БУСЛІК


Неяк, пралятаючы над гарадскімі дварамі, малады буслік заўважыў прыгожую жанчыну. Задуменная, крышачку самотная, нават сарамлівая бы тое дзяўчо, яна сядзела ў адзіноце на лаўцы. Тварык быў светлым, узвышаным, натхнёным. Сінія выразныя вочы пазіралі кудысьці ўдалячынь. Сонечныя праменьчыкі, быццам рознаколерная вясёлка зіхацелі ў светлых кучарынках, падалі на плечы, на белыя рукі. На нейкую хвілінку, адарваўшыся ад сваіх летуценняў, маладзічка жвава азірнулася на маленькага хлопчыка, які гушкаўся на арэлях. І заклапочана папярэдзіла:

– Андрэйка, асцярожна, сыночак! Трымайся моцненька, не ўпадзі.

У адказ, пухнаты хлопчык, толькі звонка, быццам званочак, смяяўся. Відаць, яму вельмі падабаліся гэтыя арэлі, зялёная трава, сонейка на блакітным небе. І прыгожая матулька, якая заўсёды была побач. Пяшчотная і добрая.

Буслік таксама цікаваў за гэтай жанчынкай, за яе маленькім сынам. Тут было ўтульна і камфортна. Двор быў акуратны, чысты, старанна дагледжаны. Вакол – зеляніва, квітнелі кветкі, радавалі сэрца, вабілі погляд. Пра сябе вырашыў: абавязкова зазірне яшчэ раз сюды, каб падыхаць водарам кветак, пабачыць вось гэтую прыгажуньку, якая спадабалася, усхвалявала…


Жанчына таксама зацікаўлена зірнула ў бок белай птушкі, якая цішком сядзела прама над яе галавой на высокім клёніку. А потым – яе ўвагу прыкаваў хлопчык, які весела бавіў свой вольны час. На бусліка яна чамусьці ўжо і не азіралася. Пэўна, нават і забылася…

А буслік думаў вось што: яму даўно трэба ляцець у сваё гняздзечка. Бо ягоная матуля, верагодна, таксама ўжо дзесьці хвалюецца. Мусіць, ужо заклапочана азіраецца ў той бок, з якога, як звычайна, вяртаецца з вандроўкі яе адзіны сын. Потым будзе доўга ўшчуваць, нават крыху сварыцца. А гэтага, вядома ж, не жадалася. Вунь і сонейка ўжо хаваецца за лесам. І ўжо бачна, як здалёк, акурат з самай нізіны, каля рачулкі, плаўна плыве стужкаю густы туман. І нібыта белым палатном, зацягвае там усё наваколле. Гэта добры знак: надыходзіць час вечаровы. А знікаць адсюль чамусьці не жадалася. Зусім.

На другі дзень, буслік зноўку прыляцеў у знаёмы ўжо двор, асцярожна прысеў на тоўстую галінку. І стаў цярпліва чакаць маладую жанчынку. Вось і яна. Адчыніўшы ўваходные дзверы, адразу накіравалася да той лаўкі, дзе сядзела ўчора. Маленькі сынок таксама побач тупацеў, задаволены і шчаслівы. Андрэйку, як заўсёды, радавалі арэлі, якія магнітам цягнулі да сябе. Гушкаючыся, малышок звонка смяяўся. Маці, зрэдку пазіраючы на яго, таксама чамусьці сонечна ўсміхалася, з цікавасцю чытала нейкую тоўстую кнігу. І зусім ужо не звяртала ўвагу на збянтэжанаю птушку, якая нерухома сядзела на высокім клёніку.

З таго часу, буслік стаў рэгулярна лётаць у гэты двор. Цэлымі гадзінамі ён цярпліва сядзеў на сваім звыклым месцы, самотны і няшчасны. Чамусьці спадзяваўся: красуня нарэшце яго заўважыць, падорыць хоць адну пяшчотную ўсмешку, цёплае слоўка. Але дарэмнымі былі надзеі. Птушку чамусьці не заўважалі…

… Прыйшоў жнівень. Пералётныя птушкі сталі актыўна гуртавацца, каб хутка адляцець на далёкі Поўдзень. Заўважыўшы самоту ў свайго сына, бусліха нечакана мудра выказалася вось так:

– Не лётай дарэмна туды, дзе цябе не вітаюць, нават не чакаюць. Мая парада вось такая: выбірай жонку толькі па сабе. У чужыя сані ніколі не садзіся! Зразумей адно: ты ж птушка, а тая жанчына – чалавек!Яна не зможа жыць з табой вось на гэтай бярозе. Бо для таго, каб узляцець, патрэбны крылы. Гэтая жанчына прызвычаілася да другога жыцця… Толькі не сумуй, сынок. Усё лепшае ў цябе яшчэ наперадзе!


Загрузка...