Дзейныя асобы:
ВОЖЫК, незадаволены інтэлігент
САРОКА, дзелавая жанчына
ЛІСА, не першай маладосці, але дагледжаная
ВАВЁРКА, юная рамантычная асоба
МЯДЗВЕДЗЬ, начальнік
ВОЎК, “крутаваты” прасцяк
КУРЫЦА, вясковая кабета
Летні лес. В а в ё р к а гайдаецца на арэлях, В о ж ы к ляжыць у гамаку.
ВАВЁРКА (узнёсла).
Я лятаю да аблокаў –
Так высока, так высока…
ВОЖЫК (дражнячы).
Я ляжу у гамаку
Пад зязюліна ку-ку…
ВАВЁРКА.
Памаўчыў бы лепей, Вова.
ВОЖЫК.
А у нас свабода слова.
ВАВЁРКА (злазіць з арэляў).
Добра ў нас. Прырода ўсё ж.
Праганяе спёку дождж.
Значыць, вырастуць грыбы –
Парасонікі нібы.
І хоць сэрца тут пяе,
А чагосьці не стае.
ВОЖЫК.
Знаю, з’ехалі бабры –
Кавалеры і майстры.
(Вылазіць з гамака.)
Што ім нашы елкі, клёны?
Ірванулі да зялёных.
Як ліса перажыве?
Во, бялугаю раве.
Паказваецца засмучаная Л і с а.
ЛІСА.
І нічога не раву я,
Толькі стрымана сумую.
Плакаць – ведай, дружа наш –
Не дае мне макіяж.
ВОЖЫК.
Што ж, ніхто не маладзее…
ЛІСА. Хуліган!
ВАВЁРКА.
Ды ён дурэе.
ЛІСА.
Хай шуткуе не са мной.
А іначай…
ВОЖЫК. О-ё-ёй…
Напужала! О-го-го!
САРОКА (прыляцеўшы).
Вы пра што тут? Пра каго?
ВОЖЫК.
А пра тое, дарагая,
Што праектаў не хапае.
САРОКА.
Што, ёсць спонсары? Цікава.
Для мяне праект – не справа,
Ды з ідэямі праблемы…
ВОЖЫК.
Сталі думаць кепска ўсе мы.
САРОКА.
Ты ж вялікі публіцыст.
Напішы адкрыты ліст,
Фельетон які… Пра тое,
Што таптаць гатоў святое
Наш галоўны…
ВОЖЫК. Ты цішэй!
Тут, у лесе, шмат вушэй.
САРОКА (схамянулася).
Мы забылі пра лісу!
(Ліса сарвала і разглядвае кветачку.)
ВОЖЫК.
І куды я панясу
Свой артыкул? Глупства гэта!
САРОКА.
Я прыдумала! Газету
Трэба ў лесе адкрываць.
ВОЖЫК.
Хто, аднак жа, бабкі дасць?
САРОКА.
Ёсць таварыш на прыкмеце.
Доўга марыў аб газеце.
З а я ц у спартыўнай форме робіць крос, звярнуў да купкі звяроў.
ЗАЯЦ.
Што за сходка без мяне?
ВОЖЫК (усім).
Хай сарока і пачне.
Бабкі – перш, пасля рэклама,
Штат, і аўтары таксама,
Каб прыстойны выбар быў…
ЗАЯЦ.
А я што вам гаварыў –
Што свая патрэбна прэса
Пра жыццё, навіны лесу…
ЛІСА (убок).
Шустры! Гэтак падгадаць… (Усім.)
Будзем штаты набіраць.
САРОКА.
Нам патрэбны: рэпарцёр…
ЗАЯЦ.
Аблячу я мігам бор!
ВОЖЫК (Зайцу).
Не спяшай. (Пералічвае.)
Карэспандэнт…
Фотамайстар… Кабінет…
ЛІСА.
Сакратарка ў кабінеце…
ВАВЁРКА.
Ой, цікава жыць на свеце!
ВОЖЫК.
Мне дык дзейнічаць цікава.
Дай спярша наладзіць справу.
Сабяром такі тыраж…
Уваходзіць М я д з в е д з ь у добрым касцюме і з папкай.
МЯДЗВЕДЗЬ.
Чый гараж?
ЗАЯЦ.
І бацька наш!
САРОКА.
Мы тут думалі-гадалі,
Штат газеты падбіралі…
МЯДЗВЕДЗЬ.
Справа добрая, сябры.
(Дастае паперу,каб запісваць.)
Трэба назва.
ЗАЯЦ. “У бары”.
МЯДЗВЕДЗЬ. (Запісвае, раскладвае лісты.)
Прымітыў у голаў лезе,
Даражэнькі…
ВОЖЫК. “Сёння ў лесе”.
МЯДЗВЕДЗЬ.
Галасуем. (“За” адзін Вожык.)
ВОЖЫК. Я адзін.
ЛІСА.
І не новая прытым…
САРОКА.
Вам адкажа кожны звер:
Лепш за ўсё – “Лясны кур’ер”.
МЯДЗВЕДЗЬ.
Ну, твая чарга, вавёрка.
ВАВЁРКА.
Назавём “Лясная зорка”.
ВОЖЫК (убок).
Далібог, дзіцячы сад!
МЯДЗВЕДЗЬ.
Прапановам вашым рад.
Кожны вам у лесе скажа:
Моладзь – вось надзея наша.
(Зайцу)
Ну, вядзі, Пятровіч, сход!
ЗАЯЦ (разгублена).
Я… я… я заўсёды, як народ.
ЛІСА (шэптам падказвае).
Пачынай галасаванне,
Хто ў газеце шэфам стане.
ЗАЯЦ.
Падніміце ўверх, хто “за”…
Лес лап, толькі Вожык мнецца.
Паказваецца падазрона вясёлы В о ў к у аблавушцы.
ВОЎК.
Глянь, здаюцца! Чудзяса!
Лапы ўгору – добры знак!
ЗАЯЦ.
Галасуй хутчэй!
ВОЎК. А як?
За каго? Што тут за сход?
Што рашаць прыйшоў народ?
ЗАЯЦ (убок).
Покуль ты ўедзеш, брат…
(Мядзведзю)
Вы – рэдактар наш.
ЛІСА. Віват!
ВОЖЫК (скрозь зубы).
Ты, падліза, памаўчы. (Убок.)
Справа ляснула, лічы,
Напачатку…
ВАВЁРКА.
Як заўжды!
ВОЎК.
Не было б другой бяды!
Мне, таварышчы, пляваць,
Хто тут будзе кіраваць.
Я прымусу не люблю –
Што хачу, то і раблю.
Улічыце думку й гэту:
Крама лепей, чым газета!
Воўк пайшоў, напяваючы. Звяры відавочна абвялі, імпэт прапаў, толькі Мядзведзь трымаецца важна.
ВОЖЫК. Я пайду….
ЗАЯЦ.
Не зразумеў:
Рэпарцёр я ўжо ці не?
І пра што я напішу,
Калі пяткі у душу…
Ой, душа у пяткі…
ЛІСА. Зай,
Лепей далей выбірай.
Штаты неўкамплетаваны…
ВОЖЫК.
Хто адказны сакратар?
САРОКА.
Даражэнькі, і не мар.
Той адказны, хто старанны.
Вырашае шэф абраны.
МЯДЗВЕДЗЬ (Сароцы).
Значыць, ты. Пастанавілі.
ВАВЁРКА (нясмела).
А пра назву мы забылі.
ВОЖЫК (асцярожна).
Сапраўды… А як вам –
“Вожык”?
САРОКА.
Калі спонсар дапаможа,
З ім параімся. А ён
(Ківаючы на Вожыка.)
Сядзе хай на тэлефон,
Апытанне правядзе,
Чаму лес наш у бядзе.
МЯДЗВЕДЗЬ.
У бядзе? Якой бядзе?
Тут няма бяды нідзе!
І давайце дамаўляцца,
Хто не хоча быць без працы, –
Я за ўсё адказ трымаю,
Я кірунак вызначаю,
Што і як пісаць пра лес.
ЗАЯЦ.
Хто пралез? Куды пралез?
МЯДЗВЕДЗЬ (Зайцу).
Ты штаноў не працірай,
Да жыцця бліжэй будзь, Зай!
ВОЖЫК.
Стойце! Важнае пытанне!
Дзе мы знойдзем памяшканне?
ЛІСА.
А хіба ты не зліняў?
Ты ж заданне атрымаў.
ВОЖЫК (сабе).
Адціраюць, прайдзісветы,
Хочуць выперці з газеты.
МЯДЗВЕДЗЬ.
Ну, за працу! Ў помач Бог.
За грамадскі дыялог
Станем дружна, станем разам…
ВОЖЫК (у залу).
Во як спеліся, заразы…
Рэдакцыйнае памяшканне. Навагодняя ёлачка.
Ліса з Вавёркай п’юць каву,
Заяц з Вожыкам гуляюць у шахматы.
Дзверы адчыняе строга апранутая С а р о к а.
САРОКА.
Хто не здаў мне матэр’ялы?
ЛІСА.
Я яшчэ не дапісала. Дапішу і набяру.
ВОЖЫК (Зайцу, не бачачы Сарокі).
Я яму і гавару… (Сароцы.)
Будзе заўтра, я ж казаў.
САРОКА.
Хто не ўспеў, той апаздаў.
Хто не здась да чатырох… (Выходзіць.)
ЗАЯЦ (Вожыку).
Я ж яшчэ не браўся… Ох!
Што за тэма! Проста жах:
Радыяцыя ў грыбах.
ВАВЁРКА.
Праўда, жах. Пятровіч праў.
ЗАЯЦ.
Я грыбоў не каштаваў –
Болей моркву і капусту…
ЛІСА.
Ў лесе з моркваю – не густа,
Дый з курамі – не фантан.
(Прыхарошваецца.)
Ў шэфа новенькі “Нісан”,
Бачылі? Ну проста клас!
ЗАЯЦ.
Клас-то клас, ды не пар нас.
Званок тэлефона, Ліса бярэ трубку.
ЛІСА (шэптам, прыкрываючы трубку).
Воўк.
Нясе штось на мядзведзя.
ЗАЯЦ.
У любога дах паедзе,
Калі столькі ужываць…
ВОЖЫК (іранічна).
Асмялеў, япона маць!
ВАВЁРКА.
Хлопцы, ведаць вам пара:
Воўк – ахоўнік у зубра.
ЛІСА (слухаючы трубку, шэптам).
Ўспамінае фельетон,
Дзе героем стаўся ён.
ВОЖЫК.
Гэта ў першых нумарах
Мы былі такімі…
ВАВЁРКА. Жах!
Ужо і слова не сказаць!
ЗАЯЦ.
Могуць нават “заказаць”.
ЛІСА (у трубку).
У прыёмную… Так, так.
Калі ласка. (Кладзе трубку.)
Вось мудак!
ВОЖЫК.
Ён казаў (я помню гэта):
“Крама лепей, чым газета”.
Не дурны, аднак жа, звер –
Разумею я цяпер.
Чуваць нясмелы стук у дзверы.
ЗАЯЦ. Хтосьці ломіцца.
(Вавёрцы.) Зірні.
ВАВЁРКА.
Сам устань і адчыні.
ЗАЯЦ.
Адрываюць ад гульні. (Адчыняе.)
Уваходзіць маладая, мажнаватая К у р ы ц а.
КУРЫЦА.
Добры дзень у хату вам.
(Ставіць на падлогу цяжкія ванзэлкі.)
Адурэла я ад крам.
Выбар большы тут у вас:
Пойдзе сын у першы клас,
Тое-сёе для дачушкі —
Маладзенькае нясушкі…
Ледзьве ўспомніла: суседка
Перадаць прасіла гэта.
Курыца дастае з сумкі складзены ліст і аддае Вавёрцы.
Выбачайце, я пайшла. (Выходзіць.)
ЛІСА.
Так і бачна, што з сяла.
І спадніца сэкен хэнд…
ВАВЁРКА (дастаючы пакет).
Што мы маем на абед?
ЗАЯЦ (на лісток).
Што там?
ВАВЁРКА (чытае).
Скарга. Не маню.
На самога старшыню!
Дроў бабулі абяцаў,
Ды пакрыўдзіў і не даў.
ЗАЯЦ.
Ў вёсцы холадна цяпер…
ЛІСА.
Ты б закрыў за ёю дзвер.
ЗАЯЦ.
Я у вас тут што – дзяжурны?
ВАВЁРКА (Лісе).
Мне далі раман гламурны,
Дні на два, а то б дала.
ЛІСА.
Ах, даўно я не была
На прыродзе… Там, дзе сена…
ВОЖЫК (працягваючы).
Птушкафабрыка…
ЛІСА. Ў геене
Будзеш вогненнай гарэць,
І язык твой а-да-мрэць.
ВОЖЫК (Вавёрцы).
Дай зірнуць. Пісьмо аддай!
ЗАЯЦ.
Марна сілы не губляй –
Наш не дасць. Пісаў і дзед.
Помніш ліст пра сельсавет?
Што туды няздара ўлез,
І ўжо могілкі – як лес,
Паваляліся платы…
ВАВЁРКА.
Быццам сам пабачыў ты.
ЗАЯЦ.
Я збіраўся, ды не змог.
Я збіраўся! Бачыць Бог!
ВОЖЫК.
Бог-то бачыць, не сляпы ён…
Толькі мы падчас такія,
Што і ў пекла не ўзялі б,
Каб не план…
ВАВЁРКА.
Вазьмі лепш грыб. (Падае.)
Не абедаўшы сядзіш…
ЗАЯЦ.
Дагуляць хачу я. Кыш!
Зазірае Сарока.
САРОКА.
На лятучку роўна ў тры. (Пайшла.)
ЗАЯЦ.
З ёй да трох не гавары…
ЛІСА (Зайцу).
Што, прадуў, мой дарагі?
ВАВЁРКА (пра Сароку).
У яе бой-фрэнд другі.
ЛІСА.
А дзе спонсар абяцаны?
ВОЖЫК.
Ў кут падаткамі загнаны.
ЛІСА.
Каб не выбіў шэф з бюджэту…
ЗАЯЦ.
Шэф магёць.
ВОЖЫК (Зайцу). А песня спета!
Мат табе! (Вавёрцы.) Ну дай грыбок,
Я галодны быцам воўк!
Вавёрка падае сушаны грыб.
Скора зноў камандзіроўка:
Рана ўстань, вакзал, сталоўка…
ВАВЁРКА.
Ездзі, покуль малады.
ЛІСА (задуменна).
Маладосць… Гады, гады!..
Помню, лёгкай на пад’ём
Я была, і дзень за днём
Па калгасах калясіла.
Ўсё было: імпэт і сіла…
ВОЖЫК.
І кураціну, вядома,
Валакла зусюль дадому.
ЛІСА.
Затупіш ты, брат, калючкі,
Аб мяне…
ВАВЁРКА.
Ён проста злючка,
Ты да сэрца не бяры.
САРОКА (з дзвярэй). На лятучку, спадары!
Важна ідзе Мядзведзь, звяры рассаджваюцца вакол стала, побач з шэфам – Сарока.
МЯДЗВЕДЗЬ. Дажыліся!
(Грукае папкай аб стол.)
ЗАЯЦ (сабе). Ну дзялы!
МЯДЗВЕДЗЬ (абурана).
Не садзяцца за сталы!
Калі гэткі клопат наш,
То як вырасце тыраж?
Зрэжу прэмію, зарплату!
ВОЖЫК (Зайцу, ціха).
А мяне, відаць, за краты…
САРОКА.
Дысцыпліна – проста жах!
ВАВЁРКА.
Радыяцыя ў грыбах!
МЯДЗВЕДЗЬ.
Што? Я трохі не дачуў…
Як дагодзіш чытачу,
Калі шахматы ды кава
І стаіць на месцы справа?!
(Абводзіць усіх грозным паглядам.)
За работу, лайдакі!
ВОЖЫК (ціха). Наваяем на вякі.
МЯДЗВЕДЗЬ. Што?
ВОЖЫК.
Я гэта… проста так.
МЯДЗВЕДЗЬ.
Адбрахацца ты мастак,
Ведаю… (Лісе.) А вас прашу…
ЛІСА (убок).
Можа, сёння саграшу.
Ліса засталася ў кабінеце шэфа, адтуль даносіцца яе залівісты смех. Усе вяртаюцца на свае месцы. Сарока з паперамі кудысь пабегла.
Вавёрка разбірае пошту.
ВАВЁРКА.
Што нам пішуць?
ВОЖЫК.
Зноў пра дровы?
ВАВЁРКА.
Не, закрылі клуб чарговы…
А яшчэ злучылі – клас! –
Птушкафабрыку й калгас!
Замалёўкі… Абразкі…
Надрукуем моякі.
А паэтаў – як смяцця!..
ВОЖЫК.
Уцякаюць ад жыцця
Ў мары ўласныя, у мроі…
ВАВЁРКА.
Ты ды я, ды мы з табою,
Тры бярозкі, два кусты –
Ўся тэматыка. Кранты.
ЗАЯЦ.
Нам бы крытыка у штат…
ВАВЁРКА.
Каб здурнеў ад вершанят?
ВОЖЫК.
Ой, газета, глас народа…
ВАВЁРКА. Памаўчаў бы. Што за мода!
ЗАЯЦ.
Лесапілкі у бары…
ВОЖЫК.
Сумна штосьці, спадары…