— Усім далоў. Каня прывяжы, — стаў распараджацца камандзір. — Пашыхтавацца! Слухай мяне: заданне асаблівае. Якое асаблівае — таварыш камісар скажа, — і адступіў крок назад, адступаючы камісару месца.

Камісар абгледзеў няроўны шэраг байцоў, адхінуў крысо скуранкі, дастаў з драўлянай кабуры цяжкі чорны маўзер.

— Калі пачынаю камандаваць я, значыць, загады павінны выконвацца без адкаладу і ўраз. У звязку з асаблівым значэннем сённяшняга задання я ўпаўнаважаны асабіста судзіць кожнага і прыводзіць прысуд у выкананне, — ён прыўзняў пісталет. — На што ў мяне пойдзе адна секунда часу. Так што, меней пляскаем вачыма. Раты пазакрываць. Што б я ні загадаў — ваша справа выконваць, — і раптам, амаль лагодна, усміхнуўся: — Ды не трэба так палохацца! Будзе вясёла, абяцаю, галоўнае — слухаць мяне. Пяць хвілін пакурыць, аправіцца...

Ямелька адышоў далей ад фасада храма, стаяў, задраўшы галаву, глядзеў.

— Што, хораша, праўда? — падышоў да яго Студэнт.

— Трэба ж такое збудаваць, — не стаў хаваць свайго захаплення Ямелька. — Прыдумаць трэба было, як усё рабіць... Хораша...

— А ўсё хараство — у разліках, у дакладных прапорцыях, — заспяшаўся студэнт. — Вось, бачыце, пярэдні фасад гзымсам пасярэдзіне падзелены, быццам для хараства гзымс, і ляпніны там трохі, але не, ён візуальна, ну, значыць відаць добра... наагул, падзяляе фасад на дзве часткі, ніжнюю і верхнюю. І сам фасад ужо не здаецца такім маналітным, цяжкім. А вось гэтыя як бы калоны тонкія ў ніжняй частцы, глядзіце — як яны ўгору мкнуцца... Яны завуцца пілястрамі. А паглядзіце, як вышыня цэнтральнай часткі дачыняецца з вышынёй званіц. Самыя званіцы — вежы на два ярусы. А сярэдняя частка фасада сканчаецца фігурным франтонам, ён завецца атыкавым. І вышыня франтона акурат на роўні першага ярусу вежаў званіц...

— Вось адтуль і страляў кулямёт, — заўважыў Ямелька. — Бач, як густа сцяна пабітая кулямі...

— Так-так, мусіць адтуль, — крыху разгублена адказаў Студэнт, яму было трохі прыкра, што і ў Ямельку ён не знаходзіць цяпер удзячнага слухача. Студэнт зрабіў яшчэ адну спробу звярнуць увагу салдата на архітэктуру храма: — Вам нецікава?

— Не, што ты, — збянтэжыўся Ямелька. — Яно цікава і надта, ды слоў шмат якіх я не разумею. Мне галоўнае хораша. Эх, умелі ж людзі рабіць...

— Я ж вам усім казаў, што гэтае ідзе не з ніадкуль, а з усёй філасофскай сістэмы эпохі барока — чалавек пачаў жыць не толькі практычна, але і прыгожа, ён зразумеў, што народжаны для стварання красы ў прыродзе... Я вам болей скажу: вось цяпер, калі мы ўвойдзем у храм, звернеце ўвагу. Звонку будынак — пакуль што яшчэ такой грубай, прастакутнай формы, хай і ёсць трохі дэкору... ну, аздобы. Бачыце, дах просты, двухсхільны, корпус храма на чатыры вуглы. А ўсярэдзіне — усё ў круглявых формах! Сцены плаўна перацякаюць у столь, паўкалоны пераходзяць у аркі, аркі злучаюцца паўкупаламі... Барока! Існасць чалавека: вонкава — жывёла, а ўсярэдзіне — найвышэйшая душэўная арганізацыя, духоўны пачатак, віртуознасць, суплёт думак і формаў...

— Дык я што ж, — замяўся Ямелька. — Вядома, паглядзім, час будзе...

— Канчай перакур! Хадзем! — выратавала Ямельку каманда.


Рэквізіцыя

Расчынілі дзверы ў бажніцу, камісар ступіў першы ў змрочнае нутро бабінца. За ім па адным увайшлі ўсе. Ямелька ледзь забавіўся, і, робячы выгляд, што папраўляе картуз на галаве, зладзеявата і хутка перажагнаўся — і адразу сустрэўся з вачыма Студэнта.

— Звычка, вось...— збянтэжана зашаптаў ён, апраўдваючыся. — Хто яго ведае, можа, і ёсць там хто... А рука ж не адсохне.

Студэнт, відаць было, сам збянтэжыўся больш за Ямельку і паспрабаваў супакоіць яго:

— Так-так, звычка — гэта бяскрыўдна, гэта чыста механічна, міжволі...

— Ага, механічна, вось, — усцешана паўтарыў Ямелька прасцейшае для сябе слова...

У цэнтральнай частцы храма перад алтаром абапал цэнтральнай шырокай дарожкі стаяла на каленях дзясяткі з тры чорных згорбленых постацяў — манашкі маліліся. Ніводная галава не павярнулася на крокі.

Духоўнік храма, стары святар, які перад гэтым нешта чытаў з амбона, перапыніўся, зірнуў на чырвонаармейцаў і раптам пайшоў ім насустрач:

— Чаго вам трэба? Нядобра мужчынам уваходзіць у храм Божы з пакрытымі галовамі...

— Маўчаць, — ціха працадзіў праз зубы камандзір. — Пайшоў прэч.

— Я прашу вас...

Камісар, які ішоў побач з камандзірам, раптам ускінуў руку з пісталетам і стрэліў духоўніку ў твар.

Закрычалі-загаласілі ў жаху жанчыны, адначасна падхапіліся з месца, збіліся, як чорныя авечкі, разам.

Здрыгануліся ад нечаканасці і байцы — так, хуткі на расправу камісар...

— Ціха! — крыкнуў камандзір.

Манашкі замоўклі, глытаючы свае ўсхліпы.

— Галоўная хто? Да мяне! — запатрабаваў камандзір.

Ігумення Параскева выйшла наперад.

— Я ігумення кляштара, — з лёгкім дрыжаннем у голасе сказала яна. — Чаго вы жадаеце?

— Баб жадаем! — нечакана ўставіў з-за Дронавай спіны Міцяй і адразу схаваўся — дзеля ўсяго дзеля. Але камандзір усміхнуўся берагам вуснаў.

— Чула?

— Тут кляштар, а не бардэль, — ужо ўпэўнена адказала ігумення.

— Гэта нам вызначаць, — прагаварыў камандзір. — Студэнт! — паклікаў ён не абарочваючыся, счакаў, пакуль за спінай не прагучала «Я тут», працягнуў: — Агледзець усё ў храме што да прыдатнасці... сам ведаеш. Ямелька!

— Я, таварыш камандзір! — адгукнуўся Ямелька.

— Пашукай тут сходы, павінны быць. Будзеш са Студэнтам. На што пакажа — здымай.

— Ёсць!

У гэты час камісар узышоў на алтар, расхінуў Царскую браму, прайшоўся там, пакратаў прадметы на прастоле, спусціўся долу.

— Кір! — працягваў камандзір.

— Тут...

— Бяры сваіх, усё абмацаць... Дык вось, — камандзір звярнуўся да ігуменні: — Імем рэвалюцыі нам трэба тое, па што нас выправілі. Савецкай уладзе трэба золата і каштоўнасці для раздачы бедным. Мы іх возьмем, напішам вам паперу... і пойдзем. Ну, калі раптам хто з нашых байцоў захоча за лытку каго з манашак патрымаць — не крыўдзіце: яны без жонак вунь колькі часу за шчасце працоўнага класа ваююць. Іх разумець трэба, шкадаваць... А вам Бог прабачыць — вымаліце. Усё зразумела? — шырока ўсміхнуўся камандзір, гледзячы не на ігуменню, а на манашак.

Ігумення маўчала.

У храме настала цішыня. Было чуваць, як патрэскваюць, згараючы, свечкі. Іх было надзвычай шмат — ва ўсіх свечніках. Камісар стаў пахаджаць па храме — назад і наперад, наўскасяк, нібы мераў яго. Ягоныя крокі па нядаўна насланых дошках падлогі гучалі злавесна. Парыпваў хром начышчаных ботаў, і выглядала гэта вельмі дзіўна — такая дарога была, ніхто і не бачыў, калі ён іх чысціў, а глядзі, зіхцяць.

Студэнт тым часам аглядаў абразы. Пачаў з Царскай брамы, потым — па правай сцяне да выхаду. Спыніўся ля абраза Мікалая Цудатворца, захоплена цокаў языком.

— Здымайце гэты, — павярнуўся да Ямелькі. — Вельмі старадаўная праца. Пэўна што, вучні Рублёва...

Ямелька прыставіў да сцяны невялікія драбіны, зняў абраз.

— А навошта здымаць? — ціха запытаў ён.

— Як навошта? Мы збудуем музеі, там будуць такія абразы, каб усе людзі маглі ўбачыць дзівосную працу старажытных майстроў, судакрануцца з цудоўным!

— Ага, зразумела, вядома... Дык і сюды ж людзі ходзяць... простыя, розныя. Ім чаму б... не дакрануцца?

Студэнт да свайго сораму пакутліва доўга, некалькі секунд спрабаваў знайсці патрэбны адказ.

— Як вы не разумееце? Тут людзей зусім мала! А ў Маскве жывуць сотні тысяч!

— Дык чаго тут не зразумець, — уздыхнуў Ямелька. — Яно, вядома, усё лепшае ў Маскве мусіць быць... А вось сам храм — як? Перавязуць?

— Не ведаю, — зусім разгубіўся Студэнт.

Кір са сваімі таварышамі вярнуўся да камандзіра з халоднай прыкрасцю на твары:

— Золата няма. Так... Па дробязі: пазалота на сямісвечніку, на лампадах; срэбра: паціры, хрысцільня... А нашы праўда яго не бралі? Рызнічая пустая. Занадта прафесійна ўсё прыбрана...

— Студэнт, да мяне! — раптам зароў камісар, які стаяў пры камандзіры і слухаў Кіраў даклад. — Што ў цябе?

— Тры дзіўныя абразы — праца вучняў Рублёва, — заспяшаўся Студэнт. Вядома, трэба будзе правесці экспертызу...

— К чорту твае дошкі! Дзе абразы ў залатых шатах?

— Дык няма... Мне здалося, відаць па месцах на сцяне, некаторыя абразы былі замененыя... нядаўна...

— Лайно... — камісар плюнуў на жоўтую хваёвую падлогу. — Слухай, ігумення Параскева... так, я ведаю, як тваё імя, я шмат чаго ведаю... Цяпер ты мне ўсё скажаш. Дзе золата. Дзе тая сучка з крыжам, якая мне асабіста трэба. І ты завядзеш мяне да каменя.

Ігумення здрыганулася, твар яе стаў зямліста-шэрым, але ў вачох раптам узнік агеньчык палёгкі, пераканання ў слушнасці зробленага раней. Яна павярнулася да манашак і роўным, супакаяльным голасам старшай прамовіла:

— Сёстры мае! Прабіла наша гадзіна — настаў час Госпаду нашаму выпрабаваць нас на трываласць веры нашай. Маліцеся аб душах сваіх!

— Ах ты дурніца старая, — з напускной скрухай адрэагаваў на гэта камісар. — Ты мне ўсё скажаш, — ён зрабіў крок і другі да ігуменні, зазірнуў ёй у вочы і рэзка-рэзка павярнуўся, крыкнуў:

— Міцяй! Ты там цыцастых любіш, а? Ідзі, выбірай! Ідзі, кажу!

Міцяй, улавіўшы зусім сур’ёзны тон загада-дазволу, вышчарыўся, скочыў наперад, апынуўся перад чарніцамі і прысеў, пляснуўшы сябе па сцёгнах:

— Во дык ну! Ай, выбар які! — пайшоў ён уздоўж жанчын, спыніўся супраць высокай, мажнай манашкі гадоў трыццаці.

І хапануў адразу ж, як драпежны коршак, дзвюма пяцярнямі за высокія, поўныя грудзі пад падрызнікам.

Міцяй не ведаў, што гэтая манашка пакуль што і не манашка зусім, а інакіня, што прыйшла яна ў кляштар пасля смерці мужа толькі месяц таму (дзяцей ім Бог не паслаў). І што не паспела яшчэ манастырскае жыццё выветрыць ёй з галавы ўсе простыя, жыццёвыя законы і правілы. Таму яна адхіснулася перш з гідлівасцю на твары, а затым размахнулася шырока, па-бабску, і шарахнула вялікай, моцнай далонню Міцяя па вуху.

Міцяй утрымаўся на нагах, хоць дабег, прыгнуўшыся, да самога прастолу.

— Ах ты... Ды я цябе... Ды я... — скінуў ён вінтоўку з пляча, дрыготкімі рукамі спрабаваў зрушыць замок.

— Адставіць! — спыніў яго камісар. — Міцяй, выберы меншую, мы гэтую Дрону пакінем, — тут ён паглядзеў на ігуменню.

Тая збялела, але стаяла роўна.

— Дапамажыце Міцяю! — рэзка аддаў каманду камісар.

Падскочылі ўжо трое. Хапілі з чорнага статка манашку, выглядалі месца — акурат перад амбонам, павалаклі. Тая маўчала, калі з яе завучана-звыкла зрывалі адзежу, валілі на падлогу, прыціснулі рукі і ногі.

Ігумення зашаптала малітву.

— Давай, Міцяй, — падахвоціў камісар.

Міцяй хіжа вышчарыўся, паслухаўся.

Камісар уважліва глядзеў на Параскеву, але тая заставалася безуважнай — глядзела некуды ўдалячынь перад сабой, толькі вусны лёгка і шпарка варушыліся.

Камісар ступіў да распасцертай на падлозе маладой манашкі і Міцяя на ёй.

— Злазь! — выгукнуў рэзка.

Потым выхапіў адной рукой вінтоўку ў Кіра, падкінуў яе ў паветры, перахапіў, зграбна перакуліў і з гучным хаканнем стукнуў уніз штыхом — у цела жанчыны.

Байцы адскочылі.

— Глядзі, старая! — крыкнуў камісар. — Ты маўчыш — і цяпер з кожнай будзе тое самае. У цябе на вачох. Але, перш чым працяць штыхом, я кожную буду пячы на агні свечак. Выколваць ім вочы. Адразаць грудзі. Садзіць на харугвы. А потым забіваць. Павольна. І ты будзеш бачыць. Ты будзеш вінаватая ў іх пакутах і смерці. Ты! Кажы, дзе ахоўніца крыжа? Дзе крыж? Дзе камень? У адным месцы? Я яго ўсё адно знайду, знайду, чуеш, старая? А яны будуць мёртвыя. Праз цябе зведаюць пакуты...

— Іх Бог сёння прыме ў Царства Сваё, — раптам амаль урачыста загаварыла ігумення, вочы яе, поўныя гневу і агіды, глядзелі ў вочы камісару, твар стаў не проста шэрым — сталёвага колеру, а голас задрыжаў ад напругі і нянавісці. — Табе ж, вырадак д’ябальскі — праклён на стагоддзе стагоддзяў! Табе і роду твайму! Будзь пракляты ты мною, як пракляты Госпадам, хай святло Божае...

Камісар не даў дагаварыць — без размаху ён рэзка выцяў яе цаўём пісталета ў скронь.

Ігумення ўпала. Камісар, з перакрыўленым ад нянавісці тварам, стрэліў у яе чатыры разы запар.

Перазарадзіў маўзер, павярнуўся з жоўтым бляскам у вачох:

— Ну, хто яшчэ супраць Савецкай улады? Абяцаю жыццё, і не будзем спальваць кляштар, калі мне скажуць, дзе схаванае золата і дзе ход да каменя!

Адказам было маўчанне.

— Выводзьце ўсіх у двор! Праз тыя дзверы! — аддаў байцом загад камісар. — Студэнт! Ямелька! Каля трапезнай павінныя быць дровы. Цягнеце іх сюды. Хутка! Варушэцеся ўсе! Штыхамі іх падганеце, авечак Богавых...

За храмам быў невялікі ўтульны надворак, у дальняй частцы якога бугрылася некалькі магілак — тут хавалі духоўнікаў храма, старыц, ігуменняў. Паміж магілкамі і тыльным фасадам храма, які завяршаўся тут пяцікутнай апсідай, быў лужок з зазелянелай травой. Сонца цяпер шчодра асвятляла гэтую частку кляштара. Папалоханыя, асуджаныя на смерць манашкі ў чорным і разагрэтыя свежай крывёй чырвонаармейцы на яскравых колерах белых сцен і сакавітай зялёнай травы здаваліся плямамі.

— Усіх манашак да сцяны, на калені! — загадаў камісар. — Дрон, ты, я чуў, таксама цыцастых любіш? Ідзі, выбірай! Гуляйце пакуль што! — рагатнуў камісар і адышоў да камандзіра, які быў адным заклапочаны: як выканаць загад і знайсці золата, бо аддзел быў пасланы менавіта па яго. Добра, што ёсць Кір — з ім хоць якая схованка адчыніцца. А калі золата вывезлі?


Камісар

Калі Ямеля і Студэнт з бярэмямі дроў зайшлі за кляштар, там гвалцілі манашку, тую, мажную, што дала Міцяю поўху. Камандзір і камісар стаялі за некалькі крокаў, раўнадушна глядзелі. Далей, укленчыўшы і схіліўшы галовы, нерухома, як статуі, ля сцяны храма замерла рэшта чарніц.

Кір азірнуўся на Студэнта і Ямельку, вышчарыўся:

— Студэнт, ідзі паспрабуй! Хоць за цыцку патрымайся!

— Не, не, што вы, — адступіўся Студэнт, скінуўшы дровы сабе пад ногі. — Я... я не магу...

— Бач, чысцёха! Інтэлігент вашывы! — з незразумелай злосцю выгукнуў Дрон. — Зараз я табе...

Ён нечакана рэзка сеў на манашчын жывот ўсёй сваёй масай, як на мех з мукой. Жанчына хакнула і, здаецца, знепрытомнела. Дрон не звярнуў на тое ўвагі, хапянуў вялікія, яшчэ не звялыя грудзі.

— Бач, якія цыцкі, глядзі, Студэнт! Ну, калі сам падысці баішся, — пагрозліва загаварыў ён, памацаў другой рукой у сябе ў халяве бота і выцягнуў невялікі нож. Не зважаючы на кроў і цела, якое забілася пад ім, разануў яшчэ і яшчэ.

— Лаві, Студэнт!

Студэнт інстынктыўна злавіў кінутае яму, і яно адразу выпала з дрыготкіх рук, а сам ён адыходзіў, спатыкаючыся, і ўрэшце, пад дружны рогат, паваліўся назад, нібы сп’янеўшы.

— Гэй, а другую Ямельку адрэж, у яго ж таксама бабы няма! — закрычаў Міцяй. — Ямелька, хадзі сюды, паўдурак, глядзі, якая ў цябе цыцка будзе!

— Няправільна гэта, рабят... — пралапатаў Ямелька, прыціскаючы збялелымі рукамі да сваіх грудзей бярэмя дроў, хаваючы за ім свой твар, самога сябе, рыхтык у бярозавым паленні былі ягоныя абарона і ратунак.

— Адставіць, — нечакана ўладна ўмяшаўся ў пацеху камісар. — Канчай яе, — кінуў ён Дрону, які ўсё яшчэ сядзеў на манашцы, і той адным рэзкім рухам шаснуў нажом жанчыне па шыі.

— За мной ідзі... — паклікаў яго камісар.

Падышлі да манашак.

— Устаць усім... Спінай да сцяны кожная, рукі апусціць, — нягучна загадаў камісар. — Рукі не падымаць. Ці заб’ю, — ледзь прыўзняў ён свой маўзер у руцэ.

Жанчыны ўсталі. Камісар ішоў паўз іх, знерухомелых так, што на нейкае імгненне здалося, быццам яны, чорныя манашкі, толькі намаляваныя на белай, залітай сонцам сцяне. Камісар узіраўся ў твары. Прайшоўся раз, часам уздымаючы адным пальцам левай рукі дрыготкія ад жаху падбародкі, зазіраючы ў вочы. Вярнуўся, спыніўся насупраць адной, найстарэйшай, паказаў Дрону.

— Гэтую...

Дрон падскочыў, дзвюма рукамі хапіў рызу чарніцы ля шыі і разадраў да паса, здзёр уніз, агаліўшы старэчыя плечы ў пігментных плямах і пляскатыя бабульчыны грудзі.

Камісар гідліва зморшчыўся, зрабіў крок далей, спыніўся.

— Тую...

Манашка была яшчэ маладой, і рукі яе інстынктыўна, чыста па-жаночаму ўзляцелі ўгору, затуляючы грудзі з вялікімі карычневымі смочкамі.

Камісар стрэліў ёй у жывот.

Здрыгануліся разам, усхліпнулі зацкавана і каротка адным ротам іншыя чарніцы — і гэта было адзіным рухам і гукам адказу на гучны стрэл.

— Гэтую...

Камісар гуляў у сваю гульню. Яго не так займаў вынік гульні, бо ён быў пэўны, што знойдзе тое, чаго шукае, як сам працэс. На ягоным твары з'явілася нешта накшталт азартнай усмешкі: адгадае ён цяпер ці не адгадае? Тузануцца рукі манашкі затуляць грудзі ці не? Дрон падыгрываў камісару — здзіраў адзенне лёгка, адным шырокім рухам, за раз пакідаючы жанчыну паўголай.

— Гэтую...

І раптам гульня надакучыла камісару.

— Усіх адразу... Кліч астатніх.

— Гэй, сюды ўсе! Міцяй, ідзі парад цыцак ладзіць. Студэнта сюды кліч! Недароблены! — крыкнуў Дрон Емяльяну. — Дровы кінь, дурніца, ідзі вазьмі маю вінтоўку!

...І пайшла весялосць.

— Оп-па! А якія ў мяне, а? — рагатаў Кір, сціскаючы, камечачы аголеныя грудзі ў манашкі. — Што, недаростак, памагчы? — з'едліва спытаў у Міцяя, які не мог разадраць каўнера рызы ў манашкі побач, не ставала моцы ў хліпкіх руках. Тузаў азвярэла, а высокая — на галаву вышэй за яго — манашка ўздрыгвала, але моўчкі глядзела шклянымі вачыма некуды за Міцяяву галаву.

Чорны шэраг манашак стаў хутка бялець.

— Стаяць! — раптам зычна загадаў камісар, хуткім крокам падышоў да чырвонаармейца, які толькі што агаліў чарговую манашку.

— Вось і ты, — падышоў, заўсміхаўся камісар, нечакана і шчасліва. — Глядзі, якая... Што, не чакала?

Кацярына маўчала.

Камісар працягнуў руку і павольна ададраў прысохлую да грудзей анучыну. І адразу твар ягоны скрывіўся, як ад раптоўнага болю зубоў.

— Дзе крыж, сука? — запытаў ён роспачна, відавочна ўсведамляючы, што ніякага адказу яму не атрымаць, як бы ён ні катаваў маладое дзявочае цела.

— Крыж на кожным, — раптам прагучаў чысты, без усялякага страху голас. — Не бачыш мой, ці што, крывёй напісаны? І на табе — крыж, — працягнула Кацярына. — Я свой вынесу. А табе свайго не здужаць.

— Авечку ўдаваць надумала? Манілася, не знойдзем? — прымружыўся камісар. — Усіх знойдзем. І ўсё знойдзем.

— Жыцця забракне.

— У нас наперадзе шмат жыццяў, — зірнуў камісар Кацярыне ў вочы. — А ў вас — мала засталося... Здзірай з яе ўсё, — загадаў ён маўкліваму чырвонаармейцу. — Вядзі сюды. Іншых усіх — на калені... пакуль... потым разбярэмся...

Чырвонаармеец хутка даў рады рэшткам Кацярынінага адзення, і камісар не ўтрымаўся, абудзілася ў ім сапраўднае мужчынскае — заглядзеўся на ладнае, з бледна-ружовай здаровай скурай Кацярыніна цела.

Яна ішла, і так ішла, нібы не голая сялянка пад прагна-юрлівымі позіркамі адурэлых ад жаночых целаў і ўсёдазволенасці байцоў, а царыца ў ядвабе і золаце перад здзіўлена-захопленымі вачыма замежных амбасадараў. І нешта здарылася. Можа, крывавы крыж між грудзьмі ў Кацярыны быў таму віной, можа, сама яна стала таму прычынай, але раптам згасла раз’юшанасць, раставаў цень пажадлівасці ў позірках чырвонаармейцаў.

— Як каралева, — прагучаў нечы прыглушаны мужыцкі голас, і гэта як секанула камісара:

— Чаго раты паразяўлялілі, быдла, перастраляю!

Забег наперад, пакруціўся, быццам шукаў чаго на зямлі ў негустой траве.

— Сюды вядзеце! На зямлю яе! Вось сюды галавой!

Кацярыну хутка павалілі на зямлю, спешна хапаліся за рукі і ногі, раскінулі іх шырока.

— Што робіце, паўдуркі? Па-вашаму, я па бабу за сто вёрст сюды ехаў? — закрычаў камісар і стаў камандаваць крыху спакайней і дакладней: — Студэнт! Дроў нясі яшчэ! Ды борзда! Так, набок яе кладзеце, на правы... рукі-ногі трымайце, галаву да зямлі... Дрон, ты сваю нагу ў калене сагні, да жывата падцягні. Яшчэ вышэй. Ты, — ужо іншаму чырвонаармейцу, — нагу роўна і таксама ў калене сагні... Раўней, дурань... Прыцісні і трымай... Міцяй, руку ўгору і ў локці... Не так, зломак, пад простым кутом згінай... дуралей, кутоў не ведаеш...

Камісар камандаваў, байцы мітусіліся, укладваючы па незразумелых ім загадах Кацярыніны рукі і ногі, быццам яна лялька з ануч. Яна не працівілася, ведала — марна, смерць трэба прымаць з чыстым розумам, якога не чапіў страх. І тая безуважнасць да рэчаіснасці, незразумелыя самым байцам іх дзеянні, блізкасць прыгожага маладога цела, да якога яны дакраналіся, але не жадалі, не маглі жадаць, як можна дакранацца і нельга жадаць уласнай маці — усё разам усяліла ў байцоў даўнейшы жывёльны жах. У іх жыцці былі забітыя і спаленыя жыўцом у храмах, заколатыя штыхамі, закатаваныя ў згвалтаваннях жанчыны — і тыя справы былі зразумелыя іх існасці, звыклыя і часта прыемныя. Цяпер жа яны, падпарадкоўваючыся чужой волі камісара, выконвалі недарэчную, незразумелую, у нечым страшную для іх работу — і гэта хвалявала іх, абуджала ў іх нешта пачаткова дзікае, глыбока схаванае ў сярэдзіну, родавае...

— Так... Добра... — з вышыні абгледзеў камісар зламанае ў свастыцы дзявочае цела. — Цяпер трымайце моцна, руку ёй паправім, — ухмыльнуўся ён, захапіў левую Кацярыніну руку і рэзка вывернуў угору і назад.

Раздалося агіднае кароткае храбусценне, потым грук — гэта ў Студэнта, які падышоў з чарговым бярэмем дроў, паленне пасыпалася з рук.

— Вось цяпер усё добра, — здаволіўся Камісар. — Трымайце моцна, Дрон, сядзь вось тут на яе, каб не тузанулася.

Але Кацярына была без прытомнасці — яна знепрытомела ад болю ў выкручанай руцэ. Камісар павярнуў дзяўчыну на спіну, сам прыўстаў на калені. У ягонай руцэ байцы ўгледзелі невялікі тоўсты футарал. Камісар дастаў шырокі кароткі нож, увесь чорны, нацэліўся ніжэй крывавага крыжа між грудзей — стыгмата — і лёгка стаў весці ламаную лінію. Кроў нібы заскіпала па следзе нажа, малюючы чырвоным на белай скуры першы прамень свастыкі. Твар камісара выпраменьваў задавальненне ад выкананай работы і прачування дакончанай справы.


Эпілог. Бой

Сонца залівала двор кляштара, манашкі, укленчыўшы, маліліся, тыя, з каго здзерлі адзенне, так і стаялі, свяцілі голымі спінамі, баючыся затуліць свой жаночы сорам.

Студэнт глядзеў вылупленымі вачыма, як Камісар нешта выразае на жываце ў дзяўчыны, потым пераводзіў вочы на манашчына цела з адцятай цыцкай і перарэзанай шыяй і зноў на камісара.

— Тут жа барока... Нельга... Не трэба... Барока — пачатак новага свету... новага чалавека, рэвалюцыя адкрывае мажлівасць росту для кожнага, новае барока для ўсёй нашай зямлі, — лапатаў ён.

— Студэнт! Дровы нясі сюды! — пачуўся камісараў загад. — Борзда! Ямелька, ты чаго там абапёрся аб стрэльбы, адпачываеш? Марш да калёс, пад саломай бутля з газай. Нясі хутка!

Студэнт здрыгануўся, і, працягваючы нешта мармытаць сабе пад нос, пазбіраў дровы і панёс да цела Кацярыны.

— Абкладайце ногі, рукі, саму! Яшчэ дроў!

Ямелька каля складзеных у піраміду стрэльбаў не зрушыўся з месца.

— Няправільна гэта, рабят... — сам сабе прагаварыў ён ціха. — Няправільна...

У наступнае імгненне ён ускінуў сваю вінтоўку, хутка злажыўся і стрэліў.

Прабітая навылёт камісарава галава рэзка тузанулася далёка ўбок, цягнучы за сабой усё ягонае цела.

Емяльян па-вайсковаму дакладна клацнуў затворам, гэтаксама каротка злажыўся другі раз, стрэліў, і камандзір, рука якога пацягнулася да нагана, паваліўся на зямлю.

Трэцяя куля дасталася Дрону, які ў тупым здзіўленні паспеў павярнуць галаву ў бок Емяльяна і нават разявіў рот, каб нешта сказаць.

Кіраў звярыны інстынкт кінуў яго ўбок. За ім адскочылі ад раскрыжаванай на зямлі дзяўчыны два ягоныя сябрукі.

Адзін за адным, праз долі секунды, якія спатрэбіліся салдату з трохгадовым досведам вайны для перанабівання вінтоўкі, прагучалі яшчэ тры стрэлы.

І толькі потым Міцяй, адзіны жывы ля цела Кацярыны, вырачыўшы ў жаху вочы, закрычаў-заенчыў:

— Ты што, ты што!!! Ямелечка, пакладзі, пакладзі вінтоўку... Не страляй! Не страляй, брат! — лямантаваў ён, адыходзячы ад скіраванай на яго рулі, а ягоныя нагавіцы сталі брудна цямнець ніжэй паса.

Куля пацэліла яму ў твар.

Емяльян завучана зірнуў на затвор вінтоўкі, уставіў новы магазін, закінуў вінтоўку за плячо, агледзеўся вакол і павярнуўся да застыглага ў нямой ашалеласці Студэнта.

— Хадзем, Студэнт. Тут без нас... вось, манашкі самыя... управяцца.

— Як жа... Як жа далей... — не зводзячы вачэй з трупаў нядаўных сваіх таварышаў, пытаўся, як у непрытомнасці, Студэнт. — Што будзе?

— Нічога не будзе. Жыць будзем, — спакойна адказаў Емяльян. — Мы нікому пра гэта не раскажам.


ЧАСТКА 8


1

Спраў было шмат — і дробязных, і вялікіх, але для Алеся Лобача іншага не заставалася: напісаў заяву, пакуль што на тры дні. Паехаў да былой матчынай сяброўкі, Алены Адамаўны (яна была на пенсіі) — адзінай жанчыны, якой ён змог адкрыцца, расказаць праўду пра тое, што адбылося і адбываецца з сястрой. Сталая жанчына не стала выпытваць розных дробязяў, адразу дала тэлефон. Жанчына, па голасе прыкладна ягонага веку, псіхатэрапеўт, выслухала Алеся не перабіваючы. Сказала, каб чакаў па трэцяй гадзіне дня, уперад асцярожна пагаварыў з Надзеяй.

Нічога не выйшла.

Калі Лобач сказаў сястры, што да яго — не да яе, а да яго прыйдзе жанчына, завочніца, бо ёй трэба паздаваць “хвасты”, Надзея са страхам зірнула на яго, загаварыла ўзбуджана:

— Гэта ніякая не завочніца. Яны сочаць за мной. Не кажы, што я ў цябе...

Унутры ў Алеся ўсё сціснулася ад болю і бездапаможнасці, калі ён назіраў, як Надзея спешна нясе з вітальні ў пакой свой абутак, верхнюю вопратку, як забірае з лазенкі шчотку для зубоў, шампуні...

Прыйшла псіхатэрапеўт, высокая, маладжавая жанчына. Гаварылі ціха на кухні. Надзея зачынілася ў сваім пакоі. Двойчы Алесь падыходзіў да яе дзвярэй, асцярожна стукаў, прасіў выйсці. І потым сарваўся, нешта вымкнулася ў ім, стрэмкай у мазгох завіравала думка пра тое, што сястра прыдурваецца, што гаварыць з ёю трэба жорстка, катэгарычна, патрабаваць — і тады яна кіне сваю гульню ў шпіёнаў, адумаецца, да яе дойдзе ірэальнасць таго, што яна сабе напрыдумляла.

— Надзея! Досыць ужо дурыць! Ты сама дакладна ведаеш, што табе трэба дапамога лекара! Адчыні дзверы! Тут лекар, разумееш: лекар! Табе трэба ягоная дапамога. Адчыні!

Ягоны крык перапыніла псіхатэрапеўт. Жанчыне давялося ўтрымаць Алеся, а то б ён сапраўды без Надзеінага дазволу адчыніў дзверы — ключы ад усіх няхітрых замкоў-блакіратараў былі ў шуфлядцы ў вітальні.

— Вы што? Нельга, нельга цяпер, — узрушана, хоць з лёгкім спалохам, але катэгарычна зашаптала яна. — Хадземце на кухню...

Там яна, сухаватая, каротка падстрыжаная, закурыла, не пытаючыся дазволу, і гэта неяк зблізіла яе з Лобачам, яна быццам канчаткова ўвайшла ў Алесяву і ягонай сястры таямніцу, прыняла яе, як прымаюць шчырыя людзі чужую бяду — з усведамленнем свайго абавязку хоць нечым дапамагчы.

— Я пакіну вам пігулкі, паспрабуйце ўгаварыць выпіць, — казала яна, спагадліва гледзячы на Лобача. — Але ў дадзеным выпадку я параіла б абавязкова змяніць месца, кардынальна. Некуды на возера, у лес... Дзе б не было дамоў гарадскіх, людзей як мага меней. Псіхічная траўма цяжкая, ваша сястра доўгі час стрымвала ў сабе эмоцыі, адбыўся выбух... Частка свядомасці проста блакаваная. Найперш важна абараніць яе ад нежаданых кантактаў, ад большасці... Але, мушу сказаць, само сабою не міне, на гэта няма што спадзявацца. Патрабуюцца стацыянарныя ўмовы, пад назіраннем лекара. З пігулкамі прыдумаеце што? Яны без смаку, можна распусціць у вадзе, соку... Можа, потым удасца ўгаварыць.

— Прыдумаю з пігулкамі, — хрыпла адказаў Лобач, адчуваючы як расце, запаўняецца чорнай невядомасцю будучыня, заўтрашні і пазаўтрашні дзень. Упершыню ён адчуў, што ягонае колішняе правіла — “усё мінаецца, і дрэннае таксама” — сапраўдная лухта, што нічога не мінаецца, а толькі нарастае камяк роспачы, збіраецца, як брудная вада ў ручаі перад выпадковай запрудай, выштурхваючы наперад рознае смецце і трэскі, ад чаго запруда ўсё большае, робіцца шчыльнейшай, і вады ўсё прыбывае, прыбывае... Пакуль што не прарывае, але ўпярод раўчук выйдзе з берагоў, разальецца лужынай... І калі прарве, спадзе вада, застанецца смецце і бруд, усё зялёнае і прыгожае будзе спляжанае... І так доўга чакаць цёплага шапатлівага дожджыку, які абмые...

Лобач адказаў “прыдумаю”, але не змог сказаць, што Надзея запатрабавала, каб ён набываў толькі бутыляваную ваду і ніякіх сокаў, што тую ваду забірае да сябе... Яму застаецца пільнаваць, калі сястра выйдзе з пакоя па патрэбе, чакаць?..

— І, выбачайце, — патушыўшы цыгарэту ў попельніцы, загаварыла лекарка, — Але мушу сказаць праўду. Калі нічога дадатнага ў паводзінах за суткі не адбудзецца, я вам настойліва раю выклікаць хуткую... Так, непрыемна, цяжка і балюча, вельмі хацелася б абысціся... без прымусу, але вы мусіце разумець — гэта хвароба. І такая, што баўленне можа мець катастрафічныя наступствы.

Лобач кіўнуў. Тая думка, якую ён гнаў ад сябе, што сястры давядзецца перажыць у такім становішчы яшчэ адзін гвалт над сабой, з боку санітараў, міжволі займела сваё месца ў ягонай свядомасці і цяпер абрастала довадамі сваёй немінучасці.

Увечары стала як быццам лепей — Надзея спакойна выйшла з пакоя, перш пацікавіўшыся, ці ёсць хто ў кватэры. Прайшла на кухню. Алесь прапанаваў сястры вячэру, тая пагадзілася, завешваючы шторы на акне. Алесь зараз накрыў на стол на дваіх, прысеў сам.

— Вось, пігулка для сну, — Лобач крышку пасунуў у бок сястры сподачак, з дзвюма белымі пігулкамі, якія пакінула лекар, і дадаў спакойна: — Гэта Алена Адамаўна перадала. Мы бачыліся з ёй учора...

— Дзякуй, — нечакана для Алеся проста адказала Надзея.

Яна даела макароны з кавалкам курыцы, папрасіла вады з бутэлькі і пры Алесю выпіла пігулкі.

Ноч мінула спакойна. Але Алесь не мог спаць — слухаў, як дыхае, варочаецца сястра.

Раніцай Алесь пабачыў, што хоць Надзея стала нейкая нібыта затарможаная (дзейнічала пігулка?), у той жа час яна няспешна, можа, тройчы абышла ўсю кватэру, засяроджаная, пільна ўзіралася ў вокны, кратала іх — ці добра зачыненыя. Адлучыла хатні тэлефон. Села на канапе, падціснула пад сябе калені — і маўчала. Алесь спытаў яшчэ: мо яна прыгатуе полудзень, але Надзея так дзіўна зірнула на яго, нібы ён спытаўся пра нешта брыдкае і непрыстойнае...

Алесь выйшаў на балкон пакурыць і там, зірнуўшы на шэрыя будынкі шматпавярховікаў, бязмежна чужыя і бязмежна далёкія, амаль фізічна адчуў як цэлы сусвет сціснуўся вакол яго да памераў кватэры. І ў гэтым сусвеце засталіся ён, Алесь Лобач, і яго хворая сястра Надзея.

Алесь не ведаў, што рабіць. Увамкнуў кампутар, каб папрацаваць, хоць нечым заняць сябе — куды пайсці ён не мог, сястру нельга было пакідаць адну. Перачытваў сваё, напісанае, у галаве няспынна трымцела адна думка: хвароба не пройдзе сама сабой, не мінецца, нельга будзе ўзняцца з-за стала праз гадзіну і пабачыць ранейшую сястру. Нельга! І трэба не чакаць, нельга чакаць, трэба выклікаць хуткую, выклікаць — і перажыць, пертрываць жудасныя хвіліны, здужаць. Потым... потым стане лягчэй. І Надзея потым яму даруе. Зразумее і даруе.

І разам з тым, ён ясна, так ясна, што быццам па яго павінны прыехаць санітары і скруціць, звязаць, адчуваў, які жах мусіць яшчэ раз перажыць ягоная сястра... І таму сядзеў, пстрыкаў па клавіятуры, цягнуў час. Спадзяваўся на нешта? Не, не было спадзявання. Цягнуў...

Бліжэй да полудня задрыгаўся ад вібразванка яго мабільнік (Алесь вымкнуў гучны званок). Нумар быў незнаёмы, але Лобач націснуў “адказаць”.

— Дабрыдзень, Алесь Паўлавіч! Вас студэнт-завочнік турбуе, Уладзімір Жабрун. Ну, той самы, якому вы давалі заданне пра замовы...

— Пазнаў, добры дзень, — прыцішана адказаў Лобач.

— Дык я хацеў сказаць... ну, вы ж мне пакінулі мабільны... То я во і тэлефаную, — адчуўшы Лобачаву інтанацыю, вінавата загаварыў Уладзімір. — Я кончыў усё... ну, расклаў на радкі ўвесь тэкст, раздрукаваў паасобку ўсе замовы. І электронны варыянт ёсць, вядома. То як вам перадаць?

Лобач скрывіўся. Ён разумеў, што не можа заставацца абыякавым да тэлефанавання, хоць не знаходзіў у сабе і кроплі цікавасці да тых тэкстаў. Але мусіў адказаць, можа, толькі таму, каб завяршыць хоць адну справу...

— Прыязджайце... — Лобач назваў адрас. — За паўгадзіны паспееце? Добра, чакаю. Я вас сустрэну.

Хвілін праз дваццаць ён сказаў Надзеі, што пойдзе ў краму, апрануўся, прыхапіў з сабой патрэбнае, спусціўся на ліфце, спыніўся ля пад'езда перад адной з дзвюх ацалелых лавак. Дзіўна, але болей нікога тут не было. Можа таму, што сонца цяпер проста паліла гэты лапік зямлі, а цень ад двух старых кустоў бэзу клаўся не на лаўку, а наўзбоч ад яе. Лаўка, нядаўна памаляваная ў ядавіты сіні колер, сваімі чатырма драўлянымі брускамі нагадвала вычварную патэльню для катавання дзе ў сярэднявеччы.

Аднак Лобач прысеў на самае сонца. Драўляныя брускі і праўда былі гарачыя.

Пацягнула закурыць, але было надта горача. І ўсё ж жаданне хоць нечым заняць сябе пераадолела, і Лобач выцягнуў цыгарэты.

Якраз тады заехаў у двор міліцэйскі УАЗік, падкаціў і спыніўся насупраць Лобача. Віскнулі тармазы. Выйшаў міліцыянт, маладжавы, прыхапіў з аўтамабіля фуражку. Пільна зірнуў на Лобача і, зрабіўшы крок, стаў насупраць яго.

— Вы ж Лобач, Алесь Паўлавіч, так? Кватэра 79?

— Так, — адчуўшы непрыемны халадок у грудзях, адказаў Лобач, схаваў пачак з цыгарэтамі ў нагрудную кішэню кашулі, падняўся з лаўкі. — А ў чым рэч?

— Я вас ведаю, участковы ваш, — нехаця патлумачыў міліцыянер. — Нам вядома, што ў вас цяпер пражывае вашая сястра, Лобач Надзея. З ёй нам трэба правесці прафілактычную гутарку і атрымаць тлумачэнні.

Лобач разгубіўся. Рыхтык нехта збоку хутка зашаптаў яму: падмані! Падмані і скажы, што сястры цяпер няма ўдома, што яна паехала... на лецішча да сяброўкі, на рынак, шукае працу.. Але пачуццё асабістай годнасці, спляжанага раней мужчынскага абавязку бараніць сястру, прымусіла Лобача напружыцца, і ён адказаў ціха, але цвёрда, амаль з выклікам:

— Яна ў мяне. Але зараз яе нельга турбаваць. Яна захварэла.

— Вельмі турбаваць яе ніхто не збіраецца, — настойліва адказаў міліцыянт, і Лобач адчуў незадаволенасць у голасе лейтэнанта. — Чыста фармальна — паставіць подпіс, і ўсё. Мне трэба выканаць сваю работу.

— Калі ласка, у іншы дзень. Калі яна будзе здаровай, — Лобач і сам не заўважыў, што павысіў голас.

Бразнулі дзверцы УАЗіка, да Лобача і лейтэнанта падыходзіў яшчэ адзін міліцыянт.

— Праблемы? — запытаў ён у напарніка, спрактыкаваным позіркам ацаніў Лобачаву постаць.

— Зараз разбярэмся, — супакоіў яго лейтэнант, павярнуўся да Лобача. — Калі грамадзянка Лобач хворая, мы выклічам хуткую, — і ён павярнуўся, каб ісці ў пад'езд.

— Людзі вы ці не? — урэшце прарвалася ў Лобача роспач. Ён не ведаў, што цяпер рабіць, як сябе паводзіць, але адно было для яго зразумела і ясна: ні ў якім разе Надзеі нельга бачыць, што да яе ідзе міліцыянт. Калі гэты лейтэнант падымецца, калі стане званіць у дзверы...

— Вы тут лягчэй, не забывайцеся, — плюнуў сабе пад ногі другі міліцыянт.

— Я не забываюся! Я кажу, што сястра хворая, што яе нельга турбаваць цяпер, пагатоў — вам, міліцыі. Яна гэтулькі перанесла гвалту над сабой, хіба нельга на нейкі час пакінуць яе ў спакоі? — зараз амаль крычаў Лобач.

За міліцэйскім УАЗікам спыніліся дзве маладыя маці з возікамі, слухалі.

— Ніхто тваю сястру не цягнуў жывасілам на плошчу, — агрызнуўся міліцыянт-кіроўца. — І цішэй тут, мітынговец. А то пойдзеш зараз на пятнаццаць сутак, як міленькі.

— Я пайду? За што? — агаломшана перапытаў Лобач. — Мая сястра нікуды спецыяльна не хадзіла, яна толькі выйшла з электрычкі. А на яе накінуліся, як... на бандытку, як на тэрарыстку. Як можна вам, міліцыі, збіваць жанчын?

Ля жанчын з возікамі прыпыніліся сталая пара — мужчына з кавенькай і жанчына.

— Ну, ты, мужык, лічы, нагаварыўся, — прыгразіў міліцыянт-кіроўца і сказаў да напарніка: — А ты кажаш: праблем няма. Будзем грузіць...

Участковы лейтэнант глядзеў на Лобача нават з жалем.

— Хадземце са мной, адчыніце мне дзверы, і сястра паставіць мне подпісы. Не чыніце перашкод міліцыі пры выкананні абавязкаў.

— Я нікуды не пайду, — гэтым разам ціха адказаў Лобач.

— Будзем грузіць! — амаль загадаў міліцыянт-кіроўца. — Ён ужо на пяць штрафаў нагаварыў. Сведкаў сабраў...

— Сядайце ў машыну! — стомлена загадаў Лобачу ўчастковы.

— Навошта? — халадзеючы, адказаў Лобач і не зрушыўся з месца.

— Паедзем у аддзел, там я вам патлумачу... Сядайце самыя, я ж ведаю, што вы навуковец, ці мне вас гвалтам запхнуць і кайданкі надзець? Пры сведках? Хочаце штраф большы ці на суткі сесці? — у голасе лейтэнанта адчуваліся раздражненне і злосць.

Думак у Лобача не было. Хвіліны размовы з міліцыянтамі да апошняга моманту падаваліся нечым немажлівым. Ён і ўявіць не змог бы раней, што раптам вось так стане гаварыць з міліцыянтамі, а яны — з ім. Лобач павярнуўся і спакойна пайшоў да УАЗіка, не разумеючы яшчэ цалкам таго, што цяпер адбылося, ды ўпэўнены, што яго чакае нешта вылучна чорнае і непрыемнае ў ягоным жыцці. Але разам з тым разумеў, што зрабіў адзіна слушны выбар. Яшчэ адно супакойвала: акно Надзеінага пакоя выходзіла на другі бок, яна не магла бачыць ні міліцыянтаў, ні таго, што яго, Лобача, прымусілі сесці ў аўтамабіль.

— У аддзел? — бадзёра, аж усцешана, быццам паспяхова выкананае складанае заданне, спытаў кіроўца.

— Да мяне пакуль што, на пункт, — адказаў участковы, і кіроўца незадаволена скрывіўся.

Лобач сядзеў на пыльным заднім сядзенні. Пабачыў — у дзверцах няма ручак. “Каб не выскачыў” — аўтаматычна знайшоў адказ. Ён чуў кароткі дыялог міліцыянтаў, і прамоўленае крыху стомленае “на пункт” участковага прагучала ледзь прыкметным абяцаннем нечага добрага, абяцаннем, што ўсё скончыцца не так і дрэнна. Лобачу было прыкра ўсведамляць, што яго грэла гэтае абяцанне, ён з аднаго боку рыхтаваўся, настройваў сябе на самае горшае, ды мусіў прызнацца, што баіцца невядомага горшага, што словы ўчастковага ўспрыняў як выратавальную саломінку.

Ён цалкам усведамляў, што ва ўсім тым, што адбывалася, вінаваты сам. Але была незвычайная, неверагодная палёгка ад таго, што вось цяпер ён, як і Надзея колькі дзён таму, паспытае таго, што называецца знікненнем цябе — калі ў адзін момант звыклы свет імкліва абрынаецца, знікае, вычварна змяняецца, і ты сам знікаеш у ім. Быў выкладнік універсітэта, быў кандыдат гістарычных навук, быў навуковец-этонграф, аўтар дзясяткаў публікацыяў, паважаны чалавек, інтэлігент, а стаў — грамадзянін. Лобач, здалося, скурай адчуў пагрозліва рыклівае “гра” на пачатку, адчуў, як рыбінай лускай злятаюць з яго асабістыя якасці, што здаваліся непарушнымі, якія нельга было адлучыць ад жывога Лобача. А вось прамоўлена “грамадзянін” — і стала можна.

Да Лобача-выкладніка маглі паважліва ставіцца міліцыянты, перад Лобачам-кандыдатам навук яны праявілі б сваю тактоўнасць і службовы запал. Але “грамадзянін” быў толькі іхным суб'ектам прыкладання ўлады, атрыманай разам з формай. І больш нікім.

Лобач разумеў, што пацерпіць — ягоныя рэзкія словы пра збіванне жанчын міліцыяй маглі патлумачыць як нахабны паклёп, ягонае нежаданне правесці міліцыянта ў сваю кватэру — як супрацў органам. І, найбольш смешнае, але і сама рэальнае — у волі гэтых міліцыянтаў было зрабіць з Лобача брыдкамоўцу. Тая інфармацыя, якую ён атрымаў за апошнія дні — ад сястры, з апазіцыйных сайтаў — сведчыла пра цалкам мажлівы такі далейшы сцэнар.

Што б ні чакала Лобача, ён зусім не хваляваўся цяпер. Нібыта збоку гледзячы на сябе, на свае адчуванні, шукаў прычыну сваіх паводзін. Не, не толькі імкненне абараніць сястру ад наведвання міліцыянта было прычынай. Прычына была ў самым Лобачы — ён мусіў запратэставаць, мусіў выгукнуць словы вінавачвання, бо гэта жыло ў ім усе дні — жаданне хоць нечым кампенсаваць сваю бездапаможнасць, разгубленасць у тыя хвіліны, калі Надзея як цень з’явілася на парозе пасля ночы ў турме, хоць неяк рэабілітавацца перад сабой.

І вось паводзіны ўчастковага, цалкам незразумелыя яму пакуль што, падказвалі, што ніякага апраўдання самога сябе можа не адбыцца.

Ехалі нядоўга, хвілін дзесяць.

Участковы выйшаў з тоўстай скураной тэчкай, адчыніў заднія дзверцы. Лобач выйшаў без запрашэння.

— Слаўка, ты едзь сабе. Я тут паперы аформлю, там і палуднаваць пара. Потым іншае.

Слаўка-кіроўца нічога не адказаў, УАЗік ірвануў з месца. Лейтэнант зняў фуражку, не гледзячы на Лобача сказаў:

— Хадземце.

На першым паверсе звычайнага жылога дома ён прыпыніўся перад дзвярыма, абабітымі бляхай і памаляванымі ў цёмна-зялёны колер, адамкнуў іх, расчыніў, пачакаў, пакуль увойдзе Лобач.

Пакой быў невялікі, са старой мэбляй: два сталы літарай “Т”, шэраг драўляных крэслаў уздоўж сцяны, шафа, высокі металічны сейф. Краты на акне. На сейфе — фотаздымак дзіцяці ў рамачцы. Мапа гарадскога раёна на сцяне з пракрэсленымі незразумелымі чырвонымі і сінімі лініямі.

— Сядайце, — лейтэнант кінуў сваю фуражку, што нёс у руках, на крэсла побач, паказаў Лобачу на крэсла пры стале. Разгарнуў скураную тэчку і сказаў, не адрываючы вачэй ад папер перад сабой: — У мяне на ўчастку сямнаццаць былых “зэкаў”. Яшчэ падлеткі на ўліку, праблемныя сем’і. План наведванняў — штодня. Па ўсіх трэба складаць справаздачы. І вось цяпер дадалося яшчэ: абысці пяцёра такіх, як ваша сястра, правесці прафілактычную гутарку, аформіць паперы. Вы шмат пішаце? Ведаю, шмат. Але наўрадці болей за мяне... Сёння я думаў пабываць ва ўсіх па справе маўклівых пратэстаў. Пяць хвілін на кожнага. Вы першы — і я змушаны цяпер што? Афармляць вас як дробнага хулігана за непадпарадкаванне міліцыі і паклёпніцкае абвінавачванне яе?

Участковы зірнуў у Лобачаў твар.

Лобач пабачыў стомлены позірк маладога мужчыны. Пэўна ж, у яго ёсць жонка, дзеці (вунь жа, картка на сейфе).

— Да сястры і праўдзе зараз нельга, — міжволі вінавата адказаў Лобач. — Яна... захварэла. Я не ведаю, што рабіць... Яна баіцца людзей...

Участковы нічога не адказаў, дастаў некалькі аркушаў паперы, пачаў пісаць. Мінула хвілін пяць поўнай цішыні.

— Вось, падпішыце тут, за сястру, яе роспісам. Што яна папярэджаная пра адказнасць за мажлівы паўтор сваіх дзеянняў. Тут падпішыце, што прафілактычная гутарка з ёй праведзеная, ёй усё зразумела...

— Свой подпіс паставіць? — разгубіўся Лобач.

— Не... як сястра распісваецца, — цярпліва патлумачыў участковы.

Ён пачакаў, калі Лобач паставіць подпісы, склаў паперы, колькі секунд думаў, паляпваючы пальцамі па стале.

— Мая бабуля ў маленстве расказвала адну казку, пра тое, адкуль якія людзі павяліся. Быццам Бог стварыў чалавека, Адама, а той нарадзіў сыноў шмат, а дачку адну. І ўсе сыны хацелі ажаніцца. Тады Адам узяў гаршчок, паклікаў сыноў, і тыя сталі з яго вымаць розных стварэнняў. Хто выцягнуў ваўчыцу, ажаніўся з ёй — пайшлі людзі злыя і небяспечныя, лісу — хітрыя, мядзведзіцу — моцныя... Помніце такую казку?

— Ведаю, — разгубіўся Лобач ад нечаканага пераходу. — Я падобную казку запісаў гадоў пяць таму, казка аўтэнтычная, значыцца, аналагаў не мае. Дзе жыве ваша бабуля? — прафесійная звычка ўзяла верх, абудзіла цікавасць.

— Дык мая бабуля вам яе і расказала. Потым вы даслалі свой артыкул з гэтай бабулінай казкай, дзе былі яе імя і прозвішча, і там у артыкуле было напісана, што казка такая адзіная. Бабуля не магла паверыць, што яе імя надрукавана ў сур’ёзным часопісе, што яна адна ва ўсёй краіне ведае такую казку. Усе суседзі прыходзілі падзівіцца... Бабуля той часопіс хавала за абразом... памерла тры гады таму. Вось... Да пабачэння! — нечакана скончыў участковы.

— Да пабачэння... — Лобач устаў з-за стала, не ўсведамляючы яшчэ, што ўсё скончылася, што ён можа вось цяпер выйсці адсюль, і ўсё вернецца на месца. Але мусіў прыняць факт як сапраўдны. Ён выходзіў, а ўчастковы нехаця, здавалася, са старанна прыхаванай агідай, перабіраў у сваёй тоўстай тэчцы паперы.

На вуліцы асляпляльна выцяла па вачох сонечнае святло — аж замружыўся на імгненне, начапіў акуляры. Дастаў мабільнік. Дзіўна, званка ад студэнта, Уладзіміра Жабруна, больш не было. А часу мінула ж нямала. “Размінуліся”, — падумаў Лобач, пайшоў на прыпынак аўтобуса — трэба было пад'ехаць пару прыпынкаў, каб зноў апынуцца ў сваім двары.

На душы было пуста і... прыкра. Алесь успомніў тую самую бабульку, якая апавяла яму казку. Запомніліся яе рукі, з цёмнай, бліскучай і, на выгляд, надта тонкай скурай, пасечанай сотнямі вялікіх і малых зморшчынак. У бабулькі былі вялікія рукі, выпіралі косткі і костачкі пальцаў, рыхтык на руках не засталося мяса, адно косткі былі абцягнутыя завялікай для амаль высахлых рук скурай. Бабулька трымала рукамі свой просты арэхавы кіёчак, пакручвала яго ў руках, соўгала сюды-туды па зямлі. Верх кіёчка ў яе пад рукамі быў выгладжаны да цёплага бляску. Хацелася дакрануцца да яго, каб упэўніцца ў яго бездакорна роўнай паверхні.

І вось гэтая бабулька стала тым маленькім парожкам, на якім так нечакана спатыкнуліся сённяшнія падзеі. Яна, бабулька, сапраўды ўратавала Лобача ад невядомага страшнага. І цяпер у Алесевых вачох стаялі яе рукі, якія лашчылі, загладжвалі і без таго гладкую паверхню арэхавага дручка...


2

Уладзімір Жабрун стаяў ля пад'езда, на самым прыпёку, але трываў, не адыходзіўся ўбок. Словы выкладніка “сустрэну” ён перш успрыняў як тое, што Лобач будзе чакаць яго менавіта ўнізе, вось тут, але праз колькі хвілін чакання Уладзімір пачаў сумнявацца ў сваім перакананні. “А што там такога, калі я зайду ў кватэру? Нічога ж страшнага, што, выкладнікі — нейкія такія асаблівыя людзі, што да іх студэнтам нельга заходзіць у дом?” Мінула дзесяць, пятнаццаць хвілін, і Уладзімір наважыўся — зайшоў у пад'езд і стаў уздымацца прыступкамі. У ліфт не пайшоў толькі таму, каб пацягнуць час. Раптам з’явілася невытлумачальная трывога. Мо яе наганяла сама лесвіца, вузкая, стромая, і ад таго змрочная, ну, чыста пустэльня. Уладзімір спыніўся перад кватэрай з патрэбным нумарам, глыбока ўздыхнуў і выдыхнуў, націснуў на кнопку званка.

“Не заб'е ж, мабыць”, — супакоіў сябе.

Ён пачуў, як нягучна, напеўна адгукнуўся званок у кватэры і стаў чакаць, крадком зіркаючы на пукатае вочка ў дзвярах. За колькі секунд гэтае вочка пацямнела — Уладзімір адзначыў, што яго разглядаюць, адвёў вочы ўбок, стаў нязмушана. Куточкам вока бачыў, што цень на вочку не знікае, не чуваць было і кляпання замка. І здзівіўся, што ў ім такога, каб гэтулькі часу яго разглядаць? Пагляд адтуль, з таго боку дзвярэй, стаў амаль адчувальным, секунды ішлі, а дзверы не адчыняліся, Уладзіміра разглядалі, вывучалі. Уладзімір стаў адчуваць тую самую трывогу, якую нарадзіла пустая і гулкая лесвіца ў пад'ездзе, яшчэ мацней.

Асвятленне вочка не мянялася, і Уладзімір падумаў, што тое нібыта пацямненне вочка, якое ён звязаў з разглядваннем сябе гаспадаром кватэры, было простай гульнёй ценяў. Можа, гаспадар не пачуў званка, трэба, мабыць, перазваніць. Уладзімір павагаўся крыху, потым нясмела ўзняў руку.

Тады пачулася прыціхлае, запаволенае паварочванне зашчапкі.

Дзверы асцярожна прыадчынілся, і Уладзімір пабачыў перад сабой твар хворай жанчыны.

Тое, што яна хворая, хворая цяжка, ён не зразумеў, не пабачыў, а адчуў — ад жанчыны проста біла такая хваля болю і трывогі, што Уладзіміра амаль фізічна ўдарыла, ды так моцна, што выціснула ўсё паветра. Ён уздыхнуў, глыбока, з непрыемным для сябе ўсхліпам, ліхаманкава шукаючы адказу на пытанні: выкладнікава каханка адчыніла дзверы (ён ведаў, што Лобач не жанаты)? Ці ён памыліўся нумарам кватэры, дома, і гэта наагул не тая вуліца? Але ўтрымаўся на месцы, можа якраз дзеля хвалі, што неслася ад жанчыны, у якой для Уладзіміра чуўся крык аб дапамозе.

— Выбачайце, мне трэба... тут жыве Алесь Паўлавіч Лобач?

Жанчына гадоў сарака была ў халаце, крыссё якога было схопленае вузкім пасам нядбайна, так, што кідалася ў вочы глыбокая лагчынка між грудзей, якая бянтэжыла Уладзіміра сваёй непатрэбнай тут эратычнасцю і нібыта ўшчувала яго ў тым, што ён умяшаўся, перапыніў, можа, нейкі інтымны момант у жыцці людзей.

— Выбачайце, я, здаецца, не ў час, — прамямліў Уладзімір, памкнуўся было развярнуцца ісці, як раптам жанчына, глядзеўшы на яго ўвесь час пакутліва-дапытлівым паглядам, раздумліва спытала:

— Чаму я вам адчыніла дзверы?

Пытанне было такім недарэчным, нечаканым, што Уладзімір адказаў тое, што адчуваў з першага моманту перад жанчынай:

— Бо... вы хворая.

Сказаў і сам спужаўся сваіх слоў, але твар жанчыны нібыта паспакайнеў, з насцярожана-хваравітага стаў разгублена-зацікаўленым. Яна ўважна глядзела на Жабруна і потым задала другое пытанне, такое ж нелагічнае:

— А чаму я вам веру?

Уладзімір, разгублены, і цяпер не стаў шукаць адказу, дазволіў сарвацца з вуснаў тым словам, якія з'явіліся:

— Бо я вам не зычу злога...

— Заходзьце...

Дзверы расчыніліся шырэй, жанчына ступіла ўглыб вітальні, запрашаючы, а Уладзімір затаптаўся на месцы: на яго абрынуліся сумненні ў тым, што менавіта гэтая кватэра яму патрэбная: ён прыйшоў да выкладніка, а яго сустракае відавочна хворая жанчына. І тут зашмаргацелі дзверы ліфта. Выйшаў Алесь Лобач.

Момант ніякаватасці мог бы расцягнуцца на непатрэбныя хвіліны тлумачэнняў, але жанчына ўладна ўзяла ініцыятыву ў свае рукі:

— Алесік, хутка заходзь! Малады чалавек прыйшоў да мяне. Заходзьце, заходзьце хутчэй!

Мужчыны падпарадкаваліся, абодва, быццам пра ўсё раней было дамоўлена. Лобач, пазнаўшы Уладзіміра Жабруна, махнуў рукой — няхай будзе, што будзе.

Зайшлі, жанчына спешна зачыніла дзверы, і тады Алесь Лобач пазнаёміў з сястрой:

— Мая сястра, Надзея. Надзея, мой студэнт-завочнік, Уладзімір Жабрун. Ён... да мяне па справе.

— Ён не да цябе, ён да мяне, — мякка запярэчыла Надзея і мякка, ціхамірна, нібыта размова ішла пра надвор'е за акном, спытала: — Алесь, малады чалавек сказаў, што я — хворая. Я веру яму. Скажы, ты таксама лічыш мяне хворай?

Лобач замёр. І недзе на роўні падсвядомасці ён зразумеў, што сястры не трэба зараз пярэчыць, што нешта адбылося ў яе свядомасці, што студэнт невядома якім спосабам здолеў... што ён здолеў? Што ён казаў? Ды няважна, што ён казаў, бо галоўнае было тое, што Надзея во зараз стаіць перад незнаёмым маладым мужчынам, не баіцца яго, і мала таго — яна спакойна кажа пра тое, што яе палічылі за хворую. І падаецца, яна гатовая з гэтым згадзіцца.

— Ён не просты студэнт, Надзея, — адказаў Лобач, сам амаль перакананы ў слушнасці сваіх слоў.

— Я так і зразумела, — адказала Надзея і дадала проста, будзённа. — Я згатую вам каву?

Уладзімір Жабрун гатовы быў праваліцца скрозьдонна. Ён зразумеў, што патрапіў у самую сярэдзіну нейкай вялікай сямейнай таямніцы, у якой не меў права быць. Чырвань заліла ягоны твар, ён не ведаў, як сябе паводзіць, што казаць.

Лобач намеркаваў нічога не мяняць у плыні падзеяў, падумаўшы, што горай ніяк не будзе.

— Ага, зрабі калі ласка... дзве кавы, так, — запытальна глянуў ён на Уладзіміра. — Мы пакуль што будзем у маім пакоі... Хадземце, — запрасіў ён кіўком галавы Уладзіміра.

— Ды мне ж... адно аддаць паперы... І во, на флэшцы ёсць усё, — стаў апраўдвацца Уладзімір, калі зайшлі да Алеся Лобача ў пакой.

— Сядайце, — стомлена адказаў Лобач з мяккай просьбай у голасе. — Няхай Надзея прыгатуе каву...

Уладзімір прысеў, выцягнуў са сваёй торбы аркушы, флэшку. Лобач стаў уважліва праглядаць запісы. Потым павярнуўся на крэсле да кампутара, увамкнуў яго. У гэты момант на парог пакоя ступіла Надзея.

— Вы мне мусіце паклясціся, што Вас ніхто не пасылаў па мяне! — рэзка, патрабавальна загаварыла яна да Уладзіміра.

Былы спакой знік у яе з твару, як і не бывала. Вочы глядзелі недаверліва, са спалохам. Надзея пакусвала ніжнюю губу. Рукі былі на роўні грудзей, яна бесперапынна захапляла пальцы адной рукі другой, нервова церла, нібы імкнулася зацерці нешта слізкае і агіднае.

— Надзея! — умольна ўсклікнуў Лобач. — Ты ж сама пераканалася, што Уладзімір — студэнт, ён прыйшоў да мяне. Вось бачыш, ён прынёс выкананае заданне... Прабачце, калі ласка, — павярнуўся ён да Жабруна. — Сястры... мроіцца... ёй падаецца, быццам за ёй цікуюць... дрэнныя людзі.

— Я разумею, — спакойна адказаў Уладзімір, бо ў гэтую хвіліну ён і сапраўды стаў упэўнены ў сабе, аднекуль з’явілася адчуванне слушнасці не толькі сваіх дзеянняў, а наагул таго, што ён цяпер вось тут, і перад ім яна, хворая жанчына, якой ён мусіць дапамагчы. — Я разумею, — паўтарыў ён, гледзячы жанчыне ў вочы, і тыя палагаднелі. — Зусім нядаўна мне таксама... мроілася. Надта страшнае. Так мроілася, што я стаў баяцца дня, не кажучы пра ноч. Баяцца людзей. Мне памог адзін чалавек. Незвычайны чалавек. Ён і вам паможа.

— Мне не мроіцца, я ведаю, — адказала Надзея, але няпэўна, нібыта чакаючы больш пераканаўчых слоў ад Уладзіміра.

— Я таксама быў пэўны, што ўсё дзеецца са мной напраўду, — працягнуў Уладзімір. — Гэта так і ёсць. Я ведаю сёння, што ёсць... ёсць вакол нас такое, што можа нас падпарадкаваць, прымусіць баяцца, рабіць тое, чаго яму трэба... Самому не перамагчы яго... Той чалавек... Ён моцны. Ён паможа. Ён жыве далёка адсюль, але ён паможа.

Надзея нечакана выйшла.

У пакоі стала ціха. Да Уладзіміра зноў вярнулася яго ніякаватасць, ён баяўся ўзняць на выкладніка вочы. Але не мог дакараць сябе за тое, чаго нагаварыў. Ён быў пэўны, што ўсё так і мае быць.

Лобач моўчкі запусціў кампутар, уставіў Жабрунову флэшку.

— Тэчка “Для Лобача”? — ціха спытаў ён.

— Так... — хутка адказаў Уладзімір. — Там усе файлы... З графікамі, што я раней паказваў, канчатковы варыянт.

— Добра, дзякуй, — кіўнуў Лобач, скапіяваў файлы, спыніў флэшку, выцягнуў яе.

Пачуўся тонкі свіст — сігналіў на кухні чайнік. Свіст не спыняўся, мацнеў. Лобач узняўся, каб пайсці і вымкнуць, але тут на парозе пакоя зноў з’явілася Надзея.

Цяпер яна была не ў халаце — у спадніцы і блюзцы, прычасаная. Нават вусны падмаляваныя.

— Паедзем, — папрасіла-загадала яна.

— Куды? — няўцямна кінуў Лобач, бездапаможна зірнуў на Уладзіміра. У ягоным паглядзе яскрава чытаўся немы злы ўпік: што ты нарабіў?

— Паедзем! — станавіта падняўся з месца Уладзімір. — Там чайнічак... свішча.

— Я вымкну зараз. І каву згатую, — адказала Надзея і паспяшалася на кухню.

— Вы сур’ёзна? — нацягнута запытаўся Лобач. — Чаго вы ёй нагаварылі? Які яшчэ дзядзька? Ёй трэба да лекара. Спецыяліста. Вы не зразумелі? У вас ёсць знаёмы лекар?

Алесь не мог схаваць злой раздражнёнасці ў голасе. Тое, што ён раптам страціў мажлівасць уплываць на сестрыно жыццё, палохала і выводзіла з сябе.

— Паедзем... — ціха, просячы, загаварыў Уладзімір. — Ёй... памогуць, праўда. Мне ж памог. У вас ёсць машына?

— Ёсць, — цішэй адказаў Лобач. Яго думкі ліхаманкава біліся, мільгалі. Урэшце ён зноў, як перад уваходам у кватэру, калі сустрэў на пляцоўцы Жабруна і сястру, на ўсё махнуў рукой: хай будзе, як будзе. Добра тое, што Надзея выйдзе з кватэры... — Далёка?

— Кіламетраў сто. Вёска Карчаваха... — Уладзімір назваў поўны адрас.

Яны выйшлі з пакоя — Надзея стаяла ў вітальні, у басаножках, на галаву яна накінула празрыстую лёгкую хусцінку.

— Паедзем... потым каву, потым, — узбуджана паклікала яна.

Лобач зачыняў дзверы кватэры, усё яшчэ не верачы цалкам у тое, што адбывалася і адбылося. Палова дня мінула — а галава скрозь затлумленая падзеямі і пачуццямі. Пакуль чакалі ліфта, ён узважваў: колькі засталося паліва ў баку аўтамабіля.

Уладзімір абачліва сеў на заднім сядзенні разам з Надзеяй, якая хавала твар у квяцістай хусцінцы. Як выйшлі з кватэры, ён зразумеў, што цяпер уся адказнасць за жанчыну ляжыць на ім. Недзе падсвядома яго гнятла нелагічнасць уласных паводзінаў: умяшаўся ў асабістае жыццё практычна незнаёмых яму людзей, але ў той жа час адчуванне слушнасці сваіх слоў і дзеяў было такім моцным, усёабдымным, што Уладзімір гнаў ад сябе лішняе. Толькі адно зрабіў, не звязанае з гэтай жанчынай, патэлефанаваў Антосю Зубелю.

Яшчэ як дастаў мабільнік, Надзея насцярожана зіркнула на яго, сцялася, і Уладзімір шпарка патлумачыў:

— Гэта я сябру тэлефаную... мы з ім разам прыехалі, думалі, разам і паедзем, каб ён мяне не чакаў.

Тэлефанаваў і, казерачыся, сачыў за Надзеяй, якая сядзела, схіліўшы галаву, уціснуўшы сябе ў крэсла.

— Антось, я паехаў у вёску... тут, са знаёмымі. Так трэба. Не чакай мяне.

Не стаў болей нічога тлумачыць, бо пабачыў, як уздрыгнула жанчына ад першага слова ў мабільнік.

Усю дарогу Уладзімір не расслабіўся ні на хвіліну — сачыў крадком за Надзеяй. Думка пра тое, што жанчына можа раптам нечага спалохацца, пачне выдзірацца з машыны, адчыняць дзверцы, не адступала ні на хвіліну. Але ўсё мінулася спакойна. І толькі калі ўехалі ў Карчаваху, Надзея стала нервова пазіраць у акно.

— Мы ўжо прыехалі? Тут страшнае месца... Нам трэба далей, далей... Алесь, не спыняйся тут, не спыняйся...

— Тут нічога не трэба баяцца, праўда, не трэба, — мякка ўмаўляў Уладзімір, сам не заўважыўшы таго, як узяў жанчыну за руку. — Скрайні дом па левым баку, — ціха падказаў ён Лобачу.

Калі Лобач збочыў з дарогі да Уладзявага надворка, Надзея закрычала, забілася, пачала тузаць ручку дзверцаў:

— Далей! Далей! Не спыняйся тут, Алесю! Алесік, родненькі, не спыняйся тут, не спыняйся... Едзь! Я кажу табе — едзь! Яны заб'юць мяне! Адчыні, адчыні дзверы!

Уладзімір у роспачы трымаў жанчыну за руку і паглядваў на дом. Ён ці не ўголас гатовы быў клікаць цяпер Уладзю. І той, як пачуў яго думкі, хоць, відавочна, Уладзя выйшаў паглядзець: хто да яго пад'ехаў. Ён толькі зірнуў на аўтамабіль і адразу скіраваўся да задніх дзверцаў.

Уладзімір расчыніў іх. Але Уладзя абышоў вакол машыны, прыпыніўся супраць Надзеі. Тая глядзела на старога, яе дробна трэсла. Але яна замоўкла, сцішылася.

Выйшаў з аўтамабіля Алесь, стаяў, не ведаючы, што яму рабіць. Уладзя сам адчыніў дзверцы, працягнуў руку да Надзеі:

— Выходзь, Надзея...

Жанчына падпарадкавалася, асцярожна, рыхтык на лёд, ступіла нагамі на зямлю.

І заплакала. Перш асцярожна ўсхліпвала, затуляючы твар далонямі, а потым яе прарвала — залілася слязьмі, голасна, па-жаночаму падвываючы.

Уладзя адной рукой асцярожна абняў жанчыну.

— Хадзем, хадзем, дачушка.

Надзея паслухалася.

Яны зайшлі на надворак, потым у хату. Алесь і Уладзімір у разгубленым маўчанні спыніліся перад веснічкамі. Тут дзверы адчыніліся, і Уладзя каротка загадаў:

— Едзьце па Ганначку! У медпункце яна, — і зноў схаваўся ў хаце.

Алесь запытальна зірнуў на Уладзіміра, той адказаў, разварочваючыся назад, да машыны:

— Гэта фельчарка мясцовая...

У гэты момант да іх машыны імкліва пад'ехаў Антосяў аўтамабіль. Уладзімір кінуў Лобачу: чакайце тут, падскочыў да Зубелявага аўтамабіля, адчыніў дзверцы, скочыў на сядзенне:

— Па Ганначку!

Антось не чакаў ніякіх тлумачэнняў — ірвануў з месца і памчаў назад вуліцай.

— Жанчыне адной... Дрэнна зусім. Яна — сястра майго выкладніка. Я падумаў... Мне нешта падалося, што ёй толькі Уладзя паможа. Як нехта збоку мне казаў, што казаць і рабіць, — тлумачыў Уладзімір дарогаю.

Ганна на медпункце была адна. Яна таксама не стала нічога распытваць, схапіла сваю вялікую сінюю торбу з белым крыжам, прымкнула дзверы і села ў аўтамабіль. Каля Уладзявага дома яна кіўнула, вітаючыся, Лобачу, хутка зайшла ў хату, адкуль несліся прыглушаныя ўзрыгі.

Мужчыны на дварэ чакалі. Не гаварылі. Хвілін за дзесяць гукі ў хаце сціхлі. Выйшаў Уладзя.

— То што вы там стаіце, людзей пужаеце... Ідзеце на двор, во на лаўку... Стаіце, як чужыя, — з дакорам запрасіў ён, прысеў сам. — Нічога страшнага, — загаварыў ён да Алеся. — Нацярпелася жанчына, гэтулькі на яе звалілася... Зараз там Ганначка ёй упырск зрабіла, кропельніцу ставіць. Яна паспіць... Ёй трэба доўга спаць...

Зыркае сонечнае святло залівала зялёную траву надворка, папісквалі ластаўкі, імкліва шугаючы над галовамі. Было ціха, зусім не верылася ў нешта ня-добрае, не верылася ў тое, што можа быць бяда, што бяда — за колькі крокаў ад іх, за сцяной дома.

Рыпнулі дзверы — выйшла Ганна.

— Сядайце, — падскочыў Лобач, які сядзеў з берагу.

Ганна вачыма падзякавала, прысела.

— Яна заснула... Што здарылася? — запыталася яна ў Уладзіміра, потым перавяла вочы на Алеся.

Лобач нейкі час вагаўся: як казаць і што. Увесь сённяшні дзень здаваўся яму нерэальным, нібы падзеі адбываліся з кім іншым, а ён, Лобач, толькі назіраў за імі. Усё, ад гутаркі з міліцыянтамі і наведвання пункта міліцыі да Карчавахі, старога і ўтульнага, густа парослага зялёнай травой двара, — усё нібыта мроілася, не магло адбывацца з ім, бо ўсё выпадала з таго заведзенага парадку жыцця, дзе Лобачу было спакойна і ўтульна. Ва ўсякі іншы час ён бы не стаў нічога казаць незнаёмым чужым людзям пра свае сямейныя сакрэты, асабліва калі яны датычылі не яго самога, а сястры. Але цяпер... Цяпер усё было наадварот, здавалася перакручаным, неверагодным, іншым, але, нечакана для яго самога, Алеся, і самым сапраўдным. Ён адчуў сябе так, быццам дагэтуль жыў на нейкім балоце, дзе мусіў хадзіць вядомымі ўсім кладкамі, а тут, на ўтравелым двары, кладак не было, тут была цвёрдая, пэўная зямля, куды ні ступі. І ён загаварыў шчыра, стараючыся падбіраць словы, каб выходзіла сцісла і ясна, разам і сабе тлумачачы тое, што дзеелася з сястрой.

— Гэта мая сястра... Яна вярталася з лецішча, ад сяброўкі. І на вакзале патрапіла ў гушчу гэтак званай “маўклівай акцыі пратэсту”. Яе схапілі... Збівалі. Збіваў яе колішні вучань. Можа, усё адбылося б не так... не з такімі наступствамі, але Надзея... яна вельмі шмат перажыла за свой век. Была замужам. Муж падманваў, як выявілася — быў наркаманам. Яна спрабавала выратаваць — не выйшла, сканаў ад перадазавання. Рана памерла наша маці. А потым здарылася бяда з бацькам — інсульт, пасля чаго бацька перастаў нас пазнаваць. Давялося аформіць... у пансіянат. Ён жыве, на сваіх нагах, але памяць не вяртаецца. І вось, пасля ўсяго, Надзею збіваюць там, прыніжаюць. Потым — камера. Яна сказала, што калі б згвалтавалі, было б лягчэй трываць. Тады суд. Быццам яна непрыстойна лаялася, супраціўлялася міліцыі... Далі вялікі штраф. З працы пазванілі, сказалі, каб пісала заяву на звальненне. Першы дзень пратрымалася, а потым пачало падавацца, што за ёй цікуюць. З дому не выходзіла. Першую ноч не спала, толькі калі я сядзеў у яе каля ложка, драмала. І другую... Доктарка прыходзіла, але яна зачынілася ў пакоі. Вось... А выклікаць хуткую з санітарамі... каб звязалі яе, сілай запхнулі ў машыну... Я не змог. Яна... У яе ўсё здарылася якраз пасля таго гвалту. Яшчэ адзін такі гвалт перажыць? Як? Не...

Нейкі час усе маўчалі, потым Уладзя ціха, але ўпэўнена сказаў:

— Не перажывай надта, не трэба болей ніякага гвалту... Гэта мінецца. Пабудзе тут твая Надзея дні тры-чатыры і акрыяе. Усё ў сабе насіла, бабе плакаць трэба ад гора, а не ў сабе хаваць. Яна паплакала, паспіць, акрыяе...

— А што за кропельніцу ставілі? — насцярожана павярнуўся Алесь да Ганны.

— Глюкоза простая, падмацаваць крышку, — супакоіла Ганна.

— Дык... што мне рабіць? — разгублена запытаўся Алесь ва Уладзі. — Я, зразумейце правільна, не магу пакінуць сястру тут... адну.

— Начуйце ў мяне, — адказала замест Уладзі Ганна. — Вам у такім стане не трэба ехаць... А сястры пэўны час не трэба бачыць яшчэ каго, апрача Уладзіслава Сцяпанавіча. Мая хата на другім канцы вёскі, але ж вёскі ўсяе — зайцу на два скокі.

— У вас? — разгубіўся Лобач.

Ганна з усмешкай кіўнула і дадала:

— А цяпер завязіце мяне ў медпункт, мой працоўны дзень яшчэ не скончыўся, павінны хлопчык прыйсці на перавязку.

Лобач падпарадкаваўся:

— Вядома, — і зразумеў, што гэтым “вядома” даў сваю згоду і на начлег у невядомай яму хаце. — Зараз?

— Ага, зараз.

— Чакай, — Антось раптам узняўся з лаўкі і хрыпла гукнуў Алеся. — Не пазнаеш мяне?

— Не, не пазнаю, — вінавата пакруціў галавой Лобач. — Былі ў мяне студэнтам-завочнікам?

— Вочнікам быў, не завочнікам, — прамармытаў Антось. — Тваё ж прозвішча — Лобач, так? Сястра — Надзея Лобач?

— Так... Надзея ўзяла пасля... разводу сваё дзявочае прозвішча.

— Ясна, — важка адзначыў Антось нешта сапраўды для сябе важнае. — Сустракаліся мы з табой.... ты канчаў тады школу. І мы былі на “ты”. Хто яе збіваў на плошчы? Як прозвішча?

— Навошта... вам? — разгубіўся Алесь. — Дзе мы сустракаліся?

— Трэба, — адмахнуўся Антось ад пытанняў. — Як прозвішча таго былога вучня? Хто судзіў? А, ну гэта ведаць не будзеш... Надзея ж атрымала на рукі пастанову суда? Заўтра з'ездзіш у горад, паглядзіш, не — лепей прывязеш мне тую паперку.

— Добра, прывязу, — агаломшаны чарговай ірэальнасцю, Лобач зноў згадзіўся. — Але навошта вам?

— Не “выкай”, кажу ж — сустракаліся мы і не раз, і пры стале сядзелі... Трэба мне. Помніш прозвішча?

— Помню... — кіўнуў Алесь. — Надзея назвала яго: Юрый Вайцяхоўскі.

— Добра, вязі Ганначку, — паставіў кропку Антось.


3

Лобач прывёз Ганну да медпункта. Яна пра нешта задумалася, потым прапанавала:

— Яшчэ дзве гадзіны... Хадзем са мной, дам вам выпіць... там ёсць пакойчык асобны, канапа, прыляжаце. Бо вы зараз зваліцеся.

Алесь хацеў адказаць, што ён пасядзіць у машыне, падрэмле ў крэсле, але пярэчыць тут і цяпер гэтай жанчыне, пасля таго, што ён ад палудня нікому не сказаў слова супраць, цалкам аддаўшы сябе плыні падзей, было запозна і непатрэбна. Таму моўчкі кіўнуў, выйшаў, зачыніў машыну. І адчуў, як яго аж водзіць у бакі: стома навалілася.

У невялікім пакойчыку, куды прывяла яго Ганна, канапа была засланая белай прасцінай і накрытая цыратай.

— Сядайце, — голас Ганны ў памяшканні медпункта прагучаў з лёгкім адценнем загаду, і Лобач упершыню, хоць і ў думках, усміхнуўся.

Ганна выйшла, хутка вярнулася. У адной руцэ была шклянка з вадой, у другой — невялікае медычнае начынне.

— Тут спірт чысты, — проста сказала Ганна і падала Алесю кілішак з тоўстага шкла. — Хутка выпіваеце, глытаеце і адразу ж запіваеце вадой.

— Я ж за стырном, — здзіўлена зірнуў на Ганну Алесь.

— Не бойцеся, ад гэтага не захмялееце, праз дзве гадзіны нічога не застанецца.

І Лобач зноў падпарадкаваўся. Спірт яму даводзілася раней піць, ён лёгка праглынуў саладкаватую пякучую вадкасць, выпіў усю шклянку вады.

— Цяпер скідайце туфлі, пакладзіцеся. Я вас зачыню, ніхто не патурбуе, — ужо сапраўды загадала Ганна і выйшла.

Лобач падпарадкаваўся, канчаткова махнуўшы рукой на свае асабістыя жаданні і думкі. У галаве прыемна зашумела, кушэтка стала мякка пагойдвацца. Цела зрабілася млявым, каб зараз устаць — ногі не трымалі б, каб узяць што — пальцы не сагнуліся б. Лобач самгнуў цяжкія вейкі. Цемра была каляровай — зялёнай і чырвонай. І з цемры, ахутваючы Алеся, выплывала ўпэўненасць: усё будзе добра. Вось адсюль, з гэтай вёскі, з гэтага медпункта пачнецца ўсё добрае. Яно і праўда пачалося...

Калі ён расплюшчыў вочы, у пакойчыку прыкметна пашарэла. Дзіўна, але ён усё, што адбылося, да дробачкі памятаў, быццам і не засынаў, хоць адчуваў, што спаў доўга. Выцягнуў з кішэні мабільнік, глянуў — палова на дзявятую вечара. Пачуўшы крокі, Лобач падхапіўся, сеў, павярнуўся да дзвярэй.

Ганна ўвайшла, клапатліва ўсміхнулася.

— Ну, як пачуваецеся? Адпачылі крышку?

— Як суткі праспаў, — шчыра адказаў Алесь.

— Усяго чатыры гадзіны.

— А чаму вы мяне не будзілі? Сядзелі тут і чакалі?

— Ну, чакала, але ж не сядзела: справаздачу пісала, іншых папяровых спраў шмат. Вось і надарыўся добры выпадак... Ну, паедзем, будзем што на вячэру гатаваць.

— Вы выбачайце, я ж нічога не набыў... мы так паехалі... Можа, тут побач яшчэ якая крама робіць?

— Ну, калі хочаце набыць... Зрэшты, і праўда, трэба было б чаго набыць, — падумаўшы, згадзілася, Ганна. — Тут у нас кавярня ёсць. Нічога асаблівага там не будзе, але можна чаго ўзяць, каб з голаду не памерці. Бо ў мяне сёння не гатавана, хіба яечню з макаронамі...

У кавярні было амаль пуста: поўная жанчына з рэдкімі каротка пастрыжанымі валасамі лянотна пра нешта перамаўлялася з трыма мужчынамі за адным з чатырох круглых пластыкавых сталоў чырвонага колеру. Сцены і столь абабітыя звыклымі пластыкавымі панелямі блакітнага колеру. Гэтая бліскучая блакітнасць з чырвонымі сталамі і такімі самымі чырвонымі крэсламі надавала памяшканню выгляд нейкай медычнай установы. Розніца была хіба ў тым, што за прылаўкам грувасціліся пляшкі розных памераў і колераў ды граў магнітафон на самым прылаўку ў куце.

— Добры вечар, Марына, — павіталася Ганна. — У цябе ёсць свежага чаго павячэраць?

Жанчына не без цікавасці стрэліла вачыма ў бок Алеся, развяла рукі ў бокі:

— Добры то добры, а добрага няма. Каўбасы вазьміце, сёння прывезлі, сардэлькі ёсць. А, во яшчэ салата свежая мясная. Віно даваць? — пытанне яна адрасавала Лобачу.

Лобач павагаўся, потым усё ж спытаўся ў Ганны:

— Можа, возьмем віна сухога?

— Бярыце, — проста адказала Ганна. — Сёння такі дзень... Яшчэ, Марына, каўбасы, сардэлек... салаты дзве. Віно белае.

— Ганначка-Ганулечка! — закрычаў ад століка мужчына ў саколцы — гадоў сарака, на добрым падпітку. — Хадзі да нас, дарагая!

Ганна павярнулася.

— Лёнік, як захочаш са мной пасядзець, то прыйдзеш ды запросіш. Абавязкова пайду.

— Ага, да цябе прыйдзі... выганіш, — мужчына ўпэўнена, хоць і хістаючыся, падняўся, падышоў да прылаўка. — Ты хто? — рэзка запытаўся ў Лобача, пасунуўся да яго па прылаўку.

У ягоных вачох не было злосці, але Лобачу стала вельмі няўтульна. Ён заўсёды імкнуўся ўнікаць вось такіх канфліктаў, ён і ў студэнцкія гады не біўся ніколі, ухіляўся, бо, чаго тут хаваць, баяўся болю, баяўся, што яго могуць выцяць у твар.

— Чалавек я, — як мог годна і разам так, каб мужык не знайшоў у словах і інтанацыі крыўды, адказаў Лобач.

— Во, Лёнік, ён чалавек, а ты? — даляцела ад століка, дзе сядзелі двое сяброў мужыка.

— Ён — чалавек! — выгукнуў у бок століка мужык, павярнуўся зноў да Алеся. — А я — хто? Я — свіння, так?

Ён пагрозліва засоп, прымружыўся.

У яго былі моцныя рукі — рукі вясковага трактарыста. Гэта заўважыў Лобач. Ад мужыка тхнула гарэлкай і нейкай парфумай. Твар быў загарэлы да смуглявасці, але, што ў гэты момант зусім не дарэчы адзначыў Лобач — чыста паголены.

— Свінні ж не голяцца, а вы — паголены, — адказаў ён і звярнуўся да Марыны-прадаўніцы: — Колькі з нас? — падаў грошы.

Мужык перадумваў Лобачавы словы.

— Хадземце, — Ганна пазбірала прадукты ў пакунак, ішла ад прылаўка.

— Ганулечка-Ганначка, адну хвіліначку, адну хвіліначку, — заспяшаўся Лёнік, захапіўшы і прытрымваючы Лобача рукой за кашулю.

— Ты... Вы праўду заўважылі — я заўсёды галюся. Не магу ісці ў культурнае месца непаголеным. А свінню голяць, ты не ведаеш. Перад смерцю... Не, пасля смерці. Калоў калі свінню? Але, стойце... ну, хвіліначку...

— Лёнік, не чапляйся, калі ласка, — ціха, але цвёрда папрасіла Ганна.

— Ганначка, даражэнькая, я ж ні-ні... я толькі даведацца... От мяне таварыш... на “вы” назваў... мяне — на “вы”. А хто я? — узняў ён вочы на Алеся, падаўся да яго тварам.

У ягоных вачох Алесь згледзеў сум. Так, перадусім — сум. І, нечакана сам для сябе, сур’ёзна і ціха адказаў:

— Кожны ёсць тое, што ён сам пра сябе думае.

Лёнік ускінуў галаву, адхіліўся назад.

— Мужык!... Дай... дайце пяць — працягнуў ён руку, схапіў руку Алесяву, моцна сціснуў. — Гэта правільна... што сам пра сябе... Ізвіняйце, шчаслівай дарогі!

— Не напалохаліся? — з лёгкім непакоем запыталася Ганна, калі селі ў машыну.

— Трошкі было, — шчыра адказаў Алесь. — Маё маленства і хлапецтва прайшлі, можна сказаць, у цяплічных умовах, дык у бойках я спецыяліст ніякі.

— Ды яны бяскрыўдныя... — стала бараніць Ганна вяскоўцаў. — Так, да незнаёмага прычапіцца, каб неяк сум свой разагнаць, каб хоць нешта новае... У іх жа тут дзень учорашні як сённяшні дзень, а сённяшні як заўтрашні...

Можа, гэтая невялікая сустрэча Алеся з п’яным надала Ганне нейкай вінаватасці перад Алесем, бо цяпер яна ветла распытвала яго пра жыццё, і ён бачыў — распытвае не дзеля самой ветласці. Расказвала сама: як апынулася тут, як працуе.

— Такая прыгожая, разумная і добрая жанчына — і адна, — асмялеў пад канец вячэры Лобач. — Не разумею...

— А што тут не разумець? — сумна ўсміхнулася Ганна. — Я — ведзьма, мяне хлопцы баяцца. Дый добрага на самоце нямала: лягла не клята, устала не мята. А калі сур’ёзна, то проста так выйшла. Не сустрэла. Прапаноў — вунь колькі. І нават праз сеціва. Вось нядаўна адзін знайшоўся, такі закаханы — няма куды дзецца. Піша штодзень лісты, ды такія — зачытаешся. Прывучыў: як не прыйдзе калі ліст, дык быццам і сумна. Ды бачу, вы таксама не зломак, не пачвара, а адзін. Чаму?

— Вас мужчыны баяцца, а я жанчын баюся, — прызнаўся Лобач і сцісла пераказаў свае колішнія дачыненні з лабаранткай. — І як перамкнула мяне, — скончыў з усмешкай. — А як там Надзея? — змяніў ён тэму.

— Не перажывайце, я ж сказала — яна будзе спаць. Яе сон вылечыць. І Уладзя... — спакойна адказала Ганна.

Яна паслала Алесю на першай палове хаты, на раскладзенай старэнькай канапе.

— Кладзіцеся, я потым падыду, — сказала яна зноў тым самым мяккім загадным тонам, і Лобач сцяўся: навошта яна падыдзе?

Ён распрануўся, лёг, з прыемнасцю адчуваючы наперадзе шмат гадзін бесклапотнага сну — таго, чаго не меў апошнія дні. І толькі Ганніны словы непрыемным халодным цвіком застыгнулі ў мозгу: яна прыйдзе? Прыйдзе — і ляжа да яго? Але ж... гэта не трэба. Цяпер не можна — там хворая сястра. Гэта проста няправільна — яны колькі гадзін таму пабачыліся. Калі так будзе, то пад нагамі знікне той самы цвёрды грунт, які ён адчуў на Уладзявым падворку, зноў з’явяцца зыбкая балаціна і затаптаныя кладкі... Не, не трэба...

Ён прыслухоўваўся да гукаў на другой палове дома, падавалася — чуў шоргат адзення. Уявілася — зараз яна стане каля яго ў доўгай вышыванай белай кашулі, з распушчанымі па плячох валасамі. Не трэба...

Рыпнулі дзверы, Лобач сцяўся, але зірнуўшы на Ганну, сэрца шчасліва тахнула: яна была адзетая ў тое самае, у чым сядзела пры стале. У руках трымала доўгую запаленую свечку. Лобач здзівіўся.

— Заплюшчвайце вочы, — ціха загадала яна.

Пстрыкнуў вымыкач, Лобач адчуў цемру, што ахінула пакой з агеньчыкам свечкі, што прабіваўся праз павекі.

Ледзь чутныя крокі — і на ягоны лоб лягла цёплая пяшчотная Ганначкіна далонь.

— Новым разам лепшым часам на чатыры бакі роднай зямлі пакланюся, памалюся, да Кветкі вярнуся. Новым разам лепшым часам на чатыры бакі роднай зямлі пакланюся, памалюся, да Кветкі вярнуся. Новым разам лепшым часам на чатыры бакі роднай зямлі пакланюся, памалюся, да Кветкі вярнуся. Ад святла яе, што ёсць, пачалося, а калі не ад святла, каб не збылося. На пустой зямлі Кветка цвіла, гарэла-сагравала, Алеся зберагала... — чуў Алесь заспакаяльны, але нечакана сур’ёзны, хуткі Ганнін шэпт.

У Лобача здзіўленне знікла ўжо на першым сказе жанчыны. Яе голас гучаў не ў вушах — у галаве, нібыта ён ішоў ад далоні жанчыны, расцякаўся па ўсім целе цёплай хваляй. Думкі сталі блытацца, нешта Лобача закалыхвала, назад-уперад, уверх-уніз. Малая частка ягонай свядомасці яшчэ супраціўлялася, жыла праз сваю прафесійнаю звычку адгукацца вось на такія словы, і недзе ў глыбіні розуму клаліся на палічку развагі: “Новым... лепшым часам...” Так, звычайны пачатак замоў, патроенае паўтарэнне, адсыланне да пачатку стварэння свету... пустой зямлі... так, тады нічога не было... кветка? Чаму кветка? Павінна быць дрэва...” Але мозг урэшце адмовіўся аналізаваць. Лобача пагойдвала. Уверх-уніз. Яшчэ і яшчэ, яшчэ і яшчэ. І раптам ён зразумеў, што ён — зусім-зусім маленькі, а на ягоной галоўцы ляжыць матчына рука. Лобач усхліпнуў, перапоўнены нечаканай пяшчотай, і праваліўся ў глыбокі, светлы сон.


4

— Дзед... Яна там моцна спіць? — запытаў Антось ва Уладзі.

— Моцна, — пільна зірнуўшы на Антося, адказаў Уладзя. — Ідзі, зайдзі...

Антось пабыў у доме з хвіліну, не болей. Выйшаў з нейкім чужым, напружаным тварам, моўчкі пастаяў на ганку, варушачы сківіцамі, як расціраў нешта зубамі.

— Паехалі, Валодзька! — гукнуў ён, потым спыніўся: — Дзед, нічога не трэба? Я там хлеба свежага набыў, сталічнага, малако?

— Не трэба, мне людзі сёння прынеслі, — адказаў Уладзя. — Едзьце сабе.

Да самага хутара Антось не вымавіў ні слова. Уладзімір таксама маўчаў. Ён, вядома ж, адзначыў для сябе і Антосява пытанне да выкладніка аб прозвішчы жанчыны, і ягонае жаданне пабачыць самую жанчыну. І яшчэ Уладзімір згадаў, як насцярожылася была сама жанчына, Надзея, калі ён праз тэлефон назваў Антосява імя. Усё складвалася ў простую схему, няхай сабе і мала пэўную, кіношную. Але Уладзіміра зусім не здзіўляла тое, што Антось мог сустрэцца з колішнім сваім каханнем. Так ці гэтак, а людзі ўсё адно перасякаюцца, то чаму б не сустрэцца ім вось гэтак? Тут Уладзімір не бачыў і ніякай прыхаванай непрыемнасці, наадварот, тое пачуццё, якое яшчэ на парозе Лобачавай кватэры падказвала слушнасць дзеянняў, цяпер нібыта аддзячвала яму спакоем. Адразу стала спакойна на душы. Толькі вось стрэмкай захрасла трывога ад той настойлівай цікавасці, якую выявіў Антось да прозвішчаў міліцыянта і суддзі.

Трывога спраўдзілася ў Антосявым пытанні, калі яны спыніліся ля ягонага дома. Антось заглушыў рухавік, але не спяшаўся адчыняць дзверцаў. Сядзеў, моцна сціснуўшы руль, моўчкі глядзеў перад сабой. Уладзімір таксама не спяшаўся выходзіць. Ён бачыў, што Антось нешта рыхтуецца сказаць.

— Ты зразумеў? — нарэшце павярнуў галаву Антось.

— Наконт чаго з двух?

— Галавасты хлопец, — ці то пахваліў, ці то пашкадаваў Антось. — Ат, што тут загадкі казаць... Яна гэта, Надзея. Тая самая дзяўчына. Знаеш, а яна не надта і памянялася. Так, пасталела, зразумела, а болей дык і ні ў чым... Нават валасы носіць так, як і два дзясяткі гадоў таму... — ён памаўчаў, нібыта ўзважваючы, выбіраючы словы. — Слухай, студэнт, ты малады... У мяне жыццё сваё і прынцыпы свае, няслушныя прынцыпы і рызыкоўнае жыццё. Таму... карацей, пра дапамогу папрашу, дробязную, але... І можам тады разбягацца ў розныя бакі без усякіх крыўдаў. Можаш сказаць “не” — я зразумею. Асуджаць не буду.

— Помсціць надумаўся? — з рэзкім непакоем запытаўся Уладзімір.

Цяпер ён зразумеў канчаткова, навошта Антось пытаў прозвішчы.

— Помсціць? — са здзіўленнем і абурэннем выгукнуў Антось. — Кінь дурное! Не помсціць — адэкватна адказаць! Скажы, ёсць сёння мажлівасць для нейкай справядлівасці? Надзею збіў, абылгаў яе колішні вучань, сука, якая разам з формай атрымала мажлівасць паскудзіць. Менавіта ён помсціў! Скажы, не, ты проста скажы, пакінуць гэта так, як ёсць?

Уладзімір сумеўся. Няўпэўнена адказаў, хоць адчуваў хісткасць і маладушнасць сваіх слоў:

— Сёння... нічога не выйдзе. Але ж надыдзе некалі час. Час, у які ўсе адкажуць за ўсё.

— Не надыдзе ніколі той час! — ледзь не падскочыў, роспачна закрычаў Антось. — Не прыйдзе ніколі! Ніхто ніколі не будзе адказваць за сваю подласць, якая чыніцца пад прыкрыццём улады! Хіба вас, цярплівых, гісторыя нічога не навучыла? Калі ў трыццаць сёмым вынішчалі духоўна і фізічна — нехта адказаў? Хоць адзін з тых следчых, якія здзекаваліся з людзей як маглі, якія чалавека пераўтваралі ў істоту без памяці і пачуццяў, — адказалі? Ды яны персанальныя пенсіі атрымвалі!

Роспач у Антосявым голасе дасягнула нейкай нутраной мяжы, пасля якой змянілася халоднай разважлівай злосцю, і ён загаварыў цвёрда, пераканаўча:

— Успомні дзевяноста першы год. Колькі было спадзяванняў, што цяпер хоць адна пешка партыйная, калі не слон, адкажа за тое, што людзей у вар'ятні хавалі, што гналі і насміхаліся. Адказалі? Ты памятаеш хоць пра адзін суд? То запомні раз і назаўсёды: гісторыя ніколі не станавілася на бок пакрыўджаных сама сабою. Калі самыя людзі...

— Стоп! — рэзка спыніў Антося Уладзімір, бо палічыў, што мае на тое права, калі ўжо ў іх такая шчырая размова, якая можа мець працяг у практычных дзеяннях. — Ты забыўся, дык я нагадаю. Французы некалі надумалі адпомсціць усім крыўднікам адразу. Перадусім галоўным: каралю ды каралеве. А чым скончылася, ты ведаеш. Гільяціна ледзь не захлынулася ў крыві. Урэшце і самыя арганізатары помсты апынуліся ў яе пад нажом. Нармальны ход? Ты такой адплаты хочаш?

— Малаток, студэнт, — пільна зірнуў Антось на Уладзіміра. — Усё слушна: калі і надыходзіць час такога разліку — то лепей бы ён не надыходзіў. Дык што рабіць? Падкажы! Трываць? Забывацца? Вінаваціць нейкую ўяўную сістэму, на якую спісаць паскудствы і зверствы кожнага і ўсіх? А потым, як зменіцца час, прабачыць усіх, забыцца на ўсё, у абдымках пабратацца? Добра, пакуль што выгрузімся... Цягні торбу на кухню, там разбярэмся, што куды... Прыгатуем чаго паесці. Ты ж таксама ад ранку галодны...

Надумаліся сесці на кухні — тут куды свяжэй, як на двары.

— Можа, трэ мне зараз наліць сабе добрую малінкоўскую шклянку гарэлкі, выпіць адным махам, занюхаць хлебам, закурыць, сесці і падперці галаву рукой, — невясёла разважаў Антось. — То было б па-нашаму. Потым яшчэ выпіць, яшчэ... А раніцай шукаць паратунку ад галавы... Глядзіш — на ўсё іншае думак і не застанецца... Добрая формула, праўда, студэнт?

— Не ведаю... Мне пакуль што яна непатрэбная была, — пацепнуў плячыма Уладзімір.

— А іншыя карыстаюцца ёй напоўніцу, — зазначыў Антось. — І дзяржава тое падтрымвае. Напіся, праспіся, пахмяліся — праблема амаль знікне... Ды вось... еш, а потым адкажы: як жа спыніць во такіх вайцяхоўскіх?

— Не ведаю, — шчыра адказаў Уладзімір. — Яны ўсе — у сістэме.

— Вось! Менавіта! Але адзін у сістэме застаецца чалавекам, я дакладна ведаю, а іншы — звярэе. Вось скажы: сістэма абавязвала таго міліцыянта збіваць ягоную настаўніцу, іншых — нішчыць яе чалавечую годнасць? Не, не абавязвала. Я ведаю: яна не забараняе, вочы заплюшчвае на “мілыя свавольствы”. Мала таго — яна, сістэма, сваіх бароніць. Ад усіх астатніх, ад нас з табой, ад Надзеі. І дарэмна біцца за нейкую праўду. Бо няма праўды.

— Дык і выйсця тады няма, — з сумам падвёў вынік Уладзімір.

— Ёсць выйсце, — ціха, але цвёрда адказаў Антось. — От ведаеш, там, у Сібіры, дзе законы воўчыя, на чым грамада трымаецца? Хоць воўчыя законы, ды што ім падмурак, па-твойму?

— Што, можа, помста? — хмыкнуў Уладзімір.

— Кінь дурное! — з крыўдай выгукнуў Антось. — Я табе раней казаў пра помсту — гэта той мент помсціў настаўніцы! А закон трымае ў Сібіры адно — адказнасць. Там кожны ведае, што будзе адказваць, калі закон парушыць! Адэкватны адказ чакае кожнага! Рана ці позна — ён цябе дагоніць. Дык вось, каб тут, у нас, кожны ўсведамляў, што яго чакае адэкватны адказ на ягонае хамства, быдляцтва, зверства — ён бы проста служыў сістэме, а не наталяў сваю прагу да здзекаў. Ён бы ішоў у сістэму не дзеля свайго юнацкага комплексу непаўнавартаснасці, не дзеля сваёй перавагі над сябрамі дзяцінства...

— Ды згодзен, — неахвотна пагадзіўся Уладзімір. Ён ніяк не мог змясціць у галаве тую думку, што сапраўды ў яго краіне, побач з ім раптам пачне дзейнічаць вось такі закон: вока за вока і зуб за зуб. Было тут нешта надта ж сур’ёзнае, быў нейкі невідочны бар'ер, аб які можна было лоб разбіць.

Уладзімір задумаўся на хвіліну, шукаючы назву бар'ера, які адчуваў, існаванне якога, ён быў пэўны, стрымвае людзей ад сляпога выканання старазапаветнага “вока за вока”. Не прыдумаў, таму намерыўся казаць так, як адчуваў:

— Слухай, Антось... вока за вока — зразумела. Але на практыцы... Хто будзе вызначаць адпаведнасць адказу? Хоць з тым Вайцяхоўскім... Што, злавіць яго, пабіць? Зацягнуць у суд і сказаць, што ён мацюкаўся?

— Я буду вызначаць адэкватнасць! — жорстка адказаў Антось. — Зразумей, законнік ты мой, рэч не ў поўнай адэкватнасці адказу, а ў тым, каб ён проста быў, каб кожны зразумеў: яму больш не даруюць хамства, ссучанасці, подласці.

— Ну, добра, няхай так, з міліцыянтам, — быццам пагадзіўся Уладзімір. — А што з суддзём? Тут жа зразумела, што суддзі атрымалі загад: як судзіць і каго. Дык за што ты збіраешся караць суддзю?

— А ты прапануеш пачакаць, пакуль Пётра з Паўлам на тым свеце ім рахунак выставяць?

— Але ж і ты не Гаспадар Бог?

— Вядома! Я скіраванні ў Рай ці Пекла не выпісваю.

— Дык за што ты тут збіраешся караць? На якой падставе?

— Як за што? — пераможна ўсміхнуўся Антось. — Кажаш, суддзя, як і ўсе іншыя суддзі, выконвае спушчаную зверху дырэктыву, так?

— Няхай і так. Не самавольнічае ж... — упіраўся Уладзімір.

— Кінь дурное, хлопча! — зноў павысіў голас Антось. — А то я падумаю, што памыліўся ў роўні твайго розуму. Суддзя павінны не тэлефонныя дырэктывы слухаць, не нечыя загады, а толькі адно — Закон!

— Ды разумею я, не маленькі! — запсіхаваў Уладзімір. — Я вось таго ўцяміць не магу, чаму да цябе ніяк не дойдзе, што гэта — сістэма, што ў суддзі, у існасці, няма выйсця! Альбо слухайся — альбо ідзі замятаць двор. Ахвотных на тваё месца ёсць.

— Малайчына, разумны, — згодна паківаў галавой Антось. — А скажы, калі кожны суддзя будзе ведаць, што яго чакае суд тут і цяпер за ягоную крывадушнасць?

— Ідылія, — адмахнуўся Уладзімір.

— Ага, ідылія, — згадзіўся Антось. — Але ведай, студэнт — адзін прыклад вучыць сотні. Два — тысячы. А навучаны ведае, што бывае ў кустох.

— Суддзі хутчэй ваўкі... Антось! Утопія гэта — даводзіць суддзям, што яны ўчынілі няслушна. Утопія! Ну... няхай заўтра мы пакараем неяк таго суддзю, няхай. Па-першае, адкуль ён будзе ведаць: за што?

— А мы падкажам...

— Выдатна! А ты ўяўляеш, як запрацуе сістэма? Заўтра будуць дзясяткі арыштаваных...

— Будуць! А цяпер уяві: некага несправядліва асудзяць — а тут зноў адказ!

— Хто, хто ўрэшце будзе вызначаць: дзе справядліва, дзе не? — роспачна хапіўся за апошняе Уладзімір.

— А ты, хлопча, верыш свайму выкладніку? Верыш яго сястры?

— А вера тут пры чым?

— Пры тым, што я не збіраюся гуляць у Рэмба, зразумела? — стомлена ўсміхнуўся Антось. — Я табе не галівудскі абаронца слабых і пакрыўджаных. Я хачу абараніць, буду бараніць, як сваё, тых, хто мне дарагі. Каму я веру. І гэтага — досыць.

— Для чаго досыць? — разгубіўся на момант Уладзімір.

— Для жыцця нармальнага. Калі кожны будзе бараніць сваіх, змагацца за сваіх — будзе даволі. Калі не будуць дараваць, не будуць спускаць крыўдаў і абразаў сваіх... Ты еш, давай... Зразумела я табе ўсё патлумачыў?

— Зразумела, — адказаў праз жаванне Уладзімір, а ў дадатак згодна кіўнуў галавой. Пракаўтнуў і запытаў: — І што цяпер? Як ты збіраешся... — хацеў сказаць “адпомсціць”, але спыніў сябе. — У чым будзе палягаць твой адказ?

— Не ведаю, — шчыра ўздыхнуў Антось, адклаў убок відэлец, задумаўся. — Ты мне спачатку скажы: паможаш? Паўтару: я не закрыўдую, у цябе свае мазгі ёсць. Не — дык заўтра завязу цябе хоць у горад, хоць у Карчаваху да Уладзі — і нашы дарогі разышліся, і размовы між намі ніякай не было. Я зразумею.

— Добра, — як бы між іншым, без эмоцый сказаў Уладзімір.

— Што “добра”? — не зразумеў Антось.

— Памагу, — усміхнуўся, маўляў, што тут незразумелага, Уладзімір.

— Так... — Антось пабарабаніў пальцамі па стальніцы. — А чаму не пытаешся, у чым твая задача?

— А што тут пытацца, — амаль абыякава адказаў Уладзімір. — Пэўны, што ты забіваць нікога не збіраешся, дык мне не давядзецца трымаць каго за ногі. А рэшту... думаю, што змагу.

— Не, за ногі трымаць не папрашу, — сур’ёзна пацвердзіў Антось. Было відаць, што ён усцешыўся з Уладзіміравай згоды, аж выпрастаўся ў крэсле — дагэтуль сядзеў, абапіраючыся локцямі аб стол. — Вось што скажу... Не ведаю я, што там будзе і як. Час ці Гаспадар Бог некалі падкажуць момант. А пакуль што... Пакуль што папрашу цябе: знайдзі мне таго Вайцяхоўскага. Каб я... каб мы ведалі: дзе жыве, як жыве, з кім жыве... Зразумела?

— Ну, работа зусім непыльная, — усміхнуўся Уладзімір. — Зараз і пачну. Думаю, таварыш будзе дзе ў сацыяльных сетках... Іншая рэч, што група можа быць зачыненая...

— Я не цямлю, разбірайся сам. Калі не выйдзе — паедзем у горад. Там праз службу якую, — прапанаваў Антось.

— Наўрад ці якая служба дапаможа — інфармацыя пра міліцыянтаў недасяжная.

— Даляры — універсальны ключ ад якога хочаш замка, — запэўніў Антось. — У гэтым можаш не сумнявацца. Ты, галоўнае, знайдзі мне дзверы і замок.

— Добра... Пап'ем кавы, і я палезу ў сеціва. Шкада, не ведаем нічога: у якой школе вучыўся, калі...

— Згода, студэнт... — падвёў рысу пад размовай Антось. — Будзем лічыць, што я зноў бяру цябе на працу. І не тузайся, — дадаў уладным тонам, апярэдзіўшы Уладзіміра.

— Маю права тузацца, — спакойна запярэчыў Уладзімір. — Помач — яна дармовая. Не — дык заказвай гэтую паслугу ў сеціве. Я магу паказаць адрас, дзе ахвотных зрабіць такую работу процьма. Знойдуць за грошы твайго міліцыянта за дваццаць чатыры гадзіны. А я і так на тваіх грашох жыву, ем і сплю.

— Ну, няхай будзе па-твойму, — крэкнуў Антось. — Мабыць, праўда на тваім баку...


5

Уладзімір не памыліўся ў сваім меркаванні — Юрый Вайцяхоўскі быў зарэгістраваны і ў “Аднакласніках”, і ў “Укантакце”. Праўда, інфармацыя была куртатая: толькі тое, што навучаецца на чацвертым курсе акадэміі МУС. Колькі здымкаў у форме АМАПаўца: найгрышныя, пазёрскія. Асобная група “Укантакце”, як і чакаў Уладзімір, была зачыненая для чужых.

Уладзімір надумаў стаць сваім: зарэгістраваўся пад жаночым нікам, стварыў сабе легенду: маладая кабета, брат якой, міліцыянт, недзе ў Піцеры, прыехала сюды на сталае жыхарства. І вось цяпер хоча пазнаёміцца з якім маладым супрацоўнікам з органаў, наагул, у кола сваіх, блізкіх яе духу, людзей. Знайшоў у сеціве на нейкім сайце знаёмстваў анкету вабнай маладой жанчыны, сцягнуў яе здымкі, стварыў свой акаўнт, яшчэ раз спраўдзіў сваю легенду, аж да таго, у якім месцы канкрэтна “жыў” у Піцеры, дзе служыць “брат”.

І папрасіўся ў групу.

Доўга чакаць не давялося — Уладзіміра пад выдуманым імем Юлія (ён разлічваў на прыхільную рэакцыю Юрыя Вайцяхоўскага праз сугучнасць імёнаў) прынялі ў групу.

Уладзімір праглядаў старонкі ўдзельнікаў групы. Спачатку ён адразу меўся заняцца шуканнем патрэбнай інфармацыі, але выкладзеныя ў вялікай колькасці фотаздымкі курсантаў акадэміі МУС з іх штодзённага жыцця шакавалі яго. Ён бачыў перад сабой зусім іншы свет: свет дужых, упэўненых у сабе і сваёй дзейнасці мужчын. Свет жорсткі і нечым нават звыродлівы: падпітыя, аголеныя па пояс курсанты застывалі перад фотакамерамі ў позах ніндзяў ці яшчэ якіх кіношных герояў. Сутаргава крывілі ў злосным выскале твары, нехта выконваў ролю ахвяры, у жаху застыўшы з лязом нажа на шыі. У хлопцаў былі свае гульні са сваімі правіламі.

Як бы там ні было, але некалькі гадзін, якія правёў Уладзімір у групе, пакінулі ў ягонай душы супярэчлівае пачуццё адкрыцця новага свету. Ён чытаў старонкі не толькі мужчын, але і жанчын — сябровак ці жонак курсантаў, бачыў, што за вонкавым падабенствам да ўсіх іншых груп тут буяла нянавісць. Так, сапраўдная нянавісць да “оппаў” — так тут называлі апазіцыю. “Оппаў” клялі, зневажалі, на іх злавалі, бо праз іх прымушалі працаваць мужоў і сяброў у іх законныя выходныя, праз іх зрываліся вечары, праз розныя іх акцыі мужчынам даводзілася быць адзетымі ў чорную форму і абутымі ў цяжкія чаравікі, а не ў хатні халат і мяккія пантофлі.

І Уладзімір разумеў, што ў нянавісці ёсць рэальны грунт. Сапраўды, калі паставіць сябе на месца той самай амапаўцавай жонкі, хіба не апанавала б цябе злосць на тых, праз каго муж другія суткі не начуе дома?

Антось яшчэ не спаў — нешта лічыў, перабіраў свае паперы.

— Пакуру, — адкінуўся Уладзімір на крэсле. — Аж галава забалела ад усяго гэтага.

— Пакуры, — згодна кіўнуў Антось. — Захапі там што хочаш, ды ідзі ў альтанку — самы раз папіць гарбаты ці кавы, сонца на захадзе, не смаліць.

— Ага, зробім перакур і перачай, — згадзіўся Уладзімір.

У альтанцы, дзе яны нейкі час моўчкі пілі каву, ён падзяліўся з Антосем думкамі наконт свайго “адкрыцця”.

— Разумееш, яны — самыя звычайныя людзі. Але пастаўленыя ў такія ўмовы, калі мусяць ненавідзець.

— Каго? — прымружыўся Антось.

— Усіх тых, праз каго іх змушаюць працаваць. Я не думаю, што ім усім падабаецца, прыкладам, у час нейкай акцыі апазіцыі дзяжурыць суткі, а то і двое, спаць на працы. А ў многіх жа сем’і, там жонкі і дзеці. І ўсе яны мусяць ненавідзець.

— О, ды мы зараз шкадаваць іх пачнём, — іранічна заўважыў Антось.

— А яны што, чыста па-чалавечаму, не вартыя гэтага? — апраўдаўся Уладзімір.

— Ну, вядома, вядома... Валодзька, кінь дурное! Хто там, у апазіцыі? Там — простыя людзі, якія элементарна незгодныя з існым станам рэчаў. Ты ж таксама не згодны з тым, як жыве твая вёска, як співаецца, як страчвае спрадвечную культуру. У чым розніца між табой і тым, хто выйшаў на вуліцу? Толькі ў тым, што ён — выйшаў, а ты — не. І вось таго трэба збіваць, судзіць, штрафаваць, караць суткамі. А ты — добры? Так, ты — добры. Бо ты маўчыш! Яны ненавідзяць апазіцыю, бо яна ім замінае жыць па-чалавечаму? Ты добра падумаў перад тым, як сказаць?

— Падумаў, — насупіўся Уладзімір, — яго непрыемна чапілі Антосявы словы, хоць ён адчуваў, што памыліўся ў сваіх пачуццях, што яго міжволі зацягнуў той свет — і цяпер ён нібыта глядзіць адтуль у гэты час не сваімі вачыма, а вачыма створанай ім Юліі.

— Падумаў, кажаш, — задуменна прагаварыў Антось, адчуўшы Уладзіміраву крыўду. — А вось скажы, чаму тая амапаўцава жонка не задумаецца: адкуль бярэцца тая апазіцыя, чаму людзі выходзяць на вуліцы? Я табе адкажу, чаму. Але, як ты сам думаеш?

— Я нічога не думаю, — крыўда, перадусім на самога сябе, не давала Уладзіміру спакойна разважаць.

— Добра, я сам адкажу, — з жалем працягнуў Антось. — Валодзька, жонка амапаўца сябруе з жонкай другога амапаўца, з сяброўкай трэцяга... Ты ведаеш пра іх зарплаты? Шкада. Але будзь пэўны, што атрымвае ён удвая больш за настаўніка. Каго сёння набіраюць у міліцыю? Пачытай у газетах! Раней толькі з вышэйшай адукацыяй, пасля службы ў арміі. Потым сталі набіраць з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй. А сёння — усіх! Школу скончыў? Выдатна! Не служыў у войску? І не трэба! Бяром! Вось і ідуць туды бегма, пішчом лезуць тыя, каго ў дзіцячых гульнях не брала да сябе ніводная каманда, з кім не сябравалі ў юнацтве, з кім не хацелі сустракацца дзяўчаты. Пад сакрэтам табе скажу: мне наш участковы расказаў. За год прынялі дванаццаць чалавек. І дзевяцёра — звольнілі. І практычна ўсіх з адной прычыны: напіваліся, бралі табельную зброю і ішлі даводзіць сваім былым аднакласнікам, суседзям па двары, якія яны зараз крутыя. Ішлі да колішніх сваіх крыўднікаў — помсціць. Адзін выблюдак зайшоў да свайго былога аднакласніка. Той некалі яму нос разбіў за тое, што дзяўчыне на школьным вечары ў час танца сукенку задзёр, агаліў дзявочы азадак. Бо адмовілася з ім танцаваць. І вось гэты “міліцыянт” выпівае добрую порцыю, бярэ пісталет і такога ж новаспечанага служку. Паставілі ў кватэры на калені мужчыну, ягоную жонку і дачку. Зневажалі, застрашвалі, абзывалі.

— Іх жа выгналі? — хутка запытаў Уладзімір.

Антось счакаў і са шкадаваннем адказаў.

— Слухай, студэнт... Слухай, Валодзька: іх выгналі. Проста выгналі. Не судзілі, не штрафавалі. Думаеш, тая сям’я задаволілася такім “пакараннем”? Ты пастаў сябе на месца таго мужчыны. Вось у цябе жонка, дачушка, ціхі сямейны вечар. І раптам увальваюцца двое п’яных адмарозкаў з пісталетамі. Няхай у форме, але іх дзеянні з грунту бандыцкія. Ты б здаволіўся, калі б пасля перажытага шоку, жаху, абразы табе паведамілі, што іх усяго толькі звольнілі? Ну, адказвай, — падахвоціў Антось.

— Не ведаю. Пакуль сам не пабудзеш у канёвай скуры, важкасць хамута і апёкі пугай не адчуеш, — адмовіўся ад дакланага адказу Уладзімір.

— Ну, то я табе патлумачу... — не стаў спыняцца Антось. — Звальненне тых з міліцыі — гэта пакаранне за парушэнне ўставу. А як яны адказалі за здзекі з людзей? Ніяк. Іх, не сваіх нават, а былых сваіх, сістэма зноў абараніла.

— А што той мужык... ну, у сям’ю якога ўварваліся? — нехаця пацікавіўся Уладзімір.

— Во, значыцца цябе хвалюе... Разлічыўся ён. Не буду казаць падрабязнасцяў, але разлічыўся. Карацей, Валодзька. Я цябе не клічу на вайну з сістэмай. Ні ў якім разе. Ведаю, што сярод тых самых амапаўцаў — палова нармальных вясковых хлопцаў, якіх загітавалі пасля арміі ісці на такую службу. Што іх чакала ў вёсцы? Трактар, гной, ферма і бар “за магазінам”? А тут — зарплата. Тут культ сілы і зброі — цалкам мужчынскія культы. Нічога дзіўнага, што пасля добрай ідэалагічнай апрацоўкі ўчорашнія прастадушныя вяскоўцы бачаць у кожным, хто падае голас супраціву, свайго сапраўды заклятага ворага. Добра, Валодзька, гэта ўсё тэорыя... А практыка — гэта Надзея. Дзед яе на ногі паставіць, папрашу, каб адмыслова для цябе ўсё расказала.

— А табе не трэба? — здзівіўся Уладзімір.

— Мне таксама, — усміхнуўся сваім думкам Антось. — Хоць я ў свой час зведаў на ўласнай скуры, што называецца “застацца без усякіх правоў”. Ведаю, як умеюць збіваць, як ламаюць духоўна, як нішчаць асобу. Не зычу табе такой школы. Ну, яшчэ пасядзім, паставіць чайнік? Надта ж вечар добры і камарэчы, глядзі, няма.

Вечар і праўда быў незвычайна мяккім, утульным. Сонца зайшло, яго апошнія промні залацілі верхавіны бяроз, а знізу, з густой травы, уздымаўся, гусцеў паўзмрок. Аджылі цвыркуны — зблізку і здалёку разносіліся іх песні. Ніводнага чужога гуку не далятала. Але, разам з усім, гэтыя спакой, хараство і ціша чамусьці здаваліся не нечым спрадвечным, моцным, непарушным, а наадварот — надзвычай крохкім, слабым, як немаўля.

Сеўшы за кампутар, Уладзімір прымусіў сябе адасобіцца ад эмоцыяў. Ён шукаў інфармацыю. Яна хавалася ў кароткіх каментарыях: “Мы на дачы ў Сяргея, Валковічы, так набраліся”, у подпісах фотаздымкаў: “Мой дзень народзінаў на кватэры ў бацькоў, бацькі — у сяброў!”. Напісаў (вядома ж, ад выдуманай Юліі) самому Юрыю Вайцяхоўскаму, той адказаў адразу ж. Усцешыўся, але не стаў фарсаваць падзеяў: стрымана пацікавіўся агульнымі звесткамі. І тут яго чакала ўдача: Юрый запрасіў да сябе на дзень народзінаў, які збіраўся ладзіць на сваім лецішчы. Дакладней бацькоўскім, але пахваліўся, бацькі падаравалі яму, калі казаць шчыра, невялікі загарадны дом. Запрашэнне наўрадці можна было ўспрымаць сур'ёзна, хоць хто ведае, пра што думаў Юрый. Бо ў кароткім дыялогу прагучала і ягонае жаданне сустрэцца як хутчэй. З усяго відаць, хлопцу не ставала дзявочай увагі.

Уладзімір чамусьці параўнаў невядомага Юрыя і сябе самога — пахваліцца жаночай ўвагай не мог і ён. Чамусьці было непрыемна ад сваёй ролі. У кожным разе Уладзімір падманваў. Хлусіў.

З адчыненага акна цягнула свежасцю, гмыз і камарэча, розныя дробныя казуркі ліплі да сеткі. Сетка, а праўдзівей цемра за ёй, нечакана прыцягнулі да сябе ўвагу. Здавалася, зараз адтуль нехта зазірне сюды... паскрабецца.

У наступны момант Уладзімір не ўздрыгнуў, а на імгненне быццам скамянеў. Ён чакаў нечага падобнага, ён чакаў нейкага сігналу адтуль — і вялізны ночны матыль вынырнуў з цемры, з усяго размаху стукнуўся аб сетку — і прыліп на ёй, знерухомеў.

Скура на Уладзіміравай галаве імкліва пачала сцягвацца, ціснула на чэрап, галаве было цесна пад скурай, і не ўтрываць было болю, які мацнеў, а голас аднекуль адтуль, ад сеткі, ад раздушанага матыля гучаў заклінаннем: “Едзь дадому... дадому...”

Уладзімір і сам не зразумеў як ён падхапіўся і стукнуў па сетцы, страсаючы матыля і іншых казурак туды, у цемру. Сеў, сэрца тахкала, і кожны ягоны ўдар прымушаў рукі ўздрыгваць.

“Паеду. Сёння ж”, — падумаў Уладзімір. І адразу адчуў палёгку, як вынырнуў на паверхню і хапіў паветра ў згаладалыя лёгкія. Трывога мінулася, як і не было. Зноў сеў за крэсла, утаропіўся ў манітор...

Клаўся спаць далёка за поўнач, з прыкрым пачуццём спустошанасці. Чужыя эмоцыі з чужога свету не насычалі яго, а ўбіралі ў сябе свет ягоных асабістых пачуццяў і адчуванняў, з самых розных, самых далёкіх куточкаў душы прагна высмоктвалі эмоцыі. І заставалася пустэча, чорная, страшная. Страшная ад таго, што гатовая была выбухнуць, як некалі выбухнула пустэча і стварыла Сусвет. Добра, што не будзе той іскрынкі, думаў ён, курачы на ганку, страсаючы з цыгарэты гарачы попел.

Цішыня аж звінела ў вушах. Неба не іскрылася, а шугала мільёнамі зорак, іх было вельмі шмат, гэтулькі, што і акрайца чорнага неба не згледжвалася, але тое ззянне зусім не асвятляла зямлі — на крок ад сябе Уладзімір нічога не бачыў.

У цемры хавалася нешта варожае. Яно чакала. Чаго чакала? Калі Уладзімір павернецца да яго спінай? Не, не гэтага. Нешта там, у цемры, цікавала не за Уладзімірам. Нешта глядзела на яго халоднымі бязлітаснымі вачыма, ацэньваючы, вывучала, прыкмячала, але яно палявала не на Уладзіміра. Ён адчуваў гэта. І ўсё ж страх не знікаў, хоць паварочваўся Уладзімір спінай да гэтай цемры спакойна. Толькі ў ложку, калі заплюшчыў вочы, і соннае забыццё амаль адлучыла яго ад рэальнасці, быццам маланкай, асляпляльна-блакітнай, кароткай як імгненне, бліснула ў свядомасці: “Ганна”.


6

Уладзімір прачнуўся як ад штуршка, з думкай: “Праспаў!”. І хоць у наступны момант рэчаіснасць аднавілася аж да ўчорашняга ночнага сядзення на ганку Антосявага дома, ды адчуванне таго, што ён некуды спазніўся, не міналася. “Дадому...”

У хаце было ціха і пуста — гэта Уладзімір зразумеў пэўна. Пацягнуўся рукой да мабільніка і, пабачыўшы час, адным рухам сеў. Амаль адзінаццатая. Ого! Калі клаўся, было не болей за тры... І не чуў, як Антось падняўся.

Антось з’явіўся праз паўгадзіны, калі Уладзімір пад'еў і зноў блукаў у сеціве. Яго непрыемна здзівіла, што ён, а дакладней — выдуманая ім Юлія, выклікала такую ўвагу з боку мужчын той зачыненай групы “Укантакце”. Аж пяць запрашэнняў да дыялогу... Юрый, да якога з самага пачатку звярнулася “Юлія”, даслаў тры паведамленні, адно раніцай. Уладзімір не ведаў, што рабіць. Як адказваць? Да таго ж, уся патрэбная, як ён лічыў, інфармацыя амаль пазбіраная. Хіба толькі месца, дзе тое лецішча, невядомае. Але працягваць гэты маскарад было агідна.

— А, прачнуўся, Валодзька! — Антось нібыта не сам зайшоў, а яго занесла ў дом хваля ўпэўненай дзейснасці. — Еў? Піў? Ці гатаваць?

— Еў і піў, — крутануўся на крэсле Уладзімір да Антося. — Чаму не збудзіў раней?

— А навошта? — шчыра здзівіўся Антось. — Ты а трэцяй лёг, знайшоў што ці не, а выспацца ж трэба. А я ад шостай на нагах. Затое ўсе справы залатвіў. Пакуль жніво, я, лічы, у адпачынку. Што ў цябе? — спытаў, і твар адразу пасур’ёзнеў.

— Ды сёе-тое ёсць, — сціпла пачаў Уладзімір. — Бацькі Вайцяхоўскага кватэру прадалі, сыну набылі аднапакаёўку, сабе дом пад горадам, у вёсцы. Яшчэ сыну засталося лецішча. Добры дом, з паддашкам, але не даведзены да ладу. Вайцяхоўскі не ажаніўся, відаць як кідаецца да жанчын. Я там з ім навязаў кантакт. Ад імя прыдуманай дзяўчыны. Павёўся, можна скарыстаць у далейшым, хоць шчыра кажу, гідка і непрыемна мне гуляць у такую гульню. Вось здымкі: сам Вайцяхоўскі, ягонае лецішча, агульны выгляд... — Уладзімір падаў Антосю тры аркушы, якія толькі цяпер раздрукаваў — уначы не стаў умыкаць прынтар.

— Ага, добра, добра... — Антось углядаўся ў здымкі, потым рэзкім рухам склаў аркушы, парваў раз, другі і трэці. У адказ на здзіўленне Уладзімірава патлумачыў: — Я ўсё запомніў. А папера — дакумент, Валодзька. Памяць не дакумент... Дзякуй. Не ведаю, што і як там далей будзе. Цяпер трэба дакладнае месца лецішча. Не даведаўся?

— Не, але магу, — адказаў Уладзімір.

— Ну, то зрабі. Бо сам разумееш... Але не надта настойліва, каб не западозрыў чаго. Бо сеткі зліваюць інфармацыю спецслужбам, выйдуць яшчэ... Ну, у сэнсе, могуць жа вылічыць, з якога кампутара рэгістраваліся...

— Не хвалюйся, тут чыста, — усміхнуўся з перавагай Уладзімір. Я заходзіў у сетку праз падстаўны IP.

— Малайчына, Валодзька. Значыцца, разумееш, як усё сур’ёзна.

Уладзімір зазначыў, што Антось ні разу не назваў яго паблажліва студэнтам. Можа, тое было і не надта важна, аднак ранейшае “студэнт” з Антосявых вуснаў няхай і не крыўдзіла, але непрыемна казытала самалюбства.

Пасля полудня Антось крутануўся раз і другі паўз Уладзіміра, калі той зноў сеў за кампутар, а потым нясмела папрасіў:

— Слухай, Валодзька, паехалі ў Карчаваху... Даведаемся, як там, што...

Уладзімір усміхнуўся ў думках і змеркаваў, што мае права крыху пацвеліць — не аднаму ж яму, Антосю, вучыць жыць...

— Жанчына там наўрадці адышла яшчэ. Ты пэўны, што твая фізіяномія — найлепшае з таго, чаго яна жадае пабачыць?

— Ну, вядома ж, не найлепшае, — спыніўся ў разгубленасці Антось. — А што, я магу некага напалохаць?

— Можаш, — кіўнуў Уладзімір. — А навошта я табе? Страшна аднаму?

— Страшна, Валодзька, — Антось прысеў на канапу. — Сапраўды баюся. І рукі дрыжаць. Але... Я шчыра табе кажу — хачу з ейных вуснаў пачуць, як там было і што. І каб ты пачуў.

Уладзімір задумаўся на хвіліну.

— Ты выбачай, але цяпер ты не так пра Надзею думаеш, як пра сваю тэорыю і сваё самалюбства. Ёй расказаць — як яшчэ раз перажыць. Думаў пра гэта?

Антось не адказаў. Махам узняўся з канапы, прайшоўся да дзвярэй і назад, потым, нечакана для Уладзіміра, загаварыў, просячыся:

— Ну паехалі, Валодзь... Як там яна? Не буду я распытваць...

— Паехалі, — Уладзімір пстрыкнуў мышкай, вымыкаючы кампутар. Усё будзе добра там, упэўнены, — падбадзёрыў Антося. — У мяне таксама страха амаль з'ехала. Дзед Уладзя можа...

Надзею і старога Уладзю яны пабачылі на дварэ, на лаўцы. Жанчына ўзнялася ім насустрач, паправіла спадніцу, потым хацела ці то сесці, ці то проста азірнулася на старога, шукаючы падтрымкі. У яе на твары застыла вінаватая ўсмешка.

— Добрага дня табе, Надзея, — Антось падышоў і спыніўся крокі за тры ад яе. — Здароў быў, дзед! — кіўнуў за спіну жанчыны.

— А я здагадалася пра цябе, — ціха, з незразумелай інтанацыяй загаварыла Надзея. — Добры дзень. Мне дзед Уладзіслаў пра ўсё расказаў. І пра цябе. Як ты цікавіўся мной. І імя тваё назваў. А я помню, што ты адсюль, з гэтых мясцін.

— От жа ты скажы! — найграна пакрыўдзіўся Антось. — Дзед, тут такі сюрпрыз мог выйсці!

— Не трэба нам ніякіх сюрпрызаў, — строга спыніў Антося Уладзя. — Сядайце, зараз бярозавіку прынясу. Валодзька, чаго падпёр веснічкі? Яны добра стаяць, праходзь.

Надзея села на лаўку, пасунулася крыху, нібы запрашаючы Антося сесці побач, але ён, падышоўшы, стаў насупраць яе, потым прысеў на кукішкі.

— Хацеў табе сказаць, што ты амаль не змянілася. Я цябе пазнаў бы адразу, калі б сустрэў.

— А ты змяніўся, — ціха адказала Надзея.

— У які бок? — жартоўна прымружыўся Антось.

— Не ведаю, — пацепнула плячыма Надзея, не прымаючы Антосявага гуллівага тону.

— Выбачай, — павінаваціўся Антось. — Так, змяніўся. Жыццё папрасіла змяніцца.

Уладзя выйшаў з сенцаў з вялікім кубкам бярозавіку, строга зірнуў на Антося.

— Паспееш са сваім жыццём яшчэ. Валодзька, ідзі, з кухні кубачкі прынясі. Ты сядзі, сядзі, Надзейка, — спыніў ён жанчыну, заўважыўшы яе рух.

— Там Ганначка наша Алеся не прываражыла? — парушыў маўчанне Антось. Відаць было, што ён адчуваў сябе вельмі няўпэўнена, не ведаў, як і пра што гаварыць.

— Алесь у горад паехаў, — роўна адказала Надзея. — Патэлефанавалі з універсітэта.

— А калі і прываражыла, то чалавек добры, — заўважыў Уладзя.

— Дарэчы, дзед Уладзя... — успомніў Уладзімір, раздаючы кубачкі з бярозавікам. — Алесь — той самы выкладнік, які так зацікавіўся вашым ручніком.

— Ну, то і пабачыць, як вернецца, — спакойна адрэагаваў Уладзя. — А дзеля справы якой ці так, мімаходзь, заехалі? Пацікавіліся — дык і едзьце, пазней гутаркі гутарыць будзем.

— Ну, калі ўсё добра, то і добра, — хутка падняўся з кукішак Антось — ён успрыняў словы старога як загад выбірацца з двара, але не пакрыўдзіўся ані, вярнуў пусты кубачак. — Калі можна ў госці завітаць, надта ж бярозавік смачны? Чаго прывезці, дзед?

— А ты во ў Надзеі запытай, што ёй хочацца, дык таго і прывязі, — прапанаваў Уладзя і сказаў да Надзеі. — Пытайся, Надзейка, не саромся...

Надзея злёгку разгубілася ад увагі Антосявых і Уладзіміравых вачэй, звернутых на яе ў чаканні, пазірала то на аднога, то на другога. Ціха прамовіла:

— Рыбы хочацца... Звычайнай, з рэчкі. Карасікаў смажаных.

— Будзе рыба, не праблема, — з радай упэўненасцю выгукнуў Антось.

— Але, — Надзея ўсміхнулася, — з рынку не трэба. Яе там прадаюць з рыбгасаў, яе смажыш — тхне камбікормам.

— Якое купляць? — амаль пакрыўдзіўся Антось. — Сам налаўлю, во, Валодзька будзе сведкам!

Надзея раптам тарганулася, быццам ёй да цела нехта невідочны дакрануўся крапівой. Вочы сталі сумнымі, яна доўга не адводзіла іх ад Уладзіміра, быццам толькі цяпер успомніла, што за малады мужчына перад ёй, і потым ледзь чутна прамовіла:

— Дзякуй вам, Уладзімір. Дзякуй...

— Ну, паедзем, Валодзька! — заспяшаўся Антось. — Дзед, чаго яшчэ трэба, кажы праўду!

— Пра рыбу чуў? То бяры ўсё да рыбы, — адмахнуўся Уладзя.

У машыне, калі ад'ехалі ад дома, Антось спытаў ва Уладзіміра, як у роўнага, просячы парады:

— Дык што нам лепей рабіць, Валодзька?

— Ведаеш... — Уладзімір казаў пра тое, што яшчэ раней аформілася на двары ў Уладзі. — Ты мяне зараз назад да сябе... Я збіраю свае рэчы, потым на аўтобус і ў горад. Ты — лаві рыбу. Увечары я вярнуся.

— Чаго ты ў горад? — здзівіўся Антось. — І тут сеціва ёсць.

— Не ведаю, — задуменна адказаў Уладзімір. — Нешта цягне мяне ў бабульчын дом. А мне цяпер трэба слухацца таго, што падказвае. Не пытайся, чаму, не ведаю. Хваляванне нейкае. Я ж паабяцаў за домам наглядаць.

— Ну, добра. Аўтобус зараз будзе. — Антось глянуў на гадзіннік. — Увечары я пад'еду, патэлефануеш. Але вяртайся!

— Вярнуся, — усміхнуўся Уладзімір.

Ён казаў праўду наконт сваіх адчуванняў — вось тут, на двары ва Уладзі, як ён пабачыў Надзею, той покліч усплыў у свядомасці і, як кропля бензіну ў невялікай лужыне, расцёкся каляровай плеўкай па ўсёй паверхні, так, што чыстага месца не засталося. Пра што ні думай, а бабульчын дом стаіць перад вачыма. Гэта была не трывога, а менавіта покліч, які пакуль што нічога не абяцаў, не тлумачыў. Толькі клікаў.

Чым бліжэй Уладзімір пад'язджаў да горада, тым мацнеў гэты покліч, і ад прыпынку да бабульчынага дома ў ціхім завулку Уладзімір ішоў подбегам, хвалюючыся, што можа спазніцца. Куды, на што — ён не ведаў, але з'явілася сапраўдная трывога. Уяўленне малявала злодзеяў, што гаспадарылі ў бабульчынай хаце, выбітыя шыбы ў вокнах, сарваны сам прз сябе кран над ракавінай і падлогу, па калена залітую вадой. “Па калена не залье, — сам сябе супакойваў Уладзімір, — там падмосце глыбокае, у зямлю вада схаваецца”, — думаў ён, нібы тыя краны і праўда даўно пазрывала.

Дом стаяў у цішы садка самотны, вокны глядзелі на Уладзіміра з маўклівым вінавачаннем. Ён аж здрыгануўся, калі веснічкі рыпнулі гучна і тонка, як віскнулі.

На ганку сядзеў, пільна ўзіраўся на госця шэры кот.

— Здароў, Шэры! — павітаўся Уладзімір. — Даруй, па малако пазней схаджу. Тут усё ў парадку без мяне?

Кот у адказ выпрастаўся, вольна пацягнуўся, паказаўшы вострыя і доўгія кіпцюры на пярэдніх лапах, а потым павольна зышоў з ганка і схаваўся ў траве садка. Не азірнуўся.

— Зразумела, пост здаў — пост прыняў, — сам сабе сказаў Уладзімір і адчыніў без аніякіх хваляванняў дом.

Зайшоў, агледзеўся, прайшоў пакоямі. Усё так, як ён і пакінуў... “Ну, аджывай, дом,” — запаліў газ і паставіў чайнік — нешта захацелася сваёй кавы.

На кухні быў халадок. Адчыніў фортку. Звыкла пасунуў да сябе сподачак, расклаў і ўвамкнуў ноўтбук. Што далей? Што яго клікала? Чайнік засвістаў, ён затушыў газ, кінуў позірк на столік ля пліты.

Загрузка...