У родным Слоніме


З пачаткам Другой сусветнай вайны Антон Валынчык з сям’ёй пераехаў у родны Слонім. У горадзе над Шчарай ён стаў працаваць настаўнікам спеваў у сярэдняй школе. Але падчас нямецкай акупацыі са школы зрабілі прагімназію і настаўніцкую семінарыю. І Валынчык, як выбітны майстра спеваў і музыкі, працаваў і ў прагімназіі, і ў настаўніцкай семінарыі. Пра гэты час у Слоніме згадвае ў пісьме да аўтара гэтай кнігі яго былая вучаніцы Надзея Дземідовіч: “Антон Валынчык шмат ведаў беларускіх народных песень, вершаў беларускіх паэтаў, пісаў да іх музыку. У палітыку ён далёка не залазіў, і песні падбіраў больш народныя, а таксама пра прыроду свайго краю. Ён быў не ганарыстым, а простым чалавекам, сціплым і даволі разумным. Падчас акупацыі, калі я вучылася, пачала складаць нейкія вершыкі. Аднойчы выпадкова Антон Валынчык зазірнуў у мой сшытак, які ляжаў на лаўцы, дзе я сядзела на занятках. На ўроку ён прамаўчаў, але падчас перапынку на калідоры паклікаў мяне да вакна і ціха сказаў: “Ты зразумей, які цяпер час і памятай, што нельга сёння пісаць і ўзгадваць ні пра бальшавікоў, ні пра немцаў, бо і адны, і другія за гэта могуць нас знішчыць. Пішы аб прыродзе, пра свой край, пра сваю школу, сяброў, складай казкі, яны ў цябе добра атрымліваюцца. Не лезь у палітыку, бо гэта брудная справа, а ты яшчэ малая…”. Спадар Антон Валынчык кіраваў хорамі вучняў прагімназіі і настаўніцкай семінарыі, а таксама старэйшых людзей, настаўнікаў і слынных асобаў Слоніма — усіх тых, хто любіў і мог спяваць. У Слоніме дзейнічала праваслаўная царква. Немцы маліцца не забаранялі. Там быў святар, які адпраўляў набажэнствы на рускай мове. Пры царкве быў і дзяк, які кіраваў царкоўным хорам (прозвішча ягонае я не памятаю). Але калі на вялікія святы ў царкве збіралася мноства народу, спадар Валынчык заўсёды быў у царкве, і ўжо не дзяк кіраваў хорам, а Антон Міхайлавіч. У той час мы, вучні, сваіх настаўнікаў і старэйшых людзей па імені і па-бацьку нікога не называлі, а проста казалі: спадар Валынчык, спадар Паважынскі, спадарыня Жукава ці спадарыя Заброўская. Вось такі ў той час быў закон, як пры Польшчы — пан, а ў нас у той час — спадар.


Антон Валынчык быў жанаты. Меў дачку, якая, пэўна, на год была маладзейшая за мяне, бо я апошні год пры немцах вучылася ў чацвёртым класе, а яна — у трэцім. Асабіста я з ёю не была знаёмая. Жылі Валынчыкі далёка за вакзалам. Слонім быў яшчэ неразбудаваны і з цэнтра горада да іх хаты быў добры кавалак дарогі. Каб неяк пражыць, спадар Валынчык вымушаны быў працаваць не толькі ў школах настаўнікам спеваў. Ён прыватна наймаўся да больш заможных людзей вучыць дзяцей музыцы. Яму за гэта бацькі плацілі, дапамагалі. Я ведаю адну сям’ю, дзе ён працаваў і вучыў музыцы дзвюх дзяўчынак. Жылі яны ў мікрараёне Рэзкі ў доме № 1. Гэта Ніна і Зіна Карач. Ніну Антон Валынчык вучыў іграць на скрыпцы, а Зіну — на гітары. Я ў іх кватаравала. А з Нінай вучылася ў адным класе ў прагімназіі, а як выгналі немцаў з Беларусі, мы пайшлі вучыцца ў беларускую школу № 1 у восьмы клас.

У 1944 годзе я неяк спаткала Антона Валынчыка на вуліцы ў Слоніме. Ён вельмі кепска выглядаў — схуднеў, быў апрануты ў нейкі абшморганы, налатаны пінжак. Мы сталі гутарыць і ён упершыню выказаўся пра немцаў: што яны нашы ворагі, што ад іх усяго можна было чакаць і што тварылі яны — ты сама ведаеш. Цяпер таксама нялёгкі час, але імкніся вучыцца, нікуды не лезь. На гэтым я са спадаром Валынчыкам развіталася назаўсёды. Чула толькі ад іншых асоб, што ён развёўся з жонкай. А што датычыць некаторых вучняў Антона Валынчыка, дык скажу, што ноччу 13 снежня 1944 года ў Слоніме, як зараз памятаю, пачаліся масавыя арышты НКУС. Ноччу забралі Ніну Карач, я ў іх кватэры была. Мяне шукалі, але не знайшлі, бо жыла ў Ніны Карач, а прыпісана была ў іншых людзей. Пасля арышту Ніны, яе бацькі тэрмінова адправілі мяне дамоў да маіх бацькоў са словамі: “Ідзі, хай робяць, што хочуць з табой, у нас і так бяды хапае”. Я дабралася ў родную вёску. Бацькі даведаліся ў чым справа і сталі плакаць. Ноччу, каб ніхто не бачыў, тата адвёз мяне на Палессе да сваякоў. Праз некалькі дзён супрацоўнікі НКУС зрабілі ператрус у нас дома, шукалі мяне. Але не здагадаліся мае родныя прыхаваць фотаздымкі і розныя паперы. Частку фотаздымкаў забралі. А што засталося, мама закруціла разам з паперамі і закапала ў склепе ў зямлю, дзе яшчэ не аднойчы шукалі — паролі штыкамі, але не ўдалося ім знайсці мамінай сховы. З цягам часу, калі супрацоўнікі НКУС трохі супакоіліся, мама адправіла мяне да старэйшага брата Мікалая ў Паўночны Казахстан. Тата быў ужо ў ГУЛАГу. Неяк мама хацела перасушыць свае сховы, адкапала, але не было чаго сушыць — за гады фотаздымкі і паперы пажоўклі і згнілі. На тых фотаздымках быў і Антон Валынчык.

Дамоў я вярнулася ў 1965 годзе, але больш сваіх былых школьных сяброў не сустракала, магчыма, не ўсе нават хацелі і бачыцца, акрамя Ніны і Зіны Карач, Ганны Дрочкі ды некаторых яшчэ. Карач Ніны ўжо няма на гэтым свеце, а Зіна Карач жыве ў Слоніме. Яна пра спадара Валынчыка павінна ведаць болей. Прабачце, што я так мала ведаю пра такога выбітнага чалавека, як Антон Міхайлавіч Валынчык. Калі б спаткалася са сваімі былымі слонімцамі, дык разам, мабыць, шмат чаго прыгадалі б. Але ўжо амаль няма нас і няма магчымасці, каб пабыць у Слоніме і сустрэцца з былымі вучнямі нашай школы і былымі сябрамі”.

Зінаіду Емяльянаўну Карач (Ломпік) я адшукаў у Слоніме. Але нічым новым пра Антона Валынчыка жанчына мне не дапамагла. Яна толькі сказала, што ён быў яе і сястры Ніны настаўнікам, вучыў іграць на музычных інструментах. Фотаздымкаў у сямейных альбомах Антона Валынчыка не захавалася. “Калі б жыла сястра Ніна, то яна вам расказала б пра Антона Міхайлавіча шмат. А я толькі ведаю, што пасля вайны ён жыў у Гродне”, — паведаміла Зінаіда Карач-Ломпік.

У акупаваным немцамі Слоніме Антон Валынчык, як згадаў у адным з пісем да аўтара гэтай кнігі Барыс Данілюк з ЗША, яшчэ ў верасні 1941 года арганізаваў у Народным доме даволі вялікі і добры хор, у якім спявала сястра Надзеі Дземідовіч Марыя і сам Барыс Данілюк. Рэпертуар хору складаўся з кампазіцый самога Валынчыка, такія, як “Ліпы старыя”, прыгожыя вальсы “Вось і паў ужо змрок”, “Пусты ўлетку нашы сёлы”, ды патрыятычныя і звычайныя песні, як “Устаньце, хлопцы, устаньце, браткі”, “Ідуць касцы” і іншыя. “Апрача гэтых песень, удзельнікі хору спявалі творы іншых кампазітараў, такія як “Не пагаснуць зоркі ў небе” ці не Тэраўскага Уладзіміра, “Вясна, вясна жаданая” Міколы Равенскага, ды народныя — “А ў лузе каліна…”, “Пайшоў мілы лужком, лужком…”, “Чачотачка” — усіх не пералічыць. Быў таксама добры жаночы дуэт, што, як помніцца спяваў “Я люблю густыя шумы” на словы Уладзіміра Жылкі і цудоўную музыку ці не самога Валынчыка. Акрамя працы з хорам, Антон Валынчык выкладаў спевы ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, якая адчынілася, здаецца, напачатку 1942 года і праіснавала да 1944. Кіраваў Валынчык пры немцах і добрым царкоўным хорам у слонімскай Свята-Троіцкай царкве. Гэты хор, між іншым, спяваў на маім з жонкай вяселлі, а Валынчык быў госцем на нашым вяселлі”, — успомніў Барыс Данілюк.

Пасля заканчэння вайны Антону Валынчыку ў Слоніме было жыць няпроста. Вельмі часта яго наведвалі супрацоўнікі НКУС. Што настаўніка і рэгента выратавала ад арышту — цяжка сказаць. Магчыма сваякі і сябры, якіх на Слонімшчыне ў яго было шмат. А магчыма віны ў слонімскага кіраўніка хораў і настаўніка спеваў ніхто так і не знайшоў. Але пасля вайны Антон Міхайлавіч шмат гадоў шукаў працы, у пошуках яе вандраваў па ўсёй Беларусі — працаваў у Маладзечне, Ашмянах, Горках, Мінску, Пухавічах, Іўі, Лідзе, Гродне. Ён заўсёды быў пад пільным вокам КДБ. З часоў Клецкай беларускай гімназіі і да канца свайго жыцця кампазітар і дырыжор насіў кляймо нацыяналіста. Заслужаны настаўнік Беларусі Аляксандр Пасько, які жыве ў Слоніме, прыгадаў, як сустракаўся з Антонам Валынчыкам у гады Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны час. “У нашай сям’і пра яго вельмі добра адгукаліся. Ды й у Слоніме ўсе казалі пра Антона Валынчыка толькі шчырыя словы. Я памятаю яго падцягнутым, хударлявым, энергічным, ён любіў насіць карычневы плашч і капялюш. Мая родная сястра наведвала хор, якім кіраваў кампазітар. Гэта быў тыповы беларускі інтэлігент, вельмі сціплы, шчыры, размаўляў з намі па-беларуску. Мне здаецца, што ад рэпрэсій яго выратавалі самі выканаўцы. Ім шкада было арыштоўваць і ў чымсьці абвінавачваць гэтага таленавітага і апантанага музыкай чалавека”, — сказаў Аляксандр Пасько.


Загрузка...