БАКСЁРСКІ ПРЫЁМ


Ёсць людзі, якіх хлебам не кармі, а дай пахваліцца. Ёсць чым, няма – ім усё роўна. Абы паказаць сябе, падкрэсліць: вось ён я! Бачыце? То бачце і запамінайце. Такі ж самы і Міхась Цвік, мой знаёмы. Асабліва захапляецца ён самарэкламай у грамадскім транспарце. Не дурань – ведае, дзе людзей шмат і ім няма больш чым заняцца, як натапырыць вушы ў ягоны бок. Міхась быццам сябруку апавядае пра свае прыгоды-здарэнні-дасягненні, але ж гаворыць гучна і артыстычна, каб усе не толькі чулі, але і глядзелі на яго, каму, вядома, гэта ўдасца.

Даканаў ён сваім прыёмам Пятра Шныпарука, з якім таму «пашанцавала» не толькі працаваць разам, але і жыць у адным доме. Таму на працу – разам, з яе – таксама. І над вухам, як нудны камар, кожнага разу гудзіць Міхась Цвік: «Ты слухай!..» І пачынае несці бязглуздзіцу. Не мяняючы рэпертуару, адрасуе старую байку быццам бы Шныпаруку, але з разлікам на ўсіх: «Ты слухай!.. А ўчора рыбу лавіў. На сваім «Мерседэсе» ездзіў. На вуду – верыш? – шчупака забацаў на тры кілаграмы, во такога... – Ён спрабуе паказаць рукамі, але заціснуты з усіх бакоў, не атрымліваецца. – Меншы, канешне, напалавіну за леташняга, але сям’ю накарміў, усе задаволены. Паказаў, дарэчы, шчупака Пашку, начальніку райаддзела міліцыі, з ім мы на адной парце сядзелі, і цяпер ён увязаўся за мной на рыбалку. Вазьмі ды вазьмі. Вазьму-у. Хай павучыцца рыбу лавіць, басурман. Гэта яму не хуліганаў цапаць. Я вунь Цярэшку браў некалі на рыбалку. Ну, ты ж ведаеш, ён цяпер у Адміністрацыі Прэзідэнта... заве, дарэчы, у Мінск, кватэру адразу абяцае, пасаду добрую з асабістым шафёрам... А навошта мне? Я вунь асабняк... катэдж трохпавярховы заканчваю. Гэта ты не бачыў?»

Шныпарук ківае: не, не бачыў. Не падаючы голасу, каб не паказаць, што Міхась Цвік усё гэта баіць менавіта яму. Сорамна. Вушы, адчувае, гараць. І дзівіцца: «А ён, Цвік, у такой сітуацыі, як карась у вадзе. Цвіце і пахне!» Які «Мерседэс»?! Які катэдж?! «Хопіць! Баста!» – загадаў сам сабе Шныпарук. І прымяніў супраць Цвіка баксёрскі прыём – накаут. Вяртаючыся, як звычайна, разам з працы, той толькі заікнецца, каб сказаць нешта са свайго замыленага рэпертуару, які цалкам высмактаны, вядома ж, з пальца, а Шныпарук Цвіку стрэчнае пытанне – торк:

– А гэта ты, Міхась, з трэцяй жонкай жывеш ці і яна цябе вытурыла?

Ды гучна так пытае, каб усе чулі. Цвік адразу чырванее, нервова-перапалохана водзіць галавой па баках, шэпча, паказваючы ўсім выглядам, каб не выдаваў:

– Ціха ты!..

А калі Цвік зноў увойдзе ў азарт, Шныпарук спытае, бы між іншым, колькі ён плаціць суседцы цётцы Веры за пакойчык.

– Ціха ты!..

Альбо пацікавіцца, колькі ён заплаціў апошні раз за ноч у выцвярэзніку.

Пасля таго баксёрскага прыёму Міхась Цвік больш не ездзіць з работы ў адным аўтобусе з Пятром Шныпаруком. Сам пазбягае. Усяляк.

Ён, кажуць, знайшоў для сябе новага спадарожніка...


Загрузка...