Валер Гапееў
ПРАКЛЁН
Раман
ЧАСТКА 1
1
— У вас гарыць нешта...
Голас прагучаў зусім без эмоцый, роўна і спакойна. Люба, дваццаціпяцігадовая Толікава жонка, стаяла на парозе пакоя, вываліўшы з-за крыса халата рыхлую левую цыцку, і соўгала яе правай рукой, спрабавала патрапіць тоўстым, доўгім, як палец на назе, карычневым смочкам у раток дзіцяці, якога няўклюдна прыціскала да сябе.
— Што ў нас гарыць? — падскочыў з канапы яе Толік, вырачыў вочы. — Валодзька! Гарыць нешта!
У Толікавай каржакаватай фігуры — ён быў невялікага росту, трошкі вышэйшы за сваю Любу, шыракаплечы, з доўгімі дужымі рукамі — было столькі разгубленасці і страху, што гэта мімаволі выклікала ўсмешку.
Уладзімір Жабрун з падсвядомай палёгкай — яго бянтэжыла белая, мяккая Любіна цыцка — імкліва нахіліўся, прынюхаўся да трансівера, памацаў яго рукой, потым правёў рукой па прайгравальніку, таксама панюхаў, урэшце абнюхаў, абмацаў тэлевізар, які цяпер працаваў. Звычайны пах электронікі ў час працы, дыму таксама нідзе не відаць...
— Нічога ў нас не гарыць, — мусіў узняць ён вочы на збабленую Любіну постаць.
Некалі яна была яго аднакласніцай, яе вабныя формы пачалі выяўляцца ў класе шостым, калі большасць дзяўчынак хадзіла “шалёўкамі”. А ў сёмым, на занятках фізкультуры, хлопцы ўжо елі вачыма яе постаць, немаленькія, выразна, па-жаноцку, акрэсленыя клубы, пругкія грудзі. Люба распаўнела яшчэ да замуства, а як нарадзіла першынца, дык во — новы махеравы халат, што прывёз сёння з Расеі Толік, ёй, відавочна, замалы. Крыссё сцягнутае адно на жываце, ніжэй расхінаецца вольна, відаць не толькі белае сцягно, але і лапік блакітных майтак, калі Люба сядае ў фатэль і шырока разводзіць калені... Раздаліся, растаўсцелі плечы, рукі, шыя стала зусім кароткая, і невялікая, нерасчасаная галава ў кароткіх русых кудзерках расла нібыта адразу з плячэй.
Уладзімір толькі што кончыў падлучаць спадарожнікавую талерку і наладжваць трансівер — Толік прывёз апаратуру сёння, і сёння ж захацеў усё паставіць.
— От тады сядзем і будзем з табой замочваць мае заробкі! — угаворваў ён і сябе, і Уладзіміра.
І праўда — не піў амаль да канца. А як толькі на вялізным плазменным экране з’явілася першая карцінка, не вытрымаў, хацеў хапнуць з рылца гарэлкі, а пляшка, халера, з дазатарам, чакай, пакуль нальецца... Давялося “цадзіць” у шклянку...
Пакой быў пазастаўляны парожнімі скрынкамі з-пад апаратуры. І наагул, нечым нагадваў саму гаспадыню. Тут усё было дарагое, новае: вялікая канапа ў куце, арыгінальная “сценка-горка”, адмысловы кампутарны стол у другім куце, два вялікія фатэлі, прыгожы часопісны столік са шкла. Гэта калі не лічыць вось цяпер падвешанага плазменнага экрана, тумбачкі з прайгравальнікам... Але, як Люба адзетая, так канапа засланая неахайна, абы накінуць. А посцілка — куды меншага памеру, што яшчэ больш нагадвала Любу. На паліцах “сценкі”, нават за шклом відаць добры слой пылу. Зрэшты, Любе, як заўважыў, пакуль працаваў, Уладзімір, тое зусім не рупіла. Яна толькі хадзіла, то па хаце, то па двары, насіла свайго трохмесячнага сына і совала яму ў твар смочкі то адной, то другой цыцкі. Здаецца, нічым больш і не займалася, і не думала займацца, бо Толік сам бегаў на кухню. А там такі самы гармідар — сярод новай і дарагой мэблі. Бачыў Уладзімір, калі хадзіў піць. Толік з кухні крычаў Уладзіміру, якую каўбасу той будзе есці (хацеў пахваліцца, што прывёз з Расеі аж некалькі гатункаў), сам і каўбасу рэзаў і хлеб кроіў, сюды насіў. Ёсць жанкі, заўважыў сам сабе Уладзімір, — і дзяцей дагледзяць, і мужа, і гасцей, і хату... А можа, Люба мудрэйшая за іншых? Усё ж драбяза! Апрача дзяцей...
— Што ў нас гарыць? — аж запсіхаваў Толік — у жончыных словах ён адчуў пагрозу таму моманту, калі засталося ўжо толькі найпрыемнейшае: наліваць, выпіваць-закусваць ды дзівіцца на любы з трохсот каналаў.
— Дык не ў нас, — павольна прамовіла Люба, пазіраючы, як дзіця ўрэшце лянотна пачало пасмоктваць, узняла галаву і дадала: — То ў Валодзькі там на пасёлку гарыць нешта... Я дзівіцца не стала, бо пажар жа, мне нельга... Быццам дом які гарыць, — дакончыла яна без аніякай трывогі і цікавасці, падкрэсліваючы: гарыць — ну і хай сабе гарыць, мне што з таго?
Яна яшчэ не дагаварыла, а ў Уладзіміра паўстала ў памяці палудзеннае: брат вярнуўся з чарговых “заробкаў” добра падпітым, здаволеным — нёс у кішэні зашмальцаванага фрэнча пляшку белай — далі і з сабой.
— Глядзі акуратна тут, — кінуў яму тады Уладзімір, заводзячы матацыкл.
— Не ссы, — ікнуў у адказ брат.
— Не куры на канапе, папрапальваў усю, згарыш нахрэн! — ужо гучна, праз стракатанне матацыкла крыкнуў Уладзімір, стаў выязджаць з двара і пачуў абыякава-разухабістае ў спіну:
— Што згарыць, то не згніе!..
Уладзімір кінуўся да дзвярэй, Люба нехаця адступіла ўбок, ён ледзь праціснуўся, каб не даткнуцца да яе адрузлага цела. Выскачыў на веранду, і ў гарод — адтуль за ляском быў відаць іх пасёлак.
І пабачыў зарыва, вялікае, нечым нават святочнае. Не барвова-крывавым свяцілася неба, а жывым, трапятка-памаранчавым.
— Што там гарыць?
Гэта Толік выйшаў у гарод, пачухваў пад пахай, пытаўся нездаволена: от ты скажы, такі вечар добры быў, зараз бы пасядзелі так файна...
— Не разабраць... ды чаму там яшчэ гарэць... пяць хат.
Уладзімір хутка выкаціў на вуліцу свой матацыкл, нервова тузануў нагой завадны падважнік.
Выехаў з цэнтральнай сядзібы на дарогу да пасёлка — кіламетры два заставалася, і зразумеў, што няма чаго цешыць сябе надзеяй: ён даўно ўжо вызначыў за гэтулькі гадоў кірунак на сваю бацькоўскую хату ад гэтага вось месца. Толькі яна магла зараз гарэць. Ці бабкі Праскоўі, яна стаіць якраз за хатай Жабруноў. Але з чаго сярод ночы гарэць бабінай хаце, калі яна і печ даўно не паліць?
За кіламетр апошнія сумневы зніклі. Добра відочныя на чорным небе языкі яскрава-памаранчавага колеру, чорны на тле зорнага неба хвост дыму ўздымаліся ад іхнай хаты. Дагнаў пажарную аўтацыстэрну — калгасную.
— Валодзька, дзе ў вас студня там блізка? — крыкнуў яму з кабіны Сяргей Вакульчык, пажарнік, хлопец на два гады старэйшы, з франтаватай вузкай паласою чорных вусаў, упакаваны ў спецадзенне, з хэлмам на галаве.
— Адразу на ўездзе! Што, без вады едзеце?
— Дык, тваю маць, во бочку завезлі ў Плянту! Гулянка там...
Плянта — месца знакамітае. Нейкі прыезджы прыватнік узяў у арэнду возера ў лесе, на беразе паставіў дом адпачынку. З басейнам, бо возера само праз сябе топкае і плыткае, не пакупаешся. Месца ўпадабалі і мясцовыя начальнікі, і з раёна як хто прыязджаў, то цэлілі туды патрапіць — як далей ад людскіх вачэй...
Першая палова хаты ўжо ўся была ахопленая полымем. Некалькі старых у разгубленасці стаялі перад надворкам, не ведаючы, як даць рады бядзе — вёдрамі тут нешта рабіць было бессэнсоўна.
Уладзімір кінуў матацыкл на траву, падскочыў:
— Брат дзе? Бачылі?
Нехта з жанчын спалохана ўскрыкнуў; забожкала, зашапталася ўстрывожана і рэшта.
Уладзімір кінуўся да тыльнага боку хаты, да другой паловы, якая яшчэ чарнела звонку і ўнутры.
— Ой, Валодзечка, не лезь! Не лезь, бо зарэ, як акно разаб'еш — чмыхне, спаліць! — загаласіла нейкая бабця за спінай. — Не ўратуеш ужо яго, як ён там застаўся...
Уладзімір наблізіўся да акна, што было ў ягоным пакойчыку, зазірнуў. Нічога не пабачыў — як малака хто наліў у пакой па самую столь — так дыму нацягнула. Ды наперадзе ледзь паблісквала чырвоным у дзве паласы — гэта праз шчыліны дзвярэй прагнула праткнуцца полымя.
Дакрануўся да шыбы і адчуў, якая яна гарачая, не вытрымаць. Наважліва стукнуў локцем, зазвінела шкло. Прасунуў руку, адшчапіў рамы, расчыніў. У твар ударыла едкая гарачыня. Зразумеў, што яшчэ момант — і ўсё бухне, што тут не гарэла, бо не ставала полымю паветра. Малюнак выбуховага загарання на момант затрымаў яго, але Уладзімір прагнаў страх, падцягнуўся і кульнуўся ў пакой, заплюшчыўшы вочы.
Апынуўся перад шафкаю, пацягнуў дужку і суцешыўся — от добра, што гэтым разам не стаў замыкаць ад брата. Хапіў усе паперы, усё, чаго было там: дакументы, розныя даведкі, страхоўкі, грошы, ашчадныя кніжкі, карацей — усю сваю хатнюю бухгалтэрыю — і, адчуваючы вострую рэзь у вачох і боль, што раздзіраў грудзі, сеў на падаконне, потым скочыў. Упаў на калені, хацеў устаць, выпрастацца, як раптам хакнула ззаду, нібыта ўздыхнуў нехта велізарны, з усхліпам, і з расчыненага акна вырваўся зыркі, пякучы струмень агню, усё адно як дзьмулі адтуль, з пакоя, тры пашчы Змея Гарынавіча...
Выпаўз чацвярыцай далей ад хаты, азірнуўся — яна амаль уся была ў агні.
— Цэлы, Валодзька? — кульгаў да яго сусед, дзед Мірон.
— Цэлы, дакументы во... Не бачылі брата?
— Ды ніхто не бачыў... Беглі — толькі відаць было, як за акном шугае ды дым з-пад страхі ідзе. А бліжэй падышлі, то шкло — трэсь, а яно як шугане — да неба! І ўсё ўсхапілася, як бензінам хто абліў... Даўно гарэла ў хаце, паветра не ставала, от знайшло сабе дарогу — праз столь... Дзе тыя пажарныя?
— Ваду набіраюць... У нас, са студні.
— Трасцу яны набяруць, там ніякіх шлангаў не стане, вада так глыбока, а тае вады — на адно колца! Ёлупні, вашу маць, з парожняй бочкай ехалі... — вылаяўся стары.
Пажарныя прыехалі, пачалі разгортвацца, хоць і подбегам, але без асаблівага імпэту — што тут ратаваць, які сэнс? Сцены ўжо гарэлі суздром, дах і столь праваліліся ў трысцене...
Вады хапіла пажарным хвілін на дзесяць, потым паехалі набіраць ваду да другога калодзежа. Хвілін за сорак прыйшла машына з райцэнтра, за ёй яшчэ адна. Але ратаваць не было чаго. Лілі ваду, бо агонь гарэў. Людзей пазбіралася шмат, моладзь прыбегла з клуба падзівіцца на пажар — тут цікавей, чым на танцульках, усё ж падзея.
Каля чацвертай раніцы, калі стала добра віднець, полымя патушылі, дымілі толькі асобныя галавешкі.
Увесь гэты час Уладзімір сядзеў на бярвенні воддаль, курыў адну за адной цыгарэты. Потым безуважна глядзеў, як ходзяць па пажарышчы пажарныя, нешта шукаюць. Зразумеў — брата шукаюць.
Брат-алкаголік — трыццацігадовы нягеглы мужчына, якога па чарзе выганялі з прымаў адна за адной жанкі цэнтральнай сядзібы калгаса, і ён зноў вяртаўся ў бацькоўскую хату. Улетку яшчэ было тае бяды: не брат шукаў працу за чарку, а праца шукала яго. У вёсачцы, дзе адзінымі непенсіянерамі заставаліся браты Жабруны, дужыя мужчынскія рукі заўсёды былі ў патрэбе. І раніцай бабулькі выстойвалі пад хатай у братоў, калі прачнецца старэйшы, Ігнат. А ён выходзіў, чухаючы запалыя, зарослыя рэдкім валоссем грудзі, аглядаў суседзяў, важна пытаўся, у каго работа пільнейшая, вызначаў час і заплату. А іншым разам і адмаўляў, паблажліва кідаючы: “У мяне ўжо на тыдзень усё распісана”.
Горай было познай восенню, зімой, калі ніякай такой працы для Ігната не было, і ён канькаў ува Уладзіміра на пляшку чарніла, выпіваў, сядаў перад тэлевізарам на старой канапе, напоўніцу пускаў гук, пстрыкаў пультам, выбіраючы сабе перадачу па душы. Гучна рагатаў, гучна каментаваў бачанае, намагаючыся перакрычаць тэлевізар.
І пад тое курыў адну за адной смярдзючую “Астру”, гарачы попел часам сыпаўся на канапу, і на той расла колькасць чорных плямаў і круглых, з чорнымі берагамі дзірак.
Яго і знайшлі на рэштках канапы, дакладней тое, што засталося ад чалавека: абгарэлыя косткі.
Стоячы ў ранішнім сутонні перад пажарышчам, дзе грувасціліся і дымілі яшчэ чорныя бярвенні і два коміны дэманстравалі сваю чырвона-цагляную аголенасць, якую хавалі дзесяцігоддзямі на гарышчы, Уладзімір пакуль што адчуваў страту толькі аднаго: таго архіву запісаў, артыкулаў, які збіраў па сеціве ў свой кампутар. І самога кампутара з самаробным сталом, за якім так утульна пачувалася, за якім наступала новае жыццё, трываў свой асаблівы сусвет.
Тое месца, дзе быў ягоны пакойчык, здавалася цяпер, без сценаў, вялікім. Ад новага манітора засталася чорная горка расплаўленага пластыку, металічны корпус сістэмнага блока быў чорным, але цэлым, недзе варухнулася думка, што, можа, і дыск яшчэ запрацуе... Але потым веды і досвед тэхніка-электрыка згасілі кволую надзею.
Раніца разгаралася, святлела і спакваля адкрывала Уладзіміру ўсю велічыню яго страты. У чорным папялішчы былі незваротнасць і рэчаіснасць: трэба заказваць труну для брата, прасіць, каб капалі магілу, трэба недзе шукаць сталы на хаўтуры, набываць прадукты і гарэлку, гатаваць...
Нечаканыя хаўтуры — не запланаванае вяселле. Два дні мінулі ў тлуме і беганіне, Уладзімір амаль не адрозніваў гадзін. Балазе, дапамаглі ў калгаснай кавярні — толькі заплаціў, усё зрабілі. Дый сам калгас дапамог і з труной, і з машынай. Суседзі, вядома ж... А найбольш Алена, яго колішняя аднакласніца, развядзёнка з двума дзецьмі. Яна, кухар у кавярні, лічы, і была галоўнай распарадніцай на неспадзяваных хаўтурах, і ў вёсцы адкрыта казалі, што цяпер Уладзіміру адна дарога — да яе парога, бо што рабіць адному на папялішчы? Алена ж — жанчына спраўная, характарам добрая, дзеці дагледжаныя і парадак у хаце, і на твар не благая, і да работы не гультайка, і што ж ёй адной векаваць, і чаго Уладзіміру нешта думаць, і гэта ж некалі яны і ў кіно разам хадзілі, і на лавачцы, было лета адно, праседжвалі да трэціх пеўняў. А што не дачакалася Алена Уладзіміра з войска, дык маладосць, што тут паробіш, ды яшчэ бацькі ўгаворвалі, упадабалі яны былі маладога тэхніка-асемянатара. Ну, хіба што работа такая — быком працаваць, дык і такую работу некаму трэба рабіць, а плацяць яму добра, во і дамок новы калгас дае на сядзібе...
Калі людзі разышліся з кавярні, Алена запрасіла Уладзіміра сама — проста пакуль што пажыць, бо начаваць жа няма дзе.
Уладзімір адмовіўся, як мог падзякаваў, адводзячы вочы ўбок — ён адчуваў сябе абавязаным перад Аленай, перад усёй вёскай, у якой пасля пахавання, за хаўтурным сталом, толькі і гаманілі пра іх, і мужчыны проста сцвярджалі, што не бывае шчасця без няшчасця. Уладзімір цяпер як бы ішоў супраць усіх, разбураў акуратна складзены агулам і ёй, Аленай, няхітры план, у якім усім было добра і хораша.
Можа, ён і пайшоў бы ў той вечар да Алены, што прагла мужчынскай ласкі. Калі б не яшчэ адна погаласка, што шамацела ў размовах бабулек ды дзядоў.
“Праклён”.
Даўны, на ўсю вёску накладзены, а найперш на іхны род — Жабруноў, з якога адзін Уладзімір цяпер і застаўся. Нікога болей няма, апрача яго, ніхто болей у вёсцы не носіць гэтага прозвішча, а некалі ж — ого! — Жабруноў палова вёскі было, успаміналі старыя. Цяпер няма. І ці не кожную сям'ю напаткаў вось такі лёс: нехта гінуў у агні, а калі хто і ратаваўся, дык гінула ўсё на надворку ў бязлітасным пажары: дом, гаспадарка, жывёла.
Уладзімір застаўся ў дзеда Мірона на колькі дзён — хата ў дзеда вялікая, то далі адзін пакойчык. Дзеці ўнукаў яшчэ не папрывозілі, пакуль што ў летніках... Уладзімір разбіраўся з паперамі. Раптам у яго ў руках апынулася вялікая сума грошай: і страхоўка за дом, і што на пахаванне давалі, не ўсё патраціў, і ад калгаса, і людзі пазбіралі. Ён меўся ехаць на сесію, узяў адпачынак, адразу за два гады, бо леташні не адбыў — захварэў механізатар, давялося ісці памочнікам камбайнера. Дык і адпускныя далі за два гады. Прыкупіў сабе што з адзення на лета.
Яшчэ тыдзень заставаўся да ад'езду на сесію. Адзіная справа, якой ён змог заняць сябе — разграбаць папялішча.
Пажарныя ўсё ж адну карысную рэч зрабілі — не далі агню перакінуцца на блізкі хлеўчык. Жыўнасці там не было ніякай, а вось інструменту шмат. Галоўнае — бензапіла. Уладзімір цяпер выцягваў чорныя бярвенні, абчэсваў сякерай вуголле, потым рэзаў і адразу шчапаў. Што ж, будуць вось дровы дзеду Мірону, не прападаць жа... Абмые яшчэ дожджыкам, прасушыць сонцам...
Рабіў старанна, па парадку, як і заўсёды любіў: няспешна, але настойліва, каб не пакідаць нічога па сабе, каб не вяртацца. За першы дзень змарыўся так, што ледзь дакандыбаў до копанкі за вёскай, дзе хацеў памыцца. Шараваў сябе мо з паўгадзіны, але якое тут мыццё — халоднай вадой сажу не змыеш... Нічога, за чатыры дні будуць паліць лазню на сядзібе...
Тры вянцы зруба знізу засталіся амаль цэлымі, папытаўся ў дзеда — ці трэба іх рэзаць, той толькі махнуў рукой: дрэву гэтаму гадоў пад пяцьдзясят, каму яно сёння трэба? Ды і па вуглох спарахнела крыху. Рэж на дровы.
Уладзімір меўся канчаць на сёння, але на трэцім рэзе бервяна не заўважыў цвік, скрыгатнула так, аж у пячонцы аддалося. Давялося здымаць ланцуг пілы, вастрыць — не мог такую работу пакінуць на заўтра.
Сонца схілілася нізка на захадзе. Было ціха (тут у іх наагул заўсёды вельмі ціха!), таму Уладзімір здалёк пачуў крокі — шорганне нечых ног у высахлай траве. Зірнуў з-пад рукі, і сэрца ўздрыганулася — да яго ішла Алена.
Ён бы зманіў, каб сказаў, што не думаў пра яе начыма. Думаў. Ляжаў у чужой хаце, на чужым ложку і чужой бялізне — і думаў пра Алену. Галоўнае хацеў зразумець: што яго трымае? Няўжо крыўдуе ён да гэтай пары на яе за тое, што не прычакала з войска? Дык... Шчыра кажучы, больш фанабэрыі было тады ў Уладзіміра, чым сапраўднага пачуцця гора: павінен жа хлопец вось так крыўдаваць, калі яго дзяўчына не дачакалася, мусіць тыдзень хадзіць п’яным, абавязаны штоноч ціснуць, мяць да болю грудзі новай маладухі? А то ж! А вось сапраўднага болю ў душы і не было. Прыкра — гэта так. Бо за два гады ў войску не тое каб астынуў Уладзімір, не. Глядзець на ўсё стаў разважліва, няспешна. Ды яшчэ, што тут хаваць, пабачыў першы раз Алену, ужо замужнюю, дык нечага аж зарадаваўся — такой непрывабнай, з запалымі вачыма, з плямамі на твары, худой падалася яму яна. Не разумеў ён тады, што тое ад цяжарнасці... Але сэрца гэта супакоіла. Хай сабе і грызла яго нешта тупымі зубамі, але не балюча было... нібы бяззубы сабака кусае за руку.
— Памагай Бог.
— Дзякуй на добрым слове, — Уладзімір намагаўся схаваць напружанне, якое ўзвілося з першым позіркам на Алену. — Далёка ідзеш? — спытаў, каб нешта спытаць.
— Да цябе, — проста адказала Алена.
Яна была ў сініх спартовых нагавіцах, закасаных да каленяў, у белай майцы з кароткімі рукавамі. Уладзімір не мог не спыніць вачэй на Аленінай постаці: не худзенькая, а дзябёлая, моцная жанчына, круглявая праз невысокі рост, але не выглядала тоўстай. Паўнаватыя плечы і рукі, але відаць — дужыя рукі. Будуць дужыя, будуць і цягліцы на руках, калі адной гадаваць дзяцей, цягаць на кухні вядзёрныя рондалі, трымаць парсюкоў ды шчыраваць на гародзе.
— То сядай во, — Уладзімір паставіў старкачом не рассечаны яшчэ адрэзаны кавалак бервяна. — На ім сажы няма.
— Ды я не ў чыстым, — супакоіла яго Алена, села, і Уладзімір зноў не мог не заўважыць, як шыракаватыя Аленіны сцёгны не расплыліся на палене тлушчам, а толькі напяліся, як надзіманыя.
Прысела, прыгнулася, глядзела сабе пад ногі, а шырокі выраз на саколцы глыбока адкрываў лагчынку між велікаватых грудзей.
Уладзімір адвёў вочы.
— Наўмысна з вёскі ішла?
— Дзе там, вячэру развозілі касцом... То тут злезла... Я ўжо другі дзень тут праязджаю... У копанцы мыешся?
— Ага...
— Хадзем, памыешся ў мяне па-людску. Ды пакармлю нармальна. Баба Міроніха толькі бульбай з капустай корміць?
— Ды чаго мне жаліцца... — засаромеўся Уладзімір. — Бульба дык бульба, я не пераборлівы.
— Я ведаю, — кіўнула згодна Алена, — ты не пераборлівы... Калі не пераборлівы, дык хадзем.
Уладзімір ліхаманкава думаў: як адказаць і што. Паўза зацягнулася, і Алена невясёла хмыкнула:
— Ды не пужайся ты... Не збіраюся я цябе прывязваць. Ты ж з нашых аднакласнікаў адзін мне сябрам быў, адзін во чалавекам застаўся. Я табе як сябру, як аднакласніку і кажу: памыешся, павячэраеш — рабі далей, як хочаш.
— А, ну... добра... Я да дзеда заеду, вазьму што чыстае, — з палёгкай згадзіўся Уладзімір — Алена прапанавала яму такі варыянт паводзінаў і стасункаў, пра які ён і падумаць чамусьці не мог, але прапанаванае было найлепшым на гэты момант.
— Ды ў мяне засталося ад майго быка, новае, неадзяванае... Як уцякаў, дык і майткі пакідаў, — спыніла Уладзіміра Алена.
Быком абзывалі за вочы, а пазней дык хто і ў вочы былога Аленінага мужа — працаваў асемянатарам. Абзывалі з зласлівай насмешкай: хударлявы, драбнявы, відавочна, слабы. А гонару затое — не павітаецца ні з даяркамі, ні з нагляднікамі. Спецыяліст, анягож. Як выявілася, меў ён свае погляды на будучыню, і там не было ні кароў, ні вёскі, ні сям’і з дзецьмі. У першыя месяцы сямейнага жыцця, як зацяжарала Алена ды пачаўся таксікоз, “бык” запсіхаваў — ён прызвычаіўся (а папраўдзе — Алена прывучыла), каб кожная хвіліна была аддадзеная яму, каб усё ў хаце рабілася дзеля яго. О, які скандал ён учыніў, калі Алена не змагла прыгатаваць упадабаны ім плоў. А яе ванітавала ад аднога выгляду і паху мяса, як ні перасільвала сябе — не магла падысці да стала, дзе яно ляжала ад ранку, яе згінала ад прыступаў яшчэ на парозе кухні.
Як нарадзілася малое, дык напачатку гідзіўся падысці. А каб пялюшку запэцканую ў рукі ўзяць — ані туды тое. Вось жа скажы — каровам руку пад хвост засоўвае да пляча (хай і ў спецыяльнай пальчатцы тая рука), а ад гавенца свайго дзіцяці ванітаваць бяжыць... Алена бачыла, адчувала, што адбылося зусім адваротнае таму, чаго яна чакала ад нараджэння сына. Што дом і сям’я раптам страцілі для яе мужа ўсякі інтарэс, а сама яна засталася патрэбнай яму ў дзвюх іпастасях: як хатняя служка ды крыху жывая гумавая лялька ў ложку — каб не адмаўляла ні ў чым і сама паварочвалася... І не спяшалася б Алена нараджаць другое дзіця, ды падвяла жаноцкая мудрасць — нібыта, як малаком дзіця корміш, дык не зацяжараеш. Панесла, ад першага разу панесла. Як бацька некалі з маці жартаваў: хлопцы толькі нагавіцамі патрасуць, а ты ўжо надзімаешся. Так і дачка...
Калі муж даведаўся пра другую цяжарнасць, то аж збялеў. І сарваўся на істэрычны крык — рабі аборт. На што Алена з нейкай неверагоднай асалодай, нібы даўно хацелася-марылася так зрабіць, ды не было добрай нагоды, акуратна склала і тыцнула пад нос свайму мужу дулю. Той вызверыўся і нечакана кінуўся на яе з кулакамі. А яна, быццам такое не раз рабіла, дужая ў руках, перахапіла яго хліпкі замах і так таўханула ад сябе, што “бык” не ўтрымаўся на нагах ад неспадзеву. Як ён спалохаўся тады! І за хвіліну стаў збіраць валізку.
Найневерагоднейшым было тое, што Алену гэтая невялікая прыгода ў іх сямейным жыцці, першы яе супраціў мужу развесяліў. Яна без аніякай жальбы назірала за тым, як імкліва бегае па пакоях “бык” і збірае свае транты. Ні кропелькі не шкада было! Адно жаданне — хай знікне з вачэй. І знік, толькі праз паўгода з’явіўся, каб аформіць развод. Нахабства набраўся папрасіць, каб аліменты яна патрабавала на адно дзіця — бо бачыш, з жанчынай сваёй ён на кватэры ў горадзе, а там так усё дорага. Алена адмахнулася: няхай. Ідзі, знікай хутчэй. Маці з бацькам жывыя — не дадуць памерці. Выкараскаюся і з двума дзецьмі. І выкараскалася.
Уладзімір не ўсё ведаў пра дачыненні Алены і ейнага мужа, але пра цяперашняе ведаў: што Алена упраўляецца сама, і парадак у яе ў хаце ды надворку такі, што іншая замужняя не дараўнаецца. І дзеці дагледжаныя, паслухмяныя: хлопец і дзяўчынка.
Ён успомніў, як дзейкалі ў вёсцы пра гэты Аленін развод — “выгнала быка з хаты”, і нечакана як прасвятлела ў галаве: а Алена ж і праўда не збіраецца яго прывязваць. Яна ж і без мужа вунь падымае дзяцей. Яе клопат пра яго, Уладзіміра — зусім іншы клопат. Можа, і папраўдзе, шчыры, сяброўскі...
Склаў інструменты, занёс у хлеўчык, адтуль выкаціў матацыкл, які хаваў там ад спякотнага сонца.
— Паехалі? — сеў на матацыкл.
— Ага, — узнялася Алена, абцерла азадак.
Села, абхапіла рукамі, прыціснулася грудзямі да спіны — пругкімі, гарачымі.
І Уладзімір раптам адчуў, як токам яго працяло, колькі жадання ў жанчыне, колькі нерастрачанай пяшчоты і любові.
“Застануся! — як пакляўся сам сабе. — На адну ноч застануся. Вось проста аддзячу, каб свіннёй не быць...”
Але, калі Алена сабрала яму чыстую (і сапраўды — новую) бялізну, калі з асалодай вылежаўся чвэрць гадзіны ў ванне, а потым мыўся, яго цвёрдасць змянілася на млявы абавязак, змешаны з бояззю. І яшчэ болей завагаўся, напалохаўся Уладзімір, калі выйшаў з лазенкі, і Алена паклікала адразу на кухню: стол быў накрыты. А сама яна ў відавочна новым халаце з паўпразрыстай тканіны і не збіралася хаваць сваіх мараў, кожны рух яе цела, не надта прыхаваны шоўкам, клікаў і абяцаў, а заадно, здавалася, і папярэджваў насмешліва: “Нікуды не дзенешся”.
Ува Уладзіміра віравала ў душы пачуццё прыкрасці: сказала ўжо яму Алена, што дзеці ў бабы. Сказала прыгатаванай вячэрай і халатам празрыстым, пад якім свеціцца белымі карункамі бялізна (гэта ж яна на двары пад летнім душам мылася...), што запрашае яго, Уладзіміра, застацца. І калі ты здаровы і вольны мужык, у вачох якога Алена — кабета спраўная, здаровая целам, калі ты бачыш, што яна толькі чакае твайго жадання, і сама яна вольная, дык павячэраць, кінуць “дзякуй” і з'ехаць — тое ці нармальна для мужчыны? Гэта ж проста смешна! Што ён — імпатэнт?
Была б іншая якая — Уладзімір бы застаўся. А што яму, калі той — нішто? Але ж Алена...
Алена пачакала, пакуль Уладзімір сядзе пры стале, дастала аднекуль збоку паўлітровую пляшку.
— У мяне самагонка ёсць, маці гнала, добрая. На святаянніку настоеная, мяккая. Нальем для апетыту?
Уладзімір пачырванеў. Алена знайшла найлепшае выйсце, каб даведацца пра ягоныя планы і прапанаваць сябе. Калі Уладзімір вып'е, дык на матацыкл не сядзе — усе ведалі ў вёсцы непарушнае правіла Жабруна-малодшага: на слуп, выпіўшы, ніколі не палезе, за руль, хоць грамульку вып'е — не возьмецца...
— Ты хочаш, каб я нанач застаўся? — выціснуў Уладзімір з сябе пытанне, спадзеючыся ўпотай, што ў адказе Алены зможа нарэшце знайсці тлумачэнне сваім пачуццям: а ён сам чаго хоча?
— Я ж — жывая баба, — гледзячы яму ў вочы з сумнай усмешкай, што непрыгожа крывіла яе рот (з падмаляванымі? ну, так, падмаляванымі) вуснамі, адказала Алена. — Чаму мужыкі думаюць, што ім хочацца, а нам не? Ды што хочацца... Я вось новы халат першы раз за год адзела... Во глядзі, — Алена хутка тузанула пас, развяла ў бакі крыссё халата, дэманструючы сябе, і Уладзімір спужаўся, сцяўся, каб не здрыгануцца ад нечакана адкрытага перад ім здаровага, жаноцкага цела і кароткага, як стрэл, узбуджэння. — Бялізну новую адзела, — спакойна доўжыла Алена. — Ведаеш, колькі ў кожнай бабы новай бялізны? Прыгожай, ды ні разу не адзяванай? Бо няма для каго... А для сябе мала трэба.
Захінула крыссё, нервова звязала вузлом пояс, потым стомлена прысела, ні слова болей не кажучы, наліла дзве чаркі.
— Не можаш дараваць? — узняла вочы на Уладзіміра.
— Не, не тое... — уздыхнуў Уладзімір, раптам адчуўшы палёгку — Алена, паказваючы яму бялізну і зараз вось запытаўшы наўпрост, як настроіла іхную вячэру на шчырасць, і яму прасцей стала гаварыць таксама шчыра. — Баюся... Назад, у мінулае вяртацца — хіба можа быць нешта добрае ў гэтым?
— У мінулае нам не вярнуцца, — усміхнулася лагодна, як малодшаму, Алена. — У мінулым і ты дурны, і я дурная.
— Чаму так? — здзівіўся Уладзімір. — Не дурныя. Ну, без досведу. Мне здаецца, я такім і застаўся...
— Ты — можа, — са шкадаваннем заўважыла Алена. — Я — не. Калі б ты тады пад вербамі трошкі больш настойлівы быў... Я, дурніца, загадала: як сунеш руку мне ў майткі — усё, выпрастаюся, раскіну ногі. Хоць баялася, але ж во надумала. А ты мне толькі левую цыцку так змяў, што сінякі засталіся. Была б я разумнейшая — сама б майткі з сябе сцягнула. І руку тваю б паклала, куды трэба...
Уладзімір зачырванеўся. Тая цёплая купальская ноч пад вербамі доўга жыла ў ягонай памяці напятай да найвышэйшага гуку струной. Ён доўгія гады ціха песціў тое сваё невыказнае пачуццё пяшчоты, адчуванне поўнай улады над дзявочым целам. І думаў увесь гэты час, што зрабіў слушна — нельга было тады, няправільна. Трэба, каб першае, найчысцейшае, было ў чыстым і на чыстым... на белай прасціне, а не на траве. І от, як выявілася...
Ён не ведаў, што адказаць і што думаць — проста працягнуў руку, узяў і выпіў адразу ўсё налітае ў чарку, шумна прынюхаў хлеб і палез па цыгарэты.
— Закусіў бы... Куры тут, — ціха паўшчувала і папрасіла яго Алена, узнялася, паставіла на стол сподачак. — Хоць пах мужчынскі застанецца, — сказала з незразумелай інтанацыяй.
— Я тады думаў... — Уладзімір зацягнуўся раз і другі і патушыў цыгарэту. — Я тады думаў, што ты... іншага хочаш. Каб не недзе пад вербамі, каб у ложку чыстым, каб не баяцца, што нехта пабачыць і заўтра пераказваць будуць...
— Еш, — ціха адказала Алена. — Пастыла ўсё. Хочаш — заставайся. Сёння чысты ложак, белыя прасціны, не трэба баяцца, што нехта падглядае. Я... хачу, каб ты застаўся. Хоць на адну ноч...
Уладзімір застаўся.
Ён потым курыў на парозе, расчыніўшы дзверы веранды, дзівячыся таму нязвыкламу пачуццю, якое ім авалодала ўпершыню — колькі хвілін таму ў ягоных абдымках Алена сутаргава забілася, наструнілася і выгукнула нешта працяглае, незразумелае, гартанным крыкам, а потым абшчаперыла, сціснула з такой моцай сваіх рук, што перахапіла подых, і шаптала, плакала ў вуха: “Дзякуй, дзякуй, дзякуй...” А ён у той момант разгублена, амаль з абавязку, цалаваў яе мокрыя вочы і шчокі, адначасна ўзрадаваны, акрылены і крыху спалоханы такім бурным праяўленнем пачуццяў жанчыны.
“Чаму б мне не жыць з Аленай?”
Што трымала і трымае ад такой простай пастановы: прыйсці ды пажыць колькі дзён, хай тыдзень, месяц — і паглядзець, што там надалей будзе? Можа, як той казаў, злюбіцца. А калі гэта лёс яго, а ён ніяк не падыдзе да яго, бо баіцца? Лёсу баіцца? У чым яго лёс?
Было ціха, ужо і цвыркуны ўлегліся. Неба ў тысячах зорак трохі разганяла цемру, але невялікі садок (Уладзімір сядзеў на парозе дзвярэй, што выходзілі ў гарод) патанаў у густым чарноцці. Нечакана моцна, не раўнуючы, як нехта толькі што дэзадарантам папшыкаў, пахлі невідочныя кветкі. Аж цягнула пайсці, адшукаць і пабачыць — што за яны? Пах прыемны, незвычайны...
Пачуў, як прыадчыніліся дзверы, не азірнуўся. Алена выйшла басанож, захінутая ў лёгкую коўдру. Прысела побач, схіліла галаву на ягонае плячо.
— Так хораша мне, Валодзька... Ты не ўяўляеш нават, як хораша вось цяпер. Ты калі болей і не прыйдзеш — я не буду на цябе злаваць. Мне гэтай адзінай ночы надоўга будзе.
— Я не ведаю, Алена... Мне ісці няма куды, але... не ведаю... Я вось на сесію з'езджу, пабуду там. Падумаю над усім, — прызнаўся Уладзімір. — Што так пахне?
— Ага, едзь сабе, — лёгка згадзілася Алена. — Ты толькі ведай, што табе ёсць куды вяртацца. А кветкі — гэта мацыёла. Зусім такая... непрыкметная кветка. Некалі бабуля дала. Казала — вядзьмарская кветка. Пакажу раніцай. Я іншым разам выйду ўвечары, як пакладу дзяцей, вось сяду тут і сяджу доўга-доўга. І мацыёла пахне... І я думаю...
І не ўстрымалася, расхінула коўдру, прыпала голым, дагэтуль гарачым целам да Уладзіміра, абняла, захінаючы абоіх коўдрай, прыціснулася і замерла.
Уранку, калі Уладзімір выйшаў курыць сюды ж, Алена паказала яму кветкі — невялікія, непрыкметныя. І цяпер яны зусім не пахлі.
— Не падобныя да вядзьмарскіх, — заўважыў Уладзімір.
— А табе скуль ведаць? — прымружылася Алена. — Шкада, баба памерла, а то б яна даўно падказала мне ўрабіць, каб ты ад майго парога нікуды дарогі болей не ведаў.
— Твая баба магла такое зрабіць? — здзівіўся Уладзімір.
— Магла... Яна шмат чаго магла. Прыедзеш увечары? — скончыла нечакана Алена пытаннем.
— Не ведаю, — шчыра прызнаўся Уладзімір. — Дай дажыць да вечара.
— Ну, глядзі сам, — проста адказала Алена, усё адно як размова ішла пра нешта дробязнае, не надта вартае ўвагі. — Трымай, перакусіш... — сунула ў рукі клуначак, які хіба ўначы сабрала, бо, здаецца, усё ранне была на вачох...
Толькі калі Уладзімір прыехаў да свайго згарэлага дома, ён спакойна абдумаў тое, што стрэмкай сядзела ў свядомасці ўчора ўвечары, не давала заснуць уначы і пякло першыя хвіліны раніцы. Ён баяўся, што калі пераспіць з Аленай, яна адразу ж пачне паводзіць сябе так, быццам ужо сталася ягонай жонкай, ды яшчэ колькі гадоў таму. Але нічога не змянілася ў Аленіных паводзінах. От зусім-зусім нічога. Нібы і не было гэтай ночы, некалькіх гадзін яе адданага кахання. Толькі вочы Аленіны свяціліся. Нечым такім, што не схаваеш ніяк, колькі ні спрабуй, што бабы адразу ж пазнаюць. Пра такое святло нехта пажартуе незласліва, нехта падкалупне са злым жартам, але ж большасць пазайздросціць — хто па-добраму, хто са злосцю. Якая ж жанчына не хоча пачувацца шчаслівай у першыя гадзіны раніцы...
Уладзімір зняў апошні вянец, які ляжаў на вялікіх, амаль што схаваных у зямлі, шэрых камянёх, і тады пабачыў той вузельчык. Ён ляжаў на самым вялікім камені ўсходняга вугла. Жаўтлявая тканіна была ахайна перавязаная чорнай ніткай. Ведаў, што гэтак павінна быць — заўсёды раней клалі пад першы і трэці вянец нейкую ахвяру, адкуплялі месца — такое чытаў. То і расчараваўся быў, калі пад трэцім вянцом нічога не знайшоў, бярвенні перагледзеў — можа, прыляпіліся да дрэва тыя некалькі манет (звычайна ж іх клалі) ці ў моху схаваліся. І мох раздзіраў — нічога не было. А так цікава глянуць — што там клалі дзед ці прадзед, ці баба, ці прабаба...
І вось — вузельчык. Нечакана. Прысеў, закурыў. Тады толькі ўзяў яго ў рукі і неспадзеўкі адчуў хваляванне. Мо найперш таму, што вузельчык выдаваў на парожні — не адчувалася ў ім вагі хоць адной манеты. Але навобмацак там нешта было.
Не стаў рваць ніткак, развязаў, няспешна разгарнуў тканіну.
Пацямнелы ад часу ланцужок (можа, срэбны) і на ім — з таго ж металу шасціканцовая кветка, пялёсткі якой загіналіся ў адзін бок так, што востры канчарык аднаго злучаўся з сярэдзінай наступнага, быццам круцілася колца.
Затахкала сэрца, ад хвалявання задрыжэла рука. Уладзімір нечакана для самога сябе хутка разгледзеўся, пацікаваў на бакі — ці не бачыць хто? Чаму ён так устрывожыўся, што было незвычайнага ў знойдзеным — Уладзімір не разумеў. Але як збоку нехта нашаптаў, аднекуль з'явілася веданне, што срэбная кветка на ланцужку — зусім няпростая.
А можа, яму карцела знайсці тут, у сваім колішнім доме, хоць у апошні момант нешта такое, што б падказала, параіла, памагло адшукаць адказ на такое простае і няпростае пытанне: што рабіць далей, як жыць і навошта?
Ён вагаўся толькі момант — не ў кішэню ж класці знаходку, калі яна з’явілася на белы свет. У кішэні — смецця і пацярухі поўна, яшчэ згубіш, а тут такое ўсё чыстае, хоць пралежала... колькі гадоў? Пяцьдзясят, здаецца, казаў стары Мірон.
Цераз галаву надзеў на шыю ланцужок, адчуў, як халодны метал кветкі дакрануўся да гарачага цела.
І нешта адбылося.
Раптам стала зразумела, што яму няма чаго рабіць на сваім папялішчы. Апошняе, што абавязаны быў зрабіць тут Уладзімір — гэта адшукаць срэбную кветку на ланцужку. І што трэба не расцягваць на невядомы час свой пабыт у вёсцы, а ехаць. Ехаць і шукаць адказы... бо тут ён нічога не знойдзе.
Бліжэй да вечара каротка пікнуў тэлефон — прыйшла СМС-ка. Думаў, звычайная рэклама ад аператара, але паведамленне было ад Алены. Прачытаў прадбачанае: “Цябе чакаць?”.
“Патэлефанаваць не магла? — нечакана разабрала прыкрасць на жанчыну. — Зараз яшчэ пачнецца гульня ў цыдулкі...”
Націснуў выклік, пачакаў. Калі Алена адказала, упікнуў:
— Што, сучасныя тэхналогіі вядуць рэй? Тэлефанаваць складаней, чым літаркі набіраць?
Ён і сам не чакаў, што ў ім з’явіцца вось такі паблажліва-павучальны тон. Збіраўся ж казаць іншае — што сёння будзе да самай цемры, бо трэба кончыць да заўтра, каб ехаць... Яму трэба ехаць.
— Не, я баялася, што голас задрыжыць, — ціха і вінавата адказала Алена — куды толькі падзелася яе ўчорашняя бестурботнасць і смеласць?
— З чаго яму дрыжаць? — здзівіўся Уладзімір.
— Потым скажу... як прыедзеш.
— Я тут доўга збіраюся быць... працы шмат.
— Ты еў што? — клопат умомант прагнаў Аленіну няёмкасць.
— Палуднаваў, што ты збірала...
— Што там было есці... Я прынясу зараз.
І Алена адлучылася.
Уладзімір сеў. Закурыў. Металічная (усё ж срэбра, падумаў Уладзімір) кветка на грудзях, як жывая, казытала цела сваім халадком. Ён асцярожна прыціснуў яе да грудзей і здзівіўся яшчэ болей: яна заставалася халоднай, нібы во зараз дасталі аднекуль з пограба.
“Значыць, так трэба”.
Алена прыйшла за хвілін дваццаць, з клуначкам, задыханая.
— Навошта ты? — мякка ўпікнуў яе Уладзімір. — Не надта ж галодны.
— Да цёмнага яшчэ чатыры гадзіны, — адмахнулася Алена, пачала даставаць прынесенае, стаўляць проста на траву.
Уладзімір, пачуваючыся трохі ніякавата, апусціўся побач, нават прылёг на бок, з задавальненнем выцягнуў ногі.
— Ну вось, зараз будзе на вёсцы размоў... І чаго ў цябе голас мог дрыжаць? — запытаў, няўклюдна жартуючы.
Алена прыпынілася, ціха сказала:
— Еш...
Памаўчала, счакала, пакуль Уладзімір не пачаў даставаць з літровіка смажаную бульбу, і яшчэ цішэй стала казаць са штучнай жартаўлівасцю:
— Не думала ніяк... А тут узяла слухаўку табе патэлефанаваць і уявіла, як ты мне скажаш: “Пайшла нахер, трахайся з кім хочаш”. І зразумела, што калі пачую нешта такое, то не вытрымаю — загалашу, завыю сучкай. Ведаеш, я не плакала вельмі даўно. Вось уначы ўчора плакала, сама здзівілася, падушка ўся мокрая была, гэтулькі слёзаў сабралася. Ды во не ўсе, мабыць. Так мне страшна стала... адной у хаце. Сумна-сумна...
Уладзімір адчуў, як скура на грудзях датыкаецца да нечага цёплага, зірнуў долу — можа, з відэльца ўпаў кавалак бульбіны... Не было ніякага кавалка, і было дзіўна, бо цяпло нібыта ад самога позірку толькі ўзмацнілася, амаль пякло ўжо, хоць трымаць можна.
— Хто цябе зацугляў? — спытала Алена, вачыма паказала Уладзіміру на грудзі, і ён, перавёўшы свае вочы за яе позіркам, зразумеў, што цеплыня ідзе якраз ад дзіўнай кветкі ў яго на грудзях.
— Сам зацугляўся, — памарудзіўшы, адказаў Уладзімір, дакрануўся да кветкі і ўпэўніўся, што яна сапраўды цёплая, бадай што гарачая. З чаго яна так угрэлася? Дзіўна... — Гэта маё... — дадаў ён, — ну, накшталт спадчыны. Знайшлося.
— Во як... Табе памагчы што? — перавяла размову на іншае Алена.
— Не трэба... Ты ідзі, — мякка папрасіў Уладзімір. — Я прыеду... Але пазаўтра паеду... Мне на сесію. І адпачынак у мяне. Грошы ёсць... Я вось на моры ніколі не быў... Не ведаю. Не ведаю пакуль што, — адставіў слоік з бульбай убок, крануў рукой кветку на грудзях, глядзеў на яе, толькі каб не сустракацца з Аленінымі вачыма.
— Дык і добра, з'ездзі на мора, — сказала, як супакойвала малое капрызлівае дзіця, Алена, і твар яе, шыракаваты, скуласты, з загарэлым і таму на выгляд велікаватым носам, быў цяпер такі, усё адно як яна і папраўдзе схілялася над калыскай з дзіцём. Потым усё схавала хмарка злой наважлівасці: — Толькі ведаеш... Ты дзеля шкадавання да мяне не прыходзь. Хочацца табе са мной — дзверы адчыню. А шкадаваць мяне не трэба, — скончыла Алена цвёрда.
— Нічога я не шкадую, — буркнуў Уладзімір. — Што ты ад мяне хочаш? Каб я сказаў табе, што добра мне з табой?
— Што ты ў зямлю гаворыш? — упікнула Алена. — Хачу... хачу каб ты паводле свайго хацення рабіў...
— Ды не ведаю, не ведаю я, што я хачу, разумееш? — нечакана для сябе самога раптам вырваліся ў Уладзіміра словы, і ён спужаўся свайго незапланаванага прызнання, са страхам зірнуў на Алену — навошта ёй такое ведаць? Зразумее яна?
Алена маўчала, сарвала і пакусвала травінку.
— Слухай, я тыя палянякі пазношу да калодкі... А ты парэжаш пакуль што. Хутчэй пашчапаеш... — прапанавала, адвёўшы вочы.
— Добра, — устаў з травы Уладзімір. — Можа, застанецца назаўтра толькі прыбраць збольшага...
Працавалі яны да цёмнага, і праўда, зрабілі шмат. Ужо ўначы ў лазенцы мыліся разам — каб хутчэй.
За дзень Уладзімір сеў на рэйсавы аўтобус — да райцэнтра, каб адтуль ехаць далей. Ён ніяк не чакаў, што будзе пакідаць Аленін дом і яе саму не са шкадаваннем, не з болем, не з надзеяй, а з палёгкай. Яму было прыкра за сябе, ён хацеў думаць пра Алену з удзячнасцю і жалем, але нічога не выходзіла — сапраўды было ўсцешна, лёгка на душы менавіта вось у гэтым бляшаным нутры аўтобуса, які вёз яго ўпрочкі. Калі аўтобус загдзеў, зрушыўся, успыхнула яшчэ адно пачуццё — сораму. Быццам Уладзімір украў нешта, важкае, каштоўнае ўкраў — у яе, Алены. І яна бачыла, яна ведае, што ён — злодзей.
Аўтобус развярнуўся ў цэнтры сядзібы, дзе мясціліся клуб, магазіны і кавярня, прыпыніўся, каб забраць тут пасажыраў, якія сабраліся пад навесам новага прыпынку. Уладзімір не хацеў паварочваць галавы ўправа — ён баяўся праз шыбу акна пабачыць Алену, якая, вядома ж, у кавярні, і магла выйсці, можа, каб махнуць яму рукой на развітанне.
І не ўтрымаўся — зірнуў.
Алена, апранутая ў доўгі, вельмі доўгі, блакітны халат, мыла звонку вялікае акно кавярні. Дакладней, мыла раней, а цяпер стаяла на шырокім уступе, упіраючыся адной рукой у сцяну каля праёму, трымаючы ў другой белую анучу. Ануча выслізнула з рукі, ўпала на зямлю. Высакавата... Жанчыне трэба было скочыць долу. Яна ўперлася другой рукой у супраціўны бок акна і застыла на імгненне.
Уладзіміра працяла нечаканая выява. Алена з раскінутымі рукамі ў доўгім блакітным халаце вымалёўвалася на цёмным праёме акна. Рама за яе спінай выгладала крыжом, і яна стаяла укрыжаваная...
2
“Папаўся!” Гарачая хваля ўдэрыла ў твар, імгненна напаўняючы сабой усё цела аж да канчукоў пальцаў, і яны ўмомант узмакрэлі ад поту, вокладка пашпарта ледзь не выпала з рук. Уладзімір Жабрун асцярожна паклаў пашпарт і запоўнены квіток каля акенца, стрымана выдыхнуў. Павольна павярнуўся, разгледзеўся.
Звычайны пакой пашпартнага стала, цёмна-блакітныя сцены ў плакатах і стэндах. Ля суседняга акна стаіць жанчына, спінай, то не відаць, колькі ёй гадоў, толькі шлейкі станіка пад цеснай кофтай упіваюцца ў тоўстыя бакі. А нагавіцы тонкія і вузкія і шчыльна сядзяць на такім самым тоўстым азадку — сёння падобныя носяць ад падлетка да пенсіянера. Дзве кабеты за акенцамі, адна яшчэ маладая — ля той жанчыны.
Насупраць Уладзіміра за акенцам жанчына гадоў сарака, хударлявая, з кароткай, нават вельмі кароткай, стрыжкай, нервовым тварам, хвіліну таму ўзняла вочы на яго і сказала:
— Што ў Вас?
— Зарэгістравацца, — адказаў Уладзімір.
І тады адчуў хвалю.
Што такое? Адкуль гэтае пачуццё страху і адчування прорвы наперадзе ды сваёй бездапаможнасці?
Паслужлівая памяць умомант выцягнула з глыбіні свядомасці той самы дзень, калі такая самая хваля накрыла яго, прымусіла знерухомець, забрала ўсякую мажлівасць хоць пальцам варухнуць, а ў галаве роспачна білася думка: усё прапала, усё прапала! І немажліва было, ніяк немажліва хоць нешта змяніць!
Тады ім было па дзесяць гадоў — Уладзіміру і ягонаму сябру Толіку. Дарога да школы ішла паўз малады густы хвойнік, праставала на бальшак. І Уладзімір, і Толік не любілі ўрокаў гісторыі, ненавідзелі і баяліся настаўніка — крыклівага Георгія Зіноўевіча, якога ў школе дражнілі за вочы “Кульбам”. Ім старшакласнікі зазвычай палохалі чацвертакласнікаў: “От Вам Кульба пакажа! Умомант адправіць назад у трэці клас!”
І здарылася такое. На другім занятку Георгій Зіноўевіч спытаўся хатняе заданне ў Толіка, той пачаў мямліць і заікацца. Ён то, можа, і ведаў урок, бо вучыў, усе вучылі — баяліся ж, але Кульба зароў:
— Не ведаеш? Ідзі бяры сваю торбу, складай кніжкі — і ў трэці клас! І скажы, што гэта я цябе адправіў! Ідзі!
Толік заплакаў. Стаяў ля парты, хапіўся за яе бераг, як за выратавальную саломінку, і плакаў. Але ў класе ніхто з яго не засмяяўся. Кульба пабачыў слёзы, мабыць, застаўся задаволены, бо пасадзіў Толіка на месца і сказаў:
— Дарую на першы раз. А ад заўтрашняга дня хто не адкажа — буду выганяць!
Настаўнік стрымаў сваё слова — не аднаго вучня яшчэ спрабаваў выгнаць у трэці клас, але скора ўсе зразумелі, што трэба толькі заплакаць — і сядзеш на месца. За месяц заняткаў “выгнанні” скончыліся. Аднак калі Георгій Зіноўевіч падымаў цябе, а ты не вывучыў — было страшна. Так крычаў — уся школа чула. І потым паспрабуй адкажы добра на наступным уроку. Ужо як адзін раз паставіць “двойку” — не злезе...
Неяк правучыліся восень і зіму. А навесну, калі снег цалкам зышоў з вясковай вуліцы і добра прыгрэла, выйшлі з дому раней, зайшлі ў хвойнік і — далей у лес, шукаючы якую бярэзіну: неслі з сабой слоік, нож і загадзя змайставаны з кансервавай бляшанкі латок — каб спусціць сок. Пакуль будуць у школе, накапае поўны слоік! Далей-далей адходзілі, мінулі малады хвойнік, углыбіліся ў стары лес і напароліся на былы акоп з часоў вайны. Акопаў, амаль зарослых, было ў лесе нямала. І гэты быў зарослы. Але ж у такім месцы ён быў — не ўгледзець. Тут і бярозка расла сярод густых ялінак, крывая ад камля, так і цягнула зрабіць падсечку, паставіць слоік пад латок, з якога хутка-хутка пакаціліся першыя каламутныя, з парушынкамі кроплі, а потым закрапалі чысцюткія. Не ўтрымаліся, пачакалі, хвілінку, калі набяжыць па два глыткі — і паспрабавалі першы ў годзе бярозавік: халодны, саладкаваты...
Вярнуліся са школы, то ўжо напіліся ўволю: слоік быў поўны, сок выцякаў на зямлю. Каму першаму прыйшла ў галаву думка пра зямлянку — невядома. Але перакусіўшы, памчалі ў лес. Рабілі зямлянку ў старым акопе. І потым штодня крадком прыходзілі. За месяц тут узнік сапраўдны штаб: вялікая, у ёй можна было стаяць, старанна замаскаваная зямлянка. Сюды яны ўцякалі з урокаў гісторыі. Спакваля абжываліся рознымі рэчамі: зэдлікам, сталом на паленцах. Былі тут і сухары, і сок у пляшках. Раскопваючы акоп далей, напароліся на рэшткі кулямётнай стужкі з пяццю ржавымі набоямі. І тут ужо іх апанаваў такі азарт, што прагульвалася не толькі гісторыя — цэлыя дні. За месяц яны знайшлі і раскапалі некалькі акопаў. Дзясяткі паедзеных іржой патронаў, дзве гільзы з-пад гарматных набояў невялікага калібру. Найкаштоўнейшае — аўтамат ППШ з цалкам згнілым прыкладам, іржавай руляй, цяжкі і вялікі... Але яны былі пэўныя, што змайструюць прыклад, адчысцяць рулю, і ў іх будзе сапраўдны аўтамат.
Эх, як добра тут марылася!
Той ранак быў дажджысты, волкі. Ужо буяў бэз пахучымі купамі ля старой школы, лічаныя дні заставаліся да летніх канікулаў. А ў Толіка нечакана разбалеўся зуб, і ягоная маці зранку аўтобусам павезла сына ў мястэчка. Ісці без Толіка ў школу, калі там першым урокам гісторыя? Ага, зараз... І Уладзімір крадком збочыў у хвойнік, разгледзеўся ўпярод: ці не сочыць хто за ім. Як быццам, ніхто не сачыў.
У зямлянцы было зацішна і суха. Запаліў агарак свечкі, дастаў цыгарэціну, што украў у бацькі. Падпаліў, паспрабаваў зацягнуцца, закашляўся... Хацелася навучыцца курыць па-даросламу, узацяжку, каб здзівіць Толіка: той прыедзе з выдраным зубам, а перад ім зацягнуцца глыбока і доўга выпускаць дым. Кашляў, галава круцілася — кінуў цыгарэту і прылёг на самаробны тапчан: жэрдкі з лапнікам. Мякка, не заўважыў, як заснуў...
— Тут ён! — раздаўся крык, і ў адначассе ў зямлянку ўдарыла невыносна зыркае святло.
Валодзька падхапіўся, як выцялі яго знізу, а сэрца дык падскочыла аж у самае горла. Міргаў вачыма, яшчэ нічога не разумеючы, а ў зямлянку ўжо зазіралі маці, класная кіраўніца і ён, ненавісны Кульба.
Вось тады і ўдарыла ў грудзі, аглушыла, адняла ўсю моц, каб хоць нешта зрабіць, тая тугая хваля безвыходнасці, страху і роспачы: “Папаўся!”
...Уладзімір страсянуў галавой, адганяючы прывід дзіцячых успамінаў, які быў такі праўдзівы, што, здавалася, адчуў пах зямлі і дымка ад патухлай свечкі.
— На мяне паглядзіце, — пачуў ён голас пашпартысткі.
Зірнуў. Жанчына трымала ягоны пашпарт перад сабой, глядзела на картку, мабыць, потым падняла вочы.
І раптам Уладзімір пабачыў не яе вочы, а дзве амаль чорныя, вялікія кропкі, якія шырыліся, раслі раз за разам, і з якіх ішла, разыходзілася хваля. У гэтае імгненне яму не падалося, не! Жанчына ўсміхнулася гэтымі дзвюма чорнымі дзіркамі, хіжа ўсміхнулася, са злой радасцю.
Пагляд быў скіраваны не так у твар Уладзіміру, ён адчуў яго на сваіх грудзях, там раптам пачало пячы, аж да болю. Але Уладзімір стрымаўся, не стаў чапаць рукой гэтае месца.
За пяць хвілін ён выйшаў з пашпартнага кабінета ў калідор, потым — на вуліцу і ўздыхнуў на ўсе грудзі. Цяпер дакрануўся рукой да таго месца, якое пякло ад пагляду пашпартысткі, і ўспомніў, што на ім — тая самая кветка. Пад тканінай кашулі ён адчуў яе гарачыню. Не ўтрымаўся, павярнуўся да сцяны і расшпіліў гузік. Здрыгануўся ад выявы — на скуры была выразная чырвоная пляма ад апёку. “Мабыць, трэба зняць яе...” — падумаў пра сваю кветку, зашпіліў гузік.
Затое ўжо не было ні страху, ні роспачы. Была здаволенасць ад зробленай справы: цяпер у пашпарце стаіць штамп аб рэгістрацыі. І запальваючыся, Уладзімір думаў пра тую хвалю, якая яму падалася. Відаць, у пашпартным кабінеце было нешта такое, што імгненна нагадала яму пра іх дзіцячую зямлянку ў лесе. От і ўзнікла пачуццё... А пашпартыстка... звычайная кабета. Самая звычайная. І вочы ў яе так-сама звычайныя: шаравата-зялёныя, як ён потым разгледзеў. Ну, нешта прымроілася, як зірнула першы раз...
3
Стаўленне Алеся Лобача да маладых цяжарных жанчын цяжка было вызначыць адным словам. Была тут і павага, якая больш грунтавалася на ягоным стаўленні да маці, цяпер нябожчыцы. Была хлапчуковая сарамлівасць. Хоць адкуль ёй быць? Алесю Лобачу, кандыдату гістарычных навук, выкладніку ўніверсітэта, дацэнту кафедры айчыннай і агульнай гісторыі, мінула трыццаць. Быў недавер да адчуванняў і пачуццяў, як да сваіх, так і да чуллівасці цяжарных жанчын. Было чаканне нейкага падману. Апошняе тлумачылася лёгка: колішняя Алесява жанчына, лабарантка Тоня, падманула яго, тады маладога аспіранта, менавіта на цяжарнасці. Таго і цяпер не хочацца ўпамінаць. Асабліва першую ноч. Дзякуй Богу, яна амаль уся схавалася ў п'янай няпамяці. Не хочацца ўспамінаць і нахабнай, дзёрзкай манеры Тоніных паводзінаў, калі яна пры ўсіх прыціскалася, брала яго пад руку, пыталася пра тое, што еў наранку. Карацей, заяўляла на яго ўсе правы — і рабіла тое дэманстрацыйна, без кроплі сораму ці ніякаватасці. Так, нечым яна падабалася яму — хуткая, вясёлая і, як кажуць цяпер, прабіўная. Няхай ён і саромеўся ўдзень, адчуваў сябе на кафедры мішэнню пад хітраватымі позіркамі, але ж наставала ноч — і дзень з яго адчуваннямі нечага няправільнага, непатрэбнага ў ягоным жыцці, знікаў у віхуры любошчаў. У такой віхуры першы раз ледзь не захлынуўся Алесь, калі праз тыдзень пасля той п’янай ночы Тоня прыйшла сама, не стала чакаць запрашэння. Яе юрлівасць распаліла яго да той ступені, што авалоданне жаночым целам — вось гэтым целам і вось цяпер — першы раз, бо нельга ж уважаць тую п’яную ноч за нейкі досвед, калі ён фактычна нічога не памятаў — набыло значнасць найвышэйшай і найважнейшай задачы. І потым ён чакаў ночы. Не хацеў сабе ў тым прызнавацца, гнаў ад сябе думку, што вось, карыстаецца дзявоцкай закаханасцю, але чакаў.
Надыходзіла ранне. Жаночая галава побач на падушцы і ўчорашні бессаромны вір зноў спляталіся ў прыкрым усведамленні: ён не кахае, ён не павінен, усё непрыгожа, подла.
За два з нечым месяцы Тоня сказала, што зацяжарала. Пачуць пра тое было, як спатыкнуцца на роўнай, акуратнай сцяжынцы: Алесь зразумеў, што цяпер свет вакол яго павінен змяніцца, назаўсёды.
Але ж ён не збіраўся пакуль што жаніцца, а пагатоў з ёй, пагатоў, цяпер, калі гэтулькі часу і моцы забірала пісанне кандыдацкай і аспірантура з універсітэтам. Яму была патрэбная простая, роўная сцяжынка на бліжэйшыя гады.
Але ў Тоні былі свае планы на будучыню. Ён потым зразумеў, што яго скарыстоўвалі як нейкую бязвольную прыладу, як рэч. А тады... Тады Тоня ў адзін дзень сустрэла яго на ганку ў сукенцы, якую раней ніколі не адзявала. Сукенка была не яе памеру, не яе фасону, такія сукенкі не носяць жанчыны без уважнай прычыны. І яму нельга было не заўважыць, як вырас Тонін жывот...
Яна не плакала і не скардзілася на жыццё. Сказала, што аборт рабіць не будзе, але яе маці пракляне і выжане з дому, калі яна народзіць без бацькі. І куды ёй падзецца, калі яна туліцца ў інтэрнацкім пакойчыку, які ёй праўдамі і няпраўдамі выбіў загаднік кафедры? І калі Алесь хоча, каб ягонае жыццё належала яму самому, калі хоча, каб яго навуковая кар'ера ішла, як ім задумана, яна не будзе яму замінаць. Не будзе прасіцца замуж, але ён мусіць з ёй распісацца. Штамп у пашпарце яму нічым не шкодзіць, пазней яны развядуцца. Калі хоча, то і шлюбную дамову можна аформіць. Але яна не будзе нараджаць дзіця без бацькі, яна не хоча яму будучыні безбацькавіча.
Алесь быў расціснуты, як выпаўзак на ходніку. Адна нейкая частка яго сутаргавата білася, праклінаючы той вечар і тую ноч, і ўсе іншыя ночы, і сваё подленькае задавальненне ад іх, сваю бязвольнасць іх пазбыцца, а рэшта ў ім сцялася ў гатоўнасці падпарадкавацца ўладнай моцы гэтай маладой жанчыны, яе нечаканай драпежнасці, абы далей... потым, пасля, ўсё было як і раней: ён адзін і ягоная навука.
Яны падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу, трэба было чакаць належны тэрмін. Тоня нервавалася, некуды хадзіла-ездзіла, але здалася: не выйшла “прыспешыць працэс”. Яна болей не прыходзіла да яго на ноч, хоць ён і запрашаў, абяцаючы пад тое, што не будзе настойваць на блізкасці, але Тоня аднеквалася: “А як я сама не вытрымаю? А я баюся...”
Неяк на тры дні яна была знікла, узяўшы раптам адпачынак за свой кошт, не папярэдзіла, не адказвала на тэлефанаванні. Сяброўкі ў інтэрнаце сказалі, быццам бы паехала дадому.
Урэшце яна з’явілася. У заўсёдных джынсах і кашулі. Жывот у яе быў плоскі і роўны, як і некалі. А твар сухі і паніклы. Тоня яму нічога не пажадала казаць, толькі прамовіла, сцяўшы вусны, нібы каму чужому, нібы на нейкім страшным допыце: “Не адна я вінаватая...”
Ён зразумеў, што адбылося страшнае.
Алесь заўважаў самыя розныя позіркі, спачувальныя і асуджальныя, адчуваў тыя позіркі спінай. Ён разумеў, што і сяброўкі Тоніны, і яго знаёмыя, і выкладнікі на кафедры думаюць, нібыта гэта ён, Алесь, запатрабаваў ад маладой жанчыны такой страшнай ахвяры — зрабіць аборт. Цяпер ужо толькі рэгістрацыя іх шлюбу, жыццё разам давалі яму мажлівасць давесці ўсім і самому сабе яго невінаватасць і прыстойнасць. Адчуванне віны вырывалася вонкі абавязковай пяшчотай і ўважлівасцю да Тоні, гатовасцю выконваць яе жаданні, нешта рабіць, некуды хадзіць, абы яна даравала яму... Што даравала? Гэта было няважна.
І тое самакатаванне мо доўжылася б бясконца, калі б неяк яго не спыніла на калідоры, не запрасіла на гутарку выкладнік кафедры Алена Адамаўна, колішняя матчына сяброўка. Яна першы год пасля той заўчаснай смерці апекавалася Алесем, дык і цяпер гаварыла з ім як маці з сынам-небаракам.
— Ты выбачай мне, я не маю права лезці ў тваё жыццё, але тут маўчаць не выпадае... Антаніна не была цяжарная, не вінаваць сябе, — проста сказала яна. — Я яе тры разы бачыла, і ўсе гэтыя тры разы я заўважала... Каб вы, мужчыны, былі уважлівейшымі, вы б самыя здагадваліся, дзе цяжарнасць, а дзе падвязаны жывот. Невялікая хітрасць...
Алесь у той момант адчуў сябе тым самым маленькім хлапчуком, якога цёця Алена крадком ад маці частавала шакаладнымі цукеркамі, калі прыходзіла да іх на гасціны.
— Калі б гэта датычыла толькі пачуццяў, я змаўчала б, — асцярожна працягвала Алена Адамаўна. — Але калі аднойчы Антаніна прыйдзе ў тваю кватэру на правох жонкі... Яна застанецца там гаспадыняй. Нічога не паробіш — такія норавы цяперашнія, яна — прагматычная маладая саміца, для якой важна замацавацца ў горадзе, займець жыллёвую плошчу. Можна асуджаць яе, можна не асуджаць, але варта разумець, што калі яна атрымвае — ты аддаеш. Аддасі цяпер? У цябе вялікая кватэра, тры пакоі, сястра жыве асобна... Але надыдзе час, ты сустрэнеш сваё каханне. І што будзе тады? Таму, Алесік, сваё мужчынскае шкадаванне пакінь на іншы выпадак. Цябе выкарыстоўваюць, нельга так прыніжаць сябе, дазваляць ашукваць...
Алена Адамаўна яшчэ пра нешта гаварыла, пыталася пра планы, пра рыхтаванне кандыдацкай, пра хуткі палявы сезон. А Алеся паліла пачуццё сораму. Пад канец размовы ён адчуў, што яго літаральна ўтрымалі над безданню — так, сапраўды, бо менавіта сёння ён збіраўся ісці ў пашпартны аддзел, каб прапісаць Тоню ў кватэру.
Тое, што адбылося ў той вечар, наклала адбітак на ўсе далейшыя дачыненні Алеся з жанчынамі. Падалося, што ён неверагодным спосабам патрапіў у фільм жахаў, дзе лагодная, усмешлівая жанчына раптам пераўтвараецца ў страшную ў сваёй лютай нямозе пачвару-крывасмока. Ставала аднога слова “не” на адказ аб прапісцы і намер забраць заяву з загсу. І Тоня, тая Тоня, якая ўсе мінулыя месяцы была чуйнай гаспадыняй і ласкавай каханкай, стала істэрычнай фурыяй. Алесь маўчаў, не вінаваціў у падмане, не ўпікаў. Ён сціснуў зубы і, нібы заклён, паўтараў сам сабе думку, што неўзабаве кончыцца, пройдзе, мінецца ўсё, а ягонае жыццё зноў стане спакойным і акрэсленым.
Але не дзень і не два, а яшчэ цэлы тыдзень Тоня ўрывалася ў яго жытло, бесцырымонна з’яўлялася на кафедры, тэлефанавала, пагражала, прасіла, кленчыла... Выратаваў загаднік кафедры. Часам становячыся сведкам “спатканняў” Тоні і Алеся на кафедры, ён крывіўся, як ад болю зубоў. Не стрымаўся, выклікаў да сябе маладога супрацоўніка і выправіў яго назаўтра ж у абласны цэнтр, у архіў. Ключы ад кватэры Алесь аддаў сваёй старэйшай сястры, Надзеі. Калі праз тыдзень вярнуўся, кватэра сустрэла яго звыклай цішынёй і сціпласцю маладога кавалера-аспіранта — Надзея ў адзін дзень расшукала аўтамабіль з грузчыкамі і майстра: усе Антанініны рэчы былі акуратна дастаўленыя ў пакойчык у інтэрнаце, адкуль яна прадбачліва не спяшалася высяляцца, а замок у Алесявай кватэры быў заменены.
Яшчэ гады тры пасля такой сваёй першай “жаніцьбы” Алесь Лобач, калі бачыў перад сабой вясёлыя, усмешлівыя, спагадлівыя твары жанчын і дзяўчат, міжволі ўяўляў, як яны, твары, могуць імгненна скінуць з сябе маску дабрыні і ашчэрыцца драпежна і хціва.
Цяпер, праз гады пасля тых падзей, Лобач не хацеў мець справы з маладымі цяжарнымі жанчынамі. Ён мог сустракаць іх вачыма на вуліцах горада, паважліва ставіцца да іх і мець нават лёгкае трапяткое пачуццё гатовасці абараніць і памагчы, адчуваць і эстэтычнае задавальненне ад сузірання жыццясцвярджальнай карціны — але каб не мець ніякіх асабістых дачыненняў.
Пагатоў дачыненняў цяжарнай завочніцы з выкладнікам на экзамене.
Бо завочнікаў Алесь Лобач проста не любіў.
Ён даўно зразумеў, што іх універсітэт стаў своеасаблівай “кузняй кадраў” для выканкамаў рознага роўню, сюды, асабліва на гістарычны факультэт, паступалі тыя, каго на месцах вызначалі як “перспектыўны кадравы рэзерв”, адрывалі ад звыклых спраў і пасылалі вучыцца. Лічылася чамусьці, што для работы ў розных рай- і гарвыканкамах прыдаюцца лепей за ўсё пасля завочнага навучання на гістарычным факультэце. І тое было б няблага, ува ўсякім разе не было падстаў успрымаць той факт з вялікай незадаволенасцю, калі б... калі б завочнікі вучыліся.
Будучыя работнікі выканкамаў чамусьці былі перакананыя, што этнаграфія і этналогія ніякага дачынення да іх будучай работы не маюць, і малады выкладнік Алесь Лобач мусіць разумець гэты просты факт. Алесь разумець не хацеў. Калі яго пасля другога года выкладання сталі ўшчуваць на паседжанні кафедры за яго залішнюю, на погляд збоку, патрабавальнасць, ён выбухнуў:
— Няхай яны не ведаюць, у якім стагоддзі яцвягі пайшлі, а дрыгавічы прыйшлі, няхай блытаюць шнуравую кераміку з шаравой маланкай. Але этнаграфія — твая зямля! Твая гісторыя і культура, твой народ, твае продкі! Ты заўтра будзеш кіраваць людзьмі, часткай гэтай краіны. І ты не ведаеш, чым жылі да цябе, чым жывуць сёння людзі, што шануюць, што ўмеюць, што шанавалі і што ўмелі. Ты не хочаш нават ведаць! Дык ты ж найміт! Трэба ненавідзець краіну, каб сядаць у кіраўнічае крэсла і не ведаць яе культуры, гідзіцца ёй, грэбуючы здабыткамі соцень пакаленняў. Я нікому не буду рабіць папушчэнняў. Нікому і ніколі! Пагатоў — завочнікам. Я прабачу нястачу ведаў у этнаграфіі, але не прабачу грэблівасці да іх, стаўлення як да нечага другаснага... А гэта вызначыць проста, як проста і запомніць найэлементарнейшыя праўды. Я не патрабую немажлівага ад завочнікаў...
Лобача выслухалі моўчкі. Але маўчанне было шматаблічным як ніколі: тут былі згода, нязгода, абыякавасць і страх. Так, найзвычайнейшы страх, які не цяжка было згледзець на многіх тварах, які выразна праяўляўся ў кароткіх позірках на дзверы ці ў апушчаных у стол вачох.
Лобач сапраўды нікому не рабіў папушчэнняў. Але цяжарную жанчыну-завочніцу ён ні разу не здолеў адправіць на пераздачу — ён рабіў усё, каб найменей бачыць яе перад сабой, практычна ніколі і не пытаўся па білеце.
Жанчыны-завочніцы хутка заўважылі стаўленне маладога выкладніка Алеся Лобача да цяжарных. І ацанілі, і скарыстоўвалі. Неяк на адным экзамене, калі Алесь, як зазвычай, нават не пытаючы нічога, пацягнуўся, каб паставіць адзнаку маладой чырванатварай цяжарнай жанчыне, тая нязграбна... паправіла свой вялікі жывот, які неяк апынуўся раптам збоку, калі яна прысела перад сталом выкладніка. Чырвоная фарба з твару жанчыны быццам пералілася на Лобачаў твар — той пачырванеў, а жанчына збялела. Алесь тады паставіў адзнаку, адразу ж, не пытаючыся нічога, моўчкі. Але на лекцыі ў другой групе нечакана для ўсіх суха і жорстка папярэдзіў:
— Я мушу сказаць вось што... Маё стаўленне да цяжарных жанчын нехта зразумеў як мажлівасць мяне падманваць. Таму проста папярэджваю: заўважу падман — і ў студэнткі будуць вялікія праблемы са здачай экзаменаў. Я дарую шмат чаго, але не дарую падману. Ніколі.
4
Была пятніца. Надвор'е ўжо колькі дзён было роўным, цёплым — усё абяцала добры ўлоў. Якраз на заўтра і дамовіліся з суседам. Нішто не магло ўжо змяніць Лобачавага настрою ў пятніцу: ні няўцямныя адказы завочнікаў, ні поўная непадрыхтаванасць некага. Ён даўно ставіўся да сваёй працы як да стужкі канвеера: было, ёсць і будзе. Амаль без паўтарэнняў. А вось рыба — гэта было святое, бо кожная ягоная вылазка на прыроду ўваходзіла ў свядомасць пахамі, колерамі, адчуваннямі. Рыбацтва было не проста нейкім адпачынкам, адхланнем, як кажуць, а блізу сакральнай дзеяй, да якой Алесь рыхтаваўся з не менш сур’ёзнай урачыстасцю і нутраным хваляваннем, чым даўнейшыя маладыя крывічы да жаніцьбы Цярэшкі. Так, прынамсі, ён уяўляў для сябе.
Дык і сённяшні экзамен быў для Лобача шараговай падзеяй, якая не павінна была нешта змяніць у заўтрашнім дні.
Апошнім у аўдыторыі застаўся хлопец гадоў дваццаці пяці, з простым сялянскім тварам і такой самай паставай, трохі няўклюдны, баязлівы нават, аднак, у ім адчувалася тое, што завецца цвердалобасцю. “Не ведае нічога”, — канстатаваў для сябе Лобач. Гэтага хлопца ён не заўважыў на зімовай сесіі. Звычайны... І была яшчэ жанчына гадоў трыццаці пяці. Цяжарная. Жывот яе быў проста вялізарны. Калі яна брала білет, пад тонкай тканінай шырокай сукенкі на жываце праступілі нейкія матузкі і складкі. Лобач скрывіўся, як ад кіслага. Той самы выпадак з кабетай, якая пры ім папраўляла свой накладны жывот, стаўся легендай універсітэта, няўжо студэнтка не чула пра яе? Можа, і не чула — першы курс, на зімовай сесіі маглі не расказаць...
Жанчына ішла за стол у аўдыторыі, падтрымваючы свой жывот, што яшчэ больш пераканала Алеся ў слушнасці яго здагадкі. Яна села, і ён змог разглядзець твар: непрыгожы ад вялікага завостранага носу, запалых вачэй у цёмным паўкружжы.
Лобач прымаў адказы ў іншых, паглядваў зрэдку на “курыцу”, як назваў у думках маладую жанчыну з вялікім жыватом. Заўважыў, што яна амаль не адымае сваёй левай рукі ад сябе: папраўляе, падціскае злёгку. Яна і ішла да яго стала адказваць усё так сама трымаючы руку на нізе жывата. Села.
— Калі ласка, — халодна запрасіў да адказу Лобач.
— Старадаўныя музычныя інструменты... — неяк незвычайна плаўна, амаль напеўна прагаварыла жанчына і раптам ціхенька войкнула, асцярожна абхапіла жывот аберуч. — Выбачайце... Тузаецца, — і ўсміхнулася вінавата выкладніку.
— Вас, шаноўная, мабыць, не папярэдзілі, што фокус з цяжарнасцю, які іншым разам хочуць прадэманстраваць мне студэнткі, канчаецца для іх вельмі сумна? — ціха і суха спытаў Лобач.
Жанчына пільна зірнула на яго, і ў яе ў вачох Алесь пабачыў незвычайны жаль і спагаду адначасна. Яна нязмушана, як перад лекарам, прыхапіла пальцамі абедзвюх рук прыпол сукенкі і пацягнула яго ўгору, дэманструючы вачом выкладніка хударлявыя незагарэлыя ногі і белую скуру вялікага, проста вялізнага, жывата, абхопленага ў няновы, шараваты ўжо гарсэт з тугім шнураваннем.
— Прашу прабачэння, — усміхнулася ласкава, як старому знаёмаму, акуратна паправіла сукенку, паглядзела на Лобача, твар якога стаў імкліва налівацца чырванню. — Прабачце, — паўтарыла з разгубленасцю і вінаватасцю. — У мяне даведкі няма, дый што тая паперка... Я магу адказваць на пытанне?
— Так... так... Дзякуй, вось, — Алесь імкліва выставіў адзнаку, распісаўся, падаў залікоўку жанчыне. — Усё... Ідзіце. Усяго найлепшага Вам... і дзіцяці.
Устаў з-за стала, адышоўся да акна, глядзеў на вуліцу горада, якая жыла сваім распланаваным будзённым жыццём, а думак ніякіх не было, уся ягоная свядомасць была запоўненая вірам пачуццяў, дзе спакваля цішэў цнатлівы сорам, меншала пякучая прыкрасць, укладвалася на месца вінаватасць. І толькі адно пачало расці, уздымацца — зайздрасць. Да таго невядомага мужчыны, які мо нават і сёння зможа прыкласці асцярожна руку да жывата гэтай жанчыны і пачуць, як тузаецца ягонае дзіця.
Уладзімір Жабрун глядзеў на выкладніка, які нібыта забыўся на адзінага ў аўдыторыі студэнта, маўкліва стаяў ля акна. Уладзіміра пацягнула падысці да стала проста цяпер, скончыць гэты апошні для яго экзамен — і паставіць хоць адну кропку ў сваім жыцці. Бо за паўмесяца пабыту ў горадзе ён так і не вызначыўся хоць у нечым: што рабіць і як жыць. Братава смерць на пажары ў роднай хаце як нейкую рысу падвяла для Уладзіміра, і трэба было вызначацца, азірнуцца, зразумець.
Азірацца ж не было куды. Работа тэхнікам у калгасе, вось першы год навучання ў універсітэце. І ўсё. Гэта тое, што было за душой.
Здавалася, прыедзе сюды — і стане ясным і зразумелым тое, што ён робіць і дзеля чаго. Але калі пачаў рыхтавацца да сесіі, раптам адчуў, што ўсё, чым ён займаецца, не мае да яго лёсу ніякага дачынення. У яго нічога не было — нічога, апрача таго, што страціў. Пяць паслявайсковых гадоў у сваёй вёсцы на выміранні, пахаванне маці — п’яная, яна застудзіла галаву, і менінгіт з'еў яе за кароткія чатыры дні. Жанчына, з якой не ўдалося жыць, ніяк не ўдалося. Праца. Што праўда, і ў вёсцы, і на сядзібе Уладзіміра паважалі: ён і разетку заменіць, і цалкам праводку ў доме правядзе, і на слуп ускараскаецца, і тэлевізар парамантуе. Дый так рукі да працы здольныя, а галава ў пляшку не лезе.
Была мэта ў яго, Уладзіміра? Не мэта, хутчэй нейкае прачуванне мэты, неўсвядомленая да канца патрэба нешта рабіць, якая вылівалася ў беспрычынную тугу ці сядзенне гадзінамі ў сеціве, чытанне і сцягванні розных артыкулаў. Урэшце ўсё гэта вылілася ў амаль што роспачны крок, да канца мо і не ўсвядомлены ім, Уладзімірам. І ён надумаўся паступіць ва ўніверсітэт, на завочнае. На гістарычны факультэт. Той год, калі ён рыхтаваўся да паступлення, і першыя паўгода навучання праляцелі кароткім, напоўненым сэнсам імгненнем. Пасля першай зімовай сесіі з'явіўся горкі прысмак расчаравання. І вось цяпер, на пачатку лета — пажар. Потым быў покліч: ехаць сюды, рабіць сваю справу. А якую?
У аўдыторыі было горача. Уладзімір расшпіліў яшчэ адзін гузік на кашулі, адчуўшы, як казытнула холадам скуру кветка на ланцужку. Чаму яна то халодная, то гарачая? Ніяк не разабрацца... Вадзіў асадкай па кавалку паперы, вымалёўваючы бяздумныя завіткі, чакаў, калі выкладнік сядзе за стол.
— Вы падрыхтаваліся? Калі ласка, — Алесь Лобач павярнуўся ад акна да Уладзіміра, сам пайшоў да стала, паказваючы, што гатовы выслухаць студэнтаў адказ.
Уладзімір павольна ўзняўся з месца, павагаўся: ісці адразу да дзвярэй, ці прысесці да стала, і ўсё ж прысеў. Хай будзе як будзе.
“Не ведае. І ведаць не жадае”, — яшчэ раз, цяпер упэўнена падумаў Алесь Лобач.
— Слухаю, — усё ж зычліва падахвоціў ён студэнта.
— Рамёствы... — прагаварыў Уладзімір і замаўчаў.
— Што ж, цікавая тэма, — Лобач зазірнуў у твар студэнту. — Лекцыйная, дарэчы. Вы ж былі на лекцыі? Слухалі, запомнілі што?
— Быў... Слухаў... — безуважна адказаў Уладзімір і зноў замаўчаў.
— У вас ёсць што адказваць па білеце? — ужо строга спытаў Лобач.
— Практычна няма, — не стаў хлусіць Уладзімір, які і праўда ніводнай хвіліны не задумляўся над пытаннем.
— Што, вас не цікавіць, якія рамёствы былі ў вашых продкаў? Чым яны займаліся раней, што ўмелі майстраваць? — пачаў Алесь Лобач з лёгкай раздражнёнасцю і адчуў, што вось цяпер, зараз, хваля прыкрасці, якая пачалася з лёгкага ўздыму сукенкі, якая, падуладная тонкім пальцам, адкрыла жывот цяжарнай жанчыны, хваля, якая была заглушаная іншым, не менш непрыемным пачуццём зайздрасці, цяпер узнялася — і гатовая абрынуцца едкімі, злымі слоўцамі на студэнта, тыповага вяскоўца.
Ён разумеў, што так нельга, што гэта супярэчыць нормам пісаным і няпісаным, але ўтрымацца не змог:
— Навошта вы паступалі ў універсітэт? Навошта вам заняткі? Проста, каб атрымаць “корачкі”? Бо ёсць пасада, якую вы можаце заняць толькі пасля атрымання іх? Мне асабіста не шкада гэтых “корачак”, але ж дзе, у якой установе вы зможаце працаваць, прыносіць карысць дзяржаве і людзям, калі не ведаеце і не жадаеце ведаць гісторыю свае айчыны?
Прамоўленае было банальнасцю, і Лобачу стала невыносна прыкра казаць і ўсведамляць свае словы. Выкладаючы першы год пасля аспірантуры, ён не раз казаў так у думках якой размаляванай бландзінцы, што пачынала лыпаць вялікімі і цяжкімі ад фарбы вейкамі, выкочваючы з-пад іх кроплю слязы. Але трываў, бо — жанчыны... Цяпер перад ім сядзеў праставаты малады чалавек, які, Лобач быў пэўны, не пойдзе скардзіцца, моўчкі праглыне крыўдныя ды справядлівыя словы.
Уладзімір Жабрун заставаўся бадай што безуважны да слоў выкладніка, Больш таго — яны клаліся на яго роздум як камяні ў хісткую пакуль што сцяну сумневу, якая і мусіла вызначыць ягоную будучыню. Ён палічыў патрэбным адказаць выкладніку, думаючы, што таго сапраўды хвалюе пытанне: чаму Уладзімір Жабрун надумаўся паступіць ва ўніверсітэт.
— Вёска ў нас вымірае, — нечакана ціха прамовіў ён. — З маладых адзін я і застаўся. Я сам шмат чаго перачытаў, у сеціве знаходзіў... Вось і паступіў.
— Дык... — Лобач нават разгубіўся ад такога адказу, потым з палёгкай (студэнт не пакрыўдзіўся) дадаў: — Калі, мой шаноўны, вымірае вёска, дык з вёскі не ўцякаць трэба, а заставацца там жыць, дзяцей нараджаць! Не на гістарычны трэба паступаць, а на эканамічны, гаспадаранню на зямлі вучыцца!
Ён пасунуў залікоўку да Уладзіміра.
Жабрун склаў залікоўку, паклаў у кішэню сарочкі.
— Гэта не паможа, — ціха і пераканаўча адказаў ён. — Праклятая наша вёска.
— І хто ж яе пракляў? — здзівіўся Лобач, не мог утрымацца, каб не спытаць далей: — І вы што ж, надумалі шукаць супраціву заклёну ў універсітэце?
— Можа, і так, — шчыра паціснуў плячыма Уладзімір Жабрун. — Я думаў... Мы неяк не так жыць сталі. Ну, не так, як раней. Вось таму...
— Як — не так? — не стаў хаваць сваёй цікавасці Лобач.
— Раней... Раней, помню, маленькім быў, дык на хаўтурах людзі плакалі, галасілі. Я аж спалохаўся быў першы раз. І потым жудасна было чуць галашэнне. А на вяселлях раней спявалі, скакалі ўсе... Сёння не галосяць на пахаваннях, за труной ідуць, пра розныя справы гавораць: ці добра бульба ўзышла, якая новая атрута ад жука ёсць, ці пастаіць пагода, каб сена высушыць. А на вяселлях, на якіх быў, толькі моладзь танцуе... пад калонкі. А рэшта сядзіць, глядзіць, не спявае...
Уладзімір палічыў, што размова скончаная, памкнуўся ўстаць, каб ісці.
Лобач прытрымаў яго:
— Выбачайце, але я пакуль што ніяк не знаходжу сувязі з гістарычным факультэтам вось гэтых з’яў. Тое, пра што вы кажаце, ляжыць зусім у іншай плоскасці: у эканамічнай, сацыяльнай...
— Я думаў, тут даведаюся...
— Пра што? Пра заклён? — не мог не ўсміхнуцца Лобач.
— Ну, і пра яго...
Уладзімір нейкі момант быццам раздумваў: казаць ці не казаць, потым выдыхнуў, як перад скокам у ваду і загаварыў перш спакойна, а потым горача і ўсхвалявана:
— У нас вёска маленькая, дваццаць двароў. А сядзіба калгасная праз лес. Я малым быў, дзяцей было ў нас — у кожным доме. Узімку на Каляды па хатах хадзілі, калядавалі. На Вялікдзень пасярэдзіне вёскі гуртаваліся, яечкі фарбаваныя качалі, спаборніцтвы цэлыя былі. І ўсе-ўсе людзі выходзілі, святочна адзетыя. Бацька, як яшчэ жывы быў, нам з братам абавязкова на Вялікдзень абновы купляў: ці чаравікі, ці пінжачкі. А Купалле якое ладзілі! А цяпер... няма нічога. Я думаў... што гэтыя святы мы потым няслушна сталі рабіць... Не так сталі ўсё рабіць. Камень чортаў сцягнулі, дубовы гай высеклі...
— Нечаканая выснова, — шчыра здзівіўся Лобач. — Хоць і не вы першы ўскладаеце віну за існы стан рэчаў на няслушнасць выканання пэўных абрадаў, але тое, выбачайце, практыкуецца... практыкавалася ў каменны і трошкі пазнейшы век.
— Дык жа людзі не змяніліся, што ў каменны век, што ў наш, — асцярожна запярэчыў Уладзімір.
— Думаю, вы памыляецеся, — мякка сказаў Лобач. — Людзі змяніліся і змянілі свае абрады... А што там за заклён? І як можа навука дапамагчы?
Уладзімір першы раз зірнуў выкладніку ў вочы, і Лобач прыемна здзівіўся — у хлопца быў сапраўдны сум у вачох. Хоць і дагэтуль ён верыў у шчырасць ягоных слоў.
— Самыя вінаватыя... Мне бабуля казала... Тады амаль уся наша вёска была з Жабруноў. А за лесам стаяў маёнтак, дзе цяпер сядзіба калгасная. Ну, у вёсцы, у асноўным, усе тыя былі, хто ў маёнтку працаваў. Калі пачалася рэвалюцыя, мужыкі адзін аднаго падбухторылі дый пайшлі маёнтак рабаваць. За імі і бабы. Уначы. А варта ж таксама свая была, з вёскі. Скляпы парасчынялі, бочку з віном выкацілі, пілі. Цягнулі, хто што мог... Коней са стайні пахапалі, кароў з хлявоў, авечак на спінах цягнулі. Пан, казала бабуля, назіраў з акна, моўчкі. Потым падпілі добра, сталі ў дзверы панскага дома біць. Дзвярэй пан не адчыняў. Тады падпалілі дом. Там пан і згарэў, разам са сваёй хворай маці і малодшай дачкой, бо старэйшая дачка з жонкай акурат тады паехала некуды на воды. Бабуля казала, што ўсе бачылі, як дом палае, а пан... Ён пан добры быў, не здзекаваўся з людзей, як хто жаніўся з рабочых маёнтка, то на вяселле добра даваў і грошай, і рознага там на разжытак, і лесу на хату... Дык вось, пан да апошняга моманту ў акне стаяў і на людзей глядзеў... Ну, з таго і пачалося. У нашай вёсцы хіба што жанчыны сваёй смерцю паміралі, а мужчыны гінулі... Пажараў шмат было, раз палова вёскі гарэла: бура была вялікая, адкуль той агонь прынесла. У пажарах і дзеці гінулі. А мужыкі... То лясіна ў лесе прыдушыць, то конь капытом у скроню пападзе, то між сабой паб’юцца ды за нажы хопяцца. А цяпер во паспіваліся яшчэ: хто ў вар'ятні ляжыць, хто сядзіць у турме, хто наагул сінім полымем згарэў. Жабруны... ну, яны амаль усе радня былі. Дык вось, я апошні і застаўся. Брат быў... Паўмесяца таму згарэў... разам з нашай хатай.
— Так... Нечакана вельмі, — Лобач і праўда быў трохі разгублены. — Першы раз сустракаю такое... такую прычыну для паступлення. Значыцца, вы хочаце атрымаць веды, праўда? Хочаце нешта знайсці, тое, што змяніла б кон вашай вёскі. Дык, выбачайце, чаму вы не вучыцеся?
— А чаму тут вучаць? — уздыхнуў непрытворна Уладзімір. — Паўгода мінула...
— Так... А што вы хочаце ведаць? Навучыцца, як здымаць заклёны?
— Не... Я думаў, што тут... Што тут знайду адказы на свае пытанні. Я ж кажу, мы няправільна жыць сталі, не так... — Уладзімір зноў нейкі момант вагаўся і потым загаварыў нечакана для Лобача зусім іншым тонам, з роспачнай горыччу: — Я так зразумеў, што ўніверсітэт не можа даць адказу на нейкае канкрэтнае пытанне. Бо ніхто тут не займаецца канкрэтыкай. Вось, прыкладам, быў недалёка ад нас Чортаў камень. Кажуць, што некалі там жыў чорт, які шыў людзям адзенне і боты. А бабуля мне казала, што нельга камень чапаць. Бяда будзе вялікая. Ды камень сцягнулі некуды, звезлі, я яго ўжо не пабачыў. Тады я прачытаў, што знайшоў, пра такія камяні. Я хацеў знайсці адказ: ці можа быць камень звязаны з той бядой, пра якую бабуля казала? Бачу, пазбіралі звесткі і зрабілі выснову: вось такая і такая група людзей, якія жылі тут і тут — нейкім парадкам роднасныя, бо камяні маюць аднолькавыя легенды.
— А што ж вы хацелі даведацца? — не зразумеў Лобач.
— Ды простае: чаму ў камені жыў чорт і чаму ён шыў. І чаму нельга было людзям прыбіраць той камень, хоць там і чорт, хоць у той вопратцы нельга было ў царкву ісці, — загаварыў Жабрун зноў ціха, нібы вінавацячыся за ранейшы запал.
— Ну, дарагі мой, — Лобач развёў рукі, — каб адказаць на такое пытанне, трэба шукаць.
— Я і шукаю...
— Як? Проста лазіце па сеціве, чытаеце кніжкі? Выбачайце, шукаюць тыя, хто гадамі і дзесяцігоддзя-і збірае ўсялякія легенды і міфы, ходзячы ад вёскі да вёскі, ад бабулькі да бабулькі, аналізуе, сістэматызуе і робіць асцярожныя высновы, стварае рабочыя гіпотэзы. Вы чыталі колькі старонак тэксту — а за ім праца тысяч чалавекадзён. І вы яшчэ незадаволены, вы кажаце, што шукаюць няслушна, — Лобач не змог утрымаць сарказму. — Што ж вы прапануеце? Як трэба шукаць?
— Ну, адказ на канкрэтнае пытанне. Знайсці пытанне, потым шукаць адказу.
“І праўда, цвердалобы... А гэта ж і няблага”, — падумаў Лобач, услых спытаў:
— І шмат у вас такіх вось... канкрэтных пытанняў?
— Не вельмі шмат, — упэўнена адказаў Уладзімір.
— Яшчэ якое, калі можна сказаць, мне проста цікава.
— Ну, яшчэ пра Купалле, да прыкладу... незразумела.
— А тыя тлумачэнні, якія ёсць, Вас не здавальняюць?
— Ну дзе там!
— Чаму?
Уладзімір Жабрун утаропіўся ў стол і зноў загаварыў горача, хвалюючыся:
— Бо яны не тлумачыць для мяне галоўнага: чаму Купаллю, паганскаму святу, не знайшлося месца ў хрысціянстве? Усім знайшлося, Купаллю — не. Чаму хрысціянства так актыўна змагалася з ім і яшчэ з большым імпэтам — цяпер, калі займела падтрымку ўладаў?
— А вы не такі і просты, як падаяцеся, — усміхнуўся Лобач. — Усё, што вы кажаце, цікава... А можа, у вас ёсць сваё тлумачэнне хоць бы Купалля? Што за сэнс у свята?
— Я пэўны ў адным: яно было найважнейшым для нас некалі. Ну, і частка гэтага свята — ініцыяцыя.
— Во як? І адкуль такая... тэорыя?
— З таго, што ўсе народы мелі такі дзень: пасвячэнне хлопчыкаў у мужчыны, дзяўчат — у жанчыны. У нас чамусьці не захавалася пра гэта слядоў. А разам з тым, успомніце, хрысціянства гаворыць пра Купалле як ноч разбэшчанасці, распусты. Хіба гэта не адгалосак колішняй ініцыяцыі? І потым, у хрысціянстве самой ініцыяцыі ніяк не можа быць, гэта ідзе насуперак ягонай навуцы. Таму Купалле не магло стаць святам для нейкага эпізоду з хрысціянства.
— Ну, і на чым грунтуюцца вашы высновы? — дазволіў сабе паблажліва ўсміхнуцца Лобач. — Вядома, апроч вашых разважанняў.
— А разважанняў мала? Хіба яны не тлумачаць усё?
— Нічога яны не тлумачыць... Паслухайце, — Лобач загаварыў сур’ёзна, намагаючыся акцэнтаваць увагу на кожным слове. — Гістарычная навука — у першую чаргу збіранне. Па радкох. Па словах. Па крупінках. Для таго, каб зрабіць хоць нейкую выснову пра мінулае, трэба сотні, тысячы фактаў, якія пацвярджаюць адзін аднаго, іх навуковая абгрунтаванасць. Вы кажаце, што Купалле — ініцыяцыя. Выдатна, згодны, цікавы кірунак думкі. Успамінаю, у адной купальскай песні ёсць радкі пра тое, што сёння дзяўчына, заўтра жанчына. Але ж адна песня. Адзін радок. Болей ніякіх пацвярджэнняў!
— Трэба шукаць...— спакойна запярэчыў Уладзімір. — Мэтна.
— Мэтна шукаць факты пад прыдуманую тэорыю? Выбачайце, мой дарагі — такім спосабам можна знайсці і давесці што захочаш. Хоць наяўнасць у нашай аўдыторыі іншапланецян. Гісторыя сведчыць, што калі навука ідзе такім шляхам, яна становіцца служкай ідэалогіі. І стварае базу пад якую хочаш тэорыю. Прыкладам, пад тэорыю звышчалавека, прасцей кажучы — пад нацызм.
— Дык... Дык я ж не пад тэорыю хачу шукаць... — зніякавеў Уладзімір і стаў зноў тым самым няўпэўненым вяскоўцам. — Я проста думаю, што калі вось заняцца адной справай, толькі адной, дык можна знайсці адказы... на пытанні.
— Не, так не бывае. І ўніверсітэт, расчарую ўжо Вас дарэшты, не дае адказаў на падобныя пытанні з вуліцы. Універсітэт дае вядомую базу, універсітэт вучыць, як здабываць веды. Вы гэтага зразумець не хочаце — тады, калі ласка, карыстайцеся сваёй асабістай методыкай, — ужо рэзка адказаў Лобач, бо ён адчуў сябе прыніжаным Жабруном. Вось так нахабна заявіць, што навука — няслушная, што ўсё сабранае не мае сэнсу, бо, бачыце, разыходзіцца з ягонай тэорыяй... Трэба ж мець такое нахабства. Цвердалобы...
— Выбачайце, — нечакана вінавата, але цвёрда паставіў кропку і Уладзімір — ён зразумеў Лобачава жаданне скончыць размову. — Я... не хацеў вас пакрыўдзіць. Мне здаецца, што вось калі біцца-біцца над адным нечым...
— Я думаю, мы з Вамі сустрэнемся яшчэ раз. Дзень пераздачы будзе на дошцы абвестак. Вы ж прыйдзеце на пераздачу? — хутка рассудзіў Лобач.
— Прыйду, — вырвалася ў Уладзіміра перш, чым ён паспеў усвядоміць пытанне.
— От і добра. Прыходзьце ў панядзелак. Я дам вам, ну скажам так, заданне. Менавіта для вашай, гм-м, методыкі. А пакуль што параю ўспомніць дакладна, з максімумам усіх падрабязнасцяў, святкаванне некалі ў вас таго ж Купалля і запісаць. Разам паглядзім.
— Ды звычайна ў нас было, — пацепнуў плячыма Уладзімір. — Апоны аўтамабільныя кралі... Я ў бабулі тут пакой здымаю, лепей у яе папытаю. Яна старэнькая, ёй каля васьмідзесяці, — аж захваляваўся Уладзімір — нечаканая перспектыва атрымаць сапраўднае заданне ўзрушыла яго.
— Выдатна, папытайцеся ў яе пра Купалле. Як адзначалі ў часы яе маладосці, якія песні спявалі. І запішыце. Але, калі ласка, пазначце абавязкова: у якім месцы святкавалася, у якія гады і цалкам імя-прозвішча бабулькі. Толькі тады запісанае будзе рэальным фактам, які можна далей неяк скарыстаць. Зразумелі?
— Зразумеў, дзякуй вам.
— Няма за што дзякаваць. У панядзелак знойдзеце мяне. Яшчэ. Ёсць мажлівасць для работы з электроннай копіяй тэксту?
— Так, так... Я ноўтбук сабе набыў... Камп’ютар згарэў тады...
— Вось і добра. Вазьміце з сабой.
Лобач павагаўся адно імгненне і падумаў запытацца пра тое, што яго зацікавіла ў той самы першы момант, калі Жабрун сеў за стол, і між крыссяў кашулі на ягоных грудзях цьмяна засвяцілася срэбрам шасціпялёсткавая кветка.
— Прашу прабачэння, адно асабістае пытанне, калі дазволіце? — спытаў ён.
— Так, пытайцеся, — паспешна дазволіў Уладзімір.
— У вас на грудзях, як гэта цяпер называюць, талісман. Я нешта не сустракаў такія ў крамах, хоць яны мне вядомыя... — і замаўчаў, запрашаючы Жабруна да пытання.
— А адкуль вядомыя? — не прамарудзіў Уладзімір.
Лобач усміхнуўся — ён не памыліўся, што спытае Жабрун.
— На тое і вучоныя, каб ім было вядома... Вы, думаю, самыя б маглі пацікавіцца: што за знак, чаму такі?
— Дык... не знайшоў пакуль што нічога, — пачаў апраўдвацца Уладзімір. — Нешта ёсць пра Перуна... — ён зірнуў на Лобача, пабачыў там сапраўдную цікавасць у вачох і надумаўся сказаць больш: — Калі нашу згарэлую хату разбіраў, дык пад апошнім вянцом ляжала, загорнутае ў тканіну. Я падумаў — гэта нібыта ахвяра.
— Во як? — шчыра здзівіўся Лобач. — А хата даўно будавалася? Не, не думаю, што гэтым ахвяравалі... Такі знак апісаны... называюць яго грамавым знакам, агнявіком. Выяву можна было раней сустрэць у аздабленні дамоў. На вільчыку, ліштвах...
— Ну, дык, калі грамавы знак, значыць, Пярун? — асцярожна прапанаваў Уладзімір. — А хаце больш за паўсотні гадоў...
— Вельмі ж цікавы тады ў Вас знак... Не, не Пярун гэта. Грамавы знак, на думку некаторых даследнікаў, — маланка.
— Маланка? Такая? Тады Пярун...
— Так, маланка. — пасміхнуўся Лобач з Жабруновай упартасці. — У біблійных тэкстах, дарэчы, сустракаецца апісанне анёлаў ці Бога, якія паказваюцца людзям, а замест твараў — маланкі. Ведаеце ж, што маланак дзве бывае, ёсць і шаравая. Шаравая маланка і дагэтуль, дарэчы, самая невывучаная з’ява... Такі знак, мяркуюць, — знак шаравай маланкі. Шасціканцовая зорка сімвалізавала нябесны Род...
— Род? Найвышні бог? — узрадаваўся невядома чаму Уладзімір.
— Род — не бог, — мякка запярэчыў Уладзімір. — Хоць некаторыя і называюць яго так. У паганцаў не было найвышняга бога, які б ствараў сусвет, зямлю... Род — гэта само жыццё. Бытнасць Роду ажыўляе мёртвую прыроду. Якая існавала і будзе існаваць вечна. Такая вось кветка, як у вас — гэта і абярэг, і адначасна — як знак прыналежнасці да служкаў Роду. Цікавы знак...
Жабрун адчуў прытоены ўздых у апошніх Лобачавых словах і борзда расшпіліў просценькі замок на ланцужку, зняў яго разам з кветкай, паклаў перад выкладнікам.
— Дык паглядзіце бліжэй... А чаму — шэсць пялёсткаў?
— Чаму шэсць? — перапытаў Лобач, пасунуў да сябе аркуш, на які паклаў Уладзімір ланцужок і кветку на ім. — Якая дакладная работа... І яму акурат больш за пяцьдзясят гадоў, кажаце... А можна мне яго сфатаграфаваць, замерыць? — папрасіў ён.
— Ды калі ласка... Вазьміце, потым вернеце...
— Дзякуй, вельмі незвычайная кветка... Я зраблю замеры, пакажу аднаму свайму калегу, ён вельмі цікавіцца “грамавым знакам”... А чаму шэсць пялёсткаў? Ніхто дакладна не ведае. Некаторыя лічаць, што тут замешана простая сняжынка — чалавек у тыя часы мог заўважыць, што ў ёй заўсёды шэсць прамянёў. Потым, іншая версія, “родзій” у старажытных грэкаў якраз значыў маланку і адначасна такі плод як гранат. А гранат і чырвоны, агністы, і ўнутры, на разрэзе мае менавіта шэсць перагародак. А ад родзій блізка і род...
— А ў сеціве... ёсць пра Род? — запытаўся Уладзімір.
— Там усяго стае, але сур’ёзныя работы цікавыя толькі вузкаму колу, яны рэдка трапляюць у сеціва, бо занадта вялікія і нудныя неабазнанаму чытачу. Але пашукайце. Калі надта цікава — магу даць назвы некаторых кніг, іх знойдзеце ў бібліятэцы.
— Ага, дзякуй, я пашукаю.
— То даяце мне пад “чэснае слова” на час свой абярэг? — перапытаў яшчэ раз Лобач.
— Ды няўжо ж, калі вам цікава і трэба...
— Ну, тады дзякуй і чакаю Вас.
— Ага, да пабачэння, — развітаўся Уладзімір Жабрун, борзда падняўся з месца, выйшаў з аўдыторыі.
Нейкі час Лобач сядзеў нерухома, асцярожна аналізуючы свае думкі і пачуцці. Усё ж добра, што пасля той жанчыны быў яшчэ гэты студэнт, і добра, што ён распачаў з ім гутарку. Нешта ёсць у гэтым хлопцы... Сапраўднае нешта. І гэта заспакойвала. От каб такіх хоць дзесяць чалавек на ўсю патоку!..
5
Дом, у якім Уладзімір Жабрун здымаў невялічкі, два на тры метры, пакойчык, стаяў на ціхай, амаль што вясковай вуліцы. Дзіўна, яна нейкім спосабам захавалася тут, так блізка ад вялікага праспекта. Адзін з найстарэйшых раёнаў горада меў шмат зеляніны, нават сам праспект паспеў убрацца ў два шэрагі высокіх і густых ліп і каштанаў абапал.
Дом стаяў у глыбіні невялікага старога саду і глядзеў на вуліцу белым мурам з трыма вокнамі. Два акны — вялікі агульны пакой, трэцяе — гаспадыніна, старэнькай Марыі Фамічны Міклуш. Яна часта сядзела пры сваім акне, адвешвала фіранку і глядзела на сцяжынку, на людзей, якія ішлі да яе. Гэтай роўнай сцяжынкай, што агінала дом, бегла паўз акно Уладзіміравага пакойчыка, збочвала і спынялася ля простых веснічак, памаляваных у светла-сіні, цяпер ужо бледна-блакітны колер, за які дзень праходзіла з дзясятак людзей. Прычына таму была ў самой бабульцы — яна лячыла. Ад ляку, ад сурокаў, ад ружы, ад яшчэ нейкіх хвароб. І варажыла на картах, хоць апошняе рабіла неахвотна, больш маладым жанкам, калі тыя надта ж умаўлялі. Уладзімір быў вельмі здзіўлены і колькасцю людзей, і тым, хто ішоў да бабулькі. Зразумела, калі б такое было ў вёсцы, а тутака — вялікі горад.
Пакойчык у бабулі Уладзімір знайшоў яшчэ ў час зімовай сесіі. Падказалі суседзі. Бабулька тады пільна абгледзела Уладзіміра і толькі папярэдзіла:
— Дзевак вадзіць не дам. Гарэлку, бачу, не п'еш надта...
Марыя Фамічна была акурат той бабулькай, якой малявала літаратура жанчын сталага веку: сухенькая, увішная, з глыбокімі зморшчынкамі на твары, невялікімі вочкамі, што глядзелі пытліва і з хітрынкай. Наагул, за той зімовы месяц яны пасябравалі — Уладзімір і Марыя Фамічна. Бабульцы спадабаўся яе кватарант: ціхі, увесь час сядзіць у сваім пакойчыку, чытае ці піша, адгукаецца, калі паклічаш, можа і паслухаць увечары за гарбатай розныя гісторыі з бабульчынай маладосці. Дый рукі спраўныя да працы: найперш сам набыў і паставіў добрую антэну — сюды, на ціхую вулачку кабельнае тэлебачанне прадпрымальныя гаспадары цягнуць не сталі. Марыя Фамічна любіла глядзець серыялы, і дні тры пасля таго, як яе тэлевізар, нечакана для яе самой, пачаў паказваць чыста, без дрыжання, “кіно”, нацешыцца не магла: яна была пэўная, што ёй прадалі нядобры тэлевізар і ўсё перажывала, як падманулі гандляры... У той вечар, калі тэлевізар пачаў паказваць добра, Марыя Фамічна прынесла на кухню са свайго пакойчыка пляшку з самагонкай, і яны разам з Уладзімірам узялі чарачку-другую. Самагонка была празрыстая, пахучая — Марыя Фамічна хвалілася, што настойвае яе на сямі травах. А Уладзімір цішком дзівіўся, як бабулька ў свае восемдзесят з лішкам вось так спакойна ўзняла чарку, прыцмокнула: “Гарэлачка як мядок, сама просіцца ў раток”, дый кульнула крыху няпоўную стограмоўку.
Давер гаспадыні да Уладзіміра ўзімку, пад канец яго кватаравання, узрос гэтак, што ў адзін дзень бабулька папрасіла яго памагчы... выгнаць самагонку — не любіла яна заводскай гарэлкі: “Смярдзючая, галава баліць пасля яе. Брыда”, — выказвала яна свае перакананні Уладзіміру, пакуль што яны разам майстравалі няхітры апарат для атрымання самагону: вялікае эмаляванае вядро з пахучай брагай стаўлялася на газ, потым туды апускалася трынога, на яе — глыбокая парожняя міса. Усё шчыльна зачынялася накрыўкай зверху, абмазвалася цестам. Для такога спосабу атрымання самагонкі, як зразумеў Уладзімір, патрэбная была вялікая практыка.
Дом кагадзе набыў для сябе сын Марыі Фамічны, які цяпер працаваў недзе ў Сібіры. І ўзімку бабулька жыла тут, як сама казала: “Вартую сынава багацце”. А ўлетку з’яджала ў сваю вёску.
— Не хачу кватарантаў браць. Неяк сям’я была на лета засталася, дык тут такое было... Не хачу! — Падціскала Марыя Фамічна вусны. — Ты во прыязджай на сваю сесію, хоць усё лета жыві, бачу, ахайны хлопец. Але дзевак за грошы не вадзі, чуеш? Не трэба сюды такіх дзевак, пасля іх тут застаецца...
Уладзімір не стаў пытацца, што застаецца, але разумеў, што не пра нешта матэрыяльнае казала гаспадыня.
Пра сваю здольнасць лячыць ад рознай-рознасці яна апавядала ахвотна, ганарылася гэтым: “То ж людзі дзякуюць, вунь і праз пяць гадоў ідуць, і іншым пераказваюць. Значыць, умее Міклушычыха лячыць! Ого, умее... Я ж не ад усяго лячу, ёсць хваробы, што толькі лекары і даюць рады. А дзіця ад ляку як доктару палячыць? Тут словы трэба... Ад ружы вунь ніякі доктар не вылечыць, а я пашапчу, вадой памачу — і сходзіць. А во нядаўна мужчына быў малады. Яму жаніцца, і што там здарылася — абасцаўся ўначы! І яшчэ потым, і яшчэ. То маці прыходзіла, сам так саромеўся. Ды мусіў прыйсці — як жа ж я не бачыла чалавека, а лячыць буду? І вылечыла, хай не за раз, а за тры. Ён па сваім вяселлі з маладой жонкай прыязджаў, абрус падарыў, файны такі...”
Уладзімір часта выслухваў такія аповеды. Невялікая гаспадыніна кухня была дужа ўтульнай для працы з ноўтбукам пры стале, дый сама Марыя Фамічна сказала яму, каб не за тумбачкай там сядзеў (стала ў Уладзіміравым пакоі не было), а во тут, на кухні. Уладзімір разумеў, што бабульцы хочацца з кімсьці пагаманіць, ведаў, што недзе пасля гадзіны ягонай самоты на кухні Марыя Фамічна завітае, спытае пра што — і пачне сама расказваць: пра жыццё, пра мужа-нябожчыка, а больш пра свайго татку (яна так і казала — “татка мой”), які быў вядомым лекарам ува ўсёй ваколіцы, лячыў, праўда, жывёлу свойскую. “О, яму і працаваць не трэба было: каня як вылечыць, то мех мукі дадуць і ўвосень збожжа. Але ж працаваў, ой як працаваў! І мы, сямёра дзевак, ад раніцы да вечара. Затое ўсё ў нас было. А што ж: гадуй дочкі — не будзе сарочкі. Не-е, татка так не хацеў. Свіней шмат трымалі, парасят часта калолі, дык і надакучвала тая парасяціна на стале. І не скнара татка быў, не, што ні папросяць — даваў. Іншым разам дзе і згубіць, дык назаўтра як знойдзе... А саветы прыйшлі — усё сам у калгас аддаў. І мужыкам казаў: не пярэчце, гэтая ўлада надоўга, сіла ў яе, зламае яна вас. Многіх навучыў, хто не паслухаўся — згінулі недзе, вывезлі іх, а дабро ў пыл пайшло. Ды сам татка не ўшанаваўся: яго і брыгадзірам былі прызначылі, ужо і ў газеце пра яго пісалі, што лепшы, а потым прыехалі, забралі — і як у ваду знік. І да сёння не ведаю, дзе костачкі ягоныя... Жыццё пражыла, як на свінні праехала...”
За той зімовы месяц перад Уладзімірам мінулі ці не ўсё гады Марыі Фамічны. Яна з невядомай прычыны спяшалася выказаць кватаранту, выпадковаму слухачу, свой боль, якім былі поўныя і самыя вясёлыя гісторыі: ці то як замуж яе аддавалі, а абуць не было чаго, дык сукенку зрабілі такой доўгай, каб не было відаць, што нявеста басанож, ці то пра Каляды, калі хадзілі-збіралі, а мясцовы міліцыянт злавіў ды адабраў мех, а назаўтра скруціла яму жывот...
— От тады на мяне і пачалі казаць, што слова ў мяне такое, — прызналася Марыя Фамічна. — Бо гэта ж я крыкнула тому міліцыянту: “Каб ты з'еў, а потым не высраўся!” Мяне татка змалку вучыў, бачыў ува мне моц. Казаў: слова — найперш, слова і жывёла разумее, слова над усім верх бярэ. Навучыў кроў замаўляць, іншаму. Сталі да мяне людзі ісці, а страшна ж было. Заарыштаваць маглі, з сельсавета не раз пагражалі. Неяк сядзім во так у хаце, зіма, халадно, бо дровы ашчаджаем, а тут грукаюць у дзверы. Увальваюцца ў хату ў скуранках. Ой, як мы папалохаліся. А гэта, як высветлілася, па мяне прыехалі, збірайся, кажуць. І маўчаць, куды збірацца. Мама збялела, рукі трасуцца, ды адзін, галоўны ў іх, супакоіў: шапянуў ціхенька — лячыць трэба кабету. У мястэчка мяне павезлі, да нейкага начальніка партыйнага. Прывезлі, бачу: нарадзіла баба, а сама невядома дзе. Ляжыць на ложку, дзіця ў рукі не бярэ, гідзіцца яго, нічога ёй не цікава. Спужалася я: як такое лячыць? Усё ўспомніла, чаму татка вучыў. Тры дні там прабыла. А што ж, той начальнік так і сказаў: вылячуся — вярнуся жывой дадому. А не, то... Ды я не дзеля страху лячыла, страх лячыць не паможа. Ачуняла парадзіха. І дзіця да грудзей прыклала з любасцю, і мне потым добрую торбачку ў дарогу дала. А што ж, заплаціць трэба, і плату за работу ўзяць трэба — задарма і тата маму не цалуе. Той начальнік, хай яму добра будзе на тым свеце, усё ж шмат мне добрага зрабіў: нашыя сельсаветаўцы мяне чапаць перасталі. То мы з галадоўлі выкараскаліся. Хоць што той бядак за лячэнне можа прынесці! А кавалачак да кавалка — ужо і нам на стол нешта паставіць ёсць...
Марыя Фамічна збіралася ў вёску. Да гэтага часу яна не прызнавала ні торбаў, ні скрынак, усё, што ёй трэба было ўзяць з сабой, яна складвала і завязвала (прасіла Уладзіміра) у тугія клункі.
Бабулька планавала ад’язджаць назаўтра (“сусед будзе тут, то і забярэ мяне, дамоўлена даўно, анягож”). Яна прасавала нешта з адзення ў сваім пакойчыку, калі Уладзімір пачуў яе спалоханы ўскрык:
— Ай, Валодзечка, ратуй-ратуй!
Уладзімір не данёс да вуснаў кубак з кавай, падхапіўся з-за стала.
У бабульчыным пакоі, у самым куце ягоным, дзе стаяў ложак, з электрычнай разеткі на сцяне, у якой сядзела вілка праса, віўся дымок, чулася патрэскванне. Марыя Фамічна, перапалоханая, дзьмухала на разетку, стоячы крокі тры ад яе.
Уладзімір толькі зірнуў на разетку, адразу крутануўся ў вялікі пакой, падхапіў крэсла і стаў выкручваць засцерагальнікі ў электрашчытку. Зірнуў на адзін і другі і прысвіснуў у думках: тоўстыя “жукі” на абодвух.
Спакойна злез, зайшоў у пакойчык, выцягнуў гарачую вілку. Дымок віцца перастаў, але смурод па пакоі пайшоў.
— Усё нармальна, не хвалюйцеся... Хто гэта вам такія жукі паставіў?
— Якія жукі? — ачомалася бабулька.
— У шчыток хто засцерагальнікі ўкручваў апошні раз?
— Дык... Во кватаранты як былі, то нешта свет выбівала, дык хлопец паладзіў...
— Ага, добра паладзіў...
— Ай, дык што ж нарабілася... Я ж ледзь хату не спаліла праз іх! О, Божа, быў бы сыну падарунак... Аёй, дзякуй табе, Валодзечка, што б без цябе было!
— Усё нармальна, Марыя Фамічна... Тут крама недалёка, я зараз збегаю.
Вярнуўся хвілін праз дваццаць, з новай разеткай, кавалкам дроту і аўтаматычнымі засцерагальнікамі. Раскруціў разетку, вызваліў канцы, тады паставіў засцерагальнікі, праверыў — кароткага замыкання нідзе не было.
— Ну вось, зараз паставім Вам новую разетку, бе-ую, прыгожую, — казаў ён, завіхаючыся. — Дый праводку ўсю мяняць трэба...
— А то што ж, зноў загарыцца? Дык як жа хату кінуць? — спалохалася гаспадыня.
— Не, зараз дакладна нічога не загарыцца, — цвёрда адказаў Уладзімір. — Я паставіў аўтаматычныя засцерагальнікі. Як што — яны проста вымкнуць ток, і ўсё, нічога не будзе гарэць.
— Ай, разумны ты хлопец, дай табе Бог здароўя і добрую жонку... Напраў, Валодзечка, напраў, каб бяды ніякай не было...
— Не будзе бяды, не перажывайце, — усміхнуўся Уладзімір. — Гэта я ўмею рабіць, гэта мая праца...
Ён прафесійна зачышчаў абвугленыя канцы дроту, калі пачуўся кароткі асцярожны званок у дзверы.
— Каго там нясе? — знарок буркліва адгукнулася Марыя Фамічна, бо Уладзімір ведаў: яна ніколі не раздражнялася, што да яе ідуць людзі. — Ты працуй, працуй, я от цябе заслонай завешу, як да мяне хто наведаецца, — сказала яна і зацягнула заслону з дзвюх палос лёгкай пярэстай тканіны, якая схавала куток з ложкам і самога Уладзіміра.
— Мы да Вас па дапамогу, бабуля Марута, — пачуўся з вітальні вінаваты жаночы голас.
— Ой, дык я ж во збіраюся, еду да сваёй хаты, — з жальбой адказала гаспадыня. — Дык і зарана прыйшлі, трэба ж па трэцяй.
— Дык нам і сказалі, што Вы едзеце, бабуля Марута, — па голасе жанчына была яшчэ зусім дзяўчо, і ў Уладзіміра раптам здрыганулася нешта ўсярэдзіне, закарцела хоць куточкам вока зірнуць — хто там прыйшоў да бабулькі...
— Што, напужаўся хлопчык? — без лішніх роспытаў пачала гаспадыня. — Ад спуду дзесяць тысяч бяру.
— Добра... Не ведаю, — разгубілася жанчына. — Гаварыць не хоча, спіць дрэнна, ускрыквае, усё сабаку адганяе нейкага. Кажа, каб святла не тушыла ў пакоі. Мы ўжо і ў дактароў былі...
— Як — гаварыць не хоча? — удавана дзівячыся, усклікнула бабуля, здаецца, прысела перад дзіцём: — Той сабака вельмі вялікі быў? Чорны ці руды?
— Чорны, — пачуўся голас дзіцяці, хлопчыка.
— А ты рукамі на сабаку махаў, крычаў?
— Крычаў, — смялей дадаў хлопчык.
— Дык той жа сабака так цябе напужаўся, што да мяне сам лячыцца прыбягаў! — паважна і па-змоўніцку загаварыла Марыя Фамічна. — Ну, хадзем за мной.
Яна прывяла хлопчыка ў пакой да Уладзіміра.
— От, тут нам ніхто замінаць не будзе.
Уладзімір зразумеў, што словы былі сказаныя да яго — каб сцішыўся, не замінаў. Ён прыпыніў сваю работу, праз шчыліну ў заслоне міжволі цікаваў за тым, што рабіла гаспадыня.
Ён бачыў хлопчыка — бабуля паставіла яго амаль спінай да заслоны, яму было гады з чатыры. Маці ягоная стаяла ў парозе. Яе разгледзець хоць трохі Уладзімір не мог — толькі падолак кароткай спадніцы.
— А ты, мама, дзверы зачыні, нам не замінай, — сказала гаспадыня да жанчыны і, калі тая зачыніла дзверы, нахілілася да хлопчыка. Яна нешта шаптала, хутка, ціха, Уладзімір не чуў, толькі бачыў яе сухую руку, што, не кранаючыся хлопчыкавай галавы, пагладжвала яе. Потым бабуля ўсхліпнула — быццам увесь час яна прамаўляла сваю малітву на адным дыханні, і ёй ледзь-ледзь ставала паветра на апошнія словы, і скончыла шаптанне.
— А цябе як завуць? — спытала яна чамусьці шэптам.
— Вадзік, — шэптам жа адказаў хлопчык.
— Слухай, Вадзік, мы з табой, як дарослыя людзі, каб ніхто не ведаў, вось пра што дамовімся, добра?
— А пра што?
— У мяне ёсць цукерка адна. Я старая баба, зубоў няма. Еду ў вёску, хачу пасадзіць гарбузы. А каб добра гарбузы раслі, трэба пад іх страх закапаць. У мяне страху няма, а ў цябе ёсць. Дык давай мяняцца: я табе цукерку, а ты мне — страх. А яшчэ як гарбузы вырастуць, ты ўвосень да мне прыйдзеш, я табе і семак дам.
— Добра, — трохі разгублена пагадзіўся хлопчык.
— Во і добра. Дзе ў цябе страх?
— Тут, — нясмела паказаў хлопчык на грудзі.
— От, бяры далоньку расчыні, так, пакладзі на грудзі, от, цяпер сцісні і цягні, цягні, сціскай кулачок.... Во, давай мне, — бабуля хапіла сціснуты кулачок дзвюма рукамі, пагладзіла, распрастала дзіцячую далоньку. — О, я яго ў кішэню, а табе з кішэні — цукерка! Толькі ж глядзі, не падмані — страх назад не забірай, а то гарбузы не вырастуць і семак не будзе. І нікому не кажы, добра?
— Добра, — кіўнуў хлопчык, і ў голасе яго чулася сапраўдная радасць — ён памяняў свой страх на цукерку!
— Ну, от і бяжы...
Марыя Фамічна расчыніла дзверы.
— Усё, хадзем са мной, я вам вады дам. Будзеце хлопчыку на ноч даваць, па трошкі, тры дні запар. Усё мінецца, ён хлопчык зусім не баязлівы, праўда ж, Вадзічак?
— Праўда, — досыць бадзёра, хоць і крыху сарамліва адказаў хлопчык.
“Бач ты, якая хітрая”, — думаў Уладзімір, прыкручваючы разетку на месца. “Усё так проста, здаецца: аддаў хлопчык свой страх... Не, не аддаў нават: памяняў на цукерку. Эх, каб у жыцці так можна было: памяняць ці хоць прадаць страх, няпэўнасць...”
Гатуючы вячэру, гаспадыня вельмі доўга завіхалася на куханьцы: селядзец рэзала, бульбу абірала, смажыла. Дом напоўніўся пахамі, і Уладзімір падумаў, што няблага было б куды пайсці пад'есці. У якую кавярню, хот-дог з півам ці што...
Марыя Фамічна нібы пачула ягоныя думкі — пастукала ў прычыненыя дзверы, зазірнула:
— Ну, хадзі-ка за стол, адпраўную вып'ем, пасядзім. Ды за тое, што ўратаваў мяне і дом, падзякаваць табе хачу.
— Ды якое там уратаваў, — крыху сумеўся Уладзімір.
— Ты маўчы і слухай старую бабу, яна дурнога не гаворыць, — жартам прыкрыкнула гаспадыня, дадала ласкава: — Хадзем, Валодзечка, хадзем...
Пасля вячэры, калі пілі гарбату, Уладзімір падумаў, што самы час задаць пытанне пра Купалле. Расказвала ж гаспадыня пра Каляды, то і пра Купалле запытаць не грэх. Выйшаў пакурыць, вяртаўся — прыхапіў са свайго пакоя дыктафон.
— Раней... Ой, некалі спраўлялі дык спраўлялі, — пачала Марыя Фамічна. — на Сёмуху татка наабсякае нам ліпавых галінак. А мы ўсе хату шаруем, з дзеркачом, падлога аж свяцілася жоўценькім. А потым тыя галінкі ў хаце паразвешваем... Пахніць свежым... От! А на Купалу, значыцца, тыя галінкі гаспадары з хат выносілі, клалі перад домам. Гэта называлася маем. Так і казалі яшчэ — “май паліць”. Меншыя дзеці вёскаю бягуць, збіраюць сухое голле, нясуць на выган, на бераг рэчкі. У адным месцы заўсёды палілі, высокае месца было, далёка відаць. От, дзеці той май збіраюць, зносяць, а старэйшыя хлопцы з жэрдак робяць такі будан. Ну і другое ламачча сцягвалі: дзе куст парэчак гаспадар выкіне, хто голле ад яблыні абрэзанае. То потым гуму смярдзючую сталі кідаць... А раней не! Каб жывы агонь быў. Тыя жардзіны хлопцы дзёгцем шмаравалі. То як запаляць, агонь як скокне адразу ўгары — зыркі, далёка відаць. А дзеўкі старэйшыя вянкі плялі. Як стане цямнець, то абдымемся, ідзем на той луг, песні спяваем. Там хлопцы ўжо чакаюць.
— А пра што спявалі? — успомніў выкладніка Уладзімір, перапыніў гаспадыню.
— От далібог, не памятую, нешта сваё, дзявоцкае.
— А толькі моладзь была, ці старэйшыя?
— Ля вогнішча толькі моладзь, а старэйшыя выходзілі на ўскрай вёскі, стаялі, глядзелі, ці мо што і рабілі, дык я не ведаю... Як я вырасла, улада распарадзілася, што нельга той май чапляць ды потым паліць... От, было: сцямнее добра, чакаем апоўначы. Глядзім на ўсход — там пачынаюць успыхваць вогнішчы, зарыва на нас коціцца. Як у бліжэйшай вёсцы ад нас на ўсход успыхне полымя, то і мы падпальваем. І на захад глядзім цяпер — як у нас разгарыцца, то там цяпер ўспыхвае... І далей коціцца. Потым да ракі спускаемся, вянкі пускаем, а раніцой беглі глядзець: чый да берага прыбіла, чый у балаціну зацягнула. От так было. Полымя дагарае — пачыналі скакаць цераз агонь.
— Скажыце, Марыя Фамічна, — Уладзімір павагаўся дзеля прыліку, спытаў: — А вось кажуць цяпер, што ў гэтую ноч... ну, любошчы ўсялякія былі, распуста... Ці праўда?
— Ат, хто яго ведае, можа дзе і так. У нас начай было. Тады як жаніліся ці замуж ішлі? Каб выкараскацца з беднасці, на зямлі жанілі, за багацце замуж аддавалі. А як у нас сям’я з дзевак, то хоць за вала, абы ўдома не была. А любіліся ж з іншымі хто. То на Купалу дзеўка як пабудзе з тым, каго кахае, але за якога замуж ёй не ісці, дык гэта не лічылася грахом. Так то грэх вялікі быў, каб без замужжа з хлопцам быць, а на Купалу дазвалялася...
— Дык... — Уладзімір запнуўся, але запытаў: — А як жа цнатлівасць? Муж законны даведаецца, што... сапсаваная, што тады?
— І-і, дурненькі, — хітра прымружылася Марыя Фамічна. — Не вер каню ў дарозе, а бабе ў ложку. Баба, калі разумная, пяць разоў за ноч мужыка падмане. Ды табе такія сакрэты не трэба. То дзеўкам казаць буду, як запытаюць, — і засмяялася, потым раптам засмуцілася, прымоўкла.
Уладзімір зразумеў, што старая ўспамінае нешта сваё, можа, і вельмі асабістае, і не памыліўся — гаспадыня пачала гаварыць ціха, з сумам:
— І мне на Купалу адна ноч была... Любіліся мы з ім, крадком сустракаліся. Хоць і вайна адбыла, і гадоў нямала мінула, а ніхто не забываўся, што татку майго забралі як ворага. А мой жа каханак у сельсавеце быў, пры пасадзе... Ніяк нам не жаніцца. Тут стаў да мяне адзін сватацца, мне сямнаццаць, ісці трэба, мама просіць, бо надта ж цяжка... От і падаравала я свайму сельсаветаўцу тую ноч на Купалу. Потым ён ажаніўся, паехаў ад нас, вялікім начальнікам стаў. А харошым чалавекам застаўся. Ён мне і прывёз праз дзесяць гадоў паперу, што татку апраўдалі. Пасмяротна, значыць. А дзе магіла — не знайшоў, хоць і казаў, што шукаў. Дзе ж знойдзеш — Сібір вялікая...
— Марыя Фамічна, а Папараць-кветку хадзілі шукаць?
— Дык, дурэлі хлопцы, пацягнуць дзявок, лес недалёчка быў, так, гарэзілі. А папраўдзе ніхто не хадзіў. Страшна ж.
— А чаго страшнага? Што ноч і цёмна? — пад’юдзіў Уладзімір старую, але тая нечакана пасур’ёзнела:
— Ноч не страшная, і лесу няма чаго баяцца. Папараць шукаць — гэта страшная рэч.
— Чаму страшная? Што, можна сапраўды Папараць-кветку знайсці? — не змог стрымаць здзіўлення Уладзімір.
— Можна. Толькі, хлопчык мой, такое казаць страшна, не тое, што рабіць.
— То раскажэце... Можа, мне пашчасціць.
— Ой, грэх на душу бяру... Не жартачкі гэта. Спакусішся яшчэ... Але слухай, нехта ж мусіць ведаць, а то памру — і з сабой панясу. Дык от. Папараць простаму чалавеку не знайсці, не пабачыць. Трэба не простым чалавекам стаць, на той бок перайсці. Людзі на гэтым баку, а табе туды, на той бок. Каб перайсці, за гадзіну да поўначы трэба зняць з покуці найстарэйшы абраз. Нож навастрыць і на парозе адсячы ад мезенца на левай руцэ акурат там, дзе пазногаць пачынаецца. Тым абсечаным пальцам, кры-вёй напісаць праз увесь абраз: “Я выракаюся Бога”. Кроў павінна адразу спыніцца. Як спынілася — прынялі цябе напалову. Цяпер той абраз з сабой бяры і ідзі да лесу. Абраз пад першую асіну кінуць. Сам — бяжы па кветку.
— Куды ж бегчы?
— О, тады якраз усё пабачыш — колькі ўсялякага бяжыць па яе! Ведзьмакі ды чэрці, вупыры ды іншая пошасць... Кожны хоча Папараць сарваць...
Уладзімір слухаў, заварожана маўчаў — ён не чакаў пачуць пра такі незвычайны шлях да Папараці. Колькі ўсяго перачытаў — а пра такі “метад” не траплялася ніколі.
— Навошта тым чарцям Папараць? — запытаў ён, калі старая задуменна змоўкла. — Яны ж і так золата маюць...
— Папараць — смерць іхная.
Уладзімір уздрыгнуў — так выразна, з такім акцэнтам сказала гэты сказ гаспадыня.
— Чаму... смерць?
— Таму... Не ведаю я... Ой, я тут з табой заседзелася, а там кіно маё зараз кончыцца, і папытаць не будзе ў каго...
Уладзімір выйшаў прайсціся ў бліжэйшую кавярню — захацелася папіць добрай кавы і, шпацыруючы няспешна, упарадкаваць думкі.
Дзень выдаўся як ніколі за апошні час насычаным, жыццё падавалася запоўненым, набывала сэнс. Вось, так шчыра пагаварыў з выкладнікам... І нечакана для сябе Уладзімір зразумеў, чаму размова была для яго такой важнай, чаму пасля яе ён, не думаючы, згадзіўся на пераздачу, значыцца надумаў вучыцца далей — выкладнік Лобач быў першым чалавекам, які выслухаў яго, Уладзіміравы, думкі пра жыццё і не высмеяў, зразумеў... І з бабуляй усё так добра выйшла, і гісторыю яна апавяла, і пачаставала так шчыра. Усё, здавалася, было добра, і ісці ціхай вуліцай да кавярні ў прыцемках было лёгка і прыемна. І толькі жыла недзе ўнутры трывога, нават страх, не адпускалі ад сябе гаспадыніны словы пра тое, што перш чым шукаць Папараць-кветку, трэба адрачыся ад Бога. І што Папараць-кветка — гэта смерць для нячыстай сілы. Не зразумець таго было. Каб забіць Богавых ворагаў, трэба спачатку ад яго адрачыся? Ці як?
6
Быццам нехта невядомы ўздумаў пасмяяцца з Уладзіміра — у той кавярні, якую ён палюбіў за прастэчу, у якой ужо навучыўся паводзіць сябе нязмушана, была якраз нейкая вечарына, і месцаў, зразумела, не было. Давялося ісці далей праспектам, які пачынаў жыць сваім вечаровым жыццём: менела машын, большала людзей на ходніках. У няспешнай плыні маладых, шчаслівых, закаханых было прыемна ісці, як плыць у добра вядомай рэчцы: ведаеш, якое дно, дзе вір, дзе вада можа абхапіць халоднымі мацукамі знізу, дзе плынь вынесе імкліва ўбок.
Уладзімір добра адчуваў настрой (ён у тым быў пэўны, яму нібыта падказваў нехта збоку, што і як) асобных купак моладзі. Без памылак вызначаў, каму трэба саступіць пры сустрэчы, хто саступіць яму. Дзе кіруе агрэсіўная ўпэўненасць, якая толькі і чакае нагоды для выхаду сваёй энергіі, дзе паважлівая абыякавасць... Ён адчуваў усё так, быццам ад розных людзей дзьмуў розны ветрык: ці то лёгкі павеў з пакошанага лугу, ці то ўладная пераднавальнічная хваля, ці лёгкае калыханне паветра ў хваёвым бары.
У кавярню, што мясцілася ў цокальным паверсе будынка і прыцягвала ўвагу сваёй някідкай, але выразнай рэкламай гарбаты і напояў з траў, Уладзімір раней не заходзіў. Спусціўся кароткімі сходамі і на імгненне прыпыніўся разгублены. Ён ніяк не мог даць рады сабе ў такіх выпадках — з’яўляўся на парозе незнаёмай кавярні і губляўся ад няведання таго, як сябе паводзіць: падыходзіць да стойкі бара (што ўся аблепленая наведнікамі) ці проста ісці і сядаць на вольнае месца, чакаць, калі да цябе падбяжыць кельнерка і возьме заказ. Хоць і ведаў, што такая работа ў кельнеркі — падыходзіць да цябе, пытацца, а потым прыносіць заказанае, ніяк не мог суладаць з пачуццём сваёй вінаватасці: сваім прыходам ён надае лішняга клопату якой мілай дзяўчыне, і пэўна ж яна думае пра яго: “Прыпёрся... Пытайся ласкава, усміхайся. Мог бы кавы і дома напіцца. Тут людзі віскі пляшкамі бяруць... Што я з тваёй філіжанкі кавы буду мець... Драбяза галотная...”
Толькі адзін столік на два месцы заставаўся вольным, Уладзімір яшчэ патрываў імгненне, як пачуў, што ззаду расчыняюцца дзверы, і зразумеў: не зойме месца, дык давядзецца ціснуцца ў шчыльнае кола вакол стойкі бара.
Пайшоў, прысеў.
— Ці вольна ля вас?
Голас быў трошкі нервовы. Уладзімір узняў вочы і пабачыў маладую кабету гадоў дваццаці пяці. Бялявыя густыя валасы да плячэй, твар з выразна акрэсленымі ротам, носам і вачыма. Прыемны твар, сімпатычны нават. Хударлявая. Яе кофтачка была вязаная з тонкіх зялёных нітак, праз карункі і кветкі прасвечвалася цела і белы станік. “А чаму не зялёны?” — нечакана падумаў Уладзімір, кіўнуў як мага прыязней: