Як ліска зайца абдурыла


Сцэнічны жарт для дарослых

Дзейныя асобы:

ЛІСКА РЫЖЫКАВА

ЗАЙ БЯЛЕВІЧ


На палянцы восеньскага лесу мы бачым (у разрэзе) лазовы дамок З а я Б я л е в і ч а. Гаспадар у добрым гуморы рассеўся ў крэсле і чытае газету «Навіны лесу».


ЗАЙ. Ну, што ў нас новенькага? Так… Мядзведзя выбралі спікерам ляснога парламенту… Даўно пара. Вавёрка стала эстраднай зоркай і развялася з мужам… Ліса шукае працу. (Углядаецца.) Не можа быць. Ліса? Хоча быць нянькай для куранят?! Ваўка, інспектара ДАІ, арыштавалі за хабар. Ну, калі іх за гэта арыштоўваць, то мы застанемся без…


Нягучны стук у дзверы (яны адсоўваюцца ўверх, як вароты ў гаражы).

Гэта Л і с к а Р ы ж ы к а в а – з тых, што ў стане вечнай маладосці.


Госці нібыта… (Вызірае ў акно.) О не, рыжую я не ўпушчу…

ЛІСКА. Адчыні, калі ласка. Я ж ведаю, што ты дома. Маю адну дужа дзелавую прапанову.

ЗАЙ. Ведаю я, Рыжыкава, твае прапановы. Усё роўна абдурыш.

ЛІСКА. Як кепска ты пра мяне думаеш. А мы з табой у адным класе вучыліся, за адной партай сядзелі…

ЗАЙ. Ну, сядзелі, ну і што? Бо ты на першай парце круцілася, вось цябе на галёрку і пасадзілі. Да мяне. І ты ўвесь час у мяне спісвала.

ЛІСКА (убок). І пяцёрачкі атрымлівала! (Заю.) Такая восень золкая… Зноў дождж пачынаецца, футрачка мая намокне… (Абтрасаецца.) А з мокрай футрай я падобна на бяздомную кошку.

ЗАЙ. Прабач, Рыжыкава, але я не вінаваты, што ты ніяк жытла сабе не збудуеш. Дарэчы, дзе ты падзела грошы, заробленыя на конкурсах прыгажосці? Ты ж на адным другое месца заняла, наколькі мне вядома.

ЛІСКА. Ой, калі гэта было?! Ты б яшчэ мінулагодні снег успомніў.

ЗАЙ. Дарэчы, пра снег. Я адну рэч заўважыў: прыходзіш ты да мяне выключна з наступленнем халадоў.

ЛІСКА. Гэта проста жорстка – напамінаць мне пра зіму.

(Шморгае носам.) Дазволь хоць нос пагрэць, Бялевіч.

ЗАЙ. Угаварыла. Але толькі нос, дамовіліся?


Зай крыху паднімае дзверы. Ліса прасунула галаву ў праём і закрыла вочы ад асалоды.


ЛІСКА. Ах, як у цябе хораша, як утульна… Мой нос табе дужа ўдзячны. Добрая ў цябе душа, Бялевіч!

ЗАЙ. Сам ведаю, што добрая.


Уключае прыёмнік, гучыць лірычная мелодыя.


ЛІСКА. А памятаеш, як мы на экскурсію ў пушчу ездзілі ды заблудзіліся там з табою?

ЗАЙ. Зубра спалохаліся…

ЛІСКА. Ты быў проста героем: стаў грудзьмі на маю абарону. Дай я табе за гэта лапу пацісну. (Трасе Заю лапу.) А лапу мне пагрэць можна? Адну толькі. Левую ці правую – выбірай.

ЗАЙ. Мабыць, лепей… Сам не ведаю, ад якой меней шкоды. Хай будзе левая.

ЛІСКА. Пашанцавала маёй левай лапе. Вязунчык яна ў мяне. Ты памятаеш, што я ляўша, а? (Уздыхае.) А правая крыўдзіцца.

ЗАЙ. Што?

ЛІСКА. Кажу, што правая мая лапка таксама хоча ў цеплыню.

ЗАЙ. Так ты ўся сюды прасочышся.

ЛІСКА (убок). А няўжо ж… Абавязкова. (Заю.) Калі адна лапа цёплая, а другая халодная, то можа прыкінуцца запаленне.

ЗАЙ. Хітрасці запаленне, ці што…

ЛІСКА. Не, я сур’ёзна. А ты ведаеш, Бялевіч, дзе ў нас знаходзіцца “трэцяе вока”?

ЗАЙ. Не чуў я пра такое. (Выключае прыёмнік.)

ЛІСКА. Вось тут (паказвае), прама пасярод лобу.

ЗАЙ. Ну і што?

ЛІСКА (хіхікае). А тое, што мае лапкі хочуць быць разам. (Залезла ў домік з лапамі.)

ЗАЙ. Эй, Рыжыкава, мы так не дамаўляліся! А ну, вылазь.

Вылазь, пакуль я харошы!

ЛІСКА. А хочаш, я табе па лапе пагадаю. Будучыню табе прадкажу.

ЗАЙ. Я і сам усё наперад ведаю. Хутка зіма будзе, а за ёй вясна.

ЛІСКА. Жыццё непрадказальнае, Бялевіч… Давай, давай лапу.

(Разглядае лапу зайца.) Лінія жыцця ў цябе выразная, доўгая. Доўга жыць будзеш. А лінія розуму… (Спахапілася.) І яна ніштаватая. А вось наконт кар’еры не ўпэўнена. Не, здаецца, і кар’еру зробіш.

ЗАЙ. Маніш ты, рыжая.

ЛІСКА. Што ні кажы, а галоўнае – гэта асабістае жыццё. Сам ведаеш, у мяне яно не склалася. З мужам развялася, дзетак бог не даў… А я, між іншым, пірагі ўмею пячы. Не адну шарлотку, як некаторыя. З грыбамі, з яйкамі, з капустаю…

ЗАЙ. Капуста такой парою – дыфіцыт.

ЛІСКА. А чаго я прыйшла? Я і хацела табе прапанаваць: давай створым фірму па продажы капусты.

ЗАЙ. А дзе мы яе возьмем, тую капусту?

ЛІСКА. На полі, дзе. Наладзім нарыхтоўку на зіму.

ЗАЙ. Насушым, ці што?

ЛІСКА. Тэхналогія – мой клопат. А твая справа – зарэгістравацца. У нас тут – у цябе, дакладней – офіс будзе. Улады зусім звар’яцелі: без офісу цяпер ліцэнзію не выдаюць.

ЗАЙ. Ага, падаткі як заплоціш – зубы на паліцу пакладзеш.

ЛІСКА. Дзіўнае ў мяне становішча, Зай. Пярэдняя частка тулава – у раі, а задняя нібыта ў пекле. Мерзне, бедненькая, пакутуе... Яшчэ б заднюю лапу прыстроіць. Век богу за цябе маліцца буду.

ЗАЙ. Першы раз чую, што ты маліцца ўмееш. (Задумаўся.) А якому богу – лісінаму ці зайчынаму?

ЛІСКА. Бог адзін, Бялевіч, гэта я табе аўтарытэтна заяўляю. Ну, а калі ты асцерагаешся авантуры з капустай, то я маю яшчэ адну задуму: давай адкрыем астралагічную школу. (Крыху пасунулася ў дамок.)

ЗАЙ. У мяне, Рыжыкава, ад тваіх прапаноў дах едзе. Ты, аказваецца, не толькі хірамантка, але, да таго ж, і астролаг!

ЛІСКА. Мяне, даражэнькі, само жыццё вучыла, і вучыла шмат чаму. Я нават піфагораву матрыцу магу табе скласці.

ЗАЙ (выціраецца ручніком). Аж узмакрэў я ад тваіх праектаў.

ЛІСКА. Скажы толькі дакладны год, месяц і дзень тваіх народзінаў.

ЗАЙ. Маю метрыку маці згубіла, калі за ёй сабака гнаўся.

ЛІСКА. І што, зусім не ведаеш? (Прасунулася ў дамок амаль уся, адно хвост знадворку.)

ЗАЙ. Прыблізна толькі.

ЛІСКА. Шкада. Астралагічная школа, лічы, накрылася. Адно застаецца…

ЗАЙ. Што?

ЛІСКА (горача). Цяпер гэтым усе займаюцца. Біядабаўкі. Жывыя грошы. Увесь лес вітамінамі засыплем. Пачысцім у звяроў кішэчнікі, нармалізуем абмен, палепшым кроў… (Азірнуўшыся, ціха.) Хвосцік, пачакай, ужо мала засталося…


Зай раптам абвяў – страціў прытомнасць. Ліска кінулася яго ратаваць і ўся аказалася ў дамку. Пырскае на яго вадой, расцірае скроні.


Што з табой?

ЗАЙ (слаба). Ты знарок… пра кроў… А?

ЛІСКА. Даруй, даражэнькі! Я зусім забылася, што ты не пераносіш гэтага слова… А хочаш, я зраблю табе масаж?

ЗАЙ. Яшчэ і масаж! Хопіць з мяне! Капуста, астралогія, дабаўкі… Дурдом нейкі.

ЛІСКА. Валяр’янка трэба. (Ўкладвае яго на канапу, сама размясцілася побач.) А прызнайся, любы, у шостым класе я табе падабалася.

ЗАЙ. І ў шостым, і ў сёмым… Грыўка ў цябе была такая, смешная…

ЛІСКА. Эх, дзе яна, маладосць?… Час ляціць… (Пафасна.) Але нават час не ўладны над сапраўднымі пачуццямі.

ЗАЙ (расчулена). Дай абніму цябе, рыжая… Што ні кажы, а другой такой у лесе не знойдзеш.

ЛІСКА. Гэта праўда. (Адсоўваецца, пераходзіць на дзелавы тон.) Што за камод старасвецкі? Бабулін, ці што? Дзе ты такія бачыў цяпер? І люстра гэтая ні к сялу, ні к гораду. Павесім бра. Фэн-шуй, даражэнькі, трэба паляпшаць.

ЗАЙ. Фэн – што?

ЛІСКА. Як, ты не чуў пра фэн-шуй?! Усе толькі і гавораць: “Фэн- шуй, фэн-шуй”… Усе літаральна на ім памяшаліся. Ты што, кітайскі народ не паважаеш? (Праходжваецца.) Шторы закажам сучасныя, на Жданах. З фальбонамі. Званочкаў усходніх навешаем і ладанам усё гэта абкурым. Будзе поўны адпад!

ЗАЙ. Ладанам? Абкурым? О-о-о… (Зноў абсоўваецца.)

ЛІСКА. А каб ты не думаў, што ўсё гэта занадта дорага, – сукенку возьмем на пракат.

ЗАЙ (паднімаецца). Даруй, а нашто сукенка?

ЛІСКА (цалуе яго ў лоб.) На вяселле, разумненькі ты мой. (У залу.) Адзін у майго мужа недахоп: даверлівы надта…


Гучыць марш Мендэльсона.


ЗАСЛОНА

Загрузка...