Не, не адзін гук, а чаргаванне гукаў у пэўнай паслядоўнасці. Паслядоўнасць... Чаргаванне...

Цікава, дзе яшчэ можна сустрэць падобнае? Вершы? Чаму адны вершаваныя радкі — паэзія, чаму чапляюць, чаму хвалююць, і чаму іншыя праходзяць міма душы, нават не страпянуўшы паверхні? А калі праверыць? У вершах дакладна вытрыманы рытм, ёсць радкі... Можна ўмоўна палічыць адзін радок як адзінкавую паслядоўнасць. Тады чаргаванне такіх паслядоўнасцяў... што павінна рабіць?

Ёсць радкі, возьмем хаця б вось гэтыя, Максіма Багдановіча: “Цямнее край зубчаты бору...” У радкох ёсць словы, якія ўтрымваюць гукі. Для нас важныя толькі галосныя гукі — бо гэта нейкая фізічная частата. Усе зычныя — гэта шум, гэта нават перашкода. Гук, фізічная частата нясуць нейкую энергію, яна ўплывае на чалавека, гэта пэўна. Калі інфрагук можа наагул забіць ці абрынуць чалавека ў вар’яцтва, а ультрагук на сваёй мяжы можа выклікаць болевы шок — то хто вывучаў, як уплывае на чалавечы мозг ўсякая іншая паслядоўнасць, ды яшчэ шматкроць паўтораная?

Мы маем літары, галосныя... Запішам іх частату зверху. Цяпер... цяпер проста выпішам частату аднаго радка ў праграму пад назвай Ворд Эксэль. І ўкладзем графік.

Цікавая піла выйшла.

Цяпер другі радок, трэці...

Што ўрэшце маем? Чатыры пілы. А гарбавіны і глыбавіны амаль супадаюць. Цяпер няхай графік складаецца так, каб кожны другі радок маляваўся з улікам першага, трэці — з улікам двух, чацвёрты — з улікам трох.

Уладзімір узрушана глядзеў на новы графік. Пэўна ж, пэўна ж, усё так і мае быць: другі радок узмацняе частотную паслядоўнасць першага, трэці яшчэ больш павялічвае гарбавіны, чацверты таксама акуратна кладзецца на іх. Такім парадкам, верхняя піла — гэта не проста сума чатырох пілаў, гэта ў чатыры разы павялічаная “магутнасць”, калі можна так сказаць, кожнага асобнага радка! Вось яна, фізічная асаблівасць паэзіі!

Графік раздрукаваў. Глядзеў на аркуш, яшчэ крышку вільготны ад чарніла, і пачуццё гордасці за сябе перапаўняла яго: а ён жа нешта змог! Цалкам мажліва, што нехта недзе рабіў гэта і раней (дык жа няма сведчанняў у Сеціве!), а ён вось сам дайшоў.

Але стоп... Адзін верш — яшчэ не довад. Які вядомы, таленавіты верш узяць цяпер? Аркадзя Куляшова... так, выдатна, яго. Вось, з самых вядомых, Куляшоў яго ці не тры разы перарабляў, усё ўдасканальваў: “На ростанях”. “Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.// Чаму так горка, не магу я зразумець...”

Уладзімір з незвычайным узбуджэннем расставіў, пераправерыў частоты гукаў у словах. Нарэшце перанёс лічбы ў праграму і даў каманду на стварэнне графіка.

Гэты графік глядзеўся амаль што ідэальна: усе чатыры радкі паўтаралі свае ўзвышэнні і ўпадзіны адзін у адзін, сумарная лінія была высокай, з крутымі пікамі. А які верш вядомы як не паэзія, а як нешта вымучанае, не ад душы? Ёсць такі ў таго ж Куляшова — “Камсамольскі білет”. Уладзімір успомніў як раней чытаў крытыку на гэты верш, дзе гаварылася, што той наагул спачатку быў напісаны на рускай мове, а потым перакладзены аўтарам, што ў вершы шмат штучнага пафасу, што пісаўся ён на заказ, тэрмінова...

“Цвёрда трымаўся юнак на дапросе,/ Тоячы словы і думкі свае...” — гэты слупок помніць, мабыць, кожны ўчорашні вучань школы. Уладзімір не надта хваляваўся: выйдзе такі графік, як у Багдановіча, горшы ці лепшы — не ў гэтым рэч. Значыць, тады наагул рэч не ва ўзмацненні гукавога раду, а ў самым радзе, скажам. Значыць, тады мае значэнне само чаргаванне гарбавінаў і глыбавінаў — той самы код радка...

Але адбылося неверагоднае.

Калі ўсе лічбы былі падстаўленыя і двойчы правераныя, Уладзімір са шчаслівым здзіўленнем разглядаў графік.

Гарманічнага ўзмацнення радком радка не адбылося!

Калі напачатку пікі чатырох радкоў крыху супадалі, то пачынаючы з сярэдзіны пайшоў поўны разлад і канец графіка хоць і быў высокім, але цалкам змазаным, без аніякага выразнага сігналу.

Уладзімір раздрукаваў і гэты ліст.

Замовы павінны мець дакладна такую самую нутраную будову. Калі іх заданне ўплываць на чалавека, значыць, выразнасць вось такога коду павінна быць вылучнай. Замовы не вершы? Чаму? А можа — белыя вершы? Дарэчы, трэба праверыць які белы верш... ды вось, хоць такія вядомыя хоку Басё ў перакладзе.

Тры радкі хоку далі прыгожы, такі ж адмысловы, як і першы верш Куляшова, графік.

“Ну, вось, а ты баяўся,“ — сам над сабой пасмяяўся Уладзімір. І свярбелі пальцы, гатовыя далей націскаць кнопкі клавіятуры, хацелася далей нешта рабіць, хутчэй, пакуль вось такі неверагодны ўздым, калі вось толькі адзін маленькі крок — і будзе зроблена нешта вылучна важнае!

Замова! Але знайсці патрэбнае ды яшчэ на рэсурсе, якому можна было б даваць веры, выходзіла не так проста. Нарэшце, знайшоў...

“Ішло два браты дуба рубаці, бэруць тапор, ідуць дуба рубаці. Не дуба рубаці, кроў замоўляці. Цекло тры рэчонкі, одна медзяна, а друга водзяна, а трэця кров’яна. Медзяну вуп’ю, водзяну выллю, а кров’яну зомоўлю...”

Калі самастойна разбіць на радкі? Гэтая ж замова якраз так і чытаецца, радкамі...

Ішло два браты дуба рубаці,

бэруць тапор, ідуць дуба рубаці.

Не дуба рубаці, кроў замоўляці.

Цекло тры рэчонкі, одна медзяна,

а друга водзяна, а трэця кров’яна.

Медзяну вуп’ю, водзяну выллю,

а кров’яну зомоўлю.

Ставячы лічбы значэння частаты, Уладзімір быў пэўны, што гэтыя радкі адлюструюцца ў праграме камп’ютара проста ідэальным графікам. Тут не чатыры, тут восем радокоў. Так і выйшла.

Але што рабіць далей? Што гэта дало тэксту, які яму трэба разбіць на знакі прыпынку, паправіць, прымеркаваць словы да слоў?

Калі мы ведаем, што тэкст укладзены паводле закону, цяпер трэба ў гэтым тэксце распісаць значэнне частаты гукаў. Потым неяк глядзець, шукаць паўторы... Прыкладам, узяць напачатку чатыры словы першыя і чатыры наступныя... Не, лепш браць адразу патрэбную колькасць складоў. Для пачатку, скажам, сем. Глядзець, ці супадаюць гарбавіны першых з гарбавінамі наступных. Не супадаюць — узяць восем, потым дзевяць... І тады стане зразумела, прыкладам, хто там распускае косы — сонца ці дзеўка...

Уладзімір вярнуўся да верша Куляшова “На ростанях”. Палічыў: у першым радку — аж трынаццаць літар, якія ўлучаюцца ў будову графіка. А ў другім — дванаццаць. І калі яму ўручную вось так самому падбіраць — будзе замала і лета. Трэба праграма... Праз паўгадзіны Уладзімір знайшоў на адным рэсурсе праграміста. Як мог, патлумачыў існасць задання. Хлопец трапіўся разумны, схапляў усё адразу:

— Так, я зразумеў наступнае: вы ўводзіце нейкі тэст, кожнай літары прысвойваеце лічбавае значэнне. Цяпер праграма павінна адшукаць заканамернасць у гэтым тэксце. Добра, знойдзе, што далей?

— Далей вось што... Трэба вывесці цалкам часткі тэкстаў, якія патрапляюць у заканамернасць, радкамі, адзін пад адным. Выйдзе нібыта верш. Але вось яшчэ што: тут не можа быць дакладнага супадання. Трэба гэта ўлічыць.

— Зразумела, дамо праграме нейкі допуск. Тады мне патрэбныя значэнні літар. Каб ведаць, якія допускі даваць.

— Вядома, кіну зараз. Яшчэ... Не ўсім літарам прысвойваецца лічбавае значэнне.

— Гэта дробязь, якім не будзе прысвоена — будзе нуль па замоўчванні. — Так, праграма нескладаная, нажывацца не хачу, але калі не шкада накінуць пяцёрку за тэрміновасць, то магу сесці зараз жа, да ночы будзе гатова.

— Не шкада.

— Выдатна, тады 25 ВМЗ. Кашалёк кідаю.

— Згодзен, заплачу зараз. Праверыць праграму можна так: увесці чатыры радкі верша, скажам, Ясеніна, узапар, адным сказам, без знакаў прыпынку. Калі ўвесці значэнні літараў, то праграма павінна надрукаваць чатыры асобныя радкі, так, як напісаў некалі Ясенін.

— Дык гэта вельмі добра, што ёсць праверка.

Кажучы шчыра, Уладзімір у нейкі момант хацеў прапанаваць праграмісту, каб той зрабіў праграму сёння, да ночы. Аж недзе свярбела хутчэй паспрабаваць... Але — праз паўтары гадзіны яго сустрэча з Ірынай. Яна абяцала, што сягоння прыйдзе.

Да сустрэчы заставалася часу якраз на тое, каб прыбрацца ў доме, працерці падлогу (адкуль тут збіраецца за дзень гэтулькі пылу?), памыцца самому. Падумаў, што сёння не будзе заходзіць выпіваць — узрушанасць ад работы, пэўны поспех і адчуванне абавязковага развязання ўсёй задачы надавалі яму ўпэўненасці. Недзе варухнулася няпрошаная думка, што Ірына — гэта хоць і важна, але не галоўнае... Ён прагнаў тую думку, не стаў на ёй засяроджвацца. Бо колькі гадоў таму зразумеў: няма нічога, што было б галоўным. Ёсць нешта другаснае, пустое, не вартае ўвагі. А найважнейшага, сама значнага ў жыцці — няма. Бо ўчорашняя дробязь сёння можа пераўтварыцца ў скалу наканавання. І наадварот...

Ён так быў заняты думкамі пра Ірыну, што не заўважыў, як спакойна і хутка прайшоў паўз сваё акно, выйшаў з саду і толькі потым, зачыняючы веснічкі, падумаў: вось жа, не зірнуў, ці быў хто ў яго акне. Але дом сёння выглядаў домам, і вокны былі... звычайнымі вокнамі.


4

— А вы ж мне так і не расказалі, хто Вы і адкуль?

Ірына выглядала вельмі ўсцешанай сустрэчай, яна не хавала ўсмешкі і задавальнення. Адзелася яна ў лёгкую сукенку, што цалкам адкрывала плечы. І выраз у сукенкі быў такі глыбокі, што калі яна нахілілася над столікам, Уладзімір бачыў ледзь не напалову яе не надта вялікія грудзі — на Ірыне нават станіка не было.

Яна як бы і не заўважыла гэтага Уладзіміравага пагляду, пасля якога ён адчуў, што зачырванеўся.

Заказалі каву.

— Я ж казаў — з вёскі. Тут вучуся, на гістарычным, завочна, першы курс канчаю.

— А дзе жывяце? Якія планы на потым? — з жывой цікавасцю на твары дапытвалася Ірына.

— Жыву ў адной бабулі, прыватны дом, але пэўныя выгоды ёсць. Пакойчык... Цяпер бабуля з’ехала на лета ў сваю вёску, то я адзін за гаспадара. А планы... Не ведаю, шчыра кажу. Яшчэ тры дні таму я думаў кідаць свой універсітэт ды ехаць назад... Наш бацька памёр даўно, не памёр — загінуў. Была нейкая папойка ў мужыкоў, на сенаванні. Ну і пасварыліся. Сталі біцца. Бацька не піў тады з імі, але пайшоў разнімаць. І нехта, так і засталося таямніцай — хто, шахнуў бацьку касой па назе, пад каленам. Не змаглі ўратаваць, п’яныя, як яны там перавяжуць, каб суцішыць кроў, калі артэрыя перарэзаная? А маці памерла... піла надта, захварэла на менінгіт. Жылі з братам, я тэхнікам-электрыкам працаваў, куды пашлюць. Брат... нідзе не працаваў, па людзях: сёння такія рукі патрэбныя ў вёсцы, дзе адны пенсіянеры пазаставаліся. Напачатку лета брат згарэў разам з нашай хатай. П’яны заснуў з цыгарэтай. Вось я і апынуўся без нічога і нідзе...

Уладзімір скончыў свой невясёлы аповед, і адразу ўпікнуў сябе: навошта ён? Хіба трэба сёння, вось цяпер, расказваць жанчыне, якая прыйшла на сустрэчу з табой, пра свае няшчасці?

— Вы прабачце, Ірына, — дадаў ён хутка. — Не звяртайце ўвагі — я прымаю жыццё як яно ёсць, таму і не скарджуся вам, я не няшчасны чалавек. У мяне, здаецца, усё наладжваецца, больш таго — такая сустрэча з вамі. Значыць, у мяне ўсё наперадзе...

— Вядома ж, усё наперадзе, — паспяшалася з адказам дзяўчына, яе відавочна расхваляваў Уладзіміраў расказ. — Як незвычайна ўсё выйшла: я першы раз сустрэла мужчыну, у якога зусім нічога і нікога няма..

— Так, нікога і нічога, — ахвотна згадзіўся Уладзімір, і яго працяла пяшчота да Ірыны — яна зразумела яго і літаральна ў двух словах змагла паказаць усё яго сённяшняе.

— Затое ў Вас ёсць мажлівасць пачаць з нуля, ад пачатку. Шмат і шмат каму гэтага ніколі не дабіцца, хоць і трэба было б... — зрабіла спробу загладзіць сваю ацэну Уладзімірава становішча Ірына, падкрэсліваючы гэтым, што яна зусім не расчараваная ў сустрэчы. Дадала: — Застаняцеся ў горадзе? Якія ў вас планы?

— Ну, пакуль што дапіць гэты кубачак ды заказаць па другім, — усміхнуўся Уладзімір без смутку. — Не ведаю пакуль што, калі шчыра — не задумваўся. Грошай стае, у мяне адпачынак вялікі. Магу вярнуцца ў вёску, там апусцелых хат даволі... Ці пайсці ў прымы да якой маладзіцы, ці папрасіць у калгаса новы дамок, праўда, трэба спачатку ажаніцца. У горадзе? Дык паглядзеў газеты, здаецца, працу з маім досведам работы электрыка знайсці не праблемна, і заробкі не раўня маім учорашнім. Але... горад не прымае мяне. Ці я горад, вось...

— Гэта чаму вы так здумалі? — шчыра здзівілася Ірына.

— Ведаеце... Вось не першы дзень, не першы ж раз. Заходжу на вакзале ў паўпусты тралейбус, усё нармальна. І раптам, ужо праз два прыпынкі, я апынаюся заціснутым сярод людскіх целаў. Вы мяне выбачайце, я не магу гэтага пераносіць — каб грудзі адной чужой жанчыны ўпіраліся мне ў спіну, а ў твар мне сунуліся падпашкі другой жанчыны. Я нават не пра пахі кажу, не... Гэта мяне не так чапляе. Стаю неяк на прыпынку, чакаю аўтобуса. Падыходзіць, дзверы расчыняюцца... Вось вы смейцеся, але я памкнуўся зайсці — і нібы нешта мяне спыніла, як ударыла адтуль, з салона, хваляй. Мне было невыносна ад думкі, што мне трэба лезці туды, прыціскацца сваім целам да іншых потных целаў... Дзіўны я, так?

— Нічога не дзіўны, — запярэчыла Ірына. — было б дзіўна, калі б вас наадварот, цягнула туды, — яна засмяялася каротка. — Проста вы вельмі паважаеце сваю асабістую прастору, гэта нармальна для ўсяго свету. А да людскога тлуму, да гарадской мітусні чалавек прывыкае вельмі хутка. Бо ён такая жывёла — да ўсяго прывыкае хутка... Дарэчы, пасля трэцяй людзі пачынаюць казаць адзін другому “ты”. Мы якраз па трэцім кубачку кавы выпілі. Пераходзім?

— Давайце, — усцешана пагадзіўся Уладзімір. — Па чацвёртым закажам?

— Тады “давай”, — паправіла яго Ірына. — Не, мне сёння доўга не сядзець, баюся, не засну, заўтра рана ўставаць, трэба на лецішча ехаць, там мама чакае... Хадзем, правядзеш мяне і раскажаш...

— Казку на ноч?

— Не, не казку, а разгадку якой-кольвек казкі, ты мне абяцаў, — гулліва-капрызліва нагадала Ірына, бліснула вачыма.

Уладзімір не ўмеў чытаць жаночых паглядаў, дзівіўся з таго, як яго сябры іншым разам аднымі вачыма дамаўляліся з жанчынамі, разумелі адзін аднаго без усякіх слоў, але вось цяпер гэты кароткі бляск жанчыны ён гатовы быў патлумачыць толькі адным: яе абяцаннем. Яна абяцала. Яна дакладна абяцала.

Калі выйшлі з кавярні, і Ірына нязмушана, быццам тое так рабілася між імі ўжо шмат разоў, узяла яго пад руку, і ён адчуў кароткі, ледзь адчувальны дотык яе цела да свайго — яго акрыліла: ён не памыліўся.

Было і трошкі прыкра ад усведамлення таго, што ў ім пераважала элементарная пачуццёвасць, жаданне блізкасці, нават не той фізічнай блізкасці ў ложку, а жаданне проста быць побач, адчуваць тонкі пах яе цела (калі шчыра — то нейкай парфумы), часам дакранацца да яе. І ў той жа час Уладзімір апраўдваў сябе, сваё далёка не платанічнае жаданне тым, што з Ірынай яму добра. Проста добра як з чалавекам, які прымае яго такім, як ён ёсць, без хітрыкаў. Цяпер яго перапаўняла ўдзячнасць да Ірыны, але ён не ведаў, як і якім спосабам можа тое выказаць. Ён, няўклюда-вясковец, што ён можа зрабіць? Запрасіць у кавярню на каву? А як у які рэстаран добры — дык яму, калі шчыра, адзець няма чаго... Ён не ведае наагул, як адзявацца. Шмат грошай патраціў ужо, а то б, можа, набыў сабе якую патрыманую іншамарку. Ужо, глядзі, прасцей было б падарыць жанчыне колькі добрых момантаў: звазіць яе вось заўтра на тое ж лецішча. А так, завязе іншы...

— А на чым трапляеце на лецішча? — падуладны апошнім думкам, спытаўся Уладзімір.

— Аўтобусам звычайна, бо бацька не заўсёды можа падвезці, на сваю яшчэ не назбірала, а сябра з аўтамабілем не маю, — адказала Ірына, і Уладзіміра салодка ўкалола гэтае “не маю”.

— Тады пачакайце... пачакай, — паправіўся Уладзімір, — неўзабаве я куплю тачку і буду вазіць цябе і маму на лецішча.

— Ой, мяне аўтамабілем не спакусіш! — засмяялася Ірына.

— А чым?

— А навошта табе мяне спакушаць? Лепш раскажы тое, што абяцаў, — пра казку.

— Табе праўда цікава?

— Праўда, — адказала Ірына і ледзь-ледзь сціснула яго руку.

— Ну тады... Вось яшчэ такая казка, складаная: Іван Царэвіч перамагае Бабу-Ягу, Кашчэя Несмяротнага і ратуе з палону Васілісу-красуню. Простая казка?

— Як быццам бы так, — не задумваючыся пагадзілася Ірына.

— Адзін цікавы і незвычайны момант: чаму смерць у голцы? Ну, што тая ў яйку, тлумачыць не трэба: яйка заўсёды асацыяваліся з жыццём, ува ўсіх народаў і ва ўсе вякі. Але чаму голка?

— І чаму?

— А вось давайце ўспомнім, з чым яшчэ параўноўваюць голку? Яе вастрыню? — Уладзімір зазірнуў у Ірыніны з хітрынкай вочы.

— Чакайце, чакайце... Так... Вось, розум востры.

— Менавіта! — радасна ўсклікнуў Уладзімір. — Такім парадкам, жыццё — не проста існаванне, а разумнае існаванне. А далей ужо проста: Царэвічу гэта жыццё з розумам Шчупак здабывае з вады — жыццё пайшло з вады. Само разумнае жыццё дасягаецца хуткасцю, імклівасцю — гэта заяц, палётам думкі, марай — качка, смеласцю, адвагай — воўк, сілай і спрытам — мядзведзь. Акрамя таго: сам куфэрак — гэта праца чалавечых рук, а замок на ім — каб улада над разумным жыццём не дасталася абы каму.

— А дрэва?

— Дрэва ў славян заўсёды было ў пашане. Помніце ў Пушкіна: дуб з Катом? Карані дрэва ў зямлі — гэта той свет, цёмны, сярэдзіна — тое, што маем, карона хаваецца ў аблоках — іншасвет, вырай.

— Ой, гэта ў Задорнава было і паўтараецца, — усміхнулася Ірына. — Ён там яшчэ пра бога Ра славянскага нясе...

— Што ён не нясе, гэта факт, але Задорнаў — спекулянт, ён спекулюе на тых ведах, а больш на тэорыях, якія збірае ў Сеціве, а потым нахабна агучвае, выдае за свае асабістыя знаходкі, недзе прыдумляе больш, — з горыччу заўважыў Уладзімір. — Гэта, дарэчы, праз яго падае давер да сапраўднай міфалогіі, ён пераўтварыў міфалогію ў шоу, карыстаецца ёй, як таннай дзеўкай у нейкай падтанцоўцы.

— Ну, ты занадта на яго... Можа, наадварот, ён — папулярызуе?

— Дзе там, Ірына... Задорнаў — гумарыст, блазан, шоўмэн. І ўсё, што праходзіць праз яго, набывае рысы шоў, блюзнерства... Дарэчы, яшчэ пра казку. У ёй Васіліса хто? Русь. А Іван Царэвіч тут — хрысціянства, праваслаўе. Гэтая казка — адлюстраванне барацьбы хрысціянства з паганствам. Кашчэй Несмяротны — гэта само паганства, Баба Яга — галоўная ведзьма. А ведзьма ж ад слова “ведаць”. З Ягой, калі дакладней казаць, дык складаней. У даўнейшых славян яна была накшталт багіні цяжарнасці. Тады існаваў звычай — роды прымаліся нейкай адной жанчынай ува ўсіх жанчын паселішча, яна для ўсіх дзяцей была бабай, амаль роднай, бо менавіта яна перавязвала пупавіну. Таму, мабыць, Яга, хоць страшная, злосная ў казцы, аднак памагае царэвічу перамагчы Кашчэя.

Цяжка сказаць, як складалася гэтая казка, пэўна толькі адно: тут захаваны веды паганцаў пра жыццё, яго існасць, адначасова казка паказвае гібель паганства. Думаю, некалі яна была зусім іншай...

— Ой, праўда? Дык Кашчэй — гэта цэлая рэлігія?

— Так... Вось я асабіста думаю, што паганства — гэта не проста рэлігія, як мы цяпер думаем пра яго: з рознымі там бажкамі, традыцыямі, абрадамі. Гэта было глыбей... Гэта, акрамя комплексу ўяўленняў пра свет і чалавека ў ім, яшчэ і цэлая сістэма ведаў і практычных правілаў, якія чалавек мусіў засвоіць, каб жыць у суладдзі з прыродай, з навакольным светам, у тым ліку з людзьмі. А багі... Яны існавалі... ну, для дзяцей, скажам, каб неяк канцэнтраваць асобныя прыродныя з’явы і сілы на пэўнай выдуманай асобе, каб лягчэй было засвоіць дзецям розныя табу...

— Ты гаворыш зусім не як просты вясковец, электрык. Самаадукацыя ў цябе... высокая. Але — мы прыйшлі, — з выразным жалем перапыніла яго Ірына.

— Шкада, — уздыхнуў Уладзімір. — Не ведаю, што цяпер і рабіць...

— Як што? Ідзі адпачываць — палова на дванаццатую.

— Баюся спаць адзін, — раптам вырвалася ва Уладзіміра. Яго сапраўдны страх, які, як выявілася, жыў у ім цэлы дзень і вось нечакана вырваўся вонкі адным сказам, як толькі згадалася ноч і “спаць”.

Ірына маўчала, злёгку прыкусіўшы вусны, і Уладзімір з прыкрасцю думаў пра тое, што яго словы могуць быць расцэненыя як зашмальцаваны ў анекдотах прымітыў, як пошлы намёк, вельмі пошлы, асабліва пасля вось такіх размоў. Ён ужо набраў паветра, каб пачаць апраўдвацца, але Ірына, якая, пэўна ж, думала ў гэтую хвіліны над тым, як ёй успрыняць Уладзіміравы словы, спытала, можа дзеля таго, каб упэўніцца: гэта не пошласць, а сапраўдны стан душы.

— Чаму?

Уладзімір выдыхнуў з палёгкай, сабраўся з думкамі, каб патлумачыць як найкарацей, асабліва не датыкаючыся абставінаў:

— Сніцца ўсялякая дрэнь... Прымроілася было... вельмі страшнае, жудаснае. Валасы дыбам сталі. Мабыць, сядзеў доўга за ноўтбукам... Калі шчыра, дык вельмі вусцішна было. І вось самога дома неяк баюся. Здаецца... вораг я яму.

Ірына кіўнула, быццам ведала ці здагадвалася, ці сама такое перажывала, потым кранулася сваімі пальцамі Уладзіміравай шчакі:

— Ну, сёння неяк пацярпі, добра? Заўтра я зазірну да цябе — і мы прагонім усякую дрэнь з тваёй хаты. Добра?

— Добра, — выдыхнуў Уладзімір, аж агалошаны словамі Ірыны.

— То да заўтрашняга вечара! Давай сустрэнемся на гадзіну раней. І ты абяцаў пачаставаць мяне віном. Удасца?

Уладзімір не паспеў адказаць, хоць ён і не задумваўся ні імгнення над адказам. Раптам проста перад імі ўзнік дзяцюк. П’янавата хіснуўся, выскаліўся ў дурнаватай усмешцы.

— Во, а я думаю: хто мне дасць закурыць?

Нахабнасць у голасе і паставе, мабыць, павінны былі кампенсаваць ягоную хударлявасць і невысокі рост. Саколка без рукавоў, рукі амаль без цягліцаў здаваліся вельмі доўгімі, матляліся незалежна ад гаспадара. Твар без брывоў, скуласты, востры нос глядзеў набок, відаць, наступствы колішняй бойкі.

— Ідзі адсюль! — нервова ускрыкнула Ірына.

— А чаго дамачка злуе? Я ж толькі спытаў... Ня-добра-а-а... — дзяцюк паднёс палец да свайго носа і паківаў ім. Потым павярнуўся да Уладзіміра, і той сустрэў абсалютна цвярозы позірк, які вывучаў, запамінаў ягоны твар.

— Дык дасі закурыць?

— Калі ласка, — Уладзімір дастаў пачак цыгарэт, адкрыў і падаў.

— Во, паважаю, — зноў п’янавата працягнуў хлопец, хіснуўся, але цыгарэту з пачка выцягнуў спрытна, адным рухам. — І агоньчыку...

Уладзімір паднёс запальнічку, пстрыкнуў. І пабачыў, што цыгарэта ў незнаёмца была заціснутая між двума пальцамі правай рукі: нармальным указальным і вычварна-кароткім сярэднім з чорным пазногцем. Пакуль гарэў агеньчык, Уладзімір зразумеў, што сярэдні палец без фалангі, а чорны пазногаць на ім — татуіроўка.

Ён перш і не зразумеў, чаму яго так уразіў гэты знявечаны палец, а потым успомніў бабулін расказ пра шуканне Папараць-кветкі. “Не, там жа мезенец адсякаецца...” — супакоіў ён сам сябе і пасміхнуўся: от прымеш на веру такі показкі, станеш кожнага куста пужацца.

— Дзякую... Я пайшоў... Не перашкаджаю... — хлопец прыпаліў і хутка ступіў убок, пашыбаваў ходнікам...

— От жа, — уздыхнула незразумела чаму Ірына.

— Ды ўсё нармальна, — супакоіў яе Уладзімір. — Я не адказаў табе... — Удасца! Вядома.

— То бывай!

Ірына неспадзявана хутка для Уладзіміра, без аніякіх іншых жэстаў павярнулася і пашыбавала ў свой двор. Ён на нейкі час застыў на месцы, абдумваючы яе апошнія словы. Заўтра... Заўтра гэта мілая дзяўчына прыйдзе да яго. Божа, а ў яго такая старая, хай сабе і чыстая бялізна на ложку! Заўтра трэба купіць...

Перапоўненасць уражаннямі і пачуццямі была такой, што толькі зайшоўшы ў дом, Уладзімір, як пра ўчарашняе кіно, успомніў пра свае страхі. Зірнуў на выяву Хрыста з думкай падзякі, бо раптам падумаў, што гэта дзякуючы яго сённяшняму з’яўленню тут так усё пачало складвацца, проста неверагодна складвацца. Заўтра ён атрымае праграму — і будзе зроблена заданне для выкладніка. Паедзе на экзамен — завязе.

Вочы Хрыста з малюнку глядзелі проста на Уладзіміра, пранізліва, з такім дакорам, быццам Хрыстос ведаў нешта пра патаемнае і страшэнна брыдкае ва Уладзіміравым жыцці, а той не тое што хаваў гэта патаемнае, а выдаваў яго за геройства.

“Усё нармальна, не ўпікай мяне, Хрыстосе, — у думках прамовіў Уладзімір. — Час цяпер зусім іншы — не вялікі грэх, і ці грэх наагул быць мужчыне з жанчынай, калі яны падабаюцца адзін аднаму. Ты казаў, каб не жадалі жонак братоў сваіх, дык я не жадаю ні чужой жонкі, ні жонкі свайго брата. Ірына вольная, я — вольны. Не асуджай надта...”

Распрануўся і лёг, а ў вачох стаяла зваблівая Ірыніна постаць, яе грудзі ў глыбокім выразе кофты. Няўжо заўтра ён зможа дакрануцца да іх вуснамі, пацалаваць іх?

І зноў, ужо засынаючы, заварушылася нечакана такая нежаданая думка пра Алену. Не, ёй, Алене, вясковай бабе, няма што і раўняцца з Ірынай. Алене ён трэба як мужык, мужчына, а Ірыне — як чалавек.

Гэтая думка-перакананне супакоіла, прагнала прыкрасць.


5

Ён зноў спаў і не спаў: адна палова яго свядомасці была ў сне, другая — тут, у густой чарнаце пакоя, дзе чулася незразумелае шыпенне — проста над яго галавой. Розум падсвядома шукаў тлумачэння гэтаму ціхаму гуку і знайшоў: так сычэла, падыходзячы, брага ў флязе, што ставіла маці ў каморы, і з якой яны з сябрам забягалі крадком зачэрпнуць па кубку. Сычэнне нарастала.

Цёплая кропля нечага густога мякка ўпала на яго твар, амаль на вока. Ён імгненна падхапіўся, свядомасць вызваліся ад мроіва сну. Адна рука тарганулася да твару, другая — да настольнай лямпы.

Святло не загарэлася. Пальцы сталі мокрымі. Упоцемках ён памкнуўся да вымыкача на сцяне.

Устаўленая ўчора ў рамку выява Хрыста над яго галавой была пакрытая чорна-чырвонай пенай. Пена была жывая — яна булькала пухірамі, расла, закрываючы сабой яркі малюнак. З ніжняга берагу рамкі зрываліся нехаця вялікія кроплі — і падалі не строма, паўз сцяну, а па нейкай неверагоднай дузе на падушку, проста ў тую ямку, дзе ляжала яго галава.

Ён схапіў са сцяну рамку ў роспачным парыве, не думаючы — як галавешку з вогнішча. Рамка не абпаліла, яна была халодная.

Кінуўся на кухню, сунуў рамку з карткай у ракавіну, крутнуў кран. Вада не пацякла. Гатовы завыць, азірнуўся — і пагляд учапіўся за шклянку вады, акурат пасярэдзіне стала.

Хапіў яе, рэзка лінуў на карціну. Дакладней, ён зрабіў усё, каб лінуць.

Аднак вада не выплюхнулася са шклянкі — а нейкім густым камяком вывалілася адтуль, як студзень.

Быццам жывая істота, яна трымалася за шкло, упарцілася, не хацела сутыкнення з чорнай пенай на малюнку Хрыста. Але мусіла ўпасці, расцяклася.

Пачулася скварчэнне, як быццам на перапаленую патэльню лінулі халоднай вады. Уладзімір адскочыў убок, чакаючы выбуховай пары над ракавінай, але нічога не было. Гукі змоўклі. Ён асцярожна зазірнуў у ракавіну — малюнак Хрыста знік, адкрыўся той самы нягеглы пейзажык. Чысценькі, быццам ён толькі што распакаваў рамку.

Дрыжыкі ў каленях прымусілі яго сесці. Ён паглядзеў на шклянку ў руках і яго закалаціла: ён мог паклясціся, што вечарам шклянкі з вадой (ці з чым?) на стале не было. Ён піў каву з кубка. Кубак памыў і паставіў на драты сушылкі — вунь ён. Шклянку на стол ён не ставіў.

Жудасць запаўзала ў самае сэрца, не давала варушыцца. Здавалася, зараз сцены і столь абрынуцца на Уладзіміра, пакой увачавідкі стаў меншаць, не ставала паветра. Уладзімір асцярожна паставіў шклянку на стол. Яна здавалася жывой.

Уладзімір сабраў рэшткі волі, адчыніў лядоўню, дастаў бутэльку, у якой было грамаў сто пяцьдзясят гарэлкі. Пашукаў вачыма — у што наліць, зноў пабачыў шклянку на стале і ў раптоўным выбуху ярасці схапіў яе і шпурнуў у кут — туды, дзе стаяў газавы кацёл ацяплення. Гук, з якім шклянка разбілася, быў проста аглушальным, але ён і ўратаваў Уладзіміра ад поўнай страты развагі — калі б шклянка не разбілася, невядома, што б было далей.

Уладзімір наліў гарэлку ў кубак, з якога піў каву, выпіў. Гарэлка апякла рот і горла, але амаль адразу ж ён пачуў цеплыню ў грудзях. Сеў за стол, закурыў. Цеплыня з грудзей дасягнула галавы, тахканне сэрца ў скронях спынілася. Успомніў, што тым вечарам бабуля паставіла сваю бутэльку з цёмнага шкла ў сваю шафку тутака, на кухні. Каб іншым разам, дык Уладзімір ніколі б не адчыняў гэтай шафкі, каб чаго ўзяць, але цяпер быў удзячны памяці, што захавала той момант.

“Толькі б яна тут стаяла...”

Бутэлька была тут, у руцэ адчувалася вага напоўненасці. “Палова будзе”, — здаволена і ўжо амаль заспакоена падумаў Уладзімір, наліў зноў у кубак для кавы, выпіў. Зноў курыў, зноў наліваў і піў — і ні пра што не думаў, нікуды не глядзеў. Нарэшце зразумеў, што можна ісці класціся — даволі з яго, зараз зваліцца. Яшчэ праверыў, ці навёў будзільнік на тэлефоне, адклаў яго як далей убок, каб нельга было дацягнуцца рукой, не ўстаючы з ложка.

Прачнуўся пры першых гуках званка, звыкла працягнуў руку, каб націснуць кнопку “Пазней”, але ў момант успомніў, што мабільнік ляжыць далёка на крэсле. І раптам усё ўспомнілася.

Была раніца, сем гадзін. Досыць часу паснедаць, сабрацца і паспець ва ўніверсітэт. Пайшоў на кухню, пэўны, што зараз на стале будзе сядзець кот. Уладзімір як бы зусім не здзівіўся яму — хай будзе і кот. Але пабачыў толькі аскялепкі шкла, брудную ракавіну, недапітую бутэльку.

Наліў і выпіў, хоць розум пярэчыў такому дзеянню: яму ж ува ўніверсітэт, выкладнікі не даруюць паху перагару. А таго, колькі ён выпіў ноччу, простай жуйкай не пераб'еш...

Праз хвілін сорак Уладзімір выходзіў з двара. Зачыняў веснічкі, азірнуўся на вокны дома.

У акне вялікага пакоя сядзеў і глядзеў на яго вялікі шэры кот. Той самы.

Валасы варухнуліся на галаве. “Сядзі, каб ты спрах, — падумаў сабе Уладзімір. — Не буду вяртацца. Здохнеш... Але ж сука, яшчэ нагадзіць дзе, а сёння...” — і сарваўся з месца, пабег.

Стаў адчыняць дзверы і аж здрыгануўся ад нечаканасці — з таго боку нехта як быццам бы пхаў дзверы, хай сабе і не моцна. Яшчэ ні пра што не паспеў падумаць, як праз вузкую шчыліну праціснуўся кот, ірвануўся ў бок, але прысеў пад плотам і пільна сачыў за Уладзімірам.

“Чаго вам трэба, сволачы?” — у роспачы падумаў Уладзімір, сам не разумеючы, каго ён называе свалачамі, да каго звяртаецца.

Зайшоў у дом, праверыў форткі — сеткі на ўсіх трымаліся надзейна. “Мо калі выходзіў у прыбіральню, дзверы пакідаў адчыненымі, сам дурань”, — успомніў Уладзімір, але поўнага супакаення не было. Чаго гэты кот лезе ў хату? Гаспадыня ж не трымала катоў, яна казала, што і дома ў іх не было, не любіў яе татка катоў, і яго нелюбоў перадалася дочкам, ува ўсякім разе ёй, Марыі. Пах падлы... Пах знік, Уладзімір і не заўважыў: як ён знік і калі. Можа, гэты пах вабіў ката, можа, што і цяпер яшчэ нешта застаецца, і чуйны каціны нос ловіць тое, чаго не адчувае чалавек...

Час на лекцыях цягнуўся як ніколі павольна. Уладзімір стараўся зразумець тое, што тлумачылі выкладнікі, старанна запісваў — у час зімовай сесіі не быў такім уважлівым. Яму вельмі важным стала яго навучанне, захацелася менавіта навучацца — цяпер у яго была Ірына. Яна прыняла яго, вось такога, простага электрыка-вяскоўца, але ж відавочна, што гэта — нейкі аванс яму, яна ж так зацікаўлена слухала пра яго планы. Яму трэба цяпер навука...

Пасля лекцыяў прымусіў сябе паесці, потым ужо накіраваўся ў супермаркет. Купіў не белую, а цёмна-сінюю пасцельную бялізну, у нейкіх вялікіх белых кветках. Доўга выбіраў віно, узяў і белага, і чырвонага, узяў і каньяк. Цукеркі, нейкага вэнджанага мяса... Чаго яшчэ браць? Чым частаваць гарадскую дзяўчыну? Калі яна прыйдзе (а яна ж абяцала!), то трэба будзе нешта паставіць на стол.

Чорт, так нядобра, што ў яго пакоі няма якога століка. Дый ложак... Стары і вузкі... Уладзімір сам спыніў сябе на гэтых думках: “Яшчэ невядома, як яно будзе, яшчэ мо і наагул нічога не будзе! Бач, летуценнік”. І ў той жа час яго практычны розум падказваў, што пра гэта трэба думаць, што да ўсяго трэба рыхтавацца, каб потым не чырванець, маўляў, няма відэльца, акрамя як бабулінага, шэрага алюмініевага... Вось, пару відэльцаў купіць... лыжачкі чайныя... два добрыя кубкі пад каву. А піць з чаго? Там, у бабулі, ёсць сервант у вялікім пакоі, у ім стаіць нейкі посуд, стае там розных фужэраў і чарак.. І наагул, у вялікім пакоі стаіць канапа і часопісны столік! Бабуля яму казала, што на лета можа перабірацца туды, там жа вальней, тэлевізар ёсць. Во, гэтак і будзе. Канапа раскладваецца, то ён адразу яе і раскладзе, і ўпарадкуе...

Як гэта было нязвыкла, як хвалююча, і як, пры ўсім, прыемна: рыхтаваць сябе і свой (ну, на гэта час — свой) дом да прыходу жанчыны, якая амаль што паабяцала табе сваю пяшчоту і абарону.

Першы раз за гэтыя дні Уладзімір увамкнуў тэлевізар — на вялікі гук, прыбіраўся ў кватэры. Атрымаў ліст з архівам ад свайго праграміста. Нават запусціў праграму па тых тлумачэннях, якія былі. Узрадаваўся: усё падалося вельмі зручным для работы. Але не сёння... Заўтра ў яго будзе дзень, заўтра...

Ірына сустрэла яго ля кавярні — яшчэ здалёк ён пабачыў яе, памахаў рукой, і яна памахала ў адказ, і адразу ж рушыла яму насустрач: у сіняй сукенцы, што абляпляла, як мокрае, усё яе зграбнае цела, робячы такім невыказна зваблівым, што Уладзімір каўтануў. І гэтая жанчына чакае яго!

— Прывітанне!

— Прывітанне! — Ірына падала руку, і пакуль Уладзімір прытрымаў яе ў сваёй далоні, лёгка пацягнулася і ледзь-ледзь кранаючыся вуснамі пацалавала яго ў шчаку. Гэта было так нечакана для Уладзіміра, што ён замёр, а яна засмяялася вясёла:

— Ой, гэта проста аванс... Я падумала: чаго сядзець у кавярні, калі мы потым збіраемся зазірнуць да цябе і прагнаць нячыстую сілу?

— Ага, дык я... і віна купіў, вось, — Уладзімір не мог суладаць са сваёй разгубленасцю. — Толькі я не ведаю, якое ты любіш, і наагул, я не ведаю: што купляць і як.

— А Божа, які ты ў мяне... наіўны, бы як тое дзіця малое, — Ірына падхапіла яго пад руку. — Што ты купіў? Якое віно?

Уладзімір назваў маркі віна, сказаў пра кан'як, цукеркі і мяса.

— Тады ідзем да цябе праз магазін! — загадала Ірына. — Пабачыш, што трэба браць на стол для сучасных жанчын.

Яны зайшлі ў супермаркет, неяк зусім па-хатняму, быццам даўно былі разам, хадзілі па радох: Уладзімір каціў вазок, Ірына кідала туды пакункі: гатункі сыру, лімон, апельсін, вінаград...

— Будзе нам грошай? — пацікавілася Ірына па-простаму, без аніякага намёку, і Уладзімір адказаў гэтак жа спакойна:

— Будзе, ёсць на картцы...

Ён не заўважыў, у які момант Ірына павяла сябе так, што раптам яны сталі рабіць разам тое, пра што думаў ён адзін, пра што марыў: іх цяперашнія хвіліны былі падобныя да хвілін перад інтымнай святочнай вячэрай мужа і жонкі, калі яны няспешна рыхтуюцца да свайго асабістага свята, ведаюць, што ў гэтым свяце запланавана, і міжсобку адкінулі ўсякія намёкі і недагаворкі. Гэта не проста грэла і цешыла — гэта напаўняла Уладзіміраву душу нязведаным раней пачуццём дасканаласці, завершанасці і ўпэўненасці.

Адмыкаючы дзверы, ён гнаў ад сябе думку пра тое, што зараз можа нешта адбыцца, нешта такое, што не проста сапсуе вечар і ноч, а абрыне, раструшчыць усе планы і мары: раптам падалося, што ў вітальні іх сустрэне пах падлы, такі, што не ўтрываць будзе. Ці на століку, які ён прыставіў да ўжо прыбранай канапы, будзе сядзець той самы шэры кот, а на самой канапе, на новай бялізне будзе смярдзючая каціная куча. Уладзіміра пачало дробна трэсці, ад панічных думак пачалі дрыжаць рукі.

Добра, што Ірына нічога не заўважыла.

— Тут так зацішна, утульна... быццам у другім свеце, — толькі і сказала, пакуль яны ішлі па сцяжынцы праз сад.

Смуроду падлы ў вітальні не было. Ніякага паху не было.

Кот не сядзеў на століку.

Там стаяла толькі ўзятая з серванту старамодная крыштальная ваза з кветкамі — Уладзімір і іх купіў ля супермаркета ў бабулек.

Лёгкае пакрывала на канапе было чыстае.

І на куханьцы было ўсё ў парадку.

Уладзімір уздыхнуў з палёгкай.

— Як у цябе тут ладна! Чысценька так! І, бачу, ты чысцюля адметны, — пахваліла Ірына Уладзіміра.

— Прывык... Прывучыў некалі бацька, — прамармытаў Уладзімір.

— Ну, дай мне які фартушок, будзем гаспадарыць, — Ірына паклала сваю сумку на канапу, паглядзела ўважліва на Уладзіміра, падышла і паклала яму на плечы рукі: — Ты так хвалюешся, бачу...

Яе грудзі краналіся Уладзіміравых грудзей, яе твар быў так блізка ад яго вачэй...

Ірына пацягнулася і пацалавала яго ў вусны — стрымана, ласкава.

— Не хвалюйся, усё будзе хораша, — усміхнулася.

Уладзімір міжволі прытрымаў яе, яна памкнулася ў першы момант вызваліцца, але потым прыціснулася да яго ўсім целам, і яны сталі цалавацца: спачатку асцярожна, а потым з жарсцю, якая абуджалася ў іх абоіх, прыціскала целы мацней і мацней адно да аднаго, надавала шаленства рукам.

— Досыць, досыць пакуль што, — перапыніла пацалунак Ірына, усміхнулася ўшчувальна: — Мы так і віна не пакаштуем. Хай будзе ўсё прыгожа...

Пілі каньяк, віно, ізноў каньяк. Гучала музыка (Уладзімір прынёс ноўтбук і падлучыў калонкі), пакой асвятляўся тэлевізарам — мільгацеў экран, гук быў вымкнены.

Ірына сама выбрала той момант: выпілі віна яшчэ крыху, яна адставіла фужэр на столік, крышку прыўзнялася, потым нібыта проста ўскінула рукі ўгару, а разам з рукамі ўзляцела яе сукенка, быццам на канапе нейкая птушка паспрабавала ўзмахнуць, расправіць крылы, ды перадумала — сукенка апала ў Ірыніных руках камячком тонкай сіняй тканіны. Яшчэ два рухі — і Ірына сядзела, падціснуўшы пад сябе ногі з шаўковай скурай зусім аголеная, крышачку сарамліва ўсміхалася, не вуснамі — вачыма.

— Хадзі да мяне...

Уладзімір цалаваў тонкую скуру яе белых, незагарэлых грудзей, а ўнутры ўсё трымцела, і здавалася — вось зараз ён страціць прытомнасць ад перапоўненасці пяшчотай і жаданнем.

Потым яны ізноў пілі, рознае, толькі цяпер не міргаў тэлевізар — Уладзімір вымкнуў яго, яна зноў сядзела на канапе, не адзяваючыся, разняволена абапёршыся на падушку, якую прыставіла да сцяны, трымала фужэр з віном, загадкавая і мілая ў святле поўні, што заліло пакой праз празрыстыя бабуліны занавескі (бабуля не любіла цяжкіх штор на вокнах), а ён, бясконца шчаслівы і рады да вар’яцтва, цешыўся ёю, пагладжваў яе ногі, а скура на сцёгнах і на дотык здавалася шаўковай.

Потым ізноў было наталенне двух целаў адно адным. Толькі на гэты раз не сарамліва-цнатлівае, не асцярожнае ў сваім памкненні ніяк не пакрыўдзіць, не параніць другога, не прагнае ў жаданні аддаць другому ўсю сваю пяшчоту, а наадварот: бязмежнае ў сваёй бессаромнасці, быццам яны імкнуліся за кароткія хвіліны адшукаць для сябе нешта найнезвычайнейшае, нешта такое, што ўздыме іх задавальненне — ужо і кожнага паасобку — на яшчэ большую пачуццёвую вышыню і пакіне там у шаленстве экстазу.

Гэта цягнулася доўга — куды даўжэй, чым першы раз. Урэшце яны стомлена сцішыліся, яна схіліла над ім сваю галаву. Уладзімір ляжаў на спіне, асцярожна кранаў яе грудзі, якія цяпер не ўзрушвалі яго сваёй дзіцячай беззабароннасцю і мілай пяшчотай, толькі здзіўлялі неверагоднай, яшчэ ўдзень, мажлівасцю іх кранаць, асцярожна сціскаць і лашчыць невялікія смешныя смочкі.

Паласа блактіна-белага зыркага святла поўні падала праз шчыліну між дзвюх фіранак проста на іх, на схіленую Ірыніну галаву, на Уладзіміравы рукі, што няспешна лашчылі яе грудзі.

Яны адпачывалі.

Ірына ўскінула голаў, у месячным святле яе валасы ўскалыхнуліся, як быццам загарэліся блакітным полымем.

Уладзімір зірнуў ёй у твар.

На яго глядзелі хіжыя, з жаўтлявымі вузкімі зрэнкамі вочы.

Не твар — страшная звыродлівая морда старой вампіркі, якія так любяць паказваць у фільмах жахаў. Толькі не было бліскучых іклаў і разяўленага рота.

“Папаўся!” — гэтае слова падарвала свядомасць.

Уладзімір адным рухам выскачыў з-пад Ірыны (а гэта была Ірына?).

Падскочыў да тэлевізара (вымыкач быў над канапай, над той, што цяпер замерла, застыла ў нерухомасці), пстрыкаў вымыкачом, быццам просты тэлевізар быў збаўцам, быццам ён мог нешта змяніць.

Загарэўся экран.

Скаваны жахам так, што анямелі рукі і ногі, Уладзімір амаль не дыхаў. Мозг, паралізаваны жудасцю ўбачанага, недзе аўтаматычна адзначаў, як моўчкі, ні слова не кажучы, і не паварочваючы да Уладзіміра твару, дзяўчына бессаромна, у поўны рост, устала ля канапы, пацягнулася за сукенкай на спінцы. Спрактыкаваным рухам нацягнула адзежыну, паправіла. Потым памацала рукой там жа, ля спінкі, знайшла свае майткі і станік, загрэбла іх, узяла сумку, нядбайна кінула туды. Усунула ногі ў басаножкі і моўчкі, усё гэтак жа, не зважаючы на Уладзіміра, выйшла. Уладзімір бачыў, як яна хутка прайшла міма акон дома па сцяжынцы, стукнула веснічкамі.

Ён бязвольна асунуўся на падлогу, неяк затрымаўся, каб не ўпасці на выстаўленай, бы падпорка якая, руцэ.

Лёгка рыпнулі дзверы.

На парозе вялікага пакоя сядзеў кот, цяпер амаль чорны, яго жоўтыя вочы не мігаючы глядзелі з невытлумачальным для Уладзіміра жалем.

Толькі цяпер Уладзіміра затрэсла, як у ліхаманцы. І гэта вярнула яго цягліцам адчуванне. Ён устаў, калоцячыся, бо ногі падгіналіся, падышоў да канапы, пацягнуўся і ўвамкнуў святло. Разанула па вачох, Уладзімір зажмурыўся. Калі адплюшчыў вочы, ката на парозе не было.

Памкнуўся быў і не змог сесці на канапу. Урэшце падхапіў і адкінуў ад сябе сінюю ў белых кветках прасціну, сеў. Абхапіў галаву рукамі, застагнаў. Пацягнуўся па цыгарэты на століку, убачыў у сподачку, які быў замест попельніцы, недакуркі ЯЕ цыгарэт — тонкіх, зялёных. Абярнуў сподачак проста на падлогу. Закурыў. Потым пашукаў вачыма сваю чарку — яна павінна быць чыстай з берагу, лінуў каньяку. Пераліў, хоць з бутэлькі напой цёк тонкім струменем. Падносіў чарку і скрывіў рот у роспачы: рука трэслася, пітво пралівалася на пальцы.


6

Да рэчаіснасці Уладзіміра вярнула надрыўнае гучнае бабскае галашэнне:

— Ай, дзеткі мае, а што ж ты нарабіў, дзіцятка маё! А долечка ж мая!..

Уладзімір ўзняў галаву. Ён зразумеў, што сядзіць, абхапіўшы калені, скурчыўшыся каля канапы. У пакоі было светла. Міргаў тэлевізар. Часопісны столік заліты рэшткамі віна, закіданы абгорткамі цукерак, недакуркамі цыгарэт. На канапе ляжала скамечаная бялізна.

Уладзіміру было вельмі халодна, яго трэсла.

— Зараз, мой харошы, зараз! — Марыя Фамічна подбегам наблізілася да Уладзіміра, паклала руку на яго галаву. Потым падхапіла падолак сваёй доўгай спадніцы і стала ліхім бокам тканіны церці Уладзіміру твар: раз, другі, трэці.

Уладзімір страсянуў галавой, як толькі што вынырнуў з вады, пад якой, высільваючыся, прабыў без паветра да пякучага болю ў грудзях, хапіў паветра раз і другі. Азірнуўся на гаспадыню, жаласліва папрасіўся:

— Даруйце, Марыя Фамічна.

Хацеў устаць, але прысеў ізноў. Ён зразумеў, што зусім голы.

Гаспадыня адкрыла дзверы ў свой пакой, стала корпацца, прыгаворваючы голасна:

— А я ж з панядзелка, з панядзелка днём, як падкінула мяне, як стрэліла: от чую, нешта здарылася. І не магу спаць, хоць ты вочы завяжы, хоць гарэлку пі. І дзень мінуў, і ноч, думаю: трэба ехаць, ну трэба ехаць, нешта зрабілася, нічога рабіць не магу, баліць душа, баліць, зрабілася такога...

Уладзімір, амаль не ўсведамляючы таго, што адбываецца, знайшоў сваё адзенне, адзеўся. Стаў каля канапы, глядзеў на завалены часопісны столік: мабыць, трэба гэта ўсё прыбіраць...

— Ой, дзіцятка, хадзі сюды, хадзі...

Марыя Фамічна несла з пакоя літровы слоік з празрыстай вадкасцю — вадой, хутчэй за ўсё. Узяла за руку Уладзіміра, і ён пакорна пайшоў за ёй, як маленькі хлопчык, што нашкодзіў і чакае цяпер свайго пакарання.

— Ай, ай-ай, Валодзечка, нашто ж ты нож выцягнуў, чым жа ён табе так замінаў там, а? — прыгаворвала гаспадыня, а сама ставіла пасярод кухні табурэтку, садзіла на яе Уладзіміра.

Той самы нож, які дастаў Уладзімір са шчыліны ў сцяне, ляжаў на кухонным століку — дзе ён яго і паклаў.

— На гэтым нажы гэтулькі ўсяго, гэтулькі ўсяго, а ты яго ў хату ўпусціў, як ты яшчэ жывы ды здаровы, дзетачкі мае. Нельга такі нож у хату, нельга даставаць... От, баба старая, што ж я цябе не папярэдзіла... — галасіла Марыя Фамічна, абходзячы Уладзіміра, які паслухмяна застыў на табурэтцы, апускала руку ў слоік і пырскала потым на Ўладзіміра — на галаву, на плечы, спіну. Уладзімір ніяк не рэагаваў на тое, як халодныя кроплі падаюць на яго паўголае цела.

Гаспадыня нешта зашаптала, часта і хутка.

Уладзімір сядзеў на крэсле, пагойдваўся ўзад-уперад, усё больш і больш, а бабуля ці то дапамагала яму, ці то прытрымвала, каб не надта гойдаўся, трымаючы адну сваю руку на яго лобе, другую на патыліцы. Уладзімірава галава падала назад — і ён адчуваў, як падае ён сам у чорнае і гарачае, што не мае назвы і канца, дзе ні пачуццяў, ні адчуванняў, дзе ўсё нішто і само чорнае было нічым, і гэта прыцягвала спакоем, поўным і ціхім, глыбокім і роўным. Падавалася галава наперад — і Уладзімір урываўся ў шумнае многагалоссе, яго бянтэжыў і пужаў тлум і гоман, каляровае святло. Яго працінала тысячамі боляў — адразу ўсе клетачкі цела, яго свядомасць салодка заскіпала мільёнамі пухіркоў адчуванняў — і гэта было страшна, але гэта вабіла, заварожвала, гэта абяцала яшчэ адно адчуванне да тых мільёнаў...

Ён разгойдваўся ўсё мацней і мацней, цяжка дыхаў, ужо гатовы быў, здавалася, скочыць і застацца — ці то там, у цемры — і адчуць асалоду вечнага спакою, ці то там — у святле, каб працяў яшчэ адзін боль, каб мець асалоду ад яшчэ аднога пачуцця, напіцца яшчэ адной радасцю...

Але бабуля раптам перастала шаптаць і спыніла яго галаву акурат пасярэдзіне.

Уладзімір адкрыў вочы.

Гаспадыня трымала ў руцэ той самы нож, а лязо яго было пакрытае густымі рудымі плямамі ржы. Уладзімір ізноў пачуў хуткі шэпт, бабулін голас пачаў узмацняцца, але Уладзімір не мог разабраць ні слова, ды цяпер гэта і не важна было — яго стала ахутваць цяпло, і салодкая млявасць распаўзалася з галавы ў грудзі, потым у ногі, рукі. Бабуля ўжо амаль выкрыквала асобныя словы, і недзе мільганула думка пра тое, што яму б вельмі спатрэбілася гэта запомніць — гэтыя словы, але навошта — Уладзімір не помніў. Яшчэ адчуў, як агідна зашоргала тупая сталь нажа па пасмачцы яго валасоў, што захапіла пальцамі гаспадыня, і гэтае шорганне было такім непрыемным, што аж у роце аддалося агідным прысмакам.

Ён з бабулінай помаччу змог падняцца, зайсці ў свой пакойчык, упасці — і адчуў такую неверагодную палёгку, такое замілаванне ад спакою і ціхасці ў душы, што слёзы з’явіліся ў яго на вачох.

Праз хвіліну Уладзімір спаў — мо першы раз за гэтыя дні звычайным здаровым сном.

Прачнуўся сам — лёгка, з яснай галавой. Мінулае ўваходзіла ў свядомасць, нібыта кадр за кадрам пераглядаў страшнае кіно. Але самому яму цяпер было зусім не страшна. Толькі сорамна. Перад гаспадыняй, якая, ён чуў, нешта мыла ў ракавіне на кухні. Зірнуў на мабільнік — амаль поўдзень. На лекцыі спазніўся. Экзамен заўтра. Будзь, што будзе...

— Добры дзень, Марыя Фамічна.

Уладзімір сеў за стол, гаспадыня стаяла ля ракавіны, выцірала рукі.

— Хто ж гэта ў цябе быў, Валодзечка? — спытала яна з жалем.

— Кот быў. Напачатку...

— Ката не чапай, ён па справе тут быў, — абараніла жывёліну гаспадыня, махнула рукой, маўляў, не ўспамінай больш.

— Жанчына была, маладая...

— Чорная?

— Валасы? Не, белыя... нефарбаваныя.

— То гэта не яна, не...

Гаспадыня прысела насупраць яго, з жалем зазірнула ў вочы.

— Я тое паправіла, што праз сваю дурасць ты нарабіў, праз нож... Але ж табе, Валодзечка трэба ехаць... Нешта ёсць на табе, такое страшнае, што мне не вылечыць. У мяне во рука як адсохла правая, як табе пасмачку валасоў адрэзала. Цяпер трохі варушу, а то віснем вісела. Яно мацней за мяне, табе іншы лекар трэба. Я табе скажу куды і да каго, едзь... Бо бяда над табой вісіць, не ведаю якая, не ведаю за што, быццам значаны ты некім на страшную справу...

Гаспадыня памаўчала хвілінку, потым спытала асцярожна:

— Ты во пра сваіх расказваў мне трохі, а ў тваім родзе хіба ніхто нічым такім не займаўся? Не варажыў, людзей не лячыў?

— Не, — адмоўна матлянуў галавой Уладзімір.— Я не ведаю. Бабуля... яна верніца была, у яе дом маленькі быў, як царква. Там шмат абразоў вісела, мы туды з братам малым хадзілі... Бабуля памерла рана, я малым быў зусім...

— От, засцерагла яна цябе, бачу ж, што ёсць у табе светлае, табе бабуля ахову паставіла з таго боку, каб не яна, то і не выжыць табе б, — апошнія словы гаспадыня прагаварыла са слязьмі. — От што ў нашым свеце робіцца, гэта толькі падаецца, што добра людзі міжсобку жывуць, а расплюшч вочы, пабач: ваўкі так не жывуць, не дзяруць адзін аднаго, не выразаюць дзяцей... Паехалі, Валодзечка, якраз у мой бок аўтобус, я зыду ў сваёй вёсцы, а ты далей паедзеш, да канцавой, а там недалёчка, тры кіламетры лесам прабяжыш, і будзе вёсачка невялікая. Там спытаеш... Уладзя такі. Не Уладзімір, як ты, а Ўладзя. Дзед, ну, яшчэ не дзед, трохі маладзейшы за мяне. Толькі ты яму скажы, што гэта я паслала, бо ён так нікога не прымае. Паехалі, пайшлі на праспект, тут якраз наш аўтобус становіцца, як туды ідзе, во праз паўгадзіны будзе. Табе ноч аднаму не пераначаваць, а я баюся, не здужаю, што мне тады рабіць...

— Зараз, Марыя Фамічна, пакуру, падумаю... — Уладзімір узяў цыгарэціну, выйшаў на надворак.

Успомніў адну, другую і трэцюю ноч. І нават цяпер, седзячы на невялічкай лавачцы перад верандай у це-ню, бачачы перад сабой асветлены зыркім сонечным святлом сад, страх варушыўся ў галаве, гэта Уладзімір адчуваў амаль фізічна. Ці мо проста скура на галаве сціскалася ад успамінаў і валасы прыўздымаліся...

Заўтра экзамен... павінен здаць ідэалогію.

Для выкладніка этнаграфіі ён ні халеры не зрабіў. Што скажа? Але ж пераздача праз два дні, паспее, калі... калі што? Калі вылечыцца? Ад чаго? Чым ён захварэў? Што нясе гэта бабулька? Можа, проста кінуць гэты дом, пайсці на кватэру якую, няхай там будзе даражэй утрая-учацвёра, затое не будзе гэтай брыдоты па начох...

— Ну што ты, не накурыўся яшчэ? — прыкрыкнула ўжо праз фортку бабулька. — Мне ж пакуль дайсці, не маладой бегчы.

Пэўна што, на Уладзіміравым твары застылі яго апошнія думкі пра гэты дом і ўсю чартаўню ў ім, бо гаспадыня адразу ж пасур’ёзнела і сказала з крыўдай у голасе:

— Ты пра мяне дрэннага не думай. Я табе так скажу: ты ад гэтага нікуды не дзенешся, кажу табе, пазначаны ты. Хто і калі — не ведаю, не маё гэта, каб мне дня больш не хадзіць, няхай Уладзя скажа, ён здужае. А сам ты нічога не паробіш, нікуды не схаваешся...

— Паехалі, Марыя Фамічна...

Ехаць было незвычайна — ён так засумаваў вось па такіх аўтобусах, дзе можна сесці на сядзенне, дзе не трэба ўціскаць самога сябе ўсярэдзіну, меншаць, каб толькі не прыліпала да цябе нечая потная спіна ці мяккія, але з цвёрдымі смочкамі, нечыя не ўбраныя ў станік грудзі. Уладзімір адчуваў сябе так спакойна і вольна як ніколі, хоць разумеў, што гэта самападман. Хіба тады, у сваёй роднай хаце, не быў ён вольным, калі расчыняў акно, а адтуль шапаценне дажджу па дубовым лісці лагоднай музыкай заплывала ў яго маленькі пакойчык, і можна была адкінуцца ў крэсле, выцягнуць ногі і выцягнуцца самому і слухаць, слухаць вольны дождж і быць вольным разам з дажджом...

Гаспадыня пільна зазірала яму ў твар перад тым, як зысці на сваім прыпынку.

— Усё будзе добра, не перажывай, ён такі, ён можа, ён моцны, — хутка шаптала яна яму, каб не чулі нешматлікія пасажыры. — А то як што якое — ці дома яго не будзе, ці яшчэ што — вяртайся да мяне, во тут мяне знойдзеш, папытаеш. Але сам у горад не едзь, знойдуць яны цябе...

Уладзімір слухаў. Яму хацелася ўсміхнуцца, засмяяцца нават: хто яны? Чым і кім ён значаны? Дзеля чаго? Гэта ўсё здавалася не проста ненатуральным — вар’яцкім: усур’ёз думаць пра нейкае пазначванне, пра тых, хто яго шукае і знойдзе. І толькі ночы... І гэтая, апошняя ноч, успаміны пра якую і дагэтуль адганяе ад сябе Уладзімір, адно толькі кароткім уражанням дазваляе ён праціснуцца ў свядомасць, каб паспрабаваць зразумець... Дні і ночы. Між імі была бездань, мяжа рэальнасці.

“Тут заўсёды мяжа, — падумаў сабе Уладзімір. Ноччу ўсё не так, ноччу ўсё відаць. Гэта днём сонца слепіць вочы і разлічваеш толькі на душу. А ноччу відаць вачыма...”

Выйшаў на апошнім прыпынку. Гэта была вялікая вёска, кажучы сённяшнім калгасным слэнгам — аграгарадок. Аўтобус развярнуўся і стаў. Было відаць, што ў зваротны рэйс яму не адразу, бо купка людзей на прыпынку не спяшалася заходзіць у напаленае сонцам бляшанае нутро салона. Уладзімір падышоў да дзвюх мажных жанчын, вясковак, якія басанож сядзелі пад паветкай прыпынку на новай памаляванай, з тоўстых рэек, лаўцы, спытаўся, калі яшчэ будзе аўтобус назад ці які іншы рэйс. Узрадаваўся: каля васьмі вечара. Значыць, паспее. Папытаўся далей, як прайсці на Карчаваху — такую вёсачку назвала гаспадыня.

— А от, далей завулак, там дарога будзе праз луг у лясочак невялікі, а за Чортавым каменем управа сцежка — якраз на Карчаваху. Гэта кароткая дарога, калі пешкі... — прыўзнялася ахвотна адна жанчына з лаўкі, паказваючы кірунак.

Уладзімір падзякаваў, адышоўся колькі крокаў і прыкурыў, а ззаду пачуў хуткі ўзрушаны шэпт:

— Кажу табе — да Ганны ета! Ужо каторы сюды прыязджае! Во ведзьма, усіх хлопцаў звабіць...

— Малады надта для Ганны... А табе дзела да яе хлопцаў! Як прыцісне, дык пабяжыш да яе ў медпункт! Я во была ўчора — такая ласкавая, усё распытае, паслухае, і таблетак тых не трэба. Яе дзела маладое, хай бы хто знайшоўся, каб падвозіў, а то ўсё пехатой бегае...

— Дык жа давалі ёй тут дамок, не хоча...

— Матчына хата ў яе, там сцяна падтрымае і кут суцешыць.

Уладзімір пайшоў няспешна. Выйшаў за вёску, і перад ім адкрыўся шырокі луг, які з двух бакоў сціскалі палі з пажоўклым ужо ячменем, а наперадзе сінеў лес, ці лясок, як казалі жанчыны.

Уладзімір ішоў, ні аб чым не задумваючыся — так хораша было ісці няспешнай хадой, ісці з пэўнай і канкрэтнай мэтай у поўнай цішыні летняга дня, пад чыстым сінім небам з рэдкімі кволымі аблачынкамі. Здавалася, што ён даўно, аж ад самага дзяцінства не хадзіў вось так: у адзіноце сярод поля і лугу.

Дарога дзвюма каляінамі павярнула ўправа, да поля, а да лесу бегла цяпер толькі простая сцяжынка: вузкая, але добра ўтаптаная, было відаць, што служыць яна тут людзям ужо не адзін год. Ісці стала яшчэ прыемней.

Ужо стаў пазнаваць камлі асобных дрэў, якімі пачынаўся той лясок, як па сцежцы з таго ляску выйшла яму насустрач жанчына ў жоўтай, такой выразнай на зялёным, сукенцы. Твару яе Уладзімір пакуль што не мог разгледзець, адно зазначыў, што жаночая постаць — рухавая, гэта, відаць, дзяўчына, бо ідзе хутка, але не спяшаецца. І раптам захваляваўся. Можа, з таго, што навокал была такая густая цішыня, адно што невідомыя конікі стракаталі ў траве.

Яна набліжалася, і Уладзімір стаў ісці павальней, крадком імкнучыся разгледзіць яе твар.

Зграбная постаць, не хударлявая, такая па-вясковаму дзябёлая, невысокага росту, гадоў трыццаці. Твар...

Уладзімір зірнуў на жанчыну і раптам спыніўся, аглушаны неверагодным пачуццём: ён ведаў яе.

Так, ён ведае, ён не проста бачыў раней гэты круглявы, з роўным загарам твар, глыбокімі вачыма пад рэзка абрысаваным паўкружжам чорных брывоў, з вільготнымі, крышку поўнымі вуснамі. Доўгія светлыя валасы былі перахопленыя ззаду стужкай, канцы іх ляжалі наперадзе, цераз плячо, і жанчына крыху прытрымвала іх рукой.

“Бо хутка ідзе, каб не матляліся...” — недарэчна падумалася Уладзіміру ў той час, калі памяць імкліва перабірала ўсе яго апошнія сустрэчы з жанчынамі: ці то на якім вяселлі, ці то ў горадзе ў камандзіроўцы. Ці ва універсітэце? Дый галоўнае было не тое, што Уладзімір быццам ведаў гэтую жанчыну раней! А тое, што ён быў пэўны: яны добра некалі ладзілі, яны дабра-добра ведаюць адзін аднаго.

Уладзімір стаў, але не сходзіў са сцяжынкі і ўсміхаўся ветла, каб не дай Бог не напужаць яе: яшчэ падумае, што надумаўся яе тут пераймаць, у гэтай глушы.

Але страху ў мілавідай жанчыны не было. Яна таксама прыпынілася насупраць Уладзіміра і зірнула на яго — так зірнула, як глядзіць стары сябар на старога сябра, якога помніць і ведае, а ён вось забыўся на ўсё, і нават імя тваё забыўся. У вачох было не асуджэнне, а дараванне і ціхі дакор.

— Добры дзень, — хрыпата выціснуў з сябе Уладзімір, кашлянуў і дадаў хутчэй: — Прабачце, заступіў вам... Вы... Мне нешта здалося, што я вас ведаю. І вы мяне... мы ж бачыліся недзе раней.

— У снох, — нечакана шырока ўсміхнулася жанчына. — Добры і вам.

— Не, не, мне ніколі не сніліся такія... жанчыны, — збянтэжыўся Уладзімір — горка было разумець сваю памылку. Ён яшчэ хапіўся, як за саломінку: — Можа, мы недзе на вяселлі якім разам былі...

— Не, ты памыляешся, — проста адказала дзяўчына, і гэтае “ты” прагучала як яшчэ адзін довад ужо згаслай упэўненасці. — Не сустракаліся мы нідзе раней. Але ж во сустрэліся! Яшчэ пабачымся, — зноў усміхнулася яна, як развіталася, і Уладзімір зразумеў, што трэба схіліцца з дарогі, і яна пайшла, гэтаксама роўна, хутка, але няспешна.

І не азірнулася, хоць сам Уладзімір глядзеў і глядзеў ёй услед.

“Ганна!” — нечакана ўспомніў ён той самы шэпт цётак на прыпынку, і стала лёгка: проста запалі ў яго тыя словы пра жанчыну, якая жыве ў Карчавасе, вось сустрэў яе і падумаў, што ведае... Але ж чаму так цёпла было ў хвіліны, калі яна стаяла насупраць? Чаму насамрэч адчуваў ён нешта надзвычай роднае і дарагое?

“Ат, годзе... мяне дакладна трэба лячыць”, — падсумаваў Уладзімір.

У лесе адчуваўся вецер — там, уверсе, шумелі лістотай дрэвы. Лес быў светлы — бярэзнік, трапляліся сосны. Неўзабаве сцяжынка крута павярнула ўправа — на ўскраек лесу, дзе праз поле віднеліся дахі некалькіх дамоў і кроны высокіх дрэў — вёска.

“Дык тут паварочваць? А дзе ж той Чортаў камень?” — Уладзімір разгублена спыніўся.

Яшчэ там, калі пачуў “ля Чортавага каменю”, адразу ўспомніў сваю карту, якую некалі зрабіў быў сам — выпісаў з усіх знойдзеных крыніц месцы гэтых Чортавых камянёў, нанёс кропкі на карту. Думаў, што калі так зробіць, то на карце сама сабой намалюецца нейкая выява, калі не разгадка, што было мала чакана, дык хоць нейкая падказка. Не выйшла тады нічога, хоць, калі злучаліся ўсе кропкі размяшчэння Чортавых камянёў у розных варыяцыях, быццам бы выходзіла нейкая літара. Калі пастарацца, дык можна было б назваць яе рунай... Але Уладзімір тады зразумеў, што гэта надумана, бо Чортавы камяні былі і ў Літве, і ў Латвіі, і ў Польшчы — усюды. Але вось цяпер, успамінаючы карту, Уладзімір нешта не мог успомніць таго каменя. Можа, не такі вялікі... Не становіць цікавасці для навукоўцаў.

Ён разглядаўся на бакі, пакуль не заўважыў ледзь прыкметную сцяжынку, не сцяжынку нават, але было відаць, што сюды не раз збочвалі людзі. Павярнуўся, прайшоў крокаў дзесяць — і раптам пабачыў вялізны камень.

Ён быў з метр вышынёй, а ў адным канцы — больш за метр, няправільнай формы, пад два метры ў даўжыню. Як і належыць каменю, меў светла-шэры колер, цяпер дык і зусім светлы пад праменямі сонца. З трох бакоў камень акружалі зараснікі маліны.

Уладзімір набліжаўся да каменя, уражаны яго магутнасцю. “Вось ты які, Чортаў камень... Ну, добры дзень...” — у думках прывітаўся ён паміма волі з гэтай веліччу.

Ніколі ён раней не бачыў жыўцом такіх вялікіх камянёў ды яшчэ вось так — недзе ў лесе. І таму працягнуў руку і паклаў яе на цёплы шурпаты бок асцярожна, быццам дакранаўся да нечага незвычайнага. І ўздрыганулася рука, якая раптам адчула пад сабой не простае цяпло, а цяпло нібыта жывой істоты, быццам ад сярэдзіны каменя прайшоў праз яго таўшчыню ва Уладзіміраву руку слабы электрычны ток. Але Уладзімір не спалохаўся, не адторгнуў рукі, наадварот — паклаў на камень і другую, і захацелася дакрануцца да роўнай цёплай паверхні ўсім целам.

“Сумна табе тут адному? — працягнуў у думках Уладзімір. — Адзін ты і адзін. Дні, гады, стагоддзі...”

Ён стаў абыходзіць вакол.

З другога боку камень меў невялікае паглыбленне, дзе ляжаў невялікі букецік сініх валошак. Кветкі былі зусім свежыя. Уладзімір застыў, уражаны гэтым кранальным малюнкам: жывыя пяшчотныя кветкі на шурпатым граніце.

“Дык ты зусім і не адзін... У цябе нехта ёсць, — разгубіўся Уладзімір, і ў глыбіні душы варухнулася нешта падобнае да рэўнасці. — Табе і кветкі прыносяць”, — звязаў ён у адно нядаўную сустрэчу з той жанчынай на сцяжынцы, гэты камень і букецік кветак.

Ля стромага боку каменя абапёрся аб яго спінай, адчуў незвычайную моц граніту і поўнае супакаенне, быццам ужо дайшоў да сваёй мэты, дасягнуў галоўнага. Астатняе было не такім і важкім. Дастаў цыгарэты і закурыў. І адразу куточкам вока заўважыў, што да яго ідзе мужчына, сталага веку, у простай шэрай кашулі, якая не была ўбраная ў цёмныя штаны, рослы і дужы. Дакладней, ён быў некалі дужым, цяпер жа, відавочна, гады ўзялі сваё: хада ў чалавека была не лёгкая, хоць упэўненая і няспешная. Твар яго быў чысты, паголены, вялікія белыя вусы акуратна падрэзаныя. Адкрытая галава — не проста сівая, а бялюткая. Яму было, мабыць, гадоў за семдзесят.

Ён спыніўся перад Уладзімірам за тры свае крокі, пільна зазірнуў у твар хлопцу:

— Павітаўся з каменем?

Уладзімір сустрэўся з вачыма старога і нечакана зноў, як пры сустрэчы з той невядомай Ганнай, узнікла пачуццё дэжавю. І калі з жанчынай яшчэ былі нейкія сумневы, то цяпер ён мог сам сабе пабажыцца, што ведае гэтага сталага мужчыну, што быў з ім некалі... у нейкім іншым сваім жыцці. Уладзімір зусім не здзівіўся пытанню — у гэтую хвіліну стары мог запытацца пра што хаця — і Уладзімір згадзіўся б, што пытанне дарэчы.

— Павітаўся, — шчыра прызнаўся ён.

— А камень? — пацікавіўся стары.

— Здаецца, адказаў, — амаль пахваліўся Уладзімір і спытаў: — Вы, часам, не з Карчавахі? Мне трэба там аднаго чалавека знайсці — Уладзю. Прозвішча не ведаю.

— Ты яго знайшоў, — адказаў стары. — я Уладзя. Больш няма.

— Мяне да вас... гаспадыня... ну, я здымаю пакой у ейным доме, вось, Марыя Фамічна Міклуш сказала, — расхваляваўся Уладзімір. — Мне да вас трэба.

— Я ведаю, — ціха адказаў Уладзя. — Хадзем. Я цябе даўно чакаю.


ЧАСТКА 4


Амаль тысячу гадоў таму


1

...Далей, далей вілася сцяжынка, ледзь прыкметная, а старонняму воку і зусім было не ўгледзець яе сярод лесу: не ўсякі ведае, якая травіца пад нагамі зможа расці, якая кветка будзе цвісці на прытаптанай зямлі. Перуноў дуб з рассечанай напалам вяршыняй з’явіўся нечакана — і павеяла, як у грудзі пхнула, чорным, чужым. Агапка прыпынілася, аддыхалася, хутка-хутка зашаптала словы, каб збіць хвалю чужой моцы.

Бабулю Дарэну тут знайшлі. Яе сухенькае цела ляжала ля самага дуба, абпаленае згары ды пераламанае так, што мужыкі, знайшоўшы яго, адхіснуліся ў жаху: чорны знак Жывы паўстаў перад імі, і прамянямі той свастыкі былі вывернутыя ногі і рукі Дарэніны. Цела яе ляжала сярод густой зялёнай травы, такой свежай, быццам і не было тут ніякага гарэння, ці было так даўно, што трава паспела ўзняцца. Але ўсе ведалі: яшчэ раніцай Дарэна ў гародзе была, яшчэ і цяпер во ад цела тхне смаленым. І ці то дымок віецца, ці то душа не жадае пакінуць цела, хоць і хрышчанага сіламоц.

Бабулю пахавалі тры дні таму. Казалі, яна толькі зверху абгарэла. А кроў з цела нібы выкіпела... Ці па ранах выцекла. Ды шапянуў Прохар Агапцы (ведае, ведае стары), што тыя раны пад каленямі і пад локцямі не толькі дзеля таго былі паробленыя, каб цела ў знак Жывы скруціць, — жылы з рук-ног выцягнулі. Ох, усё ведала Дарэна, і сваю смерць бачыла праз светлы дзень.

— Ад Перуновага дуба на ўсход бяжы, не зварочвай... адчуеш сцяжынку пад нагамі, падкажу табе, як змагу. Праз балота пройдзеш, на атоку выйдзеш. Там шукай Вялесаў камень. Верх ягоны пакуль што відаць, камень будзе расці на змену загубленаму. Там усё знойдзеш... Да забітага Вялеса-вялікага не хадзі... Нельга табе туды...

Ды як жа туды не пойдзеш, да Вялеса-вялікага, калі яе Сава на той будоўлі памагатым у самога Кузьмы? Хто ж яму полудзень прынясе? Вось лета адпрацуе, Кузьма яго ў майстры возьме. Цяпер шмат (ой, як шмат!) з каменя будуюць. То ўсё ж не на адным шнуры пяццю душамі сядзець, сягоння будаўнікам і плацяць добра, жоўтай манетай.

Будуюць... На ўсе іхныя месцы звозяць каменне, капаюць зямлю. І дамы высачэнныя ставяць, а за будоўляй наглядаюць чорныя людзі, у чорным адзенні, твары хаваюць. Усё меней паветра ім застаецца, усё глыбей у лес адыходзяць... У ваколіцы трэці Вялесаў камень пад зямлю закапалі...

Іхны камень, Вялес-вялікі, упярод палілі. Цэлы тыдзень, а пакуль палаў агонь, шэсць бочак на дзвесце вёдраў прывезлі. Бочкі паднялі на насцілы, запоўнілі вадой. І калі напалілі добра Вялес-вялікі, тады і лінулі ваду з усіх бочак. Кажуць, такі разлік у чорнага манаха быў: ад полымя і вады камень расшчэпіцца на мноства аскепкаў, іх і ўкладуць у сцены кляштара.

Ад Вялеса-вялікага рвануўся ўгару слуп пары, нібы люта выдыхнуў раз’юшаны бог. Дый не проста выдыхнуў — плюнуў адным вялізным аскепкам, ды так, што сямёх мужыкоў разам з перакуленай бочкай тым аскепкам знесла з насцілу далёка на пыльны пляц, а старэйшага дык і прыціснула гарачым каменем, распляскала.

Той адзіны аскепак і аддаў Вялес-вялікі. Потым намеркавалі капаць пад камень, каб ён пайшоў у зямлю і стаў асновай пад вугал кляштара.

...Агапка бегла лесам, потым праз балота, нібы трымалася за невідочную нітачку — не зманіла Дарэна, вяла праз гушчар. Вада ў балоце сцюдзёная, ды толькі нагам босым халодна, а Агапцы горача. Пабачыла запаветны астравок, сэрцам адчула: ён гэта. Ступіла на цвёрдую зямлю — і зноў, як абліло яе чым, адчула незвычайную хвалю магутнай сілы. Упала на калені, схіліла галаву. Так, на голых каленях, падабраўшы ў рукі прыпол сукенкі, дайшла да замшэлага валуна. Асцярожна, як колкі ці гарачы, пагладзіла яго шурпаты верх. Рука трымцела.

І адгукнуўся камень жывой цеплынёй, і, здалося, лёгкай дрыготкай. Прызнаў... На камені пабачыла валасяны матузок і крыж на ім: вялікі, гліняны, з роўнымі вугламі, так зроблены, што нібыта гэта проста кружок быў з чатырма невялікімі прасечкамі. Ведала — няпросты крыж, у ім ад чужых вачэй схаваны пад абпаленай глінай Жывін знак. Начапіла на шыю, пачакала. Нічога не здарылася.

І заспяшалася той жа сцяжынкай назад.

Ужо калі адышлася ад Перуновага дуба, раптам адчула: на яе глядзяць. Вочы злыя, ліхія. Так звер не глядзіць. І чалавек просты не зможа так глядзець: каб нельга было пазнаць, з якога боку ўзіраюцца.

Адно яны могуць так, з Цемры... Агапчына скура ўраз пакрылася дробнымі пухіркамі — уся як ёсць, і на галаве скура сцягнулася. Аднак успомніла Дарэніны словы: “Толькі ты чуеш. Пакажаш ім, што чуеш — яны цябе будуць ведаць. А будуць ведаць — загубяць. Сягоння за імі сіла і ўлада”.

Агапка сабрала ўсю сваю волю, усміхнулася і пай-шла, быццам бесклапотна, па сцяжынцы, хоць той пагляд лютасцю паліў патыліцу.


2


— Ах ты, суччын сын! Ізноў, ізноў яйкі тухлыя!

Кузьма страшны, калі ўзлуецца. А сярдуе ён часта, ды не так на вучняў, што сярэдзіну сцяны выкладваюць, як на памочнікаў: то рошчыну вадкую зробяць, то тухлых яек у яе наб’юць — хоць нос затыкай, робячы кладку.

Кузьма — мужык у плячох шырачэзны, росту ў ім на тры аршыны — схапіў жыда, што яйкі прывёз на фурманцы, узняў перад сабой. У таго вочы вылупляцца сталі, налівацца крывёй...

— Пусці...

Чорны манах, які цалюткі дзень стаіць у куце, загадаў нягучна, а ў Кузьмы адразу аслаблі рукі.

Жыд выслізнуў і хутка апынуўся на другім баку фурманкі:

— Дзе тухлыя? Дзе тухлыя? Бабы тваім памочнікам на полудзень тухлыя нясуць, а мае свежыя бяруць!

— Заб’ю нехрысця, — ціха прыстрашыў Кузьма і дадаў строга, гучна: — Сам пасачу! Хоць адно са смуродам будзе — салам пысу нашмарую.

Зарагаталі рабочыя і памочнікі. Разгрузілі лазовыя кашы з яйкамі, жыд крутануўся да манаха — атрымаць грошы. Той кінуў яму да ног партманет, сам не зварухнуўся, нават руху рукі з-пад складак адзення не відаць было.

Кузьма злы на працу, але за гэта на яго не крыўдуюць: адпачыць не дасць, але і заробак будзе добры. Бач, як мур борзда расце — ужо на палову Савінага росту падняўся. Сава стаіць побач з Кузьмой, але не памочнікам — сам муруе, хай і знутры пакуль што. На вонкавым баку муруе Кузьма і яго памагаты Цімафей.

Цімафей з прышлых. Колькі гадоў таму спыніўся тут, пры князевым замку, майстраваў, а вось распарадзіўся найяснейшы ставіць кляштар з касцёлам — выявіў сябе здольным мулярам. Але пануры вельмі. Жонкі ў яго няма, полудзень з сабой бярэ сам, есць адзін убаку. А чаго цурацца, калі полудзень — найвесялейшая справа! Як у замку звон адаб'е, бабы прыходзяць з вярэнькамі. Збяруцца ўсе вакол, ядуць разам, як з аднаго стала.

Агапка прыбегла ўся задыханая, нават хустка трошкі збілася на бок.

— Ну, і чаго ж спяшалася так? — спагадліва запытаў Сава, цешачыся маладой жонкай.

Дый як ёю не цешыцца: сярод іншых яна адна ззяе вачыма, ніколі не хмурыцца, хада ў яе хуткая, але роўная, і сукенка на ёй з адбеленага палатна без адзінай плямкі, як толькі што памытае надзела.

— Ягадак па лесе шукала. Нібыта і пара, а ўсё яшчэ зялёныя, — адказала Агапка, ласкава зазірнула ў вочы, а потым крыху збянтэжана разняла далонь — там свяцілася некалькі спелых суніц.

Сава захапіў вуснамі халадкавыя (як дзівосна!) ягады з жончынай далонькі, расціснуў языком, каб смак па ўсім роце разліўся... І раптам адчуў, як здрыганулася жончына далонь, як сама яна ўмомант напялася.

— Ты чаго? — агаломшана запытаў Сава. — Я ж не кусаюся, — паспрабаваў пажартаваць.

Агапка ж стаяла, замёршы, гледзячы ў адну кропку — на манаха. І той, нібы скамянеўшы, пазіраў на яе, а потым завярнуўся і пайшоў шырокай хадой у бок касцёла — там сцены пад дах падвялі.

— Ты чаго, Агапка, — устрывожыўся Сава, бачачы чужы, такі дзіўны жончын пагляд.

— А... не, нічога, — нібы апамяталася яна. — Так, здалося, — адказала з выпакутаванай усмешкай.

А ў самой боль у галаве звінеў звонам, раздзірала скроні. «Пазнаў, пазнаў...» — білася думка, а Дарэнін крыж на грудзях раптам стаў цёплы, потым — гарачы, і па ўсім целе цеплыня ад яго пацякла, пацякла, вяртаючы яму супакой і сілу.


3

— Расколіна!

Кузьма здрыгануўся, кінуўся на крык, адштурхнуў памочніка. І застыў перад мурам з цаглінай у адной руцэ, сціскаючы яе так моцна, нібы хацеў выціснуць ваду. Потым шпурнуў ашалела цагліну пад ногі.

Усе пазбіраліся вакол, глядзелі на расколіну, якая бегла ад самога долу і так шырока ўгары расходзілася, што праз яе віднеўся сад.

— Разбіраць трэба.

— Эх-х-х... — роспачна выдыхнуў Кузьма. — Ды як жа гэта? Я ж сам тут клаў!

— Чортаў камень дыхае, — выдыхнуў нехта з круга. — Імшу трэба.

— Свае крывыя рукі няма чаго на чорта перакладаць, — уладна прагучаў голас.

Перад манахам расступіліся.

— Мы ж сярод святога месца стаім, а ты чорта ўспамінаеш! — сыкнуў на яго Кузьма.

Манах нічога не адказаў. Падышоў, крануў сцяну, і тая раптам зрушыся — усе бачылі! Зрушыся пад ягонай рукой, варухнулася.

Усе ўмомант адхіснуліся.

— Буры, — загадаў манах.

Маркотна разбіралі мур. Цімафей падышоў да Кузьмы і стаў казаць, гледзячы ў зямлю:

— Не дасць Чортаў камень сцяне стаяць. Жывы ён...

— Сам ведаю, — буркнуў Кузьма. — Казаў, яшчэ як аскепкам нашых пабіла: мала будзе адной службы.

— Службай не паможаш.

— Дык што?

— Сам ведаеш. Ахвяра трэба... Як дзяды рабілі.

Кузьма замоўк, глядзеў, як разбіраюць мур.

— Пабачым. Можа, уляжацца камень...

З таго дня весялосці на будоўлі не стала. Хутка, зладжана працавалі ўсе, падганяць нікога не трэба было. Штораніцы спяшаліся сцены абысці, асабліва ўважна Кузьма аглядаў той вугал, пад якім ляжаў Чортаў камень. Сцяна трымалася. Вывелі да вокнаў, паставілі апалубку пад іх.

Чакалі князя — абяцаўся быць, асабіста пераканацца, што будоўля распачатая, што грошы выдаткоўваюцца спраўна.

У тую раніцу сонца праз аблокі на ўсходзе крывавілася мутнай плямай, доўга не выходзіла. І потым свяціла, як праз заслону.

Князь з’явіўся бліжэй да полудня.

Знерухомелі ўсе перад кляштарам, паздымалі шапкі. Князь са сваёй світай перш зазірнуў у касцёл, і, відаць, застаўся здаволены: выйшаў з усмешкай. З горкі ад касцёла, абгледзеў муры кляштара. І раптам яго вочы звузіліся, ноздры сталі раздзімацца:

— А гэта што?!

Не паказаў нікуды, але ўсе галовы ўмомант павярнуліся да аднае кропкі — туды, да таго вугла, што стаяў на Чортавым камені. Там дрыжала, хісталася каменная сцяна, нібы была з саломы.

І павалілася.

Князь у лютасці няспешна павярнуўся і працадзіў:

— На дыбу адпраўлю! Усіх! Усіх!

Калі пыл улёгся, увайшлі ў сярэдзіну кляштара.

— Разбірай, — загадаў Кузьма, а сам, пабачыўшы знак, пацягнуў за сабой Цімафея: — Хадзем, манах кліча.

Манах стаяў на горцы, і, падаецца, нікуды не адыходзіў, нават калі князь тут быў.

— Што далей?

— Мы ведаем, што далей, — гледзячы манаху на ногі, загаварыў Цімафей. — Ты толькі нам не замінай. Ахвяра будзе.

— Імшу трэба, — заўпарціўся Кузьма. — Для вашага бога храм будуем, для служак яго... А потым ужо...

— А гэты бог — не твой? — раптам зладзеявата спытаў манах. — Калі служыць, я ведаю. Хай пакуль што табе твой памагае. Рабіце па-свойму.

Кузьма здрыгануўся, адхіліўся ад манаха:

— Ды хрышчоны я, і бацька хрышчоны быў, і крыж на мне...

— Ведаю, ідзі, — загадаў манах, і Кузьма цяжка павярнуўся і пайшоў да рабочых.

Цімафей стаяў, не пачуўшы дазволу ісці. Манах працягнуў яму руку са складак рызы:

— Вазьмі.

У далонь Цімафея лёг невялікі нож з драўляным тронкам. Лязо авальнае, з чорнага жалеза, зусім кароткае, шырокае і тоўстае. Але вострае на канцы. А тронак абвязаны тонкай дзіўнаватай аборкай. Цімафей узяўся за тронак і задрыжэў, нечакана зразумеўшы, што аборка тая — чалавечыя жылы, а нож зусім не просты. Узрушыўся — такі давер яму выказвалі ўпершыню.

— Успамінай, чаго навучаны... Ідзі!


4


— А мо, усё таму, што камень вялікі, ніяк не ўляжацца ў зямлі? Цяжкі ён вельмі, а там пад ім, як капалі — пясочак, увесь беленькі, чысты-чысты і мяккі зусім, — нясмела казаў Сава Кузьме, калі пасля разбору разбуранай сцяны яны прыселі ўдвух.

Усе астатнія разышліся, каб назаўтра пачаць ізноў: велізарны пралом выглядаў выродліва ў узведзеных мурох кляштара.

— Не дасць Вялес з сябе здзекавацца, — задуменна адказаў Кузьма. — Ахвяры патрабуе.

— Які Вялес? — здзівіўся Сава. — Мы ж пра Чортаў камень кажам, хіба не?

Кузьма спадылба зірнуў у той бок, дзе дзень стаяў манах. Цяпер там нікога не было, і ён ціха загаварыў:

— То для іх вось, для чужынцаў, камень — чортаў. А мне маці казала, што бог наш, свой, якога Вялесам завуць, камяні нам пакінуў. Пярун на яго за тое пакрыўдзіўся, бо камяні дапамогай нам былі, і сіла ў іх наша. А Вялес нас ад Пяруна абараняў, вучыў хлеб вырошчваць ды жывёлу разводзіць. Манахі, што нам пра Хрыста цвердзяць, яго чортам назвалі. Кажуць, што па-іхнаму, чорта таксама іх бог з неба скінуў. Дык няхай будзе чорт, толькі наш ён... Вынішчыць яны камяні хочуць, колькі я часу будую — усё на камянёх Вялесавых намагаюцца свае храмы паставіць.

— Дык што, наш бог — не гэты, ці што? — Сава асцярожна крануў нацельны крыжык на аборцы.

— Не ведаю я, — узлаваўся незразумела чаму Кузьма. — Мы вунь колькі гадоў са сваімі багамі жылі і нічога, дзеці раслі, нівы радзілі.

— А якой ахвяры... Вялес вымушае? — асцярожна запытаў Сава.

— Заўтра і змяркуем, — адказаў Кузьма, падняўся цяжка, азірнуўся на сцяну. — Хай ты ляснешся...

Работу пачалі, а манаха ніхто не пабачыў. Палічылі тое нядобрым знакам. І адчувалі рабочыя ды памочнікі, што справа сёння будзе асаблівая — Кузьма не дае загаду ўзводзіць паваленую сцяну, усё займае рабочых дробяззю: камяні чысцілі, цагліны перабіралі, пясок сеялі. Адзін Цімафей працаваў ля той сцяны. Адзін, нікога не клікаў, толькі камяні яму падносілі ды ля ног клалі, рашчыну мяшалі. Цімафей працаваў хутка, ліхаманкава нават, выкладаў каменне, і, здавалася, шаптаў нешта сам сабе, сплёўваючы ў сярэдзіну сцяны. Спыніўся, зрабіўшы тое, чаго хацеў, падышоў да рабочых.

— Слухай сюды, — пачаў Цімафей, устаў у кола. — Чортаў камень не дасць муру стаяць. Бо не так мы, не па-дзедаўску будаваць пачалі. Ахвяру не прынеслі. Таму ахвяру трэба. Вялікую. Віну загладзіць.

Усе адчулі незвычайнасць і важнасць таго, што казаў Цімафей, але было дзіўна: не Кузьма, а Цімафей стаў камандаваць.

— Тут трэба вала, мабыць, казлом не абысціся, — выказаў нехта ўголас думку.

Цімафей бліснуў вачыма:

— Пустымі словамі вушы не закладай. Чалавечая ахвяра будзе.

Кола рабочых здрыганулася і заціхла. Чуць усе чулі і ведалі, што такая ахвяра бывае. Дый між сабой гэтай раніцай шапталіся пра яе. Як па камандзе павярнулі галавы да таго месца, дзе працаваў Цімафей, і пабачылі, што сцяну ён выклаў з пустоцінай — акурат чалавеку легчы...

Кузьма маўчаў, глядзеў проста перад сабой і нічога не казаў. Калі прыглушаны шэпт рабочых сцішыўся, ён ступіў у кола і, зноў ні на кога і разам на ўсіх гледзячы, прамовіў:

— Цімафей праўду кажа. Чалавечую ахвяру трэба. Хай выпадак выракуе... Як даўней рабілі. Якая першая жанчына сюды за мур увойдзе — той і быць у Вялеса за жонку.

Ні ў кога на твары не здрыганулася жылка: усе разумелі — трэба. Не стаяць сцяне без ахвяры.

— А цяпер — усім ў кут адысці і сядзець там. Чакаць будзем! Ды глядзеце мне! Калі што не так — самога пакладу! — раптам азвярэла зароў Кузьма, і ад ягонага крыку адступіліся ў кут, супраць таго, што на Чортавым камені, прыселі.

Саву дробна трэсла, на душы стала халодна і пуста-пуста. Ён хацеў запытаць у Кузьмы, але маўчаў, як наймаладзейшы. Нядобра яму ў старэйшага ва ўсіх на віду пытацца пра такое. А так... так спытаў бы Сава: што ж за бог такі, што за памочнік, калі чалавечае жыццё, ды яшчэ жанчыны, вымагае дзеля нейкай мураванай сцяны?

У замку адбіў звон, а жанчын не відаць было. Кузьма нервова паглядваў на прагал у сцяне кляштара і не разумеў, чаму сёння позняцца жанчыны.


5

Ад раніцы было вусцішна і халодна. І сонейка свяціць не хацела, і адзежа не грэла. Агапку часам дробна трэсла, і яна прыпынялася тады, прыслухоўвалася да сябе. Усё валілася з рук, ніяк даць рады сабе не магла. Сабрала полудзень мужу і прысела на лаве: чакала звону з замка.

Стукнуў звон — лёгка падхапілася і адразу прысела, войкнула: усярэдзіне ў яе так выразна варухнулася, так соладка.

Паднесла свае рукі да жывата, як да гарачага, прыціснула лёгка і замерла, у замілаванні чакаючы яшчэ хоць аднаго руху. Няўжо? Няўжо злітавалася Жыва пасля двух гадоў малення? Пачула багіня малітвы...

І ў жываце варухнулася, далікатна так, а потым амаль забілася, трывожна, настойліва, нібы дзіця, якое зарадзілася, ужо цяпер прасілася вонкі.

«Пачакай, пачакай, міленькі», — ласкава прашаптала Агапка ў думках, а сэрца абвалакло шчасцем і незразумелай трывогай. Зірнула на вуліцу — ніхто з жанчын не спяшаўся да кляштара.

«Ды гэта ж я завабілася сабой, прапусціла...»

Паднялася асцярожна і пайшла пустой вуліцай, заспяшалася: і наперадзе баб з вярэнькамі не відаць, што ж гэта яна так доўга праседзела, за жывот трымаючыся? Выйшла ў канец вуліцы, тут сустрэла задыханага хлопчыка.

— Куды бегаў, жэўжык, ці ўсюды паспеў? — запытала гарэзліва.

Той збянтэжыўся, раптам апусціў вочы долу, мацней сціснуў свой кулачок, у якім, заўважыла Агапка, была манета, сапраўдная.

— Па справе бегаў, вось, — важна адказаў хлопчык. — Нельга табе казаць, па якой. Усім бабам можна, а табе нельга. Манах мне загадаў...

І пабег, адначасна поўны гонару ад выканання такога важнага задання, і шчаслівы ад атрыманых грошай, і з лёгкай прыкрасцю ад таго, што нельга было пахваліцца перад жанчынай, менавіта перад гэтай жанчынай, што яму загадаў манах.

Дзіця зноў варухнулася ў жываце. Нібы просячыся. Ці спыняючы яе, Агапку.

«Ну чаго ты, чаго ты, маленькі...» — казала Агапка, пагладжваючы асцярожна жывот, а сама жыла тым момантам, калі скажа Савухне, што яна панесла...

Вось і пагорак, з якога патроху ўздымаюцца ў неба сцены касцёла і кляштара.

— Агапухна!

Сава рвануўся, ды нечыя дужыя рукі схапілі яго, не далі падбегчы да жонкі, якая з’явілася ў праходзе.

І не хаваючы надта радасці — іх жанок абмінула такая доля — іншыя атачылі Агапку, схапілі за рукі.

І тут каля касцёла з’явіўся манах.

— Вядзі яе! — ліхаманкава бліскаючы вачыма, загадаў Цімафей, а ў яго ў руках апынулася тонкая вяроўка.

— Прабач, дзеванька... — ціха прашаптаў Агапцы Кузьма, трымаючы за локаць жанчыну.

Агапка быццам змярцвела, вочы яе свяціліся хваравітым агнём, а твар стаў амаль шэрым. Дыхала часта і глыбока, як не ставала ёй паветра. Яна ўзняла павольна руку да шыі — Кузьма даў тое зрабіць — прасунула руку ў выраз сарочкі, стала церці грудзі. Калі потым рука яе бязвольна ўпала ўніз, Кузьма адчуў раптам, як нешта гарачае каўзанулася паўз ягоную нагу, упала на пясок. Ён, падпарадкаваны незразумела адкуль узнікламу памкненню, наступіў на тое, нават не бачачы яго, адчуў нясцерпна гарачую цвёрдасць пад нагой, пасунуў далей нагу, углыб пяску, хоць пякло нясцерпна — бо нешта казала яму, што гэта трэба схаваць, ад усіх і кожнага, схаваць абавязкова.

Сава біўся, а потым абвяў, асунуўся і моўчкі глядзеў, як вялі яго маладую жонку да муру.


6

Ля пралому Цімафей з сілай заламаў Агапцы рукі назад і звязаў. Потым прысеў, вышчарыўся і, з долу ўгору гледзячы на застылы твар жанчыны, звязаў ёй ногі.

— Не крычы, бо заткну... — і ўладна загадаў іншым: — Адыдзіся!

Усё адбегліся ад Цімафея, ад звязанай Агапкі, незразумела чаму выціраючы рукі. Цімафей лёгка падхапіў на рукі жанчыну, падняў і, шэпчучы нешта хутка-хутка, паклаў у прыгатаваную для яе каменную нішу.

І спешна запрацаваў рукамі, укладаючы каменне.

Агапка не прамовіла ні гуку.

Перад тым, як укласці апошнія вялікія камяні, якія навек мелі схаваць ад Божага святла твар жанчыны, Цімафей спадцішка азірнуўся на рабочых — за ім ніхто не назіраў, паказерыўся на манаха — і той нібыта не глядзеў у ягоны бок. Цімафей выцягнуў з-за паса нож з чорным лязом, прасунуў руку ў нішу, дакрануўся да грудзей жанчыны. І не стрымаўся, выцягнуў нож, перахапіў яго левай рукой, а правай стаў спешна хапаць, шчыкаць, ціскаць пругкія жаночыя грудзі. Ягоны вялікі крывы рот расцягнуўся ў звыродлівым юрлівым выскале. З цяжкасцю прымусіў сябе спыніцца, узяў нож і, як вучыў яго напярэдадні манах, так цяпер, не бачачы, упэўнена стаў вадзіць вострым чорным лязом па голых грудзях, малюючы незразумелы яму знак, накшталт простага крыжа з загнутымі канцамі. Асцярожна націскаў, каб нож толькі праразаў скуру, каб плаўна і роўна ішоў...

— Не ўстаць табе, не падняцца, Малуша!

І адно цяпер Агапка тузанулася каротка і застыла: яе сапраўднага, радавога імя, ніхто не павінен быў ведаць, нельга было прамаўляць яго ўголас. Ведала, ведала бабка Дарэна, што смерць Малушына тут, ля Вялеса-вялікага, ды як жа яе ўнікнуць было, як схавацца ад Цемры, калі паўсюль яна ставіць свае крыжы!

Цімафей выняў з нішы руку з нажом, ужо за каменем пацягнуўся, зіркаючы спадылба на манаха, што знерухомеў слупом ля касцёла, і раптам апамятаўся, замітусіўся, ізноў саўгануў руку да дзявоцкіх грудзей, мацаў там, хлюпаючы ў крыві, скроб карузлымі пальцамі вакол шыі, засоўваў руку далёка наперад, да жывата, і ўнізе пад шыяй мацаў. Не знайшоў нічога, роспачна зірнуў на манаха, і, адгадаўшы яму вядомы, ледзь улоўны знак, прычыніў каменем Агапчын твар.

— Павек табе не спаць, Малуша, наш дом пільнаваць...

І пачаў класці цагліны і камяні хутка, нервуючыся, нібы баяўся, што вось устане Малуша, камяні раскідаюцца і паляцяць долу, разам з Цімафеем, і ўнізе яны яго пахаваюць...

Нечакана для ўсіх чорны манах спусціўся ад касцёла да рабочых і толькі кінуў:

— Прэч усе. Даволі на сёння.

Усе рынулі да выхаду, подбегам. Кузьма павольна пацягнуў за сабой абмяклага Саву.

Калі і яны вышлі за сцены, манах пачакаў, пакуль падыдзе Цімафей, працягнуў руку, відавочна, па нож:

— На ўлонні напісаў?

Цімафей раптам змяк, зваліўся на калені, аддаючы чорны нож манаху:

— Не ўгнявіся, забыўся, першы ж раз, далібог, зусім забыўся...

— Дурніца! Бабскія вабноты розум аднялі... Крыж не ўпільнаваў, на ўлонне, якое дзіця носіць, забыўся!

І раптам, зусім без размаху, шмаргануў кароткім нажом пад барадой у Цімафея. Калі той зваліўся тварам да зямлі, храпучы і сціскаючы горла, адкуль біла фантанам цёмная кроў, манах пераступіў цераз яго, падышоў да сцяны, дзе ў нішы была замураваная Малуша.

— І апошні ўпадзе, як першы! Чуеш, дзеўка?! Упадзе!


ЧАСТКА 5


1

Дарэмна Генадзь спадзяваўся, што адказваць на каментары пад ягоным артыкулам будзе для яго калі не забавай, дык вельмі простай справай: ён раптам адчуў у сваіх невідочных суразмоўцаў такі магутны ў параўнанні з ім запас ведаў, што разгубіўся. На тое, каб больш-менш годна адказаць на першы каментар, яму спатрэбілася паўгадзіны, і то, ён так хваляваўся, што напісаў няўпэўнена, гэта ён сам адчуваў. Кінуўся шукаць у сеціве, чытаць усё мажлівае, а там нічога не было грунтоўнага. Адказваючы на чарговы каментар, ён спаслаўся, як яму падалося, на значны артыкул, і быў абсмеяны: “Калі вы спасылаецеся на такі аўтарытэт, то пра што з вамі можна гаварыць?”

Поштаю атрымаў ліст ад свайго працадаўцы: “Не перажывайце. Зараз я дам вам спіс літаратуры, пачытаеце. Вы годна трымаліся. Суцешу вас: адным з каментатараў быў я сам, выбачайце за такую праверку, але тут так трэба было. Вось кнігі, іх вам трэба ўзяць у бібліятэцы і пачытаць, бо электронных версіяў няма. Шкада, што ваша адукацыя не адносіцца да тэмы артыкулаў. Вы нам спадабаліся. Мы маем намер працягнуць з вамі работу. Пасля прачытання дайце ведамасць, мы сустрэнемся і будзем гаварыць больш прадметна пра далейшую супрацу”.

Генадзя перапаўнялі пачуцці. З аднаго боку ён адчуваў сорам за сябе: яму не ставала ведаў, і гэта ён сам паказаў. Дзіўна, раней ён ніколі надта не хваляваўся з таго, што нечага не ведае. Веды ніколі не былі галоўным для яго, самамэтай. Галоўнай была дасціпнасць, якая складалася з умення скарыстаць адзін-другі факт так, каб у суразмоўцы склалася ўражанне не так пра большую Генадзяву эрудыцыю, як пра сваю асабістую недасведчанасць.

З іншага боку, перад Генадзем разгортвалася такая вабная перспектыва. Усё адбылося лавінаю: просьба напісаць артыкул, потым намёк на ягоны талісман, цяпер той невядомы кажа пра сябе “мы”. Узнікла цвёрдае перакананне, што Генадзя нібы запрашаюць у невядомае яму кола. Яго знайшлі, яго праверылі, не, яшчэ не праверылі, праверка яшчэ ідзе — вунь жа, трэба пачытаць літаратуру... І кола зусім не жартоўнае — такія грошы атрымаў Генадзь за адзін невялікі артыкул. Праўда, запрашэнне не вельмі і ветлае: “мы маем намер працягнуць з Вамі работу”. Маглі б запытаць, ці жадае сам Генадзь “працягваць”. Але... Не трэба псіхаваць праз такую дробязь. Цалкам мажліва, што ў іх такіх кандыдатур, як Генадзь, — што ў дзеркачы вецця. Можа, і не адзін Генадзь мае такі амулет...

Трэба ехаць у бібліятэку...

Людміла ціха пастукала ў дзверы.

— Генік, ты будзеш што есці, ці толькі каву прынесці?

Генадзь паглядзеў на дзяўчыну.

Свежы круглявы тварык у пасмачках каштанавых валасоў. Лёгкі квяцісты халат, пад якім адгадваюцца лініі яе вабнага цела. Яна ўся — пяшчота і ўвага... Як добра складаецца! Бабуля, кім жа ты была?!

— Стаў на стол, зараз іду, — мякка загадаў Генадзь.

Яны елі разам.

— Заўтра ў нас роспіс, — асцярожна заўважыла Людміла, калі Генадзь адклаў відэлец убок і пацягнуўся па кубак з гарбатай. — А дванаццатай гадзіне.

Напамін пра роспіс выклікаў раздражненне: гэта была справа, якую Генадзь мусіў зрабіць. Было непрыемна рабіць нешта таму, што ты павінен. Як і пісаць нікому не патрэбны дыплом.

— Калі ты не супраць, там будзе мая сяброўка... са сваім хлопцам. Можа, пасядзім потым у кавярні? — папыталася Людміла.

— У нас не вяселле, — хмыкнуў Генадзь, але кінуў позірк на Людмілу і дадаў спакайней: — Не хачу ніякіх лішніх турбот. У мяне... з’явілася справа. Як лічыш патрэбным напаіць сяброў — калі ласка. Можаш выдаткаваць з той сумы, якую павінная мне.

Па тварыку дзяўчыны прабег ледзь прыкметны цень, але яна змаўчала. Так, яна яшчэ была павінная Генадзю палову сумы, на якую дамовіліся ад пачатку. Першую частку яна аддала пасля таго, як занеслі заяву ў загс, і вось цяпер мусіла аддаць другую пасля рэгістрацыі шлюбу.

Людміла нічога не адказала, счакала, пакуль Генадзь устане з-за стала, стала прыбіраць посуд.

Генадзь ахнуў у думках, калі бібліятэкарка прынесла заказаныя кнігі: тоўстыя, яны пужалі сваёй строгай акадэмічнасцю, але адначасова Генадзь адчуў, што вось з гэтых кніг, якія ён будзе чытаць не таму, што гэта наагул трэба, а трэба менавіта яму, для яго асабістых мэтаў, пачынаецца новы, асаблівы і сапраўдны, так, менавіта сапраўдны перыяд ягонага жыцця. Ён стаў чытаць пазначаны артыкул з найтаўсцейшай кнігі адразу ж як сеў у аўтамабіль, не спяшаючыся ехаць дадому. Але ўжо на другой старонцы адчуў, што не разумее прачытанага: было занадта шмат невядомых слоў, якія нібыта і гучалі знаёма, але ў спалучэнні з іншымі мелі свой, асаблівы сэнс, які цяпер заставаўся для Генадзя быццам за паўпразрыстай заслонай. Генадзь усміхнуўся: іранічна сам з сябе, такога порсткага, і з удзячнасцю да таго невядомага мужчыны, бо ў прысланым лісце артыкулы былі пранумараваныя і стаяла прыпіска, што чытаць трэба менавіта ў такой паслядоўнасці.

Што ж, ён пачне з найпрасцейшага...

Да рэгістрацыі шлюбу ў ЗАГСе Генадзь пастараўся паставіцца як да візіту да стаматолага: ператрываць ды і ўсё. Гэта было непрыемна: пытанні, дакументы, роспісы. Яны, работнікі гэтай канторы, не разумеюць, што шлюб, не ўрачысты, без кветак і шампанскага — фіктыўны? Аддалі б дакументы і ўсё, не, трэба вытрымваць нейкі дурнаваты рытуал з прыдуркаватым словазлучэннем “ячэйка грамадства”.

Заўважыў, як хвалюецца Людміла. Здзівіўся: няўжо яна можа ўспрымаць усё неяк яшчэ, апрача як атрыманне жаданага штампа ў пашпарце?

У фае, апрача іх і Людміліных сяброў, якіх Генадзь і не ведаў добра, чакала свайго часу пажылая пара. Генадзь бачыў, як зацікаўлена старыя пазіраюць на іх, пра нешта перашэптваюцца. Людміла бянтэжылася, крыху пачырванеўшы, нервова паглядала на гадзіннік на сцяне з аляпаватымі анёльчыкамі.

І чамусьці папраўляла сваю сукенку на жываце.

Генадзя пачало раздражняць іхнае чаканне ў вясёленькім памяшканні ружова-блакітных адценняў, раздражняць яшчэ і таму, што дзея мусіла мець працяг: праз два месяцы трэба было зноў несці сюды заяву на скасаванне шлюбу, выслухоўваць, потым зноў прыходзіць...

Добра, што ўсё ўрэшце скончылася.

Генадзь забраў свой пашпарт, пакінуўшы пасведчанне аб шлюбе Людміле (ёй жа трэба здымаць з яго копіі і несці ў дэканат).

— Усё, мне няма часу. Цябе падвезці, ці вы збіраецеся гуляць?

— Збіраемся гуляць, — адказала Людміла, і ў яе голасе прагучалі нейкія чужыя, зусім не знаёмыя Генадзю ноткі ўпэўненасці і заспакоенасці. — Можа, ты перадумаеш? Мо хоць папалуднуем, ты ж галодны...

— Не, — Генадзь павярнуўся і, не развітваючыся са “сведкамі”, пайшоў да машыны.

Ён вяртаўся дамоў падрыхтаваны да доўгага дня з кніжкамі на канапе. Кнігі абяцалі даўнейшае задавальненне, з юнацтва, калі ён большую частку свайго часу бавіў менавіта за чытаннем. Фэнтэзі былі яго ўлюбёнымі. Пакуль маці не набыла кампутар...

Добра, што сёння дзень такі: непагодны, хмурны і халаднаваты.

Але ў кватэры яго чакала непрыемнасць: на полудзень Людміла нічога не згатавала. Наагул, лядоўня была фактычна пустая. Паглядзеў — адно чвэртка хлеба. Адразу ўсплыў у свядомасці ўпэўнены Людмілін голас. Звязалася адно з адным... Генадзь імкліва прайшоў у пакой, расчыніў шафу, дзе былі Людміліны рэчы. Усё ахайна вісела і ляжала на сваіх месцах. Вельмі ахайна. Паглядзеў праз акно на балкон — там нічога не сохла. Зазірнуў у лазенку. Нічога з жаночай бялізны, да якой прызвычаіўся, якую перад вачыма знаходзіў штодня. Ці не штодня? Ат, якая розніца... Нават яе халат не ляжыць на спінцы крэсла, а вісіць у шафе. Падрыхтавалася... Няўжо яна зараз пойдзе ад яго? Ну, так і ёсць... бач, штамп у пашпарце атрымала, то ўжо з пыхай... Ён хіба толькі прадаў ёй мажлівасць мець размеркаванне ў сталіцы? А колькі каштуе тое, што ён зрабіў з яе, нягеглай хурлядзі, сапраўдную жанчыну? Яна ж расквітнела з ім, Генадзем! Ён жа даў ёй разуменне сапраўднага жаночага шчасця, яна б патрапіла ў які калгас, усё жыццё праляжала б пад падпітым трактарыстам у рабоча-сялянскай паставе, ад яе самой тхнула б саляркай і потам! Яна ж чалавекам сябе тут адчула! Фрызура з’явілася, бровы тыя саламяныя павышчыквала ды зрабіла нармальнымі. Вейкі пачала маляваць. Адзелася ўрэшце. Ён, Генадзь даў ёй такую мажлівасць, ды не проста даў, а падштурхнуў, прымусіў, можна сказаць. Даў ёй тую найгалоўнейшую выснову, што прыгожай і прывабнай стаць можна і трэба! І цяпер яна надумалася збегчы... Нават на полудзень нічога не згатавала. Яна гэтулькі часу пражыла ў ягонай кватэры, а ён жа капейкі з яе не ўзяў! Нават харчаваліся за агульныя грошы, складваліся. Няўдзячная дрэнь. Проста сцерва.

Аднак жа апошняя думка супакоіла Генадзя. Ну што ж, гэта зусім не парушае таго месца жанчын у ягонай сістэме каардынат, куды ён іх паставіў раней. Адзінае... ён жа ставіў Людмілу і ў іншую сістэму — дачыненняў служэння і ўладарання, яна была адным з довадаў той сістэмы, і цяпер Людміліна здрада (але, здрада!) непрыемна казытала. Няўжо ён памыліўся ў жанчыне і не змог разгледзіць за яе вонкавай гатовасцю служыць і падпарадкавацца элементарную хітрасць прыстасавання, але змыліўся і ў галоўным: няма ніякага ўсталяванага прыродай закону падпарадкавання?

Ды неўзабаве вочы яго спыніліся на кнігах.

І Генадзь супакоіўся: усё нармалёва. Усё з цягам часу стане на месца. Ён жа адчувае такі закон. Няхай ён не ведае пра яго дасканала, але ён ёсць, і ёсць тыя, якія ім кіруюць... Так, менавіта так: ёсць людзі, якія вызначаюць: хто каму мусіць падпарадкавацца і служыць. У руках у якіх гэты закон.

Запусціў кампутар (чыста механічна, як прызвычаіўся рабіць з раніцы), згатаваў каву. Прысеў, каб паглядзець апошнія паведамленні. Можа, нехта яшчэ пракаментаваў ягоны артыкул? Пстрыкнуў зноў жа, паводле звычкі, па ўкладцы рэсурсу, на якім быў заўзятарам, і тут раптоўная думка прывяла да радаснага ўзбуджэння.

Хутка зайшоўшы ў адпаведны раздзел форума, пачаў новую тэму: “Душа просіць-3”.

“Ёсць 20 даляраў, якія душа катэгарычна патрабуе ахвяраваць некаму. Зараз вельмі заняты, не магу сядзець пры маніторы. Таму крышку мяняю ўмову. 20 сапраўдных ВМЗ дастануцца таму, хто пераканае мяне сваёй просьбай, што трэба іх мець. Тэрмін — пяць гадзін. Хто папросіць мяне лепей за ўсіх? Пакідаем партманеты тут. Прыйду — перачытаю, адпраўлю грошы адразу ж. Папярэднія мае тэмы, каб былі пэўныя, што я не ганю, тут і тут”.

“От, цяпер спрачайцеся ў выпрошванні! — вясёла падумаў Генадзь. — А я буду выбіраць потым ...”

Не ўтрымаўся, счакаў хвіліны тры, пераладаваў браўзер. Два паведамленні ўжо былі пад тэмай.

“Усё, Віконт пачынае трэці раўнд, ад якога патыхае яшчэ больш непрыемным”.

“А табе гэта замінае? Чалавек мае права распараджацца сваімі грашыма, як яму хочацца. Хочаш адпраўляць свае лішнія капейкі ў розныя фонды, каб таўстазадыя бабізны ездзілі на семінары на Кіпр? Адпраўляй. А мне дык 20 у. а. акурат пойдуць на новы дамэн і хостынг. Зараз, толькі прыдумаю аргументацыю...”

“Спрачайцеся... А я пачытаю пра паганства!” — ледзь не зарагатаў Генадзь, стрымаўшы сябе, каб не адпісаць нешта з'едлівае на першы каментар. Няхай пішуць і спрачаюцца. Зараз зноў зафлудзяць тэму разважаннямі на тэму дабрачыннасці, анёлкі з падрэзанымі крыламі...

Настрой узняўся. Пра Людмілу больш не думалася. Дый кава перабіла апетыт.

Генадзь пачаў чытаць, адзін артыкул за другім, паводле таго спісу, які даў яму невядомы працадаўца, і ў яго расла павага да таго чалавека: які ж ён разумны! Генадзь спакваля ўваходзіў у духоўны свет тутэйшых усё глыбей, амаль фізічна адчуўшы, як напаўняецца ягоная свядомасць новымі ведамі. Яшчэ двойчы гатаваў каву, прымусіў сябе не глядзець пакуль што на паведамленні ў тэме пра свае грошы, бо гэта падалося цяпер не надта цікавым. Чытаў і адначасна думаў над тым, пра што цікавае можа напісаць, у чым і дзе аўтары артыкулаў былі непераканаўчымі ці скарыстоўвалі недакладныя крыніцы для сваіх высноў.

Не заўважыў, як пачало шарэць. Думаў, што хмара якая моцная насунулася на неба, а гэта надыходзіў вечар.

Устаў, выйшаў на балкон, закурыў. Распагодзілася. Праз два шматпавярховікі было відаць лапік неба на захадзе, там яно амаль ачысцілася ад аблокаў. Заставалася адна густая сіняя паласа, прыціснутая да зямлі, няроўная ўверсе, куды цяпер апусцілася сонца і фарбавала яе верх у барвова-фіялетавы колер. Было ціха. Іх двор, стары, густа засаджаны дрэвамі, быў заўжды ціхі. Дзеці тут бавіліся толькі па выходных днях, моладзі не было чуваць. Раней, калі Генадзю было каля пятнаццаці, у іх была свая невялікая кампанія, яны аблюбавалі сабе адну альтанку пад цяністым клёнам. Ад даміношнікаў, якія заседжваліся да позных прыцемкаў, збавіліся проста: невялікі столік з альтанкі, выцягнуўшы, выкінулі далёка, каб дзяды не прыцягнулі яго назад. У той альтанцы было добра прычакаць першых прыцемкаў і пачаць піць піва, мацаць некрыўдлівых дзвюх іхных сябровак за калені і вышэй. Генадзь намагаўся, хацеў стаць сваім, роўным з зухаватымі хлопцамі, але ў яго не выходзіла: піва яму не падабалася да ванітаў, а віно не любілі піць хлопцы, грэбліва называючы адно “сухачом для баб”, другое “чарнілам”. Да таго ж, Генадзь хутка хмялеў, неяк раптоўна, ад дзвюх пляшак піва. А яшчэ калі рабілі “ярша” — куплялі да піва пляшку гарэлкі, дык Генадзь п’янеў яшчэ хутчэй, пачынаў спрачацца па дробязях, даказваць нешта. Хлопцы смяяліся з яго, непрыхавана кпілі, хоць і без злосці. Ён быў своеасаблівым клоўнам іх кампаніі: іншым разам яны падпойвалі яго наўмысна — была і такая забава. Потым адна з дзяўчат пыталася, ці не хоча Генадзь памацаць яе за цыцкі, а то можа дазволіць і запусціць руку ў майткі. Адно, каб папрасіў добра. І Генадзь, п’яна плачучы, прасіў...

Вунь тая альтанка.

Не збіраюцца яны там болей.

Старэйшага з іх кампаніі, Новіка, лупатага, даўгалыгага і злоснага, пасадзілі яшчэ тым апошнім летам, калі Генадзь прыходзіў у альтанку. За наркату. Яшчэ двое хлопцаў з'ехалі ў Расію на заробкі. І нешта іх не відаць. Славік, Генадзяў аднакласнік, жыве ў іншым раёне. Старэйшую дзяўчыну звалі Люсі, ці яна толькі выглядала старэйшай: паўнаватая, з вялікімі грудзямі, кароткай спадніцай, з-пад якой не пасаромелася была паказаць нейкаму самавітаму дзядзьку, што, прыпыніўшыся, пачаў бэсціць яе, свой тоўсты азадак, амаль голы, калі не лічыць тонкай палоскі стрынгаў. Люсі зацяжарыла, здаецца, тады, калі Генадзь сканчаў школу. Нейкі час ён сустракаў яе ў гэтым двары — яна гуляла з дзіцячым возікам. Схуднела, твар моцна пастарэў і выцягнуўся. Яна амаль заўсёды курыла, з Генадзем яны быццам дамовіліся не вітацца, не пазнаваць адзін аднаго. Потым яна знікла. Што да другой дзяўчыны, Анжэлы, то тая часам і цяпер ходзіць іх дваром: капа рудых валасоў, такіх яркіх, што аж успыхваюць пад сонечнымі промнямі, добра адзетая, хударлявая. Яна з’яўляецца тут раз ці два на тыдзень, ідзе хутка да свайго пад'езда, а праз хвілін дзесяць-пятнаццаць выходзіць. Тут жыве яе маці. Дзе яна сама — Генадзя не цікавіла, ён і не імкнуўся сустрэцца ды павітацца.

Іх кампанія распалася ў адзін момант. Тады быў цёплы, надзвычай цёплы, вечар. Нехта прынёс гарэлкі. Ды не адну пляшку. Генадзь толькі паслужліва збегаў па піва. Сядзелі і пілі да познай ночы. Пачалі гаснуць вокны ў дамох іх двара. Усе былі п’яныя. Генадзь дакладна не памятаў, як так выйшла, але ў нейкі момант ён пабачыў, як двое ягоных сяброў трымаюць тоўстую Люсі, яна п’яна і як бы нехаця спрабуе вызваліцца, нешта хоча крыкнуць, а той самы Новік ляжыць на ёй.

Бацькі тады ціхамірна развязалі справу. Хоць магло б скончыцца вельмі сумна. Але Люсі зацяжарыла не ад Новіка — у таго і не ўдалося нічога, а іншыя паспрабаваць не паспелі: Анжэла ўзняла п’яны гвалт...

Генадзя пацягнула спусціцца туды, у двор, сесці ў той альтанцы. Там цяпер ёсць даміношны столік. Ён бы пасядзеў, пакурыў. Пагаманіў з былымі сябрамі. Дзе яны сёння, і хто яны. І дзе ён, і хто ён. І кім яшчэ стане...

Пачуў, як у вітальні, кляпнуўшы замком, адчыніліся дзверы. Людміла... Раздражнёнасць ускалыхнулася ў душы разам з думкай пра тое, што ён цэлы дзень нічога не еў, што вось цяпер давядзецца ісці ў якую бліжэйшую кавярню — не стане ж ён прыніжана прасіць яе і потым чакаць вячэру! Дый з чаго гатаваць? І са злосцю Генадзь думаў: як яна магла кінуць яго галоднага тут? Бач, якая адважная стала... Выкінуць яе зараз жа! Вось цяпер падысці да шафы, выхапіць яе рэчы і шпурнуць ёй пад ногі. Эх, не падумаў раней, трэба было сабраць усё ў адну вялікую кучу ў вітальні, а калі б прыйшла — выкінуць нагамі за парог, потым і яе, каб нават не збірала тут сваіх торбаў... Нічога, можна і цяпер выкінуць, яна ж плануе тут яшчэ паплёхацца ў ванне (вось што яна дакладна любіць, дык мыцца — на дзень двойчы абавязкова). Яна збіраецца зараз раскінуцца на ягонай канапе — даць спачынак нагам, бо няйначай жа натанцавалася з радасці. А то ж: знайшоўшы дурня, за якім так удала ўладкавалася, колькі часу жыве сапраўднай гаспадыняй без аніякіх клопатаў!

Генадзь далёка наперад стрэліў недакуркам, папярэдне зірнуўшы, ці няма нікога ўнізе, цвёрда павярнуўся, каб ісці ў кватэру, як на балкон паспешліва прашмыгнула Людміла.

— О, Генік, міленькі, даруй, мой даражэнькі! Я ж зусім забылася, я думала, што ты перадумаеш, папалуднаем разам у рэстарацыі, не згатавала нічога, а ты тут галодны, бедненькі!

Яна, са слядамі былой весялосці, што так лёгка чыталіся на яе сапраўды стомленай постаці і твары, памкнулася да Генадзя, каб абняць яго, але той ледзь хіснуўся назад, і Людміла, спыніўшы сябе, працягнула ўмольна, прыціснуўшы свае далоні да грудзей, як малілася:

— Пачакай, міленькі, усяго пяць хвіліначак, пяць хвіліначак! Я ўсяго прынесла табе паесці, смачнага-смачнага, і каньяку пляшачку ўзяла, зараз будзе ўсё-ўсё гатова! Дзе мне для цябе накрыць? Хочаш, тут, я ўвамкну табе музыку, і яшчэ станцую табе сапраўдны танец жывата (я навучылася, ага!), ці — хочаш — самы сапраўдны стрыптыз, нічога, што няма шаста, я і так змагу! Ну, несці ўсё сюды?

— Нясі, — буркнуў Генадзь.

Ён ніяк не чакаў такога развіцця падзей. І цяпер яго пачуцці разгублена стукаліся адно з адным, як більярдныя шары, і невядома якое хто куды заганяў, каб аднаму застацца на зялёным сукне поля. Дакладна хіба што адно: шар злосці акурат у лузе.

Пстрыкнуў пультам тэлевізара, сеў на канапе, дзе чытаў. Чуў, як гула мікрахвалёўка, як даставала посуд Людміла. Запахла смачна: курыца, тое, што ён найбольш любіць. Чакаў.

Людміла несла невялікі паднос, на якім стаялі талеркі з курыцай і смажанай бульбай, з салатамі, хлебам, невялікай пляшкай каньяку і чаркай, яшчэ з нечым. Сама Людміла заставалася ў той сваёй лёгкай, святочнай сукенцы, не спяшалася, бач, пераадзявацца, басанож, і ў гэтым было нешта незвычайна кранальнае: яе маленькія ступні любіў Генадзь, але ў кватэры Людміла заўжды хадзіла ў шкарпэтках.

— Вось, вось табе, мой мілы галодны гаспадар: і курка свежая, і каўбаска смачненькая, і салата з памідорчыкаў... Усё свежае-свежае, толькі што забрала заказ.

Паставіла паднос ля Генадзя, потым паднесла да канапы невялікі шкляны часопісны столік, выставі-ла на яго талеркі. Наліла кілішак каньяку, паставіла.

І, здзівіўшы Генадзя яшчэ болей, апусцілася ля яго, абхапіла, уткнулася сваёй барадой у ягоныя калені і знізу ўверх зазірнула ў вочы:

— Ты не будзеш цяпер выганяць мяне? Я такой самай буду, нават лепшай. Хочаш, буду любіць цябе з такой жарсцю, якой ты і не ўяўляў ніколі, бо ад сёння мне ўсё можна, у мяне індульгенцыя ў пашпарце на каханне з табой. Не выганяй мяне... Мне добра з табой. Мне добра тут. Я табе як хатняя гаспадыня буду, як каханка, як... сапраўдная жонка. Пакуль я табе не займаю — не выганяй мяне...

Генадзь міжволі працягнуў руку да Людмілінай галавы. Яна хутка павярнула твар і сустрэла вуснамі ягоную далонь.

Глыбокай ноччу Генадзь успомніў пра ўвамкнёны ў ягоным пакоі кампутар, форум і тэму, якую ён пачаў, дзе абяцаў адказаць праз пяць гадзін, але так і не адказаў і грошы не выплаціў.

Чорт з імі, падумаў ён млява. Людміла, знясіленая сваім сённяшнім, ненаедным да бязмежнасці каханнем (каханнем адданай жонкі?), заснула, абняўшы ягоную руку, быццам сцерагла. Яны ўжо даўно не спалі вось так, разам. Уставаць ніякага жадання не было. Генадзь сам пасля столькіх гадзін чытання, пасля вячэры з каньяком, пасля любошчаў адчуваў сябе не тое што стомленым, а запоўненым да самых берагоў пачуццямі і эмоцыямі. Карцела бясконца доўжыць і доўжыць гэта салодкае паглыбленне ў сон у поўнай заспакоенасці... Усё к чорту... Ён накіне заўтра яшчэ пяць даляраў і працягне конкурс выпрошванняў. Гэтак і зробіць.


2

Генадзь чакаў, што яго правераць. І не памыліўся, калі ў лісце невядомы задаў адно, і другое, і трэцяе пытанне, якія датычылі зместу тых артыкулаў. Генадзь устрымаўся паказваць, што ведае ён нават больш, чым яго пыталіся: адказваў сцісла, толькі па справе. І яму прызначылі сустрэчу.

У гэтай кавярні Генадзь раней ніколі не быў (іх цяпер стала так шмат), хоць знаходзілася яна і недалёка ад ягонага дома. Тут быў лёгкі паўзмрок — яго стваралі цяжкія фіранкі на вокнах. Большасць столікаў на дваіх.

За столікам у аддаленым ад стойкі бара куце сядзеў мужчына гадоў пяцідзесяці. Сівыя валасы каротка падстрыжаныя, акуратная бародка таксама была сівая. Твар хударлявы, строгі. Адзеты ён быў у шэры лёгкі гарнітур, без гальштука — пад пінжаком не сарочка, а шаравата-зялёная цішотка. Усё ў ім пасавала адно да аднаго. З першага пагляду ён быў падобны да выкладніка ці навукоўца.

— Выбачайце, калі вы чакаеце Віконта, то гэта я, — стрымваючы лёгкае хваляванне, сказаў Генадзь.

— Так, выдатна, — мужчына прыўзняўся насустрач, падаў руку: — Мяне завуць Алег Барысавіч.

— Генадзь...

— Сядайце, Генадзь, калі ласка. За рулём? — пацікавіўся мужчына.

— Не, я падумаў, што калі ў нас сустрэча, то... — усміхнуўся, як выбачаўся Генадзь.

— Так, выдатна-выдатна. Слушна падумалі. Мы не складалі плану размовы, то для першай сустрэчы акурат па колькі кропляў каньяку нам не зашкодзіць, так? Я таксама не за рулём, — усміхнуўся Алег Барысавіч і павярнуўся да стойкі бара, дзе цярпліва глядзела ў іхны бок кельнерка. Яна адразу падышла, запытальна спынілася.

Алег Барысавіч хутка зрабіў заказ, зусім просты: каньяк, цытрыну, шакалад, каву. Калі кельнерка пайшла, ён павярнуўся да Генадзя:

— Так, Генадзь, раз я ініцыяваў сустрэчу, значыцца, я ўзяў на сябе і расходы. І ніякіх пярэчанняў. Прызвычайвацеся да справавых дачыненняў, спатрэбіцца.

Словы адгукнуліся лёгкім тахканнем сэрца. Генадзю давалі зразумець, што наперадзе — многае. Ён толькі згодна моўчкі кіўнуў.

Выпілі за сустрэчу.

— Курыце? — спытаў Алег Барысавіч? — То курыце. Я не куру, нядаўна кінуў.

Генадзь пацягнуўся па цыгарэты, але спыніўся: падумаў, што апошнія словы пра тое, што ягоны суразмоўца нядаўна кінуў курыць, былі яму маленькім тэстам. Столік быў невялікі, яны сядзелі блізка, адзін супраць аднаго, і Алегу Барысавічу Генадзь, хочаш не хочаш, а выдыхваў бы дым ці не ў твар.

— Не, я дык куру, але, думаю, вам не зусім добра будзе... пагатоў, калі нядаўна кінулі, — прыязна ўсміхнуўся Генадзь.

— Дзякуй. Што ж, тады пачнём без прадмоў. Мы надумаліся з вамі пазнаёміцца бліжэй, бо гульня ў віртуальныя знаёмствы — не наш стыль работы. Я заўсёды жадаю мець справу з рэальнымі людзьмі. Дык вось, Генадзь, калі ласка, калі хочаце задаваць пытанні, дык выбірайце найважнейшыя. Бо распытваць мяне не трэба. Зрэшты, мне падалося, вы акурат умееце стрымваць сваю цікавасць. Дужа добра. Што вас найбольш цікавіць вось цяпер, на што хацелі б атрымаць адказ?

— Перспектывы, — спакойна адказаў Генадзь, бо перад сустрэчай думаў, што запытае менавіта пра іх. — Безумоўна, аплата за артыкулы вельмі добрая. Але колькі іх вы закажаце напісаць? Калі я буду траціць час, а яго траціць трэба, то мушу ахвяраваць нечым іншым. Праз месяц у мяне абарона дыплома, потым два месяцы — і праца на прадпрыемстве. Я інжынер-тэхнолаг. Мая будучыня — ліццё пластмасы, што напачатку абяцае мне нейкіх дзвесце пяцьдзясят даляраў за месяц.

— Так, перспектыва на прадпрыемстве далёка не прывабная, — згадзіўся Алег Барысавіч. — Вы напісалі адзін артыкул... Каб казаць далей... Хачу спытаць: што б вы скарысталі з тых ведаў, якія атрымалі за гэтыя дні, калі б я прапанаваў вам ужо самастойны артыкул на тэму... ну, скажам, Каляд. Уявім сабе, што недзе ёсць артыкул, падобны да таго, што вы па-майстэрску, кажу без перабольшвання, разнеслі калі не ў пыл, то па камянёх. Захаваем той самы кірунак, што і папярэдні.

На Генадзя глядзелі не проста дапытліва: ён адчуў, што праверка працягваецца, што ён зараз павінен здаць яшчэ адзін экзамен. Дзіўна, але хвалявання не было. Ён быў пэўны, што дасць рады. Адначасна Генадзь адчуваў, што ён стаіць на парозе нейкага вялікага будынка, куды яму трэба трапіць, калі хоча стаць некім, куды трапляюць вартыя. І цяпер яго правяраюць, бо будынак ахоўваюць надта пільна ад людзей выпадковых. Генадзь нават усміхнуўся сам сабе: пра Каляды была ў яго адна думка.

— Каляды... Для пачатку трэба было б раскрыць існасць Дзеда Мароза, Снягуркі і навагодняй ялінкі...

— Чакайце, якую існасць вы хацелі б раскрыць? — хутка перапыніў Алег Барысавіч.

— У паганцаў Дзед Мароз — той самы сапраўдны мароз, злы і неміласэрны. Каб улагодзіць дух марозу, каб не памерзла гавяда, сеіва і самыя людзі, паселішча прыносіла ахвяру прыроднай стыхіі: выбіралася прыгожая дзяўчына-цнатліўка, прывязвалася да адмыслова пастаўленага для падобных мэтаў слупа. Калі раніцай цела яе замярзала да цвёрдага стану — мароз узяў сабе ахвяру. Адсюль Дзед Мароз і яго ўнучка Снягурка, — тлумачыў Генадзь і ўважліва сачыў за тварам суразмоўцы.

Але той заставаўся вонкава непранікальным: адно ўважным.

— Цікава, далей. Што з ялінкай?

— Навагодняя ялінка — таксама водгулле дзікіх звычаяў ахвяравання. Сама ялінка праз яе форму вылучалася паганцамі ў асобную групу дрэў, якія па-рознаму скарыстоўвалі. Ялінка прызначалася для ахвяравання. Ёсць думка, на падставе ўрыўкаў запісаў і сюжэтаў малюнкаў, што на ялінку навешваліся вантробы ахвяры. Мабыць, і наадварот, вельмі імаверна, што і чалавечай. Такім парадкам, шары ды стужкі — правобраз колішніх кішак, пячонкі, сэрца ды нырак, — Генадзь не ўтрымаўся, усміхнуўся.

Усміхнуўся прыязна і Алег Барысавіч, падліў каньяку ў кілішкі.

— Вясёла, вядома ж. Але... ёсць указ імператара Русі Пятра пра абавязак ставіць дрэвы яловыя, хваёвыя ды аздабляць іх на Новы год. Я з Вамі спрачаюся як просты, больш-менш дасведчаны чытач. Чым адкажаце?

— Смехам. Пётр ведаў пра звычаі паганцаў, яму важна было скіраваць звычай у цывілізаванае рэчышча. Дый царква імкнулася даць паганскім святам сваю хрысціянскую вопратку. Нічога ў нас новага, апрача дня кастрычніцкай рэвалюцыі ды дня Перамогі, прыдумана не было. Усё — ад паганскага дзікунства.

— Добра, але ж — Каляды... — Алег Барысавіч прыўзняў кілішак, адпіў, пачакаў, пакуль тое ж зробіць Генадзь. — Што з казой ды іншымі?

— Першае: казаць пра казу як сімвал урадлівасці (іншым разам так тлумачаць жывёліну ў ватазе) — глупства з разраду ідыёцтва, — пасмялеў Генадзь. — Якое з казы малако? І хіба яна коціцца дзесяццю казлянятамі, як свіння парсючкамі? Другое: яе атачэнне, ваўкі ды мядзведзі, кажуць пра іх сяброўства. Выходзіць, рагатае стварэнне зусім не каза, а іншы рагаты звер. Д'ябал, чорт. Далей: добраахвотнае адорванне каляднікоў найсмачнейшым адбываецца напярэдадні сённяшняга Новага года, перад вялікімі маразамі. Значыцца, можна меркаваць, што тыя ж самыя пасланцы злога духа марозу збіраюць аброк. Казаў бы, малая ахвяра. Да таго ж, кампанія не просіць, а вымагае, пагражае, што адлюстроўваецца ў тэкстах.

Загрузка...