Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!..
Што варта ты, ацэніць той належным чынам,
Хто цябе ўтраціў. Вось красу тваю жывую
Зноў бачу і апісваю, бо скрозь сумую.
Святая дзева, што бароніш Чанстахову
І ў Вострай браме свеціш[2], што ўзяла ў ахову
Наш слаўны Навагрудак з добрым верным людам,
Як мне жыццё ў дзяцінстве ты вярнула цудам,
(Калі ў адчаі маці пад тваю апеку
Мяне здала, і мёртвае я ўзняў павека
І зразу змог пайсці к тваіх святынь парогу
За вернутыя сілы даць падзяку Богу),
Так цудам зноў нас вернеш на Айчыны ўлонне.
Тым часам перанось дух сумны мой сягоння
У край лясных узгоркаў і лугоў духмяных,
Шырока над блакітным Нёмнам разасланых,
Да каляровых ніў, дзе жыта серабрыцца
І залачоная калышацца пшаніца,
Дзе грэчка, быццам снег, свірэпка, як бурштыны,
I дзяцельнік гарыць румянцамі дзяўчыны
А на мяжы, што стужкай абвіла палеткі,
Маўкліва грушы ціхія паселі зрэдку.
Між гэтых ніў калісьці, над руччом на ўзвышшы
ў бярозавым гаі, у дрэў густых зацішшы
Стаяў на падмуроўцы панскі дом драўляны:
Здалёк бялелі вокны, сцены і парканы,
Бо топалі, што двор ад ветру засланялі,
Іх бель на цёмным лісці рэзка адцянялі.
Той дом, хоць невялікі, але мілы воку;
Ля пуні тры стагі стаяць непадалёку
Снапоў, якіх падстрэшша памясціць не можа.
Відаць, уся акруга тут багата збожжам,
Відаць па ліку бабак сцесненых, як зоры,
Па колькасці плугоў, што йшлі уздоўж разоры
Па чарназёмным, пэўне, дворных ніў папары,
Дагледжаным старанна скрозь на ўсім абшары
І ўзрыхленым не горай агародніх градак,
Што тут ва ўсім дастатак, рупнасць і парадак.
Расчыненая брама ўсім апавяшчае,
Што рады тут гасцям, і ў госці запрашае.
Якраз паніч з’явіўся ў параконнай брычцы:
Аб’ехаў двор, каб каля ганка запыніцца,
З сядзення злез, а коні з брычкаю тым часам
Пайшлі шчыпаць траву ўздоўж плоту самапасам.
Дом быў пусты, ўваход праз ганак быў замкнёны
На зашчапкі, а тыя — палачкай праткнёны.
Прыезджы не пайшоў да чэлядзі пытацца,
Убег, адпёршы, ў дом — хацеў з ім прывітацца,
Даўно не бачыў дому, бо далёка ў месце
Канчаў навукі і канца прыждаў урэшце.
Убегшы, прагна азіраецца навокал
I, як старых сяброў, вітае чула зрокам
Шпалеры, мэблю, ўжытку хатняга прадметы,
Якімі змалку быў акружаны, сагрэты.
Ды ўсё здалося меншым — сцены быццам селі,
Аднак партрэты даўнія на іх віселі.
Касцюшка тут у простай кракаўскай чамары
Аберуч меч дзяржыць, узняўшы вочы ў хмары.
Вось так ён прысягаў за родны край любімы
Загінуць ці прагнаць трох ворагаў радзімы.
Далей сядзіць, апрануты па-польску, ў скрусе
Пан Рэйтан, бо свабоду край утраціць мусіў,
Трымае востры нож, накіраваны ў лона,
А перад ім «Федон» і жыццяпіс Катона.
Далей Ясінскі, юны прыгажун схмурнелы,
А поруч Корсак, сябра неадступны, смелы —
Сякуць на шанцах Прагі маскалёў заўзята,
А Прага ўжо навокал полымем абнята.
Курантавы гадзіннік — сябра год дзіцячых —
У шафе каля нішы з радасцю убачыў
І зараз жа ўхапіўся за шнурочак з кісцю,
Каб марш Дамброўскага пачуць, як і калісьці.
Праз дом увесь прабег, шукаючы вачыма
Пакой, дзе жыў перад дзесяткам год хлапчынам
Убег, ды адступіўся — веры даць не хоча
Сваім вачам: яго пакой — пакой жаночы!
Цікава, чый? Здаўна быў дзядзька адзінокім,
А цётка ў Пецярбургу дзесь жыла далёкім,
І не жыла ж тут ахмістрыня! На раялі
Паперы, ноты, кнігі абы як ляжалі.
Усё раскідана нядбайна, але міла,
Тут, пэўне, не старая ручка лад чыніла!
Вось і сукенка белая з калочка знята,
Чакае некага, на крэсла згіб напята,
А з вокнаў шлюць прыемны водар па пакоі
Вазонікі герані, астраў і леўкоі.
Прыезджы ля акна спыніўся — што за дзіва?
На месцы ўзмежка саду з крапівой куслівай
Цяпер гародчык быў маленькі і стракаты,
Травы ангельскай повен і пахучай мяты.
Драўляны нізкі плоцік бег цераз палетак,
Пакрыты стужкамі іскрыстых ясных кветак.
Відаць, былі нядаўна градкі паліваны,
Стаяў яшчэ кубелец тут з вадой драўляны;
Але гароднічкі няма — кудысь прапала,
Відаць, вось-вось пайшла: яшчэ не перастала
Хістацца брамка, вунь і след віднее ножкі —
Відаць, была без чаравічка і панчошкі.
На белі дробнага пяску, сказаў бы снегу, —
Выразны лёгкі след; пакінуты з разбегу,
Ён тут ад нейкіх ножак дробненькіх застаўся
Таго, хто бегучы, зямлі ледзь дакранаўся.
Спыніўся ля акна, задумаўся прыезджы
І доўга удыхаў тых кветак водар свежы.
Нагнуўся нізка над фіялкі кволым кустам,
Па сцежках бег цікавым вокам, але пуста
Было там. На слядах тады ізноў спыняўся
I адгадаць, чые яны былі, стараўся.
Падняў раптоўна вочы, бачыць — на паркане
Стаіць дзяўчына ў белым ранішнім убранні,
Якое стан яе ледзь да грудзей хавае,
А шыю лебедзя і рукі адсланяе.
Ліцвінка ходзіць гэтак толькі зрання ўдому
І ў тым мужчыне не пакажацца чужому,
Дык хоць адна была, а рукі скрыжавала,
Каб тое засланіць, што сукня не хавала.
А валасы, не ў буклях, але вузялкамі
Пазвязваныя густа з белымі стручкамі,
Галоўку дзіўна упрыгожвалі — на сонцы
Свяцілі, як карона на святой іконцы.
Аблічча не было відаць. А той хвіліне
Яна глядзела ў поле. Убачыўшы ў даліне
Кагось, са смехам жвава пляснула ў далоні,
Зляцела з плоту белай птушкай і ў разгоне
Шугнула цераз кветкі, плоцікі, дарожкі
І ўздоўж прыстаўленай да падаконня дошкі,
Пакуль ён схамянуўся, ціхай яснай зданню
ў акно ўляцела, быццам месячнае ззянне;
ўзяла сукенку, бегла да люстэрка смела,
Ды госця ўбачыла. З рук сукня паляцела,
Сама ж яна ад страху раптам пабялела.
Твар хлопца загарэўся чырванню жывою,
Як хмарка, калі раннем стрэнецца з зарою.
Прыжмурыў вочы падарожны, засланіўся,
Хацеў перапрашаць, тлумачыць, пакланіўся,
Ступіў назад; дзяўчына ўскрыкнула нязвонка,
Як быццам бы дзіця, жахнуўшыся спрасонку.
Спалохаўся паніч, зірнуў: няма дзяўчыны.
Збянтэжаны пайшоў і нейкія хвіліны
Зусім не ведаў, ці яму цяпер смяяцца
З таго спаткання, цешыцца ці мо стыдацца.
А ў гэты час фальварка ўвагі не мінула,
Што брычка з новым госцем к ганку завярнула
І ўжо, старым звычаем, коней распрагаюць,
Даюць ім сена і аброку засыпаюць,
Бо не хацеў Суддзя, паводле новай моды,
Скіроўваць у карчму сваіх гасцей падводы.
Хоць слугі не сустрэлі госця ў той жа хвілі,
Не думай, што ў Суддзі ўсе абы-як служылі[3] —
Яны загаду пана Войскага чакалі[4],
Які за домам быў, дзе страву гатавалі.
Намеснік ён гаспадара, ў адсутнасць пана
Яму прымаць гасцей спрадвеку права дана.
(Сваяк далёкі пана, верны сябра дома),
Гасця заўважыў ён у той жа час, вядома,
Але не мог яму ў кужэльным паказацца,
Дык хуценька тайком пайшоў перапранацца
У вопратку, нарыхтаваную ўжо зрання
На час вячэры між чужых паноў і паняў.
Пазнаў здалёк пан Войскі, стаў, раскрыжаваўся
І з крыкам і цалункамі з гасцём вітаўся.
Гаворка пачалася хуткая — такая,
Якая многіх год падзеі закранае
І вяжа ў рад кароткіх зблытаньк пытанняў,
Уздыхаў, выкрыкаў і новых прывітанняў.
Калі ўжо Войскі ўволю распытаў, «навохаў»,
Пачаў навіны дому выяўляць патроху.
«Ну добра, мой Тадэвуш (гэтак называлі
Гасця, яму імя касцюшкаўскае далі
На памятку, што ў час ваенны нарадзіўся),
Ну добра, мой Тадэвуш, што да нас з’явіўся,
Калі гасцюе ў нас паненак так багата,
Бо дзядзька ўжо збіраецца цябе засватаць.
А выбраць ёсць з чаго: у нас тут з’езд, спатканне
Запрошаных сюды на суд размежавання:
Старая спрэчка з Графам вырашацца будзе,
А заўтра, кажуць, і пан Граф сюды прыбудзе.
Пан Падкаморы з жонкай, з дочкамі прыехаў[5].
Вось моладзь пастраляць у лес пайшла на ўцеху,
А дамы і старыя ля жняцоў, няйначай,
Пад лесам, мо чакаюць юнакоў з удачай.
Калі ахвота, пройдземся, сустрэнем скора
І дзядзьку, і шаноўных дам, і падкаморых».
Ідуць Тадэвуш з Войскім сцежкаю па полі
Пад лес, а гутаркі ніяк ім не даволі.
А сонца круг свой да краёў нябёс каціла,
Яно слабей ужо, але шырэй свяціла,
Пачырванеўшы, як здаровае аблічча
Гаспадара, якога пасля працы кліча
Спачынак і спакой. І вось круг прамяністы
Спускаецца на бор, а шэры змрок імглісты,
Запоўніўшы вяршыні і галлё да краю,
Лес звязвае ў адно, нібы яго злівае.
І бор чарнеў накшталт вялізарнага гмаху,
Над ім гарэла сонца, як пажар на даху,
Пасля апала ўглыб, паміж камлёў іскрыцца,
Як свечка вечарам са шчылін аканіцы,
І пагасае. Ўміг сярпоў звон стаў спыняцца,
І граблі ў лузе больш ужо не мітусяцца,
Бо пан Суддзя здаўна даў гэткае ўказанне,
Каб працу разам з сонцам кідалі сяляне.
«Пан свету знае, колькі працаваць нам трэба.
Калі яго работнік, сонца, сыдзе з неба,
Пара і селяніну падавацца з поля», —
Так пан Суддзя казаў заўжды, а пана воля
Выконвалася аканомам пільна, свята.
Бывала, сцірта ў полі толькі што пачата,
Калёсы ж ледзь не ўлегцы едуць праз палетак;
І цешацца валы, што везці лёгка гэтак.
А госці ўжо вярталіся вясёлай грамадою:
Наперад — дзеці пад наглядам чарадою,
За імі пан Суддзя з Падкамарынай крочыў,
А побач — Падкаморы ў акружэнні дочак.
Паненкі — за старэйшымі, а моладзь збоку
Ці ззаду за паненкамі, хоць на паўкроку
(Такі ўжо звычай). І хоць там не заклікалі
Нікога да парадку, пар не расстаўлялі,
Ды кожны сам міжвольна пільнаваўся ладу,
Які ў Суддзёвым доме меў здаўна уладу —
Усе звяртаць увагу тут былі павінны
На ўзрост, пасаду, род, заслугі для Айчыны.
«Народы славяцца, — казаў Суддзя, — парадкам
І гінуць з даўняе традыцыі упадкам».
І ўсе звыкаліся з такім жыцця укладам,
Хоць ён не вымушаўся просьбай ці загадам.
Дык той, каму ў Суддзі гасціць пашанцавала,
Прыстойнасць шанаваў, што ў доме панавала.
Не доўга пан Суддзя з пляменнікам вітаўся:
Руку падаў пацалаваць, крыху прыўзняўся
I, ў лоб пацапаваўшы, мовіў штосьці —
Даўжэйшай гутарцы перашкаджалі госці.
Аднак сляза, якую хутка скінуў з вока,
Казала, як любіў Тадэвуша глыбока.
Услед за панам з паш, палёў, лугоў і з бору
Усё вярталася і ў стайню, і ў абору.
Вось прэцца ў вулку гурт авечак шматгаловы
З бляяннем, а за ім тырольскія каровы
У пыле крочаць пры званочкаў перазвоне,
А з луга табуном з іржаннем скачуць коні.
Усе бягуць да студні, што свірснёй ківае
Са скрыпам і ваду ў карыты налівае.
Суддзя, хоць змораны, ды цвёрдаю ступою,
Пакінуўшы гасцей, ідзе да вадапою.
Ён кожны вечар на жывёльны двор загляне,
Каб ведаць, у якім яго жывёла стане.
І гэтага нагляду слугам не паручыць,
Бо знаў: гаспадарова вока коней тучыць.
Пан Войскі і Пратазы, ўзяўшы ў рукі свечкі,
У сенях развялі гаворку кшталтам спрэчкі,
Бо Возны ўпотай, як падаўся Войскі з дому[6],
Сталы з вячэрай знесці загадаў к пустому
Пад лесам замку, ў старасвецкія руіны,
І там парасстаўляць, не трацячы хвіліны.
Пашто пярэбары? Пан Войскі — злы, крывіўся,
Суддзю перапрашаў. І пан Сувдзя здзівіўся,
Ды зроблена, час позні, як цяпер вяртацца?
Рашыў перапрасіць гасцей і ў глуш падацца.
А Возны па дарозе ўжо Суддзі тлумачыў,
Чаму ён панскія парадкі перайначыў:
Няма ў двары ніводнае святліцы,
Дзе б гэтулькі гасцей магло зараз змясціцца,
А ў замку тая зала ў самы раз падходзіць —
Скляпенне ж цэлае, раскол сцяны не шкодзіць,
Без шыбаў вокны — ў летні час не перашкода,
Затое побач пограб — чэлядзі выгода.
Так кажучы, міргаў Сувдзі — убачыш з міны,
Што меў ён і хаваў больш важныя прычыны.
А замак быў за домам — тысячы дзве крокаў,
Ён веліччу сваёй паважнай вабіў вока, —
Калісьці ўласнасць слаўнага Гарэшкаў роду.
Загінуў пан падчас джяржаўнага разброду,
Дык і маёмасць разляцелася без ладу:
Канфіскавана, частка трапіла да ўраду,
Нямала перайшло ў крэдытарскія рукі,
А рэшту занялі пляменнікі ці ўнукі,
А замка ўсе зракліся, бо ў шляхоцкім стане
Нялёгка класці грошы на яго ўтрыманне.
Аж Граф, сусед — багач, Гарэшкам родзіч некі,
Паніч, які ледзь толькі выйшаў з-пад апекі,
Прыбыўшы з ваяжа, прыгледзеўся да мура,
Што нібы ў ім гатыцкая архітэктура.
Хоць пан Суддзя яму не раз даказваў потым,
Што дойлід з Вільні быў, таму не мог быць готам,
Граф замка зажадаў. А ў гэтым самым часе
Ахвота тая ж і ў Суддзі чамусь знайшлася.
Судзіцца сталі ў земстве, потым і пры ўрадзе
Ў сенаце, зноў у земстве, у губернскай радзе.
Урэшце, пасля коштаў, актаў і блуканняў
Прыйшла ўся справа зноў на суд размежавання.
I праўду Возны гаварыў, што тая зала
Памесціць і юрыстаў, і гасцей нямала,
Была ж бо велічная, з выгнутым скляпеннем,
З філярамі, з падлогай высланай каменнем.
На сценах гладкіх, стыль якіх быў просты, строгі
Тырчэлі навакола коз, аленяў рогі,
Пад імі подпісы: калі, дзе, кім забіты.
А гербы, ўмацаваныя ў сцяны граніты,
Стральцоў адважных славу неслі ў пакаленні.
Яснеў Гарэшкаў герб — Паўкозіц на скляпенні.
Парадкам госці увайшлі і ў поўным зборы.
За стол з кампаніі перш рушыў Падкаморы —
За важны чын і ўзрост яму быў гонар гэткі,
Ён дамам кланяўся, старым і малалеткам.
Пры ім стаў ксёндз-манах, Суддзя пры бернардыне.
Манах прамармытаў малітву па-латыні,
Мужчыны выпілі гарэлкі, ўсе паселі
І моўчкі жвава халаднік літоўскі елі.
Тадэвуш, хоць юнак, але па праве госця
Высока сеў ля дам пры боку ягамосця,
Але між ім і дзядзькам месца пуставала,
Як быццам госця нейкага яшчэ чакала.
На дзверы, то на крэсла дзядзька азіраўся,
Нібы прыходу нечыйга ўсё спадзяваўся.
Тадэвуш стаў здзіўляцца з дзядзькавых паводзін
І зрок за ім з дзвярэй на крэсла пераводзіў.
Аж дзіва! Гэтулькі было паненак вокал,
Што нават мела б дзе спыніцца прынца вока —
Прыгожыя і роду не абы-якога,
А позірк юнака — там, дзе няма нікога.
Загадка-крэсла гэта цягае неўзаметку.
Няўважлівы, амаль не гляне на суседку,
Ледзь колькі слоў прамовіў да Падкамаранкі,
Талерак не змяніў ёй, не падаў ёй шклянкі;
Паненак ветлівай бяседай не займае,
Сталічнай адукацыі не праяўляе.
Яго пустое месца, як прынада, вабіць,
Ды ўжо яно ад думак не пустое, мабыць, —
Па ім скакалі незлічоныя здагадкі,
Нібы падчас дажджу па лузе жабяняткі;
Між іх — адна ўсё постаць, быццам дзе ў затоне
Азёраў лілія, што свеціць белай скронню.
Падалі страву трэцюю. Пан Падкаморы
Віна падліў дачушцы Ружы і ў дакоры,
Другой падсунуўшы талерку з агуркамі,
Сказаў: «Што ж, трэба мне старэчымі рукамі
Служыць вам, дочкі». Ўзняўся рух між панічамі,
Што нетактоўнасці сваёй не прыкмячалі.
Суддзя тым часам, на Тадэвуша зірнуўшы
І адвароты кунтуша крыху загнуўшы,
Наліў віна і так пачаў: «Вось мы ў сталіцу,
Па новай модзе, моладзь адцаём вучыцца
І не пярэчым, што сыны і нашы ўнукі
Больш за старэйшых маюць кніжнае навукі,
Але, па-мойму, моладзь траціць шмат на гэтым,
Што школы ў нас не вучаць жыць з людзьмі і светам.
У панскі двор ішлі мы ў маладыя годы,
Я сам быў дзесяць год прыдворным Ваяводы,
Ад бацькі вашага прымаў я настаўленні
(Тут Падкаморага паціснуў за калені),
Яго няспынная парада і апека
З мяне дзяржаўнага зрабіла чалавека.
Шаную памяць я яго так, як нікога,
І за ўпакой яго душы малю век Бога.
І калі менш за іншых змог я навучыцца
І вось, вярнуўшыся дамоў, ару зямліцу,
У час, калі другія з ласкі Ваяводы
Дабіліся чыноў, пашаны, ўзнагародаў,
Прынамсі, тое вынес, што ў мяне тут дома
Сустрэнуць кожнага заўжды, як вам вядома,
З пашанай, ветліва. Няхай жа моладзь знае,
Што ветлівасць — навука ды і не малая,
Навука трудная, бо тут не ў гэтым справа,
Каб толькі дзе ўхмыльнуцца, ножкай брыкнуць жвава,
Такую ветлівасць назваў бы я мяшчанскай,
Але не старапольскай і не панскай.
Усіх трэ’ шанаваць, ды кожнага іначай:
Адна ёсць ветлівасць у гутарцы дзіцячай,
Другая ў мужа з жонкай, між слугой і панам,
І ў кожнай з іх адценне іншае схавана.
Дык трэба доўга, пільна наглядаць, вучыцца,
Каб потым пры здарэнні ў чым не памыліцца.
Вучыліся ж даўней, а панскія ўспаміны
Бывалі ў нас жывой гісторыяй краіны
Так, як шляхоцкія — гісторыяй павету.
Такія гутаркі таксама мелі мэту
Адзначыць, што брат-шляхціц — знаны і ў пашане,
А ён, глядзіш, з таго далікатнейшым стане.
Сягоння чалавека не пытай аб родзе:
Хто ён? Дзе жыў? Ці што рабіў? Па новай модзе,
Абы не шпег ды не ў рыззі, дык кожны прыме
Яго цяпер. Як той Веспазіян у Рыме,
Не нюхаў грошай, не пытаў аб іх крыніцы.
Вось так і родам перасталі ганарыцца:
Хто важны, на кім штэмпель, той у нас харошы.
Сяброў цяпер шануюць, як габрэі грошы».
І тут Суддзя ўсіх змераў вокам па парадку,
Бо хоць заўсёды гаварыў разумна, гладка,
Ды ведаў, што у моладзі цярпення мала,
Дык мо знудзілася ўжо, слухаць перастала,
Але ўсе слухалі, маўчалі ўсе глыбока.
Тады ён Падкаморага спытаўся вокам,
А той маўчаў і не спяшаўся з пахвалою,
І толькі патакаў паважна галавою.
Такі дазвол працягваць прачытаўшы з твару,
Суддзя падліў віна гасцю, сваю ўзяў чару
І так прадоўжыў: «Ветлівасць — рэч немалая,
Яно бо чалавеку зважыць дазваляе
Другіх людзей узрост, заслугі, род, асвету
І ўласную сваю цану пазнаць праз гэта.
Свайго цяжару мы датуль пазнаць не зможам,
Пакуль каго супроць на шалі не паложым.
Але з увагай асаблівай і няспыннай
Пра ветлівасць к жанчынам моладзь дбаць павінна,
Тым больш, калі дом знатны і фартуны дбаласць
Ўпрыгожвае краса прыродная і ўдаласць.
Адтуль шлях да афектаў, а далей, не скрыю, —
Саюз дамоў. Так колісь думалі старыя.
Дык вось…» Тут пан Суддзя насунуў грозна бровы
І кінуў на Тадэвуша пагляд суровы,
Відаць, што падыходзіў к вывадам прамовы.
Ды ў табакерку залатую Падкаморы
Пастукаў і сказаў: «Даўней было шмат горай!
Цяпер ці мода ўсіх вядзе другой дарогай,
Ці моладзь лепшая, — менш прыкладу благога.
Вось я успомніў зараз з гэтае нагоды
Эпоху панавання ў нас французскай моды,
Калі панічыкаў разбэшчаная зграя
Ўварвалася з чужыны к нам, накшталт нагаяў,
І ганіць пачала законы, веру ў Бога
І вопратку — усё да самага малога.
Аж жаль было глядзець на гэтых неданоскаў,
Што гаварылі ў нос, а то й зусім бязносых.
Ад іх пайшлі ў народ брашуры і газеты
З законам новай веры, права, туалетаў.
І мелі ж моц яны ў людзей праз тую моду,
Бо калі Бог ссылае кару для народу,
То ўперад розум адымае грамадзянам.
Дык вось, адпору не было хлюстам паганым
I, як чумы, народ збаяўся баламутаў,
Бо ўжо ўнутры сябе адчуў расткі атруты.
На моднікаў крычалі, а праз час каторы
Мянялі мову, веру, звычаі, уборы.
Быў гэта карнавальны маскарад, сваволле,
Пасля чаго настаў вялікі пост — няволя.
У час майго маленства, у павет Ашмянскі
У дом маіх бацькоў прыбыў аднойчы панскі
Сынок, сусед Падчашыч, на французскай брычцы.
Ён першы ў нас стаў жыць па чужаземнай звычцы.
Народ хадзіў за ім, як за якім рарогам[7],
Зайздросцілі ўсе тым, перад чыім парогам
Спынялася яго двухкольная дрындулька,
Якую называлі ў той час карыюлькай.
Заместа лёкаяў — сабачак ззаду пара,
На козлах — немец, як драўляная пачвара:
Панчохі на худых нагах, як тычкі ў хмелі,
А клямары камашаў серабром блішчэлі.
Каса ад парыка ў гарбайталі з прарэхай…
Старыя з той павозкі пырскалі ад смеху,
Сяляне аж хрысціліся: маўляў, па свеце
Венецкі чорт у швабскай гойсае карэце.
Падчашыча апісваць — цяжкае заданне,
Даволі, што нам здаўся чортам, малпай, зданню
Парык, якім ён выхваляўся ўсюды многа,
Мы прыраўноўвалі да каўтуна рудога.
Калі хто і лічыў, што польскае убранне
Шмат прыгажэйшае за моды малпаванне,
Маўчаў тады, бо моладзь подняла б трывогу,
Што ён адстаў, з прагрэсам не ступае ў ногу.
Вось гэтак модзе той пракладвалі дарогу!
Падчашыч аб’явіў, што новыя рэформы
Праводзіць будзе, дасць жыццю другія формы,
Тлумачыў, што ў той час французскія пісакі
Адкрылі, быццам людзі між сабой аднакі,
Хоць гэта сказана даўно ў святым законе
І кожны ксёндз гаворыць тое ж на амбоне.
Тут справа не ў навуках, але ў іх здзяйсненні!
Але ў той час былі ўсе ў.гэткім зацямненні,
Што ўжо ніхто не верыў ні ўва што на свеце,
Пакуль таго ў французскай не чытаў газеце.
Падчашыч, пры ўраўненні, тытул меў маркіжа,
А тытулы, вядома, прыбылі з Парыжа,
А ў той час самы модны тытул быў маркіжа.
Пазней, па новай модзе, тытул той быў зняты,
І пан маркіж прысвоіў тытул дэмакрата,
А ўрэшце, новай модай, за Напалеонам,
Прыехаў дэмакрат з Парыжа ўжо баронам.
Каб жыў даўжэй, дык можа б новай альтарнатай
Перахрысціўся б потым зноўку ў дэмакрата.
Парыж мяняе моду і хвалу ёй трубіць,
А што француз змудруе, тое ў нас палюбяць.
Дык дзякуй Богу, што калі ў нас хто за межы
Сягоння выязджае, дык не для адзежы,
Не ў пошуках законаў на чужых паліцах
Ці, скажам, вымаўлення па кафэ вучыцца.
У Францыі сучаснай, пад Напалеонам,
Няма дзе зараз разгуляцца пустазвонам,
Там — зброі гук, і нашы сэрцы б’юцца жвава.
Што зноў ідзе па свеце пра палякаў слава.
А слава ёсць, дык будзе і Рэч Паспаліта!
Бо дрэва волі ў лаўр бывае апавіта.
Ды сумна, што час цягнецца марудным крокам,
Бяздзейна, а яны ўсё так ад нас далёка!
Чакаць дадзела. Рэдка можна ўчуць навіну!
Вы, ойча Робак (зніжыў голас к бернардыну),
Я чуў, ізноў з-за Нёмна вестку атрымалі.
Мо вам сябры пра войска наша напісалі?»
«Ды не, — ксёндз Робак у адказ скрывіўся горка
(Відаць, што не цікавіла яго гаворка). —
Палітыкай нуджуся, а калі з Варшавы
Прыходзіць ліст, дык манастырскія ў ім справы,
Не след аб іх размову весці пры вячэры,
Ды ёсць тут свецкія, ім што да той паперы?»
Так кажучы, скасіўся трохі ўбок, дзе ў ліку
Гасцей сядзеў маскоўскі капітан, пан Рыкаў.
Стары салдат, ён быў у вёсцы на кватэры;
Суддзя праз ветлівасць прасіў яго к вячэры.
Еў Рыкаў смачна, у гаворку не мяшаўся,
Ды на ўспамін Варшавы зараз адазваўся:
«Пан Падкаморы! Ой вы! Пан усё цікавы
Пра Банапарта. Цягне ўсё вас да Варшавы!
Айчына! Га! Не шпег я, хоць па-польску ўмею.
Айчына! Я ўсё гэта добра разумею!
Я — рускі, вы — палякі, зараз не ваюем,
Бо — амністыцыюм, дык разам п’ём, балюем.
На фронце ў нас з французам часта, як брат з братам,
Гарэлку п’юць. А — ўра! — пачнуць страляць з гарматаў.
У нас ёсць прыказка: з кім б’ёмся, тога любім,
Або сказаць інакш: як любім — дык і чубім!
Вайна, па-мойму, будзе ў нас, бо да маёра
Плута прыбыў са штаба ад’ютант заўчора:
Да маршу рыхтавацца! Пойдзем ці пад турка,
Ці на франдуза. Ох, той Банапарт — фігурка!
А без Суворава ён можа нас патузаць.
У нас расказвалі ў паходзе на француза,
Што Банапарты чараваў, так і Сувораў[8]
Стаў чараваць супроць французскіх загавораў.
Аднойчы ў час бітвы знік раптам Банапарты,
А ён, бач, лісам стаў. Уцяміў тыя жарты
Сувораў,— стаў хартом. Пачуў француз пагоню,
Катом зрабіўся, наш тады змяніўся ў поні.
Дык гляньце ж, як закончылася гэта справа…»
Тут Рыкаў закусіў, і тут з чацвертай стравай
Слуга ўвайшоў, і дзверы адчынілі справа.
Ўвайшла прыгожая і маладая госця.
Сваім з’яўленнем нечаканым, прыгажосцю
Звярнула вочы ўсіх. Усе яе віталі,
Апроч Тадэвуша, відаць, здаўна ўжо зналі.
Яе і постаць зграбную, і бюст прывабны
Сціскаў ружовай сукні матэр’ял ядвабны.
Глыбокі горс, карункавы каўнер, рукаўкі
Кароткія. Круціла веер для забаўкі
(Бо душна не было), той веер залацісты
Пры кожным руху сыпаў зорак дождж іскрысты.
А ў косы, што сышліся ў круг, і ў завітушкі
Былі уплецены ружовыя істужкі,
З-паміж якіх брыльянт выглядваў ненарокам
I, як з каметы зорка, ззяў іскрыстым вокам.
Зусім парадны выгляд! Шэптаў адгалоскі
Пайшлі, што шыку лішне буднім днём для вёскі.
Не ўбачыш ножак, хоць кароткая сукенка,
Так хуценька перастаўляла іх паненка
І сунулася, быццам лялечка з батлейкі,
Якой, схаваўшыся, штукар кіруе нейкі.
Усіх паклонам лёгкім, бегучы, вітала,
Заняць жа тое месца, што яе чакала,
Было нялёгка. Нехапіла многім крэслаў,
Дык чэлядзь да сталоў чатыры лавы ўнесла.
Выходзіла: рад рушыць ці скакаць праз лаву.
Ўшчамілася між радам і сталом і жвава,
Заваяваўшы шлях сабе нялёгкі гэты,
Як шар більярдны, пакацілася да мэты,
Тадэвуша кранула, бо ў адно імгненне,
Заблытаўшы фальбану ў нечыя калені,
Нязручна паслізнулася і ў той хвіліне
Знайшла сабе апору ў маладым хлапчыне.
Перапрасіўшы ветліва, на месца села
Між ім і дзядзькам, але есці не хацела.
Ківала веерам у розныя кірункі,
То зноў каўнерыка брабанцкія карункі
Пагладжвала, то лёгкім дотыкам далоні
Кранала валасы і стужкі каля скроні.
Гаворка запынілася, усе маўчалі
Хвіліны тры, а потым ціха зашапталі,
І гэтак пачалося гукаў нарастанне.
Мужчыны абмяркоўваць сталі паляванне:
Асэсар з Рэентам, стралкі два і гулякі[9],
Узнялі шум наконт куртатага сабакі,
Якім пан Рэент, гаспадар яго, хваліўся
І ўсё цвярдзіў, што ён за зайца перш хапіўся.
А вось Асэсар са свайго даводзіў боку,
Што гэту славу заслужыў яго хорт Сокал.
Дапытваліся ў іншых, але розна ў залі
Пра Сокала і курту госці меркавалі,
Адны як знатакі, а іншыя як сведкі.
Суддзя паўголасам звярнуўся да суседкі:
«Прабач, прашу, што мы з вячэрай не чакалі,
Не выпадала адкладаць, бо спагадалі,
Што госці стомленыя, ды і час не ранні.
Я думаў, мо не прыйдзеш на вячэру, пані».
I з Падкаморым пры напоўненым кяліху
Размову палітычную павёў паціху.
Калі ўсе зноў да страў вярнуліся з ахвотай,
Тадэвуш на суседку стаў глядзець употай.
Прыпомніў, што, не могучы вачэй адвесці
Ад крэсла, адгадаў, хто тут павінен сесці,
Дык чырванеў, бо ў сэрца краўся непарадак,
Хоць з ім разгадку ўбачыў тайнаў і здагадак.
Магчыма, суджана было, каб тут ля боку
Сядзела прыгажуня, стрэтая ў паўзмроку.
Прызнацца, паказалася вышэйшай быццам,
Але ж магла ад вопраткі перамяніцца.
І колер валасоў у той, нібы, не гэткі,
А ясна-залаты, а гэта — тып брунеткі.
Ды ў тым віна, магчыма, сонца немалая —
Яно ж так чырванню пры захадзе палае.
Тады не ўбачыў твару — вельмі хутка знікла,
Але яго ўяўляць ужо душа прывыкла.
Ён там угадваў чорненькія вачаняты,
Твар белы, вусны, быццам вішанькі-блізняты.
І тут убачыў тыя ж вусны, твар і вочы,
Ды вось з узростам думка зладзіць штось не хоча
Гароднічка была дзяўчынкай загарэлай,
А гэта паняй вопытнай здалася, смелай,
Ды ў метрыкі красунь юнак не заглядае,
Для хлопца кожная жанчына маладая,
І ён прызнаць равесніцай любую можа,
Цнатлівай — кожную, што з выгляду прыгожа.
Тадэвуш, хоць налічваў тод ужо дваццаты,
У Вільні жыў, дзіцём яшчэ адбыўшы з хаты,
Пад вокам у ксяндза, што меў заданне
Яму суровае, даўнейшае даць выхаванне.
Дык вось, прывёз Тадэвуш у свой дом айчынны
Жывое сэрца, ясны розум, дух нявінны
І з тым ахвоту немалую пасваволіць.
Ужо зараней ён рашыў сабе дазволіць
Нацешыцца даўно чаканаю свабодай.
Быў малады і неабдзелены прыродай:
Здароўем, сілай мог сапраўды ганарыцца.
Сапліцам зваўся, а вядома, што ў Сапліцаў
Мужчына кожны быў шыракаплечы, дужы,
Ваяка добры, хоць да кніг і менш дасужы.
Тадэвуш ад дзядоў сваіх не адрадзіўся:
І пешшу мог хадзіць, і на каня садзіўся.
Тупы не быў, ды ад вучобы ўзяў не многа,
Хоць дзядзька для яго не шкадаваў нічога.
Ён ахватней страляў ці шабляй забаўляўся,
Бо для вайсковай службы змалку рыхтаваўся,
Каб быць у згодзе з бацькавай апошняй воляй.
Дык сумаваў па бубне, седзечы у школе.
Ды вось намер чамусьці колішні змяніўся,
І дзядзька даў наказ, каб ехаў, ажаніўся
І стаў гаспадаром. Казаў, што на пачатак
Яму дасць вёску, а пасля і ўвесь дастатак.
К Тадэвушу цягнулі гэтыя прычыны
Цікаўны зрок суседкі, ўважлівай жанчыны.
Яна памерала крытычным быстрым вокам
Яго плячыстасць, стан, грудзей разлёт шырокі,
Пагпядвала на твар, што мігам загараўся,
Калі з яе вачыма хлопец сустракаўся,
Бо ўжо нясмеласць першая ў яго прапала.
Глядзеў ён вокам смелым, што агнём палала,
Глядзела і яна гарэзліва, заўзята,
І тлелі зрэнкі іх, як свечкі ў час раратаў.
Перш па-французску да яго загаварыла:
Прыбыў са школы, дык перш кнігі зачапіла,
А ўслед — пісьменнікаў і новыя выданні;
З яго адказаў зноў высноўвала пытанні.
А потым павяла гаворку аб культуры,
Мастацтве, танцах, музыцы, а на’т скульптуры!
Дала намёк, што знае пэндзаль, ноты, друкі.
Ажно аслупянеў Тадэвуш з той навукі,
Пабойваўся, каб так пасмешышчам не стацца,
Пачаў, як на экзамене, ўжо заікацца.
На шчасце, тут настаўнік мілы быў, не строгі:
Суседка разгадала гэтыя трывогі
І гутарку звяла з вышыняў і узлётаў
Да спраў вясковага жыцця, нуды, залётаў
І як праводзіць час, і чым заняцца,
Каб жыць і ў вёсцы весела, з нудой не знацца.
Тадэвуш пасмялеў, і справы беглі далей.
За паўгадзіны ўжо амаль сябрамі сталі,
З’явілася спрачацца, жартаваць патрэба.
Ўканцы паставіла пры ім тры галкі хлеба —
Асобы тры на выбар; першую ўзяў зблізку.
Падкамаранкі вочы апусцілі нізка,
А тая засмяялася ды не сказала,
Каго шчаслівая галушка азначала.
Іначай на другім канцы стала гулялі.
Там раптам Сокала староннікі паўсталі
І на прыхільнікаў куртатага усселі.
Вялікай стала спрэчка, дык ужо не елі,
А стоячы пілі; паток слоў звонка ліўся,
А Рэент найстрашней цецеравіўся,
І не было канца ўжо тому такаванню
І рук яго нястомнаму практыкаванню.
(Даўней быў адвакатам Рэент, пан Балеста,
І меў мянушку прапаведніка за жэсты.)
Дык зразу, падагнуўшы рук абедзвюх локці
І вострыя наставіўшы на пальцах ногці,
Ён двух хартоў прысутным вобразна паказваў
І так заканчваў: «Вычха! мы пусцілі разам
Сабак, як быццам зразу два куркі рванулі
І з двух ствалоў адначасова саданулі.
Пайшлі! А заяц — скок! І полем паімчаўся.
Сабакі вось! (гаворачы, перамяшчаўся
З рукамі ўздоўж стала, малюючы пагоню).
Сабакі — вось! ад лесу мо ўжо з гоні.
Тут Сокал — смык! Сабака добры, ды гарачы,
На палец вырваўся, не болып, я гэта бачыў
I ведаў, што дасць маху. Заяц справу знае,
Мастак! У поле рве, а псарня ж, брат, дурная! —
Уся — за ім! Ён гэта ўбачыў ды — пстрык! жвава
У правы бок, сабакі — ўслед за ім управа,
Дык ён улева раптам як махне два сусы!
Пакуль сабакі ўлева, ён — у лес, а Кусы
Мой — цап!!!» На стол далей пан Рэент нахіляўся
І пальцамі ў другі яго канец перамяшчаўся,
І «цап!» раўнуў Тадэвушу над самым вухам.
Ад гэтакага выбуху міжвольным зрухам
Тадэвуш і суседка пасярод размовы
Падскочылі, рвануўшы ўраз свае галовы
У два бакі, нібы вяршаліны двух хвояў
Пад націскам вятроў, і з-пад стала абое
Рванулі рукі, што ляжалі ўжо бок з бокам,
А твары чырванню набеглі ў момант вока.
Тадэвуш, каб збянтэжаным не паказацца,
Прамовіў: «Праўда, пане Рэент, мне, прызнацца,
Ваш Кусы спадабаўся, а калі ён хопкі…»
«Ці хопкі? — крыкнуў Рэент, — Гэтакі таропкі
Сабака ды каб быў не хопкі!» Дык нанова
Яму прыхільнае Тадэвуш мовіў слова
І шкадаваў, што бачыў гончага выпадкам
І часу мала меў, каб ацаніць парадкам.
Тут задрыжэў Асэсар, выпусціў кілішак
І ўбіў зрок у Тадэвуша, як базылішак.
Асэсар менш крыклівы, не такі рухавы
І шмат драбнейшае за Рэента паставы,
Быў страшны на шляхоцкіх зборышчах, бывала.
Казалі ўсе, што ў языку ён мае джгала, —
Такія ён прыдумваў анекдоты, жарты,
Што кожны з іх у каляндар быў трапіць варты,
А вострыя ж усе! Даўней ён жыў багата,
Ды спадчыну бацькоў і ўсю маёмасць брата
Пусціў, разгульваючы па вялікім свеце.
Цяпер служыў, каб быць хоць нечым у павеце.
Любіў ён паляванні ці то для забавы,
Ці мо таму, што голас труб і час аблавы
Яму прыносілі ўспамінаў шмат з былога,
Калі стральцоў прыдворных меў і гончых многа.
З той псярні толькі два сабакі засталіся,
А тут з іх аднаго прыніжваць узяліся.
Дык падышоў, твар, бакенбардамі пакрыты,
Пагладзіў і сказаў з усмешкай ядавітай:
«Бясхвосты хорт — як шляхціц, службай не заняты
А пан сцвярджае, быццам лепшы хорт куртаты?
Па-мойму, хорт з хвастом заўсёды болей ходкі,
Лепш мо на суд здамося вашай, пане, цёткі.
Хоць пані Талімэна век жыла ў сталіцы
І к нам нядаўна толькі рачыла з’явіцца,
Ды знае паляванне лепш, чым хто між намі, —
Навука ж бо прыходзіць і сама з гадамі».
Тадэвуш, на якога з боку інтрыгана
Зваліўся гром, падняўся з месца ўсхвалявана
І моўчкі стаў глядзець саперніку у вочы…
На шчасце, Падкаморы чхнуў магутна двойчы.
«Віват!» — сказалі ўсе. Ён дзякаваў ад сэрца
І пальцамі пачаў званіць па табакерцы,
Што з золата была, з брыльянтавай аправай,
З партрэтам унутры манарха Станіслава —
Ад караля падарак бацьку ўласнаручны.
Яе ён даставаў у кожны момант зручны
І звонам знак даваў, што хоча адазвацца.
Дык вось замоўклі ўсе, не смелі больш спрачацца
А ён сказаў: «Браты і шляхта дарагая!
Таму, што форум паляўнічых — поле з гаем,
Дык гэтых спраў у хаце я не вырашаю,
А пасяджэнне на наступны дзень склікаю,
Бо рэплік на сягоння ўжо даволі.
Гэй, Возны! Адклікай на заўтра справу ў поле.
А заўтра Граф і паляўнічых больш прыедзе.
І пан Суддзя падасца з намі. Так, суседзе?
І пані Талімэна, ўсе паненкі, пані
Захочуць, думаю, пабыць на паляванні,
І Войскі, спадзяюся, рушыць з намі з дому».
Пры гэтым табакерку падаваў старому.
А Войскі, седзечы ў канцы стала далёкім,
Сачыў за ўсім прыжмураным разумным вокам.
І хоць яму пытанні моладзь задавала,
Бо знаўцаў гэтакіх, як ён, было ўжо мала,
Сядзеў зусім без слоў і без ніякіх рухаў,
Табаку ў шчопцях важыў, а пасля панюхаў
І чхнуў, аж памяшканне загудзела рэхам.
Тады прамовіў з лёгкім, гаркаватым смехам:
«О, як жа сумна мне старому! Я ў здзіўленні!
Бо што ж сказалі б у мінулым пакаленні,
Каб у кампаніі такой, як тут мы бачым,
Пачаў мірыць хто спрэчку аб хвасце сабачым!
І што сказаў бы Рэйтан, каб цяпер прачнуўся?
Напэўна б у свой ляхавіцкі склеп вярнуўся!
Што б Несялоўскі нам сказаў[10], які трымае
І зараз мо найлепшыя на свеце зграі
І мае сотні дзве стралкоў, звычаем панскім,
І сецяў сто вазоў у замку Варанчанскім,
А столькі год, як той манах, сядзіць удому,
І нельга упрасіць яго ўжо ў лес нікому —
Белапятровічу і то паслаў адмову![11]
Чаго ж яму чакаць ад сённяпшяга лову?
Было б прыгожа, каб ён, пан старога роду,
Ганяць па полі шаракоў, як вы, ўзяў моду!
У мой час, пане, згодна мовы паляўнічых,
Дзік, лось, мядзведзь ды воўк шляхоцкай быў здабычай
А вось без рог, клыкоў ці кіпцюроў звярына
Была здабычаю слугі ды селяніна.
Ніхто з паноў не ўзяў бы стрэльбы ў рукі потым,
Калі б яе спаганіў нехта дробным шротам!
Трымалі і хартоў, ды толькі для забавы.
Калі з-пад ног шмыгне шарак пасля аблавы,
Тады за ім сабак, бывала, выпускалі,
А следам панічы на коніках скакалі
Пад вокам у бацькоў, што ў той бок ледзь глядзелі,
Ні то што каб пасля сварыліся, гудзелі.
Дык хай яснавяльможны Падкаморы рачыць
Адклікаць той загад і мне няхай прабачыць,
Што не магу на гэта ехаць паляванне
І што ніколі там нага мая не стане!
Завуць мяне Грачэха, а ад часаў Леха
За зайцам не ганяўся ні адзін Грачэха!»
Тут смех падняўся і гучаў праз час каторы.
Усталі з-за стала. Перш рушыў Падкаморы —
За важны чын і ўзрост яму тут гонар гэткі.
Ён кланяўся старым і дамам, і падлеткам.
За ім пайшоў манах, Суддзя — пры Бернардыне.
Суддзя ў дзвярах падаў руку Падкамарыне,
Тадэвуш — Талімэне, Асэсар — Крайчанцы,
А на канцы пан Рэент — Войскай Грэчашанцы.
Тадэвуш з маладзейшымі ў гумно падаўся,
Ды быў збянтэжаны і думкай заглыбляўся
У дзень мінулы і ў здарэнняў чаргаванне:
Суседка ля стала, а перад тым спатканне,
I асабліва слова «цётка» каля вуха
Дакучліва гудзела, быццам тая муха.
Хацеў пра Талімэну ў Вознага спытацца,
Але без сведкаў не ўдалося з ім спаткацца.
І Войскага не бачыў — той без затрымання
Падаўся за гасцямі, маючы заданне
Адвесці дамам і старэйшым для спачынку
Пакоі адпаведныя ў жылым будынку.
А маладых Тадэвушу загад быў даны
Завесці ў пуню, ў сена торп падрыхтаваны.
Праз паўгадзіны ціш была вакол, якая
Мо ў кляштары, як змоўкне звон начны, бывае,
І толькі вартаўнік у цемры адзываўся.
Паснулі ўсе. А сам Суддзя яшчэ не клаўся,
Яшчэ ён планаваў наступнага дня справы
І будучыя ў полі для гасцей забавы.
Загад даў войтам, ахмістрыні, аканомам
І ўсім, хто ў доме працаваў і па-за домам,
А потым у рахунках дня стаў разбірацца.
Нарэшце клікнуў Вознага: час распранацца.
Перш Возны пояс зняў з яго шырокі, літы
Работы слуцкай[12] — кручаны і віты,
Залататканы з кутасамі шляк багаты,
А сподам чорна-серабрысты шоўк у краты.
Той пояс носяць толькі важныя асобы —
На светлы бок днём свят, на чорны — ў дні жалобы.
Тут толькі Возны ўмеў яго завязваць, скласці,
Дык вось складаў і бараніўся ад напасці:
«I што ж, што я сталы занёс сягоння ў замак?
Ніякіх страт, а цяжбе новы дан напрамак.
За замак жа вядзецца ў нас сягоння справа.
З сягонняшняга дня — у нас на замак права,
І як бы супраціўны бок не завіхаўся,
Я маю доказы, што замак нам дастаўся,
Бо хто гасцей у замку за сталом прымае,
Той сведчыць, што бярэ яго ці што трымае.
Саміх праціўнікаў мы выставім у сведкі.
Вядомы мне ўжо не адзін выпадак гэткі».
Суддзя ўжо спаў, дык Возны выйшаў ціха ў сені,
Ля свечкі сеў і выняў кніжачку з кішэні,
Што, быццам малітоўнік, век яму служыла.
Гартаць яе было старому вельмі міла.
Была гэта ваканда[13] трыбунала: радам
У ёй стаялі спісы спраў, што прад урадам
Сам Возны выклікаў іх у даўнейшым часе,
Ці аб якіх пасля ўжо вестка разышлася.
Ваканда для чужога — проста спіс іменняў,
А для ўладальніка — вялікі збор здарэнняў.
Чытаў і ўспамінаў: Агінскія з Візгірдам,
Дамініканцы з Рымшам, Рымша з Вышагірдам,
Радзівіл з Верашчакам, Гедрайць з Радултоўскім,
З кагалам Абуховіч, Юрага з Пятроўскім,
З Міцкевічам Малеўскі і на заканчэнне
З Сапліцам Граф. Пераглядзеўшы ўсе іменні,
Зноў бачыць справы ўсе, іх ход цікавы, рэдкі,
І ажываюць зноў бакі: і суд, і сведкі.
І бачыць сам сябе, як некалі, бывала,
У сінім кунтушы ён, служка трыбунала,
Абпёршыся на шаблю, стол рукой пакажа,
Нязгодных выкліча і «сціхніце» прыкажа.
Між гэтых дум, малітву шэпчучы, памалу
Заснуў апошні ў Княстве Возны трыбунала.
Так забаўляліся, жылі ў былыя годы
Ў літоўскай ціхай вёсцы, а ў той час народы
Сцякалі кроўю і слязьмі, бо ён, Бог войнаў,
Акружаны палкамі, гнаў народ свой збройны
І спрэжаных арлоў срабрыстых з залатымі
То ў Лівію, то зноў між Альпамі крутымі
За громам кідаў гром, то ў Піраміды, Табар,
Марэнга, Ульм, Аўстэрліц. Смерць, Насілле, Забар
Ішлі за ім і перад ім. А тая сіла
Пранесла славу заваёўнікаў ад Ніла
Ажно на поўнач, дзе ля Нёмна паваротаў
Адбілася, нібы ад скал, ад царскіх ротаў,
Што сцераглі Літву жалезнаю сцяною
Ад весткі для Расіі, як памор, страшное.
А ўсё ж не раз навіна, быццам камень з неба,
Ў Літву трапляла. Дзед, што рад куску быў хлеба,
Бязрукі ці кульгавы, дар прымаў набожна,
Але навокал азіраўся асцярожна.
Калі ж нідзе ў двары ярмулак не заўважыў,
Не бачыў ні салдат, ні ўлады царскай стражаў,
Тады казаў, кім быў: салдатам з легіёнаў,
Што нёс старыя косці да сваіх загонаў,
Бо сіл не меў іх бараніць. О, як прымалі
Яго, і як паны і слугі абдымалі
І плакалі наўзрыд! Тады, сагрэты ласкай,
Ен праўдай дзіўнай забаўляў усіх, як казкай.
Казаў пра тое ім, як генерал Дамроўскі
З Італіі прывесці хоча корпус польскі
Дамоў, сабраўшы сілы на Ламбардскім полі,
І як Князевіч жыў у замку Капітолі,
І як французам кінуў сто сцягоў крывавых[14],
Здабытых ад патомкаў кесараў шматслаўных,
Як з’ехаў Ябланоўскі ў край вясны бясконцай[15],
Дзе цукар вараць і дзе перац спее ў сонцы,
А лес цвіце духмяна. З Легіяй Дуная
Ён тужыць па сваіх і неграў пакарае.
Крадком навіна старца вокал вандравала,
І хлопца ў ціхай вёсцы часта спакушала:
Лясамі, праз балоты брыў ён ноччу цёмнай
І ад пагоні кідаўся ў глыбіні Нёмна,
Нырцом да Княжаства Варшаўскага падходзіў,
Дзе радасны прыём у землякоў знаходзіў.
Ды перш чым адысці, з узгорка ці з каменняў
Гукнуў праз Нёман маскалям: «Да пабачэння!»
Так перайшлі Гурэцкі, Пац і Абуховіч,
Пятроўскі, Абалеўскі, Ружыцкі, Яновіч,
Брахоцкі, Міжыеўскія, Бернатавічы
І Купсць, і Гедымін… ды ўсіх не пералічыш.
Бацькоў, край родны свой, маёмасць пакідалі,
Якую цараняты ўміг канфіскавалі.
Здаралася, ў Літву з манастыра чужога
Манах з’яўляўся і, асмелены нямнога,
Газету выпараў з-паміж сваіх шкаплераў,
А ў ёй быў спісаны дакладна лік жаўнераў
І камандзіраў прозвішчы, чыны і званні,
І іх геройстваў або смерцяў апісанні.
І першы раз за шмат гадоў сям’я пазнала,
Што сына недзе смерць ці пахвала спаткала.
Прымаў жалобу дом, не смеючы прызнацца,
Па кім яна была, і толькі здагадацца
Маглі суседзі. Толькі сум таёмны гэты
Ці радасць панская служылі за газеты.
Ксёндз Робак гэтакім манахам быў, здаецца.
Бывала, што ў пакоі ён з Суддзём запрэцца,
Пра штосьці гутарыць, а потым і навіна
Расходзіцца ў суседстве. Выгляд Бернардына
Казаў, што не заўсёды быў ён служкам Божым
І жыў не век за манастырскай агароджай.
Над правым вухам меў ён, трохі вышай скроні,
Кавалак скуры здзёрты ў шырыню далоні
І след у барадзе ад стрэлу ці мо ўдару. —
Не мог ля алтара ён так пашкодзіць твару.
І не адны шрамы, зрок, голас забіяцкі,
А кожны рух яго і голас быў салдацкі.
У час імшы, калі з паднятымі рукамі
Звяртаўся да людзей, гаворачы «Пан з вамі»,
То часам павярнуўся гэткім спрытным рухам,
Нібы яму «кругом!» скамандваў хто над вухам,
І словы літургіі гэткім мовіў тонам,
Як быццам не служыў, а кіраваў швадронам.
Прыслужнікі заўсёды заўважалі гэта.
І ў справах палітычных, што кіравалі светам,
Больш Робак разбіраўся, чым у справах веры.
У горад часта ездзіў, нейкія паперы
Ці пісьмы атрымоўваў, ды ў чужых ніколі
Тых пісьмаў не чытаў. І іншых спраў даволі
Ў яго было: ён рассылаў ганцоў кудысьці
І часта ў ноч ішоў для нейкае карысці,
Паноў наведваў і са шляхтаю шаптаўся.
Знаёмая была яму і бедната ўся,
З сялянамі ў карчме любіў разгаварыцца
І ўсё пра розныя падзеі за граніцай.
Цяпер Суддзю, што спаў ужо каля гадзіны,
Ішоў будзіць, меў, пэўне, важныя навіны.