Дзейнічаюць:
ЮРКА
ЦЁТКА ТЭРЭСА
БАЦЬКА
МАЧАХА
ДВА АНЁЛЫ
ТВАРЭЦ
МАЦІ (голасам)
ВЯДУЧЫ
ВЯДУЧЫ. На зялёным грудку, дзе рос сівец, стаяла Хвоя. Хіба толькі той не любаваўся ёю, хто пазіраў больш уніз, як угору. Адзінота налажыла на яе след сумнай задумы, і прыгожая Хвоя заўсёды сумавала. Аб чым? Трудна сказаць. І толькі зрэдку, на ўсходзе сонейка, ад яе патыхала ціхай ласкай і радасцю. Да яе не раз прыходзіў малы Юрка.
Да адзінокай хвойкі падыходзіць Ю р к а.
ЮРКА. Была ў мяне мамка, ды захварэла цяжка. Перш ляжала дома, пасля ў царкве, а потым панеслі яе кудысьці... І дзе яна цяпер? Скажы, хвойка! (Паўза.) Не кажа... Мабыць, не ведае.
Паказваецца Ц ё т к а Т э р э с а.
ЦЁТКА ТЭРЭСА (кліча). Юрка!.. Юрка!..
ЮРКА. Цётачка Тэрэса ідзе!
ЦЁТКА ТЭРЭСА. І куды ты падзеўся, Юрка? Вочы прагледзела, а цябе няма і няма. Што ты тут робіш?
ЮРКА. З хвойкай размаўляю. Добра тут. Сонейка, матылькі лятаюць...
ЦЁТКА ТЭРЭСА. Малым дзецям нельга адыходзіцца гэтак далёка.
ЮРКА. Я не малы. (Сумна.) Цётачка Тэрэса, скажыце, а куды падзелася мая мама? Чаму яе няма?
ЦЁТКА ТЭРЭСА. Твая мама пайшла далёка-далёка, але скора вернецца. З гасцінцам для цябе.
ЮРКА. Праўда?
ЦЁТКА ТЭРЭСА. Праўда, праўда… А калі ты будзеш плакаць, то яна можа табе гасцінец і не аддаць.
ЮРКА. Не буду болей плакаць. Буду мамку чакаць з гасцінцам. (Скача ад радасці, потым задумваецца.) А ў які бок пайшла мая мама?
ЦЁТКА ТЭРЭСА (паказвае). А за гэты ўзгорак, дзе хвойка расце.
Хадзем дадому, хлопчык.
ВЯДУЧЫ. Нярадаснымі былі дзіцячыя гады сіраты. І калі надараліся светлыя хвіліны, то за іх ён павінен сказаць дзякуй цётачцы Тэрэсе.
У хату да Цёткі Тэрэсы заходзіць Юрка.
У куце вісіць абраз Божай Маці.
ЦЁТКА ТЭРЭСА. Ідзі сюды, Юрка, пашкадую цябе… (Абняла.) Зноў да хвойкі наведваўся?
ЮРКА. Я там трошачкі пабыў. Трошкі-трошкі!
ЦЁТКА ТЭРЭСА. Хадзі, дзеткі, да стала. Выпі малачка, каток.
ЮРКА. Я не каток, я хлопчык.
ЦЁТКА ТЭРЭСА. Сірацінка мая гаротная... (Абдымае яго.) Навіна ёсць, Юрка.
ЮРКА. Якая навіна?
ЦЁТКА ТЭРЭСА. У цябе зноў будзе мама.
ЮРКА. Вернецца, так? З гасцінцам? (Радуецца.)
ЦЁТКА ТЭРЭСА. Другая ў цябе будзе мама, дурненькі. Новая.
ЮРКА. Не хачу я чужой мамы! Я сваю чакаць буду.
Цётка выцірае фартухом вочы.
У хаце Юркі. Стол з бутэлькамі і караваем. За сталом Б а ц ь к а з пышнай маладзіцай, перад імі стаіць пануры Юрка.
Чуваць галасы гасцей.
БАЦЬКА. Вяселле ў нас, Юрка. Садзіся, госцем будзеш.
Юрка не скрануўся з месца. Бацька працягвае яму шклянку.
На, хлабысні.
ЮРКА (пакаштаваўшы). Горкая і смярдзючая. Я гэта піць не буду.
БАЦЬКА (смяецца). Што ты разумееш, малеча!
МАЧАХА. Падрасце – рассмакуецца…
БАЦЬКА (Юрку). Ну, пакажы, дзе твая мама?
ЮРКА. Мая мама па гасцінец пайшла і хутка вернецца.
БАЦЬКА (паказвае на Мачаху). Вось твая мама!
ЮРКА. Гэта не мама, а Параска Дзяцел, наша суседка.
БАЦЬКА. Не заві яе больш Параскай. Мамай заві! А то папружкі паспытаеш.
МАЧАХА. Бачыш, неслух які… Упоперак бацьку становіцца…
БАЦЬКА. Нічога, я яго навучу. Вось табе, вось! (Ганяецца за сынам з папружкай.)
ЮРКА. Параска яна, Параска, а не мама мая!.. (Уцякае.)
ВЯДУЧЫ. Так і рос ён – нялюбым, закінутым хлопчыкам, без ласкі і прывету. Бывае, і пакарміць яго забывалі. Падаўся неяк Юрка ў каморку.
У каморцы. На сцяне вісіць кумпяк. На паліцах – збанкі і кашолкі.
ЮРКА. Цёмна тут, як у склепе. Мышы скрабуцца… Што б гэта з’есці, пакуль нікога дома няма? А, ведаю! Тут стаяў збан з малаком. Адап’ю крышачку, ніхто і не заўважыць. Дзе ён, той збанок?
Юрка шукаў, шукаў збан, а потым незнарок скінуў яго з паліцы.
Збан разбіўся.
ЮРКА (паднімаючы чарапкі). Авой, разбіўся! І не хацеў, а шкоду зрабіў! Цяпер біць мяне будуць, у кут паставяць… Лепей зусім не выходзіць з гэтай каморкі. Пакуль агледзяцца…
Юрка кладзецца на паліцу і засынае.
ВЯДУЧЫ. І сніцца хлопчыку незвычайны сон, нібыта на небе хочуць разабрацца – вінаваты Юрка ці не.
А н ё л ы трубяць у трубы. Мудры Т в а р э ц па лесвіцы сыходзіць на зямлю. Мачаха стаіць з папружкай.
Юрка сцяўся і чакае пакарання, са страху закрыў твар рукамі.
За ўсім назіраюць Цётка Тэрэса і два а н ё л ы – перажываюць за хлопчыка.
ЮРКА. Што цяпер са мной будзе?..
ГОЛАС МАЦІ. Не бойся, сынку, я з табою!
МАЧАХА (Тварцу). Неслух ён, Божа! Робіць абы-што, лазіць абы- дзе. Бачыш, збан растоўк, ды яшчэ з малаком!
ТВАРЭЦ. Збан разбіў? З малаком? Ай-яй-яй…
ГОЛАС МАЦІ. Не хацеў ён! Незнарок разбіў, бо згаладаўся.
ТВАРЭЦ (урачыста). А мы зараз праверым, ці вінаваты гэты хлопчык. (Мачасе.) Параска, нясі сюды цэлы збан.
Мачаха тарабаніць вялізны збан.
Калі ён сапраўды вінаваты – застанецца ў гэтым збане, калі невінаваты – вылезе з яго.
Тварэц кідае Юрку ў збан. Анёлы спалохана ахнулі.
ЦЁТКА ТЭРЭСА. Бедны хлопчык!
МАЧАХА. Так яму і трэба.
1-ы АНЁЛ (лётаючы, зазірае ў збан). Глыбака… Мабыць, не вылезе.
2-і АНЁЛ. Думаю, выберацца. Паглядзіш, выберацца!
ТВАРЭЦ. Не замінайце, служкі мае нябесныя!
ЦЁТКА ТЭРЭСА. Хоць бы выбраўся… (Ціха плача.)
ГОЛАС МАЦІ. Не здавайся, дзіцятка маё! Я з табою!
Гучыць чуллівая мелодыя трубы. Усе напружана чакаюць.
Раптам са збану на крылцах вылятае Юрка.
Усеагульны ўздых палёгкі.
ЮРКА. Не вінаваты я!
АНЁЛЫ. Не вінаваты!
ГОЛАС МАЦІ. Не вінаваты!
ЦЁТКА ТЭРЭСА. Дзякуй Богу, апраўдалі!
Юрка скача на краёчку збана. Анёлы абдымаюцца ад радасці.
Тварэц з усмешкай закрывае заслону.