IX. ПРА «САМАБЫТНАСЦЬ»


У Ваўкавыскім раёне ёсць вёска Дубаўцы. За вёскай ля дарогі ляжаць два валуны. Гісторыя іх такая.

Калісьці на гэтым месцы сустрэліся два вяселлі. Адзін малады ехаў у Воўпу вянчацца, другі з маладой вяртаўся з царквы. А тады панавала павер'е: калі малады каму-небудзь саступіць з дарогі, будзе нешчаслівы. Таму ніхто з іх не хацеў саступаць. Пачалі біцца. Упаў мёртвым адзін, загінуў і другі. Цяпер на гэтым месцы і ляжаць два валуны.

Ёсць яшчэ карэспандэнты, якія, прыехаўшы з Мінска ў Гродна, патрабуюць паказаць ім перш за ўсё «самабытнасць»: людзей, апранутых у старую нацыянальную вопратку, моладзь, якая толькі і робіць, што танцуе «Лявоніху», а на вяселлях спраўляе старажытныя абрады. Дзіўна бывае слухаць такога таварыша. Даўно вядома, што прывабнасць і рамантычнасць старажытнасці існуе толькі ў легендах, а на самай справе ўсё выглядала куды горш. Дастаткова напомніць пра валуны ля Дубаўцоў...

Цяпер нават у самай далёкай ад горада вёсцы моладзь танцуе, як у Мінску і Маскве. Вопратка хлапцоў і дзяўчат у нас на Гродзеншчыне ніколькі не адрозніваецца ад той, якую носяць іхнія сябры ў Маскве і Мінску. Калі праўленне калгаса ўзнагароджвае сваю свінарку, гадзіннік ёй ужо не падарунак — яна мае свой. I ў загс нашы маладыя едуць больш на машынах. I не забываюць, вядома, сваё нацыянальнае. Народ любіць сваю гісторыю. «Лявоніху» танцуе кожны гурток самадзейнасці, і яе ахвотна глядзяць на сцэне. Ахвотна слухаюць пра старыя абрады і звычкі. Аднак цяпер на Гродзеншчыне не гэта асноўнае. За дваццаць год з дня ўз'яднання Гродзеншчына зраўнялася з іншымі абласцямі нашай Радзімы. Ці, таварышы карэспандэнты, гэта менш цікава, чым «самабытнасць», на пошукі якой вы да нас прыязджаеце?

Усяго толькі два дзёсяцігоддзі таму назад у нас запалкі расшчаплялі на дзве палавінкі, а самая звычайная іголка ў сялянскай сям'і была самай каштоўнай рэччу. Пад гнётам панскай Польшчы на Гродзеншчыне прамысловасць амаль не развівалася. Вырабы яе каштавалі вельмі дорага, і таму гродзенцы карысталіся самаробнымі драўлянымі баронамі, хадзілі ў даматканым адзенні і лапцях.

Непадалёку ад маёй роднай вёсачкі Страшэва знаходзіцца мястэчка Гарадок. Туды я хадзіў у польскую школу. Нейкі прадпрыймальнік завёў у Гарадку маленькую тэкстыльную фабрыку. Ідучы дахаты, я часта заглядаў праз пабітае шкло ў яе адзіны цэх, дзівіўся ткацкім станкам, якія тарахцелі, быццам кулямёты.

Але асабліва мяне цікавіў адзін куток на фабрыцы, з усіх бакоў закрыты фанернымі перагародкамі. У гэтай скрынцы адзін рабочы ўпраўляўся адразу з двума станкамі, і фабрыкант плаціў яму ў паўтара раза больш. Рабочы старанна ахоўваў сваю тайну. Станкі ён закрываў фанернай будкай, а ў дзвярах паставіў сына, пазбавіўшы яго магчымасці наведваць школу. Ён старанна ахоўваў свой, так сказаць, фірменны сакрэт, таму што добра ведаў: фабрыкант кідае яму падачку да таго часу, пакуль тайна не раскрыта іншымі. Умельца ненавідзелі рабочыя цэха. Яны празвалі яго панскім халуём і не раз пагражалі правучыць па заслугах. Што і казаць, пачын і кемлівасць дваццаць год назад не была ў пашане!

Пасля вайны адзін выпадак, быццам рэха, напомніў мне аб мінулым.

Восенню 1946 года мы, студэнты Гродзенскага педагагічнага інстытута, сабраліся на суботнік у двары гарадской электрастанцыі. Цягалі цэглу, кантавалі скрынкі з машынамі. Тады пра аднаўленне гарадской ТЭЦ гаварылі, як пра нешта звыш асаблівае. Яе недасягаемая тады даваенная магутнасць у тысячу шэсцьсот кілават здавалася нечым зусім фантастычным. З мятага, скалечанага бомбамі жалеза гродзенскія інжынеры нейкім цудам сабралі два катлы, дзве турбіны, дынама. Але ўсё стаяла, таму што для адной дынамамашыны не хапала дэталі.

Ля новага будынка электрастанцыі дабудоўвалі градзірню для ахаладжэння адпрацаванай вады, але яна цікавіла нас менш. Мы імкнуліся пабываць у машыннай зале. У зручны выпадак, нібы напіцца вады або перавязаць паранены цвіком палец, мы забягалі туды, у гэты таемны цэнтр загадкавых труб і прыстасаванняў. Заўважыў гэта галоўны інжынер электрастанцыі, сабраў усіх нас і павёў, быццам экскурсантаў.

У зале стаялі дзве дынамамашыны, кожная па восемсот кілават. Адпа была латаная-пералатаная. Па яе крутых баках збягалі кроплі, як збягаюць яны па целе, калі вылазіш з вады. Другую хавала вялізная фанерная скрынка з акенцамі.

— Хлопцы, туды заглядаць нельга!—папярэдзіў інжынер дасціпных студэнтаў.

— А хто там? — запыталі мы.

— Шведы.

— Шведы? У нас? У Гродна?—здзівіліся мы.

— Так... Замяняюць дэталь...

— Навошта ж яны загарадзіліся фанерай?

I вось што тады расказаў нам галоўны інжынер:

— Некалі гэтую дыпамамашыну гарадская ўправа набыла ў Швецыі. Новую дэталь мы заказалі ў Стакгольме. Фірма выканала заказ, але з умовай, што замяняць дэталь будуць толькі яе прадстаўнікі. Нядаўна шведскія тэхнікі прывезлі дэталь і патрабавалі, каб ніхто не глядзеў на іх работу, таму што яны не маюць права выдаваць прафесійны сакрэт фірмы.

— Але навошта ж яны ад нас хаваюцца? — не маглі зразумець студэнты, якія выраслі ў гарадах і вёсках ўсходніх абласцей Беларусі.

Студэнты-«заходнікі» маўчалі. Яны ўсё добра разумелі...

У гэты час з фанернай будкі выйшлі два рослыя белабрысыя хлапцы, і разыгралася нямая сцэна. Мы разглядалі іх скураныя курткі незвычайнага пакрою, начышчаныя да люстранага бляску туфлі, а яны — нашы растаптаныя на франтавых дарогах кірзавыя боты і патрапаныя шынялі. Мы не маглі дараваць шведам іх выдумак, і ніхто з нас нават не ўсміхнуўся іншаземцам...

Цяпер абодва гэтыя выпадкі з фанернымі будкамі здаюцца анекдатычнымі. Ды я, мабыць, і сам не паверыў, калі б не бачыў іх сваімі ўласнымі вачыма.

У нашыя дні ў Гродна ўзвышаюцца ўжо тры градзірні, а самая маленькая з іх тая, якую пабудавалі ў 1946 годзе. Гарадская ТЭЦ дае ўжо не тысячу шэсцьсот, а чатырнаццаць тысяч кілават.

Падобна электрастанцыі, на Гродзеншчыне ўзняліся з руін або пабудаваны нанова мэблевая фабрыка, тонкасуконны камбінат, завод жалезабетонных канструкцый, шаснаццаць цагляных заводаў, цукровы завод у Скідзелі, абутковая фабрыка ў Лідзе...

Велізарны Савецкі Саюз, і на карце краіны нашу Гродзеншчыну няцяжка прыкрыць адным пальцам. Але ў кантрольных лічбах, прынятых XXI з'ездам, знайшлося месца і для яе. Там сказана аб Беларусі: «Новыя прамысловыя прадпрыемствы будуць пабудаваны ў заходніх абласцях, якія мелі ў мінулым нізкі ўзровень прамысловага развіцця».

За сем год валавая прадукцыя прамысловасці ў нашай вобласці ўзрасце амаль удвая. За 1959-1965 гады дзяржава асігнуе нам для капіталаўкладанняў больш двух мільярдаў рублёў. За сямігодку будуць пабудаваны:

абутковая фабрыка ў Гродна,

завод дэталей да аўтамашын,

вялікая швейная фабрыка,

завод электрапровада,

торфаздабываючыя прадпрыемствы.

Непадалёку ад Гродна, у Грандзічах, будуецца завод сілікатнай цэглы на сто дзесяць мільёнаў штук у год! Калі выкласці гэтую цэглу ў адзін рад, ёй можна апаясаць увесь зямны шар!

Новымі прадпрыемствамі папоўніцца харчовая прамысловасць вобласці. У Ваўкавыску ўжо ў 1961 годзе закончыцца будаўніцтва магутнага мясакамбіната, прадукцыя якога ў тры разы перавысіць магчымасці мясакамбіната ў Гродна, які цяпер лічыцца буйнейшым.

Для ўсіх гэтых прадпрыемстваў трэба шмат электраэнергіі. Таму на дапамогу Гродзенскай ТЭЦ праз нашы палі і лясы пракладаецца амаль пяцьсот кіламетраў ліній высакавольтных перадач. Па іх пойдзе ток з Бярозаўскай ДРЭС, якая будуецца ў суседняй Брэсцкай вобласці.

Адначасова з высакавольтнай лініяй прыйдзе газ з Украіны. Ён таксама папоўніць энергетычныя рэсурсы вобласці.

За сямігоддзе нашы чатырыста калгасаў атрымаюць амаль дванаццаць тысяч трактараў — па дваццаць пяць машын на калгас! За гэтыя ж гады гродзенцы пабудуюць сотні палацаў культуры, клубаў, кінатэатраў, школ-інтэрнатаў і іншых культурна-бытавых устаноў.

Старому гарадоцкаму ткачу давялося нямала перажыць за яго працоўную кемлівасць. Савецкая ўлада, як толькі два дзесяцігоддзі таму назад прыйшла на Гродзеншчыну, разламала ўсе фанерныя клеткі і дала прастору народным сілам.

Праўда, у гіганцкіх маштабах Савецкага Саюза дасягненні гродзенцаў яшчэ вельмі сціплыя. Але, успамінаючы часам нямую сцэну трынаццацігадовай даўнасці на Гродзенскай ТЭЦ, я хацеў бы пабачыць выраз твару шведскіх тэхнікаў, калі б яны зноў заглянулі да нас гадкоў гэтак праз сем, а то і раней... Бо яшчэ ў мінулым годзе на Сусветнай выстаўцы ў Бруселі красавалася прадукцыя нашага Нёманскага шклозавода і заваявала там бронзавы медаль. А шведскія канкурэнты яшчэ да сённяшняга дня раўніва захоўваюць вытворчыя сакрэты, што даўно ўжо сталі здабыткам далёкага індустрыяльнага мінулага...

Гродна. Жнівень, 1959

Загрузка...