Неяк, пазіраючы з сёмага паверху на вясёлую талаку верабейчыкаў, Антось з зайздрасцю падумаў:
– Якія яны шчаслівыя! Урокі – не вучаць, у школу – не ходзяць. Як бачна, у гэтых птушак заўсёды канікулы. Вось бы і мне так…
Сказаў, нібы воз саломы звязаў. Раптам яскрава адчуў, як ягоныя рукі і ногі ўмомант сталі кароценькімі, увачавідкі абраслі мяккім пер'ем… А з глыбіні бліскучага люстэрка на хлопчыка смела пазіраў… верабейка! Самы сапраўдны. Міргануў яму вокам. Можа, падалося? Ды не. Верабейка. З кароценькай дзюбай, хвосцікам-дзеркачом. Вось толькі чамусьці не такі, як усе птушкі. А бялявы, сінявокі, ды яшчэ з кучаравым чубком на галаве.
Разгублена ціўкнуўшы, паляцеў праз фортку на волю. На вуліцы адразу ўзяў накірунак да знаёмай птушынай сямейкі, якая бадзёра вандравала на зялёным мурагу каля дома. Але незнаёмца чамусьці сустрэлі не надта ветліва. Па ўсяму было бачна, што тут таксама панаваў свой уклад жыцця, здаўна ўсталяваліся нейкія звычкі. Трывалыя і моцныя. Важак, смелы і напорысты, адразу дзеўбануў чужынца прама ў чуб: маўляў, ведай сваіх, а не чужых… Няма чаго табе тут рабіць, шукай толькі сваю тэрыторыю! Нібыта папярэдзіў: у чужое проса не хавай свой нос!
Ратуючыся, паляцеў чубаты да іншай птушынай чародкі. Спадзяваўся, што на новым месцы ўсё будзе лепей. Але, дзе там! Таксама сустрэлі не надта прыязна. І зноўку не знайшлося жаданага месцайка. Замаркоціўся Верабейка-Антось, самотна апусціў кудлатую галаву. Чаму ніхто не прызнае яго за свайго? Чым ён горшы за іншых птушак?
І, як на тое ліха, нечакана сыпануў дождж. Ды такім густым падаўся і халодным.Усе птушкі звыкла недзе схаваліся. Адзін незнаёмец застаўся. Бо не ведаў, дзе яму, бедалазе, зараз затуліцца. Вырашыў знайсці надзейную хованку пад нейкім балконам. Але ж, як на тое ліха, сядзець там доўга не давялося. Аднекуль зверху скокнула жвавая кошка. І адразу моцна ўчапілася за ягоны хвосцік. Спалохаўшыся не на жартачкі, Верабейка верталёцікам узляцеў увысь. І пакінуў кошцы адмысловую «візітку» – свой мокры хвост…
Сумны і пакрыўджаны, прысеў небарака на тонкую галінку вярбіны. Акурат насупраць сваёй кухні. А там – матуля завіхаецца каля пліты, гатуе смачную вячэру. Прыемны водар прасачыўся нават на вуліцу, ручаёчкам разліўся навокал. Праглынуўшы горкі камяк, адчуў нечаканы голад. І навошта захацеў стаць птушкай? Нічога прыемнага няма ў вольным птушыным жыцці, дзе ўсё спачатку падалося шчаслівым і камфортным. Лепей бы заставаўся школьнікам малодшых класаў…
А тым часам, маці зычна паклікала з адчыненага акенца:
– Антоська! Дзе ты там, родненькі сынулька? Ідзі ўжо вячэраць! Хопіць гойсаць на вуліцы. І ўрокі трэба ўжо табе рыхтаваць!
Верабейка, які сядзеў насупраць, радасна нешта ціўкнуў у адказ. Але ж на яго не звярнулі нават увагу. Мажліва, матулька, так і не пачула нічога. Карацей – не пазнала… Затое небараку ўбачыла гарластая вялізная шэрая варона. Яна адразу нахабна спікіравала на тое дрэва, дзе сядзеў гэты няшчасны… Давялося зноўку ўцякаць.
Шэранькі, спалоханы камячок ў адно імгненне скокнуў праз фортку ў сваю кватэру. Мокры, галодны, няшчасны. І адразу заліўся салёнымі слязінамі. Ды так, што не ўняць! І нечакана адчуў, што зноўку, як і раней, зрабіўся звычайным хлопчыкам.
Шчаслівы, усмешлівы, кінуўся Антоська да матулькі на кухню. Абняў яе, пяшчотна пацалаваў у шчаку. І адразу ветліва падзякаваў за прыгатаваную вячэру, чаго раней ніколі не рабіў. Маці толькі падзівілася. Задаволеная, падумала пра сябе:
– Зусім іншым стаў мой сынок. Нават і не пазнаць. Напэўна, шмат чаму навучыла школа, дый настаўніца правільны шлях указала…