І Уладзімір пабачыў вогнішчы.

Гэта было неверагодна: зямля перад ім уздымалася ўгору. Яна засталася круглай, але нібыта выварочвалася вонкі: цяпер усё, што было на зямлі і сама яна апынулася не на вонкавым баку шара, а на нутраным — далягляду не было, зямля ўздымалася і ўздымалася ўгару. Уладзімір так быў уражаны пабачаным, што захацеў устаць, каб разгледзецца, але неспадзявана адчуў, што яму вельмі нязручна, вельмі цяжка стаяць. Ён амаль ўпаў наперад, але ўтрымаўся на руках.

Вочы ўперыліся ў рукі.

Перад самым тварам былі вялікія воўчыя лапы.

“Я — ваўкалак”, — думка не прыгнеціла, не здзівіла і не ўзрушыла. Уладзімір усяго толькі безэмацыйна канстатаваў тое, што з ім адбылося: ён абярнуўся ваўком.

Ступіў некалькі крокаў, ступіў як воўк, прызвычайваючыся (ці ўзгадваючы ўменне?) валодаць звярыным целам. Яго трошкі ківала ў бакі. Азірнуўся — так, і ззаду ад яго зямля ўздымалася з бакоў, як берагі надта глыбокай, велізарнай місы. Дзе-нідзе зыркімі кропкамі свяціліся вогнішчы.

Нешта адбылося з вачыма: калі ён углядаўся ў нейкую асобную кропку, яна імкліва павялічвалася, набліжалася да яго, быццам ён глядзеў на яе праз акуляр тэлевізійнага аб'ектыва з пераменнай фокуснай адлегласцю. Скіроўваў увагу на іншае — першае аддалялася.

Але галоўным былі пахі — іх было незлічонае мноства, розных, усякіх. Яны разрывалі ноздры, і мозг ледзь паспяваў фіксаваць, атаясамляць іх: ці то смярдзючага гарэлага мяса шашлыкоў, ці то бражнага піва, дарагой парфумы, а найбольш — чалавечага поту. А яшчэ пахі пакуль што заціснутай у рамы паводзінаў чалавечай жарсці і гарачага юру, лёгкага страху і п’янлівай усёдазволенасці, заўзятай бесшабашнасці і прагі прыгодаў. Пахі былі вакол усіх вогнішчаў, і яны былі падказкай, што яму не трэба гэтыя вогнішчы. Яму трэба іншае...

І перш чым Яно пачало разгарацца белавата-блакітным ззяннем недзе далёка наперадзе, ён адчуў пах: пах свежасці і пяшчоты. Так пахне немаўля ў калысцы ў першыя дні свайго жыцця.

Пяшчотны водар адгукнуўся ўнутры магутным поклічам: абараніць. Яму зараз жа трэба быць там, трэба спяшацца, трэба паспець. Ад каго ці чаго бараніць — яшчэ і не ўзнікла такога пытанне, як пагроза з’явілася чорным, бясформавым клубком аднекуль з лясной цемрадзі. Чорны клубок пахнуў варожа: ён дыхаў злым жаданнем забіць. Мабыць, і сам клубок мог адчуваць пахі, бо ў ім раптам заблішчалі іклы, і ён імкліва пакаціўся да Уладзіміра, гонячы перад сабой смярдзючую хвалю нянавісці.

Уладзімір ужо не памятаў, што ён — чалавек. Розум цалкам прыняў новае ваўчынае аблічча, і мозг з дакладнасцю і хуткасцю звера кіраваў новым целам, абуджаючы да жыцця кожную ягоную клетачку.

Уладзімір быў ваўком: дужым, адважным, рызыкоўным.

Ён спрактыкавана матлянуў галавой у бок чорнага клубка — і той паляцеў потарч, бязгучна заенчыў.

Гарачая кроў штуршкамі імчала жыламі, разаграваючы цела. Прачуванне сапраўднай бітвы п’яніла мозг, але галоўным быў той пах ад бела-блакітнага вогнішча — ён клікаў, ён быў цяпер цэнтрам сусвету. І Уладзімір, зрабіўшы два першыя скачкі, адчуўшы моц у сваіх воўчых лапах, памчаў напрасткі да гэтага цэнтру.

Ён бег і быццам заставаўся на месцы, а зямны шар пракручваўся пакрысе пад яго лапамі, як круціцца кола з вавёркай, толькі вельмі марудна. Выгіналася зямля, ён штурхаў і штурхаў яе магутнымі лапамі, разганяў, прымушаў круціцца імклівей, набліжаў да сябе тое вогнішча. І спераду, і ззаду, і з бакоў ён раз-пораз заўважаў чорныя калматыя цені ў пахкіх воблаках лютай злосці, якія мітусліва кідаліся ў то аднаго, то другога людскога вогнішча, адкуль несла паленым мясам і п'яным юрам. Ён ведаў, што цені — ягоныя ворагі, але нельга было спыняцца, бо клікала Кветка. Так, клікала Кветка — ён ведаў цяпер, што палымнее наперадзе. Ён ведаў, што павінен быць як найхутчэй там — і тады будзе бойка.

Амаль адначасна з ім з другога боку ад Кветкі з’явіўся яшчэ адзін воўк: старэйшы і сівейшы, са шматлікімі пісягамі — знакамі былых боек. Яны сустрэліся вачыма і адразу спінамі сталі адзін да аднога, а між імі усё ярчэй і велічней разгаралася, уздымалася блакітна-белая веліч Кветкі.

Першы чорны клубок, аслеплены бляскам, тыцнуўся ў яе бок, але ў наступны момант воўчыя іклы шкамутнулі і адкінулі яго прэч. Другі цень з левага боку пёрся нахабна і імкліва. Уладзімір скокнуў і хапіў, ды хапіў няўдала і сам адчуў пякучы боль у разадраным плячы.

А потым не было калі звяртаць увагі на боль — усё больш і больш калматых ценяў навальвалася з лесу, валам кацілася на святло, якое іх сляпіла, але не магло спыніць. Два ваўкі не пускалі ценяў да Кветкі: скакалі, ірвалі, хапалі і адкідвалі прэч, качаліся па зямлі, скідваючы сваіх ворагаў, што ўскоквалі на каркі.

Колькі часу мінула? Уладзімір не ведаў. Ён быў знясілены, шмат разоў яго збівалі з ног, на яго навальвалася адразу некалькі чорных стварэнняў — і тады другі ахоўнік падскокваў на дапамогу. Больш дасведчаны, ён ашчаджаў свае сілы, не лез у самую гушчу цемры, чакаў, калі адтуль выпнецца нехта першы — і тады імкліва скакаў, ляскаў ікламі, адкідваў далёка прэч скуглівае Нешта.

Уладзімір уздымаўся на ногі, зноў кідаўся ў чорную хвалю нянавісці і злосці, не зважаючы на скрываўленыя плечы, ногі, галаву.

Ён задыхаўся ў чорнай хвалі, і адначасна яна надавала яму моцы. Ён бачыў агністую Кветку за сабой, бачыў чорную хвалю з усіх бакоў. І бачыў недзе далёка там, адкуль ён прыбег, старога Уладзю, які адзін стаяў каля каменя, і твар яго быў асветлены ззяннем Кветкі, і вусны варушыліся, шапталі найгалоўнейшую Малітву. А вакол яго светлай постаці вырасталі пухліны чарнаты, няўмольна сунуліся бліжэй і бліжэй, абкружалі...

Раптам з чарнаты скокнуў вялікі і дужы цень, амаль роўны яму, Уладзіміру, і яны счапіліся, пакаціліся па зямлі. Сярод паху дзікай лютасці Уладзімір адчуў тонкі, знаёмы да болю, амаль што родны водар. Гэта на нейкі момант затлуміла ягоную свядомасць, ён разгубіўся. І ў наступны момант адчуў, што яго перамагаюць, што яшчэ імгненне — і іклы чорнага звера выдзяруць яму гарляк. Пах... такі знаёмы, такі блізкі яму пах. Адкуль на гэтым чорным стварэнні пах... Ганнін? Так, Ганнін!

І раптам усё стала зразумела. Чорны звер быў каля Ганны перад яе смерцю. Ён быў адным з тых, хто забіў Ганну!

У жылах, здаецца, ускіпела кроў. Лютасць, з якой Уладзімір стаў змагацца, ужо не за сваё жыццё, зацьміла ўсё, і нават святла Кветкі ён зараз не бачыў. Мабыць, і чорны звер зразумеў, што яго неяк пазналі, і адбіваўся цяпер, як мог, ляскаючы ікламі. бязгучна падвываючы, ён клікаў сваіх на помач — і яны прыйшлі, адбілі свайго ад аслепленага бойкай ваўкалака.

І чорная хваля пакацілася назад. Залітымі крывёю вачыма Уладзімір бачыў, як спакваля пачала гаснуць Кветка, як хаваецца ў зямлю яе ззянне.

Усё скончылася, зразумеў ён.

Да яго падышоў другі ваўкалак, лізнуў у плячо — і пабег трушком прэч.

Пара вяртацца.

Зямля цяпер раўнялася ў яго пад лапамі, ніжэй і ніжэй апускалася наваколле. Зямля рабілася плоскай, потым стала выгінацца, каб Уладзімір зноў апынуўся не ўнутры, а звонку шара.

Шлях назад здаваўся бясконцым. Ён бег, толькі чуючы наперадзе пах нагрэтага граніту валуна, трымаўся яго і не зважаў на пахі астатніх вогнішчаў, адкуль нясцерпна смярдзела гарэлкай, ванітамі, дзікунскім наталеннем целаў.

Апошнія метры да каменя ён, віхляючыся, ледзь рухаўся. Лапы амаль не гнуліся, на пысе застыгнула кроў, зляпляла вочы.

Прыйшоў і лёг. Ад каменя ішло цяпло, яно не проста ўгравала — наталяла спакоем.

Спінай, упёршыся ў камень, сядзеў, рэдка і асцярожна дыхаючы, Уладзя. У ягоных руках была біклажка. Ён наліў вадкасці ў далонь, асцярожна паднёс яе да засмяглай пашчы звера.

— Пі, хлопча, пі...

...Уладзімір ачомаўся ад вясёлага ціўкання ластавак — дзверы хаты і сенцаў былі адчыненыя.

Ён паварушыўся, адчуў, як боль, абуджаны гэтым варушэннем, працяў усе клетачкі цела. Але ён дазволіў устаць і сесці. Яшчэ нацягваючы джынсы, Уладзімір пабачыў свае рукі і ногі ў драпінах — вялікіх і малых, глыбокіх і нязначных кропках укусаў. Прайшоў, пакульгваючы, на другую палову дома, прыпыніўся каля старога, у багетавай рамцы прастакутнага люстэрка. Уладзіміра раптам захваляваў ягоны твар — ці моцна падрапаны.

На дзіва, твар быў без адзінюткай адзнакі начнога здарэння. “А кроў на вачах?..” — падумаў Уладзімір, потым стаў асцярожна абмацваць галаву. Скура на цемені адгукнулася пякучым болем, а пальцы адчулі свежую рану.

— Загоіцца, не перажывай, — пачуўся ад парога Уладзяў голас, ціхі, супакойлівы, нават з нязвыклай, не чутай раней, пяшчотай.

— Я не перажываю, — ціха адказаў Уладзімір. — Мне каб пыса чыстая... У горад трэба.

Уладзя зірнуў пільна, можа, хацеў запярэчыць, але нешта ў Уладзіміравых вачох падказала яму, што той намерыўся цвёрда.

— Ну, калі трэба... Я табе дам зёлак і мазі. Маззю будзеш на ноч глыбокія раны шмараваць, а зёлкамі прамывай... ці працірай, вату во намачы і працірай усё, пакуль не загоіцца.

Выйшлі на двор, прыселі на лаўку. Уладзімір мусіў адзначыць, як павольна сеў стары.

— Скажыце, тады... у той вечар баба Марута як галасіла, то казала, што Ганне нельга было выходзіць з дому, але яна выйшла... Я так зразумеў, што Ганне ў тую ноч нельга было выходзіць без крыжа? Калі б яна была з крыжам, то... засталася б жывой?

— Не, не так... — стаў тлумачыць, уздыхаючы Ула-дзя. — У такія гнілыя тыдні, калі месячыка на небе няма зусім, ахоўніца без крыжа не адчувае Цемры. І яе могуць завабіць на пагібель.

— Ганна ж гэта ведала, так? — запытаўся Уладзімір, пабачыў, як на знак згоды прымружыў вочы Уладзя. — Значыцца, яна магла выйсці толькі да таго чалавека, якога ведала.

— Мабыць, так, — згадзіўся без эмоцыяў Уладзя.

— Тады я яго знайду.

— Ты яго сустрэў... там? — узняў вочы стары.

— Сустрэў, — кіўнуў Уладзімір. — З паху пазнаў... Ён быў з Ганнай у тыя апошнія часы. Яе пах застаўся... Паеду.

— Добра, цяпер ідзі пад'еш, ды трэба яшчэ раз усё нашмараваць... Плечы надта ж падралі табе...

— Дзед, я з сабой бяру крыж, — сказаў Уладзімір, калі стары змазаў яму спіну, плечы і бакі пахкай халоднай маззю.

— Трэба? — каротка спытаў Уладзіслаў.

— Не тое, каб трэба... — шчыра прызнаўся Уладзімір. — Нешта... баюся яго кідаць.

— Калі баішся — бяры, — лёгка згадзіўся Уладзя. — Я крыжу не абаронца...

Уладзімір няўцямна паглядзеў на старога і нечакана для сябе пабачыў, як змарнеў ягоны твар. Быццам не ноч адна мінула, а дзясятак гадоў. Успомніў бачанае ўначы: чорныя пухіры цемры ўздымаліся вакол Уладзі.

— Дзед, вам... цяжка было гэтай ноччу?

Уладзя памаўчаў, потым загаварыў, не паварочваючы галавы:

— Гэта мая апошняя малітва... Калі ахоўніца камень адчыняе і з каменем поруч стаіць, ніхто таго, хто малітву чытае, не зачэпіць. Так, пужаюць толькі...

— А цяпер... Цяпер вас чапілі? — уразіўся Уладзімір дзеда словам пра апошнюю малітву. — Дык акрыяеце... Вы ж вядзьмак, — невясёла ўсміхнуўся ён.

— У ведзьмакоў целы чалавечыя, — без суму адказаў Уладзя. — Цябе нездарма Ганна абрала... Не толькі абаронцам. Зараз усё ў цябе і ўсё ў табе... Маўчы, слухай. Мне нядоўга засталося. Жыццё з мяне выцягнулі, адзін драбок на донцы. Ты не бядуй... Кожнаму прыходзіць пара. Побач будзем, падкажам... Са мной развітацца не прыязджай, не трэба... Помні, знойдзецца ахоўніца — веды Крыж перадасць. А будуць веды, усё астатняе прыйдзе. Раней ці пазней. Не бядуй. Усё будзе добра. Глядзі на бакі ды будзь асцеражнейшым.

— Як... знойдзецца ахоўніца? — праглынуў Уладзімір шурпаты камяк у горле. Ён глядзеў на старога і разумеў, што дзед кажа праўду, бо твар ягоны з кожным словам ўсё больш рабіўся мярцвяна-белым. — Вам у бальніцу трэба, — сказаў нясмела. — Я патэлефаную Антосю.

Стары ўзняў галаву, паглядзеў Уладзіміру ў вочы, і той пабачыў нечаканы, цёплы агеньчык сапраўднай любові.

— Рабі, Валодзька, што падказвае табе душа. Заўсёды так рабі. Яна кліча — ідзі за ёй. Ні на што не зважай, адно душу слухай. На мяне таксама не зважай. Нікога не трэба клікаць. Ахоўніца... Яна знойдзецца. Крыж яе пакліча. Ты яе пазнаеш...


5

У горад Уладзімір паехаў першым аўтобусам, які адпраўляўся а палове на сёмую раніцы. Усё абышлося, хоць ён нерваваўся праз крыж, які ўсю дарогу мякка грэў ягоныя грудзі, не даючы забыцца на сябе. Часам цяпло мацнела, тады Уладзімір насцярожана пазіраў на тых, хто быў побач. Але апроч цяпла, нічога больш не адчуваў.

Ішоў сваёй ціхай вуліцай да дома, пустой, светла-зялёнай у шчодрым ранішнім сонцы. І, перш чым запякло на грудзях, здалося, ступіў у нейкую страшную чорную яміну. Ён прыпыніўся, здзіўлены і напалоханы: вуліца ж пустая! Толькі збоку, на кантэйнернай пляцоўцы двое бамжоў — мужчына і жанчына пэўнага веку — корпаліся ў смецці, ціха дзінькаючы шклом пляшак. Уладзімір ступіў яшчэ крок.

І тады мужчына-бомж азірнуўся на Уладзіміра.

Да яго было неблізка, але Уладзімір убачыў выраз запалых вачэй: мужчына глядзеў так, рыхтык нехта моцны і ўладны выцяў яго ззаду па шыі. Мужчына прысеў, зіркнуў з-пад ілба, як той шкадлівы тхор, загнаны ў кут.

Бомж смярдзеў даўно нямытым целам, страхам і ліслівасцю.

Пякло грудзі, аж млосна было ад смуроду, але Уладзімір зрабіў адзін і другі крок наперад.

Бомж па-звярынаму тонка віскнуў і кінуўся прэч ад кантэйнернай пляцоўкі. Спатыкнуўся, але, падаючы, здолеў перакруціцца, гэпнуўся на бок і замызганы цэлафанавы пакет з некалькімі парожнімі пляшкамі ўтрымаў у руках. Падхапіўся, вырачыў вочы, нешта сіліўся крыкнуць, але адно сіпеў, не зводзячы вачэй з Уладзіміра.

А Уладзімір са злой пэўнасцю яшчэ ступіў наперад. Бомж завыў тонка і працягла, пабег, потым крутануўся ў завулак і знік за паваротам.

Жанчына-бамжыха, пахістваючыся, няўцямна ўзіралася ўслед свайму напарніку. Зірнула на Уладзіміра, і ён пабачыў дурнавата-п’яны твар, шэры, непрыгожы. І чужымі, украдзенымі падаліся яе вочы — вясёлага, насычана васільковага колеру.

Жанчына правяла Уладзіміра вачыма, потым няпэўна рушыла за сваім напарнікам. Прыпынілася і гукнула, скрыпучым рэзкім голасам:

— Санёчак! Пача-а-ка-ай!

Больш да самага дома Уладзімір нікога не сустрэў. Як зайшоў, прыхапіў дзверы на замок, завесіў шчыльна вокны. Адчыніў падмосце. На кухні ўзяў з шафкі невялікую бляшанку, дзе была некалі гарбата. Зняў з сябе крыж, загарнуў яго ў чыстую сурвэтку, потым уклаў у бляшанку, зачыніў. У падмосці выкапаў ямку і там схаваў бляшанку з крыжам. “Тут будзе пэўна”, — падумаў супакоена. Сустрэча з бамжом не на жарт узрушыла яго. Уладзімір разлічваў на тое, што бомж нічога не мог зразумець — проста яго пагнала ад Уладзіміра хваля страху. Але непакоіла іншае: колькі ж іх? Колькі, калі ў першы дзень на такой бязлюднай вуліцы ён адразу сустракае аднаго з іх?

Ад раскладзенай і засланай Ірынай канапы ішоў няўлоўны пах. Уладзімір без думак нейкі час глядзеў на месца іх кахання. Ён усё разумеў — яе вымусілі. Чалавека лёгка вымусіць, калі ён адказвае не толькі за сябе, калі ў яго ёсць блізкія і дарагія яму людзі.

Дастаў свой ноўтбук.

Думка пра гэтую работу стрэмкай сядзела з таго моманту, калі ён адчуў у тым цёмным зверы Ганнін пах.

Калі Ганна ў той вечар выйшла на двор, значыцца, яна ведала таго, хто яе клікаў.

Напярэдадні яна казала, што атрымала нейкі ліст з фотакарткай. Інакш кажучы, ліставалася ў сеціве. Яна магла быць зарэгістраваная ў нейкіх сацыяльных сетках. Не дзіва: маладая сучасная жанчына, якая жыве ў такой глухой вёсцы, мусіла мець нейкія яшчэ стасункі з навакольным светам.

Успамін пра той дыск, на якім ён стварыў копію сістэмы Ганнінага кампутара, жыў ва Уладзіміры пякучай надзеяй. Пякучай, бо цяпер ён меўся залезці ў асабістае жыццё жанчыны. І няхай яна была мёртвая... тут мёртвая. Няхай Уладзіміру тое было патрэбна, гэта зусім не змяншала сораму ад таго, што ён меўся рабіць.

“Прабач, Ганна, інакш мне яго не знайсці”, — у думках папрасіў ён прабачэння, увамкнуў ноўтбук з устаўленым дыскам.

Нізкі гарлавы птушыны крык за акном прымусіў яго здрыгануцца. Гук быў дзіўны, бо такі пачуць у горадзе практычна немажліва. Уладзімір пазнаў яго, успомніў, што за птушка можа так спяваць. Дзікі голуб, туркаўка...

Уладзімір выйшаў, закурыў і асцярожна стаў набліжацца да старых яблынь. Зноў пачулася нізкае гарлавое спяванне, і Уладзімір пабачыў самую птушку: меншую за голуба, шаравата-ружовую, з чорнай паласой на шыі, нібы на невідомым адсюль матузку павешаны медальён. Нейкі час птушка адным вокам пільна ўглядалася ва Уладзіміра, потым махнула крыламі і бязгучна паляцела ў суседні сад.

Уладзімір вярнуўся на ганак, прысеў. Дакурыў і цвёрда накіраваўся ў пакой. Яму прабачылі, падумаў ён.

Успомніў, з якіх антывірусных праграм пачынаў, калі “ажыўляў” Ганнін кампутар, усталяваў сістэму з дыску, пачаў працаваць. Ён быў пэўны, што Ганна карысталася аўтаматычным захаваннем пароляў у браўзеры — так робіць мо дзевяноста адсоткаў карыстальнікаў. Але ўсё адно хваляваўся, калі сістэма запрацавала і можна было зайсці на які сайт. “Аднакласнікі” прызналі адразу — не спатрэбілася і пароля ўводзіць. Прагледзеў запісы. Потым адкрыў асабістае ліставанне.

І слова яшчэ не прачыталася, яшчэ незразумелае было яго значэнне, але адзін выгляд слова выцяў па вачох — і Уладзімір зразумеў, адчуў, і нават здалося, што павеяла нейкім пахам, хоць тое было ўжо занадта, — вось ён. Ён, чорны і невядомы.

Віконт.

Уладзімір уважна чытаў ліставанне, выпісваў паасобныя звесткі пра Віконта, якія ён зрэдку, вельмі зрэдку, пакідаў сам сабе.

Скончыў універсітэт. Жыве адзін. Амаль што ўсё.

Уладзімір чытаў і дзівіўся: чаму Ганна не адчувала яго? Хіба ж не відавочна, што Віконт намагаўся пазнаёміцца з пэўнай мэтай? Ён так настойліва запрашаў у госці... Цікава, што ніколі пры запрашэннях не заікаўся пра сваю кватэру. Казаў пра ўтульныя кавярні і рэстарацыі. Вось адзінае месца, якое сведчыць пра месца жыхарства: «За пяць крокаў ад мяне — шыкоўны “Палац”». І ён жа настойліва прасіў у Ганны дазволу прыехаць да яе... Мабыць, нешта Ганна ўсё ж адчувала, бо ўсяляк стрымвала Віконтавы намеры. Але ж прызналася, дзе жыве. І нават дзе яе дом у Карчавасе.

Не, Ганна невінаватая. Яна не магла яго пачуць. Гэта цяпер ён праявіў сваю існасць. Пасля забойства. Пасля Купалля, калі гаспадары паслалі яго па Кветку. Як паслалі і таго бамжа... так, і бамжа...

...Лобач патэлефанаваў каля адзінаццатай. Уладзімір трохі здзівіўся — апошнія падзеі добра аддалілі яго ад праблем універсітэта, сесіі, экзаменаў. Яшчэ падносячы слухаўку да вуха, згадаў, што збіраўся з Лобачам, прынамсі, прасіўся, у этнаграфічную экспедыцыю. Але цяпер удзел у такой экспедыцыі падаваўся яму простай забаўкай. І калі Лобач нагадае пра экспедыцыю, трэба шукаць нейкія праўдападобныя адгаворкі. Паспеў прыдумаць найпрасцейшае: уладкоўваецца на працу, дык не зможа...

— Дабрыдзень, Алесь Паўлавіч, — прывітаўся першы Уладзімір.

— Дабрыдзень, Уладзімір, — адказаў Лобач. — Зараз я займаюся рыхтаваннем палявых работ... У вас застаўся “хвост”, як вы помніце. Мне ва ўніверсітэце не будзе калі прымаць, то можаце пад'ехаць да мяне. Я сёння буду дома. Вы памятаеце адрас?

— Так, запісваў. Калі можна пад'ехаць?

— А хоць у які час. Залікоўку не забудзьцеся. І ў мяне ж таксама “хвост” застаўся — помніце, вашая кветка-абярэг дагэтуль у мяне. Трэба вярнуць яе вам...

— Ага... — безэмацыйна адказаў Уладзімір.

Залік для яго зусім не здаваўся важным, але ён разумеў, што задачы “другога плану” трэба таксама развязваць, каб не павісалі “хвастамі”. Нельга ж забыцца на ўсё дзеля аднаго...

Выходзіў з дому, калі зноў заспяваў мабільнік. Зірнуў і здзіўлена націснуў “адказаць” — тэлефанаваў галоўны інжынер гаспадаркі, Андрэй Пятровіч, пенсійнага веку мажны, таўсматы мужчына.

— Што там здарылася, Пятровіч? — адразу запытаўся Уладзімір, з цяжкасцю прапускаючы ў сябе тое, што гэтулькі гадоў было ягоным домам: вёску, гаспадарку, сваю працу, сваю згарэлую хату, Алену ўрэшце. Яно было не проста далёкім, яно існавала ў нейкім іншым жыцці, да яго нельга было датэлефанавацца. А вось жа, глядзі, Пятровіч знайшоў яго тут...

— Ды тут пытаннечка адно, дарагі, — сіпата пачаў Пятровіч. — Ты казаў узімку, што ў бабулькі жывеш і, падаецца, на лета яна з'язджае... Тут мне ў адкамандаванне на два дні трэба будзе. А для мяне той гатэль як турма. Мо ў тваім дамку можна будзе пераначаваць? Ці ты кабету якую да сябе падсяліў? — рагатнуў у канцы інжынер.

— Прыязджай, няма жанчын, — адказаў Уладзімір, назваў адрас. — Толькі тэлефануй, як збярэшся, каб удома заспеў...

— Ага, дзякуй.

Уладзімір вымкнуў тэлефон, стаяў у роздуме з хвіліну. Трэба ж, за ўвесь час ён нават не ўспомніў пра свой колішні дом... Ні пра што, ні пра каго не ўспомніў. Хіба добра гэта?


6

Надзея заставалася на хутары ў Антося Зубеля, здаровая і, мабыць, шчаслівая. У яе была добрая перспектыва, прынамсі, Лобач быў заспакоены.

Падзеі апошніх дзён, іх значнасць і эмацыйная напоўненасць бачыліся сёння Лобачу як адмысловае выпрабаванне волі. У пустой кватэры, якая сваёй цішынёй вяртала яго ў будзённы штогадовы спакой адладжанага жыцця, ён успамінаў, прыгадваў і перадумваў тое, што адбылося, выносячы сябе цяперашняга за рамкі ўспамінаў. І на сябе самога ў тыя дні ён глядзеў са спакоем вонкавага назіральніка, канстатаваў дзе залішнюю эмацыйнасць, дзе паспешлівасць...

Такая звычка глядзець на мінулае дапамагала яму за раз пазбыцца перажыванняў, пачаць жыццё з заўтрашняга дня так, нібыта нічога і не здаралася.

Цяпер, гэта было вельмі патрэбна: пачаць жыць нанова, быццам не было ні паўзвар’яцелай сястры, ні Ганны...

Лобачу цяжка было развітацца менавіта з Ганнай, але памог Уладзімір Жабрун, сам таго не ведаючы. Для Алеся Лобача Ганна была простая, прыгожая, разумная і цалкам зразумелая жанчына. Яна ўвайшла яму ў сэрца і розум менавіта такой: прывабнай, няхай і мела яна нейкія асаблівыя здольнасці, нейкую ўрочлівасць — дык жа колькі гадоў прапрацавала ў вясковым медпункце, тут міжволі станеш псіхолагам.

Але Уладзімір Жабрун паказаў на Ганну з іншага боку... Гутаркі пра таямнічы талісман-крыж, пра забойства нібыта дзеля гэтага крыжа схілялі Лобача думаць пра тое, што Ганна была ўдзельніцай нейкай невядомай ці то секты, ці то групы, якая мела свой асаблівы патаемны рытуал, сваіх ворагаў, сваю вайну. Сапраўдную вайну. І відавочна, Ганніна група і тая, удзельнікам якой быў стары Ўладзя — той самы культ.

Алесь Лобач не быў атэістам, ён быў рэалістам. Для яго як навукоўца, блізкімі і зразумелымі былі самыя розныя праявы светаўспрыняцця людзей, ён ніколі не ставіўся залішне крытычна да веры бабулек ці то ў Хрыста, ці то ў Хатніка, ён прымаў існаванне ў вёсках шаптух і лячэнне зёлкамі, замовамі. Але як рэаліст, ён бачыў карані існавання забабонаў.

Тое, што Ганна, маладая і разумная жанчына, была ў складзе нейкай малавядомай секты, брала ўдзел у невядомых рытуалах, для Лобача цяпер было відавочным. Як відавочным было і тое, што Ганна была адданай верніцай невядомай секты. І гэтая відавочнасць нараджала пякучую прыкрасць: няхай той самы Ўладзя, стары чалавек, надае неверагоднае значэнне амаль струхлелым тканым ручнікам, няхай ён — служка невядомага, старажытнага культу, але ж Ганна... Яна — сектантка? Яна — фанатычка, калі загінула праз нейкую культаваю рэч?

Так, тое трэба было прыняць як праўдзівы факт.

Цяпер сваім халодным розумам Лобач мусіў канстатаваць, што смерць Ганны ў нейкае меры добра для яго. Бо што, што было б далей? Зразумела, што іх стасункі пасля той ночы мелі б працяг. Можа быць, што той працяг быў бы найдаўжэйшым з таго, што было ў Лобача з жанчынамі. І вось тады Лобач некалі мусіў бы даведацца праўду: яго абраная жанчына — фанатычная служка незразумелага дзікунскага культу. Што было б далей, нават і цяпер не хацелася думаць.

Лобач адчыніў Уладзіміру Жабруну і на імгненне знерухомеў: знаёмы хлопцаў твар выглядаў нашмат старэйшым, ці што. Уваччу ва Уладзіміра застыла туга.

“Перажывае Ганніну смерць, — паспрабаваў адгадаць Лобач. — Але ж яна яму ніхто... І чаму ён так упарта шукаў той медальён? Ці знайшоў?”

Пра медальён ён і спытаўся пасля прывітання.

— Так... Я знайшоў крыж, — нехаця адказаў Уладзімір.

— Чым жа ён так важны? — пацікавіўся далей Лобач, стрымваючы ў сабе іронію.

— Важны... Надзвычай важны. Здагадваецеся, як ён выглядае? — сваім парадкам спытаўся Уладзімір.

— Не, не здагадваюся, — шчыра прызнаўся Лобач. — Хадземце на кухню, пачастую кавай ці гарбатай, чаго жадаеце. А вы не прывезлі яго паказаць? Ці аддалі каму?

У асветленай сонцам кухні Уладзіміраў твар падаўся Лобачу яшчэ старэйшым. Ён заўважыў складкі на ілбе, якіх, здаецца, раней не было, вочы нібыта запалі глыбей.

З хвіліну, пакуль Лобач ставіў чайнік, Уладзімір маўчаў. Потым адказаў:

— Крыж нельга проста так вазіць па горадзе... дый не кожны яго возьме ў рукі. Ён зроблены з металу, мабыць, з жалеза. У коле — свастыка-калаўрот. Але не просты калаўрот, такі... Памятаеце ж мабыць, ёсць у сеціве калаўроты кветкі папараці? Некалькі заломаў аднаго промня. Вось такі. На пачатку ён быў захаваны ў гліну. І ўдаваў на просты чатырохканцовы крыж у крузе. Не ведаю, навошта так рабілася...

— Гэта проста патлумачыць: чатырохканцовы мог быць простым хрысціянскім крыжам, а вось за калаўрот на грудзях тагачасная царква не пахваліла б, — прапанаваў сваё тлумачэнне Лобач, падышоў да акна і адчыніў яго шырэй, зняў з падаконня попельніцу і сунуў яе па стале: — Курыце, калі хочаце. Я іншы раз дазваляю тут сабе такое задавальненне.

— Дзякуй... Не, не буду. Я меней курыць стаў, цяпер хіба што па звычцы. Наконт крыжа... Можа, і так, — абыякава згадзіўся Уладзімір. — Крыж за шмат гадоў амаль ачысціўся ад гліны. Ён вельмі старадаўны.

— І навошта вы яго шукалі? Проста як памяць? Ці ён мае сваё асаблівае значэнне? — не ўтрымаўся ад роспытаў Лобач.

— А вы... змаглі разгадаць той узор на ручніках? — замест адказу запытаўся Уладзімір.

— Не, пакуль што не змог, — трохі разгубіўся Лобач — ён жа ад дня Ганнінай смерці нават не ўспамінаў пра тыя знакі. — Але... мне сказалі, што там — малітва.

— Толькі частка малітвы... — ціха паправіў Уладзімір.

Ццяпер ён наагул быў нейкі зусім іншы. Лобач адчуваў, што Уладзімір ведае больш за яго, і нават не проста больш — ён стаў нашмат мудрэйшым за яго, Лобача. І гэтае адчуванне было такое моцнае, што бянтэжыла, змушала гаварыць з ноткамі сарказму і іроніі, каб захаваць гонар у сваіх вачох.

— Якой малітвы? — усміхнуўся ён. — Калі прачытаеце мне яе на памяць, дык не трэба будзе і разгадваць.

— Не ведаю слоў, — без шкадавання адказаў Уладзімір. — Гэта малітва каяты. На Уладзявым ручніку — толькі частка яе.

— Малітва каяты? — здзіўлена выгукнуў Лобач. — А перад кім і за што каяцца?

Засвістаў чайнік, Лобач узняўся, наліў кіпеню ў кубкі.

Уладзімір насыпаў сабе кавы, паклаў цукру, павольна вадзіў лыжачкай у ржавай вадкасці.

— Крыж... адчыняе камень, — нібыта не пачуў пытання пра малітву Уладзімір. — І мая гаспадыня, бабуля, казала праўду: кветка папараці — смерць для Цемры і яе сілаў. Таму яны імкнуцца задушыць Кветку, не даць ёй цвісці.

— Стойце, стойце, — папляскаў жартаўліва па стале Лобач. — А можна мне расказаць па парадку? Які камень? Як гэта — адчыняе? І што, папараць сапраўды цвіце? І што за каянне?

— Пра малітву не ведаю... Цвіце, — сказаў Уладзімір. — Але гэта не папараць. Гэта — Кветка.

Ён казаў спакойна, амаль абыякава, без хвалявання, але ў Лобача міжволі ўзнікала перакананне, што Жабрун кажа праўду — бо якраз так гавораць праўду: без усякага жадання пераканаць у нечым суразмоўцу.

— Камень — гэта брама на той бок. Бок, у якім звычайны чалавек можа бачыць Кветку і Цемру, яе служак, — працягваў Уладзімір. — Помніце: чорт у камені шые чалавеку новае адзенне? Так і ёсць: я патрапіў на той бок ваўкалакам. Мне далі іншае “адзенне”. Успомніце: апошні князь-паганец, полацкі Усяслаў. Яго звалі Чарадзеем, пра яго казалі, што ён можа абярнуцца ў ваўка. Адгалоскі таго, што князь быў апошнім абаронцам Кветкі... Ганна была ахоўніцай Крыжа. Крыж адчыняе камень.

— Дужа цікава, — цяпер задуменна прагаварыў Лобач — яго і па праўдзе зацікавілі Уладзіміравы словы. — А Кветка?

— Я не ведаю, што гэта, — без жалю прызнаўся Уладзімір. — Адно скажу, што цвіце не папараць. Гэта... гэта проста нейкае святло. Падобнае да... клубаватай маланкі, вялікай. Яно з’яўляецца, расце, нейкі час гарыць блакітна-белым святлом. У час яе цвіцення і чытаецца малітва каяты. У гэты ж час Цемра імкнецца задушыць Кветчын агонь. Я ахоўваў агонь. Я біўся з некім ці нечым. Іх было шмат. Нешта незразумелае, чорнае. Толькі гараць вочы і блішчаць іклы. Цяпер я ведаю, нашто яшчэ трэба купальскія вогнішчы...

— І навошта? — ціха пацікавіўся Лобач.

— Гэтыя стварэнні... яны бягуць на ўсякае святло. Іх шмат... І яны кідаюцца на кожнае вогнішча, здалёк яны не могуць адрозніць Кветкі ад простага агню. Гэта павялічвае шанцы абаронцаў. Кветка павінна зацвісці і адцвісці. Малітва мае быць прачытаная.

— І тады што? — усміхнуўся Лобач і ўпікнуў сябе, што не змог схаваць насмешлівасці ў голасе — яшчэ пакрыўдзіцца Уладзімір, а так цікава гаворыць...

— Не ведаю, — зноў проста адказаў Уладзімір, без ценю крыўды, зірнуў у вочы Лобачу. — Хіба трэба ўсё ведаць? Кожны на сваёй ступені нясе адказнасць за свае веды... Я — за свае. Уладзя — за свае. Ганна несла за свае.

— Выбачайце, а можна вас папрасіць расказаць пра ўсё падрабязней? Пра тую ноч?

— Ды я ж амаль усё расказаў, — сумна ўсміхнуўся Уладзімір. — Незвычайна выглядала зямля — быццам яна стала не пукатай, а ўвагнутай. І я бачыў на шмат соцен кіламетраў. Бачыў сотні вогнішчаў...

Уладзімір гаварыў няспешна: як сам прынёс крыж і паклаў яго на камень, як адчуў дрыжанне пад нагамі, як адпіў з біклажкі і абярнуўся ў ваўка, як біўся...

— Ведаеце, — асцярожна пачаў Лобач, калі Уладзімір замаўчаў, — як я зразумеў, Уладзя — вельмі добры зялейнік. Да таго ж, няблагі псіхолаг. А сярод нашых зёлак ёсць і алкалоіды, ёсць расліны, якія ўтрымваюць псіхатропныя рэчывы. Так што той самы глыток настою зёлак з біклажкі мог быць ключавым момантам, вы не лічыце?

Уладзімір усміхнуўся, зірнуў у вочы Лобачу — зірнуў з усвядомленанай перавагай, зірнуў так, як глядзіць дасведчаны чалавек на невука, як прафесіянал на аматара.

— Што, думаеце, я там нажлукціўся і ўсё прысніў? Вас не здзівіла, што сёння, у такую гарачыню, я надзеў кашулю з доўгімі рукавамі? Мог я такое прысніць?

Уладзімір няспешна расшпіліў некалькі гузікаў на кашулі, агаліў свае плечы і павярнуўся імі да Лобача.

Лобач маўчаў.

— Прабачце за такі натуралізм, — Уладзімір зашпіліў гузікі. — Джынсы здымаць не буду, паверце на слова, там не менш укусаў і драпінаў. Гэта ўжо загаілася крыху... Не верыце?

Не надзея нават, а толькі просьба на надзею мільганула ўваччу ў Уладзіміра.

Лобач маўчаў. Потым спытаў ціха:

— Што цяпер?

— Цяпер? — Уладзімір адпіў з кубка, пацепнуў плячыма. — Цяпер позна ісці назад. Трэба ісці далей. Буду шукаць таго, хто забіў Ганну. Я сустрэў яго там... мы біліся. Я даведаўся, што ён — жывы і рэальны чалавек, ён пісаў Ганне лісты, чапляўся да яе, прасіўся на гасціны. Маладзейшы за яе.

— Я ведаю, — не змог стрымаць у сабе ведання Лобач. — Ганна казала, што апошнім часам яе проста пераследуе адзін чалавек праз сеціва.

— Вось... Цяпер я яго знайду.

— Знойдзеце... І што — далей? — настойваў Лобач.

— Не ведаю, — першы раз з нейкай эмоцыяй — гэта быў жаль, уздыхнуў Уладзімір. — Думаю, як знайду, дык потым і веданне будзе. Я заўважыў, што веды, яны ў патрэбны час з’яўляюцца. Я — абаронца. Але няма ахоўніцы крыжа, а яна мусіць быць.

— Чаму абавязана быць? — прафесійна пацікавіўся Лобач.

— Бо Крыж дае веды ахоўніцы. Ахоўніца дае мажлівасць прачытаць малітву. Крыж... многа чаго дае. Таму на яго так палююць.

— Так... вельмі ж усё нечакана і неверагодна. Пакуль што я не магу нават і сказаць чаго наконт пачутага...

— Вы дапаможаце мне? — раптам запытаў Уладзімір.

Лобач думаў. І пачаў гаварыць, выбіраючы словы, бо пакуль што не змог як след сфармаваць сваёй думкі.

— Бачыце, Уладзімір, тое, што вы расказалі, выходзіць па-за межы навуковага светаўспрыняцця. Яно не мае пад сабой рэальнага грунту. Яно ляжыць па-за межамі існых законаў прыроды, тых, якія мы ведаем. Я не адмаўляю вам у помачы, але я не разумею, як я вам магу памагчы. Вы былі там, на тым баку, як кажаце. Значыцца, вы перайшлі нейкую невядомую ў рэальным свеце мяжу. Вы сталі іншым. І свет вакол вас стаў іншы. Для мяне ж ён застаецца такім, якім быў: усё ў ім дзеіць на падставе вядомых навуцы законаў, зямля круглая і пукатая, на ёй не могуць існаваць інфернальныя істоты, людзі не пераўтвараюцца ў ваўкоў, не цвітуць ноччу блакітным святлом кветкі. Я не думаю, што ў вашай справе ад мяне можа быць карысць. Вядома ж, звяртайцеся, калі што... Можа, нешта будзе і для мяне мажлівым.

— Дзякуй, я зразумеў, — Уладзімір падняўся з-за стала. — І за каву дзякуй. Яшчэ скажу... тыя, з Цемры, яны тут, сярод нас. І яны робяць сваю справу тут, у рэальным свеце. Купалле ўсяго толькі штогадовы пік змагання, калі адкрываюцца твары... Загінула Ганна... Летась, казаў Уладзя, быццам выпадкова загінуў адзін з абаронцаў Кветкі. Калі прыйдзе нейкі год, а не знойдзецца абаронцаў? Ці Крыжа? Ці сам камень нехта звалачэ пад падмурак сваёй сядзібы? Ці не загарыцца ніводнага купальскага вогнішча, і тады тая чорная зграя беспамылкова пабачыць шлях?

— І што будзе? — мусіў пацікавіцца Лобач.

— Кветку згасяць. Яе не будзе каму бараніць. Яна згасне і болей ніколі не загарыцца тут. І малітва будзе марная. Калі яе будзе яшчэ каму чытаць...

— І што будзе без яе? Вы хочаце завербаваць мяне ў сваю... групу падтрымання Кветкі? — з лёгкай іроніяй запытаўся Лобач. Яму не хацелася, яму дужа не хацелася вось так развітвацца з Жабруном, ён усё ж адчуваў удзячнасць за тое, што той зрабіў для ягонай сястры. Але не мог падтакваць, не мог успрыняць тую казку пра Кветку як сапраўднасць, бо яна была... немажлівай! Ірэальнасці няма месца ў нашым, досыць вывучаным свеце.

— Нічога я не вярбую... І нікога не вярбую, — без расчаравання ад пачутага адказаў Уладзімір. — Я не ведаю, што будзе без Кветкі. Я ведаю, што яна павінна быць. Я паеду.

— Дык залікоўку ж дайце, — спыніў яго з усмешкай Лобач, узяў асадку, пачакаў, пакуль Уладзімір выцягне залікоўку з зашпіленай на гузік нагруднай кішэні. Выставіў адзнаку, паставіў роспіс. — Ну, поспеху вам і дзякуй за ўсё!

Ён падаў залікоўку левай рукой, разам зрабіўшы рух правай, каб паціснуць Уладзіміру руку, але той быццам не заўважыў ягонага руху, узяў залікоўку якраз правай рукой і стаў пхаць яе ў цесную кішэнь.

— Дзякуй... А вы ведалі, што ва ўсіх ахоўніц Крыжа было сваё імя?

— Як — сваё імя? — здзівіўся пытанню Лобач.

— Сваё, радавое. Якое ведалі толькі адзінкі.

— Досыць пашыраная практыка ў шмат якіх старажытных народаў. Было такое і ў славян. Яшчэ доўга пасля ўвядзення хрысціянства дзяцей называлі і царкоўным імем, і сваім, славянскім, якое не афішавалася.

— Ага, зразумела, — незразумела адказаў Уладзімір. — Усяго найлепшага...

Лобач прайшоў за Уладзімірам да вітальні, ён адчуваў сябе вінаватым, і гэта было непрыемна. Больш за тое: Лобач пабачыў цяпер зусім іншага Жабруна. Жабрун стаў не проста іншым — ён стаў далёкім, недасяжным нават. Так выходзіла (калі паверыць Жабруну), што справа, якой ўсё сваё жыццё займаўся Лобач, цяпер выглядала дробязнай, нікчэмнай гульнёй. Недзе ў Лобачавай свядомасці ўзнікла карціна: вось ставяць дом. На будоўлю дома прывёў гэтага Уладзіміра Жабруна сам Лобач, стаў паказваць яму на трэскі ды абрэзкі і тлумачыць, якімі інструментамі дом робяць, з якой драўніны. І Жабрун, перш так уважна слухаўшы настаўніка, у нейкі момант кінуў трэсачкі і ўзяўся за сякеру. І вось ён ужо сам будуе, а Лобач стаіць унізе. Жабрун не кліча да сябе, ён усяго толькі просіць памагчы ў які момант...

Уладзімір ці то хаваў свой твар, ці то не жадаў сустракацца вачыма з выкладнікам: абуў свае красоўкі, толькі павярнуў галаву, кіўнуў “да пабачэння” і выйшаў з кватэры.

Лобач з прыкрасцю бразнуў замком. Не, не такога расстання ён хацеў. Але што сапраўды сталася з Жабруном у тую ноч? Хто і дзе мог яго так пакусаць-падрапаць? Зграя якіх валачашчых сабак? Вельмі нават падобна...

Лобач вярнуўся на кухню.

І застыгнуў на парозе.

Па бліскучай паверхні стала між кубкаў праходжвалася птушка. Трохі меншая за голуба. Попельна-ружовая, з чорнай палоскай на шыі. Лобач пазнаў яе адразу: туркаўка. Лясная туркаўка. Але як яна заляцела ў горад? Ад лесу ж так далёка...

Птушка заўважыла Алесяў рух і цяпер заціхла, цікавала за ім маленькім вочкам.

— Не бойся, дурнічка, як ты сюды трапіла? — ціха і пранікнёна загаварыў Алесь, прычыніў за сабой дзверы. — Зараз я цябе выпушчу...

Засаўка ў дзвярах бразнула як стрэліла, птушка спуджана ўзляцела на насценную шафку.

Лобач хутка зрабіў тры крокі да акна, расчыніў яго максімальна шырока, пасунуў вазон з вялікім калючым кактусам, каб акно не зачынілася. Адышоўся зноў да дзвярэй, потым махнуў рукой на птушку:

— Кыш! Ляці ў акно!

Птушка не рэагавала, адно тупала па беразе шафкі і пазірала на Лобача.

— Ну, дурніца, ляці! — Лобач хапіў з пачапельніка кухонны ручнічок, махнуў на птушку.

Тая ўзляцела і апусцілася на іншую шафку, што была на другім баку кухні.

— Сляпая ты, ці што? Акна не бачыш? — Лобач нервова махнуў ручніком, і бераг ручніка сцёбнуў бы птушку, каб тая зноў не ўзляцела. І села на тую шафку, дзе і першы раз.

— А каб на цябе! — Лобач замахаў ручніком моцна, птушка ўзлятала, сядала то на адну, то на іншую шафку, але ўпарта не хацела ляцець у акно, як не бачыла яго. Некалькі хвілін Лобач ганяў туркаўку з аднаго месца на другое, пакуль яна, урэшце, не села на падаконне.

Лобач замёр — вось, ляці.

Птушка датупала да берага, павярнулася, але не ўзлятала.

— Ды ляці ты! — Лобач скамячыў і шпурнуў ручніком у птушку.

Тая ўзмахнула крыламі і вылецела.

Ён шпарка прычыніў акно і нервова зашмаргнуў на замок.

Задрыжаў і заспяваў мабільнік у кішэні. Лобач з раздражненнем дастаў яго, зірнуў і скрывіўся — тэлефанаваў Уладзімір Жабрун.

— Вельмі перапрашаю, — пачаў Уладзімір. — Я вось што хацеў вам сказаць яшчэ, неяк не выйшла адразу.

— Кажыце, слухаю, — як мог мякка запрасіў Лобач, пазіраючы ў акно — яму здалося, што там нешта мільганула.

— Я казаў, што ўсе ахоўніцы Крыжа мелі сваё, радавое імя...

— Так, казалі, — пацвердзіў Лобач, сочачы за акном — ён пабачыў на даху дома насупраць туркаўку і цяпер сачыў за ёй.

— Я хацеў вам сказаць, якое імя было ў Ганны...

— А вы ведаеце? Яна вам казала?

Туркаўка раптам сарвалася з даху і ляцела цяпер да Лобачавага акна.

— Не, Ганна мне не казала, — адказаў Уладзімір Жабрун. — Але я цяпер ведаю. Яе сапраўднае імя — Галуба...

І ў гэты момант імклівае цельца туркаўкі з усяго размаху, быццам птушка не бачыла перад сабой шкла, урэзалася ў акно.

Лобач уздрыгнуў, ледзь не выпусціў з рукі тэлефон, які раптам стаў слізкім і цяжкім.

Птушка на імгненне распласталася на шкле, яе чорнае вочка, падалося, зазірнула ў пакой. Запаволена, усё адно як шкло было нашмаравана чым клейкім, птушка спаўзла долу, сарвалася і знікла.

На шкле засталася няроўная вадзяніста-ружовая дарожка.

Алесь Лобач сеў — раптам пачало агідна торгацца пад каленямі.

У гэты момант яму страшэнна захацелася аднаго: каб усё адышло як мага хутчэй, забылася, каб жыццё стала па-ранейшаму акрэсленым, з выразнымі абрысамі задач і рэальнымі, а не ірэальнымі развязаннямі. Ды нешта гняло, падказвала, што забыцца — не выйдзе, бо стрэмкай засталася ў ім часцінка нечага. “Кветка! Я ж не аддаў Жабруну яго абярэг!” — Алесь шчаслівы, што намацаў канчар той самай стрэмкі, знайшоў у шуфлядзе стала ўкладзеную ў цэлафанавы пакецік срэбную шасціканцовую кветку.

Неспадзявана яна набыла на далоні вагу, а потым Лобач адчуў цяпло, нават гарачыню. Вось цяпер трэба патэлефанаваць Жабруну, пакуль далёка не ад'ехаў... Але Лобач чакаў. Яму не здавалася, не, ён невядомым веданнем ведаў цяпер, што Жабруну гэтая кветка ўжо не патрэбная. Калі б ён меў у ёй патрэбу, ён бы спытаў, абавязкова спытаў. І яшчэ стала зразумела, быццам вось толькі ў ладнай кнізе аўтарытэтнага аўтара прачытаў, што калі ён, Лобач, верне кветку — ён зробіць нешта непапраўнае для свайго асабістага кону.


7

За дзень, аж ачмурэла галава, Уладзімір пабываў мо на сотні самых розных сайтаў, ён заходзіў на кожны, дзе, паводле звестак шукальніка, сустракалася слова “Віконт”. Ён пазнаваў, адрозніваў “свайго” Віконта ад усіх іншых юзераў, “ягоны” Віконт аж свяціўся з манітора варожасцю. Віконт быў зарэгістраваны шмат на якіх сайтах і форумах, але нідзе не пакідаў пра сябе ні слова. Паўсюль яго профіль заставаўся фактычна пустым, а калі і трэба была якая інфармацыя для рэгістрацыі, яна была жартаўлівай, насмешлівай нават: “ненавіснік тупасці”, “кавалер са стажам”, “кашак, які гуляе сам праз сябе”. Сапраўдная нітачка, адчувальная, знайшлася на форуме, дзе Віконт прапаноўваў грошы таму, хто выкладзе партманет у паблік, хто лепей за іншых папросіць гэтыя грошы. Гэта быў шанец. Але ж, як сведчыла статыстыка форума, Віконт заходзіў сюды апошні раз болей за месяц таму. Чакаць яго тут? Колькі чакаць? Дый дзе гарантыя, што Уладзімір будзе першы, каму дасць грошай Віконт. Трэба шукаць тых, каму ён выдаткоўваў сумы раней. Такі актыўны і абазнаны ў сеціве чалавек, з такой пыхай і ўпэўненасцю ў сабе, пэўна ж, будзе мець партманет электронных грошай хоць з фармальным атэстатам...

Уладзімір знайшоў тых, каму Віконт пераводзіў грошы. Іх было трое. Напісаў адразу ўсім, стаў нервова чакаць адказу. Нервавацца было чаго: цяпер Уладзімір бачыў, што і праўда, гэта адзіная нітачка. Парвецца, і шанцаў больш амаль няма. Бо за апошні месяц актыўнасць Віконта ў сеціве была амаль нулявая. Пісаць яму і спрабаваць знаёміцца — няпэўны спосаб. Яшчэ можна было б паспрабаваць пайсці на правакацыю — на тым самым форуме, дзе Віконт размяшчаў свае абвесткі, дзе быў ягоны пост з апісаннем бабулінага талісмана, зарэгістравацца самому. Напісаць, што таксама знайшоў талісман — і даць апісанне сваёй шасціпялёсткавай кветкі. Ці нават Крыжа.

На яго, Уладзіміра, абавязкова б выйшлі. Але не факт, што выйшаў бы Віконт. Маглі б выйсці і не з Цемры, а простыя збіральнікі розных старадаўных рэчаў. А пакуль што патрэбен менавіта Віконт. Бо ён сам — не проста забойца. Ён — адна з прыступак, ён служка Цемры. Але ж ён, відавочна, ведае яшчэ некага, хто стаіць над ім, хто загадвае яму...

Хацеў выйсці ды прайсціся, пасядзець у якой кавярні, можа, і выпіць чаго, бо галава была цяжкая і не ўдавалася сканцэнтравацца. Адпачыць бы...

Ноўтбук выдаў кароткі гук — паштавік інфармаваў, што прыйшоў ліст. Уладзімір кінуўся ў пакой, глытаючы не перажаваны кавалак.

Так, ліст быў ад аднаго з тых, хто атрымваў грошы ад Віконта. Уладзімір як мог пераканаўча напісаў сваю просьбу, падмацаваў яе тым , што добра заплаціць за такую дробязь, і прасіў паведаміць нумар Віконтавага партманета. Ведаў, што яго просьба супярэчыла этыцы дачыненняў у сетцы, але ж... “Я шукаю чалавека вельмі даўно. Апошнім часам ён не выходзіць у сеціва. А мне зараз з’язждаць адсюль, з Аўстраліі я наўрад ці калі патраплю зноў у Еўропу”, — пісаў Уладзімір у лісце.

Ён атрымаў адказ — фотаскан партманета гэтага юзера, дзе быў чырвоным падкрэслены прыход і ад якога партманета, з каментам: “Самаму смеламу і бессаромнаму фарумчаніну”. “Калі ласка! Шукай. Мне нічога не трэба”, — стаяла прыпіска да ліста. “Адно што, калі знойдзеш, дай яму пры нагодзе ў пысу. Ад мяне”.

За што даваць, Уладзімір не стаў пытацца.

Не стаў гуляцца сам з сабою: думаў пайсці пасядзець, а потым праверыць нумар партманета ў сістэме Веб-мані. Праверыў адразу. Так, было імя, было прозвішча. Рэшта дадзеных схаваная. Што ж, і так велізарны поспех.

Генадзь Колтун.

Уладзімір прагаварыў словы ўголас, у поўнай цішыні дома. І яны прагучалі, нечакана для яго самога, з непрыхаванай пагрозай і небяспекай.

“Я знайду цябе, Генадзь Колтун”, — паабяцаў Уладзімір літарам на маніторы і стаў збірацца ў кавярню.

Калі вяртаўся назад, патэлефанаваў Антось.

— Тут такія справы, Валодзька... Думаю, табе трэба ведаць. Дзеда завёз я ў бальніцу, у раён. Падазраюць інсульт — мова аднялася, рукі не слухаюцца.

Нешта абарвалася ўнутры ў Уладзіміра, гарачая пустэча запоўніла яго. Ён тады не мог не паверыць старому, але не мог і ўявіць, што ўсё адбудзецца так імкліва, хутка...

— Я заўтра прыеду! — выгукнуў ён.

— Ну, прыязджай, вядома... ты нешта з'ехаў так... І не пагаварылі мы добра. Што рабіць будзеш? Знайшоў тое, што шукаў?

— Вось прыеду, і пагаворым, — паабяцаў Уладзімір.

Назаўтра Уладзімір быў у Карчавасе. Над вёскай імчалі парваныя на шматкі шэрыя хмары, зрэдку сыпала дажджом. Вёска схавалася ад непагадзі пад шаты ліп і бяроз, і цяпер Уладзімір зразумеў звычай вяскоўцаў садзіць вялікія дрэвы пад хатамі: быццам і ў іх ёсць нейкая абарона.

Бачыць вялікі стары замок на дзвярах Уладзявай хаты было нязвыкла, гэта трывожыла, было знакам нейкае бяды. На другім канцы вёсачкі стаяў аўтамабіль, кешкаліся затуленыя ў дажджавікі людзі. Акурат насупраць былога Ганнінага дома. Уладзімір падышоў, пабачыў: некалькі прамоклых рабочых закідвалі ў машыну абгарэлыя чорныя бярвёны.

Грушы не было. Ёкнула ўсярэдзіне, Уладзімір падышоў бліжэй — так і ёсць — на зямлі ляжалі адно парэзаныя кавалкі.

Да Антосявага хутара Уладзімір пайшоў пешкі.

Яго чакалі, і чакалі з незразумелай вінаватасцю, якая прарывалася ў рухах і лішняй ветласці. Надзея ўвішна накрывала на стол, Антось выглядаў штучна-бадзёрым.

— Ды не трэба так... клапаціцца.

— Ты ж галодны! — адказаў Антось, упікнуў: — Мог бы і патэлефанаваць, я пад'ехаў бы. Не біў бы ног.

— У Карчаваху заходзіў...

— Чаго?

— Не ведаю... Проста зайшоў...

— З'ездзім заўтра да дзеда, разам, — паабяцаў Антось. — Сядай во, пакуль гарачае.

Уладзімір вагаўся — казаць ці не, але потым наважыўся і загаварыў з вінаватасцю ў голасе, звярнуўшыся да Надзеі:

— Там... У Фэйсбуку пра вас пішуць... Ну, вашы вучні ў сетцы “Укантакце” надумаліся напісаць... у гарадскі аддзел адукацыі. Ультыматум: калі вас не адновяць на працы, яны не пойдуць першага верасня ў школу. Кажуць, што падпісаліся два адзінаццатыя класы...

— Вось жа... — прыглушана ўсклікнуў Антось і павярнуся да Надзеі: — Якія ў цябе абаронцы!

— Божачкі, гэта праўда? — усхвалявана запыталася Надзея. — Вы разумееце, што зараз пачнецца? Ды іх па адным будуць выклікаць у школу, бацькоў падымуць... Яны ж сабе атэстаты сапсуюць...

— Калі будуць разам трымацца — перамогуць, — ціха, але цвёрда сказаў Уладзімір. — Пра іх ультыматум ужо на ўсіх апазіцыйных сайтах напісана. Яны самыя добра ведаюць, на што пайшлі. Ну, і цікава ім, думаю, — першы такі ўчынак. Дамовіліся між сабой, што ў школу да першага верасня ні ў якім разе ні з якога запрашэння не ісці. Трэба — хай сама дырэктар да іх ідзе. Надумалі ўнікаць усякіх сустрэч. Больш таго, просяць падтрымаць іх іншыя школы. Кажуць, лепшага настаўніка матэматыкі беспадстаўна пакаралі, без яго не бачыць добрых ведаў. Як я чытаў, падтрыманне ў іх будзе...

— Але ж адкуль... Хто ім расказаў? — разгубілася Надзея. — Адкуль яны ведаюць пра мой сорам?

— Там быў выкладзены ліст адной маладой дзяўчыны, яна з вамі ў камеры сядзела. Напісала пра вас, як вы іх падтрымвалі.

— Я іх падтрымвала? Ды гэта дзякуючы тым дзяўчатам я не звар’яцела ў той камеры...

— Не ведаю, я магу паказаць, пачытаеце, — пацепнуў плячыма Уладзімір. — Старэйшы чалавек... з ім жа заўсёды неяк спакайней. Ну, тая дзяўчына напісала, потым ёй паказалі здымак і запыталі: ці вы на ім? Вось так і даведаліся. У сеціве сёння шмат што вельмі проста.

Надзея прымружыла вочы, пагойдвалася ціхенька назад-уперад. Потым страпянулася, як прымроілася ёй што.

— Не магу дагэтуль зразумець: як можна было тое вытрымаць. Моцны ўсё ж чалавек. І дзяўчынка тая... Не, не трэба ніякіх ультыматумаў. Я зарэгіструюся, скажу, што не збіраюся вяртацца ў школу. Я знайшла сваё месца. Мне тут спакойна і добра. Навошта нікому не патрэбны гераізм....

Папалуднаваўшы, Уладзімір выйшаў пакурыць, прысеў у альтанцы. Мякка церушыў дождж. Антось з’явіўся праз пару хвілінаў.

— Як справы?

— Не ведаю...

— Ясна... ты знайшоў той Ганнін талісман?

— Знайшоў. Я шукаю... чалавека. Таго, хто забіў Ганну.

Антось паглядзеў з жалем і здзіўленнем.

— Валодзька, ты дакладна ведаеш, што Ганну... забілі, як ты казаў, праз той крыж? А хто той, які застрэліўся?

— Ён не застрэліўся, застрэлілі... Не важна цяпер. У мяне ёсць імя і прозвішча.

— У горадзе на падставе імя і прозвішча знайсці чалавека? Сярод мільёнаў? Хто табе сказаў, што там быў не адзін, а болей, што забілі праз крыж? Адкуль такія... байкі?

— Сёння знайсці прасцей. Знайду. А гэта не байкі. Мог бы запытацца ў дзеда.

— Не паспеў. Адразу неяк не знайшоў хвіліны, а тут інсульт. Добра, а ты потым? Што далей будзеш рабіць? Як ты давядзеш, што ён забіў? У які суд пойдзеш?

Уладзімір сумна ўсміхнуўся ў адказ:

— Помніш, што ты сам некалі казаў?

Антось прымружыўся, нейкі час глядзеў у вочы Уладзіміру, потым адвярнуўся.

— Пра розныя рэчы гаворка, зразумей, галава! Во што, Валодзька... Кінь дурное, чуеш. Я супраць вайны і цябе ад таго хачу ўтрымаць. Зразумей, хлопец: у кожнай вайне перамагаюць не тыя, хто ваюе. Не ваюй за агульнае — ваюй за сваё, разумееш? Калі ты будзеш сам сабе камандзір і начальнік штаба, выведнік і стралок, тады можаш выйграць. Баліць табе за ўвесь свет? Баліць за сваю вёску? Ведаю. Але ваюй не за свет увесь, не за вёску — за хату сваю, за жонку сваю, дзяцей сваіх, як з’явяцца. За свой кавалак хлеба для сябе поўзай па гразі, збівай да крыві рукі, ірві душу, а не для галодных з нейкага гандураса. Не за суседзяў, не за ўсіх людзей! Няма, Валодзька, нейкіх супольных спраў, і ніколі не будзе, калі ў вялікай справе няма тваёй, маленькай. Вось калі кожны за сваё, выйдзе — усе разам за вялікае. Усякая справа так робіцца. Не перажывай за ўсіх, навучыся перажываць за сябе. І каму ты трэба, які з цябе толк — галоднага, босага, голага з тваёй вялікай ідэяй змагання за шчасце для ўсіх?

— Пра што ты кажаш? — здзівіўся Уладзімір. — Я не збіраюся ваяваць за іншых.

— Гэта табе здаецца. Я так зразумеў, што справа вакол Ганнінай смерці вельмі няпростая. Ты хочаш улезці ў гэтую справу, але дзеля чаго? Вось скажы: дзеля чаго?

— Я не хачу ўлезці. Я ўлез. Я на вайне, Антось.

— Тут выбачай, у падобных войнах я табе не памочнік, — ціха, са жалем, сказаў Антось. — Ва ўсім іншым памагу, а вось гуляцца ў гульні такіх маштабаў — не мая справа. Досыць, я ў свой час паспрабаваў змагацца за супольную ідэю.

— Ну, тады добра, — Уладзімір узняўся і, болей ні слова не гаворачы, пайшоў у дом, выйшаў скора са сваім пляцаком, асцярожна закінуў яго на плечы.

— Ды чакай, чакай, што ты так крыўдзішся, як дзіця малое! — захваляваўся Антось, падышоў, хацеў пакласці руку Уладзіміру на плячо, але той адвёў яго.

— Баляць плечы... параніўся быў, — патлумачыў ён. — Я пайду, Антось. Я не крыўдую, ты не думай.

— Дык жа заўтра збіраліся да дзеда ў раён? Імжыць, змокнеш...

— Я патраплю, аўтобусы ж ходзяць. Гэта не дождж...

Дажджу і праўда не было: імжа вісела ў паветры драбнюткімі кроплямі.

Рыпнулі дзверы — з дома выйшла Надзея, разгублена застыла на ганку.

— Валодзя, ты пойдзеш? Што здарылася, Антось?

— Нічога не здарылася, — адказаў за Антося Уладзімір. — Проста мне трэба ісці...

— Дык хоць падкіну цябе! — прапанаваў Антось.

— Не трэба, дый выпілі ж, — адмовіўся Уладзімір. — Шчасліва вам. Не крыўдуйце, калі што не так...

Крыўды не было. Было пуста на душы. Уладзімір ніяк не мог зразумець, чаму раптам усё абрынулася? Чаму яшчэ колькі дзён таму ўсё было моцным, трывалым, мела сэнс і значэнне, а цяпер — стала нічым, разляцелася на аскепкі: жаданне спакою, баязлівасць, абыякавасць, страх?

Што рабіць і куды ісці?

Ён паспеў — да адпраўлення аўтобуса заставалася яшчэ пяць хвілін. Хутка набраў даведкавую службу, запытаўся нумар раённай бальніцы, куды Антось завёз старога. Доўга чакаў, пакуль да тэлефона падышлі, потым давялося ператэлефаноўваць.

— Алё, вы пра Макушына пытаецеся? — нервова пацікавіліся на тым канцы.

— Так, пра Уладзіслава Сцяпанавіча, — назваў старога па імю і імю па бацьку Уладзімір, бо толькі цяпер пачуў ягонае прозвішча.

— Памёр, сёння а пятай раніцы. Добра, што вы патэлефанавалі: хто прыедзе забіраць? А то прывезлі, нават тэлефона свайго не паведамілі...

— Я паведамлю... — Уладзімір вымкнуў тэлефон, пайшоў, сеў у аўтобус. Болей яму няма чаго тут рабіць. Ён успомніў словы старога: на хаўтуры не прыязджаць.

Хацеў патэлефанаваць, але потым набраў СМС-ку “Дзед памёр” і адправіў Антосю.

Ён не заўважыў, як прыехаў — час нібыта спыняў сваё існаванне, калі Уладзімір спыняўся сам.

Хмары разбегліся, сонца прарывалася кароткімі сполахамі між аблокаў. Бабульчын дом падаўся яму сумным і пакрыўджаным. Ішоў сцяжынкай вакол павольна, намагаючыся думаць пра тое, што рабіць цяпер, з чаго пачынаць. Засталося збочыць да ганка, як пачуў:

— А во, які пераборлівы, сасіску не хочаш? А як жа мне яе есці? А булку падабаеш? Ну, на яшчэ булкі. Еш, еш, хто цябе тут пакорміць...

Голас быў жаночы, знаёмы і неймаверна чужы тут. Тут мог гучаць голас адной жанчыны, але яна не прыйдзе...

Алена сядзела на ганку. У новых блакітных джынсах, падаслаўшы газету на прыступку, выцягнуўшы босыя ногі ў траву — побач скінула басаножкі. Яна ела сама і карміла шэрага ката, які сядзеў у яе каля ног.

Уладзімір спыніўся, моўчкі глядзеў на жанчыну, на ката.

Кот зірнуў на яго і зноў заняўся справай, няспешна еў. Алена сцягнула вусны ў вінаватую ўсмешку, паднялася, паправіла джынсы і саколку, абцерушыла на траву крошкі. Цеснаватыя нагавіцы падкрэслівалі яе вялікія клубы, грудзі ўладна тапырылі белую тканіну. Алена падалася Уладзіміру вялікай і дужай. І яшчэ падумалася, што так і трэба. Бо было не прыкра, што парушылі ягоную самоту — стала неяк дзіўна будзённа ўсё, знаёма і таму нястрашна. Алена моцная і свая...

— А сама патэлефанаваць не змагла? — Уладзімір узняўся на ганак і адамкнуў дзверы.

Кот даеў кавалак булкі, запытальна глянуў на Алену. Алена крышку нахіліла да яго галаву:

— Яшчэ даць?

Кот павольна пайшоў у садок.

— Не, не змагла б, — пацвельваючы з сябе, адказала Алена Уладзіміру, гледзячы ўслед кату.

— Страшна?

— І страшна.

— Ну, вітаю... Заходзь, — Уладзімір разнасцежыў дзверы.

— І ты будзь здаровы, — адказала Алена, але не рушылася з месца. — Я ж і праўда па справах тут — дзецям у школу ўсяго набыла во, — яна паказала на вялікую торбу, што стаяла па той бок ганку пры сцяне. — Ну... і падумала: калі ты адзін, дык, можа, і зайду. Раптам табе што памагчы трэба?

— Заходзь, памагай, — без усмешкі адказаў Уладзімір, сам падхапіў ейную торбу. — Заходзь. Я адзін, і госці да мяне не збіраюцца.

Алена яўна чакала менавіта гэтых слоў.

— Што памагаць? — пацікавілася яна на кухні. — Галодны?

— Ды не надта.

— А я галодная, — ніякавата прызналася Алена. — Во булку з катом елі.

— Пельмені ў лядоўні, — кіўнуў галавой Уладзімір. — Я апаласнуся...

Калі ён выйшаў з душа, Алена была ў знаёмым яму, тым самым ядвабным халаце. Яна паспела засмажыць яечню.

Той факт, што Алена ўзяла з сабой халат, што пераапранулася, не выклікаў ніякіх думак. Не, Уладзіміру не было абыякава тое, што рабіла Алена. Але яно было другасным, хоць і ўкладвалася ў адзіную, адчуваную ім, не акрэсленую пакуль што, сістэму.

— Ты нейкі зусім іншы, — з трывогай ціха прамовіла Алена.

— Горшы? Лепшы? — стомлена запытаўся Уладзімір, сеў пры стале.

— Іншы, — уздыхнула Алена. — У цябе здарылася нешта? Здаў сесію?

— Здаў. Здарылася...

Уладзімір круціў у руках бліскучы відэлец, пара ад пельменяў у талерцы перад ім казытала ноздры пахам. Ён адкінуўся ў крэсле, нібыта гэтая пара раздражняла яго, і амаль загадаў:

— Ты сядзь вось там... Не пытайся нічога. Сядзі.

Калі Алена паслухмяна села пры стале, падняўся.

Адкінуў ходнік, адчыніў падмосце, дастаў бляшанку. Паклаў крыж на руку, патрымаў, а цёплая пяшчота крыжа разам са штуршкамі сэрца напаўняла яго пэўнасцю: “Проста так нічога не бывае”.

З крыжам у працягнутай далоні ён сеў пры стале супраць Алены, пільна зірнуў жанчыне у вочы.

Алена, ён бачыў, без страху і здзіўлення глядзела на крыж. Але было ў яе ў вачох тое, што напаўняла Уладзіміра незвычайным спакоем, такім, якога ён не адчуваў, здавалася, цэлую вечнасць. Алена глядзела на крыж так, нібыта пабачыла некалі даўно згубленую найкаштоўнейшую з усіх рэчаў. І нават не ёй самой згубленую, але родным і блізкім, тым, хто пра рэч ведаў, хто ёй пра яе казаў.

— Хто той крыж мае, той усё на зямлі не сваё мае, а сваё на зямлі ўсё страчвае... — нечакана суцішаным шэптам прамовіла Алена, узняла вочы на Уладзіміра і патлумачыла: — Бабуля некалі так казала...

Яна павольна, з насцярожлівай пашанай паднесла сваю разнятую далонь пад мужчынскую руку.

— Ён можа апячы... Абпаліць... Вельмі балюча, — ціха папярэдзіў Уладзімір.

— Я моцная. Я вытрымаю... Мяне маленькай бабуля называла Стаянкай. Значыцца, я здолею...

Загрузка...