Кніга дзесятая. Эміграцыя. Яцак

Змест: Нарада пра выратаванне лёсу пераможцаў. Перамовы з Рыкавым. Развітанне. Важнае адкрыццё. Надзея.

Аблокі ранішнія тыя, што ў разбродзе

Плылі спярша, як птушкі чорныя, на ўсходзе

Штораз гусцелі і, ледзь сонейка апала

З паўдня, іх грамада паўнеба ўраз заслала

Вялізнай хмараю. Яна ўсё напаўзала,

Клубілася, гусцела і ніжэй звісала,

I, адарваная ад неба палавіны,

Разгорнутая, быццам ветразяў тканіны,

К зямлі ўвагнутая, ўвабраўшы ветры к ходу,

З паўдня праз неба паляцела ў бок заходу.

Быў момант цішыні, паветра ўсцяж стаяла

Маўкліва, глуха, бы з трывогі замірала.

І нівы збожжа, што пад ветрамі густымі

Зямлю краналі каласамі залатымі

І хвалямі кіпелі, сталі нерухома

І ў неба пазіралі ўздыбленай саломай.

І вербы ў зелені, таполі пры дарозе,

Якія перш, як плачкі ля труны ў знямозе,

Рукамі трэслі і ў паклонах гнулі станы

Ды з ветрам распускалі волас серабраны,

Цяпер, як мёртвыя, з азнакамі жалобы,

Стаяць без шолаху, накшталт сыпільскай Ньобы.

Асіна толькі шэпча лісцем сіваватым.

I статак, што звычайна ледзь брыдзе дахаты,

Цяпер бяжыць, прынук пастушых не чакае,

Кідае ежу і дамоў з травы ўцякае.

Бугай нагою землю рве, капае рогам

І гурт свой запалохвае рыканнем строгім.

Карова штораз то ўзнімае ў неба вока,

Разінецца ад дзіву і ўздыхне глыбока.

Вяпрук злуе, вішчыць, з дарогі ўбок ступае,

Крадзе снапы і цягне — на запас хапае.

А птаства ў лес схвалася, пад стрэхі, ў травы.

Адных варон над ставам бачан гурт рухавы,

Яны паважна ходзяць кучкамі і ўпары,

Кіруюць вочы чорныя ўбок чорнай хмары,

Высоўваюць сухія языкі ад рання,

Разводзяць крыллі ўбок, чакаючы купання;

Ды і яны, у прадчуванні навальніцы,

Ляцяць у лес, як хмара, што гарой імчыцца.

Апошняй ластаўка, нібы стралы ударам,

Прашые чэрава навісшай чорнай хмары

І валіцца, як куля.

Вось у гэтай хвілі

Крывавы жорсткі бой праціўнікі спынілі,

І ўсе хаваюцца пад стрэхі грамадою,

Цяпер паспешна пакідаючы пляц бою

Для барацьбы стыхіяў.

Зямля на захадзе, дзе сонца залаціла,

Яшчэ панура-жоўтай чырванню свяціла.

А хмара, быццам сеці, распускае цені,

Ляціць за сонцам, заграбае ўслед праменні,

Нібы глынуць яго хацела прад заходам.

Вось віхры раз за разам прасвісталі сподам,

Ляцяць і кроплі дажджавыя раскідаюць,

Якія круглым, ясным градам ападаюць.

І раптам віхры збіліся, ўзяліся ўполы,

Качаюцца і ўюцца з посвістам вясёлым,

Ваду у ставе муцяць, кружаць па заставах,

На луг апалі, свішчуць у лазе і травах.

Трашчыць галлё лазы, ўзлятаюць траў пакосы

На вецер, быццам жменяй вырваныя косы

У гурце з кудрамі снапоў. Вятры ўжо выюць,

Спадаюць на раллю, качаюцца ў ёй, рыюць,

Рвуць скібы — трэцяму вятрыску б’юць праломы,

Што вырваўся з раллі слупамі чарназёму,

Ўздымаецца, рухомай пірамідай крочыць,

Ілбом грунт круціць, зоркам гоніць пыл у вочы,

Штокрок шырэе, дзьмецца ў страшную фігуру

І той трубой агромнай аб’яўляе буру.

Аж вось з усім хаосам вод расхваляваных,

Пяску, сукоў, лістоў, саломы, траў нарваных

Віхры на лес напалі і па нетрах пушчы

Мадзведзямі ўзраўлі.

А дождж палеткі плюшчыць

Густы, як з сіт. Раўнулі раптам громы,

Зліліся зразу кроплі ў струны і без стомы

Касою доўгай вяжуць землю і нябёсы,

А часам бухнуць, як з вядра, вады палосы.

На землю і на неба змрок густы садзіцца,

Чарнейшая за ноч іх крые навальніца.

Часамі краявід прарвецца ўдаль бясконца —

Анёл грамоў, накшталт вялізарнага сонца,

Рассвеціць твар, ды зноў, акрыты цьмой грубою,

Захлясне перуном хмар дзверы за сабою.

Ізноў мацнее бурны лівень той навальны

І змрок грубы, густы, амаль што дакранальны.

Зноў ціхне дождж, задрэмле гром, ды па хвіліне

Прачнецца, зноў раўне і зноў вадою хлыне.

Аж вось заціхла ўсё, і толькі дрэвы

Шумяць ля дому разам з хлюпатам залевы.

І добра, што ў дзень гэты не было зацішша,

Бо навальніца, цемрай бою пляц акрыўшы,

Дарогі заліла, масты сарвала з рэчак

І аддзяліла двор ад вёсак і мястэчак.

Дык пра здарэнні грозныя ў двары Сапліцы

Адразу вестка не магла яшчэ прабіцца,

А шляхты лёс залежны быў ад таямніцы.

У Суддзі ў пакоі — важныя перагаворы.

Там ксёндз ляжаў у ложку стомлены і хворы,

І акрываўлены, ды ў памяці быў поўнай.

Загад яго Суадзя спаўняе безадмоўна:

Перш Падкаморага і Ключніка паклікаў,

І дзверы зачыняюць, як прыйшоў і Рыкаў.

Гадзіну ўжо трывала тайная размова,

Урэшце Рыкаў тут сказаў такое слова,

Адкінуўшы капшук, дукатамі напханы:

«Панове Ляхі, ёсць між вамі сказ, мне знаны,

Што кожны рускі — злодзей, хабарнік прапіты.

Дык знайце ж, што маскаль, якога зваць Мікіта

Мікітыч Рыкаў, ротны капітан, меў восем

Медаляў, тры крыжы, і гэта помніць просім!

Медалі за Ачакаў і за Ізмаілаў,

Вось за бітву пад Нові, вось за Прэйсіш-Ілаў[53],

А гэты вось ад Карсакова. За адвагу,

Апроч таго, я атрымаў таксама шпагу

І ад фельдмаршала аж тры пахвал ступені

Ды царскіх грамат дзве, чатыры адзначэнні —

Ўсе на пісьме».

«Але, але, мой капітане, —

Азваўся Робак, — дык на чым жа справа стане,

Калі не згодзішся? Бо ты ж даваў нам слова

Уладзіць справу».

«Слова даў і дам нанова, —

Сказаў зноў Рыкаў,— мне не трэба вашай згубы,

Я чэсны чалавек, а вы, паны, мне любы,

Што вы вясёлыя, ахвочы да напіткаў

І людзі смелыя, і здатныя да біткі.

У нас ёсць прыказка: той, хто на возе едзе,

Бывае і пад возам; той, хто папярэдзіў,

Назаўтра — ззаду. Б’еш сягоння, заўтра — біты.

Злаваць за гэта? Заўтра, можа, будзем квіты.

Адкуль бы чалавек набраў злабы такоўскай,

Каб гневацца за ўсё? У бітве Ачакоўскай

Злягло ў нас шмат, пад Цюрыхам змялі пяхоту,

Пад Аўстарліцам жа маю скрышылі роту,

А перш Касцюшка ваш пасек ля Рацлавіцаў —

Я быў сяржантам — косамі мой ўзвод. Адбіцца

Я змог ля Мацеёвіц. У той бітве страшнай

Двух важных шляхціцаў забіў я ў рукапаіпнай.

Адзін быў Макраноўскі, ён за нашым валам

Касою кананіру ссек руку з падпалам.

Ой, ляхі вы! Айчызна! Я ўсё гэта знаю,

Я, Рыкаў. Тут загад цара, я праў не маю.

Нашто нам ляхі? І Маскоўшчыны нам годзе!

Хай Польшча будзе ляху! Што ж, як цар не згодзен».

Суддзя сказаў на гэта: «Пане капітане,

За чэснасць вашу вас мы маем у пашане,

І ўсе вакол сапраўднага ў вас бачаць мужа.

Не злуй на нас за падарунак, добры дружа,

Цябе мы скрыўдзіць не хацелі, а дукаты

Пасмелі даць, бо чалавек ты ж небагаты».

«Ах, егры! — ўскрыкнуў Рыкаў,— гэткія салдаты!

Мая ўся рота! І ўсё Плут тут вінаваты!

Ён камандзір, перад царом адкажа строга.

Вы ж гэтыя грашы схавайце, дзеля Бога.

Я маю грош мой сціплы царскага служакі,

І хопіць мне на пунш і люлечку табакі.

А вас люблю, вось з вамі вып’ю, пагуляю.

Паем, пагутару і гэтак пражываю.

Я вас абараню, як следства распачнецца,

Даю вам слова — справа на ваш бок схінецца.

Мы скажам, што прыйшлі сюды дзеля візіту,

Што тут сабе гульнулі, кожны быў падпіты,

А Плут „агонь“ каманду крыкнуў выпадкова —

Бітва! І батальён разбілі, і гатова.

Вы ж следства мажце золатам, дзе толькі можна,

Круціцца будзе. Але толькі асцярожна:

Казаў я шляхціцу таму з даўгой рапірай,

Што першы Плут, бо ён жа быў тут камандзірам.

А Плут жывы, ён можа так загнуць кручочак,

Што згінеце, бо гэта хітранькі паночак.

Яму заткніце горла банкавым білетам.

Дык што ж вы, пан з мячом, падумалі аб гэтым?

Былі ўжо ў Плута? Што і як ён вам парадзіў?»

Гервазы аглянуўся, лысіну пагладзіў,

Кіўнуў рукой нядбала, гэтым знак падаўшы,

Што справу скончыў. Капітан аднак, устаўшы,

Дапытваўся: «Што ж кажа Плут? Маўчаць захоча?»

А Ключнік злы, што Рыкаў гэтак лезе ў вочы,

Нагнуў вялікі палец да падлогі змрочна,

Пасля махнуў рукою. Гэтым відавочна

Хацеў пытанні скончыць і сказаў: «Вось слова,

Што змоўчыць Плут! Закончана яго размова!»

І хруснуў пальцамі, пасля спусціў далоні,

Як бы ўсю таямніцу збіў з іх у разгоне.

Той змрочны жэст усе ў пакоі зразумелі,

Глядзелі навакол, прагаварыць не смелі,

І доўгі час трывала гэткае бязмоўе.

Азваўся Рыкаў: «Воўк цягаў на безгалоўе!»

«Requeskat in pace», — мовіў Падкаморы.

«Відаць, — Суддзя сказаў,— па Божым прыгаворы,

Ды я не вінен, я не ведаў гэтай справы».

Ўзарваўся ксёндз з падушак бледны, але жвавы

Зрок скіраваў на Ключніка і ў неспакоі

Прамовіў: «Грэх забіць палоннага, без зброі!

Хрыстос вучыў не крыўдзіць помстаю нікога!

Ой, Ключнік! Цяжка ты адкажаш перад Богам.

Адно ёсць апраўданне, — іншым мовіў тонам, —

Калі не з помсты ты, а… pro publico bono».

Дык Ключнік і рукой, і галавы наклонам,

Міргаючы патакваў: «Pro publico bono!»

І больш не ўспаміналі пра маёра Плута.

Дарма назаўтра кожны абышлі закутак,

Дарма назначылі за труп узнагароду,

Маёр бясследна знік, нібы ўваліўся ў воду.

Аб тым, што сталася з ім, розна гаварылі,

Ды праўды ні тады, ні потым не адкрылі.

Пыталі ў Ключніка, ды той аднакім тонам

Усім адказваў толькі: «Рro publico bono!»

Хоць Войскі нешта ведаў, ды пад словам чэсці

Маўчаў і на нішто умеў адказы звесці.

Пасля размовы выйшаў з кабінета Рыкаў,

А ксёндз цераз Суддзю ўсіх змагароў паклікаў.

Да іх прамовіў Падкаморы з асцярогай:

«Браты! Бог нам памог, за намі перамога,

Ды я павінен вам усім сказаць адкрыта,

Што справа гэтая не будзе нам забыта.

Зблудзіліся мы ўсе, і ўсе мы вінаваты:

Ксёндз Робак, што навіны нёс нам ранавата,

А Ключнік з шляхтаю, што кепска зразумелі.

Вайна пачнецца не тады, як мы б хацелі.

Тым часам, хто больш дзейна вёў сябе ў змаганні,

Таму падумаць зараз трэ’ аб развітанні,

Бо ў Княства уцякаць з вас многім давядзецца.

Так вось Мацей, які Хрысціцелем завецца,

Тадэвуш, Брытва, Конаўка, ну і другія

За Нёман хай нясуць галовы дарагія.

А мы тут на адсутных звальваць будзем віны

І на Плута, бо хопіць нам тут цяганіны.

Бывайце, не надоўга, бо ўсё ж ёсць надзея,

Што нам вясной зара свабоды заяснее

І край, што вас сягоння гоніць у вандроўку,

Як збаўцаў, хутка буцзе сустракаць вас зноўку.

Суддзя ўсё, што вам трэба, дасць вам на дарогу,

І я грашыма акажу вам дапамогу».

Было ўсім ясна: Падкаморы добра радзіў,

Бо хто з царом хоць бы адзін раз не паладзіў,

Той з ім ужо не змірыцца ніколі шчыра

І змушаны ці біцца, ці згніе ў Сібіры.

Дык у маўчанні сумным азірацца сталі,

Ўздыхнулі і галовамі ўсе заківалі.

Хоць наш зямляк, у чым усе даўно ўжо згодны,

І любіць больш жыцця і шчасця край свой родны,

Аднак яго пакінуць згодзіцца заўсёды,

Гатоў цярпець нястачы, здзек даўгія годы,

З людзьмі і лёсам ваяваць і ўсё падужаць,

Калі ў ім ёсць надзея, што радзіме служыць.

Дык заявілі ўсе, што выехаць гатовы,

Ды толькі Бухман не згаджацца меў асновы.

Разважны Бухман у змаганне не ўмяшаўся,

Але ў народзе голас свой падаць стараўся.

Праект знаходзіў добрым, толькі перайначыць

Хацеў яго, развіць, больш ясна растлумачыць,

А перш за ўсё яшчэ камісію назначыць,

Якая б эміграцыі раскрыла мэты,

Умовы, спосабы і іншыя сакрэты.

На жаль, сягоння шляхта часу мела мала,

Таму з тых Бухманавых рад не скарыстала.

Развітваюцца ўсе, каб у дарогу рушыць.

Суддзя стрымоўвае ў пакоі Тадавуша,

Ксяндзу гаворыць: «Расказаць намер я маю

Табе, што з дня ўчарашняга напэўна знаю,

Што наш Тадэвуш закаханы шчыра ў Зосю.

Хай перад выездам рукі яе папросіць.

Пытаў я ў Талімэны — не перашкаджае,

І Зося волю нашу згодай пацвярджае.

Няма як павянчаць іх сёння ў гэтай хвілі,

Дык можа б мы іх, браце, зараз заручылі,

Таму што сэрца маладое ў падарожных,

Як ведаеш, спакусаў многа мае розных.

А вось ужо, хоць маладому, пры пярсцёнку

Трудней забыцца будзе, што пакінуў жонку,

І так памалу ў ім гарачка прамінае, —

Такую сілу заручальны персцень мае.

Я сам афект вялікі меў таму год трыццаць

Да панны Марты, а дагэтуль не забыцца.

Былі заручаны мы, ды з Божай волі

Не суджана было нам мець шчаслівай долі —

Асіраціла беднага мяне Вайшчанка,

Майго прыяцеля дачушка, Грэчашанка,

І не пакінула на памятку нічога,

Апроч вось гэтага пярсцёнка залатога.

Дык гляну на яго, і мігам набягае

Яна на думку мне, і Бог мне памагае

Быць верным ёй і не забыцца век той страты.

Вось зараз я ўдавец, хоць і не быў жанаты

І хоць у Войскага і ёсць дачка другая,

Падобная да той, што мне так дарагая».

Пры гэтым, глянуўшы на персцень чулым вокам,

Слязу абцёр і ад душы ўздыхнуў глыбока.

«Дык як, заручыш іх? — спытаў. — Бо ёсць прычыны

Ён любіць і ёсць слова цёткі і дзяўчыны».

Але Тадэвуш падбягае ўсхваляваны

І кажа: «Ўдзячны я вам, дзядзечка каханы,

Што аб маім вы шчасці гэткі клапатлівы.

Ах, дзядзя! Невымоўна быў бы я шчаслівым,

Каб Зося сёння заручылася са мною,

Каб знаў, што будзе колісь жонкаю маёю,

Але скажу адкрыта: гэтае дзяўчыны

Пакуль што я не варт, на гэта ёсць прычыны…

Больш не пытайце. Зося ж, калі час назначыць

Чакаць, дык можа ўжо мяне другім убачыць,

Мо трохі лепшым буду, больш кахання вартым,

Даб’юся славы мо ў змаганні тым упартым.

Магчыма, хутка вернемся ўсе з вандравання,

Тады прыпомню, дзядзя, ваша абяцанне,

Тады, прыкленчыўшы, зноў Зосю прывітаю,

Застаўшы ж вольнаю, рукі ў яе спытаю.

А зараз жджэ мяне вялікая дарога,

І Зося можа палюбіць яшчэ другога.

Яе я звязваць не хачу, не маю права,

Не заслужыў я гэтага, і ўся тут справа».

Калі ён так з пачуццем гаварыў і з жарам,

Гарэлі шчокі юнака душы пажарам,

Як ягады, ў вачах дзве перлы зіхацелі

І ўніз з блакітных зрэнак хутка паляцелі.

Ды Зося, зацікаўлена, з глыбінь альковы

Сачыла за напрамкам гэтае размовы

І чула, як Тадэвуш проста, ясна, смела

Прызнаўся, што кахае. Сэрца задрыжэла

У яе, як слёзы ўбачыла ў вачах хлапчыны,

Ды зразумець была не ў сілах той прычыны,

З якой ён пакахаў і зараз пакідае.

Куды паедзе? Зося ж тога не жадае!

Вось сёння першы раз пачула нечакана

Вялікую навіну, што была каханай.

Пабегла к хатняму алтарыку святому,

Ўзяла іконку, ладанку — святыню дому.

На тым абразіку — святая Генавэфа,

А ў ладанцы рэліквія свяцейшага Юзэфа,

Апякуна ўсіх тых, хто хоча заручыцца,

І тыя святасці прыносіць у святліцу.

«Вы едзеце, так хутка? Я вам на дарогу

Дам дробны падарунак і перасцярогу:

Каб з гэтаю рэліквіяй не разлучаода,

Таксама і пра Зосю нельга забывацца!

Хай Бог вам у ва ўсім і ўсюды дапаможа

І хутка верне вас дадому з падарожжа».

Галоўку ўгнула, змоўкла і ледзь вачаняты

Самкнула, пырснуў з іх струменьчык слёз багаты.

І стоячы ля мілага ёй чалавека,

Брыльянты слёз губляла Зося з-пад павекаў.

Прыняў Тадэвуш дар, пацалаваў ёй рукі

І мовіў: «Пані! Час ужо настаў разлукі,

Бывай здарова, не забудзь, прашу маліцца

І за мяне!..» На болей слоў не мог здабыцца.

Ды Граф і Талімэна тут, над спадзяванне,

Угледзелі, ўвайшоўшы, гэта развітанне.

Граф быў узрушан, кінуў вокам к Талімэне

І мовіў: «Колькі ж прыгажосці ў гэтай сцэне,

Калі душа байца і маладой дзяўчыны,

Як лодка з караблём развітвацца павінны!

Ніколі сэрца так не можа разгарацца,

Як пад прымусам ад другога адрывацца.

Час, быццам вецер: ён малую свечку здзьмухне,

Але пажар вялікі з ветру не патухне.

Здалёку і ў мяне лепш сэрца разгарыцца.

Я вас сапернікам лічыў, мой пан Сапліца.

Памылка гэта сталася прычынай звады

І змусіла нас ажно ў шпаг шукаць парады.

Памылку бачу: ты ўздыхаў к пастушцы мілай,

А мне вось гэта німфа сэрца паланіла.

Ў крыві варожай хай патонуць гневы нашы,

Не будзем зброі на сябе ўзнімаць бясстрашна,

Няхай жа спрэчкі ў іншым скончацца змаганні:

Ваюйма за трываласць нашу у каханні!

І я, як вы, прадмет пакіну сэрцу мілы.

Спяшаймася на страшны бой і з поўнай сілы

Ваюйма між сабой цярплівасцю і ўвагай,

Ганяйма ворага рукою дужай і адвагай».

І тут жа скіраваў зрок чулы к Талімэне,

Яна ж не знала, што сказаць ад задзіўлення.

«Мой Граф, — сказаў Суддзя, — а вам дык не канечне

І выязджаць. Вы можаце сядзець бяспечна,

Бо ўрад са шляхтай беднай можа распраўляцца,

А вам, пан Граф, зусім няма чаго баяцца —

Знаёмствы маеце і досыць вы багаты,

Каб суд купіць і не папасціся за краты».

«Не, гэта ўсё з маім характарам не згодна.

Няма як быць каханкам, дык мне неабходна

Праславіцца, і я не пашкадую працы,

Каб мне, хоць сэрцам бедны я, героем стацца».

«Хто ж вам, — спытала Талімэна, — забароніць

Кахаць і быць шчаслівым?» «Лёс мяне мой гоніць, —

Прамовіў Граф, — прадчуццяў цемра рухам тайным

Вядзе мяне ў чужыну к справам надзвычайным.

Скажу, што сёння я збіраўся Талімэне

Развесці на Гімена алтары гарэнне,

Ды мне якраз навуку даў юнак вось гэты

Адмовай ад рукі каханае кабеты,

Каб бегчы сэрца правяраць у перашкодах

Нясталых лёсаў і ў вайны цяжкіх нягодах.

Маёй пачатак новай эры недалёка!

Грымела зброяю маёй Бірбанта-рокка,

Няхай жа і па Польшчы льецца тая слава!»

І па эфесе шпагі тут ударыў жвава.

«Што ж, — мовіў Робак, — нельга гэткую ахвоту

Спыняць, дык едзь, і можаш там узброіць роту,

Як той Патоцкі (што ўсю Францыю здзівіла),

Мільён дзяржаве даў, ці следам Радзівіла,

Які, прадаўшы шмат сваіх шэдэўраў панскіх,

Здаў грошы на ўзбраенне двух палкоў уланскіх.

Едзь, едзь з грашыма, бо людзей там досыць маем,

А грошай мала ў Княстве, едзь, благаслаўляем».

Дык Талімэна Графу ў вочы паглядае

І кажа: «Бачу, што ніхто вас не стрымае,

Мой рыцар! Апынуўшыся ж на ратным полі,

Зірні на гэты вось тваёй каханкі колер!

(I тут зняла ад сукні стужку, ўміг зрабіла

Какарду і на грудзі Графу прышпіліла.)

Хай гэты знак вядзе цябе на стрэлы, пікі

І на агонь гармат — на подзвіг твой вялікі.

Калі ж сябе ваеннай славай упрыгожыш

І лаўрамі бяссмертнымі абсыпаць зможаш

І акрываўлены свой шлем, і рэшту зброі,

Зірні на гэту вось какарду той парою,

Руку успомні, што яе прымацавала».

Тут падала руку. І Граф, як выпадала,

Прыкленчвае, цалуе, а яна ля вока

Дзяржыць хусціну, а другім глядзіць звысока

На Графа: ці ўсё гэта праўда? ці магчыма?

I, уздыхаючы, пацепвала плячыма.

Ды тут Суддзя сказаў: «Ідзі, Граф, бо ўжо позна».

А ксёндз: «Даволі, ўжо! — прамовіў з мінай грознай. —

Спяшайцеся!» Вось гэтак ксёндз з Суддзём Сапліцам

Іх праганяюць і змушаюць разлучыцца.

Тадэвуш у слязах, на доўгую разлуку

Абняўся з дзядзькам і ксяндза цалуе ў руку.

А Робак да грудзей прыціснуў яго скроні,

Злажыў на галаве накрыж свае далоні,

На неба глянуў і сказаў: «Сынок мой! Богам!»

І плакаць стаў… Тадэвуш скрыўся за парогам.

«Як так? — спытаў Суддзя.-І ты яму нічога

Не скажаш зараз, нават і перад дарогай?»

«Не, — ксёндз сказаў,— не дам яму ніякіх знакаў

(I тут, закрыўшыся рукамі, доўга плакаў).

Няхай ад беднага лепш будзе гэта скрыта,

Што бацька змушан быў шмат год, накшталт бандыта.

Хавацца ад людзей. Сказаць я марыў,

Ды Богу за грахі зраблю яшчэ ахвяру».

«Тады пара, — сказаў Суодзя, — падумаць штосьці

І аб сабе, бо хвораму ў тваім узросце

Няма як з іншымі збірацца у вандроўку.

Ты ж мне казаў, што ўжо даўно нагледзеў схоўку,

Скажы мне, дзе яна? Вунь брычка ўжо гатова,

Някепскім сховам будзе хатка леснікова».

А Робак галавой крутнуў: «Да заўтра рана

Ёсць час, — сказаў,— пашлі, мой браце, па плябана,

Каб як мага хутчэй прыбыў сюды з прычасцем,

Адпраў усіх, астанься з Ключнікам — на шчасце,

Ён тут. І дзверы зачыні».

Яго наказы

Суддзя ўсе споўніў, сеў на ложак, а Гервазы

Стаіць, апёршы локці на мячы, а скроні,

Прыгнуўшыся, заціснуў у свае далоні.

А Робак, перш чым мовіць, Ключніка аблічча

Праверыў пільным вокам моўчкі, таямніча.

І як хірург перш мяккую руку ўскладае

На цела ў месцы, дзе яго прабіць жадае,

Так Робак быстрыню сваіх вачэй злагодзіў

І імі па Гервазага вачах праводзіў,

Ўканцы, як бы рашыўшыся, ўваткнуць нож зразу,

Прыкрыў рукою вочы і пачаў ад сказа:

«Я — Яцак Сапліца…»

І Ключнік, гэта слова

Пачуўшы, згорбіўся і, корпуса паловай

Нахілены наперад, звіс, прыгнуўшы ногі,

Як камень, спынены ў палёце ў паўдарогі,

Тапырыў вусы, вусны расчыняў шырока,

Гразіў зубоў аскалам, страшным блескам вока,

Рапіру выпусціў, пасля каленьмі сціснуў

Каля зямлі, рукой хапаў, і меч павіснуў

Ля ног, з’язджаў назад, што раз распрасціраўся

І ў розныя бакі канцом сваім ківаўся.

Гервазы быў, як рысь паранены, што хоча

З густэчы дрэва кінуцца стральцу у вочы:

Ўздымаецца клубком, мармыча, зрок крывавы

Іскрыцца, вусы ходзяць, б’ецца хвост рухавы.

«Нішто мяне ўжо ўстрашыць, — ксёндз сказаў,— не можа,

Бо ўжо я, пан Рэмбайла, пад рукою Божай,

Але ў імя таго, які свет грэшны збавіў,

Благаслаўляў сваіх забойцаў і адправіў

Бандыта ў рай, прашу цябе, апамятайся

І выслухаць расказ мой гэты пастарайся.

Сам прызнаюся: я для сэрца аблягчэння

Прасіць хачу, хоць мо й не будзе, прабачэння.

Паслухай споведзі маёй, пасля са мною

Рабі што хочаш». Рукі склаў перад сабою,

Як пры малітве. Ключнік адступаў з вачыма

Адкрыгымі, рукой біў лоб, сціскаў плячыма.

А ксёндз тут распачаў сваё апавяданне,

Як жыў з Гарэшкам, пра вялікае каханне

З яго дачкой і ад таго ўсе непаладкі.

Ды гаварыў бязладна, і былі выпадкі,

Што скаргі і папрокі споведзь абрывалі,

І быццам ён канчаў, ды зноў працягваў далей.

А Ключнік, знаючы падзеі ўсе дакладна,

Усю аповесць, што вялася так бязладна,

Парадкаваў, забытае ішло на памяць.

Але Суддзя ўсяго не мог дакладна ўцяміць.

Абодва слухалі, спусціўшы ўніз галовы,

А ў Яцка ўсё цяжэй зляталі з вуснаў словы,

І часта запыняўся.

* * *

«Ты ж ведаеш, Гервазанька, як Стольнік проста

I часта заклікаў мяне, узносіў тосты,

Крычаў не раз пры ўсіх — таго мне не забыцца,

Што друг яго найлепшы — гэта я, Сапліца.

А як ён абдымаў! Здавалася, са мною

Гатоў ён падзяліцца нават быў душою.

Прыяцель ён? Ён знаў, як там усё гарэла

Ў душы маёй…»

* * *

Тым часам шэпты сталі навакол кружыцца,

Такі-сякі казаў мне: «Эй ты, пан Сапліца,

Дарма стараешся, саноўніка парогі,

Не йначай, завысокія на Яцка ногі!»

Смяяўся я, нібыта я ў нішто магнатаў

Стаўляў, а з імі дочкі ўсіх арыстакратаў,

Што быццам к ім хаджу па дружбе на гулянкі,

А ў жоны не вазьму другой, апроч шляхцянкі

Але ў душу калолі гэтакія жарты.

Я малады быў, ведаў, колькі быў я варты

У нас, дзе шляхціц побач мог з арыстакратам

Стаць каралеўскае кароны кандыдатам!

Тэнчынскі ж некалі і ў каралеўскім родзе

Прасіў рукі і атрымаў яе па згодзе.

Імя Сапліцы горшае, скажы адкрыта,

Крывёю, службай для Рэч Паспалітай?

* * *

Як лёгка можна шчасце знішчыць чалавеку

За раз, а не паправіш на працягу веку!

Хапіла б толькі Стольніка на тое згоды,

І мы былі б шчаслівымі даўгія годы!

Мо жыў бы сёння ён тут пры сваім дзіцяці,

Пры Еве дарагой, і пры удзячным зяцю

І ўнукаў калыхаў бы з поўным супакоем,

А так, вось бачыш што? Загублены мы двое,

І сам — забойства гэта — і ўсіх бед прычыны,

І ўсе мае пазнейшыя грахі і віны…

Я абвіняць не ў праве, я свой гнеў пакінуў,

Я абвіняць не ў праве — праз мяне ён згінуў,

Але і ён…

* * *

Каб раз ужо адказ мне пэўны даў адкрыта,

Бо знаў пачуцці нашы, каб маіх візітаў

Больш не прымаў, хто знае, мо б я пасварыўся,

Пагневаўся, паехаў, болей не з’явіўся.

Але ён тут прыдумаў хітры план і новы:

Аб тым, як быццам, не магло быць мовы,

Каб я пасмеў пра сувязь вымавіць два словы.

А я яму патрэбны быў, бо у пашане

Быў я і ў шляхты, і ў магнатаў пры спатканні.

Дык ён, нібы маіх пачуццяў не заўважваў,

Прымаў мяне, як і даўней, са мной расхаджваў,

Прасіў часцей наведваць. А як толькі ў залі

Мы заставаліся удвух, уміг вязалі

Мае пачуцці, просьбы, план ужо гатовы

Яго сумысля абыякавыя словы

Пра сеймікі, суды, пра паляванні…

* * *

Не раз за чаркамі, пачуццям даўшы волю,

Ён кляўся ў дружбе, абдымаў мяне да болю,

Бо я патрэбны быў са зброяю ці ў сойме.

Калі я мусіў абдымаць яго, хто ж пойме,

Якая злосць ва мне кіпела! Ў вуснах сліну

Трымаў, рука сціскала шаблю. Думаў, кіну

Ўсё гэта, плюнуўшы на дружбу ваяўніча,

Ды Ева, бачачы мой зрок, маё аблічча,

Угадвала, не знаю як, што ўсё кіпела

Ва мне. Глядзела з просьбай на мяне, бляднела.

А гэта ж галубочак быў такі лагодны,

І зрок яе быў гэткі ветлівы, пагодны!

Такі анёльскі, што спыняў я пыл імклівы,

Не меў адвагі гневацца, сядзеў маўклівы.

І я, ва ўсёй Літве задзіра ўсім вядомы,

Перад якім дрыжалі панскія харомы,

Які не толькі Стольніка б не пабаяўся,

А нават каралю у крыўду б мо не даўся,

Што ў шал мяне прыводзіла любая спрэчка,

Я ў той час злы, п’яны маўчаў, нібы авечка!

Як бы Santissimum угледзеў!

* * *

Ці раз збіраўся сэрцам я яму адкрыцца,

Унізіцца да просьбаў перад ім, скарыцца,

Ды, глянуўшы у вочы, сустракаў пагляды

Халодныя, як лёд. Дык сам зноў быў не рады

Сваім пачуццям і стараўся зноў упарта

Аб іншых справах гаварыць ці строіць жарты.

Сапліцаў прозвішча, каб толькі не прыблізіць

Сябе да пана і не атрымаць адмовы,

Бо колькі ж паміж шляхтаю было б размовы,

Каб ведалі, што я, Яцак…

* * *

Гарэшкі за Сапліцу дзеўкі не аддалі!

Мне, Яцку, чорнай поліўкі на стол падалі!

Ўканцы, не ведаючы, што і як уладзіць,

Надумаў я са шляхты полк малы зграмадзіць

I, кінуўшы павет свой і свой край каханы,

Прабрацца ў бок Масквы ці дзе на басурманы,

І ваяваць. Паехаў я на развітанне

Да Стольніка з надзеяй, што калі ён гляне

На сябра даўняга, якога у пашане

Усё ж меў за вернасць і вялікія карысці,

Які вось зараз хоча выехаць кудысьці,

Дык можа ўзварухнецца ў ім пачуцце трошкі

І мо пакажа ён мне, як слімак той рожкі,

Крыху душы людской!

Ах, той, хто хоць крыху для сябра сэрца мае,

Хоць іскрачку пачуццяў у душы хавае,

Дабудзе тую іскрачку пры развітанні,

Як аганёк жыцця апошні пры скананні!

Калі апошні раз над сябрам схіліць скроні,

То вока найцвярдзейшае слязу аброніць.

* * *

Бядачка, чуючы, што еду, пабялела,

Як труп, звалілася без памяці — самлела.

Прамовіць не магла і колькі мела сілы,

Душыла страшны плач — такі я быў ёй мілы!

* * *

Я помню, першы раз тады слязьмі заліўся

Ад радасці і роспачы. Пра ўсё забыўся

I думаў кінуцца старому проста ў ногі

І віцца вужам, і крычаць: «Вярні з дарогі,

Як з солі слуп, стаў весці ветліва, нягодны,

Гаворку, ды пра што? Пра доччына вяселле!

У гэткай хвілі! Гервазы, ты ж у целе

Душу людскую маеш!

Кажа: „Пан Сапліца,

Якраз ка мне прыехаў сват Кашталяніцаў.

Ты сябра мой, што скажаш мне аб гэтых сватах?

Дачка ж мая прыгожая, з сям’і багатай,

Каштэлян Віцебскі, як знаеш, у сенаце

Пачэснае займае крэсла! Дык як, браце?“

Зусім не памятаю я свайго адказу,

Здаецца, моўчкі выбег, на каня сеў зразу!»

* * *

«Ты, Яцак, — мовіў Ключнік, — мудрыя прычыны

Знаходзіш, ды твае не зменшацца тым віны!

Здаралася ж ужо, і то не раз на свеце,

Што дочку караля ці пана на прыкмеце

Хто меў, дык думаў, як схапіць яе, украсці,

Адкрыта помсціць. Але хітра так напасці

І пана польскага ў адно забіць з Масквою!»

«Не быў я ў змове! — ксёндз пярэчыў галавою. —

Браць гвалтам? Мог бы я яе з-за крат, з-за клямак

Забраць, разбіць бы мог у пыл яго той замак!

Я Добрынь меў з сабой і іншыя засценкі.

Ах, каб яна была, як іншыя паненкі,

Здаровая! Калі б уцёкаў і пагоні

Цяжары вынесці магла, каб зброя, коні

Яе не страшылі, не ждаў бы я й хвіліны!

Але ж яна была, як чэрвік матыліны —

Такая кволая, пястушачка! Дык сіла

Тут не падходзіла — яна б яе забіла.

Не мог я! Не!

Адкрыта помсціць, замак разваліць у грузы

Стыдаўся, бо сказалі б — помшчу за канфузы!

Ах, Ключнік! Сэрца простае тваё не знае,

Якое пекла ў сэрцы ўніжаны хавае!

А сатана штораз то мне падсоўваў планы:

Крывава помсціць, а прычына каб нязнанай

Была нікому, і пра Еву каб забыцца,

У замку не бываць, з другою ажаніцца,

А там як-небудзь пашукаць якой зачэпкі,

Адпомсціць.

І мне здалося: зжыў я з сэрца дарагую,

Быў рады з выдумкі, і ўзяў сабе другую,

Якая трапілася, дзеўчыну-нябогу!

Нядобра я зрабіў, і кара ж была строгай,

Я не любіў яе. Тадэвушава маці

Мяне кахала, бедная, але, мой браце,

Сваім каханнем першым я быў з толку збіты,

Дык быў, нібы шалёны, заўсягды сярдзіты.

Дарма шукаў сабе заняткаў, інтарэсаў.

Надарма ўсё! Ды ж апантаны помсты бесам,

Не мог знайсці сабе ні месца, ні спакою

Нідзе на свеце. Стомлен доляю такою,

Я піць пачаў.

У хуткім часе жонка з той бяды памёрла,

Пакінуўшы дзіця. Мне сэрца роспач жорла!

* * *

Ах, як бясконца быў яе мне вобраз мілы!

Год столькі! Дзе не быў я! а не маю сілы

Аб ёй забыцца. Вечна твар яе каханы

Стаіць перада мной, нібы намаляваны!

Я піў, але не мог пазбыцца ўсё ўспамінаў

Аб ёй. Не мог, хоць гэтулькі прайшоў краінаў!

Вось зараз я манах, скрываўлены і хворы,

А гавару аб ёй праз час ужо каторы —

Пра гэта гаварыць цяпер? Хай Бог прабачыць

Хачу свае пачуцці тыя растлумачыць,

Якія змусілі…

Было якраз пасля яе заручын, помню,

Усе толькі пра заручыны гудзелі, помню.

Расказвалі, што Ева, як пярсцёнак брала

Ад жаніха, прытомнасць страціла і ўпала,

Што хворая яна, што плача, засыхае,

Угадвалі, што некага тайком кахае.

А Стольнік рад быў і спакойны. Як заўсёды,

Збіраў сяброў і баляваў з тае нагоды.

Мяне не запрашаў — нашто ж я быў патрэбны?

І бедната мая, і ход жыцця ганебны

Пасмешышчам мяне зрабілі перад светам,

Мяне, які калісьці трос усім паветам,

Мяне, якога на’т Радзівіл зваў: Каханку!

Мяне, які як бег на бойку ці гулянку,

То большая чым князя акружала світа.

Калі я шаблю выняў, то вакол сярдзіта

Блішчэлі сотні іх для страху замкаў панскіх!

І вось я стаў пасмешышчам дзяцей сялянскіх!

Такой зрабіўся я ў людскіх вачах драбніцай!

Калісьці важны, слаўны Яцак, пан Сапліца!»

Тут бернардын аслаб і зноў апаў на ложак,

А Ключнік мовіў схваляваны: «Мой ты Божа!

І праўда, праўда! І няўжо ты гэта, Яцку?

Сапліца і манах? І жыў так па-жабрацку?

Ты той, якога помню, як здароў, румяны,

Прыгожы шляхціц быў панамі разрываны

І за якім шалелі ўсе жанчыны! Вусе!

Не так даўно! Ты так зблажэў! Я не зміруся,

Што не пазнаў цябе па стрэле тым удалым,

Такім цудоўным у мядзведзя, дасканалым!

Бо над цябе стралка Літва не знала наша,

I шабляй біўся не горш Мацька ты, манаша!

Сапраўды! пра цябе пяялі ў нас паненкі:

„Як Яцак круціць вус, трасуцца ўсе засценкі,

Калі завяжа вус супроць тых, хто нямілы,

Дык хай дрыжаць, хоць бы і нават Радзівілы“.

Вось гэткі вузел завязаў майму ты пану!

Няшчасны! Гэта ты? І ты надзеў сутану?

Вус-Яцак — ён манах! Мой вялікі Божа!

І зараз! га! Ды так табе прайсці не можа,

Я даў прысягу: хто Гарэшкаў акрывавіў…»

Тут ксёндз ізноў прыўстаў на ложку і дабавіў:

«Я ездзіў каля замка. Колькі бесаў выла

Ў душы маёй, ніякая не злічыць, сіла!

Ён, Стольнік, дочку забівае! Я — забіты

І знішчаны! Пад браму чорт прывёў сярдзіты.

Зірні, як ён гуляе! Што дзень баль і п’янства!

Як свецяць вокны! Музыка! Гуляе панства!

І замак не абваліцца на чэрап лысы!

Падумай помсціць, дык чорт зброю дасць: хапіся.

Ледзь я падумаў, чэрці маскалёў наслалі!

Стаяў я, гледзячы, як замак штурмавалі.

* * *

Бо фальш, што быў я з маскалямі ў нейкай змове.

* * *

Глядзеў, а думкі розныя, на безгалоўе,

Віліся. Перш глядзеў на ўсё, скажу адкрьгга,

Як на пажар дзіця, і з пачуццём бандыта

Чакаў, калі ўсё зваліцца і загарыцца.

Часамі думаў ратаваць яе пусціцца,

І нават Стольніка

* * *

А бараніліся тады вы смела, ўпарта,

Хоць маскалі атакавалі не на жарты.

Страляюць кепска! Ўбачыўшы, што адступалі,

Я закіпеў ад злосці — Стольнік зноў на хвалі!

І так яму на свеце у ва ўсім вядзецца?

Дык і ад гэтага нападу адаб’ецца?

Я засаромлены пайшоў, а ўжо быў ранак,

Ажно гляджу, пазнаў: выходзіць ён на ганак

І запінкай брыльянтавай мігціць на сонцы,

І круціць вус, сабой здаволены бясконца.

І мне здалося, што смяяўся нада мною,

Што ён мяне пазнаў і ўзмахваў так рукою

3 насмешкай і пагрозай. Карабін хапаю

У салдата, ледзь падняў — я стрэліў, не згадаю!

Ты знаеш!

Пракляты самапал! Бо той, хто забівае

Мячом — замахваецца, круціць, адбівае,

Раззброіць можа ворага або спыніцца,

А зброя агнястрэльная — абы схапіцца,

Адна хвілінка, іскарка…

* * *

Ці ж я ўцякаў, як ты ў мяне наставіў дула?

Стаяў я моўчкі, роспач сэрца агарнула

I з жалю нейкага я на’т не зварухнуўся.

Чаму ж ты, ах, Гервазы, ў той час прамахнуўся?

Зрабіў бы ласку! Ды, відаць, за грэх пакуты

Патрэбныя…»

Зноў задыхнуўся, болем скуты

«Бог бачыць, — мовіў Ключнік, — што я шчыра меціў!

А стрэл твой колькі ж выпусціў крыві! Прыкмеціў,

Якой азваўся ў нашых сем’ях ён бядою?

А гэтаму ўсяму, пан Яцак, ты віною!

А сёння, калі Графа ледзь-ледзь не задзелі,

Апошняга з Гарэшкаў, хоць і па кудзелі,

Ты засланіў яго. Калі маскаль стараўся

Мяне забіць, то праз цябе я жыў застаўся.

Дык калі праўда, што ты стаў ксяндзом-манахам,

То ўжо не згінеш пад Сцізорыкавым ўзмахам.

Бывай, не праступлю больш вашага парога,

Цяпер мы квіты, дык пакіньма рэшту Богу!»

Тут Яцак працягнуў руку, але Гервазы

Адскочыў, кажучы: «Мне нельга без абразы

Крануць рукі тваёй — па гонару законах!

Яна скрываўлена не pro publico bono».

Дык Яцак на падушкі зноў апаў бяссільна,

Штораз бляднейшы, і пачаў распытваць пільна

Суддзю ізноў, ці пасылалі па плябана,

А Ключніку сказаў: «Вось я малю васпана

Застацца, зараз скончу, ледзь мне хопіць сілы

Сказаць. Пан Ключнік, я стаю ўжо ля магілы!»

«Што ты, — сказаў Суддзя, — я ж бачыў сам, што рана

Не страшная, а ты так пільна жджэш плябана?

Змяніць мо перавязку? Лекара, быць можа?

Ў аптэчцы ёсць…» Ксёндз перарваў: «Не дапаможа

Нішто. Была старая рана там з-пад Ены,

А сёння зачапілі, дык і ўсё — гангрэна.

А я на ранах знаюся — вось кроў, як сажа,

Ды гэта глупства ўсё… Дык што тут доктар скажа?

Раз паміраем, здаць цяпер ці потым душу…

Даруйце, пане Ключнік, я закончыць мушу!

* * *

І ў тым заслуга ёсць, не стацца вінаватым

Перад народам, хоць і здраднікам праклятым

Цябе завуць, так як было тады са мною!

* * *

І здрадніка імя ішло за мной чумою.

Знаёмыя са мной не сталі сустракацца,

Сябры мае мяне ўжо сталі выракацца.

Хто баязлівы, той здалёк ледзь прывітаўся.

Ды на’т габрэй які, мужык і той стараўся,

Хоць пакланіўшыся, правесці злосным смехам

А слова „здраднік“ адбівалася ўкруг рэхам

І цэлы дзень ад рання самага да змроку

Вілося прада мной, як пламя ў хворым воку.

Аднак не быў я здраднікам радзімы.

Маскоўскім сябрам гвалтам я пачаў лічыцца.

Зямлі Гарэшкаў частку аддалі Сапліцам

Таргавічаны ды надумалі і ўрадам

Мяне ушанаваць[54]. Каб быў я здольны к здрадам

Чорт радзіў, дык я стаў бы сільны і багаты.

Каб стаў я маскалём, дык першыя магнаты

Маёй шукалі б ласкі. Сын шляхоцкай хаты

І селянін, што землякоў так папракаюць

За службу маскалям, удачлівых не хаюць.

Я гэта ведаў — і не мог аднак жа.

* * *

Я ўцёк з радзімы!

Дзе я не быў! Чаго не перанёс!

* * *

Але мне Бог памог душу ад смерці збавіць:

Паправіцца павінен быў я і направіць

Наколькі можна, тое

* * *

Гарэшкі дочка ўмерла на Сібіры дзесьці,

І ваявода, муж, прапаў там дзесь без весці

Пакінулі дзіцятка на радзіме, Зосю.

Я гадаваць яе загад даў…

* * *

Больш чым з кахання, з гонару хутчэй дурнога

Забіў я, дык стаў сціплым, стаў слугою Бога.

Як быў я рызыкантам, злоснікам, гулякам,

Дык галаву спусціў, манахам стаў Рабакам,

Што як чарвяк у пыле…

Злы прыклад для радзімы, падазрэнне здрады

Я адкупіць рашыў і заплаціць быў рады

Крывёй, самаадданасцю…

Я ваяваў за край, дзе? Як? Казаць не буду.

Я не баяўся стрэлаў, ні агню, ні труду.

Аднак мілей успамінаю я не войны,

А ўчынкі ціхія, малыя, час спакойны

I мукі, што ніхто…

Не раз мне давялося і ў свой край прабрацца,

Насіць загады камандзіраў, запазнацца

3 жыццём падпольным. Знаюць і галіцыяне

Каптур мой бернардынскі, і велькапаляне!

Ля тачкі гніў я цэлы год у прускай яме,

І тройчы маскалі нявечылі кіямі,

Вялі ўжо і ў Сібір. Пасля зноў аўстрыякі

Ў Шпільберга падзямеллях мне даліся ў знакі,

Сядзеў у carcer durum, ды Бог проста цудам

Дазволіў мне памерці паміж родным людам,

3 прычасцем…

А мо й цяпер я саграшыў, што так зарання,

Не па загаду ўладаў распачаў паўстанне!

Ды думка, што Сапліцы першыя ў радзіме

„Пагоню“ ўзнімуць і сваё праславяць імя…

Здаецца… думка чыстая…

Хацеў ты помсты? Маеш! Хопіць гэтай кары,

Што Бог тваім мячом разбіў мае ўсе мары.

Ты збльггаў планы шмат гадоў снаванай змовы

І мэты велізарнае сарваў асновы!

Апошнія мае пачуцці ў гэтым свеце,

Якія я насіў, што мне былі, як дзеці,

Ты ў бацькавых вачах забіў. І я прабачыў!

Ты!..»

«Каб таксама Бог і мне прабачыць рачыў! —

Прамовіў Ключнік. — Калі хочаш прычасціцца,

Дык я ж не лютар, не схізматык, пан Сапліца!

Хто крыўдзіць цяжка хворага, той моцна грэшыць.

Хачу сказаць такое, што цябе мо ўцешыць:

Калі нябожчык пан мой ранены зваліўся,

А я укленчыў ля яго і нахіліўся

Над ім, мячом крыві кранаючы, і кляўся

Адпомсціць, пан руку ўгару падняць стараўся

І крыж паветраны ў тваім напрамку значыў.

Не мог сказаць, дык знак даў, што табе прабачыў.

Я зразумеў, ды так паддаўся д’яблу злому,

Што пра той крыж ні слова не сказаў нікому».

Тут мукі хворага размову перарвалі,

І доўгія хвіліны цішыні насталі.

Ксяндза чакаюць. Вось падковы зазванілі

І арандар пастукаў у той самай хвілі:

Пісьмо ёсць важнае, пакажа толькі Яцку.

Дык Яцак перадаў пісьмо Суддзі па-брацку,

Прасіў чытаць. Пісьмо ад Фішара, ад шэфа

Са штаба войскаў Панятоўскага Юзэфа.

Даносіць ён, што ў кесаравым кабінеце

Вайна ўжо вырашана і па цэлым свеце

Ўжо аб’яўляецца. Варшаўскі сейм сабраны

3 удзелам мазаўшан. Народ усхваляваны.

Літва ізноў павінна з Польшчаю злучыцца.

А Яцак, слухаючы, ціха стаў маліцца

Грамнічку пасвянцаную да сэрца ціснуў,

І зрокам абнадзееным у неба бліснуў.

Заліўшыся апошняй радаснай слязою,

Сказаў: «Цяпер пусці слугу твайго ў спакоі!».

Усе укленчылі, бо тут жа за парогам

Званок азваўся: ксёндз прыехаў «з Панам Богам».

Якраз ужо і ноч рассейваць стала цені —

Ружовыя ўжо беглі праз блакіт праменні.

Праз вокны ўскочылі брыльянтавыя стрэлы

І твар на ложку, ад пакутаў пастарэлы,

Прыгожа ўбралі, золатам акрыўшы скроні,

Што ззяў, нібы святы, у вогненай кароне.

Загрузка...