Казюткіны глядзяць кіно. Па тэлевізары. Стужка пра наша з вамі жыццё, у ролях – вядомыя акцёры, таму да экрана прыліплі ўсе – ад старога да малога.
– А Кручкоў-та піў гарэлку! – калі на экране паказаўся славуты артыст, заўважыла, хмыкнуўшы, маці. – Усе вы, мужчыны, аднолькавыя. Вам бы толькі глытаць, толькі б булькаць!..
Муж агрызнуўся:
– А Шукшына колькі разоў замужам была? Падказаць?
– То ж Шукшына, а не я, дурніца, – уздыхнула, шкадуючы аб пражытым жыцці, жонка. Між іншым, а ты не скажаш, колькі разоў гойсаў у ЗАГС той жа Кручкоў?
– Ну, тры... – ціха мовіў муж. – Для артыста – нармальна.
– Дык яму можна, а Шукшыной – не? – вырачыла вочы на мужа кабета.
– Мама, тата! – папрасілі дзеці. – Цішэй вы, нічога ж не чуваць!
Маўчанне трымалася нядоўга. Неўзабаве старэйшая дачка Казюткіных заўважыла:
– Крамараў, дарэчы, у Амерыцы... Яму там вочы выпрамілі.
Маці хмыкнула:
– Вочы? Яму звіліны ў галаве трэба было выпраміць. Гэта ж трэба – уцёк адзін, а сям’ю ў Маскве кінуў. І як хапіла сумлення на такое? Ці каля яго ўвесь час сямейнікі павінны былі з косамі стаяць?
Муж заступіўся:
– Не можа быць, каб сям’ю кінуў, не узяў.
– Можа! Можа! Ад вас усяго чакаць даводзіцца! – жонка запунсавелася, торгалася ў крэсле. – Што, адвярнуўся, паразіт? За вамі вока ды вока трэба! Больш у камандзіроўку не паедзеш! І не мылься!
– Ды прычым тут я? Крамараў Саўка ўцёк... у свой час... а мне што – адказваць за яго, так? Вунь Мардзюкова... Глянь на яе. Падзівіся. Ціханава Шцірліцам назвала.
– Яна, дарэчы, яго першая жонка, – падказала сярэдняя дачка.
– Хіба? – здзівіўся бацька.
– Алёна праўду гаворыць! – энергічна заступілася за дачку маці. – Ды і хто з ёй ужывецца? Які дурань? Газеты чытаць трэба. Як толькі ў гасцініцу зойдзе ў якім-небудзь горадзе ваша Мардзюкова, там увесь абслугоўваючы персанал губляе прытомнасць: зноў Нона прыехала. Заганяе. Замардуе. То тое ёй не так, то гэтае...
... Кіно скончылася, ідуць навіны, а Казюткіны – ад малога да старога – усё яшчэ сядзяць перад экранам тэлевізара і ўспамінаюць, пра што ж яно было.