На першы погляд, сітуацыі, раскрытыя ў гэтай аповесці[2], вельмі не новыя. За апошні час напісана нямала падобных кніжак, нямала было спроб разабрацца ў сутнасці праблемы вёскі і ўступлення ў жыццё падлеткаў. І ўсё ж я з вялікай радасцю за таварыша па пяры вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што дагэтуль мы не мелі на нашай беларускай паліцы такіх па якасці твораў аб нашай самай надзённай сучаснасці, дзе б з гэткай праўдзівасцю, тактам, з гэткай сардэчнасцю і веданнем справы быў узняты цэлы пласт сучаснага вясковага жыцця са шматлікімі яго радасцямі, засмучэннямі і клопатамі. Толькі чалавеку — сялянскаму сыну, якому «да камяка ў горле» блізка сучасная вёска, які ездзіць туды не госцем і не з камандзіроўкай у кішэні, а вырас там і цяпер жыве яе клопатамі, — могуць з такой паўнатой і багаццем душэўных праяў адкрыцца разнастайныя характары, у тым ліку і такія, якіх не было ў ёй да вайны, а некаторых, можа, і год 10–15 назад, і якія з’яўляюцца толькі цяпер, у 60-я гады ХХ стагоддзя. З даўно не адчуваным захапленнем вясковай тэмай чытаючы гэты твор, я не знайшоў у ім ніводнага вобраза, логіцы характару якога захацелася б запярэчыць. Радасна засведчыць, што ўсе яны, пачынаючы ад бясспрэчнага аўтарскага адкрыцця — Янкі Сітова да эпізадычнай асобы ўчастковага, які ў двух-трох абзацах з’яўляецца ў апошнім раздзеле, — кандэнсацыя выразнай аўтарскай думкі і выпісаны з майстэрскай дакладнасцю.
У цэнтры падзей аповесці — Янка Сітоў, вясковы юнак, адзін з тысяч выпускнікоў сельскіх школ. Але ў даным выпадку мы маем справу са своеасаблівым у беларускай літаратуры аб вёсцы вобразам маладога чалавека, які праз нялёгкія турботы жыцця ўсвядоміў сваю гордую сялянскую годнасць, які не здольны на кампраміс з жыццёвай шэрасцю, які ведае, чаго хоча, і ўпэўнены, чаго не павінна быць. Не, гэта не бесцялесная схема ідэальнага героя, па-пурытанцку беззаганнага ў сваёй задуме, — гэта жывы чалавек з усёй супярэчлівасцю свайго яшчэ не закончанага ў развіцці характару.
У пачатку аповесці ён не збіраўся заставацца ў калгасе — ён, як і многія яго равеснікі, марыў пра інстытут, пра горад з яго яшчэ немагчымай для вёскі добраўпарадкаванасцю і культурай. Ды і што ў тым благога — гэта вельмі зразумелая кожнаму з’ява — таксама, як і жаўтаротаму шпачку з сімвалічнай сцэны ўступу да гэтай аповесці — людзям дадзена ў пэўным узросце часта на вельмі яшчэ нямоцных крылах вылятаць з бацькоўскага гнязда ў шырокі і невядомы свет. З часоў коласаўскага Сцёпкі Баруты тысячы юнакоў і дзяўчат кожнае лета ладзяць катомкі, у глыбокі кішэнь пад зашпільку хаваюць бацькаву дзясятку і стукаюцца ў незнаёмыя дзверы храмаў навукі, каб прыдбаць спецыяльнасць і стаць людзьмі. Але жрацы навукі, пазбаўленыя спагады, у многіх бракуюць веды, ды і наогул надышоў, відаць, час, калі сцены інстытутаў не могуць змясціць у сабе ўсіх таго вартых. Тады ў самым пачатку жыцця — маральная траўма і расчараванне, драматызм якіх лёгка сабе ўявіць. «Тое, што жменька футбалістаў можа трапіць у клас ніжэй, узрушыла ўвесь горад. Можа, гэта і сапраўды жахліва, — разважае Янка, назіраючы ў горадзе столпатварэнне на гарадскім стадыёне. — Можа, трэба хвалявацца і спачуваць? Але чаму спачуваюць адным футбалістам? Мы вылятаем з гульні не па адным, а сотнямі. І сезон экзаменаў у нас меншы — дваццаць хвілін і — будзь здаровы, развітайся са сваімі намерамі. Тры асноўныя пытанні, тры-чатыры дадатковыя і — вылятай. Ніхто табе не паспачувае. Ты — абітурыент. Гэтым усё сказана».
Лёс з самага пачатку самастойнага жыцця болей чым няласкава паставіўся да Янкі Сітова, але гэты хлопец знаходзіць у сабе сілы, каб не паддацца роспачы. Такі ўжо ў яго характар, такая чалавечая якасць, што агульнае, людскае навокал прыглушыла ў ім боль за ўласныя няўдачы, — і Янка прыходзіць да вываду, што інстытут — інстытутам, а ў вёсцы трэба жыць лепш, чым жылі і гаспадарылі дагэтуль яго землякі-зарачанцы. Усёй сутнасцю сваёй сумленнай маладой істоты Янка спасцігае тую бясспрэчную ісціну, што селянін на сваёй зямлі павінен гаспадарыць, знаходзіць на ёй творчы пачатак і паэзію працы, а не толькі як-колечы існаваць з сваіх сотак. Ён яшчэ не ведае, як перамагчы ўсю тую коснасць і безгаспадарчую безадказнасць, у якой апынулася брыгада па віне яе гора-кіраўнікоў, але ён упэўнены, што далей так не павінна быць. Не павінны сёстры Какосцікавы спяваць брыдкія прыпеўкі, не павінен махляваць калгасны шафёр Хведар, піць у кожнай хаце учотчык Сцяпан Макуха і патураць яму брыгадзір Цопа. У брыгадзе ёсць здаровыя, сумленныя людзі, прыязджае з арміі былы афіцэр Загурскі, ствараюцца пэўныя процідзеючыя шматгадовай руціне сілы, у рэчышчы якіх апынаецца ўрэшце і малады калгаснік Янка Сітоў.
Прайшоў праз крушэнне сваіх інстытуцкіх мараў, праз нялёгкія выпрабаванні не зусім удалага кахання, праз адкрыты і не пазбаўлены небяспекі канфлікт са шкурніцкімі элементамі ў калгасе, Янка ў аповесці робіць самыя першыя спробы ўзняць гаспадарку, дамагчыся дысцыпліны ў брыгадзе. І гэта прымаецца зусім натуральна, бо пісьменнік паграшыў бы супраць праўды жыцця, строгаю мерай якой вызначаецца ўся аповесць, калі б зрабіў гэтыя намаганні маладога брыгадзіра болей выніковымі.
Нідзе не пераціскаючы і не згушчаючы фарбы, аўтар у той жа час з бязлітасным выкрыццём малюе вобразы калгаснага брыгадзіра Цопу і яго ўчотчыка Сцяпана Макуху. За шмат год гаспадарання гэтыя гора-кіраўнікі давялі сваю кіраўнічую дзейнасць да адкрытай злачыннасці. Лаканічна і з вялікай псіхалагічнай дакладнасцю напісана аўтарам поўная сумнай іроніі сцэна прыезду старшыні калгаса Чукрая на ток, які ачышчае група калгаснікаў пад кіраўніцтвам учотчыка Макухі. Праставаты, бяспросыпна п’яны ўчотчык па-майстэрску абводзіць вакол пальца былога канцылярыстастаршыню. Беспардоннае ашуканства, якое мог бы лёгка зразумець звычайны чалавек, безадмоўна дзейнічае на Чукрая, бо падмацоўваецца цяжкай артылерыяй дэмагагічных запэўненняў, узятых на сябе бескантрольных абавязацельстваў.
Брыгадзір Цопа і ўчотчык Макуха — гэта тыповыя параджэнні часоў культу, калі галоўным у гаспадаранні былі не яго вынікі, а агульнапрынятае пустаслоўе ў спалучэнні з салдафонскім паслухмянствам перад начальствам і дутымі лічбамі ў справаздачах. Гаспадарылі яны дрэнна, п’янствавалі, кралі калгаснае дабро. Тым больш сімптаматычнай становіцца тая акалічнасць, што яны, па сутнасці, не прыроджаныя злачынцы, не якія-небудзь паталагічныя злыдні, а свае звычайныя сяляне, увогуле неблагія некалі людзі, былыя франтавікі. Даследуючы генезіс гэтых вобразаў, аўтар разглядае іх як аб’ектыўны прадукт пэўнай эпохі, перыяду заняпаду калгаснай гаспадаркі, калі распаўсюджанай запаведдзю вёскі было: «не ўкрадзеш — не пражывеш» і «на праўдзе далёка не паедзеш».
У тыя ж часы, пэўна, выхаваўся на крадзеных калгасных харчах і шафёр Хведар, гэты хапуга новай фармацыі, дзялок, які спалучае ў сабе дасканалую тэхнічную падкаванасць шафёра з хцівасцю хутараніна-кулака дваццатых гадоў. Ён можа ўкрасці некалькі мяхоў са збожжам, нават і не вельмі хаваючыся ад людзей, бо ён у хаўрусе з брыгадзірам, у яго руках машына, ад яго ў пэўнай меры залежыць выкананне ўсіх жульніцкіх спраў Цопы і Макухі. Хведар — неафіцыйны гаспадар брыгады, яго адчувальная для ўсіх сіла падмацоўваецца яшчэ дужым кулаком і крутым норавам. Такога чалавека проста не выкрыеш, асабліва яшчэ калі ён сусед, а яго маці бяжыць у Янкаву хату з плачам і просьбаю не падаваць у суд, як гэта было ў эпізодзе з прададзенай гумай. Янка тады ўступіў, пазней дорага яму абышлася тая яго ўступчывасць.
Нялёгка давалася Янку гэтая барацьба, у якой яму не магла быць саюзніцай яго маці. Застаўшыся ўдавою пасля смерці мужа (які прынёс з фронту асколак у лёгкіх і неўзабаве памёр), яна ў свой час даволі цвёрда засвоіла не дужа сумленныя, але затое практычныя вясковыя звычаі схітрыць, паплакаць і разам з тым пачаставаць брыгадзіра, лесніка, бо трэба ж было неяк скасіць для каровы прагалінку, у лесе ссячы на дровы бярэзіну, выкраіць які дзень, каб пакалупацца на ўласным агародзе. Так яна працягвае жыць і цяпер, не разумеючы грамадскіх перамен ў краіне і ўсёй нізкасці сваіх звычаяў. Праўда, у аповесці ў Янкі з’яўляецца і саюзнік, нават болей — настаўнік ў яго справах — айчым Загурскі. Разам з дзядзькам Данілам, Фрузай, Янкам Загурскі, які стаў сакратаром калгаснай партарганізацыі, дамагаецца даволі крутога павароту ў калгасных справах, павароту, патрэба ў якім даўно ўжо наспела.
У апошніх раздзелах аповесці (дарэчы, таксама не пазбаўленых вострай канфліктнасці) ужо назіраюцца зачаткі новых адносін у брыгадзе, калі людзі адчулі справядлівасць і не маглі не адгукнуцца на яе.
Алесь Асіпенка ў «Абжытым куце» з упэўненасцю сталага майстра зацвердзіў сябе бытапісальнікам калгаснае вёскі ў найлепшым сэнсе гэтага разумення. Добрае веданне матэрыялу, псіхалагічная дакладнасць вобразаў, лаканізм стылю забяспечылі строгі рэалізм яго пісьма. У аповесці ёсць цэлы шэраг выдатна напісаных сцэн (начлег у горадзе, малацьба, пачастунак Янкавай маці Макуху і леснікам). Шматпланавае і шматграннае жыццё вёскі ўзаемадзейнічае з вобразам Янкі, з яго лёсам пераплятаюцца лёсы іншых людзей (хлопчыка Віцькі, Хрысціны, дзядзькі Данілы і інш.), і ўсе яны гарманічна спаяны ў складаны і цэласны арганізм аповесці. І калі што трохі бракуе ёй, дык хіба неабавязковасць некаторых эпізодаў (купання і ратавання Шуры, сустрэчы з Хрысцінай пасля яе замужжа). Магчыма, аўтар трохі паспяшаўся і скорагаворкай напісаў фінальны раздзел. Але пры ўсім тым «Абжыты кут», бясспрэчна, спадабаецца чытачу як праўдзівая частачка нашага складанага жыцця, з усімі яго вартасцямі і хібамі, пададзенымі пісьменнікам у іх узаемаабумоўленасці і дыялектычным развіцці.
Я напісаў тут далёка не ўсё тое добрае, чаго заслугоўвае гэты надзвычай багаты на думкі і асацыяцыі твор, і калі зрабіў гэтую спробу, дык толькі з жаданнем падзяліцца першымі пасля прачытання думкамі. Магчыма, знойдуцца чытачы, якія не згодзяцца з некаторымі маімі ацэнкамі, мабыць, будуць і праціўнікі творчай манеры А. Асіпенкі, але нават і гэты факт паслужыць на карысць аповесці, бо, як пісаў В. Бялінскі: «…толькі залатая пасрэднасць карыстаецца зайздроснай прывілеяй — нікога не раздражняць і не мець ворагаў і праціўнікаў».
8 мая 1964 г.
Гродна, вуліца Кашавога, 28, кв. 20…
Гэта і ёсць адрас рабочага стала пісьменніка, адрас Васіля Быкава.
Аглядаю невялікі «рабочы» пакойчык Васіля Уладзіміравіча, ва ўсіх кутках якога — у шафе, на стэлажы, на паліцы — кнігі, часопісы (дарэчы, паліца цалкам адведзена пад ваенную літаратуру — як мастацкую, так і дакументальную, мемуарную). Ёсць тут і «рабочы стол пісьменніка» ў літаральным сэнсе гэтых слоў. На стале толькі што прысланая з рэдакцыі «Роман-газеты» карэктура: неўзабаве ўсесаюзны чытач атрымае тры аповесці В. Быкава — «Франтавая старонка», «Пастка» і «Альпійская балада». Тут жа яшчэ некалькі кніг. Гэта зарубежныя выданні твораў В. Быкава, у прыватнасці, яго «Трэцяй ракеты».
— Я пачынаю нешта гаварыць пра сапраўдны поспех, пра славу. Але бачу, што Васіль Уладзіміравіч тут жа змаўкае, бянтэжыцца, адчуваю, што яму, з яго сціпласцю і абвостранай патрабавальнасцю, творчай і грамадзянскай, такія размовы не вельмі даспадобы, — і мяняю тэму, пытаюся пра новую аповесць.
Пішу. Частка ўжо зроблена… Вось яна, — дастае Васіль Уладзіміравіч з шуфляды папку.
На першым лістку — план аповесці, накіданы дробным уборыстым почыркам. Асобныя тэзісы пранумараваны. На пытанне, ці ўся аповесць прадумана, вынашана, пісьменнік адказвае: «Уся».
І назва ўжо ёсць?
— Ёсць. «Мёртвым не баліць» — так, відаць, будзе называцца, калі не ўзнікне што-небудзь іншае.
— Значыць, пра вайну?
— Так, пра вайну, — задуменна паўтарае Васіль Уладзіміравіч. — Прытым на гэты раз рэч амаль аўтабіяграфічная… Паглядзі вось гэтую паперу.
Я чытаю. Гэта пісьмо з архіва Міністэрства абароны Саюза ССР. У ім, у прыватнасці, гаворыцца: «Адначасова паведамляю, што ў імянным спісе беззваротных страт 399-га стралковага палка за 1943–44 гг. значыцца: „Кам. стр. узвода л-т Быкаў Васіль Уладзіміравіч забіты 10.I.1944 г., пахаваны на цэнтральных могілках в. Вялікая Севярынка Кіраваградскай вобласці“».
І ён расказвае, якім чынам трапіў у «забітыя», — як быў паранены каля ўкраінскай вёскі Вялікая Севярынка, як ішлі ў шпіталь з таварышам і адначасова вялі палоннага немца, як наткнуліся на нямецкія танкі…
І вось гэта ўсё, уласна кажучы, і лягло ў аснову аповесці, будзе складаць яе сюжэтную канву. Спачатку мне нават хацелася напісаць усё так, як было ў жыцці. Але пачаў працаваць і адчуў патрэбу дзе-нідзе абагульняць, узбагаціць уласныя назіранні вымыслам.
Калі Васіль Уладзіміравіч знаёміў мяне са зместам аповесці, то звяртаў увагу на тое, як адзін з герояў аповесці, нямецкі салдат, мяняецца, мяняе свае паводзіны ў залежнасці ад абставін, ад ваеннай неабходнасці. Я здагадваюся, што недзе тут — ідэйная сутнасць твора.
Так, недзе тут, — пацвярджае аўтар. — Мінулая вайна паказала, якім высокім і якім нізкім можа быць чалавек. Да якой велічы могуць узняцца адны і да якой нізкасці апусціцца другія. Побач з прыкладамі гераічнымі, прыкладамі, якія ўзвышаюць чалавечую сутнасць, вайна паказала ў той жа час з усёй нагляднасцю, да чаго прыводзіць бяздумнае паслухмянства перад яе ўладай, яе логікай, да якой мізэрнай вартасці зводзіцца чалавечая асоба, калі дзейнічае ваўсю правіла: мэта — усё, сродкі — нішто.
Гутарка выходзіць за рамкі аповесці. Я прыгадваю, што сёйтой гаворыць часам пра «тэматычную аднастайнасць» Васіля Быкава, пра тое, што пісьменнік як быццам бы паўтарае сябе. Пытаюся, што ён сам адказаў бы на такія разважанні.
Што б я адказаў?.. Матэрыял мінулай вайны, па-мойму, невычэрпны. Невычэрпны і вельмі павучальны. Вайна пацвердзіла не толькі жыццёвасць нашага ладу, але і выявіла, агаліла ўсё тое, што было народжана культам асобы. Словы вядомага звароту: «Браты і сёстры, сябры мае…» — упершыню за шмат гадоў паказалі банкруцтва чужой народу культаўскай ідэалогіі, палітыкі сляпога падаўлення і азначалі настойлівую патрэбу ў чалавечнасці, без якой немагчыма было выстаяць у бязлітаснай барацьбе. Таксама, як і без усведамлення сваёй нацыянальнай і дзяржаўнай годнасці.
Я вельмі шкадую, працягвае Быкаў, па нейкай унутранай асацыяцыі, што не маю асабістага вопыту ў партызанскай вайне, якая мне ўяўляецца найцікавейшым матэрыялам для сучаснага мастацтва. Не шмат якія нацыі могуць пахваліцца столькімі прыкладамі свабадалюбства і такога ўпартага супраціўлення ворагу, як беларусы. На жаль, мы вельмі не па-гаспадарску ставімся да здабыткаў сваёй гісторыі. Словам, мы — жывыя ўдзельнікі і сведкі — абавязаны захаваць для нашчадкаў, для чалавецтва наш горкі, наш гераічны і такі павучальны вопыт. Пакінуць яго на стагоддзі, каб людзі помнілі яго і не паўтарылі тое, што перажылі мы.
Мне ўспамінаецца адна з тых кароткіх, паспешлівых размоў, якія былі да гэтага з Васілём Быкавым. У час такой размовы — адзін мой знаёмы загаварыў з ім пра майстэрства. Васіль Уладзіміравіч адказаў тады: «Не ведаю, ці майстар я. Не гэта — галоўнае. Галоўнае — сказаць праўду пра вайну».
Гэта маё цвёрдае перакананне, — гаворыць зараз Быкаў. — У дачыненні да праблем мінулай вайны літаратура павінна праявіць крыштальную праўдзівасць і шчырасць. Толькі праўдзівыя і толькі да канца асэнсаваныя сведчанні мінулай вайны могуць саслужыць чалавецтву патрэбную службу. Было б злачынствам і перад сучаснікам, і перад будучай гісторыяй пакінуць нашчадкам паўпраўду «культаўскіх» твораў, горшую за бессаромную хлусню, белетрысцкае «сачыніцельства» пабочных назіральнікаў і лакіроўшчыкаў. Абавязак кожнага сведкі і ўдзельніка мінулай вайны — гаварыць толькі праўду, якой бы горкай яна ні здалася, будучы пры гэтым бязлітасным у сваёй шчырасці. Іменна ў гэтым, як пісаў нядаўна Добрыца Чосіч, адзіны шлях служэння дабру, свабодзе, братэрству і чалавеку ў дачыненні да нашай нядаўняй гісторыі.
Цікавыя думкі выказвае Васіль Уладзіміравіч і пра майстэрства (я ўсё ж «справакаваў» яго на гэтую размову), пра мову сённяшняй прозы. І выказвае іх з той глыбокай перакананасцю, якая сведчыць аб роздуме над уласным вопытам, аб нястомнай унутранай працы.
Відавочна, што мова, стыль лепшых твораў нашай прозы, у прыватнасці, твораў аб вайне, імкнуцца да лапідарнасці, эканомнасці, натуральнай прастаты. Ды гэта і зразумела. Бо адна справа, калі гутарка ідзе пра рэчы банальныя, звычайныя, а зусім другая — калі пішаш пра нешта самае істотнае, пра рэчы, поўныя драматызму, калі гутарка ідзе аб жыцці і смерці. Тут важна перш за ўсё захаваць меру, мастацкі такт.
Калі ў творы паўстае чалавек са сваім жывым і непаўторным «я», і калі ён сам пачынае гаварыць «пра час і сябе», то адcюль вынікае непасрэднасць яго мовы, яе арганічнасць.
Часам разважаюць так, як быццам бы праблема ў тым, каб знайсці сакавітае народнае, часам нават дыялектнае слоўца і ўкласці яго ў вусны героя. А праблема сёння для нас у іншым. Вось як мне паказваць свайго камбата? Якой мовай яго надзяляць? Народнай мовай, мовай нашай вёскі? Але ў арміі такой мовай не гаварылі, тым больш афіцэры. Браць за ўзор нейкую нівеліраваную мову? Таксама нельга. Вось і шукаеш патрэбны эквівалент, такі моўны сплаў, каб герой гаварыў па-беларуску і каб у той жа час яго мова не была ні псеўданароднай, ні «статутнай». Я разумею, што калі гутарка ідзе пра вёску, паказваюцца людзі вёскі, то тут пісьменнік можа браць вясковы моўны пласт, чэрпаць з яго і сваю мову, і моўныя характарыстыкі. Але калі маеш справу з героямі іншага плана — прыходзіцца ісці па іншым шляху.
Відавочна ж, што ідзе працэс урбанізацыі літаратуры. І калі нам слепа трымацца па-ранейшаму за мову нашай вёскі (прытым не сённяшняй, а ўчарашняй), мы будзем многа траціць. Ну ўзяць, да прыкладу, раман Івана Шамякіна «Сэрца на далоні». Як бы выглядалі, скажам, там такія героі, як Славік, Маша, Яраш, калі б яны загаварылі раптам мовай далёкай палескай вёскі? Вобраз, вядома, разбураўся б ад такой неадпаведнасці.
Увогуле, як мне здаецца, сёння з беларускай літаратурнай мовай адбываецца тое, што было з рускай літаратурнай мовай ХІХ стагоддзя. Асімілюючы розныя стылі і пласты, яна, з аднаго боку, пазбаўляецца ад стылізацыі пад мову народную, з другога — ад кніжнасці і літаратуршчыны і імкнецца да натуральнасці і непасрэднасці гутарковай мовы. Не заўважыць гэтае нельга, як і нельга ігнараваць у нашай пісьменніцкай практыцы…
Запісаў А. Вярцінскі.
[1964]