А так храплі і гэтакім сном цвёрдым спалі,
Што іх не будзяць ліхтары, ні бляскі сталі,
Ні людзі, што напалі на безабаронных,
Як быццам павукі-касцы на мух паўсонных
Няхай якая бзыкне, ў той жа міг кат строгі
Спаўе ёй крыллі павуціннем, звяжа ногі.
А сон шляхоцкі быу цяжэйшы, чым сон мухаў
Не бзыкае ніхто, ляжаць зусім без духу,
Хоць сіла дужых рук іх брала, несла
I, як салому, адкідала ўбок і трэсла.
Ды Конаўка адзін, якому і ў павеце
Раўні не знойдзеш пры гарэлцы на банкеце —
Ён выпіць мог за раз не менш як дзве барылкі
І не ківацца, і гуторыць без памылкі,
Той, хоць і доўга піў, хоць і заснуў глыбока,
Ды знак жыцця даваў, адкрыў нямнога вока
І бачыць: што за мара? Два страшныя твары
Схіляюцца, на кожным з іх вусоў па пары,
Сапуць над ім і к вуснам бліжацца вусамі,
Рукамі ўзмахваюць, ківаюць карпусамі.
Спалохаўся, хацеў перахрысціцца скрыта,
Ды правая рука ля боку, як прыбіта.
Парушыў левай, ды дарма. Што гэта, духі
Так спавілі яго, як бабкі— павітухі?
Спалохаўся йшчэ больш, дык вока прымыкае,
Ляжыць, не дыхае — душа з яго ўцякае.
Крапіцель здумаў бараніцца, ды па часе!
Быў скручаны, ажно вяроўка упілася,
Але крутнуўся, прыпадняўся да паловы
I ўпаў на сонных, пакаціўся праз галовы.
Як рыба кідаўся па беразе пясчаным
І роў, нібы мядзведзь той ад смяротнай раны.
«Тут здрада!» — роў, і ўслед за ім тым самым складам
Узнялі крык другія: «Здрада! Гвалт! Тут здрада!»
А крык той далятае з рэхам да той залі,
Дзе Граф, яго жакеі і Гервазы спалі.
Гервазы ўміг прачнуўся, але дарма рвецца:
Так скручаны з мячом, што нават не кранецца.
Людзей чужых заўважыў ля акна ў прасветах
У вопратках зялёных, чорных спрэс кашкетах,
Узброеных. Адзін са стужкаю з павагай
Каманду падаваў. Паказваючы шпагай,
Шаптаў: «Вяжы, вяжы!» Жакеі на падлозе
Ляжаць у путах, Граф сядзіць у беднай позе
Без пут, але й без зброі. Са штыкамі грозна
Стаяць над ім удвух. Пазнаў іх, ды запозна!
Ах, маскалі!
Знаў Ключнік гэткія трывогі,
Не раз яму ў жыцці вязалі рукі, ногі,
Ды вызваляўся — рваў і путы і вяроўкі,
Бо дужы быў, сакрэты знаў і меў снароўкі.
Задумаў моўчкі ратавацца: жмурыць вочы,
Выцягваецца ўздоўж, нібыта ў сне і ўночы,
Падцягвае жывот і грудзі, жмецца дужа
І раптам корчыцца і дзьмецца накшталт вужа,
Што хвост і галаву зацягвае ў пярсцёнкі:
Так стаў Гервазы тоўсты, як спярша быў тонкі.
Вяроўкі падаліся, скрыпнуўшы аб косці,
Але не лопнулі. Ад сораму і злосці
Крутнуў Гервазы моўчкі твар крывы ад гневу
I абыякавы ляжаў, падобны дрэву.
Вось бубны вухнулі, уперад зрэдку, потым
Штораз гусцей грымелі клічам ці зваротам.
Пад той сігнал загад салдаты атрымалі
Жакеяў з Графам зачыніць пад варту ў залі,
А шляхту ў двор гнаць, дзе была другая рота.
Дарма злуе Крапіцель, рвецца з тых цянётаў.
А на двары ўжо мітусіліся, гудзелі
Падгайскія, Грачэхі, Бірбашы, Бяргелі —
Сябры і сваякі Суддзі, што наляцелі
Са зброяй у руках, пачуўшы аб нападзе,
Тым больш, што век былі з Дабрынскімі у звадзе.
Хто змог прывесці з вёсак батальён салдатаў?
І хто так хутка засцянкоўцаў тых раскратаў?
Асэсар? Янкель, можа? Розна гаварылі,
Аднак не ведае ніхто да гэтай хвілі.
І сонца ўжо ўстае крывава з шэрых ценяў
І берагам тупым, пазбаўленым праменняў,
З хмурын сівых, парваных, збітых бесталкова
Высоўваецца, быццам з горана падкова.
Ўздымаўся вецер, гнаў натоўпы хмар з усходу
Яны па-над зямлёй плылі, як крыгі лёду,
І кожная з тых хмар дождж дробны рассявае,
А вецер следам сушыць, росы абівае.
За ветрам тым пахмурак зноў ляціць вільготны
Так дзень уперамежку быў халодны, слотны.
Маёр тым часам загадаў цягнуць бярвенні,
Якія сохлі кучаю на прыгуменні,
У кожным з іх сякерай дзіры прасякаюць
І ў тых калодах ногі шляхты замыкаюць.
Абодва бервяны ў канцах цвікамі збіты,
Змыкаюцца пашчэнкамі сабак сярдзітых.
Вяроўкамі ж мацней салдаты вяжуць рукі
У шляхты на плячах, а дзеля большай мукі
Маёр загад даў зняць з галоў канфедэраткі,
З плячэй плашчы, на’т кунтушы і тарататкі.
І так вось забіякі, стаўшы ўміг рабамі,
Трасліся і званілі з холаду зубамі,
Бо сыпаў дождж, мачыў зямлю, рабіў балота.
Дарма злуе Крапіцель, рвецца з тых цянётаў.
Дарма, што ў згодным шчырым льюцца сугалоссі
Суддзёвы, Талімэны просьбы і плач Зосі,
Каб аблягчыць хоць трохі шляхты стан гаротны.
Што праўда, афіцэр Мікіта Рыкаў, ротны,
Не кепскі чалавек, не адмаўляўся крута
Ад просьб, ды мусіў слухаць сам маёра Плута.
Маёр жа быў паляк, і родам быў з Дзяровіч,
І называўся некалі, чуваць, Плутовіч,
Ды лотрам стаў, перахрысціўся. Так бывае
З палякам, калі ён край родны забывае.
І Плут з люлькаю стаяў, у бокі падпіраўся,
Нос дзёр і на паклоны на’т не азіраўся,
А ў знак нездавальнення, дрэннага настрою,
Пусціў клуб дыму і пасунуўся ў пакоі.
Суддзя тым часам Рыкава усё лагодзіць,
Асэсара для гутаркі набок адводзіць:
Як справу скончыць без суда, вядуць нараду,
І як пазбавіцца праследу з боку ўраду.
Тады к маёру Плуту так азваўся Рыкаў:
«Вось пан Маёр сабе адно клапот наклікаў:
Што з вязнямі рабіць? Судзіць? Няшчасця многа
Для іх, а вам за гэта не дадуць нічога.
Вы знаеце, Маёр? Лепш справу залагодзіць,
А пан Суддзя за труд вас добра ўзнагародзіць.
Мы скажам, што прыйшлі сюды дзеля візіты,
Дык козы будуць цэлы, і воўк будзе сыгы.
Ёсць прыказка: ўсё можна, толькі асцярожна,
І прыказка яшчэ: дзяры з казны, дзе можна,
І прыказка яшчэ: мір лепшы за нязгоду.
Заблытай вузел, а канцы уторкні ў воду.
Не будзе рапарта, ніхто і знаць не будзе.
Бог рукі даў, каб браць, вось што гавораць людзі!»
Маёр на гэта аж запырскаўся ад злосці:
«Ты, Рыкаў, ашалеў? Тут служба, а не госці!
А служба, брат, не дружба, ты дурны, Мікіта!
Бунтаўшчыкоў пускаць? Ты ашалеў нібыта!
У гэткі час ваенны? Га, паны палякі,
Я навучу вас бунту! Дамся вам я ў знакі,
Паны Дабрынскія! Дык вось як вас прыпёрла!
(I гледзечы ў акно, смяяўся ва ўсё горла.)
А гэта той Дабрынскі! Вунь ён у сурдуце —
Гэй, зняць яму сурдут! Аднойчы на радуце
Пачаў ка мне чапіцца без ніякай меры.
Я ў танец, ён крычыць: „Вон злодзея, за дзверы!“
Што ў той час за ваеннай абкраданне касы
Вялося следства, ну і меў я амбарасы,
Дык што яму за справа? Я пайшоў мазурку,
А ён крычыць услед мне: „Злодзей!“ Вось шляхцюрку
Я ўзяў і з тымі, што падтаквалі прыдурку.
Казаў я: „Эй, Дабрынскі, помні, прыйдуць козы
Да воза. Га, Дабрынскі, бачыш? — будуць лозы!“»
Пасля, схіліўшыся, шапнуў Суддзі на вуха:
«Калі жадаеце, каб выйшлі ўсе насуха,
Ад кожнай галавы — па тысячы ў гатоўцы,
Па тысячы, не менш — апошняе вам слоўца».
Суддзя стаў таргавацца, ды Маёр не слухаў,
Зноў бегаў па пакоі, дьмам густа дзьмухаў,
Падобны да ракеты з гэтае прычыны.
За ім хадзілі з плачам, просячы, жанчыны.
«Маёр, — сказаў Судцзя, — ў суд пойдзеш з гэтай справай,
Што выйграеш? Тут не было бітвы крывавай,
А што прапалі гусі, куры, парасяты,
Дык згодна Статута, мне вернуць тыя страты,
І з Графам без суда мы зробім прымірэнне —
Суседскае, не больш тут, непаразуменне».
«А з Жоўтай Кнігай[49] вы знаёмы, пан Сапліца?» —
Спытаў Маёр. «З якою кнігай?» — «Ды з крыніцай
Законаў лепшых за ўсе вашыя статуты,
Бо ў ёй, што слова: кнут, пятля, Сібір ды путы —
Правоў ваенных кніга, што запанавала
Замест статутаў вашых, вашых трыбуналаў.
За гэткую распусту, на аснове ўказу,
Найменей у Сібір вы пойдзеце ўсе зразу».
«Пастой, — сказаў Суддзя, — у нас ёсць губернатар!»
«Тут рады, — Плут сказаў,— не дасць і імператар,
Бо ведама, што цар, падпісваючы ўказы,
Ласкава кару павялічвае ў два разы.
Дык апеліруй, пан Суддзя, але, быць можа,
Ў патрэбе знойдзем і на вас кручок прыгожы.
Вось Янкель ваш — шпіён, за ім улада сочыць,
А ён у вас карчму дзяржыць, людзей марочыць.
Магу ўсіх вас, як ёсць, арыштаваць адразу».
«Мяне? — спытаў Суддзя. — А па якому ўказу?»
І ўсё што раз жывейшую вялі гаворку
У час, як новы госць з’явіўся ў панадворку.
Ўязджаў дзіўны натоўп. Сярэдзінай дарогі,
Нібы ляўфар, баран таўсты чатырохрогі
Бег й ўзмахваў галавой. Рагі два абадкамі
Віліся ля вушэй. Абвешаны званкамі,
Два іншыя рагі тырчэлі з ілба вонкі,
Пры руху галавы давалі голас звонкі.
Баран вёў коз, валоў, авечак, а за статкам
Чатыры грузныя вазы ішлі парадкам.
Усе згадалі, што над’ехаў ксёндз па зборы,
Дык і Суддзя, пакінуўшы перагаворы,
Пайшоў сустрэць гасця. Ён ехаў на падводзе
Пярэдняй, твар схаваўшы у каптур, па модзе
Манашай, ды яго пазналі. У спакоі,
Мінуўшы вязняў, глянуў, знак зрабіў рукою.
І хто другі фурман, пазнаць было не цяжка:
Мацей, хоць на плячах мужыцкая сярмяжка.
Убачыўшы яго, крычаць усе пачалі,
А ён сказаў ім: «Дурні!» Знак даў, каб маўчалі.
Прусак — на трэцім возе ў каптане пацёртым.
А Зан з Міцкевічам сядзелі на чацвёртым.
А Ісаевічы, Падгайскія, Бяргелі,
Бірбашы, Вільбікі ды Котвічы глядзелі
На здзек, які няслі Дабрынскія ў няволі,
І астывалі з гневаў даўнішніх міжволі.
Бо шляхта ў нас, хоць звады, бойкі вельмі любіць,
Ды помстай супраціўнікаў сваіх не губіць,
Дык да Мацея падаліся ўсе на раду.
А той парасстаўляў іх за вазамі ззаду,
Сказаў чакаць.
Ксёндз злез, падаўся ў бок пакояў.
Там ледзь яго пазналі — ў гэткім быў настроі
І новай форме. Сумны у любую пору,
Панурысты, ўзняў сёння галаву угору
І з мінай яснаю і рук шырокім махам,
Перш чым загаварыў, смяяўся: «Ха-ха, ха-ха!
Вітаю, ха-ха-ха! вітаю! вось прыгожа,
Панове афіцэры! Хто ўдзень толькі можа
Хадзіць на ўлоў, а вы і ўночы! А звярыну
Я бачыў. Скубці шляхту! драць з яе лупіну!
Кілзайце брыкуноў, вучыце іх парадку!
Віншую, пан Маёр, што ты схапіў Графятка.
О, гэта тлусцячок, багач, з арыстакратаў,
Не выпускай яго без сотняў трох дукатаў,
А ўзяўшы, дай хоць грош манастыру ў падмогу,
Бо й за тваё збаўленне я малюся Богу!
На сан мой! мне не абыякі вашы душы!
І штабс-афіцароў хапае смерць за вушы!
Праўдзіва Бака піша — ў смерці многа працы:
Бярэ ў палацы і ў палотны б’е ахвотна,
І па сукне не раз шчаўкне, ды і ў мундзіры,
Так, як у каптуры, ахвотна робіць дзіры.
Матуля-смерць, казаў наш Бака, як цыбуля,
Слязою блісне, калі сцісне, і у люлі
Дзіця бярэ, і малайчыну ў часе гуляў!
Ах, ах! жывём, а заўтра, можа, загніёмся.
Ўсяго ў нас, пан Маёр, што пад’ямо, нап’ёмся!
Як, пан Суддзя, ці не пара падмацавацца?
Сядаю сам і ўсіх прашу не адмаўляцца.
Як, пан Маёр, пан Капітан? Закажам зразы?
Як думаеце? Мо і пуншыку з паўвазы?»
«Чаму ж, — абодва мовілі,— мы рады чэсці
І выпіць за Суддзю здароўе і паесці!»
Дзівіліся ўсе хатнія з ксяндза Рабака:
Чаму зрабіўся раптам ён такім гулякам?
Суддзя даў кухару патрэбныя наказы:
Уміг бутэлькі ўнеслі, вазу, цукар, зразы.
Плут з Рыкавым так спрытна пачалі ўвіхацца,
Піць часта і старанна ежай мацавацца,
Што ў паўгадзіны з’елі дваццаць і тры зразы
І пуншу выхілілі не малой паўвазы.
Дык Плут вясёлы, сыты разваліўся, потым
Дастаў тытун і люльку, прыкурыў банкнотам
I, вусны чыста выцершы канцом сурвэты,
Звярнуў на дам свой твар, напіткам разагрэты;
«Люблю я дам, — сказаў,— ды гэта ж не сакрэты!
Клянуся чэсцю, мне пасля падмацавання
Закускай лешпаю бывае размаўлянне
З такімі прыгажунямі, як вы тут, пані!
Вось што, паграйма ў карты! ў вэльба-цвэльба? ў віста?
Або хадзем мазурку! Га! Чарцякаў трыста!
Ды ў егерскім палку я ж першы з мазурыстаў».
Пры гэтым штораз бліжай к дамам нагінаўся
І з дымам кампліменты ім пускаць стараўся.
«У танцы! — крыкнуў Робак. — Дык не трацьма часу!
І я, хоць ксёндз, падпіўшы, падхіляю расу
І йду мазурку. Але ведаеш, Маёрку?
Мы тутка п’ём, а егры мерзнуць на падворку,
Гуляць, то ўсім гуляць! Суддзя, дай ім сівухі,
Маёр дазволіць еграм выпіць весялухі!»
«Прасіў бы, — Плут сказаў,— ды тут не мус, а проста…»
«Дай бочку, — ксёндз шапнуў Суддзі,— на… дзевяноста».
І так, калі ў двары піло, гуляла панства,
У войску каля дому пачалося п’янства.
Маўкліва Рыкаў толькі чаркай забаўляўся,
А вось Маёр і піў, і к дамам прыхіляўся,
І ўсё да танцаў узрастала ў ім натхненне.
(Пакінуў люльку, стаў чапляцца к Талімэне,
Цягнуў гуляць, але ўцякла, тады да Зосі
Пайшоў з хістаннем, кланяецца — ў танец просіць.
«Гэй, Рыкаў, люльку кінь, смактаць яе ўжо годзе,
Ты ж балалаечнік праслаўлены ў народзе.
Гітару бачыш вунь? Ідзі вазьмі гітару,
Мазурку грай! У першую пайду я пару».
Дык Капітан, гітару ўзяўшы, круціць, строіць,
А Плут зноў Талімэну просьбай непакоіць.
«Маёра слова! Мне не быць расіянінам,
Калі я лгу! Няхай я буду сукінсынам,
Калі я лгу! Спытай, пацвердзяць афіцэры
Усе, як ёсць, калі не хочаш даць мне веры,
Што ў арміі другой, у корпусе дзевятым
Дывіз’і першай, у палку пяцідзесятым
Егерскім, Плута лічаць першым мазурыстам.
Хадзі, паненка! Што ты гэтак наравіста!
Бо я па-афіцэрску пакараю злюку…»
Тут скокнуў і, схапіўшы Талімэны рукі,
Шырокім пацалункам у плячо ёй пляснуў.
І тут яму Тадэвуш ёмка ў шчоку ляснуў.
Цалунак з аплявухай так адначасова
Азваліся ў пакоі, як за словам слова.
Маёр стаў слупам, пабялеў і на знявагу
Ускрыкнуў: «Бунт! Бунтар!» — і, выхапіўшы шпагу,
Хацеў прабіць, ды ксёндз к Тадэвушу падскочыў,
Даў пісталет. «Смалі! — ускрыкнуў,— проста ў вочы!»
Схапіў, прыцеліўся Тадэвуш, пальнуў скора,
Ды толькі асмаліў і аглушыў маёра.
З гітарай скокнуў Рыкаў. «Бунт! — крычыць, — як можна!»
Бяжыць к Тадэвушу; тут Войскі бестрывожна
Махнуў рукой наводля, нож аж толькі свіснуў
Паміж галоў і перш ударыў, чым узбліснуў,
Трапляе ў дно гітары, б’е яго на чвэрці.
Схінуўся трохі Рыкаў і ўцёк так ад смерці.
Тады трывожна крыкнуў: «Егры! бунт! Ей Богу!»
I, шпагу вырваўшы, прасоўваўся к парогу.
А тут з другога боку, як паўстала спрэчка,
Праз вокны шляхта рвецца, камандзір — Рузэчка
Вось Плут у сенях, Рыкаў з ім, крычаць трывогу,
І тры салдаты ім спяшаюцца ў падмогу.
Уміг праз дзверы ўлазяць тры штыкі, мушкеты,
А ззаду чорныя прыгнутыя кашкеты.
Мацей, падняўшы Розгу, стаў за вушакамі,
Сачыў цішком, як быццам кот за пацукамі,
Аж рубануў; усе мо збіў бы тры галовы,
Але стары не згледзеў, ці ўжо быў нярвовы,
Бо перш, чым шыі выткнулі, цяў па кашкетах,
Збіў іх, а Розга зазваніла па мушкетах —
Дык егры адступаюць, Мацек вон іх гоніць
На двор.
А там ужо бушуе ўсё, гамоніць.
Прыхільнікі Суддзі, не трацячы нагоды,
Бягуць Дабрынскіх ратаваць, знімаць калоды.
На гэта егры дай хапаць свае мушкеты,
Сяржант Падгайскага парнуў у часе гэтым,
Двух іншых раніў ля Хрысціцеля калоды,
Пасля даў стрэл. Хрысціцель блізкі быў свабоды,
Ужо меў рукі вольныя, дык без размовы
Падняў высока ўгору свой кулак пудовы
І гэтак стукнуў у хрыбет расіяніна,
Што ўплюшчыў твар яго ў жалеза карабіна,
Дык порах, кроўю змочаны, не запаліўся,
А сам сяржант ля ног Хрысціцеля зваліўся.
Хрысціцель гнецца, карабін бярэ за дула
І круціць, аж паветра загуло, раўнула.
Млынкуе, валіць двух салдат, ды гэтых мала —
За імі ўраз трапляе ў галаву капрала.
Друтія адступаюць ад яго са страхам.
Вось так жывым Крапіцель прыкрываўся дахам.
Развязаны ўжо рукі, збіты ўсім калоды,
І шляхта на ксяндзоўскія бяжыць падводы,
З іх дастае рапіры, шаблі, стрэльбы, косы,
А Конаўка знайшоў два штурмакі. Калёсы
Умяшчалі і шмат куль. Узрадваўся ваяка,
Бярэ штурмак сабе, другі дзяржыць для Сака.
А еграў прыбывае, збіліся, таўкуцца,
І шляхце ўжо няма як шабляй размахнуцца.
Страляць не могуць егры, б’юцца гурмай зблізку:
Па сталі звоніць сталь, мігцяць іскрыста ўзбліскі,
Б’е шаблю штык, каса сячэ эфес, скуголіць,
Кулак таўчэ кулак, плячо плячо няволіць.
Дык Рыкаў кінуўся ў напрамку, дзе стадола
Сышлася з плотам; кліча еграў, каб наўкола
Спынялі бой такі дурны і бесталковы,
Дзе ўсе без выстрала паскладваюць галовы.
Злы быў, што сам страляць не можа, бо ў таўчэчы
Свайму, замест чужога, ўсадзіш кулю ў плечы,
Дык: «Стройся! Гэй ка мне!» — выкрыкваў Рыкаў,
Але яго каманда нікне сярод крыкаў.
Мацей, да рукапашнай бітвы ўжо не здольны,
Памалу адступаў і шлях праторваў вольны
Направа і налева: то канцом Рузэчкі
Сцірае штык з ствала, як быццам кнот са свечкі
То зноў наводля замахнецца, рэжа, коле.
Так Мацек асцярожна адступаў у поле.
Але з найбольшым цісне на яго напорам
Гефрэйтар пажылы з інструктарскім задорам,
Мастак баёў штыковых. Ён, сабраўшы сілы,
Схапіў аберуч карабін, ідзе пахілы,
Адной рукой затвор, другою ствол сціскае,
Падскаквае і круціцца; то штык спускае,
То сам прысядзе, то зноў выцягнецца дужа
І штык папхне наперад, як джыгала вужа,
То ўзад рване і на калене апірае,
I так штораз мацней на Мацька насядае.
Стары Мацей пазнаў майстэрскія удары,
Уздзеў сабе на нос ляўшою акуляры,
А пры грудзях трымаў Рузэчкі рукаятку.
Здае назад, глядзіць, ды не ўступае ў схватку,
Сланяецца крыху, як быццам трохі п’яны.
Гефрэйтар цісне больш — Мацей ледзь не спайманы.
Дык каб лягчэй дагнаць, прабіць штыком старога,
Узняўся ды адну руку падаў замнога.
На карабін, папхнуўшы, гэтак наваліўся,
Што ад вагі той зброі значна нахіліўся,
А Мацек шаблі рукаятку ў тую ж пору
На стык ствала з штыком падставіў, б’е угору
І апускае Розгу на далонь салдата,
А потым рассякае твар яго вусаты.
Так паў фехтмайстар знатны з прымаскоўскіх даляў,
Крыжоў трох кавалер і чатырох медаляў.
Тым часам ля калодаў шляхта рускіх біла
І скрозь перамагала. Там граміў Крапіла,
Здалёку бачны, Брытва з ім — у самай гушчы;
Той рэжа напалам, а той галовы трушчыць.
Так, як машына, што германцы збудавалі,
А потым малатарняю яе назвалі,
Якая адначасна сечку рэзаць можа —
Сячкарняй быць і малаціць цапамі збожжа,
Так Брыгвачка з Крапілам у варожым стане,
Той знізу, той згары, рабілі замяшанне.
Крапіцель раптам пакідае перамогу,
Бяжыць направа, бо ў душы адчуў трывогу
За Мацька. Там адпомсціць прапаршчык жадае
За смерць гефрэйтара, шпантонам насядае.
(Шпантон — сякеру з пікай рэдка хто ўжывае
Цяпер, але яшчэ бытуе ён у флоце,
А ў той час сустракаўся часта і ў пяхоце.)
Дык прапаршчык-юнак вёў наступленне ўмела:
Ледзь зброя ад удару ўтору падляцела,
Ён адступаў, бо бачыў — Мацек не дагоніць,
Што ён, не ранячы, адно сябе бароніць.
Ужо бердыш узняты быў на ўдар вялікі,
Ужо чапіў Мацея злёгку кончык пікі,
Хрысціцель не паспее — стаў сярод дарогі,
Крутнуў даўбню і кінуў ворагу пад ногі.
Скрышыў нагу, дык прапаршчык шпантон з рук кінуў,
Хістаецца. Тут шляхты гурт уміг нахлынуў,
За шляхтай гурма маскалёў услед валіла,
І тут нанова бой пачаўся ля Крапіла.
Хрысціцель, страціўшы сваю праз Мацька зброю,
З уласнай ледзь не развітаўся галавою,
Бо ззаду на яго напалі два салдаты,
Рукамі чатырма за валасы заўзята,
Упёршыся нагамі, цягнуць, быццам ліны,
Прывязаныя к мачце нёманскай віціны.
Дарма назад удары шле ён раз за разам,
Хістацца стаў, аж бачыць: б’ецца вось Гервазы,
Дык крыкнуў: «Божа мой! Сцізорык, на падмогу!»
Пачуўшы ў голасе Хрысціцеля трывогу,
Гервазы апусціў Сцізорык свой узняты
Ля галавы Хрысціцеля, на рукі тых салдатаў.
Адскочылі, падаўшы разам страшны голас,
Але адна рука, заблытаная ў волас,
Крывёй сцякаючы, матлялася, вісела.
Так орлік, кіпцюры ўсадзіўшы зайцу ў цела,
Другою лапай на бягу ствол дрэва зловіць,
А заяц, скокнуўшы, арла перапаловіць,
І ў лесе застаецца частка з лапай правай,
А звер ляціць у поле з леваю крывавай.
Крапіцель вольны, дык вачыма вокал водзіць,
Шукае з крыкам зброю, але не знаходзіць,
Тым часам кулаком таўчэ, ідучы ў кроку
Гервазым, ля яго трымаючыся боку.
Ды раптам бачыць сына Сака недалёка.
Той праваю рукой дзяржыць штурмак, а левай
Валочыць за сабой даўгое ў сажань дрэва
З той крамянёвай, гузаватай булавою[50]
(Хрысціцель толькі можа ўзняць такую зброю).
Крапіцель, згледзеўшы здалёк сваё Крапіла,
Падбег, схапіў, пацалаваў, настолькі міла
Было яно яму; крутнуў — паветра ўзвыла.
Што потым вытвараў ён і ў якім памеры,
Дарма пяяць, не будзе, знаю, музе веры,
Так як не верылі і ў Вільні той жанчыне,
Што, стоячы на Вострай Брамы лукавіне,
Убачыла, як Дэеў, генерал пяхоты,
Ішоў з палком казакаў, адчыняў вароты
І як тут мешчанін, што зваўся Чарнабацкі,
Збіў Дэева і знішчыў цэлы полк казацкі[51].
Даволі, што было так, як прадбачыў Рыкаў:
Хістацца сталі егры, вось чутно ўжо з крыкаў.
Аж дваццаць тры валяюцца на смерць забітых,
Больш трыццаці ўжо мучацца ад ран адкрытых,
Шмат іх пабегла ў сад, за рэчку, ў хмель ад здзекаў,
І колькі ў дом убегла пад жанчын апеку.
Дык шляхта з перамогі ўся у захапленні —
Той цягне ўжо трафей, там бочку ўжо абселі —
Абставін бою, як відаць, не разумелі.
Адзін ксёндз Робак справу знаў (яму каноны
Не дазваляюць біцца), ды, жыццём наўчоны,
Ён радзіў, як лепш біць, і пляц абходзіў бою,
Каманду падаваў і вокам, і рукою
І зараз заклікаў, каб у адно злучацца,
На Рыкава ударыць, з рэштай расквітацца.
А Рыкаву праз пасланца паведамляе,
Што той жыццё, хто кіне зброю, захавае.
Калі ж прадоўжыць далей капітан змаганне,
То ўміг атрад акружаць, высекуць да-звання.
А Рыкаў не намерваўся прасіць пардону.
Сабраўшы ля сябе палову батальёна:
«За зброю!» — крыкнуў. Па загаду каітана
Ўміг зброя хруснула, даўно панабівана.
Ён крыкнуў: «Цэль!» Ствалы заззялі шнурам цэлым.
Скамандаваў: «Агонь чаргой!» — б’е стрэл за стрэлам.
Страляе той, той набівае, той наводзіць,
Свіст куль, затвораў трэск з канца ў канец праходзіць,
Шарэнга выгінаецца, як звер паўзучы,
Які махае спрытна сотняй ног бліскучых.
Хоць кожны з еграў быў ад спірту моцна п’яны,
Цаляць не мог ніхто, ды ўсё ж наносяць раны,
А той-сёй і заб’е. Праз момант двух Мацеяў
Падбілі, і адзін забіты з Баўтрамеяў.
А шляхта б’е ў адказ ім з некалькіх рушніцаў,
На шаблі з еграмі жадаючы счапіцца,
Старэйшыя спыняюць, кулі ж свішчуць густа,
Трапляюць, гоняць. На двары ўміг будзе пуста,
Па шыбах дому звоняць часта, б’юць па рамах.
Тадэвуш, што павінен быў сядзець пры дамах
З загаду дзядзькі, чуючы, што справы горай
Пайшлі, дык выбег, з ім пабег і Падкаморы,
Якому шаблю ўжо Тамаш прынёс нарэшце.
Спяшаецца, камандуе, як бой правесці.
Бяжыць, падняўшы шаблю, шляхта — побач, радам,
А егры сыпанулі ў іх куль цэлым градам.
Паў Вільбік, Ісаевіч, Брытва злёг ад раны.
Тады напад той бесталковы быў стрыманы
Мацеем з Робакам. Дык шляхта халадзее,
Здае назад. Такая маскалям падзея
Узнімае дух, і Рыкаў меціць адным махам
Ачысціць двор і апынуцца ўміг пад дахам.
«Фармуйся! — крыкнуў. — На штыкі! Наперад! Жвава!»
І ўміг уся шарэнга са штыкамі лавай
Хінецца, рушыцца і прыбаўляе кроку.
Дарма страляе шляхта спераду і збоку,
Палову ўжо двара прайшоў атрад з адвагай,
А капітан, на дзверы паказаўшы шпагай,
Крычыць: «Суддзя! Здавайся! Двор спаліць прыкажам!»
«Палі! — крычыць Суддзя. — Цябе ў агні падсмажым!».
О, двор Сапліцаўскі! Калі цяпер ты цэлы
І свеціцца між ліпаў твой будынак белы,
Калі там шляхты грамада, суседзі
Сядаюць за сталы Суддзёвы пры абедзе,
То Конаўкі здароўе п’юць абавязкова,
Бо каб не ён, даўно б не стала Сапліцова!
Дагэтуль Конаўка не меў яшчэ нагоды
Адвагі доказ даць, хоць першы ўстаў з калоды,
Хоць конаўку знайшоў у возе дарагую —
Штурмак свой мілы, куляў торбачку-другую,
Ды біцца не хацеў, казаў, што мала варты
Бывае нашча, дык ішоў шукаць паўкварты.
Да бочкі спірту падышоў, зачэрпнуў жменяй,
І ўжо калі пачуў, што выпіў болей-меней,
Паправіў шапку, конаўку сваю пагладзіў,
Памацаў кулю шомпалам, затвор наладзіў
І аглядзеў пляц бою. Бачыць, доўгай хваляй
Блішчаць штыкі і гоняць шляхту штораз далей.
Дык пачынае супраць гэтай хвалі плысці,
Дае нырца ў быллё, паўзе ў густэчы лісця
І пасярод дзядзінца ў крапіве знікае,
Хаваецца і Сака жэстам заклікае.
А Сак са штурмаком парог аберагае,
Бо ў гэтым доме недзе Зося дарагая.
І хоць не раз ад Зосі быў ён адапхнёны,
Цяпер жыцця не шкадаваў для абароны
Вось егры ў крапіву ўступаюць роўным крокам…
Тут Конаўка даў стрэл. Штурмак ствалом шырокім
Пускае тузін куль разных па грознай хвалі.
Другі — пускае Сак. І маскалёў стрымалі —
Спалоханы засадай рад канцы звівае
Назад, а раненых Хрысціцель дабівае.
Гумно далёка — каб не рассыпаць народу,
Дык Рыкаў падбягае пад паркан гарода,
Трымае ўцекачоў, камандуе талкова,
Зноў ладзіць строй, ды толькі ўжо манерай новай,
Рыхтуе трохвугольнік вострым клінам з ходу,
А цэнтр абапірае аб паркан гароду.
І правільна зрабіў, бо конніца йшла здалі.
А Граф, якога егры ў замку пільнавалі,
Калі ад страху збегла варта, той парою
Атрад сваіх жакеяў конных вёў да бою —
Сам на чале, жалеза ўгору ўзняў з фасонам.
Тут Рыкаў закрычаў: «Агонь! Паўбатальёнам!»
Цераз ствалы ўзвілася нітка прамяніста,
І з чорных дулаў раптам свіснула куль трыста.
Трох з коней скінулі, адзін ужо забіты,
Паў графскі конь, зваліўся Граф. Тут крык сярдзіты
Узняў Гервазы, што не йнакш, як праглядзелі
Апошняга з Гарэшкаў (хоць і па кудзелі).
Ксёндз Робак быў бліжэй, за Графа забягае,
Прьмае рану за яго, ўстаць памагае,
Адводзіць. Шляхце даў загады расступіцца,
Лепш меціцца, страляць ды кулямі скупіцца,
Хавацца за платы, за студню, за будынкі,
А Графу пачакаць больш зручнае хвілінкі.
Тадэвуш, зразумеўшы думку бернардына,
З-за студні паражаць стаў еграў каля тына.
Цвярозы быў і біў з двухстволкі вельмі ўдала,
(Ў манету ўскінутую ўверх, трапляў, бывала),
Дык немалую ворагу наносіць шкоду:
Спярша фельдфебеля са строю выбіў з ходу,
Пасля з двух дулаў двух сяржантаў зразу валіць —
Цаляе ў галуны, або па цэнтру смаліць,
Дзе штаб стаяў. Дык Рыкаў злы аж лае матку,
Нагамі б’е, кусае шпагі рукаятку.
«Маёр! — крычыць, — што робіцца з той банды!
Яны ж пакінуць наша войска без каманды!»
Дык Плут крычыць к Тадэвушу з вялікім гневам:
«Гэй, пан паляк, што там хаваешся за дрэвам,
Не трусь, выходзь на пляц і біся ганарова,
Так, як салдат». А той яму на гэта слова:
«Маёр! Калі ты рыцар гэткі знакаміты,
Чаго ж сядзіш грудзьмі салдацкімі прыкрыты?
Перад табой я не ўцяку. Вылазь з-за плоту,
Ты ў твар дастаў, я стукнуць маю йшчэ ахвоту!
Пашто ліць кроў! Між намі спрэчка і знявага,
Хай вырашаць яе ці пісталет, ці шпага.
А зброю выбірайце там любую самі,
А не, дык выб’ю вас, як тых ваўкоў у яме».
Пры гэтым выстраліў яшчэ і не змыліўся:
Паручнік каля Рыкава ўміг з ног зваліўся.
«Маёр, — прамовіў Рыкаў,— выйдзі на расправу,
Адпомсці ты яму за ранішнюю справу,
Калі ж бо іншы хто таго шляхцюру знішчыць,
Тады табе не ўдасца ганьбы век ачысціць.
Яго нам трэба, як мага, на пляц занадзіць —
Калі не можа куля, хай з ім шпага зладзіць.
„Люблю без стуку штуку, гэткую, што коле“, —
Казаў стары Сувораў. Выйдзі, брат, на поле,
Бо ён нас выб’е ўсіх. Глядзі, які дасужы».
Тады маёр прамовіў: «Рыкаў, мілы дружа,
Ты добра б’ешся шпагай, выйдзі, браце Рыкаў,
А не, дык мо б каго з паручнікаў паклікаў.
Маёр я, нельга мне кідаць сваіх салдатаў,
Каманда батальёнам, знаеш, — справа свята».
На гэта Рыкаў шпагу ўзняў, выходзіць смела,
Сказаў спыніць стральбу, махае хусткай белай.
Тадэвуша спытаў, на чым той хоча біцца,
Рашылі ў той жа міг на шпагах запыніцца.
Не меў Тадэвуш шпагі, а у час шукання
Прыскочыў збройны Граф, навёўшы замяшанне,
Бо крыкнуў: «Пан Сапліца! Справа тут не пана!
Вы йшлі супроць маёра, а на капітана
Я маю гнеў, бо ён у замак мой варваўся
(„Кажыце, пане: ў наш“, — Пратазы умяшаўся),
Ускочыў,— Граф працягваў,— на чале зладзеяў,
Ён, Рыкава пазнаў я, павязаў жакеяў.
Я дам яму, як і ў Сіцліі далёкай
Бандытам даў каля скалы Бірбанта-рокка!»
Заціхлі ўсе, вакол спынілася стралянне,
Глядзяць ваякі на смяротнае спатканне:
Граф з Рыкавым падходзяць, звернутыя бокам,
Рукою правай пагражаючы і вокам,
Пасля адкрылі левымі свае галовы
І кланяюцца (звычай гэткі ганаровы:
Перад забойствам ветліва йшчэ прывітацца).
Вось шпагі ўжо сустрэліся разоў са дваццаць,
Вось рыцары ўзнімаюць ногі, на калена
Прыкленчваюць і ўскакваюць папераменна.
А Плут Тадэвуша прыкмеціў перад фронтам,
Дык стаў шаптаць яфрэйтару, што зваўся Гонтам
І славіўся стралком найлепшым у той роце.
«Ты бачыш, — мовіў,— тога, што стаіць пры плоце?
Калі яму ты кулю ўткнеш пад скабай пятай,
Чацвёрка серабром за гэта будзе платай».
Дык Гонт рыхтуе карабін у той жа хвілі,
Таварышы яго шынелямі прыкрылі.
Не ў скабу, а на чэрап ён наводзіць мушку,
Папаў, але прабіў капялюша вярхушку.
Тадэвуш аж крутнуўся. Тут Крапіцель з рада
Рвануўся к Рыкаву, а шляхта ўзвыла: «Здрада!»
Тадэвуш капітана засланіў, дык Рыкаў
Ускочыў да сваіх сярод пагроз і крыкаў.
Зноў кінуліся ў бой дабрынцы і літвіны,
Забыўшыся пра звады для такой хвіліны.
Ваююць, як браты, таго той выручае:
Дабрынскім цяжка, дык Падгайскі прыкмячае,
Касой сячэ, у гушчу еграў убягае.
Дабрынскія крычаць: «Няхай жывуць Падгаі!
Гарой, Літва! Хвала літвінам, браццям нашым!»
Скалубы, Брытву згледзеўшы, што бег бясстрашна,
Хоць ранены, крычаць з глыбінь крывавай буры:
«Гарой, Мацеі, Барткі! Хай жывуць мазуры!»
Так заахвоціўшыся, рвуцца штораз далей,
Хоць іх Мацей і Робак, як маглі, спынялі.
Калі на роту еграў бег натоўп народу,
Задумаў Войскі скіравацца ў бок гароду.
З ім разам асцярожна сунуўся Пратазы,
А Войскі ціханька даваў яму наказы.
Стаяла там за плотам блізка, поруч з садам,
Дзе Рыкаў абапёрты быў сваім атрадам,
Старая сырніца, ў зруб складзеная рэдкі
З брусоў скрыжованых, падобная да клеткі.
У ёй свяцілі копы сыраў яснай беллю,
А навакол на ветры сохлі звязкі зелля:
Валошак, чабару, рамонку і шалфею —
Лячэбныя Вайшчанкі на зіму трафеі.
Уверсе меў будынак сажні тры з паловай,
А ўнізе на калодзе ўспёрты быў дубовай,
Як буслава гняздо. Той слуп ужо крышыўся,
Падгніў ад старасці і значна нахіліўся,
Збіраючыся ўпасці. Ўжо Суддзі калісьці
Казалі, што не будзе з сырніцы карысці,
Што лепш яе раскідаць. Дык Суддзя паправіць
Яе рашыў і ўжо збіраўся пераставіць,
Але рамонт адцягваўся час некаторы,
Тым часам пад той слуп уткнулі дзве падпоры.
Так падмацованая вельмі нетрывала
Будыніна на строй маскоўцаў пазірала.
Вось Возны з Войскім к сырніцы падходзяць ззаду,
А кожны захапіў, як піку, жэрдку з саду.
За імі ўслед каноплі ахмістрыня топча
І кухарчук, хоць і малы, ды дужы хлопчык.
Прыйшоўшы, тычкі ўпёрлі ў слупа верх пахілы
І пхнуць будынак знізу, колькі маюць сілы,
Так сплаўшчыкі, як стане на мялі, віціну
Каламі доўгімі спіхаюць на глыбіну.
Слуп трэснуў, крышыцца… Вось сырніца ў палёце,
Вось б’е цяжарам дрэва і сыроў па роце
І раніць, забівае войска й камандзіраў.
Так злеглі ў кучу: дрэва, трупы, груды сыраў.
Абліты мозгам і крывёй, трохкутнік рвецца,
І ўжо Крапіла ў ім гудзіць, і Брытва ўецца,
Сцябае Розга, падбягае шляхта звонку,
Жакеі гоняць еграў, б’юць наперагонкі.
Вось толькі восем еграў і сяржант з адвагай
Бароняцца. К ім Ключнік бег, яны з увагай
Аж дзевяць дулаў на яго накіравалі —
Ён бег пад променем Сцізорыкавай сталі.
Ксёндз, гэта згледзеўшы, забег яму дарогу,
Сам паваліўся і падбіў старому ногі.
Зваліліся якраз, як дружны залп раздаўся.
Як прасвістала волава, Гервазы ўзняўся,
Убягае ў дым, двум еграм голавы ссякае.
Бягуць другія, Ключнік гоніць, не чакае.
Яны бягуць дваром, Гервазы — іх слядамі,
Яны — ў гумно і нікнуць там, бы ў цёмнай яме,
І ён туды бяжыць, не думае спыніцца,
Прапаў у цемры, ды і там працягваў біцца,
Бо крык чуваць, на ўдар мяча чуваць адказы.
Урэшце сціхла ўсё. ’явіўся зноў Гервазы
З мячом крывавым.
Шляхта ўжо займае поле,
Разбеглых еграў гоніць, забівае, коле.
А Рыкаў б’ецца смела, на перагаворы
Не згодзен. Да яго падходзіць Падкаморы,
Узняўшы шаблю, і паважным кажа тонам:
«Пан капітан! Не зганьбіш чэсці ты пардонам,
Ты смелы рыцар, без ніякага сумнення,
Але пакінь дарэмнае супраціўленне,
Здай зброю нам, пакуль цябе не закалолі,
Жыццё і чэсць з табой, бо ты ў мяне ў няволі!»
І Рыкаў цэніць Падкаморага павагу:
Зрабіў паклон, аддаў яму у рукі шпагу,
Скрываўленую ўсю, і мовіў: «Эх, камраты!
Бяда мне, што не меў я хоць адной гарматы!
Сувораў праўду гаварыў мне: „Рыкаў, браце,
На ляхаў ідучы, пяршынства дай гармаце!“
Што ж, егры п’яныя былі! Плут піць дазволіў.
Ох, гэты Плут! Ён сёння вельмі пасваволіў!
Ён дасць цару адказ, яго былі загады,
А я, пан Падкаморы, сябрам вам быць рады.
Ёсць прыказка у нас: каго хто моцна любіць,
Той, пане Падкаморы, тога моцна чубіць.
Падпіць вы малайцы і ў бітве не калекі,
Але над еграмі пакіньце ўрэшце здзекі».
На гэта Падкаморы шаблю узнімае,
Праз Вознага пардон агульны аб’яўляе.
Загад даў раненых пабраць, ачысціць поле,
А еграў абяззброеных браць у няволю.
Шукалі доўга Плута, ён жа, як забіты,
Ляжаў у крапіве, быллём ад вока скрыгы.
Калі заціхла ўсё, ён выйшаў для разведкі.
Ў Літве наезд апошні меў канец вось гэткі[52].