МАНЁЎР


Каля маці з раніцы муляўся старэйшы сын Косцік. Ён працуе на заводзе токарам, а заработную плату затрымліваюць.

– Мама, родненькая, грошы патрэбны,– вінавата ўсміхнуўшыся, папрасіў ён.–Хоць колькі... Па магчымасці... Ты ж ведаеш, я нават курыць кінуў... улічваючы эканамічную сітуацыю ў нашай сям’і.

– Што ж з вамі паробіш?– маці пацягнулася за кашальком, адлічыла сыну некалькі паперак, той узяў, падзякаваў.

А потым наступіла чарга прасіць грошы ў дачкі.

– І мне...– апусціла яна долу галаву і сарамліва працягнула руку.– Колькі можаш. На марожанае. І ў тэатр, магчыма, пойдзем усім класам.

Неўзабаве і на далоньку дачкі ляглі дзяржзнакі.

Сашка, самы малодшы, ён яшчэ ў садзік ходзіць, таксама паскардзіўся картавым ротам, што і ў яго няма грошай, а сёння яны яму вельмі патрэбны.

– Давай, давай і яму,– заступіўся за карапуза бацька.– Чалавек расце! Грамадзянін! Куды ні кінь – усюды грошы. А як ты хацела? Калі Светка сама пойдзе ў тэатр, то да іх той сам прыедзе. З казкай.

– Ага,– пацвердзіў Сашка і шморгнуў носам.

Маці дала колькі паперак і Сашку.

– Ну, а цяпер мая чарга,– працягнуў руку і бацька.–Адлічвай. Ды хутчэй, хутчэй, а то на працу спазнюся.

Маці нічога не заставалася, як паціснуць плячыма і аддаць апошнія грошы яму.

– Вось цяпер поўны парадак!– бацька па-змоўніцку падміргнуў дзецям і ўсе яны дружна высыпалі з кватэры – хто куды.

Назаўтра дзеці разам з бацькам віншавалі маму з днём нараджэння. І прыпаднеслі ёй падарунак. За тыя грошы, што вымалілі ў яе.

Маці праслязілася: падарунак ёй вельмі спадабаўся.


Загрузка...