— Калі ласка, калі вы адна, то тады вольна.

Жанчына адказала нейкай грымасай, і Уладзімір адчуў сябе дурнем: як можна было казаць пра нейкую яшчэ ўмову, калі месца каля яго — адно? Выпітая раней самагонка не тлуміла галавы, але прыспешвала думкі, надавала хуткасці словам, якія рабіліся вось такімі смелымі, зразумела ж, з якой прычыны. У наступны момант Уладзімір прапанаваў:

— Вы не будзеце супраць, калі я пачастую вас? Я яшчэ нічога не заказваў...

— Дзякуй, я завітала выпіць кавы, а на каву я знайду грошы, — не халодна, хутчэй нейтральна адказала жанчына.

Уладзіміра казытала неадольнае жаданне гаварыць з ёй, быць у гэты вечар патрэбным і значным хоць для каго. Бо дзень, такі быў дзень добры, не можа ён скончыцца блага! Ён быў на лёгкім падпітку, усведамляў гэта, але памятаў і пра тое, што невялікая колькасць алкаголю толькі і давала яму мажлівасці трымацца з незнаёмымі жанчынамі ўпэўнена і нязмушана. Раней яму не раз казалі як пра яго няўменне гаварыць з жанчынамі, так і пра тое, што ягоны воблік вельмі даспадобы жанчынам, а гарэлка робіць яго гаваркім і дасціпным.

— Выбачайце, але ж хіба я сказаў нешта пра ваш партманет? Я проста хацеў бы вас пачаставаць, тым больш, што і сам буду піць адно каву.

Мабыць, твар у яго выглядаў пакрыўджаным, бо жанчына ўжо цёпла ўсміхнулася і дазволіла, як павінілася:

— Калі ласка...

Якраз у гэты момант і падышла маладзенькая кельнерка. Заказалі каву. Уладзімір не ўпільнаваў моманту, каб афіцыянтка падціснула вусны ад невялікага заказу, употай ён абгледзеў залу і з яшчэ большай прыемнасцю для сябе зазначыў, што за шмат якімі столікамі сядзелі менавіта пры кубках, з кавай ці гарбатай.

Уважлівей паглядзеў на жанчыну насупраць сябе, знарок затрымаўшы вочы на твары. Яна не змаўчала ў адказ:

— Вывучылі? Будзеце варажыць будучыню?

Уладзімір любіў вось такія моманты. Звычайна так казалі ўсе, з кім яму раней давялося сустракацца на рэдкіх пагулянках у такіх вось абставінах — твар супраць твару.

— Будучыню чалавек сам сабе ладзіць, — паважна пачаў Уладзімір. — І з вашым характарам у вас усё павінна ўдасца.

— Авой, і які ж у мяне характар? — усміхнулася жанчына, адкінулася на спінку крэсла, быццам з палёгкай.

— Выразна акрэсленыя вусны, верхняя — тонкая. Значыць, любіце дабіцца свайго, упэўненая ў сабе, разлічваеце болей на сябе. Здольная на жорсткасць дзеля мэты. Просты нос, тонкі, крылы тонкія, трапяткія. Выснова: імпульсіўная, недзе і залішне крыўдлівая... Дарэчы, вы сёння не былі на працы...

— Цікава, — усміхнулася жанчына. — Гэта ваш такі стандартны набор для пачатку сустрэч з жанчынамі? Каб было чым заінтрыгаваць? А сёння я працавала. Хоць, скажу праўду: працавала ўдома. І з чаго на гэты конт ваша выснова — адзіна цікавая?

— Выбачайце, пазногці, — Уладзімір паглядзеў жанчыне на рукі. — Лак месцамі выцерся, відаць, што вы не сёння іх малявалі. То я падумаў...

— Назіральны які... І вы, пэўна ж, паспрабавалі ўгледзець, ці ёсць на пальцы правай рукі паласа ад шлюбнага пярсцёнка?

— Так, — вінавата ўсміхнуўся Уладзімір.

— А іншае адкуль? Хоць што я пытаюся, сёння такіх вось ведаў у сеціве — як смецця на нашай вуліцы пасля нядзелі... Мяне завуць Ірына, я не замужам, займаюся фрылансам.

— Дзякуй, вельмі прыемна, я Уладзімір, — заспяшаўся Уладзімір. — А да фрыланса чым займаліся?

— Навошта Вам? Ну, педагог, філолаг.

— І што пішаце? Вы ж пішаце?

— Так, пішу... Казкі... дарослыя. Генерую тэксты. Апісваю сцэны любошчаў, трапяткога кахання. Яны ў мяне выходзяць, кажуць, дужа добра. Аднаго разу знайшла сваю сцэну ў нейкай выдадзенай кніжцы.

— Зразумела.

Прынеслі каву. Кубачкі былі маленькія, кава пахучая і не надта гарачая.

Ірына дастала цыгарэты, закурыла. Уладзімір таксама падумаў закурыць — першы раз у кавярні. Дагэтуль ён нечага саромеўся, хоць і бачыў перад сабой на століку попельнічкі.

— Мо яшчэ возьмем? — прапанаваў Уладзімір, калі пабачыў, што Ірынін кубачак амаль парожні. — Ці, можа, віна?

— Не, віна не трэба, не сёння, — адказала Ірына чамусьці цёпла, як старому знаёмаму, нават як таварышу, празрыста намякаючы на мажлівасць новай сустрэчы. — А кавы можна... Мне сёння яшчэ шмат пісаць...

Уладзімір павярнуўся, каб пашукаць вачыма кельнерку, і тая, быццам чакала ягонага позірку, адразу падышла.

— Яшчэ па кубачку кавы, калі ласка, і разлік, так? — павярнуўся ён да Ірыны.

— Так, — кіўнула яна.

Кельнерка прынесла яшчэ два кубачкі кавы, паклала на бераг стала нешта накшталт невялікага нататніка, ці, больш слушна, вокладкі ад яго. Уладзімір разгарнуў, паглядзеў чэк, дастаў купюру, уклаў і загарнуў. Кельнерка, зноў жа, як назірала за ім, падышла адразу, узяла “нататнік” і праз хвіліну прынесла з рэштай.

— Паслухайце, Ірына, — з вінаватай усмешкай Уладзімір звярнуўся да жанчыны. — Я разумею, што не павінен згодна з добрым тонам забіраць усю рэшту, трэба крыху тут пакінуць. Але я... хлопец вясковы, я не ведаю, шчыра кажу, колькі пакідаць. Заўсёды бянтэжуся...

— Пяць-дзесяць адсоткаў ад цаны, — спакойна адказала Ірына. — Але, зразумела, у залежнасці ад заказу. За нашыя два кубкі кавы пакідаеце тысячу, будзе нармальна.

— Ух, дзякуй, — выдыхнуў з палёгкай Уладзімір, прыемна ўражаны тым, што Ірына адказвала без ценю паблажлівасці, падказвала, як сябру. — Я вас за падказку гатовы правесці вуліцамі горада на якую хочаш ускраіну!

— Не трэба на ўскраіну. Я жыву недалёка, для мяне шпацыр сюды двойчы на дзень — як фіззарадка. Так што не разлічвайце, што я адмоўлюся, — яна хітравата прымружылася. — Заадно раскажаце, што вы за назіральны такі вясковец, які чытае характары жанчын па тварах, любіць частаваць іх кавай і адначасна не ведае, як паводзіць сябе ў звычайнай кавярні.

— Самы што ні на ёсць вясковец, — стаў гаварыць пра сябе Уладзімір, калі яны разам рушылі ад кавярні уверх па вуліцы. — Што ведаю — дык гэта з сеціва, і вы не памыліліся. Часу вольнага шмат было, што рабіць вечарамі?

— А як жа жанчыны, сябры, улюбёны занятак, гарод-гаспадарка?

— Ды не трымалі мы гаспадаркі... з братам. Жанчыны... Нешта не выйшла з былой каханай. Дый не было кахання. Так, пацалункі пад месячыкам, яшчэ да войска. Сябры? Ну, у карты гуляць, смаліць без перапынку ды гарэлку піць? У клуб ісці, дзе трынаццацігадовыя дзяўчынкі прыйшлі засведчыць свае цыцачкі перад вяскоўцамі? Улюбёны занятак вось і атрымаўся...

— І чым жа вы займаліся ў сеціве? — з гуллівым падтэкстам спыталася Ірына.

— Ды розным, — не пачуў падтэксту Уладзімір. — Фільмы глядзеў цікавыя, чытаў форумы розныя, дзённікі, блогі. Вучыўся казкі разгадваць.

— Казкі? І шмат разгадалі? — з лёгкім здзіўленнем запытала Ірына.

— Пакуль што няшмат. Дый не сам... Вось, прыкладам, найпрасцейшая, яе першую дзіцяці расказваюць, ну, вы ж ведаеце: жылі-былі дзед ды баба. Была ў іх курка Раба. Знесла курка яечка... ну і далей. Што цікава: чаму казка такая неўміручая? Чым яна так прываблівае?

— Сваёй прастатой для разумення, мабыць, — паціснула плячыма Ірына. — Ну, і якая разгадка казкі, які сэнс?

— О, тут далёка не ўсё так проста! — загарэўся Уладзімір. — Вось глядзіце, ад пачатку: курачка знесла яйка, ды не простае, а залатое. Навошта дзеду і бабе біць залатое яйка? Дзеля чаго? Далей — нечаканая лёгкасць, з якой яечка б'ецца, падаючы ад махання адно толькі мышынага хвосціка. І яшчэ больш незразумелы канец: курка суцяшае бабу і дзеда тым, што знясе яечка лепшае — простае. Хіба мала незразумелага?

— Ну, калі так ужо задумвацца над сэнсам, то можна дзе хочаш шукаць схаваныя загадкі.

— Не-не, загадкі трэба шукаць там, дзе ёсць нешта незразумелае, — запратэставаў Уладзімір. — Вам цікава, якая разгадка?

— Цікава, — шчыра прызналася Ірына. — Але кажыце хутчэй, бо мы неўзабаве прыйдзем, а гуляць я не магу, у мяне яшчэ шмат працы...

Яны ішлі ціхай вуліцай, паглыбляючыся ў квартал старой забудовы — тут стаялі трохпавярховыя дамы, з высокімі вузкімі вокнамі, з ляпнінай пад імі і над дзвярыма. Ходнік быў вузкі, адгароджаны ад дамоў тоўстымі стваламі ліп. Ірына і Уладзімір ішлі побач, часам кранаючыся плячыма. Але як ні карцела Уладзіміру ўзяць Ірыну пад руку, ён не мог адважыцца на такі просты жэст: не ўзяў адразу, то няма чаго цяпер...

— Добра, я зараз, — паабяцаў Уладзімір. — Успомнім Біблію, першыя тры раздзелы, дзе ідзецца пра стварэнне Богам Сусвету, Адама і Евы, іх зграшэнне і потым — выгнанне з Раю. Яшчэ раз чытаем казку і — шукаем аналогіі. Бог стварыў Зямлю, людзей і даў ім Рай. Што такое Рай для людзей, як не месца шчасця, залатое месца? Хіба не тое яйка, якое знесла курка? Цяпер дапусцім, што курка — гэта Бог, які дае людзям Сусвет, залаты, без граху. Што робяць людзі? Парушаюць запаветы Бога! Імкненне разбіць залатое яйка — хіба не акт непаслушэнства? І вось далей ідзе цікавы момант: у Бібліі пабіць залатое яйка значыць — страціць Рай, людзям памагае д’ябал. Стварэнне з хвастом. У казцы мы бачым шэрую мыш, якая нічога такога не зрабіла, толькі паварушыла хвастком — і канец, трагедыя! Напрасцейшая аналогія. Мышыны хвост тут — змяя там. У Бібліі д’ябал таксама практычна нічога не робіць, хіба што кажа Еве: еш, будзеш падобная да Бога. І вось яйка разбітае, Рай страчаны. Што кажа Бог у Бібліі? Ідзіце і потам і крывёю зарабляйце сабе свой хлеб. Залаты век скончыўся, пачаўся век працы і войнаў. І курка абяцае дзеду з бабай: знясу вам яечка простае. Вось так: не пажадалі шанаваць залатое — карыстайцеся простым...

— Ух ты, цікава, вельмі, — не стала хаваць свайго захаплення Ірына. — У вас на кожную казку такія вось нечаканыя аналогіі падабраныя? Самыя да ўсяго дапялі?

— Ай, што вы, — крыху зніякавеў Уладзімір ад слоў жанчыны. — Так, яшчэ пару казак ёсць... якія кладуцца на расшыфроўку. Бо часта казка — нейкія веды, факты, якія людзі хацелі ўсяго толькі данесці да нашчадкаў. Нешта сам дадумляю, нешта вышукваю ў сеціве.

— Што вас натхніла на такі занятак? І навошта?

— Неяк даўно глядзеў адну перадачу... У сеціве, на сайце. Там навуковец наважыўся расшыфраваць легенды інкаў. Іх было шмат, яны былі цікавыя, але часта, вось як нашая гісторыя з яйкам, мелі нейкія нутраныя супярэчнасці, бязглуздзіцу. Гэта яго і насцярожыла. Вось... Ён пачаў шукаць, параўноўваць, аналізаваць...

— І знайшоў? — Ірына прыпынілася — відавочна, яны дайшлі да яе дома.

— Так... Прыкладам, у адной легендзе гаварылася: “І калі лісіца памачала свой хвост, то...” і далей нешта там адбылося. Праўда ж, глупства выходзіць: якая ліса і чаго ёй мачаць свой хвост?

— Ну, хто ж яго ведае? Казкі — казкі і ёсць, — нясмела запярэчыла Ірына, здаецца, заінтрыгаваная гісторыяй.

— Дык вось, — працягнуў пераможна Уладзімір. — Ён знайшоў сэнс. Выявілася, што Лісіца — не простая лісіца, а так называлі старажытныя інкі адно з сузор’яў. І яно, сузор'е Лісіцы, у адну з начэй года апускалася сваімі зоркамі, якія інкі ўважалі за Лісіцын хвост, да паверхні акіяна. Вось такая простая разгадка ў бязглуздай на першы пагляд показцы: інкі зафіксавалі дакладную дату здарэння!

— Файна як, — пагадзілася Ірына. — Але мы ўжо прыйшлі. Дзякуй вам за каву і цудоўны настрой, які ў мяне з’явіўся. З вамі было вельмі цікава. Не крыўдуйце, я вам скажу шчыра, бо вы са мной былі шчырым. Дык вось, калі б на маім месцы сёння была іншая... Вас бы палічылі за вясковага дзівака, з якім ад суму можна памерці... А мне было цікава і не сумна.

— Я ведаю, — сумна ўсміхнуўся ў адказ Уладзімір. — То вам дзякуй. Усё так нечакана. І цудоўна. У мяне дзень быў сёння... незвычайны. І вось ён завяршыўся так шыкоўна — сустрэчай і размовай з вамі. А што іншыя... Я ведаю. У мяне з дзяўчатамі... рэдка бываюць супольныя тэмы. Дый не ўмею я... з гарадскімі. А заўтра Вы будзеце рабіць сваю фіззарадку? У гэты ж час і ў тую ж кавярню?

— О, не, — з лёгкай скрухай адгукнулася Ірына. — Мне паўночы яшчэ працаваць, а заўтра ў другой палове дня з сябрамі выязджаем за горад, там лецішча, рэчка. Так што толькі ў панядзелак. Можа, у такі ж час.

— Зразумела, — панура адказаў Уладзімір, і ад Ірыніных слоў “з сябрамі” на яго пыхнула прыкрым пачуццём рэўнасці і адначасна — сваёй асабістай вылучнасці, ізаляванасці ад яе свету, а значыць, ад свету ўсіх прыгожых і разумных жанчын.

— Не сумуйце, — усміхнулася ў цемры Ірына.

На яе твар падала размытае святло з вокнаў дамоў, адцяняючы вясёлыя ямінкі на шчоках, якія ўзнікалі тады, калі яна ўсміхалася. Уладзімір адчуў нязвыклую пяшчоту да гэтай амаль незнаёмай яму жанчыны.

— Бывайце, да сустрэчы, — Ірына падала яму руку. — Буду чакаць ад вас разгадкі якой іншай казкі. Скажам, пра дзедку і рэпку.

— Я пастараюся адшукаць разгадку рэпкі, — Уладзімір ціхенька сціснуў кволую жаночую руку ў сваёй, адчуваючы яе цеплыню і лёгкае трымценне.

Ён падыходзіў да сцішанага ў глыбіні старога саду дома зусім працверазеўшы. Дзівіўся сам з сябе: як лёгка ўдалося пазнаёміцца! Якая яна цікавая і... мілая. Побач з ёй утульна і спакойна. Яна не пазірае грэбліва, не кпіць з яго захаплення, з яго цікавасці.

Добрая ў бабулі самагонка!

Калі сон пачаў пакрысе прыгладжваць пікі вострых адчуванняў, рабіць усё раўнейшым і спакайнейшым, тут і вылезла, вытыркнулася, як галоўка невялікага цвічка, адно адчуванне, якому не надаў раней значэння, якое прапусціў паўз свядомасць, а яно, бачыш, не мінулася, засела... І цяпер вось набывае важкасць, прымушае ўспамінаць, шукаць аналогіяў, тлумачэння. А як яго патлумачыць? Проста ў той самы момант, калі ў сваёй руцэ адчуў цёплую Ірыніну руку, маленькая, на сотыя долі секунды, праскокнула думка-іскра: “Папаўся!” Ага, папаўся, — з мяккай радасцю пагадзіўся ён цяпер, засынаючы. Такой жанчыне за шчасце папасціся. Апошняя яго думка была пра Алену, нават не пра яе, а пра тое, што ён ні разу не ўспомніў сёння пра яе. Дык чаго яна ўлезла ў яго голаў цяпер? Адмахнуўся ад думкі...

Ранкам прыехаў сусед па вёсцы Марыі Фамічны, і яна, нечым падобная ў гэтыя хвіліны да спуджанай з гнязда курыцы, што прымасцілася несціся, бегала то з дома на двор, то адтуль у свой пакой.

— Цётка, усё давязу, нічога не растрасу, — казаў уладальнік старэнькіх “жыгулёў”, праставаты мужчына гадоў пяцідзесяці.

— Ай, каб жа не забыць нічога, — вохкала гаспадыня. — Дзівіся, тут во шкляное, Валодзечка, асцярожней тамака, чакай, я мо на рукі тое вазьму, — крычала гаспадыня Уладзіміру, бегла за ім на надворак.

Урэшце мітусня скончылася: заладаваліся — што ў багажнік, што на задняе сядзенне.

— Глядзі ж, дзеткі, каб усё ладна было, пакідаю табе найдаражэйшае, што ёсць — дом, то ж глядзі, глядзі на ўсе вочы. З газам асцярожны будзь, фортку не пакідай адчыненай, як куды ідзеш... Ды глядзі, з дзеўкамі пільным будзь: не маленькі, мусіш ведаць: чорт у лазу завядзе, а баба ў нетры.

— Буду глядзець, Марыя Фамічна, усё будзе добра, — запэўніваў Уладзімір старую і ўпотай чакаў, каб хутчэй паехаў з двара аўтамабіль.

І вось ён застаўся адзін — адзін у такім вялікім доме.

Раптам стала трывожна.

Пачуццё, што тут яшчэ нехта ёсць, як выскачыла аднекуль з кутка ці выпаўзла гадзюкай з-пад дзвярэй бабульчынага пакоя. Уладзімір, сам сабе лаючыся — от жа, заблазнаваў, — абышоў пакоі: бабулін быў зачынены на ключ, у залі было пуста: канапа, шафа-“сценка” набытая гадоў трыццаць таму, стол з тэлевізарам, накрытым адмысловай вышыванкай. Калідор, яго пакой направа...

Уладзімір уздрыгнуў: у ягоным пакоі сядзеў кот.

І кот уздрыгнуў. Прыпаў да пярэстага ходніка, прыціснуў вушы, напружыніўся, паказваючы гатовасць у кожны момант скочыць проста ў твар.

— Ну, і навошта ты сюды прыйшоў?

Голас прагучаў неяк хрыпата, вельмі гучна для пустога дому.

Уладзімір ступіў крок у пакой і адразу ж адступіў убок ад уваходу. Кот не зводзіў з яго жоўтых вачэй.

— Прыбірайся, адкуль прыйшоў, — загадаў кату Уладзімір.

І той быццам зразумеў словы — узняўся і хутка, але з годнасцю, выбег з пакоя, крутануўся ў калідоры, і праз адчыненую вітальню выскачыў на веранду.

Уладзімір прайшоў за ім, пабачыў, як кот схаваўся ў густой траве пад плотам у глыбіні садка.

Зачыніў дзверы. Вярнуўся на кухню, але, падуладны незразумеламу пачуццю трывогі, зноў зазірнуў у пакой, нават нахіліўся і паглядзеў пад ложак — было пуста. Ды трывога не адпускала. Уладзімір і сам не разумеў, што адбылося незвычайнага: кот, шукаючы ежы, зайшоў у дом, бо дзверы былі адчыненыя, пакуль тут бегалі з клункамі.

“Пайшоў ты к чорту, чорны кот“, — паспрабаваў прагнаць сваю трывогу Уладзімір і спатыкнуўся на думцы: ён запомніў вялікія жоўтыя катовы вочы. А які быў сам кот — Уладзімір як не бачыў.

За гадзіну ён выправіўся ў кавярню — пад'есці, потым сеў занатоўваць гаспадынін аповед пра Купалле. Трэба было паспяшацца, каб паспець да пятай гадзіны схадзіць у бліжэйшы які пункт і раздрукаваць.

“Прынтар трэба набыць”, — падумаў Уладзімір.

У нядзелю праседзеў рыхтуючыся да чарговага экзамену — Уладзімір дакладна пастанавіў, што кідаць універсітэт не будзе.

Увечары, пасля таго, як схадзіў у кавярню (у той самы час, што і ў пятніцу, з кволай надзеяй, а раптам Ірына ўсё ж з’явіцца там), зайшоў у дом і разгублена спыніўся ў вітальні: у ноздры шыбануў моцны пах падлы.


ЧАСТКА 2


1

Недзе на трэцім курсе ўніверсітэта Генадзь Колтун пачаў сніць маленства. Невыразныя мроі, колеры і адчуванні. На іх можна было б і не звяртаць увагі, калі б не пачуццё незразумелай трывогі пасля такіх сноў. І гэта раздражняла. Класціся спаць упэўненым, здаровым, у гуморы — і прачынацца з разуменнем пэўнай пустэчы ў сваёй памяці, з усведамленнем нейкім замаляванага, зачыненага для цябе кавалка твайго жыцця.

Генадзь добра памятаў сябе гадоў з пяці — лета ў бабулі, дзіцячы сад. Выхавальніца, якая лаялася на яго за тое, што пасікаў міма гаршка, і яго крыўда на той крык, а потым — удар нагой па гаршку і жоўтыя ручаі на падлозе.

Але нешта было да бабулі. Бацька? Ён памятае не бацьку — памятае нейкую сілу, якая абхапіла яго маленькую ручку, некуды цягне. Памятае сапраўдны ўзлёт — і страх таго імгнення, калі сіла, якая яго падкінула, раптам знікла, і ён падаў, падаў, захлынаўся ў жаху, мярцвеў, і тады тая сіла зноў лавіла яго, утрымвала. І зноў кідала ўгару, дзе маленькі Генік заходзіўся ў крыку.

Ён сёння разумее, чаму не любіць вышыні. Страх ідзе адтуль — ад таго першага падкідвання.

Маці доўга не гаварыла з ім пра ягонага бацьку, і толькі раз, быццам загадзя рыхтавалася, запрасіла ў свой маленькі пакой. На яе ложку ляжала некалькі фотакартак. Маці сказала, што на здымках ягоны бацька. Расказвала, як яны пажаніліся, як ад першых дзён узненавідзела яе свякроўка, як законны муж з закаханага і ўважлівага чалавека пад паглядамі свае маці раптам ператварыўся ў дэспатычнага, грубага мужыка. Хоць так не мусіла быць: яна позна выйшла замуж, муж яе быў ужо не маладым чалавекам, і ягоная маці павінна была б радавацца, што ўрэшце прыпуціўся, што падаравала нявестка ўнука. Яны жылі ў вёсцы... на самай ускраіне. Нейкае глухое і страшнае месца, за гародам адразу пачынаўся змрочны альховы лес, мокры, балотлівы, мноства кустоўя. У суседняй вялікай вёсцы была школа, клуб, у які маладая жанчына магла б ісці працаваць, але муж не пусціў — памагай па гаспадарцы. Тры каровы, свінні... Ды цяжка было не працаваць, цяжка было вытрымваць штодзённыя едкія свекрывіны слоўцы, ненавісныя позіркі. Чым не дагадзіла нявестка — старая ніколі не казала. Почасту яна ляжала — ці то сапраўды хварэла, ці то прыдавалася хворай, каб яшчэ больш памучыць сваю нявестку. Памерла. Яе сын, Генадзяў бацька, праз месяц па смерці маці ў п’янай бойцы зарэзаў п’яную жанчыну. Тады маці забрала маленькага Генадзя, і яны з'ехалі да другой бабулі...

Генадзь глядзеў фотакарткі. Выявы на іх яго зусім не чаплялі. Тут было не ягонае жыццё. Ён глядзеў на фотаздымак свайго бацькі з меншай цікавасцю, чым на здымак у газеце прэзідэнта якой краіны. Усё было чужым. Далёкім, такім далёкім, што памяць нават не захавала кропелькі адчуванняў, і чужым. Адзінае — страх вышыні.

Мы памятаем не пражытыя гады і падзеі, мы памятаем эмоцыі. Тыя, найяскравейшыя, якія ўзрушалі нашу свядомасць да такой ступені, што нервовыя клеткі ў мозгу складваліся ў пэўным парадку для іх захавання і захавання тых абставінаў, якімі эмоцыі былі народжаныя. Генадзь у свае васемнаццаць гадоў ведаў пра гэта. Ён аднаго не разумеў: навошта маці вось цяпер выклала пажоўклыя фотаздымкі і паказвае яму? Расказвае нашто?

— Каб не ўпікаў мяне. Можа, табе захочацца знайсці бацьку, — адказала ціха маці.

— За што ўпікаць? Што гэтулькі гадоў хавала? Не разумею, — пацепнуў плячыма Генадзь. — Шукаць бацьку, цяпер? Падзякаваць яму, што ў самым маленькім веку ўзнагародзіў мяне акрафобіяй? Адзінае, што я помню, што нітуе мяне з ім — як ён падкідае мяне, а я крычу. Было ж так?

— Але, было, — кіўнула маці. — Калі вяртаўся з работы выпіўшы, то лавіў цябе і падкідаў. Я хавала... баялася. Адзін раз ён ледзь паспеў злавіць цябе, ты выцяўся...

— Ну во... выкідвай свае фоткі, яны мне не патрэбныя. Ці ты сама хочаш знайсці яго?

— Навошта? — разгубілася маці.

— Ну, а я ведаю? Мо пахваліцца, якога сына выгадавала. Ці каб я яму пысу набіў.

— Генік... Што ты кажаш? — маці, было відаць, спужалася, пачала мітусліва збіраць фотакарткі. — Я ж во паказаць ды расказаць...

— Мяне не хвалюе маё галазадае маленства недзе ў балоце, — жорстка адказаў Генадзь. — І не думаю, што бацька стаў нейкім мільянерам. Ці стаў? Ты нічога не ведаеш больш пра яго?

Маці сцялася, падціснула вусны, быццам жанчыну схапілі за руку ў час яе непрыгожых, непрыстойных дзеянняў. Пасля невялікай паўзы яна адказала:

— Ён выйшаў праз сем гадоў... Шукаў нас. Прыехаў да маёй маці, патрабаваў адрас. Я паехала туды... Не заспела: ён паспеў абрабаваць саму маці і яе суседку, уцёк. Яго злавілі і зноў судзілі. Болей я нічога не ведаю.

— Выдатна! Цяпер усім маім знаёмым трэба паведаміць, што ў мяне бацька — забойца, рабаўнік, зэк і згніў у турме! Во якую дзіўную спадчыну я атрымаў ад сваёй роднай маці ў год паўналецця! Дзякуй!

Маці заплакала.

Генадзь выйшаў з пакоя.

Болей яны пра бацьку не гаварылі. Месяцы праз тры пасля гутаркі маці пастукала ў ягоны пакой, асцярожна зайшла.

— Вось, — яна прыўзняла руку з нейкімі паперамі, загорнутымі ў цэлафанавы пакет.

— Што “вось”? — Генадзь адарваў вочы ад манітора.

— Аблігацыі... Я збірала... Ты ўжо студэнт, ты малады... сёння цяжка без машыны. Тут... павінна ставаць на першы ўзнос. Возьмем крэдыт. Табе зручней будзе. І да бабулі калі пад'едзем. Яна зусім кволая стала...

Генадзь разглядаў паперы, як просьбу маці аб прабачэнні. Рэальная мажлівасць мець сваю машыну так узрушыла яго, што яшчэ цэлых паўгода, пакуль вучыўся і здаваў экзамены ў школе аўтамабілістаў, ён быў уважлівым і стрыманым: не грубіў, не адказваў аднаскладова — у тыя месяцы ў іх хаце было так, як было, калі яны былі разам на дварэ, і так, як малявалі сабе дачыненні маці і сына Колтунаў іхныя суседзі.

Пачуццё вінаватасці перад Генадзем у маці з’явілася неяк адразу, неспадзявана для яго самога. Яму не было тады яшчэ і шаснаццаці. У той летні вечар у іх кампаніі ў аднаго з сяброў быў дзень нарадзінаў, і бацькі шчодра забяспечылі яго грашыма. Набылі пляшку гарэлкі на чатырох і піва, як наймацнейшага. Генадзь, у якога ўсё хісталася перад вачыма, ледзь дабраўся пасля паўночы да сваёй кватэры. Мабільнік ён вымкнуў — каб маці не даставала званкамі. І яшчэ не паспела яна ў вітальні ці то напалохацца ад яго выгляду, ці то ўздыхнуць з палёгкай — сын жывы, хоць і выпіўшы, як Генадзь пачаў.

Ён крычаў, плакаў, дакараў, упікаў — ён выказваў ёй усе тыя крыўды, якія пазбіраліся за ўсе гады ягонага свядомага жыцця, якія ён сам ашчадна збіраў — можа, яшчэ тады думаў, планаваў вось такі дзень, калі ў твар маці выкажа ўсё. Пра адзенне і танны мабільнік, пра патрыманы кампутар, які з'явіўся ў яго пазней за ўсіх у класе, пра свой сорам, калі аднакласнікі прыходзілі да яго ў іх бедную кватэру... Хутчэй за ўсё, яго ніхто спецыяльна і не крыўдзіў, але самыя невялікія заўвагі, самыя бяскрыўдныя кепікі аднагодкаў Генадзь успрымаў як абразы, праўда, не адказваў ніяк, і ўсе думалі, што гэта нічога страшнага: трохі пацвельваць з сябра, “мамчынага сынка”.

З таго дня ў іхнай кватэры ён стаў галоўным. Маці з сынам за парогам кватэры жылі так, як і раней: паважна і ласкава адзін да аднаго, у самой жа кватэры маці стала больш прыслугай і хатняй гаспадыняй. А ў Генадзя знайшлося выйсце для яго комплексу непаўнавартаснасці, і ён з апантанасцю згаладалага на салодкае дзіцяці адшчыкваў і адломваў штовечара і штораніцы невялікія, але такія салодкія кавалкі сваёй асабістай значнасці, якая палягала ў служэнні яму, у павазе яго ды поўнай падпарадкаванасці яму.

Маці была на пенсіі, але працавала — у тым жа ДК, толькі не памочнікам рэжысёра, а прыбіральніцай.

Аўтамабіль, які яны набылі, прынёс у сям’ю часовае супакаенне і лад. Генадзь усведамляў, што тая ранейшая бядота і была пэўнай прычынай для сённяшняга набытку: маці ашчаджала грошы для яго, для пачатку самастойнага жыцця. І аднак жа, яе віна, як няздольнай у тыя часы зарабляць болей, ці хоць выйсці другі раз замуж ды забяспечыць нармальнае маленства і юнацтва сыну, не мінала, хіба што паменшылася, прытупілася. Генадзь чакаў ад маці яшчэ аднаго кроку, пра які яна сама неяк і прагаварылася, калі наведалі бабулю:

— Трэба, мабыць, збірацца мне ды пераязджаць сюды, — казала маці сваёй маці. — Геначка ўжо дарослы, сам здолее пражыць, а тут мне і пенсію траціць не давядзецца — зямля пракорміць, і за табой дагляджу.

— Глядзі, каб не вадзіў там усялякіх, — устрывожылася бабуля. — Цяпер такая моладзь...

— Не, за Геніка я спакойная, ён вельмі адказны, разумны, — пераконвала яе маці.

Але мінула і паўгода, а маці быццам забылася на свае словы. Генадзь, які стаў тады выпадковым і незаўважаным сведкам размовы, не нагадваў маці пра яе жаданне, трываў: нічога не заставалася, як чакаць. Не вытрываў: раз і другі псіхануў быў, сказаў, што не можа нармальна запрасіць дзяўчыну ў госці, бо яна саромеецца. Маці моўчкі праглынула ўпікі, але пасля другога разу пачала збірацца. І не на тыдзень які, а грунтоўна. Назусім. Пра што сыну і выказалася асцярожна. Генадзь, умела хаваючы сваё сапраўднае пачуццё радасці, адказаў, што няма падстаў за яго перажываць — у яго ёсць галава на плячох.

Хоць ніякай дзяўчыны не было. Бо Генадзь баяўся.

Набыты аўтамабіль хоць і змяніў кардынальна самога Генадзя і стаўленне дзяўчат да яго, аднак нічога не мог змяніць у ягоным стаўленні да дзяўчат. Генадзь стаў адкрывальнікам простага сакрэту мужчынскай прывабнасці: поспех у жанчын маюць упэўненыя мужчыны. Тыя, што ведаюць сабе цану. Тыя, што паказваюць сваю ўладу над абставінамі. Упэўненасць прыйшла скора: адзіны гаспадар кватэры, аўтамабіля, цалкам самастойны пяцікурснік. Усё неўзабаве праявілася вонкава, як пот праступіў праз сарочку ў летнюю спёку ў гарадскім аўтобусе. І толькі адно Генадзь хаваў старанна — тое, што ён быў цнатлівым. Так, у свае больш за дваццаць два гады вось такі. Але тут ён не прыспешваў сябе, хоць ад пачатку і была думка: маці з'ехала, дык трэба прывесці якую... за грошы. Стрымвала тое, што жанчына застанецца тут, у горадзе, ён будзе ведаць, што яна жыве і, можа, расказвае некаму, смеючыся, пра яго першую бязладную спробу, хваляванне, сарамлівасць. Генадзь чакаў і ведаў, чаго чакае: набліжалася размеркаванне. Хлопцы яму казалі, што на яго глядзелі як на патэнцыйнага “мужа” — фіктыўны шлюб даваў дзяўчыне мажлівасць застацца ў горадзе, а не ехаць у які аграгарадок. Маці ў свой час парупілася не толькі пра яго паступленне — на трэцім курсе ён праходзіў практыку на гарадскім прадпрыемстве з дакладнай перспектывай работы па заканчэнні. Так і выйшла — ён атрымваў рабочае месца, яго не датычыла перспектыва пакідаць горад.

Урэшце ён атрымаў аж дзве прапановы і спыніў свой выбар на сціплай дзяўчыне, далёка не красуні, хоць постаць у яе была зграбная. Дакладней — магла быць, калі б яе адзелі, як трэба. Цынік і сцябач Вінцусь з іх курса, які пасля месяца навучання даў мянушкі кожнаму студэнту групы (палова з якіх і прыжылася), называў дзяўчыну “хурлядзь”. Што праўда, хоць большасць і не ведала значэння прыдуманага слова, але, выразна адчуваючы ў ім нейкі надта ж абразлівы прысмак, у вочы дзяўчыну так не называлі. Больш таму, што яна і сама не лезла нікому ў вочы. Не проста шэрая мыш, а паўпразрыстая шэрая мыш — так сціпла яна трымалася. Пра яе, на пытанне, якая яна, можна было адказаць двума словамі: ніякая і хурлядзь. Бо хурлядзь, як патлумачыў Вінцусь, тое ж самае, што і рухлядзь, але маладая: “Рухлядзь ёсць асобіна жаночага полу, якая з гадамі страціла ўсё жаночае, апрача таго, што схавана між ног, і скарыстоўвае яго адно на тое, каб хадзіць у прыбіральню. А хурлядзь — тая маладая, якая свайго жаночага так і не знайшла і перакананая: тое, што хавае ніжэй пояса, створанае адно каб пасікаць”.

І вось гэтая дзяўчына, трэба заўважыць, без асаблівай сарамлівасці, хутчэй са сваёй, ужо легендарнай, сціпласцю, падышла да Генадзя і прапанавала яму зарабіць на фіктыўным шлюбе з ёй.

Генадзь толькі паабяцаў “падумаць”, як пабачыў у вачох у дзяўчыны пакорлівасць і гатовасць ці не да ўсяго. Не ўсцешыўся, а нібыта паставіў недзе ўнутры сябе “птушачку” — не памыліўся. Грошы, якія ён атрымваў ад дзяўчыны за “шлюб” былі не галоўным, грошай ставала: маці з вёскі пераводзіла яму ўсю пенсію, яшчэ і бабулінай частку. Генадзь, стоячы перад невысокага росту дзяўчынай з простым, без макіяжу тварам, гледзячы ў яе невыразныя, зусім не намаляваныя вочы, дзе адбіваліся надзея і страх, прапанаваў проста і недвухсэнсоўна: ён жыве цяпер адзін, харчуецца па страўнях ды канапкамі, начамі яму сумна — то чаму б ёй не сыграць ролю жонкі больш грунтоўна?

Дзяўчына, яе звалі Людай, спалохана міргала вачыма, потым каўтнула і сказала:

— Ты... хочаш, каб я жыла з табой як жонка? І... у ложку?

— Чаму б і не? Калі не хочаш — я ж не настойваю, — знарок абыякава адказаў Генадзь. — Ахвотныя знойдуцца. І за большую суму. Дый раптам мне да смаку прыйдзецца жыццё з табой? — амаль гулліва дакончыў ён.

Люда пачырванела — так моцна, што ён здзівіўся, і ціха сказала:

— Я паспрабую... Але... ты ведай, што ў мяне няма... досведу. Ніякага.

Генадзь усміхнуўся куточкамі вуснаў, а недзе яшчэ адна “птушачка” стала і ўскінула свае крылцы: ён зноў не памыліўся.

— Ува ўсіх на пачатку не бывае досведу, — амаль суцяшаючы, адказаў ён.

Праз дзень — “А чаго адкладаць?” — яны падалі заяву, і ўвечары Людміла прыехала да яго з невялікай торбаю: халат, пантофлі, нешта з бялізны і дробязныя рэчы. І засталася нанач.

Генадзь разумеў, што для яго гэта першы досвед, і можа быць фіяска: але як толькі Людміла пераступіла парог, яго ўзбуджэнне стало імкліва нарастаць, ён ледзь стрымваў сябе, каб не пачаць загадваць ёй распранацца адразу ж, ісці ў спальню. Таму выпіў набытую ў аптэцы пігулку і дазволіў Людміле пайсці ўзяць душ, сам паставіў віно — няхай усё будзе неяк хоць крышку аформлена...

Упэўненасць, якую надала яму выпітая пігулка, вера ў яе цудадзейную моц, дазволіла яму быць няспешлівым, не хвалявацца. І Людміла, якая і распраналася, і клалася на канапу так, нібыта рыхтавалася да страшэннага пакарання, наўрад ці падумала, што для Генадзя яна была першай жанчынай.

Генадзь кпіў нязлосна з яе сарамлівасці, і гэта дазволіла яму самому не адчуваць таго ж пачуцця. Ён сцягваў з яе прасціну, вымушаў ляжаць вольна — ён першы раз у сваім жыцці бачыў перад сабой аголенае дзявочае цела. Калі яна падпарадкавалася, выструнілася, Генадзяў шал на нейкі момант адступіў месца захапленню, якое ішло ад аголенага цела: Генадзь раптам пабачыў, што перад ім амаль бездакорнае хараство, вытанчаная фігура дзяўчыны, лялька, нібыта зробленая паводле ўсіх галівудскіх законаў сэксуальнасці. Потым амаль на паўгадзіны яна сапраўды стала для Генадзя жывой лялькай: ці не ўсё тое, што Генадзь бачыў у порнароліках, ён захацеў увасобіць сам. Людміла амаль не супраціўлялася, толькі часам жаласліва прасілася, калі ёй было нясцерпна балюча. Па-праўдзе, Генадзь трохі шкадаваў дзяўчыну, але не мог спыніцца, пакуль не здаволіць свайго юру, нягледзячы на тое, што дзяўчына пад ім уздрыгвала не ад задавальнення, а ад болю, што на прасціне з’явілася крывавая пляміна, што на Людміліных сцёгнах былі крывавыя пісягі, і яго ўласная пахвіна была ў дзявоцкай крыві першага жаночага болю. І пагатоў не мог спыніцца, бо ў тыя хвіліны быў прасякнуты не толькі першым пачуццём сапраўднай блізкасці, якое амаль па-шчанячаму падвывала ў ім, але і салодкім, да вар’яцтва, ўсведамленнем поўнай улады над дзяўчынай, яе целам і воляй.

Яны спалі разам, раніцай Генадзь адчуў яшчэ большае, як увечары, узбуджэнне. Нечакана для Генадзя яно было глыбокім і — з непажаданым ды прыкрым для яго адценнем пяшчоты, якое ён пастараўся прагнаць. Настрою дадало тое, што Людміла цяпер зусім не саромелася (а ў спальні было зусім светла) і не сціскала вусны ад болю — наадварот, ён адчуў, як яна сама асцярожна, сарамліва імкнецца яму насустрач. І ён пачаў жадаць, каб яна атрымала задавальненне, каб ускрыквала пад ім, салодка стагнала, не стрымвалася, прасіла “яшчэ” — каб урэшце яму самому пераканацца ў сваёй здольнасці даводзіць жанчыну да бяспамяцтва аргазму.

Людміла нібыта адгадала ягоныя думкі, хоць цалкам можа быць, што яна і гуляла ў сваю, схаваную ад яго гульню. Але на чацвертую ноч яна першая прыпала да яго. І была ўжо сапраўднай каханкай — такой, якіх Генадзь бачыў на экране манітора: бессаромнай, адгукалася на кожны яго рух, адгадвала жаданні і, галоўнае, стагнала, ускрыквала, і, урэшце, забілася пад ім у канвульсіях асалоды.

Пасля ночы, калі Людміла гатавала канапкі ў кароценькай ночнай кашулі (купіла два дні таму), Генадзь зведаў сапраўдную асалоду ад спазірання яе вытанчанай фігуркі і ўсведамлення таго, што гэтая дзяўчына належыць яму. І сказаў тады:

— Слухай, у цябе ж нармальная фігура, на твар ты не пачвара. Чаго ты ходзіш, як хурлядзь якая калгасная? Адзявацца не ўмееш?

Людміла ўспыхнула чырванню, нічога не адказала. Але за два наступныя дні яна змяніла амаль увесь свой гардэроб. Высока адкрыла свае сапраўды прыгожыя ногі з круглявымі каленямі. Можа, крышку велікаватыя, але дужа прывабныя грудзі цяпер спакусліва выглядалі ці то з глыбокага выразу цішоткі, ці то з-за расшпіленых гузікаў блюзкі. Яна пабыла ў салоне — прафесійны макіяж разам з новай фрызурай да непазнавальнасці змянілі яе твар. Колішні “хвост” пераўтварыўся ў модную стрыжку, валасы змянілі невыразны цёмна-русы колер на яркі каштанавы. У яе хадзе і паставе з’явіліся плаўнасць рухаў, адкрытасць, а з імі — прывабнасць і нават больш: тое, што мужчыны называюць “сэксапільнасцю”. Цяпер яна зусім не нагадвала тую сціплую, безгустоўную вяскоўку. Што праўда, яна не дэманстравала свае дачыненні з Генадзем ва ўніверсітэце. Але і ў вочы, і за спінай Генадзь чуў галасы захаплення не так ёй, як ім: “Ты глядзі, што зрабіў з калгасніцы...” Гэта грэла. Генадзь і сам заўважыў, як зусім па-іншаму стаў выглядаць і Людмілін твар — яго асвячала нейкае нутраное святло сваёй асабістай значнасці і... шчасця.

Аднак, хоць Генадзь і адносіў змены на свой асабісты рахунак, пакідаў і мажлівасць для трывіяльнага разліку самой Людмілы: вельмі магло быць, што яна здумала, быццам мае шанцы застацца ў Генадзевай кватэры сапраўднай жонкай, скарыстоўваючы сваю пекнату і паслужлівасць. Мажлівасць такіх практычных планаў не засмучала Генадзя — ён іх разумеў і прымаў. Але пасміхаўся ў думках: прапісваць Людмілу ён не збіраўся, апрача таго, кватэру маці аформіла як падарунак сыну, так што хвалявацца не было падстаў: калі хочаш ён мог вышпурнуць дзяўчыну з кватэры.

Але пакуль што — няхай будзе. Яна цалкам адпавядала уяўленню добрай жанчыны з барадатага анекдота: гаспадыня на кухні, каралева на людзях, прастытутка ў ложку. І, да ўсяго, служка ў кватэры — Людміла ўжо праз два тыдні іх супольнага жыцця незаўважна для самога Генадзя цалкам узяла на сябе ўсе хатнія абавязкі. Генадзь быў здаволены, з ёй было яшчэ бестурботней, чым раней з маці, да таго яна была яшчэ і жанчына ў ягоны ложак.


2

Менавіта праз машыну і Людмілу ў ёй, у Генадзева жыццё ўварваўся першы ўсвядомлены кавалак памяці маленства.

Быў травень, гарачы, выбуховы, у квецені і зеляніне. Людміла папрасіла-прапанавала: з'ездзіць на гарадское возера — немажліва сядзець у кватэры ў такую гарачыню. Генадзь згадзіўся. На момант у яго ў галаве бліснула думка пра тое, што пляж — выдатнае месца для знаёмства. Вось паедзе, можа, сустрэне каго... цікавейшага. Бо Людміла, калі шчыра, пачынала яму не тое што надакучаць, а рабіцца прэснай. Карцела прайсці яшчэ раз гэтым шляхам заваявання, адкрыцця новага цела, новых (павінны ж быць) пачуццяў.

Аднак, з задавальненнем для сябе, Генадзь мусіў прызнаць, што на пляжы яго Людміла выйгравала ўва ўсіх жанчын і дзяўчат: акуратныя, цудоўнай формы сцёгны, як пляшачкі лыткі, аніводнай складкі тлушчу на жываце... Генадзь глядзеў на чужыя жаночыя фігуры з непрыемным адкрыццём: ён і не падазраваў, што гэтулькі жанчын маюць нізка апушчаны азадак, ці то кавалерыйскай формы сцёгны, худыя, або тоўстыя, у лытках ногі, непрыгожую паверхню скуры, а то і скулкі на грудзях...

І ў дадатак, ён адзначаў тое, з якой прагай пазіраюць на ягоную Людмілу мужыкі. О, яна тут была каралевай, гэта факт...

Людміла была ўмелай плыўчыхай, усё ніяк не магла насыціцца вадой, як для Генадзя — дык і вельмі халоднай. Сталі збірацца назад.

Тут і здарылася.

Салон угрэўся, было невыносна задушна ў першыя хвіліны. Людміла на сядзенні побач адкінулася ў крэсле, мужчынская сарочка, якую замест сукенкі яна адзела на пляж, была не зашпіленая, толькі трохі затуляла яе грудзі вольным крыссём.

Нешта ў крыссі сарочкі, пасцы цела між імі падалося знаёмым, даўным, надзвычай важным, але незразумелым і ад таго невыносным. Са злосцю на пачуццё (ён ледзь не крыкнуў Людміле: “Зашпілі! Вываліла цыцкі, разляглася!”, але стрымаўся, болей з таго, што існавала нейкая кволая надзея: ён успомніць...), Генадзь стаў круціць люк у салоне.

Пабачыў кавалак неба.

І раптам адтуль выцяла так, што Генадзь на хвіліну замружыўся.

У вачох быў лапік неба, які свяціўся над палоскай скуры між грудзей.

— Во як падрала ўсё на сабе... Анягож, такі боль... Як іншым балела, яна не чула... От цяпер адбаліць за ўсіх.

Генадзь не расплюшчваў вочы. Замёр.

Запахла нечым старым... Успомніў — даўно не паленай, сырой грубай.

Ён сядзіць на грубцы (гэта частка грубкі завецца ляжанка), якая закінутая нейкім покрывам. Праз шчыліну ён бачыць ложак, на якім ляжыць старая жанчына: ускудлачаныя валасы, шэры твар з заплюшчанымі вачыма і скрыўленым ротам, вострым носам. Светла-шэрая ночная кашуля на ёй падраная пасярэдзіне, відаць скуру пляскатых, мярцвяна-белых грудзей. Ніжэй цела затуляе брудна-зялёная коўдра. З-пад яе выглядвае адна сухая шэрая рука ў мностве белых плям, перавязаная ля запясця.

Раптам старая на ложку скаланаецца, цела як быццам нехта штурхае знізу, рука спрабуе ўзляцець, але застаецца прывязанай.

— А-а-ы-ы! А-а-ы-ы!.. — крычыць старая страшным, нялюдскім голасам, які цалкам забірае ў сябе маленькага Генадзя, ён не можа працівіцца яму, не можа выдрацца. Ён адгукаецца на голас. Так, ён разумее, што ён — маленькі, што на ложку яго бабуля. Ён ужо даўно чуў яе крыкі, яго праганялі з пакойчыка, забаранялі ісці на другую палову дома, ён мусіць спаць у пуні, там смачна пахне сена і ўначы шумна дыхае карова, а яму карцела... Не, не проста карцела — яго цягнуў, ім кіраваў, яго заварожваў сваёй нечалавечнасцю бабульчын жудасны крык.

Ён незаўважна прашмыгнуў — і вось схаваўся, глядзіць і слухае. Голас гучыць як нейкі загад яму, Генадзю. Ён нешта павінен зрабіць, ён адчувае гэта. Але ён нічога не будзе рабіць, бо цяпер ён скаваны жудасцю, не чуе нават, як б'ецца ягонае сэрца. Ён не чуе сябе — ён нібыта не тут, яго няма, яму сніцца...

— Цімафей прыйдзе, няхай разбірае столь... Ага, нічога не будзе, не памрэ, трэба разбіраць... Во сабрала сабе клунак у дарогу... Не грашыце, бабы, няведама, як самым паміраць... Ага, а хіба ніхто не ведае, што Дунька вырабляла... — чуе Генадзь у кароткай пярэрве між крыкамі. Яго бабулю завуць Дунькай. Цімафей — гэта яго бацька, дужы, страшны...

Здаецца, мінае шмат часу.

Бабуля Дунька на ложку зноў крычыць, не спыняючыся, нібы і не яна крычыць, а проста дыхае нехта з нутра ў яе — вялікі і невядомы, сіпаты, і дыханне ягонае такое гучнае, працяжнае: аыы-аыы-аыы. На крык не звяртаюць увагі. Прыходзяць нейкія людзі, Генадзь бачыць вялікія ногі ў растаптаных кірзавых ботах, пад якімі гнуцца масніцы. На бабулю кладуць прасціну ў жоўтыя кветкі.

Потым Генадзь чуе, як над галавой нехта ходзіць, вошкаецца. Ён чакае са страхам, што на яго зараз усё абрынецца, але гук змяшчаецца ўбок. І раптам у паўзмрок пакойчыка падае нязыркае святло — у столі з’яўлецца вузкая і доўгая дзірка, акурат над ложкам.

— Яшчэ адну дошку вымайце, хлопцы, — чуецца жаночы голас. — Каб прайшла вольна.

Дзірка пашыраецца.

Цяпер Генадзь бы прыкаваны да грубкі, ён намагаецца зліцца з ёй, бо халадзее ад думкі, што яго пабачаць і прагоняць. Цяпер жа павінна быць самае галоўнае, самае-самае...

Праходзяць хвіліны... Час цягнецца, ён амаль фізічна адчуваецца — густы, з пылам, што вісіць у слупе дзённага святла над ложкам, адзінкамі часу ёсць крыкі з-пад прасціны, на якую нацерушылася смецця:

— А-а-ы! А-а-ы!

— Цімафей, рэж страху... Не адыдзе яна...

Згары праз вузкую дзірку ў столі сыплецца саламяная церуха, а потым адтуль б'е сноп сапраўднага дзённага святла.

Знікае жоўтая матэрыя. На тонкую маршчыністую скуру старых грудзей падае паласа святла.

І адгукаючыся на святло пачынае біцца на сваім ложку старэчае прывязанае цела, заходзіцца крыкам болю і роспачы, працяглымі стогнамі.

— Адыходзіць, канчаецца... Божа-Божа, во як пакутуе... А як Маньцы свая карова цыцку прабіла рогам і рэбры паламала — той не балела? А дзеці без малака сярод зімы засталіся? А Варка, ці памятаеце, бабы, як той клуначак падняла на двары, дык пальцы рук так скруціла, што крыкам крычала, тыдзень карову не даіла, і дзеці хлеб у рот клалі і ваду падносілі. Во, кінула забаўку была. А каб дзіця падняло — страх і думаць... От хай той боль цяпер забірае сабе... Праўду казалі людзі, праўду...

І тут узнікае цішыня — аж чуваць, як над дзіркай праз столь і дах каротка піскае ластаўка.

Сціх стогнат.

Генадзь бачыць, як баба Дунька расплюшчыла вочы. І гэтулькі нянавісці і ўлады было ў яе зусім свядомым паглядзе, што пачулася тупаценне: гэта жанчыны, што стаялі каля ложку, падаліся назад.

— Вады прынясеце...

— Дзе Марыя? Марыя дзе? Свякруха вады просіць! Марыя, го! Нясі піць свякрусе!

Генадзь бачыць постаць жанчыны са спіны, яна нахілілася над бабай.

— Руку адвяжы мне ету... Цяпер ідзі, — голас бабы Дунькі слабы, але ў ім па-ранейшаму гучыць уладная грэблівасць.

Ціхі шэпт жанчын перапыняе гэты ж голас, але ўжо з ноткамі зларадасці і з'едлівага смеху:

— А я ж усё-усёханькі чула... Што кожная казала... І ўсіх бачыла. Усіх... Усіх запомню...

Нехта першы з жанчын не вытрымвае і выскоквае за дзверы. За ёй — іншыя.

Настае цішыня. Генадзю робіцца страшна, яму расхацелася тут сядзець, ён думае пра тое, што баба яго бачыць — бачыць праз тканіну покрыва, і цела ягонае яшчэ болей дранцвее, ён адчувае, як пакрываецца пухіркамі спіна. І не памыляецца. Голас старой загадвае, але ласкава:

— Хадзі сюды, унучак, не бойся. Хадзі, баба табе нешта важнае скажа... Хадзі, не бойся. Ты станеш заможным, у цябе ўсё будзе. Толькі баба скажа...

Генадзю хочацца, каб у яго ўсё было. Былі цукеркі і цацкі. Ён сам не разумее, як апынаецца ля ложка старой. Зблізу твар бабы Дунькі яшчэ страшнейшы, скура ўся зморшчаная, жоўта-шэрая, у плямах і плямках, рудых і чорных, тонкія вусны амаль сінія, у барвовых кропках, але ў вачох яе блішчаць агеньчыкі, і тыя агеньчыкі не страшныя — можа, у іх адбіваецца сіняе неба.

— Можна мне зазірнуць?

— Зазірні...

Генадзь падыходзіць зусім блізка і зазірае ўгару: праз няроўны прастакутнік выдранай саломы ён бачыць сіняе-сіняе неба і кавалачак белай аблачынкі.

— Дай мне руку, — чуе Генадзь загад.

Яму не хочацца даваць сваю руку бабе, але адначасна ён ведае, што даць павінен. Бабу трэба слухаць.

Ягоная рука раптам кранаецца нечага невыказна халоднага, як лёду, і холад пранізвае ўсе пальцы, далонь — гэта бабіны тонкія крываватыя пальцы абхапілі яе.

Той даўны холад з маленства быў такім моцным, што Генадзь уздрыгнуў цяпер, тут, і зразумеў, што колькі часу сядзіць застыўшы, з задранай угару рукой — трымаецца за рэгулятар адкрыцця люка.

Не, часу мінула зусім не шмат — Людміла побач нават не павярнула да яго галавы. Ён не перажываў успаміну — ён уварваўся ў ягоную свядомасць тысячамі гукаў, фарбаў, адценняў і пачуццяў, і цяпер можна не спяшаючыся, павольна, успамінаць, нібыта праглядаць на маніторы хвіліны маленства... Маленства, якое ў яго ўкрала маці!

Генадзь не памятаў, як ён даехаў да горада — усе яго думкі былі занятыя. Ён засяродзіўся на сваім адчуванні там і зразумеў, што старая нешта сказала яму. Што? Баба клікала яго не дзеля таго, каб патрымаць за руку! Не таму! Ён ішоў слухаць — калі памяць вярнула той момант, значыць, баба нешта сказала. Важнае. Вельмі важнае... бо ў яго была асаблівая бабуля Дунька! Бач, як яе баяліся... І смерць яе не брала гэтулькі часу. Не, бабуля ведала шмат, бабуля шмат магла... Трэба ўспамінаць, успамінаць... Яна нешта мусіла сказаць.

У той вечар ён не сядаў за кампутар, не ўлучаў тэлевізара. Проста ляжаў на ложку, глядзеў у столь. Людміла паспрабавала было пацікавіцца, што з ім, ці не яна таму віной, але Генадзь адно махнуў рукой, каб зачыніла дзверы.

У кватэры да самай ночы было ціха.

Генадзь нічога не ўспомніў. Ён зноў прысніў маленства. Ён не бачыў там нічога выразнага: тыя самыя колеры, нейкія плямы-фігуры, адчуванне страху і захаплення. І цвёрдая ўпэўненасць у тым, што гэта менавіта маленства.

Мінула дні тры, Генадзь пастанавіў для сябе, што для ўспаміну трэба нейкі вылучны, асаблівы момант — накшталт такога, які адбыўся ў машыне ля возера. Трэба, каб для памяці была падсунутая карцінка, максімальна блізкая да таго, што было. Тады, у машыне, усё адбылося выпадкова: расхрыстаныя Людміліны грудзі, яе сарочка, нібыта падраная старая кашуля бабы Дунькі, адкрытая частка неба над жанчынай...

Наступныя дні былі занятыя шуканнем: што і дзе? Што можа вярнуць яго ў маленства? Дзе можна зноў сустрэць такі малюнак?

Зразумела, ён не аднаго разу, а двойчы (адзін раз ездзілі на возера) прымушаў Людмілу гэтаксама як тады, адкідвацца ў крэсле, расшпільваць кашулю. Круціў люк... выніку не было.

У той дзень неспадзеўкі надышла навальніца, прагрукатала, пасляпіла маланкамі, абдала горад кароткаю залевай. Людміла выйшла на балкон, расхінула рамы, гукнула яго:

— Генік, ідзі, падыхай свежым! Так цудоўна пахне!

Генадзь выйшаў.

Людміла працягвала рукі пад кроплі, што зрываліся з верхняга балкона.

Падлога балкона быццам падзеленая напалам: адна цёмная частка ля яго пярэдняй сцяны, і другая — светлая, шчодра залітая сонцам.

Генадзь застыў, гледзячы на гэтую вузкую паласу святла ля сцяны.

У галаве рыхтык круцілася старая, з шчэрбамі кружэлка, па якой скакала з дарожкі на дарожку голка, і ў свядомасці ўсплывалі нават не абрыўкі фраз, а пачаткі ці канцоўкі гукаў, кароткія ўсхліпы мелодыяў.

— Ляж тут, — хрыпла загадаў ён.

Людміла азірнулася, гуллівая нясмелая ўсмешка сходзіла з яе твару — яе напужаў Генадзяў твар.

— На... навошта? — асцярожна спытала яна, але апусцілася на калені. — Скідаць халат?

— Расхіні...

Людміла падпарадкавалася, легла, з неспакоем сачыла за Генадзем. Ён прысеў перад ёй на калені, глядзеў на паласу святла, на постаць дзяўчыны пад гэтай паласой.

Яна павольна, можа, каб хоць трохі супакоіцца самой, адчуць ягонае цела, узняла руку і дакранулася ёю да Генадзявай далоні.

Пальцы ў Людмілы былі халодныя ад кропель дажджу. Халодныя... як бабуліны.

Генадзь уздрыгнуў і заплюшчыў вочы.

Гэтым разам мінулае не ўварвалася, а працяло ягоную свядомасць, выклікаючы салодкую дрыготку.

...Ён зноў там — ля бабулі.

— Ты будзеш вялікім чалавекам, будзеш, — шэпча пераканаўча баба Дунька, нібыта загадвае яму, Генадзю, такім быць. — Табе будуць падпарадкоўвацца, ты будзеш наверсе, ты будзеш вялікім. Слухай і глядзі. Знакі глядзі. Не прапусці — цябе паклічуць. Пасля... потым... знайдзі пада мной... забяры — гэта тваё. Яно...

І нечакана Генадзя рве, уздымае ўгару нешта імклівае і дужае.

Яго нясуць на руках, ён з паху пазнае — маці, бачыць, як зачыняюцца за ім дзверы ў пакой, дзверы ў хату, потым галінка яблыні чапляецца, моцна драпае ягоную галаву, і ён плача...

Генадзь расплюшчыў вочы, уздыхнуў глыбока, выдыхнуў і ўголас сказаў:

— Буду...

Людміла няўцямна ўсміхнулася яму.

— Буду! — Генадзь адразу абедзвюма рукамі схапіў аголеныя дзявочыя грудзі, сціснуў моцна, аж скрывілася ад болю Людміла, і загадаў: — Уставай. Збірайся, заўтра паедзеш са мной. Да маці.

Калі б ён зазірнуў у Людміліны вочы, ён пабачыў бы там страх — ужо сапраўдны жаноцкі страх.


3

Але раніцай Генадзь змяніў намер: ён не павінен браць Людмілу з сабой. Паўночы ён думаў над бабулінымі словамі. Найперш — пра знакі. Людміла — гэта знак ці не? Бо і ў першым разе, і ў другім яна, Людміла, сапраўды падвяла яго пад тую рысу, за якой раптам настала прасвятленне памяці. Дык яна — знак?

Але куды яна можа паклікаць? Трэба ісці за знакам, ён жа добра ўсё зразумеў: ісці за знакам, яго паклічуць! Не, яна не знак. Яна памагла ўспомніць — і роля яе выкананая. У кожнага свая роля.

Прапанавалі застацца на прадпрыемстве... Не, там няма знаку, там маці паспрыяла, пабегала... От жа дзіўна: ніякай пасады ў яе не было, ніякай значнасці, а гэтулькі ў яе знаёмых, гэтулькі людзей ёй заўсёды былі абавязаныя, хоць па самых нязначных дробязях, але ж абавязаныя. І яна сама заўсёды кідалася кожнаму ў нечым дапамагаць, сама, ніхто яе часцей за ўсё не прасіў.

Не, маці — не знак, відавочна. Маці... маці не дала даслухаць бабу! Добра, ён запытае...

Людміла ўспрыняла яго пастанову ехаць аднаму амаль без эмоцыяў. Здаецца, яна здагадалася, што Генадзь збіраўся ў дарогу зусім не затым, каб пазнаёміць яе з роднымі.

Генадзь упярод патэлефанаваў, сказаў, што выязджае, каб маці была дома. Чаго, не сказаў. “Прыеду — скажу.” Ён збіраўся: складаў у пакет зробленыя Людмілай канапкі, тэрмас з гарачай кавай, старыя красоўкі, ношаную куртку-плашчоўку. Людміла нічога не пыталася — яна сама была адным вялікім пытальнікам пасля слоў: “Чаго яшчэ трэба”.

А Генадзь адчуваў сябе... шчаслівым. Можа, тое і не было шчасцем, але якое яно, шчасце, калі ты вось толькі цяпер, першы раз у сваім жыцці нешта робіш таму, што менавіта табе трэба? Гэта было неверагодным пачуццём: яно поўніла і п’яніла, Генадзь быў шчасліва-ўзбуджаны і ўвесь падабраны, справавіты. Менавіта з такім настроем і пачынаюць вялікія, значныя справы, думаў ён пра сябе, пра свой стан. Колькі ён пражыў, а ніколі нічога не рабіў адмыслова для сябе. Ён плыў з вадою? Так, ён плыў, вада несла яго, але ён сам падграбаў пакрысе да зручнага яму берага, сам ціхенька адпіхваў тое смецце і трэскі, што несла вада, ашчаджаў сябе ад чужых эмоцыяў, непатрэбных знаёмстваў, неабавязковых сустрэч. Не выходзіла адштурхнуць нешта — ён прытарможваў, каб плынь панесла далей той чужы яму вэрхал турбот і неспакою.

І ён слушна рабіў! Слушна, бо не было яму знака, яго і не магло быць, бо ён не ведаў тады пра знак. Каб быў знак, каб прыйшоў ягоны час — ён бы ўспомніў раней бабулю... Але цяпер прыйшоў час. Праз два месяцы ён скончыць універсітэт, ён — цалкам забяспечаны, ён — на старце. І менавіта цяпер бабуля адтуль падказвае: пара.

Пяць гадзін дарогі не змаглі ні стаміць Генадзя, ні патушыць ранішняга ўзбуджэння. Маці чакала яго ля дома: нечакана маленькая ростам, адзетая па-простаму, па-вясковаму, сівая зусім. У выцвілай лёгкай хусцінцы, завязанай ззаду, за вушамі, яна была непрыгожай і чужой.

Маці памкнулася насустрач, Генадзь патрываў, даў ёй сябе абняць і дакрануцца сухім вуснам да сваёй шчакі.

— Хадзем, сыночак, пакармлю, полудзень гатовы, я чакала-чакала, усё выходзіла глядзець... бабуля зусім слабая, ляжыць, ужо і не памятае амаль нічога, не гаворыць. Памрэ зараз... А як у цябе справы, сыночак? Як з дыпломам? Ці стае грошай? Я тут яшчэ зберла, што ж, нічога не купляем... От каб мама яшчэ два тыдні працягнула, была б яшчэ адна пенсія, дай Божа, атрымаем. Пенсія ж вялікая...

Што пенсія ў бабулі Наталлі была вялікая, Генадзь ведаў. Дзяўчынай яна была ў партызанскім аддзеле, прызналі ветэранам...

Да бабулі Генадзь не пайшоў — не хацелася псаваць сабе настрою выглядам старой хворай жанчыны.

— Я заеду, як буду назад ехаць... Можа, ёй лепей стане, каб хоць павітацца, — апраўдаўся ён.

— А куды ты цяпер? — насцярожылася маці. — Сказаў, прыедзеш, а што за справа — не сказаў...

— Такая справа... Дзе тая вёска, у якой я малым жыў у бацькі? Дзе тая баба жыла — баба Дунька?

Маці збялела.

— Адкуль ты ведаеш, як яе... звалі? Я ж не казала табе?

— Значыцца, ведаю, — шматзначна адказаў Генадзь. — Я шмат чаго ведаю... цяпер. Што ты ад мяне хавала. Ды добра, хавала — твая справа. Дык дзе вёска, дзе дом?

Ён спытаў такім тонам, што было зразумела: ён не прыме адмоўнага адказу ці адгаворкі на дрэнную памяць.

— Там... Рубанае, вёска, — ціха адказала маці. — Мабыць, там нікога не засталося ўжо. Там адсяленне было, хоць не зона, але ж выязджалі...

— У якой вобласці? Які раён?

Маці адказала, перасільваючы сябе, запытала:

— Навошта табе туды ехаць, сыночак?

— Трэба! — жорстка адказаў Генадзь. — Ці я не маю права паглядзець на тое месца, дзе мінулі мае першыя гады жыцця? Можа, і бацьку дзе знайду...

— Бацькі няма... Спраўлялася я нядаўна. Памёр... у турме.

— Не важна. Усё, я паехаў.

— Чакай, зараз з сабой збяру... Паесці каб, туды ж далёка... І грошы, грошы...

Генадзь не прыспешваў маці — яна і так ці не подбегам паспявала па хаце.

Ён выехаў на трасу, прыпыніўся на ўзбочыне. Дастаў мапу аўтамабільных дарог. Дзвесце кіламетраў, сама мала. І чвэрць дарогі вёскамі. Гадзіны за тры дасць рады...

Дзень быў сонечны, цёплы, амаль летні. Генадзь увамкнуў музыку — ён не мог трываць цяпер у спакойнай цішыні. Дарога была добрая, да павароткі, ад якой заставалася кіламетраў пяцьдзясят, праляцеў хутка. А далей пачалося — увесь асфальт у выбоінах.

Пачалі трапляцца паўжывыя і цалкам мёртвыя вёскі: спарахнелыя, паваленыя платы, хлявы без дахаў, дамы без вокнаў. Яшчэ паварот — асфальт скончыўся, пайшла жвіроўка, дрогкая, але даволі роўная.

Ціш і бязлюддзе. Генадзя ніхто не абагнаў, насустрач патрапілася адна машына — цяжкавік. Мінуў вялікую, жывую вёску, у ёй стаяла ўзбоч дарогі некалькі аднолькавых, адносна новых на выгляд цагляных дамоў. Аграгарадок... Паспела палупіцца фарба, пакладзеная проста на цагляныя сцены невялікай крамкі з гучнай назвай “Светач”.

У ёй, даволі прасторнай і пуставатай, было дзве прадаўніцы. Адна маладзейшая, з вялізнымі клубамі стаяла ля прылаўка з боку пакупнікоў, адставіўшы на ўваход шырачэзны азадак. Войкнула на рыпенне двярэй, выпрасталася, абцягнула халат на вялікіх, дзябёлых грудзях.

Другая ўсміхнулася — не Генадзю, сама сабе, і, як падалося Генадзю, помсліва. Дзіўна, але ў гэтай жанчыны, гадоў сарака, быў чысты, загарэлы і прыемны твар, з акуратнымі формамі рота і носа, інтэлігентная пастава і мяккі, спакойны голас. Ёй бы болей пасавала быць якой настаўніцай, а не падаваць мужыкам пляшкі чарніла — вунь яго колькі на прылаўку...

Генадзь папрасіў пляшку мінералкі, расплаціўся, спытаў:

— Да Рубанага дарогаю можна даехаць?

— Да Рубанага? — не стала хаваць здзіўлення жанчына. — Там жа гадоў дзесяць ніхто не жыве... Хат пяць засталося, рэшту пазабіралі. Зарасло ўсё.... Але выбачайце, калі вам трэба — даедзеце. Дажджоў не было, дарога добрая.

Генадзь не часта быў у розных вёсках, хіба што ў бабулі па маці, ды яшчэ праязджаў міма на машыне. Можа, таму тое, што ён пабачыў, змусіла яго вымкнуць музыку ў салоне.

Тут нельга было гаварыць гучна. Тут нельга было гаварыць наагул. Бо тут жыла смерць.

Перш падалося, што проста пачаўся нейкі лясок, з самотнымі высачэзнымі дрэвамі ды густым хмызняком. Але раптам у прагале між дзвюма вялізнымі ліпамі Генадзь пабачыў шэрую сцяну будынка з круглых бярвёнаў. Квадраты чорных дзірак без аконных пераплётаў. Кроквы, як косткі, замест даху, а разам усё — як аб'едзены труп нейкай пачварыны.

Генадзь прытармазіў, выйшаў з машыны. Разгледзеўся. Як выявілася, ён ужо колькі часу едзе вясковай вуліцай. Так, вуліца: шырокая некалі, якую станавілі два шэрагі хат абапал.

Дарога ледзь адгадвалася далей — па тым, што ў колішніх каляінах трава была ніжэй.

Буяла зеляніца. Высокія дрэвы, што раней стаялі ля платоў і веснічак, цяпер былі аточаныя маладняком. Суцэльнай ружова-зялёнай сцяной убаку ад Генадзя цвіў бэз, затуляў сабой яшчэ адну хатку, а дакладней тое, што ад яе засталося.

Генадзь завёў машыну і асцярожна праехаў наперад, звярнуўшы галаву ў левы бок: так казала маці, апошняя хата па левым баку...

Апошняя. Далей ужо хмызы і сапраўдны лес вольхаў і асін.

Скінуў туфлі і абуў красоўкі. Накінуў куртку.

Дах праваліўся пасярэдзіне, адна сцяна выпнулася вонкі. Генадзь стаяў перад хатай і не мог паверыць, што тут маглі жыць людзі.

На гэтых могілках чалавечага жытла стала такой відавочнай уся марнасць чалавечага жыцця і няўхільнасць канца. Усё вядзе да смерці. Вось тут некалі было жыццё. Тут былі пачуцці і эмоцыі, тут гучалі галасы, тут спрачаліся і, можа, любіліся. Сварыліся, цешыліся, пакутавалі, гаравалі, галадалі, скакалі, нараджалі. І паміралі.

І ўрэшце — памерла ўсё і ўсе.

Вакол быў суцэльны зараснік: язмін пераплёўся з бэзам, дзікія сліўкі — з маліннікам, вішаннік падступаў з другога боку. На вольных ад дрэў месцах сцяной стаяла крапіва вышынёй амаль з Генадзя.

Выламаў дручок і з ягонай дапамогай стаў пракладаць сабе дарогу ў крапіве да невядома дзе схаваных дзвярэй.

Знайшоў. І разгублены спыніўся: што за людзі тут жылі? Няўжо яны былі такія маленькія, ці ім прыемна было згінацца ледзь не напалам, каб зайсці ў дом? Усё здавалася штучным, бутафорскім, рыктык ён патрапіў не ў колішняе жытло чалавека, а ў прыдуманую краіну: дзе жывуць адны дзеці. Яны вырастаюць і пераязджаюць некуды жыць далей. Ці паміраюць. І вось так сталася, што ў краіне нарадзіліся ўсе дзеці, якія маглі нарадзіцца. І не стала дзяцей...

Дзвярэй не было, адно праём. Усярэдзіне грувасціліся трухлявыя бэлькі і кроквы. Дошак падлогі не відаць: відавочна, іх прыбралі практычныя людзі.

Было ціха. Так ціха, што гучным падаваўся кожны крок па гэтай магіле. Не было чуваць ні птушынага пошчаку, ні цвыркання конікаў.

...Як быццам, сенцы. Боўтаюцца дзверы, здзертыя з адной завесы. Трэба толькі адкінуць рэшткі кроквы...

Увайшоў.

Тут не пахла жытлом. На месцы печы зеўрала яміна, у якой рос лопух. “І цэглу прыбралі... І падлогі ж няма”.

І гэта ўстрывожыла: “Пада мной знойдзеш”. Як і што можна знайсці, калі няма дзе шукаць? Што магло быць пад ложкам, што можна знайсці, калі дошкі прыбралі!

Генадзь роспачна зрабіў чатыры крокі далей — столькі трэба было, каб зазірнуць у сярэдзіну другой паловы хаты. Ступіў цераз парог і замёр...

— Не чапай сына! Кранешся — заб’ю! — крычыць маці.

— Не тваё дзіця, сікуха... Само яно да мяне прыйдзе... А табе яшчэ гукнецца, — бабулін голас, насмешлівы і злы.

— Не прыйдзе!

— Свіней ідзі карміць, брыда, — загадвае бабуля...

Тут.

Генадзь паглядзеў налева, і сэрца шалёна падскочыла пад горла: усе дошкі з падлогі зніклі, але тут, між сцяной і грубай, якая цяпер была проста кучай рудой гліны, ляжалі дошкі: шырокія, кароткія. Ляжалі няроўна, бугрыліся, нібыта знізу нешта імкнулася праз іх прабіцца ўгару.

А на дошках, як на адмысловым пастаменце, стаяў вялікі драўляны ложак, без матраца. Тоўстыя высокія ногі папарна злучаныя спінкамі. Тая, ад галавы, высокая. Ад парога нізкая. З-за яе малы Генадзь часта пазіраў на бабулю — яна сядзела на ложку, расказвала яму... не памятае, але нешта страшнае, такое, што хацелася ўцячы, а ўцячы не мог, хаваўся ад бабы за спінку, слухаў яе голас. Страх трохі меншаў, ці то баба адмыслова пачынала казаць не так страшна, тады Генадзь высоўваўся — баба хітра падміргвала яму і зноўку казала нешта жудаснае.

Спінкі з ножкамі злучалі дзве тоўстыя білы. “Да іх і прывязвалі рукі”. Варухнуўся жаль, зусім не да месца тут, не да часу.

Генадзь адкінуў ложак на рэшткі грубкі.

Прысеў, стаў уважліва глядзець на падлогу. Сухое лісцё і смецце.

Глупства, падумаў урэшце: калі б тут і было што, на падлозе, яго б даўно паднялі.

Яму трэба было пасля смерці бабы прыйсці і залезці пад ложак. Чаму ён не прыйшоў? Маці... Яна не пусціла. А можа, і прыходзіў сюды Генадзь. Ды маці паперадзе яго прайшлася з мяцёлкай ці мокрай анучай.

Генадзь устаў, пашукаў вачыма — нічога патрэбнага, зручнага не знайшоў. Адгроб нагой зямлю і смецце ад берагу дошак.

Падчапіў адну, адкінуў.

Ведаў, што дошкі мусяць ляжаць на нейкіх папярочных бэльках, а тут адразу пад дошкай зямля. Чорная, чыстая. Такая чыстая, што захавала ў сабе малюнак паверхні дошкі: сучок, пражылкі... Другая, трэцяя дошка... Адкінуў апошнюю, ад сцяны, найцяжэйшую і шырокую. У першы момант мільганула надзея, ды згасла: тое, што прыцягнула ўвагу, было невялікім мышыным гняздом, ад якога ў самы кут вёў кароткі адкрыты ход.

І ўсё.

Але расчаравання не было — адно стома. І крыўда. Што нічога не выйшла. Што тое, у што ён гэтак паверыў, было проста ўспамінам маленства.

Падняў той самы дручок, якім збіваў галінастую крапіву на шляху, калупнуў без асаблівай цікавасці мёртвае мышынае гняздо. Невялікі шарык з сухой травы, смецця, кавалачкаў матэрыі, нітак, выкаціўся на чорную, прыбітую дошкамі зямлю, амаль рассыпаўся.

І цьмяна засвяціўся ў гэтай парахні кавалачак металу. Можа, срэбра.

Генадзь не паспеў здзівіцца гэтаму свячэнню, а гарачая хваля ўзбуджэння наструніла ногі, цёпла сціснула жывот, апаліла грудзі і падымалася вышэй — да горла, якое раптам зрабілася сухім.

Борзда прысеў, разварушыў рэшткі гнязда, узняў знойдзенае.

На тоўстай суровай нітцы чорнага колеру боўтаўся срэбны (так, цяпер Генадзь быў пэўны, што срэбны) кружок дыяметрам сантыметры два. У цэнтры кружка на адным баку была выява пяці круглых пялёсткаў, падобных да кропелек, вострымі канцамі ў сярэдзіну. Другі бок быў чысты.

Генадзь за нітку трымаў сваю знаходку перад вачыма, потым падставіў разнятую далонь і стаў павольна апускаць кружок. Ён быў пэўны, што першы дотык яму скажа... нешта важнае скажа.

Але кружок неспадзявана абпаліў скуру рукі холадам — быццам на далонь паклалі прамерзлую жалезіну ды яшчэ прыціснулі. Генадзь стрываў і адчуў, як срэбны кружок, усмактаўшы цяпло ягонай рукі, неахвотна нагрэўся.

І нешта ўваходзіла ў яго, Генадзя — халоднае, разважлівае. Але не страшыла зусім. Яно было сваім, жаданым...

Без усякай гідлівасці Генадзь, ледзь праціскаючы галаву ў вузкую пятлю, адзеў матузок са срэбным кружком на шыю.


4

Адным з улюбёных заняткаў на форуме ў Генадзя было стварэнне тэмаў з назвай: “Душа патрабуе”. Ніколі не забудзе, колькі дадатных эмоцыяў яна яму прынесла, калі запосціў такую першы раз: “Душа патрабуе паклапаціцца пра бліжняга. Ёсць 15 даляраў Веб-Мані, якія аддам таму, хто першы пакіне ў тэме нумар свайго партманета”.

Што пачалося! Адразу спрабавалі адгадаць: у чым тут ашуканства? Ведалі, што засвяціць у “пабліку” свой нумар партманета — стаць мішэнню для спамераў і хакераў. Але ж пасля таго, як атрымаеш грошы, пост можна адрэдагаваць і зацерці нумар. Не, мабыць, мэта нейкая іншая...

Генадзь чытаў пасты, часам кідаў якія рэплікі — і рагатаў амаль уголас. Як жа ўсім карцела вось так, на халяву, атрымаць 15 даляраў. А адначасна — баяліся ўсе. І нават больш чым баяліся: кожны, хто зазіраў у тэму, хацеў бы атрымаць, але каб не прызнавацца! У першыя хвіліны на Генадзя звалілася, можа, з дваццаць лістоў у асабістую скрыню на форуме з нумарамі партманетаў.

“Не, сябры, не! Не шліце нумары партманетаў уасобку — толькі тут, прылюдна пішыце свае партманеты. 15 даляраў — хто напіша першы”.

Адно праз гадзіну нехта напісаў. І тут пачалося: шчаслівага смеляка сталі гнобіць і ўпікаць у сквапнасці. Маўляў, мог бы пачакаць. І пры ўсім патрабавалі праз тыдзень паведаміць, ці не здарыцца якіх непрыемнасцяў.

Праз месяц Генадзь прапанаваў усяго 10 даляраў Веб-Мані. Але гэтым разам так, каб ахвотны атрымаць грошы пакінуў запіс: “Я хачу задарма атрымаць на свой партманет №... 10 даляраў”. Гэта ўскладняла сітуацыю: усе ведалі, што такое прызнанне можна скарыстаць у скарзе ў Арбітраж Веб-Мані: вось, маўляў, займаецца выпрошваннем грошай. Рэакцыя Арбітража была заўсёды аднолькавай на падобныя скаргі: партманет блакаваўся. Месяц-другі ішло разбіранне такіх выпадкаў... Зноў былі нібыта разумныя пасты, у якіх спрабавалі адгадаць тыя прычыны, з якіх Генадзь аддаваў проста так свае грошы першаму сустрэчнаму. Генадзь смяяўся ў адказ: “Людзі, вы мяне не ведаеце? Я сур'ёзны чалавек, от з’явілася ў мяне такое жаданне — даць некаму грошай. Таму і даю”. Пачалі ўпікаць: хочаш аддаць, дык аддай у які фонд, пойдзе дзіцяці на лячэнне. “Чаму вы тут уздумалі, што можаце мне дыктаваць: каму, куды і колькі мне аддаваць грошай?” — адрэагаваў Генадзь, спрэчка разгарэлася з новай сілай. Урэшце з'явіўся нехта малавядомы і запасціў нумар партманета. Генадзь пералічыў грошы, запатрабаваў пацверджання ў тэме і дадаў потым: “Чакайце. Акцыя носіць заўсёдны характар”. Грошы ў Генадзя былі: бабуля падаравала на дзень народзінаў суму, частку якой Генадзь надумаў выдаткаваць на “асабістыя маленькія капрызы”, як казаў пра свае забавы на форуме.

Генадзя сапраўды ведалі на форуме даўно. Сваё адасобленае жыццё ў універсітэце ён навучыўся кампенсаваць форумным віртуальным жыццём недзе на другім курсе — калі зразумеў, што ягоная будучая прафесія інжынера-тэхнолага не проста не цікавая яму, а глыбока варожая ягонай існасці. Форум з яго віртуальным светам раптам разбурыў грэблю таго жадання да камунікавання, якое, як выявілася, збіралася ўсе гады ў Генадзявай душы і вось — атрымала выйсце. Цудоўнае выйсце! Тут было галоўнае: мажлівасць адказваць не тут і зараз, а праз некалькіх хвілін ці нават гадзін. І за гэты час можна было прыдумаць ці знайсці ў сеціве адказ...

Ён знайшоў для сябе арыгінальную тактыку камунікавання на форуме, віртуальны партрэт заўзятара рэсурсу: ён ніколі не бараніў нейкіх ідэй ці думак, не расказваў і не даводзіў. Ён заўжды займаўся адным: разбурэннем, крытыкай, руйнаваннем. Неабмежаваная тэматыка размоў прывяла да таго, што Генадзь патроху стаў разбірацца ў шмат якіх праявах жыцця, самых розных тэмах. Бо без тэарэтычных ведаў нельга было знайсці ў выказваннях праціўніка слабых месцаў, скласці тонкую схему заваблівання суразмоўніка ў загадзя падрыхтаваную пастку, і Генадзь мусіў шмат чытаць, самага рознага кшталту: ад Бібліі да тэорыі касмічных струн, ад апошніх даследаванняў у археалогіі да эксперыментаў з калайдарам.

З’яўленне ў ягонай кватэры Людмілы істотна не паўплывала на яго вечаровыя гадзіны — іншым разам ён заседжваўся да глыбокай ночы: ці то смакуючы, прыціскаў апанента да сцяны сваімі пытаннямі, ці то шукаў у сеціве патрэбную інфармацыю, каб выказацца заўтра, пакінуць у тэме яскравы і выразны пост.

Генадзя і паважалі, і асцерагаліся, хоць, зразумела, знаходзіліся і тыя, хто яго не любіў. Дакладней, той вобраз, які ён стварыў: едкага, бязлітаснага забойцу чужых ідэй і думак, цынічнага разбуральніка. Пакрысе, але няўхільна, яго аўтарытэт разбуральніка рос, і нярэдка, калі які актыўны навік хацеў на форуме эфектна заявіць пра сябе, здзівіць суразмоўцу нечым арыгінальным і цікавым, апошняга папярэджвалі: “Чакай-чакай, зараз прыйдзе Віконт...”

Віконт — гэта Генадзяў нік. Больш яго ніяк не ведалі.

“Рэч 24 міліметры ў дыяметры, каля 1,6 міліметра таўшчынёй з берага. На адным баку — выпуклая кветка з пяці пялёсткаў. Другі бок чысты. Срэбра. Па-варварску праз верхні пялёстак зроблена дзірачка і прапушчаны ланцужок. Вось малюнак. Хто мне патлумачыць: што гэта?”

Генадзь пачаў тэму, а сам усё шукаў у сеціве хоць нешта падобнае. Зрэшты, нічога дзіўнага не было: пяціпялёсткавая кветка не рэдкасць. Усё як звычайна: талісман.

“Падобна да кветкі канюшыны, пяціпялёсткавай. Трохпялёсткавая — звычайны амулет, які сімвалізуе тройцу. Чатырохпялёсткавы — талісман кахання. Ну, а калі пяць — то дзеля грошай насілі...”

“Рэдкі амулет. Арыгіналаў не сустракаў, хоць цікавіўся. Адно бясспрэчна: лік пяць — не тройца Божая”.

“Баіцеся вы пяці, як чорт ладану”.

“Баяцца не трэба, а трэба ведаць: пяціканцовая зорка — сімвал таго, а не гэтага”.

“От зараз паклічам у тэму якога ветэрана, дасць ён за пяціканцовую зорку!”

“На пяціканцовую знойдзецца зорка Давіда”.

“Дык здолее хто падказаць мне: у якім кірунку шукаць?” — раззлаваўся Генадзь з таго, што ў тэме пачалі флудзіць.

“О, Віконт абураецца. Трымайцеся: колькі сябе памятаю, першы раз у нашага сябра няма адказу на пытанне))”

“Калі па справе пісаць, то казаць няма чаго. Хутчэй за ўсё, нейкі асабісты талісман, заказаны адмыслова для сябе. Ну, а кветку там намалявалі, ці яшчэ што — ніякай розніцы. Рэч не ў малюнку, галоўнае, каб ён розніўся, быў арыгінальным”.

“Вось, хоць нешта разумнае, дзякуй”, — адказаў Генадзь.

“А дзе знайшлі такую рэч? Шкада, што няма нідзе аналагаў, можа, яна каштуе нямала... Выкласці на аўкцыёне чорных археолагаў — яны ўмомант цану скажуць”.

“Не прадаю, — катэгарычна адмовіўся Генадзь. — Спадчына ад бабулі”.

Ён і не спадзяваўся знайсці адказу, зрэшты, і не абавязкова яму было ведаць, што за амулет у яго вось цяпер на грудзях, што значыць на ім кветка. Гэта было неістотным, другасным. Проста ўвесь вечар Генадзь адчуваў невытлумачальнае жаданне падзяліцца з як мага большай колькасцю людзей сваім набыткам. І калі напісаў апошнія словы — пра спадчыну, адчуў палёгку, нібыта завершыў пачатую справу: калі раней заставаліся невялікія сумневы, не сумневы нават, а так, лёгкія аблачынкі сумневаў, дык цяпер, пасля напісання сваіх слоў, як пасля асабістага роспісу на строгім дакуменце, Генадзь канчаткова ўпэўніўся: незразумелы талісман быў пакінуты бабуляй яму і толькі яму. Бо бабуля ведала: ён стане тым чалавекам, які будзе над людзьмі.

Але нічога не здарылася ні на заўтра, ні за два дні, ні за тры. Напружанае чаканне нечага незвычайнага спакваля ўлеглася, Генадзь усё часцей задумляўся над тым, што на ўсё свая пара.

Жыццё амаль вярнулася ў звыклае рэчышча, хіба што адно змянілася: Генадзь накіраваў Людмілу спаць у вялікі, агульны пакой — ён не мог больш трываць яе цела побач з сабой цэлую ноч. Калі іх рукі ці ногі судакраналіся, ён адчуваў гарачыню, потым — непрыемную вільготнасць ад поту. Уначы ён міжволі стрымваў сябе, не мог, як карцела калі, раскінуцца, ці перакаціцца на другі бок. Людміла зноў не выказала ніякіх эмоцыяў: яна цалкам ужылася ў ролю бездакорнай служкі ці нават хатняй нявольніцы, і яе здавальняла яе месца. Прынамсі, Генадзь не заўважаў, каб яна праявіла хоць кроплю нейкага супраціву ці элементарнай незадаволенасці.

Іншым разам Генадзь задумана спыняў вочы на Людміле, калі тая пыласосіла падлогу ці мыла посуд, гатавала ці кахалася з ім. Бабуліны словы пра тое, што Генадзь будзе над людзьмі, спраўджваліся вось у гэтай дзяўчыне. Генадзь разважаў: калі ёсць такія, якія гатовы служыць, пераўтварыць сваё жыццё ў служэнне, значыцца, павінны быць і тыя, каму служэнне прысвячаецца. І зразумела, што першых у разы, у дзясяткі і сотні разоў болей за другіх. Людміла абрала яго. А яшчэ сотні такіх людміл недзе шукаюць яго, Генадзя, яшчэ не зразумелі свайго прызначэння, як зразумела Людміла. І ён сам яшчэ нічым асабліва не паказаў свету, што гатовы прыняць іх. Пакуль што адна Людміла...

Праз тыдзень на форуме, пасля чарговай спрэчкі, а дакладней слоўнага баксёрскага раўнда, у якім Генадзь прафесійна і звыкла некалькімі кароткімі сказамі-аперкотамі заціснуў праціўніка ў кут і дабіў загадзя падрыхтаванай цытатай, ён заўважыў, што да яго ў асобку прыйшоў ліст. Не частая з’ява — Генадзь практычна ні з кім не падтрымваў такіх дачыненняў, якія давалі падставы весці схаваны ад іншых дыялог.

“Віконт, добры дзень! Колькі часу назіраю за вашымі слоўнымі баталіямі. Вы валодаеце рэдкім для нашага часу дарам разбіваць моўныя канструкцыі праціўнікаў імкліва, аргументавана і надзейна. Так, што праціўнік пачынае задумляцца над безсэнсоўнасцю таго, у што толькі што верыў. Колькі б ні казалі, што руйнаваць заўсёды прасцей, чым будаваць, аднак талент патрэбен і тут. Вось якая справа: ці не хацелі б вы ад забаў перайсці да больш прадметнай дзейнасці? Патлумачу: ёсць адзін аўтар, які напісаў адзін артыкул. Артыкул выкладзены ў сеціве. Трэба напісаць іншы артыкул, які б не тое што каменя на камені не пакінуў ад разважанняў аўтара (адразу не выйдзе, бо аўтар — доктар гістарычных навук), а каб паставіць пад сумнеў некаторыя аспекты артыкула. Вядома, такая работа будзе аплачаная. Калі якасць мяне задаволіць — 20 даляраў за тысячу знакаў без прабелаў (выбачайце, пустое месца не аплачваецца). Памер таго артыкула каля дзесяці тысяч знакаў. Вам не трэба пісаць столькі сама, ні ў якім разе болей. Скажам, 5 тыс. знакаў. Тэрмін — тры дні (Вам, зразумела, трэба будзе невялікая тэарэтычная падрыхтаванасць.) Асноўны кірунак вашай працы я паведамлю, калі вы прачытаеце артыкул і дасцё сваю згоду. Вось спасылка на артыкул. Я не прыспешваю, але пажадана адказаць сёння”.

Генадзь за хвіліну ўсхвалявана прачытаў тэкст ліста. Няўжо? Няўжо яго майстэрства слоўнага пікавання заўважылі — і ён мае шанец зарабляць на сваім уменні грошы? Вось жа, а яшчэ год таму нехта з удзельнікаў форуму казаў: падавайся ў капірайтары, з тваімі здольнасцямі будзеш зарабляць, седзячы дома, маючы вольны графік, і сам абіраць кліентаў. Не, капірайтарам працаваць Генадзь не збіраўся: атрымваць па 4-5 даляраў за старонку тэксту? Чаму ён не паступіў на філфак? Цяпер жа відавочна — мае ён талент пісання, мае! Так, таленты ва ўніверсітэтах не выдаюць разам з дыпломам.

Генадзь яшчэ раз перачытаў ліст. Пры ўсім тым, што ліст быў паважны, аўтар, адчувалася, чалавек справы: яшчэ Генадзь не згадзіўся з прапановай, а ўмовы ўжо выстаўленыя, і выстаўленыя жорстка. Цікава. Генадзь прайшоў па спасылцы, пабачыў, што гэты сайт — электроннае выданне. Знайшоў артыкул. Найперш здзівіўся — не на рускай мове. Пачаў чытаць і здзівіўся яшчэ болей: гаворка ў артыкуле ішла пра значэнне для людзей у час паганства святаў. Ніколі нідзе раней на такія тэмы яму спрачацца не даводзілася. Адмовіцца? Але ж 20 даляраў за тысячу знакаў! Адно незразумела: як аспрэчваць, у які бок? Аўтар кажа пра тое, што само рыхтаванне да свята вяло да змены свядомасці чалавека, рыхтавала яго да святкавання — і вызначаны момант чалавек сустракаў з іншай свядомасцю, ачышчанай ад штодзённых клопатаў, вызваленай ад нудных турбот, і таму давала мажлівасць, імаверна, судакрануцца з нечым незвычайным, не штодзённым, адчуць і прыняць яго. Значыць, галоўным было не так само свята, як рыхтаванне да яго. І такім парадкам, адчуваючы ў адзін момант разам з усім родам, племем элемент незвычайнасці, чалавек усведамляў сябе як часцінку цэлага: свята было адно на ўсіх, больш таго, аднаму практычна і нельга было дасягнуць такога роўню змены свядомасці. Бо залучаліся музыка, скокі, полымя вогнішчаў, розная атрыбутыка...

Што тут можна сказаць супраць? Давядзецца дужа шмат шукаць і перачытваць усяго. Ды каб жа хоць які кірунак... Але чаму б і не паспрабаваць? Балазе, кірунак падкажуць...

“Пачытаў. Вельмі цікава і, не буду хаваць, незвычайна для мяне. Шчыра кажучы, не ведаю, як падступіцца”, — адказаў Генадзь на ліст.

“Прыемна пачытаць, што вас зацікавіла прапанова. Гэта галоўнае. Падступіцца зусім не цяжка, гэта толькі здаецца. Адразу давайце зробім з вамі так. Паглядзім на свята з іншага боку — з боку арганізатараў. Як вы думаеце, арганізатары, скажам, святочнага шэсця ў наш Дзень Перамогі маюць гэтакі ж святочны настрой, як тыя ветэраны, што ідуць у калоне? Відавочна ж, што і ў мінулым былі тыя, хто свята рыхтаваў, арганізоўваў — значыць, такім людзям нейкая там сакральнасць, што нібыта адкрывалася ў святкаванні, і непатрэбная была... Зразумелы ход маіх думак?”

“О, зразумеў! Значыцца, тыя, хто арганізоўваў святы, і не мелі ніякай патрэбы ў той сакральнасці, бо яе, хутчэй за ўсё, і не было! А далей можна паставіць пытанне: чаму ўсякая сістэма, у аснове якой ляжыць ідэалогія падпарадкавання меншасцю большасці, так імкнецца да масавых мерапрыемстваў: камуністы, фашысты, ды проста кожная таталітарная..." — адказаў Генадзь — яму стала цікава.

“Цудоўна, вы слушна ўсё зразумелі, але пра таталітарызм нічога казаць не будзем. Не трэба чапаць сённяшні час. А вось на камуністах трэба зрабіць акцэнт. Яшчэ лепей спрасціць разуменне камунізму да калгаснага ладу”, — пахваліў Генадзя невядомы суразмоўнік (у яго быў нейкі невыразны нік).

“Непраблемна. Тады ўсякае масавае мерапрыемства, арганізаванае зверху, скіраванае на дэманстрацыю нібыта еднасці... Адначасна існая сістэма кіравання правярае свае здольнасці: вывесці тысячы людзей, прымусіць натоўп дзеяць паводле зададзенага сцэнарыю, падпарадкаваць эмацыйны і псіхічны настрой натоўпу, кіраваць ім, мяняць згодна са сваім планам”, — падзяліўся Генадзь далей думкамі.

“Выдатна, кірунак той, які трэба. Я папрасіў бы вас зрабіць матэрыял як нібыта дыялог, але не злоўжывайце цытатамі аўтара артыкула. Сем з паловай тысяч знакаў, 20 даляраў за тысячу. Тэкст цалкам застаецца маім, самыя разумееце, ніякага аўтарскага права тут быць не можа. Чакаю праз тры дні ў гэты час артыкул на адрас...”

Нешта непрыемна заказытала... Невядомы адно з першага погляду падаваўся мяккім і ўважлівым. Генадзя непрыемна ўразіў канец ліста: да ўсіх умоў дадалася яшчэ адна, якая і не абмяркоўвалася на пачатку: пазбыццё аўтарства. І раптоўна зменены аб'ём, жорстка ўказана на памер тэксту... Але пры ўсім казытанні Генадзь адчуваў павагу да невядомага і ягоную сілу. Павага — гэта ад грошай. Можа, лянуецца сам пісаць артыкул у які часопіс... Але ж такія грошы! Дык колькі яму самому плацяць? Ат, не яго справа. А вось тое, што валявы, моцны чалавек... Дык выдатна: чаму б не завесці сяброўства з вось такім чалавекам? Нават калі Генадзь і будзе ў нейкай ступені не паўнапраўным, а малодшым сябрам. Галоўнае: невядомы заўважыў тыя здольнасці, якімі Генадзь употай мог ганарыцца.

Генадзь адразу, хоць было ўжо далёка за поўнач, стаў шукаць яшчэ якія артыкулы па тэме старажытных святаў і іх значэння. Нічога асаблівага не знаходзіў, альбо артыкулы былі такія велізарныя, складана-навуковыя, з мноствам тэрмінаў, значэнне якіх яшчэ трэба было шукаць, што Генадзь адмовіўся ад шуканняў. Усё патрэбнае ў яго ёсць: ён досыць добра ў свой час даведаўся пра ідэалогію камунізму ў СССР, нямала прачытаў рознай літаратуры, то “раскласці на лапаткі” таго доктара навук з яго наіўным меркаваннем пра шуканне і здабыванне сакральнага ў часы паганскіх святаў будзе не цяжка.

Артыкул Генадзь пісаў зранку, усе сем з паловай тысяч знакаў, не ўстаючы з-за клавіятуры. Людміла прыносіла паесці, потым каву, выкідала недакуркі з попельніцы.

Позна ўвечары Генадзь перачытаў артыкул, сам дзівячыся той лёгкасці і дакладнасці думак, якія нараджаліся ў яго наранку. Артыкул падабаўся яму самому. Ён ужо хацеў напісаць ліст да заказцы: гатова, маўляў, але перадумаў — трэба слухаць старэйшых: тэрмін ёсць тэрмін.

“Тое, што і патрабавалася. Калі ласка, партманет. Ваш артыкул будзе падпісаны вось такім імем... Сёння ён будзе размешчаны на адным рэсурсе. Вы зойдзеце туды і пастарайцеся дасціпна адказваць на каментары. Пазней я вышлю Вам дадзеныя для ўвахода”.

Зноў казытнула: вось, не было ж дамоўлена напачатку, што Генадзь павінен адказваць на тыя каментары... Але ён змаўчаў — той факт, што ён не памыліўся з ацэнкай свайго артыкула, грэў самалюбства. Дык і праўда ж цікава: што будуць казаць тыя вучоныя дзядзькі на яго з'едлівы сцёб?

Генадзь адправіў нумар партманета, пераказ быў зроблены адразу ж: 150 даляраў. Прыемная сума! Але... пераказ быў з пратэкцыяй коду. Генадзь раптам адчуў у сабе халодную пустэчу: няўжо кідок? Не можа быць! Ён хацеў пісаць заказцы, калі пабачыў: прыйшоў ліст.

“Выбачайце, тэрміновае тэлефанаванне было, таму не адразу паведаміў код пратэкцыі. Вось ён... Дарэчы, неразумна з Вашага боку хваліцца на ўвесь свет такім медальёнам.”

Сэрца быццам спынілася, а потым затахкала так, што ўдары яго адчуваліся кожнай кропкай цела. Генадзь глядзеў на літары на маніторы, і адна думка білася, звінела ў ягонай галаве кароткім гукам: “Знак... Знак... Гэта знак!”


ЧАСТКА 3


1

Алесь Лобач добра ўсвядоміў, што непрыемнасці здараюцца заўсёды нечакана. І прывучыў сябе, здавалася, прымаць іх годна, прынамсі трымацца і не дазваляць свайму параненаму нутру праяўляць сябе праз вонкі. Аднак ва ўсім бывае вынятак, іначай правіла перастае быць правілам. Так здарылася і ў панядзелак, дзень, які зранку яшчэ поўніўся суботнім рыбацтвам ды нядзельным баўленнем са злоўленай рыбай, дзень, у якім яшчэ звінела камарэча і паплавок на тонкіх хвальках гойдаўся, і рукі памяталі слізкае срэбра рыбы.

Гэта было несправядліва — менавіта ў такі ранак даведацца, што фінансаванне палявых работ скарацілі не на траціну, не на палову, а аж на дзве траціны.

— Штогод усё меней і меней першакурснікаў, якія шчыра гатовыя ўзяць удзел у палявых работах. Іх збіраеш, іх натхняеш і абяцаеш ім сустрэчу з сапраўдным. Трэба бачыць і разумець, як балюча сустракаць пасля ўсіх размоў пустыя вочы, а больш такія, у якіх напісана: “Ідзі сам, калі дурны!”. Няма ў вас грошай? Дык дазвольце нам самым сябе прафінансаваць! Нельга! Мне што, сапраўды на лета напісаць мэту работ: “Шуканне сведчанняў пра роднасць суседніх народаў на базе народных прымавак і прыказак пра хлеб, радзіму і Сталіна”?

— Дык жа трэба будзе справаздачу пісаць, а потым яе надрукаваць папросяць... у якім папулярным выданні.

— Затое Алесь Паўлавіч стане адным з найбольш цытаваных этнографаў у ідэолагаў раённага роўню.

Лобач толькі роспачна махнуў рукою на рэплікі калег. Штогод фінансаванне скарачалася ад запланаванага, але каб нагэтулькі, каб вось так, каб у апошні літаральна дзень — такога даўно не было. І выйсця не было: трэба скарачаць колькасць студэнтаў, колькасць дзён, мяняць маршрут...

Тут і ўспомніўся ўчорашні выпадак на рыбе, і рыхтык цаглінка легла ў сцяну, якой якраз і не ставала. Што ўжо хаваць — чакаў Лобач непрыемнасці, чакаў. Хоць і супраціўляўся яго розум навукоўца-даследніка розным прымхам і прыкметам, не мог ён ніяк выкінуць са свядомасці ўчорашні трэці закід і трэцюю рыбіну.

Добра брацца пачало адразу. Ужо за пяць хвілін шмаргануў — і такі харашун лінок затрапятаў на лёсцы. Потым — акунь ладненькі. Трэцяя спроба была дзіўная: паплавок без аніякіх кіўкоў павольна пайшоў у ваду. Шмаргануў, нешта незвычайнае выцяла па вачох, і працягнутая да злоўленага рука інстынктыўна тарганулася ўбок ад гідлівасці: на лёсцы мёртва вісеў, не варушыўся зусім, карась велічынёй з далонь, амаль без лускі, а з бакоў у яго звісалі агідныя, тоўстыя п’яўкі. Алеся страсянула, ён нагой наступіў на мярзотнае відовішча, хуценька вызваліў кручок і нагой жа адкінуў цела рыбіны з прысмактанымі крывасмокамі далей ад вады, пад лазовы куст. Здаецца, адкуль у яго, хто маленства правёў у вёсцы, хто пазбываўся п’явак, як прысмокчуцца да нагі, з дапамогай прыпаленай цыгарэты, магло ўзнікнуць пачуццё гідлівасці? Але думкі тлумілі галаву: як яшчэ плаваў той карась, ён жа фактычна нежывы, як ён узяў прынаду? Кручок хапануў так, як ішоў на самазабойства. І ўвесь дзень, вышморгваючы рыбін з вады, Алесь баяўся зноў пабачыць якую плотку з п’яўкай, браў рыбіну асцярожна...

— Алесь Паўлавіч, Вас там пытаюць, — паклікалі ад дзвярэй.

Зразумела, цяпер Лобач акурат і не хацеў ні з кім бачыцца. Ідучы да дзвярэй, успомніў, што дамаўляўся пра сустрэчу з тым завочнікам, вяскоўцам. Можа таму і не напружваўся, не змог схаваць цалкам (дый надта не імкнуўся) сваю прыкрасць на твары.

Уладзімір Жабрун сустрэў яго асцярожнай, нават вінаватай усмешкай.

— Выбачайце, мы неяк не дамовіліся пра час... То я зранку, вось...

— Нічога, усё нармальна... Адыдземся вунь у той куток, пагаворым. Хоць мне, папраўдзе, асабліва няма часу, раптоўныя праблемы...

— Ды я хутка, — заспяшаўся Уладзімір, расшпіліў торбу, у якой ляжаў і ноўтбук, дастаў аркушы:

— Вось, аповед пра Купалле маёй гаспадыні. Мне здалося, там цікава вельмі... Незразумелае ёсць у адным месцы.

— І ў якім? — Лобач узяў аркушы з тэкстам, заўважыў, што аформленыя яны так, як ён і папярэджваў: з указаннем месца дзеяння, аўтара аповеду, яго дадзеных.

— Ну... Там пра тое, як шукаць Папараць-кветку, — выказаў свае сумненні Уладзімір.

Алесь Лобач нічога не адказаў, хутка прабег вачыма дзве старонкі тэксту, потым вярнуўся, стаў перачытваць асобныя месцы больш уважна.

— А мяне напачатку іншае зацікавіла, — зірнуў ён на Жабруна. — Вам вось парадак запальвання купальскіх вогнішчаў нічога не кажа?

— Не, бадай што, — ніякавата пацепнуў плячыма Уладзімір.

— Дрэнна, малады чалавек, дрэнна! — Лобач казаў рэзка і асуджальна. — А гэта тое, пра што я казаў раней: спроба шукання нечага без навучання і базавых ведаў. Калі б у вас былі гэтыя базавыя веды пра Купалле, дык звярнулі б увагу на такую акалічнасць. Бо ўва ўсіх вядомых крыніцах пра такі парадак не ўзгадваецца.

— А пра што ён... сведчыць? — асцярожна запытаў Уладзімір, цешачыся ўнутры: яго запіс у нечым арыгінальны і цікавы для выкладніка.

Лобач хацеў раззлавацца, але потым усміхнуўся:

— Вас, мабыць, не перарабіць. Хто ж ведае, чаму так было і навошта рабілася? Шукаць трэба, шукаць.

— А я падумаў...

Уладзімір стрымваў сваё хваляванне, яго распірала ад радасці: ага, не памыліўся, выкладніка таксама зацікавілі агні! Яшчэ першы раз праслухоўваючы запіс, пасля гаспадыніных слоў пра тое, як запальвалі вогнішча, ён у нейкае імгненне быццам пабачыў усё з вышыні: вось, недзе пачынаецца — і запальваюцца адной лініяй агняныя кропкі на зямлі. І — пайшло, далей, далей імкліва бяжыць ужо не лінія — паласа, а ззаду ад яе ззяе Купальскімі агнямі зямля. І раптам асвятляецца яна, нібы ўзыходзіць сонца сярод ночы, нібы аднекуль адтуль, з глыбінь космасу, ўпаў на краіну гаючы прамень чарадзейнага святла — і круціцца зямля, паступова падстаўляе яму ўсю Беларусь ад канца да пачатку, ад усходу на захад.

Ён і не спяшаўся апавядаць выкладніку пра свае здагадкі, чакаў: а ці зверне ён увагі, бо калі не зверне — то нічога і дзіўнага няма, шараговы выпадак, так заўжды было, тады і хваляванне тое, і разлікі Уладзіміравы нічога не вартыя.

— І пра што падумалі? — скептычна перабіў Лобач. — Не-не, кажыце, мне проста цікава, вось пра што можна падумаць, сустрэўшы такі факт? Чым патлумачыць? А Вы ж, пэўна што, маеце і нейкае тлумачэнне, я так зразумеў?

— Дзе там, патлумачыць не магу, — раптам асмялеў Жабрун. — Я прачытаў пра спосаб запальвання і потым надумаў палічыць...

— Што палічыць? — уразіўся Лобач болей таму, што Жабрун усё ж звярнуў увагу на той самы факт.

— Знайшоў мапу той мясцовасці, дзе жыла гаспадыня, ну, аўтар гісторыі. Старую мапу. Паглядзеў адлегласці між вёскамі з усходу на захад. Падлічыў прыблізны час, які патрэбны, каб агонь жыгнуў і яго стала добра відаць з суседняга паселішча. У выніку выйшла... Вось, паглядзіце, — Уладзімір дастаў яшчэ аркуш з сумкі, падаў Лобачу. — Карацей, у выніку выйшла, што ўсе вогнішчы, калі запальваліся паводле такога правіла, загараліся адначасова. То бок, я хацеў сказаць — у адзін астранамічны час. Калі ўлічыць, што жэрдзе нашмараванае дзёгцем, успыхвала добра... Уяўны прамень сонца пры яго ўзыходзе бяжыць праз усю цяперашнюю краіну з усходу на захад і прабягае яе за крыху больш за трыццаць хвілін. Вось калі б усе вогнішчы запальваліся такім спосабам, як апісвае мая гаспадыня, то і хваля з агнёў бегла б з той самай хуткасцю... Вось. Я толькі не разумею, дзеля чаго людзі так рабілі. Думаю, для людзей было галоўнае менавіта ў адзін астранамічны час. Яны ж разумелі, што зямля круціцца.

— Таго яны не разумелі, — механічна заўважыў Лобач, уражаны кірункам Жабруновых думак: ён прыняў бабуліны словы як даведзены факт, як дадзенасць, і не раздумваючы — навошта, з якой прычыны, надумаў правяраць агнёвую хвалю на хуткасць. І не памыліўся — цікавыя лічбы. Што гэта? Інтуіцыя?..

— Няблага выходныя прайшлі, нядрэнна папрацавалі, — мусіў пахваліць ён Жабруна. — Пакуль што можна папярэдне меркаваць, што хваля імітавала сабой узыход сонца. Не забываймася, Купалле звязанае перадусім з сонцам.

— Я вось толькі ў той частцы пра Папараць-кветку не зразумеў, — працягнуў Уладзімір, унутрана цешачыся ад слушнасці сваёй здагадкі (недарэмна ж лічыў!) і радуючыся таму, што настрой выкладніка змяніўся. — Як зразумець: каб перамагчы Богавых ворагаў, трэба ад Бога адмовіцца?

Лобач кіўнуў, жэстам папрасіў пачакаць, перачытаў яшчэ раз уважліва тэкст.

— Я не думаю, што тут шмат загадкавага. Але сапраўды — вельмі аўтэнтычны тэкст, чым і прываблівае. Што да фрагмента з адсячэннем пальца і абразом... Гэта паказвае на ўплыў хрысціянства. Своеасаблівая забарона, заклён на распаўсюджаную легенду. Адна справа сумнявацца ў тым, ёсць Хрыстос ці не, маліцца нейкаму свайму богу, і зусім іншая — выканаць такія дзеянні: не словам адмовіцца ад Хрыста, што ўжо для чалавека тае пары было страшным, а дзеяннем, прытым, заўважце, такім, якое нельга схаваць: ты ж навек застаешся з пакалечаным пальцам, цябе імгненна пазнаюць. Адлучаць ад царквы — што было страшнейшае? Хоць, згаджуся, словы пра тое, што Папараць-кветка — смерць для рознай чартаўні, мне незразумелыя...

— Дык трэба шукаць... — уставіў Жабрун.

— Шукаць трэба, — з усмешкай згадзіўся Лобач. — Але шукаць яшчэ такія самыя запісы, мноства запісаў, параўноўваць іх, аналізаваць — і потым рабіць нейкую выснову, уносіць нешта новае ў разуменне свята і самой легенды. Але нельга такое рабіць паводле аднаго аповеду адной бабулькі з адной вёскі. Разумееце?

— Зразумела... — крыху расчаравана адказаў Уладзімір. — А дзе шукаць?

— Вось гэтаму і вучыць універсітэт, — стомлена прагаварыў Лобач. — існуе практыка палявых работ: мы ходзім са студэнтамі па вызначаным маршруце, занатоўваем усё цікавае. Потым аналізуем...

— Вазьміце мяне, — адразу папрасіўся Жабрун.

Ён хвіліну таму не думаў, што папросіцца, але тут яму падалося, што ў такіх шуканнях ён абавязкова нешта знойдзе, што гэта — яго сапраўдная работа, якую ён шукаў, тое месца, дзе ён знойдзе адказы на свае пытанні.

— Не магу цяпер... Усё не так проста: спісы складзеныя, фінансаванне, планы, — Лобач ізноў вярнуўся ў думках да прыкрай навіны і амаль што скрыгатнуў зубамі. — Можаце самыя... Проста быць з намі, але я не змагу адказваць за вас: ні за начлег, ні за ежу. У вас адпачынак такі вялікі?

— Так... Дамоў... у вёску я не вярнуся пакуль што, напэўна. Бо няма куды. У мяне адпачынак амаль тры месяцы, летась не браў. Жыву ў бабулькі, думаю, знайду тут работу... А вы казалі, што для мяне праца ёсць? — нагадаў Уладзімір выкладніку пра размову на экзамене.

— Так, ёсць... У Вас, бачу, ноўтбук, то вось вам флэшка, скіньце файл. Вялікі, тэкставы. Тое — запісы са сшытка, які знайшлі ў адной вёсцы. Аўтар занатаваў, на жаль, быццам не ведаў правілаў пунктуацыі, ці адмыслова ігнараваў іх, але там ні косак, ні кропак, ні вялікіх літар, ні абзацаў — усё ўпадбор ідзе. Як мы зразумелі, там — замовы. Ведаеце, што такое?

— Ведаю, — паспяшаўся адказаць Уладзімір, запускаючы свой ноўтбук.

— Вось... Звычайна, каб прывесці ў парадак такія запісы, трэба браць падобныя тэксты, якія запісаныя нармальна, шукаць аднолькавыя выразы, словазлучэнні. Словам, вялікая работа. Там жа ёсць спіс літаратуры. У тых кнігах падаюцца прыклады розных замоў, іх параўнанне. Але, я так зразумеў, Вы хочаце прапанаваць і паспрабаваць нейкі свой метад? Ну, тады — працуйце. Запішыце мой тэлефон... Яшчэ два тыдні я ў горадзе, ну, а далей як складзецца. Але на экзамен не забывайцеся, — скончыў Лобач такім тонам, каб студэнт зразумеў: ён дае яму заданне як прыклад, навуку, яму, Уладзіміру, што без сапраўдных ведаў, без досведу нельга брацца за развязванне хоць нейкіх заданняў.

— Ага, дзякуй... Я паспрабую. У мяне ёсць адна думка. Яшчэ... Памятаеце, я казаў Вам пра Купалле як ініцыяцыю, ну і што Царква сёння кажа пра яго, як пра свята распусты. Там вось мая гаспадыня вельмі цікава кажа пра тое, што на Купалле не лічылася грахом дзяўчыне... аддацца каханаму, калі наперадзе не планавалася вяселля з нейкай прычыны. Я не чытаў раней такога пра Купалле нідзе.

— Так, я звярнуў увагу, — кіўнуў Лобач. — Над тэкстам трэба добра пасядзець, выбраць моманты. Працуйце, тэлефануйце. Калі не выйдзе па-вашаму — бярыце літаратуру, спрабуйце так, як робім мы. Хоць будзеце ведаць, ці лёгка — шукаць...

Развіталіся. Лобач прыхапіў аркушы з Уладзіміравымі нататкамі аповеду Марыі Фамічны, пайшоў на кафедру.

Уладзімір паспяшаўся шукаць аўдыторыю — здаваць залік. Яму карцела хутчэй адкрыць файл, хоць краем вока зірнуць на тыя невядомыя словы. Не можа быць, каб ён не здолеў упарадкаваць іх. Што тут такога можа быць складанага? Эх, навукоўцы, усё паводле шаблону, з аглядкай на вядомае, асцярожненька, каб не памыліцца, каб яшчэ дваццаць аўтарытэтных крыніц паказаць... А той факт, што тыя аўтарытэты даўно маглі састарэць — нікога не хвалюе? Ды каб сёння людзі азіраліся назад у сваім вынаходніцтве, што прыдумалі б? Да гэтага б часу ўважалі, што Сонца вакол Зямлі круціцца...


2

Уладзімір вярнуўся з універсітэта ў добрым гуморы — залік здаў, да абеду яшчэ далёка. Пах падлы ў вітальні трохі паменшаў, але быў па-ранейшаму густы, насычаны з прычыны зачыненых фортак акон, і першае, што пасля іх адчынення зрабіў Уладзімір — адкінуў ходнік і ўзняў вечку невялікага падмосця: бачыў, што тут гаспадыня ставіць на зіму свае шклянкі з гуркамі і ўсякім іншым.

Чакаў, што ў нос шыбане смурод, ужо і дыханне затрымаў. Але не было смуроду з падмосця. Неглыбокая яміна з адзіным літровым слоікам шчаўя на роўным пясчаным дне. Усюды было чысценька і суха. Уладзімір апусціўся на калені, зазірнуў у яму, прынюхаўся. Тут ніякай падлай зусім не пахла. Выцягнуў з кішэні запальнічку, у якой быў невялікі дыёдавы ліхтарык, увамкнуў. Сіняваты снапок святла асвятліў прастору між зямлёй і падлогай. Чыста ўсё. Нідзе нічога. Хоць калі тут мыш за якім слупком здохла, яе не пабачыш адразу. Скокнуў у яму, прысеў, счакаў. Не, не патыхае нічым. Чыстае паветра. Аднекуль далёка, ад сцяны лезла ў падмосце дзённае святло — праз адмысловыя дзіркі для праветрывання. Прыгледзеўся: дзіркі, хоць і не маленькія, але затуленыя шчыльнай сеткай.

“Значыць, нешта ў хаце”.

Найперш прылёг аж ля дзвярэй бабульчынага пакоя, падставіў ноздры пад шчыліну між дзвярыма і парогам. Не, не было тут паху.

Што ж, значыць — вялікая прыборка!

За дзве гадзіны ён дамыў сходы на ганку, выпаласкаў і выкруціў анучу, кінуў на плот сушыцца. Выліў брудную ваду. Зайшоў у дом, у якім цяпер пахла свежасцю і трохі сырасцю. Усе форткі былі парасчыняныя, разнасцежаныя ўсе дзверы, па доме гуляў добры скразняк. Пах, здаецца, знік.

Уладзімір быў здаволены зробленым: у доме пачысцела і пасвяжэла. А то хто ведае: раптам (ну, а раптам!) такое здарыцца, што сёння (ці заўтра) тут будзе Ірына...

Зайшоў на веранду, глянуў у кут, дзе стаяла паліца з абуткам: галёшы, невялікія боты, пантофлі. Неяк яе абмінуў, толькі абмыў. Трэба, мабыць, адсунуць яе, добра працерці драўляную, з дошак, сцяну за ёй, абутак гэты бабулін памыць. Зноў набраў вады, прыхапіў анучу. Сцяна за паліцай і праўда была ў шматкох павуціння і пылу. Дошкі сцяны былі набітыя такім спосабам, што паміж дзвюма заставалася шчыліна, якая з вонкавага боку накрывалася трэцяй дошкай. І вось у такой шчыліне Уладзімір пабачыў тронак і частку ляза нажа.

“Мабыць, паклала бабуля, на палічку, ён упаў так, што каўзануўся ў шчыліну. І не ўгледзіш”, — думаў Уладзімір, выцягваючы нож. Нож, з усяго відаць, быў стары і самаробны: тронак драўляны, лязо шырокае і доўгае, паедзенае іржой.

“Пашарую, навастру... Мабыць жа, шкадуе, што згубіла”.

Лязо нажа шараваў на кавалку чырвонай цагліны, якую знайшоў пад плотам у садку. Дабяла лязо не адчысцілася, але стала куды прывабнейшым. Такім ужо можна рэзаць хлеб...

Схадзіў, папалуднаваў у кавярні. Было вялікае жаданне прылегчы на паўгадзіны, але пакуль дайшоў да дому, санлівы настрой знік.

Кухня мясцілася на ўсходнім баку дома, дзверы яе былі насупраць, праз калідорчык ад Уладзіміравага пакоя. І калі цяпер ягоны адчынены пакой запоўнены сонечным святлом і там горача, дык на кухні проста выдатна сядзець пры стале з ноўтбукам. Замест попельніцы Уладзімір узяў адзін бабульчын сподачак — падумаў, што цяпер не будзе ніякага страху, калі ён будзе курыць у доме. Форткі адчыненыя...

Ноўтбук па цэнтры стала, праваруч — попельніца, цыгарэта і кубак з гарачай кавай. Уладзімір адчуў лёгкае хваляванне: усе ягоныя дзеянні былі падобныя да рытуалу, акту рыхтавання да вялікага і велічнага. Прыкурыў цыгарэціну, зацягнуўся, выпусціў дым у фортку, адпіў глыток кавы. Пстрыкнуў па значку перададзенага выкладнікам файла.

“Гара-гара стала ясна сонца косы распусціла дзеўка абярніся шэрай ваўчыцай зямліца-парадзіха...”

Уладзімір прачытаў першы радок, пацепнуў плячыма. Як быццам, нічога складанага... Не, чорт, хто тут косы распусціў? Дзеўка ці сонца? Не заўважыў, як дагарэла ў попельніцы цыгарэта, закурыў новую. Кава астыла. Падхапіўся, наліў вады ў чайнік, паставіў і зноў прысеў за экран ноўтбука. Уладзімір чытаў далей, выхапляў са старонак асобныя радкі і паступова на яго находзіла роспач: не выйдзе! Не выйдзе вось так, з наскоку прывесці ў парадак запісы. Падумаў, што варта спрабаваць прамаўляць сказы ўголас, з рознай інтанацыяй, робячы прыпынкі ў розных месцах.

Чайнік засвістаў, Уладзімір вымкнуў яго, не запарваючы кавы. Мінула гадзіна ці болей. Бясконцыя спробы з асобных слоў складаць сказы, прамаўляць іх безліч разоў для вытрымвання нутранога рытму перасталі быць лёгкай цікавай гульнёй. Казаў у голас, падбіраў варыянты прыпынкаў асобных словазлучэнняў, паўтараў паасобку, потым па пяць-шэсць радкоў... І тут Уладзімір глянуў на сябе збоку: малады, здаровы мужчына нешта мармыча, з паўтары гадзіны сыпле дзіўнымі словамі, як які звар’яцелы кніжнік. Хто так занатоўваў тэкст? Дзе тут коска, дзе кропка, дзе пачатак, дзе канец?

Запарваў сабе каву некалькі разоў, выкідаў попел і недакуркі, мыў сподачак, спадзеючыся ўпотай, што яго простыя дзеянні дапамогуць ачысціць сам розум, каб туды пратачыўся нейкі ўніверсальны ключ разумення. Не выходзіла.

У пакоі патроху шарэла. Ужо надвячоркам Уладзімір выйшаў з-за стала і амаль фізічна адчуў, як паветра пакоя загусцела, замяшанае на дыме цыгарэт і показках-заклёнах (ці што там яшчэ было). У вялікай пустой хаце зрабілася вусцішна, яму не хацелася прыслухоўвацца да розных гукаў дома — ён баяўся пачуць рэха сваіх слоў, што недзе заблудзіла там. Здавалася, што голас ягоны цягнула ўвесь час, як дым ад цыгарэт скразняком, туды — у вялікі пакой, а з яго — пад замкнёныя дзверы бабульчынага пакойчыка.

Першы раз, калі такая думка гэта з’явілася ў ягонай галаве, уявіліся самыя словы — такія... празрыстыя струмені, што павольна набліжаліся да дзвярэй, апускаліся ніжэй і потым імкліва, як хто іх адтуль магутна засмоктваў, знікалі пад дзвярыма. Ён здрыгануўся тады, скура на галаве сціснулася. І потым не мог дакладна сказаць: падумаў пра струмені і прымроіў іх, ці пабачыў, а потым падумаў...

Было палова на дзясятую вечара, сонца села, гарачыня спала. Досыць на сёння... Вымкнуў ноўтбук, зачыніў тэчку з рукапісам і ажно нібы праяснела ў галаве — як у той шэрай кухні пасвятлела. Ад кавы і цыгарэт ужо злёгку ванітавала. За гадзіну... так, за гадзіну, трэба быць у кавярні — там сёння мусіла быць Ірына.

На верандзе, у бабульчынай каморцы быў душ, з электрычным награвальнікам вады на сцяне. Уладзімір абліваў сябе халоднай вадой, знікалі млявасць у целе і тлум у галаве. Няспешна, адцягваючы момант сустрэчы з халадком вечаровай вуліцы, адзеўся ва ўсё чыстае, светлае, адчуў сябе лёгка, упэўнена. На парозе пастаяў: ці ўсё вымкнуў? Зноў узнікла прыкрае пачуццё, што ў доме нехта ёсць. І ён чакае, пакуль гаспадар пойдзе. Уладзімір міжволі здрыгануўся — такім моцным было адчуванне чужога, яшчэ раз абгледзеў калідор, пакой вялікі і свой, кухню: нікога, паўзмрок. Пстрыкнуў вымыкачом на калідоры і шпарка выйшаў. Цемра, што скокнула з вялікага пакоя, падалася варожай, амаль жывой. Не хацелася заставацца ў ёй ніводнага лішняга моманту.

Зашчапіў замок.

Ужо было амаль цёмна. Уладзімір прайшоў ля адной сцяны дома, збочыў, пайшоў уздоўж свайго пакоя. Проста над ім навісала вялікае вычварнае акно. Уладзімір заўжды лічыў вокны вясковых хат і гарадскіх дамоў вычварнымі, непрыгожымі. Але вясковыя вокны хоць і нагадвалі яму страшныя твары: лоб, вочы, шчокі, ды тыя твары былі хіба што суровымі маскамі. У вокнах бабульчынага дома Уладзімір яшчэ раней адзначыў неверагодную прапорцыю, і вокны ад яе выглядалі не мёртвымі маскамі, а тварамі жывых і злых істот.

Ён акурат параўняўся з цёмным акном. І сам потым не ведаў, чаму ён ўзняў вочы. Можа, бочным зрокам заўважыў нешта незвычайнае, ці нейкі рух.

Стаў і стаяў, халадзеючы і, здавалацца, трацячы свядомасць, глядзеў на акно.

З ягонага пакоя, прыціснуўшы твар да самай шыбы, так, што расплюшчваўся тонкі хцівы нос, вышчарыўшы жоўтыя тонкія зубы, з вар’яцкай нянавісцю глядзела на яго гаспадыня, Марыя Фамічна.

Уладзімір, бы ў сне, зрабіў крок, яшчэ крок, і пайшоў, адчуваючы, як скура на галаве сціснулася, сабралася так, што пачала ціснуць на чэрап. Сэрца нібыта спынілася.

Уладзімір прайшоўся садам, выйшаў на вуліцу і тады здолеў азірнуцца.

Было ціха і спакойна. Ніхто не гнаўся за ім. Не відаць было ніякіх рухаў у вокнах. Бабульчына акно было завешанае, як і ўдзень, фортка акна зачыненая.

“Чаго ж туды так цягнула дым?” — недарэчнае пытанне ўзнікла ў галаве, недарэчнае таму, што Уладзімір ведаў: на яго не атрымаць адказу.

Ён павярнуў да ўніверсама, зайшоў у невялікі бар. Спытаў сто грамаў каньяку, піў маленькімі каўточкамі, і нядаўная жудасць пакідала свядомасць з кожным глытком.

“Зусім запрацаваўся, — думаў Уладзімір. — Кавы кубкаў шэсць выпіў, высмаліў амаль пачак цыгарэт — так нядоўга і з глузду з'ехаць”. Але прыкра было іншае — нічога не ўдалося з тэкстам. Вядома, у яго заставалася выйсце, падказанае выкладнікам. Браць вядомыя тэксты, вышукваць падобныя звароты...

Але і пры такім раскладзе не кожны тэкст будзе перададзены на сто адсоткаў слушна! Трэба думаць... Мусіць быць нейкі асаблівы падыход, яго трэба знайсці.

Зірнуў на мабільнік — самы час кіравацца ў кавярню.

Падыходзіў да знаёмых дзвярэй пад зыркай рэкламай са зразумелым хваляваннем. А раптам Ірына сядзіць цяпер за столікам? Гэта шмат пра што сведчыла б.

Але Ірыны не было. Кавярня амаль пустая, толькі за двума столікамі сядзелі наведвальнікі. Панядзелак — не пятніца, нават у вялікім горадзе.

Уладзімір прысеў, і да яго ўмомант падышла кельнерка, паклала на столік складзены ўдвая аркушык, прытрымала яго пальцамі:

— Вы, здаецца, збіраецеся чакаць тут адну жанчыну?

— Так, — разгубіўся Уладзімір. — А што здарылася?

— Вам прасілі перадаць, — кельнерка прыбрала пальцы з аркушыка і пасунула яго бліжэй да Уладзіміра.

“Выбачайце мне, калі ласка! Ішла побач удзень, не магла не завітаць, каб як Вас папярэдзіць. Мяне сёння не будзе ў горадзе. Чакаю вас заўтра. Ірына”.

Уладзімір прачытаў перш увесь тэкст, потым перачытваў яго асобнымі сказамі. Тая невялікая прыкрасць, што Ірына не прыйдзе, зараз згладзілася яе такімі цёплымі словамі ў цыдулцы: бач, завітала папярэдзіць, абяцае чакаць.

Калі склаў запіску, кельнерка падышла зноў, і хоць Уладзімір не хацеў кавы, але надумаўся зрабіць заказ — няхай і ёй, афіцыянтцы, будзе прыемна. Пасля сустрэчы з Ірынай ён, нечакана для сябе, прыняў як факт тую думку, што кельнерка мусіць радавацца кожнаму наведвальніку, кожнаму заказу — гэта ж яе грошы, урэшце. Калі разлічваўся, пакінуў дзве тысячы ў той вокладцы з нататніка: за дадатковую паслугу — перадачу ліста.

Прыцемкі яго вуліцы, а потым і густая цемра старога сада, у глыбіні якой шэрай плямай свяціўся дом, неяк аж узварушылі валасы на галаве. Уладзімір мусіў прызнацца сабе, што баіцца заходзіць у дом. Зрэшты, ён зойдзе. Але не зможа вымкнуць святла і заснуць.

Яму было сорамна прызнавацца ў сваім страху, нават самому сабе. Уладзімір вярнуўся на сваю “кропку”, выпіў. На гэты раз ужо гарэлкі, узяў бутэльку з сабой, кавалак каўбасы — раптам так захацелася есці, дык успомніў, што ад абеду толькі каву піў.

У вітальні, якая пераходзіла ў доўгі калідор, запаліў святло. Потым — у вялікім пакоі, у сваім, на кухні. Увамкнуў ноўтбук, запусціў прайгравальнік. Абы не было цішыні.

Сядзеў, выпіваў і закусваў. Курыў. Пакуль думкі ў галаве не сталі блытацца.

Прынёс ноўтбук у свой пакой, скрозь павымыкаў святло, толькі ў сваім пакоі пакінуў гарэць лямпачку пад столлю. Распранацца не стаў. І заснуў, як праваліўся.


3

Калі Уладзімір расплюшчыў вочы, было светла, але не ад лямпачкі — ад акна. Зірнуў на мабільнік: палова на дзясятую. Званок, які зазвычай стаяў на сем гадзін, быў вымкнены. Галава цяжкая, у роце перасохла. Устаў, прайшоў на кухню. Пабачыў на стале паўбутэлькі гарэлкі, высахлы скрылёк каўбасы, і яго перасмыкнула, ледзь не званітавала. Даўно ён гэтулькі не піў. Вельмі даўно...

Доўга чакаў, пакуль сцячэ цёплая вада з-пад крана. Сквапна выпіў першую шклянку, набраў яшчэ, гэтая была яшчэ халаднейшая.

Адразу зашумела ў галаве, Уладзіміра захістала. “Пайду, яшчэ пасплю. Сёння няма куды... спяшацца”.

Ён не ведаў, колькі праспаў і ці быў гэта сон. Вярнула яго да свядомасці адчуванне, што ў пакоі зноў нехта ёсць. Ці нешта. Нешта страшна варожае, яно не існавала асобым целам, яно проста запоўніла сабой увесь пакой і душыла, ціснула так, што нельга было не тое што павярнуцца — паварушыць хоць пальцам. Уладзімір глядзеў у адну кропку — над дзвярыма, туды, дзе сходзіліся сцяна і столь, і не мог нікуды больш перавесці пагляду. Здавалася, менавіта там былі невідомыя страшныя вочы, адтуль выходзіла самая жуда. Жах скаваў мозг, заставалася вольнай адна-адзіная думка: “Я сплю! Я сплю! Трэба закрыць вочы, закрыць, потым адкрыць, і я прачнуся. Гэта сон, нікога няма, гэта сон”. Уладзімір амаль лямантаваў. Самым жудасным было тое, што вакол было светла — сонца ўжо стала зазіраць у акно пакоя.

Вочы ўдалося заплюшчыць. Хоць, мабыць з нейкай чужой волі векі прыпалі адна да адной. Ці Уладзімір іх расплюшчыў праз імгненне, ці мінула колькі хвілін, ці гадзіна — ён не разумеў.

Усё было нармальна. Сэрца тахкала ўстрывожана, аднак дзённае святло, яркія пляміны сонца на сцяне збоку заспакойвалі. Паступова ў пакой стаў даносіцца далёкі гоман гарадскога жыцця.

Уладзімір рыўком падняўся і ледзь не ўскрыкнуў.

Ля ног у яго сядзеў кот.

Ужо не напружаны, прыпаўшы на лапы, а спакойны, упэўнены, ён не адводзіў сваіх жоўтых вачэй ад Уладзіміравых.

— Пс-с-і-і-к!!! Зараза!

Адным рыўком Уладзімір выхапіў з-пад сябе скамечаную падушку, але кідаць яе не стаў — кот у адно імгненне шмыгнуў праз калідор на кухню, скокнуў на стол, адтуль — у фортку.

Пакаціўся па стале кубачак. Утрымаўся на самым беразе.

Уладзімір паглядзеў на фортку — тая марля, якую ён сам “пад кантролем” гаспадыні мацаваў невялікімі цвічкамі з круглымі чырвонымі галоўкамі, была адарваная ўздоўж з аднаго боку.

Паўсухі і скрыўлены кавалачак каўбасы застаўся нечапаным, быццам гэта была атрута для ката, а не ўдалая знаходка.

Згатаваў каву, амаль без думак сядзеў, курыў на кухні. Было ўсё абыякава. Незачынены ноўтбук ушчуваў плямамі і слядамі ад пальцаў на сваім маніторы.

Уладзімір раззлаваўся — яго заўсёды выводзіла з сябе неахайнасць і бруд там, дзе яго быць ні ў якім разе не павінна. Схапіў са шафкі шматок ваты, намачыў гарэлкай і стаў хутка, ці не апантана церці манітор. Гэта супакоіла.

Драла ў горле. Уладзімір нейкі час глядзеў на бутэльку з гарэлкай, потым наліў сабе ў шклянку — трохі больш за палавіну. Выпіў, скрывіўся, але той самы сухі скрылёк каўбасы чапаць не стаў: адшчыкнуў кавалачак хлеба з мяшэчка. Помніў ад бабы: нельга есці тое, што кот панюхаў. Можа, і гэты нюхаў.

Гарэлка паступова вяртала яго ў рэчаіснасць. Уладзімір распланоўваў рэшткі свайго дня, як прывык. А было ўжо амаль дванаццаць. Потым памыўся, папрасаваў штаны ды сарочку і паехаў у горад.

Вярнуўся гадзіны праз дзве, цягнучы невялікую каробку з прынтарам (узяў што таннейшае) і рамку з нейкай таннай рэпрадукцыяй. Зварыў пяльменяў, паеў.

Зайшоў у Сеціва і неўзабаве знайшоў той малюнак, што стаяў у яго вачох з таго моманту, як знік кот за акном. Гэта была выява Хрыста, напісана, што зробленая яна паводле плашчаніцы амерыканскімі вучонымі пры дапамозе найсучаснейшай ЭВМ. Твар Хрыста быў строгім, а пагляд — сумным. Уладзімір раздрукаваў здымак на паперу пад пэўны памер. Хрыстос глядзеў проста ў вочы, як ні стаўляй выяву.

Стаў разбіраць рамку з нейкім пейзажам. Сам не зразумеў, як рамка апынулася на падлозе і тонкае шкло высыпалася аскялепкамі. Нават у думках не мацюкнуўся. Вызваліў рамку ад кавалкаў шкла, змёў і выкінуў аскялепкі. Акуратна абрэзаў раздрукаваны здымак Хрыста, уставіў, прымацаваўшы яго скотчам проста паўзверх таго пейзажыка.

Панёс партрэт у свой пакой, там над ложкам ён бачыў цвічок, можа, тыя кватаранты ўбілі. Пачапіў на яго рамку. Адышоўся, зірнуў на Хрыста. Чамусьці цяпер Хрыстос глядзеў не на Уладзіміра, а нібыта праз яго. Было жаданне перахрысціцца, але махнуў рукой: хіба ж існасць у знешнасці?

І неяк адразу стала спакайней на душы — ён зрабіў усё, што трэба.

“Верыш ці не, а на Бога не плюй”, — казала яму некалі яго родная бабуля. І дадавала: “Як ён ёсць — пакарае, а няма — рот высушыш. Усё адно табе горай”.

“Чорт яе ведаю, бабульку маю, — думаў Уладзімір пра гэты дом і сваю гаспадыню Марыю Фамічну, гатуючы каву, потым палячы на кухні. — Тут абразоў няма, у яе пакойчыку два разы быў — куток нечым завешаны, быццам і стаіць там ікона. Якім яна тут багам моліцца, што пакінула пасля сябе... Ну, лечыць, варожыць... дык жа і іншае што рабіць умее, гэта ж натуральна. Так пажывеш, і страха паедзе. Ці можа, піць кожны вечар...”

Але сёння піць не будзеш — сёння яго будзе чакаць Ірына.

На ўсе форткі ў вокнах замест шэрай марлі, якую паздзіраў, купіў пластыкавай густой сеткі — будзе надзейна.

Пайшоў з ноўтбукам у свой пакойчык, сеў на ложак, абапёршыся спінай аб сцяну, каб сонца не падала на манітор.

Уладзімір надумаў пачынаць з іншага боку. Чым ёсць замова, разважаў ён. Словы. Самыя простыя словы, якія стаўляюцца ў шэраг паводле вызначанага кімсьці правіла. Пакінем пакуль што ў спакоі тое правіла. Важна іншае: якім спосабам словы пачынаюць уплываць? А чаму ўплывае на малое дзіця калыханка? Спакойная мелодыя, няспешны рытм. Не, гэта не тое... У замовах няма рытму і мелодыі... Ці ёсць? Ага, каб спраўдзіць. Хоць едзь да той бабулі ды падслухай, як яна прамаўляе якую замову. Дарэчы, цікавы момант: словы ж прамаўляюцца. Не ў думках бабуля гаворыць, а шэпча над хворым. Вось як над хлопчыкам. Хоць там звычайная псіхалогія, аднак — яна шэпча. Значыць, важнымі будуць гукі. Не проста словы, а гукі...

Загрузка...