Праца ў дзвюх гімназіях


Навагрудская беларуская гімназія, куды пасля Клецка прыехаў працаваць Антон Валынчык, існавала з 1919 да 1934 года. Тэрмін навучання ў гімназіі быў 8 гадоў. У ёй выкладаліся беларуская, польская, французская, лацінская, нямецкая мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусветная гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і іншыя прадметы. У сярэдзіне 1920-х гадоў у гімназіі навучалася каля 250 вучняў. Гімназія існавала на сродкі бацькоў, на ахвяраванні грамадскіх арганізацый, на адлічэнні з заробкаў беларускіх паслоў, за кошт вулічных збораў і г.д.


Беларуская гімназія ў Навагрудку мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, захаванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці, павышэнне культурнага ўзроўню, павагі да народных звычаяў і традыцый. У гімназіі дзейнічалі самадзейныя харавы, вакальны, танцавальны, літаратурны, драматычны гурткі, аркестр, спартыўныя секцыі. Вучні выдавалі нават свой часопіс на шапірографе.

Вось там да 1934 года Антон Валынчык выкладаў спевы, а таксама арганізаваў хор і аркестр, бадай ці не самы найлепшы ў Заходняй Беларусі. Пра адзін з канцэртаў у Навагрудскай беларускай гімназіі музыказнаўца Ірэна Здановіч тады пісала: “Праграма была вельмі разнастайная. Разнароднасць песень, пераплеценая з канцэртамі на мандалінах і танцамі, пакінула незнішчальнае ўражанне… Цудоўнай была кампазіцыя Валынчыка “Вечарам”. На гэтую мелодыю я звярнула ўвагу яшчэ намнога раней. Часта, ідучы вечарам да хаты, я з-за муроў беларускай школы слухала выплываючую адтуль сумную, журботную песню глухога вечара, якая раптам ператваралася ў сімфонію птушынага шчэбету, поўуму лісцяў. Спынялася я тады і доўга ўслухоўвалася ў гэтую дзіўную, нязнаную мелодыю”.[8]

Не толькі талент Антона Валынчыка цанілі музыказнаўцы. Напрыклад, выкладчык музыкі і спеваў Навагрудскай польскай дзяржаўнай гімназіі імя Адама Міцкевіча прафесар Лозінскі вельмі часта прыводзіў свае класы ў беларускую гімназію, каб паслухаць рэпетыцыі хору Валынчыка. Дзеці займалі месца на самых апошніх лаўках і ціха сядзелі да канца рэпетыцыі. Прафесар Лозінскі глыбока шанаваў Антона Валынчыка і шчыра пакланяўся яго самабытнаму таленту. А Андрэй Чэмер згадваў: “Кожнаму, хто сустракаўся з Валынчыкам, назаўсёды запомнілася высокая культура і шчырая спагаднасць гэтага чалавека. Яго сонечны характар нагадвае мне дзядзьку Язэпа Драздовіча і Пётру Сергіевіча. Відаць, гэта адметная рыса вялікіх мастацкіх талентаў”.[9]

У чэрвені 1934 года польскія ўлады закрылі Навагрудскую беларускую гімназію. Большасць яе вучняў паехалі працягваць вучобу ў Вільню, а іншыя перайшлі вучыцца ў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча. Перайшоў на працу ў польскую гімназію і Антон Валынчык. Аб гэты нават са шкадаваннем пісаў часопіс “Шлях моладзі”: “Менш, на жаль, маем вестак аб заслужаным працаўніку для беларускай песьні і кампазытару Антоне Валынчыку, вучыцелю беларускай гімназіі ў Навагрудку. Апрача працы пры вядзеньні хору гімназіяльнага і агульнага, А.Валынчык зьяўляецца аўтарам цэлага раду песьняў на словы беларускіх паэтаў, як Колас, Купала, Жылка і г.д. Выступленьні хору і аркестру А.Валынчыка былі ў сваім часе ў Наваградку сапраўднай мастацкай стравай. Над народнай песьняй А.Валынчык не працуе. Апошнім часам, у зьвязку з зачыненьнем беларускай гімназіі ў Наваградку і пераходам А.Валынчыка ў гімназію польскую там жа, творчасць ягоная на ніве беларускай з канешнасьці мусіла агранічыцца. З беларускага пункту гледжаньня вялікая гэта шкода”.[10]

Тым не менш, Антон Валынчык ад беларускаці ніколі не адыходзіў. Вядомасць і аўтарытэт яго так выраслі, што таленавітага кампазітара запрасілі ў Вільню праводзіць святы студэнцкіх хораў. Здавалася б, былі ўсе падставы замацавацца ў буйным культурным цэнтры. Але Антон Валынчык выбірае іншы шлях. Сумленне мастака падказвае яму неабходнасць пашыраць свае музычныя веды, і ён уладкоўваецца на вучобу ў Варшаўскую кансерваторыю пры Крамянецкім музычным ліцэі, дзе пад кіраўніцтвам вядомых майстроў Б.Рачкоўскага і К.Сікорскага чатыры гады вывучае “сакрэты” хормайстарскай справы, фалькларыстыку і гармонію.

У лютым 1925 года ў Варшаўскім універсітэце быў адкрыты багаслоўскі праваслаўны факультэт. Вялікае дачыненне да адкрыцця гэтага факультэта меў мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Дзіянісій (Канстанцін Валядзінскі). Сам Канстанцін Валядзінскі быў рускім чалавекам, які скончыў Казанскую духоўную акадэмію. У 1924-1948 гадах кіраваў польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой. Пасля адкрыцця праваслаўнага багаслоўскага факультэта ў Варшаўскім універсітэце, быў прафесарам гэтага факультэта.

Аднойчы да Дзіянісія завітаў Антон Валынчык і паказаў яму свае ўласныя царкоўныя музычныя творы з прапановай надрукаваць іх. Уладыка Мітрапаліт, спасылаючыся на тое, што не з’яўляецца спецыялістам у царкоўнай музыцы, адмовіў у просьбе Валынчыку. Пры гэтым Дзіянісій дадаў, што і так маецца шмат добрых царкоўных песнапенняў.[11]

Але беларускі кампазітар і дырыжор не пакрыўдзіўся. Пазней, у першыя пасляваенныя гады, Антон Валынчык будзе выкладаць царкоўныя спевы ў Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Вось толькі дзе падзеліся яго ўсе музычныя царкоўныя творы — пакуль невядома. Барыс Данілюк з ЗША ў лісце да аўтара гэтай кнігі паведаміў неяк, што была інфармацыя аб тым, што частку гэтых твораў нехта выявіў у Вялікабрытаніі.

Вяртаючыся ў Навагрудак, хочацца нагадаць яшчэ адзін выпадак, які згадваў Міхась Шунько — саліст хору Валынчыка: “Восенню 1939 года мы выступалі ў сваёй вёсцы. У праграме канцэрта была песня “Ідуць касцы” Антона Валынчыка на словы Якуба Коласа. Калі выконвалі апошні куплет, харысты нечакана ўзялі ў рукі сярпы і косы, якія загадзя былі падрыхтаваныя, і, падняўшы іх высока над галовамі, з вялікім пад’ёмам праспявалі апошнія радкі:

Касцы, ваякі ціхай працы,

Выходзяць з косамі на пляцы,

І на палоскі верставыя

Кладуцца коскі іх крывыя.

Палякі, якія сядзелі ў зале, атрымалі шок. А беларусы радасна апладзіравалі і нехта нават крыкнуў: “Ура!”.[12]


Загрузка...