Рыжыкаў, як толькі выйшаў на пенсію па інваліднасці, то ў гарадской кватэры бывае рэдка – больш жыве на дачы. Рачкуе там. Развёў трусоў, курэй, нешта вырошчвае на градках. У горад прыязджае толькі атрымаць пенсію і даведацца, ці жывыя яго хатнія. Жывыя. Працуюць і вучацца.
І ў той дзень ён, стомлены і шчаслівы, прыехаў з поўнай торбай, паставіў за парогам:
– Ешце!
А сам пасядзеў крыху перад тэлевізарам на канапе і заснуў.
Пад ранне аглядзеў, што побач пасопвае жонка. Неўзабаве кабета заварушылася, пачала лапаць Рыжыкава рукамі, інтымна, пяшчотна. А вусны шапталі:
– Мілы... каханы... любы... Як я чакала цябе!..
Рыжыкаў апамятаўся толькі, калі жонка сцягнула з яго сарочку, штаны, майку і трусы. Ляжаў ён у чым маці нарадзіла. І раптам жонка ўскочыла з ложка і шмыганула з адзеннем мужа ў ванны пакой:
– Вось калі я цябе злавіла, нямыцік ты мой!
Рыжыкаў мацюкнуўся, плюнуў і нацягнуў на сябе коўдру.