Аднойчы суседкай старой мятлы стала новая… Больш кучаравая, зручная. І прыгожая. Па паводзінах было добра бачна – вельмі ганарлівая, фанабэрыстая. З’явіўшыся ўпершыню ў каморы адчула сябе там сапраўднай гаспадыняй. І адразу прытулілася да маленькага акенца, літаральна адпіхнула старую. З пагардай зірнула ў яе бок, адвярнулася. Нават не паздароўкалася, ні аб чым і не запыталася. Такая няветлівасць крыху пакрыўдзіла старажылку. Але ж яна вырашыла прамаўчаць. І як бы там не склаліся адносіны – імкнуцца заставацца ветлівай і ўважлівай.
Бывала, уволю напрацаваўшыся за дзень, старая мятла любіла пастаяць менавіта там, каля святла, каля акенца. І паназіраць за навакольным светам. Удзень па ўтульнаму дворыку бегалі галасістыя куры з пеўнікам, мітусіліся каля міскі з вадзіцай. А вось на высокім ганку, як звычайна, грэўся на сонейку лянівы кот. Цэлы дзень ён там спаў, а ўначы – дзесьці шлындаў. Пэўна, выходзіў па паляванне.
Калі ўвечары з’яўлялася гаспадыня з працы, кот жвава бег да брамы яе сустракаць. Мяцёлка назірала, як пяшчотна лашчыла маладая жанчына Мурлыку. Тады чамусьці крыху нават і зайздросціла… Ніхто яе так не абдымаў, ніколі не казаў добрых слоў. Не ведала яна ні пяшчоты, ні спагады. Увесь час працавала і працавала. Калі ў гападара быў дрэнны настрой, ён мог нават са злосцю кінуць яе ў цёмны вугал…
Потым – гаспадыня выносіла пачастункі для Мурлыкі і курэй. З цікавасцю назірала, як птушыны “батальён” кідаўся ўслед з крыкам, часам узнікалі і бойкі. Спачатку нават падалося, што гэтыя сытыя курачкі заўсёды адчувалі адну толькі галадуху. Таму і таўкліся з лямантам каля міскі з ежай. Цішком радавалася, што ў адрозненне ад птушак, таго ж лянівага коціка, яе не трэба карміць. Піць, есці яна ніколі не папросіць! Толькі заўсёды будзе старанна шчыраваць, наводзіць парадак у двары, на вуліцы. Галоўнае, каб гаспадар сачыў, каб мятла не згубіла свой поясок, які моцна трымаў цэлы пук бярозавых галінак.
На вуліцы паціху апускалася вечаровая шэрань, у каморы стала зусім цёмна. Але старой не спалася. Яна з самотай пра сябе разважала: “Цікава, хто заўтра прыцягне пільную ўвагу гаспадара? Магчыма, цяпер толькі новенькая будзе ўжо рэгулярна наводзіць парадак у двары і на вуліцы. А яе ўжо, мусіць, перастануць заўважаць… А потым – выкінуць на сметнік, як непатрэбную рэч!”
…Уранні ў камору зазірнуў гаспадар. Бадзёры, вясёлы. Па-маладому пацягнуўся на парозе, задаволена крэкнуў. Звыкла ўзяў у рукі старую мятлу, прыгладзіў вусы. Мурлыкаючы пад нос нейкую модную мелодыю, жвава пакрочыў на вуліцу. А новенькая замаркоцілася. Амаль са злосцю зірнула ўслед суседцы, шчыльна прытулілася да сцяны. І ўсё спадзявалася на нейкі цуд, нецярпліва чакала: калі ж нарэшце яе суседка страціць свой належны фармат, зробіцца непрацаздольнай?..
У аўтарскай рэдакцыі
Малюнак на вокладцы Алены Дудзінай
Астатнія малюнкі Інтэрнэт