ТАКОЕ РОЗНАЕ КАХАННЕ…


Закахаўся Дзень у Ночку… І не таму, што яна была загадкавай і прыгожай, пяшчотнай і мяккай, нібыта аксамітная трава. Быццам магнітам, цягнула яго да сябе цёмнавокая прыгажунька, не давала спакою. Асабліва ўпадабаў Дзень густыя, як жыта, доўгія косы-ручаіны, бяздонныя чорныя вочы, якія адлюстроўвалі агністы зорапад…

Зранку, разагнаўшы на нябёсах ружовую зару, Дзень старанны ўмываўся ў лясной рачулцы. А потым, каб быць бадзёрым і маладым, шпарка бег басанож па росным лузе. Побач заўсёды танчыў бліскучы сонечны праменьчык, які нетаропка, па чарзе, абдымаў крывую сцежку, дрэвы, усе кветкі на лузе … І заўсёды прыязна і весела вітаўся з усімі, хто сустракаўся на ягоным шляху, лашчыў і цалаваў родную зямліцу. Самую мілую на свеце, блакітнавокую і добрую.

Вось так, кожны ранак, прачынаўся Дзень: прыгожы, усмешлівы, з пышнымі пшанічнымі валасамі і вусамі. І радасць адлюстроўвалася на ўсім ягоным абліччы. І таму, што зноўку ў канцы дарогі пабачыў сляды сваёй каханай Ночкі. Яшчэ здалёк віднеўся яе стройны чарнаваты сілуэт, які вабіў, хваляваў душу і сэрца… А Ночка, гарэзлівая, як дзяўчынка, крышачку заспаная, павіталася з ім шэранькай хусцінкай. І, быццам птушыным крылом, памахала на развітанне... Дый паляцела на другі кантынент. А за ёй – пацягнуўся шырокі цёмны шлейф, на якім весела скакалі месячык і зіхоткія зорачкі.

Узрушаны, Дзень стаў амаль на дыбачкі, каб яшчэ раз пабачыць сваю каханую. Але затрымаць яе хоць на нейкую хвілінку зноўку ўжо не змог. Ночка, набіраючы тэмп, знікла за далёкай вяршыняй…


Загрузка...