Любоў за ўсё мацней


П’еса для батлейкі

Дзейныя асобы:

МУЖ

ЖОНКА

АНЁЛ-АХОЎНІК

ЧОРЦІК

СМЕРЦЬ


Верхні ярус. Маладая жонка калыша на руках дзіцятка.


ЖОНКА (спявае). “Люлі, люлі, люлі, дзеткі ўсе паснулі”… Позна ўжо, а таткі нашага няма. На рабоце, мабыць, затрымаўся. Працавіты ён у нас. І ты, сынок, гэткім вырасцеш… “Люлі, люлі, люлі спаць, а я буду калыхаць. Прыйдзе шэранькі ваўчок…”


Ніжні ярус. Мужчына выходзіць з дзвярэй, на якіх напісана “гараж”.

Зіма, сыплецца снег.


МУЖ. Цяжкі сёння дзень выдаўся. Ну, нічога, не ўпершыню. Работа ў нас такая. (Паўза.) Можа, ў краму зайсці па дарозе? Піўца куплю ды і хлеба заадно, жонка прасіла.

АНЁЛ (з правага боку). Лепей без піва абысціся. Галава будзе цяжкай, вочы – мутнымі… Спаць адразу завалішся, з сыночкам не пагуляеш…

ЧОРЦІК (з левага боку). Ой, і смачнае ж яно, піва… “Старажытнаае” возьмеш ці “Балтыку” нумар восем. Пеністае, хмельнае… Адну бутэлечку не грэх кульнуць.

МУЖ. Праўду кажаш. Адну, для расслабону толькі – і дадому, у цяпло, да мілай маёй жоначкі.

ЧОРЦІК. Хі-хі! Усё па плану, усё як я хачу! (Скача ад радасці.)


Верхні ярус. Жонка вешае пялёнкі ды распашонкі.


ЖОНКА. Дзе ж ён? Затрымліваецца... Хлеба на вячэру няма, хаця б не забыўся купіць. Мабыць, зноў гэтым півам накачаецца…

АНЁЛ (збоку). Не думай кепскага, жанчына!

ЖОНКА. Столькі хлопцаў заляцалася, а я яго чамусьці выбрала.

От падабаўся – і ўсё. Сэрцу, кажуць, не загадаеш…

АНЁЛ. Ты ж пакахала яго, і ён да цябе прыкіпеў, а з каханнем вы ўсё пераадолееце. Толькі не трэба сумняцацца. Маліся, кліч Архангела Міхаіла!

ЖОНКА. Забыўся пра нас Бог, неіначай…


Ніжні ярус. Муж выцірае вусы, пагладжвае жывот.

З кішэні курткі відна бутэлька.


МУЖ. От, адразу лепей стала… Зусім другі настрой. Нават зоркі з неба весялей пазіраюць. Да сябрука наведацца, ці што?

ЧОРЦІК (прыхаваўшыся, сабе). Здорава! У нас на дзве галавы адна думка!

АНЁЛ (спяшаючы на дапамогу). Позна ўжо! Цябе жонка чакае з малым дзіцем, непакоіцца. Ды і сябра твой за дзень стаміўся, спаць кладзецца.

МУЖ (весела). А я яму – тук-тук. Хто там? Паштальён Печкін. Толькі не запіску прынёс, а беленькай пляшачку. Я што, дазволіць сабе не магу? Мы з сябруком у адным класе вучыліся, за адной партай сядзелі. Жукоў майскіх лавілі ды дзяўчат палохалі. Пайду!

АНЁЛ (у залу). Вы створаны свабоднымі і самі выбіраеце – якой ісці дарогай, служыць дабру ці злу.


Верхні ярус. Жонка горка плача, дзіця таксама заліваецца.


ЖОНКА. А дзіцятачка ж маё… А сыночак... Так цяжка на душы.

Каб хаця сіратою табе не застацца…

ЧОРЦІК (дражніць). У-у-у! У-у-у! Развяла сырасць. Гэткай бяды –

мужык пасля працы ў госці падаўся. Падумаеш, чарку-другую перакуліць… Дом жа не турма, каб сядзець у ім бязвылазна.

(Спявае.) “Ой ты жыццё, маркота, жыў бы, каб не лянота…”


Ніжні ярус. Муж улукаткі брыдзе па вуліцы, гараць ліхтары.


МУЖ. Вось і дом відаць. Акно наша свеціцца. Яшчэ б наверх піўца для шліфоўкі – і поўны парадак. (Спявае). “Ой, мароз, мароз, не марозь міня…”

АНЁЛ. А мароз сапраўды бярэцца, да касцей прабірае.

Сцеражыся, чалавеча!

МУЖ. Перабраў крыху, сам бачу. Ну і што? Я рабацяга, мяне начальства паважае. А што выпіць люблю – такой бяды… Прасплюся – і такі самы.

СМЕРЦЬ (вызіраючы, Чорціку). Мой кандыдат.

ЧОРЦІК. Любім мы на гатовенькае прыперціся.

СМЕРЦЬ. Бачу, што стараешся. Прэмію квартальную выпішу.

ЧОРЦІК. Каторы раз абяцаеш: “Прэмію... Прэмію...”

СМЕРЦЬ. Т-сс… Цішэй! (Паднімае касу.) Яны ўсе мае – тыя, што меры не знаюць. Дзе гарэліца, там і бяда. Там муж на жонку, сын на бацьку, брат на брата паднімаецца.

ЧОРЦІК. Сам ведаю. Многа каго перасварыў, у турму пасадзіў, на той свет адправіў. А ад цябе нават “дзякуй” не дачакаешся, не тое што прэміі. Звольнюся к чорту! У водпуск пайду! Ці на пенсію!

СМЕРЦЬ (смяецца). На пенсію… Ха-ха-ха! Да пенсіі яшчэ дажыць трэба… Я вунь колькі касой махаю – і як маладзенькая. (Паўза.) Глядзі, наш, няйначай, скора дуба дасць.


Муж абхапіў ліхтар, потым аб’ехаў. Спрабуе спяваць: “Ой, мароз, мароз…” Нерухома ляжыць. Нідзе ні душы, толькі завывае вецер.


СМЕРЦЬ (Чорціку). Хадзем, мы сваю справу зрабілі.

(Абняўшыся, знікаюць.)


Прыляцеў Анёл, мітусіцца, спрабуе падняць чалавека, а потым кідаецца да жонкі. Тая накідвае цёплую хусту і бяжыць на вуліцу.


ЖОНКА. Родны мой! Я так і ведала, што з табою штось кепскае здарылася. Сэрцам адчувала… (Паднімае Мужа.) Цяпер усё добра будзе. Я з табою. (Вядзе за сабой.)


Верхні ярус. Муж сядзіць у крэсле з забінтаванымі рукамі.


Жонка корміць яго, як малога.

ЖОНКА. З’еш яшчэ дранічка. Смачненькія… Вось і цудоўна. А зараз з сыночкам пагуляй. (Садзіць дзіця Мужу на калені, Анёл забаўляе таго бразготкай.)

ЧОРЦІК (выглядваючы). Кідай ты яго, дурніца! Навошта табе гэты калека?

ЖОНКА. Акыш, паганы! (Праганяе таго ручніком.)

СМЕРЦЬ (знізу). Упусціла!.. Правароніла!.. (Рве валасы на галаве.)

АНЁЛ (дэкламуе).

Я знаю: між людзей

Любоў за ўсё мацней!


Урачыстая мелодыя К. Орфа з балета “Карміна Бурана”.


ЗАСЛОНА

Загрузка...