1979

Некалькі слоў пра «Альпійскую баладу»

Група студэнтаў біялагічнага факультэта МДУ імя М. В. Ламаносава просіць мяне расказаць у газеце аб прадгісторыі стварэння адной з маіх аповесцей…

Гэта адбылося ў самым канцы вайны ў аўстрыйскіх Альпах, куды ўжо ўладарна прыйшла апошняя ваенная вясна і з ёю магутным патокам шыбавалі войскі двух нашых франтоў. Нядаўна яшчэ тут быў глыбокі тыл нямецкага рэйха, і, як усюды ў яго тыле, было шмат прамысловых прадпрыемстваў, якія працавалі на вайну, і, вядома, усялякіх лагераў: канцэнтрацыйных, ваеннапалонных, працоўных. З прыходам Чырвонай Арміі ўсе яны разбягаліся, ахова ўцякала, а дарогі і населеныя пункты напаўняліся многімі тысячамі людзей, сагнаных з усіх краін Еўропы.

Аднойчы мы занялі нейкі гарадок і чакалі новай каманды. Доўгая калона артпалка, павярнуўшы да абочыны, замерла на брукаванай ускраіннай вулачцы. Здаецца, гэта быў Фэльбах або, можа, Глейсдорф, памяць добра захавала агульны выгляд гарадка, але зусім страціла яго назву. Салдатам не было дазволена адлучацца ад машын, мы вось-вось павінны былі кудысь павярнуць з ранейшага напрамку, і начальства ў камандзірскім «вілісе» нешта вырашала над картамі.

У кабіне «студэбекера» моцна прыгравала сонца, пасля бяссоннай ночы карцела драмаць, і я вылез на вуліцу. Салдаты ў кузавах таксама сядзелі, разамлеўшы ад цяпла, і «клявалі» насамі. Па маставой уздоўж машын прайшла група выпушчаных на волю схуднелых экспансіўных людзей у цёмных берэтах. Яны неслі нацыянальны французскі сцяг, спявалі «Марсельезу» і нешта крычалі нам, але мы не разумелі, і толькі старшына Лук’янчанка дабрадушна памахаў ім з кузава — давай, маўляў, не варта ўдзячнасці. Аслабанілі, дык што ж… Гэта нам — семачкі.

I тут каля адной з дальніх машын на вочы мне трапіла дзяўчына — шчупленькая, чорнавалосая, у паласатай куртцы і цёмнай спаднічцы, яна перабірала вачыма твары байцоў у машыне і адмоўна круціла галавой. А ў машыне ўжо пачалося звычайнае ў такім выпадку ажыўленне: штосьці там наперабой выкрыквалі байцы, але яна, пагасіўшы ўсмешку, пераходзіла да наступнай машыны.

— Таварыш, хто ест Іван?

— Іван? — ускочыў крайні баец. — Я Іван, вунь той Іван і шафёр наш таксама Іван.

Поўны надзеі твар дзяўчыны паступова сумнеў, калі яна пераводзіла позірк з аднаго Івана да другога і з ціхім сумам казала:

— Но. То — нон Іван.

Штосьці зацікавіла мяне ў гэтых яе пошуках, і я пачакаў, пакуль яна, паўтараючы ўсё тое ж пытанне, абышла ўсю калону. Зразумела, Іванаў у нас было шмат, але ні адзін з іх не здаўся ёй тым, каго яна шукала. Тады мы з камандзірам трэцяй батарэі капітанам Коханам падышлі да дзяўчыны і спыталі, якога менавіта Івана яна шукае.

Дзяўчына спярша заплакала, але хутка спахапілася, рукавом курткі выцерла цёмныя бліскучыя вочы і, агледзеўшы нас выпрабавальным позіркам, страшэнна скажаючы рускія і нямецкія словы, густа перасыпаныя італьянскімі, расказала прыкладна наступнае.

Яе завуць Джулія, яна італьянка з Неапаля. Год назад, летам сорак чацвёртага, у часе бамбёжкі саюзнай авіяцыяй размешчанага ў Аўстрыі ваеннага завода, яна ўцякла ў Альпы. Пасля адзінокага блукання ў гарах сустрэла рускага ваеннапалоннага, які ўцёк з канцлагера, і яны пайшлі разам. Спачатку ён не хацеў браць яе з сабою, бо прабіраўся на Усход, бліжэй да фронту, яна ж хацела на радзіму, у Італію, адкуль была вывезена пасля падаўлення паўстання ў Неапалі і кінута ў нямецкі канцлагер. Некалькі дзён яны праблукалі ў гарах, перайшлі заснежаны горны хрыбет і аднойчы ў туманную раніцу наткнуліся на паліцэйскую засаду. Яе схапілі і зноў кінулі ў лагер, а што здарылася з Іванам, яна не ведае. Але яна вельмі спадзявалася, што ён быў шчаслівейшы, прабраўся на фронт і цяпер разам з Чырвонай Арміяй зноў прыйшоў у Аўстрыю.

Канешне, гэта было наіўна — спадзявацца сустрэць у вялізным патоку войск знаёмага хлопца, мы, як маглі, суцешылі дзяўчыну і пабеглі да сваіх машын, бо ўжо была пададзена каманда ехаць далей.

У той жа дзень пад вечар пачаўся зацяжны бой за чарговы гарадок, у хуткім часе загінуў капітан Кохан, я амаль забыўся пра тую мімалётную франтавую сустрэчу і ўспомніў пра яе толькі праз васемнаццаць гадоў, калі заняўся літаратурай. I тады я напісаў усё тое, што вы прачыталі ў «Альпійскай баладзе».

Вось і ўся кароценькая гісторыя — пралог да адной з маіх аповесцей, якая зацікавіла групу студэнтаў з Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава.

[1979]

[ІНтэрв’ю газеце «Літаратура і мастацтва»]

Кожная ўзнагарода, апроч таго, што лашчыць самалюбства ўзнагароджанага, яшчэ і напамінае яму пра абавязкі, і, мусіць, у гэтым яе найбольшы сэнс. Бо пісьменнік амаль ужо не ўладар над тым, што напісана, выдадзена і прачытана дзясяткамі тысяч яго чытачоў, але ён — паўнапраўны распарадца над сваімі планамі, задумамі і іх здзяйсненнямі.

Удастоеныя высокай прэміі мае аповесці напісаны не ў апошні час, і, як бывае ў такіх выпадках, нямала аддаліліся ад аўтара ў многіх сэнсах, аўтарскія ж клопаты — ужо ў будучым, у новым матэрыяле. Хаця, трэба сказаць, што для мяне гэты матэрыял усё той жа — неўміручы подзвіг народа ў небывалай па жорсткасці вайне, якую ён перажыў з гонарам, з сусветнай славай, але і з найвялікімі ахвярамі. Менавіта гэты подзвіг яго і яго ахвяры абавязваюць мастака да многага ў яго працы, а найболей — да праўды.

Чалавечая памяць у яе псіхалагічным сэнсе ўладкавана такім чынам, што найпершай яе ўласцівасцю з хадой часу з’яўляецца адсейванне непрыемнага, цяжкага і схільнасць да добрага, удачлівага, нават камедыйнага. Мабыць, з гэтай прычыны ў апошні час паявіліся вясёлыя фільмы пра вайну, дзе налі хто і гіне, дык гэта ўспрымаецца са светлым смуткам і не ўплывае на святочна-прыўзняты настрой гледача, з якім той прыйшоў у кінатэатр. Не навіна гэткія творы і ў літаратуры. Мусіць, гэта заканамерна з пункту погляду ўсё той жа псіхалогіі, але толькі не сур’ёзнага мастацтва. Паасобны чалавек або група людзей могуць забыць МНОГАЕ з мінулага, мастацтва ж не мае права забыць НІЧОГА. Толькі сукупнасць усіх раўнадзейных і ўсіх рознанакіраваных, уся механіка іх узаемадзеяння і складаюць тое галоўнае, што мы называем праўдай жыцця.

Гэта, вядома, элементарна, не патрабуе доказаў і ўспамінаецца хіба тады, калі ў літаратурнай практыцы мы сутыкаемся з нечаканым адхіленнем у іншы бок пры абсалютнай несумненнасці самых добрых аўтарскіх намераў. I тут, мабыць, справа ў яшчэ адной асаблівасці мастацкай творчасці — у яе суб’ектыўнасці, якая ёсць дабро і зло адначасна і пераадолець якую не дадзена нікому з творцаў. Канечне, найбольшы каардынатар між гэтымі двума пачаткамі — ТАЛЕНТ, яго спрадвечнае імкненне да ісціны. Але талент, як вядома, якасць дужа няўлоўная, лятучая і зменлівая, яе нельга праверыць алгебрай і можна — хіба што працай, творам — канчатковым вынікам творчасці. Да таго ж талент, як казалі ў старыя часы, — ад Бога, і не залежыць ад чалавека, ягонага носьбіта, у той час як усё астатняе — ад чалавечай прыроды і цалкам у нашых руках. Найпершае з гэтага астатняга — грамадзянскае сумленне і працавітасць. Дык будзем жа памятаць пра іх і карыстацца імі спаважна, па-гаспадарску, — як таго заслугоўвае наш гераічны, шматпакутны і працавіты народ.

[1979]

[ІНтэрв’ю газеце «Советская Белоруссия»]

Пётр Усцінавіч Броўка сказаў неяк, што ў вашай творчасці аповесць «Яго батальён» займае асобнае месца. Яна з’яўляецца як бы вяршыняй цыкла вашых ваенных твораў. А да іх адносяцца і «Альпійская балада», і «Сотнікаў», і «Воўчая зграя», і той жа «Яго батальён», і іншыя вашы творы. Студэнты Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава ў навагоднім нумары «Литературной газеты» назвалі ваша імя першым сярод пісьменнікаў, кнігі якіх яны палюбілі. Раскажыце, калі ласка, Васіль Уладзіміравіч, аб вытоках вашай творчасці, аб тых, калі можна так сказаць, «крылах», якія дапамагаюць у вашым творчым палёце, садзейнічаюць нараджэнню высокамастацкіх твораў.

— Цяпер з усёй перакананасцю можна сказаць, што як пісьменнік я пачаўся з самага звычайнага, магчыма, некалькі больш, чым іншыя мае аднагодкі, захопленага літаратурай чытача, якім я быў у дзяцінстве і ў юнацтве. Канешне, у тую ўжо далёкую пару не даводзілася і думаць аб пісьменніцтве, былі клопаты іншага роду, было нялёгкае дзяцінства, а потым яшчэ больш цяжкое юнацтва, вайна і ўсё, што з ёю звязана. Праўда, той самы неспрыяльны ў жыцці народа час даў пэўнага характару вопыт, які заўжды важны ў мастацтве, хоць гэты вопыт і дастаўся нашаму пакаленню занадта дарагой цаной. Таму, мабыць, натуральна, што, заняўшыся літаратурай, я не мог грэбаваць ім — усё перажытае патрабавала выйсця. Відаць, менавіта гэтая акалічнасць, як я цяпер разумею, з’явілася прычынай таго, што мае першыя творы былі напісаны пра вайну, тэма якой не перастае займаць мяне і цяпер, праз болей чым тры дзесяцігоддзі пасля яе заканчэння. Відаць, гэта натуральна і правамерна, таму што ўсенародны подзвіг у мінулай вайне, нашы перамогі і нашы страты накладваюць на літаратуру і мастацтва асаблівыя абавязкі, якія могуць быць выкананы толькі аб’яднанымі намаганнямі ўсіх творчых працаўнікоў на працягу многіх год.

Пісьменнік — справядліва гавораць — інжынер чалавечых душ. Якім бы талентам ён ні валодаў, ён павінен жыць жыццём свайго народа, быць у гушчыні гэтага жыцця. Відаць, пры гэтай умове і спадарожнічае пісьменніку поспех. Я добра ведаю, што вы многа і плённа працуеце за пісьменніцкім сталом. Вы абраны дэпутатам Вярхоўнага органа дзяржаўнай улады нашай рэспублікі, выконваеце пэўныя абавязкі ў Саюзе пісьменнікаў БССР, з’яўляецеся членам яго прэзідыума. Раскажыце, калі ласка, як вы спалучаеце творчасць з грамадскай дзейнасцю?

— Вядома, што літаратура — справа надзвычай старажытная і сутнасць яе працэсу мала ў чым змянілася з самых аддаленых часоў. У аснове літаратурнай творчасці па-ранейшаму ляжаць індывідуальныя намаганні аўтара, жыццё якога, як і ў старажытнасці, абмежаванае. У наш жа час, цяпер, калі інтэнсіфікацыя жыцця дасягнула незвычайных тэмпаў, праблема часу стала адной з галоўных праблем кожнага працоўнага чалавека, у тым ліку і пісьменніка. Часу не хапае. Але гэтая акалічнасць зусім не азначае таго, што пэўны запас часу быў бы для пісьменніка раскошай. Акрамя часу для мастака надзвычай важны непасрэдны ўдзел яго ў жыцці, той напружанай працоўнай дзейнасці, якой заняты яго блізкія, суседзі, народ. Толькі гэта дае яму магчымасць трымаць руку на пульсе жыцця, адчуваць гарачае трапятанне чалавечых сэрцаў. У гэтым сэнсе цяжка пераацаніць удзел мастака ў грамадскім жыцці, у тым ліку і маю сціплую працу ў якасці дэпутата Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, дзе вырашаецца столькі самых надзённых задач агульнарэспубліканскага маштабу. Рэгулярныя сустрэчы з чытачом служаць жывым барометрам, які паказвае ступень уздзеяння літаратуры на масы, таксама як і чытачоў на аўтара. Ну і вядома, у наш час было б немагчыма ды і неразумна пазбягаць удзелу ў перыядычным друку, выступленняў па радыё і тэлебачанні, якія з’яўляюцца, як вядома, велізарнай трыбунай, што дае магчымасць размаўляць з мільёнамі адначасова, — магчымасці зусім неверагоднай у яшчэ зусім нядаўнім мінулым.

— І апошняе пытанне. Пачаўся новы год. Ва ўсіх сферах нашага эканамічнага і культурнага жыцця савецкія людзі імкнуцца павышаць эфектыўнасць і якасць сваёй працы. I, вядома ж, працаўнікоў горада і сяла Беларусі цікавіць, над якімі асноўнымі праблемамі творчага характару працуюць зараз беларускія пісьменнікі. Хацелася б, каб вы коратка расказалі аб творчых планах на будучае.

— Мне трудна гаварыць за ўвесь даволі шматлікі пісьменніцкі атрад рэспублікі, да таго ж усякая творчасць у вядомай ступені інтымная па сваёй прыродзе і не трывае афішыравання. Але я ведаю, што, апрача традыцыйнай для беларускай літаратуры тэмы мінулай вайны, нашых пісьменнікаў цікавяць яшчэ недастаткова распрацаваная гарадская тэматыка, праблемы НТР, нашай тэхнічнай інтэлігенцыі. Вёска ж і яе людзі даўно былі ўлюбёнымі аб’ектамі нацыянальнага мастацтва і літаратуры, якія стварылі аб ёй мноства цудоўных твораў, але вобразы, маральны змест вясковага жыцця і сельскай працы, якія значна змяніліся за апошнія гады, не могуць не прывабіць новай, абвостранай увагі літаратараў. Нельга не сказаць таксама аб найцікавейшых магчымасцях беларускага Палесся, меліярацыі забалочаных земляў і звязаным з гэтым цэлым комплексам праблем сацыялагічнага і маральнага парадку. Над усімі гэтымі і некаторымі іншымі тэмамі і працуюць сёння многія паэты, празаікі, драматургі нашай рэспублікі.

Интервью вел А. Литвин.

[1979]

Подзвіг мастака

Ягоны партрэт змешчаны апошнім у гэтай не зусім звычайнай для выстаўкі экспазіцыі і, можа быць, самы сціплы на ёй па манеры выканання, пазбаўлены якой бы там ні было мастакоўскай прэтэнзіі. Ён і падпісаны лаканічна, без аніякага намёку на адносіны да аўтара: «Вязень 32815». Але амаль кожны, хто спыняецца перад ім, не можа не адчуць штось затоена-значнае ў гэтай вельмі схуднелай постаці ў паласатай робе і ў такім жа паласатым берэце на стрыжанай галаве, у нерухомым, скіраваным кудысьці ўніз позірку. Вашу ўвагу міжволі прыцягваюць да сябе і рукі з нечакана вялікімі сціснутымі кулакамі, у якіх да часу дрэмле дрэнна прыхаваны пратэст. Болей дасведчаныя з наведнікаў неўзабаве ўгадваюць у гэтай змардаванай, але поўнай напружанай духоўнай сілы паставе нялёгкае мінулае аднаго з самых выдатных мастакоў краіны — Міхаіла Андрэевіча Савіцкага. Безумоўна, гэта ён, той, чыя працавітасць і талент паставілі яго імя ў рад самых выдатных майстроў сучаснасці.

У свеце выяўленчага мастацтва прынята ўспамінаць вытокі і называць папярэднікаў, тых, што ў гады вучнёўства ўласным прыкладам дапамаглі будучаму майстру выпрацаваць пачаткі майстэрства, «знайсці сябе». Гэтую звычайную ў такіх выпадках спасылку мне цяжка зрабіць у адносінах да Міхаіла Савіцкага, такі ён з самага пачатку сваіх творчых пошукаў ні на кога не падобны, такі самабытны, увесь — «з сябе», свайго таленту і, вядома, з трагічнага і гераічнага мінулага — з вайны. Сапраўды, перажытага ім у гады найвялікшага з усенародных выпрабаванняў хапіла б на некалькі чалавечых лёсаў. Адзін з апошніх абаронцаў Севастопаля, ён пасля падзення гэтага горада-героя трапіў на Херсанескім мысе ў рукі ворага і апынуўся ў Германіі, дзе прайшоў усе кругі гітлераўскага пекла, чатыры разы ўцякаў, быў злоўлены і прыгавораны да пакарання смерцю і толькі выпадкам пазбегнуў яе ў гітлераўскіх засценках.

Яго трыумфальны поспех у мастацтве звязваюць з цудоўнай работай на тэму партызанскай Беларусі, з «Партызанскай мадоннай», якая ўпершыню паявілася на выстаўцы адзінаццаць гадоў назад і стала цяпер не меней славутай у свеце, чым самыя выдатныя яе папярэдніцы эпохі Адраджэння. Гэта сапраўды шэдэўр, які не мае сабе роўных у нашым далёка не бедным на шэдэўры выяўленчым мастацтве, але ён не адзіны ў творчасці гэтага даравітага майстра. Пасля «Партызанскай мадонны» з’явіліся, можа быць, меней вядомыя, але не меней выдатныя «Віцебскія вароты», «Кара», «Поле», напісаныя ўсё той жа таленавітай рукой на неўміручую тэму ўсенароднага подзвігу ў гады мінулай вайны. Гэтая высакародная тэма на працягу больш трыццаці гадоў натхняе нацыянальнае мастацтва Беларусі, і Савіцкі шмат што сказаў у ёй сваімі работамі. Але ён бы здрадзіў сабе і свайму мастакоўскаму абавязку, калі б абмежаваўся першымі ўдачамі, якія прынеслі яму несумненны поспех.

Няўрымслівы характар мастака не мог не прыслухацца да ўладарнага закліку ўласнага вопыту, у якім самым непасрэдным чынам пераплялося драматычнае з гераічным; узмацнелы талент, атрымаўшы ўсенародную падтрымку, дазволіў наважыцца на самыя смелыя задумы. I вось каля чатырох гадоў назад пачалася ягоная праца над серыяй палотнаў-дакументаў, палотнаў выкрыцця і абвінавачання крывавых злачынстваў нямецкага фашызму, дзесяць з якіх ужо скончаны і экспануюцца на юбілейнай выстаўцы.

Гэтыя карціны — не лёгкае і не простае відовішча, і можна сабе ўявіць, чаго каштавала мастаку праца над імі. Перад вачамі гледача праходзіць шэраг пякельных прывідаў гітлераўскіх лагераў, няспынная барацьба высокай чалавечнасці з подласцю, страсна выкрываецца канібальская сутнасць фашызму і сцвярджаецца вышыня камуністычнага ідэалу. Пафасам гэтай барацьбы вее ад твараў і постацей зняволеных, што спляліся ў жахлівую вертыкаль уцёкаў («Уцёкі») цераз драцяную агароджу з электрычным токам. Так, іхні парыў імпульсіўны, удачы не будзе, на вышках ужо «працуюць» кулямёты, і акрываўленыя целы валяцца з дроту на ўтаптаную зямлю лагера. Але гэта яшчэ не фінал, гэта толькі маленькі эпізод у доўгім і гераічным ланцугу супраціўлення. I вось ужо іншы сюжэт — насцярожаная група зняволеных каля самадзельнага радыёперадатчыка, заземленага ў вядро з вадой («808»), і іхнія твары, якіх нельга забыць. Такія завостраныя профілі, патыліцы, вочы немагчыма ні прыдумаць, ні намаляваць — ніводзін натуршчык нашага часу не можа паслужыць для іх мадэллю — усё гэта трэба вынесці адтуль, адкуль іх вынес мастак.

Амаль усе карціны гэтай незвычайнай серыі (за некаторым выключэннем) будуюцца на рэзка акрэсленым кантрасце дабра і зла, высокага і нізкага — неўміручага, нягледзячы на смяротную кару, і ўжо асуджанага на пагібель, не зважаючы на пэўную вайсковую сілу, калючы дрот і аўчарак — усяго, чым спрабаваў адцягнуць свой непазбежны крах гітлераўскі рэжым у Еўропе. Ён быў яшчэ дужы, гэты рэжым, і трымаў у пакоры мільёны бяззбройных, распранутых і распятых; многіх ён ужо і панішчыў, склаўшы ў вялізныя штабялі з цудоўных дзявочых целаў перад тым як пачаць іх паліць («Танец з факеламі»). Ён яшчэ старанна выбіраў лепшыя экзэмпляры з новапрыбыўшых для сваіх варварскіх «медыцынскіх» эксперыментаў («Адбор») і паліў на слупах няскораных («Камуністы пяюць»), але сам ён ужо канаў. Застаючыся строгім рэалістам і дакладным псіхолагам у перадачы чалавечага стану і лагернага быту, М. Савіцкі ў той жа час нярэдка ўзнімаецца да высокай сімволікі, такая ёмістая і шматзначная мера ягоных абагульненняў. Схуднелыя твары зняволеных, як тое і было ў сапраўднасці, амаль пазбаўлены індывідуальных рысаў, таксама як узросту і нацыянальнай прыналежнасці, і ў гэтай іх абагуленасці заключаецца высокі сэнс, на першым плане якога Чалавек, а барацьба супраць бесчалавечнасці ляжыць у аснове мастацкай ідэі.

Помнячы пра першую сваю ўдачу, М. Савіцкі і тут не ўстрымаўся ад таго, каб не стварыць яшчэ адну, лагерную, мадонну. Яна так і называецца «Мадонна Біркенаў», гэта цудоўная жанчына з малым, якая трагічна распасцерлася над комінам лагернага крэматорыя. Гэткай жа высокай сімволікі поўная другая яго работа, што ўжо ўласнаю назвай асацыіруецца з падобнай тэмай, якая шмат стагоддзяў натхняла лепшых мастакоў мінулага. Гэта таксама распяцце, але не па традыцыйным драўляным крыжы, а на жалезных кратах канцлагера Этэрсберг, і на грудзях распятага свежа ззяе пяціканцовая зорка, выразаная ягонымі катамі. Абяскроўленае васковае цела ўражвае ступенню фашысцкага зверства і з’яўляецца ўвасабленнем бязмежнай чалавечай духоўнасці, калі цела ўжо зрабіла сваё і на смяротным рубяжы нічога не можа, затое дух, воля скіраваны ў такія вышыні чалавечых магчымасцей, якія ўжо непадуладны ворагу. Калі ўспамінаць славутых папярэднікаў гэтага роду, напэўна, можна было б назваць самыя гучныя імёны мінулага, але наўрад ці будзе ў гэтым патрэба. Не паўтараючы нікога з іх, гэтае палатно нашага сучасніка дастойна прадаўжае іх неўміручы пералік.

Нельга не прызнаць тут, што сам па сабе зусім правамерны метад прамога кантрасту ў сутыкненні на адным палатне такіх палярных паняццяў, як зло і дабро, паставіў мастака перад шэрагам дадатковых, чыста жывапіснага парадку, цяжкасцей, саўладаць з якімі мог толькі надзвычай таленавіты майстра. Янтарныя целы дзяўчат і глухую чарнату эсэсаўскай уніформы, высакародныя рысы жаночых твараў і пачварныя, у пэўнай меры ўтрыраваныя, постаці катаў і наглядчыкаў вельмі не проста падпарадкаваць агульнай пластыцы, аб’яднаць адзінствам каларыту. Трэба аддаць належнае мастаку, які амаль скрозь умела пазбягае звычайнай у такіх выпадках дысгармоніі: цёмназалацісты каларыт ягоных рэчаў бездакорны і ўспрымаецца як адзіна магчымы для дадзенага намеру, дзе зусім ненатуральнай была б каляровасць. Каларыстычнае майстэрства мастака часам такое дасканалае, што амаль знікае ў змесце — ці не ў тым вышэйшая ступень жывапіснага майстэрства, якому можна зайздросціць.

Творчасць М. Савіцкага за апошняе дзесяцігоддзе каторы раз з усёй відавочнасцю пацвярджае тую неабвержную ісціну, што сапраўднае мастацтва натхняецца перш за ўсё высокай ідэяй, для ўвасаблення якой, апроч майстэрства, патрэбна таксама асоба значнага зместу. Без асобы мастака, ягонага характару і біяграфіі нават пры самым віртуозным умельстве мастацтва не можа ўзняцца высока і кранаць чалавечыя душы. Мабыць, толькі тое значнае і бездакорнае, што выпакутавана і аплачана потам і крывёю.

Дзесяць вялізных палотнаў, створаных за няпоўныя чатыры гады, кожнае з якіх — твор высокага мастацтва і ў той жа час дакумент эпохі. Каб стварыць іх, безумоўна, патрэбны быў немалы жывапісны талент, але не меней за яго — надзвычайная апантанасць. Нядрэмная памяць мастака, усведамленне абавязку жывога ў адносінах да мільёнаў ахвяр, пачуццё адказнасці перад будучыняй далі яму права на подзвіг, можа быць, іншага роду, чым тыя, што мелі месца ў вайну, але таксама не менш самаадданы і вялікі.

[1979]

З пяшчотаю ў душы

Так ужо заведзена на гэтай зямлі, што час ніколі і нідзе не замаруджвае сваёй хады і, не зважаючы ні на якія абставіны, з нязменнай бясстраснасцю адмервае свае хвіліны. Вось ужо шэсцьдзесят год і Аляксею Слесарэнку, нашаму нястомнаму жартаўніку, аматару дасціпнага выразу, нястомнаму прапагандысту беларускага мастацкага слова і пісьменніку.

Што і казаць, як і шмат каму з ягонага пакалення, лёс наканаваў Аляксею Слесарэнку нялёгкую долю з самага дзяцінства, шмат чаго давялося яму вытрываць у гэтым жыцці, не адзін раз здаваць экзамен не толькі на прафесійную, але і на чалавечую годнасць. Аднак, воляй выпадку яшчэ з дзіцячых гадоў далучаны да трапяткой святыні мастацтва, Аляксей Аляксеевіч пранёс праз усе віхуры жыцця нязменную пяшчоту да ўсяго прыгожага, высокага і разумнага.

Гэтую пяшчоту не аслаблялі ў ягонай душы ні цяжкое дзяцінства, ні вайна, калі ён, будучы камандзірам узвода ў стралковым батальёне, займаўся далёкімі ад мастацтва справамі, ні пакуты цяжкога ранення. Вайна, безумоўна, паклала свае адмеціны на ўражлівай душы юнака, але яна і выхавала ягоную волю, якая надта была патрэбна, каб прайсці ўвесь агнявы шлях ад Вялікіх Лук да рэйхстага. Усё пасляваеннае жыццё Аляксея Слесарэнкі ўжо моцна і назаўжды павязалася з мастацтвам і беларускай літаратурай.

Мабыць, самым найпершым у нашай рэспубліцы ўзяўшыся за турботную, але і такую ўдзячную справу прапаганды роднай літаратуры, ён за кароткі час спасціг усе таемныя сакрэты гэтага складанага майстэрства, а руплівасці ў яго хапала. Мабыць, няма ў Беларусі самага далёкага куточка, самай непрыкметнай вёсачкі, дзе б хоць аднойчы не пабываў са сваім канцэртам артыст і чытальнік Аляксей Слесарэнка. I цяпер многія іх жыхары як светлую падзею ўспамінаюць той даўні зімовы ці летні вечар, калі артыст з Мінска цэлыя гадзіны чытаў на памяць «Новую зямлю» Я. Коласа, «Сцяг брыгады» А. Куляшова ці іншыя славутыя або меней каму вядомыя творы. Сем з палавінай тысяч выступленняў перад працаўнікамі вёсак, пасёлкаў і гарадоў — такі творчы рахунак мастацкага чытальніка Аляксея Слесарэнкі.

Але для няўрымслівай ягонай душы адных толькі чытанняў было замала. У сталыя гады ён плённа заняўся літаратурай і напісаў паўдзясятка кніжак, зноў жа прысвечаных людзям мастацтва, іх самым дарагім у нашай гісторыі імёнам. Лепшыя з гэтых кніжак не залежваюцца ў магазінах ці на паліцах бібліятэк, па іх мільёны чытачоў краіны спасцігаюць высокі сэнс тэатральнага мастацтва, урокі выдатных яго майстроў.

I вось яму ўжо шэсцьдзесят. Узрост, безумоўна, не самы юнацкі, але, ведаючы Аляксея Слесарэнку, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ён можа і скажа яшчэ шмат цікавага і значнага, што спее ў ягонай душы. Зарукай таму — ягоная невычарпальная няўрымслівасць, яго пяшчотнае пачуццё да прыгожага, якое ніколечкі не прыгасілі ні гады, ні жыццёвыя буры.

Дык няхай жа і далей шчасціць табе ў жыцці, дарагі Аляксей Аляксеевіч!

[1979]

Ведаць тое, аб чым пішаш

Мастацкае асэнсаванне народнага жыцця ва ўсёй яго непаўторнай разнастайнасці і стварае, на мой погляд, галоўную задачу мастацтва сацыялістычнага рэалізму. Пры гэтым, мне здаецца, трэба зыходзіць з абавязковасці прызнання менавіта факта непаўторнай разнастайнасці жыцця, у якім кожны дадзены момант адбываецца няспыннае ўзаемадзеянне рознага роду характараў, увасобіць якія ў літаратуры можа толькі вобраз. Але вельмі няпроста гэта — праз адно выказваць другое ды яшчэ з неабходнай для рэалістычнага мастацтва глыбінёй і дакладнасцю. Для гэтага мала валодаць літаратурным талентам — трэба яшчэ вельмі многае ведаць, глыбока адчуваць і правільна разбірацца ў часта заблытаных жыццёвых сувязях, працэсах і з’явах.

Існуе парадаксальная на першы погляд думка, быццам для таго, каб перадаць дух часу, трэба адысці ад гэтага часу на адлегласць, бо з адлегласці ўсё відаць болей выразна. I сапраўды, сучаснасць цяжка ўлавіць для тыпізацыі. Куды болей падатлівы і паслухмяны час мінулы з яго ўстаялымі каштоўнасцямі і абкатанымі рэаліямі. Але вось чытаючы сёння некаторыя творы на тэму мінулай вайны, міжволі заўважаеш, як пры ўсёй бясспрэчнасці многіх палажэнняў і кананізаванай абавязковасці пэўных рэалій у іх адсутнічае нешта большае і значнае, без чаго гэтыя творы проста не ўражваюць, хоць гутарка ідзе, магчыма, аб самым галоўным для кожнага жывога — барацьбе за жыццё.

Так, рэалій і востра драматычных сітуацый там, мабыць, дастаткова, але адкуль аўтарам узяць душэўную напоўненасць, псіхалагічную дакладнасць пачуцця, якія немагчыма імітаваць, бо неабходна перажыць. Вось чаму на пытанні маладых літаратараў, што нарадзіліся пасля пераможнага мая 1945 года, ці можна тым, хто не ваяваў, пісаць пра вайну, я адказваю: можна, але лепш не трэба. Літаратура, кіно, тэлебачанне цяпер у стане забяспечыць вас поўным наборам расхожых сітуацый і штатных дэталей, але ніхто не перадасць вам пачуццяў, якія вы не адчулі і якія, быць можа, і складаюць самае істотнае ў кожным мастацкім творы.

Менавіта дакладнасць у перадачы чалавечай псіхалогіі, сіла пачуццяў і вышыня ідэалаў адрозніваюць лепшыя творы літаратуры сацыялістычнага рэалізму на тэмы мінулай вайны. Успамінаючы цяпер многія акалічнасці паяўлення так званай другой хвалі ваенных празаікаў, трэба прызнаць той факт, што галоўным у іх аповесцях і раманах была ўсё ж з нечаканай паўнатой і дакладнасцю выяўленая псіхалогія салдата ў баі. Адамовіч, Астаф’еў, Бакланаў, Багамолаў, Бондараў, Гусараў, Носаў стварылі кнігі, дзе выдатны талент іх аўтараў шчасліва спалучаецца з багатым асабістым ваенным вопытам, які і прынёс поспех прынцыповага значэння. У іх мы знаходзім складанасць, якая ўражвае ўяўленне, і сапраўдны цяжар ваеннага лёсу, самаадданасць і гераізм — увесь комплекс праўды самай крывавай, але і самай справядлівай з войнаў, што выпадалі на долю нашага народа.

Як вядома, усялякае прагназаванне звязана з той ці іншай мераю рызыкі, але ў дадзеным выпадку, здаецца, менш за ўсё рызыкуючы памыліцца, можна сцвярджаць, што лепшыя творы названых вышэй і некаторых іншых аўтараў аб вайне на доўгія гады застануцца ў залатым фондзе літаратуры сацыялістычнага рэалізму, бо ў іх ёсць псіхалагічная дакладнасць і вялікая праўда аб часе, які ніколі не знікне з чалавечай памяці.

[1979]

Газета — школа слова

— Раскажыце, калі ласка, як вы прыйшлі ў журналістыку, як вам працавалася і чаму навучыла вас, будучага пісьменніка, журналістыка?

— У журналістыку я трапіў, можна сказаць, выпадкова. Дэмабілізаваўшыся з арміі ў 1947 годзе, прыехаў у Гродна, дзе выдавалася абласная газета «Гродненская правда», і ў хуткім часе апынуўся ў сценах рэдакцыі. Спецыяльнай падрыхтоўкі, вядома, у мяне не было ніякай. Даводзілася спасцігаць усё на хаду, і я ўдзячны добрым людзям, вопытным журналістам, маім настаўнікам.

Шмат год я працаваў у сакратарыяце рэдакцыі, якім кіравалі ў розны час Ганна Ільінічна Цыпіна і Андрэй Абрамавіч Салаўёў, што далі мне першыя ўрокі газетнай справы. Салаўёў, акрамя таго, быў адным з першых маіх рэдактараў, ён уважліва і з надзеяй аднёсся да маіх першых літаратурных практыкаванняў, якія былі надрукаваны ў «Гродненской правде». Зразумела, я заўсёды буду ўдзячны яму за дапамогу, парады і, безумоўна, за добразычлівасць — гэта так важна ў падобных выпадках.

Трудна пераацаніць значэнне журналістыкі для лёсу пачынаючага пісьменніка. Калі гаварыць коратка, дык яна важная для яго ў двух сэнсах. Па-першае, як школа слова, якая вучыць выказацца на паперы дакладна і сцісла, школа моўнага ўмельства, якое надалей, безумоўна, саслужыць сваю добрую службу. Але ж, зразумела, гэта толькі пачатковая школа, бо авалоданне гэтым умельствам працягваецца праз усё творчае жыццё пісьменніка. I, па-другое, журналістыка заўжды кідае будучага пісьменніка ў гушчыню падзей, дае магчымасць пазнаёміцца з сотнямі розных людзей, характараў, тыпаў, што, безумоўна, патрэбна ў сэнсе назапашвання матэрыялу і вобразаў для будучай літаратурнай творчасці.

Цяпер вы звязаны з журналістыкай пераважна як чытач. Што вабіць вас у журналістыцы нашых дзён, а што выклікае шкадаванне або нязгоду?

— Як, мабыць, кожнага чытача, мяне вабіць у сённяшняй журналістыцы не толькі яе аператыўнасць і надзённасць, але і праблемнасць публікацый. Пры гэтым заўважаеш, што ў адных газетах гэтай праблемнасці больш, другія ж яўна ўхіляюцца ад яе, абыходзяць яе, тым больш што, як вядома, для вырашэння сапраўды складаных і значных праблем адных толькі газетных выступленняў часта недастаткова. I тым не менш яны павінны быць, бо газета — адлюстраванне грамадскай думкі, а каму ж, як не нашай грамадскасці, змагацца за вырашэнне сапраўды наспелых у жыцці праблем?

У гэтых адносінах сярод іншых выданняў вылучаецца «Литературная газета», у кожным нумары якой ёсць штосьці такое, што здольна выклікаць жывую цікавасць чытача, жаданне адгукнуцца, абмеркаваць, а то і паспрачацца. Як ні дзіўна гэта можа здавацца, але для мяне як для літаратара літаратурныя раздзелы «Литературной газеты» меней цікавыя, чым яе раздзелы па эканоміцы, быце, сацыялогіі, дзе адчуваецца гарачы пульс жыцця і гарачая зацікаўленасць аўтараў і журналістаў — супрацоўнікаў рэдакцыі.

Калі мець на ўвазе «літаратуру факта» — род літаратуры, якая пабудавана на дакументах, ці можна сцвярджаць, што журналістыка аказвае на пісьменніка пэўны ўплыў?

— Зразумела, аўтар сучаснай тэмы чэрпае свае задумы з самога жыцця, але ж і журналістыка, у тым ліку і журналістыка факта, таксама частка нашага жыцця. Я не магу пахваліцца канкрэтнымі прыкладамі са сваёй практыкі, але ведаю выпадак з творчага жыцця, напрыклад, У. Цендракова, які адзін сюжэт сваёй даволі вядомай аповесці ўзяў з газеты. Зразумела, у гэтым няма нічога ні кепскага, ні абавязковага для пахвалы: як вядома, сюжэт сам па сабе яшчэ не вызначае поспеху твора. Уся справа ў распрацоўцы сюжэта. Вось і Леў Талстой, як вядома, узяў з газет скупы факт, які лёг у аснову яго сусветна вядомай «Ганны Карэнінай», але распрацаваў яго ў шэдэўр. Зрэшты, Талстой мог абысціся і без запазычанага факта…

Час, калі вы працавалі ў газеце, не за гарамі. Як і раней, у рэдакцыях шмат думаюць над тым, як зрабіць выданне лепшым, болей займальным і патрэбным для чытача. Што вы думаеце аб журналісцкіх сродках больш актыўнага ўцягнення чытача ў кола пытанняў, аб якіх гаворыць газета?

— Часткова я ўжо адказаў на гэта пытанне: патрэбна сур’ёзная размова аб сур’ёзных праблемах, ва ўсякім разе для мяне гэта цікава. Але як гаварыць аб сур’ёзным? Вось, напрыклад, адна з вастрэйшых праблем сучаснасці — алкагалізм.

Нельга сказаць, што нашы газеты не ўдзяляюць ёй месца на сваіх старонках. Пішуць. Рэгулярна друкуюцца гутаркі ўрача аб шкодзе алкагалізму, і фельетоны, і рэпартажы з медвыцвярэзніка. У гэтым агульным наступленні на п’янства актыўна ўдзельнічае таксама кіно (спецыяльнай пастановай Дзяржкіно забаронена паказваць сцэны выпівак), тэлебачанне, радыё.

Пачытаеш, паслухаеш — страх бярэ: здаецца, няма нічога больш небяспечнага за чарку гарэлкі: кажуць жа, што ўсё пачынаецца з чаркі. А які вынік? Спытайце ў работнікаў гандлю, яны скажуць, як расце з году ў год продаж той самай гарэлкі, «чарніла». П’юць рабочыя, калгаснікі, інтэлігенты. П’юць у будні і ў святы, на працы і дома. Таму што піць культурна нідзе нікога не вучаць, п’юць брыдка — з бутэлькі, за вуглом, у пад’ездах, на фермах, у полі. П’юць са шклянак, кубкаў, не закусваючы, пад лаянку і п’яныя бойкі.

А што ж наш друк? Друк на працягу многіх год друкуе дзяжурныя, амаль велікодныя гутаркі аб тым, што піць дрэнна, што трэба не піць. А дзе ўсебаковае даследаванне гэтай сапраўды жахлівай праблемы ў яе сацыялагічным, эканамічным, псіхалагічным, этнаграфічным аспектах? Не памятаю, каб дзенебудзь выступіў з сардэчнай споведдзю былы алкаголік, які ўжо вылечыўся, або перакананы п’яніца, якія б выкрылі гэты недахоп знутры, растлумачылі яго прычыны…

Героі вашых твораў, якія расказваюць пра вайну, трапляюць звычайна ў выключныя абставіны, калі неабходна зрабіць выбар па сумленні. Гэты выбар паміж любоўю да іншых, абавязкам і самаахвяраваннем, з аднаго боку, і сябелюбствам, жаданнем уцалець любым чынам — з другога, выяўляе маральны зарад асобы. Вашыя героі — тыя, якіх любіце вы і любім мы,людзі подзвігу (хоць самі яны, натуральна, гэтага не ўсведамляюць). Што вы думаеце аб прыродзе подзвігу ў нашы дні? У прыватнасці, маладзёжныя газеты часта стараюцца выхоўваць сваіх чытачоў на разглядзе сітуацый выключных. Аднак падчас такі гераізм — імкненне нечалавечымі намаганнямі ліквідаваць той ці іншы прарыў, які з’яўляецца вынікам безадказнасці, галавацяпства. Што вы скажаце з гэтай нагоды?

— Прырода подзвігу ваеннага часу некалькі адрозніваецца ад таго, што мы называем подзвігам мірных дзён. Я думаю, што сумленная праца — гэта сумленная праца. Да подзвігу яна не мае ніякіх адносін. Але бываюць экстрэмальныя выпадкі, здараюцца ў жыцці трагічныя сітуацыі, калі толькі рызыкуючы жыццём можна выратаваць другое жыццё. Друк часам паведамляе аб сапраўды хвалюючых выпадках гераізму ў сутычцы з узброеным бандытам, або пры тушэнні пажару, або выратаванні дзяцей. Але я не магу лічыць вартым пераймання ўчынак, зроблены хоць і з рызыкай для жыцця, але без дастатковых матываў, або той, што здзейснены толькі з-за бравады і заканчваецца трагічна.

Якой бы дарагой ні была тэхніка або жывёла на ферме, усё ж гэта не тая каштоўнасць, платай за якую можа быць жыццё чалавека. Няма неабходнасці тут развіваць гэтую відавочную думку, хіба што варта напомніць, што за кожным такім подзвігам-трагедыяй, якім бы, паўтараю, хвалюючым ён ні быў сам па сабе, стаяць блізкія, сябры, якім дадзена доўга і пакутна думаць над тым, што здарылася.

Некаторыя лічаць, што чым больш універсальны журналіст (можа напісаць на любую тэму), тым ён больш прафесійны. Іншы раз чытаючы тую ці іншую газету, адчуваеш такое, быццам яе напісаў адзін чалавек — бойкі на пяро, дынамічны, але… некалькі павярхоўны. Ці лічыце вы, што важнасць і складанасць праблем, якія стаяць перад нашым грамадствам і не церпяць газетнага пустаслоўя, патрабуюць далейшай спецыялізацыі журналістаў?

— Мне думаецца, час усёўмельства, журналісцкага верхаглядства беззваротна мінуў. Век НТР патрабуе самай скрупулёзнай спецыялізацыі, дасканалых ведаў прадмета, аб якім ідзе гаворка.

Але ж на кожную праблему не набярэшся спецыялістаўжурналістаў. Дзе ж выйсце?

Іншы раз няёмка глядзець і слухаць, як журналістка, што вядзе тэлеабо радыёпраграму, запаўняе паўзы вымучанымі або выпадковымі фразамі, задае наіўныя пытанні, на якія неяк стараюцца адказваць спецыялісты. Відаць, тут проста трэба смялей давяраць тым, у каго ёсць што сказаць па гэтай праблеме, спецыялістам сваёй справы і радзей звяртацца да павадыроў-нянек, карысці ад якіх ніякай. Адна няёмкасць.

Інтэрв’ю браў А. Сакалоў.

[1979]

Памяці мастака

Добрыя весткі ў жыцці прыходзяць кожная ў сваю чаргу, з’яўляючыся вынікам нейкіх прычын, узгодненых з логікай характараў, учынкаў людзей. Благія ж — заўжды алагічныя, ашаламляльна недарэчныя. Да іх прывыкаеш доўга, на працягу ўсяго жыцця, а часам і жыцця не хопіць, каб прымірыцца з імі. У аўтамабільнай катастрофе загінулі работнікі «Масфільма» — кінарэжысёр Ларыса Шапіцька і яе калегі.

Я добра ведаў Ларысу Яфімаўну Шапіцька. Яе смерць — балючая страта для ўсіх, хто ведаў яе, бачыў яе трудныя і вельмі чалавечныя, не падобныя ні на якія іншыя фільмы — палымяныя творы яе незвычайнага таленту, яе неспакойнага духу, поўнага боляў і пакут нашага веку. Цяжка зразумець гэтую страту, яшчэ цяжэй прымірыцца з ёю.

Але што рабіць — смерць сляпая, выпадак заўсёды пазбаўлены сэнсу. Чорны і недарэчны выпадак, так непапраўна і ўраз перакрэсліў чалавечы лёс, жыццё вялікага мастака ў самым росквіце яго творчых сіл.

Быццам прадчуваючы свой фатальны канец, яна заўсёды спяшалася. Усё ёй здавалася мала, яна баялася не паспець, спазніцца. Ужо былі зняты выдатныя карціны, якія прынеслі ёй прэміі і сусветную вядомасць, а прагнасць яе да працы не меншала з гадамі. Здаецца, яна заўсёды ведала, што няма «вечнасці», і няспынна білася над удасканаленнем сродкаў выяўлення сваіх ідэй мовай кіно, імкнучыся да высокага сэнсу і высокай артыстычнасці ў кожным фільме. Мабыць, як нямногія ў сучасным кінематографе, яна разумела сэнс духоўнага зместу мастацтва і ўмела гарманічна ўвасобіць яго ў кожнай рабоце. Часта гэта было няпроста. Усе, хто працаваў з ёю над «Узыходжаннем», ведаюць, як давалася ёй гэтая далёка не «жаночая» карціна, але і Ларыса была надзелена безумоўным разуменнем таго, што толькі яна можа зрабіць тое, што яна робіць. Так ужо здарылася, што менавіта гэта яна — слабая жанчына і цудоўны рэжысёр — узваліла на сябе цяжкую глыбу труднейшага матэрыялу і ўпэўнена паднялася з ёю на адну з вышынь сучаснага кінематографа. У ёй жыў мужны мастак сучаснага кіно, урокі якога не страцяць сэнсу і для будучых пакаленняў кінематаграфістаў.

Яна заўсёды дакопвалася да першапрычын і каранёў, шукала ў глыбінях народнага жыцця, у таямніцах чалавечага духу. Логіка яе мыслення часам здзіўляла, часам захапляла, што наогул зразумела — яна была мастаком, які напружана думаў. I яшчэ — яна заўсёды была аптымісткай, ніколі і ніякія няўдачы не маглі кінуць яе ў роспач. Яна свята верыла ў сваю шчаслівую зорку, гэтак жа, як і ў шчаслівы зыход сваіх творчых намераў, якія б церні ні ляжалі на яе далёка не лёгкім шляху. Цяпер я разумею, чаму так: думкі яе былі светлыя, а дзейсная яе натура таіла ў сабе невычэрпныя запасы энергіі.

Яна заўсёды была ў працы. Яе мастакоўскае ўяўленне заўсёды тварыла цікавыя вобразы, яе задумам не было канца. I ў яе верылі, ад яе многага чакалі…

Але што рабіць — даўно і не намі сказана, што жыць — значыць губляць. Канешне, губляць заўсёды горка, і як бы мы ні суцяшалі сябе тым, што пасля Шапіцькі застанецца многае, як бы ні кляліся памятаць яе цудоўныя фільмы і яе мілы вобраз, — дрэнная гэта ўцеха. Назаўсёды абарвалася жыццё чалавека, спыніўся творчы шлях мастака, і ніхто болей на гэтай зямлі не створыць таго, што магла і хацела стварыць Ларыса Шапіцька, ніхто і ніколі не заменіць яе. Мастацтва кіно страціла аднаго з самых цудоўных сваіх мастакоў, і наш смутак няўцешны.

[1979]

Па праву памяці

Ёсць пісьменнікі-ўніверсалы, здольныя дзякуючы асаблівасцям свайго таленту адлюстраваць любую карціну, распрацаваць усялякую тэму, якія пад іх пяром нязменна набываюць мастацкую выразнасць і значнасць. Ёсць і іншая катэгорыя аўтараў — верных аднойчы выбранай тэме, у даследаванні якой яны дасягаюць часам значнай глыбіні, недаступнай для рознабаковага таленту. З майго пункту гледжання, Рыгор Бакланаў належыць да гэтай апошняй катэгорыі пісьменнікаў, чый талент дасягнуў значнага ўзлёту менавіта ў адлюстраванні мінулай вайны, хоць у яго творчым актыве значацца і такія безумоўныя ўдачы мірнай тэмы, як многія апавяданні або шырокавядомая аповесць «Карпухін». У апошнім, майскім, нумары часопіса «Октябрь» ён выступіў з новым творам на сваю ранейшую тэму — аповесцю пра вайну «Навекі дзевятнаццацігадовыя».

Трэба адразу зазначыць, што ўся ваенная проза Р. Бакланава, пачынаючы ад яго першай аповесці «На поўдзень ад галоўнага ўдару», вылучаецца скрупулёзнай увагай да непаўторных дробязей вайсковага быту, акопнага жыцця, складаных перыпетый бою і чалавечай псіхалогіі ў баі. Будучы майстрам выразнага і ёмістага слова, ён упэўнена валодае фразай, якая нараджаецца думкай і незамутнёным мастацкім бачаннем свету.

Як і ў папярэдніх сваіх творах («Пядзя зямлі», «Мёртвыя ганьбы не імуць», «Ліпень 41 года»), у гэтай ягонай аповесці праяўляецца зайздросная свежасць памяці аб тых агняных гадах, якія ўжо так аддаліліся ад нас, уносячы ў забыццё многае, што яшчэ нядаўна, здавалася, немагчыма было забыць.

Але такая, відаць, асаблівасць чалавечай памяці. На шчасце, сапраўдны мастак не можа сабе дазволіць забыць не толькі важнейшыя падзеі той цяжкай пары, але нават яе, здавалася б, другарадныя дробязі і, што важней за ўсё — такія важныя для мастацтва моманты, як псіхалогію людзей вайны, іх пачуцці, настрой — свет іх душы.

Сюжэтная будова аповесці грунтуецца пераважна на раманнай аснове і ўключае ў сябе год жыцця героя, дзевятнаццацігадовага лейтэнанта Траццякова. Гэта аповесць пра вайну, але ў ёй вы нямнога знойдзеце батальных карцін, а тыя, што там ёсць, напісаны з уласцівым Бакланаву густам і мноствам істотных падрабязнасцей. Менавіта аўтарскі густ дазваляе яму пазбегнуць распаўсюджаных трывіяльнасцей у адлюстраванні салдацкага гераізму, хоць паводзіны Траццякова ў часе атакі можна расцаніць як подзвіг. Гэта, калі так можна сказаць, двойчы на працягу года ажыццёўлены ўдзел лейтэнанта ў вайне, пасля першага з якіх паследаваў доўгі перыяд лячэння ў тылавым шпіталі, а пасля другога яму суджана было навек застацца дзевятнаццацігадовым. Паміж першым і другім баямі пралегла ўся цяжкая шпітальная маладосць Траццякова з яе перажываннямі і марамі, пакутамі і каханнем — увесь лёс людзей пакалення, якое ў раннім юнацтве безаглядна ступіла насустрач шквалу вайны і пераважна ўсё незваротна засталося там. Так ужо склалася, што менавіта гэтыя 18–20-гадовыя хлопцы навек супакоіліся ў шматлікіх брацкіх магілах, раскіданых па Еўропе, у засыпаных выбухамі варонках, абрушаных траншэях і ровіках. Вядома са статыстыкі, што іх, народжаных у 1922–1925 гадах, вярнулася з вайны толькі трое на сотню.

Заўчасная іх страта — гэта не толькі жалобны фінал індывідуальнага лёсу, але і несціханы душэўны боль блізкіх, страта народа, якая ўплывае на лёс і наступных пакаленняў. Гэта, нарэшце, вечны абавязак, які лёг на плечы нешматлікіх іх аднагодкаў і толькі часткова можа быць аплачаны непазбыўнаю памяццю. Таленавіта засведчаная ў мастацтве салдацкая памяць становіцца своеасаблівым духоўным абеліскам, пастаўленым жывымі ў гонар сваіх мёртвых братоў.

У аповесці толькі адзін галоўны герой, які праходзіць перад чытачом з першай да апошняй старонкі, хоць дакранаецца ён да многіх чалавечых лёсаў на фронце, у тыле, у шпіталі. Пільная ўвага аўтара да свайго Траццякова, аднак, не перашкаджае яму жыва, на вачах у чытача, ляпіць іншыя характары, як бы асвятляючы іх сваім унутраным мастацкім зрокам. Гэта, трэба меркаваць, нялёгка, калі памятаць аб дыстанцыі часу, які раздзяляе нас, і тут немагчыма не парадавацца зайздроснай здольнасці аўтара памятаць і бачыць усё. Цудоўна, што ў аповесці зусім не адчуваецца выдуманага, усё быццам пачэрпнута, перажыта, вынесена з уласнага вопыту аўтара. Хоць, зразумела, гэта не так. Якім бы рознабаковым ні быў ён, гэты аўтарскі вопыт, яго заўсёды недастаткова для стварэння значнага мастацкага твора. Тым больш здзіўляючая гэта здольнасць таленту — з такой верагоднасцю выклікаць з небыцця мінулае, насяляць яго жывымі паўнакроўнымі вобразамі.

У адрозненне ад папярэдніх ваенных аповесцей Р. Бакланава апошняя мае мноства характэрных рысаў і бытавых рэалій жыцця ў тыле, далёкім уральскім шпіталі з яго рознахарактарнымі тыпамі параненых, дактароў, санітарак.

Перагарнуўшы апошнюю старонку аповесці, вы будзеце доўга памятаць знявечанага на вайне малодшага лейтэнанта Гошку, аслепленага капітана Ройзмана, камандзіра роты Старых, чалавека нялёгкага лёсу Атракоўскага. Рэалістычна напісанае, пазбаўленае нярэдкага ў такіх выпадках налёту саладжавасці, юнацкае каханне Траццякова да ўчарашняй школьніцы Сашы падкупляе цнатлівасцю адносін, тонка падмечаным душэўным станам.

Аповесць пачынаецца лаканічнай па апісанні, але шматзначнай па сэнсу сцэнай знаходкі ў старым засыпаным акопе астанкаў воіна, армейскую прыналежнасць якога можна вызначыць толькі па ледзьве пазнанай афіцэрскай спражцы. Гэта вельмі знаёмая, нават характэрная для Беларусі карціна, дзе вось ужо шмат год намаганнямі грамадскасці і юных следапытаў працягваюцца пошукі адзіночных і выпадковых воінскіх магіл, пасля чаго ідуць доўгія месяцы пошукаў імён герояў. Не заўсёды яны заканчваюцца паспяхова. Але калі гэта здараецца, нішто са здабытага ў мінулым і адваяванага ў забыцця не пакідаецца без ўвагі. Друк, радыё, тэлебачанне расказваюць аб жыцці і апошнім баі забітых, сэнс іх ратнага подзвігу становіцца здабыткам усіх. Асабліва цяпер, калі беларускі народ урачыста адзначае 35-годдзе вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У заключэнне хочацца выказаць упэўненасць, што апошняя аповесць Рыгора Бакланава з’явіцца сур’ёзным набыткам нашай ваеннай прозы, своеасаблівым абеліскам памяці «навекі дзевятнаццацігадовым», пра якіх таленавіта расказаў адзін з іх жывых аднагодкаў.

[1979]

Пазначана высокаю гармоніяй

Кожнага, хто знаёміцца з ім, найперш уражваюць ягоныя рукі — мазалявыя, працавітыя далоні з абпаленымі травільнай кіслатой пальцамі. Спярша цяжка нават паверыць, што гэтымі далёка не артыстычнымі, абмазалелымі рукамі працаўніка Арлен Кашкурэвіч робіць свой мастакоўскі цуд. Тым не менш менавіта гэтыя рукі здольныя на самую тонкую рыску, на самы непрыкметны рух, якімі поўная і з якіх складаецца ягоная цудоўная графіка.

Так, гэта майстра тонкай, філіграннай і вельмі выразнай лініі, на якой звычайна трымаецца ўся кампазіцыя ягоных графічных работ, яна — выразнік яго эмоцый і яго філасофскага зместу. Безумоўна, гэта вельмі не проста — у кніжнай ілюстрацыі або ў станковых работах галоўны сэнс выявіць праз некалькі скупых ліній; трэба знайсці гэтыя лініі, адпрацаваць іх, давёўшы да гранічнай выразнасці, і, апроч таго, яны павінны быць эстэтычна дасканалыя, надзеленыя выключнай гармоніяй, без якой графіка перастае быць мастацтвам.

Арлен Кашкурэвіч мастак «божай міласцю» і менавіта графік па характару свайго таленту. Ужо першыя работы пацвердзілі яго немалыя здольнасці, а далейшы ягоны шлях у мастацтве быў поўны прызнання, удач і, зразумела, штодзённай напружанай працы. Можа, найперш ён працаўнік, самаадданы і добраахвотны катаржнік, як ён кажа, навечна прыкуты да цяжкой і нязменнай тачкі, назва якой мастацтва. Ягонае імя звярнула на сябе ўвагу знаўцаў і шанавальнікаў мастацтва яшчэ ў пяцідзесятыя гады, адразу пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, пасля ўдзелу ў першых выстаўках. Але сапраўднае прызнанне яго як аднаго з самых лепшых майстроў нацыянальнай графікі прыйшло пазней, калі ён ад паасобных удалых работ на літаратурныя тэмы перайшоў да графічных цыклаў. Сын народа-будаўніка і народа-барацьбіта, ён лагічна звярнуўся ў сваёй творчасці да тэмы гераічнай барацьбы беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і стварыў выдатную графічную серыю пад агульнаю назвай «Партызаны». Эпічная значнасць зместу і драматычнае напружанне кожнага ліста гэтай серыі не могуць не ўзрушыць таго, каму дорага наша гісторыя. Сапраўды, бясконца хвалююць драматычныя паставы яго партызан, што, выбіваючыся з сілы, праз агонь нясуць па балоце параненага таварыша, або група жанчын, звычайных вясковых бабулек, якія заняты зусім не бабульчынай справай — яны набіваюць патронамі магазіны і стужкі для сваіх сыноў-партызан. Нельга раўнадушна адысціся ад ліста, дзе чалавек і конь дапалі да вады і з аднолькавай апантанасцю спатольваюць смагу, або ад наступнага, дзе ў ваеннае ліхалецце жэняцца двое маладых, і мы бачым іх дзве танклявыя постаці, побач дзве іх вінтоўкі і дзве свечкі — на шчасце і на гора, на доўгае ці кароткае іх лясное жыццё. Так, станковая графіка — афорты, аквацінты, літаграфіі — прынесла Арлену Кашкурэвічу ўсеагульнае прызнанне ў мастацтве, званне заслужанага дзеяча мастацтваў і Дзяржаўную прэмію БССР.

Але Арлен Міхайлавіч яшчэ і выдатны майстра кніжнай ілюстрацыі. Не менш паспяхова ён ілюстраваў кнігі вялікага Янкі Купалы, Лакснеса, а таксама творы I. Шамякіна, А. Адамовіча, I. Пташнікава, У. Караткевіча. Вайна і тут упарта трымае яго ў палоне сваім драматызмам, напалам эмоцый, бязмернасцю народных перажыванняў. Вы не знойдзеце ў Кашкурэвіча шырокіх кампазіцый, як правіла, ягоныя лісты не шматфігурныя, — усяго некалькі постацей, а часам і зусім адна пастава — торс, плячо, профіль і заўжды рух, у якім увесь згустак сэнсу, усё галоўнае, выражанае скупа і выразна. Мабыць, з усіх частак чалавечага цела ён найбольш любіць рукі і босыя ногі, якія ў ягоных творах часам гавораць больш, чым твары ці вочы. Ну, але затое якія гэта рукі і якія ногі! Кожная — характар, вузел, напружанне, лёс. Як ніхто з сучасных майстроў мастацтва, Кашкурэвіч валодае зайздроснаю здольнасцю праз малое, нейкую прыватнасць, дэталь паказаць многае, выразіць часам ашаламляльны змест народнага гора і народнага подзвігу.

Некалькі год назад Арлен Кашкурэвіч здзейсніў даўнюю і, не баюся гэтага слова, грандыёзную творчую мару — ілюстраваў «Фаўста» Гётэ. Каля дваццаці старонкавых ілюстрацый упрыгожылі гэта выданне, надалі яму новы сэнс і разам з цудоўным перакладам В. Сёмухі зрабілі яго выдатнаю з’явай беларускага кнігадруку і нашай нацыянальнай графікі.

У верасні Арлену Міхайлавічу Кашкурэвічу спаўняецца пяцьдзесят год. Ён шмат зрабіў у беларускім выяўленчым мастацтве і яшчэ болей зробіць. Мастак у творчым росквіце сваіх сіл, поўны цікавых задум. I без таго бездакорнае яго майстэрства робіцца ўсё болей змястоўным і дасканалым.

Пажадаем жа плёну яго мудрым рукам.

[1979]

Нашы надзённыя клопаты

Банальным труізмам рызыкуе прагучаць з гэтай трыбуны сцвярджэнне аб тым, што наша нацыянальная культура ўзнялася на небывалую дасюль вышыню. Але сапраўды, ніколі ў гісторыі нашага народа мы не мелі такога багата развітага і разнастайнага мастацтва, музыкі, кіно, літаратуры. Каля чатырох соцень літаратараў аб’ядноўвае наш СП, — калі ў Беларусі нас было столькі? Штомесяц выходзяць тры тоўстыя часопісы, дзясятак газет. Выдавецтвы, якіх таксама нямала, не могуць напасціся паперы, каб своечасова выдаць усё вартае, што напрацавана нашымі інтэлектуаламі. Цяпер маладыя разумныя хлопцы (ды і дзяўчаты таксама) ужо ў студэнцкія гады выдаюць кніжачку, а то і дзве, а к часу прыёму ў Саюз маюць іх ужо тры, а то і болей. З горкім сумам успамінаеш той даўні час, калі наш вялікі паэт, паміраючы ля сіняй бухты, быў шчаслівы тым, што меў кніжку з друкарні Марціна Кухты.

Праўда, гэта была асаблівая кніжка!

Канешне, часы змяніліся, і мы не можам не разумець, што росквіт нацыянальнай культуры быў бы немагчымы без сацыяльнага ўздыму, павышэння ўзроўню жыцця народа.

Галоднаму культура не патрэбна, галоднаму патрэбен хлеб.

У нас жа ёсць хлеб і да хлеба, і настойліва ўзнікае новая праблема — патрэбы хлеба духоўнага.

Я думаю, што красамоўны і шматзначны сам факт пастаноўкі на абмеркаванне гэтага пленума праблем беларускага рамана.

Сапраўды, варта толькі ўдумацца ў тое, што адна з самых маладых літаратур Еўропы, для якой паўстагоддзя назад вялікай праблемай было апавяданне, верш, у якой толькі зараджалася нацыянальная драматургія, цяпер ужо мае такую магчымасць (я б сказаў, такую раскошу) — абмяркоўваць праблему рамана. Але так. Раманы ў нас выходзяць штогод, іх ужо багата набралася, імклівы рост гэтага жанру, часам здаецца, ідзе па законах геаметрычнай прагрэсіі. З гэтага поваду хочацца выказаць некалькі вельмі суб’ектыўных, адрывачных думак, якія не прэтэндуюць ні на залішнюю канкрэтнасць, ні на абагульненне.

Перш за ўсё — што такое раман?

У літаратуразнаўстве ёсць даўнія і ёмістыя вызначэнні гэтага жанру, сярод якіх, можа быць, варта працытаваць сёння хоць бы «Неистового Виссариона», паводле якога раман — гэта «изображение чувств, страстей и событий частной и внутренней жизни человека и мира», а таксама «художественный анализ современного общества, раскрытие тех невидимых основ его, которые от него же самого скрыты привычкою и бессознательностью». Другія тэарэтыкі літаратуры характарызуюць тэму рамана як «неадекватность герою судьбы и его положения, избыток человечности в характере героя» (Бахцін), як «движение человеческого сердца» (Стэндаль). Не, я не збіраюся ў святле гэтых фармулёвак разглядаць беларускую раманістыку — вядома, што практыкі літаратуры даўно ўжо не лічацца з тэарэтычнымі прадпісаннямі заканадаўцаў літаратурнай моды і, можа, у значнай меры таму сусветная літаратура, у тым ліку і беларуская проза ўзбагаціліся сапраўднымі шэдэўрамі. Тым не менш, я думаю, ніколі не лішне прыгадаць класікаў, асабліва калі ў нашай гаспадарцы ёсць, як прынята казаць, некаторыя недахопы.

Безумоўна, заслугоўвае ўсялякага заахвочвання з боку грамадскасці і літаратуры актыўнае ўмяшанне раманіста ў нашу сучаснасць, працоўныя будні, праблемы НТР, у адлюстраванні якіх мы маем пэўныя поспехі, у тым ліку і ў жанры рамана. I ўсё ж, мне думаецца, што ва ўмовах бурнага развіцця эканомікі, імклівай зменлівасці сацыяльных тэндэнцый, складанай узаемазалежнасці безлічы тэхнічных, эканамічных, псіхалагічных і іншых фактараў куды большыя магчымасці аператыўнага ўздзеяння на жыццё мае жанр аповесці, аргументаванага, падрабязнага нарыса. У гэтай сувязі ўспамінаецца, як у свой час Аляксандр Трыфанавіч Твардоўскі, будучы рэдактарам «Нового мира», аддаваў перавагу аповесці і амаль не друкаваў у часопісе раманы (за выключэннем, здаецца, добрага рамана У. Фаменкі). У той жа час нельга не ўспомніць, што, напрыклад, нарысы і запіскі В. Авечкіна, напісаныя з болем душы і веданнем справы, перажылі многія раманы і з цікавасцю чытаюцца і зараз. Тое ж самае я хацеў бы аднесці і да рамана аб мінулай вайне, які, нягледзячы на некаторыя нячастыя поспехі, на маю думку, ужо ў сілу спецыфікі жанру, каб застацца раманам, з аднаго боку, не можа абысціся прыватнасцямі, а з другога — не ў стане ахапіць усю неахопнасць эпохі, якая названа вайной. Гэта толькі тытанічнымі намаганнямі народа яна была спрасавана ў чатыры гады, але гэтыя чатыры гады роўныя стагоддзю гісторыі. Але сто год народнага жыцця наўрад ці па плячы нават геніяльнаму раманісту (канешне, вы можаце назваць Маркеса, але ў нас, на вялікі жаль, яшчэ няма беларускага Маркеса). Тыя ж удалыя раманы аб вайне, поспех якіх бясспрэчны, на мой густ, усё ж з’яўляюцца не чым іншым, як болей ці меней расцягненымі аповесцямі, хіба што з прычыны аўтарскай прэтэнцыёзнасці пайменаваныя раманамі.

Так, літаратурная практыка, на жаль ці на шчасце, не схільна лічыцца з жанравымі імператывамі, часам гэта дае добрыя вынікі, а часам, менавіта з гэтае прычыны, аўтараў спасцігае няўдача. Бо тое, што даруецца аповесці на прыватную, лакальную тэму, не даруецца раману з яго куды большымі магчымасцямі, але і з большымі задачамі. Гэта толькі паблажлівасць нашай крытыкі (якая, як вядома, з нейкага часу страціла ўласцівы ёй крытычны запал і выдае толькі станоўчыя артыкулы на ўсе жанры літаратуры, у тым ліку і на раманы), толькі яе паблажлівасць не дае нам грунтоўна разабрацца ў прычынах няўдач такога парадку.

Хвацкі наскок на злабадзённую, часцей за ўсё эканамічную або нават вузкатэхнічную праблему, уяўнасць наспех сканструяванага канфлікту (пэўна ж, паміж добрым і не зусім добрым), патугі на анемічнае каханне плюс пэўная доля адзюльтэра (для жаночай займальнасці) і больш-менш эфектны фінал — вось распаўсюджаны рэцэпт раманістыкі такога тыпу. (Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што і аповесці таксама.) Раман можа быць аб чым хочаш — даверлівая споведзь чалавечай душы ці эпічная карціна жыцця народа, складаная тэхнічная праблема ці вечная складанасць чалавечых адносін. Але ён не можа існаваць без пэўнай канцэптуальнасці, таго адметнага ад іншых аўтарскага светапогляду і светаўспрымання, у якіх павінна знайсціся месца і для адлюстравання «движения страстей», і для «избыточной человечности». Адна голая тэхнічная праблема не толькі не ў стане легчы ў аснову рамана, але і апавядання таксама. Хіба што для спецыяльнага часопіса, калі не ўстарэе да яго выхаду.

Дык добра яшчэ, калі ў той ці іншай кнізе мы маем справу з пастаноўкай слушнай праблемы, а калі нам прапануецца адна толькі бачнасць яе?

I тут я хацеў бы закрануць момант, на маю думку, даволі істотны для развіцця нашай літаратуры сёння.

Неяк на адной канферэнцыі чытачоў у віцебскай глыбінцы да мяне падышоў чалавек, слесар саўгаснай аўтамайстэрні, і на мае словы пра тое, што цікавага шмат у нашай літаратуры, сказаў:

— Цікавага многа. А вот каб паверылася — нямнога.

Я тады яму проста не адказаў, лічачы, што калі твор цікавы, добра чытаецца, дык ён і праўдзівы. А пасля падумаў, што, мусіць, не зусім так. Чытаем жа мы дэтэктывы, у якіх, ведаем, не шмат праўды, але цяжка адарвацца. У той жа час ёсць сусветна прызнаныя творы літаратуры, якія не кожны філолаг можа дачытаць да канца. Прытым існуе такая катэгорыя, як праўда жыцця, тыповасць характараў і абставін, якім разумны, чуйны душой чытач заўжды аддасць перавагу перад самай спакуслівай займальнасцю. Самай дасканалай займальнасцю нельга прымусіць паверыць у неверагоднае, у тое, чаго не бывае ў жыцці. I толькі жыццёвая патрэба грамадства ў літаратурным асэнсаванні яго сацыяльнасці часам робіць магчымым поспех твораў з надуманай сітуацыяй і сканструяванымі вобразамі, накшталт той славутай брыгады, якая адмаўляецца ад прэміі.

Запытаць бы аўтара, ці ён бачыў у жыцці хоць адзін такі выпадак? Хоць бы адзін, не гаворачы ўжо аб яго тыповасці?

Кіруючыся такой методай, можна ісці далей і напісаць драму пра чалавека, які прыйшоў да начальства з хадайніцтвам зменшыць яму аклад. Бо замнога, а ягонае сумленне не дазваляе атрымліваць лішку. Мусіць, гэта ўжо была б камедыя — болей у жанры літаратурных фантазій.

Літаратура існуе не сама па сабе і не для задавальнення сваіх хай сабе немалаважных для яе эстэтычных патрэб, яна мае пэўныя сацыяльныя і духоўныя функцыі ў жыцці грамадства. Для яе не могуць быць абыякавымі КПД яе духоўнага ўздзеяння, тое, чытаюць яе ці не, вераць прачытанаму ці не. Я думаю, усе мы выдатна разумеем гэта, таксама як і тую адказнасць, якая кладзецца на кожнага з нас, калі мы бяром у рукі пяро і прысоўваем да сябе чысты аркуш паперы.

Так, наша літаратура зрабілася ўжо сталай літаратурай Еўропы, і шмат чым у ёй мы можам ганарыцца па праву. Асабліва калі азірнуцца назад. Але ж мы павінны яшчэ час ад часу пазіраць наперад і азірацца па баках, як слушна даводзіў Алесь Адамовіч, мець прывычку суадносіць зробленае з тым, што ў гэтай галіне робіцца ў свеце. На жаль ці на шчасце, жывём не на хутары, а Зямля, як аказалася, кволы маленькі шарык — не болей.

Мы многае ўмеем, умельства наша ў пэўным сэнсе можа параўнацца з высокім артыстызмам класікаў. Часам возьмеш у рукі кніжку, з густам ці не дужа аздобленую выдавецтвам, і не можаш не падзівіцца, разгарнуўшы на любым месцы. Такое майстэрства! Такія апісанні! Тры старонкі і ніводнага абзаца — сплашняк, думка за думкай, слова за слова так і чапляецца, лес, джунглі самых маляўнічых дэталей. А мова! Такое багацце, што вочы разбягаюцца, і без спецыяльнага слоўніка беларусу цяжка зразумець, аб чым гаворка. Дзе ўсё гэта сабраў дбайны аўтар — усе гэтыя замшэлыя слоўцы, сумніцельнага густу выразы, якія далей за вясковым выганам ніхто зразумець не можа. Але ж кніжка выдадзена не для адной вёскі. Хто і як будзе яе чытаць?

Гаворачы пра мову, нельга не сказаць тут, што і шэрая, невыразная наша канцылярская мова, мова многіх нашых газет ды і часопісаў, — таксама бяда, гэта агульнавядома. Але сёння ўжо можна падумаць: ці не аднолькавай бядой з’яўляюцца абедзве гэтыя крайнасці — пазбаўленае густу і меры захапленне дыялектызмамі, пакарабачанымі, без жаднай патрэбы перайначанымі слоўцамі, моўнымі калекамі і прыдумкамі, таксама як і шэрая казёншчына мовы — яны аднолькава аддаляюць нашу літаратуру ад яе чытача — народа. Такая мова аднолькава незразумелая і чужая і для горада і для вёскі. Лексічная яе манернасць, снабісцкая гульня ў моўны прымітывізм, жаданне здзівіць нечуваным цягам часу ператварае яе ў зусім папяровую з’яву, латынь з абмежаваным колам ужытку. Канешне, кожны аўтар мае права на пошук у сваёй галіне, але што датычыцца літаратурнай мовы, дык лепш бы турбавацца пра яе развіццё, рух наперад, у заўтрашні дзень на аснове сучаснага жыцця з яго новымі моўнымі патрэбамі і яго моўнымі заканамернасцямі, якія склаліся. У век НТР, нейтронных боегаловак і асваення космасу наўрад ці могуць задаволіць нашу мастацкую літаратуру, журналістыку, публіцыстыку няхай сабе самыя сакавітыя выразы якойнебудзь гаманкой бабкі з Палесся або Бабруйшчыны. Канешне ж, можна з вялікай асалодай слухаць такую бабку, але строй яе мовы не шмат дасць, калі справа заходзіць аб выяўленні ўнутранага свету і вытворчых клопатаў яе гараджаніна-ўнука, які працуе хоць бы на тым жа аб’яднанні «Інтэграл».

Між тым у нашай літаратуры ёсць выдатныя прыклады высокага густу ў галіне мовы, прыгоднай для самых розных стылёвых мэт — і мастацкай літаратуры, і публіцыстыкі, і нашага справаводства. Дрэнна толькі, што лепшыя здабыткі нашых пісьменнікаў-стылістаў застаюцца прыватнай іх прывілеяй, не распаўсюджваюцца, не пераймаюцца, амаль не вывучаюцца. А шкада. Нават стылістыка Купалы і Коласа не стала, на жаль, эталонам для ўсеагульнага карыстання, хоць менавіта яна па праву ляжыць у падмурку сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

[1979]

[Интервью газете «Социалистическая индустрия»]

— Пройдя через огонь войны не в переносном, а в буквальном смысле слова, что вы, Василь Владимирович, считаете для себя, писателя, главным?

— Что-то одно главное определить непросто. Литература отражает все стороны человеческого бытия, и все они важны. И все же есть в литературе о войне аспект, который привлекает мое внимание особенно. Это поведение человека в условиях военной опасности, границы его душевной прочности. Что он может в обстоятельствах, когда физические возможности в борьбе за жизнь исчерпаны? Каким располагает резервом сил, чтобы все-таки остаться достойным звания человека? Считаю, что этот резерв — в его нравственных началах. Вот я и исследую эти начала, насколько возможно их исследовать средствами художественной литературы.

— На мой взгляд, наиболее выразительно, остро, беспощадно проводите вы такое исследование в «Сотникове». Как появился замысел, что подтолкнуло вашу фантазию, как зародились и ожили эти антиподы — Сотников и Рыбак?

— На фронтовых дорогах мне довелось встретить бывшего командира батальона, который считался у нас погибшим и был посмертно представлен к высокой награде. Последний бой этого комбата действительно был тяжелым и геройским. Но в нем он не погиб, а раненым попал в плен. В плену же испытания не выдержал…

Мне показалось, что история падения комбата может наполнить своим содержанием один из образов задуманной повести. Но по логике, в которой нелегко разобраться и автору, внешними чертами того разжалованного офицера я наделил Сотникова, а поступки его, так сказать, нутро отдал Рыбаку. В результате и выстроилась композиция Рыбак — Сотников, на которой держится повесть.

— В творчестве своем вы долгое время опирались на то, что видели, на свой трудный опыт фронтовика. Опыта же партизанского в вашей жизни не было. А между тем в последние годы герои ваши нередко — партизаны, подпольщики…

— После войны я несколько лет жил за пределами Белоруссии. А когда возвратился в родные места, то услышал многое, что открыло мне до того неведомую сторону войны, и не смог удержаться, чтобы нe попытаться написать об этом. Но решился на это не сразу, со временем, потому что есть у нас писатели с личным партизанским прошлым, лучше знающие жизнь народа и борьбу в тылу врага в годы Великой Отечественной. Тем не менее материала партизанского, доселе нетронутого материала — героического, драматического, трагического — в Белоруссии так много, что хватит на всех и надолго. А жертвы, которые понесла Белоруссия в борьбе с фашизмом, ее мужество просто обязывают не оставлять этой темы, разрабатывать ее еще глубже, настойчивее, разностороннее.

— Вам, Василь Владимирович, наверное, много пишут?

— Да, писем от читателей приходит немало. Особенно вскоре после того, как напечатана новая повесть. Пишут разные люди из разных мест. Пишут ветераны, участники войны. Пишут молодые. Немало среди пишущих тех, кто является основным читателем «Социалистической индустрии», — рабочих, инженеров…

Особенное внимание обращаю на письма молодых — тех, кто под влиянием прочитанного, в частности, книг о войне, задумывается над важными вопросами жизни, просит в чемто дать совет.

Не на все можно исчерпывающе ответить, тем более письмом. Но я стараюсь. Нy и вообще рекомендую внимательнее следить за литературой. Ведь литература так много несет в себе значительного, поучительного.

— Что думаете вы о так называемом книжном буме?

— Ничто не может заменить человеку радости углубленного проникновения в умное, талантливое произведение художественной литературы. Нужно только, чтобы литература оставалась достойной высокого предназначения. Чтобы каждая новая книга была богатой и неповторимой по мысли, острой по постановке проблемы. Не так важно, решается или не решается эта проблема на страницах книги, важно, чтобы она была поставлена. Чтобы читателю было над чем задуматься, соглашаясь или не соглашаясь с автором, чтобы он не оставался равнодушным, сопереживая…

— Что же видится вам главным в литературе?

— Быть учителем нравственности. У советской литературы в этом смысле очень весомые традиции. А опирается она на классику. Потому что никакая другая литература мира не уделила столько внимания нравственному совершенствованию человека, как русская классика. Вспомним хотя бы наших гигантов — Толстого и Достоевского.

Когда мы обращаемся помыслами к прошедшей войне, вопросы нравственности человеческих поступков, их побудительных мотивов, совестливости приобретают особую остроту. Война есть война. Как того ни хотелось, сберечь жизни всем сражавшимся за Родину было невозможно. Случалось так, что кому-то было самому решиться на то, чтобы во имя великой цели отдать жизнь. Естественно, не обходилось без внутренней борьбы. Только у одних эта борьба продолжалась секунды, и побеждало чувство долга. У других же столкновение естественного желания жить с тем, чего требовал долг, затягивалось, а иногда вызывало осложнения.

Могут сказать, что такие случаи — явление нераспространенное, исключительное. Но, я думаю, литература равно должна их исследовать. Потому что исследование человеческой души во всем ее разнообразии есть главная задача литературы, да и всякого искусства вообще.

— В печати, в литературной среде время от времени продолжаются споры, появится или не появится когда-либо главная книга о минувшей войне, так сказать, «Война и мир» двадцатого столетия…

— Разговор об этой главной книге о Великой Отечественной войне начался давно, еще когда битва была в разгаре. В грядущее ее появление верили очень авторитетные, крупные писатели, например, Илья Эренбург. Но вот мы готовимся отметить 35-летие Победы, а книги такой все еще нет. Думаю, и не появится, если иметь в виду одно произведение. Подвиг народа в Великой Отечественной был настолько огромен, пережитое настолько грандиозно, что даже самый гениальный автор и его самая гениальная книга не могут объять этот масштаб, показать этот подвиг, это пережитое во всем величии: великую книгу о великой войне, новую «Войну и мир» создает вся советская литература.

Интервью вел В. Мехов.

[1979]

[Предисловие к книге «Войны разрозненные строки» Ефима Гольбрайха]

Автор этих записок ветеран Великой Отечественной войны Ефим Абелевич Гольбрайх родом из Белоруссии. Его детство прошло в старинном городке Витебске, и во время войны он сражался в пехоте, и эти обстоятельства дают мне право с определенной причастностью судить о его строках. Надобно сразу сказать, что это суждение с самого начала моего знакомства с работой Е. Гольбрайха было и оставалось весьма благоприятным для автора.

Принято считать, что минувшая война советского народа против немецко-фашистских захватчиков составляет целую эпоху в его истории и, как всякая эпоха, она содержит в себе часть бесценного общенародного опыта, концентрированного в четырех страшных годах и персонифицированного в непосредственных участниках этой беспримерной борьбы.

Конечно, о войне написано много, но кто скажет, что тема ее исчерпана? Каждая новая книга о ней добавляет к общей картине народного бедствия нечто свое, создает новые образы и называет новые имена. Уже в одном этом состоит непереоценимое значение военной литературы.

Автор настоящих записок безыскусно, но очень правдиво, со скрупулезной точностью участника и очевидца повествует о пережитом, тем самым внося свой благородный вклад во всенародную копилку памяти о тех героических днях, примет которых все меньше остается в нашем сегодня. Здесь нет необычного, исключительного, многое из записок Е. Гольбрайха известно нам по другим источникам, а многим — и по собственному опыту. Но ведь каждый конкретный опыт — это частица истории и она чему-то да учит.

Разумеется, война учит многому, и эта ее наука часто открыто, публицистично выражается автором в его строках, а часто содержится в подтексте, освещая благородной мыслью факты и образы этих записок.

Отрадно заметить, что автор обладает завидной человеческой памятью и зорким взглядом, которые позволяют ему с такой живостью и достоверностью воскрешать картины минувшего. Читая его, явственно узнаешь быт и нравы довоенного Витебска, драматические события начала войны, бои на юге Украины. Глубоко впечатляют героические сцены обороны Сталинграда, явившейся суровой академией войны для молодого солдата Е. Гольбрайха, фрагменты тяжелых боев на Сиваше, в Крыму и Прибалтике. Множество образов солдат и офицеров проходят перед взором читателя, оставляя в его сознании какую-то черточку памяти о себе. Это тем более важно, что другой памяти о них, может, уже и не осталось на этой земле.

Скуп, лапидарен и емок язык записок. Автор счастливо избегает приблизительности и общих мест, образы его просты, ярки и выпуклы. Благородная печать трудной правды войны лежит на лучших страницах записок, согретых теплом человеческого участия и доброты. И, конечно, светлой памяти о тех, кто в трудное время был рядом, но кого уже нет с нами сегодня.

Я желаю счастливой судьбы этим солдатским запискам.

22 декабря 1979 г.

[ІНтэрв’ю газеце «Літаратура і мастацтва»]

— Васіль Уладзіміравіч, «пад заслону» года ў друку паведамлялася пра вашу сустрэчу з чытачамі ў Маскве. Раскажыце, калі ласка, пра гэта больш падрабязна.

— Сапраўды, нядаўна ў Маскве адбыліся два мае выступленні перад чытачамі — у Політэхнічным музеі і Дзяржаўнай бібліятэцы імя Леніна. Абодва гэтыя мерапрыемствы прыемна ўразілі добрай увагай сталічнага чытача да маёй творчасці, даволі грунтоўным веданнем яе. Хаця і нялёгкая гэта справа — на працягу некалькіх гадзін весці гаворку з вялізнай перапоўненай залай, але ўвогуле адчуваеш задавальненне, бо ідзе даверлівая шчырая бяседа аб справе, якая аднолькава цікавіць аўтара і яго чытачоў. Мяне нават трохі здзівіла тая глыбіня зацікаўленасці праблемамі жыцця і літаратуры, якую праявілі масквічы. Аказалася, што ніводны радок, ніводнае слова нашых твораў не праходзяць міма самай пільнай і прыдзірлівай чытацкай увагі, і ўсё ў нашых творах — як несумненныя вартасці іх, так і прыхаваныя хібы — будуць належным чынам ацэнены. Карацей кажучы, у Маскве я меў шчасце сустракацца з самым зацікаўленым, патрабавальным і ўдзячным чытачом, якім можа ганарыцца кожная нацыянальная літаратура.

— Ці не маглі б вы, Васіль Уладзіміравіч, у сувязі з гэтым пасвяціць нас і ў свае ўзаемаадносіны з найбольш блізкімі вам рускімі пісьменнікамі?

— Мой творчы вечар у Політэхнічным музеі вёў вядомы рускі празаік Юрый Бондараў, з якім у мяне даўнія і вельмі сардэчныя адносіны. Ён мой равеснік, у часе вайны служыў у звыклай для мяне стралковай дывізіі, мусіць, таму матэрыял яго кніг на тэму вайны блізкі мне і дарагі. Зноў жа, я адчуваю яго па-сяброўску вельмі зацікаўленае стаўленне да маёй творчасці, якое ён меў выпадак яскрава засведчыць у друку, калі была ў тым патрэба. Да таго ж гэта тонкі і глыбокі мысліцель, публіцыстыку якога чытаць таксама цікава, як і яго мужную таленавітую прозу.

Я мог бы назваць яшчэ нямала старэйшых і маладых рускіх і з іншых рэспублік празаікаў, пераважна былых франтавікоў, з якімі ў мяне даўнія і сяброўскія адносіны. Асабліва гэта датычыць майго пакалення франтавікоў, якіх вельмі не шмат вярнулася з палёў мінулай вайны і яшчэ паменела за пасляваенны час. Няма ўжо маіх сябрукоў, выдатных пісьменнікаў К. Вараб’ёва, В. Земляка, Л. Якіменкі, В, Курачкіна, якія працягваюць жыць хіба у сваіх творах ды ў памяці тых, хто ведаў іх і любіў.

— Пытанне такое, можа, залішне адцягненае: як суадносіцца літаратура, проза, скажам, з выяўленчым мастацтвам у плане служэння грамадству, высокім ідэалам?

— Даўно вядома, што розныя віды мастацтва маюць блізкія, хоць і не зусім выяўныя падабенствы паміж сабой. Ёсць такія падабенствы і ў літаратуры з выяўленчым мастацтвам. Не кажучы ўжо пра агульнасць творчага метаду ці тэматыкі, гэта асабліва датычыць стылю, формы, меры аб’ектывізацыі ці, наадварот, аўтарскага суб’ектывізму ў творах прозы і жывапісу. Вядома, што літаратурны стыль многіх празаікаў, іх моўная манера даюць пэўнае права супаставіць іх з жывапіснай ці графічнай манерай многіх мастакоў, незалежна ад іхняй тэматыкі. Тэматыка можа быць блізкай, а можа і далёкай, нават супрацьлеглай па змесце, а вось стыль можа аказацца падобным.

Мабыць, гэта і зразумела, бо стыль — гэта чалавек, як сказаў Бюфон, а характар чалавека не можа не праявіцца ў справе рук яго. Так, напрыклад, існуе вялікае падабенства творчых манер беларускага пісьменніка У. Караткевіча і фламандскага мастака Брэйгеля. У іх аналагічнае бачанне свету і сходныя мастакоўскія адносіны да жыцця; чытаць гістарычную прозу Караткевіча таксама цікава, як і разглядваць палотны «мужыцкага» Брэйгеля, — пераход ад аднаго да другога не патрабуе ніякай душэўнай перастройкі. Можна нават сказаць, што той, каму падабаецца Брэйгель, з не меншым задавальненнем прачытае і Караткевіча, асабліва яго гістарычную прозу і з яе найперш гісторыю пра мужыцкага Хрыста, які «прызямліўся ў Гародні».

— Як вы ацэньваеце творчыя набыткі беларускай літаратуры за гэты год? Што з новых твораў найбольш імпануе вам асабіста?

— Вядома, я не магу прэтэндаваць на ўніверсальнасць маёй ацэнкі гадавых набыткаў беларускай літаратуры ўжо хоць бы з тае прычыны, што прачытаў далёка не ўсё. А за гэты год у друку з’явілася некалькі добрых, на маю думку, раманаў, якія заўжды нешта значаць для кожнай літаратуры нават з уласцівымі для іх хібамі, якія часам больш важныя для літаратурнай практыкі, чым яе несумненныя поспехі.

З таго, што прачытаў за год, мне падабаецца, напрыклад, ваенны раман В. Хомчанкі, аповесць В. Казько «Суд у Слабадзе», а таксама новая кніга А. Адамовіча, якая неўзабаве будзе друкавацца ў часопісе «Дружба народов». Ва ўсіх гэтых творах (і асабліва ў апошнім) наша мінулая вайна паўстае ў яе самых драматычных аспектах, асэнсаваных глыбокім і ўдумлівым аўтарам.

З вялікай увагай чытаю надзвычай змястоўную кнігу Э. Скобелева «Міраслаў князь дрыговіцкі», у якой, пры некаторай спрэчнасці паасобных момантаў, сабраны вельмі багаты гістарычны матэрыял, пададзены ў вельмі арыгінальнай літаратурнай форме. У нас не шмат такіх твораў, і таму я з гатоўнасцю вітаю кожную спробу ў гэтым напрамку, нават калі яна і не пазбаўлена недахопаў. Ісці першым заўжды трудней, але ж некаму трэба быць і першапраходцам.

— Васіль Уладзіміравіч, як вядома, рыхтуецца да друку ваш чатырохтомны Збор твораў. Што вас у сувязі з гэтым турбуе і хвалюе?

— Так, ужо здадзены ў вытворчасць першы том майго чатырохтомнага Збору твораў. Гэта, безумоўна, радасная падзея ў жыцці кожнага пісьменніка, яна мяне таксама нямала радуе, хаця і нясе з сабой новыя клопаты і немалую адказнасць. Найперш трывожыць думка: а ці будуць цікавыя даўнія (тым болей раннія) мае творы сучаснаму чытачу, што ён там знойдзе блізкага для сябе і сугучнага сённяшняму жыццю? Асабліва што датычыць матэрыялу вайны, праблемы і падзеі якой усё больш аддаляюцца ў глыбіню мінуўшчыны. Зноў жа ў гэтым сэнсе трэба мець на ўвазе, што з часу напісання аповесцей, уключаных у першы том, выйшла нямала выдатных кніг пра вайну розных аўтараў, і гэтая акалічнасць таксама не можа не ўплываць на адносіны сучаснага чытача да твораў, напісаных амаль два дзесяцігоддзі назад.

— Клопат немалы ў вас, Васіль Уладзіміравіч. Акрамя таго, у вас, мабыць, і яшчэ нешта ёсць у творчых планах?

Відавочна, новы 1980 год возьме нямала клопату ў сэнсе падрыхтоўкі наступных тамоў Збору твораў, якія выйдуць у 81-м годзе. Апроч таго, пішу адначасна два новыя празаічныя творы, адзін з якіх — на звыклую для мяне тэму вайны, другі ж — пра нашу сучаснасць. Калі пашанцуе з часам і настроем, дык да канца новага, 80-га года мяркую іх скончыць.

Інтэрв’ю вёў У. Анісковіч.

[1979]

Адна рыска з многіх

У тыя, цяпер даўнія, даваенныя гады хто з нас не быў зачараваны ягонай мілагучнай прозай, ягонымі ўжо ў той час хрэстаматыйнымі вобразамі Андрэя Летуна, Ваські Шкетава, драматызмам нялёгкага кахання Міхася і Рывы. Шмат напісана пра значэнне ягоных твораў, якія даўно і па справядлівасці сталі адметнаю старонкаю беларускай літаратуры, адной з найярчэйшых з’яў нашай культуры. Здаўна вядомы таксама многія прывабныя рысы характару гэтага мастака слова. Мне хацелася б тут расказаць хіба пра адзін маленькі выпадак з гэтым чалавекам, выпадак, які праз гады зіхаціць у памяці яркай нязгаснай іскрынкай.

Неяк сабраўся на сваё пасяджэнне прэзідыум пісьменніцкага праўлення, і ў нізкай старой зале Саюза было цесна ад людзей — столькі прыйшло тых, хто павінен быў прыйсці па абавязку, і зацікаўленых. Зацікаўленых таксама было нямала, бо пытанне на гэты раз ставілася важнае, такое, што сапраўды не магло не закрануць многіх. Абмяркоўваліся выдавецкія планы на бліжэйшыя гады, прысутныя выступалі дружна, перабіваючы адзін аднаго з месца і ад стала прэзідыума. У гэтай напаленай атмасферы, можа, адзін толькі Міхась Ціханавіч, здавалася, нічым не цікавіўся, быў заняты нейкімі сваімі думкамі і ціха сядзеў на краі пярэдняга рада крэслаў.

Сапраўды, цяжкае было пытанне. Былі пакрыўджаны некаторыя з маладых пісьменнікаў, але ж магчымасці выдавецтва таксама не былі бязмежныя. I пасля выступлення некалькіх маладзейшых аўтараў, якія не трапілі ў план выдання, хоць і павінны былі туды трапіць, настала кароткая паўза няёмкасці, якую неўзабаве парушыў нізкі, глухаваты голас Лынькова:

— Там запланавана мая кніжка перавыданняў. Дык гэта… Я пачакаю. Няхай замест яе выдадуць маладзейшых.

Тут зноў настаў няёмкі прамежак цішыні ў зале, дзе такія прапановы гучалі не часта, і за сталом прэзідыума не ведалі, як адрэагаваць на яе. Аднак не запярэчылі, старшыня паставіў птушку ў выдавецкім праспекце супраць кніжкі Міхася Лынькова, што значыла: з’явіўся рэзерв памерам якіх-небудзь 20 ці болей аркушаў.

Неўзабаве аб’явілі перапынак. Міхась Ціханавіч накіраваўся ў гардэроб па паліто, і некалькі чалавек з ліку пакрыўджаных планам абнадзеена і прачула ціснулі яму руку, а ён спакойна, з усведамленнем здзейсненай праваты казаў нешта пра тое, што сам быў малады, што маладым памагаць трэба, што на яго век перавыданняў хопіць.

Пасля перапынку абмеркаванне прадаўжалася, было шмат выказана прэтэнзій, слушных і не вельмі. Меркавалі так і гэтак… I ўрэшце сышліся на тым, што 20 лынькоўскіх аркушаў вельмі ж патрэбны для чарговага выдання Збору твораў аднаго найбольш заслужанага, якому якраз і не стае гэтых аркушаў на яго восьмы ці дзясяты том…

Толькі не ведаю, ці дачакаўся Міхась Ціханавіч падзякі ад таго аўтара, ашчасліўленага ягонай уступкай, ці, можа, так і пайшоў з жыцця са спакойным усведамленнем здзейсненага дабра для маладых.

Як бы там ні было, аднак гэты высакародны і такі натуральны для яго жэст яшчэ адной маленькай рыскай вызначае характар незабыўнага пісьменніка і чалавека.

[1979]

[Прадмова да кнігі «Финал Краба» Мікалая Чаргінца]

Для мастацтва, як і для гісторыі, асаблівую каштоўнасць маюць сведчанні відавочцы, удзельніка, чалавека бывалага, які ведае ўсё аб прадмеце свайго апавядання і нават трошкі болей. Гэтая каштоўнасць яшчэ павялічваецца, калі аўтар, апроч уласнага жыццёвага вопыту і ведаў, валодае і літаратурным талентам, які дазваляе яму з найбольшай паўнатой і даходлівасцю данесці сутнасць падзей і даць сваю ім ацэнку.

Мікола Чаргінец адносіцца да ліку менавіта такіх людзей. Адзін з непасрэдных кіраўнікоў крымінальнага вышуку і літаратар адначасова, ён з’яўляецца аўтарам трох кніг аб трывожнай і неабходнай людзям рабоце савецкай міліцыі.

«Фінал Краба» — яго чацвёртая кніга. Як і ў папярэдніх аповесцях, у гэтай апошняй аўтар пераплавіў многае з уласнага вопыту службы з пэўнай доляй літаратурнага вымыслу, без якога звычайна цяжка абысціся ў прозе. А магчыма, у гэтым і няма неабходнасці, бо такая ўжо ўласцівасць таленту — вымышленае ім часта больш праўдападобнае, чым рэальнае і ўжо напэўна болей цікавае. Ва ўсякім разе ў Міколы Чаргінца трудна аддзяліць адно ад другога, бо абедзве гэтыя якасці зліты ў адзіны дынамічны малюнак крымінальнага дэтэктыву з загадкавай таямніцай злачынства, яго выкрыццём, небяспекамі і пагонямі.

Як правіла, аўтар шчасліва пазбягае многіх яўных і таемных пастак, нарыхтаваных асаблівасцямі дадзенага жанру. Мы амаль не знойдзем тут аблегчаных рашэнняў, халастых захадаў і прыёмаў дзеля цікавасці. Раскрыццё злачынства з’яўляецца цяжкай працай, поўнай рызыкі і небяспекі. Тым больш сур’ёзна і значна выглядае штодзённая, а часам і штоночная праца аператыўных работнікаў крымінальнага вышуку: стрыманага і разумнага маёра Вятрова; маладога і яшчэ малавопытнага Майскага; лейтэнанта Скалава, які на працягу некалькіх дзён, рызыкуючы ўласным жыццём, пад выглядам рэцыдывіста пранікае ў самае логава медзвяжатнікаў. Праца гэтых і многіх іншых людзей праходзіць, як правіла, непрыкметна для старонняга вока. Але менавіта гэта праца сапраўдных герояўпрацаўнікоў нашай міліцыі, ад якіх залежаць спакой і дабрабыт насельніцтва. Яны супрацьстаяць, выкрываюць і нарэшце арыштоўваюць заканспіраваную шайку злачынцаў, якую ўзначальвае мацёры бандыт Крокет-Краб, што спецыялізуецца па дзяржаўных сейфах, але не грэбуе і маёмасцю некаторых грамадзян. Менавіта гісторыя раскрыцця, арышту групы Краба і складае дэтэктыўны сюжэт гэтай аповесці.

[1979]

Загрузка...