Ліпы старыя
Словы Якуба Коласа
Ліпы старыя шумяць за сцяною,
Жаласна, глуха шумяць.
Смутна ківаюць, трасуць галавою,
Толькі галіны рыпяць.
Пышны убор іх, лісты, пазрываны,
Вецер развеяў, разнёс.
Нудна і ім за астрожным парканам,
Цяжка ім зносіць мароз.
Плачуць гаротныя ліпы старыя,
Плачуць на долю сваю:
Пышна раслі мы, цвілі маладыя,
Добра было у гаю.
Вольныя птушкі вакол шчабяталі,
Божыя пчолкі гулі,
Тоўстыя вязы ад бур нас хавалі,
Сеткі дубы нам плялі.
Белыя хмаркі над намі гулялі,
Беглі ў няведамы край,
Чыстыя росы, як срэбра, блішчалі,
Гоманам поўніўся гай…
Там бы хацелі расці, красавацца,
Дол дзе капае ральнік,
Родную песню дзе ціха спявае
Сын Беларусі мужык.
На сенажаці
Словы Якуба Коласа
Ідуць касцы, звіняць іх косы,
Вітаюць буйныя іх росы,
А краскі ніжай гнуць галовы,
Пачуўшы косак звон сталёвы.
Касцы ідуць то грамадою,
То шнурам цягнуць, чарадою,
То паасобку, то па пары
Ідуць касцы, ідуць, як хмары.
І льецца смех іх разудалы,
Як веснавыя перавалы.
Гаворка, шум і коняў ржанне —
Касьбы вясёлае вітанне.
Касцы, ваякі ціхай працы,
Выходзяць з косамі на пляцы,
І на палоскі верставыя
Кладуцца коскі іх крывыя.
Край мой
Словы Апанаса Цыхуна
Край мой там, дзе гоман,
Звон у небе жаўрука.
Дзе блакітны ўецца Нёман
З ціхім чоўнам рыбака.
Край мой там, дзе спеў дзявочы,
Сёлы ўтуляны ў сады.
Дзе хлапца чаруюць вочы
Ільнаводак маладых.
Край мой там, дзе ніваў далі
Ўшыр бязмежную ляглі,
Дзе жытнёвай срэбнай хваляй
Звоняць коласам палі.
Край мой там, дзе абеліскі
Ў бляску зорак зіхацяць.
Дзе на стражы кожнай вёскі
З бронзы воіны стаяць.
Мая мова
Словы Ларысы Геніюш
Ў добры час, на улонні вясковым,
Дзе вадзіца крынічная б’е,
Навучыўся я матчынай мове
І задуманых песняў яе.
Многа ёсць недасягнутых скарбаў,
Яшчэ болей прываблівых мар.
Я яе ні за што не аддаў бы,
Бо яна — найвялікшы мой скарб!
Яна гойдае спевам калыску,
Літасціва шчабеча ў бядзе,
На ёй песні складаюць вятрыскі
Ў неспакойны, разбуджаны дзень.
Мая мова не знае змярканняў
Ад маленства да старасці лет,
Буду песціць яе, як каханне,
Разглядаць, як чароўны букет.
Можа, мовы чужой навучуся,
Каб суседзяў гасцінна вітаць,
Але толькі на ёй, беларускай,
Буду людзям аб долі пяяць.
Мая мова — як шчасце на вуснах,
Хвалявання гарачы прыбой,
Можа быць, на чужой засмяюся,
Ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.
За праўду
Словы Янкі Купалы
За праўду, за шчасце, за лепшую долю
Вазьміся, мой дружа, пастой!
У крыўду не дайся, свайго дабівайся,
Адвага хай будзе з табой!
Хай горкія слёзы, што ў спёкі, ў марозы
Ліюцца на беднай зямлі,
Дадуць табе, браце, сіл гора змагаці
І ў сэрцы распаляць агні.
Хоць віхры шалеюць, хоць песні нямеюць,
Хоць страшна замучаны ты,
За добрую справу, за шчасце і славу
Душу вырывай з цемнаты.
Кінь сваркі і звадкі, адной дзеці маткі —
Мы злучаны думкай адной;
Пры згодзе і ладзе ў нас доля засядзе,
Палічаць і нас за людзей.
Дык жыва ж к пачатку — не час спаць у шапку,
Валяцца як чэрві ў траве;
Ўжо сонейка ўсходзе, ўжо дух у народзе
Збудзіўся і к праўдзе заве!..
Не бядуй!
Словы Якуба Коласа
Не бядуй, што сонца нізка,
Што прыходзіць нудны дзень,
Не бядуй, што восень блізка
І на дол кладзецца цень.
Не бядуй, што снег халодны
Скрые землю ад вачэй:
Не загіне край твой родны
У той цемені начэй!
Будзе час, і снег растане,
Прыйдзе зноў да нас вясна,
Ветла з неба сонца гляне,
Ачуняе старана.
Не бядуй, што цяжка стала
Жыць у вечнай цемнаце,
Што нас доля вечна гнала,
Што жывём у беднаце.
Не бядуй, што звіслі хмары,
Што нам сонца не відаць,
Не бядуй, што ўноч пажары
Сталі неба заліваць, —
Дымам пойдзе ўсё ліхое,
Ўсё, што душыць нас і гне.
Вер, брат, — жыцце залатое
Будзе ў нашай старане.