ЛІПАЧКА


Ліпачка вырасла прыгожым дрэўцам. Стройным, кучаравым.Увесну яна апраналася ў зялёную сукенку, радавала ўсіх людзей духмянымі кветачкамі. А ў спякотны дзень, альбо ў дождж у густой засені знаходзілі сабе надзейны прытулак розныя птушкі. Тут яны спявалі вясёлыя песні, нібы на тых арэлях, гушкаліся на тонкіх галінках. Бухматыя чмялі, руплівыя пчолкі таксама роем віліся каля дрэва, пяшчотна лашчыліся да жоўценькіх кветак, зялёнай лістоты, дзумкаючы незабыўныя мелодыі.


Аднойчы ў высокіх нябёсах важна праплыла кудлатая Хмара. Злосная, чымсьці незадаволеная. Асаблівую зайздрасць у яе заўсёды выклікала прыгожая Ліпа, якая прытулілася каля прысадзістага дома. У каторы раз, зайздросліва зірнуўшы на прыгажуню, нечакана пачарнела і прагудзела, як у той бубен:

– Бач ты, якая! Вырасла тут амаль пад самае неба! Пэўна, заганарылася ўжо, што такая высокая, стройная…

Пачула яе Ліпачка ды так ціхенька кажа:

– Не думай, цётачка Хмарачка, што я – ганарліўка! Гэта ж зусім не так. Узняцца ўвысь мне дапамаглі родная беларуская зямліца і цёплы дожджык. Яны, бы тая клапатлівая маці, заўсёды мяне зберагалі, люлялі, ратавалі…

Але чорная зайздросніца не пачула гэтых шчырых слоў. Бо гучна ўжо клікала да сябе даўняга сябрука, які выконваў усе яе загады. Вецер прыляцеў імгненна, уюном завярцеўся каля дрэва. Моцныя паветраныя хвалі трэслі бедную Ліпу, шпурлялі ва ўсе бакі. Доўгімі галінкамі паспрабавала дацягнуцца да бярозкі, якая часцяком яе падтрымлівала ў нядобрыя хвіліны. Але немагчыма было прытуліцца да вернай сяброўкі! Яе таксама пачаў атакаваць зласлівы Вецер.

Нечакана Ліпачка ўбачыла знаёмую постаць пад блакітным парасонам, шчыра парадавалася. Гэта ж той чалавек, які рэгулярна вітаўся з ёй кожным ранкам, прыязна ўсміхаўся. Нізка нахіліўшыся, дрэва ціхенька папрасіла свайго добрага знаёмца аб дапамозе. Але чалавек чамусьці не пачуў гэтую просьбу. Мажліва, вельмі спяшаўся дадому…

А тым часам па бруку ўжо гарэзліва скакаў вясёлы дождж, па-ваўчынаму падвываў Вецер. Схапіўшы Ліпку за кучаравую верхавіну, літаральна сагнуў у крук. Не вытрымаўшы такіх выпрабаванняў, яна са стогнам павалілася на сцежку…

Праз некаторы час заціх дождж, з-за хмаркі весела зірнула сонейка. І на вуліцу адразу выбеглі маленькія хлопчык і дзяўчынка. Заўважыўшы бездапаможнае дрэва, якое ляжала прама на сцяжынцы, вырашылі:

– Трэба тэрмінова ратаваць Ліпачку! Зараз жа пачынаем гучна клікаць нашага татку на дапамогу, каб пасадзіў зноўку нашае дрэва ў зямельку. Інакш – засохнуць карэньчыкі, прыгажуня адразу загіне.

Так і зрабілі. Хуценька паклікалі свайго татку, дый дапамаглі Ліпачцы вярнуцца на сваё ранейшае месцайка. А для надзейнасці, нават утыркнулі побач доўгую жэрдку, да якой і прывязалі прыгажуню. Няхай зелянее дрэўца, зноўку радуе навакольны свет і людзей!


Загрузка...