Я, мама, такі ж самы, як ён, хацелася сказаць

Грынкевічу. Але нават гэтую праяву непасрэднасці ён у сабе задушыў. Маці не варта ведаць, колькі жанчын сталі няшчаснымі праз яе сына. Дый не той цяпер момант, каб калупацца ў яго душы. Маці нашмат складаней, чым яму.

Тут ён дакладна зразумеў, што зноў сыходзіць ад «работы над памылкамі». Так, яму было шкада маці. Але з усвядомленымі памылкамі ён хацеў разабрацца як-небудзь пазней і як-небудзь не ў прысутнасці роднага чалавека. А калі? I як? Ён быў артыстам і нібыта ўмеў праяўляць эмоцыі. Зрэшты, гэта былі эмоцыі не ягоныя, яны спелі не ўнутры ўласнага сэрца, а прыходзілі туды, напрыклад, з музычнымі гукамі. Яго сэрца было толькі правадніком чужых пачуццяў, схаваных паміж нотнымі радкамі. А што са сваімі, з уласнымі, га, дружа? Ты не адчуваеш нічога нават цяпер, калі раптоўна і заўчасна памёр твой уласны бацька. Ты толькі рэфлексуеш, што таксама не ёсць тваім любімым заняткам, але сэрца тваё маўчыць.

— Ён вельмі хацеў, каб мы ўсе былі разам. I ўвесь час лаяў мяне, што я пакінула цябе ў Ленінградзе. Вось літаральна пазаўчора размаўлялі пра вас. Пра цябе.

— Мам, ты ж ведаеш, што ў маім выпадку нават Расія не найлепшы варыянт, асабліва калі маеш амбіцыі.

— Ды я ведаю. Сама радуюся, калі хтосьці з маіх былых дзяцей не ў нас паступае. У нас жа калі наша кансерваторыя, то педагога проста адзначаюць прыязным словам. А калі Масква або Піцер. У нас гіблае месца. I за савецкім часам было, і цяпер. Тут мне б дажыць ціхенька. Калі раз-два на год да нас хтосьці варты прыязджае, то я на канцэрт, зразумела, выбіраюся. Мне што, я ўжо на пенсію выходжу. Так, сынок. Педагогаў пенсійнага веку ў нас прыбіраюць, мне пакінулі толькі агульнае фартэпіяна. I ў мяне ўжо няма сіл браць канцэртмайстарскія гадзіны. Гэта мне перайграныя рукі так гукнуліся. Ты такі спакойны быў, калі я цябе насіла. Дык я займалася вельмі шмат, ну, і перанапружылася тады. Не звярнула ўвагі, не далекавала. Потым канцэртмайстрам шмат працавала, ты памятаеш, часам праз сілу працавала, халтурыла нават. А цяпер артрыт вылез. Так яно гадамі назапашвалася.

Грынкевіч моўчкі ўзяў у далоні матчыны рукі і пацалаваў іх. Маці зноў заплакала, але бязгучна, толькі слёзы пабеглі па шчаках. Ён прыняўся яе супакойваць, люляць у абдымках, як маленькае дзіця. Яму было амаль трыццаць чатыры гады, а ён да ўчорашняга дня думаў, што бацькі будуць заўсёды. Нават два татавыя інфаркты не прымусілі яго задумацца пра немінучы фінал любога зямного шляху. Звычайна чалавек нашмат раней усведамляе нявечнасць уласных бацькоў і пачынае думаць, як праз пэўны час (няхай ён надыдзе як мага паз­ней!) будзе выпраўляць іх у апошнюю вандроўку. Грынкевіч адчуў гэта толькі ўчора, калі замест жывога бацькі заспеў халодную васковую ляльку.

Ён стаў думаць, што сапраўды недарэчна і нязручна пакідаць маці адну. Але хіба ён мог забраць яе з сабой, у свой багемна-неўпарадкаваны свет? Пэўна ж не мог. На гэтую тэму варта было пагутарыць з братам. А калі брат забярэ маці за акіян?

Грынкевіч падумаў, што вось гэты няродны горад Мінск, дзе ён бываў госцем, усё ж даваў яму адчуванне трываласці быцця. Брат забярэ маці — і яму не будзе да каго прыязджаць. Хіба толькі адведаць бацькаву магілу. Зрэшты, сучасныя людзі ўжо не адчуваюць такой моцнай патрэбы наведаць зямлю, якую ахоўваюць іхнія продкі. Дый увогуле, зямля спустошвалася, на яе прыходзілі чужыя, прыносілі туды сваю карму, не звязаную з кармай народжаных і пахаваных тут, а пахаваныя не давалі сілы ні сваім уцеклым нашчадкам, ні чужым прыхадням.

Але што ён так песімістычна? Як быццам маці ўжо зусім старая і нямоглая. Яна, як на свой век, яшчэ даволі добра выглядае, праз год-другі з некім пазнаёміцца і. Ён зірнуў у заплаканыя матчыны вочы і зразумеў, што надумаў лухту.

— Я хачу быць сапраўднай бабуляй, — сказала яна, нібыта прачытала сынавы думкі. — Каб да мяне прыводзілі ўнукаў, а я б з імі і гуляла, і маляванкі размалёўвала, і казкі ім чытала. Мне цяпер вельмі будзе бракаваць маленькіх дзяцей, як сыду на пенсію. А ўнук у мяне пакуль толькі адзін, і бачу я яго толькі праз інтэрнэт.

Грынкевіч чакаў, што яна пяройдзе да вечнай тэмы пра яго асабістае жыццё і пачне ставіць у прыклад малодшага брата, але гэтага не адбылося. Прынамсі, сёння яна вырашыла не казаць пра гэта наўпрост. А ён болей не меў жадання адбівацца жартамі. Кепскі быў дзень для праяваў гумару.

Маці пачала распытваць пра «Дона Джавані».

— Кепска, што ты будзеш яго дырыгаваць да таго, як па бацьку будзе трыццаць дзён, — сказа­ла яна, хістаючы галавой.

— Гэта праца.

— Я разумею.

— Хочаш, фоткі з рэпетыцый пакажу?

Ён прынёс ноўтбук і пачаў дэманстраваць маці сваё жыццё, хай сабе такое ж віртуальнае для яе, як і жыццё малодшага сына. Гэты занятак крыху развеяў маці, і яна нават злёгку, упершыню за два дні, усміхнулася. Адзін з фотаздымкаў, дзе ён быў з Аннай, Грынкевіч хацеў хуценька прапусціць. Нехта з тэатральных папарацы нечакана ўдала злавіў іх, калі яны стаялі побач і пра нешта размаўлялі. Відаць, гэта было напярэдадні таго вечара. Бо ў позірку Грынкевіча на гэтым здымку чыталася занадта ўжо шмат.

— Якая незвычайная дзяўчына, — пракаментавала маці.

— Рэжысёрка, з якой я працую над спектаклем.

«Паслухай, як б'ецца маё сэрца,кажа Дзэрліна.У ім уся моц, і яно цябе вылекуе».

— Я думала, гэта донна Анна. Яна табе падабаецца? — задала яна пытанне, якое могуць задаваць толькі мамы сваім дзецям, з няродных вуснаў такое гучала б суцэльнай бестактоўнасцю.

— Настолькі, наколькі можа падабацца без пяці хвілінаў чужая жонка.

— А. Прабач.

— Давай я табе відэа пакажу. Тут нашы народныя ўмельцы вялікі кавалак рэпетыцыі знялі. Я ў дынаміцы, так бы мовіць.

Маці ці не ўпершыню бачыла яго ў дырыгенцкім амплуа. Дзіўна, але за восем гадоў яна ніводнага разу не выбралася ў N. Цяпер яна сузірала ўласнага сына — так, неадбытага піяніста, але менавіта ў гэтым амплуа ён і быў на сваім месцы. I маці зноў заплакала, але гэтым разам ад шчасця.

— Я ўсё ж кепская маці, так і не з'ездзіла на цябе паглядзець ніводнага разу. А яшчэ і сама нібыта музыкант. Я ўсе гэтыя гады трымала тую крыўду. Думала, ты будзеш маімі перайгранымі рукамі. Ты мне даруй, калі ласка.

— Ну што ты, мама, — сказаў ён, зноў яе калыхаючы. — А я вельмі годна граю, як канцэртмайстар шмат каму фору дам. Гэта праўда. Калі ў Маскве не будзе на што жыць, пайду коўчам працаваць. Дарэчы, мне ўжо прапаноўвалі за прыстойныя грошы. Я ж і ў вакале нешта разумею, і фразы падкажу, і стыль адшліфую.

— З табой як з ракой: усё адно сваё рэчышча праторыш, ды яшчэ і ўсе дамбы змяцеш.

— Ну, я такі, на жаль.

— Гэта не на жаль, сынок, гэта на шчасце.

Дзэрліна і Мазэта сыходзяць.


Сцэна VII


Цёмны двор ля дома донны Анны, наперадзе тры брамы, як у першым акце. Лепарэла і донна Эльвіра заблукалі сюды выпадкова. Яны заходзяць праз бакавыя дзверы. Удалечыні відаць слабае святло паходняў.

Рэчытатыў «Di molte faci illume».

Увечары, калі было ўжо зусім цёмна, вярнуўся брат з работнікамі рытуальнай фірмы. У хату ўнеслі труну, і гэта было само па сабе крыху вусцішна. Работнікі паставілі скрыню на тры прынесеныя з кухні зэдлікі і з прафесійным спакоем паклалі ў яе нябожчыка. Цяпер ужо не падавалася, што ён проста спіць. Ён быў як падарожнік, што ўвайшоў у човен, каб адплыць у вечную вандроўку. I гэтае хуткае развітанне назаўжды адчувалася цяпер асабліва востра.

Памерлы меў надзіва спакойны выгляд, як быццам ён проста задумаўся і заплюшчыў вочы, каб нішто не замінала яму засяродзіцца. Калі супрацоўнікі пахавальнай канторы сышлі, Віктар пачаў раскладваць па пакоі вянкі, а маці патушыла святло і запаліла свечку.

Лепарэла бачыць здалёк святло і прапаноўвае Эльвіры перачакаць, пакуль людзі з паходнямі абмінуць іх. Жанчына не разумее гэтай засцярогі.

— Госпадзе, тыдзень таму на Дзяды ў Полацк разам ездзілі, на магіле ў дзядулі і бабулі прыбіраліся. — казала яна вельмі стомленым голасам, але ўжо без адчаю.

Віктар, які скончыў з вянкамі, моўчкі дастаў з кішэні нейкі маленькі скрутачак і аддаў яго маці.

— Ружанец, — патлумачыў ён. — Мне ў касцёле сёння сказалі, што трэба, каб быў у руках.

— I праўда, — пагадзілася маці. — Мы ж такія. Не тое каб атэісты, вас усё ж пахрысцілі, калі яшчэ нельга было. Але такія дробязі. Так усё перамяшалася тут. Што ў нас, у польскіх, што ў іх, у рускіх.

Малодшы сын міжволі крывавата ўсміхнуўся на апошнюю рэпліку, але гэтую ўсмешку злавіў і зразумеў толькі Грынкевіч. А маці ўзяла сціплы драўляны ружанец і проста падсунула яго пад ужо навечна складзеныя рукі мужа. Затрымала далонь на яго халодных пальцах. Сыны прыселі ў фатэлі, а маці ўсё яшчэ стаяла каля труны.

Аляксей адчуваў, што яму вельмі хочацца спаць. Дзве ночы ў цягніку, потым яшчэ адна, амаль бяссонная ноч ужо тут у Мінску аднялі ў яго апошнія сілы. Ён падпіраў рукой галаву, седзячы ў фатэлі, а яна ўсё падала, цяжкая такая, як налітая свінцом. На некалькі імгненняў ён хапаў кавалкі сноў, неверагодных, фантастычна пераплеценых з рэальнасцю, як гэта бывае ў падобным стане. Нарэшце маці заўважыла гэтыя змаганні і сказала, што пойдзе сцяліць ложак.

— !дзі паспі, — сказаў таксама брат. — Мне прасцей, у мяне цяпер не восьмая вечара, а поўдзень. Усё ніяк не адаптуюся. Кажуць, у нас ра­ней прынята было на ноч заставацца пры нябожчыку? То я і застануся.

Лепарэла кажа, што засцерагаецца на ўсялякі выпадак. Зараз ён пойдзе і зірне, што там... І паспрабуе адвязацца ад гэтай звар'яцелай дамачкі. Толькі б ад яе адарвацца, толькі б адарвацца.

Старэйшы сын пакорліва пайшоў за маці, якая ўжо разабрала ложак, хоць ён і сам мог гэта зрабіць. Маці падала яму ручнік, Грынкевіч машынальна ўзяў яго і пайшоў у лазенку. Там ён ледзь не заснуў, а калі выйшаў, то ўбачыў, што на парозе яго чакае сабака. Здаецца, той усёўсё разумеў і таму нават не брахаў, калі сёння прыйшлі чужыя і прынеслі труну. Сабака сапраўды цягаўся хвастом за Аляксеем, лашчыўся да яго. Маці спрабавала выгнаць сабаку з пакоя, дзе стаялі ложкі сыноў. Вузкія, амаль дзіцячыя ложкі, даўжыні якіх Аляксею з яго не самым высокім ростам ледзь хапала, а вось Віктар заўсёды мусіў скурчвацца, бо меў амаль метр дзевяноста.

Сабака нават зарычэў на маці, калі яна ўзяла яго за аброжак і пацягнула з пакоя.

— Няхай, — сказаў Аляксей, ахінаючыся коўдрай.

Сабака выцягнуўся на падлозе побач з яго лож­кам. Можа быць, ён сапраўды прызнаў у старэйшым сыне новага гаспадара? Усё ж той выводзіў на шпацыр і прыкормліваў за сталом.

Лепарэла сыходзіць у глыбіню сцэны, але донна Эльвіра моліць: «Ай, не пакідай мяне!».

Сабаку было шмат гадоў, ён даўно пачаў сівець. Грынкевіч памятаў яго яшчэ гарэзлівым шчанюком, калі прыязджаў на вакацыі з Піцера. Ён зарыўся пальцамі ў чорную кудлатую поўсць. Звер яўна быў задаволены і ў цемры на знак удзячнасці лізнуў яму руку. Прысягнуў, значыцца. Узяць бы яго з сабой у N. Дык маці будзе зусім сумна. З гэтай думкай Грынкевіч і праваліўся ў сон.

№ 19: Сэкстэт «Sola, sola in buio loco...».

— Ну, вось і застануся я цяпер зусім адна тут, у гэтай хаце і ў гэтым горадзе.

Гэтую фразу Грынкевіч выхапіў вухам, калі прачнуўся назаўтра раніцай. Выглядала на тое, што маці з братам сапраўды прабылі ўсю ноч ля труны. Только-толькі развіднела, была недзе восьмая. Нават дзявятая, як паказваў ягоны мабільнік. Але Грынкевіч згадаў, што так і не перавёў яго на мясцовы час. Сёння ён ужо мог быць на працы ў N, але графік так раптоўна паламаўся. Дванаццаць гадзін сну, аднак, вярнулі яму сілы. Ён увогуле меў такую ўласцівасць — пасля адказнага канцэрта ці спектакля, на якія траціў шмат нерваў і энергіі, надоўга правальвацца ў сон. Так выйшла і цяпер.

Донна Эльвіра скардзіцца, што ёй страшна заставацца тут адной, ажно сэрца сціскаецца. Яна гатовая памерці ад страху.

Матчыны словы — гэта было якраз тое, пра што ён учора думаў, калі размаўляў з ёй на кухні. Яна сапраўды заставалася адна, і цяпер трэба было вырашыць, што рабіць, каб яна зусім не зажурылася. Прынамсі, у першыя месяцы трэба нешта прыдумаць. Магчыма, няхай ездзіць у N, ёй заўсёды падабалася некуды ездзіць, гэта адцягне ўвагу ад змрочных думак. I гэта заменіць на нейкі час сэнс жыцця. А вось што будзе праз гэты самы нейкі час.

— Мама, не застанешся ты адна! — абяцаў Віктар.

— Я да вас не паеду.

— Ды я пра іншае. Ёсць сякія-такія задумкі. Я сур'ёзна. Толькі пралічыць усё трэба.

— Ты пра што?

— Неўзабаве скажу. Але калі выгарыць.

— Віценька, ды мне ўсё адно, абы вам было доб­ра. Табе ды Аляксею.

— Усім будзе добра.

Лепарэла ліхаманкава шукае ў цемры выйсце, каб выскачыць зноў на вуліцу і адарвацца ад Эльвіры. Вось ён нарэшце знайшоў нейкія дзверы... Але яны адчыняюцца ў яго перад носам і адтуль заходзіць цэлая працэсія з паходнямі: донна Анна, дон Атавіа і лёкаі, якія нясуць труну з целам Ка­мандора. Відаць, апошнюю ноч яны правядуць з нябожчыкам вось так, пад адкрытым небам. Ле­парэла ледзь паспявае схавацца, донна Эльвіра хаваецца таксама, але ў іншым куце сцэны.

Брат казаў з такой пэўнасцю, што Грынкевіч уразіўся яго акторскім здольнасцям. Віктар ніколі не быў артыстам, каб так пераканаўча хлусіць. Ён нават раззлаваўся на малога. Вось навошта такім чынам абнадзейваць маці? Лепей ужо нічога не казаць, а зрабіць хоць нешта рэальнае.

Аляксей узняўся з ложка і разам з сабакам рушыў з пакоя. Маці пачула яго крокі і выйшла насустрач. Сказала, што будзе гатаваць сняданак, дый ужо трэба паціху рыхтавацца, бо а дзясятай прыедуць абодва дзядзькі з Полацка, а таксама сваякі па бацькавай лініі з Гродна. Развітанне прызначылі на дванаццатую.

Было відаць, што маці цяпер ставілася да ўсяго, што здарылася, крыху іначай. Сёння ёй ужо важ­ней было «зрабіць усё па-людску», ды ўвогуле яна хацела як мага хутчэй перажыць гэтую сумную цырымонію і пачаць звыкацца з думкай пра тое, што муж ніколі не вернецца. Яна трымалася доб­ра, нягледзячы на бяссонную ноч.

Снедалі амаль моўчкі. Праўда, маці пачала хваліць малодшаму сыну старэйшага. Яе яўна ўразілі ўчорашнія фоты і відэа. Віктар зацікавіўся і адразу папрасіў скінуць яму ўсё гэта, нават пайшоў па лэптоп. Глядзець і каментаваць гэта тут і цяпер не выпадала, не той быў настрой. Але брат паабяцаў, што прагледзіць усё потым, калі вернецца дадому. То бок, у Штаты. Аляксей таксама перапампаваў сеё-тое з Віцькавага кампа. На языку круцілася іранічная заўвага наконт падтрымання сваяцкіх стасункаў праз блютуз, але ён стрымаўся. Увогуле, яму стала шчымліва шкада таго, што ён і з братам не паспее паразмаўляць. Так ці іначай не паспеў бы.

Дон Атавіа спрабуе суцешыць донну Анну, якая ў скрусе па памерлым бацьку. Анна кажа, што толькі смерць дасць ёй палёгку, пазбавіць ад душэўных пакутаў.

— Сёння паедзеш? — запытаўся Віктар.

— На жаль, сёння.

Аляксей адчуў, што брат таксама хоча яму нешта сказаць, нешта такое, што не магло адрасавацца маці. Але сёння сама меней да трэцяй гадзіны яны будуць занятыя пахаваннем, а потым скіруюцца ў кавярню на хаўтуры.

— З кавярняй як? Без праблемаў учора перазамовілі? — пацікавіўся ён у Віктара.

— Так. Добра, што ты тады паспеў ім адзваніцца, мы б згубілі шмат грошай. А так даплацілі крыху і перанеслі на сёння. Хіба меню зрабілі больш сціплым. !м нават выгодней. Дзень будні, час дзённы. !м было не праблема перанесці. З паловы на чацвёртую да шостай арандуем. Там інтэр'еры сціплыя — як на такі выпадак, нармальна. Яны яшчэ паабяцалі там дэкор часткова прыбраць, ну і музыкі, вядома ж, не будзе. Спакойна да ўсяго паставіліся, з разуменнем.

— То дзякуй Богу.Лепарэла зноў шукае хоць нейкае выйсце, бо разумее, што трапіў проста ў тыл ворага. Цяпер трэба ратаваць уласную скуру.

Блізу дзясятай сапраўды прыехалі сваякі, неяк усе амаль адразу, з інтэрвалам у нейкіх дзесяцьпятнаццаць хвілінаў. Пачалі выказваць спачуванні, абдымаць маці, а таксама братоў. Распытвалі, як усё здарылася, і маці ўжо ў сто нейкі раз распавядала пра тое, як бацьку раптоўна стала блага раннім ранкам, як выклікалі хуткую і як лекары паспелі толькі канстатаваць смерць ад трэцяга інфаркту.


Сцэна VIII


Дзэрліна і Мазэта ўваходзяць у двор донны Анны праз тыя дзверы, якія толькі што адчыніў перад сабой Лепарэла. Яны сутыкаюцца з лёкаем, па вопратцы прымаюць яго за дона Джавані і адразу пачынаюць лямантаваць ва ўсю моц здаровых сялянскіх лёгкіх: «Стой, нягодны спакуснік!».

Напэўна, калі б чалавек, паміраючы, проста раставаў і знікаў бясследна, яго блізкім было б лягчэй. Але яны не паспявалі б усвядоміць, што ён значыў для іх. Маці зноў ціха заплакала. Грынкевіч пайшоў на кухню пашукаць у шафе валяр'янкі. Віктар тым часам спрабаваў як-небудзь размясціць гасцей у пакоі, дзе ляжаў нябожчык.

Бліжэй да апоўдня браты пачалі рыхтавацца да прыходу іншых наведнікаў. Брат на ўсялякі выпадак папрыбіраў з вітальні торбы ды іншае каштоўнае. Ці мала хто можа ўвайсці ў кватэру, якая будзе расчыненая амаль дзве гадзіны. Аляксей пайшоў уніз адчыніць дзверы пад'езда, каб не дудзелі ў дамафон. Сабака, якога сёння зноў забыліся выгуляць, пабег следам. Пакуль ён бегаў ля пад'езда, робячы свае сабачыя справы, Грынкевіч шукаў які-небудзь камень, каб падперці дзверы. Нарэшце знайшоў. Убачыў суседа Толіка, які жыў на паверх ніжэй, парукаўся, прыняў спачуванні.

Донна Анна і дон Атавіа таксама заўважаюць Лепарэла, які прыкрывае твар. Яны прымаюць яго за дона Джавані і цяпер ужо гатовыя дапамагчы сялянам у здзяйсненні справядлівай вендэты. Лёкаі абкружаюць ягобедны Лепарэла разумее, што трапіў у нерат.

Сусед, відаць, нікуды не спяшаўся, таму зацягнуўся цыгарэтай за кампанію. Быў ён амаль Грынкевічаў равеснік, у дзяцінстве яны, здаралася, нават разам ганялі ў футбол на летніх вакацыях. Толік казаў, што раней працаваў на заводзе, а цяпер падаўся ў дальнабоі. Сёння ў яго акурат выходны, а заўтра зранку — у рэйс. Раней ён жыў на здымнай кватэры ў Сухараве, а цяпер зноў вярнуўся ў Курасоўшчыну, да бацькоў. Разышоўся з жонкай і вярнуўся. Жонка сказала, што ёй не трэба муж, які будзе матляцца сюды-туды, і цяпер яна жыве са спецназаўцам. У яго заробак амаль такі самы, як у дальнабойніка. А яшчэ ён маладзейшы. Цяпер модна жыць з кабетай гадоў на пяць старэйшай, якая мае дзіця. Толік паспеў азадачыць Грынкевіча яшчэ і сваёй новай асабістай праблемай. Праблему звалі Жаннай. Ён знайшоў яе ў сэксе па тэлефоне. Аказваецца, дальнабоі так забаўляюцца, дакладней, ім так прасцей не заснуць за рулём, калі пад вухам нейкае дзяўчо расказвае казкі. Але вось чаго не чакаў, дык гэта таго, што Жанна потым сама яго знойдзе. Жанна са Смаргоні, але ёй трэба застацца ў Мінску. Толік — ейная надзея.

І тут з ценю вырываецца донна Эльвіра, кідаецца ў ногі донне Анне і дону Атавіа і моліць: «Гэта мой муж! Ах, майце літасць!».

Грынкевіч адразу ўявіў увесь маштаб Толікавай трагедыі, але не меў ні часу, ні сіл яму спачуваць. Ён нават падумаў, што чалавек, які не цураецца загрузіць першага-лепшага ўласнымі трабламі, цалкам варты насіць рогі ад спецназаўца, а самому бегаць ад Жанны з сэксу па тэлефоне.

Ён вярнуўся ў кватэру і замкнуў сабаку на кухні, нягледзячы на яго пратэсты. Звер часам выяўляў характар і мог кагосьці злёгку грызануць. Зрэшты, Грынкевіч болей баяўся, што ён проста выскачыць з хаты і ўцячэ. Ён чуў, што старыя сабакі, страціўшы гаспадароў, часам так і робяць. А яму было шкада гэтага кудлача. Пагатоў, ён не мог стаць ягоным новым гаспадаром.

Пачалі прыходзіць людзі, якіх было надзіва шмат. Прыходзілі ціха, затрымліваліся на хвілінку ля труны і моўчкі выходзілі на вуліцу. Гэта былі зусім незнаёмыя людзі. Адзін з такіх візіцёраў паспеў сказаць Грынкевічу, што дваццаць гадоў таму нябожчык заступіўся за яго і дапамог аднавіцца на працы, а ён яшчэ не верыў, што дэпутаты камусьці дапамагаюць. Гэта быў адзін з тых «падшэфных», якія пры жыцці так адцягвалі бацькаву ўвагу ад сям'і. Ён сказаў, што разам з ім прыйшло яшчэ чалавек трыццаць такіх самых. Запытаўся, на якія могілкі павязуць.

Людзі ўсё ішлі ды ішлі на развітанне. Віктар толькі паспеў шапнуць брату, што цяпер раскайваецца. Ён мог па некалькі тыдняў не бачыць бацькі ў дзяцінстве, бо той вяртаўся дадому позна ўвечары, а цяпер столькі людзей праз столькі гадоў згадваюць пра яго. Аляксей з разуменнем моўчкі крануўся братава пляча. Маці стаяла ля труны разам са швагеркай. Бацькаў брат з дазволу іншых прысеў у фатэль: яму было ўжо семдзесят гадоў і ён не вылучаўся моцным здароўем — калі доўга пастаяць на нагах, дык сам можа атрымаць сардэчны прыступ. Ва ўсіх мужчынаў у іх сям'і нейкія праблемы з сэрцам, нават у Віцькі ў маленстве быў нейкі там шумок.

Матчыны браты стаялі асобна. З кузэнаў сёння прыехала толькі Янка, пляменніца маці. Уласна, яна і прывезла ўсю полацкую радню на ўласным аўто. Яна забылася адключыць тэлефон, і віскат ейнага мабільніка прарэзаў жалобную цішыню. Дзяўчыне стала няёмка, яна папрасіла прабачэння, але пайшла з пакоя паразмаўляць.

Усе прысутныя здзіўленыя нечаканым з'яўленнем донны Эльвіры. А яна працягвае маліць: «Ах, даруйце, ах, майце літасць да яго!»«Не! Не! Не! Не!»адзін за адным выгукваюць чатыры мсціўцы.

— У мяне сёння праверка на офісе, — патлумачыла кузіна Аляксею, калі вярнулася. — Пакінула намесніцу, дык тая пыталася, дзе могуць быць паперы адны. Праверка планавая, а тут такое.

Янка ўсё ж адключыла гук у мабільніку і ста­ла побач са стрыечнымі братамі. Грынкевіч не бачыў кузіны гадоў дзесяць, адно віншаваў яе са святамі праз мэйл, а з нядаўняга часу і праз сацыяльныя сеткі. Ён толькі ведаў, што яна цяпер мае ўласную фірму, адна гадуе траіх дзяцей і ўвесь час кажа, што адсюль трэба з'язджаць, але чамусьці застаецца. Янка з твару таксама нечым нагадвала дзеда, увогуле была таго ж тыпу, што і Грынкевічава маці. Але з кузіны ўвесь час ляцелі знічкі. Яшчэ адна маленькая жанчына з вялікім абертоністым голасам, моцы якога яна, зрэшты, не хавала. Янка заўсёды была нечым занятая, некуды спяшалася і ўсё паспявала. На­ват на пахаванні яна не магла быць спакойнай, і справа была не ў праверцы. Проста занадта жывое не можа прымірыцца з тым, што існуе смерць.

А першай гадзіне прыйшоў ксёндз. Ён чытаў малітвы па-беларуску з польскім акцэнтам — як амаль усе ксяндзы ў тутэйшых касцёлах, нават непрывазныя, свае. Грынкевіч амаль не ўспрымаў словаў малітвы. Ён некалькі гадоў рэгентаваў у праваслаўным храме і ведаў тамтэйшы пахавальны абрад, а тое, як гэта павінна быць «у нас», паводле матчынага азначэння, ён не зусім уяўляў. Таму ён нават крыху разгубіўся, бо гэтае «ў нас» было яму як быццам чужым. Толькі калі ён разам з усімі прамовіў «амэн», у ім гукнулася нешта накшталт памяці продкаў. Зрэшты, ці былі яго зусім далёкія продкі менавіта каталікамі? У адным маці мела рацыю — тут усё занадта перамяшалася.

Шэсць мужчын — яны ўсе былі «падшэфныя» — ужо стаялі, гатовыя выносіць труну. Ксёндз згарнуў малітоўнік — і гэта было ім знакам.

Потым сваякі разбіралі рэчы, якія Віктар скінуў у адзін пакой. Маці мітусілася ў пошуках нейкай дробязі. Былыя калегі бацькі ўзяліся выносіць вянкі і кветкі. Калі Грынкевіч выйшаў на вуліцу разам з братам (а яны выбіраліся з кватэры апошнімі і замыкалі дзверы), то быў агаломшаны: увесь двор быў запоўнены людзьмі, іх дакладна трэба было лічыць сотнямі. Як у тэатры на касавым спектаклі — напрасілася ў галаву параўнанне, хоць яно было і не зусім дарэчным, але ён прызвычаіўся мераць людзей заламі, што тут паробіш.

Дон Атавіа дастае пісталет і гатовы ўжо стрэліць у Лепарэла, як той адкрывае твар і кажа: я не той, за каго вы мяне прымаеце, я не дон Джавані. Для няшчаснага лёкая гэта апошні шанец уратавацца.

Труну закрылі і паставілі на машыну, якая служыла катафалкам і мелася замыкаць працэсію. Аднак працэсія слаба арыентавалася ў гэтых рытуалах: хтосьці ішоў наперадзе, «па-польску», хтосьці — ззаду, «па-руску», хтосьці ўвогуле трымаўся збоку, ужо незразумела па-якоўску. Ката­фалк рухаўся павольна ў шчыльным коле людзей. Зрэшты, пакрысе яны пачалі рассейвацца. Адны садзіліся ў наняты аўтобус, каб ехаць на могілкі, іншыя — у свае машыны. Большасць людзей про­ста стаялі натоўпам на выездзе з двара, і выгляд у іх быў напраўду асірацелы.

На могілках было зусім сцюдзёна, хоць дзень выдаўся немарозны. Ксёндз зноў чытаў малітву, і цяпер яго словы дзіўным чынам суцяшалі Грынкевіча. Маці моўчкі дала яму і брату некалькі дробных хрызантэм.

— Кіньце потым у магілу, — сказала яна ціха, бо сыны не адразу яе зразумелі.

Яна была спакойнай, можа таму, што нарэшце зарыентавалася ў гэтым рытуале. А нішто так не супакойвае чалавека, як усведамленне правільнасці ўласных дзеянняў.

— Як яму пашанцавала з мамай... — зноў шапнуў брат на вуха Грынкевічу, калі яны ўжо ішлі ад свежай магілы.

Маці ішла наперадзе разам з дзядзькам, таму браты нарэшце маглі размаўляць.

— Так, — адказаў Аляксей на рэпліку Віктара. — Мне б яго здольнасць вось так адразу адчуць сваю сапраўдную жанчыну. Памятаеш, ён неяк казаў, што яшчэ ў цягніку ў першы дзень знаёмства вырашыў: гэта — жонка.

— А я таксама амаль адразу ведаў, што з Волькай ажанюся. Ну, не ў першы дзень знаёмства, але праз месяц дык дакладна. Дарэчы, мы з ёй усё ж памірыліся перад самым ад'ездам. Аказваецца, я нават не спрабаваў яе выслухаць. І яна мне ўсе крыўды за дзесяць гадоў, ад моманту знаёмства. Але лягчэй стала. Я, прынамсі, зразумеў, чаго яна хоча.

— І чаго?

Мсціўцы збянтэжаныя і адначасова абураныя такім нахабствам. Як?! Лепарэла ў чужой вопратцы?!

— Яна хоча дадому.

Развіць думку Віктар не паспеў, бо іх гукнулі, каб спяшаліся. Браты заскочылі ў аўтобус і селі побач з маці.

На хаўтурах ужо не было такога адчування журбы і смутку. Насупраць Грынкевіча сядзелі бацькаў калега з жонкай, якія памяталі яго яшчэ падлеткам. Завязалася размова пра жыццё-быццё. Калега, якога Віктар называў дзядзем Сашам, прыгадаў, які нябожчык быў шчаслівы, калі яго старэйшы сын атрымаў гран-пры на конкурсе. А яшчэ ён расказваў сябрам і калегам, з якім захапленнем назіраў за экзерсісамі сына на фартэпіяна, калі той бываў у Мінску на вакацыях. Ён бачыў у старэйшым нашчадку нейкае незвычайнае стварэнне, амаль паўбога.

Але ж мне ён мог сказаць толькі: «Малайчына, выдатна граеш», — моўчкі абурыўся Грынкевіч. І казаў гэта з амаль абыякавым выглядам. Няўжо так складана лішні раз сказаць камусьці, што проста любіш?

Складана. Іначай сам даўно б сказаў гэта многім. А яшчэ складаней з «я цябе кахаю», гэта ўвогуле нешта недасяжнае. Бо пачуццё нагэтулькі моцнае, што адымае мову. Ці можа, гэта толькі страх, страх агаліць душу перад каханай, якая ўжо столькі разоў рабіла табе балюча, гулялася з тваёй душою? Сказаць «Я цябе кахаю» — значыць прыняць боль адмовы, здрады, падману. Таму значна прасцей не казаць нічога. Або казаць шмат іншых словаў, якія добра апісваюць тое, што дзеецца ў тваім сэрцы, але не маюць той гаючай і чароўнай сілы, як словы «я цябе кахаю». Сказаць «Я цябе кахаю» — гэта быць гатовым аддаць іншаму сваю цеплыню і святло, сваю моц, сваю веру, сваю надзею, урэшце, сваё жыццё, калі гэта спатрэбіцца. Аддаць і не чакаць, што табе дадуць наўзамен тое самае. Калі ты сапраўды гато­вы аддаваць, табе не страшна будзе сказаць гэтыя словы.

З хаўтураў разышліся нават раней за шостую. Янка адразу пасадзіла ў машыну сваіх бацькоў і дзядзьку і паехала назад у Полацк. Гэта была жанчына з нейкім абсалютна нетутэйшым тэмпераментам, і Грынкевічу падумалася, ці няма ў цёці Светы, яе маці, нейкіх паўднёвых каранёў. Бацькаў брат з жонкай заставаліся ў Мінску заночыць, а назад у Гродна думалі ехаць назаўтра. Дзядзька перабраўся ў Беларусь амаль следам за Грынкевічавай сям'ёй, толькі трапіў у іншы горад. Гэта быў няпросты чалавек з няпростым лёсам, і лёс, магчыма, быў да яго аж занадта жорсткім. Дзядзька некалькі разоў меў непрыемнасці з савецкай уладай, ажно да пагрозы псіхіятрычнай лякарні, а цяпер яго не вельмі любіла іншая, яшчэ больш савецкая ўлада. Грынкевіч згадаў, як у пачатку дзевяностых ён лічыў дзядзьку амаль вар'ятам. Віктар, наадварот, сышоўся з ім і нават бачыў у ягонай асобе нешта накшталт гуру. Раней з гэтым чалавекам проста немагчыма было камунікаваць, але паступова супярэчлівасці між сваякамі сцёрліся. Праўда, дзядзька дагэтуль крыху кпіў з Аляксея, называючы яго «абмаскаленым», але пляменнік заўсёды лічыў няўдзячнай справай любыя спрэчкі на прадмет палітыкі, таму напрактыкаваўся ўнікаць іх.

Цёця Даша, дзядзькава жонка — дарэчы, чысцюткая расіянка, — пасля хаўтураў ішла па вуліцы з маці і ўсё распавядала, як іхную дачку Віку паставілі загадчыцай аддзялення «Беларусбанка» — адзначылі нарэшце. А ў Вікі дачка ўжо зусім нявеста, вучыцца на другім курсе, ёй далі прэзідэнцкую стыпендыю. Цёця Даша вельмі любіла гасцяваць у Грынкевічаў і заўсёды брала маці ў палон, быццам найлепшую сяброўку.

— Вось шчасце ў людзей — даслужыцца, — прабубнеў дзядзька, слухаючы, як жонка пераказвае сямейныя навіны.

Ён ішоў на прыпынак разам з пляменнікамі, якія зноў ніяк не маглі застацца сам-насам, каб пагутарыць. Аляксей чакаў звыклых дзядзькавых кпінаў, якія трэба будзе або ігнараваць, або адбіваць. Але сваяк трымаўся: братава смерць занадта ўразіла яго, каб займацца «маскальскім пытаннем». Увечары, калі Грынкевіч ужо збіраўся ехаць на вакзал, дзядзька нават падышоў да яго і моўчкі абняў.

Развітанне з маці было больш шчымлівым. Яна паабяцала прыехаць у N за дзень да прэм'еры. А яшчэ яна паабяцала нарэшце засвоіць камп'ютар, каб прасцей было штодня размаўляць.

— Віця яшчэ тут застаецца, ён мяне навучыць, — сказала яна, злёгку ўсміхаючыся.

Лепарэла думае, што цяпер яго ўратуе толькі цуд.

Яна не ішла праводзіць сына на вакзал, бо не хацела пакідаць сваякоў адных і ўвогуле вельмі стамілася. Цяпер яна трымала за аброжак чорнага кудлача, які рваўся на вуліцу за сваім свежаабвешчаным гаспадаром. Сабаку давялося зноў замкнуць.

— Мама. Я цябе вельмі люблю, — сказаў Аляксей, ужо стоячы на парозе.

Жанчына схавала твар на сынавым плячы, потым пацалавала на развітанне.

Ён ужо выклікаў ліфт, калі раптам гукнуў брат: «Алесь, ты пачакай, я цябе правяду».

Гэта была найлепшая прапанова, якую сёння мог зрабіць яму Віктар. Грынкевіч пачакаў пяць хвілінаў, пакуль брат надзене куртку і абуецца, і яны разам выбраліся з дому. На вуліцы Аляксей закурыў. Часу да цягніка было яшчэ дастаткова, і таму яны не сталі даганяць тралейбус, што якраз падышоў да прыпынку. Віктар пачаў казаць, што сумуе па тралейбусах, якіх няма ў яго амерыканскім горадзе. Стоячы на прыпынку, яны глядзелі на яшчэ некрануты лёдам вадаём з вербамі на беразе, улетку раскошнымі, а цяпер, позняй восенню, зусім сіроцкага выгляду.

— Што ты там казаў маці зранку? Я пачуў, калі толькі прачнуўся. Маўляў, не застанешся адна. Навошта яе так падманваць? — загаварыў старэйшы брат.

— А чаго ты вырашыў, што я яе падманваю? Можа, у мяне ёсць свае планы?

— Якія планы? А то я за нашу маму цяпер баюся.

Брат пачаў няўпэўнена. Відаць было, што ён хоча прыняць нейкае няпростае рашэнне і баіцца няўхвалы:

— Я думаю вярнуцца, разам з Волькай і ма­лым.

Такая навіна збіла Грынкевіча з тропу. Ён цудоўна памятаў, як усяго пяць гадоў таму брат казаў, што стаміўся быць тут ахвярай і хоча пажыць зусім іначай. А яшчэ ён зусім нядаўна хваліўся, што ўжо ў двух кроках ад набыцця ўласнага дома. Віктар называў Беларусь краінай няўдачнікаў, вечным ускрайкам, а цяпер ён раптам задумаў адкруціць усё назад.

— Ты жартуеш?

— Не.

І брат пачаў тлумачыць, што працаваць праграмістам можна адкуль хочаш. Яму літаральна перад ад'ездам у Мінск зрабілі прапанову, праца якраз дыстанцыйная, кантора прыстойная.

— Няма ніякай розніцы, адкуль я буду праца­ваць — са Штатаў ці адсюль. Але тут я магу хадзіць у грыбы і на рыбалку, а там няма такіх лясоў...

— ...з радыяцыяй...

— Ну, карацей, калі іх гэта задаволіць, то я вяртаюся, — адрэзаў Віктар гэты братаў кпін, і ў той момант ён быў надта падобным да бацькі: калі нябожчык прымаў рашэнні, то абскарджваць іх не выпадала.

— А як жа дом? — усё яшчэ разгублена спытаў Грынкевіч, які палічыў ідэю вяртання пасля такога ўдалага ад'езду прыкметай вар'яцтва.

— А што, тут нельга набыць? Я грошай падназапасіў. Ёсць кватэра ў Мінску, якую можна няблага прадаць. Калі што, дык яшчэ год папрацую, пазбіраю грошы і набуду сабе нешта за кальцом.

Пасля таго, як мы з Волькай паразмаўлялі, я палез па сайтах паглядзець кошты на нерухомасць. Ну дык укладуся! Ты разумееш, я спачатку дома не надта хацеў, я чалавек урбанізаваны, у мяне была вяршыня мараў — пентхаўс. Я проста не ад­разу зразумеў, што такое дом. А жонка гэта разу­мела заўсёды. Яна з вёскі, у іх там добры катэдж. Вось яна ў гэтых каменных джунглях і гібее. Уяві сабе — дом пад Мінскам, вялікі дом. Забяру туды маці, яна малых любіць.

— . і будуць яны з Волькай патэльні на кухні дзяліць.

— Ды не будуць, Волька насамрэч нармальная! У яе тут сяброўкі, нейкія там фальклорныя танцы і песні. Сама б знайшла тут нейкую працу, у лю­бую фірму няхай ідзе, праграмісты паўсюль патрэбныя.

— Але ж вяртацца.

Якраз падышоў тралейбус, і гэта пазбавіла малодшага брата абавязку адказваць. Ён, відаць, крыўдаваў за гэты недавер і скепсіс. І старэйшы брат адчуў, што не мае права яго адгаворваць. Бо Віктар убачыў нейкую новую надзею, яму незразумелую. Каб зрабіць чалавека шчаслівым, трэба адабраць у яго здольнасць прадбачыць тое, што немінуча здарыцца. А пазбаўляць чалавека сляпой надзеі — апошняя справа. Гэтай ісціне столькі ж гадоў, колькі няўмольнай Ананкэ.

— Ты дакладна выйграеш у грошах? А ў кар'еры? — запытаўся Грынкевіч.

— У мяне не такая кар'ера, як у цябе, фізічная прысутнасць маёй тушкі на вачах у начальства неабавязковая. А па грашах я тут буду забяспечаным чалавекам. А там я б усё думаў, як сплаціць крэдыт. Ну, можа, якую файную праграмку напішу, і тады мне нават стануць плаціць болей, — разважаў Віктар. — А зноў за акіян я заўсёды магу, у мяне ж грын-кард.

— Тады я ўсімі лапамі за цябе — спрабуй!

Ён сказаў гэта, каб падтрымаць братаў энтузіязм, можа, нават падыграў ухвалу. Гэтую арганічную хлусню можна дараваць. Такіх, як брат, мала, і такім усё цяжэй трымаць на плячах неба над гэтай зямлёй. Але ж хтосьці павінен гэта рабіць...

На вакзале яны яшчэ доўга стаялі пад табло ў чаканні таго самага брэсцкага цягніка, якім Грынкевіч прыехаў сюды пазаўчора зранку.

— Воля сказала адну рэч, забаўную рэч. Кажа, стамілася тлумачыць амерыканцам, што яна беларуска і дзе тая Беларусь знаходзіцца. У нас жа, як у былым СССР. Усе называюць сябе рускімі — так прасцей. А Волька ў мяне ўпартая.

— Я б таксама не называў сябе рускім, калі б з'ехаў куды на Захад.

Мсціўцы прагнуць адыграцца хоць бы на лёкаі Лепарэла, як на пасобніку дона Джавані.

— Ты?! Ты ж грамадзянін Расіі.

— А мне хочацца быць асаблівым, — засмяяўся Грынкевіч. — Ты ж ведаеш, як я люблю выкабеньвацца. Таму я заўсёды буду называць сябе дырыгентам з беларускімі каранямі. Вось так было б справядліва. А ўвогуле — свет прыўкрасны сваёй разнастайнасцю, скажу я табе. Не могуць усе грамадзяне Расіі быць рускімі.

— А кім цябе лічаць у Расіі?

— Палякам мяне лічаць, бо я каталік. Але пры гэтым падкрэсліваюць, што «ўсе мы рускія людзі». Я ад гэтага пруся. Памятаеш, пра што мы з табой нядаўна размаўлялі? Праблема не ў людзях, а ў тых ідэях, якія яны штурхаюць. Жыві насуперак гэтым ідэям, і хтосьці да цябе пацягнецца абавязкова.

Віктар зноў змоўк. Абвясцілі прыбыццё цягніка «Брэст — Масква». Яны рушылі на перон.

— А я веру, што ты станеш знакамітым дырыгентам і аб'едзеш усю Еўропу, — загаварыў Віктар, калі цягнік ужо стаў ля платформы. Часу заставал ася ўсё меней, але было яшчэ шмат нявыказанага.

— Мне б спярша якое добрае стажаванне ў якім добрым тэатры. але гэта з галіны фантастыкі.

— Калі верыць — мара спраўдзіцца! — настойваў брат. — І гэта добра, што мой брат — дырыгент з беларускімі каранямі.

— Дзякуючы табе я пра іх і памятаю. І гэтага нельга забыць.

Грынкевіч заскочыў у цягнік перад самым адпраўленнем, калі на яго ўжо зашыпела правадніца. Брат стаяў на пероне пад акном вагона, счапіўшы над галавой рукі ў пераможным жэсце. Грынкевіч зрабіў такі самы жэст. Цягнік рушыў і павёз яго далей ад гэтага горада, дзе ён за тры дні нібыта пражыў нейкае асобнае жыццё.

Донна Анна разам з лёкаямі сыходзіць.


Сцэна IX


Рэчытатыў «Dunque, quello sei tu che il mio Masetto...».

Зіма ў той год не спяшалася зацвердзіць на зямлі сваё панаванне. Гэта быў пануры і шэры лістапад, які накрыў усю Еўропу і ладную частку Расіі сава­нам туманоў, імжы і мокрага снегу. Выйшаўшы з цягніка на Беларускім вакзале ў Маскве, Грынкевіч раптам сцяміў, што ўжо каторы дзень не бачыў сонца, і ад гэтага маркота пачала раз'ядаць яго з сярэдзіны. Лістапад — самы бяссонечны месяц года, — можа, таму ён так цяжка яго пераносіў. Праўда, летась было неяк болей сонца. Былі маразы, якія потым у снежні-студзені дасягнулі трыццаці градусаў. Але маразоў ён не баяўся, бо яны неслі сонца — няцёплае, але яркае, зіхацістае. Ён любіў натуральнае святло: сонца, агонь, светлыя валасы... Год таму ён быў захоплены светлавалосай Ірынай і нават у раннюю лістападаўскую слоту мала падпадаў пад уплыў надвор'я. Цяпер ён быў захоплены «Донам Джавані» — і раздушаны смерцю бацькі і новай няўдачай з Аннай. «Дон Джавані» цяпер быў опіем, ад гэтай оперы ішло святло, хай сабе гэта і былі водбліскі ад вогнішчаў у апраметнай.

«Дык вось хто жорстка збіў майго Мазэта!»віскоча сялянка Дзэрліна, паказваючы пальцам на Лепарэла.

У тэатры яго чакалі толькі заўтра на аркестравай рэпетыцыі, таму ён мог выехаць з Масквы любым зручным цягніком у другой палове дня і дабрацца да N бліжэй да ночы. Раней Грынкевіч абавязкова б скарыстаўся гэтым, каб пабадзяцца па сталіцы і выцягнуць на піва кагосьці са знаёмых. У некага заўсёды будзе фортка паміж дзённай рэпетыцыяй і вечаровым канцэртам ці спектаклем, а ў старым нататніку столькі нумароў, колькі ў дона Джавані іспанак у каталогу. Але ён вырашыў не затрымлівацца ў мегаполісе і нават не заходзіць у камуналку. На N раніцай ішоў нейкі транзітны цягнік. Грынкевіч адразу ж набыў на яго квіток і праз гадзіну ўжо працягваў вандроўку.

У дарозе ён згадаў адзін трагікамічны эпізод. Вясна восемдзясят пятага года, яму дванаццаць, ён піяністычны вундэркінд з фенаменальным слыхам. Ён сам ахвотна зачыняецца ў класе і гадзінамі адточвае тэхніку. Ён хоча быць найлепшым. Калі заняткі яго стамляюць, ён дазваляе сабе пазабавіцца і пачынае нешта падбіраць на слых з гармоніяй у левай руцэ, усё як мае быць. Калі яму на вуха ў той момант сядзе папулярная эстрадная песня, то падбярэ яе, калі нешта з класікі, то грае класіку. У той дзень заняткаў не было з прычыны пахавання генсека Чарненкі. Уся краіна мусіла смуткаваць, але юны піяністычны геній усё адно выпрасіў ключ ад класа і пайшоў займацца. Такая асалода — займацца, калі ў школе амаль нікога няма. Ну, можа толькі старэйшым дзеля падрыхтоўкі да важных конкурсаў давалі класы, а вось ён таксама займаецца. У той дзень развітання савецкай краіны з генсекам яму на вуха сеў пахавальны марш з Другой санаты Шапэна. Ён пачаў граць яго на слых, з гармоніяй у левай руцэ, усё як мае быць. І нават не адразу скеміў, што грае. у мажоры. Калі ж скеміў, то зарагатаў і пачаў вычварацца з гэтым пахавальным маршам, мяняў рытмічны малюнак, вар'яваў тэму — карацей, крэатывіў за інструментам як хацеў. Аж пакуль у клас не зазірнуў завуч.

Занадта вялікага скандалу не было, бо той ранняй вясной над Савецкім Саюзам падзьмулі зусім іншыя вятры. Але размова з удзелам бацькі ў кабінеце дырэктара была. Бацька адмыслова прыехаў тады з Мінска разбірацца. Перад тым як увайсці разам у кабінет, тата інструктаваў: маўчы і болей слухай, што табе кажуць, паўтарай, як папугай, што разумееш сваю віну, выправішся і болей не будзеш. Сын трымаўся амаль годна. Праўда, у пэўны момант яму закарцела растлумачыць школьнаму начальству, як файна слухаецца гэты пахавальны марш у ягонай апрацоўцы і што гэта само па сабе знаходка. Але тата як быццам адчуў, што яго нашчадак зараз нешта выбрыкне, і стрэліў па ім страшным позіркам. Сыну імгненна расхацелася хваліцца сваімі кампазітарскімі эксперыментамі.

Калі вербальная экзекуцыя ў кабінеце дырэктара нарэшце скончылася, бацька і сын выйшлі ра­зам на вуліцу. І бацька сказаў вельмі дзіўную для яго, маленькага яшчэ музыканта, рэч: «Ты не гэтага. гм. зняважыў, ты зняважыў Шапэна. Шапэн не вінаваты ў тым, што пад яго музыку ў нас хаваюць генсекаў. Ён пісаў гэта ў памяць герояў, а ў нас хаваюць генсекаў. І ўвогуле нельга вось так гуляць са смерцю, нават калі ты лічыш гэта забаўным. »

Пэўна ж, Грынкевіч тады мала што зразумеў са сказанага бацькам, ён толькі цвёрда ўсвядоміў, што перакручваць чужыя мастацкія творы і паказваць гэтыя пераробкі артадаксальнай публіцы — усё адно як бегаць у чырвоных штанах перад статкам здаровых укормленых быкоў, якіх даўно не пускалі да кароў. Ён пасля гэтага выпадку неяк зусім перастаў падбіраць, гарманізаваць, імправізаваць, вар'яваць. Толькі ў вучэльні на музыказнаўчым аддзяленні нешта такое рабіў, але без вялікай ахвоты. Яму не хацелася траціць час на адстойванне сваёй парадаксальнасці, — можа, таму ён і стаў дырыгентам, а не кампазітарам.

Але бацька казаў не пра мастацтва, бацька нічога не кеміў у мастацтве. І цяпер праз дваццаць з лішкам гадоў Грынкевіч зноў спрабаваў асэнсаваць ягоныя словы.

«Дык гэта ты падмануў мяне, выдаўшы сябе за дона Джавані? Ці яго падмануў таксама?!»залямантавала донна Эльвіра.

Ён прыехаў у N а палове на шостую вечара і пайшоў не дадому, а адразу ў тэатр. Яму не хаце­лася застацца на самоце, ён чамусьці нават баяўся гэтага. Сёння паводле расклада ў яго была страхоўка ў галоўнага на «Лебядзіным возеры», таму ён пазваніў свайму калегу Каршакову і паведаміў, што выйдзе на працу і замяняць яго не трэба. Каршакоў быў па-чалавечы прыязны, выказаў спачуванні, пацікавіўся, ці сапраўды Грынкевічу нескладана прыйсці сёння ў тэатр. Той сказаў, што праблемаў няма. Калега ўзрадаваўся яшчэ болей, і кантэкст гэтай радасці быў зразумелым: балет супадаў па часе з трансляцыяй футбольнага мат­ча. Каршакоў таксама любіў ствараць толькі эфект прысутнасці на спектаклях галоўнага. Вось адсядзіць першы акт, а потым ногі ў рукі — і дадому, да тэлевізара. А так працірай сабе штаны ўвесь спектакль, бо страхуеш.

Галоўны таксама вельмі здзівіўся гэтай адданасці агульнай справе з боку Грынкевіча. Так здзівіўся, што нават прапанаваў падначаленаму застацца за кулісамі ці адпачыць з дарогі ў дырыгенцкай, а не абавязкова глядзець спектакль з залы. Грынкевіч пагадзіўся і сапраўды засеў у дырыгенцкай з партытурай. Яго цяпер цікавіла, як будзе ўспрымацца новае рашэнне з тэмпамі ў фінальнай сцэне. Свой метраном ён пакінуў дома, але нехта з аркестрантаў пазычыў яму прыладу. Калі дзея пачалася, ён паставіў на мінімальную гучнасць прымальнік, з якога спектакль транслявалі па тэатры і праз які ў выпадку чаго яго маглі выклікаць вядоўцы спектакля. Зразумела, што гук прымальніка крыху замінаў, але ён паспрабаваў засяродзіцца.

«Ты ўсіх абразіў, з'явіўшыся тут у чужой вопратцы!»шляхотна абураецца дон Атавіа.

Спачатку ён паставіў метраном на даволі ўмеркаваную хуткасць. Прыкладна так часта бяруць гэтую сцэну ў, так бы мовіць, рамантычнай інтэрпрэтацыі. Але нават без сваіх аўтэнтычных задумаў ён лічыў, што тэмп недастатковы. Паступова ён зрушыў яго на словах дона Джавані «Parla dunque: che chiedi, che vuoi?». Затым на рэпліцы Камандора «Tu m'invitasti a cena» зрушыў тэмп яшчэ і давёў паказнік на метраноме да дзевяноста пяці. Наступная рэпліка героя «A torto di viltate» была яшчэ ў хутчэйшым тэмпе, а на эмацыйным усплёску скрыпак, якія акампануюць дону Джавані на словах «Ho fermo il core in petto», дырыгент давёў тэмп ужо да ста пяці. Напружанне ўзрастала, сэрца сапраўды пачынала трывожна тахкаць у грудзях, і Грынкевіч на некалькі хвілінаў забыўся пра тое, што гэта проста ўяўны герой перад абліччам уласнай гібелі, які адчувае поціск халоднай каменнай далоні. Калі на сцэне меліся з'явіцца дэманы з апраметнай, спадарожнікі Каменнага Госця, тэмп выпадала зрушыць яшчэ. Але ён выключыў метраном, бо зразумеў, што сёння больш не зможа без стратаў для сябе заглыбіцца ў гэтую музыку. Ён быў спустошаны і раздушаны яшчэ болей, як быццам яму толькі што з'явілася сама Ананкэ і папярэдзіла пра нешта непазбежнае.

Дзэрліна, Эльвіра і Атавіа адно за адным выгукваюць, як ім хочацца адпомсціць Лепарэла.

У антракце ў дырыгенцкую завітаў галоўны і ўбачыў свайго падначаленага, які ўсё яшчэ сядзеў над разгорнутай партытурай, але не чытаў яе, а проста глядзеў некуды перад сабой. Галоўны зірнуў і міжволі адхіснуўся.

— У цябе цяпер выгляд. Ідзі ты дадому ад граху падалей.

Грынкевіч паслухмяна сабраўся і выйшаў, хоць да канца балета заставалася дахалеры часу. Па дарозе ён набыў пляшку віскі і лімон. Алкаголь, зрэшты, не мог заліць полымя, распаленае чытаннем д'ябальскіх старонак опернай партытуры. Трывога толькі крыху адступіла. Так, гэта была тая самая трывога, з якой ён ехаў у Мінск. Магчыма, ён тады прадчуваў, што здарыцца з бацькам. Але што ён прадчувае цяпер?..

Мазэта кажа іншым мсціўцам: «А ну, дапамажыце мне з ім расправіцца!».

Ён сніў блытаныя сны, а ў тых снах была моцартаўская партытура. І ён зноў вяртаўся да фінальнай сцэны з Камандорам, нават у сне думаючы пра тое, як перадаць усё запісанае нотнымі знакамі. Бо гэтая музыка раптам стала зусім асабістай, быццам прарасла з расколінаў уласнага сэрца.

№ 20: Арыя «Ah, pieta, signori miei...».

— Міша, колькі табе казаць — рабі тут люфцік! Мне тут трэба цэзуркі. А ты вядзеш усё на адным тлустым дыханні. Не трэба мне ў гэтым месцы доўгая фраза. І ўвогуле, гэта не тая арыя, дзе трэ­ба паказваць голас, тут іншыя, чыста музычныя задачы. Тут варта маркіраваць тэкст, ва ўсёй арыі. Ты можаш сабе ўявіць, што ён адчувае? Мужык пайшоў на спатканне з цёткай, выдаючы сябе за іншага. А яго злавілі мсціўцы і хочуць зладзіць жорсткую вендэту. Таксама прынялі за іншага. А як выкрылі, хто ён такі, дык яшчэ болей ашалелі. Ён кленчыць, яму да горла прыставілі нож, а да лабешніка — пісталет. Ён зараз удзелаецца на месцы, таму ўся арыя ідзе на крыху драбнёнай інтанацыі. Ты будзеш думаць пра легата пад руляй пісталета?

Грынкевіч напаўголасу прадэманстраваў салісту тое, чаго ад яго хацеў. Міша ўсё адно зрабіў неідэальна, і толькі значна зрушаны тэмп прымусіў яго збольшага ўкласціся ў патрэбную фразіроўку.

Перапужаны Лепарэла пачынае прасіць даравання: «Ах прабачце мяне, спадарства, ах даруйце мне, даруйце!».

— Гэта ронда Фарлафа нейкае! — сказаў Міша, спрабуючы аддыхацца.

Тым не менш вынік задаволіў Грынкевіча, і ён вырашыў на сёння скончыць рэпетыцыю. Цяпер, калі да спектакля заставалася тры тыдні, калі партыі былі вывучаныя, ён пачынаў атрымліваць асалоду ад шліфоўкі матэрыялу, ад таго, што ён рабіў з оперы сапраўды адзінае цэлае, а не набор вакальных нумароў. Сёння ў N завітаў праездам яго былы аднакашнік па дзесяцігодцы, зазірнуў на рэпетыцыю і вельмі хваліў, казаў, што выходзіць дыхтоўна. Вытрыманыя стылёвыя рамкі не замінаюць музыцы быць жывой — так і сказаў.

Гэтая заўвага ўзрадавала Грынкевіча. Бо да ад'езду ў Мінск староннія слухачы казалі: хораша, але занадта рацыянальна. Відаць, ён быў з тых творцаў, якім спачатку трэба паклапаціцца пра нейкія рамкі, а ўжо затым напоўніць іх змесцівам.

Неверагодным было тое, што ён, ідучы дадому, нават не набыў алкаголю. З учорашняга дня яшчэ заставалася віскі, а болей піць і не варта. Грынкевіч не меў ніякага жадання падбадзёрваць сябе, яму дастаткова было паглыбіцца ў музыку. Дома ён без асаблівага імпэту прыгатаваў хуткі абед, які паводле часу болей нагадваў вячэру, а пасля зноў засеў за працу. Сёння ён ужо інстынктыўна, без метранома адчуваў, якія трэба браць тэмпы і калі іх зрушваць ці запавольваць. Неверагодная радасць выляплення цэласнага твора! Яна цяпер мала каму зразумелая, калі прынята ствараць усё лёгка і хутка, як варыць пакупныя пельмені.

Была ўжо сёмая гадзіна, калі раптам патэлефанавала Анна. Ад ейнага званка Грынкевіч нечакана страпянуўся, хоць наўрад ці яна званіла з нейкай вельмі пільнай нагоды. Яе, дарэчы, не было ў тэатры, казалі, што з'ехала ў Маскву па справах. Так яму было прасцей, бо ў ягонай душы Анна таксама была нібыта пахаваная. Ён за некалькі дзён прызвычаіўся да таго, што яна зноў знікла і ўжо, магчыма, ніколі не вернецца.

Але ейны нумар адлюстраваўся на мабільніку. Грынкевіч адказаў далёка не адразу.

— Прывітанне, Лёша, — пачала яна. — Мае спачуванні. Я толькі што даведалася пра твайго тату. Сумна вельмі і шкада. Прабач, што так не адразу тэлефаную, я была ў Маскве.

— Ды нічога, — адказаў ён, паддаючыся яе прыўкраснаму мядоваму тэмбру.

— Як ты ўвогуле гэта перажыў?

— Па-рознаму. Ратуюся «Донам Джавані».

Анна прамаўчала, і ў гэтай паўзе чыталася:

«Мог бы мне адразу паведаміць». Грынкевіч, напэўна, праз тэлефон ствараў уражанне, што ён меней за ўсё на свеце хоча цяпер з кімсьці размаўляць.

Лепарэла кажа: зараз я вам распавяду, з якой прычыны я ўсё гэта зрабіў.

— Я табе не замінаю? — пацікавілася Анна.

— Ды не. Я сяджу дома і працую з партытурай, але гэта не такая ўжо пільная справа.

— Ты прымаеш гасцей? — знянацку запыталася яна.

Неістотна, што за гульню яна зноў заводзіла. Анна не магла без нейкай гульні, Грынкевіч ужо не меў на гэты конт ніякіх ілюзій. Але ён адчуў, што ўцёкі ў музыку гэтым вечарам не ўратуюць яго ад трывогі, якая зноў можа прыйсці ўначы. Яму патрэбны быў нехта побач. І яму была про­ста неабходная Анна, хай сабе толькі на вечар, на размову, на кубак гарбаты. Што можа змяніць гэты вечар?

— Прыходзь! — сказаў ён і прадыктаваў адрас.

Анна паабяцала быць праз гадзіну. За гэты час

ён чамусьці расхваляваўся. Можа, таму, што ніколі раней яна не была ў яго ў гасцях — ні тут, у N, ні ў Піцеры, калі ён жыў у інтэрнатах і ў нанятых пакойчыках. Там у яго проста не было свайго жытла і натуральна склалася, што ў гасцях яго заўсёды прымала Анна. Тут, у N, ён меў сякую-такую ўласную тэрыторыю, на якую жанчына ў папярэднія рамантычныя тыдні наўрад ці пайшла б. А цяпер ідзі, нічога не бойся. Цяпер ён не мужчына, цяпер ён чалавек, якому трэба выказаць спачуванне. Ад такой думкі Грынкевіч раззлаваўся на сябе. Трэба было сказаць, што заняты або што стаміўся, як вол у полі. Не трэба было запрашаць, думаў ён, бегаючы з венікам па кватэры і папраўляючы покрыва на ложку. Не трэба было, цэдзіў ён скрозь зубы, выскокваючы з-пад душа і апранаючы свежую кашулю.

Праз гадзіну яна пазваніла — па мабільніку. Выявілася, што ў яго нешта з дамафонам, чамусьці яна звоніць, а адказу няма.

— Зараз спушчуся, — сказаў Грынкевіч.

Пакуль ён бег уніз па сходах, то адчуваў, як яго скура пакрываецца дрыжыкамі: ці то ад таго, што ў пад'ездзе было халаднавата, а ён выскачыў у кашулі, ці то ад яшчэ большага хвалявання. Тое, што ён хвалюецца, прадчуваючы сустрэчу з Аннай, было нядобра, гэта было няправільна.

Вось ён адчыніў дзверы пад'езда, і яна ўвайшла — у зімовым паліто з пухнатым каўняром і такімі ж манжэтамі, у тонкай пуховай хустцы, якая пасавала да авала ейнага твару, і ў боціках на высокіх і тонкіх абцасах. Гэта было даволі проста ці нават банальна, але маладыя і прыўкрасныя жанчыны, апранутыя гэтак па-жаноцку, выклікалі ў Грынкевіча жаданне абараняць іх. Паміж другім і трэцім паверхам Анна ледзь не аступілася і Аляксей інстынктыўна злавіў яе за талію. Прыгадаў пры гэтым эпізод з Машай: дальбог, нешчаслівы нейкі ўчастак сходаў для маладых красуняў.

— Асцярожна, — прамовіў ён, зноў злуючыся на сябе за тое, што паддаецца непатрэбнай спакусе.

Яны дайшлі да дзвярэй кватэры, куды Грынкевіч прапусціў госцю. Анна стала перад люстэркам і зняла хустку. Яна прынесла разам з сабой пах лістападаўскага надвор'я і водар парфумы з каляндрай. Ад вулічнай вільгаці пасмачкі яе валасоў, што выбіліся з ахайнага вузла на патыліцы, крыху завіваліся. Грынкевіч моўчкі забраў у яе паліто, пераадольваючы жаданне абняць яе за плечы замест таго, каб чыніць гэтакі рытуал гасціннасці. Анна прысела на зэдлік і скінула боты. Цяпер яна была ў шэрай клятчастай спадніцы, якую ён ужо бачыў раней, і ў шэрай кофтачцы, але ўжо нейкай іншай і цяплейшай. Яму хацелася проста падысці і прыгладзіць гэтыя непаслухмяныя пасмачкі валасоў на скронях. І пры гэтым адчуць цяпло, якога так бракавала.

— Хадзі сюды, — папрасіла яна і, не чакаючы, пакуль ён нешта там скеміць, проста падышла ды абняла — без напружання, як старэйшага брата. — Вось так яно лепей.

Я тут увогуле ні пры чым, запэўнівае Лепарэ­ла, гэта ўсё мой гаспадар прыдумаў.

Грынкевіч вырашыў на сёння адмовіцца ад паслугаў унутранага дарадцы, які папярэджваў: не ўвязвайся ў гульню. Ну і што з таго, што гульня? Ён проста любіць дотыкі, і не абавязкова інтымныя. Цяпер яму хораша. Апошнім часам было багата болю, і ён шчаслівы заглушыць яго хоць на імгненне, хоць бы на момант, калі кранаешся вуснамі да яе валасоў, а яна гэтага нават не адчувае.

Яны доўга так стаялі, хвіліны можа дзве ці тры. Анна першая вярнулася ў рэальнасць і папрасіла напаіць яе гарбатай. Грынкевіч згадаў пра абавязкі гаспадара і пайшоў на кухню. Анна — следам за ім.

— Як гэта здарылася? — запыталася яна.

— Сэрца. Трэці інфаркт. Я зайшоў — і з парога. Люстэркі завешаныя. Толькі ты прабач, але я цяпер не магу пра гэта ў дэталях размаўляць. Пакуль не магу. Не хачу. Мне ў галаву лезуць дзікія думкі. Я пра нашыя тэатральныя забабоны. Цяпер яны мне такімі ўжо глупымі не падаюцца. Вось такое адчуванне, што ён як быццам адвёў ад мяне бяду. А можа быць, гэта была про­ста ілжывая ахвяра, косткі замест мяса? Тады мне гэта ўзгадаюць. Можна я крыху пабуду маўклівым? Гэта я не са злосці ці яшчэ чаго, я.

— Так, я разумею, — адказала Анна і прымірэнча кранула яго за руку.

На палічцы яна знайшла томік Гофмана, той, які ўсяго два месяцы таму гартала Ірына і дзе яна раўнівым вокам вычапіла подпіс на фарзацы кніжкі. Анна не сказала нічога, убачыўшы ўласны даўні аўтограф, толькі ўсміхнулася. Яна знайшла, відаць, улюбёны фрагмент з «Дон-Жуана» і пачала чытаць:

Ужо некалькі разоў, так здалося мне, я адчуваў за сабою як бы пяшчотнае, цёплае дыханне, чуў як бы шалясценне шаўковых убораў — гэта дазваляла западозрыць прысутнасць жанчыны; але, цалкам паглыблены ў свет паэзіі, які адкрывала мне опера, я на гэта не зважаў. Калі ж заслона апусцілася, я азірнуўся на сваю суседку. Не, ніякімі словамі не пераказаць майго здзіўлення: донна Анна, у тым самым уборы, у якім я толькі што бачыў яе на сцэне, стаяла за мною, гледзячы на мяне сваімі пранікнёнымі, адухоўленымі вачыма. Увесь анямелы глядзеў і я на яе; на яе вуснах (так, прынамсі, мне здалося) мільганула ледзь улоўная, іранічнапакеплівая ўсмешка, у якой я разгледзеў самога сябе і сваю ідыёцкую постаць. Я адчуваў, што трэба загаварыць з ёю, але не мог варухнуць языком, які мне паралізавала ад здзіўлення, магу нават сказаць — ад перапалоху. Нарэшце, нарэшце ў мяне амаль міжвольна вырвалася: «Як такое быць можа, што я Вас бачу тут?».

Анна згарнула кніжку і паглядзела на Грынкевіча, які назіраў за ёй. У яго быў такі выраз твару, быццам ён сапраўды апынуўся ў той казцы і перажывае ўсе прыдуманыя дзівосы.

— Гэта мой самы любімы момант у Гофмана ўвогуле, — сказаў ён. — Нічога больш неверагоднага і эфектнага ў яго не сустракаў.

— А «Шчаўкунок» ці «Залаты гаршчок»? Я ў дзяцінстве любіла.

— А я вось не. Гофман — гэта маё юнацтва, а не дзяцінства.

— Але вось я чытаю, а ты глядзіш на мяне як дзіця, калі яму казку расказваюць. Ведаеш, ім можна па дзесяць разоў на дзень чытаць адно і

тое ж, улюбёнае, а яны будуць слухаць і будуць перажываць гэта зноў і зноў.

— У мяне так і ёсць. Цяпер пагатоў успрыманне абвастрылася. Учора я сядзеў у дырыгенцкай і чытаў партытуру. Фінальную сцэну. У мяне тады пахаладзела рука, я сур'ёзна. Ніколі раней не было такога вусцішнага адчування, што па мяне прыйшлі.

— Алёша, ты мяне пужаеш.

«Донна Эльвіра! Мне вельмі шкада, але ж вы разумееце, як усё адбылося. Гэта ўсё мой гаспадар прыдумаў!»працягвае апраўдвацца лёкай.

Ён нічога не адказаў, бо сапраўды хацеў пабыць сёння маўклівым. А яшчэ таму, што паціху п'янеў ад яе прысутнасці, ад яе вачэй сапраўднай гофманаўскай гераіні, ад глыбокага выразу кофтачкі, пад якой ён бачыў ахайныя грудзі, ад дотыку рукі, якой яна правяла па яго шчацэ.

— Выгляд у цябе зусім стомлены, — сказала Анна.

— Якраз сёння я выспаўся. І ніякай асаблівай працы не было, толькі рэпетыцыя гадзіны на тры.

— Я пра ўнутраную стому. Ты адзін, а вакол цябе шмат людзей, ты на іх распыльваешся. Мне падаецца, ты пачаў занадта паглыбляцца ў матэрыял. Ты засвойваеш яго як акцёр, а гэта небяспечна.

— Чаму?

— Акцёры пустыя, яны напаўняюць сябе роляй. А для цябе такі матэрыял можа стаць як вірус, што змяняе чалавека на генетычным узроўні.

— Тое, што мы ствараем, — змяняе нас. Гэта непазбежна.

Анна, відаць, хацела сказаць яшчэ нешта, але не адважылася. Ці проста не магла падабраць словаў. Зрэшты, Грынкевіч заняўся прыгатаваннем гарбаты і хатніх сырнікаў. Такія рабіла калісьці Анніна бабуля. Госця, убачыўшы яшчэ адно прывітанне з мінуўшчыны, зноў усміхнулася.

— У цябе выйшла зусім як у бабулі. У мяне так не атрымлівалася, хоць я нішто сабе гатую.

Грынкевіч з дазволу Анны моўчкі закурыў у фортку. Ён раптам падумаў, якім простым і шчаслівым было б жыццё, калі б вось так увечары яны штодня сядзелі на кухні, гатавалі вячэру (разам ці ў каго на гэта настрою болей), абмяркоўвалі працу, мастацтва, размаўлялі пра жыццё. І каб абдымкі і дотыкі не былі дабрачыннасцю, як сёння. Але не бывае жыцця паводле простых формулаў.

Пасля яны сядзелі ў пакоі пры запаленым насценным бра. Залезлі з нагамі на засланы ложак і проста маўчалі разам. Грынкевіч лёг на спіну ўпоперак ложка і глядзеў у столь. Цені, якія адкідвала прыглушанае святло, былі дзівоснымі, і ён, здаецца, бачыў адлюстраванне Анніных веек, што дрыжэлі, як крылцы матылька. Яна сядзела побач, зграбна падабраўшы пад сябе ногі, і гладзіла Аляксея па валасах неяк зусім па-мацярынску. А ён баяўся, што на вочы зноў навернуцца недарэчныя слёзы, бо рана ці позна давядзецца ўключыць поўнае святло, каб госця магла сабрацца і сысці.

— Пра што ты думаеш? — усё ж перарвала яна маўчанне.

— На светапоглядна-глабальным узроўні ці на прыземлена-побытавым? — удакладніў Грынкевіч, якому дзякуючы іроніі лягчэй было абараняцца ад прыліву сентыментальнасці.

— Ну. Хоць бы на прыземлена-побытавым.

— Пра малюнак на тваіх калготках. І пра карункі на тваім станіку.

— Вось яно як. — прамовіла Анна і адразу выдала з іранічным какецтвам: — Ты цяпер увогуле на мяне не глядзіш, а пры гэтым нібыта думаеш пра мае калготкі і станік.

— А мне, каб пра гэта думаць, неабавязкова ўвесь час на цябе глядзець.

Анна крыху адсунулася ад яго, але Грынкевіч не зрабіў ніводнага руху. Ён усё працягваў глядзець у столь.

— Пра светапоглядна-глабальнае табе ўжо нецікава?

— Чаму ж не? — адказала яна і змушана ўсміхнулася.

Ён вагаўся вельмі доўга, як быццам гаворка ішла пра выцягванне іспытнага білета, ад адказу на які залежаў увесь яго лёс. Нарэшце ён таксама сеў на ложку насупраць Анны і паглядзеў ёй у вочы. Першыя словы даваліся яму цяжка, але паступова яму рабілася ўсё лягчэй выказвацца пра тое, што непакоіла яго ўжо столькі гадоў:

— Я, Нюта, думаю пра тое, чаму ў нас з табой не склалася. У якім месцы я, або ты, або мы разам зрабілі памылку, і ўсё жыццё ад яе пасыпалася. Як тая вучнёўская задачка па гармоніі, дальбог. Толькі мы ўжо свае задачкі адрашалі, а нічому, відаць, не навучыліся.

— Нечаканая мадуляцыя. — прамовіла Анна, спрабуючы авалодаць сабой, бо яна заўважна занервавалася. — Дакладней, адхіленне. Гэта будзе толькі падставай, каб вярнуцца да тэмы маіх калготак і станіка, так? Ты не арыгінальны.

— Як любы малады і здаровы мужык з нармальнай эрэкцыяй. Ты, зрэшты, таксама неарыгінальная. Сама напрошваешся ў госці і ўжо нават сядзіш на маім ложку. Прычым ты цудоўна разумееш, што твае ногі і грудзі будуць займаць мяне ў любым душэўным стане і ў любых жыццёвых сітуацыях. Больш за тое, ты была б не супраць зняць з мяне кашулю, а не гладзіць мяне па галаве, як маленькага хлопчыка. Іначай ты б сюды не прыходзіла.

Грынкевіч дастаткова ведаў яе, каб разумець, што цяпер Анна ад нечаканасці ў крыху спаралізаваным стане і зараз, пэўна, будзе абараняцца. Так і выйшла.

— У любых жыццёвых сітуацыях, кажаш? А я памятаю жыццёвую сітуацыю, калі ты мяне п'яную распрануў і зацягнуў пад душ. Што было далей, я не памятаю, але прачнулася я ў ложку абсалютна голай, а ты пасля сказаў, што адчуваеш да мяне фізічную агіду і нават не думаў скарыстацца становішчам. Затым ты званіў з маёй кватэры нейкай чарговай сваёй дзяўчыне і прызначаў спатканне.

— .А ты дэманстратыўна разгульвала па ква­тэры абсалютна аголенай і кпіла з мяне. І я швыргануў табе халат. Ты проста была злоснай, бо табе балела галава. Ты ніколі не магла шмат піць.

— Брыдкая была сцэна, — прамовіла Анна.

— Добрая ў цябе памяць, — сказаў Грынкевіч і адразу змоўк, бо адчуў, што яна не хоча варушыць непрыемных для яе ўспамінаў.

Яму, зрэшты, таксама не хацелася вяртацца да таго эпізоду, хоць яе кепска схаванае раздражненне выяўляла неабыякавасць, і гэта было яму на карысць. У той вечар ён зусім выпадкова зайшоў да яе

— і вельмі дарэчы, бо іначай хатняя вечарынка з трыма малазнаёмымі хлопцамі магла дрэнна скончыцца. Яна ўжо была захмялела, і хлопцы, відаць, мелі планы на чырвонавалосую паненку з ладным целам. А тут з'явіўся ён, і адразу так павёўся, што, маўляў, я ейны мужык, прыйшоў вось дадому, а тут нехта яшчэ сядзіць, — непарадак. Учыніў дэманстратыўны скандал нібыта са сцэнай рэўнасці. Хлопцы не былі занадта смелымі ці агрэсіўнымі, каб адбіваць у яго здабычу, таму пасыходзілі адзін за адным. Але іх было тры, і калі б ён так своечасова не з'явіўся.

Не варта было гэтага згадваць, не ў той дзень была зробленая нейкая фатальная памылка, якую ён цяпер хацеў намацаць.

— Ты пасварылася з Гюнтарам? — сарвалася ў Грынкевіча з языка.

— З чаго ты. узяў? — прамовіла Анна, і ў яе голасе адчуліся здзіўленне і страх злоўленага на гарачым злачынцы.

— Два тыдні таму ты выконвала ролю вернай нявесты. А цяпер ты прыйшла мяне спакушаць. Выснова?

— Ды не буду я цябе спакушаць, супакойся ўжо! І ўвогуле, мне трэба ісці. Бачу, не настолькі ты прыгнечаны, каб я тут.

— Прабач мне. І пачакай. — сказаў Грынкевіч, бо ў сварцы ён быў не зацікаўлены. — Нюта, я, можа быць, зараз скажу нешта няправільнае, можа быць, я не з таго боку заходжу. Але я хачу зразумець, як мне цябе нарэшце адпусціць. Бо мне амаль трыццаць чатыры гады, і ў мяне ў асабістым жыцці такая карусель. Мы з табой восем гадоў не бачыліся, нават болей, а я за гэты час страціў стасункі. Важныя мне стасункі. А ўсё таму, што я ўнутрана апеляваў да цябе, згадваў цябе, спрачаўся з табой. Я расказаў ёй пра цябе ўсё. Прызнаўся ў тым, што вось такая ты была ў маім жыцці і што дагэтуль я не магу цябе забыць. На гэтым усё скончылася. А ты засталася ў маёй галаве. І калі ты з'явілася на даляглядзе зноў, то мне няшмат было трэба.

— А я тут прычым, Лёша?! — прамовіла Анна, але не з раздражненнем у голасе, а з нейкай панікай.

— Ты хочаш зрабіць з мяне ракавую жанчыну?

— Не кусайся.

Ён адчуў нечаканы спакой, бо відавочна зачапіў Анну. А гэта значыць, што з'явіўся нейкі шанец разблытаць каўтун іх стасункаў.

— Усяго пару тыдняў таму ты мне распавядаў, як ледзь не скочыў з даху, калі мы тады развіталіся.

— Калі ты мяне кінула!

— .А на наступны дзень ты заняўся догінгам у тэатры. Толькі не трэба казаць, што табе было да такой ступені балюча! — выдала Анна новую тыраду ў сваю абарону, якую Грынкевіч, уласна, чакаў.

Ён змоўк, але збянтэжанасці або вінаватасці на яго твары не было. Потым ён працягваў:

— Давай усё ж вернемся да таго моманту, калі ты мне заявіла, што мы не можам болей сустракацца. Калі мне было васямнаццаць, а табе пятнаццаць. Для мяне гэта быў твой самы загадкавы ўчынак. Што ты знайшла ў тым «залатым хлопчыку»? Грошы? Жанчыны, якія любяць грошы, звычайна паводзяцца іначай. Ты б яго кінула і пайшла да багацейшага, але ў цябе нікога не было, калі мы сустрэліся зноў. Доўгі час не было. А яшчэ пазней ты ўвогуле магла сядзець на хлебе і вадзе, калі не мела халтурак. Бацька ж табе грошай не даваў. Так, ты танчыла стрыптыз, але мужыка з добрым гаманцом сабе не шукала. Ну, я мог нешта падкінуць, але я тады ўжо ішоў толькі на правах сябра, гэта ясна. Дык растлумач мне рацыянальна, што гэта была за прыхамаць з тым хлопцам?

Анна маўчала. Такая настойлівасць збіла яе з панталыку, і яна вырашыла сысці ў глухую абарону. Зрэшты, яна б і ўвогуле магла сысці, але ж не сыходзіла і нават не выказвала болей такіх пагрозаў. Яна сядзела на ложку па-турэцку, прыкрыўшы калені клятчастай спадніцай. Глядзела на Грынкевіча з нямой просьбай: давай скончым гэтую размову, яна такая бессэнсоўная.

«А пра Мазэта я ўвогуле нічога не ведаю, не ўяўляю нават, хто мог яго збіць! Вось гэтая па­ненка вам сама пацвердзіць, я быў з ёй»,кажа Лепарэла Дзэрліне, паказваючы на донну Эльвіру, як на ўласнае алібі ў справе нападу на Мазэта.

— Маўчыш? Тады я распавяду пра сябе. Ты мне сказала, што ўсё скончана, і я хадзіў агаломшаны, доўгі час хадзіў. Проста не мог зразумець, што і чаму. І сапраўды, у мяне былі нядобрыя думкі. Між тым я дзяўчатам увесь час падабаўся. Праўда, часам здараліся казусы, калі я не адказваў узаемнасцю. Ну ды ладна. Праз паўгода я з адной пераспаў. Пасустракаўся з ёй месяцы два. Кожны раз называў яе Нютай. Заплюшчваў вочы — і бачыў цябе. Яна злавалася, і я яе кінуў. З іншай было тое самае, але тая пратрывала ўсяго пару тыдняў. Потым у мяне нікога ўвогуле не было, доўгі час. З мяне нават кпілі, казалі, што мне пасля харавога ў вучэльні трэба ісці ў духоўную семінарыю і рабіцца манахам. Калі я быў на трэцім курсе, на першы курс прыйшла адна дзяўчынка. Прыкладна такога ж росту, як ты, такая ж худзенькая, цёмнавалосая. Цемнавокая, зрэшты, але я да яе пацягнуўся. З ёй не было так лёгка, як з табой, яна негаваркая была, вельмі ціхая. І ёй было ўсяго пятнаццаць, таму я спачатку нават на пацалунках не настойваў — яна ж не была такой развітой. Я хацеў, каб у ёй з'явілася нешта ад цябе не толькі ў абліччы. Мне хацелася, каб яна чытала тое, што і ты, каб у яе быў такі самы гумар. Я гаварыў тваімі словамі, каб яна іх засвоіла. Я сябе падманваў. Яна была вельмі добрым дзяўчом і вельмі бедавала, калі я сказаў, што ўсё скончана. Але, можа, і добра, што ў нас усё было цнатліва. А сказаў я ёй, што ўсё скончана, калі зноў сустрэў цябе.

— Я думала, у цябе быў багацейшы досвед тады. Ты тады быў.

— Я тады проста сумаваў па табе. Настолькі, што нават не думаў — а раптам не атрымаецца, ці

што яшчэ. Проста рабіў тое, што падказваў інстынкт. У мяне такога працяглага ўстрымання потым ніколі не было, што праўда. І ты тады была таксама іншай. Без гэтага страху ўваччу, які быў спачатку. А яшчэ я проста любіў пах тваёй скуры, любіў да цябе дакранацца, і мне прыносіла асалоду проста вадзіць вуснамі і пальцамі на тваіх грудзях, руках, сцёгнах, жываце. Калі ўжо хочаш праўду, то я гэта рабіў тады, калі ты набралася, як бэля, і, хутчэй за ўсё, ты падумала, што мы з табой сапраўды пераспалі. Дзіўна, што ў мяне тады нават эрэкцыі не было, вось гэта дакладна памятаю. Гэта было ўзбуджэнне, але па-за фізіялогіяй.

Гаворачы гэта, ён пасунуўся бліжэй. Стаў асцярожна вадзіць кончыкамі пальцаў па шыі жанчы­ны, потым слізнуў ніжэй, пад выраз кофтачкі. Прыпаў вуснамі да ямінкі паміж ключыцамі. Ён зноў быў як у трансе, як тады, калі яны стаялі перад люстэркам у вестыбюлі рэстарацыі.

— І цяпер ты таксама хочаш мяне нефізіялагічна? — адной толькі фразай апякла яго Анна.

Грынкевіч зноў адсунуўся і нават павярнуўся спінай да яе. Ну навошта яна так? Ён і сам разумеў, што кажа нешта не тое і не так, як мусіў ска­заць, што ўсё павінна быць значна прасцей і лягчэй. Аднак Анна не хацела яму дапамагчы ў кіраванні гэтай размовай. Больш за тое, яна быццам кінула новы выклік, і ў ім прачнулася злосць.

— Я заўсёды хацеў цябе надфізіялагічна, — вымавіў ён, па-ранейшаму седзячы спінай да суразмоўцы. — І вось калі мы ў другі раз развіталіся.

— Я не праганяла цябе тады! — з нечаканай эмацыйнасцю выгукнула Анна.

Грынкевіча здзівіў гэты ўсплёск пачуццяў, яму нават падалося, што ў словах Анны была нейкая сапраўдная, нявыказаная горыч, быццам яна ха­цела яшчэ нешта распавесці, скінуць нейкі цяжар.

— Не праганяла. Але сказала тое, што забіла адноўлены давер, — пачаў ён адносна спакойна і раптам, неспадзявана нават для сябе, зароў: — Ну якога д'ябла было сачыняць, што я ў цябе не пер­шы?! Навошта ты гэта зрабіла?! Каб выпрабаваць мяне?!

— Я не магу табе гэтага сказаць, — адгукнулася Анна ціхім голасам, у якім чуўся сумны матыў віны.

«А вам, спадар, мне ўвогуле няма чаго ска­заць,звяртаецца Лепарэла да дона Атавіа.Вы ж ведаеце, у жыцці здараюцца розныя неспадзяванкі...»

Яму не спадабалася тое, як Анна прамовіла апошнюю фразу. Яна зноў нешта хавала? Яна тады казала праўду? Грынкевіч нарэшце павярнуўся да яе тварам і зноў загаварыў, спрабуючы быць адносна спакойным:

— Таму і сышоў. Пасля гэтага мяне і панесла па ўхабах. Не адмаўляўся ад ніводнай магчымасці. Трахаў першую-лепшую, абы сімпатычная. Не сустракаўся ні з кім, але спаў з усімі. Ну, Маша. Я ніколі не лічыў Машу сваёй дзяўчынай, гэта яна сабе прыдумала. А тады мяне як пераклінавала. І ведаеш, калі мы сустрэліся зноў, мне балюча было бачыць цябе з іншымі хлопцамі. І я наўмысна прызначаў з твайго тэлефона спатканні іншым дзяўчатам, і наўмысна прасіў у цябе дапамогі ў выбары букетаў і падарункаў. Ты пагаджалася — і мяне гэта злавала яшчэ болей. Злаваў гэты твой спакой і пафігізм. Калі я прыходзіў да цябе, ты паводзілася так, быццам табе ўсё адно, ці ёсць я побач, ці мяне няма. Я ўспрымаў кожную сустрэчу з табой як паразу, як быццам ты мяне зноў і зноў кідала. Я спрабаваў адыграцца за кожную такую паразу.

— Хочаш сказаць, што ты на Ірыне адыграўся?

— Гэта быў амаль рэфлекс. — прызнаўся Грынкевіч. — Яна таго не заслугоўвала, але так ужо выйшла.

Абое адразу неяк паспакайнелі і далей загаварылі ўжо без падвышэння голасу. Анна пачала згадваць той год, канец траўня — пачатак чэрвеня. Іх юнацкае сяброўства імкліва перарасло ў бурны раман з начнымі спатканнямі ці паездкамі на лецішча да сяброў у буднія дні, калі там нікога няма. Ёй было ўсяго пятнаццаць — кожная блізкасць сама па сабе была злачынствам. І кожны раз яна з жахам думала: а што будзе, калі іх зловяць? Гэта было нават страшней за непажаданую цяжарнасць у ейным тагачасным разуменні. Адсюль і вечны страх у вачах, і няздольнасць адчуць нешта яшчэ, апроч гэтага страху.

Але найбольшым страхам было страціць яго, таму яна проста заплюшчвала вочы, каб ён не бачыў яе позірку. Вакол яго было так шмат дзяўчат, яскравых дзяўчат, і Анна разумела, што большасці з іх яна прайграе і ў прыгажосці, і ў розуме. У той травень — чэрвень ён рыхтаваўся да нейкага канцэрта: педагог па фартэпіяна выставіла яго граць разам з іншымі неспецыялістамі. На курсе ў іх была выключная прыгажуня Ларыса — і вось з гэтай Ларай ён граў на канцэрце ў чатыры рукі. Зразумела, што яны шмат займаліся разам. А яшчэ Грынкевіч пачаў выводзіць Лару ў кіно і на марозіва. З гэтага ўсё і пачалося.

— А пасля я сустрэла «залатога хлопчыка», — распавядала Анна. — Ён улягаў за мной так, як ты за Ларай.

— Я не ўлягаў за ёй, — з крывой усмешкай адпрэчыў Грынкевіч, які нават не адразу згадаў тую дзяўчыну, але здзівіўся, што Анна пра яе памятае. — У яе, здаецца, быў надта небяспечны хло­пец, я б не рызыкнуў. Але гэта жарт. Насамрэч у мяне была ты. І ты трымалася са мной як бестурботнае стварэнне, якога ўсё задавальняе. Дый уво­гуле, хіба я рабіў нешта не тое? Ці мела ты да мяне ўцямныя прэтэнзіі?

— Наконт прэтэнзій. Справа ў тым, што на той момант я гэтых прэтэнзій да цябе назбірала дай божа колькі, — сказала яна. — Але я пятай кропкай адчувала, што пакуль я іх не выказваю, усё будзе доб­ра. А калі я спрабавала паглядзець крыху наперад, то мне вельмі ясна малявалася карціна, як ты мяне кідаеш. І ты потым так часта разыгрываў яе перад маімі вачыма, але з іншымі. Я глядзела і думала: як правільна я зрабіла, са мной было б тое самае. Чаму я сказала табе, што ты не першы? Хацела праверыць. А ты мяне не зразумеў, ты нават нічога не запытаўся: не першы дык не першы. Проста ўзяў і сышоў. Было балюча, не апісаць як. Але я тады, прынамсі, не паўзла за табой на каленях і не хапалася рукамі за тваё паліто, як. як.

Апошнія словы яна прамовіла з нейкім новым адценнем адчаю і болю. Грынкевіч насцярожыўся.

— Як хто? Кажы, не бойся. Нам з табой ужо няма чаго страчваць. І саромецца няма чаго. Я пра цябе зашмат ведаю, каб збянтэжыцца.

— Як мая маці за бацькам. Я, Лёша, з маленства ведаю, як агідна выглядае жанчына, выпрошваючы ў мужчыны ўвагі, пяшчоты і цяпла. І калі мне было яшчэ гадоў сем, то я сабе сказала, што ніколі не буду прасіць мужчыну, каб ён мяне не пакідаў. Або я буду кідаць, або сам няхай сыходзіць, аднак трымаць не стану.

— Але.

Клубок пачынаў размотвацца, і нейкія прычынна-выніковыя сувязі рабіліся зразумелымі.

«Ну, вось і здарылася неспадзяванка,працягвае тлумачыць Лепарэла.На вуліцы горача, а тут прахалода, выпадкова знайшоў у цемры дзве­ры, трапіў у гэты дом. Хіба ж я ведаў, чый ён?»

Анну тым часам як прарвала. І яна пачала распавядаць пра сваё дзяцінства, пра маці, што днямі магла сядзець ля тэлефона ў чаканні званка ад бацькі, нібы сабака, якога гаспадары прывязалі ля крамы ці паліклінікі, а самі цішком сышлі. Маці тады ўжо амаль не працавала. Яна часам магла не звяртаць увагі нават на дзіця, якое трэба было пакарміць і пакласці спаць. Анна даволі хутка зразумела, што ад маці нічога не дамагчыся, і навучылася сама з сабой гуляцца, самастойна апранацца і самастойна знаходзіць сякую-такую ежу на кухні. А маці ціха вар'яцела. Нават калі яна была не пры тэлефоне, яна магла проста сядзець у пакоі і паўдня глядзець у вакно.

Калі прыходзіў бацька, маці імгненна ператваралася ў вясёлую і жвавую істоту. Спрабавала быць гасціннай і ветлівай. А бацька прыходзіў толькі дзеля таго, каб забраць дачку на шпацыр. Ён быў прыўкрасны — высокі такі бландзін з правільнымі рысамі твару. Маці аднойчы нават прыдумала казку — маўляў, тата нарадзіўся на сонцы, таму ён такі. Бацька ў свой час любіў дачку: яму, як ні дзіўна, падабалася выводзіць яе ў свет. Яна выглядала як лялька, як Беласнежка з нямецкай казкі, матчыны ўсходнія рысы на мяккім дзіцячым тварыку яшчэ не чыталіся, скура была светлай і матавай, а вочы — блакітнымі. Бацька браў Анну з сабой на рэпетыцыі ў тэатр, на кінастудыю. Там яго ўсе расхвальвалі: ах якое прыгожае дзіця! Прычым гучала гэта менавіта як камплімент самому тату, стваральніку такое красы. Анна любіла бываць у тэатрах і на кінастудыях, там было шмат вясёлых і добрых людзей, якія з ёй вазіліся, частавалі яе цукеркамі і казалі шмат цёплых словаў. Анна паступова стала разумець, што бацьку спачувалі. Маўляў, ажаніўся па вялікім каханні з шызафрэнічкай, атрымалася такое прыўкраснае дзіця, але як цяпер быць. Рупель прымаў гэтыя спачуванні — і пасля кожнага такога выхаду ў свет вяртаў Анну назад, да маці. А тая час ад часу, калі на яе навальваўся смутак, на каленях маліла яго, каб застаўся хоць бы на ноч.Лепарэла заўважае, што мсціўцы як быццам страцілі пільнасць. Трэба скарыстацца момантам і ўцячы ад іх, думае няшчасны лёкай.

Калі маці праходзіла чарговы курс лекавання, бацька пасяляўся ў іх кватэры. Там рабілася чыста, а ў кухні з'яўлялася больш разнастайная ежа. А яшчэ ў кватэры з'яўлялася шмат розных лю­дзей, многіх з якіх Анна бачыла ў тэатры ці на кінастудыі. Сярод іх былі вясёлыя і прыгожыя цёці, якія і наводзілі ў кватэры чысціню і гатавалі ежу. З адной з такіх цёцяў Рупель ужо быў афіцыйна жанаты, але пра гэта дзяўчынка даведалася толькі пасля матчынай смерці.

Маці выкінулася з вакна пасля чарговай адмовы бацькі застацца на ноч. Яна ведала, што ў яго ўжо новы шлюб і новае дзіця на падыходзе, але ўсё адно на нешта спадзявалася і да апошняга старалася яго вярнуць.

Лепарэла імкліва ўцякае.


Сцэна X


Донна Эльвіра, дон Атавіа, Дзэрліна і Мазэта.

Рэчытатыў «Ferma, perfido, ferma!».

— І гэта было агідна, — скончыла Анна свой расповед.

Грынкевіч маўчаў, абдумваючы пачутае. Усё было значна складаней, чым ён думаў, значна глы­бей. І ён сапраўды шмат пра яе не ведаў, а насамрэч не было і няма ніякай гульні, былі і ёсць вечныя спробы абараніцца, сысці ад болю ў яшчэ мацнейшы боль. Яму стала шкада гэтую вечную дзяўчынку. Ён не ведаў, што ёй сказаць, таму прапанаваў яшчэ гарбаты. Размова так ці іначай абяцала быць доўгай і гэтай споведдзю не абмежавацца.

Ён запарыў гарбату і прынёс кубкі ў пакой. Анна выглядала так, быццам толькі што выйшла з цяжкай ліхаманкі, ёй было відавочна лягчэй. Аднак Грынкевіч разумеў: сказана і растлумачана далё­ка не ўсё. І ён задаў пытанне, якога госця ўжо не чакала пасля такой споведзі:

— Чаму ты ўсё ж сказала, што я ў цябе не першы? Прычым ты сказала гэта так, што я паверыў тады. І ўцёк.

Анна здрыганулася, як ад удару токам, але прамаўчала, толькі зрабіла нейкі няўцямны жэст, быццам ад чагосьці адмахвалася. Аляксей не хацеў адступацца і дапытваўся далей:

— Тады я мог паверыць, бо не меў вялікага досведу. Пасля цябе ў мяне былі дзве. Я казаў ужо. Але я ў іх быў не першы і не апошні. А вось яшчэ пазней у мяне была Маша, дый не толькі Маша. У Машы я дакладна быў першым. Прычым яна ад самага пачатку не была такой скаванай, як ты. Ну добра, яна, будзем лічыць, унікальна адораная. Але я ўсё ж магу адрозніць крыху дасведчаную ад зусім недасведчанай. Нават з улікам тых ровараў, якія мы з табой вынаходзілі. Дык навошта ты мне гэта сказала? Хацела мяне эпатаваць? Удалося.

— Давай не будзем пра гэта. І так ужо шмат сёння прагаварылі.

— Нюта. Мы б маглі быць разам, калі б не тая твая дурасць. Дык я быў першым?

«Стой, нягоднік, стой!»крычыць донна Эльвіра лёкаю, але марна: ён сапраўды ўцёк.

— Не.

Гэтае лаканічнае прызнанне агаломшыла Грынкевіча, можа быць, яшчэ болей, чым тады, у юнацтве. Ён ужо замірыўся з тым, што Анна тады зрабіла памылку, бо імкнулася яго выпрабаваць. Але навошта яна зноў такое кажа? Ці, можа, яна ўсё ж не хлусіць, дый тады не хлусіла?..

— Расказвай, — сказаў ён пасля вельмі-вельмі працяглага маўчання.

— Табе не абавязкова ўсё-ўсё пра мяне ведаць.

У адказ на гэта ён брудна вылаяўся. Потым усё ж узяў сябе ў рукі.

— Мне гэта важна! Хачу зразумець цябе да канца, а ты зноў закрываешся! Хачу нарэшце адпусціць цябе. Ціха адпусціць і пачаць жыццё спачатку. Ты ж выходзіш замуж за Гюнтара, у мяне выбару няма. Не пакідай мне на развітанне ніякай недасказанасці, так будзе прасцей.

— Лёша, гэта для мяне вельмі непрыемны ўспамін.

Анна ўся сціснулася, зрабілася слабенькай і мізэрнай. Да гэтага яна была стомленай, можа быць, раздражнёнай, перапужанай, але не мізэрнай. Цяпер у яе вачах было прыніжэнне і віна за нешта прыкрае.

— Цябе згвалтавалі? — выказаў здагадку Грынкевіч.

— Не зусім так. Гэта было яшчэ ў Краснаярску. Я туды трапіла ў дзесяць гадоў. Там жыла бабуля. Яна забрала мяне, каб спрасціць бацьку і мачасе жыццё, калі мая маці памерла. Ты ж яе памятаеш.

— Так. Яна цябе любіла, і абсалютна шчыра.

— Гэта праўда. Хоць нехта пачаў мной займацца, выхоўваць мяне. Я ж у побытавым сэнсе была тады чатырохгадовым дзіцём. А бабуля — прыстойная немка. Як гатаваць абед з трох страў, прасаваць школьную форму і мыць вокны — гэта я хутка даведалася. За ўсім жа астатнім бабуля не ўсачыла. Яна ж мяне лічыла зусім дзіцём. А тым часам быў у нас у школе адзін. Як гэта яго мякчэй назваць. Гісторык.

Грынкевіч слухаў расповед, які раптам пайшоў у Анны амаль нязмушана, і яму зноў хацелася думаць, што яна проста сачыняе, эпатуе яго. Гісторыя, зрэшты, была не такой ужо неверагоднай: дзяўчынка, якую ніхто ў гэтым свеце не любіў, прывязалася да дарослага чалавека. Яна пагаджалася на ўсё, абы толькі размаўляць з ім, расказваць пра сваё жыццё. Яна думала, што цяпер яе звяжуць з дарослым нейкія трывалыя ніткі, што ён нікуды ад яе не падзенецца. Ён у сваю чаргу прасіў не казаць бабулі, бо яна можа няправільна зразумець. Анна і не думала камусьці казаць, бо парушаная таямніца аўтаматычна адбірала б у яе гэтага чалавека, да якога яна адчувала невядома што. На фізічным узроўні яна была ў найлепшым выпадку абыякавай, а ў найгоршым — пераадольвала гідоту. Але яна не казала яму: «Мне не падабаецца», — бо сувязь магла скончыцца.

Бабуля западозрыла нешта праз некалькі месяцаў. Потым быў прыніжальны візіт да лекара і допыт: хто? Анна маўчала. Праўда, сустрэчы з настаўнікам давялося спыніць. Пазней ён паспрабаваў завабіць да сябе іншую дзяўчынку прыкладна такога ж веку, але тая не пайшла. Знайшлася новая ахвяра, якую гісторык ужо банальна згвалтаваў у летніку. Тут на яго завялі крымінальную справу. Але ён быў не проста настаўнік, а зяць начальніцы РАНА. Сам ён меў жонку і гадаваў з ёй дзвюх дзяўчатак-блізнятак гадоў дзесяці. Цешча зрабіла ўсё, каб справу спынілі, задзейнічала ўсе магчымыя сувязі і знаёмствы. Пра дзяўчынку ў летніку сказалі, што яе злавіў п'яны мясцовы падлетак, які потым знік. Самадуравінаватая, няма чаго хадзіць увечары за тэрыторыю летніка, сказалі ў міліцыі і нібыта працягвалі шукаць злачынцу, але неяк млява. Настаўнік пры гэтым ціха выпаў з кола падазраваных і нават сведкаў, але чуткі паўзлі. Тады бабуля і запыталася ў Анны: ён?

Бабуля любіла ўнучку такой, якая яна ёсць, а таму не стала яе ні ў чым вінаваціць. Амалія Рупель была ўпэўненая, што адзінаццацігадовая дзяўчынка не можа быць самадуравінаватай. І калі дарослы мужчына неяк скарыстаўся сітуацыяй, яго за гэта трэба судзіць. З такім перакананнем бабуля і пайшла ў міліцыю. Гісторыка зноў дапыталі па гэтай справе, праўда, толькі як сведку.

— Чым гэта скончылася? — спытаў Грынкевіч, калі Анна змоўкла, на паўслове абрываючы расповед.

— Нічым. Бабуля загадала майму бацьку прыехаць, распавяла пра ўсё, сказала, што гэтага мярзотніка трэба пасадзіць. А тата сказаў, што не трэба нам увязвацца ў гэту гісторыю, ніхто нічога не ведае — дый добра. Пашанцавала яшчэ, што я засталася жывая, здаровая і нецяжарная. Тут якраз падвярнуўся варыянт з абменам, і мы з бабуляй з'ехалі ў Піцер, дзе пра мяне і настаўніка ніхто не мог даведацца.

— І ён так і застаўся на свабодзе?

— Курсе на пятым ездзіла туды са спектаклем. Гартала ў гатэлі мясцовую прэсу, дык убачыла інтэрв'ю з ім. Ён цяпер дырэктар нейкага дзіцячага дабрачыннага фонду.

Дзэрліна і Мазэта таксама ў роспачы: нягодны лёкай нягоднага гаспадара ўцёк, як яны такое дапусцілі?!

Анна дапіла гарбату. Крыху пазней яна прызналася, што ўсе гэтыя гады нікому не выплюхвала ўспаміны пра Краснаярск. Цяпер ёй, натураль­на, стала лягчэй.

— Калі я вярнулася ў Піцер, мне адразу арганізавалі нямецкую спецшколу па вялікім знаёмстве, дзіцячую студыю і дзіцячы хор, — працягвала яна. — Усё, абы я забылася пра Краснаярск. А потым з'явіўся ты. З табой усё само сабой склалася. Кожнае маё жаданне тады здзяйснялася. Ты нават тэлефанаваў мне тады, калі я гэтага вельмі хацела. А потым як быццам сувязь пачала слабець. Я перастала прадчуваць у дэталях добрае, затое выдатна бачыла кепскае. Я не верыла ў магчымасць аднаўлення такой сувязі, якой яна была спачатку. Вось таму і вырашыла цябе кінуць, як толькі падвярнуўся той «залаты хлопчык». Гэтак я падманвала свой лёс.

— Дзевяць гадоў таму я паклікаў цябе ў N. Ты таксама падманвала лёс? Ты не паехала тады, але ж цяпер ты тут. Лёс існуе, Нюта. І сувязь існуе, нікуды яна не падзелася. Я сніў цябе меней чым за месяц да твайго прыезду. І гэтая размова магла адбыцца значна раней, ты проста адклала яе амаль на дзевяць гадоў.

— Па-першае, я тады ўспрыняла тваю прапанову як п'янае трызненне, — пачала апраўдвацца Анна. — І калі ты нядаўна прыгадаў мне гэта, я вельмі ўразілася. Я не магла падумаць, што гэта было запрашэнне, што ты ўвогуле бачыў ува мне жанчыну на той момант. Па-другое, я ўжо хацела стаць рэжысёрам, прычым сапраўдным, не з оперна-рэжысёрскага факультэта. Там жа адны вакалюгі-няўдачнікі. А тут: «Паедзем са мной у N». У тыя пару гадоў я на цябе вельмі шчыра і па-жаночы злавалася, ну, пра гэта мы ўжо размаўлялі, чаму я мяняла каханкаў як пальчаткі. У той дзень, калі ты сышоў, дакладней, калі ты мяне сам кінуў. калі я сказала, што ты не першы. Я сядзела пад дзвярыма гадзіны тры і ціхаціха скуголіла. Потым згадала, што маці таксама садзілася вось гэтак жа на падлогу і чакала, што бацька патэлефануе.

— Дык што рабіць будзем, Нюта?

Анна нічога не адказала. Тады ён проста абняў яе адной рукой за плечы — хацеў, каб пасля гэтай нялёгкай споведзі яна адчула спагаду і цеплыню. Але яна, наадварот, яшчэ болей закрылася.

— Здаецца, ты хацеў, каб я ўсё распавяла табе. І ты хацеў мяне ціха адпусціць, ці не так? Вось і адпусці.

Госця ўхапілася за ратавальнае кола іроніі і дзякуючы яму зноў авалодала сабою. Цяпер па ейным выглядзе нельга было сказаць, што яна некалькі гадзін запар выварочвала ўласную душу. Анна паглядзела на гадзіннік. Было ўжо позна, адзінаццатая вечара. Яна раптам па-дзелавому прыгадала, што заўтра апоўдні вялікая рэпетыцыя, прычым ужо з элементамі дэкарацый. Стала збірацца, хоць Аляксею было відавочна, што размова яшчэ не скончаная. Адкладвала на потым? Яшчэ гадоў на дзевяць-дзесяць?

Грынкевіч тым часам згадваў адзін нядаўна ўбачаны фільм — ці то на ютубе, ці то на нейкім іншым сайце. Гэта быў фільм пра азіяцкую дзяўчыну, піяністку з чатырма пальцамі, па два на кожнай руцэ, якая пры гэтым грала складаныя творы. Як яна грала — іншае пытанне, але там жыла музыка. Яна хацела граць музыку сваімі недаразвітымі рукамі, і яна рабіла гэта. Анна мела скалечаную душу. Ці можа яна адчуваць гэтай душой так, як адчуваюць іншыя, здаровыя людзі? Ці захоча яна гэтаму, прынамсі, вучыцца? І ці добры з яго, Грынкевіча, настаўнік? Уласных душэўных выродстваў хапае.

«Сябры мае,кажа дон Атавіа.Цяпер у нас няма ніякіх сумневаў у тым, што дон Джавані і ёсць забойца бацькі донны Анны».

— Нагадай, які ў цябе нумар дома? — запыталася Анна, выклікаючы таксоўку праз мабільнік.

— Саракавы, — адказаў Грынкевіч, у якога ў адну хвілю здарыўся сапраўдны інсайт: ён ужо ведаў, што мае зрабіць.

Таксоўку абяцалі падаць праз пяць хвілінаў. Ён выйшаў разам з госцяй на вуліцу, дзе замест дробнага дажджу цяпер падаў мокры снег — буйны, як кавалкі ваты. Паветра было вільготным, а таму студзіла горш за мароз. Анна стаяла, паціраючы далоні ў пальчатках. Таксоўка не ішла.

— Ды дзе ж яна?! — з лёгкім раздражненнем прамовіла Анна.

— Відаць, хоча, каб мы скончылі размову. Вырашыла нам не замінаць, таму не едзе.

— Не кажы глупстваў, скончылі мы размову. Ты мяне адпусціў? Адпусціў. Чаго табе яшчэ ад мяне трэба?!

— Што цябе так раздражняе? Не хочаш сапраўды разабрацца? Думаеш, пераліла ваду з пустога ў парожняе — і на гэтым можаш спаць спакойна? Ты хоць сама заўважыла, колькі супярэчлівых рэчаў мне сказала? Тым не менш ты сыходзіш абсалютна ўпэўненая: я вось такая пакутніца, а ён сам ва ўсім вінаваты, бо не адчуў і не зразумеў. Сувязь, маўляў, парушаная. Якая вы­годная пазіцыя!

— Не крычы на мяне! Мне і так вельмі паскудна пасля нашай размовы. Столькі бруду з мяне выйшла. А ты ўсё не сунімаешся. І ўвогуле я не разу­мею, што ты зноў вярзеш.

— Усё ты разумееш! Але пры гэтым перакладваеш усю віну на мяне. Табе ўвогуле зручна быць ахвярай. Прыстасавалася і нічога змяняць не хочаш! Ну прабач, не развіваў з дзяцінства экстрасэнсорныя здольнасці, не ведаў ад пачатку ўсю тваю гісторыю. Не ўмею я гуляць у гульню «зразумей мяне». Я кемлівы, да мяне звычайна хутка даходзіць, калі мне нешта кажуць. А яшчэ я магу быць тактоўным. Ты сама магла мне пра гэта распавесці?

— Пра што?! — выбухнула Анна і следам за Грынкевічам перайшла на крык. — Пра тое, як я з нямытых талерак рэшткі ежы падбірала, калі ў маці была дэпрэсія? Ці пра тое, што я рабіла з тым мярзотнікам у Краснаярску? Ты проста не бачыў свайго твару, калі я табе гэта расказвала. Ты выглядаў так, быццам цябе ўніз галавой павесілі над выграбной ямай, прабач за такое параўнанне. Але ж слухаў. А тады ты не зразумеў, ты спужаўся і ўцёк.

— Я б усё прыняў, калі б ты мне ўсё шчыра расказала, але ты мне ніколі нічога не тлумачыла. Звонку ўсё добра, усё падабаецца, ніякіх прэтэнзій і патрабаванняў.

— Ад тых, хто шмат патрабуе, стараюцца пазбавіцца! Я гэта добра засвоіла, занадта добра. Так паўсюль, не толькі паміж мужчынам і жанчынай. Ты калісьці казаў: у адносінах павінна быць палётнасць. А я гэта разумела як нежаданне прымаць на сябе чужыя праблемы.

— Ты мне не чужая была. І ёсць. Былі нашыя стасункі — і былі твае фантазіі і страхі.

Дон Атавіа прапануе мсціўцам адпачыць у гэтым доме некалькі гадзін.

— Гэта ўжо мае праблемы, а не твае. Дзе, маць яе за нагу, таксоўка?!

— Гэта і мае цяжкасці! Прынамсі, былі маімі цэлых пятнаццаць гадоў. Толькі я не ведаў, у чым яны і што з імі рабіць. Дарэчы, а Гюнтару ты расказала? Што ён увогуле ведае пра тваё мінулае?

— Лёша, я не клінічная ідыётка, каб расказваць яму пра такое! І ўвогуле, давай не будзем пра Гюнтара. Ён тут не пры чым! Ніводная жанчына, калі ў яе ёсць крыху мазгоў, ніколі не стане расказваць мужчыне пра сваё мінулае. Гэта закон! Прынамсі, калі жанчына хоча мець з гэтым муж­чынам трывалыя стасункі. Табе я гэта расказала, таму што ў мяне з табой ніколі не будзе трывалых стасункаў. Бо я не клінічная ідыётка. Я казала супярэчлівыя рэчы? Добра. Але я хоць бы не хлусіла. А вось ты хлусіш на кожным кроку. Я не пра сённяшні дзень, а ўвогуле. І я не збіраюся звязвацца з бабнікам, хлусам і да таго ж алкаголікам!

Такой раз'юшанай Грынкевіч яе не бачыў яшчэ ніколі. Анна хадзіла па пляцоўцы ля пад'езда, адчайна і хаатычна жэстыкулюючы і выгукваючы ўсе гэтыя абразы са страшнай моцай. Яму захацелася сысці і пакінуць яе адну пад гэтым пас­кудным мокрым снегам. Хай паўзе да свайго Гюнтара! Зрэшты, ці не тое самае ён казаў сабе пару тыдняў таму? І да чаго гэта прывяло?

— Гюнтар не алкаголік, — адказаў Грынкевіч, спрабуючы стрымлівацца, але яго таксама несла на імклівае крэшчэнда. — А яшчэ ён мае сувязі, грошы і з ім ты можаш атрымаць пашпарт грамадзянкі Еўрасаюза. Але што ён будзе рабіць, калі ў цябе здарыцца чарговы заскок? Ты мне стварала ілюзію палётнасці ў адносінах, а цяпер яму робіш такое самае. Аднак у пэўны момант ты можаш сарвацца. Што цябе з ім звязвае, апроч разліку? Вось у што я не хачу верыць, дык гэта ў тое, што ты стала халоднай меркантыльнай сукай, якая дзеля ўласных кар'ерных мэтаў пойдзе на ўсё!

— Так, даражэнькі, я стала такой вось сукай! І не твая сабачая справа, як я буду ўладкоўваць сваё жыццё!

У гэты момант адчынілася акно на другім паверсе і нехта з суседзяў крыкнуў:

— Маладыя людзі! Я зараз на вас міліцыю выклічу! Што за крыкі?!

Грынкевіч стаў выбачацца і казаць, што ўсё ў парадку. Сусед зачыніў акно. Анна між тым працягвала мітусіцца, як пантэра ў клетцы.

— Дзе таксоўка?! Можа, яны што наблыталі? — пыталася яна. — Які ў іх нумар, я забылася. Я тут у N не паспела вывучыць нумары таксовак. Лёша, які нумар у гэтай службы таксі? Ты мяне чуеш?!

— Не крычы, а то і праўда міліцыю выклічуць. А я не гатовы заночыць у пастарунку.

Тут у Анны зазваніў мабільнік.

— Так, выклікала. Пятнаццаць хвілінаў стаю ля пад'езда. Пачакайце. Дом нумар сорак, пад'езд другі. Усё слушна. Я пераблытала нумар дома?! Лёша, які ў цябе нумар дома. Ты што робіш?!

Ён вырваў у яе з рук тэлефон і скінуў размову з дыспетчарам. Анна паспрабавала адабраць у яго мабільнік, але Грынкевіч шпурнуў яго некуды ў кусты.

— Дваццаць шосты ў мяне дом, — сказаў ён, зграбаючы Анну ў абдымкі. — А ты нарэшце па­дала голас, гэта ўжо нешта. Прынамсі, я ведаю, што злосць і гнеў ты выяўляць умееш. Questa furia disperata!

— Адпусці мяне і знайдзі мне мой тэлефон! Іначай я сапраўды буду крычаць і з вялікай асалодай здам цябе мянтам.

Дон Атавіа абвяшчае, што неадкладна паведаміць пра злачынствы дона Джавані ўладам. Свавольнік павінен быць пакараны правасуддзем.

Ён адпусціў яе, але сам застаўся на месцы. Яна была жанчынай, але ж пры гэтым яна была рэжысёрам.

— Мабільнік! — жорстка прамовіла Анна. — А калі ты яго ў дадатак разбіў.

— Мы яшчэ не скончылі размовы.

— Мабільнік!

Грынкевіч зразумеў, што перайшоў мяжу. Або ён усё яшчэ недастаткова ведаў Анну, або за гэтыя гады яна змянілася больш істотна, чым ён думаў. Ён моўчкі дастаў уласны тэлефон, набраў Аннін нумар, каб хутчэй знайсці мабілку па гуку.

Тое, што ён пачуў, калі загучаў рынгтон, прымусіла Грынкевіча страпянуцца. Гэта быў другі эпізод з восьмай, фінальнай п'есы «Крайслерыяны» — жарсная, парывіста-безнадзейная тэма. Гэтую п'есу ён граў калісьці на заліку па фартэпіяна — якраз тады, калі Анна прамяняла яго на «залатога хлопчыка». Мала хто ведаў, з чаго ў васямнаццацігадовага хлопца атрымалася такая пранікнёная інтэрпрэтацыя музыкі Шумана. А ён проста спавядаўся інструменту, выплюхваў свой боль.

— Прынамсі, буду ведаць, што за музыку ты паставіла на званкі ад мяне, — сказаў амаль шэптам, падаючы Анне яе тэлефон. — І, прынамсі, буду ведаць, што ты лепшая, чым пра сябе толькі што нагаварыла. І заўсёды была лепшай. І будзеш.

— Змоўкні ты нарэшце. Мне блага, вельмівельмі блага. Хіба не бачыш?

— Ты гэтую музыку слухала, калі хацела, каб я вярнуўся, так? І я тады вярнуўся. Нездарма ж ты цяпер паставіла яе на мае званкі. Толькі на мае, праўда?

Анна раптам затуліла твар рукамі. Яна ціха прамаўляла, што часам ненавідзіць яго, што ёй не варта было ехаць у N, што за гэтыя паўтара месяца ў яе ў галаве ўтварыўся вэрхал і жыццё пачало плавіцца, як свечка, што яшчэ крыху — і яна з'едзе з глузду. Ён разумеў, якая барацьба ідзе ў ейнай скалечанай душы, але раптам сам пачуўся знясіленым і раздушаным успамінамі, музыкай і гэтым нечаканым адкрыццём. Ён не ведаў, што яшчэ можна і варта зрабіць. А яна сыходзіла. Яна вельмі рэзка зрушыла з месца і хуткім крокам пайшла ад яго пад'езда. Грынкевіч стаяў і глядзеў Анне ўслед. Дык ці варта было правакаваць яе на гэтую пачварную сцэну, толькі каб яна цяпер сышла?

Ён стаяў на месцы, а ў вушах усё яшчэ гучала гэтая тэма з фіналу «Крайслерыяны». Ананкэ, няўжо ты такая няўмольная?! Няўжо нічога нельга зрабіць?!

— Нюта! — выгукнуў ён, калі Анна ўжо выходзіла з двара яго дома. — Я цябе кахаю!!!

№ 21: Арыя «II mio tesoro».

— Я цябе кахаю! Кахаю цябе! — яшчэ раз выгукнуў ён і сарваўся з месца, каб дагнаць, спыніць яе, як быццам нехта моцна штурхнуў яго ў спіну.

Яна не абярнулася, пачуўшы яго вокліч, але пайшла павольней. Грынкевіч дагнаў яе ўжо на вуліцы, ля светлафора. Толькі калі ён стаў перад ёй, Анна спынілася. «Чаму ты не сказаў гэтага раней, а цяпер крычыш на ўсю вуліцу, як пацярпелы?» — чыталася ў ейных вачох. Але позірк ужо не быў ні жорсткім, ні злосным.

— Я цябе кахаю, — паўтарыў Грынкевіч ужо зусім ціха і амаль безнадзейна. — І даруй мне, што я не сказаў гэтага шмат гадоў таму. Гэта было так проста і лёгка, а я лічыў усё простае — баналь­ным. Гэта мая віна, я ведаю. Як ты магла перада мной раскрыцца, калі я не сказаў табе гэтага? Як ты магла мне давяраць?

Дон Атавіа просіць сваіх раптоўных гасцей пабыць з яго нявестай доннай Аннай і супакоіць яе.

Анна маўчала. Снег падаў на ейныя вейкі і кропелькамі збягаў па шчаках. Але не, яна не плака­ла. Яна нават прасвечвала лёгкай усмешкай гэты расталы снег на сваіх шчаках.

— Даруй мне маё маладушша. Даруй мне, што замест каб вылекаваць, яшчэ больш параніў цябе. Даруй мне, што сышоў, калі ты стаяла на парозе і вачыма прасіла застацца. Даруй мне, што безліч разоў прынізіў і абразіў у табе жанчыну. Што не тыя словы падабраў, калі ўсё ж захацеў нешта зрабіць дзеля цябе. Што занадта часта быў рэзкім, грубым, здзеклівым. Даруй мне, дзяўчынка мая. Каханая.

Ён асцярожна выцер пальцамі яе змакрэлыя ад снегу шчокі і прытуліўся лбом да яе халаднаватага лба. Анна па-ранейшаму слухала яго моўчкі.

— Тваё вяртанне і «Дон Джавані» — гэта разам было цудам. Я ўжо два месяцы жыву разоў у дзесяць хутчэй, чым раней, баюся не паспець. Я і бацьку не паспеў шмат чаго сказаць, а вось бачыш, як яно атрымалася. І ведаеш, я хачу, каб прэм'ера была як найхутчэй, бо я даўно пра гэта марыў. Але я і баюся яе. Бо прэм'ера «Дона Джавані» цягне за сабой твой ад'езд. Таму я жыву з адчуваннем насоўвання катастрофы. У дзень смерці Моцарта я ажыццяўлю мару свайго жыцця. А ты пабярэшся з Гюнтарам акурат тады, калі па майму бацьку будзе трыццаць дзён. Мне страш­на ад гэтых супадзенняў. Я цудоўна разумею, што не магу затрымаць цябе, бо мойры ўжо адмералі гэтую нітку, засталося толькі адрэзаць. Але дзякуй табе за тое, што ты разам са мной ажыццяўляеш маю мару. І за тое, што я нарэшце стаў, можа, хоць крышачку лепшым. Што зразумеў, як радасна прызнавацца ў каханні і прасіць даравання.

Анна дазволіла сябе абняць і пакорліва паклала галаву на мужчынскае плячо. Грынкевіч не ведаў, што будзе далей, праз пяць хвілінаў, праз гадзіну, праз дзень і праз год. Але цяпер ён адчуваў палёгку і неверагодную свабоду. І расталы снег, які падаў і на ягоны твар таксама, раптам змяшаўся са слязьмі. Яны пабеглі па яго шчаках, але не такія пякучыя, як гэта было ў той вечар. Гэта былі слёзы вызвалення, так можа плакаць чала­век, які пасля доўгіх месяцаў без руху зноў пачаў хадзіць. Яго душа, таксама скалечаная і выродлівая ў многіх сваіх праявах, наноў спазнавала радасць простых пачуццяў.

«Суцешце яе, каб яна асушыла ад слёз свае прыўкрасныя вочы»,просіць дон Атавіа.

— Госпадзе. — нарэшце прамовіла Анна, не гледзячы яму ў твар. — Як жа я цябе заўсёды баялася, Лёша. Можа, таму я ўцякала ад цябе. Ведаеш, які сон я бачу ўсе гады знаёмства з табой? Варыяцыі розныя, але агульны сюжэт такі. Я сплю, раптам прачынаюся ад таго, што ты прабіраешся ў цемры да майго ложка. Моўчкі бярэш мяне на рукі і нясеш невядома куды. Я пытаюся: куды? Ты маўчыш. Я кажу: я не хачу, вярні мяне назад. Ты нічога не адказваеш. Ты толькі паскараеш рух і ўжо бяжыш, трымаючы мяне на руках. Наперадзе нейкае поле, яно асветленае нерэальна яркім месяцовым святлом. Я ў жаху прыціскаюся да цябе, абдымаю цябе за шыю. Ты нясеш мяне далей. Раптам я бачу, як у нас за спінай адзін за адным адбываюцца выбухі. Я не чую гукаў выбухаў, толькі бачу мноства вогненных шароў, што ўздымаюцца ў неба. Потым бачу, што наперадзе роў. Шырокі і глыбокі роў з вадой. А выбухі ў нас за спінай усё бліжэйшыя. І тут становіцца зразумела, што мы ў пастцы. Мне робіцца яшчэ страшней, але ты раптам нечакана лёгка пераскокваеш гэты роў са мной на руках. І толькі пасля гэтага адпускаеш мяне. Я бачыла гэты сон некалькі дзён таму, якраз калі ты з'ехаў у Мінск, таму так дакладна ўсё апісваю.

— На гэтым сон і скончыўся?

— Не. Ты адпусціў мяне, а сам некуды пайшоў. Я сядзела, знясіленая, на зямлі і крычала: не пакідай мяне, як жа я без цябе. А ты ішоў далей і раптам знік. Я прачнулася ў такім стане, што цэлы дзень не магла апамятацца. Мне падавалася, быццам нешта можа здарыцца. А сёння мне сказалі пра твайго бацьку. І я ішла да цябе проста каб упэўніцца, што з табой усё добра.

Яна раптам яшчэ цясней да яго прытулілася, як быццам не хацела адпускаць.

— Хочаш праўду? — працягвала Анна. — Я парвала з Гюнтарам. Зусім. Літаральна пару дзён таму, як сон пабачыла. Калі ён прыехаў сюды, на наступны дзень пасля таго нашага спаткання, я адчула, што ўсё развальваецца. Я не змагла з ім спаць. А потым выказала ўсё, што думаю наконт яго мужчынскіх здольнасцяў. Натуральна, ён абурыўся і заявіў, што, напэўна, гэта я з табой тут у N забаўляюся. Я сказала, што нічога не было і.

— Нюта.

І ён пацалаваў яе, і вусны ейныя гарчылі ад гэтага мокрага снегу. Але ён не адчуваў пры гэ­тым унутранага адчаю і безнадзейнасці, з якой спрабаваў утрымаць Анну зусім нядаўна. Цяпер гэта было як тады, у далёкія часы юнацтва, калі яны развітваліся вечарамі ў пад'ездзе яе дома і калі яна сама не хацела ад яго сыходзіць.

— Я тады ў рэстарацыі не сказала табе, што ты добра цалуешся. — прамовіла яна з усмешкай, сапраўднай шчаслівай усмешкай.

— О. Дык ты ж сама мяне гэтаму калісьці навучыла. Зрэшты, я шмат якія рэчы няблага раблю. Праўда, тут вуліца, грамадскае месца. Мянты, зноў жа. Дый увогуле — вельмі халодна, вельмі шмат вопраткі. Застаецца толькі цалавацца.

— Дурненькі. — рассмяялася Анна і злёгку пхнула яго кулачком у плячо.

Тады ён, таксама смеючыся, падхапіў яе на рукі і панёс назад, да свайго дома. Яна спужалася, папрасіла не рабіць глупстваў, адпусціць яе, але ён выканаў гэтую просьбу толькі ля пад'езда. Нават пажартаваў пра ейныя сорак восем кілаграмаў вагі ў паліто і боціках.

— Ты не бойся мяне, — ужо без смеху сказаў Грынкевіч, убачыўшы ў Анніных вачох водбліскі невытлумачальнага страху. — Хіба я пакрыўдзіў цябе ў тым сне?

— Не, — пахістала яна галавой. — Проста давярацца — яно ведаеш як складана.

«Скажыце маёй каханай, што я гатовы памерці дзеля яе. Але я ўсё ж вярнуся!»прамаўляе Атавіа.

Яны ўваходзілі ў тую ноч, як у халаднаватую марскую ваду — няспешна, прыслухоўваючыся адно да аднаго, наноў адно аднаго вывучаючы. Анна папрасіла выключыць электрычнасць, але рассунула шторы на вакне. Месяцовае святло мяшалася з агнямі ліхтароў і пранікала ў пакой. Анна стаяла ля вакна і павольна выцягвала з валасоў шпількі. Вось яна сабрала іх у жменю, і яны бразнулі, пакладзеныя некуды на стэлаж. Грынкевіч на ейную просьбу адышоў і чакаў яе ў ложку. У гэтай паўцемры ён глядзеў, як Анна без усялякага манернічання зняла вопратку і пакінула яе на падлозе, быццам прыйшла на ціхі марскі пляж, дзе яе ніхто не бачыць, і зараз проста будзе купацца. Скура адсвечвала срэбрам, як у вядзьмаркі, гатовай да начнога палёту; доўгія, як у русалкі, валасы струмяніліся па плячах. Яна змянілася, думалася Грынкевічу. Цела за гэтыя гады набыло прывабную плаўнасць ліній, а раней яна была амаль як падлетак. Але ён злавіў сябе на тым, што разглядае даўно каханую жанчыну як нешта чужое. Адзначае невялікія, правільнай формы грудзі, прыгожы пераход лініі таліі ў лінію клубоў, точаныя сцёгны і лыткі — нават у такім асвятленні ён даволі добра мог разгледзець яе, іншую, не такую, як раней. Адчувае, як гэтае цела хвалюе яго, зусім іначай, чым у тыя часы. І баіцца гэ­тага хвалявання. Яно падавалася яму здрадай.

Толькі калі яна лягла побач і прытулілася да яго ўсім целам, ён зноў адчуў у ёй тую, ранейшую Нюту. І неістотна, што яна цяпер была смялейшай і ярчэй адгукалася на кожнае яго дакрананне. Ён пазнаваў дотыкі яе рук і вуснаў на сваім целе, яе халаднаватую скуру, што пахла травеньскім дажджом, яе мядовы голас і словы, якія яна ў жарсным паўтрызненні шаптала яму. Яна з пяшчотнаю сілай чарадзейкі Альцыны сцірала з яго ўспаміны пра іншых жанчын і вызваляла сэрца ад даўняга болю. Яна зноў вяртала яму самога сябе.

«Ідзіце да маёй любай нявесты, сябры мае, пабудзьце з ёй...»

А потым яны ляжалі пад коўдрай і са смехам згадвалі свой шумлівы дыялог пад суседскімі вокнамі, перадражнівалі адно аднаго.

— Якія мы ўсё ж. артысты. — раптам ска­зала Анна, але ўжо з меншай весялосцю. — Робімся сапраўды натуральнымі і шчырымі, толькі калі распранемся. Слухай таямніцу. Хоць для цябе, напэўна, гэта і не таямніца. Я да сённяшняга дня верыла, што ў мяне агіда да мужчын. Я лічыла, што яны занадта многа хочуць. Усё думала, калі ж мне нарэшце і самой насамрэч гэтага захочацца. Але гэтага не адбывалася.

— А са мной тады?..

— З табой у мяне спачатку быў панічны страх перад усім на свеце, але найбольшы — перад тым, што я цябе страчу. Потым той дзень. Я не памятаю, што гэта было на ўзроўні цела, я была проста шчаслівая, бо ты быў побач. А потым. Потым была якраз агіда да іншых. Пасля твайго ад'езду я пачала жыць манашкай, гэта праўда. У мяне некалькі гадоў не было зусім нікога. Потым Гюнтар, патрэбы — ніжэйшыя за слабыя. Так я і стала жыць, пакуль мы зноў не сустрэліся. А цяпер у мяне адчуванне нейкага адкрыцця, хоць, здаецца, чаго я толькі не каштавала.

— Дурнічка. Хіба справа ў карцінах і позах?

Ён заснуў пад яе шэпт, сплятаючы сваё цела

з целам Анны ў марскі вузел абдымкаў. Потым сон плаўна перацёк у мілаванне, як жвірок у пясочным гадзінніку. І так яны да самай раніцы то прачыналіся, то засыналі на непрацяглы час. І калі ён выйшаў у кухню пакурыць, Анна таксама прачнулася і выбралася з ложка следам за ім. Ён стаяў ля прыадчыненай форткі, а яна цёрлася тварам аб яго плячо.

— Тады было іначай, — лагодна прашаптаў ён. — Ты была стрыжаная.

Анна засмяялася, выхапіла з яго пальцаў толькі напалову скураную цыгарэту, выкінула яе ў вакно. Ён спачатку абурыўся, потым зразумеў, што гэта новая гульня-дражнілка, і пагнаўся за Аннай у пакой. Злавіў яе ў ложку, яна жартам абаранялася ад пераследніка, паміж імі завязалася падушачная баталія, у якой Анна дазволіла сябе перамагчы.

— Калі сур'ёзна, то кідай курыць, — сказала яна, заміраючы ў ягоных абдымках.

«Няхай яна асушыць ад слёз свае прыўкрасныя вочы...»

Раніцай яны пілі каву на кухні, збіраючыся на рэпетыцыю. Анна, быццам гарэзлівае дзіця, сядзела на крэсле з нагамі. На ёй была кашуля гаспадара кватэры, гэты звыклы ранішні ўбор госці, якая не думала заставацца на ноч, але так ужо выйшла. Грынкевіч згадваў яе дваццацігадовую, калі яна сама набывала сабе мужчынскія кашулі. Дзіўна, але ёй пасавала хлапечая вопратка. Нездарма ж яе прапаноўвалі на акторскае амплуа травесці. Праўда, цяпер у яе круглейшыя клубы, дый жанчына ў мужчынскай кашулі на некалькі памераў болей чым трэба — гэта зусім іншая гісторыя і зусім не хлапечы шарм.

Цяпер ягоная вопратка заўсёды будзе крыху пахнуць ейнай гаркаватай парфумай, і гэта цудоўна.

— Што ты будзеш рабіць пасля прэм'еры? — запытаўся Грынкевіч, накладваючы ёй у талерку амлет. — Я так разумею, што ў Нямеччыну ты ўжо не едзеш.

— Пакуль не прыдумала. Хачу адпачыць. У мяне ж паралельна мюзікл у Маскве, якраз пад новы год выпускаць. Вось трэба здаць усю тую працу. Напісаць сцэнар чарговага відэакліпа, мяне прасіў аднакурснік. Потым найду чым заняцца. Гэта калі я адбору не прайду.

— Які адбор?

— Мне ўчора даслалі запрашэнне паўдзельнічаць у адборы на адзін фестываль у Аўстрыі. Там набіраюць рэжысёрскую групу на вялікі оперны праект. Ясна, што сама я там нічога не пастаўлю, але папрацаваць з сусветнымі зоркамі, завесці знаёмствы. Туды трэба ехаць у сярэдзіне студзеня, недзе на месяц.

— А пасля?

— Усё залежыць ад таго, дзе я змагу працаваць.

— А не ў сэнсе працы?

— Усё залежыць ад таго, дзе мяне будуць чакаць.

Апошнюю фразу Анна прамовіла з хітраватай усмешкай. Грынкевіч пацалаваў яе, а потым сказаў:

— Геаграфічна цябе будуць чакаць у N, а пасля ў Маскве. А ўвогуле, што з той геаграфіі. Я буду чакаць цябе паўсюль і заўсёды.

— А я заўсёды буду вяртацца.

Упершыню за некалькі тыдняў у яго нарэш-

це знікла пачуццё трывогі, калі ён падумаў пра тое, што будзе адразу пасля прэм'еры. Пакуль Анна адзявалася і прычэсвалася, ён збіраў ноты і думаў, што цяпер так будуць пачынацца многія-многія дні. І што ў яго цяпер адчуванне, быццам ён жыве з гэтай жанчынай не першы год. Зрэшты, ён так шмат часу быў проста побач, што быць разам выглядала нечым лёгкім і натуральным.

Яны выйшлі з дому і скіраваліся ў тэатр. Анна са смехам казала, як цяпер ашалее сарафаннае радыё і колькі будзе размоў. Яна ішла і ў асобах паказвала самых зацятых тэатральных пляткарак. Грынкевіч паміраў ад смеху, наколькі дакладна Анна за кароткі час выхапіла іх характэрныя інтанацыі і нават любімыя слоўкі. Ужо непадалёк ад тэатра ён раптам спыніў яе і пацалаваў.

— Я цябе кахаю, Нюта.

— Дзіўны ты. Сёння ў сне ты называў мяне Аннай, хоць наяве я заўсёды Нюта. А яшчэ ты не хацеў выпускаць мяне з абдымкаў.

«Скажыце маёй каханай, што я гатовы памерці дзеля яе. Але я ўсё адно хачу вярнуцца!»паўтарае Атавіа.

— Я і цяпер не хачу цябе адпускаць, жабкавандроўніца. І ў Аўстрыю не хачу адпускаць, але давядзецца. Проста мне вельмі хочацца нагнаць усё, што мы згубілі за гэтыя гады, ва ўсіх сэнсах згубілі.

— Мне часам страшна. Вось я была Аннай Рупель і як быццам жыла не сваім жыццём. Цяпер я для публікі Лана Іванова, але гэта таксама нібыта не я.

— Возьмеш маё прозвішча і пачнеш усё з чыстага аркуша.

— Зноў за мяне вырашаеш?

— Не, тут я нічога не магу вырашыць. Магу толькі прапанаваць. Але так, прынамсі, ты зноў можаш стаць Аннай.Яна раптам пасур'ёзнела і змоўкла. І да самага тэатра яны ішлі, не кажучы ніводнага слова. Ля брамкі, што вяла ў дворык ля службовага ўвахода, Грынкевіч убачыў немаладога мужчыну, які падаўся яму знаёмым. Мужчына стаяў, прыкрываючы шыю каўняром пухавіка. Быў ён апрануты як на больш малады і жвавы ўзрост, хоць сам ужо не выглядаў юным хлопчыкам. Вельмі сівы бландзін з паўночнымі рысамі твару, бародка, акуляры.

— Тата?.. — прамовіла Анна, таксама заўважыўшы гэтага мужчыну.

Толькі пасля гэтай кароткай рэплікі Грынкевіч нарэшце пазнаў Антона Рупеля.

Дон Атавіа сыходзіць.


Сцэна X (а)


Дзэрліна і Лепарэла. Дзэрліна з нажом у руках, яна трымае Лепарэла за валасы і так вядзе яго на сцэну.

Рэчытатыў «Restati qua!».

Ралан Барт не меў рацыі, калі абвесціў смерць аўтара. Маўляў, чытайце тэкст і не замарочвайцеся на тым, што ў ім тычыцца самога пісьменніка, а што ён сабе напрыдумляў. Аўтар — гэта адно, а ягоны тэкст — гэта іншае. Няма аўтара — няма праблемы. Аўтар можа пісаць хоць пра расчляненне трупаў, але насамрэч быць вельмі станоўчым, правільным, пазітыўным. Добрым сем'янінам, сумленным грамадзянінам, героем-каханкам, паспяховым бізнэсоўцам, духоўным гуру, цвярозым спартсменам, здаровым шопаголікам, адданым сынам ці дачкой, жарсным абаронцам хатніх жывёл, дэмакратычным змагаром за экалогію.

Дзэрліна выявілася пільнай. Пакуль дон Атавіа расказваў пра сваю бедную нявесту і прасіў яе суцешыць, спрытная сялянка ціхенька выйшла на вуліцу і там нечакана злавіла Лепарэла. Ён, напэўна, не паспеў уцячы. Будзем лічыць, што ён хацеў пералезці цераз высокі плот, каб скараціць сабе шлях, але за плотам яго чакалі злосныя сабакі. І пакуль ён злазіў з плота, Дзэрліна яго на­гнала. Злавіла і павяла за сабой, пагражаючы нажом. «Ты ад мяне не сыдзеш!»амаль урачыста ўскрыкнула яна. «О, будзь літасцівай!»папрасіў Лепарэла, адчуваючы, што гэтая дзеўка зараз павыдзірае яму патлы.

Загрузка...