Так здарылася, што ў дзяцінстве Мікола застаўся сіратою. Аб яго лёсе паклапацілася Радзіма. Яшчэ ў дзіцячым доме марыў сп стаць вадалазам. Апранеш сабе скафандр і ідзеш у марскую пучыну, у няведамае царства Нептуна...
Але горкае расчараванне спасцігла Мікалая, калі яму першы раз давялося спускацца пад ваду. На яго нацягнулі пяціпудовы вадалазны касцюм-скафандр, шлем і свінцовыя галёшы, і дужы юнак ледзь перастаўляў ногі. Але адступаць не было куды, давялося лезці ў ваду, дзе яго адразу збіла цячэннем. Ён згубіў раўнавагу, перакуліўся ўверх нагамі і пайшоў на дно...
Калі Мікалая выцягнулі наверх, з яго сышло сем патоў. Навічок глянуў на гадзіннік. Пад вадою знаходзіўся ўсяго некалькі мінут, а здавалася, што цэлую вечнасць. Тады Мікалай успомніў аб вадалазах, якія праводзяць у вадзе па некалькі гадзін, аб трагічных выпадках і ўздрыгануўся. Ён упершыню зразумеў, што прафесія вадалаза — гэта подзвіг мужнасці і стойкасці.
З гадамі Мікалай Ганчароў набраў вопыту і ведаў. У якія толькі глыбіні ён ні апускаўся. За дзесяць год прабыў пад вадою больш двух тысяч з паловай гадзін!
На Балтыйскім моры падымаў са дна судны, якія затанулі ў гады вайны.
На Няве пракладваў кабель і газаправод.
На Беламорска-Балтыйскім канале рамантаваў шлюзы.
У партах будаваў сліпы.
За ўдзел у праектаванні і будаўніцтве новага тыпу абсталявання для пад'ёму суднаў маладому вадалазу Мікалаю Ганчарову ў 1952 годзе прысуджана Сталінская прэмія. На чале групы вадалазаў яго паслалі на Гродзеншчыну для аднаўлення фарватара на Нёмане.
У Нёмане тады тарчалі рэшткі маставых ферм, узарваных у гады першай і другой сусветных войнаў. Фарватар перагароджвалі затопленыя баржы. У рэчцы хавалася мноства свай, увабітых яшчэ ў пятроўскія часы. Усё дно было завалена зброяй, кінутай адступаючымі салдатамі многіх войнаў і пакаленняў. У рачных глыбінях ляжалі рэшткі ўзарваных быкоў. Таіліся міны і неўзарваныя авіябомбы. Па рацэ тады не мог праплысці ні адзін параход. I неманскі фарватар чысцілі вадалазы Уладзімір Чыміраў, Іван Ніцун і Цімур Блізнюк, якімі кіраваў Мікалай Ганчароў.
Вы плывяце ўздоўж берага і любуецеся ціхай гладдзю ракі.
Серабрацца кроплі, сцякаючы з вёслаў. Цягнуцца па цячэнню жывыя грывы водарасцяў — зялёныя, сакавітыя. Ля берага ў праменні сонца грэюцца эскадрыллі маленькіх рыбак. Зіхацяць вясёлкай перламутравыя ракавінкі.
Вы ўспамінаеце песню пра «ціхі Нёман». Вам і ў галаву не прыйдзе, што спакой гэты надта ж падманлівы. I наўрад ці вы звернеце ўвагу на невялікую баржу. На ёй гудзе кампрэсар, падаючы праз шлангі пад ваду паветра. Чалавек, які стаіць на баржы з мікрафонам у руках, падтрымлівае сувязь з вадалазамі. Ён насцярожаны. Гэты чалавек добра ведае, які Нёман «ціхі». У цёмнай глыбіні, дзе ўсё кіпіць, працуюць вадалазы. Там клубяцца вадавароты, віры, бушуюць перапады. Вада гоніць тоны пяску, коціць валуны, бярвенні. Вадалаза на кожным кроку падсцерагаюць нечаканасці. Плынь можа кінуць яго на вострыя сваі, заблытаць у дроце, абарваць шланг.
Расце індустрыяльная Гродзеншчына. Расце і аб’ём падводных работ на Нёмане. Вадалазы цяпер пракладваюць трубы, кабель, устанаўліваюць воданапорныя збудаванні. Гэтая работа пад вадой падобна подзвігу. Яна патрабуе напружання ўсіх сіл, мужнасці, спрыту.