У Маладзечне


У асабістым лісце па ўліку кадраў Антона Валынчыка, які захоўваецца ў архіве Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, запісана: 1939-1947 гады — працаваў у Слонімскіх сярэдніх школах і настаўніцкай семінарыі. 1947-1949 гады — мастацкі кіраўнік ансамбля славянскай песні і танца ў Ашмянах. 1952-1954 гады — мастацкі кіраўнік Пухавіцкага РДК. 1954-1955 гады — мастацкі кіраўнік сельскагагаспадарчай акадэміі ў Горках Магілёўскай вобласці. 1956-1957 гады — настаўнік спеваў у Пухавіцкай СШ і ў Талькаўскай СШ Мінскай вобласці. 1957-1961 гады — хормайстар Мінскага ансамбля песні і танца ў Маладзечна. З 1961 года — выкладчык кафедры спеваў і музыкі Гродзенскага педінстытута імя Янкі Купалы[13]


Найбольш плённа пасля вайны Антону Валынчыку працавалася ў Маладзечне. Ён так захапіўся сваёй працай, што ў вольны ад работы час адпраўляўся ў дарогу па Беларусі. Кампазітар і хормайстар ездзіў і хадзіў па вёсках і ўсіх, хто любіў музыку, клікаў у свой ансамбль у Маладзечна.

Аднойчы прыехаў у Пінск. Ідзе па адной з вуліц і чуе, аднекуль даносіцца песня. Цудоўны дзявочы галасок спяваў: “Ой, рэчанька, рэчанька…”. Антон Міхайлавіч уважліва прыслухаўся і накіраваўся туды, адкуль лілася песня. Зайшоў ў маленькую кавярню і спыніўся каля ўваходу. Там нікога не было, акрамя адной дзяўчынкі. Яна прыбірала са сталоў посуд і спявала. Убачыўшы незнаёмага мужчыну, дзяўчынка збянтэжылася і спыніла песню. “Спявай, спявай. Гэта вельмі прыгожа”, — сказаў ёй Антон Міхайлавіч. І яна зноў заспявала. А калі скончыла пець, ён звярнуўся да яе з пытаннем: “А можа ў наш ансамбль пойдзеш?”. І дзяўчына пагадзілася.

Так папаўняўся калектыў у Маладзечна. Хутка ў ім было 40 юнакоў і дзяўчат, якія прыйшлі туды, як кажуць, з гушчы народнай. Праз некалькі месяцаў пасля таго, як Мінскі міжабласны ансамбль песні і танца ў Маладзечна ўзначаліў Антон Валынчык, калектыў выступіў з першай праграмай. Потым былі паспяховыя выступленні па Беларусі, у Прыбалтыцы, на Украіне. І ўсюды ўдзяныя гледачы ўзнагароджвалі калектыў з Маладзечна апладысментамі і кветкамі. У той час Антон Валынчык атрымаў першую Ганаровую грамату за развіццю самадзейнага мастацтва рэспублікі і актыўны ўдзел у ім.

Пра Антона Валынчыка ў Маладзечне ўспомніў заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін горада Маладзечна, мастацкі кіраўнік ансамбля песні і танца “Спадчына” дзяржаўнай установы “Палац культуры г.Маладзечна” Іосіф Сушко: “З Антонам Міхайлавічам Валынчыкам я пазнаёміўся ажно ў 1956 годзе, калі ён працаваў хормайстрам у прафесійным ансамблі песні і танца “Партызанскі”. Гэты ансамбль быў заснаваны яшчэ ў 1943 годзе ў партызанскай зоне Мядзельшчыны. У тыя 1950-я гады я працаваў мастацкім кіраўніком у клубе ў гарадскім пасёлку Варапаева. А ансамбль “Партызанскі” быў частым госцем у нашым клубе. Тут я з Валынчыкам і пазнаёміўся. Пачынаючы з 1955 года ў Маладзечанскай вобласці штогод праходзілі агляды аматарскіх калектываў. Лепшыя нумары адбіраліся на заключны канцэрт, дзе галоўным дырыжорам быў Антон Валынчык.

Антон Міхайлавіч развучваў партыі пад сваю скрыпачку, на якой ён даваў абсалютную інтанацыю для голасу, а дзе было патрэбна — дырыжыраваў смычком. Ён ніколі не павышаў голасу на таго, хто няправільна спяваў.

З 1959 года я працаваў метадыстам у абласным Доме народнай творчасці па музыцы і кіраваў Лебедзеўскім хорам, якому ў 1963 годзе было прысвоена званне народная харавая капэла. Антон Міхайлавіч у гэтыя гады яшчэ кіраваў народным хорам у Вілейскім раёне ў вёсцы Бараўцы. Шмат разоў па яго просьбе я ездзіў з ім на рэпетыцыю і акампаніраваў на баяне ўвесь ягоны рэпертуар. Пасля рэпетыцый ці канцэртаў, мы часам любілі пасядзець, выпіць чарачку, пагутарыць пра мастацтва, пра жыццё, пра духоўнасць. Я любіў яго слухаць, таму што ён заўсёды казаў праўду, казаў шчыра і адкрыта. Антон Міхайлавіч быў для мяне вялікім аўтарытэтам як музыкант і як чалавек. І вельмі добра адносіўся да мяне. Аднойчы быў такі выпадак. У 1959 годзе Домам народнай творчасці ў Маладзечне быў аб’яўлены конкурс на лепшую песню для свята песні на возеры Нарач, якое праводзілася штогод 3 ліпеня. У гэтым конкурсе ўдзельнічалі Валынчык, Гембіцкі, я і іншыя. Нашы песні адвезлі на прагляд Рыгору Шырму і Генадзю Цітовічу. І хутка для свята была прапанавана мая песня на словы Адама Русака “Слаўся народ беларускі”. Таму што яна была прасцейшай, лягчэйшай, а песня Валынчыка — была больш разгорнутай, складанай у харавым плане. Мне напачатку было неяк ніякавата, што ўзялі менавіта маю песню, а не Антона Міхайлавіча. Але ён на мяне зусім не пакрыўдзіўся, наадварот, узяў ноты маёй песні і паказаў мне гарманічныя музычныя памылкі. Я паслухаў яго, пагадзіўся і ўсе памылкі выправіў. Гэтым прыкладам я хачу падкрэсліць добрыя чалавечыя якасці кампазітара Антона Валынчыка.

Жыў ён у Маладзечна на вуліцы Вялікі Гасцінец у маленькім пакойчыку са сваёй мілай жонкай (Антон Валынчык быў жанаты двойчы — С.Ч.). Не так часта, але я там бываў. Потым, калі мы развіталіся, я шмат апрацовак ягоных песень выкарыстоўваў у сваёй “Спадчыне”. Яго песні “Сонейка зайшло”, “Як на свет радзіўся Янка” дваццаць гадоў былі ў рэпертуары ансамбля песні і танца “Спадчына”…

У маёй памяці Антон Міхайлавіч Валынчык застаўся шчырым і добрым чалавекам, вялікім майстрам харавога мастацтва”[14].


Загрузка...