Клецкая беларуская гімназія была арганізавана і пачала сваю працу ў 1923 годзе ў Нясвіжы. Напачатку былі адчынены 4 класы. Гімназія знаходзілася на Альбянскай вуліцы ў доме Дылеўскіх. Першымі настаўнікамі гімназіі былі Рыгор Якубёнак, Франц Шнаркевіч, Вячаслаў Арэнь, Ганна Малойла.
Але ў Нясвіжы гімназія праіснавала толькі адзін год. У 1924 годзе яна перабралася ў Клецк. Спачатку гімназія знаходзілася ў доме Паповічаў у канцы Нясвіжскай вуліцы. Было адчынена пяць класаў. Дырэктарам гімназіі быў Рыгор Якубёнак. І тыя настаўнікі, якія працавалі ў Нясвіжы, таксама пераехалі ў Клецк, акрамя Шнаркевіча, які падаўся ў Вільню.
У 1926 годзе Рыгору Якубёнку ўдалося наняць памяшканне на Татарскай вуліцы, куды і пераехала гімназія. У ёй пераважна вучылася сялянская моладзь з ваколіцаў Клецка, а таксама вучні з Нясвіжскага, Баранавіцкага, Лунінецкага і Слонімскага паветаў. Невялікую колькасць вучняў складалі дзеці святароў і дзякаў.
Аплата за вучобу ў гімназіі была невялікая. Ды і то аплочвалася вучнямі не вельмі рэгулярна, бо вучылася там сялянская бедната. Таму дырэкцыя гімназіі мела вялікія матэрыяльныя клопаты, а настаўнікі-беларусы працавалі ахвярна, зарабляючы часам толькі па 50 злотых у месяц, а гэтых фінансаў хапала толькі на харчаванне і аплату за жыллё. Ахвярна працаваў і дырэктар гімназіі Рыгор Якубёнак. Ён выкладаў у старэйшых класах матэматыку, роднае слова і гімнастыку. Акрамя гэтага знаходзіў час на працу ў сталярцы, дзе сам асабіста рамантаваў вокны, дзверы, парты.
Адносіны паміж вучнямі і настаўнікамі былі ў гімназіі вельмі шчырымі. Гэта была адна сям’я. Вучні вельмі добра разумелі ахвярную працу настаўнікаў. Клецкая беларуская гімназія тады была сапраўднай кузняй беларускага нацыянальнага выхавання.
У гімназіі існавалі літаратурны і драматычны гурткі, хор і аркестр. Тут вельмі часта ладзіліся розныя мерапрыемствы. Асабліва ўрачыста адзначаліся святкаванні 25 Сакавіка — Дзень Беларускай Народнай Рэспублікі. Вось я згадвае пра свята нехта В.К. у газеце “Беларус” за 1964 год: “25-га сакавіка 1929 года. Прыгожае сонечнае надвор’е. У Клецкай беларускай гімназіі вольны дзень ад навукі, але ў пакоі чацвёртага класа кіпіць гарачая праца. Вучні старэйшых класаў прыйшлі ўпрыгожыць залу да ўрачыстай акадэміі. На фронце залы крывіцкая Пагоня заняла сваё пачэснае месца. Паабапал яе два бел-чырвона-белыя сцягі. Пад Пагоняй вялі надпіс: “Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!”. Вакол на сценах прыбраныя партрэты беларускіх паэтаў і пісьменнікаў: Купалы, Коласа, Багдановіча, Гаруна, Бядулі і іншых.
Угодкі незалежнасці Беларусі ўрачыста святкаваліся гімназіяй штогод. Ад пачатку яе заснавання. Але 1929 год адзначаўся асабліва ўрачыста па дзвюх прычынах. Першая, у гэтым годзе рыхтаваўся выпуск 16 васьмікласнікаў, у тым ліку і аўтар гэтых успамінаў. Другая, у той час Клецкая беларуская гімназія мела добры струнны аркестр і надзвычайна моцны і прыгожы хор пад кіраўніцтвам вядомага беларускага дырыгента-кампазітара Антона Валынчыка.
У дзве гадзіны дня пачалася акадэмія. Паміж грамады 180 вучняў прайшоў педагагічны персанал, які заняў месца ў прэзідыуме… Акадэмію адкрыў дырэктар гімназіі Рыгор Якубёнак, які коратка праінфармаваў ўсіх аб беларускім свяце незалежнасці. Магутны і прыгожы хор выканаў нацыянальны гімн “Не пагаснуць зоркі ў небе…”. Глыбока запалі ў душу моладзі словы “Не загіне край забраны, пакуль будуць людзі”. Пасля гімна дырэктар расказаў аб гістарычных падзеях і Акце 25 Сакавіка.
Пасля ўрачыстай часткі пачаўся канцэрт. Моцна гучаць песні Антона Валынчыка, напісаныя ім у Клецку. Гэта такія песні, як “За праўду”, “Устаньце, хлопцы”, “Не бядуй”, чароўная сваім выкананнем песня “Ліпы старыя” і іншыя. Песні перапляталіся дэкламацыямі патрыятычных вершаў беларускіх паэтаў. Акадэмія скончылася кароткім словам дырэктара…”.[2]
У Клецкай беларускай гімназіі Антон Валынчык першым чынам узяўся за арганізацыю хору. І яму гэта ўдалося. Хор налічваў 60 вучняў.[3] За тры месяцы працы Валынчыку ўдалося наладзіць у гімназіі першае выступленне хору. Дасканала выкананыя беларускія песні, пераважна самога кампазітара і дырыжора, мелі вялікі поспех. Пры дапамозе хору гімназія праводзіла шырокую нацыянальна-культурную працу як у самім Клецку, так і ў навакольных вёсках. А ў 1928 годзе Антон Валынчык арганізаваў у гімназіі яшчэ і струнны аркестр, які налічваў 50 чалавек. Часта наладжваліся канцэрты, выступленні, гастролі, а грошы папаўнялі пустую касу гімназіі.
Пяцігадовая праца ў Клецкай беларускай гімназіі для Антона Валынчыка была самым шчаслівым перыядам яго жыцця. ”У мяне назаўжды ў памяці Клецкая гімназія. Там неяк усё было па-асабліваму, там выкладчыкі і навучэнцы жылі адной сям’ёй — душа ў душу. Якубёнак… гэта быў цудоўны, рэдкі, дзівосны, непараўнаны чалавек, папраўдзе родны бацька дзецям. Ён аддаў ім душу, час, сродкі, усе свае здольнасці, думкі і мары. Я з дзецьмі займаўся хорам, мы ставілі драмы, у гімназіі быў аркестр. Валодзя Гуль — кантрабасіст, актывісты хору — Мароз, Шыдлоўскі… Арэнь Барыс — цудоўны бас, Валя Тычына — альт… Але ў гімназію пастаянна прысылалі паганых інспектараў. Мэтай было закрыццё гімназіі. Памятаю, у 1929 годзе прыслалі паганых інспектараў. Мэтай было закрыццё гімназіі. Памятаю, у 1929 годзе прыслалі з Віленскага кураторыума інспектара Мяноўскага — вельмі гадкага чалавека. Хадзіў на ўрокі, прыдзіраўся да дробязей, даводзіў выкладчыкаў да непрытомнасці. А я даведаўся, што ён украінец… І вечарам мы як далі яму канцэрт на паўгадзіны! Праспявалі і знакамітую “Кобзу” Давыдоўскага, і “Відзьма”. Ну, і беларускія таксама: “Ліпы старыя”, “Касцы”[4] (гэта мае), народных вельмі многа. Ведаеце, “Ліпы старыя” я пісаў у 1927 годзе, калі быў страшна хворы, з высокай тэмпературай, у стане трызнення. Лепшая мая рэч… А наконт Мяноўскага… Мабыць, здолелі мы яго праняць да душы. Ён нават расчуліўся і доўга дзякаваў. І галоўнае — ніякіх дрэнных наступстваў візіту! А наогул у гімназіі спявалі многа, ахвотна. Спявалі і мае: “Як на свет нарадзіўся Янка”, “Зайшло ўжо сонейка”, “За праўду”, “Устаньце, хлопцы”… Усё ж такі гэта быў цудоўны час…”, — прыгадваў у сваіх успамінах Антон Валынчык.[5]
У пачатку 1990-х гадоў неяк пры сустрэчы запытаўся ў слонімскага паэта Анатоля Іверс (Івана Дарафеевіча Міско) пра Антона Валынчыка. Тым больш, што паэт ў канцы 1920-х гадоў вучыўся ў Клецкай беларускай гімназіі. Іван Дарафеевіч, падумаўшы, пагадзіўся мне расказаць пра свае сустрэчы з Антонам Міхайлавічам. “Зіма 1929 года была снежная і марозная, — пачаў успамінаць Анатоль Іверс. — Я паехаў на вучобу ў Клецк. Выйшлі мы з цягніка на станцыі Ляхавічы і, узяўшы з сабой чамаданы, пайшлі шукаць падводу, каб даехаць да Клецка. Селі мы, двое выгнаннікаў з Віленскай беларускай гімназіі[6], у буду, наставілі каўняры і рушылі ў дарогу. У галаву лезлі невясёлыя думкі: як там сустрэнуць, ці прымуць? “Ідзіце на Слабадскую вуліцу, — адказаў дзядзька, — знойдзеце хату Івана Нікановіча, там будзе інтэрнат”. Мы трапілі, як кажуць, з карабля на баль. Гімназісты вельмі ветліва сустрэлі нас, не далі нават як след абагрэцца і павялі на ёлку. У зале пачаўся канцэрт мастацкай самадзейнасці. Хор пад кіраўніцтвам настаўніка спеваў Антона Міхайлавіча Валынчыка выконваў цудоўныя, дагэтуль не чутыя беларускія песні “За праўду, за шчасце”, “Як на свет радзіўся Янка” Янкі Купалы, “Ліпы старыя” на словы Якуба Коласа, “Я люблю густыя шумы”, “Вечарам” на словы Уладзіміра Жылкі і іншыя. Гэтыя песні мяне тады заваражылі. Колькі ў іх было душэўнай прыгажосці! Але тады я яшчэ не ведаў, што музыку да вершаў беларускіх паэтаў напісаў Антон Міхайлавіч. І не ведаў таго, што ён быў маім земляком з вёскі Мяльканавічы Слонімскага павета.
Другая сустрэча з Антонам Валынчыкам адбылася ў мяне ў Гродне. Будучы аднойчы там, захацелася мне наведаць земляка. Пастукаў у дзверы Гродзенскага педінстытута, на якіх красавалася дошчачка з надпісам “Кафедра музыкі і спеваў”.
—Заходзь, заходзь! — пачуўся знаёмы голас.
Прывітаўшыся, я пажартаваў:
—Хачу ўзяць інтэрв’ю.
—Можна, можна. — І Антон Міхайлавіч расказаў аб сваёй працы…
З яго слоў я даведаўся, што кампазітар напісаў музыку да многіх вершаў беларускіх паэтаў і найбольш — на тэксты Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сабраў і апрацаваў тады каля пяцідзесяці беларускіх народных песень. А Ленінградскі завод запісаў на пласцінкі ў выкананні беларускай Дзяржаўнай капэлы яго песні “Ліпы старыя” і “Ідуць касцы”.
Трэцяя сустрэча з маім земляком адбылася ў Мінску, дзе праходзілі дні Гродзенскай вобласці. Ішоў заключны канцэрт. Выступалі ўсё новыя і новыя мастацкія калектывы. І вось на сцэне пачаў выступаць хор гродзенскіх настаўнікаў на чале са сваім кіраўніком. І паліліся песні “Люблю наш край” і “Як на свет радзіўся Янка”. Тыя самыя песні, што давялося чуць у дзяцінстве. Было столькі ў зале апладысментаў, што я ніколі больш у сваім жыцці не чуў, каб каму так апладзіравалі…”.
Цёпла і шчыра пра Антона Валынчыка прыгадваў і былы выкладчык беларускай мовы ў малодшых класах Клецкай беларускай гімназіі Аляксей Кішкель. Аб гэтым згадваў у сваіх успамінанах заслужаны настаўнік Беларусі Апанас Цыхун: “Амаль кожны дзень мы (маецца на ўвазе Апанас Цыхун і Аляксей Кішкель — С.Ч.) сустракаліся. Кішкель мне вечарамі расказваў пра Клецкую гімназію. Успамінаў настаўнікаў, у тым ліку і Антона Міхайлавіча Валынчыка. Згадваў, у прыватнасці, як кіраваў той вучнёўскім хорам, якім вялікім аўтарытэтам карыстаўся Валынчык сярод беларускага насельніцтва”.[7]
У 1929 годзе Антон Валынчык развітаўся з калектывам Клецкай беларускай гімназіі і пераехаў у Навагрудак.