— А ты заўсёды піў?
Гэтае пытанне было неспадзяваным. Настолькі неспадзяваным, што ён сказаў праўду, якую даўно не выцягваў з памяці.
— Не. У мяне быў перыяд, калі я амаль год не піў нічога, апроч піва. Дый тое не штодня.
— Праўда? — Ірына калупалася відэльцэм у салаціку з курыцай. — А што тады здарылася?
— Нешта адмысловае, — адказаў Грынкевіч, стрэсваючы першы попел з цыгарэты. — Я амаль год сустракаўся з адной дзяўчынай. Ёй не падабалася, колькі я п'ю, і я стаў піць меней. Дакладней, амаль не піць.
— І яе звалі.
Джавані ж будзе выхопліваць то адну, то іншую і па чарзе забаўляцца з красунямі.
— Аксанай. Ты наўрад ці можаш яе ведаць, яна зусім не з гэтай тусоўкі. Увогуле не з багемы. Звычайная дзяўчына з невялікай фірмы. Менеджар па персанале, ці як гэта завецца. Гэта гады чатыры таму было, тут, у N.
— А што здарылася потым?
— А потым яна задала пытанне, на якое я не змог адказаць так, як яна хацела. Замест гэтага я прынёс ёй пярсцёнак. Яна сказала, што ў такім разе не варта. На гэтым і развіталіся.
— Пра што ж яна запыталася?
— Яна запыталася, ці я кахаю яе.
Грынкевіч зноў стрэс попел і пашкадаваў, што
ўспаміны пра мінулае не згараюць гэтаксама хутка, як цыгарэты.
— Мы пазнаёміліся ў аўтобусе. Я ехаў дадому, а яна — некуды на юбілей да цёткі, як потым выявілася. Выходзіла яна на пару прыпынкаў раней. Гляджу — сімпатычная паненка, яўна толькі што з цырульні. А тут навальніца пачалася, а дзяўчына без парасона. Я і загаварыў з ёй. Выйшаў на тым самым прыпынку, правёў пад сваім парасонам да той кавярні, узяў тэлефон. Так усё і пачалося. Спакойна так з ёй было, добра. Ніводнага разу адносіны не высвятлялі, не сварыліся. Вядома ж, шмат што ў маім жыцці яна лічыла дзікім, а я, наадварот, не разумеў, як можна жыць па раскладзе ад дзявятай да шостай плюс два выходныя. Зрэшты, дзеля яе я завязаў з п'янкамі. Я цяпер ужо не дужа і п'ю, а раней, калі маладзейшы быў, добра мог даць. А галоўнае, мне нецікава было ёй здраджваць. Маша, ну, тая самая. Карацей, Маша тады зразумела, што гэта сур'ёзна, і атруцілася нечым, нейкіх пігулак нажэрлася і лягла паміраць проста ў адной з грымёрак. Гэта, безумоўна, не падзейнічала. Як ні дзіўна,
Аксана да таго інцыдэнту з разуменнем паставілася. Адзіная жанчына, якая мне верыла. Я пра гэта ведаў і таму ні ў чым ёй не хлусіў.
— І калі яна цябе запыталася, ці кахаеш ты яе, ты не стаў ёй хлусіць.
— Ты разумееш, мне з ёй было добра і лёгка, але я не мог акрэсліць гэта адчуванне як каханне. Можа быць, я не здольны закахацца з першага позірку, мне патрэбны час. Я не аматар ружовых смаркачоў і прызнанняў, за якімі нічога не стаіць. Магчыма, я толькі-толькі пачаў яе па-сапраўднаму да сябе падпускаць, пачаў ёй давяраць. І калі б яна вось так па-жаночы не паставіла пытанне рубам.
— А пярсцёнак быў заручальны?
— Так. Баяўся яе страціць. А яна сказала, што гэта неістотна і нічога не дае, калі кахання няма. Сама ўсё і вырашыла.
— Мудрая жанчына.
Ірына змоўкла і занялася вячэрай. Напэўна, яна зразумела зашмат. Нават болей, чым ёй дазвалялі зразумець.
А заўтра зранку Джавані папоўніць свой каталог дзясяткам новых жаночых імёнаў.
— Ты ведаеш, Ізольда хацела атруціць Трыстана за тое, што ён занадта лёгка аддаваў яе іншаму. Без барацьбы. Ёсць жанчына, якую я кахаю, а ёсць абавязак. — раптам выдала яна.
Грынкевіч насцярожыўся.
— Гэта рэфлексіі з нагоды сённяшняга «Эліксіра кахання»? Ці, можа, ты пачала слухаць Вагнера? Нетыповае хобі як на спявачку твайго амплуа. Тады ў цябе ёсць шанец наладзіць адносіны з Аннай — яна, як я памятаю, захаплялася. Але ты робішся сапраўднай артысткай: у цябе знікае дэмаркацыйная лінія паміж сцэнай і жыццём. — сказаў ён і нават не ўсвядоміў, што амаль працытаваў Анну.
Яму захацелася палезці яшчэ за адной цыгарэтай, але ён падумаў, што сёння занадта шмат курыць.
— Не, Лёша, я, напэўна, не змагу ўсё жыццё чакаць, пакуль ты станеш мне давяраць ці як там гэта ў цябе называецца. Я, можа, не такая мудрая і спакойная, як гэтая Аксана, — сказала Ірына, адстаўляючы ад сябе талерку. — Нават Собалеў кажа, што кахае мяне.
— Кажа — ключавое слова, — стомлена адпрэчыў Грынкевіч. — І нічога не робіць дзеля таго, каб вам абоім было лепей і каб вы былі разам. Хіба толькі грашыма аддае. А як бы ён гэтае каханне праяўляў, калі б, напрыклад, сеў у турму з канфіскацыяй?
— Досыць.
Ірына ўзнялася з месца і ўзяла тэлефон. Яна выклікала таксоўку. Грынкевіч спрабаваў яе спыніць, але не ведаў, што ёй сказаць. А можа, не ведаў таму, што нейкае ўнутранае пачуццё загадвала яму не спыняць Ірыны. Калі яна, накінуўшы паліто, выбегла з рэстарацыі, ён вярнуўся на сваё месца. Ён дапіваў віно, чамусьці думаючы, што Ірына ўсё адно вернецца. Не цяпер, дык у чацвер.
Няхай сёння дзяўчаты весяляцца, забаўляюцца, танчаць то алеманду, то менуэт. А заўтра зранку каталог дона Джавані папоўніцца дзясяткам новых імёнаў.
«Ты ведаеш казку пра Рапунцэль? — усплылі ў памяці словы. — Дык вось, ты як той прынц. Толькі вашай каралеўскай высокасці пан Бог даў зашмат гонару. І ты глядзіш знізу на Рапунцэль, якая сядзіць у вежы. Але ты не хочаш сказаць: “Рапунцэль, спусці свае коскі долу!”. Бо ты прынц і ты пэўны, што не каралеўская гэта справа — прасіць пра нешта ў простай Рапунцэль. І ты ходзіш да гэтай вежы, як на працу. Ты чакаеш, што яна ўсё ж спусціць коскі. А яна таксама глядзіць на цябе зверху, але не спускае косак, бо ёй ведзьма забараніла. Нашто табе Рапунцэль? Вакол процьма прынцэс, якія кахаюць цябе і чакаюць. А ты ходзіш да Рапунцэль, якая сядзіць у вежы адна са сваімі страхамі. І, можа быць, яе не кахае ніхто. Апроч цябе, які ўжо столькі гадоў нясе вахту пад вежай, але маўчыць з гонару». — «Што ж мне зрабіць?» — «Знайсці яе і сказаць: Рапунцэль, я цябе кахаю. Іначай яна не спусціць косаў долу, а ты будзеш дурыць галовы прынцэсам, якім насамрэч патрэбныя іншыя прынцы, а не ты. Бо табе патрэбная Рапунцэль». — «Яна не спусціць косаў долу. Сумняваюся ў тым, што ёй гэта трэба ўвогуле». — «Пагатоў варта яе знайсці, каб закрыць для сябе гэтую тэму. Не дык не». — «Усё не так проста. Яна не Рапунцэль, яна Снежная каралева.» — «Я вашаць і ты вашаць, а хто ж нам хлеба напашаць. Так і ў вас».Келіх з віном раптам выслізнуў з рук, і ён ачомаўся толькі тады, калі ўбачыў, як чырвоная вінная пляма расплываецца па светлым абрусе. Паўз яго прайшла афіцыянтка і кінула нешта наклталт: «Нічога страшнага». Грынкевіч стаў збірацца, папрасіў рахунак і пакінуў ладны гасцінец.
На жаль, толькі ў казцы эліксір кахання здымае ўсе пытанні наконт таго, каму варта сказаць першае слова.
Джавані выпівае келіх віна і шпурляе яго на падлогу. Келіх разбіваецца са звонам, а свавольнік з радасным смехам уцякае.
Сцэна XVI
Сад перад домам дона Джавані з дзвюма дзвярыма, замкнёнымі звонку на ключ. Мазэта і Дзэрліна, хор сялян і сялянак; адны спяць, іншыя сядзяць на лаўках, etc.
Рэчытатыў «Masetto, senti un po'! Masetto, dico...».
Ён і праўда не памыліўся: Ірына прыйшла да яго сама, come agnelina. І найперш яна даслала СМС: «Ты не звяртай увагі, што я так сябе паводзіла. У меня быў ПМС, я ўвогуле паскудна пачувалася».
Спісаць гэтую сварку на ПМС, было, напэўна, зручна для іх абоіх. Усемагутны ПМС дазваляе жанчыне думаць, што яна капрызная і нячулая да іншых толькі ў пэўныя дні, а ў астатнія дні яна белая і пухнатая, як крылы анёла. Мужчыне ж ён падкідвае яшчэ больш усцешную думку: гэта не ты, свалата такая, давёў бедную кабету да істэрыкі, гэта ўсё я, вялікі і жахлівы ПМС, а ты так, пад руку трапіўся.
Зрэшты, ён не стаў хапацца за гэтае паведамленне як за нагоду для сустрэчы, даслаў толькі кароткае: «Нічога, здараецца».
У наступныя дні Грынкевіч не імкнуўся ўбачыцца з Ірынай па-за тэатрам і пагутарыць пра нешта іншае апроч спектакля. Праз тыдзень ён ужо ўсведаміў, што пазбягае яе. Калі яна сама пісала яму паведамленні ці тэлефанавала, ён адказваў, і не проста ветліва, а нават цёпла. Ён перастаў праяўляць нейкую ўласную ініцыятыву. Гэта трэба звесці на коду, думаў ён, і пажадана без фанфараў. А яшчэ лепей — як у барокавай музыцы, калі апошні акорд твора ў мінорнай танальнасці пераходзіць у аднайменны мажор. Ціха, прыгожа, без драм і жарсцяў. Проста не трымаць яе, няхай сама адпадзе, як хвост у яшчаркі.
Затое за пару дзён, пакуль Анны не было ў N, ён пачаў натуральна сумаваць, бо прызвычаіўся ўжо да таго, што яна зноў стала часткай яго жыцця. Няхай гэта іншае жыццё, іншая Анна. Але іншая нават лепей за тую, якую ён сабе часам уяўляў цягам гэтых васьмі гадоў.
Дзэрліна спрабуе замірыцца з Мазэта, але ён раззлаваны і не хоча слухаць сваёй нявесты.
У першы час пасля таго развітання, калі ён ляснуў дзвярыма ейнай кватэры так, што ажно тынкоўка са столі пасыпалася, Грынкевічу зручней было думаць, што ўсе яго прароцтвы спраўджваюцца. А калі ён згубіў Анну, то пачаў турбавацца: а ці не знікла яна ў літаральным сэнсе? Нават такія думкі прыходзілі яму ў галаву.
Гэта быў іх супольны дзень народзінаў, развітальны дзень народзінаў. Грынкевічу спаўнялася дваццаць пяць — юбілей усё-ткі. Анне толькі што стукнула дваццаць два. Не юбілей, але таксама прыгожы лік. Банкет зацягнуўся, і юбіляр быў добра паддаты. Анна ж, каб не напівацца, уцякла на кухню мыць назапашаны посуд. Грынкевіч прыйшоў да яе, папрасіў попельніцу. Дзяўчына падала яе Грынкевічу, сказаўшы толькі:
— Сядай. Куры. Маўчы.
Яна была ў той дзень невясёлай, нават дазволіла сабе некалькі калючых жартаў. Можа быць, яна адчувала тое самае, што і ён? Можа быць, яна не хацела расставацца?..
Ён усё казаў пра ейны голас, пра Лаўрэту:
— Ты яе так спяваеш, што. Я б пайшоў дзеля цябе на куды горшы грэх, чым той Джані Скікі. Гэта як чалавеку, якога на ўсё жыццё пасадзілі ў змрочны склеп. І ён спрабуе ўцячы. Яго, безумоўна, ловяць і забіваюць. Але ён усё ж памёр, пабачыўшы яшчэ раз сонца ў небе.
— Не ведала, што ты такі паэтычны, — адказала дзяўчына, сціскаючы ў руцэ губку на посуд. — Але я, відаць, горшая за свой голас.
— Чалавек з багатым голасам не бывае бедным душой.
Яна толькі адмахнулася і пайшла ў пакой па чарговую партыю брудных талерак. Хлопец дачакаўся, пакуль яна вернецца. Стаў выпытваць, што яна сабе думае далей наконт спеваў.
— Гэта не маё, — раптам заявіла яна вельмі халодна і патлумачыла: — Няўтульна мне сярод гэтых манерных паненак.
Але ж крыху пазней яна прызналася, што не паладзіла са сваім педагогам і, хутчэй за ўсё, яе зарубяць і не дадуць паступіць. Педагогу не падабаецца ейны імідж, а яшчэ болей — недастатковая адданасць, няўменне глядзець на свайго гуру сабачым позіркам.
— У свеце ёсць іншыя кансерваторыі, — сказаў Грынкевіч.
Анна прамаўчала. Ён прамаўчаў таксама. Ён глядзеў, як у мыйцы рабілася ўсё меней бруднага посуду. Госці ўжо гукалі іх, бо выспелі новыя тосты. Анна адказвала, што зараз яны прыйдуць, і раіла Грынкевічу напраўду ісці і забаўляць грамаду.
— Нюта. — зусім ціха прамовіў ён.
Яна азірнулася, закручваючы краны з вадой. Ён зноў змоўк. Дзяўчына выцерла рукі ручніком, зняла з сябе фартук і знакам паказала яму, што гатовая ісці да гасцей.
— Ты пачакай. — зноў няўпэўнена прамовіў ён.
Халоднае зімовае паветра цягнула з адчыненай
форткі. Ён паціху цверазеў і ўжо вельмі добра ўсведамляў, што і навошта кажа.
— Паехалі са мной у N. Там таксама ёсць кансерваторыя. Праслухаешся там, і калі што, дык праз паўгода прыедзеш паступаць.
Анна невядома навошта зноў узяла ручнік і выцерла ўжо сухія рукі.
— Хопіць ужо з мяне кансерваторый, — глуха буркнула яна. — І што там, у тым N.
— А тут што? — не супакойваўся Грынкевіч. — Хто ты тут такая? Ад пустога хлява затычка. Чарада мужыкоў, гулянкі, грошы ад халтуры да халтуры?.. З гэтай кватэры палова тваіх сваякоў нагамі ўперад выйшла. Ты тут таксама загінеш.
— Не вярзі лухты. Хадзем, нас ужо чакаюць.
Грынкевіч падышоў да дзвярэй кухні і зачыніў іх перад носам у госця, які хацеў быў іх клікаць.
— А што для цябе не лухта? Ты тут задыхаешся. Сядзіш тут, як у халоднай ракавіне. Здаецца, надзейна і нават утульна, але жыццё паціху сыходзіць. Ты ўжо нават забылася, навошта жывеш і што табе трэба. Нават старыя мары табе ўжо не патрэбныя. Дзеля чаго ты будзеш жыць?
— Гэта ўжо не твой клопат. Я са сваім жыццём як-небудзь сама разбяруся. Ты вунь таксама казаў, што ў цябе мэта — Еўропа, а сам едзеш у горад N. Перспектыўны ты наш маэстра!
Яго вельмі глыбока разанула гэтая рэпліка. Такога ён чакаў ад каго хочаш, толькі не ад Анны. Таму Грынкевіч таксама вырашыў не шкадаваць яе самалюбства.
— Спадзяешся дачакацца белаконнага прынца? — запытаўся ён.
Дзэрліна кажа Мазэта, што не заслужыла такой жорсткасці.
Анна раптам са злосцю швырганула ручнік на падлогу і стала прамаўляць на вельмі жорсткім пагрозлівым піянісіма:
— Лёша, я бачыла цябе ў дупель п'яным безліч разоў. Але ты ніколі яшчэ не трызніў. Ты злавіў белачку? Дык давай зараз выклічам хуткую, пакуль ты тут чорцікаў па сценках не пачаў ганяць. Ты як хочаш, а я пайду, мяне чакаюць.
— Сядзь! — на такой самай дынаміцы, але з яшчэ большым унутраным напружаннем адказаў ён і схапіў дзяўчыну за плечы.
Яна амаль аўтаматычна апусцілася на зэдлік і паг ляд зела на яго са страхам. А ён зноў загаварыў, не даючы ёй уставіць ані слова:
— Не будзе ў цябе ніякіх прынцаў, хоць твой тата і лічыць цябе дзяўчынай з пэўнымі патрабаваннямі да жыцця. Ты свой ліміт прынцаў вычарпала, калі сышла ад гэтага. А цяпер табе застаюцца толькі жабракі на пару начэй. А чаго ты хацела? Злавіць алігарха на свае чырвоныя валасы і пірсінг па ўсім целе? Не хачу цябе расчароўваць, дзевачка, але мужыкам, хоць яны з грашыма, хоць без, такое не падабаецца. Не таварны ў цябе выгляд для прынцаў. Проста тата табе ўклаў у галаву, што ты прынцэса, але тата памыляецца. Не спраўдзіла ты татавы спадзевы.
— Пры чым тут тата? — шэптам і з нейкім пакутніцкім выразам твару запыталася яна.
Але Грынкевіч ужо завёўся так, што не стаў звяртаць на гэта ўвагі.
— Калі ты кінеш музыку, кім ты станеш? Ты плывеш па жыцці і не думаеш, куды цябе занясе. Зрабіла з сябе пудзіла, атачыла сябе нейкімі маргіналамі, трахаешся з першым-лепшым.
— Мяне гэта задавальняе! — з халодным выклікам адпрэчыла яна.
— Не дуры галавы. Ты з імі ўвогуле нічога не адчуваеш, толькі імітуеш. Ты і раней імітавала.
— Табе, аднак, падабаліся мае імітацыі! — дзяўчына па-вядзьмарску зарагатала, але сцішылася, калі ўбачыла, што ён зрабіў рух, нібыта хацеў на яе замахнуцца. Але ён проста грукнуў кулаком па сценцы.
— Ды ты ніякая ў ложку! І гэта праўда, сама ўсё ведаеш. — выдаў ён, не гледзячы на Анну.
Яна затуліла твар далонямі, але Грынкевіч ведаў, што яна не заплача. Анна не ўмела плакаць. Сапраўды, калі праз колькі імгненняў яна зноў зірнула на яго, твар быў сухім, хоць і збялелым, хіба толькі вусны нервова торгаліся.
— Зрабі так, каб я цябе больш ніколі не бачыла, — сказала яна. — Зараз жа!
Ён тады сыходзіў з поўным усведамленнем сваёй рацыі, як ні дзіўна. Толькі злаваўся на сябе, што ўсё ж не здолеў разбурыць халодную ракавіну, у якую схавалася Анніна душа. Ён вылецеў з кухні і рушыў у вітальню, дзе ўжо стаялі сцішаныя і крыху спалоханыя госці. Накінуў паліто і выбег з кватэры, моцна ляснуўшы дзвярыма. Толькі потым ён думаў, што трэба было сказаць нешта іншае. Яшчэ пазней ён разважаў: калі б яна раптам ухапілася за ідэю паехаць у N, то з гэтага магло нічога добрага не атрымацца. Зрэшты, што сказана, тое сказана.
На гэта Мазэта выдае яшчэ больш гняўлівае: ды як ты магла, засталася з іншым мужчынам, кінула мяне адразу пасля вяселля, пасмяялася з мяне! Я проста не хачу шумець, бракавала мне яшчэ, каб уся вёска ведала пра маю жонку-курву, а так я б цябе...
Анна вярнулася ў N з Масквы, і жыццё неяк вельмі натуральна пайшло ад сустрэчы да сустрэчы, ад званка да званка, ад СМС да СМС. І Грынкевічу спатрэбілася ўсяго некалькі дзён, каб перастаць падманваць самога сябе. Так, думаў ён, мне гэта трэба менавіта цяпер, я жыву імгненнямі, паку ль яна тут, з ёй словы набываюць крылы, а гукі афарбоўваюцца, позіркі пачынаюць спяваць, а голас — лашчыць. На тарабарскай мове зручней думаць, і, што самае цікавае, яна даступная аркестрантам, якія цяпер разумелі яго з паўнамёку. Яны казалі, што іхны сумленны і старанны Грынкевіч, якога раней лічылі проста харошым хлопцам, цяпер зрабіўся музыкантам і на яго рэпетыцыях час ляціць хутка, як у каляровым дзіцячым сне.
Аднойчы ён, ідучы на працу, зазірнуў у кветкавую краму, бо на яго сама паглядзела з вітрыны чырвоная ружа. Яна адна стаяла ў вялікім вазоне і нібыта чакала, што яе забяруць. І хоць кветка засталася адна, яна была пекнай і свежай. Прадавачка прыязна плявузгала, нахвальваючы іншыя ружы, казала, что сёння быў нейкі ўдалы завоз, ці не адразу з самага ранку ўсё раскупілі. Грынкевіч моўчкі дастаў грошы і папрасіў загарнуць кветку ў паперу.
У тэатры ён пайшоў у пакой, які адвялі Анне на час працы. Яе там не было, але рэчы ляжалі на стале, у тым ліку клавір «Дона Джавані». Грынкевіч вызваліў кветку ад абгорткі і ўклаў яе ў кніжку, на фарзац, дзе быў запіс пра другога Амадэя.
Калі ж праз паўгадзіны яны сустрэліся, то Анна з дасканала сыгранай абыякавасцю запыталася, у каго тут можна пазычыць вазу ці хаця б слоік.
— У мяне тут таемны прыхільнік завёўся, — патлумачыла яна. — Прынёс ружу, а мне ратуй яе ад завядання.
— Бачыш, які ўважлівы прыхільнік: падабраў табе ружу пад колер сукенкі! — заўважыў Грынкевіч.
На Анне сапраўды сёння была доўгая чырвоная сукенка з глыбокім дэкальтэ. Валасы яна сабрала ў вузел на патыліцы, зрабіла ярчэйшы, чым звычайна, макіяж і цяпер нагадвала паўднёвую міжземнаморскую жанчыну, можа быць нават іспанку.
— І праўда, — усміхнулася яна, разглядваючы ружу, якую трымала ў руках. — А я нават не ведаю, каму дзякаваць.
— Можа быць, яму, твайму прыхільніку, гэткая зваротная сувязь і не патрэбная? Проста хацеў зрабіць табе прыемнае, вось і ўсё.
— У яго атрымалася. Кветкі я люблю.
Увечары таго дня спектакля ў тэатры не было.
Сабралася невялічкая кампанія: Грынкевіч, Анна, Міша, Тамара, якая мелася спяваць донну Анну, і яшчэ пара аркестрантаў. І ўсёй гэтай кампаніяй яны пайшлі на піва. На шляху ў бар Анна ўзяла Грынкевіча пад руку, і яны крыху адсталі ад астатніх. Анна распытвала яго наконт працы і казала, што калі ён так будзе абыходзіцца з аркестрантамі, дык неўзабаве згарыць. Дырыгент, як і рэжысёр, павінен забяспечыць колазварот энергіі, тлумачыла яна. Колькі аддаеш, столькі ж мусіш адабраць назад, тады ўсім будзе добра. Грынкевіч ёй пярэчыў. Ён казаў, што калі яго захапляе праца, як вось цяпер, з «Донам Джавані», ён не можа разлічваць, колькі ён аддае. Ён не ўмее быць начальнікам і дыктатарам. У першыя пару сезонаў ён спрабаваў усіх гнуць, але выйшла так, што яго не залюбілі аркестранты. Давялося мяняцца.
— Давялося стаць апавядальнікам, акторам, нават казачнікам. Самае складанае для тых, каму выпадае нешта тлумачыць, — падбіраць вобразы. Пакуль ты свае тлумачэнні не апранеш у метафары, цябе не зразумеюць. Дакладней, зразумеюць толькі на ўзроўні «цішэй-грамчэй, хутчэй-павольней». Ну, і гук будзе адпаведны. Я ж не шаман, такі як Фурт.
— Я крыху не пра гэта, — адказала Анна і праз хвіліну дадала: — Мне тут распавялі, што ў вас такое свайго кшталту паданне ходзіць. І што ты, здаецца, рызыкуеш. Што гэта гульня з прадказальным вынікам.
Грынкевіч стомлена ўздыхнуў і сказаў ёй тое, што ўжо казаў на гэты конт усім астатнім: ён не верыць у забабоны.
— Дарэчы, як тваё здароўе? Тая праблема не турбуе? — пацікавілася Анна.
— Здаецца, не. Ціск, бывае, скача, але гэта не так ужо і часта. А так. У мяне праца як кампенсацыя, мне ж яшчэ тады сказалі, што дапаможа. Дазаваныя фізічныя нагрузкі на ўсе групы мышц. Амаль спорт, толькі не такі рызыкоўны. Праўда, я ў доктара не быў з таго часу, як мной перастаў цікавіцца ваенкамат. Меней трэба пра гэтую лухту думаць, Нюта.
Дзэрліна ўсё ж апраўдваецца. Хіба яна вінаватая ў тым, што яе ўтрымлівалі падманам, яна не хацела... Але нічога страшнага з ёй не здарылася, ейны жаночы гонар не пацярпеў.
У бары іхную кампанію пасадзілі за вялікі стол. Усю ўвагу прысутных прыцягнула да сябе асетынка Тамара, якая нядаўна вярнулася з гастроляў, дзе была збольшага на падстрахоўцы. Апавядала, як ёй выпала спяваць аркестравую замест сусветнай зоркі і як гэта было цудоўна — працаваць з сусветнавядомым маэстра.
Грынкевіч слухаў яе краем вуха, дзеля падтрымання размовы. І пры гэтым глядзеў на Анну, якая сядзела насупраць. Яна цяпер і напраўду выглядала як іспанка, бо інтымнае асвятленне бара надавала ейнай скуры непрыроднае смуглявае адценне, а зрэнкі вачэй так пашырыліся, што амаль схавалі блакітны раёк. Сабраныя ў вузел цёмныя валасы. Шляхетны нос з гарбінкай, даволі вялікі рот з мяккімі вуснамі. Адкрытыя шыя і плечы, сукенка, што не прадугледжвала станік. Ён мог беспакарана глядзець на Анну, бо ведаў, што ёй няма куды схавацца ад ягоных позіркаў. І пры гэтым ён пачынаў змагацца са сваёй мужчынскай фізіялогіяй.
— У табе цяпер ёсць нешта інфернальнае, — сказала яна, каб гэта пачуў толькі Грынкевіч. — А ўвогуле мяне ўражвае гэтая тэатральная легенда, я ніколі не бачыла, каб недзе яшчэ так да гэтага ставіліся.
— Ты сёння асабліва небяспечная. Не будзі ўва мне дэманаў.
— А што будзе, калі яны прачнуцца?
Усе прысутныя, апроч Анны, замовілі піва, яна ж адна сядзела з келіхам віна. Віно было таксама ў колер ейнай сукенкі, як і падораная ружа. А Грынкевічу хацелася, каб па іх зараз жа прыляцеў кілім-самалёт і незаўважна для іншых знёс падалей. Анна тым часам перастала адводзіць позіркі. Так здарылася, што Тамара запыталася пра нешта ў дырыгента, і ён вымушаны быў ачомацца ад сваіх мрояў і пачаць прамаўляць.
«Ах, які ты бязлітасны, Мазэта! — у роспачы выгуквае Дзэрліна. — Рабі са мной што хочаш, толькі даруй мне маё глупства».
— У стылістычным сэнсе італьянскія оперы Моцарта вельмі няпростыя, асабліва познія. Мне вельмі не імпануе псеўдабарокавая безвібратная манера выканання, якой апошнім часам паўсюль захапляюцца. У нас не тыя інструменты, дый Моцарт — ужо не барока. Але яшчэ і не рамантызм, дзе можна ісці шырокімі штрыхамі, махаць гукам і грузіць тэмбрамі. Не, я не прэтэндую на тое, што менавіта ў нас будзе эталоннае прачытанне гэтай партытуры. Гэта павінна быць галантна і зграбна, як уся моцартаўская эпоха, але пры гэтым не суха.
У паўзе, калі нейкую ягоную рэпліку падхапіў адзін з прысутных аркестрантаў, Грынкевіч зноў зірнуў на Анну. Яна таксама паглядзела на яго, паднесла свой келіх да вуснаў, але не адпіла. Гэты знак прызначаўся толькі яму.
№ 12: Арыя «Batti, batti, o bel Masetto...».
У апошнія дні кастрычніка ў горадзе N з'явіліся афішы прэм'ернага «Дона Джавані». Грынкевіч знайшоў там сваё імя і ў першы момант збянтэжыўся. Ён згадаў, як у красавіку, калі яшчэ быў жывы Аляксандраў, тэатр загадзя замовіў афішы на прэм'еру. Ён сам іх бачыў, на ўласныя вочы, бачыў там прозвішча іншага дырыгента. Спектакль меркавалі выпусціць у верасні, аднак Аляксандраў памёр на наступны дзень пасля таго, як у рэкламны аддзел прынеслі стос свежых, з пахам друкарні плакатаў. Грынкевіч тады крыху фліртаваў з тамтэйшай супрацоўніцай і вось, зайшоўшыся ў госці на гарбату, пабачыў афішы.
Новыя былі такія самыя, толькі прозвішча дырыгента на іх змясцілі іншае. Ён падышоў да тумбы на прыпынку і памацаў паперу. Гэтыя геніі рэкламы і піяру скарысталі старыя афішы, толькі ахайна заклеілі імя нябожчыка!
Казалі потым, што Грынкевіч быў прыўкрасны ў сваім высакародным гневе, калі шумеў у рэкламным аддзеле. Дзяўчына, якраз тая самая, што частавала яго гарбатай, ажно расплакалася. Яна апраўдвалася: маўляў, гэта начальства дало каманду актыўна піярыць. Новыя афішы, вядома ж, будуць, літаральна праз тыдзень іх здадуць у расклейку. А старыя скарысталі як часовы варыянт, іначай начальства будзе злавацца. Пагатоў іх зрабілі пад піяр дырыгента, тады яшчэ не было пэўнасці наконт рэжысёра, вось і заклеілі імя, дробязь якая.
Дзэрліна зноў просіць даравання ў Мазэта: ну пабей мяне, ну адлупцуй, калі хочаш, я ўсё сцярплю. (У сялян было заведзена, каб муж лупцаваў жонку.)
Хацелася пайсці да дырэктара, каб зрабіў вымову дурніцы. Грынкевіч сапраўды ламануўся ў прыёмную шэфа, але той выехаў на нейкую тэрміновую нараду, і таму з прачухонам рэкламнаму аддзелу варта было пачакаць. Зрэшты, ну а што скажа дырэктар? А як заўсёды. Паглядзіць у той кут свайго кабінета, дзе вісяць побач абраз Багародзіцы і партрэт Пуціна, цяжка ўздыхне і прамовіць: ну аблажаліся, ну бывае, усе мы рускія людзі, праз тыдзень афішы пераклеяць і ўсё будзе зэ бэст.
Рэшткі злосці перагарэлі ў курылцы разам з цыгарэтай. Яго супакойваў Міша, заклікаў не браць да галавы і прасцей ставіцца да такіх анекдотаў. Гэты весялун проста не бачыў тут ніякага знаку, ніякага папярэджання. І няма чаго з ім абмяркоўваць. Калі б Грынкевіч пачаў выказваць тое, што яго насамрэч турбавала, Міша палічыў бы яго за параноіка. Злосць згарэла, але прыйшла тупая трывога, ухапіўшы яго за сэрца сваёй халоднай лапай. Гэта была не зусім метафара, а цалкам рэальнае фізічнае адчуванне, якое Грынкевічу вельмі не падабалася. Праўда, адпусціла яго даволі хутка.
Дзеля поўнага супакаення яму патрэбная была Анна, якая ў гэты час мусіла працаваць у класе пад раяль. Ён сёння ўжо меў працяглую аркестравую і па вялікім рахунку мог адпачываць, але пасля такога скандалу хіба расслабішся? Ён прыгадаў усе абставіны таго, якім чынам атрымаў гэтую пастаноўку. Не, з Аннай ён не будзе гэта абмяркоўваць. Проста Анна — гэта цуд, гэта сон, які неўзабаве скончыцца, а таму дарагая кожная хвіліна. А можа, і не скончыцца?.. Чаго ён насамрэч хацеў ад Анны? Ну, натуральна, сэксу, прычым з кожным днём гэтае жаданне рабілася ўсё менш кантраляваным, ажно да таго, што яму складана стала працаваць у яе прысутнасці. Пачуцці і адчуванні вагаліся ад лёгкай мілоснай эйфарыі да моцнай эрэкцыі, усё залежала ад таго, як далёка Анна ішла ў сваіх міжвольных правакацыях — ці няма на ёй сёння кароткай спадніцы, ці не забылася яна зноў надзець станік, ці не павітала яго сяброўскім пацалункам, які распальвае больш за жарсныя інтымныя гульні. Такога з ім не было нават на вострай стадыі захаплення Ірынай.
Ну, ёсць гэты Гюнтар, гэтая бляклая моль, гэты нонсэнс, гэты аўтар чарнушных тэатральных пастановак, але наўрад ці ён дае Анне тое, чаго яна хоча. Іначай не было б у яе позірках так шмат абяцанняў, хоць, здаецца, паводзілася яна хутчэй стрымана. Можа быць, усе гэтыя гады яна драмла, як вусень у кокане, а вось цяпер гатовая вырвацца з яго прыўкрасным матыльком? Так бывае. І Грынкевіч прадчуваў, што неўзабаве ўсё і здарыцца, у які дзень і пры якіх абставінах — невядома, але ён аднойчы засне, сплятаючыся з Аннай у марскі вузел абдымкаў.
А што далей?
Далей прэм'ера «Дона Джавані» і. І шэры дым. Ён не бачыў далей ніякай будучыні, ні сваёй уласнай, ні таго, што магло быць звязана з Аннай. Але цяпер яна была яму патрэбнай, каб прагнаць гэтую трывогу ці, можа быць, нават развеяць хоць крыху гэты шэры дым і вярнуць яму здольнасць верыць у заўтрашні дзень.
Сёння была яшчэ «Травіята», куды ўводзілі Ірыну і дзе Грынкевіч мусіў страхаваць дырыгента Каршакова. Ён неяк зусім пра гэта забыўся. Якраз думаў пагутарыць з дырэктарам, каб хаця б за пару тыдняў да прэм'еры не ставілі яму ні страховак, ні спектакляў. Але да прэм'еры яшчэ крыху больш за месяц, а ён пачынае ігнараваць сваю штодзённую працу, гэта нядобра. Дарэчы, варта было б зрабіць сёння адзін чыста гуманітарны жэст.
Ён дастаў сотавы і набраў нумар Ірыны — адзіная за апошнія пару тыдняў ініцыятыва з ягонага боку. Спявачка ўзяла тэлефон і была ветлівай, але сухой. Грынкевіч распытваў, як яна пачуваецца, ці гучыць, і ўсё ў такім стылі. Размова выходзіла нацягнутай.
— Калі ты не паслухаеш усяго, я цябе цудоўна зразумею, — яшчэ больш суха сказала Ірына. — Ты не абавязаны затрымлівацца ў тэатры толькі таму, што сёння спяваю я.
— Што гэта значыць?
— Ты сам усё разумееш. У кожным разе, дзякуй табе за маральную падтрымку. Са мной ты не мяшаеш працу і асабістае.
— Іра, не трэба на мяне нападаць. Да таго ж, я так ці іначай сёння на страхоўцы.
— А я не нападаю. Дзякуй табе за званок і выбачай, бо ў мяне яшчэ справы. Пакуль.
Ён даў сабе слова, што паслухае ўвесь спектакль з залы, потым абавязкова павіншуе Ірыну, а калі трэба, то і суцешыць. Ён пачуваўся вінаватым перад ёй, але нічога не мог з сабой зрабіць, бо паводзіўся так, быццам яго апаілі. Цяпер усе ягоныя думкі займала Анна. За гэтыя гады ў ёй шмат змянілася не толькі звонку, але і ўнутры, так ён гэта адчуваў. Яна іначай на яго глядзела, у вачах быў не страх і не выклік, не жаданне эпатаваць, як раней, а гатовасць. І яму гэта не мроілася, мужчынскі інстынкт яго не падманваў.
Яна рэпеціравала з вакалістамі і канцэртмайстрам. Якраз праходзілі «Batti, batti.», калі ён ціхенька ўвайшоў і сеў на крэсла ў кутку. Адна запасная Дзэрліна (у адсутнасць Ірыны) завучвала мізансцэны пад наглядам рэжысёра. Яшчэ адна, таксама запасная, сядзела і проста назірала за працэсам. Асноўны Мазэта павінен быў мастацкімі сродкамі барокавай эпохі паказваць абражаны гонар. Грынкевіч міжволі гігікнуў, гледзячы на іх. Ідэя рэжысёра цалкам чыталася — гэта быў гратэскны спектакль пра оперу.
Анна павіталася з ім кіўком галавы і ўсміхнулася. Калі ён увайшоў, яна сядзела вярхом на крэсле, абхапіўшы рукамі яго спінку. На ёй былі чорныя джынсы з заніжанай таліяй і чорны бліскучы швэдрык, даволі кароткі, каб агаліць самы ніз спіны. І няхай не было ніякага асаблівага выкліку ў гэтым спантанна аголеным кавалачку цела, але ж яму, мужчыне, стала горш думацца пра музыку і рэжысуру. Да таго ж сам выгін спіны быў такім спакуслівым, што нават у даўжэзным балахоне Анна выглядала б прывабна. Апошнімі днямі яе часта абмяркоўвалі мужчыны ў курылцы і амаль заўсёды ўжывалі зацёрты, але трапны ў гэтым выпадку эпітэт — сэксі, хоць ніхто не называў яе прыгожай. На публіцы Грынкевіч стараўся абстрагавацца ад гэтых мужчынскіх размоў, але ўнутрана цешыўся: гэта ён распаліў вогнішча, знічкі якога цяпер ляцелі ва ўсе бакі. Калі Анна толькі прыехала ў N, яе называлі хіба што «мілай» і «сімпатычнай».
Яна ўзнялася з месца, інстынктыўна паправіла швэдрык, нібыта ўсё сама зразумела і не стала яго правакаваць. Пачала нешта тлумачыць вакалістам. Грынкевіч лавіў ейныя рухі і жэсты. Як яна крыху выгінае сцягно, як закладвае за вуха прадку валасоў, што выбіліся з «ракавінкі». Сёння яна была з «ракавінкай» замест больш звыклага вузл а на патыліцы.
— А ты як лічыш? — раптам гукнула яго Анна, і Грынкевіч пачуўся як у школе на ўроку матэматыкі, калі летуценнага вучня раптам выклікаюць даказваць тэарэму.
Ён сказаў нешта няўцямнае, толькі каб выкруціцца. Вуха паспела злавіць пару музычных блох, і ён зрабіў салістам заўвагі. Неўзабаве яны скончылі працу. Была ўжо палова на шостую вечара, Анна збіралася дадому і раптам папрасіла праводзіць яе. Грынкевіч сказаў, што, на жаль, застаецца на «Травіяту».
— Можа, мне з табой за кампанію застацца?.. Ты пачастуй мяне кавай, а я падумаю.
Інтанацыі Дзэрліны робяцца ўсё больш какетлівымі. Яна разумее, што ейны дурань Мазэта занадта закаханы, каб сапраўды яе пабіць. Але ўсё ж нявеста просіць пакараць яе, а за гэта абяцае нават пацалаваць рукі.
Яны пайшлі ў кавярню непадалёк ад тэатра, каб забіць час да спектакля. Анна жартавала наконт таго, што ейны спадарожнік — мужчына правільнага росту, з ім зручна хадзіць пад руку, не тое што з маленькім Гюнтарам ці высокім Мішам, які апошнім часам зрабіўся занадта галантным. Потым у кавярні рэжысёрка бесперапынна траскацела пра сваю пастаноўку, але Грынкевіч у яе прамовы не вельмі ўслухоўваўся. Галоўнае, што ён перастаў думаць пра пятае снежня і зусім угаварыў сябе не быць фаталістам. Ён жа ж не верыць у забабоны! Галоўнае, што Анна аддасць гэты вечар яму, а не камп'ютару, тэлевізару ці проста цёплай ванне з пенай. Вечар. А можа быць, і не толькі вечар?
— Уласна, чым была опера ў васямнаццатым стагоддзі? Мастацтвам для ўсіх. Забавай, — разважала Анна. — Нечым накшталт сучасных тэлесерыялаў. Не глядзі на мяне гэтак, зараз усё растлумачу. Калі хаця б павярхоўна прагледзець лібрэта тагачасных драм для музыкі, дык можна ўбачыць бясконцае апеляванне да тых самых вобразаў і сюжэтаў, якія цяпер эксплуатуюць у серыялах. Ну вось тая ж «Грызельда», неістотна, Скарлаці або Вівальдзі. Гаворка пра лібрэта Дзэно. Той самы вобраз вернай жонкі, папялушкі, якая стала каралевай. І гэтая сітуацыя з дачкой, якую каралева лічыць загінулай, а насамрэч кароль яе надзейна схаваў і таемна выхоўваў. Тэма згубленага дзіцяці. Потым кароль выпрабоўвае жонку, абвяшчае ёй, што мае намер ажаніцца з сапраўднай прынцэсай. Ну, і гэтак далей, аж да хэпі-энду. Слухай, а ці не тое самае, але пад іншым соўсам, нам падавалі гадоў пятнаццаць таму? Памятаеш: «Хуан-Карлас, мі амор, калі адбудзецца наша вяселле. »
— Заўсёды здзіўляўся тваёй здольнасці мысліць парадоксамі і нечакана змяшчаць акцэнты. Але ж чаму менавіта серыялы?
«Ты мне даруеш? Ну пэўна ж даруеш, я бачу, што даруеш!» — радасна ўскрыквае Дзэрліна. Зрэшты, а што яму яшчэ застаецца, гэтаму Мазэта? Толькі дараваць. Не скандаліць жа яму на ўсю вёску, не ганьбіцца.
— Бо опера ў той час была кічовай паводле свайго зместу. Хіба не відавочная паралель? Кіч — любоў да ўсяго такога красівеннага, каб было пабагатаму. «Багатыя таксама плачуць» — геніяльная назва! Гэта ж універсальны мэсідж антычнай оперы! Гэта яе асноўны ідэйны змест. Былі, вядома ж, інтэрмедыі, але ў кожным тэлесерыяле таксама ёсць нейкая асобная сюжэтная лінія з удзелам плебсу. Паміж эпізодамі, дзе багатыя плачуць, павінны ісці сцэны ў звычайнай простай сям'і. Камічныя характэрныя персанажы ў серыяле амаль як прышый кабыле хвост, але ж калі глядач будзе бачыць толькі слёзы багатых, ён хутка насыціцца. Ён пачне пераключаць тэлевізар на іншы канал. Тое ж самае было ў оперы, і камічныя інтэрмедыі з'явіліся дзеля таго, каб наведнікі тэатра маглі крыху адпачыць ад узвышаных жарсцяў.
— Ну, не заўсёды ж яна была кічовай. На стагоддзе раней гэта было мастацтва для гурманаў.
— І на стагоддзе пазней яна зноў ім зрабілася. Верысты, напрыклад, паступова зрабілі з італьянскай оперы гэтакі нармальны сацыяльны артхаўс. Ну вось тая ж «Травіята», якую мы з табой зараз пойдзем слухаць. Але мяне цікавіць менавіта васямнаццатае стагоддзе, эпоха росквіту гэтага жанру. Станаўленне — гэта тое, пра што ты кажаш. «Арфей», «Каранацыя Папеі». Заняпад — гэта «Травіята». І я б сказала, што гэта ўжо глыбокі заняпад, Пучыні і кампанія проста забілі апошні цвік. Заўваж, я кажу толькі пра італьянскую оперу як нейкі ўзор жанру. Мы ж ставім італьянскага Моцарта, не нямецкага.
Грынкевіч з гэтай тырады выхапіў найбольш значную для сябе думку: Анна ўсё ж ідзе разам з ім на «Травіяту».
Ну вось Дзэрліна з Мазэта і замірыліся. Цяпер іх чакаюць шчаслівыя дні і ночы, жыццё працягваецца.
— Ну дык вось. Апеляванне да пэўных вобразаў
— раз, кічовая любоў да ўсяго прыгожага — два, абранне ў якасці герояў багатых і паспяховых — тры. Што ж да музыкі, да музычнай эстэтыкі, дык тут антычную оперу можна параўнаць хіба з сучаснымі кіношнымі блокбастарамі. Цяпер гледача захапляюць камп'ютарнымі спецэфектамі, а тады трэба было здзівіць магчымасцямі галасавога апарату. Усё вышэйшая і вышэйшая тэсітура, усё складанейшыя і складанейшыя кадэнцыі, усё болей і болей упрыгожанняў, усё радзей і радзей можна ўзяць дыханне. Адсюль кастраты. Дык да чаго ж я вяду? Пэўна да таго, што сучасныя спробы ўвасаблення оперы на сцэне так ці іначай зводзяцца або да гэткага тэатральна-музычнага арт-хаўсу, або ператвараюцца ў нафталінавы кіч. Апошні, хто здольны ставіць оперы «папрыгожаму і па-багатаму» і можа рабіць з гэтага кічу мастацтва, — гэта Дзэфірэлі, дый той ужо. Ну, ты разумееш. Усе астатнія касцюмныя пастаноўкі цяпер па вялікім рахунку не маюць ніякай мастацкай вартасці і не нясуць абсалютна ніякага мэсіджу. А Моцарт. Моцарт зрабіў так, што опера пасля яго ўжо не магла існаваць як серыял для плебсу і таму здолела трансфармавацца ў арт-хаўс, але і ў гэтай якасці праіснавала да Пучыні.
— То бок, ты іх адмаўляеш цалкам ці што?
— Можна лічыць і так. А чым класічная касцюмная «Травіята» можа цяпер прынцыпова адрознівацца ад канцэртнага выканання? Што яна значыць, апроч нейкага антуражу і пэўных перасоўванняў салістаў па сцэне? Ніякай сэнсавай нагрузкі яны ўжо даўно не нясуць. Больш перспектыўна рабіць з класічнай оперы арт-хаўс.
— Але ж гэта слізкі шлях.
— Вось менавіта. Калі мяне сюды запрасілі, я пару дзён потым проста хадзіла па Маскве і думала: што мне зрабіць з гэтым сюжэтам? Кім яшчэ не быў Дон Джавані? Садыстам быў, фашыстам быў, наркаманам быў, імпатэнтам быў, гомасэксуалістам быў. І я раптам падумала, што ён не быў проста састарэлым барытонам, якога разбэсціла публіка і антрэпрэнёры. Мы паказваем спектакль у стылі позняга барока, але ж адносіны паміж артыстамі, свет тэатра — вечная тэма. Усе яны адно перад адным выпендзюльваюцца, усе заляцаюцца да публікі, усе спрабуюць застроіць капельмайстра. Толькі адзін Камандор на сцэне жыве. Каменная статуя выглядае больш жывой і арганічнай за іх усіх. Вось так. А прыгожыя касцюмы — ну, гэта падманка. Можна сказаць, гэта пародыя на класічныя пастаноўкі, на тое, што так любяць тэатральныя бабці. Густоўная вампука. А нам, дарэчы, варта ўжо ісці: дваццаць хвілінаў на сёмую.
Рэчытатыў «Guarda un po' come seppe...».
У бельэтаж яны заскочылі акурат у той момант, калі ў зале згасла святло. Капельдынерка паказала ім на некалькі вольных крэслаў. Грынкевіч і Анна пракраліся туды, нібы студэнты па ўваходных квітках на прыстойныя месцы. Зрэшты, яны гадоў дзесяць таму вельмі часта вось так разам прыходзілі ў тэатры — перад самым-самым пачаткам паказу. У цемры Грынкевіч злёгку дакрануўся да Аннінай рукі. Яна ішла па вуліцы без пальчатак, і таму пальцы былі зусім халодныя. Тады ён узяў абедзве яе далоні і накрыў сваімі рукамі, каб сагрэць. Такое ў іх было часта і тады, у юнацтве, раней гэта быў пачуццёва неафарбаваны жэст, нават у рамантычныя моманты іх доўгай гісторыі. Але сёння ў ім з'явіўся падтэкст, якога тады не было. І Анна проста разняволілася, прымаючы гэтую ціхую ласку без напружання.
Мазэта сапраўды гатовы ўсё дараваць. Вось яны ўжо і цалуюцца з Дзэрлінай. Як жа лёгка гэтыя кабеты намі, мужыкамі, круцяць, сказаў жаніх.
— Па вялікім рахунку, можна ліняць адсюль пасля другога акта. Каршакоў жывы і здаровы, нічога з ім не здарыцца. Але калі шчыра, я абяцаў
Ірыне паслухаць усё ад пачатку да канца і сказаць потым, што я думаю, — шапнуў Грынкевіч на вуха сваёй спадарожніцы, і гэта была ў большай ступені падстава ўдыхнуць водар ейнай парфумы, якая пачала хваляваць мужчыну.
— Калі ты не хочаш, каб я складала табе кампанію, то. — з усмешкай шапнула Анна і не зрабіла ніякай спробы, каб адсунуцца ад суседа, вусны якога краналі пасмачку валасоў на яе скроні.
— Наадварот, вельмі хачу. Больш за тое, я магу потым павесці цябе куды-небудзь павячэраць.
— Вырашыў мяне спакусіць?
Здалёк чуваць голас дона Джавані. Ён кажа, што ўсё гатова для свята. Дзэрліна ўстрывожаная. Ён прыйдзе. Ну і што, хай сабе прыходзіць, кажа Мазэта, які не разумее прычыны такой трывогі. Але Дзэрліна хоча схавацца.
Ён не адказаў. Анна вызваліла сагрэтыя далоні з ягоных рук і паклала іх на калені.
— Дык што наконт вячэры? Там, дзе мінулым разам сядзелі?
— Угу. — прамуркатала яна і ўсміхнулася зноў.
У Грынкевіча пачынала круціцца галава ад гэтай лёгкасці і нязмушанасці. Анна цяпер прымала заляцанні з радасцю, што натхняла яго яшчэ болей. Сённяшні вечар павінен мець працяг.
Тут Мазэта здагадваецца: значыцца, яго нявеста баіцца, што Джавані прыйдзе і выдасць усё, як яно было насамрэч. Селянін зноў шалее ад рэўнасці.
№ 13: Фінал.
Цягам двух антрактаў яны ладзілі праменады па глядацкай частцы. Анна зноў завяла пра свой спектакль. Грынкевіч слухаў яе і заадно абдумваў, у якой форме заўтра выкладзе Ірыне ўсе свае сённяшнія ўражанні. А ўражанні былі не найлепшыя. Ірына зноў не рызыкнула выйсці на мі бемоль у першым акце і распісалася ў сваім панічным страху перад верхнімі нотамі. У другім акце было зашмат акторскай мітусні і нейкай нелагічнай фразіроўкі, але гэта было таксама і на сумленні Каршакова, які ўводзіў яе ў спектакль. На трэцім акце яна пачала стамляцца і зусім не прагучвала ніз. Зрэшты, яна выглядала так добра, што недасведчаная публіка не аднойчы за спектакль крычала «брава», зусім не за ейныя спевы.
— Субрэтка, — рэзюмаваў ён, выходзячы з залы разам з Аннай у канцы спектакля, калі публіка пачала пляскаць у ладкі. — Да таго ж, усё задрана, скавана, без апоры. Верхавіны ўсе плоскія, усе! І з нервамі не ў парадку. На рэпетыцыях яна па тэхніцы больш-менш, я сам чуў, як яна ў класе нармальна ўсё крые. А як выйдзе на сцэну — кранты. Вучыцца ёй яшчэ і вучыцца, а не ў тэатры спяваць.
Дзэрліна хоча схавацца ў альтанцы, кажа, што Джавані не павінен бачыць іх разам. Мазэта замест гэтага сам хаваецца ў альтанцы і выпіхвае адтуль дзяўчыну. Ён хоча паназіраць за тым, як яго нявеста будзе сябе паводзіць з кавалерам-свавольнікам.— Дарма ты гэтак катэгарычна, — адказала Анна. — Дзяўчынка маладая зусім, гадоў праз колькі набярэ абертонаў, навучыцца лепей абапіраць, калі будзе правільна займацца. А галасок абсалютна чароўны, пры гэтым такая прыгажуня. Хадзем павіншуем яе з прэм'ерай?
— Лепей заўтра. Я разумею, што дарагое яечка да Вялікадня, але цяпер мне дзіка хочацца есці. Заўтра я Іру ўбачу, я яе выклікаю, усё адно толькі яна можа на рэпетыцыю выйсці. Адна Дзэрліна заўтра працуе спектакль, другая вось СМС даслал а, што ў яе дзіця захварэла. Дарэчы, заўтра я цалкам збіраю фінал першага акта. Ну дык што — хадзем адсюль?
Анна кіўнула, і яны пайшлі па свае рэчы.
Дзэрліна застаецца адна і трымціць ад страху.
Сцэна XVII
Дзэрліна, дон Джавані разам са сваімі апранутымі ў ліўрэі лёкаямі, таксама Лепарэла.
Кавярня, куды яны ўжо не ўпершыню прыходзілі ўдваіх, у той вечар была не такой ужо і шматлюднай, відаць, таму што сярэдзіна тыдня. Адміністратар пасадзіў іх за столік ля акна. Анна вывучала меню і зноў бясспынна гаварыла.
— Ты так ніколі нічога не выбераш, — з паблажлівай пяшчотай дакараў Грынкевіч сваю спадарожніцу. — А між тым афіцыянтка ўжо глядзіць на нас і чакае.
— Я выбрала, — паведаміла Анна і згарнула меню.
Грынкевіч прыгадаў, што яна заўсёды ўмела рабіць дзве справы адначасова. Яна ў юнацтве магла размаўляць па тэлефоне і пры гэтым перапісваць канспект. Што за праблема з такімі талентамі вывучаць меню і ў той самы момант траскацець пра тэатральнае мастацтва. Калісьці яна вось гэткім жа чынам размаўляла з ім: ён мог прыйсці ў госці і з запалам апавядаць пра свае асістэнцкія турботы. Ён прыходзіў за разуменнем, а замест уважлівай слухачкі атрымліваў істоту, якая соўгалася туды-сюды па кватэры і амаль не звяртала на яго ўвагі. Часта яму падавалася, што Анна яго зусім не слухае. Але ж праз колькі дзён яна магла амаль дакладна працытаваць тое, што ён апавядаў, пакуль яна бегала па хаце з пыласмокам наперавес.
Сёння яна зноў прынцыпова выбрала віно.
— Ты маеш адзіны недахоп: зусім не прызнаеш гарэлкі ці іншых моцных трункаў, — сказаў Грынкевіч.
— Я магу выпіць шот-другі гарэлкі, калі ў кампаніі даводзіцца выбіраць паміж ёй і танным сапсаваным вінаматэрыялам. Пакуль вучылася ў Маскве, дык выпрацавала такі прынцып. А калі ёсць магчымасць выбіраць, ды яшчэ і за кошт мужчыны. Зразумела, я вазьму віно.
Добра, што яна не сказала «за кошт даўняга сябра». Грынкевіч адчуваў імпэт, яму рабілася вальней. У тым ліку ад таго, што гульня ішла паводле правілаў, так, як яму і падабалася. Позірк Анны не казаў наўпрост: пасля кавярні магчымы працяг. Яму пакідалі свабоду дзеянняў для таго, каб гэты працяг адбыўся.
— Мілая кавярня, — прамовіла Анна. — Не разумею, чаму Гюнтару яна не спадабалася. Мы з ім таксама тут былі. Інтэр'ер для яго, ты бачыш, як скрынка з цукеркамі. Так і сказаў. Зрэшты, ён тады быў не ў гуморы.
— А ён бывае ў гуморы? — з ледзьве заўважным раздражненнем пацікавіўся Грынкевіч. Размовы пра Гюнтара яму толькі бракавала!
— Ён флегматык, і ў яго такая неартыстычная манера камунікавання, што ўжо зробіш, — спакойна адказала Анна. — Ты ведаеш, я спачатку не магла да яго прызвычаіцца. Вакол мяне ўсе вельмі эмацыйныя — гэта натуральна, такі асяродак. Я, вядома ж, больш стрыманая ў параўнанні з іншымі, але Гюнтар — ну проста як сценка. А потым знайшла ў гэтым свае перавагі. Дарэчы, вы ў працы шмат у чым падобныя, дый у побыце таксама. Ён парадак любіць, нават на паперцы сабе план дзеянняў на найбліжэйшую рэпетыцыю заўсёды складае. Проста ты больш жвавы, дасціпны, гнуткі.
Дон Джавані з'яўляецца на сцэне і зноў абвяшчае, што для свята ўсё гатова, ён хоча пазабавіць сваіх гасцей-сялян. Аддае лёкаям апошнія каманды.
— Шмат п'ю, куру, і жанчын люблю болей. Увогуле, вяду нездаровы лад жыцця.
— А навошта табе гэта? Ну, курэнне, зразумела, звычка. Пітво ты цалкам можаш кантраляваць, як я бачу. А жанчыны?
— Бачу, ты змяніла жыццёвую філасофію.
— Стала больш дарослай, будзем так лічыць.
Яны сядзелі ў зоне для некурцоў, таму Грын-
кевіч папрасіў прабачэння і пайшоў пакурыць у вестыбюль кавярні. Насамрэч ён зноў пачаў нервавацца і таму хацеў пару хвілінаў пабыць на самоце, каб хоць нешта зразумець. Анна какетнічала і прымала заляцанні, але толькі прымала. Нечаканая спроба размовы пра мараль прымусіла яго паглядзець на сітуацыю незамутненым ад лібіда зрокам.
Ён вярнуўся да стала. Анна сядзела і задуменна глядзела ў акно, за якім бачылася ўжо амаль пустая і амаль начная, невечаровая вуліца. Была адзінаццатая. Гэтая кавярня зачыняецца апоўначы, папярэдзіў адміністратар.
— Ведаеш, Лёша, я чамусьці была ўпэўненая, што заспею цябе тут з жонкай і дзецьмі, — сказала Анна, калі ён вярнуўся і сеў за столік. — А нічога не мяняецца. Як быццам цябе на паўзу паставілі.
— А так і было, — адказаў ён і моўчкі ўзяў ейныя рукі ў свае. — Давай вось так хаця б хвілінку пасядзім моўчкі.
Яна апусціла вочы і нічога не адказала, але і не адняла рук. Так яны і сядзелі адно насупраць другога, трымаючыся за рукі, пакуль афіцыянт не прынёс іхную замову.
— Ты цудоўна ведаеш, Нюта, што я цябе. Што ты асаблівая для мяне, — загаварыў ён, калі Анна зноў паспрабавала вывесці размову ў нейтральныя воды.
— Толькі праз тое, што было калісьці?
Ён адклаў свой прыбор, паставіў локці на стол і счапіў рукі, як у малітве. Гульня заканчвалася, то бок, гэта ўжо не быў той прыемны флірт, на які Анна вялася колькі дзён запар.
— І праз тое, што было, таксама. У цябе цяпер такая парфума, што ты пахнеш, нібы летні дождж. Я запомніў гэтую гаркавую свежасць тваёй скуры, гэты пах дажджу і навальніцы, які застаўся нават пасля лазенкі. Ты ж гэта памятаеш? І вось цяпер я цябе хачу, як быццам мне зноў васямнаццаць гадоў. Ты такая характарная, рэзкаватая тварам, а насамрэч пяшчотная.
— Не трэба, Лёша.
Лёкаі ідуць да сялян і запрашаюць іх на свята.
— Кажуць, што калі ў чалавека здараецца інфаркт, у яго адмірае частка сэрца. Прынамсі, так гэта тлумачыць мой бацька. У мяне тады адмерла частка душы. З гэтым не кладуць у рэанімацыю і не ставяць кропельніц, але гэта больш небяспечна. А цяпер я адчуваю, што гэты душэўны некроз кудысьці знік, мне як быццам зноў васямнаццаць гадоў. Я тады быў напраўду шчаслівым, бо ўсё жыццё было асэнсаваным, напоўненым і зразумелым. Я ведаў, што хачу быць дырыгентам і што ім стану, што я малады, таленавіты, што ў мяне ўсё наперадзе, я ведаў, што ты будзеш побач заўсёды. Ты была каменным падмуркам майго жыцця. Можа, для цябе з тваімі тагачаснымі поглядамі гэта было неістотна, а для мяне.
— Для мяне гэта было істотна! — прамовіла яна з горыччу і зірнула на яго так, быццам прасіла пра апошнюю літасць.
— Чаму ж ты мяне кінула? Хоць цяпер можаш гэта растлумачыць?
— А што мае тлумачэнні зменяць?..
Яна прамовіла гэта з роспаччу і безнадзейнасцю. Грынкевіч не ведаў што адказаць, бо пакуль нават не ўяўляў, навошта завёў гэту размову. Хіба ён бачыў нешта далей за сённяшні вечар і ноч, якая, безумоўна, будзе? Хіба Анна не жанчына, якая хоча пэўнасці і мае на яе права?
Сцэна XVIII
Дон Джавані, Дзэрліна, Мазэта. Дзэрліна спрабуе як-небудзь схавацца.
Сітуацыю ўратаваў мабільнік: тэлефанаваў габаіст і настойліва адпрошваўся з заўтрашняй рэпетыцыі, бо трэба тэрмінова прайсці тэхагляд. Грынкевіч сказаў, што няма пытанняў, хоць звычайна неахвотна адпускаў аркестрантаў. Гэтае невялічкае інтэрмецца дазволіла яму крыху супакоіцца. Ён не стаў замінаць Анне чарговым разам перавесці размову на бяспечную тэму. Людзей у зале рабілася ўсё меней, да закрыцця заставалася ўжо мала часу. Афіцыянт прынёс ім гарбату.
— А памятаеш, як ты мяне тады адчысціў на развітанне, калі ў нас былі супольныя народзіны? — нібыта нязмушана і з усмешкай раптам сказала яго візаві.
Грынкевіч здзіўлена ўзняў бровы. Ён не думаў, што Анна будзе згадваць гэты выпадак з гумарам.
— Я табе за гэта вельмі ўдзячная, бо іначай я б сапраўды ляцела на аўтапілоце немавед куды. Я б нават у тэатралку не сабралася, усё б засталося на ўзроўні фантазій, а тут захацелася давесці, што я не пустазелле. Я недзе праз тыдзень пасля твайго ад'езду пайшла ў цырульню і папрасіла, каб мне пагалілі галаву. Радыкальны спосаб пазбавіцца чырвоных валасоў. Усе былі ў шоку, акадэм я выйшла спяваць у парыку. Я тады яшчэ адзін акадэм праспявала і забрала дакументы з кансерваторыі. А потым я пачала здымаць пірсінг, потым нейкія спадніцы і туфлі сабе набыла. Праўда, калі я ў тэатралку на рэжысуру паступала, мне прапанавалі акторскае. Там хтосьці з выкладчыкаў быў зацікаўлены ў травесці, а ў мяне быў якраз той тыпаж. Але я ўсё ж памкнулася на рэжысуру. Ну, і знайшла сябе ў мюзіклах.
— Ты ўпэўненая, што гэта тваё?
— Упэўненая. Ты ўжо не ўпершыню мяне пра гэта пытаеш. І я не разумею, чаму ты ставішся да гэтага жанру так непрыязна. Як і да таго, што мы робім з Гюнтарам.
Ён задуменна размешваў цукар у сваім кубку з гарбатай. Ён ведаў, што ні гісторыя агульная, ні гісторыя асабістая не любяць умоўнага ладу. Але ж цяпер яму ўсё ж хацелася думаць, што б здарылася, калі б тагачасная Нюта раптам сказала яму: «А паехалі ў N».
Свавольнік заўважае Дзэрліну і ловіць яе, хоць яна і спрабуе ўцячы ад яго. Джавані хоча ўвесці сялянку за сабой.
— Чаму ты мяне тады паклікаў? — запыталася яна. — Са шкадавання?
Яна ці то наўмысна не хацела яго разумець, ці то сапраўды не разумела.
— Нюта. Тое, што я да цябе ўвесь час адчуваў і дагэтуль адчуваю, не ўпісваецца ў нейкае адно азначэнне. Гэта ўсё адно што параўноўваць гучанне самотнай скрыпкі ці флейты з гучаннем поўнага аркестра разам з хорам і салістамі. Разумееш? На той момант ты была для мяне як хатняе кацянё, якое я не меў права кінуць. Я думаў, што ты сама не выкараскаешся. Я баяўся за цябе. А чарада гэтых. Я чамусьці быў пэўны, што ўсё гэта некалі скончыцца, што табе надакучыць самой. Але ж было б лепей, каб усё скончылася раней, пакуль ты сабе жыццё зусім не паламала, таму я і сказаў: паехалі са мной. Верыў, што перамена абстаноўкі пойдзе на карысць. Калі ты мяне ў першы раз кінула. Самым страшным было не тое, што ты мяне на некага іншага прамяняла, наконт гэтага я неяк нечакана хутка супакоіўся. Самым страшным было тое, што ты магла зусім сысці з майго жыцця. І гэта адбылося, калі я з'ехаў сюды. Калі ты сказала, што табе і так усё падабаецца, гэта было складана. І калі я сказаў табе.
— Нічога ты мне не казаў. Забудзем пра ўсё, добра? — прашаптала яна і раптам дакранулася пальцамі да яго вуснаў.
Гэта была не проста пяшчотная просьба змоўкнуць — гэта быў усплёск жарсці, якую Анна стрымлівала. Тады ён перахапіў яе далонь і прытуліў да сваёй шчакі. Не, ён не быў цяпер спакушальнікам, ён проста шмат гадоў сумаваў па ёй — і вось нарэшце ў іх агульны вечар, спатканне, а не сустрэча сяброў-калегаў. Яго зачароўвала непаўторная пяшчота, з якой Анна пачала гладзіць яго па шчоках, па валасах, тое, як яна правяла пальцам па глыбокім шнары на яго падбароддзі. Ён займеў гэты шнар гадоў пяць таму, ужо ў N, і пасля пачаў адпускаць бараду.
— Рэдка, калі да мужчыны хочацца проста дакранацца. Такая ў нас, у жанчын, асаблівасць: мы як коткі, гатовыя болей прымаць такой пяшчоты, чым аддаваць. А з табой чамусьці іначай.
Ён зведаў шмат чаго з жанчынамі, некаторыя былі вельмі дасведчанымі і нават дасканалымі каханкамі, а цяпер ён даходзіў да шалу толькі ад таго, што Анна лашчыла даланёю яго твар. Тая, якую ён назваў калісьці «ніякай», толькі каб наўмысна прынізіць і абразіць. Цяпер ён нявольнік яе жаноцкасці. Ён сам інстынктыўна пацягнуўся да яе, каб злавіць хоць адзін пацалунак, аднак Анна мякка адхілілася. Яна цяпер насамрэч пахла дарагой гаркавай парфумай, а не летнім дажджом, — трэба прыняць гэтую ісціну і ведаць сваю партыю.
Тады Грынкевіч загаварыў крыху адчужаным тонам, быццам пераказваў чыюсьці гісторыю хваробы:
— Калі ты мяне тады кінула, без тлумачэнняў, на роўным месцы, мне не хацелася жыць. Асабліва пасля таго, што адбылося. Я месяцы тры не мог нічога рабіць, ледзь не вылецеў з вучобы, ледзь не пастрачваў усе свае падпрацоўкі, ледзь не застаўся на вуліцы. Аднойчы я сядзеў на падваконні ля расчыненага акна, гэта быў дзявяты паверх. Я глядзеў уніз, і мне было не страшна. Пару секунд — і ўсё скончана. Я проста не ўяўляў, што апроч цябе можа быць нехта яшчэ. Я думаў пра бацькоў. У іх, прынамсі, быў яшчэ мой брат, я іх не пакідаў зусім адных. Да таго ж я думаў, што калі мяне не стане, то тата нарэшце развяжацца са сваёй каханкай і вернецца да мамы назусім. Я гэта пралічваў вельмі сур'ёзна і нікому не прагаворваў. Відаць, я вар'яцеў. Потым я трапіў на адзін семінар для харавікоў, мяне заўважыў вядомы дырыгент і сказаў, што я павінен сур'ёзна займацца, што б ні адбывалася, што ўва мне ёсць музыка, ёсць нерв. Толькі пасля гэтага да мяне пачала вяртацца прытомнасць. Больш са мной ніколі такога не было, каб я не хацеў жыць.
Анна не глядзела на яго. Яна сядзела апусціўшы твар і моўчкі слухала.
— Госпадзе, што ж я тады нарабіла. — прашаптала яна. — Калі б з табой такое здарылася, я б не перажыла таксама. Гэта ж тое самае, што з маці. Толькі тут была б вінаватая я.
— Гэта слабасць, я сабе такога больш ніколі не дазваляў, нават калі мяне тут у кут загналі і я ледзь не застаўся па-за прафесіяй. Было і такое, але. — сказаў ён, нібыта супакойваючы яе, спрабуючы зняць з яе віну. — Але чалавек не можа не хацець жыць. А з жанчынамі. Рэч ва ўнутраным адчуванні, калі знікае «я» ці «ты», а застаецца толькі «мы». Потым мы зноў сустрэліся, памятаеш? Адзіны дзень, калі два гаваруны амаль не размаўлялі, толькі мілаваліся і маўчалі ў перапынках. Ты была каротка пастрыжанай, і я памятаю адчуванне, як ты сваім хлапечым «вожыкам» цёрлася аб маё плячо. Я курыў на кухні ўначы, а ты прыйшла загорнутая ў коўдру і казала мне, як не хочаш прапусціць ніводнай кроплі гэтай ночы. І як ты слухала восьмую п'есу з «Крайслерыяны», каб я вярнуўся. І я сапраўды вярнуўся! Ты мяне начаравала тады. А потым.
— Забудзем пра тое «потым».
— У мяне потым шторазу было або «я», або «ты» ў залежнасці ад настрою і абставінаў. З некаторымі я адчуваў нешта аддалена падобнае, але гэта было не яно. Я хачу ўваскрасіць гэтае адчуванне, і гэта магчыма толькі з табой. Сёння ж. Гэтай ноччу.
Вочы ў яе цяпер былі такія, як у той позні вечар, калі яна, стоячы ля сваёй кватэры, спрабавала адамкнуць дзверы. Бабуля пайшла глядзець унука, зводнага Нюцінага брата. Пакінула ключы ў суседзяў і напісала цыдулку, што будзе толькі зранку. Ён стаяў і глядзеў на тое, як дзяўчына не можа зладзіць з замком. Нарэшце паспрабаваў адамкнуць дзверы сам, але і ў яго выйшла не адразу, бо і сам калаціўся — не ад таго, што наскрозь прамок пад дажджом, а ад таго, што мужчынскі інстынкт казаў яму пра мужчынскі шанец. Калі дзверы ўсё ж паддаліся і яны трапілі ў кватэру, дзяўчына позіркам запыталася ў свайго госця: а ці слушна мы робім, ці правільна паступаем? Ён, нічога не кажучы, пачаў яе распранаць проста ў вітальні: «Ты прамокла і змерзла, захварэеш». Гэтая неабходнасць клопату прымусіла яго забыцца пра першае хваляванне.
Дзэрліна моліць дона Джавані, каб ён адпусціў яе: калі муж пабачыць, ёй дастанецца.
— Мы зачыняемся праз дваццаць хвілінаў, — ветліва папярэдзіў іх адміністратар, падыходзячы да століка.
— Добра, палічыце нас, — сказаў Грынкевіч.
— Я пайду ўніз і там цябе пачакаю. Нумарок жа ў цябе? — прамовіла Анна, якая таксама, відаць, была занадта ўзрушаная гэтай размовай і чаплялася за ўсё, што магло яе збалансаваць.
Калі ён спусціўся ў вестыбюль кавярні, то заўважыў Анну перад люстэркам. Яна спрабавала заправіць у сваю «ракавінку» непакорлівую пасмачку, што выбілася з фрызуры. Нічога не выходзіла. Ён падышоў і стаў выцягваць шпількі з яе валасоў.
— Вось так значна лепей, — прашаптаў ён, калі Анніны валасы, бы косы Рапунцэль, упалі долу.
Люстэрка паказвала твар жанчыны, на якім раптам з'явіўся невытлумачальны страх і адчай ад капітуляцыі, як тады, у юнацтве. Як часта ён адчуваў, што Анна яго баіцца, але тады ён не надаваў гэтаму значэння. І вось цяпер ён трымаў яе рукамі за напружаныя плечы, а яна была як дзікаватая котка, гатовая вырвацца ў любы момант. Тады ён зашаптаў словы, што маглі прыйсці толькі чалавеку ў стане мілоснага трансу — там былі і пакорлівыя просьбы, і пяшчота, і непрыстойнасці. Яна заплюшчыла вочы і не супраціўлялася, калі Аляксей адкінуў яе валасы і пачаў лашчыць вуснамі і пальцамі шыю і плечы. Калі ж ён узяў Анну за падбароддзе і асцярожна павярнуў тварам да сябе, яна, таксама быццам у трансе, адказала на ягоны пацалунак.
Джавані адчыняе альтанку і цягне за сабой Дзэрліну. Бачыць Мазэта і адступае са здзіўленнем. Ён не чакаў такой сустрэчы.
— Ну хопіць ужо. — сказала яна, раптоўна адхіляючыся. — Прынясі нашы рэчы з гардэроба, і хадзем.
Калі яны выйшлі на вуліцу, Анна не дазволіла зноў абняць сябе. Гэтая рэзкая перамена настрою насцярожыла Грынкевіча.
— Лёшачка, мы з табой занадта ўжо загуляліся, — сказала яна, пасля таго як ён спыніў яе і развярнуў за плечы тварам да сябе.
Ён вырашыў не звяртаць увагі на гэтае пярэчанне, а ўсё шукаў вуснамі даўно жаданыя вусны, як наркаман вену, і ўжо не мог стрымацца. Анна, усё яшчэ ахопленая чарамі гэтага вечара, на момант паддалася яму, але затым ужо нават не адхілілася, а пачала адштурхоўвацца. Яму нічога не заставалася, як адпусціць яе: нешта пайшло не так — гэта было першай рацыянальнай думкай. Анна сказала вінаватым тонам «прабач» і амаль пабегла прэч — да прыпынку, на якім стаялі дзве пустыя таксоўкі. Грынкевіч рынуўся за ёй і зноў спыніў.
— Адпусці мяне, калі ласка, — папрасіла Анна, але не ўцякла, калі ён перастаў трымаць яе.
— Чаму? — прамовіў ён, як на допыце.
— Як жа гэта ўсё недарэчна! — загаварыла яна і пачала мітусіцца: навязваць шалік, прыбіраць валасы пад шапку, шукаць пальчаткі, якія яна сёння пакінула ў хаце. — Я не была да гэтага гатовай, калі сюды ехала, разумееш? У мяне вяселле восьмага снежня. Дакладней, мы ў Маскве распісваемся, а потым пасля новага года едзем у Нямеччыну.
Грынкевіч зніякавеў.
Джавані вымушаны выкручвацца з гэтай малапрыемнай сітуацыі. Ён як заўсёды імправізуе: ну так, я цябе, Мазэта, якраз шукаў, бо ты пакінуў тут сваю Дзэрліну. Вось яна табе, трымай яе моцна і нікуды больш не адпускай. Шчасця вам і кахання.
— А раней ты мне магла пра гэта сказаць?
— Я не думала, што на гэтым варта засяроджвацца. Я не думала, што ўсё будзе так. Бо калі мы з табой рассталіся, ужо ніякіх рамантычных намёкаў не было і ў нас па вялікім рахунку былі цудоўныя сяброўскія адносіны. Я не думала, што буду табе цікавая вось у такім сэнсе.
— І што я табе буду цікавы, ты таксама не думала. — загаварыў Грынкевіч, які цяпер нагадваў мураша, што спрабаваў спыніць цягнік. — У «такім сэнсе»! Якое простае вытлумачэнне! Сарвало дах! Грай, гармон!
— Так і ёсць.
— З майго боку ўсё не так.
Яна змоўкла і ўзяла працяглую паўзу. Потым загаварыла пра свае адносіны з Гюнтарам. Што яны разам тры гады, што яна нават не думала яму здраджваць і з іншымі мужчынамі магла хіба злёгку какетнічаць, без усялякага падтэксту. Што яна прызвычаілася жыць вось так лёгка і проста, што адчула смак сапраўдных адносінаў і стабільнасці. Што іх занадта шмат звязвае, нават у сэнсе працы. Што ў яе, па шчырасці, ніколі не круцілася галава ад гэтага хлопца і яна вельмі працяглы час не магла сабе ўявіць, як яны апынуцца ў адным ложку. Але ж гэта здарылася, бо Гюнтар быў уважлівым і цярплівым. Што яны думаюць пра дзяцей і плануюць заняцца гэтым у наступным годзе, пакуль у Анны няма ніякіх значных тэатральных праектаў.
— Раней ты не думала пра дзяцей, — заўважыў Грынкевіч, калі Анна, здаецца, скончыла свой расповед.
— Раней я не ведала, што мая маці мела цяжкі неўроз, а не шызафрэнію. А калі даведалася. На гэтай глебе мы з бацькам і пасварыліся. Аж да таго, што я адмовілася ад ягонага прозвішча, — адказала яна. — У мяне такая ж небяспека нарадзіць нездаровае дзіця, як і ў любой звычайнай жанчыны. То бок, вельмі-вельмі нізкая.
— І ты хочаш нарадзіць дзіця ад мужчыны, з якім доўгі час не хацела ў ложак?
Рапунцэль зацягнула ў вежу ведзьму і на вачах у прынца абрэзала свае косы. Скінула іх яму — трымай на памяць.
— Усё не так проста, Лёша, — сказала Анна. — Ты пра мяне шмат чаго не ведаеш, нават за столькі гадоў не ўведаў. І не трэба табе гэтага ведаць. Так і для цябе будзе лепей, калі ўжо вельмі шчыра. Калі ты мне сёння распавёў, як ты жыў, калі я тое ўчыніла.
— Жыў. І цяпер буду жыць як-небудзь, ужо не сумнявайся, — адказаў ён з жоўцю ў голасе і раптам адчуў у горле камяк. — Я, Нюта, цяпер страчваю болей чым жанчыну. Я страчваю мару.
Анна была працягнула руку, каб дакрануцца да яго, але, напэўна, падумала, што гэта будзе недарэчна. Яна зноў надоўга замаўчала.
— Ты не страчваеш ні мяне, ні сваёй мары, — загаварыла яна, узважваючы кожнае слова. —
Павер, гэта проста эфект нечаканасці. Ты для мяне ў пэўным сэнсе новы мужчына, вось і здарылася такое насланнё. А потым мы ўсё ж супакоімся і зможам добра сябраваць. Як і раней. Падтрымліваць сувязь. Калі ты раскруціш свой аркестр, я з радасцю пастаўлю з табой нейкую барокавую оперу. Або «Cosi». Мы ж з табой хіба пару дзён таму на гэты конт фантазіравалі і нават план накідалі. А можа быць, ты ўсё ж трапіш у Еўропу, як і хацеў. Табе не позна, ты малады для сваёй прафесіі.
Ён слухаў моўчкі, бо гэты камяк у горле ўсё разрастаўся і ўжо нават замінаў дыхаць. І добра, што яны цяпер стаялі далёка ад найбліжэйшага ліхтара, таму твараў адно аднаго добра не бачылі.
— Я вінаватая ў гэтым. Але за гады столькі ўсяго накруцілася, што прасцей будзе выстрыгчы, як той каўтун, чым разблытаць. У цябе таксама ўсё будзе добра, проста ты пакуль не сустрэў каго трэба.
Свавольнік сяк-так мірыць сялянскую маладую пару. Лёкаі адчыняюць акно замка, з якога чуваць гукі музыкі. Гэта сцэнічны аркестр. Праз восем тактаў акно зачыняецца, і галоўны аркестр уступае зноў.
Яна церла свае змерзлыя без пальчатак кісці рук: на вуліцы падмарожвала, а ў ейным паліто былі толькі дэкаратыўныя кішэні.
— Даруй мне яшчэ раз і. Я пайду, пакуль таксоўкі не ад'ехалі.
— Пачакай, — глухім і задушаным голасам адказаў Грынкевіч. — Дай рукі. Ты ж змерзла зусім.
Анна паслухмяна працягнула яму далоні, якія ён паднёс да сваіх вуснаў і пачаў саграваць дыханнем. Зусім як у іхнім юнацтве, калі яна забывалася на пальчаткі ці губляла іх. Камяк у горле раптам разарваўся.
— Ты што? — прашаптала Анна, адчуўшы, як сляза кропляй пякучай смалы скацілася на яе пальцы.
— Нічога, — адказаў ён і проста пацёр яе далоні ў сваіх. — Вось і сагрэлася. Праводзіць цябе?
Анна пакруціла галавой і без лішніх словаў хутка пайшла да таксовак.
Дон Джавані, Дзэрліна і Мазэта сыходзяць.
Сцэна XIX
Дон Атавіа, донна Анна і донна Эльвіра ў масках.
Дадому ён ішоў вакольнымі шляхамі, пехатою. Гэтая вандроўка разам з візітам у бар заняла дзве з паловай гадзіны. Ён нічога не адчуваў, амаль ні пра што не думаў. Дакладней, нечакана ў галаву палезлі дробныя, нязначныя думкі, кшталту — колькі будзе каштаваць адпаліраваць зубы ў дантыста ці што прывезці маці ў падарунак. Ён збіраў у галаву поўны мех штодзённа-пабытовых дробязяў і гэтым, напэўна, ратаваўся. Нават пра працу ён не хацеў думаць, бо праца была звязаная са страчанай марай. Страта мараў Грынкевічу ўсё жыццё давалася складана.
У бары ён не стаў шмат піць, бо заўтра была рэпетыцыя. Да таго ж у яго проста не палезла болей за сто пяцьдзясят грамаў гарэлкі. Ён хутка расплаціўся (тут таксама неўзабаве зачыняліся) і пайшоў ужо да свайго жытла.
Там яго з нейкай хваробы панесла да камп'ютара, хоць час быў такі, што трэба класціся спаць. Відаць, яму проста хацелася сцерці рэальнасць сённяшняга вечара, завяршыць дзень нечым іншым. Пажадана віртуальным. Грынкевіч залез у сацыяльныя сеткі.
Донна Эльвіра ў масцы кажа, што трэба быць смялейшымі, каб злавіць свавольніка і пакараць яго за ўчыненае злачынства.
Там з ім ужо каторы дзень фліртавала нейкая паненка з падазрона пекнай фоткай. Спачатку яму, безумоўна, было прыемна, што на яго звярнула ўвагу такая красуня. А потым ён займеў трывалае адчуванне, быццам яе ведае. Больш за тое, ён амаль быў упэўнены, што гэта Маша хоць неяк, але спрабуе пралезці ў ягонае жыццё. Выкрываць яе ён, аднак, не спяшаўся. Палез глядзець спіс ейных сяброў і рабіць высновы. Інтуіцыя яго не падвяла: красуня мела ў сябрах цэлы табун мужыкоў і ніводнай жаночай асобіны. Відаць, летуценныя задроты самі яе фрэндзілі толькі за фоткі. Ну, і сэкс у інтарэсах таксама ствараў пэўныя арыенціры. У прываце паненка пазіцыянавала сябе як псіхолага. Праз тыдзень размоў, на якія Грынкевіч быў павёўся, яна пракалолася са сваёй нібыта прафесіяй, і гэта было відавочна нават для яго, музыканта.
Тыдзень таму ён думаў толькі пра Анну і таму крыху апавёў пра гэта сваёй віртуальнай суразмоўніцы. Усё адно ён не збіраўся знаёміцца з ёю ў рэале, але чаму б не патрындзець з прыгожай дзяўчынай? Незнаёмка раптоўна стала больш жорсткай і пачала казаць пра тое, чым ёсць жанчыны.
«Насамрэч кожны выжывае як можа. Думаю, яна абярэ камфорт і спакой. Гэта так натуральна!
Cosi fan tutte!» — прачытаў ён новае паведамленне. Адказваць на яго Грынкевіч не стаў, бо нешта яму зноў падказала: гэта Маша. У звычайнага псіхолага не магла праскочыць такая трапная оперная алюзія.
Ён убачыў у анлайне Васю і кінуў паведамленне: «Не забудзь, што заўтра рэпетыцыя».
Нафіг ён быў патрэбны на рэпетыцыі, гэты Вася. Але ж праца працай.
Той адказаў амаль імгненна: «Буду, я ўсё памятаю. Бачыў, Ірцы сёння цэлы кошык кветак перадалі? Яна з Собалевым замірылася».
Не, кошыка кветак ён не бачыў, бо ўцёк з залы якраз перад паклонам, але ж вельмі выразна іх уявіў. Грынкевічу захацелася сказаць нешта вельмі атрутнае, аднак ён не хацеў такіх размоў менавіта з Васем, бо ўявіць штосьці паскуднейшае за мужчыну-пляткара яму было цяжка.
Дон Атавіа і донна Анна таксама ў масках. Атавіа кажа нявесце, што дзеля яе зробіць усё, не пашкадуе сябе. Анне пры гэтым страшна ўваходзіць у замак дона Джавані.
Значыцца, кожны выжывае як можа. Напэўна, Собалеў падарыў жонцы чарговае футра і тая вырашыла, што лаў фарэва, і на пэўны час пакінула суперніцу ў спакоі. А суперніцы ён, відаць, таксама падарыў футра, толькі на большы рост і на меншы памер, чым у жонкі. І яна таксама вырашыла, што лаў фарэва. Усе задаволеныя. Cosi fan tutte, ага.
Але чаму ён так жорстка абышоўся з Ірынай? Яна, прынамсі, была гатовая кінуць Собалева дзеля музыканта, у якога багацця як у пагарэльца. Сам жа і вінаваты ў тым, што яна зноў вярнулася да алігарха. Лепей верабей у руцэ, чым голуб на страсе. Верабей? Ха-ха. Пэўна, вы зажэрліся, Herr Kapellmeister, калі Ірына для вас верабей у руцэ.
Адно імгненне — і ён, як той верабей, пераляцеў на іншую галінку, з якой падзеі мінулага дня выглядалі ўжо зусім іначай. І нічога, апроч злосці і прыкрасці да сябе, ён ужо не адчуваў.
Лепарэла і дон Джавані паказваюцца ў акне замка. Адтуль чуваць гукі музыкі, якую граюць за сцэнай. Галоўны аркестр маўчыць.
Менуэт.
Лепарэла заўважае маскі, дзве з якіх — дамы. Джавані таксама іх запрыкмеціў. У яго нараджаецца ідэя запрасіць нечаканых гасцей у дом. Ён даручае гэта Лепарэла, які звяртаецца да масак. Мсціўцы адказваюць згодай.
«Дарэчы, я чуў, што дырэктар заўтра прыйдзе на рэпетыцыю з нейкім губернскім начальнікам, — даслаў Вася яшчэ адну віртуальную цыдулку. — І тэлевізія будзе. Яны нешта пра наш тэатр здымаюць». — «Што, сур'ёзна? Можа, і пра спектакль нешта скажуць?» — «Можа і так. Але я чуў, што гэты начальнік нейкую інспекцыю робіць па ўстановах культуры, а тэлевізія робіць пра гэтую інспекцыю рэпартаж».
Грынкевіч зноў пачаў думаць пра справы і думкамі ўжо не чапляўся за Анну. Ён нават не асабліва ўчытваўся ў новае паведамленне, якое яму даслала ўсё тая ж красуня. Яна з'явілася анлайн і паставіла загадкавы смайлік, які падміргваў. Дыялог мог набыць метафізічныя рысы і зацягнуцца. Грынкевіч вырашыў, што на сёння яму ўражанняў хопіць, і выключыў камп'ютар. Была ўжо амаль чацвёртая раніцы, а ён заўтра павінен быў бадзёра гойсаць па тэатры і выглядаць прыстойна, калі раптам трапіць у кадр да тэбэшнікаў.
А яшчэ трэба было як мага хутчэй аднавіць спаленыя масты з Ірынай.
Зноў уступае галоўны аркестр. Маскі моляцца перад тым, як увайсці ў дом свавольніка і затрымаць яго. Яны просяць нябёсы дабраславіць іх, а затым уваходзяць.
Сцэна XX
Ілюмінаваная зала, прыгатаваная для вялікага свята і балю. Дон Джавані, Мазэта, Дзэрліна, Лепарэла, сяляне і сялянкі, лёкаі, музыканты.
Ранак наступнага дня быў шэрым ва ўсіх слоўнікавых сэнсах. Над горадам вісеў туман, ліпкі, як кокан гіганцкага вусеня. Грынкевіч прачнуўся а дзясятай, і першае, што яму захацелася зрабіць, гэта глытнуць кавы. Нават раней за цыгарэту. Ён прадчуваў, як на рэпетыцыі ягоныя салісты будуць войкаць з нагоды таго, што голас у такое надвор'е не гучыць дый тонусу няма, а струннікі ў аркестры будуць бясконца падладжвацца.
У замку дона Джавані балююць і весяляцца. Сялянскіх дзяўчат частуюць кавай і шакаладам, цукеркамі і крэмаўкамі. Мазэта сочыць за Дзэрлінай, якая ўжо сама не радая, што прыйшла на гэта свята.
Яшчэ ён думаў пра Ірыну, бо яе вяртанне цяпер ужо ўяўлялася найлепшым спосабам разрубіць гордзіеў вузел ягоных асабістых няўдач. Ці выстрыгчы каўтун, як выразілася Анна. Самалюбства апошняй будзе закранутае, хоць яна можа нічога і не паказаць звонку, яна ж умее кіраваць сваімі эмоцыямі. Вось і добра. Што там ні кажы, але Анніны жаночыя вабноты не могуць канкураваць з Ірынінымі. Прынамсі, у вачох навакольных людзей. І няхай Анна потым робіць дзяцей са сваёй бляклай моллю. У такога нават пры грашах і сувязях заўсёды будуць праблемы з сэксам. А тут такая нішто сабе дзяўчына ашчаслівіла. Будзе сядзець у яе пад фартухом, і ёй выгодна.
Ён выпіў кавы, паснедаў і выкурыў цыгарэту. У тэатр ён прыйшоў роўна апоўдні, на самую рэпетыцыю. Тут выявілася, што сабраліся ўсе, апроч Ірыны. Грынкевіч патэлефанаваў ёй. Ірына зусім спакойна паведаміла, што будзе праз паўгадзіны. Яна ведала, што падстаўляе яго, — гэта рабілася свядома. Абедзве іншыя Дзэрліны не маглі прыйсці на рэпетыцыю. І тое, што яна праспала, — гэта была хлусня. Так, цяжка на другі дзень пасля спектакля ды яшчэ ў такое надвор'е ўключацца ў працу, але ж. Ён падумаў, што гэта, хутчэй за ўсё, свайго кшталту помста, але сварыцца не стаў, гэта не ўпісвалася ў яго планы.
— Давайце самы пачатак, — скамандаваў ён. — Першы нумар, інтрадукцыя. Паспрабуем прайсці ўсё да донны Эльвіры і паглядзім, што ў нас выходзіць.
— Але ж у дзяўчынкі зорная хвароба. — прамовіла Тамара, тая самая, што спявала цяпер донну Анну. — Я да тэатра сем гадоў у філармоніі штодня голасам працавала — і нічога.
— Усё, увага! Пачынаем! — абарваў гэтыя размовы Грынкевіч, грукаючы палачкай па пульце. — Лічба адзін.
Гэты кавалак ён ужо рабіў, але са спыненнямі. Цяпер вырашыў прагнаць увесь. Але ж фінал яму быў важнейшы, бо яго трэба было чысціць. Там, апроч салістаў, было шмат нестыковак у сцэнічным аркестры. Ён дарма паспадзяваўся на Васю, калі даручыў яму ліквідаваць іх, хоць гэта і быў Васеў працоўны абавязак, бо ў тэатры ён быў цяпер аформлены як дырыгент сцэнічнага аркестра. А Вася сядзеў у кутку рэпетыцыйнай залы і, несумненна, быў задаволены сабой. Для выгляду нават уважліва сачыў па партытуры. Відаць, наіўна спадзяваўся, што ў гэтым сезоне яму выпадзе на халяўку адмахаць тое, чаго ён не рабіў.
— Ну, усё добра, — заспакоена адзначыў Грынкевіч і звярнуўся да донны Анны: — Тома, усё нармальна. Толькі па стылі гэта павінна быць сухавата, як на твой голас. Тут рэч у якасці гуку, а не ва ўзроўні яго падачы. Значыць, робім яго амаль інструментальным, наколькі гэта магчыма з тваім матэрыялам. Калі па штрыху нешта незразумела яшчэ, то застанься, я з табой гэта ў класе пад раяль прайду. Увогуле ж арыентуйся па аркестры.
— Пасля Тоскі складана.
— Разумею, але ж цікава. Донна Анна — твая партыя, ты яе зробіш.
Потым ён вырашыў зрабіць яшчэ адзін кавалак, да Дзэрліны і Мазэта. Потым заняўся чысткай аркестра ў фінале. Паўгадзіны даўно мінулі, але ж Ірыны не было. Давялося рабіць фінал без яе, пагатоў партыя Дзэрліны тут не была асноўнай. Грынкевіч не злаваўся, бо пачуваўся вінаватым у стварэнні такой сітуацыі.
З'явілася яна амаль праз гадзіну пасля пачатку рэпетыцыі. Дырыгент ужо абвясціў перапынак. Ён сустрэў Ірыну на шляху да службовага ўвахода. На вуліцы пакуль было яшчэ не так халодна, і таму ўсе курцы імкнуліся на ганак. Грынкевіч ішоў туды ж.
Ірына выглядала як дзяўчына з вокладкі моднага часопіса. Пэўна, яна патраціла на грымаванне якраз тую гадзіну, на якую спазнілася.
Лёкаі разносяць прахаладжальныя напоі. Дон Джавані заляцаецца да Дзэрліны, а Лепарэла, пераймаючы гаспадара, — адразу да дзвюх іншых сялянак, Джаноты і Сандрыны. Мазэта не адыходзіць ні на крок ад Дзэрліны, ён замінае дону Джавані.
— Добра выглядаеш, — сказаў ён, павітаўшыся са спявачкай.
Яна, напэўна, чакала скандалу і разборак. Можа быць, нават правакавала яго. А ён не праглынуў нажыўку. «Як шкада!» — чыталася на ейным твары.
— Я вазьму клас. Распяюся пакуль. — разгублена пралапатала яна, ідучы да дыспетчара.
Грынкевіч азірнуўся навокал і ўбачыў Собалева. Відаць, той і прывёз паненку на працу. Мужчыны парукаліся.
— Вы дазволіце мне папрысутнічаць на рэпетыцыі? — звярнуўся ён да дырыгента. — Цікава паназіраць за працэсам, а то ўсё ў зале ды ў зале. А Іра так захапляльна пра вас апавядае.
— Безумоўна, безумоўна! — вельмі ветліва адгукнуўся Грынкевіч. — Ідзіце па гэтым калідоры направа, у канцы будзе лесвіца. Падымайцеся на самы верх, там рэпетыцыйная зала. Там самі ўбачыце.
Ён пайшоў на ганак, куды за ім увязаўся Вася, які не курыў. Толькі што патэлефанаваў дырэктар і папрасіў перачакаць, бо прыехала начальства і аглядае рэпетыцыйную залу разам з тэлебачаннем. Там пішуць інтэрв'ю дзяржаўнай важнасці, бо тэбэшнікам спадабаўся фон у зале. Таму можна гуляць лішнія пятнаццаць-дваццаць хвілінаў. Пакуль Грынкевіч зацягваўся цыгарэтай, ліхаманкава абдумваючы адну імправізацыю, якую зараз хацеў учыніць, Вася за кампанію з ім проста дыхаў тытунём. Ён сёння наважыўся атруціць свайго шэфа па спектаклі вечнымі скаргамі на тое, як усе навокал не хочуць працаваць і як малады талент не можа прабіцца. Вася пляткарыў наконт уласнага кузена, сына галоўнага, якога татачка па сваіх сувязях запхнуў у нейкі знакаміты іспанскі аркестр асістэнтам.
— Вялікі гонар — быць асістэнтам! — з прыхаваным раздражненнем буркнуў Грынкевіч: самае брыдотнае было ў тым, што Вася пляткарыў пра ўласнага дзядзьку, які ўладкаваў яго ў гэты тэатр таксама па не абы-якой пратэкцыі.
— Чаму гэтак іранічна?
— Чым круцейшы табе трапіўся маэстра, тым меней у цябе шанцаў нешта зрабіць самому. Ведаю, пра што кажу, я гэтага хлеба пакаштаваў. Не любяць, Вася, вялікія маэстра праяваў індывідуальнасці ў асістэнтаў. І гэта нармальна, іначай парадку не будзе. Калі ты нешта цікавае на рэпетыцыі зробіш, ён потым усё адно выдае гэта за сваё. Таму калі ў мяне быў выбар паміж правінцыяй і асістэнцтвам у Піцеры, я выбраў правінцыю. Для дваццаціпяцігадовага пацана гэта было крута. Праўда, я тут таксама дурэў спачатку. Мяне толькі пару гадоў таму перастала турбаваць, што я пацан і не магу атрымаць усё тут і цяпер.
— А што, абавязкова самому нешта рабіць? Павінны ж быць і асістэнты. Але Іспанія, іншы свет, іншыя грошы.
— Ён ніколі не будзе дырыгентам: такіх, як ён, процьма, — упарта паўтарыў Грынкевіч.
— Не ўсе ж такія энтузіясты, як ты! — крывавата ўсміхнуўся Вася. — Я б пайшоў асістэнтам. Не хачу чакаць, пакуль мне будзе гадоў пяцьдзясят. Хачу ужо сёння грошай і нармальнага жыцця, хай сабе асістэнцкага.
— Я пра гэта чуў ад цябе. І неаднаразова, — зусім ужо агрызнуўся Грынкевіч. — А ўвогуле, калі ўжо быць асістэнтам, дык толькі паўгода-год. Стажавацца ў рэальна крутым тэатры з рэальна крутым маэстра. Я б на які сезон з'ездзіў. Хаця б у Італію. Там кожны аматар сыграе табе на скрыпцы або флейце такім гукам, які тутэйшы выпускнік кансерваторыі выдасць толькі пасля доўгай дрэсуры. А там усё натуральна, арганічна. Каб граць такім гукам, валодаць іх штрыхамі, там трэба паварыцца. Прыехаць туды, адразу зразумець, якое ты лайно, напіцца з гэтай нагоды. А потым раззлавацца і пачаць працаваць. І ўвабраць у сябе ўсё добрае, што можаш увабраць. Не, не злізваць у крутога маэстра нейкія прыёмчыкі, а навучыцца мысліць як яны, адчуваць музыку як яны.
— Ты не ў гуморы?
— Паслухай, шаноўны асістэнт. Ты чым займаўся на рэпетыцыі, якую я цябе прасіў правесці?
— А я хіба вінаваты ў тым, што там абы-хто сядзіць у аркестры, у тваім складзе? Вось у дзядзькі.
— Гэта сцэнічны аркестр. Твой аркетр! Усё, Вася, годзе. Мне на твае сваяцкія сувязі пляваць. Бо мазгі і вушы ад іх не вырастаюць.
— Смелы які.
— Ідзі на хутар. Можаш сваяку напаклёпнічаць, хай мяне здымаюць, хоць адразу пасля прэм'еры.
— Ды цябе ўжо заўтра выпруць!
— Не-е-е. Заўтра я вам усім яшчэ патрэбен.
Сцэна ХХІ
Уваходзяць донна Анна, дон Атавіа і донна Эльвіра ў масках.
Да ганка падыходзіла Анна разам з Гюнтарам. Да таго, каб убачыць іх разам, Грынкевіч не быў падрыхтаваны, хоць нядаўна і чуў, што бляклая моль яшчэ прыляціць у N да прэм'еры. А як жа ж — вяселле зусім хутка! Тым не менш яму хапіла вытрымкі, каб суха павітацца — парукацца з Гюнтарам і кіўнуць Анне. Яна ўжо кранулася ручкі ўваходных дзвярэй, але раптам павярнулася і гукнула Грынкевіча. На хвілінку.
Лепарэла вітае маскі, якія ўваходзяць у залу. Ім адразу падносяць напоі. Дон Джавані прамаўляе тост: «Viva la liberta!». Ён праслаўляе свабоду, і госці шматкроць паўтараюць за ім: «Viva, viva la liberta!». Іхні тост гучыць як урачысты гімн свабодзе (1787 год — Вялікая французская рэвалюцыя...).
— Ты ведаеш, што да мяне прыходзіла Маша? У сацсетках. Я спачатку не зразумела, хто мяне дамагаецца. Потым раскусіла. Карацей, яна завяла падстаўную анкету. І, я так зразумела, яна збіраецца ў N. Гэта каб ты ведаў. Дарэчы, яна ўпэўненая, што ў нас з табой бурны раман. Але, калі ласка, пастарайся не ўцягваць мяне ў вашыя разборкі.
Сказаўшы гэта, Анна знікла за дзвярыма службовага ўвахода. Гештальт дабудаваўся. Віртуальная красуня-псіхолаг яўна была Машай. Напэўна, нага ўжо не баліць і трэба паціху павялічваць рухальную актыўнасць. Але ж не да такой ступені, каб проста сёння прыехаць у N. Ну, а далей будзе бачна.
Джавані загадвае музыкантам граць. Музыканты на сцэне выконваюць менуэт. Асноўны аркестр зноў маўчыць.
Менуэт.
Дон Атавіа танчыць менуэт з доннай Аннай. Донна Эльвіра заўважае ў натоўпе Дзэрліну і незадаволена адзначае: зноў гэтая сялянка!
Ён быў гатовы знішчыць увесь свет і найперш — усіх жанчын, калі ўзняўся ў рэпетыцыйную залу. Там у калідоры ён пабачыў натоўп аркестрантаў, сярод якога стаялі Анна і Гюнтар. Жаніх абдымаў нявесту за талію, пакуль тая балбатала з канцэртмайстаркай віяланчэльнай групы.
Донна Анна кажа дону Атавіа, што ёй цяжка. Той просіць яе рабіць выгляд, быццам усё ў парадку.
Аднекуль здалёк чуўся голас Ірыны, якая спявала ў класе арпеджыа на нон-легата і падбіралася недзе да сі бемоля. Значыць, гэта быў амаль канец распеўкі. Тут жа ў калідоры стаяў Собалеў і чакаў, відаць, пакуль яго запросяць увайсці ў залу.
— Слухай, дружа, — ціха сказаў ён Мішу, якога ўбачыў ля дзвярэй. — Ты затрымай Собалева, калі ласка. Мне з Іркай трэба пагутарыць, каб ён не замінаў. Яна ў мяне атрымае. Сучка, хацела рэпетыцыю сарваць.
— Ды ўсё я разумею! — падміргнуў Міша і пайшоў адцягваць увагу Собалева.
Джавані загадвае Лепарэла заняцца Мазэта і адцягнуць яго ўвагу. Сцэнічны аркестр працягвае граць менуэт, але да яго далучаецца яшчэ адна група аркестрантаў, якая адначасова грае контрданс. Тэмы двух абсалютна розных танцаў сплятаюцца ў дзівосны кантрапункт.
Калі ён увайшоў у клас, Ірына спявала стакатнае практыкаванне. Увогуле, гэты клас не прызначаўся для салістаў-вакалістаў, тут займаліся пераважна групы струннікаў, таму апроч раяля тут было некалькі пюпітраў.
Яна не звяртала на яго ўвагі. Грынкевіч апусціў века раяля. Спявачка вымушаная была прыбраць рукі з клавіятуры, каб ёй не зашчаміла пальцы.
— Што адбываецца? — пачаў ён.
— А што адбываецца? — перапыталася яна, зрабіўшы нявінны выгляд.
Апранулася яна сёння таксама як быццам на фотасесію. І бэзавага колеру блузка з расшпіленым лішнім гузікам ёй пасавала. І станік пад гэтай блузкай быў з чорна-залатых карункаў. Ну, а спадніца-клёш да сярэдзіны сцёгнаў увогуле не магла нікога пакінуць абыякавым.
— Значыцца, на рэпетыцыі мы цяпер ходзім тады, калі нам спадабаецца.
— А. ты пра гэта, — са смехам адказала Ірына і павярнулася да яго спінай. — Я думала, ты хацеў са мной пра ўчорашнюю «Травіяту» пагутарыць, як і абяцаў.
— Прыйшла б своечасова, пагутарылі б.
— Ну так, нічога асабістага, онлі э бізнэс. Ты нават проста па-чалавечы ўчора не падышоў і не павіншаваў мяне. Я разумею, што дэбют быў не бліскучы, але мог бы хоць добрае слова сказаць. Калі ты ўсё слухаў, зразумела.
Джавані запрашае Дзэрліну на танец. Донна Анна назірае за гэтым і ціха прамаўляе, што ўжо не можа трываць.
Гэта ўжо была справядлівая крыўда, і Грынкевіч не адразу знайшоў што адказаць. Зрэшты, замест прабачэнняў ён пайшоў у нахабны контрнаступ:
— Ісці ды віншаваць? Мне падаецца, кошык кветак быў па-за канкурэнцыяй. Мне засталіся толькі размовы на прафесійныя тэмы, якія можна адкласці і на потым. Ты сама зрабіла выбар. Нават сёння прывалакла яго за сабой. Навошта? Мяне пазлаваць? Ці ў вас цяпер нешта накшталт мядовага месяца?
— У нас, здаецца, зараз будзе фінал першага акта «Дона Джавані», а не фінал другога акта «Травіяты». — загаварыла яна глухім голасам, і, нават не бачачы ейнага твару, можна было зразумець, што дзяўчына падціскае вусны, каб не заплакаць. — Дык чаго ты прыйшоў?
— Сказаць, што я дурань і казёл. І што я болей за ўсё на свеце хачу цябе вярнуць. Я сапраўды як з глузду з'ехаў з гэтым «Донам Джавані».
— Ты з Івановай з глузду з'ехаў, а не з «Донам Джавані»!
— Няма ў мяне нічога з Івановай і быць не можа. Яна праз тры дні пасля прэм'еры выходзіць замуж і з'язджае ў Нямеччыну. А я ў канцы сезона перабіраюся ў Маскву. І я хачу, каб мы былі разам.
Ён падышоў і абняў яе ззаду за талію. Ірына не варухнулася і стала мяккай у яго руках. Яна сумавала па ім, і гэта стала яму зразумела. Але ж як прыемна ўсведамляць, што вось гэтае наравістае даўганогае стварэнне прывязалася да цябе! Ён сам адчуў узбуджэнне, і ейная просьба: «Не трэба, зараз увайсці могуць», — адно болей яго разахвоціла. Грынкевіч адпусціў дзяўчыну, толькі каб рушыць да дзвярэй і павярнуць ключ у замку.
Дон Джавані танчыць з Дзэрлінай контрданс.
— Ты што надумаў?! — гучным шэптам выгукнула яна і пачала адступаць у куток класа, пакуль не ўпёрлася ў імправізаваны грымавальны столік.
— Сама ведаеш. — сказаў ён, злавіўшы Ірыну і ўсадзіўшы на гэты столік.
— Тут жа ізяляцыя паганая. — бездапаможна прашаптала яна, дазваляючы спачатку зняць з сябе блузку, а потым абутак і калготкі. — І калготкі парвеш.
Яна яшчэ паспрабавала супраціўляцца, пакуль не адчула, што рука Аляксея ў яе за спінай спрактыкавана расшпіліла станік.
Лепарэла прымушае Мазэта танчыць. Да сцэнічнага аркестра далучаецца трэцяя група, якая грае грубаваты нямецкі танец.
Яны ўжо колькі хвілінаў самазабыўна мілаваліся. Прынамсі, прыслоўе «самазабыўна» тычылася найперш Ірыны. Грынкевіч жа пачуў, дзякуючы сапраўды няважнай ізаляцыі, што Міша і Собалеў падышлі зусім блізка да дзвярэй класа. Немагчыма было разабраць словаў, але галасы ён пазнаў. Калі ж ручка дзвярэй торгнулася, Ірына ўстрапянулася.
Дзэрліна ўпіраецца, не хоча ісці за донам Джавані, які цягне яе да бакавых дзвярэй.
— Тссс. маўчы. — прашаптаў Грынкевіч. — Няхай думае, што ты незаўважна выйшла і, напрыклад, вырашыла здаць ключы дыспетчару.
Собалеў пакінуў ручку ў спакоі. Але Ірына, якая ўсё ж паспрабавала рвануцца і саскочыць са століка, выпадкова зачапіла пюпітр, што стаяў побач. Той з грукатам паляцеў на падлогу.
Дзэрліна ўсчынае крык. Танцы спыняюцца, сярод прысутных паніка. Мазэта бяжыць на дапамогу нявесце, а Лепарэла — на дапамогу гаспадару.
— Ды што там такое?! — пачуўся голас Собалева.
Яны трапілі ў пастку. Грынкевіч зашпіліў прарэх і паправіў швэдар, прадчуваючы, што яму, цалкам верагодна, зараз зламаюць сківіцу. Праўда, алігарх з яго задышкай і двума пудамі лішняй вагі наўрад ці нагэтулькі спрытны. Але ж раўнівы раз'юшаны мужык здольны на ўсё. Сківіцу дык сківіцу, абы рукі былі цэлыя.
— У чым праблема, што там такое? — данёсся голас дырэктара, і гэта было ўжо зусім кепска.
— Іра, ты тут? — роў Собалеў.
Дзэрліна выскоквае з дзвярэй, куды яе быў зацягнуў дон Джавані. Свавольнік выскоквае следам за ёй са шпагай у руцэ. Ён трымае адной рукой Лепарэла, каб падаць сітуацыю такім чынам, быццам ён злавіў гвалтаўніка.
— Ды яна гэты клас узяла, хвілінаў дзесяць таму распявалася і дакладна не выходзіла, — падказала нейкая свалата, якую Грынкевічу вызначыць не ўдалося.
— Дагуляліся. — прамовіла Ірына, якая ліхаманкава зашпільвала блузку і спрабавала нацягнуць калготкі, вядома ж, робячы на іх стрэлку. — Дзе станік?!
Між тым стала зразумела, што алігарх вырашыў зламаць дзверы, і яго ў гэтым падтрымалі. У калідоры ўжо сабраўся натоўп, які і дапамог у гэтай справе. Хліпкі замок не вытрываў і вылецеў з першай спробы.
Аднак дон Атавіа выхоплівае пісталет і крычыць свавольніку, каб той спыніў сваю гульню. Маскі адна за адной адкрываюцца. Спачатку Джавані пазнае донну Эльвіру, потым дона Атавіа, апошняй — донну Анну, перад якой чамусьці спрабуе апраўдацца. Аднак яна кідае яму: «Злачынца!».
Знясіленая Ірына села на крэсла як была: у парваных калготках, босая і ў абы-як зашпіленай блузцы, пад якой не было станіка. Станік валяўся на падлозе, накрыты тым злашчасным пюпітрам, таму ў мітусні дзяўчына яго не заўважыла. Грынкевіч стаяў у іншым кутку класа, рыхтуючыся атрымаць тое, чаго ён, уласна, заслугоўваў. А клас вокамгненна напоўніўся народам, як склеп вадой у моцную паводку. Купка аркестрантаў, Собалеў, дырэктар, журналістка з мікрафонам і аператар з камерай, Анна з Гюнтарам, Міша, што ўчапіўся ў руку Собалева, як маленькі хлопчык у нашыйнік ратвейлера, быццам здольны быў яго стрымаць. І яшчэ там была Маша, прычым гэта была не галюцынацыя, а цалкам рэальная Маша. Поўны камплект.
— Я цябе зараз на месцы каструю! — зароў Собалеў і рвануўся да Грынкевіча. Яго стрымаў дырэктар разам з Мішам.
Алігарх кінуў дзікі позірк на Ірыну, потым на ейнага каханка. Падышоў да зламаных дзвярэй. З нечаканай сілай выдраў ручку і без словаў швыргануў яе на падлогу, пасля чаго выйшаў з класа, расштурхоўваючы стыхійна ўтвораны натоўп. Яго праводзіла ўключаная камера. Дырэктар апрытомнеў першы і вывеў у калідор журналістку з мікрафонам, актыўна паўтараючы выбачэнні.
Музыканты і лёкаі сыходзяць, сканфужаныя тым, што адбылося.
— Усё, сыходзім адсюль! Сыходзім! — камандаваў Міша. — Зараз у нас будзе рэпетыцыя! Чуеце?!
Натоўп паціху рассоўваўся і скіроўваўся ў залу. Ірына так і сядзела, упёршы вочы ў падлогу. Грынкевіч стаяў, разглядаючы сценку, бо яму не хацелася сустракацца вачыма ні з кім, асабліва з Аннай.
Мсціўцы літаральна ўзялі Джавані ў аблогу, яны хочуць расправіцца з ім проста зараз.
— Сатыр! — ашалела кінула Маша.
— Затое ты, Маша, цяпер можаш не містыфікаваць мяне і не падазраваць невядома ў чым, — флегматычна адгукнулася Анна. — І можаш не ездзіць у N з хворай нагой.
— Цікавыя метады працы, — іранічна прамовіў Гюнтар і павёў Анну ў калідор.
У Ірыны тым часам пачалася істэрыка. Калі ўсе пакінулі клас, яна зараўла. Грынкевіч моўчкі ўзняў пюпітр, падабраў з падлогі залаціста-чорны станік і падаў яго дзяўчыне. Тая ўзнялася і таксама моўчкі заляпіла яму звонкую поўху.
Раптам пачынаецца моцная навальніца. Грыміць гром. Дон Джавані карыстаецца лёгкім пярэпалахам, які нарабіла стыхія, і ўцякае. Мсціўцы бачаць у гэтым раптоўным прыходзе навальніцы амаль прароцтва: хутка нябёсы самі пакараюць свавольніка.
Заслона.
АКТ ДРУГІ
Сцэна І
Старая агароджа багатага дома, як і ў першым акце.
Дон Джавані з мандалінай у руках і Лепарэла.
№ 14: Дуэт «Eh via buff one.».
— Што было? Ды нічога не было! У нас свабодная краіна — хто з кім хоча, з тым і трахаецца! Як быццам я яе прымушаў. Сама ж і пагадзілася. Хай Собалеў спачатку з ёй ажэніцца, а потым ужо выступае, правы, блядзь, уласнасці абараняе. Ці няхай віягры сабе набудзе. Заябалі мяне ўжо са сваімі маралямі. І ты таксама! — выгукнуў Грынкевіч і ляснуў кулаком па стале так, што падскочыў і перакуліўся кілішак з гарэлкай.
Гаспадар і лёкай пасварыліся. Пасля прыгоды з сялянамі ў замку Лепарэла надумаў сыходзіць ад дона Джавані і шукаць сабе іншага наймальніка. Джавані спрабуе ператварыць гэтую сварку ў жарт.
Яны з Мішам сёння напіваліся дома ў Грынкевіча, на кухні, у найлепшых рускіх традыцыях, якія гэтым разам падаваліся гаспадару неверагодна мілымі і душэўнымі. Ён быў сучасным чалавекам і ўжо завёў модную звычку выпіваць у барах. Але прадчуваючы, што гатовы дапіцца да такога стану, калі чалавек не здольны адамкнуць дзверы ўласнай кватэры і таму засынае проста на лесвічнай пляцоўцы, ён рабіў гэта дома. Грынкевіч напіваўся, а Мішэль хіба толькі пазначаў прысутнасць, бо назаўтра мусіў працаваць спектакль дый жонка магла ўчыніць скандал. Грынкевіч назаўтра меў выходны і не меў жонкі. А ўсе яго бабы паўцякалі. Нават Маша выдаліла яго са спісу сяброў у сацыяльных сетках. Амэн.
Не ўпершыню пра Грынкевіча гудзелі ўсе грымёркі ў тэатры, але ўпершыню здарылася так, што кепская рэклама яму нашкодзіла. І цяпер нават маладзенькія аркестранткі, з якімі ён дагэтуль нязмушана і цнатліва фліртаваў, шугаліся ад яго, як ад серыйнага маньяка-забойцы. Толькі Анна паводзілася са звычайным спакоем. Пэўна ж, цяпер ёй было прасцей угаварыць сябе і на вяселле з Гюнтарам, і на агульнае з ім жа дзіця. Грынкевічу было асабліва прыкра менавіта ад гэтага нязмушанага спакою.
Ірына тым часам сышла на бальнічны і ўжо тыдзень не паказвалася на працы. Аднак у кабінет дырэктара па нейкай справе заходзіла.
— Мне што. Мне нічога. — з нясмелым абурэннем прамармытаў Міша. — А ты хоць у курсе, што Собалеў пагражаў пасадзіць цябе за згвалтаванне?
— Што?! — са здзекам перапытаўся Грынкевіч, якога ўжо пачынала хістаць ад гарэлкі. — Каго ж гэта я згвалтаваў, каб ён мяне пасадзіў?! Яго?! Ды ў мяне б на яго не ўстала, нават калі б я быў закаранелым підарам.
Грынкевічу гэта падалося дасціпным, і ён зарагатаў. Міша, наадварот, пасур'ёзнеў і нават адставіў кілішак убок.
— Я бачу, як табе пастаноўку далі, дык ты вырашыў, што табе ўсё можна. Ты ўвогуле змяніўся, панесла цябе на ўхабу. І праўду ж той казаў, што дурань не родзіцца, а сам знаходзіцца. Сёння Любачка на ўласныя вушы чула, як Собалеў у кабінеце дырэктара казаў: маўляў, задам яму перцу з імберцам, пасаджу за згвалтаванне. Няхай Ірка напіша заяву ў міліцыю, а потым зробім так, што пасля прэм'еры яго адразу ў ізалятар. І пад суд. І станеш ты, братка, закаранелым підарам на зоне.
У першае імгненне страх нябачнай рукой схапіў Грынкевіча за валасы, ад чаго ўвесь твар ажно закалола дробнымі іголкамі. Собалеў мае калі не сувязі, дык грошы. За грошы можна знайсці любыя сувязі і падшыць любую заяву «заднім чыслом». Але нашто яму такія складаныя схемы? Прасцей наняць пару байцовых пеўнікаў, якія позна ўвечары ля пад'езда так аддзяўбуць, што гэтага будзе нельга забыць.
Джавані ўгаворвае Лепарэла застацца, але той кажа: не, сыходжу! І Джавані адчувае, што гэтым разам лёкай настроены сур'ёзна. Раней ён бурчаў, але заставаўся, бо яго забаўляла складанне каталога. А вось цяпер ён занадта ўжо рашучы.
— Трэба яшчэ, каб Ірка напісала заяву, — з вонкавым спакоем, але ўжо не так самаўпэўнена заўважыў Грынкевіч. — А яна між тым учора афіцыйна прасіла зняць яе з «Дона Джавані»: яна ў снежні едзе на конкурс у Еўропу. Няма чаго ёй рабіць перад конкурсам, як следчаму пра мяне байкі расказваць. Або Собалеў гэта са злосці, або Любачка твая плёткі распускае.
Страх паціху адпускаў. Каб іголкі зусім не калолі твару, Грынкевіч наліў сабе кілішак гарэлкі і адным махам выпіў. Логіка логікай, але ў такой сітуёвіне нервы ў каго хочаш будуць не ў парадку. Нават не ў артыста. А ў артыстаў пагатоў нервы заўсёды на мяжы гамону.
— Мне б твой спакой і пафігізм, — з зайздрасцю прамовіў Міша. — Ты не баішся, што ён табе кілера нойме?
— Да прэм'еры не нойме. У іх з дырэктарам, пэўна, дамоўленасць наконт мяне. Бо калі тэатр не выпусціць справаздачнага «Дона Джавані», да нас прыедзе рэвізор. А потым можна і кілера. Было б файна, каб мяне прыстрэлілі на апошнім фінальным акордзе або на паклоне. Уяўляеш, як было б прыгожа: Тома, як і належыць прымадонне, ідзе за кулісы і выводзіць мяне на сцэну. Я ўсім усміхаюся, мяне ўсе любяць і нават хочуць. Бабы ў залі аргазмуюць ад аднаго майго выгляду. Адміністратарка выносіць мне букет. Не, нават кошык жоўтых руж ад Марго. Я спадзяюся, што ў гонар прэм'еры яна адрасуе мне цэлы кошык жоўтых кветак, трэба ж стымуляваць маю жоўтую чакру. І вось я стаю на сцэне з гэтым кошыкам у руках і — бэмс! — мне ў лабешнік ляціць куля. Я павольна асядаю, зусім як Каварадосі. Выпускаю з рук кошык. З майго лабешніка хвошча кроў — проста на жоўтыя ружы.
— Ды ідзі ты нахуй! — выгукнуў Міша і зрабіў жэст, нібы хацеў перажагнацца, але потым падумаў, што мікшаваць крыжовае знаменне з мацюкамі было б зусім маветон.
— Затое як гэта па-опернаму! — не сунімаўся Грынкевіч. — Не, куля ў лабешнік, напэўна, не найлепшы варыянт. Тады ж мазгі разлятаюцца. Лепей у сэрца. Трэба мне на прэм'еру набыць нейкую вельмі піжонскую белую кашулю і піжонскі гальштук. Куля трапіць мне ў сэрца, і на белай кашулі праступіць такая эстэтычная чырвоная пляма крыві. Я — оперны герой!
— Угу. Манія велічы ў цябе сапраўды апошнім часам расце. У геаметрычнай прагрэсіі. Неўзабаве я з табой ужо і выпіць не змагу, будзеш недасяжнай зоркай, — забурчэў Міша. — Узяўся за такую працу. Казалі ж табе — нельга! Не, усё адно пайшоў насуперак прыкмеце.
— Дарэчы, а чаму нельга? Я пра гэтую прыкмету столькі наслухаўся, а чаму нельга — ніхто не кажа. Дык чаму нельга? Што мне за гэта будзе?
Міша раптам сумеўся і сказаў нешта няўцямнае пра важнасць традыцый і захаванне веры. І потым сказаў, што яму трэба збірацца дадому, бо сёння яшчэ сабаку не гулялі, гэта яго абавязак.
Лепарэла ўсё ж не паддаецца на ўгаворы дона Джавані, звыклыя маніпуляцыі на яго больш не дзейнічаюць. Ён сапраўды сыходзіць.
Было бачна, што Міша нечым абражаны. Грынкевіч гэта адчуў нават пасля гарэлкі, якую сёння жлукціў збольшага ён сам. Пакуль Міша надзяваў у вітальні куртку і чаравікі, гаспадар казаў пра тэатральныя справы, пра «Дона Джавані». Міша, здаецца, не слухаў.
— Ты ўсё ж не жартуй з такімі рэчамі. Ці, прынамсі, не дражні гусі. Цябе апошнім часам шмат хто не залюбіў, бо ты адкрыта кпіш з гэтага.
— Добра, я не буду, — амаль скораным тонам адказаў Грынкевіч. — Прывітанне Вілору. Скажы яму, што я гатовы скарміць такому файнаму псяку пару сваіх новых пальчатак, зусім як летась.
Міша ўздыхнуў і прамовіў на развітанне:
— Ты або блазан, або псіх. Глядзіш, блін, кіно пра Чапаева і думаеш, што дзеля цябе ён выплыве, не загіне. Калі з'язджаеш?
— Паслязаўтра. Як «Кажаніху» правяду, так і з'еду, начным цягніком. Дырэктар яшчэ мяўся, ці адпускаць мяне. А як гэтая гісторыя здарылася, дык ён і шчаслівы, каб я тут слепнем у вочы не лез хоць некалькі дзён.
— Ну, бывай здаровы.
Замкнуўшы за госцем дзверы, Грынкевіч пацеляпаўся на кухню, але прыбіраць са стала яму было лянотна. Заўтра выходны, да абеду можна праваляцца, потым пахадзіць па кватэры з венікам і анучай, каб перад ад'ездам пыл паганяць. Вось і прыбярэцца. Пакуль жа яго пацягнула да ноўтбука.
Рэчытатыў «Leporello! Signore!».
У скайпе быў брат, якому Грынкевіч ужо распавёў пра сваю прыгоду. Распавёў у той самы дзень, калі адбыўся скандал. Ён бы сам расцэньваў гэта менавіта як прыгоду, але Віктар начапіў на яе цэтлік «здарэнне» і пачаў чытаць маралі.
«Табе пашэнціла, што гэта не ў Штатах. Тут бы ты лёгка трапіў пад суд за sexual harassment».
Ён пачаў распавядаць страшылкі пра сваё заакіянскае быццё. Дакладней, пра тое, што сам бачыў і чуў. Грынкевіч чытаў месагі свайго малодшага брата і ледзь стрымліваўся ад саркастычных рэплік. Віцька яму не так даўно прызнаўся, што апроч сваёй Волькі з ніводнай жанчынай сэксам не займаўся ніколі ў жыцці. І не таму, што ён такі святы ці Волька такая сэкс-зорка. На радзіме ён панічна баяўся заразы, якую можна падчапіць, калі скакаць па розных ложках. «Заразай» яго напужалі тата з мамай яшчэ ў часе першых начных палюцый, і ён павёз гэты панічны страх нешта падхапіць у Амерыку. Там да яго дадаўся яшчэ і страх уляпацца ў sexual harassment. Волька магла спаць спакойна: муж з такімі фобіямі быў паталагічна няздольным на здраду. Праўда, гэта не замінала яму цішком ад жонкі драчыць пад порна-ролікі — аніякай табе заразы, аніякага харэсмэнту. І кіндэр-сюрпрызаў не бывае. Дакладней, Віцька не прызнаваўся, чым ён там займаецца, калі глядзіць порна, але чым яшчэ ён мог займацца, думалася Грынкевічу.
І яно яшчэ хацела сабе нейкай свабоды! Яно мітынгавала на вуліцах і плошчах, яно сядзела ў брудным пастарунку. Яно хацела такога ж самага ў сябе дома?! Вось такой свабоды з харэсмэнтамі?! Старэйшы брат падчас той размовы ўвайшоў у стос і праехаўся па колішніх перакананнях сваяка, як мянтоўская дубінка па нырках. Карацей, вельмі эмацыйна пагутарылі, да такой ступені эмацыйна, што ўжо час быў збірацца на бацькаў юбілей, а ні той, ні іншы не выходзіў на сувязь, каб пра сёе-тое дамовіцца.
Сёння п'яны ў зюзю Грынкевіч хацеў напісаць у скайп з'едлівае: «Дрочым?». Але ж своечасова скеміў, што ў Амерыцы яшчэ і не абедалі, таму наўрад ці Віцька будзе лазіць па пэўных сайтах з офіснага айпішніка. Дый увогуле, нашто сварыцца з ім праз такую дурату? Каб потым за святочным сталом у Мінску глядзець адзін на аднаго як сычы?
Дон Джавані робіць жэст замірэння — дае Лепарэла чатыры дублоны.
«Зюіраемсч ў дарлгу?» — напісаў ён брату, мажучы міма клавішаў.
«Ага», — адгукнуўся Віктар.
Іхны лог у скайпе быў аднаслоўна-сціслым: Віктара, відаць, зачапіла апошняя размова. Увогуле ён быў нязлосным і неагрэсіўным, але крыўдаваў часта. Яшчэ з дзяцінства, калі старэйшы брат мог неяк пакпіць з малодшага, больш хатняга, Віцька пачынаў плакаць, і Грынкевіч тады адграбаў ад бацькоў выспятка.
Уласна, яны ніколі не былі напоўніцу блізкімі, бо Аляксей увогуле быў братам на вакацыі. Ён прыязджаў у Мінск прыкладна раз на тры месяцы, пасля кожнай школьнай чвэрці, потым — раз на паўгода, пасля сесіі. У кожны такі прыезд яму даводзілася наноў вывучаць брата, бо той быў яшчэ малы, а значыць, хутка мяняўся. Яны мелі розніцу ў шэсць гадоў. Класе ў шостым-сёмым, калі Аляксей практыкаваўся ў флірце з такога ж веку суседкамі па лецішчы, Віцька замінаў яму тлуміць дзяўчаткам мазгі. Ён меў талент падлавіць старэйшага брата якраз тады, калі Аляксей натхнёна апавядаў пра свой удзел у конкурсе піяністаў стварэнню з тоўстымі русымі коскамі і заўважнымі, як на дванаццацігодку, формамі. То малы прыходзіў паклікаць брата вудзіць рыбу, то прыносіў паказаць падабранае бадзяжнае кацяня, якое мама не дазваляе пакінуць у хаце, то яму не было з кім гуляць у футбол. Аляксей часам люта ненавідзеў малога за гэта.
Колькі разоў ён помсціў Віцьку. Аднойчы наплёў брату, маўляў, калі ў ноч летняга сонцастаяння не класціся спаць увогуле, то гэтым можна дадаць сабе пяць гадоў жыцця. Малы, якому тады было восем, паверыў, мужна змагаўся са сном да золку і толькі тады саснуў. Аляксей прачнуўся, як нармальны здаровы падлетак, а восьмай раніцы і ўбачыў, што малы спіць. Потым ён кпіў з Віцькі: маўляў, праспаў, не дадасі сабе пяць гадоў жыцця. Ну, а Віцька з плачам даводзіў, што не спаў да золку і бачыў сонца, у той час як старэйшы брат дрыхнуў, нібы жыта прадаўшы. Малому ці не з дзіцячага садка ставілі астму, і ён час ад часу перажываў прыступы, якія маглі блага скончыцца. Праўда, Аляксею яшчэ не даводзілася гэтага бачыць, а таму ён не надта разумеў, навошта Віктар так хацеў дадаць сабе лішнія пяць гадоў жыцця. Такое разуменне прыйшло да яго крыху пазней, і зусім не ў сувязі з кволым і датклівым брацікам. Тады ж, крыху пазней, яму стала сорамна за свой жарт.
Лепарэла какетнічае і ламаецца: ну годзе, прыму гэтым разам вашыя дублоны, але не думайце, што зноў здолееце мяне купіць.
Падлеткам ціхі і ўражлівы Віктар захварэў на беларушчыну. Пачалося ўсё з школьнага рэферата па гісторыі, які брат напісаў самастойна і на сваім матэрыяле. Пісаў ён пра сталінскія паваенныя рэпрэсіі, а матэрыял назбіраў з расповедаў дзядзькі, якога праз бацьку — ворага народу не ўзялі тады ні ў сувораўскую вучэльню, ні ў інстытут. А калі дзеда рэабілітавалі, дык паступаць у інстытут было позна. Тэма рэферата захапіла Віцьку, і ён напісаў таксама пра вымушаны калабарацыянізм. Дзед па матчынай лініі яшчэ быў жывы, а год на дварэ быў дзевяноста трэці, таму можна было казаць шмат пра якія рэчы. Хлопец узяў і апісаў гісторыю Фларыяна і Казіміра Стрыжэўскіх — зрабіў такую сабе ілюстрацыю ў рэфераце. Зразумела, у школе яму паставілі тройку і назвалі працу не рэфератам, а вялікім сачыненнем на адвольную тэму. Да таго ж настаўніца сказала, што гэта не факты, а прыдумкі, такога не магло быць. Немагчымасць паступіць у сувораўскую вучэльню — гэта адно, а вось гісторыя Фларыяна і Казіміра Стрыжэўскіх. Настаўніца палічыла гэта ерассю, нават у дзевяноста трэцім годзе.
Аляксей памятаў, з якім абурэннем брат пераказваў яму гэта. І хоць старэйшы не мог зразумець яго нацыянальных сантыментаў, сама палкасць і апантанасць была заразнай. Гэта была праява фамільнага пачуцця справядлівасці, прапісанага ў іх ДНК. Старэйшы брат нават сам прачытаў тады сёе-тое з гісторыі, нешта амаль апакрыфічнае. Потым ён вельмі натуральна ўспрыняў тое, што Віцька ходзіць на розныя мітынгі і шэсці, што ён трапіў у нейкую арганізацыю. У гэтым ён зноў-ткі ўбачыў праяву фамільнага пачуцця справядлівасці і жаданне паставіць пад сумнеў рэчы, якія большасці падаюцца аксіёмай. Дайшоў нават да таго, што дзеля брата пачаў адгукацца на нязвыклае імя — Алесь.
Джавані пытаецца, ці гатовы лёкай зноў выконваць яго загады. Лепарэла гатовы, але просіць гаспадара пакінуць жанчын.
І тут раптам Віцька выйграў Green Card. Гэта здарылася якраз на пятым курсе ўніверсітэта, калі трэба было вызначацца, што рабіць далей. Здарэнне было нечаканым, бо ў латарэі Віцька паўдзельнічаў дзеля смеху, за кампанію з сябручкаміпраграмістамі, якія толькі і думалі, каб куды зваліць. А малодшы брат нібыта ж быў патрыётам, прычым сумленна-ідэйным. Усё лета дзве тысячы першага года ён вагаўся, ці ехаць яму проста на разведку — і ў першыя дні кастрычніка паляцеў у Нью-Ёрк. Не на разведку, а назусім. Аляксей тады прыехаў у Мінск на своеасаблівую «адвальную» брата. Яны швэндаліся па горадзе, прызямляючыся ў розных барах. За вечар яны набраліся да непрыстойнасці і ледзь не загрымелі ў пастарунак, бо задумалі праспяваць на вуліцы спантанна прыдуманую песню «Мы — беларусы, так нам і трэба» на матыў дзяржаўнага гімна. Віктар, які не ўмеў піць, ледзь дабраўся тады дадому і перш-наперш пайшоў высвятляць стасункі з унітазам. Больш загартаваны ў п'янках і больш здаровы Аляксей вымушаны быў завесці размову з бацькам, які сустрэў іх позняй ноччу.
Ён ужо з цяжкасцю прыгадваў, з чаго тады ўсё пачалося і як размова перайшла з чытання антыалкагольных мараляў на рэчы светапоглядныя. Але бацька тады нават узяў цыгарэту, хоць кінуў курыць яшчэ пасля першага інфаркту. Ён сутаргава зацягваўся, стрэсваў попел у сподак і ўсё казаў, што яму прыкра бачыць уласных дзяцей, якія ні ў што не вераць. Што дзеці ідуць шляхам найменшага супраціву і гэтым ствараюць сабе новыя перашкоды.
«Пакінуць жанчын?! Ды гэта глупства! Жанчыны патрэбныя мне як хлеб штодзённы, як паветра, якім я дыхаю!» — ускрыквае дон Джавані.
— Ну вось навошта ён ляціць у Амерыку? — задаў бацька амаль рытарычнае пытанне.
— Як навошта? Там ён мае шанец! — адказаў старэйшы брат.
— Шанец. Я нарадзіўся тут, але вырас за Уралам, — казаў Андрэй Аляксандравіч. — І паступіў у ленінградскі інстытут, а гэта было лепей за любы мінскі інстытут. Але там я быў ніхто, звычайны інжынер, пустадомак з інтэрната. А сюды мяне запрасілі і адразу далі дах над галавой...
— І якая мараль у тваёй прыпавесці? — запытаўся Аляксей, таксама зацягваючыся, але лянотна і без імпэту.
— Бачыш, сын, мы самі дапусцілі, што нас у сябе дома робяць нікім. І мы хочам адсюль уцячы, каб недзе ў іншым месцы быць кімсьці. А там мы таксама ніхто, хоць мы пра сябе шмат чаго можам уяўляць. Са свайго дому трэба з'язджаць часова, у вандроўку — і заўсёды па сваёй волі. А не ўцякаць, ды яшчэ і пад брэх сабак, якіх на цябе свае ж і спускаюць.
— Ён не хоча быць ахвярай, — адказаў сын. — Таму едзе.
— Ён не можа быць героем, таму ўцякае! — не супакойваўся бацька. — Можаце казаць што хочаце, але роднай зямлі яшчэ ніхто не адмяняў. Я не пра тую зямлю, што ў яго галаве круціцца са старажытнымі князямі, а пра тую, якая ёсць тут і цяпер. У нас усіх ужо нічога не засталося, апроч гэтай зямлі, каб мы былі разам. Нас трымае толькі зямное прыцягненне, нельга ад яго адмаўляцца.
«Але вы ўсім гэтым жанчынам здраджваеце!» — не супакойваецца Лепарэла. На што Джавані выкладае яму ўласную тэорыю: усё дзеля кахання; хто верны адной жанчыне, крыўдзіць іншых. Ну а тыя, хто не разумее ягонай, дона Джавані, дабрыні, той называе яго здраднікам.
— Досыць, тата, ніякага зямнога прыцягнення тут не існуе. Усё ў галовах, у наладках мазгоў. Кім пачуваешся, тым і будзеш.
— А як тады растлумачыць, што ў мяне збольшага людскае жыццё пачалося, толькі калі я сюды прыехаў? Проста я веру, што мая зямля дадала мне моцы. А вы.
Тут ужо ў старэйшага сына адмовілі тармазы, і ён сказаў бацьку тое, што столькі гадоў хацеў выказаць, але трымаўся. Бо маці прасіла больш не вяртацца да гэтай тэмы, дый з бацькам нібыта замірыліся вельмі даўно.
— Угу, дадала. Тут цябе пацягнула ратаваць чалавецтва, і ты займеў інфаркт. І яшчэ незразумела з якой прычыны ты матляешся дагэтуль да кабеты ў чужую зямлю. Бач, які парадокс! І які сэнс быў спраўляць тут хату, каб на нас усіх месца хапіла? Я не буду ў гэтай хаце жыць, і Віцька таксама не будзе. І не патрэбная нам гэтая зямля, калі на ёй нічога не расце.
Як не дзіўна, бацька не зрэагаваў на словы, якія павінныя былі яго зачапіць. Калі ён лавіў пэўную хвалю, усё астатняе яго больш не цікавіла.
— А не будзе нічога расці на зямлі, калі яе не даглядаць! Калі не араць, не ўгнойваць.
— Дзякуй, тата, але ні мне, ні Віцьку не хочацца ўгнойваць гэтую зямлю сабою.
На такі выпад бацька ўжо нічога не адказаў. Проста патушыў выкураную цыгарэту. Дый не выпадала ім далей спрачацца, бо прачнулася маці, прыйшла на кухню і ўбачыла, як муж-інфарктнік курыць. Потым убачыла яшчэ і зусім п'янага малодшага кволага сына. Накінулася на старэйшага. Развяла ўсіх па пакоях. Зранку, аднак, не згадвала ў размовах нічога з падзеяў мінулага вечара. Праўда, у бацькі тады падскочыў ціск, але ён не захацеў выклікаць «хуткую». Віцька ж банальна пакутаваў на галаўны боль, і яму рабілася млосна ўжо ад самой думкі, што да самалёта застаюцца лічаныя гадзіны і там яго будзе ванітаваць. Аляксей адзін паехаў праводзіць яго ў аэрапорт. Позна ўвечары ён сам сеў на цягнік да Масквы і быў унутрана шчаслівы ад таго, што яшчэ доўга не пабачыць бацькі.
Далей Джавані выкладае лёкаю планы новых прыгодаў: яму спадабалася пакаёўка донны Эльвіры. Так, вельмі рызыкоўна лезці проста ў тыл ворага, і дай душы волю, то сам будзеш у няволі.
У першыя месяцы з Віцькам была ледзь не істэрыка, а потым ён вывез у Штаты сваю Вольку і захапіўся роляй мужа і будучага бацькі. Так і прыцёрся на новым месцы.
Праўда, менавіта на вялікай адлегласці браты сталі болей камунікаваць і даведвацца адзін пра аднаго. І чым шпарчэйшым рабіўся інтэрнэт, тым большую крэўную повязь яны адчувалі. Прынамсі, толькі праз скайп Віктар пачаў шмат згадваць дзяцінства, апавядаць, як ён баяўся засынаць адзін у пакоі і, можа, ад гэтага ў яго здараліся прыступы. А яшчэ ён, як выявілася, ганарыўся старэйшым братам і бачыў у ім нейкага казачнага героя. Нават калі старэйшы прыязджаў і рабіў не дужа прыгожыя рэчы. Аляксею зрабілася няёмка ад такой ідэалізацыі. Гэта было горш, чым з жанчынамі, якім ён не мог даць таго, чаго яны чакалі. Гэта была нейкая найвышэйшая ступень даверу, якога ён не мог спраўдзіць. Ці не хацеў.
Дзеля таго, каб заваяваць красуню, Джавані прыдумаў ваенную хітрасць — пераапрануцца ў адзенне плебея, бо простыя людзі не давяраюць шляхце.