Пасля першай сусветнай вайны ў глухую вёску Рагозінцы з эвакуацыі вярнуўся селянін. Ен прывёз маладую жонку-грузінку. Бедная не магла перанесці зняваг і пагарды забабонных родзічаў мужа і неўзабаве памерла, пакінуўшы маленькую дачку Севярыну. Сірату ўзялі на выхаванне сваякі. Дзяўчынка падрасла, але моладзь яе старанілася.
Па суседству з апекунамі Севярыны жыла малазямельная сям'я Гецольдаў. Сын Гецольда Лёнгін пакахаў дзяўчыну з грузінскімі рысамі твару. Тая адказала ўзаемнасцю, і яны пажаніліся.
Гецольду дастаўся ад бацькі кавалачак зямлі. Звычайна з такіх гаспадарак людзі ўцякалі ў горад, множылі там рады беспрацоўных, але маладажоны засталіся на сваёй зямлі.
Лёнгін, як ніхто іншы ў вёсцы, любіў і разумеў прыроду. Нягледзячы на малапісьменнасць, ён захапляўся сельскагаспадарчай літаратурай. Яму нават удалося прачытаць на польскай мове Мічурына. I хутка Лёнгін на сваім кавалачку зямлі пачаў тварыць цуды. Буракі ў яго на агародзе вырасталі па чатырнаццаць кілаграмаў, памідоры — па восемсот грамаў, гарбузы — па пуду!
Але гародніна ў тыя часы збыту не мела. Сям я ўсё большала, і жанчына з трывогай думала: што будзе з яе дзецьмі?..
Скончылася Айчынная вайна. Севярына, як мнагадзетная маці, стала атрымліваць дапамогу. А калі ў 1952 годзе ў вёсцы арганізоўваўся калгас імя Дзяржынскага, Лёнгіна выбралі звеннявым па тытуню, і ён горача ўзяўся за справу. Яму стала дапамагаць жонка. Гецольды выдатна апрацавалі зямлю, і ўчастак даў добры ўраджай тытуню. Настрой у калгаснікаў падняўся. Але хутка людзі пачалі гаварыць пра свайго старшыню:
— Ён спачатку скажа або зробіць, а тады ўжо падумае...
У гэтым пераканаўся і Гецольд. Аднойчы Лёнгін звярнуўся да старшыні калгаса Храмакова з прапановай:
— Я думаю разам з тытунём вырошчваць пладовыя дрэўцы. Закладзём калгасны садок!
— Не трэба! — пачуў Гецольд у адказ.— У Чарлёне ёсць пітомнік. Там і купім.
Да гэтага часу Севярына гадавала ўжо дзевяць дзяцей. Лёнгін паставіў на ногі ўсё сваё шматлікае сямейства і разам з другімі членамі звяна вывез пяцьсот вазоў гною і торфу, апрацаваў зямлю, вырасціў расаду і ўжо збіраўся садзіць тытунь. Ды ўчастак звяна спадабаўся старшыні Храмакову, і ён заявіў, што забірае яго пад іншыя культуры.
— А ты сабе возьмеш поле, якое летась было пад жытам. Нічога, апрацуеш. Ты на гэта майстра! — не без насмешкі сказаў Храмакоў.
Вельмі крыўдна было, вельмі, але Лёнгін здаўся. Затое не здалася Севярына. Яна схадзіла ў райцэнтр і звярнулася ў райком партыі.
Сакратар Мастоўскага райкома Дайнека яе ўважліва выслухаў і паабяцаў дапамагчы, а на развітанне сказаў:
— Калі зноў будзеце бачыць такую несправядлівасць, звяртайцеся да мяне. Заўсёды дапамагу!
I сапраўды, Храмакоў атрымаў вымову. Але, калі бура над яго галавой сціхла, ён зняў Гецольда з пасады звеннявога.
Каб не надакучаць і не турбаваць начальства. Севярына скардзіцца болей не пайшла. Ды і ёй здавалася, што тут справа датычыць не грамадскіх інтарэсаў, а чыста асабістых — яе і Лёнгіна. Ім толькі ўдалося пакінуць за сабой участак, плошчай у адзін гектар, які апрацавалі сіламі сваёй сям'і. Участак даў трыццаць сем цэнтнераў з гектара. За гэта сям'я атрымала ад Галоўтытуню дзесяць тысяч рублёў!
Але не абышлося і тут без скандала са старшынёй. Адначасова з тытунём Гецольды даглядалі тры гектары капусты. Ураджай чыстых качаноў дасягнуў рэкорднай лічбы — дваццаць дзве тоны. Храмакоў распарадзіўся гэтую капусту пусціць на сілас. На шчасце, пра гэта даведаліся ў райцэнтры. Калгас быў вымушаны прадаць капусту спажывецкай кааперацыі.
Усю зіму Гецольд рамантаваў калгасу вазы, сані. Нарабіў шмат парніковых рам. Марыў зноў вырошчваць тытунь, але для гэтага патрэбна было сабраць вялікую колькасць гною. З практыкі Лёнгін ведаў, што адно парася за год можа даць да трох тысяч літраў гнаявой жыжкі, пабудаваў хлеў так, што з-пад свіней жыжка па бетонных жалабках сцякала ўсю зіму ў бункер. Кароў падсцілаў пасечанымі тытунёвымі бадылямі. Кожны дзень зграбаў гной у кучы, перамешваў яго з торфам. I калі ранняй вясной райвыканком Гецольду прапанаваў для тытуню ўчастак у паўтара гектара, ён згадзіўся.
Гецольды дружна ўзяліся за справу. Праўда, уся складанасць была ў тым, што дзеці яшчэ вучыліся ў школе, але і гэта не перашкодзіла.
Рэдка сустрэнеш расліну, якая б патрабавала столькі працы, як патрабуе яе тытунь. На сваім участку сям'я Гецольдаў уласнымі рукамі пасадзіла семдзесят пяць тысяч саджанцаў! Працавалі ўсе. Стараліся і самыя меншыя: шасцігадовыя Крыстына і Ірына, сямігадовы Уладзімір і васьмігадовая Аліцыя. Не адставалі ад іх і іншыя браты і сёстры, якія, вярнуўшыся са школы і падрыхтаваўшы ўрокі, спяшаліся на дапамогу.
Каб тытунь добра рос, дзеці трэсачкамі ўзрыхлялі пад саджанцамі зямлю. Калі выпадаў дождж — пад кожны кусцік вылівалі па чатыры літры гнаявой жыжкі. Потым абломвалі расткі, зачахлыя лісточкі.
Тытунь — дзіця сонца, а вясна зацягнулася. Але ў цёплыя ліпеньскія дні расліны пачалі набіраць сілы. Тытунь на ўчастку Гецольдаў падняўся густою сцяной. Расліны былі такія сакавітыя, што, здаецца, праткні ліст чым-небудзь вострым, і з яго пырсне зеляніна. Лісты выраслі да незвычайных памераў: па шэсцьдзесят сантыметраў у шырыню і семдзесят у даўжыню!
— Пад адным такім лістом можна ад дажджу схавацца! — захапляліся экскурсанты.
Пакуль дзеці разам з маці ўраблялі плантацыю, Лёнгін рыхтаваўся да збору лісця. Гэта ж трэба было сабраць і высушыць семдзесят пяць тысяч кілаграмаў зялёнай масы! Для сушэння тытуню Гецольд прыстасаваў усе дахі і навесы сваіх будынкаў, зрабіў спецыяльныя стрэхі, дзе павінна было вянуць свежае лісце. Каб высушыць увесь тытунь, трэба было мець дзесяць тысяч метраў шпагату!
Надышоў час ломкі тытуню. Даросламу нельга было праціснуцца між радкоў, каб не пашкодзіць раслін. Лісце выбіралі самыя малодшыя Гецольды. Сярэднія — падносілі і нанізвалі яго на шпагат. Бацька і маці ледзь паспявалі развешваць шнуры. Асабліва цяжка даводзілася вучням — Яўгену, Станіславу, Аліцыі і Софіі. Гэта яны сваімі пальчыкамі нанізалі лісток да лістка дзесяць кіламетраў шпагату.
У кастрычніку Гецольды адправілі на нарыхтоўчы пункт чатыры грузавыя машыны запакаванага ў стандартныя цюкі тытуню — амаль шэсць тон. Дзевяноста працэнтаў пайшло першым сортам. Адзін гектар даў трыццаць восем цэнтнераў замест пяці па плану!
Бухгалтэрыя калгаса імя Дзяржьшскага выдала Гецольдам адных прэміяльных трыццаць тысяч рублёў і дзвесце кілаграмаў цукру! Працавітая сям я за тысячу трыста працадзён атрымала яшчэ прадукты і грошы.
Сям'я Гецольдаў атрымлівае вялікі прыбытак ад калгаса ўжо не першы год. Акрамя таго, сельсавет кожны месяц плоціць Севярыне дапамогу па шматдзетнасці. Цяпер яе сыны і дочкі ездзяць у школу на веласіпедах. Дзіцячыя мары цяпер займае матацыкл з каляскай, на куплю якога ўжо маецца рашэнне «сямейнага савета».
...У кабінет старшыні Мастоўскага райвыканкома Чудзінава ўваходзіць па-гарадскому апранутая жанчына. У яе вялікіх цёмных вачах свеціцца розум. Гэта — Севярына Гецольд.
— Я хачу,— кажа яна,— каб райспажыўсаюз прымаў у мяне асабістыя заказы на паліто, на абутак для дзяцей. Няўжо мне дзеля гэтага трэба ў Гродна ехаць?..
Старшыня абяцае дапамагчы і запрашае Севярыну выступіць на сходзе калгаснікаў адной сельгасарцелі, падзяліцца вопытам.
Вечарам, калі Севярына апавядала на сходзе аб сваёй рабоце, Чудзінаву давялося пацвердзіць, што ў яе сапраўды дзевяць дзяцей і гэта не перашкаджае ёй працаваць у калгасе.
Такія людзі, як Гецольды, ніколі не супакойваюцца на дасягнутым. Лёнгіна хвалюе, чаму гэтакага ўраджаю, як у яго, не змаглі дасягнуць ва ўсім кэлгасе. З болем у сэрцы гаворыць ён пра непаладкі:
— Як тут быць спакойным? Зямля ў нас самая лепшая ў раёне, а калгас — горшы!
На этажэрцы ў Гецольда стаяць творы Мічурына, «Энтамалогія», часопіс «Сад і агарод»... Паказваючы сваю бібліятэку, Лёнгін гаворыць:
— Нядаўна я вычытаў, што насенне тытуню — спажыўны корм для птушкі. Пачаў даваць сваім курам. Ім, відаць, спадабалася.
Цяпер у калгасе новы старшыня, які змяніў нядбайнага Храмакова. I Лёнгін марыць:
— Я са сваёй сям'ёй у гэтым годзе даў калгасу сорак тысяч рублёў прыбытку! Калі б кожная сям'я дала хоць палову гэтага, якія мы ўсе сталі б багатыя! Са сваёй соткі я збіраю тону морквы або памідораў. Васемнаццаць вішань таксама далі тону ягад. А ў мяне зямля не лепшая, чым ва ўсім калгасе! — I дадае:— Эх, як мы зажывём, калі ўсе возьмемся за справу па-сапраўднаму!..