Кніга пятая. Звада

Змест: Паляўнічыя планы Талімэны. Гароднічка рыхтуецца ў вялікі свет і выслухоўвае навукі апякункі. Стральцы вяртаюцца. Вялікае здзіўленне Тадэвуша. Паўторнае спатканне ў Святыні дум і згода, наладжаная дзякуючы мурашак… За сталом пачынаецца гутарка пра паляванне. Перапыненая аповесць Войскага пра Рэйтана і князя Дынасаў. Спробы перамоў паміж бакамі, таксама перапыненыя. Постаць з ключом. Звада. Граф з Гервазым праводзяць ваенную нараду.

Вяртаецца пан Войскі з перамогай з бору,

А Талімэна дома, вочы ўзняўшы ўгору,

Распачынае ўловы. Праўда, нерухома

Сядзіць, на грудзі склаўшы рукі, ды без стомы

У думках гоніць двух звяроў і разважае,

Як іх злавіць абодвух. Думкай абкружае

Тадэвуша і Графа. Граф, хоць і прыгожы,

І з роду знатнага, кахае ўжо, быць можа,

Ды гэткага пачуцці могуць адмяніцца,

Прытым, хто знае, ці захоча ажаніцца

З жанчынаю старэйшай! І не так багатай!

А свет што скажа? Сваякі? Лепш іх не кратай!

І з думкамі такімі Талімэна ўстала,

На пальчыкі ўзнялася, быццам падрастала

Адкрыла трохі грудзі, выгнулася бокам

І доўга на сябе глядзела пільным вокам:

Што скажа ёй люстэрка, ведаць захацела,

Пасля ўздыхнула, вочы апусціла, села.

Граф — пан! А панскі густ, звычайна, не трывалы,

Ды Граф бландзін! Бландзін бывае рэдка сталым.

Ну а Тадэвуш? Прасцячок! Хлапчына мілы!

Амаль дзіця! Але з усёй кахае сілы!

Адно глядзець, дык першай не парве завязкі,

Ды ўжо для Талімэны мае абавязкі.

Мужчына малады, хоць трохі ў думках зменны,

Бывае цвёрды ў пачуцці, бо ён сумленны.

І доўга сэрца хлопца носіць успаміны

Пра шчасця час і ўдзячнасць за яго хвіліны.

І хлопец радасна прымае асалоду,

Нібы вясёлую сяброўскую прыгоду.

І толькі п’яніца, віном спаліўшы кішкі,

Гідліва потым пазірае на кілішкі.

Пра гэта Талімэна вельмі добра знала,

Бо розум мела ды і вопыту не мала.

Аднак, што скажуць людзі? Можна б перабрацца

Ў другое месца і ад злых вачэй схавацца,

Або зусім у іншы край перасяліцца.

Найлепш для гэтага падходзіла б сталіца —

Там можна б хлопца вывесці у свет, у людзі,

Пакіраваць, дапамагчы, дзе трэба будзе,

Кахаць, выхоўваць, сябра ў ім мець дарагога

I, покуль сілы служаць, пагуляць нямнога!

І з марамі такімі весела і смела

Прайшлася па пакоі, потым зноў прысела.

Не шкодзіла б падумаць і аб Графа лёсе.

Ці не ўдалося б як яму падсунуць Зосю?

Хоць небагатая, але ж — з арыстакратаў,

Так, як і Граф. Няўжо б яе ён не засватаў?

Каб толькі іх у пару звесці удалося,

Дык бы і Талімэне месца ў іх знайшлося

У будучым. Сваячка Зосі, Графа свацця,

Была б у доме маладых, як быццам маці.

Закончыўшы з сабою гэткую нараду,

Падходзіць да акна і кліча Зосю з саду.

А Зося ў лёгкім плацці з галавой адкрытай

Стаяла на двары, высока ўзняўшы сіта;

Каціўся да яе клубок курэй стракатых,

З другога боку — статак пеўнікаў чубатых

Імчыцца, патрасае шышакоў каралам,

Вяслуе праз кусты, барозны дружна, валам

Ускідваючы ўгору шпорыстыя ногі.

Індык за імі сунецца надзьмуты, строгі

І жонкі крык сцішае гнеўнай балбатнёю.

А павы, як плыты, хвастамі над травою

Плывуць. I, пакідаючы вышынь прасторы,

Ляціць шматочкам снегу голуб белапёры.

І на кругу зялёным з кветак, зелля, траваў

Сціскаецца рухомы круг крыклівы, жвавы,

Абведзены навокал галубоў істужкай,

Мігцеў той карагод рознакалёрнай птушкай,

Дзе з пер’я мітуслівага, як рыбкі з хвалі,

Чубкі чырвоныя і дзюбы вытыркалі,

Выцягваліся ўгору, быццам водныя цюльпаны,

I, быццам сотні зорак, ясна ззялі вочы.

А над натоўпам птушак — Зосін стан дзявочы.

Яна ўся ў белым — глянеш, і здаецца,

Што там фантан між кветак круціцца і б’ецца.

А Зося сыпала на крыллі і галовы

Рукой, як перлы, белай град густы пярловы

Ячменных круп, прызначаных для хатняй стравы

І ў некаторыя расолы для прыправы.

Так Зося, крупы беручы тайком са скрыні,

Наносіць шкоду гаспадарцы ахмістрыні.

Пачула — клічуць: «Зося!» — Гэта голас цёткі!

Сыпнула зразу птушкам той прысмак салодкі

I, сітка круцячы, як бубен танцаўшчыца,

І стукаючы ў такт, не ў сілах запыніцца,

Давай скакаць праз курак, галубоў і паваў,

Аж птушкі фуркнулі ўгару ад той забавы.

А Зося ледзь ступнямі землю закранала

І быццам з галубамі ўгору падлятала,

Якія, нібы ўпрэжаныя ў калясніцу,

Ляцелі нізка, не паспеўшы ў неба ўзвіцца.

І Зося з крыкам праз акно ў пакой зляцела,

Задыханая, цётцы на калені села,

А тая з пацалункам, гладзячы, як маці,

З уцехай заўважае прыгажосць дзіцяці

(Бо выхаванку шчыра ад душы любіла).

Але вось перад ёй сур’ёзны твар зрабіла,

Устала і, прайшоўшыся уздоўж пакоя,

На вуснах з пальцам, мовай пачала такою:

«Ну, Зося дарагая, ты ўжо забываеш

Пра ўзрост і стан свой. Ты ж распачынаеш

Год чатырнаццаты, пара кідаць чубаткі —

Гульня з курмі ніяк не для арыстакраткі!

І з дзетварой мужыцкай бруднай, мне здаецца,

Займацца досыць. Зося! Мне аж сэрца рвецца

Ты ж загарэла, усё роўна як цыганка,

А рухаешся, ходзіш, як парафіянка.

З сягонняшняга дня ўжо гэтага не будзе,

Сягоння выведу цябе на свет, у людзі,

К гасцям. Гасцей, як ведаеш, цяпер тут многа.

Глядзі ж, каб сораму не выйшла мне якога».

Тут Зося ўскочыла і пляснула ў далоні,

I, ўпаўшы радасна на цётчынае ўлонне,

Смяялася, аж пераходзячы да плачу.

«Ах, цёця! Я ўжо так даўно гасцей не бачу!

З тых пор, як сябрам стаў мне птушнік наш вялікі,

Адзіны госць ка мне заглянуў-голуб дзікі.

Было мне трохі сумна, міленькая цёця,

Аж пан Суддзя ўжо спачуваў маёй самоце».

«Суддзя даўно, — сказала цётка, — ў людзі хоча

Цябе увесці і здаўна тым коле ў вочы,

Што ты ўжо вырасла. Не знаецца на гэтым

Дзядуля наш, з вялікім не абжьггы светам.

Мне лепш вядома, колькі трэба рыхтавацца

Паненцы, каб нарэшце свету паказацца.

Хто між людзьмі расце, няхай сабе прыгожы,

Няхай разумны, ўражання зрабіць не можа,

Таму што ўсе к яму прывыклі ад дзіцяці.

А досыць толькі новай выплысці пастаці,

Што выхаваннем і красою блісне хоць нямнога,

Тады к ёй ціснуцца адзін цераз другога,

Каб толькі як найлепш разгледзець тварык новы,

Рух кожны ацаніць, паслухаць свежай мовы.

Як стане моднаю асоба маладая,

То на’т яе той хваліць, хто й не ўпадабае.

А як вясці сябе, ты, спадзяюся, знаеш,

Расла ў людзях. Хоць тут другі год пражываеш,

Ды, пэўне, не забылася аб Пецярбурку.

Дык туалет распачынай. Вазьмі у бюрку

Усё патрэбнае табе для прыбірання,

Ды хутка, бо прыедуць зараз з палявання».

Тут пакаёўку клікнула. Загад дзяўчыне

Дала вады ў сярэбранае ўліць начынне.

І Зося, быццам птушачка ў пясочку, мые

З падмогаю дзяўчыны рукі, твар і шыю.

А цётка пецярбургскія бярэ прылады,

Духоў вымае пляшкі, слоікі памады

І лепшымі духамі пырскае на Зосю

(Аж пах ідзе вакол), памадзіць злёгку косы.

І Зося ўсцягвае ажурныя панчошкі

І туфлікі варшаўскія кладзе на ножкі.

Тым часам пакаёўка шнуравала станік,

Пасля, накінуўшы на плечы пударманік,

Да месца пачала загортваць папільоты

І волас недаўгі звівала ў два заплёты,

А грыўку гладка па-над тварам разабрала

I жменьку васількоў, што толькі вось сабрала,

Падносіць Талімэне. Тая іх счапіла

І к Зосінай галоўцы ўмела прышпіліла

Па правай старане. І васількі прыгожа

У светлых валасах цвілі, як паміж збожжа.

Вось знялі пударманік, толькі засталося

Сукенку ўскінуць, вось зусім гатова Зося:

Стаіць у белі, хустачка ў руцэ бялее,

І выглядае ўся, як водная лілея.

Паправіўшы сукенку, валасы рукою,

Прайсціся цётка Зосю шле уздоўж пакоя

І пільна сочыць збоку свецкай дамы вокам

За кожньш рухам выхаванкі, кожным крокам,

Муштруе гнеўна, кожную драбніцу бачыць:

«О я няшчасная! Глядзі, што гэта значыць

Жыць між гусей і пастухоў! Так расстаўляеш

Калені, як хлапец, вачыма так страляеш,

Як маладзіца! Ну зрабі паклон! Няўдала!»

«Ах, цёця! Ці ж я вінна, што такою стала? —

Сказала Зося. — Чым жа мне было заняцца?

Любіла з дзецьмі быць, за птушкай паганяцца,

Але як між людзьмі я трохі абжывуся,

Убачыш, цётачка, якой тады зраблюся!»

«Ужо, — сказала цётка, — лепей, пэўне, з птаствам

Гуляць, як з тым, што гасцявала ў нас, плюгаўствам.

Прыпомні толькі, хто збіраўся ў нас ля пляшкі:

Вось ксёндз, што ўсё маліўся ды іграў у шашкі,

Ды з люлькамі юрысты. Вось дык кавалеры!

Ад іх пераняла б ты слаўныя манеры.

Цяпер гасцюе таварыства ў нас, прызнацца,

Зусім адменнае, дык ёсць каму хоць паказацца.

Зважай жа, Зося, ёсць тут граф адзін прыгожы,

Ён родзіч ваяводы, быў у падарожжы,

З ім ветліваю будзь…»

Чуваць і коней ржанне,

І гоман шматгалосы: едуць з палявання!

Узяўшы Зосю за руку, пабегла ў залю.

Адразу з ходу месц мужчьшы не займалі —

Перапрануцца ўся кампанія жадала,

Бо ў куртках каля дам сядзець не вьшадала.

Найперш прыйшлі у залю юнакі, вядома.

А Талімэна сёння ў ролі пані дому

Гасцей вітае, садзіць, мовай забаўляе

І ўсім пляменніцу парадкам прадстаўляе.

Тадэвуша знаёміць, як з сваячкай блізкай.

Прысела злёгку Зося, ён схіліўся нізка,

Хацеў прамовіць, вусны расчыніў нямнога

І ў вочы глянуў ёй. Ды тут прыйшла трывога,

Аж занямеў, і твар яго пачаў мяняцца,

Бо ў тым, што бачыў, быў не ў сілах разабрацца.

Пазнаў яе і ўміг адчуў сябе няшчасным,

Пазнаў па ўзросце і па воласе тым ясным:

Галоўку, постаць гэту бачыў на паркане,

І голас той будзіў яго на паляванне.

Аж Войскага ўзялі за юнака трывогі:

Убачыўшы, што той збялеў, аслаб на ногі,

Параіў адысці ў пакой для адпачынку.

Тадэвуш стаў у кут, апёрся на камінку

І моўчкі пераводзіў позірк свой туманны

То на аблічча цёткі, то на тварык панны.

Дык не магла тут незаўважыць Талімэна,

Што з хлопцам адбылася раптам перамена,

Хоць не згадала, што было яе прычьшай.

Занепакоеная, сочыць за хлапчынам

I, выбраўшы хвіліну, хутка падбягае.

Што сталася? Здароў? Адказ даць налягае,

Напамінае Зосю трохі жартаўліва.

Тадэвуш, абапёршыся, стаяў маўкліва

І толькі вусны выкрыўляў і моршчыў бровы.

Здзівіў яе, разгневаў выгляд той суровы,

Дык твар й бяседы тон тады перамяніла,

Устала і са злосцю з ім загаварыла,

Сыпнуўшы градам слоў, якіх не падбірала.

Тадэвуш усхапіўся, быццам бы ад джала,

Зукоса глянуў, адапхнуў нагою крэсла

I, сплюнуўшы, пабег, нібы яго што несла,

З таго пакоя вон. На шчасце гэтай сцэны

Ніхто больш не заўважыў, апроч Талімэны.

За браму выбегшы, пакіраваў ў бок поля.

Як той шчупак, якому восць хрыбет праколе,

Нырае і плыве, жыцця, свабоды прагне,

Але ўсё шнур з жалезам за сабою цягне,

Так і Тадэвуш валачыў свае згрызоты

Цераз шырокія палі, платы, балоты,

Блукаючы зусім без мэты і дарогі.

Нарэшце ўжо, ці то яго прынеслі ногі

Выпадкам, ці сумысля, ды накіраваўся

Ў той гай, які нядаўна сведкам шчасця стаўся,

Дзе той лісток любоўны быў яму паданы, —

На ўзгорачак лясны, Святыняй дум прызваны.

І ў час, як спадзяваўся быць тут адзінокім,

Заўважыў Талімэну ў роспачы глыбокай:

Сядзіць яна, ўжо не такая, як учора,

А скамянелая на камені ад гора,

Твар утуліўшы у адкрытыя далоні.

Відаць адразу, што ў слязах гаручых тоне.

Дарма Тадэвуш са спагаднасцю змагаўся,

Змякчэла сэрца з жалю, і хлапчына здаўся

Сачыў за ёй хвіліну, стоячы за дрэвам,

I, уздыхнуўшы, сам сабе тлумачыў з гневам:

«Дурны! Яна ж не вінна, што я ашукаўся».

Дык да яе з-за дрэў памалу выхінаўся.

Аж раптам Талімэна ўскоквае на ногі

І рвецца ўправа, ўлева, поўная трывогі,

З распушчанай касою, з пабялеўшьш тварам,

На землю падае, ўстае, бяжыць гушчарам,

Зноў падае, качаецца па зеляніне,

Відаць, што страшна мучыцца, бо па хвіліне

Хапаецца за грудзі, шыю, за калені.

Тадэвуш хутка скочыў да яе ў здзіўленні,

Падумаўшы, што звар’яцела мо жанчьша

Ці страшна захварэла. Але тут прычьша

Была другая.

Пад бярозаю старою

Мурашнік быў вялікі. Стуль мурашкі роем

Наведвалі штодня Святыню дум ад рання

Як месца працы, ці пляцоўку для гуляння.

З свайго узгорка, з мурашьшае сталіцы

Дарогу пратапталі аж па ўскрай крыніцы.

Тым разам Талімэна села на дарожку.

Мурашкі, беленькую ўбачыўшы панчошку,

Узбеглі і пайшлі скрозь ласкатаць, кусацца.

Прыйшлося Талімэне бегчы, атрасацца,

Лавіць нарэшце, сеўшы воддаль той дарогі.

Не мог адмовіць ёй Тадэвуш дапамогі.

Сукенку чысцячы, схіліўся аж да ножкі,

А потым скроні вуснамі крануўся трошкі.

Так дружна сядзячы, хоць і не гаварылі

Пра ранішнюю спрэчку, згоду ўстанавілі.

Няведама дакуль цягнулася б размова,

Каб іх не разбуцзіў звон гучны з Сапліцова.

Пара вячэраць, час вяртацца ўжо дадому,

Тым больш, што недалёка трэск пачуўся лому.

Шукаюць, можа? Разысціся давядзецца.

Дык Талімэна ўправа, пад гарод, крадзецца,

А ён скіроўваецца ўлева — да дарогі.

Прыйшлося ім тады зазнаць крыху трывогі:

Раз Талімэне паказалася, што з куста

Аблічча Робака мільгнула, быццам хуста,

А пан Тадэвуш бачыў, пэўне, са два разы

У гушчары цень нейкі белы, даўгавязы.

Што там было, не знаў — падказвала пачуцце,

Што гэта Граф быў у даўгім сваім сурдуце.

Вячэралі у замку, бо стары Пратазы,

Нягледзячы на ясныя Суддзі наказы

Больш замка не займаць, зноў дзейнічаў з сакрэтам

І ў залу тую самую прыбыў з буфетам.

Парадкам госці увайшлі. Праз час каторы

За стол з паўкруга першы рушыў Падкаморы.

За важны чын і ўзрост яму тут гонар гэткі,

Дык дамам кланяўся, старым і малалеткам.

Манаха не было, і месца бернардына

Была запрошана заняць Падкамарына.

Калі Суддзя гасцей так, як жадаў, расставіў,

Кароткую малітву над сталом адправіў;

Мужчыны выпілі гарэлкі, і ўсе селі,

І халаднік забелены маўкліва елі.

Пасля падалі ракаў, куранят, шпарагі,

Наставілі венгерскіх вінаў і малагі.

Ядуць і п’юць усе, але маўчаць. Ніколі,

Як замак замкам, у яго застоллі,

Дзе гэтулькі калісьці чулася віватаў,

Ускрыкаў, тостаў розных тысячы мо ўзнята,

Напэўна, не бьшо сумнейшае вячэры.

І толькі коркаў стук, талерак звон за дзверы

Перадавала рэха праз пустыя залы,

А вусны ўсім як быццам нешта завязала.

Прычын было сягоння многа для маўчання:

Прыбыўшы ў неблагім настроі з палявання,

Стральцы раздумаліся дома над аблавай

І ўбачылі, што выйшлі з невялікай славай.

Бо трэ’ ж было, каб поп якісьці прыблукаўся

І ў справу, як Піліп з канопляў, умяшаўся[37],

Зацьміўшы ўсіх стральцоў павету. Вось і выйдзе

Наверх той сорам і ў Ашмянах, і у Лідзе,

Якія з гэтым век змагаюцца паветам

За першынство ў стральбе! Дык думалі аб гэтым.

Асэсар з Рэентам успомнілі няўдачы

Аблавы і той промах ранішні сабачы.

І зараз зрок іх дражніць заяц, што пад гаем

Так гончых абдурыў: ён хвосцікам мігае

І сэрцы іх абодвух сцёбае, як бічам, —

Сядзелі над талеркамі з тупьш абліччам.

Асэсар меў маўчаць і іншыя прычыны,

Калі сапернікаў разглядваў ля жанчьшы.

К Тадэвушу сядзела Талімэна бокам

Збянтэжанай, не смеўшы змераць хлопца вокам.

Хацела Графа сумнага крыху забавіць,

У гутарку ўцягнуць, настрой яго паправіць,

Бо вельмі кіслы Граф прыбыў з гуляння

Ці, па Тадэвушавай думцы, з падглядання.

На словы Талімэны галаву Граф горда

Падняў, насупіўся, зірнуў варожа, цвёрда

І зараз жа падаўся чым бліжэй да Зосі:

Талеркі ёй мяняе, шклянкі ёй падносіць,

Гаворыць кампліменты, часам скосіць вока,

Паклоніцца, ўсміхнецца і ўздыхне глыбока.

Ды так, што ўсё змагло заўважыць акружэнне,

Што ён хацеў за штосьці помсціць Талімэне,

Бо, павяртаючьгся, быццам ненарокам,

Штораз у бок жанчыны ўзбліскваў грозным вокам.

Не знала Талімэна, што ўсё гэта значыць,

Паціснула плячамі, падумала: дзівачыць.

Пасля і рада нават з ходу спраў такога,

Увагу ўсю сваю звярнула на другога.

Тадэвуш хмурны быў, да ежы неахвочы

І слухаў гутарку, ў талерку ўбіўшы вочы,

Дык лье яму віно, гуторыць, не сціхае.

Ен за руплівасць злы, маўчыць і пазяхае.

Яму не да спадобы (вось дык перамена!),

Што так ахвочая к залётам Талімэна,

Што гэтак выразаны на грудзях глыбока,

Няскромна горс. А вышай прьшадняўшы вока

І зрок хвіліну на яе стрымаўшы твары,

Спалохаўся, бо ўжо глядзеў не цераз мары,

І разгадаў сакрэт, як напускала чары!

Мой Бог! Намаляваная!

Ці там бяліла

Было благое, ці вьшадкам адсланіла

Сапраўдны колер твару — адгадаць не можна

А мо ў Святыні дум ён сам неасцярожна,

Заблізка размаўляючы, абцёр карміны,

Лягчэйшыя за пух на крылцах матыліных?

А дома Талімэна часу мела мала

I, пэўне, ў спешцы твару не падпудравала.

Ля вуснаў асабліва фарба абляцела,

І месцам выступіў смуглявы колер цела.

Адкрыўшы першае знячэўку сфальшыўленне,

Тадэвуш адшукаў і больш іх са здзіўленнем:

Зубоў двух не хапае, на ілбе маршчыны,

О, нават сотні іх на шыі у жанчыны!

Тадэвуш адчуваў, што цалкам непатрэбна

Красу дакладна разглядаць, і што ганебна

Шпіёніць так каханку, і што непрыгожа

Так сэрца адмяніць, ды хто ж з ім зладзіць можа!

Дарма каханне хоча замяніць сумленнем

І адагрэць душу вачэй яе праменнем,

Ды зрок яе, як месяц, свеціць, а не грэе

Глыбінь душы, а толькі звонку прамянее.

Дык дакараў сябе за нораў свой распусны,

Нагнуўся над талеркай і прыкусваў вусны.

А тут слоў некалькі падслухаць давялося,

Дык хочацца пачуць размову Графа з Зосяй.

Дзяўчына, ўбачыўшы, што Граф ёй так заняты,

Перш чырванела і спускала вачаняты,

Пасля смяяцца сталі і ў найлепшай згодзе

Спатканне ўспаміналі нейкае ў гародзе

І нейкі ход па лапухах, кустах, па шкодзе.

Тадэвуш, вушы навастрыўшы што меў сілы,

Лавіў і словы горкія, і зык іх мілы

І страшна мучыўся. Гадзюка гэтак злая

Перш яд з раслін двайным джыгалам выпівае,

Пасля ў клубок саўецца і на сцежцы ляжа,

І ўсім пагражаючы, хто ледзь ступню пакажа.

Так і Тадэвуш, зайздрасці атрутай п’яны,

Стараўся скрыць, які быў злы і ўсхваляваны.

Ў любой кампаніі, няхай хто зазлуецца,

Яго настрой на іншых зараз разальецца.

Стральцы і так маўчалі, рэшта заўважала

Тадэвушаву злосць і галасы зніжала.

Пануры быў таксама сёння Падкаморы

І моўчкі пазіраў са смуткам час каторы

На дочак, што хоць і былі ўжо ў самым цвеце,

З пасагам, першыя паненкі у павеце,

А вось сядзелі моўчкі ў поўным занядбанні.

Таміўся і Суддзя у гэтакім маўчанні.

Аж Войскі ўжо не мог сцярпець. Выдатны лоўчы

Назваў вячэру гэту не людской, а воўчай.

Грачэха на маўчанне слых меў вельмі чуткі,

Сам гаварун і іншых слухаў бы ўсе суткі.

Не дзіва! ўсё жыццё правёўшы ў вандраваннях —

На радах, на наездах ці на паляваннях,

Прывык, каб вечна штось яму гудзела ў вуху,

Калі і сам маўчаў ці біткаю на муху

Замерваўся, ці марыў, прычыніўшы вочы.

Удзень шукаў гаворкі, ноччу быў ахвочы

Малітвы слухаць да пазна, старыя казкі.

Таму вось у яго не мела люлька ласкі,

Як выдумка нямецкая, што чужаземчыць

Народ, бо перш маўчаць навучыць, потым немчыць.

Ён, гаварун стары, адпачываў пры мове,

Будзіўся ад маўчання на апошнім слове.

Так мельнік, задрамаўшы, ўміг на ногі стане,

Калі млын спыніцца і сціхне грукатанне.

Вось Падкамораму пан Войскі пакланіўся,

Рукой ад вуснаў знак Суддзі зрабіў, спыніўся:

Прасіў даць слова. Дык абодва пахілілі

Галовы ў знак, што думку выступіць хвалілі.

Тады сказаў:

«Прасіў бы вас я, кавалеры,

Па-старадаўняму праводзіць час вячэры

І моўчкі не жаваць. Няўжо мы тут святошы?

Бо за сталом маўчанне — звычай не харошы.

Маўчаць, скажу вам, бы ў ствале зарад іржавіць.

Таму век гаварлівасць продкаў буду славіць:

Яны сядалі, не каб з’есці і напіцца,

А каб і ўдосталь, ад душы нагаварыцца

І сэрцы аблягчыць. Былі ў іх абгаворы

І ловаў, і стральцоў. Бывала, што каторы

І крык там узнімаў, і ўсе гудзелі жвава,

І раз яшчэ перажывалася аблава.

Сягоння ясна ўсім, чаго з вас той-сёй хмурны:

Каптур манаскі, пэўне, ўнёс настрой хаўтурны!

За промахі вам брыдка? Дарма духам палі!

Я лепшых знаў стральцоў, што часам не траплялі.

Пацэліць, прамахнуць, паправіць кожны можа.

Я сам, хоць ад дзяцінства ўжо страляў прыгожа,

Было, што не трапляў так, як і сам Тулошчык,

Не кожны раз трапляў і пан Райтан, нябожчык.

Пра Рэйтана скажу пазней. А ў гэтай справе,

Што панічы не дастаялі на аблаве

І не змагаліся з мядзведзем грудзі ў грудзі,

Хоць мелі піку, мы ані хваліць не будзем,

Ні ганіць, бо ўцякаць з зараджанаю зброяй

Той будзе, хто ніяк не варт імя героя.

А выстраліць наслепа (бо бывае й гэта),

Калі звер не падпушчан, задалёка мэта,

Ёсць ганьбай. Але хто прыцэліцца без страху

І выстраліць, калі і дасць часамі маху,

Без сораму ўжо можа ўзад падацца,

Таксама можа пікаю абараняцца,

Але не з мусу, бо бяруць на паляванне

Для абароны піку, не для нападання.

Здаўна вядзецца так. Паслухайце вось рады:

У сэрцы не прымайце вашай райтарады

І ты, Тадэвуш, і вы, шаноўны Графе!

А як прыпомніце аб гэтьш трафе,

Не забывайце важнае перасцярогі:

Адзін другому не заходзьце больш дарогі

І не страляйце разам у адну звярыну».

Як толькі Войскі слова вьшавіў «звярыну»,

Асэсар буркнуў спадцішка «дзяўчыну»,

Другія «брава» ўскрыкнулі і цераз смехі

Перасцярогу сталі паўтараць Грачэхі:

Апошняе са слоў крычалі: той звярыну,

А іншы, смеючыся, паўтараў: дзяўчыну.

«Кабету», — буркнуў Рэент, і на заканчэнне:

«Какету», — сыкнуў злы Асэсар к Талімэне.

А Войскі не збіраўся дапякаць нікому,

Да шэптаў тайных справы не было старому.

Ён рады быў, што дамам повад даў для смеху,

Дык і стральцам хацеў знайсці што на пацеху,

І так казаў, віна сабе падліўшы ў чару:

«Я тут не бачу бернардынавага твару.

Хацелася б, каб ён выпадак чуў цікавы,

Падобны да здарэння з сённяшняй аблавы.

Такога, як ксёндз Робак, мастака страляння

Знаў Ключнік аднаго, як нам расказваў зрання,

А я другога ведаў. Ён сябе праславіў

І стрэлам двух паноў ад пэўнай смерці збавіў,

Калі ў лес Налібоцкі, шмат таму ўжо часу,

Тадэвуш Рэйтан прыязджаў і князь Дынасаў.

І зайздрасці к стральцу паны не праяўлялі,

А нават тосты за яго здароўе ўзнялі,

I падарункаў паназносілі без ліку

І дзіка скуру. Вось хачу аб гэтьм дзіку

І пра той стрэл вам зараз даць расказ асобны,

Бо той вьшадак і да нашага падобны,

А здарыўся стральцам найлешпьш нашых часаў

Паслу Райтану разам з князем фон Дынасаў».

А тут Суддзя сказаў, віна падліўшы ў чашы:

«П’ю Робака здароўе. Войскі, ў рукі вашы!

Калі наш дар ксяндза не вельмі мо ўзбагаціць,

Дык хай тады яму за порах хоць заплаціць —

Лічу, што тушы з сённяшняга палявання

Для манастырскай кухні на гады два стане,

А скуры не аддам. Гатоў на’т пасварыцца,

Калі не пажадае ксёндз са мной мірыцца,

А не, сплачу яе хоць нават сабалямі,

Бо скураю распараджацца мы павінны самі.

Калі пяршынства славы ў нас слуга ўзяў Божы

То скуру прысудзіць пан Падкаморы можа

Таму, хто з нас другой узнагароды варты».

Задумаўся тут Падкаморы не на жарты.

Стральцы загаварылі, кожны ўсхваляваўся:

Той гаварыў, як звера спудзіў, той — як гнаўся,

Той — як сабак склікаў, а той — як вёў аблогу.

Асэсар з Рэентам паднялі зноў трывогу:

Адзін усё сваёй хваліўся Сангушкоўкай,

Другі — балабаноўскаю Сагалясоўкай.

Тут мовіў Падкаморы: «Пан Сувдзя, суседзе!

Па праву ў пераможцы вамі ксёндз узведзен,

Ды цяжка меркаваць, хто быў другім між вамі,

Чыёй заслугі больш. Вы ж ведаеце самі,

Што роўныя вы ўменнем, спрьггам і адвагай.

Але, абмеркаваўшы справу ўсю з увагай,

Сцвярджаю: Граф з Тадэвушам — два чалавекі,

Што сёння найбліжэй былі ад небяспекі,

Дык скура ім належыць. Але мне здаецца,

Што ад яе Тадэвуш зараз адрачэцца,

Як маладзейшы, а пан Граф трафей той прыме,

Дык хай ён упрыгожыць дом яго і імя.

І гэта памятка сягонняшняй аблавы,

Як сімвал, хай вядзе вас, Граф, да новай славы».

І з думкай, што уцешыў Графа, сеў у крэсла.

Не ведаў, што прамова Графу боль прынесла,

Бо той, на першае трафея ўспамінанне

Падняў міжвольна зрок на лбы аленяў, ланяў,

На рогі, што тырчэлі, быццам лес лаўровы,

Хаваныя ў вянкі нашчадкам на галовы,

На рад партрэтаў, што ўпрыгожвалі філяры,

На герб Паўкозіц на скляпення ўсім абшары,

І часы даўнія над ім загаварылі.

Прачнуўся, ўспомніў, дзе гасціў у гэтай хвілі.

Сваяк Гарэшкаў у свой дом гасцём прыняты,

Сапліцаю балюе, з ворагам заўзятым!

А рэўнасць горкая, якой не мог пазбыцца,

Тым больш распальвала яго супроць Сапліцаў.

Дык мовіў горка: «Дзе ў маім змясціцца доме

Падарку вашаму багатаму такому!

Пакінем лепш мядзведзя тут пакрасавацца,

Пакуль яго Суддзя мне не адцасць з палацам».

Уцяміўшы, куды хінецца Графа мова,

Пан Падкаморы табакеркай просіць слова.

«Пахвалы варты вы, — прамовіў,— Граф, суседзе,

Што ў думках справы маеце на’т пры абедзе,

Не так, як большасць панічоў такого ўзросту,

Што рахаваць не любіць. Я скажу па-просту,

Што суд ураз закончыць згодай мы маглі бы,

Бо справа тут датычыць дворнае сялібы.

Я маю і праект, як можна замяніцца

Зямлёй»… І стаў казаць, задумаўшы спыніцца

Над тым, якія мае ён замены планы.

Ужо ў паўмовы быў, ды рух неспадзяваны

Падняўся пры канцы стала: адны штось заўважалі,

Паказвалі другім. І ўсе звярнулі ў залі

Галовы ў кут, як каласы, што іх кранула

Уздыхам ветру і у іншы бок нагнула.

З кута, дзе быў партрэт старога пана,

Апошняга Гарэшкі, з форткі, што схавана

Была дасціпна за масіўныя філяры,

З’явілася пастаць, падобная да мары:

Гервазы. Па абліччы, росце распазналі

І па той куртцы, што Паўкозіцы ўкрывалі.

Ступаў ён, быццам слуп, прамы, нямы, суровы,

Не зняўшы шапкі, не шануючы прамовы.

Трымаў ён ключ вялікі, як кінжал блішчасты,

І стаў у шафе штось пакручваць, нечым шастаць.

У двух кутах каля філяраў у той залі

У шафах двух старых гадзіннікі стаялі,

Два дзівакі, што з сонцам не былі ўжо ў згодзе:

Паўдня паказвалі тады, як дзень сыходзіў.

Гервазы папраўляць не думаў тых машынаў,

Але і без дагляду ўсё ж іх не пакінуў

І катаваў ключом штовечар вельмі дбала,

А зараз вось пара накручвання настала.

У час, як Падкаморы кіраваў увагу

На важнасць справы, Ключнік пацягнў за вагу —

Заскрыгатаў у шафе механізм іржавы.

Спыніўся Падкаморы ад такое справы.

«Браток, — сказаў,— спыніся з працай пільнай гэтай».

І прадаўжаў далей. А той са злоснай мэтай

Яшчэ мацней загрукатаў другою гірай.

Тут гіль, што зверху быў, кіўнуўся над задзірай

I, крыллямі б’ючы, куранты граць сабраўся.

Ён спрытна змайстраваны, толькі сапсаваўся,

Дык заікаўся і пішчаў штораз то горай.

Тут госці ў смех, зноў мусіў змоўкнуць Падкаморы.

«Гэй, Ключнік, — крыкнуў,— або лепш, пугач-начніца,

Калі шануеш дзюбу, раджу прыпыніцца!»

Гервазы, не ўстрашаны гразьбой такою,

Апёрся на гадзіннік праваю рукою,

А леваю узяўся ў бок і ў той паставе:

«Падкамарэньку, — мовіў,— жартаваць вы ўправе,

Хоць меншы верабей за пугача, ды дома

Ён многа адважнейшы — гэта вам вядома.

А Ключнік не пугач, вось хто ў чужую хату

Ўлез ноччу, той пугач, і я яму дам плату».

«Вон! Вон яго!» — ўзарваўся Падкаморы.

«Пане,

Пан Граф, — азваўся Ключнік, — хай пан толькі гляне:

Ужо і так ваш гонар пляміцца даволі,

Што вы з Сапліцамі п’яце ў адным застоллі.

І трэба ж, каб мяне, замковага служаку,

Гарэшкаў ключніка лічылі за сабаку

Ў паноў маіх палацы? Як пан гэта зносіць?»

Тут закрычаў Пратазы: «Сціхніце ўсе! Досыць!

На ўказ! Вось я, Пратазы Бальтазар Брахальскі,

Імён двух, генерал калісьці трыбунальскі,

Па-просту — Возны, тут выказваю сцвярджэнне,

У сведкі беручы ўсё гэта акружэнне

І заклікаючы на следства Асасора,

Бо на законах і правах мая апора,

У справах шанаванага Суддзі Сапліцы

З прычын інкурсіі — наезду на граніцы

I ў замку гвалту: праўна ім Суддзя ўладае,

А доказ вось: у замку ён за стол сядае».

«Брахун! — ускрыкнуў Ключнік, — на вось за заслугі!»

І пук сваіх ключоў, рвануўшы ад папругі,

Крутнуў над галавой і выпусціў з размахам.

Жалезны жмут мільгнуў, як з прашчы; простым шляхам

Ён пэўне б лоб Пратазаму разбіў на чвэрці,

Ды, шчасцем, той схінуўся і не даўся смерці.

Усе ўсхапіліся і нейкі час маўчалі,

Суддзя ускрыкнуў: «Гэй, хлапцы, чаго пасталі?

Звязаць яго!» І чэлядзь кінулася жвава

Праходам вузкім між сцяной і лавай,

Але ім крэслам Граф загарадзіў дарогу

I, на апоры той умацаваўшы ногі:

«Стоп! — крыкнуў,— не дазволю, пан Суддзя, нікому

Майго слугу пакрыўдзіць у маім жа дому!

Хто мае скаргу на яго, сказаць мне можа!»

Тут глянуў Падкаморы на яго варожа:

«Без вашай дапамогі пакараць я ў сіле

Шляхцюшку злоснага, а вас мы б, Граф, прасілі

Прыпомніць, што прысвойваць замак ’шчэ зарана,

Мы за сталом не ў вас мо, а ў другога пана.

Сядзіце ціха і ўшануйце, як не гэту

Сівую галаву, дык першы чын павету!»

«А што мне? — буркнуў Граф, — даволі слоў між намі.

Нудзіце іншых паважаннем і чынамі!

Даволі глупства, што заняўся з вамі п’янствам,

Якое вось заканчваецца грубіянствам.

Вы мне яшчэ адкажаце за ўсе абразы!

Убачымся цвярозымі! За мной, Гервазы!»

Адказу гэтага ніяк не спадзяваўся

Пан Падкаморы, ён віна падліць узяўся,

Ды збіты Графа грубасцю, як громам,

Апёрся на кілішак бутлем нерухомым.

Схіліўшы галаву убок, наставіў вуха

І вочы шырака раскрыў, сказаў штось глуха,

Пасля зноў моўчкі чарку з гэткай сілай сціснуў,

Што звонка пырскнула, струмень віна аж свіснуў

У вочы і, нібы ў душу падсыпаў жару —

Так бліснуў зрок, і чырвань хлынула да твару.

Ўсхапіўся гаварыць і перш штось невыразна

Малоў, пакуль праз зубы выціснуў: «Ад… блазна…

Вось я! Ах ты, Графчук! Тамаш! Дзе шабля? Я тут

Табе навучку дам! Ты, блазан! Пойдзеш к кату!

Урады, ўвагі нудзяць вушка без прывычкі!

Вось зараз паласну цябе праз завушнічкі!

За дзверы! Вон! Тамаш, дай шаблю мне ў той хвілі!»

Тут Падкаморага наўкола абступілі,

Суддзя ўхапіў за рукі: «Гэта наша справа!

Я першы вызваны. За мной адпомсціць права!

Пратазы, шаблю! Зараз ён мне тут паскача!»

Тадэвуш прьшыніў Суддзю: «О не! Задача

Утаймаваць яго павінна мне застацца,

А вам няёмка з гэткім фарсуном вязацца.

Пакіньце гэта мне, я дам яму навуку.

А ты, што на старых сваю ўзнімаеш руку,

Пакажаш заўтра нам, якога ты пакрою,

Што ты за рыцар, заўтра знойдзем пляц і зброю:

А сёння, покуль цэл, ідзі!»

І добра радзіў,

Бо Ключнік з Графам апынуліся ва ўладзе

Абураных людзей, дзе адыход быў цяжкі,

А тут ужо з канца стала ляцелі пляшкі

Над Графа галавой. Жанчыны ўсе ў трывозе —

У плач, а Талімэна ў слабасці к падлозе

Хінуцца стала, раптам крыкнуўшы жалосна,

Пасля на рукі Графу ўпала і павісла млосна

Грудзьмі на грудзі у бяспамяцтве ад жаху.

А Граф, хоць злы, стрымацца мусіў у размаху,

Стаў церці, ажыўляць.

У той жа час Гервазы

Пад градам пляшак, табурэтаў, хоць не зразу,

Хістацца стаў. А чэлядзь, ссунуўшы рукавы,

Натоўпам бегла да яго. Ды тутка ў справы

Ўступіла Зося: хутка скокнула к старому

І засланіла ад напасці і пагрому.

Стрымаліся. Гервазы трохі ўзад падаўся

І знік з вачэй. Шукалі, дзе пад стол схаваўся,

А ён з канца другога вынырнуў, як з тоні,

I, лаву падхапіўшы ў дужыя далоні,

Крутнуўся, як вятрак. Уміг суцішыў залу,

І разам з Графам сталі адступаць памалу,

Заслоненыя лавай, к дзверцам за філяры.

А тут стары, зірнуўшы ворагам у твары,

Няўпэўнена хвіліну думаў: адступіцца

Ці ў бітву з новай зброяй раз яшчэ пусціцца.

Другое выбраў: лаву, як таран для муру,

Узад падаў дзеля размаху, ўсю фігуру

Напружыў і хацеў папхнуць, зрабіць дарогу,

Ды Войскага заўважыў і адчуў трывогу.

Сядзеў спакойна Войскі і з прыжмурам вока,

Здавалася, задумаўся над чымсь глыбока.

Але як з Падкаморым Граф пачаў спрачацца

І пагражаць Суддзі, стары аддаў табацы

Належнае і стаў ацэньваць Графа крокі.

Пан Войскі быў Суддзі якісь сваяк далёкі

I, жывучы здаўна ў яго гасцінным доме,

Так сябру спачуваў, як, пэўне, больш нікому.

Дык зацікаўлены ўсёй гэтай валтузнёю,

Руку на стол дастаў угору даланёю

І палажыў на ёй нож тронкамі да ногця

ўказальніка, лязом павернуты да локця,

І стаў ківаць рукою, быццам забаўляўся,

Прытым у Графа безупынна углядаўся.

Мастацтва кідання нажоў, страшное ў звадзе,

У той час у Літве было ўжо ў заняпадзе

І між старымі. Ключнік кідаў нож нярэдка,

Але ніхто так не пускаў, як Войскі, метка.

Відаць па руху рук, што нож запусціць з жарам,

А па вачах, што ў Графа цэліцца з ударам

(Ў апошняга з Гарэшкаў, хоць і па кудзелі).

Не ўсе з прысутных рухі тыя зразумелі.

Збялеў Гервазы, засланяе Графа лавай,

Здае к дзвярам. А вокал крык: «Лавіце! Жвава!»

Як воўк, калі яго над падаллю застануць,

Рванецца ў гурт сабак, убок не ўспеўшы глянуць,

І гоніць іх: вось-вось рване, ды сярод брэху

Пачуе трэск курка — на новую памеху

Вачыма косіць. Бачыць: цалкам недалёка

Стралок прыкленчыў, к стрэльбе прытуліўшы вока,

Кранае спуск і рулю на яго наводзіць.

Воўк туліць хвост і ўміг на ўцёкі пераходзіць,

А псярня з брэхам жудкім клубіцца зноў ззаду,

За кудлы рве. Ён на сабак знайшоў бы раду,

Бо ледзь зірне, пашчэмкай плясне, клык аголіць,

Уся арава рассьшаецца й скуголіць.

Так і Гервазы грознай адступаў паставай,

Вачыма ворага спыняючы і лавай,

Пакуль не ўскочылі абодва ў цьму фрамугі.

«Лаві!» — крычалі, бегучы за імі, слугі.

Аж раптам над галовамі неспадзявана

На хорах Ключнік паявіўся ля аргана

I з трэскам алавяныя пачаў рваць трубы.

I, пэўне, шмат каго прывёў бы да загубы,

Ды госці ўжо таўпіцца пачалі ў парозе.

І слугі не ўстаялі, хутка ўсе ў трывозе,

Ледзь што-мага хапіўшы, следам падаліся

І розных рэчаў, і начыння шмат зракліся.

А хто ж, не чуткі ні на ўдары, ні абразы,

Апошнім адступіў? — Брахальскі Пратазы.

Ён, стоячы ў Суддзі за крэслам непарушна,

Цягнуў асведчанне ўсё тое ж раўнадушна

І, толькі скончыўшы, пляц кінуў апусцелы,

Дзе засталіся грузы і пабітых целы.

Людскіх ахвяраў не было, але ўсе лавы

Амаль без ног былі, а голы стол кульгавы

Злёг на талерак, місак гурт, віном заліты,

Як рыцар на шчыты, з каня ў змаганні збіты.

А ўкруг ляжаць індычак, куранятак цельцы.

А з іх тырчаць нажы і ўбітыя відэльцы.

І хутка ўжо ў старым Гарэшкаўскім будынку

Вяртацца пачало ўсё зноў да супачынку.

Згушчаўся змрок. А рэшткі панскае вячэры

Ляжаць, як ежа для дзядоў, што, згодна веры

Народнай, сходзяцца на заклінанняў словы.

З-пад даху адгукнуліся ўжо тройчы совы,

Як гусляры, нібы ўсход месяца віталі,

Якога водбліск пранікаў з надхмарнай далі

З дрыжаннем светльм. І сярод начное цішы

Праз дзіры пацукі павылезлі і мышы,

Грызуць і п’юць. І толькі часам стукне глуха

Шампанскага бутэлька за здароўе духаў.

А на другім паверсе ў той жа час у залі,

Якую некалі люстэркаваю звалі,

Стаяў Граф на балконе насупроціў брамы

І ветрам халадаўся. Рухам з нейкай драмы

Сурдут з пляча спусціў, палою ахінуўся

І быццам у плашчы шырокім апынуўся.

Гервазы ў кут з кута хадзіў цяжкой ступою,

І кожны повен дум гуторыў сам з сабою.

Граф мовіў: «Пісталеты, а як не — палашы!»

Гервазы паўтараў: «Зямля і замак нашы!»

«Пляменніка і дзядзьку, — ўскрыкваў Граф, — кліч к бою!

Увесь іх род!» «Калі вы хочаце спакою, —

Выкрыкваў Ключнік, — замак, землі адбірайце,

Пан Граф, нічога ім не пакідайце!

Нашто судзіцца вам, мапанку? Суд кароткі:

Чатыры сотні год жылі тут вашы продкі.

Зямлі аднялі шмат дзялягі Таргавіцы

І перадалі, як пан ведаеш, Сапліцы.

Усё забраць ад іх, не толькі нашу долю,

За кошты ўсе судовыя, за самаволю!

Я вам не раз казаў: наездам праў дабіцца!

Я вам не раз казаў: даволі ўжо судзіцца!

Даўней бывала так: хто раз зямлю здабудзе,

Той пан. У полі выйграй, дык прысудзяць суддзі.

А што датычыцца з Сапліцам даўняй звады,

Дык тут не суд, а мой Сцізорычак дасць рады.

А як Мацей паможа з Розгай весці спрэчку,

То мы, мапанку, ўдвух з Сапліцаў зробім сечку».

«О брава! — ўскрыкнуў Граф. — Твой план гота-сармацкі

Мілейшы мне на шмат, чым гоман адвакацкі.

Ты ведаеш, на ўсю краіну шуму будзе,

Бо аб падобных справах і не помняць людзі,

Дык пагуляем. За маё тут прабыванне,

За два гады, хто біўся? За мяжу сяляне!

А ў тым нашэсці нашым кроў паліцца можа.

Я раз, калі яшчэ бываў у падарожжах,

Такі паход праводзіў з князем у Сыцылы.

Тады ў яго бандыты зяця захапілі

І выкупу ад сваякоў патрабавалі.

Мы хутка слугаў і васалаў пазбіралі

І — к ім. Я сам аж двух забіў з таго іх зброду,

У табар іхні ўскочыў, вязню даў свабоду.

Ах, дарагі Гервазы! Што за трыумфальны

Быў наш зварот дамоў геройска-феадальны!

Народ нас з кветкамі сустрэў, а дочка князя

На грудзі ўпала мне ва ўдзячнасці й экстазе.

Калі ж прыбыў я ўжо ў Палерма, ўсе газеты

І ўсе жанчыны славілі выпадак гэты.

І на’т раманс надрукавалі аб здарэнні,

Дзе прозвішча маё названа і найменні.

Раманс завецца „Граф, або Пра таямніцы

Бірбанта-рокка замка“. Ці тут ёсць цямніцы?»

«Ёсць, — адказаў Гервазы, — варта падзівіцца.

Было ў іх і віно, ды выпілі Сапліцы».

«Жакеяў,— Граф сказаў,— таксама ўзброіць можам,

Васалаў клікнем з сёл». «Лакеяў? Крый вас, Божа! —

Гервазы ўскрыкнуў. — Вы разважце толькі самі,

Які ж наезд з лакеямі ды з мужыкамі?

Не цяміце ў наездах, бачу, вы нічога.

Вусалаў — рэч другая. Вусачы — падмога!

А мы ў засценках лёгка знойдзем іх, мапанку!

Адно даць знаць у Добрынь, Центычы, Рубанку.

Здаўна там шляхта рыцарская пражывае

І ад вякоў Гарэшкаў роду спачувае,

Яны Сапліцаў ненавідзяць усе чыста,

Адтуль вось і збяру я вусачоў са трыста.

Мая ў тым справа. Вы ж вяртайцеся ў палацы

Паспаць, бо заўтра вас чакае многа працы.

Пара даўно: пяюць другія пеўні, пане.

Я папільную замка, покуль дзень настане.

І ў Добрынь вырушу, як след, з самога ранку».

На словы гэтыя Граф адступіўся з ганку

І глянуў, адыходзячы, ў дзіру байніцы.

А ўбачыўшы агнёў шмат у двары Сапліцы:

«Ілюмінуйце! — крыкнуў,— заўтра будзе змрочна

Ў вас, а ў замку светла — гэта відавочна!»

Гервазы сеў у кут, да сценкі прытуліўся

І галавою, поўнай дум, уніз хіліўся,

А месяц асвяціў ягоны чэрап лысы.

На ім стары вычэрчваў пальцам знакі, рысы —

Відаць, што распрацоўваў новы план ваенны.

На вочы стаў насоўвацца цяжар каменны,

Дык рушыў галавой, каб цалкам не забыцца,

I, па штодзённай звычцы, спрабаваў маліцца.

Але паміж адной малітвай і другою

Пачалі мары плысці доўгай чарадою:

І Ключнік бачыць зноў паноў з Гарэшкаў роду —

Усе яны са зброяй, з імі шмат народу.

А кожны круціць вус, глядзіць сурова,

Замерваецца шабляй грозна, хоць без слова.

За імі воддаль ціхі цень адзін крануўся

З крывавымі грудзьмі. Гервазы здрыгануўся,

Бо Стольніка пазнаў, пачаў хрысціцца скора,

Гнаць сон цяжкі. А каб вярнуць сабе бадзёрасць.

Маліцца зной пачаў за ўсіх памёршьгх душы.

Зноў склеіліся вочы, зазванілі вушы.

І бачыць гурму шляхты, сонечную зброю:

Наезд! Карэлічы! Вядзе ўсіх Рымша к бою!

І бачыць сам сябе, як конны з грозным крыкам

Ляціць у бой з мячом бязлітасным вялікім;

Расшпіленая рвецца ўгору тарататка,

І з вуха з’ехала назад канфедэратка.

Ляціць ён і сустрэчных валіць, рэжа, коле

І на канец Сапліцу паліць у стадоле.

Ды вось паблыталіся думкі бесталкова,

І так заснуў апошні ключнік Гарашкова.

Загрузка...