СЛОВА – НЕ САЖА…


Верабейка… закахаўся. І трэба ж было такому здарыцца, што ягонай сімпатыяй стала сінічка. Але ж прыгажунька не жадала нават слухаць пяшчотнае ціўканне і вясёлыя рулады, якія адрасаваў ёй закаханы… Яна заўсёды насміхалася над ім, з задавальненнем, быццам скабы, пералічвала ўсе недахопы гэтага няшчаснага Верабейкі.




Неяк прысеў той побач на галінку каля ганарліўкі ды кажа:

– Падабаешся ты мне. Бо не такая, як усе! Выходзь за мяне замуж. Спадзяюся, што ніколі не пашкадуеш. І жыць будзеш так, нібыта за мураванай сцяной.

Сінічка толькі здзіўлена і насмешліва піскнула ў адказ:

– Вось яшчэ адзін дзівак знайшоўся! Чаго ты да мяне прыліп, як кашаль да хваробы? Замужам быць – не мех пашыць! Зірні з боку пільна на сябе. Хто ты такі? Зусім ніякі. Шэранькі, нягеглы. І які з цябе абаронца? Смех адзін, дый годзе.

Верабейка пакрыўдзіўся. Хоць і балюча было слухаць такое, але выгляду не падае. І трымаецца годна. Каб хоць на хвілінку займець унушальную фігуру, як парасон, шырока растапырыў свае крылы. Пагардліва зірнуў на ганарліўку, з усмешкай даў вось такі прыстойны адказ:

– Невялікая мурашка, але горы капае!

Загрузка...