— Ты да каго? — запытаўся Грынкевіч фармальным тонам: Маша цудоўна ведала, як ён ненавідзіць публічнае высвятленне адносінаў.

— Да цябе, мой коцік.

Паненка дэфілявала па тэатральным фае ў трыкатажнай сукенцы, якая плотна аблягала фігуру. Калісьці Грынкевіч любіў гэтую сукенку, бо яна вельмі выгадна падкрэслівала Машыну дупку а-ля Джэй-Ло і дазваляла ацаніць форму бюста вельмі моднага трэцяга памеру. Караткаватыя, але ладнай формы ножкі яна падкавала высокімі абцасамі. Валасы раскошнага ад прыроды цёмна-каштанавага колеру распусціла па плячах. Касметыкі было мінімум, як Грынкевічу заўсёды падабалася

— роўна столькі, каб надаць завершанасць вобразу тэмпераментнай паўднёвай сэкс-бомбы. Смуг­лявая скура, бровы дугой, агатавага колеру вочы з даўжэзнымі вейкамі, крыху кірпаты носік і роцік банцікам. Маша ведала пра ўсе свае вартасці і сёння вырашыла іх падкрэсліць, быццам выкідала назапашаныя за час партыі ў карты козыры.

— Хадзем пагутарым.

Дзэрліна збянтэжаная, яна не ведае, што ёй рабіць. Дон Джавані вырашае набрацца нахабства і вырашыць дзве праблемы адразу, каб абедзве жанчыны не былі да яго ў прэтэнзіі.

Грынкевіч распісаўся за ключ ад дырыгенцкай, узяў Машу пад локаць і павёў за сабой. Хвілінаў пятнаццаць яшчэ ёсць, пакуль на спеўку спаўзуцца ўсе салісты. Шаптацца так ці іначай будуць, бо цёця Тоня праз сетку сарафаннага радыё разнясе навіну па ўсім тэатры. І да Ірыны дойдзе інфармацыя пра Машу. Аднак калі ён усё ж пераканае Машу, што ўсё скончана, дык потым можна растлумачыць Ірыне, як яно было папраўдзе: маўляў, абрубіў апошні хвост. Толькі без публічных скандалаў! Ірына прыйшла сюды працаваць праз год пасля таго, як сышла Маша. Машу тут яшчэ добра памятаюць.

— Дык чым я абавязаны такім візітам? — запытаўся ён, абдаючы яе холадам іроніі.

— Як ты памятаеш, Грынкевіч, мы з табой павінны былі ехаць у верасні на адпачынак. У цябе планы памяняліся. Што ж, акей! Праца — гэта святое. Але ж і я хачу адпачыць, — загаварыла Маша, дэфілюючы па пакоі. — І зусім неістотна, дзе я буду адпачываць: на моры ці тут, у N.

Грынкевіч дэманстратыўна павярнуўся да яе

спінай і стаў гартаць партытуру «Дона Джавані».

— Пасля тлумнай Масквы тут так ціха і спакойна! — працягвала Маша ў сваёй мастацка-тэатральнай манеры. — Я адразу занурылася ў атмасферу свайго студэнцтва. Божа мой! Якія гэта былі шчаслівыя гады! Як шмат цудоўных людзей я тут убачу, даўніх, пакінутых сяброў!

— І тэатр стаіць у тваёй праграме візіту першым пунктам?

Ён ад гэтага пачынаў звярэць, але ў цвярозым стане ўнутраныя тармазы заміналі яму ўголас сказаць тое, што ён нядаўна сказаў Машы на доб­рым падпітку.

— Нешта я не памятаю, каб у тэатры ты мела шмат сяброў... — дадаў ён і сціснуў кулак: Грынкевічу падавалася, што ў яго зараз пачнуць расці рогі і хвост. — І ўвогуле я не памятаю, каб ты ўмела добра ладзіць з людзьмі.

Маша напраўду калісьці здабыла славу пляткаркі ды істэрычкі, прычым выявілася гэта не толькі ў адносінах з Грынкевічам. У галоўнага хармайстра дагэтуль пачынаўся нервовы цік, калі нехта прыгадваў «кубанскую казачку з другіх альтоў». Была б яна ў другіх сапранах, дык пагналі б адразу, а так — дэфіцыт нізкіх жаночых галасоў.

— Грынкевіч, ты павінен кампенсаваць мне маральную шкоду! — загаварыла Маша салодкім голасам і абняла яго ззаду за талію.

Ён шарахнуўся ўбок.

— Я табе, Маша, ужо ўсё сказаў! — выгукнуў ён, страчваючы кантроль над сваім раздражненнем. — Што табе яшчэ не зразумела?!

— Кінь дурное. Ты, калі вып'еш, пачынаеш дзівачыць. Колькі разоў у цябе мяняліся настроі. Было ж і горш... Але ж гэта не зашкодзіла нам з табой сустрэцца гэтым летам і.

— Маша. шмат чаго памянялася...

Была ў яго думка адразу сказаць пра Ірыну, але Грынкевіч не ведаў, як раўнівая і тэмпераментная Маша ўспрыме, што ў яе ўрэшце з'явілася не ўяўная, а рэальная канкурэнтка.

— А што памянялася? Тое, што ты застаешся ў гэтай багне яшчэ на год? Каханне на адлегласці — гэта вельмі рамантычна. Я буду ездзіць да цябе на выходныя, — сказала Маша, сеўшы на край стала і прыгожа паклаўшы нага на нагу.

Рукамі яна абапёрлася на стол, выгнула спіну і злёгку адкінула галаву. Нават позы яна заўсёды прымала карцінныя, як на фотасесіі.

Дон Джавані кажа донне Эльвіры: гэта толькі забава з Дзэрлінай, яна павінна яго зразумець. Але падманутую і пакінутую жанчыну ў рэшаце не зловіш, яна цудоўна ведае, як забаўляецца Джавані.

— Якое каханне, Маша?! Ніякага кахання няма і не было ніколі! — выгукнуў Грынкевіч так, што ледзь не сарваў голас. — Ты гэта можаш зразумець нарэшце?!

Але сёння Маша вырашыла быць куленепрабіўнай.

— Ды ведаю я гэтую фішку, Грынкевіч! «Я нікому ніколі ў жыцці не прызнаваўся ў каханні, бо гэта толькі словы... — загаварыла яна, пераймаючы Грынкевіча: — сваё стаўленне лепей выяўляць

на справе, а не толькі на словах, як некаторыя. »

На мабільнік Грынкевіча тым часам пайшлі званкі ад канцэртмайстра і салістаў: пэўна, сёння ўсе сабраліся своечасова. Ён адказаў канцэртмайстру кароткае: «Неўзабаве буду», пакуль Маша доўжыла свае тырады:

— Уласна, а што такое каханне? Ты ніколі мне не казаў, што кахаеш мяне, але мы столькі гадоў разам, няхай і з пярэрвамі. А некаторыя прызнаюцца ў каханні, але знікаюць з далягляду праз месяц-другі. Няхай нават ты мяне напраўду не кахаеш, але ж мяне вельмі задавальняе сэкс з табой.

— Раю табе пашукаць кагосьці яшчэ, проста дзеля параўнання.

— Я мела з чым параўноўваць. Ты лепшы.

— Слухай, Маша. Язджай на адпачынак да мамы. Там у вас і солнца, і мора. Амаль што Турцыя. Мужыка там сабе да пары знойдзеш, з паўднёвай крывёю. А я не смуглявы брунет, я цябе доўга трываць не магу. Хадзем я цябе правяду да выхада.

Маша паслухалася. Але ў калідоры непадалёк ад выхада, дзе якраз набралася процьма балетных, яна павісла ў Грынкевіча на шыі і пацалавала яго ў засмок. Балетныя раптам перасталі размінацца і трэніраваць падскокі перад сваёй рэпетыцыяй. І ўжо зусім катастрафічным было тое, што праз гэты калідор якраз ішла Ірына з папяровым кубачкам кавы ў руцэ. Яна зірнула на Грынкевіча з выглядам чалавека, якому толькі што адсяклі руку, але ў першы момант ад шоку ён не зразумеў, што адбылося.

Дзэрліна пытаецца ў Джавані: няўжо гэтая

жанчына кажа праўду пра забавы?

— Ты зусім шызанулася?! — крыкнуў ён на Машу, якая паспела запэцкаць памадай ягоны свет­лы швэдар. — Усё, пакуль! Далей сама пойдзеш.

Ён кінуў Машу і пабег за Ірынай, якая знікла за паваротам на ўваходзе ў іншае крыло будынка. Дзяўчына стаяла ля вакна ў суседнім пустым калідоры ўся збялелая. Яна толькі моцна ўчапілася рукамі ў падваконне, быццам баялася паваліцца.

— Мне вельмі шкада, што ты гэта ўбачыла, — загаварыў ён.

Яму самому стала ніякавата нават фізічна. Грынкевіч раптам адчуў тупаваты боль у грудзях — ягоны пажыццёвы спадарожнік, які ча­сам нагадваў пра сябе пасля такіх вось сцэн. Маленькія малаточкі дзяўблі па скронях, паветра рабілася мала. Ён інстынктыўна пачаў глыбока ўдыхаць і выдыхаць. Зараз мусіла адпусціць.

— А што, лепей было б, каб гэта адбывалася ў мяне за спінай? — прамовіла Ірына, прыкусваючы вусны.

— Лепей было б, каб яно ўвогуле ніяк не адбывалася, — прамовіў Грынкевіч, які цяпер таксама быў збялелы. — Гэта Маша, мы сустракаліся яшчэ калі я ў Піцеры вучыўся. Я ёй ніколі нічога не абяцаў, але яна ад мяне не адчэплівалася. Калі я з'ехаў сюды, яна паехала за мной следам і паступіла тут у консу, хоць яе ў Піцер бралі.

— Я памятаю яе, — адазвалася Ірына. — Толькі ў консе мы неяк не камунікавалі. Не ведала, што яна і ты.

— Я яе за сабой не клікаў! І нічога не абяцаў, бо яна ненармальная, — працягваў Грынкевіч. — Але яна тут шэсць гадоў чагосьці чакала. Працавала ў хоры, але спявачкай не стала. Мы парвалі з ёй два гады таму, і яна з'ехала ў Маскву, цяпер яна ўвогуле не ў музыцы. Не бачыліся, не кантактавалі. Потым я сустрэў цябе. Потым была здача «Эліксіра кахання». Потым ты сказала мне, што нічога быць не можа. І тут з'явілася яна. А я збіраўся тады ў Маскву.

— І шукаў запасныя аэрадромы.

— Нічога я не шукаў! Мы выпадкова сустрэліся, а мне трэба было забыць пра тое, што ў мяне было з табою. Мне трэба было неяк жыць далей. Ты ж тады выбрала Собалева.

Ірына нарэшце павярнулася да яго тварам.

— А цяпер ты яе гэтак лёгка адштурхнуў, бо я.

— Я яе адштурхнуў, бо гэта даўно трэба было зрабіць, дзеля цябе ці дзеля сябе! Ты проста ўсіх акалічнасцяў не ведаеш. Я табе потым раскажу. І пра тое, як яна ў маёй кватэры газавыя краны адкручвала. І пра тое, як яна труцілася, але так, каб яе знайшлі ды адкачалі. А я потым у міліцыю хадзіў на тлумачальную размову. Бо яна ж і цыдулку пакінула, быццам я ў ейнай смерці вінаваты. Я думаў, яна змянілася, супакоілася. Але ж не.

— Яна эфектная, натуральная вельмі, зямная, — прамаўляла Ірына. — Без усялякага глянцу — як вы, мужыкі, і любіце.

— Гэтая эфектная натуральнасць ездзіць мне па мазгах ужо дванаццаць гадоў. У яе гэта ідэя фікс. Іра... Ну павер, што гэта прыкрая недарэчнасць! І ніхто мне, апроч цябе, не патрэбны.

Дон Джавані хлусіць цяпер ужо Дзэрліне: маўляў, гэта няшчасная дама палка ў яго закаханая, і каб не разбіваць жаночае сэрца, ён прыкідваецца, быццам таксама кахае яе.

Ірына зірнула яму ў вочы калі не з даверам, то, прынамсі, з жаданнем прыняць яго словы за ісціну.

— Цяжка, Лёша, усё гэта ўспрыняць гэтак адразу. Ведаеш, мне жонка Собалева раз-пораз тэлефануе і пагражае абліць мяне кіслатой. Я неяк да гэтага прызвычаілася. Можа, таму што ўнутрана мне ўсё адно, бо я ж за Собалева не чапляюся. Я б нават хацела, каб ён мяне сам адпусціў. А да такога, як сёння, я не падрыхтаваная. Шкілеты ў шафе.

— Я табе абяцаю, што больш ніякіх шкілетаў не будзе, — прамовіў Грынкевіч і правёў даланёю па яе валасах.

Ірына не адсунулася і дазволіла нават пацалаваць сябе. Грынкевіч уздыхнуў з палёгкай: добра тое, што добра заканчваецца. Ён пацікавіўся ў Ірыны, ці зможа яна цяпер працаваць, і параіў не нагружацца на поўную моц, асабліва ў ансамблях. Размову пра Дзэрліну варта было перанесці на потым.

Пасля ён яшчэ зайшоў у прыбіральню і паспрабаваў змыць са швэдра выразныя сляды Машынай памады. Аднак гэта не атрымалася, і ўсю спеўку Грынкевіч неадвязна думаў толькі пра тое, што салісты болей глядзяць на размазаную ружовую пляму на яго вопратцы, чым у свае ноты з партыямі.

Эльвіра чуе, што свавольнік кажа наіўнай сялянскай дурніцы. Яна, натуральна, шалее ад такога нахабства.

№ 8: Арыя «Ah, fuggi il traditor!».

Маша і гэтым разам не думала адступацца. Прыйшоўшы дадому пад вечар, вельмі стомлены пасля працы, Грынкевіч убачыў яе пад дзвярыма сваёй кватэры. Відаць, яна ўвайшла ў пад'езд за кімсьці з суседзяў, калі тыя адчынялі дзверы. Маша сядзела на дыванку, абхапіўшы рукамі сагнутыя ў каленях ногі, як змагар за правы чалавека ў часе акцыі пратэсту дзе-небудзь на тэрыторыі вельмі важнай установы. Такім чынам яна давала зразумець, што прыбраць яе адсюль можа толькі нарад спецназаўцаў.

Гэта было цалкам у ейным стылі, ад якога Грынкевіч за два гады адвык. У гэтыя хвіліны ён, як сёмая ступень да тонікі, хіліўся да цёплага душу, да вячэры з пляшкай піва і да ложка перад тэлевізарам, бо хацеў на пару гадзін адключыць мазгі. Маша прыйшла іх вынесці. І для пачатку яна разлічвала ўварвацца ў кватэру або дэманстратыўна біць нагамі ў дзверы, калі яе пакінуць у пад'ездзе. Такое неяк ужо здаралася, суседзі тады выклікалі міліцыю, і Машы пагражалі суткі за дробнае хуліганства, але Грынкевіч тады сам залагодзіў спра­ву. Можа, і дарма. Сёння яна гатовая была паўтарыць свой подзвіг, але ж Грынкевіч не быў гатовы цэлы вечар патраціць на Машу, мянтоў і суседзяў.

Эльвіра з вялікім пафасам звяртаецца да Дзэрліны. Яна заклікае дзяўчыну ўцякаць ад Джавані, пакуль не позна.

У ягонай стомленай галаве ўзнікла толькі дзве ідэі: або развярнуцца зараз жа і пайсці пераначаваць недзе ў іншым месцы, хоць бы ў тэатры, на канапе ў дырыгенцкай, або пусціць Машу ў кватэру, зрабіць выгляд, што яе няма, і займацца сваімі справамі. Але ў кватэры былі сляды прысутнасці іншай жанчыны. Маша магла распачаць следства і праз сваіх былых тэатральных каляжанак вылічыць Ірыну. Пайшлі б непрыемныя размовы, якія ні Грынкевіч, ні Ірына не гатовыя былі перажыць. Калі ж пакінуць Машу на вуліцы ці ў пад'ездзе, то яна вырашыць, што ўсчынаць шум не мае сэнсу. Ну пашуміць, ну прыедуць мянты па суседскім званку, але Маша тут ніхто і нішто, гаспадара кватэры, да якога яна прыкаціла ў госці, няма. Таму яму, Грынкевічу, ні за што не давядзецца адказваць.

— Давай па-добраму, — прапанаваў ён адразу пакт аб ненападзенні. — Я цябе зараз вязу на вакзал, набываю табе квіток да Масквы на першы ж цягнік, і на гэтым мы з табой развітваемся. Назаўсёды.

— Развітваемся? Два месяцы таму ты мне казаў, што памыляўся, што не цаніў мяне раней, што хочаш пачаць усё спачатку і наноў. А потым ты раптам пасылаеш мяне ў пешую эратычную вандроўку, прычым робіш гэта ні з пушчы ні з поля. Што раптам здарылася? Я не сыду, пакуль не зразумею.

Маша нават і не думала падымацца з дыванка на парозе кватэры. Яна глядзела на Грынкевіча з выклікам.

— Менавіта наноў, — пайшоў ён у контрнаступ. — Без істэрык, без вось гэтых сцэн. Без кантролю кожнага майго кроку. Ты ж пачала абрываць мне тэлефон, як у былыя часы. І ты ведаеш, як гэта раздражняе.

— Я хацела часцей цябе чуць. Гэта так неабходна на адлегласці.

За дзвярыма суседскай кватэры пачулася сцішанае варушэнне. Грынкевіч хацеў быў нешта сказаць, але раптам зразумеў, што размова з вар'яткай усё адно не мае сэнсу.

— Ты, Маша, хворая на ўсю галаву. І ніколі не зменішся. Таму ніколі ў нас з табой больш нічога не будзе.

З гэтымі словамі ён рэзка развярнуўся і хутка пайшоў уніз па сходах. Маша падхапілася з месца і рушыла следам, шпурляючы ў спіну вераломнага кавалера нецэнзурныя абразы.

Донна Эльвіра раіць Дзэрліне вучыцца на ейных памылках і не давяраць распуснаму кавалеру.

Слоўкі былі ўсё мацнейшымі і ўсё больш выяўлялі ў гэтай паненцы тэмпераментную ўраджэнку паўднёвага мястэчка. І тут раптам яна неяк вельмі эмацыйна войкнула, сціхла, але праз секунду-другую зноў закрычала — як пасажырка карабля, што церпіць крушэнне. Грынкевіч думаў, што Маша зноў спрабуе прыцягнуць увагу, але ж ускрыкі і просьбы аб дапамозе былі занадта ўжо натуральнымі. Ён вярнуўся да яе. Дзяўчына сядзела на сходах і трымалася за шчыкалатку, ціха скуголячы. Побач ляжаў туфлік са зламаным абцасам і торбачка, з якой высыпаліся памада, мабільнік, чорныя карункавыя майткі і пачак прэзерватываў.

— Баліць? Ісці можаш? — занерваваўся Грынкевіч і падаў Машы руку.

Яна паспрабавала ўзняцца, але адразу ж завойкала — імаверна, зламала нагу. Грынкевіч спачатку спужаўся не меней за Машу, але потым паслужлівая свядомасць дапамагла яму зірнуць на здарэнне з больш выгоднага ракурсу. Гэтая шалёная не зможа цяпер рассякаць па N пэўны адрэзак часу, а там і адпачынак скончыцца, і трэба будзе выпраўляцца ў Маскву. У гэтыя хвіліны ў яго не было ніякага асаблівага спачування: Маша ператварылася ў літаратурна-сцэнічны персанаж, пазбаўлены натуральных пачуццяў.

У машыне «хуткай» яна тулілася да Грынкевіча, нават плакала. Ён казаў нешта, каб усё ж яе супакоіць, бо невядома, што там здарылася з на­гой. Потым, калі яе аглядаў артапед, Грынкевіч дазваляў былой каханцы ўчапіцца ў ягонае плячо, хутчэй ужо дзеля рытуалу маральнай падтрымкі. Здымак, дзякаваць богу, паказаў толькі моцнае расцяжэнне. Ёй перавязалі нагу эластычным бінтам, далі чагосьці заспакаяльнага і загадалі блізкім часам рухацца як мага меней.

Нічога іншага не выпадала, як забраць Машу да сябе дадому. Тое, што яна часткова знерухомленая, накладвала вета на сэксуальныя дамагальніцтвы з боку госці. Але ж яна запатрабуе чалавечай увагі, і Грынкевіч будзе разапошняй скацінай, калі не возьмецца даглядаць бедную дзяўчыну ў такім ста­не. Яна, што праўда, адразу перастала высвятляць адносіны і прэтэндаваць на нешта надзвычайнае. А ён думаў, калі і якім чынам сплавіць яе ў Маскву. Маша ўжо заявіла, што вандроўка ў цягніку ці ў самалёце для яе ў найбліжэйшы час немагчымая. На жаль, гэта была аб'ектыўная ісціна.

Верагодна, донна Эльвіра з яе патэтычнай прамовай моцна напужала сялянку Дзэрліну. І прычына была нават не ў тым, што гэтая дама ка­зала, а ў тым, як яна прамаўляла.

Пакуль Маша займалася сабой у лазенцы, Грынкевіч абзвоньваў усіх знаёмых з машынамі і цікавіўся, ці не едзе хто неўзабаве ў сталіцу. На жаль, ніхто не ехаў. Грынкевіч унутрана зарыпеў ад прыкрасці. Зрэшты, навязваць некаму такую спадарожніцу было б найлепшым спосабам сапсаваць адносіны раз і назаўсёды. Калі Маша выйшла з лазенкі, ён у думках замірыўся з перспектывай трываць яе тут яшчэ колькі дзён.

Яны моўчкі павячэралі і папілі гарбаты. Грынкевіч пасцяліў Машы ложак, а сам уладкаваўся на падлозе. Яна пакпіла з яго, але ён праігнараваў рэплікі кшталту: «У цябе цэлібат?». Ён вырашыў перачакаць на кухні, пакуль Маша засне. Узяў партытуру і паспрабаваў яе вучыць. У тэлефоне былі прапушчаныя званкі ад Ірыны, прычым набірала яна яго нядаўна, можа быць, сёння начуе ў маці, таму не баіцца званіць.

Размова пачыналася мірна, але тут Ірына пачула на заднім плане голас Машы, якая паклікала Грынкевіча.

— Ну, гэта ўжо занадта! — прамовіла маладая спявачка і паклала слухаўку.

Донна Эльвіра сыходзіць, ведучы за сабой Дзэрліну.


Сцэна XI


Дон Джавані адзін, потым дон Атавіа і донна Анна.

Рэчытатыў «Mi par ch'oggi il demonio si diverta...».

Цяпер Маша была ягоным злым дэманам. Сярод ночы яна пачала ціхенька стагнаць, бо ёй зноў забалела нага, а дзеянне болесуцішальнага скончылася. Давялося даць ёй лекаў, якія параілі ў траўмапункце. Госця пачала плакаць, пэўна, каб звярнуць на сябе ўвагу і выціснуць з Грынкевіча хоць кроплю пяшчоты. Ён са спакоем дзяжурнага лекара накрапаў ёй яшчэ і спецыяльна набытага сардэчніка ды стаў чакаць, пакуль яна засне. Сам ён спаць не мог, хоць і спрабаваў занурыцца ў сон. Некалькі разоў ён усхопліваўся, каб пакурыць, а заадно праверыць, ці няма СМС ад Ірыны. Ён пісаў ёй дзясяткі пасланняў, але яна маўчала. Грынкевічу стала страшна страціць яе праз такое вось глупства.

Ён пісаў і пісаў СМСкі, пакуль на рахунку не скончыліся грошы. Урэшце ён зразумеў, што ўсё адно не можа заснуць, а таму ўзяў ноўтбук і зноў пайшоў на кухню. Ён думаў спачатку сачыніць ліст бацьку, але ўбачыў у скрынцы паведамленне з сай­та сацыяльнай сеткі, дзе шукаў Анну Рупель. Яна напісала яму. Нарэшце! «Дарагі Аляксей! Маё дзявочае прозвішча і сапраўды Рупель, але я нарадзілася ў Маскве і жыву ў Піцеры ўсяго сёмы год. Тут я пасялілася пасля таго, як выйшла замуж. Я сапраўды цікаўлюся балетам, але ніколі ім не займалася. Да оперы стаўлюся досыць спакойна. Таму, напэўна, Вы памыліліся і прынялі мяне за іншую...»

Джавані ў вялікай роспачы, бо сёння ўсе яго планы павесяліцца і пазаляцацца да прыгажуняў чамусьці разбураюцца. Як быццам сапраўды з ім гуляецца д'ябал. Прынамсі, ён, Джавані, не можа са звыклым спрытам залагодзіць усе справы. Жанчыны адна за адной сыходзяць ад яго.

Анна Рупель абнавіла сваю старонку. Цяпер там з'явіліся фотаздымкі маладой жанчыны, якая нічым не нагадвала той, каго шукаў Грынкевіч. Адчуй сябе Фаўстам, якому засталося покрыва замест жанчыны. Яму раптам падумалася, што гэты ліст быў самай балючай стратай мінулага дня, на­ват траблы з Машай ды Ірынай неяк адсунуліся на дальні план. Ён пачаў перабіраць у памяці хоць якіх знаёмых, праз каго можна было адшукаць сляды Нюты. Нават ідэя выйсці на Антона Рупеля цяпер не падавалася шалёнай. Прынамсі, хоць нейкія нітачкі.

Пошук выдаў яму сайт кінакампаніі, дзе Рупель займаў нейкую адміністрацыйную пасаду. Мэйла там не было, быў толькі кантактны сотавы тэлефон. Грынкевіч занёс яго ў нататнік сваёй мабілкі і вырашыў тэлефанаваць ужо заўтра, як толькі падкіне на рахунак грошай. А пакуль ён узяў з палічкі томік з дзіўным подпісам на фарзацы і пачаў чытаць:

Б'е дзве гадзіны! Цёплае, насычанае электрычнасцю дыханне дакранулася да мяне — я чую слабенькі водар далікатнай італьянскай парфумы, па якой учора адразу адчуў прысутнасць суседкі; мной апаноўвае шчасны стан, які я, бадай што, мог бы выказаць толькі гукамі. Вецер ужо свішча па зале, вось у аркестры зазвінелі фартэпіянныя струны. Мне пачуўся голас Анны: «Non ті bell'idol тіо!». Быццам аднекуль вельмі здалёк, як на крылах, даляцеў ён да мяне ва ўсё больш чутных гуках аркестра. Раскрыйся, далёкае, невядомае цар­ства духаў, край дзівосаў — Джыністан, дзе ў невыказнай дабрадайнай скрусе, як у найвялікшай радасці, для захопленай душы з надмерам выконваецца ўсё абяцанае на зямлі! Дазволь мне ўступіць у кола тваіх чароўных прывідаў. Няхай сон, твой вястун, якога ты пасылаеш навеяць на смяротных жудасць альбо ашчаслівіць іх, — няхай, калі я засну і цела будзе скавана свінцовымі путамі, няхай панясе ён мой дух у эфірныя селішчы!

Прачнуўся ён за паўгадзіны да пачатку рэпетыцыі. Сёння была першая аркестравая «Дона Джавані», але ў галаве ў дырыгента было што заўгодна, толькі не партытура. У дадатак ён зразумеў, што ад спання на падлозе яму скавышом моцна працяло шыю — дырыгаваць у такім стане было не дужа зручна.

З кватэры Грынкевіч вылецеў, ледзь паспеўшы пачысціць зубы і пры гэтым не забыўшыся кінуць у заплечнік свежую футболку, на ўсялякі выпадак. Часу на сняданак не было, ужо не кажучы пра тое, каб зазірнуць у аптэку і набыць сагравальную мазь. Нічога, так разыдзецца, калі пару­

хацца. Ён злавіў папутку, як у далёкія студэнцкія часы. У машыне, якая падкінула яго да месца, грала радыё, у навінах казалі нешта пра сонечнае зацьменне і фатальнасць падзеяў, што могуць здарыцца сёння.

На сцэне з'яўляюцца дон Атавіа і донна Анна. Толькі гэтага бракавала дону Джавані! Донна Анна ў жалобе па загінулым бацьку.

Тое, што ён спазняўся, якраз трапляла пад азначэнне фатальнасці. Ягоныя аркестранты будуць яго чакаць, ён ведаў, бо паспеў прывучыць свой склад прыходзіць своечасова. За гэта яго называлі «нярускім», але ж шанавалі, а Грынкевіч цаніў свой цяжка заваяваны аўтарытэт.

За восем гадоў яму шмат калі давялося пераступіць і цераз самога сябе, каб навучыцца выбухаць толькі тады, калі іншай рэакцыі на ўчынкі атачэння ўжо быць не можа. Ён выпрацоўваў у сабе цярпенне і вытрымку, ён рыхтаваўся да кожнай рэпетыцыі, каб на ёй не было нічога лішняга. Ён усё планаваў — што, калі, у якой ступені ён зробіць сёння. У гэтым сэнсе яго таксама не ўсе разумелі і часам казалі, што Грынкевіч працуе на рэпетыцыях, як інжынер за дошкай для крэслення. Але ж у працы ён быў зручным для тых, хто таксама трымаўся пэўных рамак. Пэўна ж, ён быў «нярускім». Зрэшты, навакольныя рускія цанілі тое, што рэпетыцыя ніколі не працягвалася до­лей, чым трэба. І разам з тым баяліся раззлаваць чарговага дырыгента, бо ён мог адной заўвагай раскатаць таго, хто выпрабоўваў яго цярпенне.

Донна Анна заўважае дона Джавані і звяртаецца да яго з просьбай дапамагчы. Ёй пасуе жа­лобны строй, а Джавані не павінен выдаваць сябе (а ён забойца Камандора), і таму свавольнік пачынае ўсяляк прысягаць беднай жанчыне ў вернасці. Ён кажа, што гатовы здзейсцніць дзеля яе любы подзвіг. І крывадушна цікавіцца: а чаму сіньёра такая сумная, хто яе пакрыўдзіў?

Ён прыбег у залу, дзе рэпеціраваў аркестр, са спазненнем на дзесяць хвілінаў. Спрабаваў быць бадзёрым і ўпэўненым, але зразумеў, што праца валіцца з рук у непераносным значэнні гэтага слова. Рукі насамрэч не слухаліся, паўбяссонная ноч давалася ў знакі. Праз паўгадзіны ён адчуў, што нават не ўслухоўваецца ў тое, што граюць пэўныя групы інструментаў. Ён не меў плана дзеянняў на гэту рэпетыцыю, але меў шмат думак пра ўсё, што адбывалася ў яго на асабістым фронце. Музыка рассыпалася, як парваныя пацеркі. І цягам першай гадзіны рэпетыцыі ён нагадваў чалавека, які поўзае па падлозе і шукае перлінкі, што закаціліся немаведама куды. Яго не пазнавалі нават тыя, хто памятаў Грынкевіча неспрактыкаваным студэнтам.

Падчас першага перапынку яму патэлефанаваў дырэктар і папрасіў зайсці хвілін праз трыццаць. Грынкевіч вырашыў, што на ўсю наступную гадзіну трэба пакінуць аркестр на Васю, пагатоў сёння ўсё адно ніякай рэпетыцыі. Так ён і зрабіў, даўшы стажору пакруціць швейную машынку, а сам пайшоў у буфет.


Сцэна XII


Тыя ж самыя і донна Эльвіра. Яна вылятае на сцэну, як ядро з гарматы, і сваім з'яўленнем яшчэ болей ускладняе свавольніку жыццё.

Але спакойна паснедаць і выпіць кавы яму перашкодзіла Маша. Яна званіла, вядома, з хатняга тэлефона Грынкевіча. Збанкрутаваць нявернага каханка хоць у нечым было святой справай.

— Значыцца, Анна — гэта тая, што пакінула ў цябе сваю заколку? — наляцела яна на яго, як куніца на зграйку куранятаў.

— Якая Анна?.. — збянтэжана перапытаўся Грынкевіч. — Пры чым тут Анна?..

Маша нешта казала, а ён спрабаваў даўмецца, што яна курыць. Відаць, яна палазіла па ягоных рэчах, бо Ірыніну заколку ён учора рэф лек торна запхнуў у кішеню пінжака. Гэта быў галоўны рэчыўны доказ таго, што ў ягонай кватэры гасцявала іншая жанчына.

— Ты сёння ў сне клікаў нейкую Анну! — выпаліла Маша. — Божа, якая я дура! Я павінна была зразумець, што ты тут кагосьці знайшоў! І ты так лёгка мяняеш жанчыну на жанчыну! Ты свалата, а я, я.

— Ага, я такі, Маша. А цяпер бывай, мне трэба працаваць.

Добра было, што Маша нарэшце зразумела прычыну. Добра было, што яна ніколі ў жыцці не вылічыць Іры. Часам варта чытаць і перачытваць Гофмана, Herr Кареіітеівіег. Грынкевіч ужо на хаду праглынуў рэшткі кавы і пабег на вуліцу, каб яшчэ выкурыць хоць паўцыгарэты перад візітам у дырэктарскі кабінет. Ён меў нейкае хвалявальнае прадчуванне, не тое, каб нядобрае, але гэта было, нібы ён выходзіць на сцэну на ўласнай прэм'еры. Невытлумачальны мандраж.

На самым выхадзе Маша дастала яго зноў, яна тэлефанавала пацікавіцца, ці будзе ён на вячэру піцу — яна прыгатуе.

— Якая піца?! Маша, сонейка, збірай рэчы і язджай адсюль! — ціха прарычаў ён у слухаўку, і гэтае ціхае рычанне было страшнейшым за гучны крык.

Грынкевіч трапіў у замкнёнае кола і цяпер ужо не ведаў, што яму рабіць. Заставалася толькі шукаць знаёмых псіхіятраў і здаць Машу на прымусовае лекаванне. Кажуць, у зацьменне вар'яты актывізуюцца. Ён брудна вылаяўся сабе пад нос і вылецеў на двор са службовага ўвахода, збіваючы з ног нейкую дзяўчыну, што ішла насустрач. У яе з рук паваліўся стос папер і кніжка, а дакладней, клавір. Ён машынальна прамармытаў словы выбачэння і кінуўся збіраць раскіданыя рэчы. Кніжка ўпала, раскрыўшыся на фарзацы, дзе было нешта напісана... І Грынкевіч раптам пазнаў свой уласны почырк: «Амадэю-малодшаму ў дзень народзінаў. 24.01.1991. А.»

№ 9: Квартэт «Non ti fidar, o misera...».

— Жылі-былі два Амадэі... — пачуў ён голас дзяўчыны, і голас быў такім, быццам цёплыя сонечныя промні крануліся ягонага сэрца. — Два Амадэі, якія нарадзіліся з розніцай у два гады і трыста шэсцьдзясят тры дні. Калісьці ў папярэднім жыцці іх абодвух клікалі Амадэямі, але праз розніцу ажно ў дваццаць гадоў ім не давялося пасядзець разам у вінным склепе. Амадэй-старэйшы адляцеў у вырай тады, калі Амадэя-малодшага яшчэ клікалі Вільгельмам. Амадэй-малодшы смуткаваў цягам усяго свайго нядоўгага зямного быцця. Ён выклікаў дух Амадэя-старэйшага шторазу, калі раскладваў перад сабой яго партытуры. А потым сам адляцеў у вырай і шукаў там старэйшага Амадэя, але ўсё не мог знайсці...

— Ты?..

Яна стаяла перад ім, жывая, неілюзорная, непрыдуманая, бо ён мог не толькі ўзірацца ў дзівоснасінія вочы, але і чуць ейны голас, адчуваць тонкі гаркаваты вод ар парфумы. Яна стаяла, трымаючы ў руках толькі што сабраныя паперы, і ўсміхалася.

— А потым два Амадэі сустрэліся. Праўда, нешта там у кармічнай канцылярыі пераблыталі, таму аднаго з Амадэяў зрабілі хлопчыкам, а іншага — дзяўчынкай.

— Нюта!..

Донна Эльвіра звяртаецца да донны Анны, але ўжо зусім іначай, чым да Дзэрліны. Яна пакорліва просіць не давяраць дону Джавані, бо ўсё, што той кажа,падман.

Яму хацелася абняць яе і цалкам упэўніцца, што ён не сніць гэтай сустрэчы. Але ён толькі моўчкі працягнуў дзяўчыне клавір. Яна ўзяла яго і таксама моўчкі прыціснула кніжку да грудзей. Выглядала яна гэтым разам не як антычная німфа, а як сімпатычная студэнтка: сіняя куртка, джынсы, блакітны швэдрык, фіялетавыя замшавыя туфлі на невысокім абцасе, лёгкая крэмавага ко­леру хустка на шыі, на плячы скураная торба з фіялетавымі замшавымі ўстаўкамі. Вельмі доўгія цёмныя валасы былі распушчаныя і расчасаныя на роўны прабор. І ў гэтым чыстым адкрытым ілбе, у гэтым позірку сініх вачэй было нешта спакойнае, нешта гаючае, чаго Грынкевічу апошнім часам так бракавала.

— Мяне тысячу гадоў так не называлі, — ціха сказала яна, але ўжо без усмешкі. — Рада вас бачыць зноў, Herr Kapellmeister.

— Як жа гэта. — замармытаў ён. — Я цябе шукаў пасля таго, як мы тады ў Маскве сустрэліся. І тут раптам у N. Як жа гэта.

Тут у дзяўчыны зазваніў тэлефон.

— Так, добры дзень. Так, я памятаю, дзе ваш кабінет. Не, не трэба, я яго ўжо сустрэла. Неўзабаве будзем.

Грынкевічу падалося, што калі яна зараз сыдзе, то ён страціць нейкі апошні шанец. Анна зноў знікне, і ён ужо болей не знойдзе яе. Але насуперак усялякай логіцы ён не запытаўся нумара тэлефона, не папрасіў мэйла ці нікнэйма ў скайпе. Яго панесла, як раку ў веснавую паводку:

— Я пра цябе часта думаў. І сніў цябе. Мне так патрэбныя мы з табой колішнія. Мары. Размовы на тарабарскай мове, якую толькі ты і разумела. Калі ноччу на кухні за пляшкай віна не хочацца спаць, а толькі размаўляць пра мастацтва. Мне тут няма з кім размаўляць. Ты ведаеш, я стараюся быць прафесійным і шмат чаго дасягнуў. Я стараюся не блытаць стан творчага натхнення са звычайным раздзяўбайствам, а пустату натуры не кампенсаваць яе шырынёй. Я стараюся не патануць у багне, калі ўжо робіцца ўсё адно, што з табой будзе далей. Але, Нюта, якое дачыненне ўсё гэта мае да мастацтва?.. Да творчасці?.. Мне як быц­цам дастаўся разбіты раяль, і я ўжо восем гадоў даводжу яго да ладу — там струну запазычу, там з'едзенае моллю сукно памяняю. А калі на ім граць? Мне трыццаць тры гады. Для мужчыны — гэта палова жыцця. Для дырыгента — узрост немаўляці. Я прымушаю сябе памятаць пра апошняе, і таму пакуль мяне не паглынула роспач. Бо нічога ж яшчэ не зроблена, усё гэта — толькі падрыхтоўка ўзлётнай паласы.

Ён раптам спыніўся і змоўк.

— Даруй, я зноў не пра тое. Я і ў Маскве загрузіў цябе Курэнтзісам і ўсім астатнім.

— Нічога, цяпер усё будзе іначай. Не маўчы, кажы. Ты, відаць, доўга маўчаў. І. мне таксама цябе бракавала. Вельмі.

Гэтыя словы яна прамовіла таксама без усмешкі і пры гэтым апусціла вочы. Грынкевіч выдыхнуў. Ён ужо амаль не адчуваў зямлі пад нагамі, але гэта быў стан нейкага найвышэйшага шчасця, якое можна нечакана спасцігнуць хіба ў вельмі рэдкія хвіліны. Як быццам ён восем гадоў пражыў на чужыне і толькі цяпер сустрэў суайчынніка.

— Але нам трэба ісці, — раптам сказала яна амаль дзелавым тонам.

— Куды?! — агаломшана запытаўся Грынкевіч. Ён вяртаўся ў рэчаіснасць, як чалавек, якога выводзяць са стану поўнай анестэзіі.

— Да дырэктара. Ён сказаў, што выклікаў цябе таксама, — адказала Анна, якая ў сваю чаргу не разумела здзіўлення свайго суразмоўцы. — Ці ты яшчэ не ведаеш?.. Праўда не ведаеш?!

Грынкевіч толькі хістаў галавой. Тады Анна засмяялася:

— Я ж прыехала сюды ставіць «Дона Джавані»!

Донна Анна і дон Атавіа ўражаныя і самім з'яўленнем донны Эльвіры, і яе словамі. Яна трымаецца вельмі годна і вельмі высакародна, ейныя слёзы ў вачахне фальш.

Пасля кароткага прыёму ў дырэктара, сэнс якога быў у тым, каб пазнаёміць дырыгента і рэжысёра спектакля, Грынкевіч вярнуўся да сваіх аркестрантаў. Да канца рэпетыцыі ён быў у амаль самнамбулічным стане. Ён мала што зразумеў з Анніных тлумачэнняў, якія яна паспела даць. Вядома было толькі, што яна рэжысёр «Дона Джавані» і яна будзе тут у найбліжэйшыя два з паловай месяцы, хай сабе наездамі, але будзе, а значыцца, напраўду нікуды не падзенецца. Болей за тое, яна цяпер сустракаецца з мастаком, яшчэ пагутарыць з дырэктарам, а пасля чакацьме Грынкевіча, каб разам паабедаць. З ейных вуснаў гэта гучала так, як быццам яны не бачыліся ўсяго пару дзён і проста трэба сёе-тое па працы абмеркаваць, а для яго, для Грынкевіча, гэта было як запрашэнне сесці на кілім-самалёт і скіравацца ў краіну здзяйснення мараў.

Вядома, што і па працы ім трэба шмат пра што пагутарыць, але праца не ішла да галавы. Збольшага таму, што Грынкевіч цяпер пачуваўся вучнем мага, калі таму самастойна ўдалося начараваць прыход чалавека, сустрэць якога без чарадзейства было амаль немагчыма. Яна прыйшла так, быццам прачытала ягоныя думкі на адлегласці, і гэта само па сабе было цудам, здольным уразіць любога. Скончыўшы рэпетыцыю, Грынкевіч пайшоў на сустрэчу з ёй. Ці ўсё ж на спатканне?

Анна напраўду сядзела на канапе ў фае службовага ўвахода і чакала яго. Яна зноў зірнула на яго з усмешкай: маўляў, дарма ты, дурненькі, не верыш у рэальнасць усяго, што адбываецца. І затраскацела так, што ён цяпер пазнаваў колішнюю Нюту. Адразу запісала ў сваю мабілку нумар Грынкевіча. Пачала апавядаць, пра што яны дамовіліся з мастаком, як яна дабіралася сюды амаль з прыгодамі і нават была палічыла гэта кепскім знакам, але ж «Дон Джавані» — гэта праца, дзеля якой не толькі варта, а трэба рызыкаваць.

Грынкевіч слухаў яе, ледзь паспяваючы ўстаўляць адно-два словы паміж маналогамі. Нарэшце ён моўчкі абняў яе адной рукой за плечы, і так яны рушылі з тэатра на вуліцу. Толькі тады Анна змоўкла і як котка пацёрлася шчакой аб ягонае плячо.

— Як жа мы мяняемся і разам з тым застаемся ранейшымі. — прашаптала яна.

Ён нічога не адказаў. Проста цешыўся ейнай прысутнасцю побач. І яна таксама маўчала ажно да самай кавярні, куды яны прыйшлі. Яны занялі столік ля акна ў зоне курцоў: Анна пагадзілася тут сесці, бо народу пакуль было няшмат. Час абедзеннага меню скончыўся, а час вячэры ды іншых забаў не надышоў — такі графік у людзей, што жывуць паводле схемы «ад дзявятай да шостай». Багема, зразумела, у гэтую схему не ўпісваецца.

— Ну, а цяпер распавядай па парадку, як цябе да нас занесла, — сказаў Грынкевіч, калі яны ўладкаваліся за столікам і вырашылі, што замаўляць.

— Вельмі проста і вельмі складана. Вучылася я ў Маскве, прычым спачатку гэта была рэжысура дра­мы. Я ўжо тады, калі на пэа вучылася, пра гэта думала. Таму, натуральна, у кансерву я нават і не паступала. Якраз скончыла ўніверсітэт. Знайшла рэпетытараў. Рыхтавалася цэлы год па майстэрстве, чытала кніжкі па гісторыі тэатра, глядзела касеты і дыскі са спектаклямі, сама па тэатрах бадзялася, наведвала ўсё, што можна. Карацей, прарвалася. Потым здала кватэру ў Піцеры, каб было чым плаціць за навучанне, ды з'ехала ў Маскву. Я цяпер там ужо стала жыву. Вучылася на драме. А потым неяк уцягнулася ў музычны тэатр і перавялася. Праўда, у мяне ў Нямеччыне ёсць некалькі супольных драматычных работ, а тут збольшага мюзіклы.

— Мюзіклы? Нечакана.

— Чаму? Тут я маю болей магчымасцяў, гэткі кампраміс паміж драмай і музычным тэатрам. І потым, яны мяне няблага кормяць. А дыплом я ўвогуле ў аперэце рабіла. І сюды трапіла выпадкова. Ваш галоўны на фестывалі пазнаёміўся з маім педагогам, ну, былым педагогам, зразумела. Запрасіў таго ставіць «Дона Джавані». А мой педа­гог дужа заняты, дый увогуле опера не ягоны канёк, вось ён і сказаў: ёсць дзяўчынка, талковая, рэкамендую. Так я сюды і прыехала.

— Нейкая Лана Іванова павінна была ставіць. Што ж так усё памянялася?

Анна пырснула са смеху.

— Нічога не памянялася. Гэта маё новае прозвішча.

Неба ўжо не падавалася такім высокім, сонца — цёплым, а позірк ейных вачэй — гаючым.

Дон Джавані пачынае апраўдвацца перад доннай Аннай і донам Атавіа, спрабуе выставіць дон­ну Эльвіру як неадэкватную асобу і хоча ўвесці яе, каб не распальваць новага скандалу.

— А, ты ж не ведаеш. Я ўзяла дзявочае прозвішча маці. Даўно, яшчэ ў той год, калі ты з Піцера з'ехаў. А Лана — гэта ўжо псеўданім. Так маці называлі скарочана, ад Леаніды. Дачка ільва. Дзеда звалі Львом. Ну, ты ж памятаеш, у мяне дзед быў спецыялістам па старажытных мовах, вельмі любіў антычнасць.

— Безумоўна, памятаю, — ажывіўся Грынкевіч, — як мы з табой «Залатога асла» чыталі, а табе было гадоў чатырнаццаць. Кніжка з прафесарскай бібліятэкі, сур'ёзная кніжка! А твая нямецкая бабця не ведала пра клубнічны прысмак антычнай літаратуры. Іначай схавала б ад цябе такое.

Анна залілася сонечным смехам ад гэтых успамінаў, а потым дадала:

— Вось такое імя мела мая маці. Мне яно спадабалася ў скарочаным выглядзе, так я і стала падпісвацца на афішах — Лана Іванова.

— А я думаў, замуж выйшла, — ужо весела і нязмушана сказаў Аляксей.

— Пакуль не, але ўсё можа быць, — адказала яна. — Дарэчы, Гюнтар прыехаў са мной і будзе тут пару дзён. Вам варта пазнаёміцца.

— Гюнтар — гэта?.. — запытаўся Грынкевіч, зноў пазмрачнеўшы.

— Гюнтар — гэта мой сябар. мой блізкі сябар, будзем так казаць.

— Людскай мовай кажучы — бойфрэнд, — з лёгкай прыкрасцю ўдакладніў Грынкевіч, але Анна гэтай прыкрасці адчуць не паспела.

Становішча цяпер зрабілася акрэсленым, і ён ужо не летуценіў, як у першыя хвіліны сустрэчы. Ну, а чаго ён хацеў? За восем гадоў усё мяняецца. Гюнтар — гэта, відаць, той бляклы, як моль, рудаваты хлопец, якога ён бачыў у Маскве ў зале Чайкоўскага. Гюнтар дык Гюнтар. Але ж ёсць рэчы, якія заўсёды звязвалі іх з Аннай, нават тады, калі кожны вёў свой асобны донжуанаўскі каталог. Відаць, яны і захаваліся, як тыя зернейкі паміж пяскоў егіпецкай зямлі, а значыць, ёсць нешта панад усімі гюнтарамі ды машамі. Тым не менш сэрца глуха білася аб краты з рэбраў, як зняволены — ад крыўды на несправядлівы прысуд.

Дадому ён у той дзень вярнуўся вельмі позна. Маша ляжала на ложку, шчоўкаючы на пульце каналы тэлевізара. У хаце пахла прыгарэлай ежай. На кухні на падлозе сям-там была рассыпаная мука, а на сценах і стале дзе-нідзе засталіся дробныя сляды вытворчасці піцы. Піца, відаць, і згарэла. Грынкевіч не сказаў на гэта нічога. Калі Маша памкнулася да яго на кухню, каб гатаваць вячэру, ён сказаў, што есці не хоча.

Донна Эльвіра не здаецца. Яна просіць Анну і Атавіа не верыць хлусу і не пакідаць яе.

— Ты шмат не бегай, — прамовіў ён без ценю злосці. — Нага баліць?

— Жыць можна, — адказала Маша, здзіўленая ягонай дружалюбнасцю.

Ён нічога на гэта не адказаў. Пасля таго, што сёння адбылося, ужо ніякая Маша не магла збіць гэты асаблівы натхнёны настрой. Грынкевіч зрабіў сабе кавы і сеў на кухні вучыць партытуру. Ён нават забыўся на тое, што трэція суткі не спаў як належыць, дый уражанняў было занадта. Наадварот, яму зноў захацелася працаваць і нешта рабіць. Маша проста перастала існаваць для яго, і цяпер ён мог вытрываць яе ў сваёй хаце хоць да скону, абы толькі яна не лезла з камунікаваннем.

А яна ўсё адно лезла. Зноў прывалаклася, кульгаючы, на кухню і пацікавілася ў Грынкевіча, што з ім такое здарылася. Той паціснуў плячыма і сказаў, што нічога асаблівага. Зазвінеў ягоны мабільнік — гэта была Анна, якая забылася ўдакладніць, калі ў яго заўтра аркестравая і ці можна на ёй папрысутнічаць. Безумоўна, можна! Ейны голас зноў сагрэў яго, і Маша разам з Ірынай, а таксама незнаёмы пакуль Гюнтар раптам ператварыліся ў пар і развеял іся ў паветры.

Калі ён скончыў размову, то злавіў роспачны позірк Машы. Жаночая чуйка, пэўна, падказала ёй, што справа гэта куды сур'ёзнейшая, чым за­колка ў кішэні пінжака.

— Памятаеш Анну Рупель? — замест адказу на нямое пытанне прамовіў Грынкевіч, які вырашыў, што мала чым рызыкуе ў такой сытуацыі. — Маю даўнюю сяброўку з Піцера. Дык вось яна ў мяне рэжысёр-пастаноўшчык «Дона Джавані», уяві сабе.

— Што?! — хацела выгукнуць, але толькі выдыхнула Маша і прысела на зэдлік.

Грынкевіч прамаўчаў і зноў паспрабаваў занурыцца ў ноты.

— Дык гэта яе ты клікаў у сне?!

Ён зноў моўчкі дакарыў сябе за тое, што сказаў лішняга. Цяпер яго чакае высвятленне адносінаў, якіх няма.

— Яна яшчэ не памёрла ад СНІДу ці пранцаў? Зразумела, я яе памятаю. — забухцела Маша. — Сяброўка, ага. Гэта тая шлюндра з тыфознай стрыжкай і з праколатай губой. Якая мяне запэўнівала, што вы проста сябры. Анна Рупель. Псеўдаінтэлектуалка, нікому не адмаўляла, толькі табе адмовіла. Памятаю я гэтую легенду, ага. «Не руш! Не руш чалавека!» — ты гэта мне тады крычэў. «Ты не разумееш, яна зламаная, таму яна такая. Яна як адламаная галінка, ёй трэба новыя карані пусціць, каб працягваць жыць.» Грынкевіч, я гэ­тыя словы ніколі не забуду. Гэтага нельга забыць! І што цяпер?

— А цяпер, Маша, ты заткнешся і дасі мне папрацаваць.

Яна яшчэ нешта хацела сказаць, але толькі паварушыла вуснамі, як рыба ў вадзе. Праз хвілю гэтыя вусны скрывіліся, Маша зараўла і зачыкільгала ў пакой. Грынкевіч зразумеў, што з партытурай ён сёння ўжо не папрацуе. Тады ён пайшоў у пакой, узяў у заплечнік сякія-такія рэчы, якіх хопіць, каб пару дзён пражыць не дома, і пайшоў апранацца. Пабачыўшы ягоныя манеўры, Маша перастала раўці.

— Ідзі, ідзі да сваёй шлюндры, — зашыпела яна. — Рэжысёр яна, бачыш, татуля, відаць, пад сраку пхаў. І што, яна дагэтуль ходзіць амаль лысая ды ў кедах? У цябе на такую стаіць?

Гэтыя словы Грынкевіч пачуў ужо з вітальні, калі зашнуроўваў чаравікі.

Скандал тым часам разгараецца, і дон Джавані нічога з гэтым не можа зрабіць. Эльвіра ўжо наўмысна шуміць, распавядае пра свае пакуты, пра растаптанае каханне. Донна Анна і дон Атавіа паступова схіляюцца на яе бок.

— Дарагая, будзеш адкручваць газавыя краны, не забудзь таксама пра духоўку, — адказаў ён. — Адтуль болей газу ідзе. І вокны не расчыняй ні ў якім разе. Запалкі ды запальнічкі я забраў, мне тут выбух непатрэбны. Калі што, дык лёзы на люстэрцы ў лазенцы. Ванну напаўняй амаль гарачай вадой, надрэзы на руках робяцца ўздоўж, а не ўпоперак. І як мага даўжэйшыя, сантыметраў па дзесяць! Можаш уключыць «Развітальную» сімфонію Гайдна, я дазваляю. Пашукай там у мяне на стэлажы. Скокаць з гаўбца не раю, тут невысока, адно скалечышся. Можаш таксама засіліцца, але я не хацеў бы знайсці цябе зранку абсіканай і абасранай, з вываленым языком і сінім тварам. Гэта не так эстэтычна, як белая ванна, запоўненая чырвонай ад крыві вадой!

— Жывёліна юрлівая! Сатыр!!! — закрычала Маша так, што суседзі за сценкай выключылі музыку.

А Грынкевіч ужо зачыніў за сабой дзверы і набіраў, ідучы па сходах, валтарніста Сашу. Той ласкава пагадзіўся даць яму палітычны прытулак у сябе на кухні, прынамсі на гэтую ноч. Аднойчы такі прыём у выпадку з Машай спрацаваў, і яна сама прыбралася. Цяпер Грынкевіч таксама спадзяваўся на поспех.

На чужой кухні пад гудзенне старой лядоўні ён, як ні дзіўна, цудоўна выспаўся і на наступны дзень свежым і бадзёрым прыйшоў на працу ў тэатр. Рэпетыцыя была суцэльнай асалодай, бо ў кутку сядзела Анна, трымаючы на каленях клавір. Сёння яна была ў клятчастай спадніцы крыху вышэй калена, у лёгкай шэрай кофтачцы і ў туфлях на высокіх абцасах. Валасы яна сабрала ў вузел на патыліцы. Грынкевіч выхопліваў позіркам то та­нец бліскучых завушніц, то прыўкрасна-балетны выгін шыі, то кранальную лагчынку паміж грудзямі, якую можна было ўбачыць праз выраз кофтачкі, то рух даволі вялікай рукі з доўгімі пальцамі, то каленку з ахайнымі ямінкамі. Калі ў перапынках яна падыходзіла да яго, Грынкевіч пачынаў натхнёна прамаўляць пра «Дона Джавані» ўсё, што назапасіў і што можна было выразіць толькі праз тарабарскую мову. У яго за спінай ужо даволі гучна шушукаліся, маўляў, распускае хвост перад новай кабетай. Ды што яны разумеюць! Гэта не тое, пра што яны думаюць, хацелася выгукнуць яму. Але сама Анна, відаць, усё гэта адчувала і ўспрымала сітуацыю з гумарам. Яна сёння трымалася ў прыязна-дзелавой манеры і ўжо не апускала вочы, размаўляючы з ім.

Сёння быў спектакль галоўнага, і таму Анна заставалася ў тэатры да самага вечара: ёй было цікава. Грынкевіч мусіў застацца таксама. Зрэшты, яму так ці іначай не было куды ісці, а правяраць, што там робіць Маша ў ягонай хаце, ён не спяшаўся.

Дон Атавіа заяўляе, што нікуды адсюль не сыдзе, пакуль не высветліць, што насамрэч адбываецца. Донна Анна таксама кажа: гэтая дама наўрад ці вар'ятка. Джавані думае, як яму ўцячы.

Да абеду ў тэатр прыйшоў Гюнтар. У ягонай прысутнасці Анна адразу змянілася, узяла яго пад руку і ўжо амаль не адпускала, як быццам ёй пагражала нейкая небяспека. Грынкевіч паглядзеў на Гюнтара крытычным вокам: невысокі хлопец, даволі худы, хоць і бачна, што спрабуе трэніравацца, завостраныя рысы твару, слабыя валасы, сабраныя ў светла-рудую коску. Нешта недарэчнае, побач з Аннай, такой прыгожай і характэрнай, проста як папяровая сурвэтка на стале ў экстрадарагой рэстарацыі.

Але ж трымаўся Гюнтар са спакоем і лёгкай паблажлівасцю кронпрынца, якому ўлада дасталася па праве нараджэння і таму яе не даводзіцца пацвярджаць. Ён няблага размаўляў па-руску, а калі нечага не зусім разумеў, то перапытваў у Анны і тая яму перакладала. За абедам пачалі размаўляць пра тэатр. Гюнтару ў пэўным сэнсе пашэнціла, бо ён ніколі не думаў, ці прынясуць ягоныя экзэрсісы хуткія грошы. Яго бацька мае нейкі зусім не мізэрны працэнт акцый у буйным фармацэўтычным канцэрне, таму ўжо цяпер выдатна забяспечыў сына, дый нават будучым унукам дастанецца. Мець фінансавую падушку — вялікая справа, тады можна рабіць менавіта тое, што хочаш. А чаго ж хацеў Гюнтар?

Гюнтар хацеў сацыяльны тэатр. Вось літаральна сёння яму скінуў сваю п'есу малады і цікавы аўтар, там пра хворага на СНІД мастака і пра яго апошнія дні ў хоспісе. Рэжысёр яшчэ не чытаў п'есы, але калі там збольшага ладныя дыялогі, то ён возьме гэты опус у працу і пасля новага года прыступіць да рэпетыцый. Анна паедзе з ім і таксама будзе ставіць. Магчыма, толькі яна і будзе ажыццяўляць рэжысуру, а Гюнтар выступіць у якасці прадусара. Яму не праблема была сабраць нешта накшталт маленькай антрэпрызы са студэнтаў-актораў і зрабіць спектакль «са сваім бачаннем». Праўда, цяпер праца пачала прыносіць грошы, асабліва пасля таго, як да яе далучылася Анна.

— Анна — мой талісман, — сказаў нямецкі тэатральшчык, абдымаючы сваю дзяўчыну.

Гэтая бляклая моль выклікала ў Грынкевіча ўсё большае раздражненне. Яму нават уяўлялася, што калі Гюнтара злёгку штурхануць, з яго пасыпецца бронзавая труха. А моль з захапленнем трындзела пра мастацтва, пра свае эксперыменты з пластычным тэатрам, пра спектаклі без словаў. Грынкевіч вырашыў не спаборнічаць з ім у харызме і проста маўчаў, амаль нічога не каментуючы. Гюнтар разважаў пра мусульманскую экспансію ў еўрапейскіх краінах, а Грынкевіч лавіў Анніны позіркі. Як жа яму хацелася ўбачыць у гэтых спакойных вачах шалёныя бліскавічкі.

Пасярод дэсерту, калі ім прынеслі каву і выпеч­ку, здарылася чэпэ. У кавярню прычыкіляла Маша. Яна была ў плашчыку, кароткіх штанцах і хатніх тапках. Відаць, яна ўзяла ў N толькі абутак на абцасах, які быў непрыстасаваны для перасоўванняў з траўмаванай нагой. У руцэ яна трымала дарожную торбу.

Першай, хто заўважыў Машу, была Анна, бо яна сядзела тварам да ўвахода. Тое, што нешта здарылася, Грынкевіч зразумеў па ейным позірку. Маша не так змянілася за гэтыя восем гадоў, каб Анна яе не пазнала.

— Д-д-добры дзень. — няўпэўнена пралапатала Маша, падыходзячы да іхнага століка.

Яна, наадварот, з цяжкасцю пазнала Анну, а калі зразумела, што перад ёй даўняя канкурэнтка, дык зусім зніякавела. Надта ўжо мізэрнай цяпер выглядала Маша ў параўнанні з Аннай. Хатнія тапкі, кульгавы поступ, нага, перацягнутая бінтам, адсутнасць макіяжу і чарната пад вачыма — відаць, вынік бяссоннай ночы.

— Мне ў тэатры сказалі, што ты сюды пайшоў. — працягнула яна, звяртаючыся да Грынкевіча.

Дастала з кішэні плашча звязку ключоў і паклала яе на стол. Грынкевіч машынальна папрасіў у Анны і Гюнтара прабачэння і пайшоў следам за Машай, якая рушыла ў бок дзвярэй.

Джавані робіць апошнюю спробу ўтаймаваць Эльвіру, апелюе да ейнага пачуцця прыстойнасці. Але чым болей ён прыкладае намаганняў, тым болей Эльвіра распальваецца і скандаліць.

— Чаго ты ад мяне яшчэ хочаш?! — істэрычна ўскрыкнула дзяўчына, калі ён ужо на вуліцы ўчапіўся ў яе руку. — Усё, я з'язджаю, можаш радавацца! У мяне цягнік праз паўгадзіны.

— Абавязкова было сюды прыходзіць?

— Адкуль я ведала, што ты тут сваю блядзь акучваеш?! Я прыйшла ў тэатр аддаць табе ключы, а мне сказалі, што ты пайшоў абедаць і, пэўна, у гэту кавярню. Вось я і тут! Пусці мяне!

Грынкевіч адпусціў яе і думаў ужо вяртацца, але Маша раптам прамовіла:

— А яна незвычайная. Так змянілася. Ты ж цяпер яе дакладна не адпусціш, будзеш за ёй цягацца, як той кот за валяр'янкай.

— Бывай, Маша, — прамовіў Грынкевіч і пайшоў да Анны і Гюнтара.

Ён ужо сядзеў за столікам і спрабаваў надаць размове нязмушанасці, бо сыходзіць не мела сэнсу, калі ў кавярню са слязьмі на вачах зноў уварвалася Маша.

— Ніколі яна цябе не кахала. І цяпер не пакахае! Ты ёй непатрэбны, хіба так, пагуляцца. Можа пакуляецеся пару разоў, як у былыя часы. Бывайце здаровы! — выпаліла яна, як з кулямёта.

Донна Анна і дон Атавіа канчаткова запэўніваюцца ў тым, што Джавані нешта ад іх хавае і таму не заслугоўвае даверу.

І з плачам выйшла з кавярні. Гюнтар, які не ведаў усіх акалічнасцяў, але адчуваў, што гаворка ідзе пра нешта непрыемнае, запытальна глядзеў то на Анну, то на Грынкевіча. Анна спрабавала захоўваць спакой, але вусны ў яе напружана сціснуліся. Грынкевіч сказаў, што яму, відаць, усё ж варта сысці, расплаціўся па сваім рахунку і пайшоў дадому. Было яшчэ тры гадзіны да спек­такля, і ён паспяваў праверыць, ці не ўчыніла Маша развітальны пагром у яго жытле. Але ўсё было нармальна, без разбурэнняў. Дзяўчына яўна дасягнула духоўнага прагрэсу, бо калі яна з'язджала з N два гады таму, то выбіла шкло ў акне на кухні.

Донна Эльвіра сыходзіць.

Рэчытатыў «Povera sventurata!».

На спектаклі ён зноў сустрэўся з Аннай і Гюнтарам, але наўмысна заняў месца ў зале падалей ад іх. Затое ён апынуўся побач з Ірынай, якая нават не павіталася. Ён, тым не менш, павітаўся сам і завёў свецкую размову. Дзяўчына спачатку рэагавала напружана, але потым зрабілася больш прыязнай. Грынкевіч шапнуў, што Маша з'ехала з канцамі.

— Ты дасі мне шанец? — запытаўся ён.

— Бадай што апошні, — шапнула Ірына.

Дон Джавані пасля сыходу Эльвіры таксама спяшаецца адкланяцца, маўляў, яму трэба суправаджаць гэтую нешчаслівіцу, каб яна чаго не нарабіла.

У антрактах ён падыходзіў да Анны. Яны мелі хвілінаў пяць, калі Гюнтар адышоўся. Грынкевіч не ведаў, як выкручвацца пасля прыкрай сцэны ў кавярні і ці варта нешта казаць пра Машу. Аднак Анна загаварыла сама.

— Я не ведала, што ў вас з Машай такая доўгая гісторыя выйшла.

— Яна паехала за мной у N, хоць я яе не клікаў, — адказаў Грынкевіч і падаў сінапсіс гэтай лаў-сторы.

Анна слухала з іранічнай паўусмешкай і нічога не каментавала. Гюнтар вяртаўся да іх, у яго прысутнасці згадкі пра мінулае былі ўдвая недарэчнымі. Грынкевіч пайшоў у залу на сваё мёсца, бо ўжо даўно далі другі званок. Ён дастаў мабільнік і напісаў СМС: «Я клікаў цябе, а прыехала яна. І гэта самая вялікая недарэчнасць у маім жыцці».

Ён асобна выбачаецца перад доннай Аннай і кажа, што заўсёды да яе паслугаў і яго дом заўсёды для яе адчынены.

Сядаючы, ён зірнуў у той бок залы, дзе ўладкавалася Анна са сваім спадарожнікам. Яна таксама глядзела на яго — са здзіўленнем, нават са збянтэжанасцю, як быццам змест СМС яе занадта ўразіў. «Пазней пагутарым. пра ўсё», — адказала яна СМСкай ужо позна ўначы.

Дон Джавані сыходзіць.


Сцэна XIII


Дон Атавіа і донна Анна.

№ 10: Акампанаваны рэчытатыў і арыя «Don Ottavio, son morta!».

Донна Анна раптоўна пазнае ў доне Джавані таго самага незнаёмца, які ўначы прабраўся ў ейны пакой і потым забіў бацьку. Дон Атавіа моцна гэтым уражаны, бо, напэўна, сапраўды лічыў Джавані сваім сябрам, хоць у свавольніка і кепская рэпутацыя.

Донна Анна пачынае распавядаць дону Атавіа пра падзеі той трагічнай ночы. Яна была ў пакоі адна, калі туды ўвайшоў нейкі мужчына, загорнуты ў плашч. Спачатку Анна прыняла яго за Атавіа, бо той жыве ў доме Камандора на правах жаніха. Але неўзабаве яна зразумела сваю памылку.

Анна пераказвае падзеі: незнаёмец моўчкі падыходзіць да яе і хоча абняць, яна вырываецца. Ён наступае — яна крычыць. Але ніхто не ідзе. Нягоднік тым часам адной рукой закрывае ёй рот, а іншай абдымае з такой сілай, што ёй робіцца блага. Атавіа дапытваецца: што потым? Анна кажа, што ўрэшце яна апрытомнела і вырвалася з рук незнаёмца.

Тады Анна стала гучней клікаць на дапамогу. Нягоднік зразумеў, што трэба ўцякаць, але яна пабегла за ім, у двары нагнала і схапіла за плашч. Ёй давялося самой і нападаць, і абараняцца. На крык Анны прыбягае бацька, адбываецца бойка на шпагах... І злачынца забівае старога Камандора.

Донна Анна цяпер прагне помсты. Імя забойцы вядомае, і ён павінен адказаць за свой учынак.

.можна меркаваць, што яны былі знаёмыя даўно, да таго, як пачалося ўласна дзеянне гэтай дра­мы. Можна меркаваць таксама, што Анна калісьці была захопленая Джавані, нават занадта захопленая, чаго не магла сабе дазволіць дачка Камандора дый увогуле шляхотная паненка тых часоў.

Донам Джавані былі захопленыя ўсе. Ён захапляў, бо быў захопнікам і прагнуў пэўнай манаполіі.

За гэта іншыя мужчыны яго ненавідзелі. Зрэшты, жанчыны яго ненавідзелі таксама, але гэта была нянавісць салодкай паразы. Можа быць, ён быў шляхотны, але збяднелы да крайняй ступені — бацькі не пакінулі яму нічога, апроч тытула і нейкага зам­ка, куды можна запрасіць хіба купку сялян. Можа быць, у яго не склалася ваенная ці прыдворная кар'ера. Як мужчына, ён не мог не імкнуцца да перавагі над астатнімі хоць у нечым. Ён начапіў на сябе скандальную рэпутацыю свавольніка і выглядаў у ёй, як асуджаны інквізіцыяй ерэтык, што ідзе на вогнішча ў блазанскім каўпаку і выбіваецца з шэрагаў змарнелых капучонэс.

У гэтым вобразе ён і сустрэў Анну, якая адзіная здолела прачытаць яго як палімпсест, іншым не было ніякай справы да нейкіх там схаваных сэнсаў. Магчыма, ён меў адукацыю і ўвогуле добра ведаў

жыццё і людзей, што рабіла яго годным суразмоўцам. Магчыма, Джавані здолеў у нечым перавярнуць яе свядомасць, якая дагэтуль фармавалася ў каталіцкім кляштары. Анна рана страціла маці, але ж мела бацьку — жорсткага Камандора з дакладнымі ўяўленнямі пра тое, што ёсць добра, а што ёсць дрэнна. Джавані разбурыў гэтыя догмы. і пакінуў яе.

Анна, як тая пушкінская Таццяна, сама падсвядома чакала, што Джавані прыйдзе і разбурыць перашкоды, захопіць і падпарадкуе. Хіба толькі лістоў не пісала, бо не была гэтулькі рамантычнай. Дый увогуле, норавы былі больш строгімі. Жанчына не мела права праяўляць нейкай ініцыятывы! Асабліва калі той, кім яна трызніла, — вядомы свавольнік, а яна — дачка Камандора. Гэты статус шмат да чаго абавязваў.

Ён знік, ведаючы, што Анна ім трызніць. Ён меў над ёй інтэлектуальную і эмацыйную ўладу, а гэта для жанчыны такого кшталту прывязка, мацнейшая за сэкс. У любыя часы. Джавані ўсведамляў, што астатнія жанчыны, якія траплялі ў яго il catalogo, рана ці позна суцяшаліся, забываліся на яго існаванне і працягвалі жыць далей. Была, праўда, асабліва навязлівая донна Эльвіра, але ж хутчэй за ўсё тут ішла гаворка пра зусім свежыя раны, пра сітуацыю, калі з жанчыны толькі што сарвалі ружовыя акуляры. Рэчаіснасць выглядае змрочнай і агіднай, быццам цёмны вільготны склеп, зарослы павуціннем, з такой рэчаіснасцю не хочацца мірыцца. Эльвіра пераследуе Джавані і па сутнасці просіць вярнуць ёй ружовыя акуляры. Рана ці позна яна зразумее, што варта папросту выйсці са склепа на сонца. Але момант гэтага разумення яшчэ не надышоў, таму Эльвіра паводзіцца з Джавані стэрэатыпна, як амаль усе без вынятку жанчыны з невялікім жыццёвым досведам ці недалёкім розумам. У выніку яны знаходзяць сабе чарговага Мазэта ці ідуць у кляштар — каму што бліжэй.

Анна мусіла быць іншай, яна мусіла паводзіцца нестэрэатыпна, думаў Джавані. Яна магла зрабіць выгляд, што хутка забылася пра ўсё, але ж насамрэч захоўвала яму ўнутраную вернасць. Ён знік на працяглы час, а потым з'явіўся. Тут ён даведаўся, што Анна, аказваецца, заручаная з донам Атавіа. Гэта супярэчыла той ролі, якую Джавані адвёў гэтай жанчыне. Гэта магло азначаць інтэлектуальную і эмацыйную эмансіпацыю. Ён баяўся страціць Анну. Ён пайшоў у атаку і атрымаў адпор: то бок, яму проста сказалі, што Атавіа — гэта сур'ёзна і на ўсё жыццё. Джавані ўсё ж не быў Анегіным, каб кінуцца ў ногі да жанчыны, ён умеў толькі захопліваць. Таму ён прабраўся ў пакой да Анны сярод ночы.

Што ж адбывалася ў тым пакоі? Анна, хутчэй за ўсё, сапраўды не пазнала яго і, хутчэй за ўсё, яна сапраўды адчула вельмі моцнае сэксуальнае ўзбуджэнне, бо Джавані ўмеў яго выклікаць. І, хутчэй за ўсё, ён сапраўды ёй авалодаў. Джавані бліскуча перамог: «Sforzar la figlia, ed ammazzar il padre!». Таму істэрыка Анны ў дуэце з донам Атавіа лёгка тлумачыцца жаданнем як мага хутчэй знішчыць таго, хто бачыў яе скоранай, такой як усе. Яна яшчэ не зразумела, хто ён такі. Яна не ахвяра гвалту, якой спрабуе выставіцца потым, калі абставіны ўсё ж прымушаюць Анну нейкім чынам распавесці Атавіа пра тое, што адбылося той ноччу. Анна прагне крыві, каб не дайшло да суду, каб невядомы забойца і гвалтаўнік не паспеў распавесці, што не было ніякага гвалту.

Калі яна сустракае Джавані і пазнае ў ім таго начнога госця, Анна разумее, што ўсе ейныя стаўкі прайгралі. Яна аддалася таму, каму не мела права аддавацца. Яна зрабіла гэта нават без патрэбных рытуалаў заляцання, як гэта ўсё ж было з сялянкай Дзэрлінай. Але ж сялянка Дзэрліна выявілася хітрай і адштурхнула Джавані пасля таго, як ён выкінуў апошнія грошы на банкет. Анна не мела гэткіх навыкаў гульні ў дынама. І цяпер ёй неабходна было знішчыць Джавані, а помста за смерць бацькі была хіба што выдатным камуфляжам.

Увесь астатні час нешта ў ёй варушылася: Анна зноў спрабавала прачытаць гэты палімпсест. Яна не хацела верыць у тое, што Джавані наўмысна забіў Камандора. А яшчэ яна чыста па-жаночы хацела верыць, што ўсё ж адыграла ў ягоным жыцці нейкую выключную ролю. Усё ж ён паспрабаваў перад ёй апраўдацца, калі яго злавілі на спробе гвалту Дзэрліны. Донна Анна лічыла сябе вартай толькі выключнай ролі.

.Яна высачыла Джавані зусім выпадкова — на цёмнай начной вуліцы. Проста заўважыла здалёк самотны мужчынскі сілуэт і загадала лёкаям, што неслі ейныя насілкі, ціха ісці за ім. Непадалёк ад гарадскіх могілак яна выйшла і загадала лёкаям пачакаць. Дзіўна, але ніякага страху яна ў тыя хвіліны не адчувала. Анна ўвайшла на могілкі праз бакавую брамку — яна ведала яе, бо тут была яшчэ свежая магіла ейнага бацькі. А Джавані шпацыраваў якраз вакол помніка Камандора. І яна назірала ўсю гэту вар'яцкую сцэну запрашэння каменнай статуі на вячэру. Ёй раптам стала страшна за Джавані, і жаданне адпомсціць, знішчыць яго неяк адышло ўбок. Джавані быў выключным, выбітным — і Анна не магла дапусціць, каб ён загінуў такім вось недарэчным чынам. Анне падалося, што яна можа на нешта паўплываць. Таму яна і пайшла за Джавані, калі ён пакінуў могілкі.

На цёмнай вуліцы яна дагнала яго і гукнула. Твар Анны быў пад густым вэлюмам, фігуру хаваў чорны плашч. Джавані, вядома ж, быў заінтрыгаваны і таму загадаў Лепарэла хутчэй бегчы дадому і рыхтаваць святочную вячэру для Каменнага госця, каб лёкай не замінаў.

Безумоўна, ён быў шчыра здзіўлены, калі пазнаў Анну. Яна спрабавала яго ўгаварыць не рабіць таго, што ён задумаў. У тыя хвіліны яна была гэткай жа шчырай, як Джыльда, што першай пагрукалася ў дзверы да Спарафучыле. Але што яна пачула ў адказ?

«Даруйце, але гэта проста гульня. Гэта мая гульня, у якой вы былі прызам. Не, я не ўпісваў вас у свой il catalogo. Я не хацеў вас публічна ганьбіць і нават пасля маёй смерці ніхто не даведаецца, што вы былі тысяча чацвёртай іспанкай. Я ўвогуле не думаў з вамі вось так абыходзіцца, хоць я і жадаў вас не дзеля калекцыі: ніхто так не разумеў і не адчуваў мяне, як вы. І тут раптам з'яўляецца дон Атавіа. Я не хацеў упусціць вас і страціць. Але ж прапанаваць вам тое, што прапанаваў ён, я не магу. Я не магу вам гарантаваць такую вернасць, я іначай яе разумею. Я нездарма вярнуўся да вас, і я б вяртаўся і надалей, нават калі б вы сталі ягонай жонкай. Я разумею, што вы павінны былі за некага выйсці замуж, але.»

«Ты разумееш, што можаш не дажыць да ран­ку?» — абрубіла яна гэтую цынічную тыраду.

Больш не было сэнсу рысавацца. Ён спачатку нічога не адказаў, нават павярнуўся да яе ў профіль, каб Анна не бачыла ягоны твар. Зрэшты, у змроку позняга вечара гэта не мела ніякага сэнсу.

«Разумею, — нарэшце прамовіў дон Джавані. — Але я даў слова гонару твайму бацьку».

«Мяне заўсёды забаўляла, калі мужчыны твайго кшталту разважаюць пра гонар», — сказала донна Анна, і ў голасе ейным пачулася ці то іронія, ці то роспач.

Дон Джавані зноў прамаўчаў.

«Мне падавалася, дон Атавіа быў найвялікшай перашкодай. Але ж усё выяўляецца значна больш складаным. Твой бацька без асаблівай гасціннасці прымаў мяне ў сваім доме».

«А ў мяне ты калі-небудзь пытаўся, ці. Навошта ты ад мяне адмовіўся?! Ты сам усё ўскладніў!»

«У гэтым ты маеш рацыю. Але ўжо позна. Ён неўзабаве прыйдзе».

Дон Джавані раптам адчуў, што яму страшна. Банальна страшна, як маладому рэкруту, што трапіў у войска і адразу апынуўся ў баі пад стрэламі. Ён узяў Анну за плечы і прытуліў да сябе. Ад яе ішло цяпло, яно на хвілю прымусіла забыцца на тое, што развязка ўжо зусім блізкая.

«Я прашу вас толькі пра адну ласку — насіце па мне жалобу цягам года, — прашаптаў ён і пацалаваў дачку Камандора ў вусны праз вэлюм. — Няхай людзі думаюць, што справа толькі ў вашым бацьку. Вы можаце мне гэта паабяцаць?.. »

Яна прамаўчала і сышла ў цемру.

Далей адбылося тое, што адбылося, — вячэра, Каменны госць, пякельная фантасмагорыя. А потым Анна проста адмовілася прыспешваць вяселле з Атавіа: «Lascia, o caro, un anno ancora allo sfogo del mio cor». Яна адзіная з усёй гэтай кампаніі мсціўцаў даравала Джавані, хоць мела ўсе падставы яго ненавідзець.

Донна Анна сыходзіць.


Сцэна XIV


Дон Атавіа адзін.

Рэчытатыў «Come mai creder deggio...».

— Якая белая і пухнатая донна Анна ў цябе атрымалася! — з ледзь заўважнай прыкрасцю вымавіў Грынкевіч і адарваўся ад манітора ноўтбука, на якім Анна дэманстравала яму свае нататкі. — Дый увогуле, я матывацыю ўчынкаў дона Джавані тут не вельмі разумею. Неяк усё занадта складана.

Анна паціснула плячыма і падала яму пляшку віна і штопар. Сёння ейны Гюнтар з'ехаў у Нямеччыну, і невядома, ці наведае ён N да прэм'еры «Дона Джавані». І як у даўнія часы, яна сказала Грынкевічу: «Заходзь у госці». Тэатр пасяліў яе ў кватэру, якую трымалі адмыслова для розных запрошаных гастралёраў: Анна наўмысна адмовілася ад гатэля, сказаўшы, што больш любіць хатнюю атмасферу.

Пакуль госць чытаў нататкі, гаспадыня паспела прыгатаваць імправізаваную вячэру ў італьянскім стылі. Гэта была паста-пескатора, рэцэпт якой Анна сачыніла дваццаць хвілінаў таму. Яна і ў юнацтве ніколі не ведала ніякіх рэцэптаў, таму ейныя стравы заўсёды нагадвалі тэму з варыяцыямі.

Дон Атавіа ўсё яшчэ не можа паверыць у тое, што шляхотны кавалер мог здзейсніць такое чорнае злачынства.

— Май на ўвазе, што я гэта напісала даволі даўно, калі яшчэ вучылася на першым курсе, — патлумачыла яна. — У мяне тады яшчэ было жаданне ўсё ўскладняць у матывацыях. Мае выкладчыкі раілі мне больш назіраць за жывымі людзьмі, а не вычытваць нешта з папулярных кніжак па псіхалогіі. Але я дагэтуль лічу, што ў Джавані і Анны не было ніякага шанцу. Па сутнасці, яна нічога не магла змяніць у гэтай сітуацыі, — разважала Анна, беручы талерку госця, пакуль той разліваў віно па келіхах. — Джавані стварыў сабе такую рэпутацыю, што нават калі б яна з ім патаемна павянчалася, нічога добрага з гэтага б не выйшла.

— Чаму?

Грынкевіч узяў у рукі свой келіх. Звычайны келіх з белым іспанскім віном. Кватэра, у якой жыла запрошаная рэжысёрка, выглядала амаль як надзіва чысты постсавецкі гатэль недзе ў правінцыі, які вось-вось зачыняць на капітальны рамонт. Не надта зацёртая мяккая мэбля, пэўна, выпушчаная ў тыя часы, калі Анна яшчэ была піянеркай. Кухонны гарнітур з той самай эпохі, нават кілім на падлозе быў як з іхнага тынэйджарства.

— Таму што донна Анна ўсё ж была рэалісткай. І ёй зусім не хацелася быць фармальнай жонкай вядомага свавольніка, — вылучыла Анна сваю тэорыю і таксама ўзняла келіх. — За «Дона Джавані»! За юнацкія мары ды іх ажыццяўленне!

Яны выпілі. Грынкевіч на некалькі хвілінаў забыўся пра оперна-псіхалагічную дыскусію і пачаў шчыра хваліць кулінарнае майстэрства Анны. Гэта было зусім як дзесяць гадоў таму. Праўда, стравы тады былі больш дабротныя, прыгатаваныя так, як вучыла бабуля-немка. Пытанне «Ты што-небудзь еў?» гучала заўсёды, калі Грынкевіч заходзіў у госці. Анна не была педантычнай гаспадыняй, але ж ніколі не харчавалася паўфабрыкатамі, нават калі не мела часу і ўмоваў, каб прыгатаваць штосьці «сапраўднае». У першыя гады ў Маскве яна жыла ў студэнцкім інтэрнаце і штодня сумленна прыходзіла на кухню.

Атавіа хоча ва ўсім разабрацца. Ён пачуваецца і мужам, і сябрам Анны, таму шчыра хоча дапамагчы.

— У мяне ў гэтым сэнсе комплекс харошай дзяўчынкі, — засмяялася яна, згадваючы гады вучэння на рэжысуры. — Я не магу абедаць «Ралтонам», а вячэраць чыпсамі і крабавымі палачкамі. Напэўна, гэта адна з нешматлікіх маіх цнотаў. На першым курсе ні на што не было часу. Я перакладала. Сустракала замежнікаў з самалёта або цягніка. Працавала ўначы альбо ў нядзелю. Працавала, ясна, няшмат дый зарабляла няшмат. Часта ела кашу з сякеры. На другім курсе бацька прыехаў да мяне мірыцца і прывёз у падарунак новы ноўтбук. Мой стары якраз шчасліва накрыўся, і я засталася без замоў на пісьмовыя пераклады. Ну, вось так і жыла. Праўда, калі я пайшла працаваць у тэатр, то стала нашмат прасцей. А потым скончыла інстытут ды перабралася ў Маскву канчаткова, ужо ў сваё жытло.

— Значыцца, прадала піцерскую кватэру?

— Угу. Увогуле хацелася абрубіць з Піцерам сувязі. Піцер — гэта цяпер толькі горад, дзе жыве бацька.

Грынкевіч прамаўчаў. Яму было крыху сумна зразумець, што ён больш не ўвойдзе ў кватэру, з якой было звязана столькі і добрага, і горкага ў ягоным з Аннай агульным мінулым. Усё яго піцерскае жыццё прайшло ў інтэрнатах, і Анніна жытло чамусьці ўялялася нечым падобным да сапраўднага дому, у які хацелася прыходзіць часцей. Прынамсі напачатку. Потым ён ужо іначай адчуваў гэтую кватэру. Гэта была багна.

Цяпер яму чамусьці згадалася, як аднойчы летнім вечарам, які плаўна пераходзіў у белую ноч, яны сядзелі на гаўбцы ды размаўлялі. Яму было сямнаццаць, і ён рыхтаваўся паступаць у вучэльню на харавое. А яшчэ яму вельмі не хацелася ехаць да бацькоў у Мінск, бо тата ні з пушчы ні з поля выкінуў тое, чаго ад яго ніхто не чакаў, — сустрэў студэнцкае каханне, якое калісьці выйшла замуж за іншага.

Ён тады быў злосны на бацьку, вельмі яго асуджаў і ўсё гэта прагаворваў Нюце. Яна слухала з нібыта адчужаным выглядам і амаль нічога не казала, апроч таго, што ўсё ў свеце мае завяршэнне. «Як ты можаш такое казаць?!» — выбухнуў хлопец. «Я — магу, бо ведаю», — адказала дзяўчына. Ён тады раззлаваўся на яе і сапраўды хацеў сысці, але дзяўчына яго затрымала. Прасіла прабачыць яе, казала, што потым як-небудзь распавядзе, што яна мела на ўвазе. Гладзіла яго па шчаках, па непаслухмяных валасах. Яна пацалавала яго першая, і гэты пацалунак агаломшыў хлопца, бо не меў нічога агульнага з ранейшым досведам падлеткавай гульні ў «бутэлечку» з іншымі дзяўчатамі. Калі б не гэткая спантанная ініцыятыва, ён бы яшчэ працяглы час не ведаў, што Нюціны грудзі, клубы ды ногі заслугоўваюць больш пільнай увагі. А магчыма, увогуле б лічыў яе проста сваім зэ бэст фрэнд.

Атавіа няпроста быць і мсціўцам, і суцяшальнікам.

Яна ж нашмат пазней прызналася, што хацела яго ў той момант хоць чым-небудзь супакоіць, і толькі.

— Дарэчы, як твой тата маецца? — запытаўся Грынкевіч.

— Фантастычна! У мяне неўзабаве будзе яшчэ адзін брат, недзе пад новы год.

— Чакай. Тваёй мачасе, як я памятаю, гадоў не так ужо і мала для такіх рэчаў.

— Тая мне ўжо не мачаха! — хмыкнула Анна. — Яна проста трэцяя жонка Антона Рупеля. А маёй новай мачасе ўсяго дваццаць пяць.

№ 10а: Арыя «Dalla sua pace.».

Анна паклала сабе ў талерку салату і знакам папрасіла яшчэ віна. Грынкевіч спрабаваў перастрававаць навіну пра Рупеля і адначасова назіраў за дзяўчынай. Яе сапраўды цяжка было назваць жанчынай, маладой жанчынай. Толькі дзяўчынай. На ейным твары былі адно слабыя намёкі на мімічныя зморшчыны. Анна захавала пэўную свежасць і чысціню аблічча. У дваццаць гадоў ёй здалёк можна было даць дваццаць пяць: прыкладна ў такім узросце кабета пачынае страчваць юнац­кую наіўнасць рысаў і нават твар з пухлымі ад прыроды шчакамі набывае нейкую драматычнасць. Аднак Анна і ў дваццаць гадоў мела тое, што Грынкевіч мог назваць «драматычнасцю рысаў». А вось цяпер яна таксама выглядала гадоў на дваццаць пяць. Вечная Беатрычэ.

Ён падумаў, што непрыстойна ўсё ж вось так сядзець, утаропіўшыся на чужую дзяўчыну. Цяпер не тыя часы і не той момант. Таму Грынкевіч і вярнуўся да абмеркавання асабістага жыцця Рупеля.

— Жвавы ў цябе татачка!

Іронія, відаць, была такой канцэнтраванай, што перарадзілася ў сарказм. Анна запытальна на яго зірнула.

— Зрэшты, у нашым асяродку ўсялякае бывае. — працягнуў Грынкевіч, дадаючы свайму выказванню талерантнасці.

— Мне, паміж намі, дзевачкамі, так прасцей, — сказала Анна, адпіваючы віно з келіха. — З трэцяй жонкай праблемы былі даўно, яшчэ калі я ў школе вучылася. Потым пачаліся непрыемнасці з маім брацікам. Яму цяпер амаль дваццаць, а ён нідзе не вучыцца, не працуе і сядзіць у камп'ютарным клубе на «стралялках». І яшчэ яго пару разоў бралі за распаўсюд сам здагадайся чаго. Бацька ўжо тады адчуваў, што на ім прырода адпачне, яшчэ калі я ва ўніверсітэт паступіла. Вось ён і займаўся мной, як больш перспектыўным нашчадкам, пакуль я не сказала: усё, тата, досыць з мяне. Два гады не размаўлялі, нават са святамі адно аднаго не віншавалі. Я тады не пашкадавала нерваў, каб памяняць прозвішча, ты сабе не ўяўляеш, што там было. А тры гады таму ён знайшоў сабе студэнтку, якая глядзела на яго як на айца, сына і святога духа ў адной асобе. І цяпер у нас з бацькам адносіны проста цудоўныя. Ён увесь заклапочаны чацвёртай сям'ёй і перыядычна бегае ў міліцыю адмазваць сына ад трэцяга шлюбу. З найстарэйшым там свая гісторыя, я толькі ведаю, што мой краснаярскі брат калі ажаніўся, то ўзяў жончына прозвішча. Там канцы абрубленыя. На мяне ў яго хапае часу, толькі каб раз на два тыдні пагутарыць па тэлефоне пра справы і запытацца пра жыццё і здароўе. А мне толькі таго і трэба.

— Але ж чацвёртая жонка. Маладая жонка і ў такім веку.

— Ён добра выглядае, дарэчы, як на свае шэсцьдзясят. А наконт маладой жонкі, дык ты яго павінен зразумець.

— Каханка і жонка — гэта рознае, — запярэчыў Грынкевіч.

— Ты стаў кансерватыўным?

Дон Атавіа напраўду кахае сваю нявесту дон­ну Анну. Ягоны мір і спакой у душы залежыць ад таго, наколькі спакойная і шчаслівая яна.

Грынкевіч зноў прамаўчаў. І Анна змоўкла так­сама. Навошта яна запрасіла яго ў госці, для Грынкевіча было загадкай. Яна, вядома ж, спрабавала паводзіцца з ім так, нібыта яны зэ бэст фрэндз і нічога большага. Але цяпер у яе быў прыкладна такі самы выраз твару, як тады, калі ў тэатры яна атрымала СМС пра самую вялікую недарэчнасць.

— А твае бацькі так і засталіся разам?

— Засталіся, — адказаў Грынкевіч. — Амаль дзесяць гадоў так пражылі, а потым. Потым у бацькі здарыўся другі інфаркт, і ён зразумеў, што толькі наша мама яго не кіне ў нядолі. Так ён з той жанчынай і парваў. А маці маўчала ўсе дзесяць гадоў.

— Я б не здолела так, напэўна, — сказала Анна, вагаючыся.

— Я б таксама. Але я чамусьці пачаў шанаваць іх за тое, што ўсё ж не разбегліся. Нешта ёсць у гэтым правільнае.

І зноў была паўза. Гутарка «пра ўсё», якую нібыта абяцала яму Анна, не склейвалася. Напэўна, яна перадумала размаўляць на асабістыя тэмы. «Наколькі ў цябе сур'ёзна з Гюнтарам?» — запытаўся ён позіркам, але ўголас прамовіў:

— Ты сапраўды лічыш, што дон Джавані не мог змяніцца? Ну, стаць палімпсестам для ўсіх, не толькі для донны Анны, — пачаў Грынкевіч.

— Я лічу, што ён у вечным пошуку. І ў такім даўнім, што паспеў забыцца — а што ж я шукаю? Ну, гэта нібы чалавек, які прыйшоў у гіпермаркет, бо чуў, што там распродаж макаронаў, напрыклад. Шукаў, шукаў. Макаронаў з пазнакай «акцыя» не знайшоў, затое накідаў поўны вазок усякага лайна, яшчэ і кіпу грошай заплаціў, як гэта бывае ў гіперы. Вось і ён. Шукаў некага, а знайшоў донну Анну, для якой ён па ўсіх парамет­рах не пара. Не змог на гэтым супакоіцца і зрабіў усё, каб зламаць жыццё і ёй, і сабе. Закранутае самалюбства. Як гэта так: для тысячы трох іспанак ён нішто сабе пара, а для адной Анны — не пара. Не, у ім можна знайсці сімпатычныя рысы. Але ж я не такая рамантычная асоба, каб іх раздзьмухваць. Я не хачу рабіць спектакль пра сімпатычныя рысы дона Джавані.

— Нюта, а ты ўпэўненая, што не карыстаешся цяпер псіхалагічнымі штампамі?

Яна вытрымала паўзу, ужо -наццатую за гэты вечар, і пачала казаць павольна, узважваючы кожнае слова:

— Не думаю. У яго ўвайшло ў звычку калекцыянаваць жанчын, ён іначай не ўмее. А яшчэ ён пераключаецца з адной на адну таму, што баіцца: жанчыны разглядзяць яго рэальнага і самі кінуць. Яму не патрэбныя трывалыя адносіны, яму трэба стварыць уражанне, нават калі яно адмоўнае.

Тое, што радуе каханую,напаўняе радасцю і сэрца Атавіа.

Аргументацыя была слабай, але ён не стаў нічога даводзіць сваёй суразмоўцы. Ён моўчкі ўзняўся і прайшоўся па пакоі, у якім яны сядзелі за вячэрай. Тут было фартэпіяна, нашмат лепшае за тое, што стаяла ў жытле Грынкевіча. Ён ацаніў яго, прабегшыся па клавіятуры: добрае фартэпіяна для гасцявых артыстаў.

— Дык пра што будзе спектакль? — пацікавіўся ён, апускаючы века інструмента.

— Стылізацыя, але хітрая. Спроба цалкам рэканструяваць той тып арганікі, які быў уласцівы оперным спевакам два стагоддзі таму. Калі гэта ўвогуле можна назваць арганікай. Хутчэй манерай паводзінаў на сцэне. Так, я хачу не толькі касцюмы як на тую эпоху, не толькі кранальнапрымітыўныя дэкарацыі, не толькі сціплае асвятленне, як быццам на рампе стаяць свечкі, і гэтак далей. Я хачу ненатуральных жэстаў, тупых мізансцэн, неадэкватных рэакцый, падвышанай афектацыі. Я хачу «граду з артышокамі» ў фінале! Абавязкова хачу!

— Гэта вельмі несучасны сцёб.

— Я думала пра тое, што ты называеш «сучасным сцёбам», — адказала Анна, якую цяпер ужо немагчыма было спыніць, бо ўвесь ейны сапраўдны тэмперамент у такія моманты прарываўся вонкі. — Я спачатку нават накідала дзве канцэпцыі, але ж я не маю столькі часу, каб зрабіць нешта канцэптуальнае. Я ж не мэтр, каб мець з дзясятак хатніх нарыхтовак. Дый увогуле, я не ведаю, ці будзе ў мяне іншая магчымасць паставіць нешта ў оперы.

— А хацела б? Оперу ставіць хацела б? А не мюзіклы ці сацыяльную драму разам з Гюнтарам? Стаць сапраўдным оперным рэжысёрам са сваім стылем, абліччам.

— Гэта мой эксперымент, першы досвед, — ска­зала Анна, пастукваючы косткамі пальцаў па ста­ле. — Авантура. Я ўсё баюся выявіцца непрафесійнай.

— Нашыя салісты цябе ўжо любяць, як толькі ты сказала, што гэта не будзе спектакль у сучасных касцюмах. І яны шчаслівыя, што дон Джавані не гей, не маньяк, не фашыст і не наркот.

— Слухай, мне на донну Анну патрэбныя немаладыя салісткі. Такі спецыфічны тыпаж, мой педагог называў іх «цёткі з цыцкамі». Вось такія цёткі, можа нават з лёгкай гойданкай ці пясочкам у голасе. З гойданкай нават лепей, арганічней.

Грынкевіч адчуў небяспеку: Анна сапраўды разважала непрафесійна. Меней за ўсё ён хацеў салістку з гойданкай. Ён па-ранейшаму схіляўся да таго, што галоўную партыю павінна спяваць Ірына, хаця б у другім складзе. Да таго ж ён абяцаў ёй гэтую партыю.

— Прабач, але ў мяне там маладая і прыгожая паненка мадэльнай знешнасці. І яшчэ адна для падстрахоўкі, досыць стройная і нестарая. Але яна часта гастралюе, таму я думаю пра яшчэ адну салістку.

— Гэта кепска. Няхай твая мадэлька вучыць Дзэрліну. Якраз такую я хацела на Дзэрліну.

— Нюта, ты хочаш разбурыць мне ўсю музычную частку гэтай сваёй вампукай?! Ты таксама прыхільніца рэжысёрскай оперы?!

Тое, што прымушае яе пакутаваць, даводзіць закаханага да адчаю.

Анна змоўкла і закусіла губу. Яна адчула супраціў.

— Ты можаш рабіць на сцэне што хочаш, але партыі паміж салістамі размяркоўваю я. І мне непатрэбныя састарэлыя салісткі, якія потым мне ўсю душу дастануць, — дадаў Грынкевіч тонам, у якім чыталася, што ён гатовы нават адмовіцца ад пастаноўкі, калі яму пачнуць дыктаваць падобныя ўмовы.

У яго словах адчувалася сапраўдная крамянёвая цвёрдасць. Анна, відаць, зразумела, што даўні сябра не жартуе і шмат у якіх праявах зусім не змяніўся, таму вырашыла яму не пярэчыць.

— Яны будуць цябе любіць, бо ў якім яшчэ спектаклі іх выпусцяць на сцэну ў галоўных партыях! — выкарыстала яна апошні аргумент, зусім дробны козыр.

— А публіка ў зале таксама будзе мяне любіць? А крытыкі ў газетах што пра гэта напішуць? «Дон Джавані, або Герантафілічны кашмар»? Нюта, я не згодны на такую авантуру.

Ён зноў узняў века фартэпіяна і машынальна пачаў граць па памяці прэлюдыю з «Добра тэмпаванага клавіра». Анна стала ў яго за спінай і паклала Грынкевічу рукі на плечы.

— Лёша, я разумею твой перфекцыянізм, пагатоў у цябе гэта першая пастаноўка, — загаварыла яна яшчэ больш дыпламатычным тонам. — Я не прапаную табе цягнуць на сцэну нейкі там крымінал. Але ў мяне ёсць такое пажаданне, я так гэта бачу: немаладая прымадонна спаборнічае на сцэне з больш маладой і перспектыўнай. Калі дакладней, немаладая — гэта донна Анна, а больш перспектыўная — гэта донна Эльвіра. Разам з тым там ёсць маладзенькая і прыгожая старлетка Дзэрліна, якая робіць кар'еру не столькі голасам, колькі сваімі жаночымі талентамі. І гэ­та не вампука. Гэта пра тое, як закулісныя жарсці раптам прарываюцца на сцэну, мізэрныя такія жарсці.

Грынкевіч перастаў граць і ўзняўся са свайго месца.

— Стаяначка. А як жа ж дон Джавані, донна Анна. дзе іхнія ўзаемадачыненні?

— А няма ў іх ніякіх узаемадачыненняў! На сцэне людзі будуць думаць пра што заўгодна, толькі не пра вобразы сваіх герояў. Пра верхнія ноты, пра тое, каб у больш выгадным месцы стаць, каб фермату недарэчную зрабіць, каб заваліць канкурэнта. Зразумей: я раблю спектакль не пра дона Джавані. Я раблю спектакль пра оперу. Пра тое, як сціраецца дэмаркацыйная лінія паміж сцэнай і жыццём.

Ён зноў пачаў хадзіць туды-сюды па пакоі. Тое, што прапаноўвала Анна, выглядала насамрэч авантурным, але гэтага ніхто ніколі не рабіў. Гэта дае і яму, і салістам пэўныя перавагі. Прынамсі, іх не прымусяць танчыць хіп-хоп, а потым думаць, як аднавіць дыханне. Прынамсі, у такой версіі «Дона Джавані» нават выпадковыя пеўні будуць укладвацца ў канцэпцыю сцёбу з оперы як такой. І няхай сцёбу не зразумеюць, няхай назавуць спектак ль вампукай.

У галаве закруцілася ідэя: у трупе было сапрана, якое эксплуатавалі пераважна ў цяжкім вердзіеўскім рэпертуары. Як амаль усе оперныя спявачкі з каўказскай крывёй, голас дама мела магутны. Была яна невялікага росту і выглядала з залы як куб. Але ж матэрыял быў сапраўды выбітны. Дык чаму не. Нават калі давядзецца патраціць лішнія нервы і калорыі на стылістычную шліфоўку. А калі ініцыятыва ідзе ад рэжысёра, то Грынкевічу прасцей будзе размаўляць з Ірынай.

— Ну добра. Давай паспрабуем. А наконт маладой і прыгожай донны Анны, дык у мяне ў прынцыпе былі сумневы. Я купіўся хіба на тое, што дзяўчына вельмі хутка вучыць партыі і вельмі рупліва працуе на рэпетыцыях. У яе ўвогуле энергетыка слабаватая і галасок субрэткавы, хоць і прыемны. Заўтра патэлефаную да адной цёткі з цыцкамі, але без гойданкі. Здаецца, яна з гастроляў павінна вярнуцца.

— Ты цуд! — радасна выгукнула Анна. — Як лёгка з табой паразумецца! Вось калі мы працуем з Гюнтарам, дык ён сваіх ідэяў трымаецца, як Брэсцкая крэпасць.

Згадка пра Гюнтара зноў чамусьці разанула яго. Гэтыя словы надавалі нямецкаму жаніху рэальнасці, бо дагэтуль Грынкевіч уяўляў яго нечым віртуальным, нягледзячы нават на тое, што бачыў яго на ўласныя вочы.

— Праўда, ён не дырыгент, а рэжысёр, як і я. Можа, таму нам складаней размежаваць дзялянку?

Калі ўздыхае каханая, уздыхае і ён.

Анна пачала апавядаць пра Гюнтара. Яны пазнаёміліся тры гады таму ў Маскве. Яна была яшчэ студэнткай, а ён ужо меў нейкі досвед працы ў сябе ў Нямеччыне. Але яму дзеля цікаўнасці хацелася павывучаць рускую школу, і ён стажаваўся ў адным з маскоўскіх тэатраў. На той момант Гюнтар меў складанасці з рускай мовай, і Анна дапамагала яму гэтыя складанасці пераадолець. Праўду кажуць, што замежныя мовы заўсёды лепей вучыць з партнёрамі па ложку.

Потым яна зноў перайшла на спектакль, на свае канцэпцыі, якія выглядалі як зацяжны скок з парашутам. Грынкевіч слухаў не надта ўважліва. Час ад часу ён спрабаваў выклікаць тую, былую

Нюту, як Мефістофель выклікаў выяву Маргарыты для Фаўста. Але яна была Аннай. Канчаткова і беспаваротна. Позна ўвечары ён адчуў, што трэба развітвацца, хоць Анна і не праганяла яго, зусім як у былыя часы. Але ў гэтай кватэры не было асобнай канапы, каб уладкаваць госця.

— А тэнар мне патрэбны істэрычны. Зрэшты, мне ўсё адно, як ён будзе выглядаць і спяваць, тэнар гэта заўсёды тэнар, — казала яна, калі Грынкевіч ужо абуваўся ў вітальні.

— Ой не кажы! Ладна, калі яны проста тупыя, як боты. А бывае і горш. Ты проста яшчэ не бачыла таго хлопчыка са стажорскай групы, якога я на дона Атавіа як страховачны варыянт паставіў. Там такі Саша, зайчык зайчыкам. Консу летась скончыў, пакуль на маржовых партыях. Дык вось, ён у нас кшталту разумны. Падыходзіць да мяне ўчора з прэтэнзіяй і кажа такое: а чаго гэта ў нас у «Dalla sua pace.» няма мелізмаў і варыяцыяў? Маўляў, пры паўторы трэба — Da Capo. Я кажу: залезь у падручнік і павучы матчастку. Якое, каб табе заняло, Da Capo?! Тэарэтык хрэнавы, яшчэ вучыць мяне будзе.

Анна ад душы парагатала над гэтым расповедам.

— Ты ведаеш, я, напэўна, зраблю цябе ўдзельнікам спектакля, — сказала яна крыху пазней.

— Спадзяюся, мяне ты не станеш апранаць у сурдут і парык з коскай?

— Увогуле было б няблага, але тады ўжо трэба гэтак апранаць увесь аркестр, а на такія выдаткі тэатр не пойдзе, і.

— Нюта. Але ж «Дон Джавані» — ён усё ж не пра оперу, ён пра звычайных людзей. Пра іх пачуцці.

Ён са слабой надзеяй узіраўся ў ейныя вочы, яму ўсё хацелася нешта ў іх прачытаць. Анна не разумела і не адчувала гэтага. Можа таму, што была захопленая сваімі творчымі ідэямі.

— Разумееш, Лёшачка, я, пэўна, не маю ілюзій наконт таго, што з оперы можна рабіць гэтакі тэатральны арт-хаўс. То бок, апранаць спектакль у сучасныя касцюмы і паказваць нейкія праблемы сучасных людзей. Што такога адмысловага я скажу гледачу? Што ва ўсёй гэтай опернай гісторыі пра пакаранага свавольніка няма кахання? Ну дык гэта ўжо ўсе ведаюць. І што адсутнасць кахання — вельмі актуальна і сучасна, гэта таксама ўсе ведаюць. Людзі збяднелі на пачуцці. Ім хочацца або прыгожа і без абавязальніцтва, або з надрывам і з раздзіраннем болек, як у тваёй Машы. Лямур-тужур на офісным стале — вось гэта цяпер актуальна. Каханне існуе толькі ў галовах сучасных людзей. Або ў скайп-логах, лічы — таксама ў галаве. Кожны хоча верыць: тое, што ён перажывае, — прыгожа і непаўторна. А насамрэч гэта пошла і брыдка, як раманы Вішнеўскага. Дык навошта нагадваць людзям пра гэта? Лепей ужо зрабіць сцёб з оперы.

— Якой таксама няма!

Ейныя гнеў і гораягоныя. І яму не зведаць радасці, пакуль каханая не стане шчаслівай, прызнаецца дон Атавіа.

Абое раптам зарагаталі, бо цудоўна адно аднаго зразумелі. Грынкевіч ужо стаяў у вітальні апрануты і гатовы ісці. Анна нечакана правяла пальцамі па яго шчацэ і злёгку кранулася вуснамі яго вуснаў. Гэта быў нявінны сяброўскі пацалунак, які выглядаў натуральным, хоць і быў спантанным.

— Вось забаўна, — сказала яна з усмешкай. — Я ніколі не думала, што ты адпусціш бараду і вусы, ды яшчэ і так схуднееш.

Грынкевіч пацалаваў Анне руку, хутка развітаўся ды пайшоў. Ён не мог зразумець яе. Наўрад ці яна яго спакушала, надта ўжо спакойны ў яе быў позірк. Але надта ж адчайна яна спрабуе сябраваць, каб гэта было абыякавасцю. Так, яна змянілася, стала нібыта іншай. Раней была процьма розных, цяпер адзін Гюнтар. Але нешта яна цямніць з гэтым Гюнтарам.

Дома ён сачыніў чарговы ліст бацьку, у якім даводзіў, што музыкант не можа быць прывязаны да пэўнай глебы, і гэта нармальна. Распавёў яму пра «Дона Джавані» і пра тое, як яго будуць ставіць.

Ён лёг спаць рана, хоць назаўтра меў выходны. А раніцай наступнага дня чамусьці доўга аглядаў сябе ў люстэрку пасля таго, як пачысціў зубы. Рука сама пацягнулася па брытву і крэм на галенне. Неўзабаве Грынкевіч ужо выглядаў амаль такім, якім ён быў гадоў восем таму, ад'язджаючы ў N — хіба шчокі болей праваліліся і сталі бачнымі зморшчыны ад крылаў носа да куткоў рота. Ну, і адкрыўся шнар, дагэтуль схаваны барадой. Тым не менш яму спадабалася гэтая спантанная перамена, і ён усміхнуўся самому сабе.

Дон Атавіа сыходзіць.


Сцэна XV


Дон Джавані і Лепарэла.

Рэчытатыў «Io deggio ad ogni patto...».

— Пра цябе пыталася Ірка Рогава. — змоўніцкім паўшэптам сказаў Міша.

Саліст-бас і чарговы дырыгент сядзелі ў тэатральным буфеце. Сёння будзе «Эліксір кахання», які ў гэтым сезоне павесілі на Грынкевіча. Навошта? У яго ўласная пастаноўка, а з наступнага сезо­на ён з'язджае. Але працай яго завалілі, як ніколі раней. Відаць, своеасаблівая помста Маэстра Галоўнага. Год таму ніякай працы, а тут на табе.

Да спектакля заставалася гадзіны паўтары, і таму сябры разам тут абедалі. У Мішы сёння быў на свой лад няпросты дзень: жонка закаціла яму скандал праз чарговую прыхільніцу. Таму прыгажун-бас прыйшоў у тэатр зарана, і Грынкевіч чым мог супакойваў яго перад выступам.

Міша мяняў тэму размовы, пераскокваючы на амурныя справы сябра, — гэта было добрай прыкметай: значыць, саліст ужо ачомаўся ад сямейнага стрэсу і праспявае спектакль нармальна. Але абмяркоўваць з ім Ірыну зусім не хацелася.

Лепарэла бурчыць: трэба кідаць службу ў гэта­га вар'ята дона Джавані. Колькі ўжо можна! Вунь ён ідзе, гляньце толькі на яго задаволены твар. Зноў, напэўна, прыдумаў нейкую гульню.

— І пра што яна пыталася? — пацікавіўся дырыгент.

Тое, што Ірына цікавіцца ім, прымусіла Грынкевіча перастаць думаць пра дзве непрасаваныя, абсалютна ідэнтычныя кашулі, якія ён кінуў у заплечнік, ідучы ў тэатр. Ён меркаваў пасля абеду зайсці ў касцюмерную і папрасіць прас. Звычайна ён выходзіў на подыум у кашулі небанальнага колеру чырвонага парфіру, які яму надзвычай пасаваў, — ніякіх фракаў або пінжакоў дырыгент не прызнаваў. Сёння сапраўдны халодны восеньскі дзень, і, напэўна, не давядзецца пераапранацца ў антракце: змакрэць не паспееш, толькі сагрэешся.

Пасля словаў Мішы ён, аднак, перастаў раздумваць пра свой сцэнічны імідж. Перспектыва працаваць сёння з Ірынай напружыла яго, як ніколі.

— Вядома ж, яна пыталася пра Машу. Ну, я ёй расказаў: так, была тут у хоры такая Маша, у цябе закаханая, але нічога я пра Машу не чуў ужо два гады, пакуль яна сюды не прыкаціла тры тыдні таму. Але ж яна пыталася яшчэ і пра Іванову. Тут я ўжо нічым не змог ёй дапамагчы.

Дон Джавані сапраўды задаволены. Усё ідзе добра, кажа ён свайму лёкаю. Не, усё ідзе кепска, бурчыць Лепарэла.

Усе гэтыя размовы пачыналі раздражняць. Не так даўно Грынкевіч перажыў сцэну з Ірынай, калі яна даведалася, што яе зусім знялі з партыі донны Анны і перавялі ў Дзэрліны. Яны, здаецца, замірыліся, прычым дзяўчына з кожным спатканнем рабілася ўсё больш палкай і выяўляла ўсё новыя і новыя бакі свайго інтымнага таленту. І тут ён зноў называе яе Аннай. А пасля вымушаны сказаць, што яна павінна вучыць зусім іншую партыю. Такі ўдар па самалюбстве і лібіда адначасова! Ірына крычала, абвінавачвала Грынкевіча ў тым, што ён цалкам пакладзе музычную частку на ахвярнік рэжысёрскага самалюбства. Ёй трэба набіраць рэпертуар, у тым ліку канцэртны. А што яна можа выціснуць з гэтай партыі? Дуэт «La ci darem la mano.»? Абедзве арыі Дзэрліны — гэта рэпертуар студэнцкіх акадэмаў. Тады Грынкевіч абсалютна спакойна адказаў, што не збіраецца класці свой спектакль на ахвярнік ейных рэпертуарных амбіцый, што чуе ў гэтай партыі больш моцны і шчыльны голас, прычым незалежна ад таго, якім вобраз донны Анны бачыць рэжысёр. «Ты не дарасла яшчэ да гэтай партыі. Табе толькі дваццаць тры гады. І ўвогуле, у цябе цяпер вялікая нагрузка. Таму вывучы, калі ласка, Дзэрліну. Ты сваім голасам гэтую партыю толькі ўпрыгожыш».

Пасля яны зноў сяк-так замірыліся, але цяпер Ірына з недаверам ставілася да Анны. Асабліва заўважна гэта было на фоне астатніх салістаў, якія былі добразычлівыя да запрошанай рэжысёркі.

— Сказаў, што Іванова — вельмі прыемная дзяўчына і што вы з ёй нешта накшталт сяброў дзяцінства.

— Хутчэй ужо юнацтва, — уздыхнуў Грынкевіч.

— Так, Міша, мы даўнія сябры, мы разам выпілі шмат віна і шмат начэй прасядзелі на кухні ў ейнай кватэры. Але паміж намі не было нічога такога, пра што можна напісаць у жоўтай прэсе ці ў бульварным рамане.

Але ж Міша працягваў дражніць гусі.

— З Іркай у цябе таксама нічога такога, але ж спачатку ты гарой стаіш за тое, каб яна спявала донну Анну, хоць табе ўсе каля скроні пальцам круцілі. Нават дырэктар і галоўны не настойвалі, а ты яе абараняў. Потым ты рэзка мяняеш рашэнне, варта было зявіцца гэтай Івановай. Цяпер вы з Івановай рассякаеце па тэатры ледзь не ў адбымку, а Ірка ходзіць зялёная і псіхуе.

Лепарэла распавядае. На загад гаспадара ён прывёў у дом сялян і стаў забаўляць іх чым мог. «Брава!»у захапленні ўскрыквае дон Джавані.

Ірына сапраўды апошнім часам парушала тэхніку бяспекі, хоць раней і ўпрошвала рабіць так, каб Собалеў ні пра што не здагадваўся. Калі ж яна бачыла Грынкевіча разам з Аннай, з ёй адбывалася нешта неверагоднае. Пару разоў на рэпетыцыі Ірына спрабавала з ёй зачапіцца, але рэжысёрка выкліку не прыняла. Анна, здаецца, пра нешта здагадалася, і менавіта з паводзінаў Ірыны. Прынамсі, яна задавала Грынкевічу асцярожныя пытанні, і той выкручваўся як мог.

— Собалеў носіць рогі, праўда? — не адчэпліваўся бас.

— Ну, было нешта аднойчы. — няўпэўнена прамовіў Грынкевіч, граючы абыякавасць. — Так, мімаходзь. Не хачу звязвацца.

— Ат. — Міша зрабіў жэст, які быў бы дарэчы ў фінале тэлевізійнага супершоў, дзе пераможца атрымлівае мільён даляраў. — Так яму! Я ж ведаў, што ты яе не прапусціш. Слухай, Лёха, як ты гэта робіш? Прабач, але што ў табе такога? Яны так лёгка на цябе западаюць і так намёртва. Дарэчы, Танька таксама выносіць мне мозг тваімі адносінамі з Івановай. Таксама распытвае, што я пра яе ведаю. Ты з ёй па-ранейшаму, ці што?

— Ды нічога ў мяне з ёй няма! Я ж кажу — з вясны мы з Танькай разбегліся, і яна да мяне ніякіх прэтэнзій не мела. А цяпер і мне мозг выносіць, але не наконт Івановай. «Травіята» — гэта быў яе спектакль, яна там была салісткай асноўнага складу. Цяпер уводзяць Ірку, яна баіцца канкурэнцыі, штодня скардзіцца: застануся без партыяў, не гатовая я браць цяжкі рэпертуар. Пытаюся: а я тут пры чым? Я што — партыі размяркоўваю? Яна ў слёзы. Ай, ну іх.

Найперш Лепарэла хацеў адцягнуць увагу Мазэта, які раўнуе Дзэрліну. Лёкай напаіў сялян, і хлопцаў, і дзяўчат. Яны развесяліліся, сталі танчыць і спяваць. І тут...

Грынкевіч зірнуў на манітор тэлефона. Тэлефон паказваў, што Мішу трэба ісці паціху распявацца і грымавацца, а яму — шукаць прас у касцюмернай. Ім сёння нават налілі па сто грамаў каньяку, хоць звычайна артыстам, асабліва перад спектаклямі, наліваць забаранялася. Дый Міша не злоўжываў перад выхадамі на сцэну, проста сёння яму трэба было скінуць стрэс пасля скандалу з жонкай. А Грынкевіч пад уздзеяннем гамеапатычнай дозы алкаголю перастаў думаць пра Ірыну і вырашыў: няхай усё ідзе сваёй чарадой. Калі дзяўчына пачала раскрывацца перад ім з такіх бакоў, дык ён не збіраецца перад ёй прагінацца. Ён дагэтуль шмат чаго ёй прапаноўваў, але ж не абяцаў. І гэта слушна. Толькі бракавала яму яшчэ адной Машы, хіба з папраўкай на большую колькасць звілін і спакайнейшы тэмперамент.

...і тут зявілася Дзэрліна. А разам з ёй? А ра­зам з ёйдонна Эльвіра, і яна, вядома ж, лаяла дона Джавані, а лёкай моўчкі стаяў і слухаў. Перачакаў, пакуль спадарыня накрычыцца, потым ціхенька вывеў з замка, а сам замкнуў дзверы і пакінуў Эльвіру на вуліцы. «Брава! Брава! Беспадобна!»у захапленні крычыць дон Джавані.

Каньяк бадзёрыў і паляпшаў настрой. Грынкевіч прыйшоў у касцюмерную і пазаляцаўся да маладой яшчэ тамтэйшай супрацоўніцы, якая гатовая была сама адпрасаваць ягоныя кашулі. Але ў дзвярах ён убачыў Анну. Пры Анне яму чамусьці няёмка было вось так карыстацца жаночай дабрынёй. Ён узяў прас і стаў ля прасавальнай дошкі, якую касцюмерка ўсё ж ветліва засцяліла белай прасцінкай.

Анна павіталася з ім і касцюмеркай. Дзіўна: яна была ў тэатры ўсяго пару тыдняў, а ўжо кожная душа яе тут ведала і любіла.

— Табе трэба было ісці не ў рэжысёры, а ў шпіёны, — сказаў Грынкевіч, калі яна спынілася ля яго. — Ты так умееш здабыць прыязнасць навакольных, што табе не праблема было б выпытваць у іх розныя дзяржаўныя таямніцы.

— Нічога ты не разумееш, Лёша, — адказала Анна. — Я ж вырасла ў касцюмернай. Я ў садок не хадзіла, і маці штодня цягала мяне на працу. Мне дазвалялі прымерваць на сябе розныя касцюмы. Гэта было весела. Я ў гадоў дзевяць прыходзіла з балетнай студыі і прыкідвала, колькі мне будзе, каля я надзену сапраўдную вялікую пачку. А по­тым я ўжо марыла пра касцюм Афеліі.

— Застанешся на спектакль? — пацікавіўся Грынкевіч, якому насамрэч не вельмі хацелася, каб Анна бачыла менавіта «Эліксір» і менавіта сённяшні паказ.

— А ты, я так адчуваю, не дужа хочаш, каб я засталася. — адказала Анна, праходжваючыся ўздоўж вешалак, на якіх віселі, быццам скінутыя лебядзіныя крылцы, дзясяткі белых балетных пачак. — Не турбуйся, усё будзе добра. Я хацела Іру паслухаць як належыць, бо нешта на ейныя спектаклі не трапляю. Яна неяк варожа да мяне ставіцца. Гэта праз донну Анну?

Грынкевічу стала няёмка, бо ён зноў здагадаўся, што Анна без усялякіх чутак і плётак разгада­ла гэты рэбус.

— Калі яна да цябе варожа ставіцца, я яе здыму са спектакля і не пагляджу на тое, якую яна мае пратэкцыю. Хопіць ужо. Занадта яна маладая, каб гуляцца ў прымадонну, — адказаў Грынкевіч ціха, каб гэта чула Анна, але каб пры гэтым не звяртаць на сябе ўвагу работніц касцюмернай, што бегалі туды-сюды.

Прас прапячатаў рукаў кашулі і зрабіў вострую складку.

— Я ўсё ж застануся. Абяцаю, што нават калі мне нешта не спадабаецца, я табе нічога не скажу. Або пастараюся ніяк не зачапіць цябе.

— Ды я не датклівы, перарос ужо. Гэта Вася ў нас тонкая і далікатная натура, — кінуў рэпліку Грынкевіч, прасуючы спінку кашулі. — Калі што не так скажуць — адразу істэрыка і дэпрэсія.

У ягоным тэлефоне была свежая СМС ад Марго, якая абяцала тут быць. Марго — ягоная ахілесава пята, удзячная тэма тэатральных жартаў. Калі Анна скажа нешта пра разыходжанні ў аркестры, ён проста возьме гэта пад увагу. Калі ж Анна пакпіць з жоўтых ружаў, яму давядзецца адсмоктваць атруту, як пасля ўгрызу скарпіёна.

— Ну і добра, калі ты не датклівы. Цікавы ко­лер, — адзначыла Анна, глянуўшы на кашулю. — Сам абіраў?

— Не, — прызнаўся Грынкевіч. — Параілі тканіну, адмыслова пашыў дзве кашулі. Практычна. Гэта ж можна не цягаць са сабой фрак на спектакль, дый не так макрэеш. Але ім ужо тры гады. Шкада будзе, як зносяцца. Дзе я такую самую тканіну знайду?

«І што цяпер з тым дарадцам тканіны?» — раптам прачытаў ён у Анніных вачах.

— Я тады схаджу пагуляю па вуліцы з паўгадзінкі. Убачымся яшчэ, — кінула яна і хутка сышла з касцюмернай.

З ім загаварыла тая самая ветлівая дзяўчынаработніца, а ён на аўтамаце нешта адказваў. Ён думаў пра «дарадцу». Чамусьці яна ніколі не асацыявалася ў яго з гэтымі кашулямі. Пра тую сваю жанчыну ён імкнуўся проста не згадваць. Што дзіўна — яна жыла ў N, у не такім ужо агромністым горадзе, але пасля таго яны ніколі болей не сутыкаліся. У іх быў рэзкі разрыў, але чамусьці боль ад яго быў нядоўгім і нічога несказанага паміж імі не засталося. Можа, таму і не згадваў. Але як Анна ўсё адчула.

Калі абедзве кашулі былі ахайна адпрасаваныя, ён асцярожна павесіў іх на плечыкі, якія яму пазычылі тут, у касцюмернай, і панёс іх у дырыгенцкую.

Сёння быў ягоны першы «Эліксір», ягоная асабістая маленькая прэм'ера, і ў пэўнай ступені Грынкевіч хваляваўся. Ён пакінуў свае рэчы ў пакоі і пайшоў узяць сабе кавы. Было меней за гадзіну да спектакля, і ён меў час на паўтор матэрыялу. У вестыбюлі ля аўтамата з кавай ён сутыкнуўся з Ірынай. Яна толькі што ўвайшла, ці, дакладней, уварвалася ў дзверы службовага ўвахода. Выгляд яна мела ўскаламачаны.

Свавольніку ўсё болей падабаецца такое развіццё падзеяў, ён успрымае заблытаныя сітуацыі з некалькімі жанчынамі адразу як азартную гульню. Цяпер ён думае зладзіць вялікае свята. Сярод сялянак таксама шмат красуняў, і гэтай ноччу ён пазабавіцца як трэба.

— Я рассталася з Собалевым, — ціха кінула яна, калі Грынкевіч злавіў яе за локаць і запытаўся, што адбываецца і чаму яна прыпазнілася на працу. — Не чапай мяне цяпер, мне трэба думаць пра спектакль.

Той з разуменнем кіўнуў і адпусціў дзяўчыну. Такая навіна для яго чамусьці стала роўнай паведамленню пра тое, што ў нейкай іншай салісткі захварэла дзіця, або пра тое, што нейкага іншага саліста аштрафавалі за перавышэнне хуткасці. Ён турбаваўся толькі, каб Ірына не разгубілася і чаго не наблытала ў часе спектакля. Зрэшты, найбольш разумным зараз было адасобіцца ад усяго і заняцца сваёй справай.

За пятнаццаць хвілінаў да пачатку ён аддаў партытуру канцэртмайстру аркестра і пачаў пераапранацца ды прычэсвацца. Адразу пасля трэцяга званка рэжысёр-вядоўца выклікаў дырыгента праз унутраную сувязь. І Грынкевіч рушыў да ўвахода ў яміну.

№ 11: Арыя «Fin ch ah dal vino...».

Перш чым пачаць спектакль, трэба сабрацца. Асабліва калі ты ўпершыню нешта выносіш на публіку, нават калі гэтае нешта нічога складанага сабой не ўяўляе. І ён з хвіліну наладжваўся на іскрыстую музыку «Эліксіра кахання». Грынкевіч рабіў гэта перад уваходам у яміну. На публіцы нельга было гэтак медытаваць. Ён быў артыстам, і гэта шмат да чаго абавязвала. Напрыклад, выйсці да подыума з усмешкай на твары і, не вельмі раскланьваючыся перад гледачамі, уварвацца ў музыку. Лёгка і бестурботна. Ён гуляўся ўверцюрай, жангляваў ёю. Пакуль не торгнулася заслона, ён мог сабе дазволіць крыху разняволіцца.

Выйшаў хор з салісткай. За хорам гэта было не так добра чуваць, але ж Ірына запозна ўступіла і пачала блытаць тэкст. Гэтага магла не пачуць публіка ў зале, але яму стала зразумела, што яна вось-вось сарвецца. На нервовай глебе яна ўвесь час забывала тэкст, не толькі ў гэтым спектаклі.

Джавані каштуе віно, якое кружыць яму галаву. (Ніякая гэта не «арыя з шампанскім», дарэчы. Гэта добрае іспанскае віно, а шампанскаеусяго толькі пабочнае дзіця падвойнага перакладу.)

Грынкевіч адчуў, што кашуля пачынае прыліпаць яму да спіны. Худы, як жардзіна, тэнар з гордым прозвічам Басаў яго таксама не радаваў. Ён меў надта прыгожы тэмбр і надта ўстойлівую тэндэнцыю заніжаць на чвэрцьтону. А тут яшчэ Ірына з ейнымі нервамі. Бракавала яму, дырыгенту, засыпацца на такім унца-унца, як «Эліксір кахання». На жартаўлівай арыі Адзіны, дзе яна спявае пра Трыстана, Ізольду і чароўны эліксір кахання, сапрана паводзілася так, нібыта выконвала нейкае сур'ёзнае духоўнае сачыненне. Гэта быў завал. Невідавочны, але завал.

На аркестравым маршы, які звеставаў пра выхад Белькорэ, а таксама на ягоным арыёза Ірына мела час, каб сабрацца. Яна, пэўна, злавіла колькі знішчальных позіркаў дырыгента, і гэта вярнула яе ў прытомны стан. Далей яна заспявала роўным гукам і ў ансамблях трымалася сваіх партнёраў. Грынкевіч супакоіўся.

Далейшае дзеянне пацякло амаль бліскуча — з папраўкай на ўстойлівую тэндэнцыю да заніжэння, якую тэнар Басаў дэманстраваў цягам усяго вялікага дуэта Адзіны і Нэмарына. Калі ж на сцэну выйшаў Міша ў выглядзе Дулькамары з жалезна вывучанай партыяй, Грынкевіч зразумеў, што ўсё ідзе добра, і напружанне з яго звалілася. За спінай у партэры публіка шапталася, якая Адзіна прыгожая і які Дулькамара смешны. Калі Дулькамара кінуў рэпліку ў яміну: «Maestro! La tromba!», Грынкевіч падыграў яму, як гэтага патрабаваў калісьці пастаноўшчык спектакля, і паказаў салісту ў аркестры ўступ. Труба па-здрадніцку кэрхнула, і Грынкевіч каўтнуў мацюкі, якія ледзь не выскачылі з яго проста на подыуме.

У замку дона Джавані рыхтуецца вялікае свята.

Потым давялося цярпець тэнара з ягонымі заніжэннямі, якія ўжо перавысілі ўсе нормы прыстойнасці і імкнуліся да адзнакі ў паўцагліны. І Грынкевіч цудоўна ведаў, што Басаў пасля спек­такля яму скажа: а я нічога такога не чую, мне ўсё добра. Тым не менш з ім даводзілася ваяваць і на рэпетыцыях «Дона Джавані», бо ў тэатры было небагата лёгкіх тэнараў, здольных адужаць дона Атавіа. Міша-Дулькамара ўсіх забаўляў і па магчымасці адцягваў увагу ад інтанацыі тэнара. Потым у акампанаваным рэчытатыве Басава панесла ў суцэльную дадэкафонію. І так ён прайшоў да канца першага акта.

У антракце Грынкевіч хацеў толькі выпіць бутэльку мінералкі і пакурыць. Звычайны шараговы спектакль, ну няхай сабе першае ўласнае выкананне, але ж ён чамусьці хваляваўся горш, чым перад сапраўднай прэм'ерай. «А вы ўсё ж датклівая істота, Herr Kapellmeister!», — сказала б Анна.

— Ты чаго псіхуеш? — Анна сапраўды стаяла за спінай, пакуль ён сутаргава выкурваў цыгарэту на бакавой лесвіцы. — Усё ж нармальна.

— Ты чула, як гэтая свалата інтануе? Якія запавольванні робіць. У яго, блін, свая песня, а ў аркестра свая. Хто будзе вінаваты? Дырыгент, натуральна!

І яго панесла. Ён быў, як ніколі, пераўзбуджаны і раззлаваны, абяцаўся сказаць салістам усё, што пра іх думае, праклінаў спектакль, які на яго скінулі якраз тады, калі ў яго ішоў актыўны рэпетыцыйны працэс сваёй пастаноўкі.

— Нікога ты не заб'еш, — са смехам сказала Анна, і гэты смех імгненна яго асвяжыў. — Пас­ля спектакля ты пойдзеш у бар, вып'еш чарку гарэлкі ці каньяку, але абяцай мне, што толькі чарку. А потым прыйдзеш дадому, возьмеш душ і ляжаш спаць. Каб назаўтра не згадваць пра гэты чужы спектакль. Які ты, дарэчы, вельмі годна вядзеш.

Больш не хацелася думаць пра сённяшнія праколы, і ён рызыкнуў зрабіць прапанову.

На свяце будзе безліч прыгожых дзяўчат.

— Складзеш кампанію? — запытаўся Грынкевіч, затрымліваючы Анніну руку ў сваёй. — Не люблю хадзіць у бар адзін. Калі ж пайду з мужыкамі, дык нажруся.

Анна заматляла галавой.

— Не магу. Я нават хвілінаў за дваццаць да канца ўцяку. Мне заўтра зраніцы трэба быць у Маскве. Здымкі кліпа.

— Навошта яно табе? Разменьваешся толькі, траціш энергію, робішся банальнай.

— Грошы. Досвед. Сувязі.

— Ну так, на оперы не пражывеш, з яе можна толькі сцябацца.

— Кінь дурное.

Звыклым з юнацтва рухам Анна ўскалмаціла яму валасы, якія яшчэ ліплі да змакрэлага ілба.

— Рамантычны ў цябе выгляд з гэтай фрызурай, лепей, чым кароткая стрыжка ці коска, — прамовіла яна.

Затым ужо моўчкі прыбрала валасы, што падалі яму на твар. А ён стаяў і чамусьці хваляваўся, як хлопчык, ад гэтых праяваў клопату. Пазней ён падумаў, што Анна проста па-жаночы хацела ператварыць сцюдзёную ваду яго іроніі ў лёгкае віно жадання. Мужчына не будзе спрачацца з жанчынай, якую хоць крыху жадае, ён дазволіць жанчыне быць і прыземленай, і банальнай, і неразумнай. А ў той момант з ім здарылася зацьменне, ці не ўпершыню з таго дня, як Анна з'явілася ў N. Цяпер яна перастала быць для яго толькі горкасалодкім успамінам пра мінулае і нязбыўнай ма­рай, жанчынай, якую ён ужо не мог атрымаць. Ён не ўслухоўваўся ў словы цёплай прыязні, якія яна казала яму. Яна захацела развітацца сяброўскім пацалункам і дакранулася халаднаватымі вуснамі да яго засмяглага рота, але пацалунак ужо не атрымаўся такім бясхмарна-цнатлівым, як некалькі дзён таму, калі Грынкевіч заходзіў да яе ў госці.

Гэта быў пацалунак-прадвесце, далёкі раскат гро­му перад моцнай залевай.

Фінал гэтай сцэны развітання ўбачыла Ірына, якая толькі што пераапранулася і паправіла грым да другога акта.

— Якія пяшчотныя адносіны. — вымавіла яна, калі Анна знікла недзе ў натоўпе харыстаў, мімансу і рабочых сцэны, якія таксама тут курылі. — Я стаяла і назірала за вамі. З вас хоць фігуркі ляпі на вясельны торт.

— Ты не ў гуморы? — халодна запытаўся Грынкевіч. — Ты прыйшла сюды, каб падыхаць тытунём? Гэта вельмі карысна падчас спектакля?

Выглядала на тое, што ён узяў занадта рэзкі тон. Ірына была як стогадовае дрэва, якое вытрывала ўсе нягоды, але гатовае было паваліцца ў не самую лютую буру. Ён вырашыў прытрымаць коні, бо наперадзе быў яшчэ другі акт, і калі ў яе зараз на нервовай глебе будзе спазм.

— Прабач, мяне Басаў сёння да шалу даводзіць, — загаварыў Грынкевіч прымірэнчым тонам.

— Пры чым тут Басаў! — не сунімалася Ірына. — Ты за гэтыя некалькі тыдняў ператварыўся ў невядома што.

— Супакойся. Мы з Аннай ведаем ад но ад наго так доўга, што раўнаваць мяне да яе проста смеш­на і непрыстойна. Па адчуваннях яна для мяне нешта накшталт стрыечнай сястры.

— Кузіначкі? Калі б ты мог сябе бачыць з боку. Добра, што яна своечасова ўцякла, а то я не ведаю што было б.

— Слухай, дарлінг, чаму ты мне не закочваеш сцэны рэўнасці, калі я рудую Жэньку з кардэбалета ціскаю? Ці калі ў рэкламны аддзел заходжу гарбаты папіць?

— Чаму? А таму што ты больш нікога не ціскаеш, як яна тут з'явілася! Ты спіш са мной і ў момант аргазму называеш мяне Аннай! З цябе гэтае імя вырываецца разам са струмянём спермы. Ты думаеш пра яе, калі займаешся са мной сэксам! Прыйшла гэтая дамачка, хвосцікам махнула — і ты ўжо гатовы на ўсё. Ты на яе глядзеў толькі што я не ведаю як.

Вось дура, думаў Грынкевіч, міжволі параўноўваючы Ірыну з Машай. Здаецца, розны тэмперамент, розны тыпаж, а якія яны падобныя. Знайшла момант сварыцца. На якую халеру яна накручвае сябе! Нельга нервавацца ў часе спектакля! Гэтую сцэну трэба было купіраваць як мага хутчэй. Грынкевіч выціснуў з сябе ўсю магчымую пяшчоту, якая ў ім яшчэ заставалася, і нагаварыў Ірыне нейкай бязглуздзіцы, абы яна супакоілася. Ёй працаваць другі акт. А ён, дырыгент спектакля, не зацікаўлены ў тым, каб яна спляжыла ўвесь паказ.

— Яна — Нюта. Я ніколі не называў яе Аннай. Яна з'едзе ў снежні. У яе ўсё добра з асабістым жыццём, устойлівыя адносіны, і ўсе дзялы, — дадаў ён для пэўнасці.

— Калі гэта цябе стрымлівалі ўстойлівыя адносіны?

— У яе не такія адносіны. У яе сапраўдныя.

Ірына, відаць, нарэшце паверыла яму і ўзяла

сябе ў рукі. Гэтым варта было карыстацца.

— Дык я магу сёння запрасіць цябе на адзначэнне маёй прэм'еры? — сказаў Грынкевіч ужо з усмешкай. — Калі ты мне пра Собалева не схлусіла, зразумела. Хадзем пагуляем пасля спектакля ці што? Павячэраем недзе. Я ж ніколі з табой не гуляў.

Дзяўчына пагадзілася, і Грынкевіч адчуў, што навокал пачынаецца мірнае жыццё. У другім акце ён ужо меней пераймаўся праз тэнара, хоць сусветны хіт «Una furtive lagrima.» ў ягоным выкананні атрымаўся цалкам крымінальным. Грынкевіч хіба спінным мозгам адчуў, дзе гэты лапуш­ка будзе рабіць недарэчныя пашырэнні, нейкім дзівам падладзіў пад яго аркестр — і толькі таму яны не раз'ехаліся. Публіка пляскала ў ладкі. Потым ён выходзіў на паклон і атрымліваў з рук адміністратара спрадвечны букет жоўтых ружаў. Марго сядзела ў пятым радзе партэра, Грынкевіч яе бачыў. У галаве складваўся тэкст ветлівай СМС з падзякай за ўвагу і букет. Але гэтая СМС — апошняе, што ён сёння створыць. А можа, ён увогуле напіша ёй заўтра.

Дзяўчаты будуць весяліцца, забаўляцца, танчыць то алеманду, то менуэт.

Пасля спектакля настрой у яго быў такі, што яму нават не захацелася адчысціць трубача за сапсаванае сола. Заўтра сустрэне яго і спакойна пагаворыць, так нават лепей будзе. Ён хутка пераапрануўся і стаў чакаць Ірыну. Як заўсёды, яна выйшла амаль апошняй. Аднак зграйка дзяўчат з хору ўсё ж адзначыла, што яны пакідаюць тэ­атр разам. Грынкевіч нават наўмысна прыабняў яе за талію. Гэта заўважылі і два аркестранты, што курылі каля ўвахода. Грынкевічу міжволі зрабілася прыемна: нягледзячы на змытую касметыку і на нешыкоўнае ўбранне, Ірына выглядала эфектна.

— Ну што ж, будзем вучыцца не гуляць у хованкі. — уголас прамовіў Грынкевіч і пачаў ціхенька напяваць: — Elisir di si perfetta, di si rara qualita, ne sapessi la ricetta, conoscessi chi ti far!

— Неблагая італьянская, — зрабіла камплімент Ірына.

— У кансерваторыі хадзіў разам з вакалістамі вольным слухачом на заняткі, вунь Іванова якраз памятае. У мяне была тады шалёная юнацкая мара — трапіць на стажаванне ў прыстойны еўрапейскі тэатр. Вучыў мовы, чакаў шчаслівага шан­цу. Я ж быў з маладых ды ранніх кандуктараў, ухітрыўся пераскочыць на сімфу з харавога. А цяпер я сяджу ў N, а маладзейшыя стаячаму лапці падплятаюць, хоць і паступалі пасля першай вышэйшай.

У рэстарацыі было не вельмі накурана. Да таго ж зачынялася яна ажно а другой гадзіне ночы, а была толькі палова на адзінаццатую вечара. Пасля спектакля дырыгент і прымадонна былі занадта стомленыя для думак пра ноч кахання, але ў той жа час занадта ўзрушаныя, каб разысціся па дамах і заснуць. Пасля спектакля артыст павінен ісці ў рэстарацыю. Іншага шляху няма.

— Іншага шляху няма. — прамовіў ён. — Будзеш цяпер хадзіць са мной у рэстарацыі ў гонар маленькіх прэм'ер. А пасля звычайных спектакляў табе давядзецца да раніцы сядзець са мной на кухні і піць гарбату з каньяком. І слухаць мае развагі пра музыку. І сачыць, каб я не напіваўся.

Ірына паведаміла, што пакуль жыве ў мамы. З Собалевым яна пасварылася, сказала яму, што больш нічога ад яго не хоча. Яе чарговым разам дастала жонка алігарха, а Собалеў не стаў нічога рабіць. Таму Ірына проста пакінула яму ключы ад нанятай кватэры і сышла адтуль у чым была — у старых джынсах і ў куртцы, якую набыла яшчэ на першым курсе. Зрэшты, а чаму не? Грынкевіч глядзеў на яе, такую мілую і простую без дарагіх шмотак. Што яму, уласна, яшчэ трэба? Не бегаць жа ўсё жыццё за морквай, як той асёл з прыпавесці.

Загрузка...