Дзейныя асобы:
АСА
ПЧОЛКА
МАТЫЛЬ
СМОЛКА, МЕДУНІЦА,
РАМОНАК ЗВАНОЧАК, іншыя кветкі;
КАРОВА
Квітнеючы луг. На сонца напаўзае хмара. П ч о л к а ў фартушку і з вядзерцам заклапочана пазірае на неба.
ПЧОЛКА. Хмара… Каб знаў не намокнуць. А ў маім вядзерцы – в на дне.
З’яўляецца А с а ў какетлівым празрыстым жоўтым уборы і з сумачкай.
АСА. Усё шчыруеш? Адпачыла б, сяброўка.
ПЧОЛКА. Адпачну, як сонца зойдзе.
АСА. Прырода проста звар’яцела. Лета – не лета і зіма – не зіма… Так яны ўвогуле могуць зраўняцца, і тады настане альбо суцэльная позняя восень…
ПЧОЛКА. Альбо ранняя вясна, калі і холадна, і голадна…
АСА. І тое, і другое кепска. Нам, легкакрылым, нельга без цяпла і сонца.
ПЧОЛКА. І без працы таксама.
АСА. Гледзячы якой. Калі з рання да цямна – прабачце, я не рабыня Ізаўра.
ПЧОЛКА. Кожнаму – сваё (уздыхнула).
АСА. Я ж табе прапаноўвала – падпішыся пад мяне, створым цэлую сетку. Дабаўкі – гэта залатое дно! Падпішашся?
ПЧОЛКА (пазіраючы ўгару). Капае.
АСА. Табе здалося.
ПЧОЛКА. А я гавару – капае. Во, глядзі… Давай перачакаем.
Яны хаваюцца пад лапух, пры гэтым Аса зачапілася і парвала спаднічку. А-а, блін! Першы раз апранула, можна сказаць!
ПЧОЛКА. Па шву парвалася, зашыеш.
АСА. Я не з тых, хто зашывае падранае. Не каралеўская гэта справа.
ПЧОЛКА. Я і калготкі ўвесь час зашываю…
АСА. А я зноў на дыету села.
ПЧОЛКА. І што?
АСА. Ужо ёсць вынікі. Талія стала вузей на паўсантыметра!
ПЧОЛКА. Так пераламацца можна…
АСА. Хутчэй ты пераломішся, цягаючы свае вёдры… Кожнай кветцы кланяцца – не, гэта не па мне.
ПЧОЛКА. Калі трэба, то і пакланюся. З мяне шапачка не ўпадзе.
АСА. Нездарма цябе кветкі гэтак любяць. (Паўза.) Дарэчы, ці чула? У іх там скандал: Матыль са Смолкай разышліся.
ПЧОЛКА. Разышліся ці развяліся?
АСА. Спытай у іх.
ПЧОЛКА. Ёсць у мяне час у чужое жыццё лезці!
АСА. Ну так. Тут бы сваё да давесці ладу. (Паўза.) Зірні, ідуць! Лёгкія на паміне. (Прыхоўваюцца.)
Ідуць С м о л к а і М а т ы л ь. Трымаюцца адчужана,
Смолка ўсхліпвае.
СМОЛКА. Дзе мае вочы былі? Чым я думала?
МАТЫЛЬ. Чым, чым… Тым жа, чым усе закаханыя думаюць.
СМОЛКА. Лета толькі пачалося, а жыццё ўжо сапсаванае…
МАТЫЛЬ. Бо ліпучая занадта.
СМОЛКА (абураная). Я, я ліпучая?! Я Смолка, а не ліпучка! Ты сам мне праходу не даваў! Дзень і ноч чапляўся! Ды я расцвісці толкам не паспела, як ты аднекуль зваліўся на маю галаву!
МАТЫЛЬ. Правільна. Мяне карова хвастом збіла, вось і зваліўся. Я зусім не цэліўся, каб упасці акурат на цябе.
Аса з Пчолкай ціха смяюцца, заціскаючы раты.
СМОЛКА. Выхадзіла яго, вылечыла, адкарміла… І во – падзяка!
Вер пасля гэтага мужчынам.
МАТЫЛЬ. А-а, з табой гаварыць!.. (Збіраецца пайсці.)
СМОЛКА. Давай, давай! Бяжы да сваёй паласатай! Даўно цябе чакае.
ПЧОЛКА (штурхае Асу ў бок, шэптам). Пра цябе.
АСА. Ціха!
СМОЛКА. Тая непераборлівая, усе ведаюць...
ПЧОЛКА (скрозь зубы). Ты мне адкажаш, даражэнькая, за такія словы...
СМОЛКА. Але там не разгуляешся! Там цябе ўміг запрагуць і ваду вазіць будуць. Калі чмяля па руках-нагах скруціла, то цябе…
МАТЫЛЬ (пацепваецца). Усе вы добрыя. Пакуль спіцё.
ПЧОЛКА (шэптам). Чыстая праўда!
СМОЛКА. З-за каго я плакала? З-за каго слёзы ліла?
МАТЫЛЬ. Ты ў мяне пытаешся?
СМОЛКА. У госпада Бога.
МАТЫЛЬ. Дык ён няхай і адказвае. А не магу тут болей з табою мокнуць.
Матыль залазіць пад лапух – і натыкаецца на Пчолку з Асою.
АСА (шыпіць). Ану вымятайся адсюль!
ПЧОЛКА. Ён жа намокне.
АСА. Як намокне, так і высахне. А мне лішнія сцэны не да чэго.
ПЧОЛКА. Раней ты не баялася ніякіх сцэн. Сама іх устройвала.
МАТЫЛЬ. І якія!
Смолка пачула шэпт і зазірнула пад лапух. Пры гэтым згледзела, як Матыль абшчаперыў талію Асы.
СМОЛКА. А-а, тут цэлае асінае гняздо! Акапаліся!
МАТЫЛЬ. Я паляцеў. (Знікае.)
ПЧОЛКА (вызіраючы). Ды ўжо няма ніякага дажджу. (Выходзіць са сховішча.) Ой, вядзерца забылася! (Бярэ вядзерца і пачынае працаваць.)
Аса робіць выгляд, што цалкам занята сваёй сумачкай.
СМОЛКА (пагрозліва). Вы чым там займаліся?
АСА (нявінна). З Пчолкай?
СМОЛКА. У некаторых істотаў сумлення ні вось столечкі (паказвае). Ні грама, ні паўграма...
АСА. Пры чым сумленне, калі жыццё кароткае? Колькі таго лета! І ўвогуле... Ёсць навіна, для некаторых непрыемная. Заўтра пачынаюць касіць луг.
СМОЛКА. Заўтра?!
АСА. А што? Даўно пара. Ну, мне пара, дарагуша. (Пайшла, напяваючы “Вот и лето прошло, словно и не бывало”...)
Р а м о н а к з М е д у н і ц а й прыселі на траву. Рамонак з блакнотам і гусіным пяром.
РАМОНАК (натхнёна). “Медуніца, медуніца, непагоды не баіцца...” Ну як?
МЕДУНІЦА. Гучыць-то хораша... Але як з праўдай жыцця? Мы, кветкі, баімся і граду, і спёкі, і каровы...
РАМОНАК. Ды ўсяго мы баімся. Але ж гэта, зразумей, проза. А паэзія... Паэзія – гэта калі ты адкрыты цэламу свету... Разумееш? Вось так, (паказвае) наросхрыст.
МЕДУНІЦА. Глядзі, прастудзішся...
РАМОНАК. Не перабівай. (Думае.) “Медуніца, медуніца, ты на лузе, як царыца”. Во, знайшоў!
МЕДУНІЦА. Зноў хораша. І зноў няпраўда. Царыца – гэта калі півоня альбо вяргіня, а я простая лугавая кветка.
Ідзе ўсхваляваная Смолка.
СМОЛКА (сама сабе). Не можа быць!.. Не можа быць!..
МЕДУНІЦА (жартам). А я лічу, што вельмі нават можа. (Смолка не рэагуе.) Эй, Смолка!
РАМОНАК (шэптам). У яе стрэс на любоўнай глебе.
МЕДУНІЦА . На голы лес, гэтыя стрэсы…
СМОЛКА (сабе). Сто нязробленых спраў… А я як апошняя дурнічка… раскісла... разнюнькалася... Перад кім?
МЕДУНІЦА. Зусім, бедная, не ў сабе…
СМОЛКА (як прачнуўшыся). Дзе наш ціхоня?
МЕДУНІЦА. Хто?
СМОЛКА. Званочак. Ён у нас адказвае за апавяшчэнне.
РАМОНАК. Што здарылася?
МЕДУНІЦА. Штосьці, відаць, сур’ёзнае...
СМОЛКА. Вечарам збіраем актыў. Будзе сход. (Рамонку.) Збяры ты, калі ласка.
Набліжаецца Пчолка з вядзерцам, нагінаецца да кожнай кветкі.
Медуніца падбегла і абняла яе.
МЕДУНІЦА. Добры дзень, працаўніца ты наша!
ПЧОЛКА. План павялічваюць і павялічваюць… (Кветкам.) Вы сёння пылок здавалі?
МЕДУНІЦА. Здавалі.
РАМОНАК. А я не ахоплены.
МЕДУНІЦА (Рамонку). Табе што сказалі? Бяжы, збірай народ.
ПЧОЛКА. А што такое?
СМОЛКА. Дужа непрыемная навіна. Пакуль сказаць не магу.
ПЧОЛКА. Хто паведаміў?
СМОЛКА. Твая прыяцелька… ў палоску.
ПЧОЛКА. Аса? Дзіўна, а мне яна ні слова… Дзіўна... (Пайшла.)
СМОЛКА (сабе). Значыць, і Матыль ведаў. Ведаў – і не сказаў.
Чакайце, я зараз. (Некуды падалася.)
Матыль бесклапотна сядзіць на траве і жуе травінку.
Бяжыць Смолка.
СМОЛКА (задыхаецца ад гневу). Ты… ты… Ты проста нягоднік!
(Замахваецца на яго.)
МАТЫЛЬ (усхапіўся). Лягчэй на паваротах!
СМОЛКА. Ты ведаў! Ведаў і не папярэдзіў! Ты… ты…
МАТЫЛЬ. Што я ведаў?
СМОЛКА. Што заўтра луг пачынаюць касіць.
МАТЫЛЬ (агаломшаны). Заўтра? Не можа быць.
СМОЛКА. Хочаш сказаць, што першы раз чуеш? Не выкруцішся, даражэнькі! Ты ведаў! Вы нездарма там пад лапухом шапталіся…
МАТЫЛЬ. Хто шаптаўся?
СМОЛКА. Значыць, так. Мы аб’яўляем табе байкот. Не смей набліжацца ні да якай кветкі.
МАТЫЛЬ. Ты мяне і так з усімі на лузе пасварыла. Захацела быць адной-адзінай… Ты думаеш, што калі цябе выбралі ў лугавую раду…
СМОЛКА. Нічога я не думаю.
МАТЫЛЬ. Ды і не косяць каторы год. Няма кароў – не трэба сена.
Паблізу чуваць працяглае “Му-у-у…”
СМОЛКА. Парнакапытнае! Накаркаў!
МАТЫЛЬ. Ідзе сюды.
З’яўляецца К а р о в а. Яна на прывязі і рухаецца па крузе.
МАТЫЛЬ (Смолцы). Хавайся! (Карове, паважліва.) Добрага здароўя вам!
КАРОВА. Не скарджуся, дзякуй богу!
МАТЫЛЬ. Чаму адны тут пасіцёся?
КАРОВА. А я гаспадарская, на вольным выпасе. Праўда, які ён вольны? (Паказвае на вяроўку.) А мне расказвалі, што ў свеце яшчэ ёсць такія запаведныя мясціны, дзе каровы самі пасуцца ўсё лета і нават рэчкі пераплываюць.
МАТЫЛЬ. Байкі!
КАРОВА. Мая гаспадыня граматная, усё ведае.
МАТЫЛЬ. А вы не чулі, выпадкам, што заўтра луг касіць збіраюцца?
КАРОВА (хітае галавой). Не можа быць. Навошта яго касіць, калі ёсць я? Я тут прывыкла: і трава сакавітая, і цянёк ёсць… За дзень добрую лапіну апрыходую...
Смолка высунулася з-пад куста, слухае.
МАТЫЛЬ (робіць знакі). Знікні! (Карове.) Спытайце ў сваёй граматнай бабулі, можа, яна ведае.
КАРОВА. Люблю паважлівае абыходжанне. Малачка хочаш?
МАТЫЛЬ (аблізваючыся). Не-а. Нельга мне. Алергія.
КАРОВА. Ну глядзі. А я спытаю абавязкова. (Знікае з вачэй.)
Бягуць Рамонак са З в а н о ч к а м.
РАМОНАК (Смолцы). Усіх паклікалі! Усе будуць!
ЗВАНОЧАК (звоніць). Рада на захадзе сонца! Рада на захадзе сонца! (Пабеглі далей.)
СМОЛКА. Каб ведала, што так мала часу засталося… Навошта ўсё гэта – сваркі, рэўнасць, непаразуменні, калі заўтра мы можам не прачнуцца?
МАТЫЛЬ. А можа й пранясе.
СМОЛКА. Табе – што? На іншы луг пераляціш, знойдзеш яшчэ адну... ліпучку. Прыстойны мужчына, дарэчы, даўно б папрасіў прабачэння. (Матыль маўчыць.) Ну, твая справа. Бывай! (Пайшла.)
МАТЫЛЬ (сабе, гледзячы на гадзіннік). У пяць спатканка з Асою.
І што ёй трэба ад мяне? Аса так проста не прызначыць.
Аса на арэлях, Матыль яе злёгку гайдае.
АСА. Нейкі доўгі сёння дзень. Ну проста бясконцы.
МАТЫЛЬ. Гэта ад незанятасці.
АСА. Не скажы. Масаж, манікюр, педзікюр... Табе падабаецца новы колер маіх валасоў?
МАТЫЛЬ. Колер як колер.
АСА. Ад цябе, бачу, камплімента не дачакаешся. (Паўза.) А праўда, што ты сваю справу распачынаеш?
МАТЫЛЬ. Што за луг! Усе пра ўсё ведаюць!
АСА. Вытворчасць капялюшыкаў для кветак – гэта класная задума.
МАТЫЛЬ. Праўда? Табе падабаецца мая ідэя?
АСА. Я проста ў адпадзе. Нават больш. Магу аказаць пасільную дапамогу.
МАТЫЛЬ. Якую?
АСА. Буду мадэллю ў тваім атэлье. Трэба ж некаму дэманстраваць твае модныя вырабы. А мне ў гэтай справе роўных няма, скажу без лішняй сціпласці. А не, дык займуся рэкламай… А магу і бухгалтэрыю весці… Што скажаш?
МАТЫЛЬ. Я падумаю. (Перастае гушкаць.)
АСА (неахвотна злазячы з арэляў). Парыць. (Пазяхнула.) А што гэта кветкі нейкія ўстрывожаныя?
МАТЫЛЬ. У іх перапалох: нібыта заўтра пачатак касьбы.
АСА (прытворна). Не можа быць!
МАТЫЛЬ. Так нечакана… І для каго я капялюшыкі буду вымоджваць?
АСА. Жыццё, дарагі мой, непрадказальнае. Чакаеш аднаго, а адбываецца зусім іншае. Не люблю я, папраўдзе, аднастайнасці. Люблю, каб усё кіпела, віравала... У-у-у!
МАТЫЛЬ. Цікава, адкуль пайшла пагалоска пра касьбу?
АСА (задумалася). Напэўна, ад каровы.
МАТЫЛЬ. Я пытаўся. Тая не ў курсе.
АСА. Можа прыснілася якой кветцы… Яны ж такія эмацыянальныя, такія чуллівыя… Яшчэ вырашаць на сваёй радзе, што лепш дабраахвотна здацца карове, чымся пайсці пад касу.
МАТЫЛЬ. Карове? Навошта карове?
АСА. А каму яшчэ патрэбны гэтыя лугавыя зёлкі? Сам бачыш: аніякія! Ну, у нас з табою няма падстаў для панікі. Калі што – паляцім на суседні луг.
МАТЫЛЬ. Прабач, пагаворым другім разам.
АСА. Ведаеш, а давай злятаю ў вёску і пра ўсё даведаюся.
МАТЫЛЬ. А што? Гэта ідэя.
АСА. Пакуль! (Паляцела.)
Заходзіць сонца. Смолка, Рамонак, Медуніца, Званочак і іншыя кветкі сабраліся на сход. Раз-пораз непадалёку мыкае Карова.
СМОЛКА. Больш нікога чакаць не будзем.
ЗВАНОЧАК. І не трэба. Хто хацеў, той прыйшоў.
СМОЛКА. Дарагія паплечнікі і сябры! (Асеклася.) Што гэта я? Як з трыбуны. Адным словам, я вас не абрадую: заўтра пачнуць касіць наш луг.
УСЕ РАЗАМ. Луг! Касіць! Заўтра!
МЕДУНІЦА. Не можа быць!
РАМОНАК. Абсурд. Мы ж яшчэ і сілы як след не набралі…
МЕДУНІЦА. І не расцвілі толкам...
РАМОНАК. А ў мінулым годзе, кажуць, наш луг увогуле не касілі.
ЗВАНОЧАК. Бо калгас на ладан дыхаў.
РАМОНАК. Не мог жа ён год канаць – і раптам ўзяцца за касьбу!
СМОЛКА. “Мог”, “не мог”… Дзіцячы нейкі лепет. Такое было і будзе. Мы высахнем на сонцы і ляжам у адзін сухі, мяккі, пахучы стог… Без нас сельская гаспадарка проста не абыдзецца.
РАМОНАК. Што мне да іхняй сельскай гаспадаркі! Я, можа, хачу цвісці і пахнуць.
МЕДУНІЦА. І я.
ІНШЫЯ КВЕТКІ. І мы! І мы!
Усе прыгнечана маўчаць.
МЕДУНІЦА. Ну вось. Луг косяць, а я замуж выйсці не паспела!
РАМОНАК. А я не дапісаў паэму пра мёд...
СМОЛКА. А я не памірылася з Матылём.
Смолка заплакала, Медуніца яе суцяшае.
МЕДУНІЦА (Званочку). А ты, Званок, чаго маўчыш?
ЗВАНОЧАК. А я наступнай вясной зноў вырасту. Усе мы вырасцем зноў.
МЕДУНІЦА. Калі тое будзе…
РАМОНАК. Як уяўлю, што маю... маю тоненькую шыйку…
(Заплюшчыўся.)
СМОЛКА. Жах!
МЕДУНІЦА (іранічна). Ты ж сама гаварыла, што сенам стаць –
ганарова, што без нас сельскай гаспадарцы кранты…
СМОЛКА (узяла сябе ў рукі). Не мы традыцыі ўстаноўлівалі, не нам іх мяняць. Ну, скосяць… Ну, высахнем… Затое наша жыццё падоўжыцца на цэлую зіму.
РАМОНАК. Што мне іхняя зіма! А, з вашымі сходамі… Лепей бы мяне карова з’ела... (Махнуў рукой і падаўся прэч.)
МЕДУНІЦА. Бедны Рамонак! Ён такі далікатны, так схільны да дэпрэсіі...
Званочак кінуўся за Рамонкам.
З’яўляецца задыханы Матыль. На хаду перахоплівае і вяртае Рамонка.
МАТЫЛЬ. Пачакай! Не трэба!
МЕДУНІЦА (Смолцы). Што з ім?
МАТЫЛЬ (Рамонку). Не ідзі да каровы! (Усім.) Не хадзіце! Аса сказала… Сам чуў…
РАМОНАК. Што ты чуў?
МАТЫЛЬ. Што касілка… касілка… паламалася!
РАМОНАК. Не можа быць. Якое шчасце!
Кветкі скачуць і пляскаюць у ладкі.
СМОЛКА, МЕДУНІЦА. Паламалася! Паламалася! Будзем жыць!
Ура-а-а!
ЗВАНОЧАК. Манюка гэтая вашая Аса!
МАТЫЛЬ (сабе). А што калі Аса... Не, не можа быць. Яна сказала мудрую рэч: жыццё сапраўды зменлівае. Палоска чорная, палоска белая… Галоўнае – перачакаць чорную!
РАМОНАК. Значыць, я дапішу сваю паэму?
СМОЛКА. А я паспею дарабіць свае справы... і з табой памірыцца… Праўда? (Лашчыцца да Матыля.)
Званочак сілком вядзе Асу, тая ўпіраецца і верашчыць.
ЗВАНОЧАК. Палюбуйцеся!
АСА. Пусці, расліна! Я чмялю паскарджуся.
ЗВАНОЧАК. Гэтая аферыстка нас падслухоўвала!
МЕДУНІЦА. Даносчыца…
СМОЛКА. Разлучніца! Што, чмялю хацела дагадзіць? Падслухаць і расказаць, так?
МАТЫЛЬ (Званочку). Адпусці яе.
СМОЛКА. Ага, заступаешся...
АСА (вызваліўшыся). Я навіну хацела расказаць. І не чмялю, а вам!
СМОЛКА. Уважліва цябе слухаем.
АСА. Гэты луг… Цалкам... Аж да лесу... Увесь наш луг выкупіў фермер.
КАРОВА (здаля). Му-у-у…
УСЕ (разам). Не можа быць!
АСА. Тэхнікі ў яго – цэлы двор. Сама бачыла.
МАТЫЛЬ. З агню ды ў полымя.
ЗВАНОЧАК (Матылю). І ты ёй верыш?
СМОЛКА. За адзін дзень столькі перамен!
РАМОНАК. І што цяпер?
Ледзь ідзе Пчолка з дзвюма поўнымі вядзерцамі. Стала, адпачывае.
ПЧОЛКА. План я сёння перавыканала. (Выцірае пот.)
АСА. Давай паднясу, сяброўка. (Бярэ адно вядзерца, падміргвае ў залу.) А то мужчыны ў нас нездагадлівыя. (Разам аддаляюцца.) Ды наманіла я ім, гэтым зёлкам лёгкаверным... Няхай патузаюцца.