З песняй праз жыццё


З 1961 года Антон Валынчык стала жыве ў Гродне. У горад над Нёманам яго запрасілі выкладаць музыку і спевы ў Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы[15]. У архіўнай даведцы Гродзенскага універсітэта так і запісана: “Загадам № 46 ад 25 красавіка Антон Міхайлавіч Валынчык прыняты на працу на пасаду выкладчыка кафедры музыкі і спеваў з 16 красавіка 1961 года. Загадам № 127 ад 13 верасня 1961 года залічаны старшым выкладчыкам і прызначаны загадчыкам кафедры музыкі і спеваў з 1 верасня 1961 года”[16].

У Гродне Антон Валынчык не толькі плённа працаваў загадчыкам кафедры музыкі і спеваў Гродзенскага педінстытута, але адначасова з’яўляўся хормайстрам гродзенскага народнага ансамбля песні і танца “Нёман”, быў мастацкім кіраўніком Гродзенскай народнай капэлы настаўнікаў. Прыгадвае беларускі кампазітар Віктар Войцік: “На жаль, я мала кантактаваў з шаноўным спадаром Антонам Валынчыкам. Я быў зусім юным, іграў у ансамблі “Нёман” на балалайцы. Толькі зрэдку мне прыходзілася назіраць за работай хору. Антон Міхайлавіч мне запомніўся высокім і хударлявым чалавекам. У яго постаці было нешта імклівае і артыстычнае. Памятаю, як ён карпатліва працаваў над сваім творам “Ліпы старыя”. Увесь час нервова штосьці падпраўляў і ў харавой партытуры і ў гучанні хору. Магу яшчэ адзначыць, што Антон Міхайлавіч дамагаўся ад харыстаў высокай харавой культуры. Трэба сказаць, што хор у ансамблі “Нёман” пад яго кіраўніцтвам быў даволі добрым, але са спевамі ў стылі “а капэла” выступаў рэдка”.

Незабыўныя тыя часы былі ў жыцці гродзенскіх калектываў, калі там за пультам стаяў Антон Валынчык. Высокая творчая патрабавальнасць хормайстра, уменне здабыць інтанацыйную чысціню спявання, дамагчыся сапраўднага гучання і ансамблевасці партый, глыбіня прачытання аўтарскай партытуры —усё гэта заўсёды вабіла тых, хто разумеў і любіў харавую музыку.

Багацце рэпертуару тых калектываў, якімі кіраваў Антон Валынчык — была адной з іх адметных рысаў. Каб упэўніцца ў гэтым, хочацца нагадаць хаця б рэпертуар той Гродзенскай капэлы настаўнікаў, якой паспяхова кіраваў слынны маэстра. Там былі і бахаўскі хор “Сэрца, маўчы”, і “Вячэрняя песня” Танеева, “Ухваленне прыроды” Бетховена, і “Что смолкнул веселия глас…” Чайкоўскага, цудоўныя творы Рымскага-Корсакава, Кюі, Шуберта, Манюшкі, Вебера, Расіні, не кажучы ўжо пра музыку Аляксандрава, Дунаеўскага, Хрэннікава, Фляркоўскага, іншых майстроў песні, а таксама шматзначны рэпертуар беларускіх аўтараў. Такому рэпертуару можа пазайздросціць і сёння не адзін прафесійны харавы калектыў. А песні Антона Валынчыка “Ліпы старыя” і “Касцы” на словы Якуба Коласа — гэта найярчэйшы ўзор харавой музыкі, у якой аўтар выступаў не толькі знаўцам сакрэтаў партытуры для ансамблевага спявання, але таксама тонкім мастаком, які выдатна пераўтвараў багацце народнай музычнай мовы ў строгі і дакладны па форме твор. Больш 100 хораў, песень, апрацовак музычнага фальклору напісана ім. Нават самыя патрабавальныя прыхільнікі харавой музыкі не змогуць знайсці ў гэтай творчасці адхіленняў ад прафесіянальных законаў і мастацкага густу. Натхнялі кампазітара цудоўныя радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятруся Броўкі, Адама Русака і іншых беларускіх паэтаў, у творах якіх адлюстраваны прыгажосць роднага краю, самаадданая праца людзей, з якімі сутыкаў яго лёс. А колькі плёну было ад супрацоўніцтва Антона Валынчыка з самадзейнымі кампазітарамі, музыцы якіх ён першы даваў пуцёўкі на эстраду. Кампазітар шчыра і самааддана кансультаваў як хормайстар шматлікія харавыя калектывы Гродзеншчыны. Тым не менш, з-за незразумелай нячуласці да Антона Міхайлавіча некаторых работнікаў і адказных чыноўнікаў за культурнае жыццё Гродзеншчыны, ён рана пакінуў і Гродзенскую капэлу настаўнікаў, і народны ансамбль песні і танца “Нёман”. Капэле ён аддаў 6 гадоў сваёй творчасці, а “Нёману” — 4 гады. Прыгадвае былы дырэктар Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці Марк Коп: “Абласны Дом народнай творчасці ў Гродне я ўзначальваў 27 гадоў — з 1971-га да 1998-га. І музычнай творчасцю Гродзеншчыны я вельмі цікавіўся і добра яе ведаю. У пасляваенны час у Гродне была створана і актыўна працавала сапраўдная кампазітарская школа, праз якую прайшлі такія вядомыя кампазітары, як П.Радаліцкі, Л.Ляшэнка, С.Малчанаў, Л.Амелін, П.Шаўко, У.Шыркевіч, В.Нікіценка, Э.Казачкоў, М.Гарабец, І.Трухалёў, А.Аржаннікаў, А.Шыдлоўскі, Я.Петрашэвіч, В.Войцік і, вядома ж, Антон Міхайлавіч Валынчык. Антон Валынчык быў сапраўдным фанатыкам беларускай музыкі і песні. Ён, як і Цітовіч, як і Шырма хадзіў па вёсках і збіраў беларускія народныя песні. Пасля — іх апрацоўваў. У 1970-х гадах Антон Міхайлавіч стварыў адзіны ў вобласці Новагерніцкі мужчынскі хор у Шчучынскім раёне сумесна з гродзенскім заводам “Аўтапровад”. І мы Валынчыка пастаянна вазілі туды на рэпетыцыі. І ён вывеў гэты хор на рэспубліканскі ўзровень. Былі і да яго падобныя хары і пасля яго, але гэта было не тое. Ён валодаў выключным музычным слыхам. Валынчык даставаў сваю скрыпачку, настройку рабіў і хор з першых рэпетыцый спяваў трохгалоссе. Антон Валынчык быў спецыялістам ад Бога.

А пазнаёміўся я з Антонам Міхайлавічам тады, калі быў студэнтам Гродзенскага педінстытута імя Янкі Купалы. І паколькі я меў музычную адукацыю, вучыўся і адначасова быў канцэртмайстрам ва універсітэцкім хоры. Спачатку хорам кіраваў Павел Радаліцкі, а калі ён памёр — кіраўніком стаў Антон Валынчык. Вось тады мы з ім і пазнаёміліся.

Калі я працаваў у Доме народнай творчасці, Антона Міхайлавіча мы пастаянна запрашалі ў журы на розныя конкурсы, фестывалі, агляды. Валынчык — гэта была музычная глыбіня, талент, энцыклапедыя. У апошнія гады жыцця, мы прыйшлі да яго, каб ён перадаў нам свае сшыткі нотаў і песень. А ён кажа: “Не, хлопцы, не дам. Вы ўсе роўна ўсё сапсуяце”. Ён быў у сваёй справе — супер прафесіянал, мэтр, вялікі знаўца. Яго заўсёды хвалявала чысціня беларускай мелодыі, чысціня роднай мовы, шчырасць у гэтых пытаннях. У Беларусі іх можна паставіць разам — Шырму, Цітовіча, Валынчыка і Роўду. Гэта вялікія беларускія музычныя рэгенты.

Як чалавек, Антон Міхайлавіч вельмі не любіў хамства, быў даволі інтэлігентным чалавекам. Бяздарных людзей, якія імкнуліся з сябе стварыць вялікіх знаўцаў музыкі, ён не вельмі паважаў. За тое, што ён кіраваў у свой час царкоўнымі харамі, да яго неяк чыноўнікі адносіліся асцярожна. Ён не быў членам кампартыі, ён жыў песняй. Але не любіў і не пісаў розных партыйных і ленінскіх гімнаў, яго хвалявала найперш наша беларуская песня. На жаль, да сённяшніх дзён памяць пра яго ў Гродне не ўшаноўваецца. Я, дарэчы, гадоў восем таму рыхтаваў дакументы на адкрыццё мемарыяльных шыльдаў у Гродне А. Валынчыку, А.Шыдлоўскаму, Л.Ляшэнку, А.Чопчыцу, П.Радаліцкаму. Але дакументы так і засталіся ляжаць у шуфлядах Гродзенскага аблвыканкама…”.

Лепш за ўсё ў тыя 1960-я гады Антону Валынчыку працавалася ў Гродзенскім педінстытуце. Працаваў ён шчыра і аддана, быў патрабавальны не толькі да студэнтаў і выкладчыкаў, але і да самога сябе. Ён любіў і цаніў у працы прафесіяналізм. Вось што згадаў аўтару кнігі пра Антона Міхайлавіча былы студэнт Гродзенскага педінстытута журналіст Аляксей Дземідовіч: “Вядома, у мяне, як і ў бальшыні студэнтаў, многае пра Антона Валынчыка пралятала міма вушэй. Але тое, што тычылася музычнага мастацтва, то мяне яно не мінула. Бо калісьці мой бацька, вясковы музыка-самавук, не толькі навучыў мяне іграць на нямецкім трафейным гармоніку, але і перадаў з маленства любоў да музыкі, захапленне яе віртуозамі-майстрамі. Вось таму я, студэнт першага выпуску факультэта педагогікі і методыкі, з пачатку вучобы падыходзіў да ўсяго таго, што тычылася нашай музычнай адукацыі на факультэце, менавіта з гэтай бацькоўскай меркай. Да таго ж, з першага курса мне давялося яшчэ і працаваць на палову стаўкі лабарантам кабінета музыкі. Такім чынам, я быў у нейкай ступені і памагатым нашых выкладчыкаў, такіх цудоўных педагогаў як Павел Аляксандравіч Радаліцкі, Антон Міхайлавіч Валынчык, Вера Антонаўна Нісцюк і іншых. Калі першы з іх — Павел Аляксандравіч Радаліцкі быў, як на ўроках музыкі, так і на канцэртах самым ветлівым і абаяльным, то Антон Міхайлавіч Валынчык пры ўсёй яго справядлівасці, заўсёды прытрымліваўся дысцыпліны і патрабавальнасці да кожнага, хто прысутнічаў на яго лекцыях ці практычных занятках. Маэстра Валынчык лічыў, што музыку і песню ўсе павінны любіць так, як ён і не інакш. Таму на яго занятках проста сядзець і не слухаць, што казаў выкладчык, ды яшчэ сам загадчык кафедры музыкі і спеваў, нельга было. Калі ж знаходзіліся такія, хто проста бавіў час, гэта выводзіла педагога з раўнавагі, нават злавала яго. Тым не менш, Антона Міхайлавіча мы ўсе любілі. А калі ў музкабінеце заставалася якая вольная хвіліна, мы прасілі выкладчыка паіграць на скрыпцы і праспяваць якую-небудзь найбольш папулярную рэч са сваіх твораў. Лёгкая ўсмешка асвятляла яго, здавалася б заўсёды строгі твар, і Антон Міхайлавіч сваім ціхім, трохі сіпаватым, але шчырым голасам пачынаў, затым рабіў пройгрыш — і песня працягвалася да таго часу, пакуль такія радасныя хвіліны не перапыняў залівісты званок на калідоры… Яго скрыпку, як і аўтара песень, мы ўсе шчыра любілі… Як жа сёння хацелася б вярнуцца ў той нялёгкі, але шчаслівы малады час!..”.

Два гады працы ў Гродзенскім універсітэце для Антона Міхайлавіча не прайшлі марна. Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 28 верасня 1963 года Антону Валынчыку было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры Беларусі”. У архіве Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы захоўваецца некалькі характарыстык на Антона Міхайлавіча Валынчыка, падпісаныя былымі рэктарам педінстытута Маркоўскім Д.С, сакратаром парткама (Антон Валынчык членам кампартыі ніколі не быў — С.Ч.) Крэнем І.П. і старшынёй мясцкама Васільевым П.В[17]. Гэтыя характарыстыкі пісаліся на прысваення яму заслужанага дзеяча культуры Беларусі, на розныя ўзнагароджванні, на хадатайніцтва ў выканкам Гродзенскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных аб прызначэнні Антону Валынчыку персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння. Праўда, персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння Антону Міхайлавічу так і не далі. Тым не менш, давайце пачытаем адну з характарыстык на нашага слыннага педагога і кампазітара: “Антон Міхайлавіч Валынчык з’яўляецца выдатным спецыялістам сваёй справы, дасканала валодае методыкай выкладання, аддае ўсе сілы і веды для павышэння музычнай адукаванасці і культуры студэнтаў. З’яўляючыся загадчыкам кафедры, ён правёў вялікую працу па паляпшэнню выкладання музычных прадметаў і па павышэнню якасці працы гурткоў мастацкай самадзейнасці. Інстытуцкі хор, які ўзначальваў Антон Міхайлавіч, штогод выступаў на гарадскіх аглядах мастацкай самадзейнасці. Вялікую дапамогу аказваў А.М.Валынчык настаўнікам школ г.Гродна і вобласці ў справе павышэння іх тэарэтычнага і метадычнага ўзроўню ў выкладанні музыкі і спеваў. Добры знаўца харавога мастацтва, Антон Міхайлавіч унёс вялікі ўклад у развіццё музычнай культуры Заходняй Беларусі. Больш 55 гадоў працоўнай дзейнасці ён прысвяціў служэнню свайму народу на ніве музычнай асветы.

Працуючы выкладчыкам музыкі ў настаўніцкай семінарыі, у сярэдніх школах, а потым у педінстытуце, з’яўляючыся мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага міжабласнога ансамбля песні і танца, хармайстрам народнага ансамбля песні і танца “Нёман”, харавой капэлы настаўнікаў г.Гродна і шэрагу харавых калектываў Слоніма, Мінска, Маладзечна, Лунінца, Клецка, Мар’інай Горкі, Антон Міхайлавіч усе свае сілы і веды аддаў справе павышэння музычнай культуры беларускага народа. Многія калектывы вобласці, у тым ліку ансамбль песні і танца в.Збляны Лідскага раёна, народны хор вёскі Баранова Іўеўскага раёна, Дзяляціцкая народная харавая капэла сваімі поспехамі таксама абавязаны А.М.Валынчыку.

Антонам Міхайлавічам напісана каля ста музычных твораў. Гэта хары і песні на словы Янкі Купалы (“Зайшло ўжо сонейка”, “За праўду” і іншыя), Якуба Коласа (“Ліпы старыя”, “На сенажаці”, “Не бядуй”, “Устаньце, хлопцы” і іншыя), П.Броўкі і А.Русака (“Крочым наперад”, “Слаўся народ беларускі” і іншыя), шмат апрацовак народных песень (“Ці свет, ці світае”, “Купалінка” і іншыя). Многія з іх уваходзяць у рэпертуар лепшых харавых калектываў рэспублікі, у тым ліку Дзяржаўнага беларускага народнага хору пад кіраўніцтвам Г.Цітовіча, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР пад кіраўніцтвм Р.Шырмы. Два творы (“Ліпы старыя” і “На сенажаці”) у выкананні харавой капэлы выдадзены ў грамзапісе. Гэтыя музычныя творы і песня “А зязюлька кукавала” увайшлі ў “залаты фонд” [18].

І калі ў 1940-1950-х гадах Антон Валынчык не меў дзяржаўнай службы і быў незапатрабаваны як спецыяліст, то ў 1960-х гадах ён даказаў апантанай працай свае адносіны да педагогікі і беларускай культуры, хаця яму ўжо было нямала гадоў. У 1966 годзе ўпершыню за ўсё ягонае жыццё ў актавай зале Гродзенскага педінстытута быў наладжаны творчы вечар кампазітара і дырыжора з нагоды 70-годдзя з дня нараджэння і 50-годдзя працоўнай дзейнасці. З юбілеем Антона Міхайлавіча павіншаваў і Рыгор Шырма тэлеграмай: “Шчыра віншую з днём 70-годдзя. Жадаю моцнага здароўя, асабістага шчасця і далейшых творчых поспехаў на карысць нашай Радзімы!”.

Звольніўся па-асабістаму жаданню з педінстытута Антон Валынчык ажно 1 сакавіка 1974 года ва ўзросце 78 гадоў. Праўда, зрэд часу яго клікалі на месяц-другі на працу ў інстытут і ён пагаджаўся.

Жыў Антон Міхайлавіч са сваёй жонкай Вольгай Данілаўнай і сынам Леанідам спачатку на Сацыялістычнай вуліцы, 66 у Гродне, а потым у сваёй невялікай дзвюхпакаёвай кватэры на першым паверсе ў доме № 33 на вуліцы Ажэшка. Пра кампазітара ўспамінае кіраўнік фальклорнага ансамбля “Гарадзенскія дударыкі” кампазітар і музыкант з Гродна Яўген Петрашэвіч:

“Першы раз з Антонам Міхайлавічам я сустрэўся ў Мінску тады, калі быў яшчэ студэнтам. На адным з канцэртаў спяваў хор Валынчыка з Маладзечна. Пасля яго выступлення падняўся старшыня журы і папрасіў, каб яго хор праспяваў яшчэ раз свае песні. Гэта быў даволі рэдкі выпадак, каб журы некага прасіла выступіць зноў. Там я пазнаёміўся з Антонам Валынчыкам.

Калі ў Гродне я вёў свой прафсаюзны хор, яго наведвала і жонка Валынчыка Вольга Данілаўна. Гэта была даволі сімпатычная жанчына, добрай душы чалавек, нядрэнная спявачка.

Антон Валынчык у вольны час вельмі любіў нешта майстраваць. У яго было шмат розных інтрументаў, запчастачак, шрубікаў, гаечак. Любіў рыбалку, марыў злавіць у Нёмане сома. Ён ведаў, што недзе насупраць Каложы ў Нёмане ёсць яма і там вядзецца сом. Ён рабіў вялікія кручкі і часта туды хадзіў. А ці злавіў ён сома — я не ведаю. Рыбалка для яго была не просто захапленне, а там, на прыродзе, ён думаў музыку.

Антон Валынчык быў высокага росту, твар меў яркі, які лёгка можна было намаляваць.

Я бываў у яго дзвюхпакаёвай кватэры, мы шмат гутарылі пра наша жыццё. Але, напрыклад, пра сваё маленства ён не любіў прыгадваць. Ён быў больш замкнуты чалавек, індывідуаліст.

Антон Міхайлавіч вельмі прафесійна рабіў аранжыроўкі песень. Ён у добрых адносінах быў з кампазітарам Аляксандрам Шыдлоўскім, рабіў да яго песень аранжыроўкі. Неяк мне Валынчык расказваў, што, калі ён працаваў у Навагрудскай польскай і беларускай гімназіях, дык напісаў музыку да санетаў. І ўсе выкладчыкі былі здзіўленыя гэтым, бо напісаць музыку да санетаў вельмі нялёгка.

У яго была вельмі вялікая калекцыя пласцінак і ён меў патэфон. На некалькіх пласцінках былі і яго песні ў выкананні капэлы Рыгора Шырмы. Але ён быў незадаволены самім выкананнем песень і якасцю запісаў. Чуў я, што гэтыя ўсе пласцінкі Антон Міхайлавіч перадаў Гродзенскаму праваслаўнаму сабору. Але потым адтуль іх забраў адзін чалавек. Прозвішча і адрас гэтага чалавека я не ведаю. Дарэчы, Антона Валынчыка не вельмі любілі праваслаўныя свяшчэннікі, бо яго царкоўныя хары заўсёды былі лепшымі, чым сама дзейнасць гэтых свяшчэннікаў.

Антон Валынчык быў моцны харавік акадэмічнага складу. Мы вучыліся ў яго гэтаму прафесійнаму майстэрству. Зніклі кудысь і яго царкоўныя музычныя творы. Калі памёр Валынчык, жонка пераехала да сына на Украіну. Пра дачку я нічога не чуў...”.

Антона Валынчыка не стала 13 лістапада 1985 года. У адным з пісем да аўтара гэтай кнігі заслужаны настаўнік Беларусі Апанас Цыхун (1910-2005) пры жыцці неяк згадаў, што з Антонам Валынчыкам ён шчыра сябраваў, часта сустракаўся, калі той ішоў са спінінгам ці з вудамі на Нёман. “Апошні раз быў у ягонай кватэры разам з гродзенскім кампазітарам Яўгенам Петрашэвічам. Валынчык тады ўжо цяжка хварэў — ён перанёс інсульт. Яго жонка Вольга Данілаўна выканала нам песню, якую даўней спявалі гімназісты Клецкай беларускай гімназіі кожны дзень перад пачаткам заняткаў і пасля іх: “Вучыся, нябожа, вучэнне — паможа”, здаецца на словы Янкі Купалы... Хаця гэты выдатны дырыжор і кампазітар стараўся прынесці як мага больш карысці роднай Бацькаўшчыне, але наменклатуршчыкі не любілі Антона Міхайлавіча. Так ён без усялякай прычыны быў адхілены ад кіраўніцтва ансамблем песні і танца “Нёман”. Прышывалі яму ярлыкі “неблагонадёжный”, “националист”. Пасля смерці Антона Валынчыка, яго жонка Вольга Данілаўна жыве на старым месцы на вуліцы Ажэшка. Яна і зараз спявае ў царкоўным хоры”, — пісаў Апанас Пятровіч Цыхун.

Застаць Вольгу Данілаўну ў Гродне мне ўжо не ўдалося. Пісаў я некалькі разоў ёй і сыну Антона Валынчыка Леаніду на Украіну, але адказаў так і не атрымаў. Шукаў сляды і дачкі кампазітара ад першага шлюбу Дзіны Валынчык — не знайшоў. Даведаўся толькі, што пасля вайны яна з’ехала ў Вільню.


Загрузка...