскую прафесію, трэ­ба мець добрую адукацыю, ты ж вучылася ў спец­школе, мова заўсёды спатрэбіцца. Карацей, уся звыклая аргументацыя бацькоў, якія зычаць дзецям таго, чаго не мелі самі. Гэта значыць, нармальнага людскага жыцця.

Сам Антон Рупель за савецкім часам сваёй «нялюдскай» прафесіяй сапраўды не здабыў сабе ані славы, ані грошай. Але ў пачатку дзевяностых ён неяк падвязаўся да нямецкай дыяспары, па гэтых каналах выйшаў на замежжа і заняўся грамадскай дзейнасцю. Тады ў яго з'явіліся грошы, якіх шараговы расійскі рэжысёр у сябе дома звычайна не бачыў. Праўда, славы ён на гэтым не здабыў, але ці хацеў ён той славы? Нюта часам то з іроніяй, то з нейкім невытлумачальным захапленнем казала, што ейны бацька, прыбалтыйскі немец, перахахліў ды перагабрэіў шмат якіх сваіх калегаў. Яна любіла свайго авантурнага тату.

Сярод іх сялянкі, пакаёўкі, гараджанкі, графіні, баранэсы, маркізы, княгініусе саслоўі і ўсе станы.

Тата грэў ёй месца ў нейкім нямецкім культур­ным цэнтры, які даваў магчымасць ездзіць у Еўропу, а потым паступіць дзякуючы веданню мовы ў нейкі з тамтэйшых універсітэтаў на някепскую спецыяльнасць, кшталту эканомікі ці чагосьці такога. А там — від на жыхарства, грамадзянства, праца, сям'я з прыстойным еўрапейцам, а не з рускім Ванем, дзеці і ўсё такое. Калі ж Нюта на чацвёртым курсе ўніверсітэта пайшла паралельна на падрыхтоўчае аддзяленне ў кансерваторыю, у яе адносінах з татам пачаліся суцэльныя пярэчанні і паралельныя актавы.

Спяваць яна марыла ўвесь час, — казала пра гэта, калі яны з Грынкевічам толькі пазнаёміліся. Знаёмства гэта, як на людзей іхнага асяродка, адбылося даволі будзённа — за кулісамі Марыінскага тэатра, куды Грынкевіча занесла працаваць рабочым сцэны.Нюта была адзінай, каму ён тады шчыра распавёў пра свае творчыя кульбіты, і яе амаль нічога не здзівіла. Ёй было трынаццаць, і была яна як той балетны маленькі лебедзь. Ён упершыню заўважыў дзяўчо, калі яна расцягвалася, закінуўшы нагу на высокае падваконне ў калідоры. Ён падумаў, што гэта нехта з балетных, але гэта была гадаванка з дзіцячай студыі, праўда, як яна сказа­ла, раней яна сапраўды займалася балетам. На той момант у ёй не было нічога асаблівага — такая сабе сярэдняга росту істота з аскетычнымі акругласцямі ўвогуле неблагой, але ўсё ж невыразнай фігуркі. Уся магія была ў рухах і жэстах, а ўся прыгажосць — у вачах, блакітных, неверагоднага аквамарынавага адцення і з нейкім крыху ўсходнім разрэзам. Дзіўная камбінацыя генаў балтыйскіх немцаў і крымскіх татараў з дадаткам габрэйскай крыві. Адным словам, звычайная руская дзяўчынка.

У Нямеччыне230.

У дзіцячай студыі яна займалася нядаўна, з мінулага сезона, — тата ўладкаваў, бо вельмі хацела. Яшчэ яна спявала ў нейкім дзіцячым хоры і зусім крыху займалася на фартэпіяна. У яе тры гады таму памерла маці, з гэтай прычыны Нюта пэўны час жыла ў Краснаярску. Потым вярнулася ў Піцер і пасялілася з бабуляй у матчынай кватэры, дом быў якраз у знакамітым «дваранскім гняздзе». Ну, а тата. У таты была но-вая сям'я, і ён жыў у зусім іншым баку горада. За два гады ў Краснаярску дзяўчынка заахвоцілася хадзіць у оперу і да дзірак заслухала бабуліны кружэлкі з «Донам Джавані». Яна ведала яго ці не на памяць.

Дзякуючы «Дону Джавані» яны ў пэўны момант разгаварыліся, і ён прызнаўся, што мае запаветную мару. Ён гадзінамі мог сядзець у куце на аркестравай рэпетыцыі, куды яго пускалі, але пакуль што гнаў прэч «крамольныя думкі». Дакладней, не жадаў фармуляваць і прамаўляць іх уголас, бо яму падавалася, што сфармуляваная думка імгненна стане рашэннем, за якое хлопец пакуль не гатовы быў несці адказнасць. А гэтае дзівакаватае дзяўчо ўзяло ды ўсё за яго прамовіла: «Можа, табе варта пайсці на дырыгента?».

У Францыі100.

Адносіны з Нютай былі падобныя да добра адладаванага голасу спевака, дзе пераходаў паміж рэгістрамі проста не чуваць. Ён і не адчуў, у які момант яму стала неабходна, каб дзяўчына чакала пасля ранішняга спектакля, пакуль не прыбяруць дэкарацыі. Ён не адчуў, у які момант яму стала неабходна аддаваць ёй куртку, калі ў часе сумесных шпацыраў яна замярзала. Ён не памятаў, як так выйшла, што ён амаль перастаў звяртаць увагу на іншых дзяўчат, нават нашмат ярчэйшых. Грынкевіч быў на першым курсе вучэльні, ужо на харавым дырыгаванні. Тады Ананкэ разам са сваімі дочкамі, як падавалася, вырашыла расшчодрыцца на падарункі: яму далі адтэрміноўку ад войска на год, ён быў найлепшым студэнтам на курсе, ён быў шчаслівым з Нютай.

Як на аблоках, — так ён пазней успрымаў тыя некалькі месяцаў. Але ж падзенне з аблокаў было занадта траўматычным.

У Турцыі90.

Нюту ён страціў пасля летніх вакацыяў. Калі Грынкевіч вярнуўся ўвосень у Піцер, яна з жорсткім спакоем абвясціла яму, што ўсё скончана, і нічога не стала тлумачыць, хоць ён цэлы месяц спрабаваў гэтага дамагчыся. Потым ужо яму сказалі агульныя знаёмыя, што знайшоўся нейкі больш дарослы «залаты хлопчык». Гэты хлопчык у дваццаць гадоў ездзіў на сваёй машыне, што на той момант было не кожнаму даступна. Відаць, у яго быў нейкі няпросты тата. Спачатку было балюча, потым неяк загаілася. Якраз у тую восень Нюта, якой было амаль шаснаццаць, сышла з дзіцячай студыі і перастала бываць за кулісамі Марыінкі — як з вачэй, то і з думкі.

Але ў Іспаніі... У Іспаніі іх 1003!

Сустрэліся яны праз два гады. Не ў тэатры, а ў трамваі. Выпадкова. Старое спачатку варухнулася ў душы і адгукнулася тупым болем, як асколак з даўніх баёў. Нюта была ўжо без «залатога хлопчыка», выглядала яна нейкай задужа сур'ёзнай для сваіх гадоў і задужа стомленай. Грынкевіч не ўтрымаўся, каб укалоць яе, але яна папрасіла: «Не трэба, і так усё вельмі цяжка. Май да мяне літасць». Нюта толькі што паступіла ва ўніверсітэт, куды яе праводзіла ўся радня. І адразу ж у бабулі здарыліся два інсульты запар. Цяпер усё Нюціна жыццё складалася з вучобы і догляду бабці, толькі пару вечароў на тыдзень бацька браў на сябе клопат аб старой і Нюта магла адпачыць.

Яна напраўду выглядала дужа прыціснутай да зямлі. Але ж яна была зусім дарослая, апранутая вельмі міла, з дзявочай элегантнасцю, выглядала на юную парыжанку са сваёй лёгкай балетнай фігуркай, з вузлом валасоў на патыліцы і з глыбокімі вачыма, у якія Грынкевіч цяпер зазірнуў ужо не па-хлапечы, а па-мужчынску. Сам не святы апостал, ну і што?.. У кішэні ён меў два квіткі на канцэрт, куды складана было патрапіць. Ён збіраўся весці туды дзяўчыну, з якой у яго наладжвалася нешта, здавалася б, сур'ёзнае, прынамсі, яму было з ёй спакойна і светла, а тут гэтая феечка сінявокая. І што, што цяпер?! Трэба было ўцякаць і не варушыць былое. Але ж чорт яго падбіў сказаць: «Маю два квіткі, хадзем, развеешся крыху».

Потым ён нешта хлусіў той, іншай дзяўчыне, хоць здрадай гэта не было. Дзяўчына, зразумела, нічога слухаць не стала, а Грынкевіч вырашыў нічога больш не тлумачыць, бо яго ўжо зацягнула. Ён пачаў званіць Нюце, сустракаць яе каля ўніверсітэта, яму дастаткова было проста хадзіць з ёй па набярэжных пецярбургскіх рэк і каналаў і казаць пра музыку, пра свае мары, пра тое, пра што ён нікому не мог сказаць. Яна не давала яму ніякіх чыста жаночых авансаў, і гэтыя сустрэчы цяжка было назваць рамантычнымі спатканнямі, але ён прымаў іх як шклянку ржавай вады пасля трох дзён блуканняў па гарачай пустыні.

Сярод іх сялянкі, пакаёўкі, гараджанкі, графіні, баранэсы, маркізы, княгініусе саслоўі і ўсе станы.

Аднойчы ўзімку (якраз была сесія, і Грынкевіч толькі што адзначыў з сябрамі здачу дужа паскуднага іспыту) яго сярод ночы пабудзілі. Ён заснуў недзе а першай, а літаральна праз гадзіну бабуль­ка, яго кватэрная гаспадыня, трэсла хлопца за плечы і казала, што яго шукае па тэлефоне нейкая дзяўчына, па вельмі пільнай справе. Пасля студэнцкага банкету і кароткага сну мала што кемілася. Грынкевіч, як той лунацік, пайшоў у вітальню да тэлефона. і здрыгануўся, ледзь пачуў голас у слухаўцы. Званіла Нюта і нейкім абсалютна не сваім голасам распавядала: бабуля толькі што памерла, яна не ведае што рабіць, бацька з'ехаў за мяжу, яна страшэнна баіцца заставацца ў начной кватэры. Яна баіцца, баіцца, баіцца. Грынкевічу падавалася, што ён фізічна адчувае, як дрыжыць рука, у якой дзяўчына трымае слухаўку, нібыта яна не на тым канцы дроту, а побач. Хвілінаў пятнаццаць ён патраціў на тое, каб апрануцца ды крыху паскандаліць з гаспадыняй. Бабулька сварылася на яго, бо ён надта часта перашкаджае ёй спаць уначы, казала, каб з наступнага месяца шукаў сабе новую кватэру. Так ён у выніку і зрабіў, бабулька выканала сваю пагрозу, але ў тую ноч ён думаў толькі пра дзяўчыну, якая прасіла ў яго дапамогі.

Добра, што ўзімку не разводзяць масты, але транспарт так ці іначай ужо не хадзіў, на таксоўку грошай не было. Ён тармазнуў нейкага братка на «вольве» і паспеў заўважыць зброю на заднім сядзенні — часы былі вясёлыя, гістарычныя. Але браток якраз ехаў на Петраградскі бок і дакінуў хлопца амаль да самага дому, дзе жыла Нюта. Дзяўчына сядзела на лаўцы каля пад'езда, і яе напраўду ўсю трэсла, ці то ад марозу, ці то ад перажытага шоку.

Яна ўжо выклікала і міліцыю, і хуткую. Міліцыя ўзяла бабулін пашпарт, а медыкі хоць і канстатавалі смерць, але забіраць памерлую ў морг не сталі: анатаміраванне рабіць не трэба, бо і так усё зразумела, а моргі перапоўненыя. Цяпер Нюта не ведала, як датрываць да раніцы ў кватэры, дзе ляжыць нябожчыца. Грынкевіч ледзь угаварыў дзяўчыну ўзняцца наверх, зачыніў дзверы ў пакой, дзе ляжала старая, адвёў Нюту на кухню і сам зрабіў гарбату. У хаце знайшлася валяр'янка, але нават пасля яе дзяўчыну крыху калаціла. Яна толькі бесперапынна казала, што баіцца нябожчыкаў з таго моманту, як загінула ейная маці.

— Ты казала, яна памерла.

— Яна загінула.

За гарбатай пачаўся расповед, прычым быў ён пункцірна-кропкавым, таму Грынкевіч не адразу склаў усё ў агульную карціну. Нюціна мама была акторкай, прычым вельмі адоранай. Яшчэ ў інстытуце пабралася з бацькам. Сама яна зрабілася сіратой у васямнаццаць гадоў, бо дзядуля і ба­буля разбіліся ў аварыі. І таму меней чым праз два гады маці выскачыла замуж за студэнта Антона Рупеля, які вучыўся на рэжысуры ў тым са­мым інстытуце. Ён паступіў даволі позна, у дваццаць сем гадоў, бо доўга не мог прабіцца ў тэатральны, хоць у сябе ў Краснаярску ўжо даўно граў у мясцовым тэатры. У Піцер яго ўзялі толькі на рэжысуру. Гэта значыць, калі ён ажаніўся з Нюцінай мамай, яму было ўжо трыццаць.

У бландынкі ён вылучае дабрыню.

Пляткарылі, што гэта разлік, бо ў Краснаярску Рупель ужо меў шлюб і нават сына. А як яшчэ было патлумачыць, навошта ён так хутка паехаў разводзіцца, калі на даляглядзе з'явілася прыгожанькае дзяўчо, сірата з інтэлігентнай сям'і і аднаасобная гаспадыня трохпакаёвай кватэры? Пакуль ішоў працэс скасавання першага шлюбу, Рупель вельмі пастараўся і зрабіў так, каб гэтая сірата нікуды ад яго не ўцякла. Ён зрабіў яе, Нюту, бо як яшчэ ў тыя часы можна было надзейна прывязаць да сябе жанчыну? Пажаніліся яны толькі тады, калі дачцэ было месяцы чатыры.

Відаць, першая бацькава жонка вельмі не хацела яго адпускаць і на ўсялякі выпадак прыехала ў Піцер, каб паскандаліць са злой разлучніцай. А яшчэ маці працягвала вучыцца ў інстытуце, хоць і мела ўжо немаўля на руках. Можа быць, яна не вытрывала ўсіх узрушэнняў, можа яшчэ што, але праз паўгода пасля родаў у яе здарыўся сур'ёзны нервовы зрыў. Яна ўсё ж выйшла ў акадэмічны адпачынак, а потым неяк скончыла інстытут, але граць на сцэне ўжо не змагла, бо зрывы паўтараліся. Па вялікім знаёмстве маці аформілі апранальшчыцай у тэатры. Бацька яе нарэшце кінуў і ажаніўся зноў, гэтым разам, здаецца, не па разліку, бо там была нявыгадная партыя. Раз-пораз маці трапля л а ў лякарню, а калі Нюце было гадоў дзесяць, яна вырашыла свае праблемы радыкальным чынам: дастала ключы ад гарышча, вылезла на дах... І дачка ўбачыла з вакна, што адбылося. На пахаванні яна так і не падышла да труны, бо баялася.

А потым бацька вырашыў вывезці дачку ў Краснаярск да бабулі. Гэта была вельмі выгадная камбінацыя: пасля смерці другой жонкі вызвалілася вялікая кватэра, а ён ужо меў трэцюю сям'ю і вымушаны быў здымаць жытло. Нюта скандаліла, крычала, што нікуды не паедзе. Тады бацькава жонка заявіла: яна такая ж шызафрэнічка, як ейная маці, можа, яе таксама варта лекаваць? Пасля гэтага выпадку Нюта зразумела, як небяспечна бывае паказваць людзям, што ты насамрэч адчуваеш. Яна вельмі не хацела ехаць у Краснаярск, але, каб не трапіць да шызафрэнікаў, сцішылася і сабрала рэчы. А потым. А потым падвярнуўся неблагі варыянт абмену, бабуля памяняла сваю кватэру ў Краснаярску на Піцер, няхай і з даплатай, пусціла жыць у свежанабытую кватэру бацьку з яго новай сям'ёй, а сама засталася з Нютай у гэтай вось хаце.

Брунетка вабіць яго вернасцю.

Грынкевіч разумеў, што дзяўчына ўсё ж павінна хоць крыху адпачыць. Ён адвёў яе ў гасцёўню і паклаў на канапу. Лекі падзейнічалі, і Нюта зрабілася даверліва-паслухмянай, дазволіла захутаць сябе ў плед. Яна казала, што замярзае, хоць у кватэры не было халодна. Хлопец лёг побач і абняў яе, толькі пасля гэтага Нюта нарэшце заснула. Пад раніцу ён ціхенька ўзняўся, парыўся ў нататніках, што ляжалі ў вітальні на тэлефоннай палічцы. Знайшоў нумар кватэры Рупеля, вызваніў яго жонку, усё ёй растлумачыў... Потым Нюта сказа­ла, што ён гэтым вельмі яе абавязаў, бо сама яна нават у такім выключным выпадку не магла кантактаваць з мачахай. Зрэшты, ён і раней ведаў пра гэта. Калі Нюта дакладна ведала, што бацькі дома няма і слухаўкі ён не здыме, то проста не званіла туды, каб выпадкова не пачуць голас «гэтай кралі».

Дзіўна, што ўсе гэтыя клопаты пра пераляканае дзяўчо яго зусім не напружвалі, ён успрымаў іх тады як нешта цалкам натуральнае. Ну, як адвесці за руку ў міліцыю згубленае і зарумзанае дзіця, якое сустрэў на вуліцы. А можа, яму проста хацелася быць побач, усё адно з якой нагоды?

На пахаванне ён таксама хадзіў, і Нюта, ідучы з могілак, сама ўзяла яго пад руку. Краем вока Грынкевіч сачыў за ейным бацькам, бо адчуваў, што той таксама краем вока сочыць за ім. Рупелю яўна не падабалася, якога спадарожніка абрала сабе дачка, ды і ўся гэтая гісторыя з начным прыходам яму не падабалася, хоць нічога крымінальнага там не было. Антон Рупель цаніў людзей не вышэй за жуйку «Стымарал» і быў пэўны — людзі будуць плаціць яму і ягоным блізкім такой самай манетай. Зрэшты, самае непрыемнае здарылася крыху пазней. А пакуль яны ішлі з пахавання разам з Нютай, потым былі сціплыя сямейныя хаўтуры. Пад вечар, калі Грынкевіч сыходзіў, дзяўчына выйшла праводзіць яго з кватэры на лесвіцу. Яна прытулілася да хлопца і шэптам падзякавала за тое, што дапамог перажыць гэтыя дні. Было зябка. Грынкевіч расшпіліў паліто і захутаў дзяўчыну, абдымаючы яе, як калісьці даўно, калі яны яшчэ былі амаль дзецьмі і апасліва цалаваліся вось тут, у гэтым самым пад'ездзе. Цяпер ён таксама нахіліўся да Нюты і пацалаваў. Сэрца адбівала шалёны пункцір з восьмых і шаснаццатых замест роўных чвэрцяў. А балтыйскі вецер за вокнамі шапацеў: «Гэта сапраўднае, сапраўднае, сапраўднае. » Хлопец паверыў гэтаму ветру, забываючыся на яго пераменлівасць.

У русавалосай ён любіць пяшчоту.

Потым быў шчаслівы дзень, калі яны разам гулялі па горадзе пасля таго, як Нюта здала апошні іспыт зімовай сесіі. Яны хапалі халоднае неўскае паветра паміж пацалункамі і гатовыя былі ўзляцець так высока, што купал Ісакія выглядаў бы як маленькая круглая батарэйка ад гадзінніка. Потым ён з'ехаў на зімовыя вакацыі да бацькоў, але штовечар званіў у Піцер, каб проста яе пачуць. Ён зразумеў, што любіць Нюцін голас, які за гэтыя гады стаў мацнейшым, аброс вельмі жаноцкімі абертонамі, але пры гэтым быў свежым і юным. Пачуць яго было ўсё адно, што адчуць дотык дзявочай рукі. Прынамсі, гэтак яно было для яго, юнага і палкага, — што зробіш, дваццаць адзін год. У часе апошняга «сазвону» яна сказала: заходзь, як прыедзеш. І гэта прагучала з недвухсэнсоўным намёкам. Хлопец выехаў з Мінска на два дні раней, чым трэба.

Грынкевіч памятаў, як проста з цягніка, з Віцебскага вакзала раніцай паехаў на Петраградку. Была, здаецца, субота, выходны. Нюта адчыніла і зірнула на яго з лёгкім здзіўленнем. Яна была ў старэнькім фланэлевым халаціку, босая і стрыжаная а-ля гарсон. Сказала, што захацела раптоўных пераменаў, таму вось так нечакана і змяніла фрызуру.

— Будзеш гарбату? — запыталася яна па-гаспадарску.

— Пазней, — адказаў ён і пацалаваў мяккі вожык дзявочых валасоў на яе стрыжанай патыліцы.

У той дзень ён усвядоміў для сябе розніцу паміж сэксам і блізкасцю. З Нютай была менавіта блізкасць, азораная нейкай шчымлівай пяшчотай, шчырай гатовасцю прыняць іншага, забыць як страшны сон тое, што было два гады таму. Такая блізкасць, калі чалавек робіцца табе амаль што род­ным, ні ў якім разе не жарсць, хоць менавіта ў фізічным сэнсе ён потым ніколі ў жыцці не перажываў нічога падобнага па накале адчуванняў. Уся яго мужчынская біяграфія пасля таго дня была спробай закрэсліць той дзень і тую ноч, калі яны практычна не выбіраліся з ложка. Яны маглі гадзіну ці дзве проста ляжаць, счапіўшыся рукамі і нагамі, як два дрэвы галлём. Неяк сярод ночы ён выйшаў на кухню пакурыць, калі дзяўчына, здаецца, спала. Але праз пару хвілінаў яна прыйшла да яго, хутаючыся ў коўдру, і прытулілася тварам да яго пляча.

— Мне робіцца цябе замала, я не хачу прапусціць ніводнай кроплі гэтай ночы, — казала

Нюта потым, калі ён ужо ў ложку адбымаў яе. — Ведаеш, я так хацела, каб ты вярнуўся, што нават прыдумала сабе магічны рытуал. Я штодня ставіла касету з «Крайслерыянай» і бясконца слухала апошнюю, восьмую п'есу. Тую, якую ты граў. І так доўжылася амаль два месяцы, пакуль я не сустрэла цябе ў трамваі. Прычым я зранку таго дня ўжо ведала, што нешта такое адбудзецца абавязкова.

Раніцай яны прачнуліся ад таго, што ў дзвярным замку павярнуўся ключ. Не паспелі яны ачомацца, як ужо ўбачылі на парозе пакоя Антона Рупеля ўласнай персонай. Ён адразу пачаў выгаворваць дачцэ за тое, што ўчора яна не прыйшла на дзень народзінаў брата, што ён не мог да яе дазваніцца, пачаў пераймацца, а дачка вось чым займаецца. Відаць, і тэлефон адключыла. Нюта маўчала ў адказ, толькі хвілінаў праз пяць яна нарэшце папрасіла ў бацькі, каб той выйшаў на кухню. Бацька паслухаўся і на развітанне кінуў позірк на Нюцінага кавалера. Той позірк быў як агеньчык запальнічкі, паднесенай да бікфордава шнура.

— Будзе лепей, калі ты ўсё ж пойдзеш... — няўпэўнена шапнула Нюта хлопцу, калі яны спешна апрануліся. — Ён зануда, і я не ведаю, як доўга ён будзе чытаць мне мараль. Але мне ўжо ёсць васямнаццаць, і пайшоў бы ён.

Узімку ён любіць пухленькіх.

На наступны дзень Нюта звалілася з тэмпературай, — відаць, злавіла грып. Дазволіла прынесці сабе лекаў і малінавага сочыва, прывезенага ад мамы з Мінска, але далей чым на парог пакуль не пусціла, бо яшчэ змагалася з ліхаманкай. Затое праз пару дзён у вучэльню да Грынкевіча завітаў Антон Рупель. Запытаўся, калі той мецьме воль­ную гадзіну для сур'ёзнай размовы. Грынкевіч якраз меў фортку паміж заняткамі, і яны пайшлі ў найбліжэйшую кавярню.

Рупель зайшоў здалёк, распытваў, ці падабаецца хлопцу абраная прафесія, што ён мае рабіць далей. Грынкевіч адказваў шчыра, не баючыся падвохаў. Верагодней за ўсё для яго — паступіць на харавое ў кансерваторыю, а потым, калі пашэнціць, перавесціся на оперна-сімфанічнае. Ці, калі не пашэнціць, — атрымліваць пасля харавога другую адукацыю. А пакуль ёсць храмы, дзе патрэбныя рэгенты, ёсць студэнты-лайдакі, якіх трэба падцягваць па сальфеджыа, ёсць процьма рознай іншай працы, ну хай сабе наладка фартэпіяна...

Далей Рупель вельмі кампактна выкладаў свае думкі. Ён лічыў Грынкевіча правінцыйным выскачкай, ні свата ні брата, якому трэба хоць неяк зачапіцца ў вялікім горадзе, а маладая і сімпатычная дзяўчына з уласнай кватэрай — што можа быць лепшай зачэпкай! Хоць рэжысёр Рупель і не звязаны з музыкай, але ўсё ж сёе-тое даведаўся. Напрыклад, пра спыненую піяністычную кар'еру... Ясна, што ён выкладаў свае думкі ў старанна падабраных інтэлігентных выразах, але Грынкевіч быў дастаткова кемлівым, каб усё зразумець. Рупель казаў, што Нюта — няпростая дзяўчына з пэўнымі патрабаваннямі да жыцця. Веданне замежнай мовы адкрывае перад ёй новыя далягляды, і яна зусім не дурніца, каб ад іх адмаўляцца. Яна можа капрызіць, можа з нечым не пагаджацца, але ёй патрэбнае нармальнае ўпарадкаванае жыццё, пажадана падалей ад багемных колаў. Вядома ж, Нюта можа захапляцца кім хоча і мець нейкія рамантычныя гісторыі, але гэта не назаўсёды.

— Ты ж ведаеш, што ейная маці мела псіхічнае захворванне? — запытаўся ён, і гэтае пытанне, відаць, прызначалася яму, каб збіць залішні кавалерскі імпэт. — Ёй трэба перыядычна назірацца ў псіхатэрапеўта, я ўладкаваў яе да добрага знаёмага. Пакуль усё нармальна, але хто ж ведае...

— Я ўпэўнены, што з ёй усё будзе добра, — толькі і выціснуў з сябе хлопец.

Насамрэч яму хацелася выказаць Рупелю тое, што назапашвалася ўжо не адзін год, але ён мог нагрубіць Нюцінаму бацьку і потым пашкадаваць пра сказанае. І ён стрымаўся. Але пасля гэтай размовы Грынкевіч пачуваўся так, быццам яму праз ультрагук паказвалі нечую душу. Звычайную такую чалавечую душу, не высокую і не нізкую, з ейнымі натуральнымі душэўнымі працэсамі і рэакцыямі, назіраць за якімі не зусім прыемна. Але ж гэта натуральна, а таму мае права на жыццё. Дый увогуле Рупель не Крэспель, але дачку абараняе на свой капыл.

У госці Нюта запрасіла толькі праз тыдзень. Нешта ў ёй за гэтыя дні змянілася, і прычына не ў тым, што дзяўчына аслабла пасля грыпу і выглядала даволі зняможанай. Відаць, тата і з ёй правёў размову і невядома што нагаварыў.

— А памятаеш, калі ты быў на першым курсе. Ты тады з'ехаў на лета да бацькоў і ніводнага разу мне не патэлефанаваў... Чаму? А цяпер ты абрываў мне тэлефон.

Гэтае пытанне заспела яго знянацку і збянтэжыла — ён не знайшоў што адказаць. Увогуле, ён не мог зразумець, што за прэтэнзіі Нюта яму выстаўляе.

— Пачнем з таго, што мы тады не вельмі добра развіталіся, — сказаў ён. — Ты вырашыла, нібыта я заляцаюся да той дзяўчыны... Ну, з тэарэтычнага, з якой я тады граў у чатыры рукі. Нас жа выстаўлялі на канцэрт, вось мы і займаліся. А ты тады зашыпела і сказала не званіць табе. Я і не званіў. А ўвосень усё ўжо змянілася...

У летку ён любіць худзенькіх.

Яны пілі гарбату, але мірнай і нязмушанай размовы, на якую Грынкевіч наладзіўся ад пачатку, не выходзіла. І неяк так атрымалася, што Нюта прагаварылася. І разанула яго новым прызнаннем. Дзяўчына казала гэта як быццам дзеля таго, каб зрабіць яму балюча. Так і выйшла. Ён нешта такое падазраваў, але тады яшчэ стараўся быць вышэй, стараўся верыць і таму не задаваў пытанняў. Яна сама здзерла з уласнай душы прыўкраснае ўбранне. Маўляў, глядзі на мяне, на сапраўдную. Я не прынцэса, я ведзьма. Не страшна?

Было не страшна, але прыкра і тужліва. І про­ста не хацелася верыць. Хацелася атрымаць нейкую сляпую надзею, учапіцца за яе і зрабіць так, каб усё сказанае Нютай было толькі нагаворамі на саму сябе. Бо быў жа ж той дзень і тая ноч, лепшых за якія ён ніколі не меў.

Грынкевіч проста не ведаў, што рабіць далей, таму ён знік і не званіў ёй два тыдні, пакуль яна сама не прыйшла ў вучэльню і не знайшла яго там.

— Зусім вы мяне закінулі, Herr Kapellmeister, — сказала яна, спрабуючы прыязна ўсміхацца.

Хлопец якраз заканчваў заняткі, але сказаў, што яму трэба яшчэ пагартаць партытуру. Нюта, зразумела, адчула гэты фальш, хоць нічога не сказала. Грынкевіч прачытаў ейную крыўду па тым, як яна штурхнула перад сабой дзверы, выходзячы з вучэльні. Можа быць, яна сябе наўмысна абылгала, каб раззлаваць яго? Увечары ён патэлефанаваў Нюце дадому, яна была спакойнай і нават вясёлай. Запрасіла ў госці, але не сказала: прабач, я несла абы-што, не бяры да галавы.

Дзеля чаго ён ішоў туды, Грынкевіч не ведаў. Але ішоў з торцікам у руках і з такім адчуваннем, нібы ідзе на дзень народзінаў дзяўчынкі-аднакласніцы, дзе ён будзе адзіным хлопчыкам сярод прышчавых выдатніц. І вецер болей не казаў яму: «Гэта сапраўднае, сапраўднае, сапраўднае...». Вецер ляцеў з Фінскай затокі і гнаў мокры снег з дажджом, напяваючы: «Гэта была здрада, здрада, здрада».

Пасядзелкі з тортам і гарбатай былі цырымоннымі, яму ўсё хацелася завесці размову самому, але ён баяўся атрымаць адказ: так, я не хлусіла. Таму і маўчаў. Зазбіраўся ўжо праз пару гадзін і на развітанне сказаў тое, што кажа пераважная большасць мужчынаў у сітуацыях, калі жанчыну не варта груба адштурхоўваць: «Я патэлефаную». Яна сказала: «Ок». Ейныя вочы былі красамоўнейшымі за вочы Русалачкі, але ён ужо вырашыў для сябе, што нічога сапраўднага і вечнага не бывае. Няма пачуццяў, ёсць адчуванні. Калі ж ён выйшаў з кватэры, то яму падалося, што нешта нябачнае схапіла яго за руку і не давала ісці да­лей. Ужо спускаючыся па сходах, ён зірнуў на дзверы Нюцінай кватэры. Яна стаяла на парозе і глядзела на яго. «Скажы мне, што гэта была няпраўда! — хацелася выгукнуць яму. — Я пастараюся табе паверыць, я хачу табе паверыць!..» Але ён змаўчаў, хутка адвёў вочы, каб не сустрэцца позіркамі, і амаль пабег прэч.

Жыццё было мудрым, і яно зрабіла так, што Грынкевіч не бачыў Нюту яшчэ амаль два гады, хоць жыў з ёй у адным горадзе і хадзіў на адны і тыя ж канцэрты і спектаклі. А потым сама Нюта ўзяла дый абдурыла мудрае жыццё.

Вераснёўскім вечарам, ідучы па калідоры кансерваторыі, Грынкевіч здалёк запеленгаваў позіркам чырвонавалосую дзеўку, стрыжаную амаль пад нуль і апранутую так, што хоць у каноплі стаўляй. Дзеўка яўна апярэджвала эпоху, бо «Пяты элемент» выйшаў толькі праз некалькі гадоў — са спіны дык проста двайнік Лілу, толькі значна меншага росту. На ёй была вельмі кароткая скураная спадніца, скураная куртка, высокія і цяжкія берцы. На плячы яна трымала вялікую торбу, што звісала амаль да калена. Грынкевіч у той момант ішоў у адбымку з чарговай красуняй, якая мела на яго асаблівыя спадзевы, але ж чамусьці Лілу-нефармалка яго зацікавіла. І прычына нават не ў тым, што ён ацаніў нефармалчыны ногі на дзевяць балаў з дзесяці (на дзесяць балаў яны мусілі быць даўжэйшымі, бо Грынкевіч меў невытлумачальную слабасць да высокіх дзяўчат). Калі ён са сваёй спадарожніцай амаль параўнаўся з Лілу, тая, да таго моманту засяроджаная на вывучэнні раскладу заняткаў, раптам азірнулася.

— Нішто сабе сустрэча! — вырвалася ў Грынкевіча.

Ён любіць велічных і мажных.

Нюта за гэтыя два гады паспела не толькі завесці кашмарны, як на ягоны густ, гардэроб і сапсаваць валасы. Яна яшчэ зрабіла сабе навамодны пірсінг: бровы, нос, ніжняя губа былі ў колцах і ў шыпах, як у афрыканскай прынцэсы. Дзяўчына паведаміла, што паступіла на падрыхтоўчае аддзяленне як вакалістка. Грынкевіч пахваліўся, што яму ўсё ж пашэнціла пераскочыць з харавога на сімфу. На тым размову і скончылі. Ён пайшоў далей, з дэманстратыўнай пяшчотай абняўшы сваю сімпатычную спадарожніцу. Як добра, што я тады ўсё ж уцёк, думалася яму. Пранесла.

Убачыліся ўжо на наступны дзень, таксама ў калідоры кансервы. Павіталіся і размінуліся. Вялікай ахвоты камунікаваць Грынкевіч не меў, бо чыста па-мужчынску адчуваў нешта блізкае да агіды. Яго проста пужаў цяперашні імідж Нюты. Зрэшты, яна змянілася не толькі звонку. Ён цяпер часта бачыў, як да консы падкатвае байкер, як Нюта садзіцца на задняе сядзенне, абдымае таго байкера за талію ды імчыць невядома куда. Раней быў «залаты хлопчык», а ця­пер — «жалезны».

Неяк яны сустрэліся на канцэрце, дзе гралі нешта нетрывіяльнае, кшталту нававенскіх класікаў. Разгаварыліся. Грынкевіч не выцягнуў на гэты канцэрт ніводную са сваіх лапачак, нават адданая яму Маша не пайшла такое слухаць. Нюта таксама была адна і ў не вельмі страшнай вопратцы. Канцэрт скончыўся ўсяго а дзявятай, і яны разам выйшлі на вуліцу. Адзінае, што засталося нязменным, — гэта іх агульная тарабарская мова, на якой яны яшчэ ў юнацтве размаўлялі пра му­зыку і мастацтва. Нюта выказвала нечаканыя думкі, яна сыпала парадаксальнымі ідэямі і асацыяцыямі. Грынкевіча гэтая размова проста захапіла. Што ні кажы, а з ёй заўсёды было цікава і займальна. З ёй было проста добра.

— Давай ужо дагуляю цябе да дому, — як у ранейшыя часы, але без рамантычнага падтэксту сказаў Грынкевіч.

На вуліцы было цёпла, як на восень. Гулялі яны пешшу і загуляліся да таго часу, калі метро не працавала, а масты развялі.

— Хадзем, напаю гарбатай і пасцялю на кана­пе, а зранку пойдзеш, — прапанавала Нюта.

За гарбатай яна распавяла, што цяпер ёй нялёгка, бо ў іх з бацькам страшэнна папсаваліся адносіны. Калі яна пайшла ў кансерваторыю паралельна з універсітэтам, бацька перастаў даваць ёй грошы. Сама яна ўжо крыху хал туры ла пісьмовымі перакладамі, але на гэта пакуль не пракормішся. Калі ў Піцеры здараўся нейкі фестываль ці чэмпіянат, яна няблага падзарабляла, сустракаючы дэлегацыі з нямецкамоўнага свету, але паміж такімі падзеямі была звычайна «на падсосе». Калі рабілася зусім кепска, яна ішла танчыць у начны клуб. Там яна здымала амаль увесь пірсінг, надзявала бландзіністы парык, туфлі на высачэзных абцасах і круцілася вакол пілона.

— Што такое пілон? Гэта такі шост, вакол якога круцяцца стрыптызёры, — спакойна патлумачыла яна Грынкевічу і зірнула на яго з выклікам. — А што, я нават маю сваю публіку, я падабаюся...

Яму зноў падумалася, што ён меў рацыю тады, калі ўцёк. І тым не менш, на душы яму стала так тужліва, быццам у яго на вачах спалілі бясцэнную карціну геніяльнага мастака.

Мініяцюрныя жанчыны яго зачароўваюць.

У тую ноч ён выспаўся на канапе, дзе яму пасцялілі асобна, і зраніцы няголены пайшоў на служ­бу ў царкву — ён падпрацоўваў там рэгентам. У царкоўным хоры спявала Маша, і ў адказ на ягонае тлумачэнне «заначаваў у даўняй знаёмай, нічога такога», Маша зладзіла скандал. Дзіўна, што потым менавіта асэксуальныя адносіны Грынкевіча з Нютай раздражнялі яе асабліва моцна, а вось прыгоды з іншымі дзяўчатамі, гэтыя сакрэты полішынэля, яе амаль не чаплялі. Пазней яна зусім выпадкова даведалася, што Грынкевіч час ад часу пазычае грошы «гэтай шлюндры», прычым «шлюндра» іх не вяртае.

І хоць Маша скандаліла, ён цяпер начаваў у Нюты колькі разоў на месяц. То ён праводзіў яе з канцэрта, то яго проста запрашалі папіць піва ці гарэлкі. Там у кампаніі збіраліся Нюціны сябрынефармалы: нейкія вельмі арыгінальныя асобы з кампазітарскага факультэта, перакладчыкі, рокмузыканты і графаманы. Што ён там рабіў, Грынкевіч не ведаў, але ўсё адно ішоў. Яму сцялілі на канапе ў гасцёўні, а Нюта пры гэтым магла зачыніцца ў сваім пакоі разам з чарговым «жалезным хлопчыкам». Дарэчы, яна іх мяняла прыкладна раз на два-тры месяцы, паралельна маючы іншыя кароткія раманчыкі. Дзяўчына прызнавалася, што ставіцца да сэксу вельмі проста і не надае яму такога ўжо сакральнага сэнсу. Праўда, танцы на пілоне яна ўсё ж закінула.

У гэты каталог трапляюць і старыя, аднак маладых ён усё ж любіць болей.

Ён любіў Нюцін голас, шчыльны, вялікі і пры гэтым цёплага мядовага тэмбру. На першым жа праслухоўванні пэашнікаў ён сядзеў у зале і слухаў, як дзяўчына спявае нешта з дзяжурнага рэпертуару для сапрана, накшталт «Ах, прошло то время. ». І было неістотна, што яна не паказвала ідэальнага гукавядзення і пакуль не ўмела спяваць фразамі. У самім тэмбры было вельмі шмат музыкі і чароўнасці. Спяваючы, яна рабілася сапраўднай і як быццам ачышчалася. За гэты голас Грынкевіч гатовы быў дараваць ёй усю тую пошласць і вульгарнасць, якой яна сябе атачыла па-за сцэнай.

На іхным апошнім агульным дні народзінаў, які спраўлялі ў яе дома, Грынкевіч моцна напіўся і пачаў пераказваць, што ён адчувае, калі чуе ейны спеў. Дзяўчына стаяла на кухні перад ракавінай і мыла посуд, а ён курыў у фортку.

— Не ведала, што ты такі паэтычны, — без усялякіх эмоцый адказала Нюта на толькі што пачутую тыраду. — Але я, відаць, горшая за свой голас.

У яе нешта не ладзілася з педагогам, і на другім годзе навучання стаяла пытанне пра тое, што пераводныя іспыты на першы курс яна не здасць. Нюта ўсё часцей казала, што, напэўна, бацька меў рацыю наконт кансерваторыі, усё адно яна туды не трапіць, што музыка гэта не ейнае... Людзі вунь з Тоскай і Лізай паступаюць, а ў яе толькі Лаўрэта.

Слова за слова, яны тады зачапіліся і паскандалілі — упершыню за ўсю гісторыю іхнага некароткага знаёмства. Дакладней, скандаліў адзін Грынкевіч, а Нюта сядзела на зэдліку і моўчкі прымала на сябе шквал абразаў і грубасцяў. Ён тады сышоў, моцна ляснуўшы дзвярыма і пакінуўшы гаспадыню кватэры і гасцей у ціхім шоку. Гэта ж былі не проста агульныя народзіны, гэта была яшчэ ягоная адвальная.

Праз колькі дзён ён з'ехаў у горад N, дзе знайшлося месца чарговага дырыгента ў оперным тэатры. Кансерваторыю ён заканчваў амаль завочна і ў свае прыезды ў Піцер не сутыкаўся з дзяўчынай, якой на развітанне нагаварыў лішняга. Пэўна, яна б сама наўрад ці захацела з ім сустрэцца. Пра гэта ён згадваў, калі ягоная рука цягнулася да тэлефона і пачынала набіраць яе нумар. Ён набіраў і скідваў. Аднойчы, калі ён ужо не вучыўся ў кансерваторыі, ён чарговы раз набраў ейны кватэрны нумар і паслухаў доўгія гудкі. Яму не хацелася аднаўляць адносіны ці нешта такое яшчэ, але ж было адчуванне нявыкупленай віны. Хіба яна абірала сабе ў бацькі Антона Рупеля? А можа, гэта ён, Аляксей Грынкевіч, быў поўным ідыётам, калі сышоў ад яе ў слотны зімовы вечар? Можа, яна тады нечага, наадварот, недагаварыла? Ён жа не ад яе сыходзіў, а ад магчымых непрыемнасцяў. І ці не сам ён вінаваты ў тым, што пасля з'явілася чарада «жалезных хлопчыкаў», драныя джынсы, стрыжаныя амаль пад нуль валасы ды яшчэ і спаленыя перакісам і чырвонай фарбай?

Але ён мужчына, ён не маці Тэрэза і не павінен ратаваць жанчыну ад самой сябе, як напісалі б у старадаўнім рамане пра каханне. Тады, у агульны дзень народзінаў, ён прапанаваў Нюце выйсце. Яна сама павінна была вырашыць, ці хоча нешта перайначыць у жыцці. І яна ўжо была досыць дарослай, каб нешта зразумець. Ён не працягнуў рукі, ён проста паказаў шлях, а яна назвала гэта глупствам. А значыцца, няма пра што шкадаваць — сама вінаватая.

Ён выходзіў на агульных знаёмых, але яны нічога не ведалі пра лёс Нюты. Казалі, што ў кансерваторыю яна сапраўды не паступіла, а потым увогуле некуды знікла, нікому нічога не сказаўшы. Цалкам можа быць, што яна сышла да сваіх нефармалаў ці як іх там называюць. Быццам бы яна пэўны час спявала ў нейкім рок-гурце, але пасля пра яе нічога не было чуваць.

Неістотна, якая янабедная ці багатая, прыгожая ці агідная. Пакуль жанчыны носяць спадніцы, дон Джавані будзе на іх паляваць, падводзіць вынік Лепарэла.

І вось праз восем гадоў яна з'явілася, прамільгнула ў яго жыцці і знікла зноў. А якой яна была ў той вечар!.. Як быццам богі ўзялі і прымусова выкупалі яе ў марской пене, з якой яна выйшла наноў народжанай.

Грынкевіч па вяртанні ў N зноў палез у сацыяльныя сеткі, каб шукаць яе. Рызыкнуў зліставацца з той Аннай Рупель-Зайцавай, якая жыла ў Санкт-Пецярбургу і працавала перакладчыцай. Тая нічога не адказвала. Зрэшты, неўзабаве ён кінуў думаць пра няоперную донну Анну, угаварыўшы сябе на тое, што ў яе цяпер, мусіць, усё добра, — і дзякуй Богу.

Але які ж ён быў дурань! Навошта ён панёс тады, у канцэртнай зале Чайкоўскага, пра задраныя тэмпы ў «Non mi dir.»?! А яна так нязмушана падхапіла размову, быццам не было працяглага развітання, спрачалася з ім, як у мінулыя часы, даводзіла, што толькі ў выкананні Кермес і толькі з такімі тэмпамі можна было стварыць вобраз апантанай донны Анны. І так лёгка знікла.

Лепарэла сыходзіць.


Сцэна VI


Донна Эльвіра адна.

Рэчытатыў «In questa forma dunque...».

Маша сапраўды з'явілася, толькі не пазваніла, а напісала. У тых самых сацыяльных сетках, дзе Грынкевіч пакінуў ажно тры паведамленні Анне Рупель-Зайцавай. Мінула ўжо амаль тры тыдні ад пачатку аднабаковага ліставання, і гэтае маўчанне пачынала напружваць. Здаецца, пры сустрэчы яна паводзілася прыязна, але, магчыма, яна про­ста не хоча пускаць яго ў сваё жыццё зноў, не на пяць хвілінаў. Мае на гэта права.

І вось замест адказу, які ён чакаў, Грынкевіч знайшоў гняўлівы ліст ад Машы. Пісала яна горш, чым казала, як гэта часта бывае з прыроджанымі прамоўцамі: «.у сувязі з тым, што ты застаўся па-ранейшаму легкадумным і ненадзейным, я больш не буду рабіць спробаў перавыхавання цябе. Я старалася дзеля цябе і не атрымала нават падзякі за той факт, што ты не стаў скончаным алкаголікам, дзякуючы маім намаганням, пакуль я жыла ў N. »

Грынкевіч прачытаў рэшту тэксту хіба па дыяганалі. Там было пра тое, што ён можа «жыць у бяздзеянні і адсутнасці памкнення да змянення свайго існавання ў лепшы бок». Маша таксама пісала, што не хоча выстаўляць яму «чыста жаночых рахункаў», што яна была заўсёды вышэй за гэта і бачыла ў ім «надзвычай адоранага чалавека, які без належнай адказнасці ставіцца да ўласнага жыцця і таленту».

Яна гэта пісала і казала ўжо не ўпершыню, дый не апошнім разам — Грынкевіч быў у гэтым перакананы. Але ж ён прыкінуў, што Маша найбліжэйшым часам не здзейсніць самага непрыемнага для яго — не прыедзе ў N. У ейнай фірме, дзе яна зарабляла ў Маскве грошы на іпатэку, вельмі складана з адпачынкамі. Значыцца, новай спробы перавыхаваць надзвычай адоранага чалавека ўжо не будзе, калі ён сам не варухнецца.

Донна Эльвіра наракае, што Джавані адплаціў ёй чорнай няўдзячнасцю за каханне і за ўсе ейныя пакуты. І яна павінна адпомсціць зладзюгану. Ейнае сэрца цяпер напоўненае адным толькі гневам.

«Шанцуе ж нам з табой на прыпізджаных баб!» — напісаў ён брату, які вісеў у скайпе і акурат скардзіўся на тое, што жонка зноў істэрыць.

«Ты са сваімі не жаніўся.» — заўважыў брат.

«Яшчэ чаго бракавала! А наконт Волькі, дык я табе адразу сказаў: можна вывезці дзяўчыну з вёскі, але нельга вывесці вёску з дзяўчыны. Яна таму і паступіла ў хлапечы ўнівер, каб гарантавана выйсці замуж. І таму яна так лёгка цябе ашчаслівіла. Але ты быў чэсным чалавекам і вырашыў жаніцца. Нават без залёту».

«Ну дык яна не заўсёды такой была. І сям'я ў яе нармальная.»

«А чаго яна ад цябе хацела? Вывез яе ў Штаты і цяпер працуеш, як вол, на тое, каб дом набыць. Яна разумее, што крэдыты на дом проста так не даюць? Хоча, каб ты меней працаваў і яе забаўляў?»

«Дык што мне цяпер, адправіць яе назад разам з малым? Я не такі, як ты».

«А я і не кажу, што адправіць. Проста вазьмі і без нерваў растлумач, што ты ёй можаш даць, а чаго не можаш. Калі не разумее — ты яе не трымаеш. Блін, Віцька, яна не павінна вырашаць, як табе жыць і што рабіць!»

«Мы разам жывём, у нас жыццё агульнае. »

«Ёсць рэчы, якія лепей вырашаць самому — і ставіць перад фактам. Я сур'ёзна. Кажуць, мяне прафесія дэфармавала, але я такім быў заўсёды. Ёсць аб'ектыўныя рэчы, якія бабы не могуць зразумець праз свае эмоцыі. Паістэрыць і супакоіцца, а потым яшчэ і дзякуй табе скажа».

«Яна не верыць, што я стамляюся. Бо я да позняй ночы сяджу ў нэце ці ў гулькі рэжуся. Думае, я сабе шукаю ў нэце каханак».

«Усе яны думаюць, што мы шукаем у нэце каха­нак. Мне трэба ў тэатр бегчы, потым як-небудзь пагутарым, ок?»

« Ок ».

Перад выхадам з сеціва Грынкевіч яшчэ раз перагледзеў анкету Анны Рупель-Зайцавай. Апошні раз яна заходзіла на гэты сайт месяц таму. Можа быць, нешта здарылася. У кожным разе іншыя Анны Рупель, якіх ён адкапаў, ніяк не нагадвалі Нюту і адразу ж выпадалі з пошуку.

Донна Эльвіра сыходзіць.


Сцэна VII


Дон Джавані і Лепарэла сустракаюць сялянскае вяселле. Маладзёны, сярод якіх жаніх і нявеста (Мазэта і Дзэрліна), весяляцца, забаўляюцца, граюць, танчаць і спяваюць. Яны ўслаўляюць маладосць. Шчаслівыя гады хутка пралятуць, а пакуль трэба радавацца жыццю і каханню.

№ 5: Дуэт з хорам «Giovinette che fate all' amor e...».

«Дона Джавані» запланавалі на пятае снежня. Калі яшчэ ў верасні Грынкевіч убачыў прэм'еру ў раскладзе менавіта на гэты дзень, ён унутрана схаладнеў. Нават пайшоў да дырэктара, каб высветліць, ці можа яшчэ нешта змяніцца. Але дырэктар заявіў: дата прэм'еры — справа вырашаная. І гэта зразумела, бо пятага снежня спаўняецца сто пятнаццаць гадоў з дня смерці Моцарта. Да таго ж гэта аўторак і будзе неблагая напаўняльнасць залы. На выходныя нават не ў дачны сезон людзі горш ходзяць у тэатр. Паводле дырэктара, на гэтай даце настойвалі еўрапейскія фундатары, ну, а ў N-скім тэатры не сталі ім пярэчыць.

Грынкевіч, які верыў у містыку лічбаў, яшчэ болей устрывожыўся. І цяпер яго нават узрадавала, калі яму сказалі, што маскоўская рэжысёрка Лана Іванова затрымліваецца, пачне працу толькі ў кастрычніку і сапраўды будзе працаваць з пярэрвамі: тры дні там, тры дні тут. А можа, увогуле не пачне, і тады, магчыма, будзе канцэртнае выкананне. А можа, увогуле. увогуле не будзе ніякай прэм'еры, думалася дырыгенту.

Рэпетыцыі «Дона Джавані» пакуль ішлі ў досыць млявым рэжыме, рабілі толькі музычную частку. А Грынкевіч тым часам спрабаваў высветліць, чым для яго небяспечная гэтая рэжысёрка Іванова. Казалі, што яна ставіць збольшага на драматычнай сцэне, а ў музычным тэатры гэта будзе ці не першая ейная сур'ёзная прэтэнзія на рэжысуру. Вакалісткай яна не была, гэта сталася чуткамі і плёткамі сакратаркі Любачкі, — у рэзюмэ гэтай дамы не знайшлося ніякіх слядоў музычнай адукацыі. Але пры гэтым Іванова шмат працавала ў мюзіклах і на здымках кліпаў. Калі Грынкевіч учуў пра кліпы, ягоная фантазія адразу намалявала карцінку: Дзэрліна, Мазэта і сяляне танчаць хіп-хоп ці яшчэ нейкую трасцу, а дон Джавані і Лепарэла вельмі артыстычна на чвэрць голасу нешта там выяўляюць. Потым відэаінжынер старанна будзе падкладваць гэтыя выўяленні на музыку, «каб трапляла ў вусны».

Карцінка была — хоць ты плюйся. Грынкевіч пашкадаваў, што нарадзіўся такім уражлівым. Было б добра, каб Іванова недзе загразла са сваімі справамі ажно да пятага снежня. Канцэртнага выканання оперы ён чамусьці засцерагаўся меней, яно ўяўлялася камянём, які Кронасу падкінулі замест немаўляці.

Цікавае ў яе імя — Лана. Ад чаго яно скарочанае? Святлана, Мілана?.. Незвычайнае імя, за якое можна дараваць такое звычайнае і распаўсюджанае прозвішча. Імя вельмі музычнае, як італьянская мова, як старажытная арыя. Яна і праўда не музыкантка ў мінулым? Грынкевіч бачыў аркуш з біяграфіяй, але там было толькі пра інстытут у Маскве, пра вельмі слыннага педагога, які, наколькі можна зразумець, абы-каго да сябе на курс не бярэ. Там быў спіс пастановак, якія яна паспела зрабіць у Расіі і Еўропе. Аказваецца, яна і ў Еўропе ставіць, прычым нешта сур'ёзнае, амаль элітарнае. А тут, у Расіі — мюзіклы, кліпы, сцэнары піша. А вось яшчэ — паралельна з навучаннем у інстытуце скончыла курсы драматургаў і сцэнарыстаў.

Яна сімпатычная?..

Ён пагугліў Лану Іванову, але ніводнага фотаздымка не знайшоў, толькі натрапіў на дзве-тры кароткія рэцэнзіі, збольшага прыязныя. І больш нічога. Але ад ейнага імя ішоў нейкі спакой, нейкае яно было цёплае, фіялкавае. А можа быць, дарма ён так непакоіцца за лёс «Дона Джавані»?


Сцэна VIII


Тыя ж самыя, потым дон Джавані і Лепарэла.

Рэчытатыў «Manco male e partita... Oh guar da, guar da.».

— Ты глянь, глянь, як сёлета кардэбалет абнавілі! Хлопцаў панабіралі рослых, а дзевачкі, якія дзевачкі. Ну, гэта ж новыя, я іх не памятаю з мінулага сезона. А вунь тая, з краю, бландыначка такая. Ты глянь, Лёша. Трэба ісці знаёміцца, як гэта я не ўгледзеў яе за кулісамі!

— А ты схадзі да балетных на рэпетыцыю. Дарэчы, табе «Шчаўкунка» хочуць аддаць, ён у нас часта ранішнім ідзе. Вось пасядзіш, тэмпы пазанатоўваеш, а там і з дзевачкамі пазнаёмішся.

Дон Джавані адразу заўважае сярод сялянак нявестуДзэрліну. Пачынае да яе заляцацца, хоць Лепарэла яго адгаворвае: маўляў, яна ўжо замужам.

На сённяшняй «Жызелі» публікі было шмат. Стоадсоткавую запаўняльнасць залы забяспечылі не толькі адданыя прыхільнікі Маэстра Галоўнага: на ягоныя спектаклі звычайна зганялі ўсіх, хто меў да гэтага тэатра хоць нейкае дачыненне. Вядома ж, адміністрацыя не бегала з бізунамі за супрацоўнікамі слыннай культурніцкай установы — такое тут магло здарыцца мо гадоў дваццаць таму. Але і цяпер не прыйсці на спектакль да Маэстра і не выказаць яму захапленне з нагоды таго, як ён не дазволіў аркестру разваліцца, а спрытнай сваёй рукой з'яднаў колькі дзясяткаў музыкантаў у адзіным творчым парыве. Карацей, не хадзіць на галоўнага было маветонам. Пасля размовы з дырэктарам Грынкевіч вырашыў не дражніць гусі і стаў рабіць так, каб на спектаклях шэфа ўсе яго бачылі, і пры гэтым ніхто не заўважаў ягоных уцёкаў.

Пакуль Джавані размаўляе з Дзэрлінай, Лепа­рэла таксама спрабуе пазаляцацца да адной з сялянак. Тая ўскрыквае. Джавані патрабуе ад лёкая паважліва ставіцца да дамы. Лепарэла апраўдваецца.

Сёння ўцёкі зрываліся, бо да яго падсеў Вася, пляменнік шэфа, і не проста падсеў, а прывязаўся, як назола якая. Вася стажаваўся тут другі се­зон і, відаць, яго думалі пакінуць у тэатры наста­ла, калі кантракт у Грынкевіча скончыцца. Акурат праз год стажор атрымліваў дыплом. А яшчэ ён пасля кожнага выступу Маэстра бег за кулісы і рассыпаўся перад ім дробным макам. Дыплом і віртуознае мастацтва слаць языком мусілі прынесці дывідэнды ў будучыні. Гэта значыць, зрабіць з Васі дырыгента Каршакова нумар два: сяджу ціха, нікуды не лезу, не маю ніводнай пастаноўкі і сумленна махаю спектаклі. Але Вася яшчэ не зусім гэта ўсведамляў. Ці, можа, усведамляў і наўмысна мазаў мёдам дзядзькаву душу. Пакуль гэты хлопец са смазлівай пысай і ростам пад метр дзевяноста не выявіў нечага такога, што дазваляла б яму скочыць вышэй за Каршакова нават у наступнай рэінкарнацыі. Таму ён загадзя аслупоўваў сабе месца ў гэтым тэатры.

Дон Джавані запрашае сялян да сябе ў замак, каб адсвяткаваць вяселле менавіта там.

— У партэры, дарэчы, твая сядзіць, — шапнуў Вася, штурхаючы Грынкевіча ў бок.

Грынкевіч не адразу зрэагаваў на штуршок. Толькі што ён прачытаў СМС ад Ірыны: «Буду пасля 21:00». Цяпер яго мала што ў гэтым свеце займала. Паказ сёння затрымалі амаль на дваццаць хвілінаў — значыцца, першы акт скончыцца пасля восьмай і ён ледзь-ледзь паспявае дадому. А тут яшчэ думай, як гэта ўдала размінуцца са «сваёй» у часе антракту.

«Ягоную» звалі Маргарытай. Аматарка прыўкраснага мастацтва, дорага пастрыжаная і з густам апранутая. Ёй ужо за сорак, як сказалі пад сакрэтам Грынкевічу. Ён нешта такое і падазраваў, але ўсё ж схіляўся да меншай лічбы. Фітнэс, касметалогія і рацыянальнае харчаванне мусілі трымаць цела ў тонусе і ратаваць нервовую сістэму ад стрэсаў, звязаных з вядзеннем бізнэсу. Маргарыце належала цэлая сетка рэстарацый у N. У гэты бізнэс яна прыйшла дзяўчом, студэнткай нейкай кулінарнай установы. Разам з аднакурснікамі Марго вырашыла стварыць летнюю кааператыўную кавярню. У летняй кавярні яна скарміла сваё юнацтва наведнікам, бухгалтарскім справаздачам, падаткавікам і рэкетырам. Потым яна гэтаксама раздзяліла на порцыі сваю маладосць і запісала яе ў меню ўласных рэстарацый. Толькі нядаўна Маргарыта пачала разумець, што сама яна не паспела нічога пакаштаваць. Яна ўзяла рэшткі маладосці, як закваску, і паставіла ў цёплы кут у надзеі, што нешта яшчэ падыдзе. Апроч фітнэсу, касметалогіі і рацыянальнага харчавання былі кнігі па пазітыўнай псіхалогіі. І фэншуй ды іншая эзатэрычная лабудзень.

Чалавеку роўна столькі гадоў, на колькі ён пачуваецца. Маргарыта вырашыла, што яна пачуваецца на дваццаць. Зрэшты, у эмацыйным сэнсе ёй прыкладна столькі і было. Грынкевіч з першай сустрэчы зразумеў: камунікаваць з гэтай кабетай — усё адно, што спяваць у гарах з лавінанебяспечным становішчам. Яна б накрыла яго з галавой усімі назапашанымі за чатыры дзесяцігоддзі эмоцыямі.

Першая сустрэча адбылася на фуршэце пасля нейкай афіцыйна-культурніцкай імпрэзы, да якой Грынкевіч таксама спрычыніўся. А Марго была адным са спонсараў мерапрыемства. Пазнаёміў іх дырэктар тэатра, які шапнуў Грынкевічу, што дама ім цікавілася. Яшчэ дырэктар шапнуў, што дама мае грошы, а тэатру варта мець сталую крыніцу фінансаў на пэўныя гаспадарчыя патрэбы. Не, Марго была не крыніцай, яна была цэлай студняй. Таму, вядома ж, з дамай трэба быць гжэчным. Грынкевіч вырашыў не перабольшыць і таму быў проста ветлівым: яму нецікава было даглядаць занядбаныя студні. Але, на жаль, ён зрабіў уражанне. Дакладней, ён спадабаўся значна раней, да іхнага афіцыйнага знаёмства. Ён не падабаўся мала каму з жанчын, асабліва на падстаўцы ў часе працы. Цяпер уражлівая кабета наведвала ўсе яго спектаклі і перадавала яму праз адміністратараў букеты жоўтых ружаў. Дарыць мужчынам ружы — камільфо, а жоўты колер — гэта колер той чакры, якая адказвае за славу, поспех і прызнанне.

Яна давала тэатру грошы, а тэатр даваў ёй запрашальнікі на ўсе найбольш важныя імпрэзы. З'яўленне на падстаўцы самога Галоўнага лічылася важнай падзеяй, а таму Маргарыце даставілі запрашальнік на «Жызель» у офіс. Ён быў на дзве асобы, але яна заўсёды прыходзіла адна.

Джавані загадвае, каб Лепарэла вёў сялян за сабой і падрыхтаваў у замку ўсё патрэбнае для свята. Мазэта, жаніху Дзэрліны, не падабаецца тое, што нявеста застаецца разам са шляхотным кавалерам.

Васевы словы былі для Грынкевіча штармавым папярэджаннем: пасля першага акта ён будзе ўцякаць вельмі хутка, каб Марго яго раптам не заўважыла. Па-першае, яго пачало даводзіць да шалу тое, што жоўтыя ружы не злазілі ў тэатры з языкоў, а па-другое, ён сапраўды не мог даць кабеце таго, чаго яна прагнула. Чаму? Ён сам сабе задаваў гэтае пытанне. Наўрад ці яго б расчаравала ейнае натрэніраванае цела, ейная дагледжаная скура ды ейная выкшталцоная парфума. Прынамсі, у гэтым сэнсе яна давала фору шмат каму са студэнтак, што таксама кідалі на Грынкевіча адчайныя позіркі. Але ён баяўся сыходу лавіны эмоцый. Занадта складана быць «ракавым мужчынам». Для Машы ён стаў першым, а для Маргарыты ён рызыкаваў стаць апошнім. Хоць яна і была яшчэ замаладой, каб Грынкевіч стаў для яе апошнім. Дый увогуле: куды ён мог павесці павячэраць даму, якая сама мае тры рэстарацыі?

.Жызель на сцэне скокала сярод сваіх сябровак-сялянак. Грынкевіч прыдумляў нагоду, каб уцячы са спектакля адразу пасля таго, як у гэтай беднай балетнай дурнічкі разарвецца сэрца. Гледзячы на белыя пачкі танцорак, ён думаў пра Ірыну. Собалева не будзе ажно два дні. У кватэры, якую ёй здымае алігарх, дзякуй Богу, няма ні аховы, ні камер, але ўсё адно не варта сустракацца там, лепей няхай дзяўчына прыйдзе да Грынкевіча. А калі што, дык Ірына начавала ў мамы.

Мазэта пратэстуе супраць таго, каб Дзэрліна засталася з Джавані. Той выхоплівае шпагу і дае селяніну зразумець, што заб'е яго, калі будуць яшчэ нейкія пярэчанні.

№ 6: Арыя «Ho capito, signor si!».

.Жызель радавалася падораным каралям. Вася перайшоў да абмеркавання іншых бландынак, што з явіліся на сцэне. На іх перыядычна шыкалі суседзі. Сумленныя людзі — яны не належалі да гэтага тэатра, а значыць, прыйшлі атрымліваць асалоду ад высокага мастацтва.

Грынкевіч хацеў быў сказаць Васю: бландынкі нішто ў параўнанні з рудымі. Калі ён быў маладзейшым і жвавейшым, то зрабіў у тутэйшым кардэбалеце неблагую рэпрэзентатыўную выбарку. Але дзяліцца назіраннямі з Васем ён перадумаў. Ён увогуле, кантактуючы са стажорам, заўсёды ўяўляў, як узводзіць паміж ім і сабой мур — цагліну за цаглінай. А той, як на злосць, да яго цягнуўся. І як на яшчэ большую злосць, яго паставілі другім дырыгентам «Дона Джавані», каб набіраўся досведу. Грынкевіч часам ненавідзеў Васю з усёй шчырасцю курца-выпівохі, якому перыядычна даводзяць, што такія захапленні шкодныя для здароўя. І калі стажор пачынаў разважаць пра маральнае аблічча бландынак, то Грынкевічу ўвогуле хацелася яго прыдушыць.

У пэўным сэнсе ён зайздросціў Васю: той быў народжаны для дырыгавання — высокі, пластычны, з выдатнымі вушамі. Нават ягоны дзядзька, які нікога не падпускаў да аркестра на сваіх рэпетыцыях, толькі ў Васі і пытаўся: ну, як гучыць? І калі пляменнік казаў, што ўсё добра, то гэта сапраўды было так. Але ж Васю, відаць, болей хвалявала, як ён выглядае, стоячы на подыуме перад аркестрам, чым сама музыка. Ён казаў у прыватных гутарках шмат правільных рэчаў і меў нейкі беспамылковы жывёльны інстынкт. Тое, да чаго Грынкевіч часам прабіраўся вакольнымі шляхамі, праз чытанне мастацкай літаратуры і мемуараў, праз сядзенне ў нотных бібліятэках і праз слуханне чужых запісаў, Вася мог злавіць імгненна — праз спінны мозг. У Грынкевіча такое было хіба што ў раннім юнацтве, потым яго музычнасць стала куды больш рацыянальнай, але вось так фенаменальна адчуваць гук. Зрэшты, гэта не рабіла Васю здольным гэтаксама проста і ў двух словах растлумачыць іншым людзям, як ён гэта чуе і што хоча атрымаць на выхадзе. «У нас тут свой Фурт падрастае!» — кпілі з яго аркестранты.

Мазэта звяртаецца да дона Джавані з перабольшанай ветлівасцю, раскланьваецца перад ім. Кажа, што дон Джаванінесумненна высакародны чалавек і для яго, Мазэта, было вялікім шчасцем займець такое знаёмства.

На рэпетыцыях, якія яму часам давяралі правесці, стажор выглядаў як інвалід-вазочнік на сходах без пандуса. Аркестранты казалі пра яго — маўляў, Вася рабой кабыле сон расказвае, і яны нічога не разумеюць у ягоных развагах. Ён мог пагнацца за адной скочкай у партыі кларнетаў ці валторнаў і патраціць паўрэпетыцыі на яе вынішчэнне; прамежкавы вынік яго не цікавіў, Вася прагнуў толькі дасканаласці. Астатнія арке­странты ў гэты час гаманілі пра ловы рыбы, гуляліся ў марскі бой ці ў тэтрыс, пісалі СМС гёрлі бойфрэндам або даставалі з торбы вязанне. Яны не разумелі дырыгенцкай радасці, калі ён нарэшце выкладваў перад імі даведзеную да ладу фразу,

— так сумленны кот прыносіць свайму гаспадару злоўленую мыш і кладзе прыдушаную здабычу на новы дарагі кілім. Пад канец рэпетыцыі, за якую ён так і не паспяваў зрабіць самага важнага, у Васі пачыналася істэрыка, як быццам яму было гадоў сем і яго папрасілі пасачыць за двухгадовым дзіцём, якое чамусьці зараўло. І Вася амаль што роў таксама, бо не ведаў, што тут рабіць, пакуль не прыходзіў нехта з дарослых і не наводзіў парадак. Зрэшты, дзіцячыя ранішнікі ён збольшага вытрымліваў — пасля таго, як ягоны дзядзька даваў аркестру выспятка «за кепскую дысцыпліну».

.Жызель нарэшце зразумела, што Альберт дурыў ёй галаву, а Ганс меў рацыю. Грынкевіч намацаў у заплечніку куртку: значыцца, ён выскачыць праз глядацкую частку, спрабуючы не звяртаць на сябе ўвагі іншых супрацоўнікаў. У тэатр ён прыйшоў праз службовы ўваход, з усімі павітаўся, да ўсіх пазаляцаўся, а значыць, ён быў на спектаклі шэфа! А заўтра ўдзень ён з усімі абмяркуе тыя месцы, у якіх Маэстра здзейсніў подзвіг і не разваліў аркестр. Матэрыялу першага акта на гэта хопіць.

Мазэта ціха звяртаецца да Дзэрліны і пагражае ёй, кпіць з нявесты праз тое, што яна хоча стаць бліжэй да шляхты. Ну што ж, з такім знаёмствам, як дон Джавані, можна і самой у шляхцянкі трапіць. Пры гэтым Мазэта размаўляе з Дзэрлінай яўна груба.

— Я ўчора на аркестравую «Травіяты» зайшоў, паслухаў новы ўвод, — прамовіў яму на вуха Вася ў той момант, калі публіка пачала пляскаць у ладкі. — З Іркі Віялета будзе — экстра! Яна — сапраўдная дарагая блядзь. Вось з яе гэта і прэ, сапраўднае. Зрэшты, у яе столькі матэрыялу для саманазіранняў.

— Пры чым тут матэрыял для саманазіранняў! — забыўшыся на канспірацыю, а таму занадта раздражнёна абарваў яго Грынкевіч. — Ірка працавітая, як мурашка. Яна за два тыдні з канцэртмайстрам вывучыла ўсю Віялету і прынесла на аркестравую. Ну добра, была ў яе вывучаная з педагогам «Е strano.», але ўсё адно. Бярыце і ўводзьце ў спектакль. І гэта студэнтка. А ў нас некаторыя мэтры па два сезоны новую партыю вывучыць не могуць.

— Ай. — кісла працадзіў Вася. — Мы з ёй у адзін год паступалі. І я ведаю, каго ў тэатр маглі б узяць. Не Ірку, у якой не столькі голасу, колькі фігуры. А цяпер трэба даводзіць, што ты не бык.

— А табе справа, за што яе ўзялі? Галоўнае, што яна хутка вучыць партыі, музычная вельмі і на рукі глядзіць, — адказаў Грынкевіч ужо спакайней, тонам незаангажаванага і аб'ектыўнага эксперта.

— Яна донны Анны не пацягне. Гэта драматычная партыя.

Грынкевіч узняўся са свайго месца, каб як найхутчэй выбрацца з залы. Ён не ведаў, што на гэта адказаць, бо спінны мозг стажора меў рацыю: Ірыне рана было спяваць донну Анну, пагатоў у асноўным складзе. А Вася тым часам працягваў казаць рэчы, на якія проста не было контраргументаў:

— У яе маленькі галасок і тэмбр даволі-ткі ардынарны. Я не разумею каларатуры, якая баіцца спяваць нешта вышэй за до трэцяй актавы. Субрэтка. І ўвогуле, у ёй, ведаеш, пароды няма. Яна ўсё адно як сялянка, хоць і не грубая. У тое, што яна дарагая блядзь, я паверу. А ў дачку Камандора — не.

— Я пра гэта думаў. — прамовіў Грынкевіч усё тым жа ж тонам незалежнага эксперта. — Слухай, Васіль, курыць хачу аж не магу, а цыгарэты скончыліся. Збегаю зараз у шапік, тут неда­лёка. Убачымся яшчэ!

Мазэта нарэшце сыходзіць з Лепарэла і сялянамі.

І ён выйшаў з бельэтажа, з кожным крокам набіраючы хуткасць. Збег па сходах уніз. З партэра якраз выходзіла Марго, якая заўважыла яго і якую ён заўважыў таксама. Позірк Маргарыты чырвонай плямкай снайперскай вінтоўкі сачыў за ім, пакуль ён ішоў да цэнтральнага ўвахода. Грынкевіч проста адчуваў гэты позірк уласнай патыліцай. Ужо на вуліцы ён на хаду дастаў з заплечніка куртку і надзеў яе, гэтаксама на хаду, проста пад моцным дажджом дастаў і раскрыў парасон: нішто не павінна было затрымліваць яго каля тэатра.


Сцэна IX


Дон Джавані і Дзэрліна застаюцца адны.

Рэчытатыў «Al fin siam liberati, Zerlinetta gentil, da quel scioccone...».

Аўтобуса чакаць давялося доўга — Грынкевіч за гэты час паспеў выкурыць на прыпынку дзве цыгарэты. Да таго ж на вуліцы ліло як з цэбра: калі ён нарэшце дабраўся дадому, нагавіцы былі мокрыя ажно па калена. Было дзесяць хвілінаў на дзясятую, і Ірына ўжо стаяла каля пад'езда. Апранутая яна была, як на гэтае надвор'е: джынсы, куртка, красоўкі, валасы заплеценыя «каласком», ніякай касметыкі. Быццам выйшла позна ўвечары ў краму па хлеб ці выгуляць сабаку.

Зрэшты, такая Іра яму падабалася болей. Ён хутчэй прапусціў яе ў пад'езд, бо яна чакала яго ўжо хвілінаў пятнаццаць і пачынала крыху дрыжэць ад вільгаці і боязі. Кожны візіт у яго жытло быў для Ірыны праходкай па канаце без страхоўкі. Яна крыху разнявольвалася, толькі калі за ёй зачыняліся дзверы кватэры. Дзяўчыне паўсюль вярзліся сведкі ейнай падвойнай гульні.

— Ты не здольная да ад'юльтэраў, — прашаптаў Грынкевіч паміж дробнымі і нервовымі пацалункамі: Ірына заўжды баялася пачынаць прэлюдыю проста ў пад'ездзе.

Зрэшты, за адзін паверх да яго кватэры яна крыху пацяплела і пацалункі зрабіліся больш працяглымі. Яна толькі паспела шапнуць, што застанецца да раніцы.

— Не спяшайся.

— Думаеш, я так хутка выкладуся, што бісаў за цэлую ноч не будзе?

Увайшоўшы ў кватэру, Грынкевіч замкнуў дзверы і прыняў у Ірыны куртку. Сам скінуў верхнюю вопратку і абутак, паставіў парасоны сушыцца ў кутку вітальні. Пайшоў у пакой і ўзяў хатнія нагавіцы, што віселі на спінцы крэсла, хутка пераапрануўся. Іра пайшла следам за ім, бо не мела звычкі неяк забаўляць саму сябе ў гэтай кватэры. Пэўна, яна здзівілася такой перамене мізансцэн: іхныя спатканні звычайна былі скамечанымі, бо яны лічылі кожную хвіліну — хутка вызваліцца ад вопраткі, хутка апынуцца ў ложку, хутка, як Фаэтон у сваёй павозцы, разам узляцець да самага сонца, а потым. Потым яна моўчкі ўздымалася, ішла ў лазенку, каб гэтаксама хутка змыць з сябе кароткае спатканне, хутка апраналася і хутка ўцякала. А сёння гаспадар гэтай кватэры толькі пацалаваў яе з нязвыклай пяшчотай і пацікавіўся, ці будзе яна гарбату з каньяком. Іра кіўнула і стала аглядаць пакой, пакуль Грынкевіч ставіў на кухні імбрык. Яна была тут некалькі разоў, але ж сустрэчы праходзілі як у сне, таму дзяўчына про­ста не магла неяк засяродзіцца на інтэр'еры.

Джавані кажа, што яны нарэшце вольныя ад Мазэта, і пытаецца ў Дзэрліны, чаму тая не пахваліць яго за такую хітрасць.

У пакоі стаялі ложак, шафа з вопраткай, стэлаж з кнігамі, нотамі, дыскамі і рознай дробяззю, фартэпіяна і тэлевізар. На сценах віселі афішы спектакляў і канцэртаў, колькі карцін невядомых мастакоў і выцінаныя з белай паперы фігуркі няісных людзей ці звяроў — гэта было спецыфічнае хобі гаспадара кватэры. Грынкевіч заўважыў, што яму лепей думаецца, калі ён нешта вырабляе рукамі: грае эцюды на фартэпіяна, мые посуд ці робіць выцінанкі. Папяровыя фігуркі былі на той час сутак, калі суседзі мелі законнае права на сон і граць на фартэпіяна не вы­падала. Ну, а брудны посуд ён не назапашваў. Ніякіх кілімаў і ўсяго, што можа збіраць пыл, у кватэры не было: гаспадар увесь час скардзіўся, што яму бракуе паветра, хоць і не быў алергікам ці астматыкам. Яму хутчэй бракавала прасторы.

— А ў цябе паўсюль чыста, як у аперацыйнай, — зрабіла Ірына чыста жаночы камплімент, калі Грынкевіч прыйшоў да яе з кухні і абняў за плечы.

— Пэўна ж, дзедавы гены: ён быў хірургам. Так што ты пацэліла. Калі не трымаць лішніх рэчаў, гэта не складана. Я нават лішніх кніжак не трымаю. Хоць і люблю пасядзець на кухні і пачытаць. Дарэчы, хадзем на кухню.

Над кухонным сталом вісела палічка, і госця пабачыла некалькі кніжак. Пакуль Грынкевіч насыпаў гарбату і даставаў з хлебніцы штрудэль, Ірына ўзяла з палічкі том з лістамі Шумана і пачала яго гартаць.

— Гэта мне пасля конкурсу падарылі, за перамогу. Паперу з таго конкурсу я маме пакінуў, яна яе на сценку ў рамачку павесіла і дагэтуль не здымае. Ну і хай сабе. А вось гэтай памяццю, кніжкай, я ганаруся. Праўда, да сваёй улюбёнай «Крайслерыяны» я так і не дарос. У сэнсе, я яе ўсю не сыграў. Толькі ў вучэльні неяк граў па агульным фано апошнюю частку. Трэба было нейкую п'есу вывучыць на залік, вось мой педа­гог і вырашыла — а давай гэта. Памятаю, добра тады на заліку сыграў.

— А чаму не стаў піяністам?

Грынкевіч зрабіў паўзу: у імбрыку вось-вось павінна была закіпець вада і ён нібыта пільнаваў момант, каб своечасова заліць кіпнем гарбату. Напраўду ж ён раздумваў, казаць Ірыне ці не. Гэта была тэма, да якой ён нават праз шмат гадоў не мог ставіцца з пэўным гумарам ці хаця б з лёгкай іроніяй.

— А мяне адлічылі з дзесяцігодкі. За профнепрыдатнасць, — прамовіў ён і ўбачыў, як дзяўчына збянтэжылася. Але ён вырашыў казаць усё, калі ўжо вырашыў не быць супергероем: — Дакладней, не тое, каб адлічылі, а папрасілі забраць дакументы пасля восьмага класа і сысці ў вучэльню.

— Як такое магло здарыцца?

— Страх перад сцэнай.

Тут Ірына засмяялася: яна, напэўна, вырашыла, што яе разыгрываюць.

— Лёша, гэта ўжо нейкая груша на вярбе! — прамовіла яна. — Ты створаны для публікі, і я не веру, што ў цябе магла быць такая фобія.

Дзэрліна пярэчыць дону Джавані: Мазэта ўсё ж такі ейны муж, не варта з яго кпіць.

Ён прамаўчаў і пайшоў у вітальню ўзяць цыгарэты. Той эпізод з юнацтва ён не любіў згадваць, бо лічыў праявай уласнай слабасці. Ён тады здаўся, не стаў змагацца. А ў выніку.

— Я ў дзяцінстве быў надзвычай артыстычным і фенаменальна музычным, — пачаў ён, зацягваючыся цыгарэтай і выпускаючы дым у фортку. — Сам не памятаю, як у мяне гэта атрымлівалася, але я браў залу яшчэ да таго, як пачынаў граць. Нейкі быў інстынкт, падабаўся я публіцы. Я любіў садзіцца за інструмент, скажам, перад урокам сальфеджыа, і каб вакол мяне гуртаваліся аднакласнікі. Любіў граць нешта складанае, імправізаваць. Мне давалі крыху завышаную праграму, і я часта выязджаў на артыстызме і музычнасці, хоць у мяне і былі праблемы з пастаноўкай рук, скажам. А ў чатырнаццаць гадоў на конкурсе здарылася адна прыкрая штука, проста ў апошнім туры, калі трэба было граць канцэрт з аркестрам. Вось пасля гэтага пайшло і пайшло. Кожны выхад на сцэну з сольным выступам — катастрофа. За год я згарэў і вылецеў з элітнай дзесяцігодкі пры кансерваторыі.

Ірына пасур'ёзнела і болей не думала кпіць. Яна запыталася:

— Што за прыкрая штука?

— Я страціў прытомнасць проста на сцэне. Адказны выступ, хваляванне. так, я перад адказнымі выступамі заўсёды хваляваўся, але калі пачынаў граць, то супакойваўся. А тут хваляванне, у зале вельмі душна, рукі макрэюць так, што ніякі тальк не дапаможа. Ну, карацей, у мяне пасля гэтага знайшлі хваробу сэрца, цяжкую для дыягностыкі. Не смяротна, але непрыемна. Потым, дарэчы, я перарос, але ў войска мяне не бралі, усё давалі адтэрміноўкі па стане здароўя. Так і дацягнуў да консы. А ў консе я ўжо бегаў ад ваенкамата. Дык вось, пасля таго заваленага конкурсу я паехаў на іншы — і там зусім кепска адыграў, бо думаў не пра музыку, а пра тое, што раптам памру на сцэне. І пайшло, і пайшло. Што дзіўна — калі трэба было граць з ансамблем, то я пачуваўся спакойна, як у хатніх тапачках перад родным тэлевізарам. А як сольна — дык тушы святло. Кранты. А ў нас, у былым Савецкім Саюзе значыць, і цяпер вучаць толькі на салістаў. У нас няма разумення, што нехта можа стаць коўчам, напрыклад. Гэта таксама крута, але не ў нас. Ага, не можаш быць салістам? Пайшоў прэч з дзесяцігодкі.

Грынкевіч прагна ўцягваў у сябе тытунёвы дым. Ірына глядзела на яго спагадліва: яна моўчкі даравала яму неідэальнасць. Тую неідэальнасць, якую жанчына не заўсёды можа дараваць мужчыне — колішняе фіяска, што засталося без рэваншу. Так, яна, мабыць, усё скеміла. І яна, пэўна ж, разумела, чаму працяг яго маналога быў як смак палыну.

— Пасля восьмага класа дзесяцігодкі ў мяне былі варыянты. Першы — паступіць у вучэльню на фартэпіяна і паспрабаваць неяк зацугляць свае нервы. Твае нервы — гэта твае праблемы, так мне казалі ў дзесяцігодцы. Але ў мяне якраз тады, у восьмым класе, была траўма. Тады ж было восем, а не дзевяць класаў. Я руку парэзаў і ледзь не зачапіў сухажылле. Падумаў, што гэта знак і з піянізмам трэба завязваць. Куды звычайна ідуць піяністы са слабымі нервамі? У тэарэтыкі, вядома ж. І я паступіў у вучэльню на музыказнаўства. Бацькам нічога не сказаў, і яны два гады думалі, што я вучуся ў дзесяцігодцы, потым мы паскандалілі, бо я яшчэ і перапаступаў. у іншую вучэльню перапаступаў. Дык вось, я ў пятнаццаць гадоў прыйшоў на першы курс тэарэтыкам. Першы семестр выкладчыкі ад маёй фенаменальнай музычнасці стагналі і гатовыя былі засіліцца. Ну, ты ўяві сабе абсалютніка-слыхача. Дыктоўка — з першага прайгравання, другое — каб працягласці праверыць і ноты па тактах растусаваць. І знакі альтэрацыі няправільныя! Даюць паслухаць акорды — я пазнаю кожны гук, а як завецца гэты акорд, не памятаю. Ці не ведаю ўвогуле. Чаму я павінен сядзець і займацца дэбільным перапісваннем гэтых акорд аў і іх абарачэнняў у сшытку?! Нашто мне тая матэматыка?! Але давялося яе вывучыць, і я нават стаў вельмі педантычным, бо калі б мяне адлічылі і з вучэльні, гэта б сталася канчатковым ударам па самалюбстве. І ўжо ў наступным семестры я стаў найлепшым на курсе. Потым мне пашчасціла з педагогам па індывідуальнай гар­мони. Задачкі — гэта амаль як крыжаванкі, страшэнна зацягвае, я іх рашаў па дзесяць штук на тыдзень. Потым у мяне знайшлі здольнасці да кампазіцыі і пачалі мяне прасоўваць у гэтым кірунку. Мне гэта было не так ужо цікава, бо я ўсё ж хацеў на сцэну — і вельмі яе баяўся. Рашаў задачкі, нешта сачыняў, граў клавіры і партытуры, слухаў запісы і пайшоў факультатывам на скрыпку і габой. Падумаў, што калі я будучы кампазітар, то варта вывучыць хаця б некалькі інструментаў. Ну, і на хор хадзіў, — ужо думаў, як фай­на апынуцца на месцы хармайстра. Каб жа я ведаў, як шмат мне далі гэтыя два гады!

— Ты казаў, што заканчваў вучэльню як харавік.

— Пачакай, зараз і пра гэта скажу. На другім курсе, у шаснаццаць гадоў, мне стала бракаваць грошай, бо я ўжо курыў і прастаўляў аднакурснікам выпіўку. І хтосьці са старэйшых хлопцаў сказаў: а давай з намі рабочым сцэны ў Марыінскі тэатр. Я пайшоў туды — і захварэў на тэатр, на аркестр, на оперу. Год вагаўся, — не ведаў, што рабіць. Вельмі спантанна забраў з вучэльні дакументы і пайшоў у іншую вучэльню, зноў на першы курс, на акадэмічны хор. Дырыгент — ён на публіцы, але пры гэтым не саліст, думае не пра сябе, а пра іншых. Ход канём. Так я і перастаў баяцца сцэны.

«Хто? Ён?»з іроніяй перапытвае дон Джавані, калі дзяўчына заяўляе яму, што Мазэта ёй муж. І запэўнівае Дзэрліну, што як сумленны чалавек не дапусціць, каб такая прыгажосць дасталася такому туебню.

— Вось яно як. — прамовіла Ірына, але ўжо не са спагадай, а з захапленнем. — Але ж бачыш, як шмат ты ведаў і як добра падрыхтаваўся.

— Угу. У кансерваторыі маю рознабаковасць вельмі цанілі. Ужо на другім курсе я працаваў асістэнтам. А на чацвёртым курсе ў Піцер прыехаў наш галоўны і завітаў у госці да майго шэфа. Убачыў мяне на рэпетыцыі. Яго, разумееш, падкупіла, што ў мяне ўсё па справе, нічога лішняга. Я тады стараўся не выстаўляцца, ведаў субардынацыю. Вось маэстра і падумаў, што я пры ім буду як наш Каршакоў. Знайшоў мяне ў консе, пачаў угаворваць: паехалі, маўляў, у N, будзеш там чарговым дырыгентам, а не асістэнтам. Прыязджай проста цяпер, з кансерваторыяй вырашым пытанне, зробім табе вольнае наведванне. Я і паехаў. Але для добрых адносінаў з маэстра мне не хапіла памяркоўнасці.

— Што гэта такое? — запыталася Ірына, пачуўшы незнаёмае слова.

— А. — Грынкевіч нават здзівіўся, чаму такое слова выскачыла з яго падсвядомасці. — Нават не ведаю, як растлумачыць. Мой брат любіць гэта слова.

— Слухай, а ты ўсё ж хто па нацыянальнасці? Паляк? — Ірына нечакана змяніла тэму. — Про­ста ў цябе не першы раз нейкія нярускія словы праскокваюць.

— Дзяды і бабулі ў мяне з Заходняй Беларусі. А ў пашпарце ў мяне ўвогуле напісана, што я нарадзіўся ў Полацку, хоць родны мне — Піцер.

Грынкевіч прамаўляў гэта, працягваючы гаспадарыць і расстаўляючы на стале кубкі. Ён міжволі злавіў сябе на тым, што сёння ўспаміны закранаюць яго меней, чым звычайна, і ён кажа пра тыя часы амаль без эмоцый. Дагэтуль, нават праз столькі гадоў, нешта непрыемнае пачынала варушыцца ў ім, калі яго распытвалі пра «піяністычнае мінулае». Сёння ён упершыню быў збольшага спакойным.

Ірына тым часам узяла з палічкі іншую кніжку.

— Гофман?.. — прамовіла яна са здзіўленнем, пад якім хавалася расчараванне, і прачытала ўголас надпіс на фарзацы: — «Амадэю-старэйшаму ў дзень народзінаў. Н. 27.01.1991».

Гэта быў патаемны пакойчык ягонай душы, і Ірына зазірнула туды без запрашэння, проста таму, што ён не ўпільнаваў. Але праганяць яе было ўжо позна.

— Хто такі Н.? — пацікавілася дзяўчына.

— Хто такая Н. — задуменна прамовіў Грынкевіч і ўзяў кніжку з Ірыніных рук. — Адна дзяўчынка. Мне тады споўнілася васямнаццаць, а яна адсвяткавала пятнаццацігоддзе на тры дні раней. Але мы сустрэліся дваццаць шостага, каб памяняцца падарункамі, ну, каб абоім не было крыўдна. Я падараваў ёй скрадзены ў нотнай бібліятэцы клавір «Дона Джавані», а яна мне — вось гэтую кніжку, скрадзеную з бацькоўскай хаты. Гэта было маё першае і апошняе ў жыцці злачынства. Тады кнігі і ноты складана было набыць. Можа, таму мы іх ахвотней чыталі.

Дзэрліна настойвае: яна дала абяцанне Мазэта, ён муж.

— Н. — гэта першае каханне?

— Н. — гэта проста Н. ВыНятак. НевытлумачальНае, — адказаў Грынкевіч, невядома навошта крыху падаўжаючы кожную «н».

— Толькі вынятак і можа чытаць Гофмана, — прамовіла Ірына такім тонам, быццам раўнавала яго, і Грынкевіч згадаў, як нядаўна назваў яе ў сне Аннай.

— Гэта сёння Гофмана чытаюць толькі выняткі. А ў нашыя, больш рамантычныя часы было крыху іначай.

Ён паставіў Гофмана на палічку, каб нарэшце скончыць гэтыя рэтраспекцыі. Значна болей яму цяпер хацелася прытуліцца да Ірыны. Яна быццам адгадала гэтае жаданне і паклала ему рукі на плечы.

— Мне з табой вельмі светла, нават уначы, — ціха сказаў ён, цалуючы валасы дзяўчыны. Затым дадаў: — Які я шчаслівы, што нарэшце скраў цябе ў гэтага ёлупня Собалева!

— Не трэба так яго называць, прынамсі ў маёй прысутнасці. Я яму шмат чым абавязаная.

— Каму?! Яму?

Джавані кажа: гэтыя абяцанні нічога не значаць. Не для таго Дзэрліна нарадзілася, каб быць простай сялянкай.

Ірына адсунулася і села на зэдлік. Яна ўзяла кавалачак штрудэля і пачала есці, быццам вызваляючы сябе ад неабходнасці спавядацца.

— І чым жа ж ты яму абавязаная? Тым, што цяпер не можаш кроку ступіць? — не супакойваўся Грынкевіч. — Тым, што ён ужо амаль два гады жыве і з жонкай, і з табой? І хутчэй за ўсё, так будзе вечна.

— У кожнага медаля ёсць аверс і рэверс. Ты бачыш і аверс, і рэверс. Ты ўвогуле, Лёша, шмат бачыш, і табе ад гэтага, пэўна, цяжка жыць сярод людзей, — казала яна, адпіваючы з кубка гарачую, толькі што разлітую гарбату. — А ёсць яшчэ гісторыя стварэння медаля. І тым, хто яе ведае, зразумела, чаму ў медаля такі аверс і такі рэверс.

Дзэрліна баіцца, што Джавані яе падмане: шляхта рэдка абыходзіцца сумленна з простымі людзьмі. Аднак свавольнік пярэчыць: лухта, гэта ўсё прыдумалі дурныя плебеі.

Грынкевіч зрабіў паўзу, таксама сядаючы за стол і наліваючы сабе гарбату. Гэткіх абагульненняў і метафар ад Ірыны ён ніколі не чуў. Дагэтуль ён уяўляў яе проста вельмі стараннай студэнткай, якая жыве пакуль чужымі словамі і думкамі. У ёй была музыка, якую, зрэшты, яна на словах не любіла аналізаваць, але дакладна разумела.

— Што за гісторыя?

— Простая чалавечая гісторыя. Я, дзяўчына з голасам і з такім сабе абліччам і фігурай, паступаю ў кансерваторыю. На той момант тата мой памёр, а мама працавала на дзвюх працах, каб аплаціць маё навучанне. Мяне ж наўмысна падрэзалі, каб не браць на бюджэт. Там цяпер дачка нашага галоўнага вучыцца, угу. Мне потым так і сказалі: на цябе мы бюджэтнае месца не трымалі. Мама працуе, я таксама як магу, так і дастаю грошы. Апрануцца няма за што, харчы самыя сціплыя. Мне і раз, і два, і тры прапаноўваюць паехаць на конкурсы за мяжу — а мне няма за што. У пазыкі мы з мамай не лезем, бо ведаем: няма чым аддаваць. Сваякоў у нас ніякіх, так ужо атрымалася. І вось аднойчы я падпрацоўваю на рэкламнай акцыі ў аўтасалоне. Туды бралі мадэлек, ну і мяне ўзялі. Мне мужыкі ўвесь час нешта прапаноўвалі. Сам разумееш што, але я ж чэсная. Там ён мяне і сустрэў, у аўтасалоне. Потым стаў прыгожа заляцацца, на сэксе не настойваў, увогуле вельмі добра са мной абыходзіўся. Я ад яго нічога кепскага не бачыла. У ложку нічога з ім не адчувала, ні прыемнага, ні брыдкага. А калі б цябе не сустрэла, дык і верыла б у тое, што так яно і трэба, абы чалавек быў добры.

Толькі цяпер Грынкевіч зразумеў, што падарваў рэйкі, па якіх яна на вялікай хуткасці гнала сваё жыццё ў нейкую ілюзорна светлую і бесклапотную будучыню, бо ніякіх запасных шляхоў лёс ёй не даў. І ўпершыню ён прымусіў сябе падумаць, што рабіць далей. Ён адчуў нешта падобнае да адказнасці.

— І стала я каханкай афіцыйнай і каханкай неафіцыйнай. — рэзюмавала Ірына, нявесела ўздыхаючы.

— Ты мне не каханка, — сказаў Грынкевіч, узняўся са свайго месца, але чамусьці зноў пацягнуўся за цыгарэтамі: ён невядома чаму пачынаў нервавацца.

— Лёша, а ты мяне хіба ні з кім не чаргуеш? — запыталася Ірына з іранічнай наіўнасцю. — Прабач, я не маленькая дзяўчынка, каб думаць, што гэта не так.

Гэтая размова даўно выспявала, але ці не дзеля гэтага ён хацеў, каб Ірына засталася на ўсю ноч?

— Бачыш, Іра. Бывае так, што сустракаеш чалавека, жанчыну — яна табе падабаецца, ты яе хочаш. Калі ты яе ну вельмі хочаш, дык пачынаеш мірыцца з тым, што яна не глядзіць з табой у адным кірунку. Або табе пачынае падавацца, што яна глядзіць з табой у адным кірунку, бо ты яе вельмі хочаш. Потым усе гэтыя пярэчанні робяцца відавочнымі і немілагучнымі. Але з табой ніякіх пярэчанняў няма. І я не маю адчування, што чарговым разам угаворваю сябе паверыць у цуд. І ні з кім я цябе не чаргую. Чаргаванні пачынаюцца, калі хочаш ад некага ўцячы, а не ведаеш куды. А я ад цябе ўцякаць не хачу.

Усё было не тое, але ў такі момант Грынкевіч страціў красамоўства. Красамоўным ён быў менавіта з тымі, з кім, як ён казаў, былі немілагучныя пярэчанні. Ён хутка дакурыў цыгарэту, падышоў да Ірыны.

— Ты мяне разумееш?

Яна апусціла твар і ціха, акцэнтуючы кожнае слова, прамовіла:

— Ты за некалькі месяцаў выпаліў усю маю душу, як поле з пустазеллем. Потым узараў. І я не ведаю, што ў маёй душы пасля гэтага ўзыдзе. Табой складана не захапіцца, а захапіўшыся — складана не закахацца.

Яна ўзнялася і пайшла з кухні. Грынкевіч стаў машынальна прыбіраць са стала, каб сабрацца з думкамі і эмоцыямі: спатканне рабілася не такім, якім яны, кожны па-рознаму, яго ўяўлялі. Калі ён увайшоў у пакой, то ўбачыў яе на ложку. Дзяўчына ляжала, прыкрыўшыся коўдрай. Яна паспела скінуць вопратку і расплесці свой «каласок», нібыта хацела, каб спатканне ішло так, як раней — неўтаймаванае любішча, у часе якога яны амаль нічога адно аднаму не казалі. Яна як быццам спрабавала аднавіць узарваныя рэйкі, паставіць на іх сваё жыццё і пагнаць яго туды, дзе так шмат грошай і камфорту, так лёгка робіцца кар'ера і дзе сэкс — не больш чым удзячнасць з боку жанчы­ны. Або спосаб рэлаксацыі, усё залежыць ад парт­нёра. Вось тут каханак, там спонсар — усё проста, і не трэба ўскладняць.

Джавані кажа, што ім не варта губляць ані хвіліны і трэба неадкладна пажаніцца. Тут непадалёк ягоны дом, дзе можна застацца сам-насам і згуляць вяселле.

Грынкевіч нахіліўся да Ірыны і пацалаваў яе ў плячо. Потым лёг побач і моўчкі абняў яе.

— Ты не будзеш распранацца? — запыталася яна, і дзявочыя пальцы яшчаркамі праслізнулі яму пад швэдар.

Сёння яму не хацелася перажываць тое, што было ў іх звычайна. Ён не хацеў спяшацца, ён хацеў рассмакаваць яе, нарэшце вывучыць. Сыграць цэлы канцэрт замест капрыса, быццам той уяўны скрыпач-маньяк. Але яна сама прыспешвала, зацягвала яго, як човен у бермудскі трохкутнік.

№ 7: Дуэціна «La ci darem la mano...».

— І рукі ў цябе таксама ад дзеда-хірурга?

Яна ўзяла ягоную далонь і правяла ёю па сваім

твары. Ён адчуў вільгаць вуснаў на сваіх пальцах. У цемры дотыкі казал і болей за словы.

— Можна сказаць і так. Я ўвогуле ў матчыну радзіну ўдаўся. Па бацьку ў нас усе гонкія бландыны. Як мой брат.

— Бракавала яшчэ, каб ты быў бландынам! — смеючыся ўскрыкнула Ірына.

— Але ж да смуглявага мача мне яшчэ далей.

Ірына намацала ў цемры выключальнік. Сла-

бае святло начніка зрабіла ейную скуру і валасы залатымі. Яна раптам асядлала яго і паглядзела з вышыні, як ільвіца на здабычу. Ён правёў далонямі па ейных грудзях, па жываце, па сцёгнах, але не дзеля таго, каб распачаць новую мілосную гульню. Ён зноў пачуваўся тым скрыпачом-маньякам, які ўсё ж выкраў з музея дарагі інструмент, але не можа граць на ім на публіцы. Ірына нарадзілася, каб быць жанчынай ва ўсіх праявах. Яна нарадзілася, каб насіць жаноцкую вопратку, каб граць на сцэне прыгожых гераінь, атрымліваць асалоду ад мілаванняў і нараджаць дзяцей.

— Памятаю, ты на першай спеўцы была такой сур'ёзнай і правільнай дзяўчынкай. Баялася маёй рэпутацыі і таму прыйшла ў чорным швэдрыку, у доўгай спадніцы і без касметыкі?

— Я цябе з'ем, калі будзеш увесь час гэта прыгадваць.

Яна схілілася да яго і пацалавала, сапраўды злёгку грызануўшы вусны.

— Смачна есці! — засмяяўся ён і нечакана для яе апынуўся зверху.

Дон Джавані просіць Дзэрліну падаць яму руку і адказаць яму «так». Тут непадалёк яго дамок, варта туды скіравацца.

Цяпер ён моўчкі ляжаў і пільнаваў вуснамі, як б'ецца жылка ў яе на шыі. Яна раскінула рукі і таксама ляжала нерухомая, скораная, але шчаслівая падпарадкоўвацца. Была ўжо амаль раніца, але спаць ім не хацелася.

— На першай спеўцы ты мне нагадаў з твару некага з кампазітараў-рамантыкаў — валасы густыя і крыху хвалістыя, барада, вусы. Ты спазніўся хвілінаў на дваццаць, вельмі ветліва, але па-дзелавому папрасіў ва ўсіх прабачэння. Я нават памятаю, што на табе было кароткае шэрае паліто, класічныя чорныя нагавіцы і чаравікі, таксама класічнай нейкай мадэлі. І яшчэ на табе быў белы швэдар з высокім каўняром. Я тады старалася на цябе не глядзець, але ж падумала, што для кавалера гэта занадта чысты швэдар. Ты тады даўно не стрыгся, прадкі валасоў падалі табе на твар, але гэта выглядала дужа арганічна.

— І сэксуальна? — прамурчэў ён на вуха дзяўчыне.

— І сэксуальна. Ты запытаўся, дзе тут новая стажорка, якую ўводзяць у спектакль. Усе паказалі на мяне. Тут мы з табой сустрэліся позіркамі. Я хацела адвесці вочы, але не змагла. У той момант не змагла. Ты сказаў толькі ветліва-дзелавое: «Ага. Ну то будзем знаёмыя». Падышоў да мяне і працягнуў руку для вітання. Ад цябе пахла парфумай, у якой, на шчасце, было няшмат мен­толу з эўкаліптам. Ад цябе пахла марозам, які ты прынёс з вуліцы.

— .цыгарэтамі, нявынішчаным перагарам. Я тады спазніўся, бо мы з Мішэлем да трэцяй ночы адзначалі нараджэнне ягонага сына. А спеўку паставілі на дзясятую раніцы.

— Я не думала ў той момант пра перагар. Ён мне не замінаў чамусьці.

— А я думаў. Бо калі я на цябе паглядзеў, то зразумеў, што з табой будзе або ўсё і сур'ёзна, або зусім нічога.

Яны абое сціхлі, цесна тулячыся адно да аднаго, бо сталёвае лязо шэрага восеньскага золку ўжо рыхтавалася раздзяліць іх, як сіямскіх блізнятаў. Можа, таму Ірына запаліла начнік: калі гарыць святло, раніцу за вакном не адразу заўважаеш. На дварэ тым часам усё яшчэ дажджыла.

— Як жа яно зарадзіла. — незадаволена сказа­ла Ірына. — Ненавіджу восень і дождж.

— Я восень таксама не вельмі люблю, а вось дождж. Да дажджу ў мяне асаблівае і нават асабістае стаўленне.

— Гэта якое?

— Не скажу.

Тым не менш яна дачапілася да Грынкевіча і некалькі хвілінаў выпытвала, за што ён так любіць дождж.

— Мой першы раз. Сапраўдны першы раз быў у дождж, — нарэшце прызнаўся Грынкевіч. — Мы страшэнна вымаклі і вымерзлі. І сагрэліся толькі тады, калі зрабілі гэта. Па-сапраўднаму, як мы гэта тады называлі.

— А што значыць «не па-сапраўднаму»?

— Мы былі недасведчанымі і вынаходзілі свае ровары. Не ведалі, што аральныя забавы залічваюцца ў сапраўдны сэкс. Дакладней, я спачатку зведаў іх як з'яву, а назвы вывучыў ужо значна пазней.

А яшчэ пазней я даведаўся, што рабіць гэта дзяўчыне — ніжэй за годнасць сапраўднага мужыка.

— І колькі табе было, калі ішоў той дождж?

— Васямнаццаць.

— А ёй?

— Прыкладна столькі ж.

— У яе таксама быў першы раз?

— Не. Прынамсі, яна мне так сказала, хоць я ў гэта не надта веру. Яна ўвесь час любіла дражніць, эпаціраваць. На злосць мне, напэўна, сказала. Але на той момант я паверыў, і мне было прыкра.

Дзэрліна вагаецца: смачная кашка, ды зрабіць цяжка. Ёйнае сэрца трымціць. Дзяўчына хоча быць шчаслівай, але раптам гэты шляхотны кавалер яе падмане?

Ён змоўк, бо зразумеў, што нагаварыў лішняга: Ірына занадта падазроная і пачне нешта там супастаўляць, вылічваць. А каму гэта трэба?

— Лёша. — перарвала маўчанне Ірына.

— Ну?

— А як так атрымалася, што ты нарадзіўся ў Полацку, а родны горад у цябе Піцер?

— Вельмі звычайна. Тата ў мяне вучыўся ў Піцеры і застаўся там працаваць на заводзе і жыць у інтэрнаце. Мама ў мяне была з Полацка, але вучылася ў мінскай кансерваторыі. Калі мяне запраектавалі, мама перайшла на апошні курс. Не хацела дзеля мяне браць акадэмічны, каб цэлы год прапусціць. Я ж нарадзіўся зімой, перад апошнім семестрам. Ёй далі нейкае вольнае наведванне, таму яна сядзела ў бабулі і дзядулі ў Полацку, мяне чакала. Ну, і часам у Мінск паказвалася, каб сёе-тое здаць. Я не прыносіў ёй ніякіх клопатаў, таму яна магла сабе такое дазволіць. Потым яна атрымала дыплом і ўжо са мной пяцімесячным прыехала да таты ў Піцер. Ім далі асобны пакой, і сталі мы там жыць-пажываць.

— А потым?

— А потым нарадзіўся мой брат і нам у інтэрнаце стала зусім цесна. А чарга на кватэру ў таты на заводзе не рухалася і ў мамы ў музычнай школе таксама. І тут мой тата для нейкага ці то станка, ці то яшчэ чаго зрабіў адмысловы паляпшайзер, і яго з гэтым паляпшайзерам разам з групай іншых інжынераў накіравалі на ўсесаюзную выставу ў Маскву. Там быў дырэктар мінскага завода, зацікавіўся, разгаварыўся. Запрасіў на працу, паабяцаў кватэру цягам года. Вось таму тата, мама і брат з'ехалі ў Мінск, а мяне пакінулі ў інтэрнаце пры дзесяцігодцы, бо я тады ўжо хадзіў у другі клас і падаваў надзеі. А Піцер нібыта лепшы за Мінск, дый невядома, ці знайшоў бы я паразуменне з іншым педагогам. Такія справы.

— Я думала, у цябе тата вайсковец ці нешта такое яшчэ. Ты яго апісваў такім правільным.

— Ён увогуле не служыў у войску. У яго ўсё жыццё было кепска з сэрцам. Я ж за ім потым гэтую хваробу і падабраў — спадчыннасць. А наконт правільнасці, дык ён хутчэй ідэйны.

— Камуніст?

— Прынцыпова беспартыйны. З дэпутацкім мінулым і з досведам барацьбы за справядлівасць. Ён у нас камуністаў не шануе, дасталося яму ад камуністаў.

— Гэта як? — нечакана ажывілася Ірына.

— Дзед у мяне быў камуністам. Але я яго не ведаю, бо дзеда расстралялі ў сорак шостым годзе. Спачатку ён адседзеў у польскай турме, потым праваяваў чатыры гады з фашыстамі за савецкую ўладу. А савецкая ўлада яго — да сценкі. А сям'ю разам з татам ды астатнімі — у Сібір. Як і ўсіх тады, зрэшты. Дзядзьку майго яшчэ і ў сувораўскую вучэльню не ўзялі праз гэта. Толькі гадоў праз пятнаццаць рэабілітавалі дзеда.

— А ў мяне бабуля таксама з Беларусі. І прозвішча ў яе Дамасевіч, — раптам заявіла Ірына.

Грынкевіч, быццам злёгку агаломшаны, паглядзеў на яе. Не тое, каб яго вельмі ўразіла такая навіна, але ж нешта дадатковае нібыта прывязвал а яго да Ірыны. Хоць ён і не асабліва верыў у нейкія там этнічныя поклічы.

— Чакай, ты ж казала, што твая мама з Сібіры, сюды прыехала паводле размеркавання.

— А бабуля, як і твая, у Сібір трапіла ў сорак сёмым годзе з Нясвіжа. Здаецца, гэта такі горад. Мне мама толькі нядаўна пра гэта расказала. Калі я малой была, мне пра гэта не расказвалі. Бабуля мела старэйшага брата, ён у вайну запісаўся ў адну арганізацыю. Не памятаю, як яна звалася. Бабцю адправілі на пасяленне разам з яе маці ды іншымі сёстрамі. А брата — у лагер. Дарэчы, яго дагэтуль не рэабілітавалі. Бабуля яшчэ жывая, але баіцца гэтым займацца. Проста баіцца. Іх тады ве-ельмі напужалі беларускім гітлерюгендам. Дый потым нібыта было сорамна за сваяка.

Ісмена таксама баялася хаваць Палініка, падумалася Грынкевічу, але ён гэтага не сказаў. Ірына яшчэ нешта казала пра гісторыю сваёй сям'і, а потым неспадзявана, як дзіця, заснула, змораная блізкім ранкам.

Грынкевіч ціха ўзняўся, заскочыў у нагавіцы і майку і пайшоў на кухню курыць. На стале шаргацеў кулерам пакінуты ўключаным яшчэ з учорашняга ранку ноўтбук — там пампавалася сёетое з музыкі і нот. Адчыніўшы фортку і запаліўшы цыгарэту, Грынкевіч амаль па інерцыі палез правяраць пошту. У скрынцы былі паведамленні: у сацыяльных сетках яму напісаў Воўчык, а таксама яго знайшла аднакурсніца па музвучэльні і цяпер прапануе сябраваць. Грынкевіч перайшоў па спасылцы, адказаў узаемнасцю аднакурсніцы і напісаў Воўчыку: «Няма праблемаў, я сам часам зрываюся». Такім чынам яны нібыта замірыліся пасля той няўдалай п'янкі ў Маскве.

Адказу ад Анны Рупель-Зайцавай усё яшчэ не было, і ён згарнуў сайт. Хацеў ужо зачыніць паштовую скрынку, дакурыць цыгарэту і пайсці назад да Ірыны, але тут заўважыў непрачытаны ліст ад бацькі. Тата любіў пісаць вялікія лісты, выкладаючы ў іх светапоглядныя штукі.

«.парадокс, сынок, у тым, што калі мы не ў сябе дома, то вельмі імкнемся ўпісацца ў чужы інтэр'ер, каб нас прынялі за сваіх. А нас усё адно ніколі не прымуць за сваіх, мы ўсё адно будзем чужымі. Дзеці нашы маюць шанец стаць там сваімі, а мы — не. Ты кажаш, што гэта неактуальна, што цяпер іншы час. Добра, я з табой амаль згодны. Але ж назаві мне хоць аднаго сучаснага іспанца ў першым пакаленні, які стаў сярод іспанцаў цалкам сваім? Ці сучаснага немца? Дый нават амерыканца! У іх заўсёды будуць пытацца пра карані, у наваспечаных суайчыннікаў. Ім цікавыя карані. Гэта тое адзінае, за што нас могуць паважаць там.»

Грынкевіч усё ж зачыніў скрынку, бо пасля ночы мілавання з прыгожай дзяўчынай яму цяжка было сцяміць, што б такое ўзважана-нейтральнае напісаць у адказ на татавы занудствы. Але пакуль дагарала цыгарэта, ён чамусьці прыгадаў адно сямейнае паданне, у сапраўднасць якога дагэтуль не мог паверыць. І няхай яно не было звязана з бацькавымі ідэямі, усё ж тая гісторыя ўсплыла ў памяці.

Дон Джавані зноў нецярпліва заклікае Дзэрліну ісці за ім у ягоны дамок. Дзяўчына пярэчыць: ёй шкада Мазэта.

Прадзед Аляксея па жаночай лініі ў 1918 годзе стаў паводле дакументаў не Стрыжэўскім, а Стшыжэўскім. Гэта было вельмі своечасова, асабліва для тых, хто не ведаў як належыць польскай мовы, але ж меў жаданне набыць кавалак зямлі і жыць хоць крыху лепей, чым жылі ягоныя продкі. Праз два гады селянін з-пад Навагрудка Ян Стшыжэўскі набыў зямлю і млын. Было яму ўжо нямала гадоў, ажаніўся ён позна, і ўсе ягоныя сыны нарадзіліся, калі бацьку было за сорак. А ў маладосці Ян Стшыжэўскі ездзіў вельмі далёка, аж за акіян. Там ён і зарабіў грошы на кавалак зямлі. Мог застацца, але чаго яго так цягнула назад?.. Савецкая ўлада ледзь не паламала ўсе ягоныя планы, але ж, на шчасце, ён нарадзіўся пад Навагрудкам, а не пад Быхавам ці Нароўляй.

Ян Стшыжэўскі меў гаспадарку, якую ён думаў перадаць свайму старэйшаму сыну Мікалаю. Гаспадарка давала грошы, і на гэтыя грошы ён выправіў вучыцца ў гімназію свайго сярэдняга сына Фларыяна, Аляксеева дзеда. Той, хто запісаўся палякам і хадзіў у касцёл, мог вучыцца ва ўніверсітэце, і Фларыян Стшыжэўскі вывучыўся на медыка. Але ў сям'і быў яшчэ адзін сын, Казімір, якому не абяцалі гаспадаркі ў спадчыну і ў адукацыю якога вырашылі не інвеставаць. Як шмат якія познія дзеці, ён быў не дужа здаровым, каб працаваць на млыне, і не дужа здатным да навукі, каб вытрымаць іспыт у гімназію.

Мікалай у 1939 годзе быў заможным млынаром, Фларыян — маладым лекарам у Навагрудку, а Казімір. Казімір быў камуністам, няхай і не самым адданым. Прынамсі, ён быў не з тых антыгонаў, што самастойна хавалі сваіх палінікаў. Яму цікавей было падбухторваць да гэтай справы іншых, таму ў польскіх турмах за свае погляды ён не сядзеў.

Ян Стшыжэўскі памёр 31 жніўня 1939 года, і гэта была для яго вялікая Божая ласка.

У канцы 1939 года для старэйшага і малодшага братоў у гэтай сям'і жыццё павярнулася, як шах­матная дошка перад зменай партыі. Мікалая раскулачылі і адправілі кудысьці далёка, куды не далятаюць нават птушкі, — што ўжо казаць пра лісты ад сваякоў. Казіміра зрабілі вялікім камсамольскім начальнікам, які стаў рупліва працаваць на глебе пахавання шматлікіх палінікаў. Толькі для сярэдняга брата Фларыяна жыццё мала памянялася, бо лекар патрэбны і чырвоным, і белачырвоным. Дый карычневым таксама патрэбны.

Улетку 1941 года Казімір адразу сышоў у лясы і там зрабіўся палітруком. Фларыян хацеў падацца туды ж, бо нешта казала яму пра такую неабходнасць. Але ягоная жонка толькі што нарадзіла сына і пасля родаў ніяк не магла акрыяць. Перад самай вайной яны перабраліся з Навагрудка ў адно мястэчка, якое немцы занялі так хутка, што нават не ўсе здаровыя паспелі ўцячы ў лясы. Немцы не сталі чапаць нікога, апроч габрэяў. Палякаў яны не любілі, але ж Фларыяна савецкая ўлада паспела зноў зрабіць Стрыжэўскім, дый карыстаўся ён «тутэйшай» гаворкай. Савецкая ўлада, зрэшты, не паспела ператварыць доктара ў камуніста, таму немцы пагатоў не мелі да яго пытанняў. Лекары былі патрэбныя, каб аглядаць мясцовае насельніцтва наконт прыдатнасці да працы ў Нямеччыне.

Доктар Стрыжэўскі каму змог, таму і напісаў заключэнне пра непрыдатнасць. Немцы, зразумела, ледзь не злавілі яго на гарачым. Абышлося, але ад працы ў такіх камісіях доктара адхілілі. Фармальна ён застаўся служыць немцам, бо не меў іншага выйсця. А можа, проста ўведаў, дзе ён, ягоны сапраўдны Палінік, якога Фларыян павінен пахаваць?

Аднойчы да яго ў госці завітаў малодшы брат Казімір. Сустрэча адбылася ўпотай, сярод ночы. Казік прачытаў лекцыю пра барацьбу з карычневай чумой, пра тое, што трэба ратаваць радзіму і сыходзіць у лясы. «А за што нашага брата забралі? — рэзка, быццам хірургічным скальпелем, перасёк прамоўцу Фларыян. — Ты мне прапануеш вось такую радзіму ратаваць? Дзе цяпер Мікола? Дзе ягоная магіла?»

Потым ён пашкадаваў, што задаў свайму брату такое пытанне.

Праз год у мястэчку адкрылі школу, і жонка падалася туды выкладаць. Малодшы брат прыйшоў таксама сярод ночы і нагадаў пра лясы ды карычневую чуму ўжо ў зусім ультыматыўнай форме. «А баба твая, кажуць, вучыцелькай ста­ла? Вучыць дзетак Гітлера любіць. — сказаў ён на развітанне. — Пашкадуеш пра ўсё, браце».

Праз пару тыдняў у адной з суседніх вёсак партызаны забілі дзвюх настаўніц, і тады Фларыян загадаў жонцы сядзець у хаце.

У канцы сорак трэцяга года доктар пайшоў зрубіць ялінку на Каляды і на ўскрайку лесу знайшоў забітага немца. Да мястэчка было якіхсьці пару кіламетраў. Выбару не заставалася ніякага. Ён вярнуўся дадому без ялінкі і загадаў жонцы збірацца разам з сынам. Так яны і апынуліся нарэшце ў лесе, прыбіўшыся да нейкага атраду. Там пра Казіміра Стрыжэўскага чулі, але сказалі, што ён тры месяцы таму падаўся на фронт разам са сваім атрадам. Небяспекі сутыкнуцца з братам не было.

А мястэчка немцы спалілі ўшчэнт праз два дні.

Партызаны прымалі дактароў ахвотна, а пагатоў хірургаў, не зважаючы нават на тое, што гэты доктар палову вайны правёў у акупацыі. Фларыянава жонка памкнулася была паўдзельнічаць у «лясной школцы», але муж загадаў ёй маўчаць пра сваё педагагічнае мінулае. Чым бліжэй было да канца вайны, тым лепей ён адчуваў будучы рэванш Антыгоны. І зусім не маральны рэванш. Фларыян не думаў больш хаваць свайго Палініка і назаўжды абраў шлях Ісмены.

Вайна для Грынкевічавага дзеда скончылася недзе пад Уроцлавам. У сорак чацвёртым годзе яго мабілізавалі на фронт, дзе ён рабіў сваю звыклую лякарска-хірургічную справу. Фларыян прыйшоў у ваенныя дактары з партызанскага атраду, таму не выклікаў падазрэнняў: лясы сталі для яго ідэалагічным каранцінам. Ён думаў, што цяпер найгоршае скончылася і засталося толькі дачакацца перамогі. Але ў красавіку 1945 года за два тыдні да афіцыйнай капітуляцыі Нямеччыны ён сутыкнуўся з уласным братам, дасведчаным палітруком.

Праз пару дзён доктара выклікалі ў СМЕРШ. Антыгона прагнула для свайго Палініка раскошнага пахавальнага вогнішча. Пра такое не магла б марыць нават Брунгільда, калі вырашыла спаліць сябе разам з Вальгалай. Але Антыгона не была змаёмая з Брунгільдай, каб абмяняцца досведам.

Хто такія простыя смяротныя для багоў і герояў? Так, галлё для іх пахавальных вогнішчаў. Грынкевічаў дзед быў гатовы згарэць і шкадаваў толькі жонку і сына, якіх ужо ніколі не ўбачыць. Хоць бы толькі за іх не ўзяліся, думалася яму.

У кабінеце яго чакаў. былы аднавясковец Стась. Ягоная маці, удава з пяццю дзецьмі, калісьці працавала ў іх на млыне. Працавала яна добра, таму млынар Ян Стшыжэўскі часта даваў ёй паўмяхі мукі проста так, а жонка млынара на святы перадавала дзецям пернікаў ці цукерак. «Ты ведаеш, хто на цябе ліст напісаў? Твой родны брат. І раз ужо ён у нас герой партызанскай вайны, двойчы паранены на фронце, бальшавік.» Доктар чакаў, што зараз Стась пакліча варту, якая забярэ яго, новага ворага народа. А былы аднавясковец усё пералічваў подзвігі малодшага брата, ге­роя, адданага партыі. Гэта было невыносна. «А ты памятаеш, як ты ў трыццаць пятым годзе маю сястру ўратаваў? Ты быў студэнтам-медыкам, усё казаў, што цябе вучаць не роды прымаць, але ж мы прасілі зрабіць што-небудзь. Ну, яна і засталася жывая, і пляменнік мой таксама. Ты яшчэ яго хрысціў тады, памятаеш? І чытаць ты мяне навучыў. І канфірмаваліся мы з табой разам, у адзін дзень. І нічога я не магу для цябе зрабіць, дружа. Жонка твая ў фашыстоўскай школе працавала, а ты яе не адгаворваў. А сам ты падпісваў паперы, каб нашых людзей губіць у Нямеччыне на прымусовай працы. Кепска, братка. Вялікую паперу ён на цябе напісаў. А ён герой, і аднаго ягонага сведчання хопіць, каб цябе на месцы расстраляць. »

Варты Стась не выклікаў. Увогуле ён нічога болей не сказаў, гэты афіцэр СМЕРШа, які калісьці быў бедным вясковым хлопцам. Проста загадаў ісці і чакаць далейшых распараджэнняў. Іх не было ні дзень, ні два. Фларыян за гэты час колькі разоў бачыў свайго малодшага брата, які ўсміхаўся яму ў твар і рабіў выгляд, што нічога не адбываецца. А навошта пужаць здабычу? Раптам гэты доктар застрэліцца ці атруціцца? Паводле сюжэта гэтай трагедыі ён мусіў ісці па этапах і піць келіх да дна.

На трэці дзень Казіміра знайшлі з прабітай галавой недзе ў полі. Вайна толькі што скончылася, таму пастанавілі, што гэта былі нейкія бандыты. Тады і следства па гэтай справе не мела ніякага сэнсу.

Фларыян Стрыжэўскі неўзабаве дэмабілізаваўся, прыехаў у Полацк, куды яго якраз накіравалі на працу, забраў з сабой жонку і сына, а потым у яго нарадзілася дачка і яшчэ адзін сын. І там ён пражыў аж да скону. Праўда, у першы год пасля вайны ў яго трэсліся рукі і апераваць ён не мог. А потым жыццё неяк наладзілася і шмат чаго забылася. Пакуль унукі не разварушылі старое. Дзед памёр у дзевяноста чацвёртым годзе — тады яшчэ можна было варушыць. Пазней адзін з унукаў, як некалі і ягоны прадзед, паехаў зарабляць грошы за акіян і мала каму ў іхнай радзіне стала цікавая гісторыя той Ісмены. Гісторыя, у праўдзівасць якой у сям'і мала хто верыў, але якую ўсе ведалі на памяць, як верш са школьнай хрэстаматыі.

Дон Джавані зноў спакушае сялянскую дзяўчыну: ён зменіць ейны лёс, прынясе ёй шчасце. Дзэрліна ўжо не мае сілаў супраціўляцца.

Была амаль дзявятая раніцы, калі Ірына раптам падскочыла на ложку, растаўкла Грынкевіча і загаварыла пра тое, што ў гэты час яна мусіць ужо быць у кансерваторыі. Грынкевіч прапанаваў ёй прыдумаць адгаворку. Ірына тэлефанавала свайму педагогу і казала нешта пра адчуванне жудаснай ацёчнасці ў насаглотцы, пра першы дзень менструацыі і пра мігрэнь. Цяжка было сабе ўявіць, што ўся гэтая трасца магла адразу наваліцца на адну-адзіную студэнтку-вакалістку.

— Ну, вось мы і адыгралі гадзінку-другую, — сказаў ён, ловячы дзяўчыну за лытку. — Хадзі сюды.

І яна зноў узвышалася над ім, як каралева на троне. І ён зноў прымусіў яе скарыцца. Яна перастала стрымліваць сябе — ейныя рухі былі як танец захмялелай вакханкі. Ён прыспешыў фінал, і яна, шчаслівая і стомленая, накрыла ягоны твар сваімі валасамі, дакрануўшыся да якіх, можна было памерці.

Потым Ірына плёскалася ў лазенцы, потым у яго на вачох заплятала валасы ў той самы «каласок», з якім прыйшла сюды. Ён стаяў з кубкам кавы ў руцэ і глядзеў на ейныя зборы. Думкі, якія прыйшлі да яго сёння пад ранак, у тыя хвіліны афармляліся ў жыццёва важнае рашэнне.

Джавані робіцца настойлівым і нецярплівым, пакуль Дзэрліна нарэшце не кажа: хадзем.

— Як ты ставішся да старадаўняй музыкі? Маю на ўвазе перыяд недзе ад Пергалезі да Моцарта ўключна?

Ірына папраўляла перад люстэркам кофтачку. Замест адказу яна толькі паціснула плячыма.

— Праз год я адсюль усё адно з'еду, — працягваў Грынкевіч, дапіваючы сваю каву. — Ты ж ведаеш, я рыхтую сабе базу ў Маскве.

Ірына нарэшце адказала:

— Мяне цікавіць гэтая музыка. Але дзе я буду набіраць іншы рэпертуар? Калі я слушна цябе зразумела.

Грынкевіч прамаўчаў, быццам спрабуючы выканаць у галаве нейкае арыфметычнае дзеянне.

— Табе нішто не замінае слухацца там у розных тэатрах. І калі паралельна ў цябе нешта атрымаецца, я буду толькі шчаслівы. Вядома ж, столькі грошай я не маю.

— Затое ў цябе ёсць чароўная палачка, якая заўсёды з табой, — смеючыся прамовіла Ірына і прытулілася да яго. — Паглядзім на вашыя паводзіны, маэстра. У вас яшчэ цэлы год выпрабавальнага тэрміну.

Джавані і Дзэрліна спяваюць пра тое, што іх цяпер чакае чыстае каханне.

Праз колькі хвілінаў яна ўжо бегла ўніз па схо­дах. А Грынкевіч думаў, як хутка і нечакана жыццё само скіравала яго ў патрэбнае рэчышча. А яшчэ дзень таму ён цьмяна ўяўляў, хто яна для яго і куды іх завядзе гэты адчайны раман. Няма нічога больш натуральнага, калі прыгожая спявачка робіцца сяброўкай дырыгента. Хай сабе ў яе не мядова-цёплы тэмбр голасу і хай сабе яна ніколі не назаве яго — Herr Kapellmeister.

Цяпер ён нават меў чым абнадзеіць маці, калі яна задасць яму сваё адвечнае пытанне пра ўнукаў.

Яны разам рука ў руцэ ідуць у дамок дона Джавані.


Сцэна X


Тыя самыя і донна Эльвіра, якая раз'юшана накідваецца на дона Джавані.

Рэчытатыў «Fermati, scellerato!».

Грынкевіч не меў рацыі, калі меркаваў, што Маша будзе разумнай дзяўчынкай і нарэшце возьмецца адбудоўваць уласнае жыццё. Цудоўнае і правільнае жыццё ў Маскве, у якім потым знойдзецца месца каму хочаш, толькі не гэтаму маладому дырыгенту з цьмянымі перспектывамі і няпростым характарам. І дарма ён спадзяваўся, што цяпер Маша ўсё зразумела. Проста апошнія колькі тыдняў ён быў у эйфарыі: уласны спектакль, Ірына.

Але ён недаацаніў сваю вартасць у вачох Машы: ён жа меў пакой у камунальнай маскоўскай кватэры, якая неўзабаве падпадзе пад рассяленне. Гэта значыць, што можа з'явіцца асобная кватэра, хай сабе і не ў цэнтры горада, але яе потым можна прадаць, дадаць тых грошай, якія засталіся ад продажу бабулінага дома ў Краснадары, пажаніцца, узяць іпатэку, завесці дысконтную картку ў будаўнічым гіпермаркеце, займець вясельны альбом, стварыць акаўнт на мамскім форуме. Маша сапраўды планавала жыццё як мінімум на пяць гадоў наперад і вельмі цяжка адмаўлялася ад сваіх планаў.

Калі на наступны дзень зранку Грынкевіч прыйшоў на працу, то ўбачыў у фае каля вахты Машу ўласнай персонай. Яна піла шакалад з аўтамата і міла шчабятала з начальніцай бюро перапустак Антанінай Іванаўнай, для сваіх — цёцяй Тоняй. Два ахоўнікі не звярталі на яе ніякай увагі, а значыцца, госця мінула круцёлку вахты на нейкіх легітымных падставах. Ну а што? Цёця Тоня чамусьці вельмі апекавалася ўсімі жанчынамі Грынкевіча, нават калі ён не афішаваў адносіны з імі, проста нейкім нюхам іх адчувала. Вось і з Ірынай апошнімі днямі яна абыходзіцца вельмі міла. Казалі, што Антаніна Іванаўна «адмытая цыганка», але на цыганскіх картах варажыць умее.

Зрэшты, пра адносіны з Машай увесь тэатр тады ведаў і без цёці Тоніных картаў.

Донна Эльвіра крычыць дону Джавані, каб ён спыніўся. Яшчэ ёсць час, каб уратаваць гэтую няшчасную і нявінную авечку Дзэрліну ад гнюсных пасягальніцтваў вядомага свавольніка.

«Ябі вашу маць, хто яе сюды пусціў?!» — хаце­лася зараўсці Грынкевічу, як дзіку, абвешанаму зграяй псоў. Як быццам нешта можна выправіць і адхіліць: нават калі скінуць з сябе псоў, нават калі пабегчы і ад шоку набраць нечуваную хуткасць, каб кулі паляўнічых цябе не дасталі, — усё адно ж памрэш ад нанесеных ран. У роднай пушчы ля родных балот, з'едзены мухамі і чарвякамі, але не абсмалены на вогнішчы.

Горш за ўсё было тое, што сёння была спеўка з удзелам Ірыны. І Грынкевіч якраз хацеў асцярожна пагутарыць, каб тая вучыла Дзэрліну, ведаючы, што такое паніжэнне можа ўдарыць па самалюбстве. Яна б паслухалася, але нечаканае з'яўленне гэтай вар'яткі прымусіць Ірыну думаць пра што заўгодна, але не пра оперу. І не пра іхную будучыню, эскіз якой яны ледзь-ледзь пачалі маляваць.

Маша дапіла шакалад і з выглядам трыумфатара рушыла да Грынкевіча. Ейны позірк мог выражаць што хочаш, апроч натуральнага ў гэтай сітуацыі пытання: «А што я тут раблю?».

Загрузка...