Няўзнак світанне кралася з сырога змроку,
Дзень без румянца несучы, без свету ў воку.
Хоць дзень настаў, ён ледзь прыкметны праз туманы.
Імгла вісела над зямлёй, як саламяны
Застрэшак над хацінай літвіна. На ўсходзе
Відаць на небе па рассветленым абводзе,
Што сонца ўстала, што ўзнімаецца над нівай,
Але, яшчэ заспанае, ідзе ляніва
Па прыкладу нябёсаў і зямля заспала.
Пазней на луг жывёла выйшла, крочыць вяла
І зайцаў спозненьгх трывожыць пры сняданку.
Звычайна ў гай яны ўжо скачуць на світанку,
А ў сённяшняй імгле то хрумстаюць макрыцу,
То скачуць парамі, то ў гурт прабуюць збіцца,
Капаюцца ў раллі, гуляюць на прасторы.
Спалоханыя, ў лес бягуць уздоўж разоры.
І ў лесе цішыня. Не хочацца птушыне
Пяяць, расу атрэсла, сеўшы на галіне,
Галоўку ўціснула ды жмурыцца ў дрымоце
I ўсё чакае сонца. Дзесьці на балоце
Клякоча бусел і, абмокшыя, ўсё ранне
Працяжна каркаюць вароны у тумане,
Абрыдлыя сялянам, бо варожаць слоту.
Сяляне ўжо даўно ўзяліся за работу.
Пачаўся жнеяў спеў працяглы і маркотны,
Так сумны, аднастайны, як дзень гэты слотны,
І тым сумнейшы, што ў імгле без рэха гіне.
Вось хруснулі сярпы у спелай азіміне,
І рад касцоў сячэ атаву на лагчыне,
Насвістваючы песню; а ў канцы пакосаў
Спыняюцца ўсе, менцяць або клеплюць косы.
Людзей не ўбачьпп, толькі чуецца ў тумане
Звон кос, сярпоў ды песняў стройнае гучанне.
А аканом, на сноп прысеўшы сярод збожжа,
Маркоціцца, за працаю сачыць не можа,
На тракт, на скрыжаванне хіліць зрок цікавы,
Дзе незвычайныя заўважыў справы.
Гасцінцам, па дарогах з самага ўжо ранку
Снуюць падводы. Вось мужыцкую фурманку
Мінае брычка, быццам пошта, ў поўным чвале,
За ёй бяжыць другая, трэцюю дагналі.
Налева пасланец матнуўся, бы ў пагоні,
А справа праскакала больш дзесятка коней.
Куды спяшаюцца ўсе гэтак — невядома.
Дзівіла гэта ўсё надзвычай аканома,
Устаў ён са снапа і доўга над дарогай
Стаяў, хацеў спьггаць, ды не спыніў нікога
І не пазнаў. Мігаюць коннікі, як цені,
І толькі стук капьгг чуваць у аддаленні
I, што больш дзіўна, бразганне халоднай зброі.
Дык аканом і рад, і трохі ў неспакоі,
Бо хоць тады ў Літве быў час зусім спакойны,
Ды чуткі нейкія насіліся пра войны,
Пра Францыю, Дамброўскага, пра Банапарта.
Няўжо вайну той рух варожыць? Ведаць варта.
І аканом пабег Сувдзі пра ўсё данесці,
Ну і даведацца пра тое-сёе ўрэшце.
А ў Сапліцове ўсе пасля ўчарашняй звады
Усталі ў злым настроі і з сябе не рады.
Дарма Вайшчанка дамам пасіянсы ставіць,
Дарма нясуць мужчынам карты, не цікавіць
Нішто. Мужчыны з люлькамі ў кутках сядзелі.
Жанчыны ж заняліся дамскім рукадзеллем.
Спяць нават мухі.
Войскі, стомлены нагладка
Маўчаннем, вырушыў на кухню да чалядкі
Паслухаць гоману і ўбачыць, чым заняты
Бурклівы кухар, ахмістрыня, кухараты.
Прысеўшы там, аддаўся ўвесь прыемным марам
Пад рух ражноў, што павярталіся над жарам.
Суддзя, замкнуўшыся ў сябе, пісаў ад рання,
А Возны на двары таміўся ад чакання.
Аж вось Суддзя закончыў, Вознага ў дом кліча
І ўголас іск чьггае, схмурыўшы аблічча,
На Графа за знявагу гонару, абразы,
За гвалты і разбой, што дапусціў Гервазы,
А на абодвух за пагрозы і за шкоды,
Учыненыя імі з гэтай жа нагоды.
Іск трэба вусна аб’явіць, абавязкова
Да сонца захаду. Пратазы рад, без слова
Прымае ад Суддзі пакет для даручэння,
А сэрца скача ў самаго з задавальнення.
Ад думкі аднае пра суд — адмаладзіўся,
Успомніў, колькі з іскамі ён нахадзіўся
Па гузакі і, як-ніяк, па ўзнагароды.
Так вось салдат, які правёў у войнах годы,
І ў больніцы ляжыць калекам адзінокім,
Пачуўшы бубна стук ці кліч трубы далёкі,
Праз сон ускрыкне: «У бой, браты салдаты!» —
І на назе драўлянай скача вон з палаты
Так хутка, што ніхто дагнаць яго не можа.
Пратазы апранацца стаў у падарожжа,
Ды не ўскладае кунтуша ані жупана —
Адзежа гэта на пару судоў схавана.
Ён для дарогі мае іншае адзенне:
Шырокія райтузы, куртку па калені,
Якой на гузіках падшпільваюцца полы
Або спускаюцца. Таксама могуць долу
Спускацца ўверх падвязаныя шапкі вушы.
Апрануты так, з палкай пехатою рушыў,
Бо Возны перад справай, як шпіён ваенны,
Пад выгляд маскіруецца зусім адменны.
Каб Возны не так спешна выйшаў у дарогу,
То іскам тым пацешыўся б зусім не многа,
Бо ў Сапліцове перайначыліся планы.
Ксёндз Робак да Суддзі прыбег усхваляваны
І кажа: «Вось бяда, Суддзя, нам з цёткай гэтай,
3 той Талімэнай, ветрагонам і какетай.
Як Зося апынулася ў сірочым стане,
Аддаў яе пан Яцак ёй на выхаванне,
Пачуўшы, што яна разумная, свет знае,
А бачу, што яна муціць нам пачынае.
Тадэвуша звяла інтрыгамі сваімі
І Графа баламуціць — круціць абудвымі.
Дык абмяркуйма, як пазбыцца гэтай цёткі,
Бо не агледзешся, як тут паўстануць плёткі,
Злы прыклад, нават звады з гэтае нагоды
І перашкодзяць з Графам вам прыйсці да згоды».
«Да згоды?! — закрычаў Суддзя усхваляваны, —
Са згодай скончана, план згоды разарваны!»
«А гэта што? — ускрыкнуў Робак. — Дзе ж галовы?
Што, ваша, баеш? Зноў скандал якісьці новы?»
«Віна тут не мая, — сказаў Суддзя, — вось суддзям
Даказана ўсё Графава нахабства будзе.
Латруга і Гервазы. Ды суд прыме меры!
Шкада, што не былі вы, ксенжа, на вячэры,
Пасведчылі б, як страшна Граф мяне абразіў».
«Пашто ж, пан, — крыкнуў Робак, — у руіны ўлазіў?
Я гэтак замка не цярплю. І больш нічога
Мяне туды не ўцягне. Вось зноў кара Бога!
Як там было? Скажы! Зноў трэба ўсё наладзіць.
Мяне дурнота ваша пачынае гадзіць.
Важнейшыя ёсць справы, чым мірыць разлады,
Ды раз яшчэ зміру». «Змірыць? Без вашай рады
Абыдзецца. А вы лепш ціхенька сядзіце, —
Сказаў Суддзя са злосцю. — На табе! Глядзіце!
Якісьці там манах мне дасць загад мірыцца!
Знай, ваша, што мірыцца не прывык Сапліца,
Падаў у суд, дык выйграе. Выпадкі ў нас бывалі,
Што ў шостым пакаленні суд мы выйгравалі.
Даволі глупства, што па вашаму жаданню
Я трэці раз склікаю суд размежавання,
А сёння згоды ўжо няма, няма між намі!
(Выкрыкваў і хадзіў, і біў як вол нагамі.)
Апроч таго, за свой нахабны, злосны ўчынак
Хай Граф нас перапросіць, не — дык паядынак!»
«Што ж будзе, як аб тым даведаецца Яцак?
Памрэ ад жалю, бо не можна забывацца,
Што замак ад Сапліцаў вынес шмат благога.
Ах, брат, глядзі, каб тора не было замнога!
Ты ведаеш, што землі замка Таргавіца
Забрала, а пасля перадала Сапліцам,
І Яцак за грахі пакляўся перад Богам,
Што верне ўсё назад да самага малога,
Дык у апеку ўзяў Гарэшкі ўнучку Зосю.
Плаціць за выхаванне многа ўжо прыйшлося.
А ён хацеў яе з Тадэвушам сасватаць
І гэтак дзве нязгодныя сям’і пабратаць,
Наследніцы аддаць, на што ў яе ёсць права».
«Што мне? — сказаў Суддзя. — А мне якая справа?
Я нават і не бачыўся ніколі з Яцкам,
Ледзь чуў і аб жыцці ягоным гайдамацкім.
У езуітаў я вучыўся ў тыя годы,
Пасля прыдворным быў у замку ваяводы.
Маёмасць далі, я узяў, прыняў і Зосю,
Глядзеў яе і дбаю аб далейшым лёсе,
Ды бабская гісторыя ўжо мне дадзела!
Пасля, чаго Граф лезе ў не свае надзелы?
3 якім да замка правам? Скуль яно узята?
Гарэшкам ён — вадой на кісялі[39] дзесятай!
Ён лаецца, а я павінен з ім мірыцца?!»
«Брат, — ксёндз сказаў,— прычыны ёсць, пашто таіцца.
Ты помніш, Яцак думаў слаць у войска сына,
Пасля ў Літве пакінуў. Што тут за прычына?
Вось ён радзіме тутка больш патрэбным будзе.
Ты ж ведаеш, пра што вакол гавораць людзі,
Пра тое ж гаварыў і я не раз, бывала,
А вось цяпер сказаць усё пара настала!
Тут справы важныя, мой брат: вайна і годзе!
Вайна за Польшчу! Браце! Будзем на свабодзе!
Вайна вось-вось пачнецца! Едучы таёмна
Сюды, фарпосты бачыў я ўжо каля Нёмна.
Напаляон збірае гэтулькі народу,
Што свет не помніць, чалавек не бачыў з роду.
3 французамі ідзе і польскі корпус цэлы:
Дамброўскі, Панятоўскі і арол наш белы!
Яны ўжо блізка. Хай па першаму наказу
Праз Нёман ступяць, і Радзіма ўскрэсне зразу!»
Суддзя уважна слухаў, склаўшы акуляры,
Глядзеў ксяндзу у вочы: ці ж сапраўды мары
Здзяйсняюцца? Ўздыхнуў, сляза ў вачах свяціла…
Пасля схапіў ксяндза за шыю са ўсёй сілы:
«Ах, ксенжа, — ўскрыкваў,— ды ці толькі гэта праўда?
Ах, ксенжа, — паўтараў,— ці толькі гэта праўда?
Нас столькі зводзілі! А помніш, як казалі:
Напаляон ідзе! І мы тады чакалі.
Казалі: ён у Польшчы, ў Прусах, ля граніцы,
Да нас ідзе! А ён у Тыльжы стаў мірыцца.
Ці толькі гэта праўда? Мо ізноў памылка?»
«Як Бог на небе, праўда!» — мовіў Робак пылка.
«Хай Бог благаславіць вас тым, чаго вам трэба, —
Сказаў Суддзя з паднятымі рукамі ў неба, —
Не скаешся ў пасольстве, божы чалавеча,
Я дам на манастыр твой сотні дзве авечак.
Ты ўчора на каштанку, ксенжа, заглядаўся,
Гняды мой, ведаю, табе быў спадабаўся,
Сягоння запрагаю я ў твой воз абое.
Прасі, што хочаш зараз, я аддам любое,
Ды толькі ведай: з Графам згоды ў нас не будзе,
Аб гэтым не прасі, няхай рашаюць суддзі,
I ўсё тут».
Ксёндз, упёршыся ў Суддзю вачыма,
Аж рукі заламаў. Паціснуўшы плячыма,
Сказаў: «Калі Напаляон нясе свабоду
І свет дрыжыць, ты можаш думаць пра нязгоду?
Такіх падзеяў незвычайных ход пазнаўшы,
Няўжо чакаць спакойна будзеш рукі склаўшы,
Калі ўжо дзейнічаць пара?» «Што на думцы маеш?» —
Спытаў Суддзя. «Няўжо яшчэ не адчуваеш
Душой сваёю дум маіх? Ах, браце мілы!
Калі ў табе Сапліцаў кроў і досыць сілы,
Глядзі: французы рушаць спераду ў змаганне,
А што, каб ззаду нам узняць тады паўстанне?
Як думаеш? „Пагоня“ хай заржэ, на Жмудзі
Няхай „Мядзведзь“ раўне, і ўміг паўстануць людзі.
Каб з тысячу спачатку ці хоць з палавіну
Сабраць, а там паднялі б мы і ўсю краіну.
І вось, каб мы, здабыўшы тутка перамогу,
Сустрэць выбаўцаў нашых выйшлі на дарогу!
Ідзём, а імператар, здзіўлены не мала,
Пытае: „Хто там?“ Мы крычым: „Літва паўстала!
Дазволь нам, кесар, з арміяй тваёй злучыцца!“
Спьггае ён: „Хто камандзір?“ „Суддзя Сапліца!“
Хто смеў бы папракнуць тады нас Таргавіцай?
Браток, пакуль стаяць Панарам, Нёмну плысці,
Датуль Сапліцаў імю з памяці не выйсці!
Унукаў, праўнукаў Ягайлава сталіца
Паказваць будзе пальцам: „Гляньце, вось Сапліца,
3 Сапліцаў тых, што першыя ўзнялі паўстанне“».
Суддзя на гэта: «Хто ды што казаць там стане,
Дык гэтым галава мая найменш занята.
Нічым не вінаваты я ва ўчынках брата,
Палітыкай таксама я не забаўляўся,
А толькі абавязкі выканаць стараўся.
Я — шляхціц і ахвотна сцёр бы пляму дому.
Ахвотна паслужу я краю дарагому.
Душу яму аддам. Не лепшы я з ваякаў,
Ды й мой палаш таму-сяму пакінуў знакаў.
Раз я на сейміку адным у бой паклікаў
І ў паядынку зраніў двух братоў Бузвікаў,
Што… ды не ў гэтым справа. Як тут разабрацца,
Ці трэба неадкладна ў поле выбірацца?
Стралкоў сабраць не цяжка. Пораху мы маем
І некалькі гарматак у ксяндза хаваем,
А ў Янкеля, я знаю, ёсць жалезкі к пікам,
Што будуць годныя і якасцю і лікам.
Жалезкі гэтыя прывезены з Крулеўца
Тайком, а зараз мы да іх наробім дрэўкаў.
І шабляў хопіць. Шляхту конна ўміг пасадзім,
Я — на чале з пляменнікам, а там — паглядзім!»
«Вось кроў паляка! — ўскрыкнуў бернардын, — не скрыю,
Я гэтага й чакаў! — і згроб Суддзю за шыю. —
Ты сын Сапліцаў, ты прыслужышся радзіме
І з братніх він цяжкіх сваё ачысціш імя.
Ты быў мне мілы заўсягды, а з гэтай хвілі
Ты мне, як брат, нас справы зараз параднілі.
Мы падрыхтуемся, бо рушым не адразу,
Я месца вызначу і час, чакай наказу.
Я знаю, цар ганцоў паслаў да Банапарта —
Прадоўжыць мір ён дабіваецца упарта,
Але цяпер яго старанне мала варта.
Француз Біньён з напалеонаўскае рады
Гаворыць, што нічым закончацца нарады,
Што быць вайне. А наш князь Юзаф тому рады,
Мяне сюды ў Літву направіў ён з наказам
Разведаць, ці не хочаце вы з Польшчай разам
За кесарам ісці, як многія народы,
І ў чым ваш доказ, што чакаеце свабоды.
Тым часам, браце, з Графам трэба ўсё наладзіць.
Хоць ён дзівак, фантаст, радзіме ён не здрадзіць,
Ён добры патрыёт і справе дапаможа.
Бо кожны з дзівакоў карысць прынесці можа,
І нават могуць дурнаватыя змагацца,
Калі захочам імі мы апякавацца.
Граф — пан і ў шляхты навакольнай у пашане,
Па прыкладу яго і ўвесь павет паўстане.
Маёмасць знаючы яго, разважыць кожан:
Калі паны ідуць, быць рызыкі не можа.
Дык вось бягу к яму». «Хай так сябе не ўзносіць, —
Сказаў Суддзя, — няхай прыедзе, перапросіць
Мяне, бо я ж старэйшы ды і пост займаю!
А справу хай зноў суд арбітраў разбірае…»
Тут ксёндз дзвярыма стукнуў. «Ну дык едзьце з Богам», —
Сказаў Суддзя.
Ксёндз сеў на воз адразу за парогам,
Б’е пугай, лейцамі сваю варушыць пару.
Загрукатала брычка, ўзняўшы пылу хмару,
Аж ледзь руды каптур з той цемры гляне,
Нібы арол, калі ў аблоках віцца стане.
А Возны быў ужо ад дома Графа блізка.
I, быццам знюхаўшы здалёку сала, ліска
Бяжыць к яму ды безупынна ўсё гадае,
Ці ежа не атручана, ўсё разглядае,
Спыняецца, а то на задніх сядзе лапах
І веерам-хвастом ганяе пах па храпах, —
Так Возны ўбок звярнуў з дарогі, полем крочыць,
Махае палкай, пільна за сялібай сочыць
I, быццам быдла ўбачыўшы, што ўлезла ў шкоду,
Праз луг ідзе, але крадзецца ў бок гароду.
І раптам, нібы гонячы драча балотам,
Пабег сагнёны і ў каноплях знік за плотам.
У гэтай цёмналістай і густой расліне
Ля дому ёсць прытулак птушцы і звярыне,
І людзям. Часта заяц, спуджаны ў капусце,
Шукае сховішча ў каноплях, а не ў кусце,
Бо ў гэтых гушчарах няма для харта ходу,
Ганчак жа там яго не зветрыць ад смуроду.
Дваровы там ад бізуноў ці аплявухаў
Хаваўся і сядзеў, пакуль пан гневам бухаў.
Нярэдка ўцёкшым ад ракрутчыны сялянам
Здаралася хавацца ў лесе канапляным.
Таму ў час бітвы ці наездаў, дратаванняў
Бакі абодва не шкадуюць намаганняў,
Каб толькі затрымаць каноплі за сабою,
Бо тым яны карысныя ў хвіліну бою,
Што з хмелевым далей злучаюцца спляценнем,
Спрыяючы атакам ды і адступленням.
Пратазы, хоць быў смелы, не пазбыўся страху,
Бо ўспомніў зараз ад расліны гэтай паху
3 даўнейшых часаў некаторыя выпадкі,
Як доказ, што шлях службы Вознага не гладкі:
Прыпомніў Тэльшы і шляхцюгу Дзіндалета,
Які, упёршы ў грудзі дула пісталета,
Пад стол загнаў адчытваць іск сабачым брэхам,
Ды памаглі каноплі — скончылася смехам.
Другі раз Валадковіч, злоснік небывалы[40],
Што разганяў нарады, ганьбіў трыбуналы,
Прыняўшы раз ад Вознага з суда паперы,
Парваў іх і паставіў гайдукоў на дзверы,
А сам крычаў, падняўшы меч над галавою:
«Зжары свае пісулькі, не дык вось раскрою!»
Стаў есці, аж на лобе ўсталі поту кроплі,
Ды бухнуў праз акно і шуснуў у каноплі.
І не ўжываў ніхто ні шаблі, ні нагаяў
На Возных, толькі мо хто дзе аблаяў,
Не знаў Пратазы перамены абычаяў.
Даўно ўжо вельмі з іскамі ён не насіўся,
Хоць быў ахвотнік прыслужыцца і прасіўся,
Але Суддзя з увагі на старыя годы
Яму ўсё адмаўляў і скарыстаў з нагоды
Сягоння.
Возны пільна вушы растаўляе —
Навокал ціха, дык рукамі расхінае
Канопляў лес густы, высокі і пахучы
І сунецца, як той плывун, нырнуўшы з кручы.
Узняў галаву — наўкола ціш. К сцяне крадзецца —
Наўкола ціш. Праз вокны глянуць давядзецца —
Нікога. Узышоў на ганак, цісне клямку
Са страхам — пуста, быццам дзе ў заклятым замку.
Іск дастае, чытае ўголас аб’яўленне.
Тут стук калёс пачуў і ў сэрцы мітусенне.
Ўцякаць хацеў, ды штосьці дзверы засланіла —
Ксёндз Робак! Вельмі іх сустрэча задзівіла.
А Граф кудысьці вырушыў з дварнёю,
Бо на’т пакінуў дзверы насцеж за сабою.
Відаць, што зброю браў. Ляжалі на падлозе
Двухстволкі, стрэльбы, шрубштакі, пры дапамозе
Якіх наладжвалі, відаць, старую зброю.
Валяўся порах і клакі сярод пакоя.
Ці Граф на паляванне вельмі так спяшаўся?
Пашто ж яму запас халоднай зброі здаўся?
Вось шабля без галоўкі, зломаная шпага —
А зброя падбіралася, відаць, з увагай
3 таго, чым шмат гадоў ніхто не карыстаўся.
Ксёндз Робак доўга думаў, пільна прыглядаўся,
Нарэшце ў фаліварак распьггаць падаўся,
Шукаючы людзей, што ведалі ці чулі,
Дзе Граф. І вось спаткаў нарэшце дзве бабулі,
Якія расказалі, што з сваёй дружынай
Узброены пан Граф падаўся ў бок Дабрына.
Здаўна ў Літве Дабрынскі славіцца засценак
Адвагай шляхціцаў, прыгожасцю паненак.
Даўней багаты, людны, бо калі Ян Трэці
Праз віці вёў мабілізацыю ў павеце[41],
То прыбыло тады з Дабрына к ваяводзе
Шэсцьсот узброеных мужоў. Сягоння ў родзе
Іх менш, усе збяднелі. Некалі, бывала,
Дабрынскіх шмат на лёгкім хлебе працавала
У войску ці ў паноў вялікіх у палацах,
А зараз мусяць самі аб сабе старацца
І працаваць, як простыя сяляне з вёскі.
Сярмяг не носяць, а капоты у палоскі,
А святам кунтушы. У бедньгх на’т шляхцянак
Адзежа розніцца ад вопраткі сялянак:
Яны ўсе ў крамных ходзяць блузах і спаднічках,
Кароў пасуць не ў лапцях, але ў чаравічках
І збожжа жнуць, а на’т прадуць у рукавічках.
Дабрынскіх распазнаць было ў натоўпе проста,
Бо выдзяляліся і моваю, і ростам,
Вачыма чорнымі, арлінымі насамі
І чорнымі (кроў чыстых ляхаў) валасамі.
3 зямлі Дабрынскай некалі прывандравалі
I хоць чатырыста гадоў тут пражывалі,
Мазурскай засталіся верныя радзіме.
Калі хто з іх даваў свайму дзіцяці імя,
Дык браў апякуном кароннага святога:
Барталамея ці Мацея — не другога.
Дык сын Мацея быў заўсёды Баўтрамеем,
А Баўтрамея сын мог толькі быць Мацеем,
Жанчыны ў іх былі ўсе Кахны ці Марыны.
Каб разабрацца сярод гэткай блытаніны,
Прымалі розныя мянушкі ад заганы
Ці якасці, з якой быў хто найлепей знаны.
Мужчыны мелі часам прозвішчаў і многа
То ў знак пашаны, то ад нораву якога.
Інакш часамі звалі шляхціца ў Дабрыне,
А іншым імем у чужой ён зваўся гміне.
Дык за Дабрынскімі паны, а потым служкі
Браць сталі прозвішчы, па-нашаму — мянушкі[42]
І рэдкі ведае, хоць выдумка ўсё ў модзе,
Што нарадзілася яна ў Дабрынскіх родзе.
Ды там была патрэбнай, а па цэлым краі
Не йнакш, як перайманнем увайшла ў звычаі.
Дык Матыяш Дабрынскі, шанаваны дзеля
Старшынства ў родзе, зваўся Пеўнем на касцеле,
Але з Касцюшкаўскае эпапеі змрокам
Мянушку ён змяніў і звацца стаў абокам,
У Дабрыне ён зваўся Каральком — як бацька,
А Літвіны празвалі Над Мацькамі Мацькам.
Як над Дабрынскімі ён сам, яго сяліба
Над вёскай панавала, і чужынец хіба
Не знаў, хто жыў паміж касцёлам і карчмою,
Дзе кожны кут паглядваў страшнай беднатою.
Двор без варот, платы ў развале, і бярозкі
На градах, але дом быў, як сталіца вёскі,
Бо лепш і раскашней за іншых збудаваны —
Ён правым бокам, дзе святліца, быў цагаяны.
Паводдаль свіран, стайня, клуня і абора —
У гурце ўсё і ўсё прыгнутае ад гора
І надзвычайнай старасці. Вакол па даху,
Як быццам хто зялёную раскідаў бляху,
Свяціўся мох, і гойдаў травы ветру подых,
Нібы на лузе ці ў падвешаных гародах.
Там крапіва, а там чырвоныя кракосы,
Дзеванна жоўтая і шчыраў фарбных косы.
Тут розных птушак гнёзды — галубоў пад дахам
І ў вокнах ластавак, а з-пад дзвярэй са страхам
Трусы вылазяць, рыюць норы на палетку,
Дык двор нагадвае трусятнік або клетку.
А абаронны быў калісьці! Поўна знакаў,
Што многа помніць ён нападаў і атакаў.
За брамаю валялася паводдаль хаты,
Як галава дзіцячая, ядро гарматы
Ад шведскіх часаў; некалі крыло у браме
Абапіралі на яго, нібы на камень.
На панадворку ў палыне і розным зеллі
Магільныя старэнькія крыжы тырчэлі.
Іх больш дзесятка. Тут знайшлі сабе магілы
Забітыя раптоўна ўдарам страшнай сілы.
Каб хто прыгледзеўся бліжэй к будынкам,
Заўважыў бы ў бярвеннях, шчылінах, пад тынкам
Шрамы счарнелыя, а ў кожнай гэткай пляме
Засела куля, быццам чмель у цёмнай яме.
А ля ўваходу ў дом і клямкі ўсе, і гакі
Або абсечаны ці носяць шабляў знакі:
Тут, пэўне, правяралі гарт тых Зыгмунтовак,
Якімі можна нарубаць з цвікоў галовак
Ці крук рассекчы, не зрабіўшы ў шаблі шчэрбы.
Паверх дзвярэй віднеліся Дабрынскіх гербы,
Ды сыры іх з паліцай зараз абступілі,
І гнёзды ластавак вясёлых абляпілі.
У доме, стайні, клуні, нават і у садзе
Убачыш поўна зброі, нібы ў нейкім складзе.
Пад стрэхамі падвешаны чатыры каскі —
Прыгожасць марсавых галоў,— там абавязкі
Бацькоў спраўляюць галубы, Венеры птушкі
Над жолабам кальчуга, звязана за вушкі,
І панцыр лускаваты служыць за драбіну,
Ў якую жарабкам кідаюць канюшыну.
Кухарка некалькі рапір адгартавала,
Бо іх замест ражноў, бязбожная, ўжывала,
Трафеем з Вены — бунчуком змятае жорны.
Багіні Цэрэс даў дарогу Марс праворны,
А тая з Флёраю, Памонай і Вяртумнам
Апанавала дом, хлявы, свіронак, гумны.
Але сягоння расступаюцца багіні:
Вярнуўся Марс.
Чуць свет з’явіўшыся ў Дабрыне,
Якісьці пасланец па вёсцы скача конна
І будзіць, як на паншчыну. Перш шляхта сонна
Устае і пачынае ў вуліцах таўпіцца —
Гудзе карчма, і свеціцца ў ксяндза ў святліцы.
Старэйшыя ідуць пытаць, што гэта значыць,
Парадзіцца, а хлопцы ўжо на конях скачуць.
Жанчыны ў крык, трымаюць, тыя з рук іх рвуцца,
Бягуць кагосьці біць, вяртаюцца, злуюцца
Ды ўсё ж спыняюцца. А у ксяндза плябана
Нарада доўгая вялася ўсхвалявана,
Але, калі надзеі не было на згоду,
Рашылі запытаць Мацея, бацьку роду.
Хоць семдзесят два годы меў Мацей старэчы,
Ды дужы быў, прысадзісты, шыракаплечы.
Яшчэ канфедэратам будучы, сваёю
Дамаскай шабляй ён праславіўся крывою,
Штыкі і пікі з-пад якой ляцелі сечкай,
Якую сціпла жартам называў Рузэчкай.
З канфедэрата потым манархістам стаўся
І Тызенгаўзавай палітыкі трымаўся,
Але, калі кароль прымкнуў да Таргавіцы,
Ён паспяшаўся зноў з ім хутка разлучыцца.
За тое, што змяніў ён партыяў так многа,
Пачалі Пеўнем на касцеле зваць старога,
Што ён, нібы той пеўнік, ветрам кіраваўся.
Прычыны гэткіх змен не кожны б дакапаўся:
Магчыма, што Мацей любіў так моцна войны,
Што іх усё шукаў яго дух неспакойны,
А мо, палітык быстры, толькі кіраваўся
Дабром радзімы і ўслужыць ёй лепш стараўся,
Хто знае! Толькі пэўна, што ані калісьці,
Ні потьш не шукаў ён славы ці карысці
І не звязаўся з царскай партыяй ніколі,
І што цярпець не мог ён царскае няволі,
І каб не ўбачыць маскаля, праседжваў дома,
Як той мядзведзь, што лапу ссе між буралому.
Апошні раз, пайшоўшы на вайну з Агінскім
У Вільню, дзе служылі разам пад Ясінскім,
Ён з Розгай проста цуды паказаў адвагі.
Вядома, што ён першы збег з акопаў Прагі
Пацея бараніць[43], які ляжаў стаптаны,
У баі тым атрымаўшы дваццаць і тры раны.
І доўга іх усе лічылі за забітых,
Ды вось вярнуліся, дзіравыя, як сіты.
Дык пан Пацей, дабраўшыся з вайны дахаты,
Свайму выбаўцы ахвяроўваў дар багаты:
Даваў фальварак з пяці хат у карыстанне
І злотых тысячу што год на утрыманне,
Але Дабрынскі мовіў: «Хай Пацей Мацея,
А не Мацей Пацея лічыць дабрадзеем».
Адмовіўся ад фаліварка і ад платы,
І з працы ўласнай жыў, вярнуўшыся дахаты
Рабіў вуллі, лякарствы рыхтаваў жывёле,
На торг слаў курапатак, што лавіў на полі,
І паляваў на звера.
Хоць было ў Дабрьше
Старых людзей не мала, што і па-латыні
Умелі, і закон маглі тлумачыць з ходу,
Было шмат багацейшьгх, з усяго ўсё ж роду
Мацей, прасцяк убогі, меў найбольш пашаны.
Не толькі ён праз Розгу быў навокал знаны,
Але як мудры чалавек, што ведаў многа
Пра родны край і род, і з роду пра любога.
Законы знаў і ведаў гаспадаркі справы,
Сакрэты знаў стральбы, знаў лекавыя травы,
А на’т хадзілі чуткі (толькі ксёндз пярэчыў),
Што ведае ён шмат чаго з таемных рэчаў.
Прытым усе надвор’я перамены знае
І лепш за каляндар пагоду угадае.
Дык і не дзіва, што ці то перад дарогай,
Ці перад працаю пыталіся старога.
Ні суд, сяўба, дажынкі, згода пасля звады —
Нічога не ішло без Мацькавай парады.
Мець гэткае значэнне Мацек не стараўся,
А нават на кліентаў часцяком злаваўся
І моўчкі вьшіхаў іх цераз дзверы дому,
Бо радзіць не хацеў ніколі і нікому.
Аднак, убачыўшы каго ў цяжкіх умовах,
Часамі што сказаў і то ў кароткіх словах.
Дык думалі, што сёння дзеля важнай справы
Парадзіць ці захоча весці ў бой крывавы,
Бо ён любіў сутычкі ў маладыя годы
І з маскалём счапіцца ждаў адно нагоды.
Якраз стары хадзіў ля стайні і аборы
І ціха пеў «Калі ўстаюць уранні зоры»,
Пагодзе рады, бо імгла ішла не ўгору,
Як гэта ў слотную заўжды бывае пору.
А ападала. Вецер расхінуў далоні,
Імглу разгладжваў, рассцілаў па шэрым склоне,
А сонца ў той час зверху тысячай праменняў
Залоціць, серабрыць, румяніць рэшту ценяў.
Як слуцкія майстры ўдваіх ткуць пояс літы —
Дзяўчына распраўляе шоўк, на кросны ўзвіты,
І гладзіць фон, а зверху ткач у пасмы тыя
Кідае ніткі серабрыста-залатыя
І творыць кветкі; так зямлю сягоння дбала
Туманам вецер заснаваў, а сонца ткала.
Мацей сагрэўся ў сонцы, перастаў маліцца
І вось пачаў аб гаспадарцы клапаціцца:
Прынёс травы, лістоў, пад хатай сеў і свіснуў.
На свіст бялюткім пухам гурт трусіны бліснуў;
Нібы нарцысы, на траве трусы зайрдзелі
І квеццем беласнежным зацвіталі ў зеллі.
А вочкі свецяць, як крывавыя рубіны,
Ушытыя ў зялёны аксаміт раўніны.
Становіцца на лапкі кожны, рушыць вухам,
Глядзіць, пасля ўсе гуртам белапухім,
Прынаджаныя лісцем свежае капусты,
Бягуць да ног, калені абсядаюць густа.
Ён сам, як трус, бялюткі, любіць іх занадзіць
І белы цёплы пух іх далікатна гладзіць.
Другой рукою проса кідае ў бок плоту
Для вераб’інае, што валіцца са стрэх, галоты.
І вось неспадзявана цераз паўхвіліны
Трусы прапалі ў норах, а ўвесь вераб’іны
Натоўп шугнуў на стрэхі з гоманам трывожным,
Дарогу даючы гасцям ці падарожным.
А гэта ад плябаніі пасля ўжо звады
Ішлі паслы прасіць Мацеевай парады.
Яшчэ здалёк аддаючы яму паклоны,
Прамовілі: «Хрыстос хай будзе пахвалёны»,
«На векі векаў, аман», — адказаў старэча,
Пазнаўшы, што прыйшлі не для пустое рэчы;
У хату просіць. Увайшлі, абселі лаву,
А першы, стоячы, пачаў выкладваць справу.
Тым часам шляхты штораз болей прыбывала
Дабрынскія амаль усе, чужых не мала
З суседства ўзброеных і без ніякай зброі,
У брычках, каламашках, конна, пехатою;
Вазы стаўляюць, коней да бярозак вяжуць,
І ўсім цікава, што нарады тут пакажуць.
Святліца поўная, і сені — да паловы,
А многія праз вокны ўціснулі галовы.