АРТЫСТ


Мірончык працуе акцёрам. Ролі, праўда, яму адводзяць не галоўныя, але заняты ў спектаклях даволі часта. На афішах у пераліку прозвішчаў пасля « у спектаклі таксама заняты» – фігурыруе і ён. Больш за ўсіх ганарыцца Лізавета, што яе зяць не пастух-абібок які-небудзь там зачуханы, а артыст! Тэлевізар з гэтае нагоды не выключаецца – усё меціць Лізавета зяцька на экране ўбачыць у спектаклі альбо кінафільме, але нешта не відаць. І яшчэ ў старой склалася ўражанне, што калі яе зяць артыст, то, значыць, усё можа рабіць. Нават хляўчук згарбузаваць. У кіно ж артысты тыя чым толькі не займаюцца. Таму, калі на чарговыя выхадныя зяць наведаўся да цёшчы ( за бульбай і салам), атрымаў нарад:

– Зрабі, зяцёк, хлеў. Карову даюць у калгасе, а ставіць няма куды.

– Як двойчы два! – упэўнена сказаў Мірончык.–Тут справы тае! У нас, у тэатры, гэтыя хлявы вылятаюць з майстэрні, бы аладкі з печы. Не кажучы ўжо пра Палацы розныя. Матэрыял... будаўнічы, маецца на ўвазе, мне. Плюс цвікі, малаток, сякеру, нажоўку. І можаце прыводзіць сваю карову, матуля, хоць заўтра!

Мірончык забіў на агародзе чатыры калы, абцягнуў іх рубероідам, на рубероідзе належнай фарбай намаляваў бярвенні, на дах накідаў рознага ламачча, а пад дзверы прысобіў старую шафу.

–Прымай, матуля, работу!– шырока ўсміхаўся зяць.

– Во дзякуй табе. А я і знала, што калі арціст, то ён на ўсе рукі масцір. Суседзі вунь дзівяцца: дзе ты, Лізавета, лесу на хлеў набрала столькі багата, быццам бы і не ляжаў каля двара? Так я ім і скажу – дзе. Хай самі здагадаюцца.

З нагоды пабудовы хлява Лізавета добра пачаставала зяця чаркай, а пакуль ён еў-піў, прывяла карову з калгаснай фермы, зачыніла: няхай прывыкае да новага месца. Яна б, можа, і прывыкла, але якраз побач з хлеўчуком па вясковай вуліцы гналі з пашы статак, карова пачула знаёмае мыканне і кінулася да сваіх, несучы на рагах і спіне ўвесь той хлеў...

Добра, што зяць яшчэ не паспеў у горад паехаць – няхай пабачыць, які ён хлеў зрабіў.

– Цьфу!– плюнула Лізавета.

– А вось для курэй самы раз было б, – памяркоўна сказаў Мірончык і паскроб за вухам цвіком: гэта ўсё, што засталося ад хлева.– Матэрыял, панімаеце, слабаваты... Для бутафорскага хлява – так, падыходзіць, а вось на большае... прабачце. Прабачце – не цягне. Гэта і рагуля даказала. Купляйце курэй.

– А калі куры ўзляцяць, зяцёк, раптам з тваім хлевам, што тады?– сумна ўсміхнулася Лізавета і ўзяла пад руку зяця, павяла з агарода...


Загрузка...