ЗАЛІШНЯЯ ХВАЛА ПАВАЛІЦЬ І ВАЛА



Хаўроння хваліцца сваім сяброўкам:

– Я – самая смелая, рашучая, ініцыятыўная. І лыч у мяне не такі, як у іншых! А моцны, адмысловы, працавіты. Вось вазьму, дый сёння залезу ў чужы агарод, старанна пералічу там шматлікія радкі бульбы. Ды так, што гаспадыня свой агарод нават ранкам і не пазнае!

Спалоханыя сяброўкі адгаворваюць:

– Вядома ж, ты самая лепшая сярод нас. Бо разумная, вясёлая. Але ж, калі ласка, не трэба гэтага рабіць. Ніколі! Бо нам тады ўсім злосны бізун хрыбетнікі шчыра «пацалуе…»

Хітра зірнуўшы адна на адну, вырашылі надакучлівую хвалько добра правучыць. Нібыта па вялікаму сакрэту, ціхенька так кажуць:

– Учора на свае ўласныя вочы бачылі, як нашая Рагуля правярала на трываласць новыя вароты. Ведаеце, нават рог свой адзін зламала. Вось ты, Хаўроння, заўсёды хвалішся, што лыч у цябе самы моцны, трывалы, бы той манумент. Сёння ёсць такая добрая магчымасць даказаць, на справе паказаць свае неардынарныя здольнасці…

На вялікае дзіва, паводзіны свінкі былі непрадказальнымі. Верагодна, вялікі гонар засціў гэтай дурніцы розум, «натхніў» на неабдуманыя ўчынкі. Яна ахвотна пагадзілася наладзіць цікавы, на яе погляд, эксперымент. Хуценька разагналася. І з грукатам ляснулася лычам аб дошкі. Ды так, што з яе маленькіх вочак літаральна выскачыў цэлы вадаспад зіхоткіх зорачак…

Заверашчала ганарліўка ад болю на ўвесь двор. Спалоханая гаспадыня адразу выскачыла на высокі ганак. Зірнула навокал і зноўку знікла ў хаце. І не дзіўна. Нейкія неадкладныя справы там яе чакалі. А вось свінка нечакана зразумела, што сяброўкі проста яе правучылі.

Злосная, бы тая спасаўская муха, патупала да міскі з вадой. Пабоўтала там чырвоным лычам, старанна «палячылася» самастойна. І вырашыла: ніколі болей не буду казаць сваім сяброўкам тое, чаго не трэба. І заўсёды трымаць язык за зубамі. Інакш – быць чарговай бядзе…


Загрузка...