VIII. СЁННЯШНІ ДЗЕНЬ


Каб падрабязна расказаць людзям пра Гродна, настаўніку рускай гімназіі Еўстафію Астроўскаму яшчэ да рэвалюцыі патрабавалася напісаць сем кніжак. Пазней польскі прафесар Ядкоўскі ўжо не змог ахапіць усе матэрыялы пра горад у дзесяці кніжках. Наш сучаснік прафесар Варонін выдаў у Ленінградзе таўшчэзную кнігу «Старажытнае Гродна», якая апавядае аб падзеях усяго двух — трох вякоў. Багаты сваім мінулым наш абласны цэнтр. Я паспрабую расказаць у лічбах пра яго сённяшні дзень.

Некаторыя сцвярджаюць, што лічбы нецікавая, сумная рэч. Іншыя, наадварот, гавораць, што лічба больш скажа, чым слова «шмат», «багаты», «вялікая колькасць». Але, відаць, не знойдзецца ніводнага чалавека, якога не зацікавілі б лічбы, што характарызуюць Гродна. Бо за тысячагадовую гісторыю свайго існавання такі бурлівы рост горад перажывае ўпершыню.

Наш горад раскінуўся на маляўнічых берагах Нёмана на плошчы ў дваццаць адзін квадратны кіламетр.

Даўжыня трыста пятнаццаці гродзенскіх вуліц — сто васемнаццаць кіламетраў, гэта адлегласць ад Гродна да Зельвы. Дзесяць з паловай тысяч дрэў расце на гэтых вуліцах. Плошчы двух паркаў і дзевяці сквераў — трынаццаць гектараў. Іх упрыгожваюць васемнаццаць скульптур і помнікаў.

У шасці тысячах дамах жыве каля васьмідзесяці тысяч жыхароў, а ў 1939 годзе — да ўз'яднання — іх было ўсяго сорак дзевяць тысяч ды палова з іх загінула ў вайну.

На сарака двух гродзенскіх прамысловых прадпрыемствах працуе сем з паловай тысяч рабочых. Вось што яны выпускаюць за адзін дзень:

пяць з палавінай кіламетраў тканіны,

тры тысячы пар абутку,

дваццаць шэсць тысяч бутэлек,

трыццаць восем тысяч куфляў піва,

дзесяць мільёнаў папяросаў.

У цэнтральную ашчадную касу штодзённа паступае сто тысяч рублёў зберажэнняў. Сорак паштальёнаў кожны дзень разносяць трыццаць тысяч газет і часопісаў і шэсць тысяч пісьмаў, а пяць тысяч газет і часопісаў кожны дзень прадаюць кіёскі. Па тэлефону бывае за дзень дзве тысячы міжгародніх размоў і не толькі з Масквой, Ленінградам, але і з Прагай, Варшавай, Берлінам...

Мы зайшлі ў загс. У гэты дзень у Гродна ажанілася сем пар. Восем шчаслівых бацькоў зарэгістравалі нованароджаных.

У радзільным доме нам паказалі новых грамадзян, якія з'явіліся на свет за мінулыя суткі. Над іх ложкамі вісяць дошчачкі з імёнамі пакуль што іхніх мацярок. На дошчачках яшчэ відаць лічбы. Гэта вага ў грамах. Усе восем грамадзян важаць толькі дваццаць дзевяць кілаграмаў! Але галоўны ўрач Гродзенскага радзільнага дома Павел Яфімавіч Церашкоў нас супакоіў. Ен кажа, што цяпер вага кожнага дзіцяці на трыста — чатырыста грамаў большая, чым тых, што нараджаліся восем гадоў назад.

Пры панскай Польшчы ў Гродна была толькі адна навучальная сельскагаспадарчая ўстанова... курсы кавання коней. Яе гадавы бюджэт складаў шэсцьсот злотых. Цяпер у горадзе ёсць сельскагаспадарчы інстытут. Яго бюджэт шэсць з паловай мільёнаў рублёў у год!

Да вайны ў Гродна студэнты-медыкі прыязджалі толькі на канікулы. Цяпер ёсць свой медінстытут!

У горадзе дваццаць чатыры разнастайныя навучальныя ўстановы. У іх працуе тысяча выкладчыкаў і выхавацеляў. Тысяча медсясцёр і ўрачоў сцерагуць здароўе гаражан.

Цяпер гродзенскае неба, як у Маскве і Мінску, упрыгожваюць сілуэты сталёвых кранаў. Аднойчы і мы накіраваліся да бліжэйшага будаўніцтва — жылога дома на Рабочай вуліцы. Звяртаемся да маладога хлопца з прапановай расказаць што-небудзь.

— Калі няма чаго! — саромеецца хлапец.

— Ну, хоць што-небудзь! — просім яго.— Напрыклад, сваю біяграфію...

— А ў мяне яе няма. Ну, працую кранаўшчыком будтрэста. Мне дваццаць год. Пасля заканчэння сямігодкі паступіў у будаўнічую школу. Затым будаваў Мінск. Стаў мулярам пятага разраду. Адначасова вучыўся на кранаўшчыка, здаў экзамен, і мяне паслалі ў Гродна. Тут далі кран, на ім і працую. План выконваю на дзвесце сорак працэнтаў, зарабляю калі тысячу чатырыста, калі паўтары. Збіраюся паступіць у вячэрнюю школу. Вось і ўсё! А зваць мяне Віктар Сіняўскі.

— Ну, яшчэ што-небудзь раскажы, Віця!

— А што яшчэ. Здаецца, зусім нядаўна я з зайздрасцю глядзеў на мінскага кранаўшчыка, а сёння з пляцоўкі ўжо на мяне таксама глядзяць тутэйшыя хлопцы. Прафесію сваю люблю. Ды і як не любіць! У тваім распараджэнні вялізны кран. Лёгкі рух рукі, і агромністая страла са стальнымі тросамі робіцца паслухмянай, быццам яна зраслася з тваімі нервамі і мускуламі.

Нясеш у катлаван першыя бетонныя блокі, укладаеш. Брыгадзір Саша Трашкоў ужо мосціць на іх цэглу.

— Саша, глядзі, што мы знайшлі! — крычаць яму дзяўчаты-падсобніцы і паказваюць падкову.

— Давай сюды,— гаворыць ён і кельмай замуроўвае падкову ў сцяну,— на шчасце навасёлам!

А знізу толькі і чуеш:

— Віця, цэглу!

— Віктар, панелі давай!

— I вось пройдзе месяц-другі, вырасце дом. Выведуць кроквы, накрыюць. А потым і шчаслівыя навасёлы з'явяцца. Табе і сумна раставацца з будынкам, у які ты ўклаў сваю душу, і радасна, што зрабіў людзям нешта прыемнае, карыснае.

Вось якая ў нас у Гродна моладзь.


Загрузка...