Усё часцей і часцей Пятрунчык думаў-гадаў, як падлабуніцца да начальніка аддзела Сідорчыка. Трэба. І неадкладна. Прычына на тое была самая што ні ёсць важная і надзённая – пачаў заўважаць падначалены, што той у апошні час быццам бы чамусьці глядзіць на яго ваўчанём, укусіць гатовы. Таму Пятрунчык скроб за вухам, разважаючы: «Што ж магло здарыцца? Якая муха яго цапнула? Няйначай яны, непажаданыя, замаячылі на гарызонце, то ўжо і пачаў патроху сартаваць людзей... мяне, значыць, адрынуў... на сметнік... Бач, бач, касавурыцца, быццам я яму калі дулю паказаў. З’есці гатовы. І сажрэ, чаго добрага!»
Але як падкаціцца да Сідорчыка, як падтачыць кантакты – Пятрунчык не ведаў. Абручы, здаецца, вось-вось на галаве палопаюцца, а прыдумаць што вартае – ну ніяк! Хоць плач. Існуе ж гэтая чортава субардынацыя, не скажаш, змахнуўшы капялюш: «А вось ён і я! Прывітанне, стары! Як нашае нічога?»
Не, што не кажыце, а для такога важнага візіту патрэбна і важная прычына. Пятрунчык торгаўся, мітусіўся, лыпаў вачыма: «Думай, думай, Пятрунчык! Іначай загрыміш ты, адчуваю, на біржу працы, усучаць табе мятлу».
І ён, здаецца, дадумаўся.
Якраз жа ўчора Пятрунчык выпадкова сутыкнуўся на гарадской вуліцы з шэфам – той не ішоў, а плыў: шэф быў пад добрым шафэ. Недзе, бачыце, добранька клюнуў, няйначай на дурніцу, і Пятрунчык задаволена пацёр далонямі: што, калі гэта скарыстаць, га-а? Прыдумаў! А ён і помніць не будзе...
Назаўтра раніцай Пятрунчык асцярожна паляпаў у дзверы начальніка аддзела.
– Заходзьце! – пачуў ён добразычлівы голас Сідорчыка. – Заходзьце, заходзьце! Калі ласка!
Ад такой ветлівасці Пятрунчык ажно разгубіўся. Ён пацёрся яшчэ трохі ў парозе і патупаў да стала Сідорчыка, які свяціўся, бы лямпачка. Не скажаш, што ўчора піў горкую. Але ж было...
– Слухаю вас, таварыш Пятрунчык, – ступіў насустрач Сідорчык, моцна паціснуў падначаленаму далонь, што таго зноў здзівіла і ўразіла. – З чым, так сказаць, да мяне? Што хвалюе? Што турбуе-непакоіць? Слухаю!
– Я... я... – зашамкаў ротам, бы рыбіна на беразе, Пятрунчык, – вам доўг прынёс. Доўг... гэта самае... так-так... капейка ў капейку... роўна пяцьдзесят тысяч...
І Пятрунчык паклаў на стол грошы адной паперкай.
– Доўг? Які? – насцярожана і здзіўлена паглядзеў на падначаленага Сідорчык. – Прабач, нешта не прыгадаю...
– Учора... ага... мне пазычылі... можа і не помніце... усялякае можа быць... стаміліся, можа, на працы... Ага... Дзякуй вам, Павел Яўменавіч, – затрос рэдзенькай бародкай Пятрунчык. – Вы мяне і маю сям’ю, можа, ад смерці ўратавалі... На хлеб далі... Дзеці есці хацелі... ага... Есці хацелі... дзеці...
– А я не помню.
– Было, было! – апантана замахаў на Сідорчыка Пятрунчык. – Было! Каб не вы ... дзеці б з голаду... ага.
– Дзіўна ўсё гэта, – развёў рукамі Сідорчык, сумна ўсміхнуўся. – У мяне ж быццам і грошай не было. Піць, таварыш Сідорчык, трэба паменей. Што скажаш, Пятрунчык? Харош я быў?
Пятрунчык вінавата, быццам гэта ён учора быў п’яны, апусціў галаву і кіўнуў.
– Вось і я так гавару, – пагадзіўся Сідорчык. – Д’ябал паблытаў. – Ён дужа ўжо неяк па-сяброўску мякка паклаў яму руку на плячо, выдыхнуў: – Пакідаю я вас, Пятрунчык. Учора вось банкецік быў... новую пасаду, так сказаць, абмылі трошкі. Пераходжу ў іншае бюро, на іншае прадпрыемства. А калі... калі грошы зноў табе спатрэбяцца, то заходзь... пазычу. Тым больш, што аддаеш ты акуратна, вельмі хутка. Заходзь, Пятрунчык. Звяртайся.
Пятрунчык жа стаяў, нібы праглынуўшы мячык, баючыся паварушыцца. А вочы свідравалі касцюм Сідорчыка, тое месца, дзе ён схаваў апошнія ягоныя грошы.
«Эх, перабраў!..» – нарэшце выдыхнуў Пятрунчык і паглядзеў на дзверы.