«Што бацуку палорыш? — пацікавіўся Грынкевіч. — Мне дык флцік замлвілі. У іх яшсэ старая студкавая мыдьніца, лтчбы яну сабе не займклі ніякайю Провіць неўта без пржтэнзіяш».
«Мне замаўлялі вэб-камеру, — адказаў Віктар. — Хоча, каб унук яго жыўцом бачыў».
«Які ш нас тжхнісна прасунутв тата! Ну жы годзеб нармальныч падарункію Я ш Маскву на дзень прыкдуб якраз неўта паўука.ю па крамазБ каб ужо не зусім без пржтэнзіяш».
«Угу, — адрэагаваў брат. — А што ў цябе з клавай? Кірылічныя літаркі сцёрліся?»
«Ды не. — Грынкевіч павагаўся колькі хвілінаў і нарэшце выдаў, спрабуючы сачыць за сваёй аплікатурай: — Ты на мяне не злуешся за тую нашую сварку?»
«Алесь. Ды ты чаго. Хіба я цябе не ведаю.»
— адказаў Віктар і паставіў смайлік.
Напаўзабытае «Алесь» прыспела яго знянацку, але Грынкевіч нават не ведаў, здзівіла яго гэтае імя ці ўсё ж кранула. Ён быў занадта п'яным, каб корпацца ў такіх эмацыйных нюансанх. На тым браты і развіталіся, вырашыўшы, што болей пагавораць ужо пры сустрэчы.
Дон Джавані адбірае ў Лепарэла вопратку і аддае лёкаю сваю.
Сцэна ІІ
У вакне гатэля, ля якога стаяць Дон Джавані і Лепарэла, з'яўляецца донна Эльвіра. На вуліцы бярэцца на цемру, надыходзіць ноч.
№ 15: Тэрцэт «Ah! Taci, ingiusto core...».
«Кажаніху» Грынкевіч вельмі любіў. На гэтым спектаклі ён шторазу выходзіў да пульта ў стане лёгкага рамантычнага ачмурэння, эйфарыі, як у першыя хвіліны пасля таго, калі ў навагоднюю ноч табе ўдарыла ў галаву шампанскае. А калі ён сустрэў Ірыну, гэтая музыка набыла новы смак і водар. Ірына на праслухоўванні ў тэатр якраз спявала куплеты Адэлі, бо трэба было, апроч Снягуркі, паказаць нешта з бягучага рэпертуару. Аляксей уводзіў яе ў «Кажаніху», і на гэтым спектаклі, уласна, і завязаўся іхны раман.
Донна Эльвіра вядзе пафасны дыялог з уласным сэрцам, просіць яго супакоіцца і не сумаваць па няверным свавольніку.
Але чым бліжэй была прэм'ера «Дона Джавані», тым складаней было адцягвацца на шараговыя спектаклі. Ён ужо быў занадта ў Моцарце, гэты матэрыял пранізаў яго настолькі, што на іншую музыку ён рэагаваў быццам чалавек, якому пералілі чужую групу крыві. А сёння яму яшчэ трэба было паспець на цягнік да Масквы, які адыходзіў праз сорак хвілінаў пасля сканчэння спектакля. Таму калі Вася ўзяўся яго замяніць, Грынкевіч гатовы быў палюбіць студэнта болей за родную маці. Стажор даўно ўжо вучыў гэтую партытуру і нават правёў некалькі рэпетыцый. Так што дзядзечка-галоўны дабраславіў пляменнічка стаць за пульт дырыгента.
Зрэшты, ад страхоўкі Грынкевіч не вызваліўся, але ж яна давала магчымасць уцячы з тэатра роўненька з фінальным акордам «Кажаніхі» і спакойна паспець на вакзал. Ён і прыйшоў на працу з рэчамі, прыкладна за дзесяць хвілінаў да пачатку. Зала сёння была няпоўная, таму Грынкевіч у той самы момант, калі давалі трэці званок, пайшоў у партэр. І ледзь не сутыкнуўся з Марго. Толькі цяпер ён сцяміў, што пра замену дырыгента нідзе не паспелі паведаміць, вось яна і прыляцела.
На ёй была нейкая, відаць дызайнерская, бясформенная чорная шмотка з люрэксам, у якой кабета сапраўды выглядала як той маскарадны кажан. Убачыўшы яе краем вока, Грынкевіч гайсануў да бакавога ўвахода ў партэр. Разам з ім шукаў месца Міша. Дырыгент, нічога не гаворачы, зірнуў на сябручка, кіўнуў галавой у бок Марго, якая акурат заняла сваё месца, і вельмі выразна скрывіўся. Міша ў адказ таксама моўчкі зрабіў жэст, які азначаў: «Усё будзе ў шакаладзе!», — і праслізнуў на вольнае месца побач з прыхільніцай.
Лепарэла папярэджвае гаспадара, што ў акне з'явілася Эльвіра. Аднак у Джавані свае планы: яму трэба завабіць Эльвіру на вуліцу, каб яна сышла з дому гэтай ноччу. Ён становіцца за спінай у Лепарэла, апранутага ў адзенне шляхетнага кавалера, і пачынае жарсна прызнавацца Эльвіры ў каханні.
Грынкевіч спакойна прызямліўся амаль за спінай у Марго, ужо ведаючы, што яе ўвагу адцягнуць. На жаль, менавіта сёння яму трэба было сесці бліжэй да яміны, каб не толькі пачуць, але і ўбачыць, а потым у дэталях абмеркаваць Васеў дэбют у «Кажанісе». Калі стажор быў такім ласкавым і выйшаў на замену, трэба яму аддзячыць канструктыўнай крытыкай.
Святло ў зале згасла, ля бар'ера ў яміне паказалася стажорская мазгаўня. Вася павярнуўся да залы і з дэбільнаватай усмешкай раскланяўся перад гледачамі. Яму даволі квола папляскалі. Потым кандуктар вельмі доўга рыхтаваўся-засяроджваўся, нібыта яму трэба дырыгаваць не Ёгана, а Рыхарда Штрауса. Нарэшце ён пачаў. Грынкевічу стала нудотна праз якія паўхвіліны, бо Вася, выглядала на тое, на гэты раз вырашыў папрацаваць метраномам. Праўда, гэта было лепей за эмацыйна-артыстычную жэстыкуляцыю пад аркестр, які пры гэтым сам выкручваўся як мог, без кіравання. N-скі Фуртвенглер падрастае, хай яму трасца!
Міша заляцаўся да Марго, і гэта выглядала камічна. Ужо адна патыліца Марго, нягледзячы на паўзмрок, выдавала расчараванне: яна прыйшла на іншага дырыгента. Праўда, менавіта цяпер
Грынкевічу прыйшла ў галаву думка, што трэба нарэшце ёй сказаць, што нічога, маўляў, адказаць на вашу ўвагу не магу. Марго перастане з энтузіязмам праплачваць тэатру тыя ці іншыя выдаткі? Начальства раззлуецца? Хай сабе, знайшлі тут ракавога мужчыну, альфонса, можна сказаць. Няхай вунь Міша яе абкручвае, ён смазлівы, бабам падабаецца. Але сутыкнуцца з ёй менавіта сёння Грынкевіч усё ж быў не гатовы.
Эльвіра ў цемры не разумее падману. Яна прымае Лепарэла за дона Джавані, чый голас пачула.
Спектакль увогуле быў сумным, таму, напэўна, на яго ўжо кепска хадзіла публіка. Мала таго, што стары, з амаль спарахнелымі касцюмамі і дэкарацыямі, дык сёння яшчэ ішоў страховачным складам салістаў. Адэль спявала неабаяльная немаладая субрэтка з не самай удзячнай, як на гэтае амплуа, фактурай — хударлявая, пафарбаваная ў агніста-рудую, нейкая драпежна-дзікая. Адэль у ейным выкананні атрымлівалася ненавісніцай мужчын, увасабленнем найгоршых абывацельскіх уяўленняў пра феміністак. Яе ўжо даўно паздымалі з партыяў Сюзанны, Стасі, Мюзэты, але за Адэль яна трымалася моцна. Як і большасць артыстак, яна не хацела развітвацца са сцэнай і цалкам сыходзіць у педагогіку. Ёй яшчэ не сказалі, што з новага года кантракт з ёй не працягнуць, нават пра разавыя выступы не можа ісці гаворкі. Дзіва, што такія навіны сарафаннае радыё звычайна не транслюе, а вось хто, з кім ды калі.
Грынкевіч падумаў пра Ірыну, упершыню, можа быць, за ўсе дні пасля скандалу паспрабаваў зразумець, навошта ён гэта ўчыніў. Рэфлексія, ад якой ён уцякаў у п'янкі, раптам дагнала яго падчас гэтага нудотнага тэатральнага паказу. А што Ірына? Ірына цяпер у любым выпадку вольная, цёця Тоня ўжо прынесла на хвасце, што з Собалевым яны пасварыліся і назад яе алігарх не прыме. А ён, Аляксей Грынкевіч, натуральна, ушлёпак, але не такі ўжо паганы, каб не даць яму самага апошняга шанцу. Урэшце, ён малады, абаяльны ды ў дадатак таленавіты. Таму трэба як найхутчэй мірыцца з Ірай, а потым забіраць яе за сабой у Маскву, як і думаў раней, пакуль сюды не прыехала Анна. Ва ўсім вінаватая Анна, так было заўсёды.
Ідэя спісаць усё на Анну падзейнічала на яго асвяжальна. Ледзьве прычакаўшы антракту, Грынкевіч зляцеў са свайго месца і памкнуўся шукаць Іру. Міша гэтым часам паспяхова забаўляў Марго і, здавалася, уваходзіў у смак ад ролі кавалера на вечар. Дырыгент толькі хмыкнуў.
Ірыну ён знайшоў не адразу. Яна, як выявілася, сядзела ўнізе ў бюро перапустак і размаўляла з чуллівай цёцяй Тоняй. Ён увайшоў і павітаўся, запрасіў Іру на пару словаў. Тая збянтэжылася, відаць, таму, што ён цяпер не саромеўся звяртацца да яе на людзях. Але менавіта ў збянтэжаным стане жанчына лепей вядзецца на мужчынскія прапановы. Нават куды больш шалёныя, чым размова на пару хвілінаў.
Джавані з-за спіны Лепарэла настойліва запрашае Эльвіру выйсці да яго.
— Што табе яшчэ трэба? — запыталася яна, сядаючы побач з Грынкевічам на канапу ў холе.
— Іра. Будзеш цяпер на мяне да скону злавацца?
Дзяўчына ўпарта маўчала, але калі ён накрыў
далоняй ейную далонь, рукі не прыбрала. Тым не менш маўчанне рабілася ўсё больш напружаным, а час антракту ляцеў хутка. Зразумела, фае службовага ўвахода было не найлепшым месцам на замірэнне, але Грынкевіч хацеў вывесці гэты дысананс яшчэ да ад'езду.
— Урэшце, што такога адбылося? — зайшоў ён з іншага фланга. — Успрымай гэта як прыкол. Галоўнае, цяпер не трэба ні ад каго хаваць нашых стасункаў.
— Каб нешта хаваць, трэба гэта мець, — раптам заявіла спявачка. — Няма ў нас больш ніякіх стасункаў.
Яна вызваліла руку з яго далоні і паспрабавала ўзняцца. Грынкевіч яе ўтрымаў.
— Табе ўдалося памірыцца з Собалевым?
Ірына паматляла галавой.
— Тады ў чым праблема? З'едзем праз год з гэтага гадзючніка, і ніхто нават не згадае.
— Ну, што з'едзем, гэта дакладна. Але ў розныя бакі.
Тут Грынкевіч насцярожыўся. Ён пачаў перабіраць у галаве розныя версіі, але ніводная з іх не падавалася яму дасканалай.
— А ў Маскву ты са мной не паедзеш? Ніякіх супольных планаў у нас з табой больш няма?
Ирына зноў прысела на канапу, склала рукі на грудзях і глуха, з меладэкламацыйнай інтанацыяй прамовіла: «Е tardi». Па гэтай інтанацыі Грынкевіч адгадаў кантэкст, але тут у голасе Ірыны не было роспачы — была сатысфакцыя. Ён насцярожыўся яшчэ болей.
Эльвіра кажа, што не верыць нявернаму і няўдзячнаму свавольніку. Джавані моліць дараваць яму — і прымушае Лепарэла ўкленчыць і біць сябе кулаком у грудзі. Лёкай ледзь стрымлівае смех.
— Што значыць — «tardi»? — запытаўся ён, спрабуючы зрабіць з гэтага жарт, а потым ціхенька праінтанаваў: — «Судьба моя уж решена, я отдана теперь другому. » Але ж гэта не твой рэпертуар.
Іра глыбока ўздыхнула, як перад доўгай кадэнцыяй у арыі. Нарэшце яна загаварыла, і кожнае ейнае слова было як укус шэршня. З ейнага не такога ўжо працяглага, але ёмістага маналога вынікала, што на яе нейкім вычварным чынам выйшла Маша. Больш за тое, два дні таму Іра ездзіла па справах у Маскву і там з Машай піла гарбату. А за імбрыкам гарбаты Маша выклала перад ёй усю-ўсю сваю санта-барбару з Грынкевічам. І добра, калі б яна казала толькі пра сябе, але яна і Анну прыпляла.
— Тое, што яна і ёсць Н., якая табе кніжку падпісала, я зразумела ў першыя ж дні, бо ты яе ўвесь час Нютай называеш. А потым я згадала, як мы з табой ляжалі і за вокнамі шамацеў дождж. І ты сказаў, што любіш дождж, што калі быў твой першы раз, таксама ішоў дождж. Маша казала мне, што ты Анну заўсёды выцягваў з бруду. Што яна танчыла стрыптыз, каб пракарміцца, а ты пра гэта даведаўся, узяў нейкую халтуру і грошы цалкам аддаваў Анне. — прамаўляла Іра, пачынаючы здаваць, бо не магла больш трываць гэтага тону дзяржаўнага абвінаваўцы. — Я ўчора ўвесь дзень думала пра ўсю гэтую гісторыю. Ведаеш, калі ты столькі гадоў на ёй вісіш, дык нават калі яна з'едзе далёка і выйдзе замуж, а я паеду следам за табой у Маскву — што гэта па сутнасці зменіць? Я ніколі не стану такой, як яна. І, блін, я буду ведаць, што ў мяне ногі даўжэйшыя і цыцкі прыгажэйшыя, што я ўвогуле зорка, а ты ўсё адно на ёй вісіш!
— Досыць. — папрасіў Грынкевіч, якому раптам стала сапраўды балюча, як быццам прыпякло.
— Я не мужчына, каб зразумець, што ў ёй такога асаблівага: даволі звычайная фігура, хіба што пластычная вельмі, рот вялікі, профіль ахматаўскі. Маша казала, што ты заўсёды быў побач з ёй, нават калі яна хадзіла ў драных джынсах, з пірсінгам і з чырвонымі валасамі вожыкам. Магу сабе ўявіць, што Маша адчувала, а яна ў параўнанні з Аннай проста шыкоўная. І пэўна ж, ты яе пры гэтым хацеў.
— У тыя часы я яе не хацеў. Гэта праўда. Але быў такі момант, калі аднойчы мы сядзелі на канапе перад тэлевізарам і проста супольна маўчалі. У нас гэта называлася «супольнае маўчанне», і мы ад яго лавілі кайф. І ў пэўны момант яна проста схавала твар у мяне на плячы. І мне было так добра, што я не падбяру словаў, каб гэта апісаць. І я тады не думаў пра сэкс. Немагчыма ўвесь час думаць толькі пра сэкс. А яшчэ ў яе незвычайныя вочы.
Ірына, відаць, хацела сказаць шмат чаго яшчэ, але тут далі другі званок і таму яна пачала скарачаць падрыхтаваны маналог.
— Я знайшла агента ў Еўропе, — адразу паведаміла яна. — Пасля конкурсу еду на дзве страхоўкі. У студзені ў мяне будзе канцэртны чос — па невялікіх гарадах, але будзе. А летам я буду паступаць у Венскую кансерваторыю. Так прасцей і з шэнгенам, і з агентамі. Думаю, кудысьці я там паступлю, не ў Вене, дык у нейкім іншым горадзе. Не так ужо і дорага там жыць і вучыцца, выкручуся. Гэта акупіцца.
— Вось яно як.
Грынкевіч спрабаваў перастрававаць гэтую навіну. Пра нешта такое ён думаў і здагадваўся, бо Ірына яшчэ летась хадзіла на курсы нямецкай мовы. Але тады яна ні пра якую кансерваторыю ў Еўропе не казала.
— Калі вы абодва, так бы мовіць, адваліліся — ты і Собалеў, — мне адразу стала лёгка і проста, — працягвала спявачка. — Я думала пра кансерваторыю ў Еўропе яшчэ курсе на трэцім. Аднойчы заікнулася пра гэта Собалеву, дык нарвалася на скандал. Я зразумела, што ён мяне туды не адпусціць, проста не хоча рабіць такой інвестыцыі. Так ён мне і сказаў. Я назапашвала грошы, так ці іначай думала, што ад яго ўцяку. А тут з'явіўся ты. У мяне сапраўды ў пэўны момант закружылася галава, і я думала напляваць на Еўропу і ехаць за табой у нікуды. Я ў цябе проста закахалася! І я не з Собалевым баялася парваць, я ім прыкрывалася, каб ты зусім маіх планаў не разбурыў.
— А ты прагматычная, — толькі і здолеў уставіць рэмарку Грынкевіч.
— Я, Лёша, рэалістка. Я не дзеля таго вучылася спяваць, каб сядзець на ўтрыманні ў правінцыйнага алігарха. І не дзеля таго ў мяне мадэльная знешнасць, каб ты ў сне называў мяне Аннай. І ўвогуле я хачу, каб мяне не толькі набывалі і не толькі хацелі, а проста кахалі. Калі з'явіцца нехта, нават без грошай і не з такімі інтымнымі здольнасцямі, як у цябе. Я буду проста ўдзячнай, калі мяне будуць кахаць. Мяне саму, а не мяне-карцінку. І я таксама буду туліцца да яго пляча, седзячы ля тэлевізара. Я ўдзячная Собалеву за грошы і сувязі, а цябе. Цябе я буду проста памятаць, бо гэтага нельга забыць.
Донна Эльвіра вагаецца, як большасць закаханых жанчын, яна спрабуе адшукаць апраўданні паводзінаў дона Джавані. Той працягвае маліць пра спатканне.
У яе крыху пачырванелі вочы — бачна было, што яна зараз заплача. Грынкевіч толькі сказаў ёй ціхае: «Даруй», — і дакрануўся да дзявочай шчакі пальцамі. У адказ на гэтую развітальную пяшчоту яна сапраўды заплакала і пайшла некуды ў бок грымёрак. Грынкевіч, якому пасля гэтай размовы зрабілася яшчэ горш, вярнуўся ў глядацкую частку. Ён сеў на гаўбцы, бо глядзець на Васю зблізу ўжо не мела сэнсу, і так з ім усё зразумела. Убачыў са свайго месца Мішу, які вёў Марго пад руку, але цяпер гэтая карціна ўжо не выклікала ў яго ніякіх эмоцый, нават весялосці.
Дзіўным было нейкае інтуітыўнае адчуванне, быццам ён болей ніколі не пабачыць Ірыны. Сапраўды, яна аформіла адпачынак на цэлы месяц, будзе рыхтавацца да конкурсу, пасля сам конкурс, але ж у снежні яны яшчэ нібыта сустрэнуцца. Дый да канца сезона ім разам працаваць. Але адчуванне ўсё адно было дзіўным і трывожным.
«Заўсёды няпроста пераношу лістапад. А сёлета мне асабліва складана, — напісаў ён СМС Анне.
— Як лічыш, калі я не буду думаць пра свае прадчуванні, яны не спраўдзяцца?»
«Не захапляйцеся віном, Herr Kapelmeister», — нечакана хутка адказала Анна.
Донна Эльвіра сыходзіць.
Рэчытатыў «Amico, che ti par?».
Цягнік прыбыў у Маскву раннім ранкам — той парою, якой Грынкевіч не любіў. Ён думаў, як зараз прыйдзе ў сваю камуналку на Маякоўцы, як сустрэне там процьму народу на кухні, бо ўсе нармальныя людзі праз гадзіну паўскокваюць з ложкаў і пойдуць рабіць сабе сняданак з кавай перад выхадам на працу. Звычайна ён нічога не меў супраць кухоннай мітусні, але сёння яму нязвыкла хацелася пабыць на самоце, а сядзець па кавярнях на Яраслаўскім вакзале яму не хацелася. Ён няспешна рушыў да шапікаў, набыў немаведама навошта газету, хоць даўно прызвычаіўся чытаць навіны ў інтэрнэце. Потым гэтаксама няспешна, наколькі гэта магчыма ў Маскве, дзе горад сам задае чалавеку тэмпарытм існавання, пасунуўся ў метро. Сёння ён супраціўляўся гэтаму тэмпарытму, ён уключаў увесь назапашаны за амаль дзевяць гадоў у N правінцыялізм.
Джавані весела пытаецца ў Лепарэла, што той думае наконт гэтай прыгоды. Лёкай кажа: душа ў вас, гаспадар, як з бронзы. Джавані дакарае: зноў яму чытаюць маралі!
Правінцыялізмам было выцягнуць у маскоўскім метро партытуру «Дона Джавані» і пачаць яе паўтараць. Навошта? Усё адно ў такі час ён не здольны быў завучыць нічога новага, а вось рызыка страціць пільнасць і стаць ахвярай кішаньковых злодзеяў павялічвалася. Але ён раптам зразумеў, чаму яму закарцела разгарнуць ноты. Толькі ўчора ён нечакана заўважыў пазнакі нябожчыка Аляксандрава. У тэатральнай бібліятэцы нехта паспеў ужо павыціраць іх, але Грынкевічаў папярэднік, відавочна, карыстаўся занадта цвёрдымі алоўкамі, а таму надпісы заставаліся чытэльнымі. «Прасвятленне. яму прапаноўваюць падпарадкавацца вышэйшай справядлівасці.» — прачытаў Грынкевіч на палях побач з падкрэсленым тактам у фінальнай сцэне, дзе быў неапалітанскі сэкстакорд. Далей у той жа сцэне была яшчэ адна пазнака, якая падалася яму цікавай з практычнага гледзішча: «Рытм — перайманне рытму сэрца, паскарэнне паступовае, напружанне расце». Грынкевіч пашкадаваў, што пакінуў у N метраном, каб праверыць, як будзе выглядаць такая задума. Дый проста зараз ён гэта так ці іначай не праверыць. Але сама ідэя яго захапіла.
Падышоў цягнік, Грынкевіч склаў партытуру і кінуў яе ў заплечнік, потым праціснуўся ў вагон разам з іншай публікай. А ён усё думаў пра тэмпы, пра нарастанне напружання, пра Ананкэ. Ён прайграваў усю сцэну з'яўлення Камандора ўнутраным слыхам. І халадзеў ад жаху, бо цьмяна ўяўляў, як будзе кіраваць такой музыкай ужо на спектаклі. Яму казалі, што на рэпетыцыях ён у гэтым урыўку страчвае кантроль і таму аркестр нават разладжваецца. І ён разумеў, што ўсё робіць не так, але ўласная ўражлівасць і падсвядомая думка «па мяне прыйшлі» не дазвалялі яму быць проста назіральнікам.
Не, ён разважаў правільна, унутраным слыхам ён чуў усё так, як і трэба, а перанесці гэтыя ўяўленні на свой аркестр ніяк не мог. Раней ён мысліў іншым чынам, і нават калі бываў на рэпетыцыях нябожчыка маэстра, то думаў, што зрабіў бы ўсё на свой капыл. Чаму ж цяпер, калі выпадае магчымасць зрабіць як хочаш, ён вывучае зацёртыя рэмаркі папярэдніка?
Лёсу не існуе!
Джавані аддае лёкаю новы загад: як толькі Эльвіра выйдзе, схапіць яе ў абдымкі, нагаварыць розных слоў пра лямур-тужур, падрабіць голас гаспадара — і звесці адсюль паненку, каб не замінала заляцацца да прыгожанькай пакаёўкі.
Абвясцілі наступную станцыю — «Краснапрэсненская». Халера. Ён так задумаўся, што прапусціў сваю «Беларускую», на якой павінен быў перасаджвацца і ехаць наўпрост на Маякоўку.
Грынкевіч подумкі абазваў сябе разявам і праверыў, ці не скралі ў яго гаманец. Дзіва, але ўсе рэчы былі на месцы. Зрэшты, «Краснапрэсненская» — таксама няблага, усё адно ён не хацеў у ранішнюю мітусню быць у камуналцы. А шпацыраваць карысна. Часу шмат, на Гарбушку ён паспее дзесяць разоў да цягніка, дык куды спяшацца?
Ён выбраўся з метро і пайшоў да Садова-Кудрынскай вуліцы. Падаў рэдкі і мокры снег, напэўна, першы ў тым годзе. Прынамсі, Грынкевіч яго ў тую восень яшчэ не бачыў. Мокры снег. Быццам і цёпла апрануты, хоць і без шапкі, але выстуджвае. Мокры снег падаў на асфальт і адразу раставаў. Неданошаная зіма, каму яна патрэбная? У такое надвор'е трэба быць шчасліва закаханым ці хоць бы выйграць мільён даляраў, каб гэты мокры снег не напаўняў цябе чорнай журбой.
Мокры снег, мокры снег, мокры снег. Шэры асфальт і сівы газон. Як тады, калі ён сядзеў на падваконні і глядзеў долу з вышыні дзявятага паверха. Яму было васямнаццаць, і ён не хацеў жыць. Калі б яго тады не гукнулі, паляцеў бы ўніз разам з мокрым снегам. Ён згадваў пра гэта кожную восень. Але сёння ён чамусьці не дакараў сябе за тую слабасць і не ведаў, ці правільным было злезці тады з падваконня і зачыніць акно. Мокры, мокры снег. Мокры снег. Снег. Гэтага нельга забыць.
Праваруч ад яго былі старыя дамы, з тых, што будаваліся ў гады «мадэрну» праз меру ўзбагацелымі біржавымі дзялкамі. Адзін з іх заўсёды загадкавым чынам вабіў Грынкевіча, быццам у мінулым жыцці ён тут бываў, быццам ныраў у парадны, як у халодную ваду. Ён нават яскрава ўяўляў, як там ціха і цемнавата, як бязгучна плывуць за вокнамі дзвярэй чалавечыя постаці. Так, ён бачыў гэтыя вокны дзвярэй. А яшчэ яму ўяўлялася савецкая вахцёрка, што драмала ў фатэлі. І яна мела такі твар, які, здаецца, падазраваў усіх нават у сне. Калісьці гэты дом глядзеў з вясёлай пагардай на шумлівую вуліцу і на недарэчны сілуэт высотнага будынка непадалёк.
Але сёння гэты дом выглядаў стомленым і жоўцевым, як старая графіня з «Віновай дамы».
На Трыумфальнай плошчы ён убачыў бронзавага паэта, які ўздымаў свой грубаваты твар насустрач хмарам. На плячах Маякоўскага ляжаў снег. Помнік — побач з канцэртнай залай Чайкоўскага, дзе ў чэрвені ён сустрэў Анну.
Мокры, халодны снег.
Сцэна ІІІ
З'яўляецца донна Эльвіра.
Грынкевіч дабраўся да свайго афіцыйнага жытла каля дзясятай раніцы. У камуналцы апроч ягонага было яшчэ пяць пакояў. Насельнікі сапраўды пасыходзілі на працу ці вучобу. Тут не было пенсіянераў, яны даўно вымерлі і пакінулі квадратныя метры радні. А радня ў сваю чаргу паздавала пакойчыкі кватарантам і ціха чакала немінучага рассялення, якое ператворыць гэтыя пакойчыкі ў цэнтры Масквы ў асобныя кватэркі недзе на ўскрайках мегаполіса. Усе пакойчыкі былі занятыя, толькі Грынкевічаў пуставаў. Ён дастаўся яму даволі выпадкова. Калі памерла ягоная полацкая бабуля, выявілася, што яна пакінула кватэру яму, Аляксею. Вельмі дзіўная прыхамаць. Зрэшты, гэта можна было растлумачыць, бо дзед і бабуля ўвесь час казалі, што дзядзька, гэты актор з нерэалізаванымі творчымі амбіцыямі, — ну проста выкапаны Казік. А што такое «Казік», у сям'і цудоўна памяталі, гэтага нельга забыць. Дзядзька, былы гаспадар вось гэтага камунальнага пакоя, быў у неладах з дзедам і бабцяй, таму яго наўмысна абдзялілі маёмасцю. Тым часам ён, стары кавалер, займеў сабе праблемы са здароўем і ўжо не мог працаваць, дый ужо быў не ў змозе трываць умовы ў камуналцы. І ён зрабіў артыстычны жэст, які можна было параўнаць хіба са спальваннем карабля Арго яго капітанам Ясонам. Дзядзька заявіў, што парывае з Масквой, «сюда он больше не ездок», тут яго не ацанілі, не палюбілі, — і прапанаваў пляменніку гэты куток у камуналцы ў абмен на полацкую кватэру. Сам ён паехаў на радзіму, аформіў там пенсію і атрымаў паціху беларускае грамадзянства, а пляменнік займеў у Маскве паўтара дзясятка квадратных метраў з агульнай кухняй і прыбіральняй. Усе ў выніку нібыта былі задаволеныя. Дзядзька, гэтая Казікава рэінкарнацыя, усё хадзіў і намякаў, што пакіне полацкую кватэру ў спадчыну таму са сваякоў, хто будзе лепей за ўсіх паводзіцца. Але складаць тэстамэнт не спяшаўся. Грынкевіч, праўда, падазраваў, што тэстамэнт усё ж існуе, прычым цалкам імаверна, што кватэра пойдзе псу пад хвост і сваякі яе не пабачаць, такі ўжо ў Казіка Другога характар. Зрэшты, полацкая кузіна ўсё ж імкнулася падтрымліваць з дзядзькам добрыя стасункі. Яна мела траіх дзяцей, і лішняя жылплошча ёй бы не зашкодзіла.
Донна Эльвіра кажа: ну, вось я тут, ці магу я верыць у тое, што сэрца вашае змякчылася? Гэтак яна звяртаецца да дона Джавані, якога ўсё больш забаўляе гульня. Лепарэла не ведае, што яму рабіць далей. Так, мая дарагая, толькі і можа адказаць бедны лёкай.
Грынкевіч прайшоўся па ціхім калідоры, адамкнуў дзверы свайго пакойчыка і ўжо хацеў быў увайсці, калі заўважыў на парозе суседняга пакоя эльфа.
— О, якія людзі! — выгукнуў эльф сваім нізкім, крыху рыпучым кантральта. — Шалом!
— Шалом, Эля, — адказаў Грынкевіч, разумеючы, што без гадзінкі-другой ментальнага сэксу яго адсюль не выпусцяць.
Эля між тым прыгладзіла свае каротка стрыжаныя каштанавыя валасы. Гэтая фрызура ў спалучэнні з ейным вузкім выцягнутым тварам і маленькімі вастраватымі вушкамі сапраўды рабіла жанчыну падобнай да персанажа з англійскага фальклора. Яна была ў блакітным махровым халаце, які ледзь прыкрываў ейныя багатыя грудзі і сіратліва вісеў на зусім падлеткавых клубах. Халат быў кароткі, бо эльф ганарыўся сваімі даўжэзнымі, ад вушэй нагамі і перыядычна спакушаў імі Грынкевіча. Той не паддаваўся ні на якія правакацыі, нават калі яму аднойчы прадэманстравалі дупку, дзе не было ані намёку на цэлюліт. І гэта ў трыццаць восем, ганарліва паведаміла тады ўладальніца бесцэлюлітнай дупкі. А цяпер ёй, пэўна, ужо саракоўнік.
Між іншага, паводле пашпарта яна была Эльвірай. Зразумела, што скарочана яе называлі Эляй. Грынкевіч у думках азначаў маскоўскую суседку як эльфа, не іначай.
— Ты надоўга? — запыталася яна.
— Не, я праездам. Праверу, ці ўсё ў парадку з рахункамі, прайдуся па справах — і ўвечары ў Мінск, да бацькоў.
— Ясна, — расчаравана адгукнулася Эля. — Ты адразу сыходзіш ці можа хадзем на кухню пакурым?
Не, сыходзіць адразу ён не збіраўся, але быў бы не супраць заскочыць з дарогі ў лазенку, пакуль не набегла народу. Эля паведаміла, што зварыць кавы. Грынкевіч з радасцю пагадзіўся, бо іначай яна б стаяла ў яго над душой і бубнела голасам вядзьмаркі Ульрыкі. А яму неяк няёмка было выкладваць з торбы ўласныя майткі перад кабетай, хай сабе яна і без комплексаў. З такімі Грынкевіч рэфлекторна ператвараўся ў сціплага і старамоднага хлопчыка.
Тут Эльвіра адводзіць душу: «Бяздушны! Колькі слёз я па вас праліла, колькі пакутаў вы мне прынеслі!..». Лепарэла адно са здзіўленнем пытаецца: «Я?». — «Вы!» — адказвае Эльвіра.
Ён плёскаўся ў лазенцы, а потым галіўся хвілінаў на дваццаць болей, чым трэба. Можна было б яшчэ расцягнуць прыемнасць, аднак Эля ўжо грукала ў дзверы і вуркатала: «Вылазь, кава стыне».
Кава была ні ў якім разе не вараная, гэта была проста лыжка якога-небудзь «жакею», залітая кіпнем. Грынкевіч кінуў туды тры кавалачкі трысняговага цукру, які Эля падала на стол разам з нейкімі дзіўнымі прысмакамі. Пры гэтым яна вярзла нешта пра ведычную кухню, здаровае харчаванне і духоўнае развіццё. Маўляў, яна перайшла на ўсё натуральнае, а цукар трысняговы, бо ён нагадвае пра далёкія краіны, куды яна хоча паехаць. Яна ўвогуле марыць падарожнічаць, а бураковы цукар зазямляе яе. Калі спажываць трысняговы цукар, то гэта будзе як укладанне энергіі ў жаданне — паехаць у вандроўку па Лацінскай Амерыцы.
Потым яны курылі. Грынкевіч слухаў, як Эля несла чухню пра здзяйсненне мараў. Ён чамусьці сказаў пра свае: паехаць бы ў Еўропу на год, пастажавацца ў добрым тэатры. Але гэта нерэальна. Зрэшты, Эля была ўпэўненая, што нерэальных мараў не існуе. Яна цяпер піша казкі на выкананне жаданняў. Маўляў, калі нешта напісаць на паперы, то яно абавязкова збудзецца. Напрыклад, учора яна напісала казку пра тое, як выйграла ў латарэю вялікую суму і набыла сабе домік недзе ў чорта на рагах у Паўднёвай Азіі. Яна калісьці завісла ў тых краях ажно на два гады і далей бы там вісела, калі б яе не дэпартавалі мясцовыя праваахоўнікі.
— Напішы спачатку, што ты згубіла пашпарт і табе выдалі новы, без пячаткі пра дэпартацыю. А ў паліцыі той краіны ляснуўся камп'ютар з базай парушальнікаў візавага рэжыму, — жартам прапанаваў Грынкевіч.
Аднак Эліны мазгі абараняліся ад чужой іроніі, як аўтаматызаваная сістэма аховы ў буйным банку.
— Я яшчэ дзве казкі напісала. Хочаш, прачытаю пра мужчыну маёй мары?
Ад такой прапановы проста немагчыма было адмовіцца: Грынкевіч і рота не паспеў раскрыць, каб прамовіць: «Дзякуй, іншым разам», — як Эля сарвалася з месца і пабегла ў свой пакой. Відаць, па рукапіс.
Яна ў гэтай камуналцы кватаравала, прычым даволі даўно. Як было зразумела з расповедаў, эльф насамрэч меў двухпакаёўку недзе непадалёк, у раёне Патрыяршых прудоў, але здаваў яе, каб за нешта жыць. Атрыманых грошай хапала на арэнду пакоя блізу Маякоўкі і на духоўнае развіццё. На падарожжы іх не хапала, таму Эля пачала пісаць казкі пра выйгрыш у латарэю. Іншых спосабаў здабыць грошай яна не бачыла.
«Ах бедная, як мне шкада!» — кажа Лепарэла. Затым пачынаюцца клятвы ў каханні, вернасці і ручкацалавальніцтвы. Лёкай у касцюме гаспадара пачынае ўваходзіць у смак. Джавані назірае за гэтай сцэнай і ціха смяецца.
Увогуле эльф паходзіў з прыстойнай маскоўскай сям'і. Бацькі спрабавалі даць эльфу адукацыю, але прага духоўнага развіцця была несумяшчальнаю з вучобай. Пасля таго, як Элю адлічылі за прагулы з другога ці трэцяга інстытута запар, бацькі махнулі на яе рукой і з'ехалі ў Ізраіль. Дачка засталася ў Маскве, працягваючы тут духоўна развівацца. Захапленне праваслаўем перамяшалася ў яе з будызмам і яшчэ нейкай рэлігіяй, назвы якой Грынкевіч не мог запомніць. Увесь светапогляд эльфа зводзіўся да таго, што не ў грошах шчасце, але тым не менш яна ўжо напісала некалькі казачак, каб грошы прыйшлі ў ейнае жыццё.
Эльф неўзабаве прыляцеў на кухню з тоўстым нататнікам. Кніжачка была абгорнутая ў самаробную вокладку з падарункавай паперы, на якую былі наклееныя ці то магічныя знакі, ці то кітайскія іерогліфы. Па ўсім было відаць, Эля грунтоўна падыходзіла да ажыццяўлення мараў.
— Ну, слухай... — пачала яна і аднатонна забубнела сваю казку.
Грынкевіч курыў і думаў, навошта ён траціць час і энергію на гэтую цётку. Ён інстынктыўна баяўся вар'ятаў, асабліва вар'ятак — духоўных і сэксуальна заклапочаных адначасова. А Эля чытала казку пра тое, як яна выйграла ў латарэю нейкую страшную колькасць расійскіх рублёў. Пасля яна падрабязна апісвала, як набывае на гэтыя расійскія рублі амерыканскія даляры, дарожныя чэкі ці нешта ў гэтым родзе, як заводзіць сабе міжнародную даляравую картку Visa. Потым было падрабязнае апісанне візітаў у салоны прыгажосці, дзе ёй прыбіралі мімічныя зморшчыны і рабілі бесцэлюлітную тушку дасканалай. Далей Эля апісвала, як набывае квіток, сядае ў самалёт і ляціць у Аргенціну. Пасля фантазія заносіла яе ў дарагі пяцізоркавы гатэль з басейнам і пляжам на беразе акіяна. На пляжы эльф удзень прымаў сонечныя ванны і часам плаваў. І вось аднойчы эльфа ледзь не ўгрызла акула, але яе ўратаваў высокі, шыракаплечы і загарэлы мача. Ён вынес знепрытомнелага эльфа на бераг і пачаў выводзіць цётку з шокавага стану. Дзеля гэтага мача зрабіў ёй штучнае дыханне рот у рот. Далей былі спецыфічныя эмацыйныя перажыванні эльфа. Нарэшце гераіня казкі вярнулася ў рэчаіснасць і павяла з мача сур'ёзную інтэлектуальную размову на англійскай мове. Мача выявіўся не толькі прыгожым, смелым і сэксуальным, а яшчэ і адукаваным, а таксама схільным да духоўнага развіцця веганам. Скончылася казка сцэнай тантрычнага сэксу і ўзаемным духоўным прасвятленнем.
Дакурыўшы пад гэтую казачку яшчэ адну цыгарэту, Грынкевіч раптам зразумеў, навошта ён не пасылае Элю ў далёкую эратычную вандроўку: яго зноў апанавала прадчуванне нейкай бяды, а эльфічнае бубненне як быццам драбніла каменьчык незразумелай трывогі, што варушыўся ў грудзях.
— Эльвіра... — нарэшце вымавіў ён. — Ты хочаш шмат грошай?
Эльф ледзь не выпусціў з рук сваю магічную кнігу казак, бо Грынкевіч прамовіў гэта такім тонам, быццам хацеў прапанаваць ёй тую самую страшную колькасць расійскіх рублёў, якія цётка спадзявалася выйграць у латарэю.
— Ну! — выдыхнула яна.
Джавані разумее, што гэтых птушачак варта напужаць, каб яны хутчэй адляцелі і не заміналі яму ў ягоных залётах. Ён дастае шпагу і ўсчынае гармідар, як быццам з некім б'ецца.
— Ты пачні пісаць жаночыя раманы. Разгарні гэтую казку так, каб набралася на кніжку. На маленькую такую, каб можна было ў торбачку пакласці і ў метро чытаць. Прыдумай гераіні мужа-алкаголіка, ад якога яна ўсё не можа сысці. А тут латарэя. Заробіш сабе бабла і паедзеш у сваю Бразілію ці Венесуэлу, куды ты там хацела.
— У Аргенціну! — пакрыўджаным голасам адказала Эля. — Гэта не казкі, гэта магія. Ты разумееш, ёсць такая штука пад назвай сінхранізм.
Гэта не жарт. Мне мой гуру растлумачыў, што калі я пішу казкі ў свой нататнік і бясплатна, яны будуць працаваць на мяне. А калі я іх апублікую, то яны пачнуць спрацоўваць на іншых. Я напішу такую гісторыю, а сама застануся на бабах. Затое іншая дзяўчына пойдзе і выйграе ў латарэю, а потым пазнаёміцца з файным аргенцінскім хлопцам.
— Ты цяпер дзе-небудзь працуеш?
Эля паматляла галавой. Яна пачала тлумачыць, што сталая праца замінае ёй выконваць рытуалы і духоўныя практыкі, а разовая праца — ніжэйшая за яе годнасць. Зрэшты, пакуль ёй хапае грошай, яна не скардзіцца. Нядаўна яна завяла сабе бойфрэнда «дзеля здароўя». Ён, штопраўда, не веган з Лацінскай Амерыкі, а студэнт з Афрыкі, затое ў яго здольнасць трахацца па некалькі гадзін без перапынку і сапраўдныя дваццаць два сантыметры шчасця. Грынкевіч пасаромеўся запытацца, ці карыстаецца яна прэзерватывамі, бо ВІЧ і ўсё такое.
Напужаная гэтым гармідарам донна Эльвіра ўцякае разам з Лепарэла.
— Дарэчы, сніла я цябе, — нечакана заявіла Эля. — Літаральна ўчора.
— І што? — пацікавіўся Грынкевіч, засцерагаючыся новых сэксуальных намёкаў.
— Ды нічога. мутны нейкі быў сон.
— Ты ж мяне так не пужай, — весела адказаў ён, — а то мне сёння ўначы ў Мінск ехаць, раптам цягнік з рэек сыдзе.
— Цягнік не сыдзе, — з сур'ёзнасцю адказаў эльф. — Але. Ну, ды нічога.
Раней такія заявы Грынкевіч успрыняў бы як чарговае дзівацтва, але сёння яму стала ніякавата.
— Усё адно лёсу няма, — сказаў ён. — Ты ж сама пішаш казкі, каб жаданні здзяйсняліся. А калі б лёс існаваў, ты іх не пісала б, ці не так?
Эля не знайшла, як на гэта запярэчыць, праўда, на развітанне ўсё ж паабяцала, што напіша казку, як ён трапіў у Еўропу на стажаванне. У пачатку казкі ён знойдзе на мэйле ліст. Грынкевіч падзякаваў ёй за каву і духоўныя прысмакі, хутка сабраўся і выйшаў у горад. Пакуль ён аплачваў рахункі і гойсаў па крамах у пошуках падарунка для бацькі, адчуванне невытлумачальнай тугі і трывогі як быццам адступіла. Пад вечар ён згадваў пра свае ранішнія настроі як пра слабасць і дурасць. А калі ён садзіўся ў цягнік на Беларускім вакзале, то ўжо нават з радасцю думаў, што нарэшце пабачыць сваякоў.
Свавольнік задаволены: сам лёс дапамагае яму. А цяпер ён праспявае для прыгажуні серэнаду.
№ 16: Канцанета «Deh vieni alla finestra...».
Джавані спявае, акампануючы сабе на мандаліне.
Дзень, у які Грынкевіч набываў квіток на цягнік «Масква — Брэст», быў яўна сатанінскім месяцовым. Бо як іначай растлумачыць тое, што разам з ім у купэ апынуліся два беларускія будаўнікі, якія ехалі да Оршы? Звычайна яны набываюць плацкарт, але гэтым, відаць, не хапіла месцаў, а дадому трэба было вельмі тэрмінова. Ён ужо прадчуваў, як яны стануць выпіваць танную гарэлку і заядаць яе нейкай таннай вэнджанай каўбасой, можа нават прапануюць далучыцца; будуць смярдзець нямытымі шкарпэткамі і храпець на ўвесь вагон. Ратавала хіба тое, што яго месца было ўверсе, а спадарожнікі выкупілі дзве ніжнія паліцы. Калі ты ўверсе, дык храп не так б'е па вушах. Грынкевіч закінуў свой багаж у нішу над уваходам і прысеў знізу пачакаць, пакуль праваднік прыйдзе сабраць квіткі і раздасць бялізну. Зрэшты, гэта ж брэсцкі цягнік, тут нават у купэ ты не застрахаваны ад такіх суседзяў, трэба было не шкадаваць грошай і браць «адзінку».
Цягнік ужо рушыў, калі ў купэ зазірнула дзяўчына ў цёмна-сінім паліто, у смешнай падлеткавай чырвонай шапцы і з валізкай на колцах. Напэўна, першыя, каго яна заўважыла, былі гастарбайтары, таму паненка крыху збянтэжылася.
— Шаснаццатае месца — гэта тут? — запыталася яна з яўнай надзеяй, што гэта ўсё ж не яе купэ.
— Тут, тут, — буркнулі гастарбайтары.
Яны, відаць, былі далёка не шэрымі ваўкамі і
не збіраліся нападаць на гэты чырвоны каптурок, таму дзяўчына крыху паспакайнела. Грынкевіча яна спачатку і не заўважыла, але ж ён заўважыў і адзначыў усё, што магло быць яму цікавым. Значыцца, у яе шаснаццатае верхняе месца. Будзе суседкай. А паненка выявілася сімпатычнай —
Грынкевіч ацаніў гэта за пару імгненняў, калі яна скінула паліто і засталася ў джынсах і ў швэдры.
Джавані просіць прыгажуню выйсці да вакна, не адмаўляць яму ў спатканні.
Гэта быў такі вельмі сакавіты, натуральны тып дзявочай прывабнасці: доўгія светла-русыя валасы, вялікія блакітныя вочы, ахайны носік, прыемны раток, румяныя шчокі; была яна сярэдняга ці можа нават крыху ніжэй сярэдняга росту, костка даволі цяжкая, але фігурка пры гэтым ладная.
Дзяўчына сядзела моўчкі. Яна толькі дастала тэлефон: відаць, вырашыла камусьці адпісацца, што ўжо едзе ў цягніку. Будаўнікі гаманілі на мове мату пра нешта сваё, будаўнічае. Грынкевіч таксама дастаў тэлефон і скінуў СМС бацьку. Ён ведаў, што бацька можа адказаць не адразу, бо ён не з таго пакалення, якое засынае з мабільнікамі, як дзеці з плюшавымі мядзведзікамі. Краем вока ён назіраў за дзяўчынай. Колькі ёй можа быць? Дваццаць тры? Дваццаць пяць? Нешта яму падказвала, што паненка няпростая і з ёй можна будзе размаўляць не толькі пра надвор'е. Напэўна, яна з Беларусі і едзе туды дадому, так, напэўна не масквічка дый не расіянка ўвогуле. Невядома якім чынам, але сваіх, так бы мовіць, супляменніц, Грынкевіч даволі лёгка адрозніваў ад расіянак і ўкраінак. Вось нават з Ірынай ён тады адчуў, што нейкая яна не зусім тыповая.
Нарэшце прыйшла правадніца і сабрала квіткі. Гастарбайтары сапраўды ехалі да Оршы, а не да
Баранавічаў ці самага Брэста. (Але гэта слабое суцяшэнне: меней за дзве гадзіны без такіх спадарожнікаў нічога не вырашаюць.) Яшчэ пэўны час давялося чакаць бялізну, потым будаўнікі выйшлі курыць, пакуль насельнікі верхніх паліц засцеляцца. Грынкевіч вырашыў таксама схадзіць на перакур, а потым заскочыць на верхнюю паліцу і, калі суседка не зусім снежная каралева, пачаць з ёй гутарку. Вечар яшчэ няпозні, самы час весці дарожныя размовы з сімпатычнай дзяўчынай.
Калі ён вярнуўся ў купэ, перадавікі катэджных будоўляў ужо наразалі на стале сала і сапраўды прычашчаліся гарэлкай. Грынкевіч скінуў абутак і залез на сваё месца. Паненка паўляжала з нейкай кніжкай у руках. Кніжка была, відаць, савецкіх часоў выдання, а значыцца — або глыбока мастацкая, або глыбока нудотная. Ці тое ды другое адначасова. Ён вырашыў, што проста цяпер суседка не разгаварыцца — хай сабе засвоіцца ў гэтым купэ з трыма мужыкамі. Праз некаторы час ёй надакучыць чытаць і яна ўбачыць, што мужык з верхняга чатырнаццатага месца ўсё ж адрозніваецца ад тых, што выпіваюць унізе. Прычым выгадна адрозніваецца.
Нагода пагутарыць з'явілася толькі недзе праз гадзіну — у выніку невялікага дарожнага здарэння. Невядома з якой прычыны цягнік раптам рэзка затармазіў, і пры гэтым так паскудна завіскацеў коламі, што гастарбайтары міжволі выдалі нешта накшталт «аёбтваюмацьнуніхуясабе», а дзяўчына зморшчылася.
— Сі другой актавы, між іншага, — таксама міжволі заўважыў Грынкевіч.
— Што вы сказалі? — запыталася дзяўчына і зірнула на яго так, быццам толькі што яго ўбачыла.
— Даволі высокі гук, — адказаў ён і ўнутрана ўзрадаваўся, што размова цяпер ужо напэўна завяжацца. — А вунь на століку стаіць пустая шклянка з-пад гарбаты, а ў ёй лыжка бразгоча — на паўтону ніжэй.
Дзяўчына сапраўды паглядзела на яго з цікаўнасцю. Нават не столькі з цікаўнасцю, колькі з пэўнай радасцю, натуральнай, як на паненку, што трапіла ў добрую кампанію.
— Вы музыкант? У вас такі добры слых.
— Музыкант, — адгукнуўся Грынкевіч. — А слых у мяне занадта добры, і часам гэта замінае.
— Як такое можа быць?
— Ну, разумееце, калі слых у музыканта занадта добры, ён можа прызвычаіцца да пэўнага ладу, да пэўнай вышыні. А потым ён, скажам, садзіцца за інструмент, наладжаны крыху вышэй ці ніжэй, ці выходзіць да аркестра з іншым ладам. Пачынаецца амаль паніка. Папрацуеш, напрыклад, з барокавым аркестрам, дзе лад іншы, а потым вяртаешся ўжо да рамантычнай музыкі са звычайным аркестрам — пэўны перыяд ломкі табе забяспечаны. Гэта ўсё адно як сляпы, што доўгі час перасоўваўся, намацваючы сценку з шурпатай тынкоўкай. Ён ведае на ўзроўні ўласных адчуванняў, якая навобмацак тынкоўка на ягоным маршруце. А тут раптам сценку зачысцілі і зрабілі гладкай. І сляпы не можа знайсці звыклай дарогі.
— Нават не падазравала, што такое можа быць. То бок, вушы ў вас такія ж адчувальныя, як пальцы?
— Пальцы ў мяне таксама адчувальныя, я ўсё ж на двух інструментах граю. На адным выдатна, на іншым... Ну, на другі курс музвучэльні мяне б з такой тэхнікай узялі. На большае факультатывам не навучышся.
— А можа, вы яшчэ і спяваеце? — з усмешкай пацікавілася суседка.
Відаць, яна вырашыла, што ёй расказваюць байку дзеля банальнага здыму. Грынкевіч усміхнуўся таксама, бо тут ён быў каралём становішча.
— Не надта добра я спяваю, хоць гады тры хадзіў да вакаліста. Куру я шмат, дый прырода ў мяне не надта, я вузлы разы тры займеў. Усё жыццё стаяў то ў другіх тэнарах, то ў першых басах. Як здаровы, дык у тэнарах, а як прыхварэю ці стамлюся, то мяне ў басы прыбіралі. Зрэшты, з гэтай сцежкі я хутка саскочыў.
— Што ж вы за музыкант такі? — ужо сур'ёзна запыталася паненка. — Для мяне, праўда, гэта ўсё цёмны лес, я ледзь вытрывала музычную школу па класе фартэпіяна. У філармоніі ды ў тэатрах, праўда, бываю.
— І які жанр любіце?
— Напэўна, усё ж оперу.
— Дык гэта цудоўна!
Дзяўчына паклала сваю кніжку на сетачку над паліцай. Відаць, яна была гатовая на размовы са спадарожнікам, што падаўся ёй цікавым.
— Давайце ўсё ж знаёміцца, — прапанаваў Грынкевіч. — А то я вам столькі інтымных падрабязнасцяў пра свой слых распавёў. Я Аляксей. А вы?
— Каця.
— Каця. Кася.
— Касяй мяне таксама называюць, але ў пэўным асяроддзі... — пачала дзяўчына, але раптам спынілася і зноў са здзіўленнем паглядзела на суседа. — А вы хіба не расіянін?
— Ну, жыву я тут. А што?
— Я ні ў якім разе не музыкант, але вушы таксама маю. Вось у вас такое натуральнае рускае вымаўленне, не маскоўскае, але ў Беларусі так паруску ніхто не размаўляе. Але хіба расіянін будзе ведаць, што Каця — гэта Кася?
— Філолаг?
— Ага.
Яму ўсё болей падабалася гэтая паненка, і цяпер Грынкевіч ужо радаваўся, што набыў квіток менавіта на гэты цягнік. Гастарбайтары на ніжніх паліцах тым часам былі занадта занятыя сваімі размовамі, каб пачуць іншых пасажыраў купэ ці пачаць ім замінаць. І няхай Кася была не зусім таго тыпажу, які па-мужчынску кранаў Грынкевіча, ён адчуваў, што яна ўсё ж прыцягвае яго — і простай, натуральнай прывабнасцю, і простымі, але інтэлігентнымі манерамі.
— Едзеце дадому? — працягваў ён размову.
— Так. Тыдзень правяла ў Маскве на адной навуковай канферэнцыі. Вялікай карысці з яе няма, але сёе-тое па сваёй тэме я знайшла. Нагода пахадзіць па бібліятэках і залезці ў архівы.
— Што за тэма?
— Маскоўскі перыяд у творчасці Караткевіча. Непапулярная тэма і, напэўна, вам нецікавая.
— Чаму адразу «нецікавая»? Колькі сутыкаюся з беларусамі, дык адразу: «Вам гэта нецікава».
А мне, між тым, цікава. Напрыклад, мне цікава, што напісаў Караткевіч, апроч «Дзікага палявання», што ідзе ў вашым оперным. Што здымаюць на вашым «Беларусьфільме». І ўвогуле, беларусы самім сабе цікавыя? Мне часам здаецца, што не. І калі нехта выяўляе да іх інтарэс, яны адразу паводзяцца як сціплая паненка, якую не навучылі прымаць кампліменты.
— Трапнае параўнанне, — ціха сказала Кася і з невытлумачальнай горыччу зірнула на Грынкевіча. — Але наш оперны зачынілі на рэканструкцыю, таму я даўно там не была і нічога не скажу пра спектаклі. На «Беларусьфільме» здымаюць расійскія серыялы. А Караткевіч напісаў вось гэта.
Яна моўчкі паказала на кніжку ў светла-карычневай вокладцы, якую чытала да пачатку іх размовы.
— Замежнікаў звычайна цікавіць, дзе можна знайсці рэстаран з нацыянальнай кухняй і колькі каштуюць ільняныя абрусы і ручнікі. Асабліва нахабныя таксама цікавяцца, колькі ім будзе каштаваць запрасіць беларуску ў гатэль. А мы да гэтага прызвычаіліся, мы сапраўды такія. Не ўмеем прымаць кампліментаў, як вы слушна заўважылі. Прабачце, балючая тэма.
Грынкевіч вырашыў змадуляваць у нешта іншае, больш радаснае. Пагатоў, ён у ранейшых размовах з братам ужо намацаў любімыя беларускія мазалі і навучыўся іх абыходзіць.
— Што паспелі паглядзець у Маскве, апроч дакументаў у архівах?
— Ды амаль нічога. Пасядзелкі за кавай і півам з калегамі. Пагуляла па Траццякоўцы, што праўда. У тэатрах не была. Дык што вы за музыкант? Ужо колькі разоў тэатры згадалі.
Ён пасунуўся да заплечніка, выцягнуў адтуль візітоўку і моўчкі працягнуў яе дзяўчыне. Кася зірнула на паперку і раптам пырснула смехам, але адразу папрасіла выбачэння і сказала не звяртаць увагі.
Калі прыгажуня яму адмовіць, дон Джавані памрэ ў яе на вачах. Гэтак прыўкрасна ён спакушае пакаёўку донны Эльвіры.
— Якое у вас. прозвішча... — прамовіла яна з інтанацыяй, сэнсу якой Грынкевіч не здолеў зразумець, як і раптоўнай весялосці. — А. вось чаму вы ўсё пра тэатры распытваеце! Ніколі не думала, што буду ехаць у адным купэ з жывым оперным дырыгентам!
— А дырыгенты бываюць яшчэ нежывыя?
— Ну-у-у... Для мяне гэта хутчэй нейкія казачныя персанажы.
— Уявіце сабе, для большасці музыкантаў — таксама. То Кашчэй Бессмяротны, то курдупель Цахес, а то ўвогуле — граф Дракула...
— Як на гэтых персанажаў, вы занадта мілы, — смеючыся, адказала Кася, якая, пэўна ж, не зразумела Грынкевічавай іроніі. — І вы, відаць, усё ж не зусім расіянін.
— Так і ёсць.
Тут ён пачаў сцісла пераказваць сваю біяграфію, у тым ліку адну пашпартна-візавую прыгоду, якая і зрабіла яго раз і назаўсёды расійскім грамадзянінам — якраз у тыя часы, калі з пашпартамі ўсё было вельмі цьмяна і нявызначана. Калі ж беларусы змаглі вучыцца ў Расіі бясплатна, ён ужо быў у кансерваторыі на правах расійскага грамадзяніна.
— Ну, неяк так. А ў Мінск я еду да бацькоў.
Кася прамаўчала, а потым запыталася:
— І вам ніколі не хацелася жыць і працаваць тут?
— Па шчырасці, ніколі пра гэта не думаў. У мяне цалкам натуральна і арганічна ішла адукацыя і кар'ера тут, у Расіі... Мы яшчэ едзем па Расіі, праўда? Таму пакуль я тутэйшы, а вы — тамтэйшая.
Гэтая заўвага зноў прымусіла дзяўчыну ўсміхнуцца.
— Праўда ваша. Я ж у Маскве была госцяй. У маім уяўленні «тут» — гэта Беларусь. І гэтае «тут» са мной паўсюль, куды ні паеду. Яно можа знікнуць, калі доўгі час пажывеш «там». Зрэшты, кажуць, што ў беларусаў «тут» амаль ніколі не знікае, але не таму, што яны патрыёты.
Размова ішла гэтак жа лёгка і роўна, як човен па ціхім возеры. Грынкевіч ужо адзначаў, што пры ўсім яго досведзе з жанчынамі і пры ўсёй яго прыроднай здольнасці камунікаваць, яму ніколі яшчэ не было так светла і спакойна, як з гэтай новай знаёмай. Праз пэўны час ён пайшоў пакурыць. Кася не склала яму кампаніі. Зрэшты, так было нават лепей, і не таму, што ён меў нейкі сантымент да дзяўчат, што не курылі. Яму трэба было скеміць, як працягнуць гэтае знаёмства. Думка пра тое, што Кася знікне, як знікаюць усе выпадковыя спадарожнікі, адгукалася ў Грынкевічавай душы крыўдай. Тысяча кіламетраў адлегласці, іншае кола стасункаў, хай сабе і раўнацэннае, але іншае. Да таго ж яна, напэўна, мае хлопца. Але ў кожным разе варта паспрабаваць. Шкада, што ён у Мінску толькі на адзін дзень, не паспее з ёй сустрэцца. Але пасля прэм'еры ён можа прыехаць на Каляды, маці даўно клікала менавіта на Каляды... Ёсць мэйлы, скайпы, СМС... Адпускаць гэтую паненку нельга.
Кася тым часам зноў засяродзілася на сваёй светла-карычневай кніжцы. Гастарбайтары сышлі: іх паклікалі ў госці сябручкі з суседняга вагона. Цяпер нішто не замінала размовам.
Вусны твае саладзейшыя за мёд, цалаваць іх — асалода сэрцу.
— Што чытаеце? — пацікавіўся Грынкевіч, толькі каб адцягнуць Касіну ўвагу ад гэтай кніжкі.
— Добрую паэзію.
— Падзяліцеся, — папрасіў ён і пры гэтым падумаў, што выбар верша шмат што можа распавесці пра саму дзяўчыну.
Кася крыху павагалася, сказала, што твор увогуле празаічны, але ў ім ёсць самастойныя вершы, бо галоўны герой — паэт. Грынкевіч усмешкай падбадзёрыў яе, быццам перад ім была сарамлівая дэбютантка, што баіцца праслухоўвання на сцэне. Тады дзяўчына стала чытаць. Яна пачала вельмі ціха, без артыстычнай экспрэсіўнасці, да якой Грынкевіч прызвычаіўся ў тэатральным асяродку. Але гэта было такое чытанне, калі чалавек сапраўды перажывае ціхае, святарнае захапленне творам...
Якія страшныя, шэрыя дні!
Апоўдзень — вячэрні змрок.
Без цябе, без сонца, без цеплыні,
Ў сэрцы — боль, на вуснах — замок.
Імжэў у чацвер халодны дождж.
Я ў ложак лёг і памёр.
Праляцеў праз туман, праляцеў праз буран І пабачыў ільдзінкі зор.
Мае павекі цяжкімі былі Ад непралітых слёз.
За мною былі абшары зямлі.
Наперадзе быў Хрыстос.
І д'ябал сядзеў ля ног яго На вугалях залатых,
І на ляжках калматых ляжала ў яго Кніга грахоў маіх.
Амаль містычнае траплянне ў яго настрой так уразіла Грынкевіча, што ён знерухомеў і ўнутрана здранцвеў. Гэта было як пра яго напісана, гэта было пра тое, чым ён жыў апошнімі днямі. Як быццам аўтар гэтых радкоў усё-ўсё пра яго ведаў. Ён глядзеў на дзяўчыну як на медыума і чакаў наступных слоў, як прароцтва. А яна чытала далей, наўрад ці разумеючы, што адбываецца з яе выпадковым спадарожнікам. Грынкевіч слухаў з напружаннем, быццам гэта была нейкая вельмі суворая і жорсткая музычная тэма ў сімфоніі. Гэта быў рэ мінор, танальнасць Рэквіема, танальнасць Страшнага Суда — той самай халодна-аб'ектыўнай сусветнай справядлівасці. Але вось з'явілася іншая, пякучая і адначасова пяшчотная тэма, як быццам пабочная партыя. Як быццам замест шчыльнай медзі выйшлі наперад скрыпкі і заспявалі пра тое, што ён адчуваў насамрэч, здзерлі павязку з яшчэ свежай раны.
— Любая, што вы са мной зрабілі?
Чым асудзілі на страшны канец?
Чым варажылі, чым апаілі,
Чым, дарагая, забілі мяне?
Трызніцца мне ўсё ліловы вечар,
Вашы сляды на ліловым снягу.
Нават цяпер я шукаю сустрэчы,
Нават мёртвы без вас не магу.
Думаў, што ёсць забыццё ў смерці,
І зноў папаў у квітучы твой сад.
Вазьмі маё сэрца,
Вазьмі маё сэрца,
Вазьмі майго сэрца Чырвоны гранат.
Грынкевіча ахінула журба. Ён нібыта перанёсся на дзесяць дзён назад, і яму нават падалося, што ён зноў адчувае жаночыя пальцы на сваёй недарэчна змакрэлай шчацэ. І ён ледзь трымаўся, каб з ім не паўтарыўся такі самы прыступ слабасці. Аляксей апусціў твар, а потым затуліў яго далонямі.
Тэма зноў змянілася, стала лютай і жорсткай, як прысуд.
Занядбаў ён, божа, твае дары,
Талент развеяў, як дым,
Ён гарэлку піў, ён кахаў і курыў,
Брыдка лаяўся ў доме тваім.
Воласа не аддаў за багоў,
Нюхаў дно ў бакалах, як Ной,
І нават памёр ад кахання свайго
Да зямной жанчыны адной.
Ты даў зямлі дзіўных песняў сям'ю,
Ты арган стварыў для яе.
Ён мог грымець у славу тваю,
А славіў адну яе.
І ён самачынна арган паламаў,
І песня знікла з мяхоў,
І ў кнізе чыстага месца няма Ад яго бясконцых грахоў.
Яму рабілася вусцішна. Ён думаў пра лёс, пра Ананкэ, якая задае хаду ўсім падзеям. Нават мойры слухаюцца яе і адно дапамагаюць круціць верацяно, нічога самастойна не вырашаючы. І калі ўжо нітачка твайго лёсу так вытанчылася, то што ты можаш зрабіць?..
І адказ. Цішэй скрыпічнай струны.
Голас маці Хрыста і маёй:
— Ён кахаў, і за гэта палову віны Выкраслі з кнігі сваёй.
І душа яго была, як палі Ў сонечнай майскай расе.
Ён кахаў прыгажэйшую на зямлі, —
Выкраслі віны ўсе.
Ён так кахаў, як ніхто з мужчын.
Свет паклаў на каханай далонь.
Жанчына я і стаю за жанчын.
Кідай лісты ў агонь.
А ты, што душы можаш будзіць,
Ты, шалёная галава,
Уваскрэсні, на людныя вулкі ідзі,
Грашы, суцяшай, спявай.
Ёсць на свеце гор і лясоў краса,
Акіянаў сіняя соль.
— Але я не хачу, не хачу ўваскрасаць,
Там боль!
— І тут будзе боль.
Забыцця ў каханні і смерць не дае...
— Там змрок!
— І тут будзе змрок.
— Там яна!
— А тут не будзе яе.
Ёй горка,
Вярніся, дружок.
Ён быў у паўзабыцці пару хвілінаў і, напэўна, меў такі выгляд, што нават крыху напалохаў Касю, якая асцярожна запыталася:
— Што з вамі, Аляксей?
— Нічога. Зусім нічога, — адказаў ён і паспрабаваў усміхнуцца. — Сапраўды, добрая паэзія.
Ах, не будзь жорсткай са мной, мая радасць!
Як ён мог забыцца на тое, што ягоны сцэнічны твар заўсёды выказваў болей, чым трэба было! Праўда, Грынкевіч даволі хутка авалодаў пачуццямі. Дакладней, ён проста сціснуў іх, замкнуў, як неахайна сабраную валізку, поўную нейкіх асабістых рэчаў, якія дзеля прыстойнасці трэба схаваць і нікому не паказваць.
— Гэта проста пра нейкага Трыстана, — сказаў ён крыху пазней.
— Нешта ў гэтым ёсць, — падхапіла Кася, якой з далікатнасці не хацелася лезці ў душу спадарожніка, але пры гэтым яна хацела працягнуць размову з ім. — Калі лічыць двума полюсамі кахання Дон Жуана і Трыстана, то тут герой, напэўна, нашмат бліжэйшы да Трыстана.
— Вас таксама займае гэтая дыхатамія? Дон Жуан і Трыстан.
— Не тое каб займае, але ўсе творы пра каханне змешчаныя недзе паміж двума полюсамі. Дон Жуан самасцвярджаецца, з такім светапоглядам ён не можа быць верным, вернасць замінала б яму, напэўна. Трыстан распушчаецца ў каханай, ён перастае думаць пра сябе.
— Значыць, Дон Жуан — эгаіст?
Кася адказала не адразу — напэўна, падбірала нейкія фармулёўкі, каб быць дакладнай і зразумелай. Яна, відаць, розумам яшчэ была на сваёй канферэнцыі, дзе трэба выступаць, дыскутаваць, спрачацца. І назіраць яе было забаўна. Але Грынкевіч занадта засяродзіўся на сваіх думках і перажываннях, якія дагэтуль абсалютна ні з кім не абмяркоўваў.
— Кажуць, што ён шукае ідэальную жанчыну, — разважала тым часам Кася. — А што такое ідэал? Гэта ўласнае адлюстраванне. Але такое, што робіць несінхронныя з табой рухі, кажа іншыя словы, карацей, аўтаномнае, але такое, як ты. А не бывае так, каб тваё адлюстраванне раптам зажыло аўтаномным жыццём і пры гэтым ніколі не ўвязалася з табой у канфлікт. Вось Дон Жуан і ўцякае, як толькі здараецца першая сутычка інтарэсаў. А сутычка інтарэсаў з жанчынай — гэта звычайна, калі жанчына хоча да сябе ўвагі...
— Вернасці, абавязкаў! — падхапіў Грынкевіч крыху раздражнёным тонам. — Але ці кожная жанчына можа быць Ізольдай, каб сустрэць свайго Трыстана?
— Не магу пра гэта разважаць, бо не ведаю, якая версія Трыстана вам бліжэйшая. У французскай дык увогуле ўсё нават фрывольна.
— Я не знаўца літаратуры, хоць сёе-тое, зразумела, чытаў. У музыцы ж мне «Трыстан» увогуле неблізкі. А вось «Дон Джавані» Моцарта дык амаль ужо родны.
Ён пачаў расказваць пра сваю пастаноўку, пра вобраз дона Джавані і амаль адразу злавіў сябе на тым, што гаворыць словамі Анны, выкарыстоўвае яе вобразы, метафары. Грынкевіч пачуўся кепскім прамоўцам, бо пасля такога паэтычнага ўзрушэння чамусьці не мог казаць пра любімую справу.
— А ведаеце, Аляксей, розніца паміж вашым донам Джавані і хоць бы нямецкім Трыстанам у тым, што апошні выкупляе свой у прынцыпе непрыгожы ўчынак каханнем. І Ізольда таксама. Яны кахаюць адно аднаго, і ў гэтым іхнае выкупленне. Уласна, я і ўрывак пра гэта чытала. Джавані нікога не кахае, таму і трапляе ў апраметную. І ў вашым спектаклі няма кахання, як я разумею.
— Няма. Так вырашыў рэжысёр.
— Але гэта сумна. Усё адно што пры жыцці трапіць на першае кола Дантавага пекла. Там няма гора, але і радасці таксама няма.
— У Моцарта іншая праблематыка. Там, калі ўжо шчыра, болей пра палітыку і грамадства, усё ж такі прэм'ера была ў год Вялікай французскай рэвалюцыі. Там тэма свабоды важнейшая за тэму кахання.
— Хіба свабодны чалавек не можа кахаць? Зрэшты, калі ён нарцыс, то разумее свабоду вельмі своеасабліва.
Грынкевіч падумаў, што далейшая дыскусія можа давесці яго да яшчэ большага душэўнага раздраю, з якога ён мог ужо не выбрацца. Яму зусім не хацелася зноў напівацца з братам так, як яны гэта зрабілі пяць гадоў таму. А іншага спосабу прытупіць гэты невытлумачальны боль ён не ведаў.
— Вам, Кацярына, не цяжка быць такой мудрай? — запытаўся ён, зноў фліртуючы.
— Гэта папрок? — перапыталася дзяўчына, цудоўна разумеючы яго пасыл.
— Ні ў якім разе! Вы абсалютна чароўнае стварэнне.
Кася змаўчала, як і варта было чакаць ад такой паненкі. І тое, што яна гэтак па-жаночы тактоўна не стала з яго кпіць, таксама было вельмі мілым. Грынкевіч зноў пачынаў супакойвацца. І далей ужо размова рабілася больш зямной. Кася расказвала пра сваё жыццё аспіранткі. Яна вучыцца і яшчэ некуды піша літаратуразнаўчыя артыкулы. Распавядала пра бацькоў і пра шэрую пухнатую котку Люську.
Так яны гаманілі яшчэ пару гадзін, пакуль не вярнуліся добра паддатыя гастарбайтары. І хоць насельнікі ніжніх паліц былі занятыя сабою, размаўляць усё ж давялося крыху цішэй. Было ўжо зусім позна, і ў вагоне пагасілі верхняе святло. Спаць пры гэтым не хацелася. Будаўнікі адрубіліся хутка, а Кася і Грынкевіч сядзелі на верхніх паліцах пры ўключаных бакавых лямпах. Потым іх таксама выключылі і нават пажадалі адно аднаму «дабранач», але чамусьці размова працягвалася. Зразумела, працягваў яе Грынкевіч. Гэтая размова падавалася яму ніткай Арыядны, якая выведзе яго з лабірынтаў змрочных прадчуванняў і нядаўна перажытага болю.
Галоўнае назіранне, якое ён зрабіў, — Кася ніводнага разу не згадала ў размове якога-небудзь «свайго хлопца» ці «свайго маладога чалавека». Магчыма, такога ў прыродзе не існавала.
«Узнагародзь мяне за маё адданае каханне, любая!» — моліць Джавані, так і не пабачыўшы красуню ў вакне.
— А вам хіба ніколі не даводзілася вось так захапіцца, каб знянацку і каб за чвэрць гадзіны як хваляй накрыла? — запытаўся ён, калі яны абмяркоўвалі нейкую кіношку, якую абое нядаўна глядзелі.
— Не, не даводзілася. Спадабацца — мог, а каб захапіла... У мяне малады чалавек год таму загінуў, неяк не да захапленняў было.
— Прабачце. — сказаў Грынкевіч.
Ну што ж, яго шансы набліжаліся да ста адсоткаў. Але таксама рабілася зразумелым, чаму дзяўчына выбрала менавіта гэты верш.
— Мы вучыліся разам, дакладней, на розных факультэтах, але на адным курсе. Так, уласна, і пазнаёміліся. Таму я не ведаю, што такое «накрыла за чвэрць гадзіны». А да таго былі, зразумела, дзіцячыя закаханасці. Дагэтуль не магу сабе дараваць, што адпусціла яго паганяць на матацыкле.
— Вашай віны ні ў чым няма.
— Я гэта ведаю. Розумам. Увогуле ж, я не ведаю, як хутка я кагосьці да сябе падпушчу.
— Розныя бываюць сітуацыі. Некаторыя адносіны завязваюцца вельмі знянацку.
— У кіно!
— У жыцці... Вось я ведаю пару, якая пазнаёмілася ў цягніку. Жылі ў розных гарадах, але гэта не перашкодзіла ім пажаніцца.
— І яны доўга пражылі разам? — з некаторым скепсісам пацікавілася Кася.
— Дагэтуль жывуць. Гэта мае бацькі.
— Вось як... А вы жанаты?
— Не і ніколі не быў.
— Чаму так?
— Чакаў, што здзейсніцца адна мара. Гэта гісторыя на палову жыцця. А яна праз месяц выходзіць замуж.
— Я думала, вы донжуан.
— Так усе думаюць.
— Давайце ўсё ж спаць, — прапанавала Кася. — Дабранач вам, Лёша.
Ён павярнуўся да сценкі і схаваў твар у мулкую дарожную падушку. Гэта была ўжо другая ноч на колах. Заўтра позна ўвечары адразу з рэстарацыі ён зноў сядзе на цягнік і паедзе назад. І амаль суткі будзе дабірацца да N. А там яго чакае толькі «Дон Джавані». Было б чароўна, калі б яго яшчэ чакаў хоць нехта і каб па ім сумавалі. Як было ў свой час з Аксанай. Але ж Аксана была амаль такая ж мудрая, як гэтая Каця-Кася. Аксана вырашыла не марнаваць часу на мужчыну, які гадамі вядзе ўнутраныя размовы са сваёй марай. А мара — яна па змоўчанні больш небяспечная за сапраўдную суперніцу з плоці і крыві.
Сцэна IV
Дон Джавані і Мазэта з сялянамі, узброенымі мушкетамі і дубінкамі.
Рэчытатыў.
Прачнуўся Грынкевіч ад таго, што ў купэ пагрукаліся. Гэта была правадніца, якая прыйшла будзіць гастарбайтараў перад Оршай. Тыя ў паўсне нешта буркнулі і праваліліся ў новы сон, які быў, зрэшты, нядоўгім.
— Калян, га Калян... — прамовіў адзін з будаўнікоў. — Уставай давай, хутка пад'едзем.
Джавані ўстрывожаны: чаму дзяўчына не падыходзіць да вакна? Ён ціхенька кліча яе... І тут чуе галасы сялян, якіх прывёў Мазэта.
— Ёбанарот... — незадаволена адгукнуўся Калян. — Сярога, дай, бля, паспаць. А то, бля, яшчэ ў дызелі хуячыць і хуячыць, бля...
Сярога тым часам даволі хутка падскочыў і пачаў збіраць бялізну. Склаўшы яе ахайным стосам, ён злёгку пхнуў у бок сябрука. Той у адказ выдаў шматпавярховы выраз, але сеў на ложку і больш не спрабаваў заснуць.
— Сукабля! Ты, бля, цішэй, людзі вунь спяць. Давай збірайся патроху, а я пайду вазьму кавы, — прапанаваў Сярога і пайшоў з купэ.
Калян у паўзмроку шукаў свой абутак, суправаджаючы гэта бясконцымі «бляпіздзец» і «ёптваюмаць». Нарэшце ён знайшоў тое, што шукаў, і таксама пачаў збіраць ложак, але быў пры гэтым не такім ахайным, як Сярога. Той даволі хутка вярнуўся з дзвюма шклянкамі кавы.
— Слухай, Серы, што мне маёй Галцы сказаць? — запытаўся Калян змрочным тонам.
— А ніхуя не кажы.
— А як я ябаць яе буду? Гэтая сука, нахуй бля, трыпер мне нейкі прынесла. Ужо месяц з ім, бля, хаджу.
— Дык, можа, не трыпер?
— Аёптваюмаць... А чаго мне хуй пячэ? Пассаць, бля, добра не магу.
— А ты яго ў марганцоўку. Я, бля, таксама аднойчы так. Думаў — усё, бля, піздзец, трыпер. А потым, бля, праз тыдзень усё нармальна. Табе што? Тыдзень пабыць, а потым назад, бля, на Маскву папіздуеш.
— Дык я жонку заражу. Жанчына ўсё ж, бля.
— Скажаш, што сама, бля, нагуляла. А то яна ў цябе, сукабля, ужо ахуела. Звоніць, бля, дастае штодня. Што за хуйня?! А так не будзе званіць, будзеш, бля, як пацан.
Калян змрочна соп, сёрбаючы каву.
— Яна мне ўчора, бля, заявіла: думай, бля, да вясны. Як не вернешся, то ўсё, піздзец — развод.
Робіцца зразумелым, што Мазэта сабраў гэтую хеўру з вельмі канкрэтнай мэтай — злавіць дона Джавані і ўчыніць расправу за замах на cavalleria rustikana. Іх шмат, і калі свавольнік трапіць у рукі пейзанаў, то гэта будзе яго апошняю прыгодаю ў гэтым жыцці.
— Ебанутая баба, — даў сваю ацэнку Сярога. — Дзе ты тут нахуй столькі бабла заробіш? Бібліятэку ўжо ж, бля, паставілі, на Мінск не паездзіш. Цяпер во на катэджах пад Масквой... Мая таксама, бля, усё піздзіць ды піздзіць. Нахуй, кажа, тую Маскву, давай дадому, пойдзеш куды працаваць, пражывем, бля, на мой і твой заробак. Я ёй кажу: ды ты ебанулася, якія, нахуйбля, тут заробкі?! Я, бля, можа зараблю, а ты, бля, выхавацелька ў садку, заробак у яе, бля. І трое, бля, дзяцей... Але ты, Калян, не разводзься. Бо з аліментамі потым заябешся. Будуць праз суд шукаць, яшчэ, бля, не выпусцяць.
Калян маўчаў. Відаць, у ягонай галаве выспяваў архітэктурны праект нейкага новага жыцця, якое падавалася яму больш цікавым і вольным.
— А развядуся, — выдаў нарэшце ён. — Развядуся і ўцяку ў Расію, у нас мяжы няма, выпусцяць. Хай, бля, потым шукаюць. Заябалі, нахуй. Кармі і яе, і малога, і цешчу, бля, з цесцем. Хай самі сядзяць тут. А я, бля, лепш падохну ў Маскве ад трыперу, чым да іх вярнуся. Я, Сярога, там адпачываю. Разумееш? Адпачываю, бля. Працую, бля, як вол. Затое пасля працы куды хачу, туды, бля, пайду. Хачу ў кіно, хачу да блядзей. А дома, бля, сядзі перад тэлевізарам. Заябіся жыццё.
А яшчэ цешча як стане па тэлефоне, бля, піздзець з суседкай... Бля, Серы, я футбол гляджу, а яна пад вухам стаіць і піздзіць. Ёй, бля, цяжка ў суседні пад'езд, бля, выйсці. І гадзіну, сука, можа на тэлефоне вісець, і дзве. Я ей неяк сказаў: пайшла на хуй, бля, ахуела ўжо. Потым з цесцем пабіліся. Вось такое, бля, жыццё дома. І якія нахуй заробкі. Каб я на тую Маскву ў заробкі ездзіў... Я туды езджу ў санаторый! Адпачываць я ад іх езджу!.. Сукабля!
Джавані зноў імправізуе. Яго не пазнаюць у цемры, дый вопратка на ім нешляхецкая. Калі Мазэта пытаецца, хто тут, свавольнік адказвае: «Няўжо ты мяне не пазнаў? Я лёкай дона Джавані».
Апошняе ён амаль выкрыкнуў, бо ў аратарскім запале выпусціў з рук шклянку з кавай і абліўся. Кася, якая яшчэ раней прачнулася, пачула гэты выгук і са здзіўленнем зірнула ўніз. Калян і Сярога сцішыліся і да самой Оршы сядзелі, як мышы пад венікам.
— Беларусь, твой народ дачакаецца. — прамовіла Кася, калі гастарбайтары нарэшце выйшлі. Потым яна звярнулася да Грынкевіча: — Я крыху смурод выветру, вы не супраць?
Ён моўчкі кіўнуў.
— Госпадзе, што яны тут неслі! — прамаўляла дзяўчына, адкрываючы дзверы купэ, бо акно выявілася закалочаным на зіму. — Я думала, мне гэтыя прызнанні толькі ў страшным сне вярзуцца. Жудасна жыць на свеце побач з такім.
— Жудасна не жудасна, але вымыць лішні раз рукі — варта, — сказаў Грынкевіч, які ў гэтай сітуацыі адчуваў да будаўнікоў-гастралёраў толькі побытавую агіду, не болей. — Такія эпізоды ствараюць у жыцці эфект к'яраскура. Не той, што ў жывапісе, а той, што быў у барокавай оперы. За лірычнай арыяй павінна ісці бравурная, за бравурнай — камічная. Музыка любіць кантрасты. Як і жыццё, зрэшты.
А Кася ўсё не магла супакоіцца. Напэўна, яна хацела выйсці на нейкія зусім глабальныя абагульненні.
— Вось так мы і жывем... Гэта да вашага ўчорашняга пытання пра тое, што ў нас цікавага.
— Каця... — адказаў ён, цяпер ужо разумеючы ейнае абурэнне. — Такіх вось гуандонаў... прабачце, донгуанаў паўсюль хапае. І ў нас процьма правінцыялаў едзе ў Маскву. І не толькі ў нас. У мяне аднакашніца па дзесяцігодцы — літоўка. Яна кансерваторыю ўжо там, у сябе скончыла, а цяпер жыве ў Лондане. І там бачыць процьму суайчыннікаў. І шмат хто з іх едзе туды не ў заробкі, а каб ім не парылі мазгі дома. Заробкі — нагода.
— Нідзе гэта не набывае такіх маштабаў. Нідзе яны так не заўважныя, як у нас.
— Малдаване вас пераплюнуць, гэта дакладна. Мой брат раней таксама вельмі любіў такія прыклады беларускай выключнасці. Цяпер, відаць, глядзіць на сітуацыю крыху іначай. І ўвогуле, Беларусь — гэта не толькі яны, гэта і вы таксама.
— І вы таксама маглі быць ёй.
— У мяне гэта гістарычна не склалася. Хоць і рускім я ніколі не пачуваўся. А на працы мяне ўвогуле палякам клічуць. Вельмі люблю патрыётаў, гэта шчыра. Але я — геапалітычны сірата.
— Які раскошны вобраз! — без іроніі сказала Кася. — Вы ніколі не спрабавалі пісаць?
— Ды не. Хоць, кажуць, лісты ў мяне добрыя. Я дырыгент, а значыць — крыху настаўнік. А настаўнікі павінныя ўжываць яскравыя вобразы, калі ім трэба нешта растлумачыць вучням. Нездарма ж італьянцы называлі спачатку нашу прафесію maestro di capella — настаўнік капэлы. Хоць я болей люблю нямецкае Kapellmeister. Цяпер так называюць толькі дырыгентаў вайсковых духавых аркестраў, але ж ад пачатку капельмайстры былі ці не галоўнымі персонамі ў музычным жыцці кожнага нямецкага горада. Яны вызначалі гэтае музычнае жыццё.
— Вас цікава слухаць.
Джавані ўваходзіць у ролю незадаволенага плебея, якога шчыра дастаў гаспадар. Скардзіцца — маўляў, гэты Джавані сякі і такі. Мазэта з ім пагаджаецца і адразу запісвае ў хаўруснікі. Пытаецца, дзе цяпер можна знайсці гэтага нягодніка, бо ўжо ўся вёска жадае яго прыбіць. «Ну і жарцікі!» — думае свавольнік, якому робіцца ніякавата.
Грынкевіч вырашыў, што цяпер акурат зручны момант, каб зрабіць наступны крок.
— Давайце свой мэйл. Ці нік у скайпе, што яшчэ лепей. А нумар мабільнага быў бы зусім дарэчы. Часам я пішу вельмі крэатыўныя СМС.
— Веру! — рассмяялася дзяўчына.
Яна сапраўды напісала яму і мэйл, і нік у скайпе, і нават нумар мабільніка. Грынкевіч паабяцаў таксама знайсці яе, калі прыедзе ў Мінск на Каляды. Нешта было ва ўсім гэтым правільнае, думалася яму. Прыкладна такое адчуванне ён меў, калі вось так запытаўся тэлефон у Аксаны. Праўда, тады ён быў абцяжараны сваёй марай, а цяпер — не. Ад Касі павявала нечым амаль родным, сваяцкім.
— Мяне ўчора зачапіў адзін вобраз з таго верша, што вы мне чыталі... «Вазьмі майго сэрца чырвоны гранат. » Што мелася на ўвазе?
— Напэўна, алюзія на міф аб Персефоне і Аідзе. Аід прымусіў сваю жонку Персефону праглынуць гранатавыя зернейкі на знак вернасці. Каб ведаць, што яна дакладна будзе вяртацца да яго.
— Так, сапраўды. Ён такім чынам вытаргаваў сабе жонку ва ўласнай цешчы, прычым усяго на траціну года.
— Тут лірычны герой параўноўвае сваё сэрца з гранатам, бо сапраўды гэта годнае параўнанне, — разважала Кася. — Ён хоча сказаць жанчыне: вазьмі маё сэрца, вазьмі маё каханне, бо калі ты будзеш ведаць, што я кахаю цябе, ты не зможаш пакінуць мяне, ты заўсёды будзеш вяртацца. Сэрца — не падарунак, а заклад.
Яе развагі перарвала правадніца, якая паведаміла, што Мінск будзе праз паўгадзіны. Кася выправілася чысціць зубы. Грынкевіч застаўся ў купэ і дзеля цікаўнасці разгарнуў кніжку, якую дзяўчына паклала на столік. Тую самую светла-карычневую кніжку, верш з якой так яго ўчора ўразіў. Разгарнуў наўгад і трапіў вачыма на іншы верш:
— Ідзі на вакзал. — Ну што ж, пайду.
Ноч. Завулкі. Снег, як карцеч.
Пусты вакзал. Пусты віядук.
Ні праводзінаў, ні сустрэч.
Ведайце! Без гудкоў, без агню,
Адтуль, дзе звычайна тупік,
Адыходзіць сёння ў гадзіну нуль-нуль «Масква — Вечнасць» цягнік.
Перад Джавані стаіць задача заблытаць сялян, збіць з тропу. І ён зноў імправізуе.
Ён рэзка адкінуў кніжку, як атрутную змяю. Грынкевіч не ведаў, пра што яна, з Касіных расповедаў ён зразумеў толькі тое, што гэта раман пра паэта і яго каханне. Але вершы вярталі яго да ўчорашніх настрояў, з якімі ён змагаўся цэлы дзень. Ён вырашыў сёння быць аптымістам і думаць пра тое, як неўзабаве абдыме бацькоў і брата. Які тост скажа сёння на бацькавым юбілеі. Шкада, што сустрэча выдаецца скамечанай, але ж праца...
Ён праверыў тэлефон. Там была СМСка ад бацькі, якая, відаць, прыйшла толькі нядаўна: «Чакаю».
№ 17: Арыя «Meta di voi qua vadano...».
Мінск быў такім самым змрочным, як і Масква, але снегу не было відаць, хоць бацька і пісаў пару дзён таму, што нешта ў іх там падала. Трэба думаць, і тут зіма дала фальшстарт, а панурая восень мела запанаваць усур'ёз і надоўга. Падарунак паэтам і самагубцам.
Грынкевіч выйшаў з цягніка раннім ранкам і адразу нырнуў у будынак вакзала. З Касяй ён развітаўся яшчэ на платформе, бо яе прыехаў сустракаць бацька. А Грынкевіч ведаў сваю ўласцівасць актыўна не падабацца татам такіх вось добрых дзяўчат. Ён не падабаўся ім нават пасля месяца абсалютнай цвярозасці, у гарнітуры пры гальштуку і ў начышчаных чаравіках. Некалькі разоў, калі яшчэ ў ранняй маладосці трэба было паказацца бацькам сваіх паненак, Грынкевіч прыкладаў намаганні. А потым кінуў гэты занятак, бо ўсё адно ведаў, што тата будзе выгаворваць дачцэ за такое знаёмства. Гэта было закляццем.
Зрэшты, татам не вельмі добрых дзяўчат ён не падабаўся яшчэ болей.
Джавані паказвае частцы сялян направа — трэба ісці сюды, каб злавіць ліхадзея. Іншую частку сялян ён накіроўвае налева. Маўляў, абкружыце яго, і тады ён нікуды не ўцячэ.
Ён добра памятаў, як упершыню сутыкнуўся з Рупелем, і цудоўна разумеў, за што менавіта Аннін бацька яго не залюбіў. Не, Грынкевіч тады якраз выявіўся станоўчым героем, і гэта было горш, чым з'явіцца перад Рупелем п'яным, моцна накураным і ў плямах ад жаночай памады.
Гэта здарылася пасля нейкага вечаровага спектакля з удзелам дзіцячай студыі, малых задзейнічалі ў апошнім акце і, адпаведна, адпускалі дадому вельмі позна. Грынкевіч тады ўспрымаў Нюту ўсяго толькі як адну з тэатральных дзяўчынак, якую ён, зрэшты, вылучаў за яе неверагодны позірк. Яны амаль не размаўлялі тады, проста віталіся ці перакідваліся парай словаў. І вось у той дзень ён даволі позна выходзіў з тэатра, толькі скончыўшы разбіраць дэкарацыі. Была зіма, мароз градусаў пад дваццаць, да закрыцця інтэрната, дзе ён тады жыў, заставалася мала часу.
На ганку ён убачыў гэтую самую дзяўчынку. Што было дзіўна, бо ўсе артысты з тэатра даўно сышлі, заставалася толькі дробная абслуга, якая акурат спяшалася дадому. А гэтая малая ўсё яшчэ таўклася тут, прычым выглядала яна вельмі перапужанай і нават, здавалася, панікавала. Хлопец загаварыў з ёй. Выявілася, што пасля вечаровых спектакляў яе заўсёды сустракае бацька, які забараняе ёй дабірацца дадому самастойна ці разам з кімсьці яшчэ. А сёння бацька чамусьці не прыйшоў.
«Патэлефануй яму, — зусім проста сказаў Аляксей. — Можа, што здарылася?». — «Не магу! Не хачу!» — амаль закрычала яна, калі хлопец паказаў ёй жэстам на тэлефонную будку.
Яго гукнулі прыяцелі, з якімі ён працаваў і звычайна ішоў з тэатра ў адзін бок. Але ён не мог пакінуць вось такое перапужанае дзяўчо, якое да таго ж стаяла на марозе без пальчатак ці рукавічак. Аляксей махнуў рукой сябрам — маўляў, ідзіце, я сам. Тыя хітра ўсміхнуліся, перакінуліся позіркамі і пайшлі. А ён застаўся з малой, якую трэба было пераканаць у неабходнасці званка ўласнаму бацьку.
«Я тэлефанавала бабулі, яна слухаўку не бярэ. А яму званіць не хачу! Здыме яго жонка, не хачу яе чуць... — сказала Нюта, і гэты аргумент падаўся збольшага ўцямным. — Яна не ведае, што тата мяне ўвечары сустракае, думае, што той бывае ў нас з бабуляй раз на месяц. »
Яна дзьмула на рукі, здзервянелыя ад марозу. Калі хлопец моўчкі ўзяў ейныя далоні ў свае і пачаў саграваць, ад нечаканасці яна разгубілася.
«Я. Я часта забываюся на пальчаткі. Ці губляю... Сёння згубіла, бабуля зноў лаяцца будзе... Скажа, што прышые гумкі да паліто, як маленькай...» — «Ты і ёсць маленькая і дурненькая, — сказаў Грынкевіч, здымаючы з сябе пальчаткі і надзяваючы іх на рукі дзяўчынкі. — Дзе ты жывеш?»
І ён далей інструктуе ваяўніча настроеных пейзанаў: будзеце праходзіць па плошчы і як убачыце, што нягоднік муркоча серэнады пад вакном дзяўчыны — ведайце, што гэта ён, хапайце яго, і нажамі яго, нажамі!
Жыла яна не так ужо і далёка, на Петраградцы ў «дваранскім гняздзе». Але часу на тое, каб дакінуць яе туды і вярнуцца назад да закрыцця інтэрната, было мала. Мароз абяцалі да дваццаці пяці, гэта перадавалі па радыё. Тады Грынкевіч стаў лавіць папуткі. Калі перад імі спынілася машына, Нюта запанікавала яшчэ болей і сказала, што так не паедзе. Яму карцела раззлавацца на гэтую малалетнюю неўрастэнічку, што не хоча тэлефанаваць бацьку і праз гэта стварае праблемы сабе ды іншым. Але скандаліць з ёй не было часу, таму ён проста ўзяў дзяўчыну ў абярэмак і запхнуў у машыну на задняе сядзенне. Яна сцішылася, але пачала дрыжэць, яўна не ад холаду.
«Мне забаранілі садзіцца ў чужыя машыны...» — шапнула яна. «Дык што, папрасіць, каб спыніліся? Пойдзеш дадому пешшу?» — не шапнуў, а прашыпеў хлопец у адказ.
Кіроўца машыны давёз іх да маста. Там яны злавілі яшчэ адну папутку і высадзіліся ў хвілінах дзесяці хады ад Нюцінага дома. Аляксей ішоў вельмі шпарка, каб не ўпусціць шанцу паспець у інтэрнат. Калі раптам зачыняць, то галоўнае, каб сябры з пакояў на другім паверсе не пазасыналі. У зусім крытычных сітуацыях можна было кінуць каменьчык у шыбу. Тады яны беглі ўніз, на першы паверх, дзе ў калідоры было адно не заклеенае на зіму акно, адмыслова дзеля спазніўцаў. Спускалі нават зэдлік, каб прасцей было залезці. Але не заўсёды яны так прачыналіся, у найгоршых выпадках даводзілася ночыць нават у пад'ездах дамоў, седзячы на прыступках.
Дзяўчынка амаль бегла за ім, пры гэтым балбочучы. Ён тады не зразумеў, што так яна звычайна адыходзіць ад напружання. Таму нават грубавата прыкрыкнуў на яе, каб шмат не размаўляла, бо наглытаецца халоднага паветра і захварэе. А яна ўсё адно балбатала, аж пакуль яны не дабраліся да яе кватэры і не ўбачылі на парозе здзіўленую бабулю.
Ён мае на галаве капялюш з белымі пёрамі, носіць плашч і шпагу.
Далей было амаль смешна. Бабуля аблаяла ўнучку за тое, што яна не патэлефанавала бацьку. (Сама бабця сядзела ў той вечар у суседкі за гарбатай, таму не ўзяла і слухаўку.) Потым катэгарычна запатрабавала ад унучкінага спадарожніка, каб выпіў з імі гарбаты. Дый увогуле, амаль дванаццатая ночы, а на градусніку за вакном мінус дваццаць два, няхай застаецца тут. Нюціна бабуля імгненна спадабалася Аляксею, і ён рады быў застацца, нават не таму, што гэта лепей за начоўку ў пад'ездзе ці гімнастычныя практыкаванні з карасканнем праз акно інтэрната. Дзяўчынка хутка выпіла гарбату, і яе адправілі чысціць зубы і спаць, ну а госць застаўся на кухні весці размовы з бабуляй.
Гэтая жанчына на неідэальнай рускай мове расказвала яму пра сваё юнацтва ў Латвіі, у сям'і нейкага фабрыканта. Расказвала пра тое, як у канцы трыццатых гадоў выйшла замуж за юрыста, які ў іх быў дом у Рызе з камінам і раялем у гасцёўні, як нарадзіліся іх старэйшыя дзяўчынкі, як пачалася вайна і як муж вымушаны быў працаваць на акупанцкую адміністрацыю, весці нейкае там справаводства. Дый увогуле, яны былі немцамі, успрымалі прыхадняў як сваіх, а не як акупантаў. Пасля вайны мужа адразу расстралялі, нават у лагер ён не трапіў, з ім усё было зразумела. Адна за адной памерлі дочкі, а сын нарадзіўся на этапе ў Сібір. Чаму яе выправілі на пасяленне, а не ў лагер, для Нюцінай бабулі было загадкай і пры гэтым доказам таго, што Бог існуе, іначай як растлумачыць гэтую літасць... Адкуль потым узяліся сілы жыць, гадаваць сына, працаваць і змагацца за тое, каб у яго было хоць нейкае людскае жыццё? Яна ж была хатняй паненкай, а тут давялося пачаць з чорнай працы. Але нічога, карысна перажыць усё, казала бабуля.
Інструкцыі зноў паўтараюцца: ідзіце на плошчу, там ваш кліент пад акном прыгажуні спявае серэнады. Там і чыніце свой сялянскі самасуд над шляхціцам.
У гэтым доме пры жыцці бабулі крухмалілі прасціны, Анна потым ленавалася гэта рабіць, але тады ў гэтым было нешта старамодна-цёплае, нешта такое, што Грынкевічу страшэнна спадабалася. Ён тады ўпершыню заснуў на канапе ў гасцёўні, не ведаючы, што пасля яшчэ шмат разоў прыйдзе ў гэтую кватэру. А зранку, калі ён збіраўся сыходзіць і дзякаваў Аннінай бабулі за гасціннасць, прыйшоў Антон Рупель. Пасля дзяўчына казала, што ў бацькі быў нейкі банкет у тэатры, і ён проста забыўся пра свой абавязак сустрэць дачку. Можна было здагадацца, што маці ўсё ж вызваніла сына і зладзіла яму вялікі сямейны прачухон. Пры чужым чалавеку яна, зразумела, нічога не казала, але Грынкевіч нават у свае сямнаццаць адчуў сталёва-халодную пагарду. Рупель павітаўся з хлопцам, падзякаваў за дапамогу, аднак не падаў рукі. Гэтая дэталь з першай сустрэчы асабліва ўрэзалася Грынкевічу ў памяць, але ж тады ён не зразумеў яе значэння.
Джавані зноў накіроўвае сялян у розныя бакі, каб яны дакладна не ўпусцілі злачынцы. У вопратцы Лепарэла свавольнік непазнавальны, ён амаль у эйфарыі ад беспакаранасці.
Пазней усё так арганічна склалася, што Нюта зноў убачыла яго ў тэатры і падзякавала пацалункам у шчаку ды хатнім лусцікам. Потым ён гуляў з дзяўчынай па горадзе пасля ранішняга спектакля ў выходны дзень і ўжо не адчуваў, што яна маленькая і дурненькая. А далей сам вызваўся праводзіць яе пасля вечаровых спектакляў, і яна чакала яго нават тады, калі яе адпускалі пасля першага ці другога актаў. Здаралася і так, што хлопец сам прыходзіў сустрэць яе, калі ў тэатры не было працы. Рупель быў адхілены ад свайго бацькоўскага абавязку, прычым з дабраславення бабулі. Таму на наступных сустрэчах з Грынкевічам ён яшчэ доўгі час не падаваў яму рукі.
Затое ейная бабуля яго любіла і давярала яму, нават празмерна. Бо тое, што яны рабілі... Яны рабілі гэта амаль пад носам у бабулі, якая выходзіла на лаўку паразмаўляць з суседкамі. Яны толькі прыслухоўваліся, ці чуваць з вуліцы бабулін голас, ці не збіраецца яна вяртацца. Іхныя заняткі выходзілі нават па-за рамкі петынгу. Так яны вывучалі ўласную сэксуальнасць яшчэ да таго, як адважыліся «зрабіць гэта па-сапраўднаму». Зрэшты, ва ўяўленні савецкай бабулі сэксам магло называцца толькі тое, ад чаго патэнцыйна здараюцца дзеці, а ў пэўных яго разнавіднасцях кабета сталага веку, зразумела, не разбіралася. Ну а калі бабуля на пару тыдняў пасялілася ў кватэры сына і пакінула Нюту адну, дык гэта ўвогуле было ўпушчэннем з ейнага боку. Бабуля даглядала ўнука, бо сын з нявесткай з'ехалі на гастролі. Унучка ўдзень ляніва рыхтавалася да іспытаў за няпоўную сярэднюю школу, а ўначы да яе прыходзіў госць, які ўдзень нібыта здаваў сесію. Ночы былі белыя, і таму дзяўчына баялася, што хтосьці з суседзяў убачыць госця праз акно, калі той будзе ўваходзіць у пад'езд.
Яны былі тады такімі свабоднымі і натуральнымі ў сваіх інстынктыўных праявах! Грынкевіч часта думаў: а што б з ім было, калі б яму ў галаву заклалі столькі страхаў і забаронаў, як брату? Напэўна, даўно б ажаніўся і жыў з кім-небудзь. Не дрэнна, але і не добра. Як усе жывуць. Бацькі ж таксама пражылі вось так цэлых трыццаць пяць гадоў. І хто ў выніку шчаслівейшы? Чалавек усё ж звярок, прычым хатні. А хатнія звяркі любяць прадказальнасць, якая ім даецца ў якасці кампенсацыі за абмежаванні і парадкі. Прадказальнасць і размеранасць робіцца шчасцем, як своечасова атрыманая пайка. Калі б яго іначай выхавалі, то бок, калі б тата і мама шчыльна займаліся яго выхаваннем, то ён бы цаніў прадказальнасць і даўно б. А так ён не здолеў утрымаць нават Аксаны.
«А вось ты, Мазэта, пойдзеш са мной, — кажа Джавані. — Нам трэба зрабіць самую адказную справу». Натуральна, яму трэба заблытаць гэтую рустыкальную кампанію як мага болей.
Ці наадварот, як жывуць іншыя, глыбока багемныя істоты. Тыя ўвогуле не замарочваюцца пытаннямі пра сям'ю, супольнае жыццё ці яшчэ нешта рамантычнае. Ім чым нетыповей, тым лепей. Калі б ён, Грынкевіч, наглядзеўся парнаграфіі на відэа і ў жыцці яшчэ да таго, як упершыню самастойна зняў з дзяўчыны станік, то не было б у яго той трапяткой радасці ад дакранання да дзявочых грудзей. І цяпер, калі станікаў знята безліч і спазнаць штосьці новае ўжо цяжка, не кранала б яго паэтычная метафара пра «сэрца чырвоны гранат». Ён разрэзаў бы гэтую метафару халодным лязом інтэлекту, паглядзеў бы, што там усярэдзіне, і выкінуў на сметніцу, як лабараторную жабку. А ён носіцца з гэтай цёплай і жывой метафарай і амаль плача ад вершаў.
Сяляне разыходзяцца ў розныя бакі.
Сцэна V
Дон Джавані, Мазэта.
Рэчытатыў «Zitto... Lascia chio senta... Ottimamente».
На шляху да бацькоўскай хаты Грынкевіча заспела тэлефанаванне з N. Званіў Вася ўласнай персонай, якому на гэтыя тры дні пакінулі «Дона Джавані». Яму, бачыце, учора на аркестравай зладзілі акцыю пратэсту. Маўляў, ён робіць зусім іншую агогіку і таму матэрыял развальваецца. А салісты крыкам крычалі, каб ён не лез у іхні вакал.
— Ну натуральна, што я іначай гэта адчуваю, — дзяліўся абурэннем Вася. — Але ж гэта аркестранты, яны павінны ісці за рукой дырыгента!
Гэты дзіцячы садок раззлаваў Грынкевіча, бо Васевы скаргі яму даводзілася выслухоўваць на нятанным роўмінгу. Ён сказаў Васю, што той у прынцыпе ніколі ніякай агогікі не паказвае, што яго дырыгаванне ў вельмі добрыя дні — замена метранома, а ў дрэнныя — бессэнсоўная прысутнасць перад аркестрам. Стажор нешта ўзвыў у слухаўку, але Грынкевіч толькі сказаў: «Працуй, Вася, працуй!» — і скінуў званок.
Джавані вяртаецца на сцэну, трымаючы за руку Мазэта. «Цішэй... Дай паслухаю, ці не ідзе хто. Не, усё нармальна. Ну дык вось, мы с табой, Мазэта, заб'ем гэтага паскудніка. Натуральна, мы не задаволімся тым, каб проста пераламаць яму косці».
Як ні дзіўна, малапрыемная размова з падначаленым яго мала закранула. Стоячы ў чарзе ў абменнік на вакзале і потым, ідучы на патрэбны прыпынак, Грынкевіч ужо думаў пра бацьку. Прыгадваў, як яму было сямнаццаць гадоў і як яны аднойчы паразмаўлялі. Паўгода пасля гэтага не маглі замірыцца. Ён тады моцна абразіў бацьку, але ўпарта не хацеў прасіць прабачэння.
Ён толькі што зноў стаў студэнтам музвучэльні, і цяпер трэба было неяк падаць гэтую навіну бацькам. Дакладней, дзве навіны ў адным флаконе. Дома павінны былі нарэшце дазнацца, што сын два гады правучыўся ў вучэльні на тэарэтыка, а не на піяніста ў дзесяцігодцы. А вось з гэтага года ён будзе ў іншай вучэльні на першым курсе, але ўжо як дырыгент акадэмічнага хору. Тым не менш ён далёка не адразу раскрыўся, ён дачакаўся канца жніўня, калі трэба было збірацца ў дарогу.
У Дануты Фларыянаўны была істэрыка. Яна хадзіла па кватэры і плакала, а сын пачуваўся вінаватым, але нічога не мог сказаць у сваё апраўданне, проста не знаходзіў словаў. Маці ўсё казала, што цяпер яго забяруць у войска, а калі б ён быў у кансерваторыі, то далі б адтэрміноўку. Ён не разумеў, што тады адчувала маці. Крыж на будучыні старэйшага сына быў толькі дадаткам, апошняй кропляй. Насамрэч яна ўжо амаль паўгода перажывала сітуацыю з мужам. Цяпер быў жнівень, яе адпачынак скончыўся, затое сужэнец быў далёка. Нібыта ў брата ў Маскве, а пасля — у дальніх сваякоў, якія засталіся ў Сібіры. Але ў гэтыя байкі мог паверыць хіба малы Віцька. Аляксею яна ўсё адразу расказала.
Маці плакала, а ён спрабаваў яе пераканаць, што няма нічога трагічнага ў перамене спецыяльнасці. Не стаў піяністам, але пачне ўсё спачатку як дырыгент. «Ты мог скончыць кансерваторыю як піяніст і потым ісці на дырыгаванне!» — усхліпвала маці.
І пэўна ж, ён не мог зразумець, як цяжка маці перажываць крушэнне адразу ўсіх мараў. Гэта ўсё адно што дачакацца карабля з пунсовымі ветразямі і ўбачыць, як ён ідзе на дно. Праўда, значна пазней Аляксей зразумеў маці, бо гэтаксама чапляўся за мары і гэтаксама балюча перажываў іх крушэнне. Хай сабе без такіх вонкавых праяваў.
За два дні да Грынкевічавага ад'езду вярнуўся бацька — нібыта ад сваякоў. Але загар пры гэтым бацька меў зусім не сібірскі. Маці вырашыла падключыць мужа да выхавання ўжо амаль дарослага і самастойнага сына. Відаць, яна не бачыла іншага спосабу хоць бы ўнутранага паяднання з сужэнцам.
«Так, я хачу яго забіць! — заяўляе агрэсіўна настроены пейзанін. — Заганю ў яго сто куляў!»
Аляксей тады ляжаў на сваім ложку ў пакоі і глядзеў у столь. Ён чуў галасы бацькоў з кухні.
Тата казаў, што маці сама ва ўсім вінаватая, што нельга было пакідаць сына аднаго за некалькі сотняў кіламетраў. Мог бы вучыцца тут і ў тутэйшай кансерваторыі таксама прыдаўся б. Атрымаў бы нармальную адукацыю. Маці ў сваю чаргу ва ўсім вінаваціла мужа. Хто ім заўсёды ўнушаў, што яны самі адказваюць за свой лёс? Вось ён і распарадзіўся як хацеў, а цяпер і заяўляе: сам свае праблемы вырашу і ніякай дапамогі мне не трэба. Ніколі ні з кім не раіцца, усё робіць па-свойму. З такой базай — і ў музвучэльню на харавое, аёй-аёй...
Нарэшце бацька не вытрываў і прыйшоў у пакой — займацца выхаваннем.
— Навошта ты гэта зрабіў? — пачаў ён даволі спакойна, тонам чалавека, які хоць бы дзеля фармальнасці хоча выслухаць нейкія аргументы.
Сыну хацелася адказаць: каб уратавацца. Але гэта было занадта складана патлумачыць, дый бацька не любіў нюняў ды сопляў. Таму Аляксей адказаў, што не хоча марнаваць час на праседжванне за раялем.
— Чаму ты нас два гады падманваў? — працягваў бацька свой допыт.
Грынкевічу тады падалося, што бацька адчувае нейкія падводныя плыні. Нягледзячы на тое, што Аляксей больш пайшоў у матчыных сваякоў і нават вонкава амаль не нагадваў бацькі, менавіта з ім ён адчуваў дзіўную ўнутраную повязь. За тры гады да таго яны амаль адначасова трапілі да лекараў — бацька з першым інфарктам, а сын з нейкім там мудрагелістым парокам, якога ў яго не здолелі выявіць у дзяцінстве. І цяпер бацька таксама нешта адчуваў. Гэта была не інтуіцыя нават, гэта было зрастанне. Бацька часам бачыў старэйшага сына наскрозь, хоць яны і жылі асобна.
— Хіба я вучыў цябе падманваць? — працягваў бацька, бо сын маўчаў.
— Ну, калі ты ўмееш падманваць, то і я таксама магу! — раптам агрызнуўся Аляксей.
«А ці маеш ты на гэта добрую зброю?» — «Натуральна!» — адказвае Мазэта і з гордасцю дэманструе дону Джавані стрэльбу і пісталет.
I тут яны завяліся. Адзіная праява тэмпераменту, у якой яны былі абсалютна падобнымі, — здольнасць назапашваць у сабе злосць, а потым выкідваць яе ў такіх дозах, што гэта можна было параўнаць з выбухам на атамнай станцыі. Калі б чужы чалавек паглядзеў на іх у той момант, то нават нягледзячы на вельмі-вельмі слабае вонкавае падабенства мог бы сказаць: гэта крэўныя сваякі.
Яны тады рашуча адзін аднаго не чулі. Прыбегла маці і ў паніцы пачала нагадваць мужу, што яму нельга хвалявацца.
— Хвалявацца яму нельга! — зароў сын. — А на моры пад сонцам валяцца яму можна з нейкай там шлёндрай?!
Бацька замахнуўся на яго. Сын злавіў яго руку і даволі спрытна скруціў, на што бацька не разлічваў. Тады ён стомлена апусціўся на крэсла, сціснуў галаву рукамі і доўга так сядзеў, гледзячы ў падлогу. Маці даўно ўжо сышла плакаць на кухню. Побач з ёй круціўся перапужаны і ўвесь збялелы Віцька, для якога татавы прыгоды сталіся адкрыццём.
— Слухай, Аляксею, — загаварыў нарэшце бацька. — Ты ўжо дарослы хлопец. Можа быць, у цябе ўжо ёсць дзяўчына ці, можа, яна неўзабаве з'явіцца. Але ты пакуль не можаш зразумець, што я перажываю.
— Пагуляць табе захацелася, вось што ты перажываеш! — адрэзаў сын. — Ты мяне яшчэ адказнасці вучыў, што жонка даецца адна на ўсё жыццё. Што, не памятаеш ужо? А цяпер у цябе як — дзве жонкі адначасова?
— Змоўкні! — зноў пачаў заводзіцца бацька. — Ты шчанюк яшчэ, каб мяне судзіць.
— А ты кабель! — з грубасцю выгукнуў сын.
І тут Джавані нечакана выхоплівае шпагу і б'е эфесам Мазэта, адбіраючы ў яго зброю. «Вось табе стрэльба! Вось табе пісталет!»
— Значыцца, так. — прамовіў бацька. — Тады я табе, сын, жадаю такога ж лёсу, як сабе! I я пагляджу, з кім ты ажэнішся і якім ты будзеш мужам. Калі ўвогуле будзеш.
— Я ажанюся не дзеля таго, каб потым налева бегаць! — гарачліва працягваў сын. — А такім, як ты, я дакладна не буду.
Рэштку таго дня ён прабадзяўся па Мінску і нават заблукаў быў у цыганскіх кварталах на ўскрайку горада. Амаль уначы ён вярнуўся, а назаўтра з'ехаў вечаровым цягніком у Піцер. Праз паўгода бацька сам прыехаў мірыцца, і сын пад націскам маці ўсё ж прымусіў сябе сказаць бацьку: ты ўжо мяне прабач за тое. I бацька нібыта прабачыў.
Гэта было палову жыцця таму. А сёння, едучы ў тралейбусе ў мінскую Курасоўшчыну, ён думаў пагутарыць з бацькам. Сказаць яму, як ён разумее ўсю тую даўнюю гісторыю і як шкадуе пра тую размову. Прызнацца, што атрымаў ужо сваё пакаранне і жыве цяпер, як той кароль Амфортас, з незагойнай ранай. I што не змог знайсці той жанчыны, якая прыме яго з гэтым болем. Ён памыліўся з Аксанай, не трэба было расказваць ёй пра Анну. Думаў, яна такая, як маці, прыме ўсё. У гэтым сэнсе ён, Аляксей Грынкевіч, поўны няўдачнік.
Яму здавалася, што калі цяпер прызнацца бацьку ва ўласнай паразе, калі атрымаць сапраўднае дараванне, то нешта абавязкова пачне мяняцца. Можа, рана і не загоіцца, але хоць бы балець перастане. Нездарма ж ён сустрэў у цягніку гэтую дзівосную Касю. Пэўна, гэта нейкі знак. Добры знак.
Грынкевіч выйшаў на прыпынку. Ён ужо бачыў здалёк вокны бацькоўскай кватэры і думаў, як сёння ўздыме тост, а потым не за сталом скажа бацьку «дзякуй» за такі патрэбны ўрок.
Збіты Мазэта войкае, а Джавані працягвае яго лупцаваць: «Маўчы, бо іначай я цябе заб'ю».
Ён не паспеў пазваніць у дамафон: з пад'езда выйшлі тры мужчыны ў куртках медыкаў «хуткай». Крыху паводдаль стаяла машына, да якой яны і скіраваліся. Грынкевіч выклікаў ліфт і ўзняўся на шосты паверх. Дзверы ў тамбур чамусьці былі расчыненыя, суседка выслізнула са сваёй кватэры і скіравалася ў кватэру бацькоў. I тут дзверы чамусьці былі незамкнёныя. Гэтыя шматлікія «чамусьці» выклікалі нават не трывогу, а нейкую жахлівую пэўнасць. Думкі спыніліся. Ён увайшоў у кватэру, дзе адразу сутыкнуўся з братам. Той быў збялелы і не змог нават прывітацца. Пад нагамі круціўся чорны кудлаты пёс, але не брахаў і не лашчыўся да чарговага прыхадня, як ён гэта рабіў звычайна.
— Што?! — запытаўся Аляксей.
Суседка завешвала белай прасцінай люстэрка ў вітальні. З пакоя выйшла заплаканая маці і абняла старэйшага сына. Яна скрозь слёзы казала нешта накшталт: «Гора, якое гора». I Аляксей усё зразумеў.
— Паўгадзіны таму. — прамовіў Віктар.
Дон Джавані ўцякае.
Сцэна VI
Мазэта працягвае войкаць і стагнаць ад болю.
Рэчытатыў «Ahi! ahi! la testa mia!».
Вельмі проста ў гэты дзень было пазваніць у N і адпрасіцца яшчэ на чатыры дні: дырэктар быў нечакана чалавечным, папрасіў берагчы сябе і гэтак далей. Ладзіць пахаванне думалі, як заўсёды, на трэці дзень, раней не мела сэнсу: гэта ж не анкалогія, калі спяшаюцца праводзіць нябожчыка. Зусім элементарна было абзваніць сваякоў, знаёмых і былых калег бацькі, пахавальныя канторы і ксяндза з касцёла, пра ўсё дамовіцца і ўсё арганізаваць, хоць Грынкевіч амаль не ведаў Мінска і не меў тут ніякіх знаёмых. Але пры гэтым ён добра разумеў, куды менавіта трэба званіць, у якіх даведніках шукаць патрэбныя тэлефоны, на якія кошты арыентавацца. Ён заняўся гэтымі справамі ці не адразу ж, як толькі пераступіў парог кватэры, такія заняткі цэментавалі яго, не дазвалялі рассыпацца.
З'яўляецца Дзэрліна. Муж скардзіцца ёй: мяне збіў гэты нягоднік Лепарэла або нейкі чорт, вельмі да яго падобны. Ён такі ж самы паскуднік, як і ягоны гаспадар дон Джавані.
Усё гэта было проста. Складана было знайсці патрэбныя словы да маці і брата, якія імгненна пачуліся асірацелымі. Першыя гадзіны яны яшчэ былі занятыя самымі пільнымі пабытовымі клопатамі: трэба было ўбраць нябожчыка, пакласці яго ў пакоі. Маці яшчэ з сумам казала, як ён настойваў на тым, каб набыць да дня народзінаў новы гарнітур. Вось і набылі. Пайшоў акурат у свой юбілей, нібыта замовіў сабе. Калі ж гэтыя справы былі зробленыя, то маці з братам проста селі на канапе абняўшыся, як двое дзяцей, якія раптам страцілі бацькоў. У самога Грынкевіча нібыта спаралізавала тую частку душы, якая адказвала за ўласныя перажыванні, затое ён адчуваў гэтых дваіх, хоць нічога не мог ім сказаць: любыя словы падаваліся яму нечым фальшывым, вось ён і маўчаў. Ён адно пытаўся ў маці, каму яшчэ трэба патэлефанаваць, складаў спіс усяго неабходнага і лазіў па тэлефонных даведніках.
Яму нават не прыйшло ў галаву раззлавацца на брата, бо той спачатку ніяк не дапамагаў. Грынкевіч працягваў званіць, прымаў спачуванні і нават вымушаны быў сам суцяшаць тых, хто спрабаваў суцешыць яго. Потым самастойна спрабаваў высветліць, якія кавярні найбольш прыдатныя на хаўтуры, чаго ксёндз запатрабуе ад сям'і дзеля абраду. Ён падлічваў выдаткі, крыху блытаючыся ў беларускіх грошах. Зрэшты, тут вельмі часта называлі сумы ў далярах. Гэта было нязвыкла — у Расіі рахуюць найперш у нацыянальнай валюце, — і ён чамусьці больш думаў пра дзівосы на сваёй гістарычнай радзіме, а не пра тое, што ад бы лося.
Дзэрліна, натуральна, спачувае мужу, але не ўпускае магчымасці выкруціць сітуацыю сабе на карысць. Маўляў, усе гэтыя няшчасці ад тваёй вар'яцкай рэўнасці, нашто было рыхтаваць страшную помсту, сядзеў бы ціха — і ўсё было б добра. Мазэта думае, што жонка ўсё ж мае рацыю.
Пра нябожчыка ён не думаў таксама. Бацька быў проста целам, якое ляжала, ужо ўбранае, у пакоі. Для Грынкевіча цяпер існавалі толькі мэты і задачы на сёння: зрабіць усё па-людску.
— Госпадзе, як жа ты да яго падобны.
Ён сядзеў на кухні пры тэлефоне з нататнікам і алоўкам у руках, калі прыйшла маці і, прамовіўшы гэтыя словы, абняла яго за плечы. У адказ сын моўчкі пагладзіў яе руку. Грынкевіч ведаў, што яшчэ ў дзяцінстве яго называлі копіяй дзеда, матчынага таты. А вось ад бацькі ў ім амаль нічога не было. Аднак Аляксей не стаў спрачацца з маці на гэты конт. Яна не магла яшчэ ўсвядоміць, што мужа больш няма, і паўсюль лавіла яго здань.
— Вось у цябе і жэсты такія самыя. Ты проста не можаш бачыць сябе збоку. Ён таксама вось так звычайна сядзеў на кухні, калі яму трэба было нейкі малюнак або чарцёж накідаць. Нават гэтаксама чухаў асадкай скроню. I гэтаксама ў яго складвал іся вусны, калі ён на нечым засяроджваўся, нешта абдумваў.
— Мама.
— Я замінаю. Я разумею. Ён мяне да гэтага прывучыў.
— Мама, каго можна папрасіць, каб труну панеслі? Можа, з працы? I. Шмат людзей, напэўна, прыйдзе. Дадому ксяндза запрашаем?
Дзэрліна дапамагае Мазэта ўзняцца з зямлі і вядзе яго дадому. Ужо ж яна ведае сродак, каб вылекаваць свайго добрага, хоць і дуркаватага мужа.
На кухню прыйшоў брат і вывеў маці, якая зноў расплакалася. Нешта зварухнулася ў Аляксею і падказала яму, што варта пабыць з ёй. Але ён зноў паглыбіўся ў разлікі. Гэта было нават эгаістычна, вось так абараняць і ратаваць аднаго сябе, думаў ён, але нічога не мог з сабою зрабіць.
№ 18: Ары я «Vedrai carino».
Толькі на наступны дзень брат крыху апрытомнеў і сутаргава пачаў шукаць сабе занятку. Спачатку ён стаў думаць, ці не варта ўзяць машыну напракат і як гэта можна зрабіць. Потым вырашыў, што толькі страціць час, таму вызваніў некага са сваіх аднакашнікаў, які быў за стырном. Той пагадзіўся аддаць Віктару цэлы дзень, каб паездзіць па гэтых жалобных справах. Грынкевіч падумаў, што яму цяпер не варта ўтручвацца, ён і так учора шмат чаго зрабіў і распланаваў, а брату цяпер заставалася толькі аб'ехаць патрэбныя адрасы.
Аляксей застаўся з маці. Яны сядзелі на кухні і пілі гарбату. Размаўлялі ціха, як быццам бацька спаў у гасцёўні і яго нельга было турбаваць. !м нарэшце перасталі тэлефанаваць сваякі і сябры, — прымаць спачуванні і ветліва адмаўляцца ад дапамогі было даволі цяжка, гэта вымотвала. Але вось ужо недзе гадзіны з дзве было ціха.
Дзэрліна ведае просты, недарагі сродак, каб паправіць здароўе небаракі Мазэта.
Чорны сабака ляжаў на падсцілцы ў вітальні. Учора мала што не ўвесь дзень ён ціхенька скуголіў, толькі пад вечар, калі Грынкевіч вывеў яго на шпацыр, супакоіўся. Пёс ляжаў на пад лозе і глядзеў на старэйшага сына памерлага гаспадара. Можа быць, раздумваў, ці варта даваць яму прысягу сабачай вернасці.
— Прызнаў цябе, бач ты. — сказала Данута Фларыянаўна з уздыхам, калі Аляксей ціхенька гукнуў сабаку і той прыўзняў вушы.
— Хто іх ведае, гэтых звяроў. Можа, убачыў ува мне старэйшага мужчыну ў сям'і.
Аляксей збольшага маўчаў, а гаварыла толькі маці. Ці то яна так імгненна асунулася ад гора, ці то ён проста даўно не бачыў яе, але цяпер маці падавалася Грынкевічу зусім маленькай. Яна і ў маладосці была хударлявай, а цяпер дык стала амаль бясплотнай. Прыгожай яе ніхто ніколі не лічыў, адно што было ў ёй добрага, дык гэта выразныя шэрыя вочы і багатыя хвалістыя цёмнарусыя валасы. Рысы твару былі характэрнымі, не грубаватымі, як у мужчын у ейнай сям'і, але, як на жанчыну, у іх усё ж бракавала чагосьці пяшчотнага і плаўнага. Яшчэ яна мела вялікія і стройныя кісці рук, але іх своеасаблівую піяністычную красу мог ацаніць хіба толькі старэйшы сын.
У маці з Аннай рукі падобныя, думалася яму. Гэтае падабенства ён толькі цяпер і адзначыў: ім абедзвюм не пасавалі доўгія пазногці і яркі лак.
Данута Фларыянаўна мела паставу, якой не сапсавалі амаль паўстагоддзя, праведзеныя за інструментам, і яшчэ вельмі ганарлівую пасадку галавы, але нібыта саромелася гэтага. Яна мела вялікі, як на такое далікатнае цела, голас, але заўсёды імкнулася размаўляць вельмі ціха. Праз яе знешнасць маці прыпісвалі нейкую асаблівую моц характару, і той, хто бачыў яе ўпершыню, чамусьці думаў, што яна сама меней дырэктар музея ці школы — гэткая маленькая, але валявая, моцная, нават уладарная. Але гэтая жанчына ўсё жыццё вучыла дзяцей граць на фартэпіяна, а ў сям'і свядома прытушыла ўласнае свячэнне.
— .А потым я паехала ў Ленінград на канцэрт. Мне цэлы дзень не было чаго рабіць, вось я і патэлефанавала яму. Маці мяне б за гэта забіла, калі б даведалася. Каб яе дачка ды званіла ў інтэрнат хлопцу, з якім у цягніку пазнаёмілася! Што ты. Я бабулі да самай яе смерці не прызналася, як яно было. Яна ўсё лічыла, што гэта ён мяне расшукваў, дамагаўся, — распавядала маці гісторыю, якую Грынкевіч ужо чуў раней, прычым неаднаразова.
Праўда, сёння гісторыя знаёмства бацькоў гучала асабліва шчыра і пранізліва, як перакладанне сімфанічнага твора для маленькага струннага аркестра. Да таго ж у ёй было шмат кранальных дробязяў, якія раней падаваліся нязначнымі.
Сродак гэты натуральны: не хімічны, не агідны, не горкі, як лекі.
— Пазваніла я яму, а ён якраз меў адгул. Сабраўся вельмі хутка, за гадзіну, і прыйшоў на спатканне. Цэлы дзень з ім гулялі. На канцэрт ён, зразумела, не трапляў, там усе квіткі загадзя раскупілі. Мне сяброўка набывала. Пасля канцэрта ён мяне сустрэў. Я так здзівілася. Начаваць я думала ў той самай сяброўкі. А быў чэрвень. Ён кажа: хадземце гуляць, ноч жа белая. I я пайшла. Пра гэта я таксама маме не казала, ну, ты ж разумееш, часы былі цнатлівыя. Гулялі добра, нічога такога, як у сучаснай моладзі. Ён негаваркі заўсёды быў, гэта я траскацела, як сарока, і ўсё пра музыку. Пад ранак ён мяне праводзіў да дому, дзе жыла сяброўка. Я сказала: так добра было з вамі. А ён кажа: выходзьце за мяне замуж, будзеце са мной увесь час. Я стаю, агаломшаная, трымаю ў руках канвалі. Ён мне іх якраз і падараваў, тады ўсе канвалі дарылі. А ён так сур'ёзна пытаецца: дык так ці не? Я кажу, што трэба падумаць. Ён у адказ: вы мне далі ў цягніку няправільны тэлефон, навошта? Давайце правільны нумар, я вам патэлефаную, а вы скажаце, што надумалі. А я сапраўды дала яму памылковы нумар, каб ён мяне не шукаў. Такая вось я была легкадумная ў маладосці. Ну і што, патэлефанаваў ён мне. Ён мне спадабаўся, я і падумала: ну, замуж дык замуж, калі што, дык развядуся. Я сапраўды думала, што развядуся. Дурненькім дзяўчом была.
Патэлефанаваў чарговы знаёмы, выказаў спачуванні. Маці ўжо перасіліла шок і вельмі спакойна размаўляла па тэлефоне. Паклаўшы слухаўку, яна наліла яшчэ гарбаты і працягнула ўспаміны.
— Бабуля вельмі не хацела, каб я за яго выходзіла. У ліпені ён прыехаў да нас у Полацк — знаёміцца. Натуральна, трымаліся мы вельмі сціпла. Нават на «ты» вельмі доўга не маглі перайсці. Сабраліся жаніцца, а размаўляем, як людзі сто гадоў таму. Дзед у яго пытаецца: дзе служыў? А ён кажа, што камісаваны, бо сэрца. Як жа мне тады бацькі выгаворвалі. Ды сэрца, ды раптам памрэ. А я была ў нейкім такім стане, калі проста ведаеш, што так трэба. Ведала, што маё — дый годзе. У канцы жніўня мы ажаніліся, а ў верасні я да яго пачала ездзіць кожныя выходныя. У Ленінградскую кансерваторыю мяне не пераводзілі, не бралі: таленту, відаць, бракавала, — а я была на чацвёртым курсе, трэба было давучыцца. Ён быў не супраць. З рознага мы былі свету, але ты ведаеш. Многія мае сяброўкі таксама павыходзілі замуж не за музыкантаў, дык скардзіліся, што не маюць пра што пагутарыць, нават на канцэрт лішні раз не адпусцяць адну. А тут я была свабоднай. Ён і праўда мяне ніколі не ламаў. Увогуле, мы за першыя пятнаццаць гадоў ніводнага разу нават не пасварыліся, голасу адно на аднаго не падвысілі. А потым з вамі абодвума здарылася. Я за Віцю заўсёды турбавалася, ён быў такі кволы ад нараджэння, ды яшчэ астма. А за цябе я ніколі не баялася, таму я цябе пагадзілася пакінуць у Ленінградзе. I за бацьку не баялася. Ну, калола яму часам сэрца, але ён не піў, курыў няшмат. I тут у яго на працы непрыемнасці, ён перахваляваўся — і трапіў з інфарктам у лякарню. А ты тады на абследаванне, але перарос, дзякаваць Богу.
Гэты цудадзейны бальзам Дзэрліна заўсёды носіць з сабой, ён загоіць любыя раны.
— Так, памятаю. Табе тады дасталося.
— А я пра сябе не думала. Ты ж памятаеш, ён увесь час некага там выцягваў, ратаваў. У цэху яго ведалі ўсе работнікі, ён не толькі ў кабінеце сядзеў, на вытворчасць хадзіў часта — глядзеў, як што працуе, вымяраў, правяраў. Хоць які ў яго клопат? Начарціў, спраектаваў, аддаў — а далей не твая справа. Дык вось аднойчы ён чарговым разам завітаў на вытворчасць і знайшоў адну тэхналагічную хібу. Пайшоў на прыём да дырэктара, кажа, здымайце ўсю партыю, не адгружайце, бо ёсць памылкі. Паказваў яму чарцяжы, вымярэнні. А дырэктару трэба было план выканаць, ну як жа без плана тады?.. Партыю адгрузілі, план выканалі. Бацьку ўсе кажуць — ды супакойся ты, нічога не зробіцца. Не, ён пайшоў у Мінпрам БССР ці як ён там зваўся. Праўда, там яго слухаць не сталі, а дырэктар завода потым яшчэ і прэміі пазбавіў, каб вады не муціў. Добра, што ў псіхушку не забралі, перабудова тады ўжо была. Ну і што. Тры сур'ёзныя аварыі былі. Якраз на машынах з тымі дэталямі, якія з яго завода адгрузілі. Сталі разбірацца, бацьку яшчэ вінаватым хацелі зрабіць, маўляў, ён неправільна спраектаваў. Гаворка ішла ўжо ледзь не пра суд. Тут ён і зваліўся з сэрцам. Праўда, потым разабраліся, прызналі памылку, знялі намесніка дырэктара па вытворчасці. Самому дырэктару — вымову, бацьку — прэмію. Але ён усё жыццё не мог супакоіцца, вось нядаўна згадаў той выпадак і кажа: трэба было не маўчаць тады. Ён толькі па рэспубліцы пайшоў, а трэба было выходзіць на Саюз. А так тры чалавекі пакалечыліся. З дэпутацтвам гэтым ён таксама сабе нерваў папсаваў. I я разам з ім. Галоснасць у нас, перабудова! Сябровак маіх мужыкі нікуды саміх не адпускаюць, раўнуюць. А мой мужык кажа: ну, ідзі сама, я не супраць. Сам жа ў гэты час ходзіць па кватэрах «падшэфных», бо іх то суседзі заліваюць, то яшчэ якая трасца, а ЖЭС нічога не робіць. Гэтыя «падшэфныя» нам дадому тэлефанавалі, я нашу кватэру домам саветаў называла. Але мы не сварыліся. Я плакала шмат, у лазенцы зачыніўшыся. I яшчэ я ведала, што бессэнсоўна яму нешта казаць, нейкія прэтэнзіі выстаўляць. Я страшэнна стамлялася. Калі б ён піў, біўся, раўнаваў ці крычаў, гэта было б зразумела. А тут — сценка. Мяккая такая сценка. У яе б'ешся галавой — і ўсё бессэнсоўна. Але пра нябожчыкаў або добра, або.
— Можна я пайду пакуру?
Колькі разоў за гэты дзень Грынкевіч ужо выходзіў пакурыць. Ён быў адзіным курцом у сям'і, і гэта вымушала яго заўсёды выходзіць на гаўбец. Бацька кінуў курыць яшчэ пасля першага інфаркту. Калі ён чуў пах цыгарэт, яго гэта раздражняла. Цяпер трэба было прайсці на гаўбец праз пакой, дзе ён ляжаў.
— Можаш курыць тут. Яму цяпер усё адно. — сказала маці і паставіла перад Аляксеем нейкую старую талерачку, замест попельніцы.
Сын моўчкі зацягнуўся. Увогуле, ён не быў аматарам жаночых споведзяў, хоць жанчыны яму і давяралі. Але маці трэба было выгаварыцца пасля пралітых слёз. I таму ён цярпліва слухаў яе. Зрэшты, не толькі ўвага і цярплівасць вымушалі яго пільна сачыць за гэтым аповедам. У матчынай гісторыі ён знаходзіў адказы на пытанні, якія раней падаваліся яму недасяжнымі. I ён іначай глядзеў на сябе самога. У тыя хвіліны ён думаў нават не пра бацьку, якому шмат чаго не паспеў сказаць. Думаў ён пра свае памылкі, як быццам спісаныя адным вучнем-абібокам у іншага, такога самага лайдака. Так калісьці ў яго, лайдака з фенаменальным слыхам, злізвалі дыктоўкі з няправільнымі знакамі альтэрацыі. Яны падаваліся яму нязначнымі, ён не разумеў тады, чаго ад яго хоча педагог. Абсалютнікі часам бываюць настолькі пэўныя ў сваёй дасканаласці, што не трацяць часу на ўсведамленне розніцы паміж нейкімі там лябемолем ды соль-дыезам. Так і ён раней быў пэўны, што яму проста хранічна не шанцуе, што ва ўсім вінаватая толькі Анна, ад якой усё і пачалося. Не, з маці ён дакладна ніколі не будзе размаўляць на гэтую тэму. Тэмы неўзабаве не будзе. Перыяд завершаны, застаецца толькі дадатковае плагальнае абарачэнне.
— Перажылі мы той інфаркт, той скандал на заводзе, а потым з'явілася яна. — працягвала маці. — Паехаў ён на сустрэчу выпускнікоў у родны інстытут і вярнуўся як апантаны. Што здарылася, пытаюся. Не прызнаецца. Потым усё было даволі банальна: ён нібыта ў камандзіроўкі ездзіў. А насамрэч яна сюды прыязджала на дзень-другі і яны сустракаліся на кватэры ці на лецішчы ў аднаго ягонага сябра. Яна бадай што не працавала, так, лічылася недзе. Муж у яе быў нашмат старэйшы і нейкі вельмі ўплывовы. Дзяцей яны не мелі. Здаецца, спарон яна зрабіла ў маладосці. Тады ў інстытуце і зрабіла. I замуж пайшла за нашмат старэйшага і ўплывовага. Я ў яго потым распытвала: а чаму ж яна так замуж пайшла, чаму не за цябе? Маўчаў доўга. Сказаў, што вінаваты быў перад ёй. Яна і той спарон зрабіла на злосць, сказала, што хацела ўвагі, а за нашага бацьку выходзіць замуж — гэта як з Сусветам заручыцца. Ніколі ён не будзе тваім, ты ў яго будзеш так, часцінка Сусвету, не лепшая і не горшая за іншых. Вось яна тады псіханула і яму на злосць такое зрабіла.
Ты хочаш ведаць, што гэта за сродак і дзе яго можна знайсці? Ён вось тут, у маім сэрцы, мой любы.
Я спачатку думала — трэба сварыцца, скандаліць. Мне сяброўкі так і раілі. Маўляў, знайдзі яе, пагутары, каб адстала, ці няхай ужо забірае сабе, толькі ў нас жа сям'я, дзеці, а ў яе — нічога. Я знайшла, сапраўды паехала і пагутарыла. I ведаеш, мне так яе стала шкада! У мяне ў жыцці былі вы з Віцем, была праца з дзецьмі, я яе любіла, працу сваю. Урэшце, у мяне былі сябры, быў муж. Хай сабе ён мяне не кахаў ніколі, але ўсё ж я ім ганарылася, праўда, хоць і болей ад яго паплакала, чым парадавалася. А ў яе быў толькі муж — абкамаўскі начальнік, якога яна ненавідзела. Мы пагутарылі, я з'ехала. Пэўны час яны не сустракаліся, а потым ён першы не вытрываў і павёз яе ў адпачынак. Я памятаю, як ён вярнуўся, а ты тады так выступіў, што мне ажно страшна зрабілася. Але пасля ну неяк мы болей сталі з ім размаўляць, ён калі звонку глядзець, дык быў ідэальным мужам. Але што я перажывала. Размаўляем з ім пасля твайго ад'езду, ну тады, калі вы пасварыліся. Пытаюся: навошта ты зноў да яе вярнуўся? I ён адказвае: я яе кахаю. Тады пытаюся: а што я? А ты іншае, кажа. Мы з табой пажаніліся без кахання і жывем дагэтуль, і нікуды я ад цябе не падзенуся. Ой, як я хацела разводзіцца!.. Нават заяву занесла. Потым сама ж і забрала, як уявіла сабе, што мы з Віцем застанемся, і як вось так мяняць кватэру. Скандаліць я і тады не стала. Скандал — гэта было б спробай дамагчыся кахання. Але я не магу, не ўмею я дамагацца кахання. I прасіць пра яго таксама не ўмею. Да таго ж я кахала яго, вось такога, якім ён быў. Ён казаў, што на гэта трэба перахварэць. Сапраўды, потым ужо яны бачыліся рэдка, болей ліставаліся ці па тэлефоне. У апошнія тры гады — толькі па тэлефоне. Але яна ўсё адно ў ягонай галаве сядзела. Потым яна сама вырашыла парваць, напэўна. Муж ейны памёр, яна прадала кватэру і некуды з'ехала, а адраса не пакінула. I стала глуха. Ён зажурыўся і пачаў на вачах старэць. Ты ж памятаеш, ён доўга выглядаў маладым, заўсёды гадоў на дзесяць меней давалі, нават пасля інфаркту не здаваў. Шукаў яе доўга. Калі зразумеў, што ўсё марна, атрымаў другі інфаркт. Сынок, што з табой такое? Блага табе?
— Не, мама, усё ў парадку. Проста я задумаўся.