Замест эпілога


Восенню 2009 года я дамовіўся з гродзенскімі кампазітарам Яўгенам Петрашэвічам і гісторыкам Аляксандрам Талерчыкам прайсціся па вуліцах Гродна, дзе жыў і працаваў Антон Валынчык. Мы сустрэліся ў цэнтры горада каля дома, дзе жыў Антон Міхайлавіч. Няма на ім, няма і на будынку універсітэта мемарыяльнай шыльды, якая нагадала б усім, што тут жыў і працаваў чалавек, які ўсё сваё нялёгкае жыццё ратаваўся роднай песняй, які ўсе свае гады нёс гэту песню ў сэрцы і шчодра дарыў яе людзям і сваім вучням.


З Гродна мы паехалі на гарадскія могілкі ў раёне ААТ “Гродна-Азот”, дзе пахаваны славуты гродзенец. Знайшлі яго магілу, на якой няма ніякага помніка, а ўстаноўлены толькі просты жалезны крыж, на якім прымацавана шыльдачка з надпісам: “Антон Міхайлавіч Валынчык 23.07.1896 — 13.11.1985 беларускі кампазітар”. Ад часу крыж нават трохі пахіліўся на правы бок. Аляксандр Сямёнавіч Талерчык прыхапіў з сабой фарбы, мы пафарбавалі гэты крыж, прыбралі магілку і моўчкі пакінулі могілкі.

Не ўшанавана памяць пра заслужанага дзеяча культуры Беларусі і на радзіме Антона Валынчыка — Слонімшчыне. У вёсцы Мяльканавічы, дзе нарадзіўся педагог і кампазітар, многія вяскоўцы пра свайго земляка ніколі нічога не чулі. Толькі старэйшыя вяскоўцы згадалі пра яго, а адна жанчыла нават заспявала:

Ідуць касцы, звіняць іх косы,

Вітаюць буйныя іх росы,

А краскі ніжай гнуць галовы,

Пачуўшы косак звон сталёвы…

Загрузка...