ХАПІЛА Б ШНУРА


У кватэры пісьменніка Барханава познім вечарам затрэнькаў тэлефон.

– Калі Шапкін – мяне няма! – шалёна замахаў на апарат пісьменнік. – Зноў, як і раніцай, вершамі замучыць! Чуеш, кабета? Няма, няма!

Але ж Шапкін прадугледзеў, што пісьменнік Барханаў можа замахаць рукамі на тэлефон і папрасіць жонку, каб тая сказала, што гаспадара няма, таму падрабіў голас. Жонка Барханава, нічога не падазраючы, паклікала мужа, які ўжо зашыўся недзе на ўсялікі выпадак у куток:

– Ды не Шапкін. Падыходзь, падыходзь, не бойся.

Барханаў ажно прысеў, калі з ім загаварыў Шапкін.

– Сёння, пасля таго, як чытаў вам тыя пятнаццаць вершаў раніцай, напісаў яшчэ сем! – падкрэсліваючы, што ён не абы-хто, а самы што ні на ёсць перадавік у паэтычным цэху, любога, нават прафесіянала за пояс заткне, затрубіў Шапкін. – Слухаеце, Юр’евіч? «Касіў сёння я на лузе, поўз жучок на мокрым пузе...»

– Пачакайце, – сабраўшыся, нарэшце, крыху апрытомнеў Барханаў. – А вершы колькі старонак займаюць?

– Колькі? Зараз, зараз... Амаль дваццаць!

– Вы іх мне, калі ласка, усе адразу прачытайце, без антрактаў і каментарыяў, – папрасіў Барханаў. – Я іх тады лепш успрымаю...

– Згода! – кіўнуў недзе на другім баку провада задаволены Шапкін і пачаў чытаць...

Барханаў асцярожна паклаў трубку каля тэлефоннага апарата і моўчкі падсеў да тэлевізара – якраз пачыналіся «Навіны», яго любімая перадача. Як і кожнага, дарэчы, нармальнага чалавека.

Праз некалькі хвілін ён падышоў да тэлефона, паднёс да вуха трубку. Шапкін усё яшчэ чытаў, і рабіў гэта ён надзвычай эмацыянальна, узнёсла, быццам стаяў на сцэне перад шматлікай аўдыторыяй і тая натхняла яго.

У гэты вечар у Барханава нарадзілася ідэя: набыць у краме доўгі шнур. Тады не страшна будзе – няхай чытаюць яму па тэлефоне хоць і раманы, ад слухання якіх ён пакуль адбіваецца, але вось-вось, адчувае, дрогне, зломіцца. Іх, як і вершы, апавяданні, п’есы можна будзе слухаць тады на кухні, перад тэлевізарам, на балконе, у ложку і нават у туалеце. Усюды. Хапіла б шнура.


Загрузка...